БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 3-4 / 2002

АФАРЫСТЫКА МОВЫ ТВОРАЎ ЯКУБА КОЛАСА
Да праблемы лексікаграфічнага апісання*

Яўген ІВАНОЎ
(Магілёў, Беларусь)



Вывучэнне афарыстычнага багацця мовы беларускай літаратуры з’яўляецца адной з актуальных праблем беларускага мовазнаўства. Прычым вывучэнне не толькі аўтарскіх інавацый, насуперак вядомаму меркаванню А.Я.Міхневіча ў энцыклапедыі “Беларуская мова” (параўн. МІХНЕВІЧ 1994: 61), але і агульнаўжывальнай, і дыялектнай, і жаргоннай афарыстыкі (найперш з фонду адпаведных прыказак і прымавак, крылатых выразаў), разнастайных афарыстычных рэмінісцэнцый з літаратурных тэкстаў беларускіх і замежных аўтараў, а таксама шматлікіх індывідуальна-аўтарскіх перафразаванняў і перайманняў афарызмаў, у межах як асобных ідыястыляў, так і цэлых гістарычных перыядаў развіцця беларускай літаратуры і літаратурнай мовы.

Афарыстычнае багацце мовы пісьменніка

Афарыстыка мастацкага ідыялекту Якуба Коласа вызначаецца не толькі надзвычайным багаццем зместу і разнастайнасцю моўных і паэтыка-стылістычных формаў яго адлюстравання, але і шматлікасцю тыпаў афарыстычных адзінак паводле іх генезісу, структуры і спосабаў функцыянавання.

Сярод афарызмаў мовы твораў пісьменніка, паводле апазіцыі “мастацкі ідыялект (т.зв. “мова пісьменніка”)” vs. “агульнанародная мова (ва ўсіх формах і разнавіднасцях яе існавання)”, можна вылучыць тры вялікія групоўкі афарыстычных адзінак: моўныя афарызмы (парэміі і крылатыя выразы), разавыя цытаты (рэмінісцэнцыі з літаратурных ці фальклорных тэкстаў) і аўтарскія інавацыі.

Найбольш пашыранымі па колькасці моўнымі афарызмамі ў мове твораў Якуба Коласа з’яўляюцца парэміі – прыказкі, прымаўкі, народныя прыкметы, прымхі, т.зв. “гаспадарчыя” выслоўі, а таксама іншыя ўстойлівыя фразы фальклорнага паходжання. Параўн.: [Нічыпар:] – Аб чым тут доўга церабіць языкамі. Трэба нам саюз? Трэба! Дык давайце так і пастановім… I няма ўжо чаго хітрыць: пусціўся Мікіта ў валакіту, дык ідзі і назад не азірайся. (“Забастоўшчыкі”) Ü Пусціўся Мікіта ў валакіту, дык ідзі і назад не аглядайся (не азірайся) (прыказка са значэннем ‘Калі ўжо рашыўся на што-небудзь, дык дзейнічай з поўнай адказнасцю і да канца’, гл. ШКРАБА, ШКРАБА 1987: 196, ІВАНОВА, ІВАНОЎ 1997: 126; параўн. таксама ФРАЗЕАЛАГІЧНЫ СЛОЎНІК 1993: 336, дзе гэтая прыказка памылкова кваліфікуецца як дзеяслоўна-прэпазіцыйны фразеалагізм фальклорнага паходжання). – Эх, хлопцы, хлопцы! – у засмученні гаварыў далей Лабановіч. – Лягчэй за ўсё шукаць вінаватых. Ды якая ў тым карысць. Ты ж, Алесь, – звярнуўся ён да Садовіча, – не згрызайся! У каня чатыры нагі, і той спатыкаецца, Памятаеш, як у Гогаля сказана? “Зачапіў, пацягнуў – сарвалася…” Ну, што ж? Слязамі бядзе не паможаш, а справу рабіць трэба. Жыццё ўсё наперадзе, хлопцы! (“На ростанях”) Ü Слязамі бядзе не паможаш (шырока распаўсюджаная прымаўка). [Маці:] – Калі стваралісь богам светы, Па зорцы светлай чалавеку Назначыў бог святы спрадвеку; Яна жыццём яго кіруе І лёс яго і смерць пільнуе. Чым больш з людзей хто выдатнейшы, Таго і зоркі блеск яснейшы, І гасне зорачка святая, Калі даручаны сканае: Вось так на небе адначасна Яна мігнецца і пагасне, Як бы хто з жалю вочкі ўскіне І невядома дзе загіне. І неба слых тады прыклоніць, І анел слёзку ціха зроніць… Як я была яшчэ малою, То дзед, бываючы ў настроі, Часамі вёў апавяданні Аб гэтым зорачным зніканні, Яшчэ казаў: “Калі хто зможа, Пакуль не згасне служка божжа, Задумаць што ў мамэнт бліскання, Таго ўсе споўняцца жаданні”. (“Новая зямля”) Ü Калі хто паспее задумаць нейкае жаданне падчас палёту “падаючай зоркі”, пакуль яна не згасне, гэтае жаданне павінна споўніцца (агульнавядомая прымха). Куцця. Марозна. Хмурнавата. Сняжок падкідвае заўзята; Снег на куццю – грыбы на лета, Такая матчына прымета, А сцежкі чорны – ягад многа; Ну, і за гэта хвала богу. (“Новая зямля”) Ü Снег на куццю – грыбы на лета (народная прыкмета, гл. ШКРАБА, ШКРАБА 1987: 216, параўн. АНІЧЭНКА, МАЛЮК 1992: 69–70). І колькі мілых было сварак, Як адмаўляліся ад чарак! – Ну, проша ж, пані Юзафова! – Ой, не, не, кумка, даю слова! Зусім я п’яна, бойся бога! – Ну выпі ж, кумачка, нічога! – Кума на просьбу паддаецца, За чарку тройчы ўжо бярэцца І толькі-толькі прыгубляе І чарку зноў не дапівае І руку цягне да бутэлькі. – Не дам, кума! Не дам, Анэлька! (Бо ўжо так звычай вымагае: Хто чарку п’е, той налівае.) Ну, выпі ж чысценька-чысцютка! (“Новая зямля”) Ü Хто чарку п’е, той налівае (народнае выслоўе, у якім адлюстравана, паводле народных звычаяў, правіла паводзінаў у час застолля). Хвілін праз дзесяць грабцы падышлі да дзядзькі Марціна. – Вось якраз у самы час прыйшлі. Малайцы, хлопцы! – Марцін падаўся разам з хлопцамі да Андрэя, які дабіваў астатні пракос. Дзядзька весела сказаў: – Касі, каса, пакуль раса, раса далоў, касец дамоў! Усёю грамадою, касцы і грабцы, падаліся пад дуб на бераг Нёмана. (“На ростанях”) Ü Касі, каса, пакуль раса, раса далоў, касец (каса) дамоў (у прамым значэнні гэта “гаспадарчае” выслоўе, у якім адлюстравана, паводле народных правілаў вядзення гаспадаркі, парада, калі бывае найлепшы час для касьбы, гл. ШКРАБА, ШКРАБА 1987: 113–114, ЛЕПЕШАЎ, ЯКАЛЦЭВІЧ [1996] 2002: 197; параўн. таксама ФРАЗЕАЛАГІЧНЫ СЛОЎНІК 1993: 245, дзе гэтая парэмія памылкова кваліфікуецца як дзеяслоўна-прэпазіцыйны фразеалагізм фальклорнага паходжання) і г.д.

