|
“ТАЕМНЫ ВЫ, ЗЯМЛІ СКРЫЖАЛІ! ЧАГО Ў СЯБЕ ВЫ НЕ ЎПІСАЛІ!”
Матэрыялы да “Анталогіі беларускага літаратурнага афарызма” з паэмы “Новая зямля”*
Якуб КОЛАС
Мой родны кут, як ты мне мілы!…
Забыць цябе не маю сілы! (“Леснікова пасада”).
Назад не прыйдзе хваля тая,
Што з быстрай рэчкай уплывае. (“Леснікова пасада”).
Ніхто з граніц сваіх не выйдзе,
З законаў, жыццем напісаных. (“Леснікова пасада”).
Сабраць з дарог каменні тыя,
Што губяць сілы маладыя. (“Леснікова пасада”).
А хочаш ты, каб было ціха,
На чым сядзіш, таго глядзі ты! (“Раніца ў нядзельку”).
Жаночая работа
І гэта вечная турбота
То каля печы, то на полі,
Сказаць, не зводзіцца ніколі:
Адно прыпыніш – там другое,
Глядзіш, як бачыш, набяжыць,
І ручак некалі злажыць –
Жыццё жаночае такое. (“Раніца ў нядзельку”).
Маўчы, калі ёсць хлеб у роце! (“Раніца ў нядзельку”).
У хаце нельга, ёсць вядома,
Маліцца хораша, як трэба:
Тут глупства кожнае ад неба,
Ад бога думкі адкідае,
То тое-сёе замінае,
І не намолішся – нагрэшыш
Ды чорта лысага пацешыш. (“Раніца ў нядзельку”).
Ці надта выслужышся ў пана?
Ўсё роўна знойдзецца загана. (“Раніца ў нядзельку”).
Шчупак – жывучая, брат, юха!
Такі жывучы – дзяржы вуха! (“Раніца ў нядзельку”).
Як ты ні падай, ні гайсай,
Не пападзеш да пана ў рай
З сваёй патрэбай, інтарэсам. (“Раніца ў нядзельку”).
А пры жаданні, пры ахвоце
Сам чорт не страшан у балоце! (“На першай гаспадарцы”).
А там, за светам, на чужыне
Ніхто цябе, ой, не прыхіне! (“На першай гаспадарцы”).
А як жывеш ды не гадаеш,
То й ліха тога не зважаеш. (“На першай гаспадарцы”).
Жывым не кінешся ў палонку! (“На першай гаспадарцы”).
І вось што, братцы, дзіўна ў свеце,
Вы толькі добра паглядзеце:
Той чалавек, што першы, збоку,
Ўжо без таго не ступіць кроку,
Каб не ткнуць пальцам на другога,
Як на заклятага, ліхога, –
Ён тое самае ўчыняе.
За што другога бэсціць-лае,
Як толькі скуру яго ўздзене
Ці чуць кранецца яго кія –
Такім яшчэ ваўком завые,
І дзе ён добрасць толькі дзене? (“На першай гаспадарцы”).
Куды не трапяць беларусы? (“На першай гаспадарцы”).
На зло ліхім прыгодам
Крыніцы свежыя цякуць. (“На першай гаспадарцы”).
На што вада, але і тая
Не ўсюды нораў роўны мае. (“На першай гаспадарцы”).
Сама пакажа справа,
Ці варта шуму ўся аблава. (“На першай гаспадарцы”).
Свінні такая ўжо натура:
Стагнаць і лыч трымаць панура,
Як бы ёй цяжка жыць на свеце. (“На першай гаспадарцы”).
Служба – рэч гадальна. (“На першай гаспадарцы”).
Так у жыцці: бягуць часіны,
Ліхія, добрыя хвіліны,
Адна змяняецца другою. (“На першай гаспадарцы”).
Касцей гарэлка не паломіць! (“Пярэбары”).[1]
Хлеба луста
Нялёгка ўсім, брат, дастаецца. (“Пярэбары”).
