|
ПОЛЬСКАЯ КІНЕМАТАГРАФІЯ НАТХНЯЕ СУСВЕТНАЕ КІНО*
Ежы ПЛАЖЭЎСКІ
(Варшава)
У лютым 2002 года на “Берлінале” – кінафестывалі ў Берліне – для галоўнага цыкла рэтраспектыўных кінапаказаў былі адабраны фільмы так званага “Кіно 60-х гадоў”. Гэты выбар тлумачыцца тым, што менавіта 1960-я гады азнаменавалі пералом ў мастацтве кіно, які атрымаў назву “Новая хваля”. Сапраўды, гэты пералом быў апошнім прынцыповым пераасэнсаваннем сітуацыі ў кінамастацтве, такі выбух плённага наватарства болей не паўтараўся.
І вось тады, у Берліне, візуальным сімвалам усяго цыкла стаў вялізарны кадр з фільма “Нож у вадзе” – рэжысёрскага дэбюту Рамана Палянскага ў 1961 годзе. Вядомы нямецкі кінакрытык Ганс Йоахім Шлегель у пачатку кінапрагляду падкрэсліў, што найвялікшым адкрыццём таго часу стала польскае кіно, якое зрабіла значны ўплыў на развіццё сусветнага кінамастацтва. Нечаканасць гэтага адкрыцця тлумачыцца тым, што фільмы трапілі на фестываль з краіны камуністычнай дыктатуры, дзе ў галіне культуры фармальна панавалі суровыя законы так званага “сацыялістычнага рэалізму”.
Дэбют Палянскага стаў сапраўды адметнай з’явай – рэжысёр саркастычна аналізаваў феномен “чырвонай буржуазіі”, абмежаваўшыся паказам трох герояў на фоне залітых сонцам мазурскіх вазёр і толькі іх.
Але (для палякаў) яго поспех не быў нечаканым выключэннем. Гэты поспех быў прадвызначаны атмасферай, якая фармавалася з другой паловы 1950-х гадоў творчасцю Анджэя Вайды, Анджэя Мунка, Ежы Кавалеровіча і іншых маладых рэжысёраў. Іх фільмы французская крытыка называла “польскай школай”. Нельга таксама не згадаць аб важнасці творчасці Ванды Якубоўскай, Аляксандра Форда і Ежы Зажыцкага 1948 і 1949 гадоў, калі польскае кіно, якое было знішчана нямецкімі акупантамі, адраджалася і зноў рабіла свае першыя крокі.
Першым польскім фільмам, які атрымаў сусветнае прызнанне стаў “Апошні этап” Ванды Якубоўскай. Ён быў узнагароджаны Гран-Пры на фестывалі ў Карлавых Варах. Гэта адзіная ў свеце кінастужка аб генацыдзе ў канцлагеры Аўшвіц, якая здымалася непасрэдна на месцы гітлераўскіх злачынстваў, у самім канцлагеры з удзелам яго цудам ацалелых вязняў. Усе астатнія фільмы на гэтую тэму былі і будуць ужо толькі рэканструкцыяй.
Падобнымі на тое былі і фільм Аляксандра Форда “Вуліца Гранічная”, і асабліва “Варшаўскі Рабінзон” Ежы Зажыцкага. Апошняя стужка прысвечана смерці Варшавы, дзе знішчаўся дом за домам, вынішчаўся народ, з якой было выгнана паўтары мільёны жыхароў. Смерць горада была паказана пераканаўча. Гэтыя фільмы былі ўспрыняты гледачамі розных краін з вялікай цікавасцю.