Адносна невялікую, але не менш значную ў мове твораў пісьменніка, частку моўных афарызмаў складаюць крылатыя выразы з самых розных літаратурных крыніц, фальклорных тэкстаў неафарыстычнага жанру (у тым ліку і неафарыстычных парэмій), гістарычных анекдотаў і на г.п. Параўн.: – Як я табе і казаў, ва мне з незвычайнаю сілаю абудзіўся дух бадзяння. Я не знаходжу сабе спакойнага месца, мяне кудысь цягне і парывае. Часамі проста хочацца зашчаміць сабе галаву і плакаць. “Маркотна жыць на гэтым свеце, панове”. Цяпер толькі зразумеў я, якую праўду казаў Гогаль. (“На ростанях”) Ü рус. Скучно <жить> на этом свете, господа! (Н.В.Гоголь, “Повесть о том, как поссорились Иван Иванович с Иваном Никифоровичем”). – Дзе ж мне забыць гэта, – з крыўдай у голасе адгукнулася Насця і адкусіла кусок абаранка. – I ты, нарэшце, павінна ўзяцца за сваю адукацыю. – Ізноў адукацыю! Агоркла яна ўжо мне. – Ты пачакай! Корань навукі горкі, ды плады яго салодкія. (“Адукацыя”) Ü Корань навукі горкі, але плады яго салодкія (< Арыстоцель [паводле Дыягена Лаэртскага, гл. АШУКИН, АШУКИНА [1955] 1987: 449]) < лац. Litterarum radices amarae sunt, fructus jucundiores – ‘Корні навукі горкія, плады – больш прыемныя’ (< Άριστοτέλης) (параўн. ФРАЗЕАЛАГІЧНЫ СЛОЎНІК 1993: 260, дзе гэты крылаты афарызм памылкова кваліфікуецца як дзеяслоўна-прэпазіцыйны фразеалагізм фальклорнага паходжання). – Вы яшчэ не былі ў сваёй школе? – Не, не была. І не ведаю, якая яна там. А вы ўжо даўно тут? – А ўжо зараз два месяца будзе. – І работу распачалі ў школе? – Пачаў. Другі месяц, як заняткі ідуць. – Охці мне! Як жа я адстала ад вас! – А чаму так позна вас назначылі? – Назначылі мяне з першага кастрычніка. Ну, покі прыйшло назначэнне – а жыву я ў Смаленшчыне – ды покі заехала сюды, ды ў Пінску трохі ў знаёмых пабыла, вось і апазнілася. – Ну, што ж? Лепей позна, чым ніколі. (“На ростанях”) Ü Лепей позна, чым ніколі (Ціт Лівій) < лац. Potius sero, quam nunquam (Titus Livius, “Ab urbe condita libri”, IV, 2, 11). Рэдактар спыніўся каля стала, шырока развёў рукі. – Што я бачу! Змаганне на зялёным полі!… О, людзі, людзі! Як далёка адышліся вы ад законаў разумнага жыцця! – Так, дружа рэдактару, жыццё – гэта адвечнае змаганне. І гора таму, хто будзе пераможаны! – тонам філосафа адказаў Тарас Іванавіч. Ён нават не павярнуўся ў бок рэдактара і не ўсё чуў, што той сказаў: трэба было сачыць за платаю. (“На ростанях”) Ü Жыццё – гэта змаганне (Сенека) < лац. Vivere est militare – ‘Жыць – гэта значыць ваяваць’ (Seneca, “Epistolae morales”, XCVI, 5) (параўн. таксама Жыццё наша – барацьба (Еўрыпід), паводле АШУКИН, АШУКИНА [1955] 1987: 121). Усё мацней разносіцца па зямлі голас волі, заклік да барацьбы з царскім самаўладствам. І гэты голас гаворыць нам: Гарапашнікі! Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся! Гуртуйце сілы! Сіла ж у нашай злучанасці – усе за аднаго і адзін за ўсіх! (“На ростанях”) Ü Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся! (афіцыйны дэвіз Камуністычнай партыі СССР < ням. Proletarier aller Länder, vereinigt euch! (K.Marx, F.Engels, “Manifest der Kommunistischen Partei”). Як тая хвоя, – зімою і летам усё адным цветам, – так і гэты асістэнт: зімой і летам ходзіць усё ў адной шапцы. (“У двары пана Тарбецкага”) Ü Адным цветам і зімой і летам (= хваёвыя дрэвы) (шырока распаўсюджаная загадка, параўн. РАПАНОВІЧ [1958] 1974: 339) і г.д.

Шмат крылатых афарызмаў (як і ўвогуле крылатых слоў) у мове твораў Якуба Коласа паходзяць са Святога Пісання. У адным толькі рамане-трылогіі “На ростанях” (1921–1954) біблійныя афарызмы складаюць каля 15,0 % усіх афарыстычных цытат. Параўн.: Яшчэ ў святым пісанні сказана: “Блажен муж, иже скоты милует”. (“На ростанях”) (параўн. ФРАЗЕАЛАГІЧНЫ СЛОЎНІК 1993: 343, дзе гэты крылаты афарызм памылкова кваліфікуецца як дзеяслоўна-прэпазіцыйны фразеалагізм нелітаратурнага паходжання). – А мужыку многа далі? Паважаюць мужыка? Хто вінават, што мужык не ацёсаны, што мужык цёмны і жыве па-свінску? У святым пісанні напісана: “Якою мераю мерыце вы, такою адмерыцца і вам”. – Айцец Кірыл слухаў, апусціўшы вочы, і стукаў пальцамі па стале. – Вы яшчэ мала ведаеце мужыка, – спакойна адказаў Кірыл, – што б вы мне ні казалі, я буду цвярдзіць сваё: мала білі мужыка! (“На ростанях”) Ü Якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць (Матфей, 7, 2). – Я хацеў бы прасiць вас, калега, аддаць кесарава кесаравi. Калi б вы былi ласкавы пайсцi да пiсара, таксама i да бацюшкi, а можа, i яшчэ да каго, калi ўжо гэта вымагае звычай вашай грамады, то я быў бы вам вельмi падзячан. (“На ростанях”) Ü Кесарава кесаравi <, а божыя богаві> (Матфей, 22, 21). Айцец Мікалай жыве ў новым доме недалёка ад царквы. У вялікую заслугу ён ставіць сабе пабудову гэтага дома, і калі гаварыць аб ім, – а гаварыць ён кожнаму, – дык паказвае свае рукі, на якіх да гэтага часу засталіся сляды мазалёў. І пры гэтым не забывае прывесці тэкст са святога пісьма: “У поце ліца твайго будзеш ты есці хлеб твой”. (“На ростанях”) Ü У поце ліца твайго будзеш ты есці хлеб твой (Быццё, 3, 19). Працяглы смех зноў трасе жывот а. Мікалая, а дзяк апускае вочы. – Спета песня мая, а. Мікалай, – адзываецца ён і ўздыхае журботна. – Ці так гэта, Амос Адамавіч? – пытае а. Мікалай і стукае дзяка па плячы. – Аўрааму было сто гадоў, калі радзіўся ў яго Ісаак, а табе да ста, глядзі, гадоў сорак засталося? – Дзяк выпроствае згорбленую спіну. – Да яно, калі б на то пайшло, а. Мікалай, – стары вол бараздны не псуе. – Ось бачыш!… Так-та, Амос Адамавіч, – дадае а. Мікалай, – мы бачым сучок у воку брата сваяго, а бервяна ў сваім не заўважаем. (“На ростанях”) Ü І што ты глядзіш на сучок у воке брата твайго, а бервяна ў сваім воке не чуеш? Альбо, як скажаш брату свайму: “дай, я выну сучок з вока твайго”, а вось ў тваім воке бервяно? Крывадушнік! вынь спярша бервяно з свайго вока, і тады ўбачыш, як вынуць сучок з вока брата твайго (Матфей, 7, 3–5, параўн. таксама Лука, 6, 41–42). Нідзе не прыткаецца бедны [Адам]. Ходзіць, як пасля добрай выпіўкі, шукаючы, каб чым апахмяліцца. Пазіраў на яго бог, пазіраў ды кажа: “Нядобра чалавеку быць аднаму – трэба ажаніць яго”. (“На ростанях”) Ü Нядобра чалавеку быць аднаму (Быццё, 2, 18). Іншы раз ён ціхенька адчыніць веснічкі і ўвойдзе ў двор школы, зазірне ў пакойчык, сумежны з кухняю, і ў самую кухню, бо ў дзяка Бацяноўскага розныя бываюць падазрэнні і дагадкі. Але такім спосабам дабіцца яму чаго-небудзь пэўнага ніяк не ўдаецца, і сусед застаецца для яго некатораю загадкаю. Аднак дзяк ад свайго не адступаецца. У яго ёсць спосабы дазнацца таго, што яго цікавіць. Ён толькі не хоча спяшацца з гэтым: нідзе не дзенецца, і ў святым пісанні сказана: “Нічога няма патаемнага, што не стане яўным”. (“На ростанях”) Ü Няма нічога патаемнага, што не стане яўным (Марк, 4, 22; Лука, 8, 17). “Нам чамусь не давялося пагутарыць пра гэта: ці афарызм быў няўдалы, ці нас адцягнулі іншыя думкі. Скажу проста, прыгадай нашу “скарбонку” і пакланіся карчу: ён скажа тое, што я табе сказаць хачу. Будзем простыя і лагодныя, як галубы, і мудрыя, як змеі, ды пальца нам у рот не кладзі. Ёсць мова, зразумелая для ўсіх, і ёсць мова, даступная для нямногіх…” З Андрэявых вачэй нібы апала заслона: ён успомніў, як Янка прыносіў адозву ад невядомай групы настаўнікаў. (“На ростанях”) Ü Будзьце мудрыя, як змеі, і простыя, як галубы (Матфей, 10, 16). – Я стаю за эвалюцыю. Усякай праяве на свеце свой час. Дзіця не робіцца адразу дарослым чалавекам. Нашто ўрывацца жывасілам і ўмешвацца ў ход падзей, якія ад цябе не залежаць? (“На ростанях”) Ü Усяму свой час (Эклезіаст, 3, 1) і г.д.