Ці ж толькі свету, што ў аконцы? (“Пярэбары”).[2]
Каротка памятка аб людзе,
Аб простым людзе. І такая
Усім бедным доля выпадае:
Прайсці свой круг, прамарнавацца
І невядомымі астацца
Ды быць забытымі тут ўсімі –
І сваякамі і чужымі. (“Каля зямлянкі”).
Горкай праўды не схаваеш,
Яе ніяк не ашукаеш. (“Каля зямлянкі”).[3]
Што жанкі? раз што панята,
Ноль – слова нашага ім брата;
Як іх на розум тут ні ставяць,
Яны ж сваё ўсё права правяць
І робяць так, як і рабілі,
Калі пяшком пад стол хадзілі. (“Дзядзька-кухар”).
Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб с панскіх выпутацца пут. (“Смерць ляснічага”).
Ліху – бітыя дарогі
І ўсюды сцежкі ему вольны,
То роўна-гладкі, то вакольны,
Не абміне яно нікога. (“Смерць ляснічага”).
Набыць дабра не надта лёгка,
Яно, як шклечка тое, крохка:
Чуць да яго не так кранешся
І з чарапкамі застанешся,
А ліха прыйдзе без падмогі,
Бо ліху – бітыя дарогі
І ўсюды сцежкі ему вольны,
То роўна-гладкі, то вакольны. (“Смерць ляснічага”).
Смерць не разбірае
І не глядзіць нікому ў зубы. (“Смерць ляснічага”).
Ўжо загатованы паперы
Для часу нашага сканання
Рукою божага ўзыскання,
І ходзіць смерць, як цень за намі. (“Смерць ляснічага”).
Добра мера, хоць без грошай,
Абы празнічак харошы! (“Смерць ляснічага”).
Ці многа жыў, ці жыў ты мала,
Ці ты багаты, ці ты бедны,
Ці ты зайздросны, ненаедны.
Жывём, клапоцімся і дбаем,
І ўсе нарэшце паўміраем,
У нейкім згаснем летуценні. (“Смерць ляснічага”).
Дабра ніколі не прыдбаеш,
Пакуль свайго кутка не маеш. (“Новы ляснічы”).
Людскі наш лёс – былінка поля,
Пылок нязначны – наша доля,
А нашы радасці і слёзы,
Надзеі светлыя, пагрозы
І ўсё, чым жыцце нас вітае,
Яно адзначнасці не мае
У связку гэтых светаў божых,
Таемных, страшных і прыгожых;
І жыцце пэўнаю ступою
Ідзе, не ведае спакою,
Людскіх пакутаў не адзначыць
І страты іх яно не бачыць. (“Новы ляснічы”).
Так, пацярпець! Адно цярпенне
І можа даць табе збавенне. (“Новы ляснічы”).
Цярпенне – ўсё: яно – бязмежнасць! (“Новы ляснічы”).
Або ты знойдзеш праўду ў свеце? (“На панскай службе”).
Не, не ўнаровіш чалавеку! (“На панскай службе”).
Ды рыбакі не ўсе аднакі –
Свае ў іх густы і адзнакі. (“Дзедаў човен”).
Хоць, праўда, хлеб ядуць і з вуды,
Але не ўсе і не заўсюды. (“Дзедаў човен”).[4]
Людзі схільны строіць кпіны
З тваіх нягод без дай прычыны. (“Сесія”).
Ой, дый язык жа ты жаночы:
Ці ёсць, ці не прычына тая –
Ўсё роўна менціць і кусае. (“Сесія”).
Баба доўгі волас мае,
Каго хочаш ашукае. (“Падгляд пчол”).[5]
Дзве рэчы трэба мець, каханы!
Адна рэч – розум выхаваны,
Другая – грошы. (“Падгляд пчол”).
Зварот пары, зніканне лета…
То – водгулле душы паэта,
То – смутны вобраз развітання,
То – струн дрыгучых заміранне,
Жыцця і смерці – сымбаль вечны! (“Дырэктар”).