Пасля надышло шасцілецце сталінскага агітацыйнага кіно, а пасля яго заняпаду прыйшоў час лібералізацыі і нараджэння “польскай школы”. Пераломным стаў фільм Анджэя Вайды “Пакаленне”, які яшчэ меў элементы камуністычнай прапаганды, але быў зроблены ўжо на іншым якасным узроўні. Рэжысёр паказаў сапраўдную драму маладых герояў з дапамогай новых творчых сродкаў. На думку заходніх кінакрытыкаў, пачаткам сусветнага прызнання “школы” можна лічыць прызначэнне Другой прэміі на кінафестывалі ў Канах фільму Анджэя Вайды “Канал” (разам з фільмам “Сёмая пячатка” Інгмара Бергмана). Потым праз адносна невялікі прамежак часу з’явіліся фільмы “Попел і алмаз” і “Лётна” Анджэя Вайды, “Эроіка” і “Пасажырка” Анджэя Мунка, якія электралізавалі сусветную кінакрытыку. Яны распавядалі аб мінулай вайне са спазненнем, прычынай чаго былі абмежаванні сацрэалізму. Але нягледзячы на гэта, фільмы былі заўважаны, паколькі спецыфіка польскай гісторыі дазваляла паказаць праблемы ваеннага гераізму выразнымі і разнастайнымі сродкамі, якія разбуралі існаваўшыя тады схемы і шаблоны. Анджэй Вайда зрабіў гэта ў рамантычнай танальнасці, Анджэй Мунк – рацыянальна.
Але польскія кінематаграфісты, прынамсі часткова вызваленыя ад цэнзурнай дыктатуры, маглі распавесці свету не толькі аб вайне. Фільмам “Чалавек на дарозе” Анджэй Мунк першы ў “сацыялістычным лагеры” выказаў пратэст супраць сталінскіх метадаў ліквідацыі ідэалагічных праціўнікаў. Ежы Кавалеровіч, які атрымаў прэмію на кінафестывалі ў Венецыі за фільм “Цягнік” (1959), паказаў дынамічнае развіццё драмы растрачаных пачуццяў у трох купэ аднаго з вагонаў ідучага цягніка, прысвяціў фільм “Маці Іоана ад Ангелаў” (1960) – Другая прэмія ў Канах – канфлікту паміж свабодай і свядома выбранымі законамі маралі, а ў знакамітым “Фараоне” (1965) рэалістычна прысыпаў пяскамі Сахары галівудскую мадэль упрыгожанага касцюмаванага відовішча.
Дапоўніць карціну “польскай школы” можна яшчэ фільмамі Войцэха Хаса, Казімежа Кутца, Вітольда Лясевіча, Тадэвуша Хмялеўскага і іншымі нешаблоннымі аўтарскімі стужкамі. Менавіта яны падрыхтавалі старт наступнаму пакаленню рэжысёраў – Раману Палянскаму, Ежы Скалімоўскаму, Кшыштафу Занусі, а таксама больш маладым – Янушу Маеўскаму, Кшыштафу Кяслеўскаму, Яну Якубу Кольскаму, Роберту Глінскаму і шмат каму іншаму.
Поспехі польскіх кінематаграфістаў ніколі не былі звязаны з рэкламнай падтрымкай, якая звычайна каштуе мільёны даляраў. Гэтыя поспехі заўсёды заваёўваліся ў свабодным спаборніцтве мастацкіх вартасцей фільмаў. Толькі гэта магло прыцягнуць увагу замежных кінаматаграфістаў і забяспечыць уплыў на сусветнае кіно. Таксама не выпадкова і тое, што ўплыў фільмаў “польскай школы” адкрыта прызнавалі кінаматаграфісты розных творчых тэмпераментаў, у тым ліку Лінсдэй Андэрсан, Стывен Спілберг, Нагіса Ашына, Андрэй Таркоўскі, Клод Шаброль, Вілгот Сіаман, а таксама аўтары вядомых маніфестаў з Обэрхаўзэна і Нью-Йорку.
Пераклаў з польскай мовы
© Яўген ІВАНОЎ, 2002
SUMMARY
Yezhy PLAZHEUSKY
The Polish cinematography inspires world motion picture arts
Influence of the Polish motion picture arts on development of world motion picture arts is analyzed.
РЕЗЮМЕ
Ежи ПЛАЖЕВСКИЙ
Польская кинематография вдохновляет мировое кино
Проанализировано влияние польских кинематографистов на развитие мирового киноискусства.
* © Jerzy PŁAŻEWSKI. Polscy filmowcy zainspirowali kino światowe
// Polish Culture. Warszawa, 2002. № 1 (17). S. 58–59.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|