Адметнае месца ў мове твораў пісьменніка займаюць і афарызмы (рэмінісцэнцыі з іншых літаратурных ці фальклорных тэкстаў), што ўзнаўляюцца не масава, а толькі індывідуальна як цытаты разавага ўжывання. Яны складаюць колькасна найменшую частку афарыстыкі мовы Якуба Коласа. Гэта яскрава сведчыць не толькі пра тое, што пісьменнік не жадаў абцяжарваць уласныя творы чужымі думкамі, але і пра яго імкненне, з аднаго боку, больш шырока карыстацца мовай народа, надзвычай багатай прыказкамі, прымаўкамі і іншымі формамі малых жанраў фальклору, а з другога – дамагацца, каб літаратурная беларуская мова была такой жа натуральнай і прыгожай, як і народная, не забруджваць яе ўжо гатовымі кніжнымі (штучнымі) канструкцыямі. Менавіта таму амаль усе літаратурныя афарыстычныя рэмінісцэнцыі разавага ўжывання падаюцца ў мове твораў Якуба Коласа як дакладныя цытаты з абавязковым згадваннем іх аўтара і/або крыніцы паходжання. Параўн.: Аб упартай рабоце над вершам гаворыць і наш беларускі паэт, Максім Багдановіч: Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, Абрабіць яго трэба з цярпеннем. Як ударыш ты ім, – ён, як звон, зазвініць, Брызнуць іскры з халодных каменняў! (Я.Колас, “Чаго я хачу ад з’езда пісьменнікаў”) Ü апошняя страфа верша “Песняру” (1910) М.Багдановіча (параўн. ЯНКОЎСКІ 1960: 106). – У нас сёння дзень не прапаў дарам, бо ў гэты дзень мы многа смяяліся, – заўважыў Лабановіч. – Ніцшэ вуснамі свайго Заратустры казаў: “Той дзень, калі вы не смяецеся, прападае для вас”. (“На ростанях”) Ü рус. (у перакладзе з ням. Ю.М.Антаноўскага) И пусть будет потерян для нас тот день, когда ни разу не плясали мы! И пусть ложной назовется у нас всякая истина, у которой не было смеха! (Ф.Ницше, “Так говорил Заратустра”, 3: “О старых и новых скрижалях”, 23). Так сама, як і Сымон Тургай, Уладзік пачаў болей захапляцца матэматычнымі навукамі. Да іх на некаторы час далучыўся і Андрэй Лабановіч. Адносна латыні Сымон і Андрэй прытрымліваліся слоў Пушкіна: “латынь из моды вышла ныне”, хоць ад Уладзіка і самі непасрэдна з падручніка перанялі некалькі лацінскіх выяслоўяў. (“На ростанях”) Ü рус. Латынь из моды вышла ныне: Так, если правду вам сказать, Он знал довольно по-латыни, Чтоб эпиграфы разбирать. (А.С.Пушкин, “Евгений Онегин”, 1, 6). – Эх, хлопцы, хлопцы! – у засмучэнні гаварыў далей Лабановіч. – Лягчэй за ўсё шукаць вінаватых. Ды якая ў тым карысць. Ты ж, Алесь, – звярнуўся ён да Садовіча, – не згрызайся! У каня чатыры нагі, і той спатыкаецца. Памятаеш, як у Гогаля сказана? “Зачапіў, пацягнуў – сарвалася…” Ну, што ж? Слязамі бядзе не паможаш, а справу рабіць трэба. Жыццё ўсё наперадзе, хлопцы! (“На ростанях”) Ü рус. Зацепил – поволок, сорвалось – не спрашивай. Плачем горю не пособить, нужно дело делать (Н.В.Гоголь, “Мертвые души”, 1, 11). – Залез ты, брат, у такія філасофскія нетры, адкуль і не выбрацца. “Усё рэчаіснае разумна”, – іранічна падкрэсліў Лабановіч. – Самадзяржаўны лад – таксама рэчаіснасць і, значыць, разумны? Навошта ж тады змагацца з ім? Ты пачынаеш кідацца ў сафістыку. (“На ростанях”) Ü рус. (у перакладзе з ням.) Все действительное разумно, все разумное действительно (Г.В.Ф.Гегель) і да т.п.

Найбольш важнае месца ў афарыстыцы мовы твораў пісьменніка, безумоўна, займаюць індывідуальна-аўтарскія афарызмы. Параўн.: А ў кандыдатах ніколі нястачы не бывае на свеце (“Дрыгва”); Ад зямлі да зор і сонца Няма думкам забаронцы (“Сымон-музыка”); Без атак і абароны Няма сапраўднае вайны (“Рыбакова хата”); Без повада, без вобруці, Усім вядома, добра йсці (“Паслушная жонка”); Гора не сціхне ад слоў (“Старыя песні”); Гром для вёскі сына [хлебароба – Я.І.] – Лепша музыка на свеце… (“Веснавыя хмаркі”); Дарога, вандроўка – самае лепшае лякарства ад усякіх напасцей (“На ростанях”); Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш (“На ростанях”); Дружнасць – першы крок свабоды, Згода – сіла грамады (“Песні вясны”); Думка ходзіць, дзе захоча (“Сымон-музыка”); І зямля свой твар мяняе (“Сымон-музыка”); Крыкі спрэчкі не развяжуць (“Паслушная жонка”); Песень дар – агонь душы і сэрца жар (“Сымон-музыка”); Праўду здабываць трэба з боем (“На ростанях”)[ ]; Прырода – найцікавейшая кніга, якая разгорнута перад вачамі кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы – хіба ж гэта не ёсць шчасце? (“На ростанях”); Стагналі людзі – то нічога, Клялі – і гэта не бяда, Калі ж смяецца грамада, То смех такі гаворыць многа (“Рыбакова хата”); Страх смерці мацней жыцця, мацней самой смерці (“На ростанях”); Толькі ліха сну не мае (“Рыбакова хата”); Хто ж дужэй ад грамады? (“Песні вясны”); Як паглядзіш – божа мілы! Што з людзямі робіць чын! (“Кірыла”) і інш.

Адным з самых насычаных індывідуальна-аўтарскай афарыстыкай мастацкіх твораў Якуба Коласа з’яўляецца паэма “Новая зямля” (1910–1923). Гэта заўважыў яшчэ Ф.М.Янкоўскі, які змясціў колькі афарызмаў пісьменніка з “Новай зямлі” ў сваім зборніку “Крылатыя словы і афарызмы” (1960), мабыць, спадзяючыся, што яны, маючы трапнасць думкі і арыгінальнасць моўнай формы яе адлюстравання, з цягам часу стануць шырока распаўсюджанымі ў беларускай літаратурнай мове (набудуць сапраўдную “крылатасць”). Параўн.: А там, за светам, на чужыне Ніхто цябе, ой, не прыхіне! (IV); Адны трымаюць нос высока, Другія ў дол спускаюць вока (XXVIII); Варона гонар свой збаўляе Ды зноў да сметніка вітае (XXI), Гаршчок агорнуты пашанай, Хоць ён фаміліі глінянай (XX); Дык не гаруй жа, брат-нябога: Дзянькоў вясёлых яшчэ многа!… (XXV), За шкурку плаціць тхор галоўкай (XVIII); І дзе на свеце ёсць такая, Як Нёман, рэчанька другая? (XXV); Куды не трапяць беларусы? (IV); На зло ліхім прыгодам Крыніцы свежыя цякуць (IV); Сабраць з дарог каменні тыя, Што губяць сілы маладыя (I); Сама пакажа справа, Ці варта шуму ўся аблава (IV) (гл. ЯНКОЎСКІ 1960: 13, 18, 26, 29, 41, 45, 49, 64, 77, 98).