Ды покі будзе сэрца біцца,
Яно не зможа пагадзіцца
Ні з гэтым гвалтам, ні з бядою
Над нашай роднаю зямлёю… (“Вечарамі”).
Жыві ж, наш край! Няхай надзея
Гарыць у сэрцы і мацнее,
Што хоць не мы, дык нашы дзеці
Убачаць цэльным цябе ў свеце! (“Вечарамі”).
На ўсё свая прычына
І адпаведная часіна. (“Вечарамі”).[6]
Хто баіцца,
Таму ўсё можа налучыцца. (“Вечарамі”).[7]
Эх, мілы край адвечнай мукі!
Няхай агонь і жар пакуты
Навекі спаліць здзек той люты,
Над тым, хто родны скарб шануе
І хто ўсім сэрцам і душою
Астацца хоча сам сабою. (“Вечарамі”).
Не гаспадар злы – кажа ўсякі –
А гаспадарскія сабакі… (“Воўк”).
Таемны вы, зямлі скрыжалі!
Чаго ў сябе вы не ўпісалі! (“Воўк”).
Забілі зайца, не забілі,
Але ж, брат, гуку нарабілі. (“Зіма ў Парэччы”).
За шкурку плаціць тхор галоўкай. (“Зіма ў Парэччы”).
О край мой мілы! Ўсёй душою
Хачу злучыцца я з табою,
Ў тваіх палях пазычыць сілу,
Ў тваёй зямлі сысці ў магілу… (“Зіма ў Парэччы”).
О родны край! О край пакуты,
Нягодай цяжкаю прыгнуты!
Калі ж ты збудзеш тое гора,
Што і цяпер там, як і ўчора,
Як і даўней, цябе знішчае
І горкім смуткам авявае? (“Зіма ў Парэччы”).
Чалавек – звер чалавеку. (“Зіма ў Парэччы”).[8]
Жывую сілу
Не запраторыш ты ў магілу. (“На рэчцы”).
Гаршчок агорнуты пашанай,
Хоць ён фаміліі глінянай. (“Каляды”).
Гарэлка, радасць-весялуха,
Прыемна булькае для вуха
І гэтак вочкі прыцягае,
Ну, як каханка маладая! (“Каляды”).
Падатак кожнай дай часіне. (“Каляды”).
Хто ж, скажыце, хто не ласы
На тое сальца і кілбасы? (“Каляды”).[9]
Зімой цяпла чакаць не варта. (“Таемныя гукі”).
Калі ўжо гінуць – гінь у хаце. (“Таемныя гукі”).
Тайнасць божжу, яго волю,
Мы, людзі, мо й ніколі
І не дазнаемся, як трэба,
Бо то – вялікая вучэба. (“Таемныя гукі”).
Вось лад такі на гэтым свеце:
Адны ў пашане, тыя ў смецці
І век жывуць пад нейкім страхам,
Ўсе ж выйшлі ў жыцце адным шляхам!
І што ты зробіш? пакарайся
І аднаго гужа трымайся. (“Панская пацеха”).
А на стале каб – рай ды годзе,
То рэдка трапіцца ў народзе. (“Вялікдзень”).
А ўсё ж дамок свой моцна цягне,
І кожны к матцы сваёй прагне. (“Вялікдзень”).
І дзе на свеце ёсць такая,
Як Нёман, рэчанька другая? (“Летнім часам”).
Эх, лета-лецейка любое,
Ты адцвітаеш, залатое!…
І так паволі, неўзаметкі
І нашы звянуць жыцця кветкі. (“Летнім часам”).
Эх, дасвітак маленства, лета!
Вамі навек душа сагрэта! (“Летнім часам”).
Дарогі заўжды свежы, новы
І мнагадумны, настраёвы,
Іх не прайсці, ні азірнуць,
Яны сваім жыццём жывуць. (“Агляд зямлі”).
Ды што краса без аўладання?
Адно пустое парыванне. (“Агляд зямлі”).