Гэтыя спадзяванні выдатнага беларускага мовазнаўцы, зразумела, не спраўдзіліся, бо роля лінгвіста ў стыхіі мовы абмежаваная і заключаецца толькі ў фіксацыі і тлумачэнні заканамернасцей моўнай дынамікі, але ніякім чынам не іх дэтэрмінацыі. Тым не менш, Ф.М.Янкоўскага можна зразумець, бо тэкст знакамітай паэмы (як, зрэшты, і іншыя творы Якуба Коласа) утрымлівае шмат афарызмаў, сапраўды вартых таго, каб іх ведала і ўжывала як мага больш беларусаў і носьбітаў іншых культур. Параўн.: Дарогі заўжды свежы, новы І мнагадумны, настраёвы, Іх ні прайсці, ні азірнуць, Яны сваім жыццём жывуць (XXVI); Ды што краса без аўладання? Адно пустое парыванне (XXVI); Жывую сілу Не запраторыш ты ў магілу (XIX); Зімой цяпла чакаць не варта (XXI); Зямля, зямля, Свой пэўны кут, свая ралля: То – наймацнейшая умова; Зямля не зменіць і не здрадзіць, Зямля паможа і дарадзіць, Зямля дасць волі, дасць і сілы, Зямля паслужыць да магілы, Зямля дзяцей тваіх не кіне, Зямля – аснова ўсёй айчыны (XXVI); Людскі наш лёс – былінка поля, Пылок нязначны – наша доля, А нашы радасці і слёзы, Надзеі светлыя, пагрозы І ўсё, чым жыцце нас вітае, Яно адзначнасці не мае Ў звязку гэтых светаў божых, Таемных, страшных і прыгожых; І жыцце пэўнаю ступою Ідзе, не ведае спакою, Людскіх пакутаў не адзначыць І страты іх яно не бачыць (IX); На што вада, але і тая Не ўсюды нораў роўны мае (IV); Не, не здаволіш чалавека, І будзе вечна ён калека: Чаго-нібудзь, а будзе брак, Ужо бо створаны ён так! (XXIX); Ніхто з граніц сваіх не выйдзе, З законаў, жыццем напісаных (I); Ой вы, дарожанькі людскія, Пуцінкі вузкія, крывыя! Вы следам цьмяным снуяцеся І ўсё блукаеце, бы ў лесе; Прасторны шлях! калі ж, калі Ты закрасуеш на зямлі І злучыш нашы ўсе дарогі? (XXX); Свет і жыцце мнагалучны І мнагавобразны, выключны; Таемна схованы, цікавы І разнастайны іх праявы, Дзе кожны момант хвалі новай Нам штось гуторыць сваёй мовай Для сэрца і для разумення; Дзе поўна ўсё свайго значэння, Прыгоства, чар і глыбіні (XXVII); У жыцці Дзве рэчы трэба мець, каханы! Адна рэч – розум выхаваны, Другая – грошы (XIII); Хто баіцца, Таму ўсё можа налучыцца (XVI); Ці многа жыў, ці жыў ты мала, Ці ты багаты, ці ты бедны, Ці ты зайздросны, ненаедны, – Жывём, клапоцімся і дбаем, І ўсе нарэшце паўміраем, У нейкім згаснем летуценні (VIII); Цярпенне – усё: яно – бязмежнасць! (IX); Чарачку кульнуць – Усё адно, што ў рай зірнуць (XXIX); Што жанкі? раз што панята, Ноль – слова нашага ім брата; Як іх на розум тут ні ставяць, Яны ж сваё ўсё права правяць І робяць так, як і рабілі, Калі пяшком пад стол хадзілі (VII); Эх, ты жыццё, жыццё людское! Няма табе, няма спакою: Ты – суматоха, вір бурлівы, Ў табе загіне баязлівы, Як парахно, як зерне тое (XXVI); Як часта мы пад крыжам мукі Ў тамленні духу ўзносім рукі І вочы, поўныя гарэння, І прагнем мігу вызвалення! Шчаслівы міг, бо палі путы! Канец – і нейкі круг замкнуты Ў небыццё ідзе і гіне, Каб месца іншай даць часіне; І вера ў той канец няўхільны Знішчае тлен гнілы, магільны (XXX) і да т.п.

Многія афарыстычныя наватворы Якуба Коласа набылі крылатасць у сучаснай беларускай літаратурнай мове. Параўн.: А парогі – прэч з дарогі! (“Сымон-музыка”); Асадзі назад! (“Асадзі назад!”); Забілі зайца, не забілі, Але ж, брат, гуку нарабілі (“Новая зямля”); Мой родны кут, як ты мне мілы <, Забыць цябе не маю сілы> (“Новая зямля”); Назад не прыйдзе хваля тая, Што з быстрай рэчкай уплывае (“Новая зямля”); Хоць, праўда, хлеб ядуць і з вуды, Але не ўсе і не заўсюды (“Новая зямля”)[ ] і інш. (гл. ІВАНОВА, ІВАНОЎ 1997: 36–38, 69–70, 92–94, 96, 141–142). Некаторыя з іх з’яўляюцца настолькі распаўсюджанымі, што асацыяцыя такіх выразаў з адпаведным творам ці мовай пісьменніка (або нават увогуле з мовай мастацкай літаратуры) дэактуалізавалася, і яны ўвайшлі ў фонд парэміялагічных адзінак беларускай мовы. Параўн.: Забілі зайца не забілі, а гуку (шуму) многа нарабілі (гл. ШКРАБА, ШКРАБА 1987: 84–85, параўн. ЛЕПЕШАЎ, ЯКАЛЦЭВІЧ [1996] 2002: 149) Ü Забілі зайца, не забілі, Але ж, брат, гуку нарабілі (“Новая зямля”); Жывуць на свеце з вуды, але не ўсе і не заўсюды або Хоць хлеб ядуць і з вуды, але не ўсе і не заўсюды (гл. ШКРАБА, ШКРАБА 1987: 82, 245) Ü Хоць, праўда, хлеб ядуць і з вуды, Але не ўсе і не заўсюды (“Новая зямля”).

У асобную групу афарыстыкі мовы твораў пісьменніка можна вылучыць індывідуальна-аўтарскія перафразаванні як агульнамоўных, так і непрэцэдэнтных афарызмаў. Усе вытворныя афарыстычныя адзінкі паводле зместавай адпаведнасці зыходным тэкстам могуць быць падзелены на два тыпы.

1) Індывідуальна-аўтарскія перафразаванні, не сінанімічныя зыходным афарызмам. Параўн.: А прырода! Колькi вялiкага здавальнення дае нам яна! Бо прырода – найцiкавейшая кнiга, якая разгорнута перад вачамi кожнага з нас. Чытаць гэту кнiгу, умець адгадаць яе мнагалучныя напiсы – хiба ж гэта не ёсць шчасце? Адно толькі шкада, што наша жыццё несузмерна малое для таго, каб начытацца гэтай кнігі. (“На ростанях”) Ü рус. Природа – это самая лучшая из книг, написанная на особом языке. Этот язык надо изучать. (Н.Г.Гарин-Михайловский). Лысы чорт бег з балота: Надаела адзінота. І хіцёр, а змыліўся, Ажаніўся – і ўтапіўся. А не будзь, чорце, слабы І не рэмсціся да бабы: Баба доўгі волас мае, Каго хочаш ашукае – І Язэпа, і Міхала, А мяне не ашукала! Хіба толькі розум страчу, То й я тое ліха ўбачу. (“Новая зямля”) Ü У бабы валасы доўгія (волас доўгі), а розум кароткі (памяць кароткая) (прымаўка). Мужчыны ўсе тут загудзелі, Ды дружна так яны населі, Што Ганна тройчы прыгубіла І чарку ўсю перакуліла. – Ну, во гэтак, малайчына, Хай будзе ж добрая часіна! – Ой, буду п’яна – ашаломіць. – Касцей гарэлка не паломіць! – Крычыць Базыль. (“Новая зямля”) Ü Пáра касцей не ломіць (прымаўка) і да т.п. Афарыстычных наватвораў Якуба Коласа, якія пабудаваны па мадэлях народных выслоўяў, настолькі шмат, што гэта дало “падставы” некаторым даследчыкам кваліфікаваць асобныя выразы як парэміі нават па іх паходжанні. Напрыклад, у слоўніку беларускіх прыказак і прымавак І.Шкрабы і Р.Шкрабы “Крынічнае слова” (1987) згаданы ўжо выраз Забілі зайца, не забілі, а гуку (шуму) многа нарабілі кваліфікуецца як прыказка фальклорнага паходжання, а кантэкст яе ўжывання – урывак з паэмы “Новая зямля” – падаецца ў якасці ілюстрацыйнай цытаты (?!) (гл. ШКРАБА, ШКРАБА 1987: 84–85, параўн. ЛЕПЕШАЎ, ЯКАЛЦЭВІЧ [1996] 2002: 149, ІВАНОВА, ІВАНОЎ 1997: 69–70).

2) Індывідуальна-аўтарскія перафразаванні, сінанімічныя зыходным афарызмам. Такія перафразаванні звычайна абумоўлены імкненнем аўтара альбо “ўдакладніць” фармулёўку адпаведнай абагульненай думкі, альбо адлюстраваць яе праз іншыя вобразы, іншыя рэаліі. Параўн.: – Адно, брат, тут: старацца трэба Прыдбаць сваю скарынку хлеба, Бо людзі кажуць: “Хлеб служачы Не надта добры хлеб, – сабачы!” (“Новая зямля”) Ü Батрачы (служачы) хлеб – сабачы (прымаўка). – Эх, мілы мой ты! За панамі Няма прадыху. Хто з грашамі І мажа збоку, – той і едзе, Так вось і робіцца, суседзе. (“Новая зямля”) Ü Хто мажа, той і едзе (прыказка). За што плаціць? Пустая справа… Але ж ізноў – зірнуць цікава, Як там з гары ўсё выглядае. І дзядзька стоража пытае: – А колькі той білет каштуе?… Ніяк у Вільні не шанцуе! – Ўсяго шэсць грошаў. Заплацеце, Тады сабе, здаровы, йдзеце. – Дзе наша, брат, ні прападала: Каб наша ліха не даждала! – Гаворыць дзядзька наш разважна, Ў кішэню лезучы адважна. (“Новая зямля”) Ü Дзе наша не прападала (прыказка). Лабановіч абвёў поглядам наваколле і ціха сказаў: – Кожнай агародзіне свой час. Свой час ягадзе і свой час баравіку… (“На ростанях”) або Яшчэ пра страхі вялі мову І іх тлумачылі аснову, І іх істоту разбіралі, І трохі з Яські жартавалі. Ўсяго было тут вечарамі, Калі разыйдуцца часамі! На ўсё была свая прычына І адпаведная часіна. (“Новая зямля”) Ü Усяму свой час, і час усякай рэчы пад небам (Еклезіаст, 3, 1–5). – І не чужым, а сваім вокам Агледзець трэба ненарокам, Як мае быць, Заблонне тое; А можа выйдзе што-якое. Рабіць тут трэба – адно слова, Не то што – цуп-луп! – і гатова, Бо гэта справа – не пустая; Людскі ж язык касцей не мае. (“Новая зямля”) Ü Язык без касцей (прыказка). І ў час вялікі разбурэння Не сцерпіць нават і каменне Тваіх палёў, глухіх абшараў, Дзе след вайны агнём пажараў Пранёсся дзіка і няшчадна, Каб не заплакаць з таго здзеку, Што чалавек – звер чалавеку – Так злосна чыніць, неўспагадна!… (“Новая зямля”) Ü Чалавек чалавеку воўк < лац. Homo homini lupus est (Plautus, “Asinaria”, 2, 4, 88). – Так, брат! Падумаць моцна трэба, – Само не зваліцца нам з неба, – Каб мець больш пэўны свой прыпынак І мець у ўласнасці будынак… (“Новая зямля”) Ü Нікому з неба само не спадзе (прымаўка) і да т.п.

Ад індывідуальна-аўтарскіх перафразаванняў, сінанімічных зыходным тэкстам, трэба адрозніваць выпадкі ўжывання афарыстычных адзінак рознага паходжання ў тых ці іншых парадыгматычных формах – канкрэтных рэалізацыях афарызма ў маўленні, што ў сваёй сукупнасці рэпрэзентуюць яго як моўную адзінку, аналагічна парадыгме слова ці фразеалагізма. У адрозненне ад лексічных і фразеалагічных адзінак парадыгматычныя трансфармацыі афарызма могуць лакалізавацца і па-за межамі фразы, а таму закранаюць не толькі павярхоўны, але і глыбінны ўзроўні сказа.

Пры глыбінных парадыгматычных мадыфікацыях афарыстычных адзінак лексічна-граматычныя і/або сінтаксічныя змяненні дэтэрмінаваныя мадальнымі. Параўн. наступны прыклад, дзе спалучаюцца змяненне формы дзеяслоўнага выказніка і субстытуцыя дзейніка, абумоўленыя канкрэтызацыяй суб’екта і прэдыката выказвання і ўскладнёныя пераходам дзейніка ў зваротак: І калі пахла дзе даносам, Тады, крутнуўшы толькі носам, Казалі згодна, ў адно слова: “Ну, гэта штучка Арцюшкова!” А вось і ён. Ідзе фарсіста, Глядзіць звысоку, ганарыста, Але зірнуць людзям у вочы Ён штось не надта ўжо ахвочы, А параўняўшыся з “Памдзеем”, Ён толькі лыпнуў ліхадзеем У бок аб’ездчыка старога, Але не вымавіў нічога. “Памдзей” штурхець пад бок Міхала: “Счуў, бестыя, чыё з’еў сала”, На Арцюшка “Памдзей” ківае, А сам нявесела ўздыхае. (“Новая зямля”) Ü Ведае кошка, чыё сала з’ела (прыказка). Або прыклад канкрэтызацыі суб’екта афарыстычнага выказвання: – Ну, як табе ўжо не абрыдне Казаць адно сто раз на тыдні? Сказала сорак раз і – квіта! – Міхал адказвае сярдзіта <…>. – Бо праўда вочы табе коле, І не мінеш ты, нябось, Сроля, Не людская твая натура, Не пахне дом свой і пячура: Абы гарэлка на прымеце – Ты ўсё гатоў забыць на свеце! (“Новая зямля”) Ü Праўда вочы коле (прыказка) і да т.п.

Асобна трэба вылучыць такі тып глыбіннай парадыгматычнай трансфармацыі, як аўтарызацыя, калі прыказка ці прымаўка ўжываюцца ў кантэксце як “індывідуальна-аўтарскае выслоўе”, набываюць нейкага канкрэтнага аўтара. Параўн.: Куцця. Марозна. Хмурнавата. Сняжок падкідвае заўзята; Снег на куццю – грыбы на лета, Такая матчына прымета, А сцежкі чорны – ягад многа; Ну, і за гэта хвала богу. (“Новая зямля”) Ü Снег на куццю – грыбы на лета (народная прыкмета, параўн. ШКРАБА, ШКРАБА 1987: 216).

Парадыгматычныя мадыфікацыі афарызмаў на павярхоўным сінтаксічным узроўні абумоўленыя ў большасці выпадкаў адметнай рытмічна-інтанацыйнай і/або лагічна-сінтаксічнай структурай маўлення ў пэўным кантэксце. Параўн. прыклады парцэляцыі, інверсіі, субстытуцыі сінанімічных лексічна-граматычных форм (а таксама кантамінацыі названых парадыгматычных пераўтварэнняў): – Не пазірае табе ў вочы, Глядзіць, бы воўк той, заўжды скрыва І заўжды злосны ён на дзіва, І заўжды лаяцца ахвочы… Ды чорт яго бяры, Міхале! Што зробіш гэтакай завале? <…> – Адно, брат, тут: старацца трэба Прыдбаць сваю скарынку хлеба, Бо людзі кажуць: “Хлеб служачы Не надта добры хлеб, – сабачы!” І не сабака страшан воўку, Калі прыйшлося сказаць к слоўку, Мой пане-браце, мой Марцяга, А непрыемна яго звяга! (“Новая зямля”) Ü Не сабака страшны воўку, а яго звяга (прыказка). Апроч паноў, у гэтай залі І мужыкі ў кутках стаялі, І людзі простага больш звання Таўкліся ў банку ўжо ад рання. Між імі гоман ціха вісне, Туды і дзядзька Антось цісне. Прыйшоў, суседзяў змерыў вокам І да сцяны прыпёрся бокам. – Сядай, мой мілы, мой харошы, Бо за “пастой” не плацяць грошы, – Сказаў сярмяжнік дабрадушна, На лаўку дзядзька сеў паслушна. (“Новая зямля”) Ü За пастой грошы не плацяць (прымаўка). Куцця. Марозна. Хмурнавата. Сняжок падкідвае заўзята; Снег на куццю – грыбы на лета, Такая матчына прымета, А сцежкі чорны – ягад многа; Ну, і за гэта хвала богу. (“Новая зямля”) Ü Сцежкі на куццю чорныя – будзе многа ягад (народная прыкмета). Самы лепшы доктар – час. (“Дзённікі”) Ü Час – найлепшы лекар < лац. Tempus dolorem lenit (< Augustinus Sanctus < Menandros); На свеце ўсё канец свой мае, І ты, мінуціна змяркання, Спяеш нам песню расставання. І госці свой банкет канчаюць, Адны другім дабра жадаюць, А ў час апошні развітання Стаялі цмокі цалавання. “Новая зямля” (ХІІІ. Падгляд пчол) Ü Усё на свеце мае <свой> канец (прымаўка) і да т.п.