Зайздросна ты, людское вока! (“Агляд зямлі”).
Зямля ж, ох многа патрабуе
І догляду, і той увагі,
І, калі хочаце, павагі,
Тады вас хлебам ушануе,
І малаком, і пірагамі,
Ядзяць іх мухі з камарамі! (“Агляд зямлі”).
Зямля, зямля,
Свой пэўны кут, свая ралля:
То – наймацнейшая аснова
І жыцця першая умова.
Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасць сілы волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля – аснова ўсёй айчыне. (“Агляд зямлі”).
Ніхто ніколі
Не бачыў светлай райскай долі,
Але той рай мы так малюем,
Што асалоды яго чуем. (“Агляд зямлі”).
Свая зямля, свая пасада!…
Ці ёсць мацнейшая прынада? (“Агляд зямлі”).
Эх ты, жыццё, жыццё людское!
Няма табе, няма спакою:
Ты – суматоха, вір бурлівы,
Ў табе загіне баязлівы,
Як парахно, як зерне тое… (“Агляд зямлі”).
Дарогі, вечныя дарогі!
Не вечна ж ходзяць па вас ногі! (“Па дарозе ў Вільню”).
Дарогі, вечныя дарогі!
Няма канца вам, ні супыну;
Вы жывы кожную часіну.
Хто вас аблічыць? Хто вас змерыць?
Хто вашы звівы ўсе праверыць?
Хто вашы ходы адшукае?
Бо ўсё сваю дарогу мае! (“Па дарозе ў Вільню”).
Свет і жыцце мнагалучны
І мнагавобразны, выключны;
Таемна схованы, цікавы
І разнастайны іх праявы,
Дзе кожны момант хвалі новай
Нам штось гуторыць сваёй мовай
Для сэрца і для разумення;
Дзе поўна ўсё свайго значэння,
Прыгоства, чар і глыбіні. (“Па дарозе ў Вільню”).
Эх, цяжка ты, скарынка хлеба! (“Па дарозе ў Вільню”).
Я не зайздрошчу тым з вас, брацці,
Каго спрадвечныя закляцці
Не парушалі, не тамілі
І цяжкім каменем не білі,
І для каго ўвесь гэты свет
Ёсць аднае цялежкі след,
Пытанні толькі дабрабыту,
Дзе ўсё прыводзіцца к карыту,
І гэта ёсць адна дарога,
Апроч яе няма нічога. (“Па дарозе ў Вільню”).
Адны трымаюць нос высока,
Другія ў дол спускаюць вока. (“Дзядзька ў Вільні”).
Не, не здаволіш чалавека,
І будзе вечна ён калека:
Чаго-нібудзь, а будзе брак,
Ужо бо створаны ён так! (“На замкавай гары”).
Ото, мой божа: чалавеку
Заўсёды мала, не хватае.
Ці ёсць канец яго патрэбам?
Чаго няма пад гэтым небам!… (“На замкавай гары”).
А нашча чарачку кульнуць –
Усё адно, што ў рай зірнуць. (“На замкавай гары”).
Ды што без клопату даецца? (“Смерць Міхала”).
Жыццё… ды што жыццё такое?
Эх, глупства, глупства ўсё! Пустое! (“Смерць Міхала”).
За кожным ходзіць смерць сляпіца. (“Смерць Міхала”).
І трэба часам крыж пакуты
Панесці, мілыя мае вы,
Зазнаць і гора, неспадзевы!
Але раз ты наважыў дзела,
Ідзі станоўка, роўна, смела,
Ідзі, назад не аглядайся
І на другіх не пакладайся! (“Смерць Міхала”).
Канец!… Як многа разважання
І засмучонага пытання
У гэтым простым, страшным слове,
Калі астатняю мяжою
Канец кладзецца між табою
І тым, што дорага і міла,
Што душу грэла і хіліла
І сэрца моцна парывала. (“Смерць Міхала”).