Трэба заўважыць, што непрэцэдэнтныя (аказіянальныя) афарызмы з’яўляюцца ізаморфнымі па структуры і спосабах функцыянавання прэцэдэнтным (узуальным) афарыстычным адзінкам і таксама трансфармуюцца ў кантэксце. Аднак калі існаванне афарызма як моўнай адзінкі абумоўлена наяўнасцю сістэмы яго парадыгматычных форм (накшталт парадыгмы слова), то для афарыстычных наватвораў тая ці іншая іх парадыгматычная мадыфікацыя з’яўляецца ўвогуле адзіна магчымай формай існавання (рэалізацыі ў маўленні) дадзенага непрэцэдэнтнага афарызма.[ ] Параўн.: “Няўжо памру і стану трупам, Згнію ў зямле нікчэмным струпам На целе гэтае зямлі?” І цені страшныя ляглі Яму на душу і на сэрца, І ён так ясна, бы ў люстэрцы, Убачыў смерці ўсе пячаці І ўсе адзначныя пастаці. Міхал пачуў, што ён – пылінка, А век людскі – адна хвілінка. (“Новая зямля”) Ü Чалавек – пылінка, А век людскі – адна хвілінка (канкрэтызацыя суб’екта выказвання ў спалучэнні з пранамінальнай субстытуцыяй). Ды што зрабіць? Я б сам быў рады Не ведаць крыўды той і здрады, Што просты люд нясе вякамі Сваімі ўласнымі гарбамі. Ды горкай праўды не схаваеш, Яе ніяк не ашукаеш. Ды і навошта? Крый нас, божа! А праўда мне ўсяго дарожай, І бацька праўдзе вучыў змаля, Дык з гэтай праўдай ступім далей. (“Новая зямля”) Ü Праўда ўсяго дарожай (канкрэтызацыя прэдыката выказвання). Міхал глядзіць на блеск газніцы. <…> Агоньчык дрыгае і скача… Бы штось чуваць, нібы хто плача, Ці то званочак пад дугою Звініць бясконцаю тугою? Там вочы нейчыя міргнулі… І мыслі раптам скаканулі У багны часаў і прастораў, Бо ім няма граніц, запораў. (“Новая зямля”) Ü Мыслям няма граніц, запораў (пранамінальная субстытуцыя). Хоць тут мясцінка гожа, міла І так гарнула, так хіліла К сабе і лесам і лугамі, І старасвецкімі дубамі! Ды што краса без аўладання? Адно пустое парыванне У цьме далёкі блеск зарніцы: Ўсё гэта – скарбы чужаніцы, Магната князя Радзівіла. (“Новая зямля”) Ü Краса без аўладання – Адно пустое парыванне (лагічна-сінтаксічная парцэляцыя). Чаго ж у жыцці не хапае? Дзе гэта сіла, дзе моц тая, Што перашкод сабе не мае І ставіць зразу ўсіх на ногі, Вядзе на вольныя дарогі І свет прасторны адчыняе? – Дзве рэчы трэба мець, каханы! Адна рэч – розум выхаваны: Умець прадгледзець, прылаўчыцца На цвёрдым грунце закрапіцца. Другая рэч, Антось харошы, Таксама трэба мець і грошы, – Міхал прамовіў ціхім басам. (“Новая зямля”) Ü У жыцці Дзве рэчы трэба мець, каханы, Адна рэч – розум выхаваны, Другая – грошы (звышфразавая парцэляцыя). Міхал ступіў на двор кватэры З душою, згрызенай без меры, Але, спаткаўшы саслугачых, Спакойных больш і менш гарачых, Міхал мяняе выраз твару І гоніць прэч задуму-хмару, Ідзе, вітаецца, смяецца, Бы смутку век не знаў, здаецца, Бо людзі схільны строіць кпіны З тваіх нягод без дай прычыны. (“Новая зямля”) Ü Людзі схільны строіць кпіны З чужых нягод без дай прычыны (страта сінтаксічнай аўтаномнасці). – Агледзець трэба ненарокам, Як мае быць, Заблонне тое; А можа выйдзе што-якое. Рабіць тут трэба – адно слова, Не то што – цуп-луп! – і гатова, Бо гэта справа – не пустая; Людскі ж язык касцей не мае. Я так бы раіў: выбраць час І аглядзець усё зараз, А там сама пакажа справа, Ці варта шуму ўся аблава, Бо мо ваўкі ўсё пасхадзілі. (“Новая зямля”) Ü Сама пакажа справа, Ці варта шуму ўся аблава (часавая канкрэтызацыя дзеяння). – Эх, брат! – махнуў Міхал рукою, – Мы чулі ўладу над сабою, А пажывём – яшчэ пачуем, А тут, хоць як мы ні мяркуем, Але нічога не даб’емся, Куды ні пойдзем, ні таўкнемся, Дабра ніколі не прыдбаем, Пакуль свайго кутка не маем. (“Новая зямля”) Ü Дабра ніколі не прыдбаеш, Пакуль свайго кутка не маеш (суб’ектная канкрэтызацыя дзеяння). – Што нам з таго, што гінуць знічкі? І клопат будзе невялічкі, Калі прычын іх знаць не будзем: Якая з іх карысць тут людзям? – Бярэ сам бацька перша слова: – І з’ява гэтая – не нова: Яны штоночку вынікаюць, Але без следу прападаюць. То – тайнасць божна, яго воля. Чаго мы, людзі, мо ніколі І не дазнаемся, як трэба, Бо то – вялікая вучэба. (“Новая зямля”) Ü Тайнасць божну, яго волю, Мы, людзі, мо ніколі І не дазнаемся, як трэба, Бо то – вялікая вучэба (змяненне сінтаксічнай парадыгмы сказа) і да т.п.

Усе не ўласна аўтарскія афарыстычныя адзінкі (акрамя “разавых” цытат і індывідуальна-аўтарскіх перафразаванняў, не сінанімічных зыходным афарызмам), у сваю чаргу, дыферэнцуюцца ў мове твораў Якуба Коласа па сваёй генетычнай прыналежнасці. Моўныя афарызмы (і прататыпы сінанімічных ім індывідуальна-аўтарскіх перафразаванняў) можна размежаваць паводле паходжання на наступныя групы.

1) Спрадвечна беларускія прыказкі, прымаўкі і крылатыя выразы, параўн.: Багатаму чорт дзяцей калыша (“Новая зямля”), Не цяпер, дык у чацвер (“На ростанях”), Цацанкі-абяцанкі, а дурному радасць (“На ростанях”), Каб сонца засланіць – вушэй асліных мала (К.Крапіва) (“Да трыццацігоддзя Кастрычніка”) і да т.п.

2) Агульныя для ўсходнеславянскіх моў (пераважна для беларускай і рускай) афарыстычныя адзінкі, параўн.: бел. Вольнаму воля (“На ростанях”) і рус. Вольному воля; бел. Наняўся, як прадаўся (“Новая зямля”) і рус. Нанялся, как продался; бел. Цямна вада ва облацэх (“Забастоўшчыкі”) і рус. Темна вода во облацех (Псал., 17, 12) і да т.п.

3) Агульныя для беларускай і заходнеславянскіх моў прыказкі і прымаўкі, параўн.: На языку мядок, а на сэрцы лядок (“Андрэй-выбаршчык”) і польск. Na języku miód, a w sercu lód (прыказка), чэшск. V ustech med, a w srdci jed (прыказка) і да т.п.

4) Моўныя афарызмы інтэрнацыянальнага ўжывання (у большасці еўрапейскіх моў) пераважна антычнага паходжання (у тым ліку і з Святога Пісання), параўн.: бел. Калі бог захоча пакараць каго, то першым чынам адбярэ ад яго розум (“На ростанях”) і рус. Кого Бог захочет наказать, того лишит разума, англ. Whom God would ruin, he first deprives of reason, ням. Wenn strafen will die Gotteshand, so nimmt sie einem den Verstand, фр. Quand Dieu quelqu’un veut châtier, de bon sens le fait varier, ісп. Da Dios alas a la hormiga, para se pierda más aína, польск. Kogo Bóg chce skarać, rozum mu odbiera < лац. Quos deus perdere vult, dementat prius (познелацінская прымаўка). Або: бел. Усё цячэ і ўсё змяняецца (“На ростанях”) і рус. Все течет и/или все изменяется (движется), англ. All things are in a flux, ням. Alles fließt, польск. Wszystko płynie і г.д. < гр. Πάντα ῥει̃ (Ήράκλειτος) і да т.п.

5) Запазычанні і калькі з іншых моў, параўн.: з польск. Цо кому до тэго, жэ мам коня худэго (“У пушчах Палесся”) < Co komu do tego, że mam konia chudego (прыказка); з рус. Ташчыць і не пушчаць (“На ростанях”) < “Тащить” и “не пущать” (Г.И.Успенский, “Будка”); з лац. Так праходзіць слава зямлі (“На ростанях”) < Sic transit gloria mundi (шырокавядомы выраз з рытуалу выбрання рымскага папы) і да т.п.

Згаданым зусім не вычэрпваецца ўяўленне аб разнастайнасці афарыстыкі мовы твораў Якуба Коласа. Але ўжо зараз можна сцвярджаць, што прэцэдэнтныя і непрэцэдэнтныя выказванні з семантыкай абагульнення з’яўляюцца спецыфічнымі адзінкамі мовы пісьменніка і павінны вывучацца асобна ад лексікі і фразеалогіі мастацкага ідыялекту.

Прынцыпы лексікаграфічнага апісання афарыстыкі мовы твораў Якуба Коласа

Лексікаграфічнае апісанне мовы твораў пісьменніка, як вядома, было распачата выданнем “Анамастычнага слоўніка твораў Якуба Коласа” (1990) і “Фразеалагічнага слоўніка мовы твораў Якуба Коласа” (1993). Рыхтуецца да друку і слоўнік лексікі. Аднак не менш актуальным пры лексікаграфічным апісанні мовы пісьменніка з’яўляецца і зварот да афарыстыкі мастацкага ідыялекту, якая павінна разглядацца асобна ад лексікі і фразеалогіі (на матэрыяле мовы рускай мастацкай літаратуры гл. АХМАТОВА, НЕМЕР 1971, таксама параўн. ИВАНОВ 1992, 1993а). Сімптаматычна ў гэтай сувязі, што сярод выразаў Якуба Коласа (57 адзінак), змешчаных у вядомым зборніку “Крылатыя словы і афарызмы” (1960) Ф.М.Янкоўскага, колькасна пераважаюць менавіта афарыстычныя (33 адзінкі).

Мова твораў Якуба Коласа, як ужо згадвалася, вельмі багатая як на фальклорныя афарызмы (прыказкі, прымаўкі, народныя прыкметы і г.д.) і крылатыя афарыстычныя выразы, так і на індывідуальна-аўтарскія выслоўі, вельмі глыбокія па змесце і адметныя па моўных сродках яго адлюстравання. Напрыклад, ужо ў першых чатырох (з дванаццаці) тамах збору твораў пісьменніка змяшчаецца не менш за 500 выслоўяў, якія можна аднесці да афарызмаў (паводле МІХНЕВІЧ 1994: 61). Шмат афарызмаў Якуба Коласа сталі шырока вядомымі і ўжываюцца ў сучаснай беларускай літаратурнай мове як крылатыя. Яшчэ ў пачатку 1980-х гадоў у беларусістыцы ставілася пытанне аб навуковай апрацоўцы і публікацыі надзвычайна багатай і разнастайнай афарыстычнай спадчыны Якуба Коласа (гл. МІХНЕВІЧ 1983: 60), аднак вывучэнню афарыстыкі мовы твораў пісьменніка прысвечана толькі некалькі артыкулаў (параўн. згаданую ўжо працу МІХНЕВІЧ 1983, а таксама ІВАНОЎ 1993, НАЗАРАНКА 2001а, 2001б і інш.), а зборніка яго афарызмаў няма і дагэтуль.

На сённяшні дзень афарыстыка мовы твораў Якуба Коласа мала адлюстравана ў зборніках афарызмаў і слоўніках беларускіх прыказак, прымавак і крылатых выразаў. Вельмі паказальны той факт, што ў адзіным беларускамоўным зборніку непрэцэдэнтных літаратурных афарызмаў “Вечна новыя старыя ісціны” (1993), дзе сабраны выразы айчынных і замежных вучоных, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў і іншых вядомых асоб аб зямлі, прыродзе, раслінах і жывёлах, няма ніводнага (?!) афарыстычнага выслоўя Якуба Коласа. Невялікая колькасць афарызмаў пісьменніка змешчана ў перакладзе на рускую мову ў афарыстычных кампіляцыях з айчынных і замежных крыніц “Витражи мудрости” (1987) і “Жемчужины мысли” (1987), адпаведна 15 і 7 адзінак, а таксама ў вядомым зборніку “Симфония разума” (1976: 599) і шэрагу іншых рускамоўных выданнях літаратурнай афарыстыкі.

Частка афарызмаў Якуба Коласа адлюстравана ў згаданым ужо зборніку Ф.М.Янкоўскага “Крылатыя словы і афарызмы” (1960), дзе змешчаны 33 афарыстычных выслоўя. Варта яшчэ раз згадаць тут іх усе (найперш, з прычыны адсутнасці ў беларусістыцы дакладна акрэсленага і агульнапрынятага разумення самаго паняцця “афарызм”). Параўн.: А парогі – прэч з дарогі! (“Сымон-музыка”); А там, за светам, на чужыне Ніхто цябе, ой, не прыхіне! (“Новая зямля”); А ў кандыдатах ніколі нястачы не бывае на свеце (“Дрыгва”); Ад зямлі да зор і сонца Няма думкам забаронцы (“Сымон-музыка”); Адны трымаюць нос высока, Другія ў дол спускаюць вока (“Новая зямля”); Асадзі назад! (“Асадзі назад!”); Без атак і абароны Няма сапраўднае вайны (“Рыбакова хата”); Без повада, без вобруці, Усім вядома, добра йсці (“Паслушная жонка”); Гаршчок агорнуты пашанай, Хоць ён фаміліі глінянай (“Новая зямля”); Гатовай праўды захацелася? Не, брат, праўду здабываць трэба з боем (“На ростанях”); Гора не сціхне ад слоў (“Старыя песні”); Гром для вёскі сына – Лепша музыка на свеце… (“Веснавыя хмаркі”); Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш (“На ростанях”); Дружнасць – першы крок свабоды, Згода – сіла грамады (“Песні вясны”); Думка ходзіць, дзе захоча (“Сымон-музыка”); За шкурку плаціць тхор галоўкай (“Новая зямля”); Забілі зайца, не забілі, Але ж, брат, гуку нарабілі (“Новая зямля”); І дзе на свеце ёсць такая, Як Нёман рэчанька другая? (“Новая зямля”); І зямля свой твар мяняе (“Сымон-музыка”); Крыкі спрэчкі не развяжуць (“Паслушная жонка”); Куды не трапяць беларусы? (“Новая зямля”); Мой родны кут, як ты мне мілы!… (“Новая зямля”); На зло ліхім прыгодам Крыніцы свежыя цякуць (“Новая зямля”); Назад не прыйдзе хваля тая, Што з быстрай рэчкай уплывае (“Новая зямля”); Песня дар – агонь душы і сэрца жар (“Сымон-музыка”); Прасторы жыцця – у шырокіх размахах грамадскай работы (“На прасторах жыцця”); Сабраць з дарог каменні тыя, Што губяць сілы маладыя (“Новая зямля”); Сама пакажа справа, Ці варта шуму ўся аблава (“Новая зямля”); Стагналі людзі – то нічога, Клялі – і гэта не бяда, Калі ж смяецца грамада, То смех такі гаворыць многа (“Рыбакова хата”); Толькі ліха сну не мае (“Рыбакова хата”); Хоць, праўда, хлеб ядуць і з вуды, Але не ўсе і не заўсюды (“Новая зямля”); Хто ж дужэй ад грамады? (“Песні вясны”); Як паглядзіш – божа мілы! Што з людзямі робіць чын! (“Кірыла”) (гл. ЯНКОЎСКІ 1960: 13, 14, 16–17, 18, 20, 29, 32, 33, 39, 40, 45, 49, 49–50, 64, 72, 77, 78, 90, 93, 98, 103, 105, 113). У лінгвакраіназнаўчым “Слоўніку беларускіх прыказак, прымавак і крылатых выразаў” (1997) С.Ф.Івановай і Я.Я.Іванова падаецца 6 афарызмаў пісьменніка, што з’яўляюцца крылатымі ў сучаснай беларускай літаратурнай мове (гл. ІВАНОВА, ІВАНОЎ 1997: 36–38, 69–70, 92–94, 96, 141–142).

Пэўная колькасць афарыстычных прыказак і прымавак, якія ўжываюцца ў мове твораў Якуба Коласа, акрамя названага лінгвакраіназнаўчага слоўніка беларускіх моўных афарызмаў, адлюстравана ў тлумачальных парэміялагічных даведніках: “Крынічнае слова: Беларускія прыказкі і прымаўкі” (1987) І.Р.Шкрабы і Р.В.Шкрабы, “Прыказкі і прымаўкі” (2000) А.С.Аксамітава і “Слоўнік беларускіх прыказак” ([1996] 2002) І.Я.Лепешава і М.А.Якалцэвіч. Але гэта датычыць, найперш тых парэмій, што шырока распаўсюджаны ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Большасць жа малаўжывальных (у тым ліку і ўстарэлых), а таксама дыялектных прыказак і прымавак засталася па-за межамі лексікаграфічнага апісання, хаця некаторыя з іх, зразумела, можна сустрэць у тых ці іншых фальклорных зборніках парэмій ці дыялектных слоўніках (у тым ліку і ХІХ стагоддзя).

Натуральна ўсё гэта не дазваляе стварыць нават прыблізнага ўяўлення пра афарыстычнае багацце мовы твораў Якуба Коласа, і не толькі таму, што яно раскідана па шматлікіх парэміялагічных даведніках пераважна без спасылак на ўжыванне ім той ці іншай адзінкі (за выключэннем невялікай колькасці слоўнікаў, дзе змяшчаюцца ілюстрацыйныя цытаты), а перш за ўсё з прычыны адсутнасці спецыяльнага апісання афарыстыкі ідыястылю пісьменніка, у тым ліку і лексікаграфічнага.

Слоўнік афарызмаў (альбо афарыстычны слоўнік) мовы твораў Якуба Коласа задуманы як першы ў беларускай (і наогул у славянскай) лексікаграфіі даведнік, дзе былі б змешчаны ўсе афарызмы, ужытыя аўтарам у яго творах. Акрамя таго, гэты даведнік будзе таксама першым у беларускім мовазнаўстве вопытам уласна лінгвістычнага слоўніка афарызмаў мовы мастацкай літаратуры. Кожны з афарызмаў атрымае ў слоўніку генетычную, камунікацыйна-мадальную, семантычную, лексічна-граматычную, функцыянальна-камунікацыйную і колькасную характарыстыкі. Задача слоўніка – вычарпальна апісаць умовы ўжывання афарызмаў у мове пісьменніка, выявіць іх асноўныя семіялагічныя тыпы, крыніцы паходжання і перафразаваныя формы. Стварэнне слоўніка патрабуе вырашэння пытанняў як практычнага характару (правільнага вызначэння паходжання таго ці іншага афарызма, яго пачатковай формы ў тых выпадках, калі афарыстычная адзінка падпадае ў кантэксце пэўным структурным трансфармацыям – змяняецца яе граматычная будова і/або лексічны склад, і інш.), так і тэарэтычнага – праблемы вылучэння афарызма з кантэксту літаратурнага твора, вызначэння асноўных мадэляў утварэння афарыстычных адзінак і спосабаў структурных відазмяненняў афарызмаў у кантэксце. Акрамя гэтага, укладанне такога слоўніка патрабуе распрацоўкі саміх прынцыпаў лексікаграфічнага апісання афарызмаў на ўзроўні ідыястылю. Дакладнасць апісання форм і значэнняў афарызмаў у слоўніку, як і ўвогуле яго рэпрэзентацыйнасць у адлюстраванні асаблівасцей афарыстыкі мовы твораў Якуба Коласа, будзе залежыць ад таго, наколькі правільна будуць вырашаны названыя пытанні.