Неба жорстка, неба глуха
І не прыклоніць свайго вуха,
Хоць ты прасі, хоць ты малі,
Хоць грудзі рві і сэрца выні –
Ты не кранеш яго цвярдыні,
Яно далёка ад зямлі,
Яно зацята, бо нямое,
Яно маўкліва, бо пустое. (“Смерць Міхала”).
О, вечнасць, вечнасць!
Як зразумець цябе і змерыць?” (“Смерць Міхала”).
Ой вы, дарожанькі людскія,
Пуцінкі вузкія, крывыя!
Вы следам цьмяным снуяцеся
І ўсё блукаеце, бы ў лесе.
Прасторны шлях! калі ж, калі
Ты закрасуеш на зямлі
І злучыш нашы ўсе дарогі? (“Смерць Міхала”).
Ох, цяжка, цяжка ў людзі выйсці
І моцна стаць на свае ногі,
Бо многа ў свеце вас, парогі. (“Смерць Міхала”).
Спадзявацца ўсяго можна. (“Смерць Міхала”).
Міхал пачуў, што ён – пылінка,
А век людскі – адна хвілінка. (“Смерць Міхала”).
Як часта мы пад крыжам мукі
Ў тамленні духу ўзносім рукі
І вочы, поўныя гарэння,
І прагнем мігу вызвалення!
Шчаслівы міг, бо палі путы!
Канец – і нейкі круг замкнуты
Ў небыццё ідзе і гіне,
Каб месца іншай даць часіне;
І вера ў той канец няўхільны
Знішчае тлен гнілы, магільны. (“Смерць Міхала”).
Падрыхтаваў Яўген ІВАНОЎ
SUMMARY
Yakub KOLAS
Aphorisms: (Materials on “Anthology of the Belarussian literary aphorisms” from the epic “The New Land”)
The publication presents some fragments from the epic “The New Land” by Yakub Kolas as literary aphorisms. They reflect philosophical problems of nature, society, and morals, love to Native Land and other meditations of the writer.
РЕЗЮМЕ
Якуб КОЛАС
“Таинственны земли скрижали! Чего в себя вы не вписали!”: (Материалы к “Антологии белорусского литературного афоризма” из поэмы “Новая земля”)
Публикуются отрывки из поэмы “Новая земля” Якуба Коласа, которые являются литературными афоризмами. В них отражены философские проблемы природы и общества, морали, любви к Родине и рассуждения писателя на другие темы.
* Гл.: Іваноў Я. Да ўкладання анталогіі беларускага літаратурнага афарызма //
Край = Kraj. 2001. № 1–2. С. 223–239; Іваноў Я. Максім Гарэцкі: “Думы мае, думкі, летуценні мае…”:
(Матэрыялы да “Анталогіі беларускага літаратурнага афарызма”) //
Край = Kraj. 2002. № 1–2. С. 228–238. Таксама гл.: Іваноў Я. Афарызмы Максіма Багдановіча // Праблемы беларускага літаратуразнаўства:
(Да 85-годдзя з дня нараджэння А.Куляшова) / Рэд. С.І.Даніленка і Я.Я.Іваноў. Мінск, 2000. С. 123–131 (Terra Alba. Т. 1).
Заўвагі
1. Параўн.: Пáра касцей не ломіць (прымаўка).
2. Параўн.: Не толькі тое сонца, што свеціць у аконца (прыказка).
3. Параўн.: Праўды не скрыеш (прымаўка).
4. Параўн.: Хто рыбу вудзіць, у таго хлеба не будзець (прымаўка).
5. Параўн.: У бабы валасы доўгія, а розум кароткі (прымаўка).
6. Параўн.: Усяму свой час (прымаўка).
7. Параўн.: Хто баіцца, таму ў вачах дваіцца (прымаўка).
8. Параўн.: Чалавек чалавеку воўк < лац. Homo homini lupus est (Plautus, “Asinaria”, 2, 4, 88).
9. Параўн.: Не будзь ласы на чужыя каўбасы (прыказка).
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|