Слоўнікавы артыкул пры лексікаграфічным апісанні афарыстыкі мовы твораў Якуба Коласа павінен быць максімальна рэпрэзентацыйным і складацца з наступных элементаў: (1) загаловачная адзінка; (2) памета аб паходжанні афарызма; (3) звесткі этымалагічнага характару (для тых афарызмаў, што з’яўляюцца перафразаваннямі або ўтвораны на ўзор іншых, а таксама для скарочаных варыянтаў агульнамоўных афарызмаў); (4) функцыянальна-камунікацыйная характарыстыка (для агульнамоўных афарызмаў і сінанімічных ім індывідуальна-аўтарскіх перафразаванняў); (5) гістарычна-часавая характарыстыка (для агульнамоўных афарызмаў і сінанімічных ім індывідуальна-аўтарскіх перафразаванняў); (6) функцыянальна-стылістычная характарыстыка (для агульнамоўных афарызмаў і сінанімічных ім індывідуальна-аўтарскіх перафразаванняў); (7) экспрэсіўна-стылістычная характарыстыка (для агульнамоўных афарызмаў і сінанімічных ім індывідуальна-аўтарскіх перафразаванняў); (8) тлумачэнне значэння або сэнсу афарыстычнай адзінкі (для афарызмаў з пераносным значэннем); (9) сітуацыйная характарыстыка ўжывання (для агульнамоўных афарызмаў і сінанімічных ім індывідуальна-аўтарскіх перафразаванняў); (10) камунікацыйна-мадальная характарыстыка ўжывання афарыстычнай адзінкі ў тэксце твора; (11) памета аб ужыванні афарызма ў адной з сваіх парадыгматычных мадыфікацый; (12) ілюстрацыйная цытата ўжывання афарыстычнай адзінкі ў мове твораў пісьменніка; (13) колькасная характарыстыка ўжывання афарызма ў мове твораў пісьменніка; (14) звесткі аб сферы ўжывання афарыстычнай адзінкі па-за тэкстам паэмы (для індывідуальна-аўтарскіх афарызмаў); (15) звесткі аб іншых даведачных выданнях, дзе згадваецца афарыстычная адзінка, яе варыянтныя і факультатыўныя формы (для агульнамоўных афарызмаў і сінанімічных ім індывідуальна-аўтарскіх перафразаванняў); (16) сінаніміч-ныя афарызмы з тых, што сустракаюцца ў мове твораў пісьменніка (калі ёсць); (17) антанімічныя афарызмы з ліку тых, што сустракаюцца ў мове твораў пісьменніка (калі ёсць); (18) афарызмы, блізкія па прадметна-тэматычнай суаднесенасці і/або спосабу адлюстравання заканамернасцей рэчаіснасці, з тых, што сустракаюцца ў мове твораў пісьменніка (калі ёсць).

Паколькі слоўнік такога кшталту прапануецца ўпершыню ў беларускай (і, дарэчы, увогуле ў славянскай) лексікаграфіі (параўн. ІВАНОЎ 1993), кожны з названых элементаў слоўнікавага артыкула патрабуе яшчэ свайго падрабязнага абгрунтавання, але ўжо ў асобнай працы.

SUMMARY

Yauhen IVANOU

Aphorisms in the works by Yakub Kolas (on the problem of the lexicographic description)

The article analyses the origin, structural, semantic and functional features of individual aphorisms, proverbs and Winged Words in the works by Yakub Kolas. The author defines the technique of the lexicographic description of aphorisms.

РЕЗЮМЕ

Евгений ИВАНОВ

Афоризмы в произведениях Якуба Коласа (к проблеме лексикографического описания)

Рассматриваются происхождение, структурные, семантические и функциональные особенности индивидуально-авторских афоризмов, пословиц и крылатых выражений в произведениях Якуба Колоса. Определена методика лексикографического описания афористики языка писателя.


* Напісана спецыяльна для часопіса КРАЙ = KRAJ (даслана ў рэдакцыю 12 сакавіка 2002 г.).

Заўвагі

1. Параўн. Гатовай праўды захацелася? Не, брат, праўду здабываць трэба з боем (паводле ЯНКОЎСКІ 1960: 30–31).

2. Параўн. прыказку бел. Хто рыбу вудзіць, у таго хлеба не будзець (гл. ПРЫКАЗКІ І ПРЫМАЎКІ 1976: 1: 151).

3. Паказальна, што аказіянальныя афарызмы ўжываюцца ў мове мастацкай літаратуры пераважна ў сваіх парадыгматычных формах (на матэрыяле рускай мовы гл. ИВАНОВ 1993б, 1994, 1999).

Літаратура

Аксамітаў А.[С.] Прыказкі і прымаўкі: Тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак і прымавак з архіваў, кафедральных збораў, рэдкіх выданняў ХІХ і ХХ стагоддзяў. Мінск, 2000.

Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа / Пад рэд. М.В.Бірылы. Мінск, 1990.

Анічэнка У.В., Малюк А.К. Народныя прыкметы. Мінск, 1992.

Ахматова Р.М., Немер В.И. Горьковские афоризмы-определения и их место в словаре писателя // Тезисы IV симпозиума составителей словаря Максима Горького (21–27 мая 1971 г.). Рига, 1971. С. 7–8.

Ашукин Н.С., Ашукина М.Г. Крылатые слова: (Литературные цитаты. Образные выражения) [1955]. 4-е изд., доп. Москва, 1987.

Вечна новыя старыя ісціны / Склад. У.У.Цейкін. Мінск, 1993.

Витражи мудрости: (Афоризмы, крылатые слова, изречения) [1987] / Сост. М.В.Король. 2-е изд., перераб. и доп. Мінск, 1991.

Жемчужины мысли [1987] / Сост. А.А.Жадан. 3-е изд., перераб. и доп. Минск, 1991.

Иванов Е.Е. Афоризмы как материал для словаря одного произведения // Язык поэмы Н.А.Некрасова “Кому на Руси жить хорошо”: Тезисы выступлений на Международной научной конференции [(2–3 декабря 1992 г.). Ярославль, 1992. С. 10–12.

Иванов Е.Е.(а) Афористика в поэме Н.А.Некрасова “Кому на Руси жить хорошо”: (Материалы для составления словаря языка писателя) // Единицы восточнославянских языков: (Структура, семантика, функция): Сборник научных трудов. Тула, 1993. С. 119–143.

Иванов Е.Е.(б) Об одном способе афоризации художественной речи // Язык русских писателей ХІХ–ХХ веков: Сборник научных трудов. Тула, 1993. С. 174–193.

Иванов Е.Е. Структурная парадигма афоризма как единицы языка vs. речи // Вопросы романо-германской филологии: (Прагматика и семантика): Сборник научных трудов. Пятигорск, 1994. С. 83–89.

Иванов Е.Е. Парцелляция афоризма // Материалы Республиканской научной конференции “Пушкин и национальные литературы: (К 200-летию со дня рождения)” (5–6 мая 1999 г.). Могилев, 1999. С. 79–84.

Іванова С.Ф., Іваноў Я.Я. Слоўнік беларускіх прыказак, прымавак і крылатых выразаў: Лінгвакраіназнаўчы дапаможнік. Мінск, 1997.

Іваноў Я.Я. Афарыстыка паэмы Я.Коласа “Новая зямля”: (Да складання афарыстычнага слоўніка мовы пісьменніка) // Каласавіны: Матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 70-годдзю выхаду ў свет паэмы Я.Коласа “Новая зямля” (3 лістапада 1993 г.). Мінск, 1993. С. 74–77.

Лепешаў I.Я., Якалцэвіч М.А. Слоўнік беларускіх прыказак [1996]. 2-е выд. Мінск, 2002.

Міхневіч А.Я. Афарыстыка Якуба Коласа: (Да пастаноўкі праблемы) // Беларуская лінгвістыка. Мінск, 1983. Вып. 22. С. 59–65.

Міхневіч А.Я. Афарызмы // Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мінск, 1994. С. 60–61.

Назаранка Ю.В.(а) Аўтарскае выслоўе як ідыяматычная адзінка: [На матэрыяле афарыстыкі мовы твораў Якуба Коласа] // Славянская фразеология в ареальном, историческом и этнокультурном аспектах: Материалы докладов и сообщений Международной научной конференции (23–24 ноября 2001 г.). Гомель, 2001. С. 270–273.

Назаранка Ю.В.(б) Праблема аўтарскай афарыстыкі ў сучаснай беларускай філалогіі: (На матэрыяле арыгінальных выслоўяў Якуба Коласа) // Славянский мир на пороге третьего тысячелетия: Материалы Международной научной конференции(15–16 мая 2001 г.). Гомель, 2001. С. 230–232.

Прыказкі і прымаўкі: У 2 кн. / Склад. М.Я.Грынблат. Мінск, 1976.

Рапановiч Я.Н. Беларускiя прыказкi, прымаўкi i загадкi [1958]. 2-е выд., перапр. i дап. Мінск, 1974.

Симфония разума: (Афоризмы и изречения отечественных и зарубежных авторов). Москва, 1976.

Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа: Звыш 6000 слоўнікавых артыкулаў / Пад рэд. А.С.Аксамітава. Мінск, 1993.

Шкраба І.[P.], Шкраба Р.[B.] Крынічнае слова: (Беларускія прыказкі і прымаўкі). Мінск, 1987.

Янкоўскі Ф.[M.] Крылатыя словы і афарызмы: (З беларускіх літаратурных крыніц). Мінск, 1960.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія