БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 3-4 / 2002

ЭДЗІ РОЗНЕР – ЛЕГЕНДА БЕЛАРУСКАГА ДЖАЗА*

Якаў БАСІН
(Мінск)




Эдзі Рознер – кампазітар, дырыжор, унікальны трубач і шоўмэн – на працягу сямі гадоў узначальваў першы (і, шкада, апошні ў гісторыі Беларусі) Дзяржаўны джаз-аркестр рэспублікі – лепшы (па сусветных стандартах) свінгавы біг-бэнд СССР 1940-х гадоў, але імя яго так і не знайшло свайго годнага месца ў шэрагу найбуйнейшых дзеячаў культуры і, да нашага сораму, да сённяшніх дзён вядома практычна толькі вузкаму колу аматараў джаза.

Эдзі Рознер быў першым у гісторыі СССР джазавым салістам-інструменталістам, якому было прысвоена ганаровае званне Заслужанага артыста рэспублікі, і гэта было званне Заслужанага артыста БССР, але толькі зусім нядаўна ў энцыклапедыі з’явілася першая згадка аб ім і тым аркестры, што ён узначальваў.

У СССР яго імя забаранялася двойчы. Упершыню гэта здарылася ў канцы 1946 года. Тады, у самым пачатку кампаніі па барацьбе з “низкопоклонством перед Западом”, у якой джаз стаў першай ахвярай, Э.Рознер быў рэпрэсаваны і яго імя на працягу васьмі год нідзе не ўспаміналася.

Беларуская эстрада адчула на сабе непапраўныя наступствы гэтай падзеі: першы Дзяржаўны джаз-аркестр рэспублікі, якім Э.Рознер з дня заснавання кіраваў, 1 жніўня 1947 года быў распушчаны, і да нашых дзён дзейнасць яго не ўзнаўлялася. Калі ў 1954 годзе Э.Рознер адным з першых палітвязняў у краіне быў поўнасцю рэабілітаваны, на Беларусі ўзнавіць аркестр яму не давалі магчымасці; свой новы аркестр, у які ўваходзілі і некаторыя старыя музыкі, ён утварыў у Маскве, і толькі апошні год сваёй кар’еры на эстрадзе Э.Рознер правёў, працуючы з джаз-аркестрам, фармальна прыпісаным да Гомельскай абласной філармоніі.

У другі раз імя Э.Рознера было “приказано забыть” у 1972 годзе. Тады, страціўшы па стане здароўя магчымасць іграць на трубе, у перыяд, калі вялікія калектывы пад напорам вакальна-інструментальных ансамбляў сышлі з музычнай эстрады, Э.Рознер пакінуў СССР і праз чатыры гады, ва ўзросце 66 год, памёр у Заходнім Берліне. У наступныя 16 гадоў у музычнай літаратуры аб ім згадвалася толькі ўскосна, а грамзапісы не распаўсюджваліся.

І адбылося гэта ў той самай краіне, што прытуліла яго ў 1939 годзе, абараніла ад нацысцкіх ганенняў, ад непазбежнай гібелі, дала магчымасць праявіць свае лепшыя творчыя магчымасці. Але гэта была ідэалагізаваная дзяржава, а таму адпачатку недэмакратычная. А ў такой дзяржаве “дарога ў рай” заўсёды мосціцца целамі лепшых сваіх сыноў.

I

У верасні 1939 года, з пачаткам Другой сусветнай вайны ў Еўропе, калі Польшча як незалежная дзяржава перастала існаваць, на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, што ўвайшлі ў склад СССР, засталося мноства прадстаўнікоў польскай творчай інтэлігенцыі. І нават пасля таго, як мяжа паміж Германіяй і СССР устанавілася, яе доўгі час яшчэ працягвалі нелегальна пераходзіць тыя, каму гітлераўскі рэжым пагражаў гібеллю. Сярод іх было шмат музыкантаў танцавальных і джазавых аркестраў, былі і кампазітары, дырыжоры. Сярод апошніх у Беластоку апынуліся Юры (Ежы) Бяльзацкі, Юры (Ежы) Пецярбургскі, Генрык Гольд, Юры Юранд (Юрандот), у Львове – Генрык Варс (Варшаўскі), Эдзі Рознер. Менавіта вакол гэтых людзей і сталі канцэнтравацца музыкі, спевакі, эстрадныя танцоры. Стыхійна ўзнікалі аркестры, ішлі рэпетыцыі.

Месцам канцэнтрацыі грамадскага і культурнага жыцця Заходняй Беларусі ў тыя дні стаў Беласток. Тут адбыўся першы народны сход “трудящихся западных районов”. Асобна збіраліся мастакі, скульптары, урачы, настаўнікі. Ужо ў верасні 1939 года тут быў арганізаваны сімфанічны аркестр, першым канцэртам якога ў пачатку кастрычніка дырыжыраваў Аркадзь Бяссмертны, што прыехаў з Мінска. У горадзе, у якім да гэтага не было ўласнай тэатральнай трупы, узніклі адразу два тэатры – польскі і яўрэйскі. А 30 снежня ў газеце “Савецкая Беларусь” з’явіўся маленькі артыкул: “Упраўленне па справах мастацтваў пры СНК БССР стварыла рэспубліканскі джаз-аркестр у складзе 25 чалавек. У ліку ўдзельнікаў джаза – кампазітары Надэль, Пецярбургскі і іншыя. Калектыў працуе ў Беластоку і рыхтуе спецыяльны рэпертуар да дэкады беларускага мастацтва [у Маскве]”.

А ў гэтыя ж дні тамсама, у Беластоку, збіраў аркестр кампазітар і джазавы піяніст, выпускнік Вышэйшай музычнай школы імя Ф.Шапэна ў Варшаве Юры (Ежы) Бяльзацкі. Справа гэта для яго не была новай: у свой час ён узначальваў танцавальныя аркестры ў дансінгах і кабарэ Варшавы і нават валодаў музычным выдавецтвам. Імя яго ў Польшчы было ў музычных колах вядома дастаткова добра: у свой час Ю.Бяльзацкі быў нават запрошаны ў ліку лепшых музыкантаў для работы ў джазавым ансамблі, які збіралі для работы на круізным рэйсе першага цеплахода, пабудаванага для Польшчы ў Трыесце.

Прадстаўнікі Камітэта па справах мастацтва, праслухаўшы аркестр Ю.Бяльзацкага, хутка зразумелі, што гэты калектыў мае значна большы патэнцыял, чым той, аб якім яны ўжо заявілі як аб Дзяржджаз-аркестры БССР. Памылка была выпраўлена, і Ю.Бяльзацкі пачаў падбіраць музыкантаў.

Разумеючы, што, у адрозненне ад Польшчы, яго аркестр будзе не рэстаранным, а гастралюючым, канцэртным аркестрам, Ю.Бяльзацкі першапачаткова закладваў у аснову яго рэпертуару зусім іншыя прынцыпы. І галоўнае, ён разумеў, што для поспеху, акрамя чыста музычных якасцей, аркестр павінен яшчэ мець “зорку”, музыканта, чыё імя пішацца на афішах вялікімі чырвонымі літарамі, на якога “ідзе” глядач. І тады ён напісаў у Львоў, дзе знаходзіўся з невялікім ансамблем трубач Эдзі Рознер. Знаёмы яны былі даўно: менавіта ў аркестры Ю.Бяльзацкага пачаў іграць Э.Рознер, калі, адмовіўшыся пасля еўрапейскага турнэ вярнуцца ў гітлераўскую Германію, апынуўся ў 1935 годзе ў Варшаве.

У Львове Э.Рознер працаваў у афіцэрскім кафэ і меў поспех, але магчымасць іграць з біг-бэндам, гастраляваць па краіне і наогул выбіцца з абмежаванага свету начнога кабарэ прымусіла яго прыняць запрашэнне Ю.Бяльзацкага. З Э.Рознерам у Беласток прыехала і яго жонка, 20-гадовая драматычная актрыса Рут Камінская, якая пакінула ў Львове тэатр сваёй маці, ужо тады знакамітай (а ў 1966 годзе стаўшай першай неамерыканскай уладальніцай кінематаграфічнага “Оскара” за фільм “Дом на плошчы”) Іды Камінскай.

За Э.Рознерам у Беласток прыбылі і некаторыя музыканты яго былога аркестра, сярод якіх былі і тыя, з кім ён працаваў яшчэ ў Германіі – кларнетыст Гары Вольфайлер, барабаншчык Георг Шварцштайн, вакаліст Лотар Лямпель. Пачаліся рэпетыцыі. Калі ў красавіку 1940 года аркестр пакінуў Беласток, яго ўзначальваў ужо Эдзі Рознер, а Ю.Бяльзацкі быў музычным кіраўніком і дырыжорам.

II

Першым з беластоцкіх калектываў у Мінску пачаў выступаць джаз-гол (вакальны секстэт) Юрыя Юранда: з сярэдзіны красавіка на працягу некалькіх тыдняў ён працаваў у кінатэатры “Радзіма”. Знайшлося месца і аркестру Генрыка Гольда і Юрыя Пецярбургскага, што прыцягнуў да сабе ўвагу ў чэрвені на летняй эстрадзе кінатэатра “Радзіма”. Таксама ў кінатэатры (“Чырвоная зорка”) перад сеансамі пачаў найграваць свой першы рэпертуар і аркестр Эдзі Рознера. І яшчэ да таго, як аркестр упершыню выйшаў на філарманічную сцэну, ён ужо атрымаў прызнанне ў мінскіх аматараў джаза.

Не будзе пераўвелічэннем сказаць, што ільвіная доля поспеху аркестра Эдзі Рознера залежала ад асобы яго лідэра. Артыстызм, нязмушанасць, абаяльнасць з першых жа хвілін канцэрта прыцягвалі глядача, а лёгкасць, з якой ён устанаўліваў кантакт з залай, была хутчэй уласціва шматгадоваму куміру публікі, чым не валодаючаму рускай мовай незнаёмцу на эстрадзе, якім Э.Рознер фактычна з’яўляўся. Але незнаёмцам Рознер быў на савецкай эстрадзе, для публікі, якая, знаходзячыся за жалезнай “сталінскай” заслонай, проста не ведала, што адбывалася нават у бліжнім замежжы. Польскаму ж гледачу імя Рознера было больш чым добра знаёмае.

У Польшчы Эдзі Рознер апынуўся ў 1935 годзе, і зусім не па сваёй волі. Гэты 25-гадовы трубач, што атрымаў, дарэчы, класічную адукацыю скрыпача ў лепшых берлінскіх кансерваторыях, падарожнічаў тады па краінах Еўропы. Яго поўнае імя – Адольф Эдуард – тады мала хто ведаў: у джазавых колах у яго была мянушка “Джэк”, а на афішах імя яго пішацца скарочана – “Адзі”. Поўнае імя Адольф было не толькі недастаткова гучным, але, “дзякуючы” фюрэру, што прыйшоў да ўлады ў Германіі, мела яшчэ і відавочна адыёзны характар. У канцы 1930-х гадоў, ужо аказаўшыся ў СССР, Рознер пачынае выкарыстоўваць і другое сваё імя – Эдуард, якое дало яму яшчэ адзін сцэнічны псеўданім – “Эдзі”.

Патрабаванне германскага ўрада ў 1934 годзе да краін-сатэлітаў выслаць апынуўшыхся на іх тэрыторыі жыхароў Германіі застала яго ў Бельгіі. Рознер распускае аркестр і перабіраецца ў Швейцарыю. У Цюрыху ён знаходзіць магчымасць выехаць у Польшчу. Шлях ляжыць праз Прагу, і вось аднойчы Рознер з’яўляецца ў адным з варшаўскіх кабарэ, дзе іграў аркестр Ежы Бяльзацкага. Як той пазней успамінаў, “у адной руцэ ў Рознера была труба, а ў другой – чамаданчык са зменай бялізны, і гэта была ўся яго маёмасць”.

У аркестры Бяльзацкага Э.Рознер прабыў нядоўга. Хутка ў яго ўжо – свой калектыў, і джазавая кар’ера яго атрымлівае новае паскарэнне. На фоне польскіх струнных аркестраў, што выконвалі “салонную” праграму, аркестр Э.Рознера гучаў незвычайна прывабліва і свежа. Хутчэй за ўсё, менавіта тады раскрыўся ў поўнай меры талент Рознера-шоўмэна.

Гэта быў час, калі асаблівым поспехам сярод публікі карысталіся папуры, фантазіі, розныя стылізацыі. У адной з фантазій Э.Рознер, нязмушана і хутка змяняючы мініяцюрныя дэкарацыі, паказваў, як у розных краінах розныя музыканты выконвалі б “Карнавал у Венецыі” Р.Шумана. Заканчваўся нумар, зразумела, джазавымі варыяцыямі.

Увесь былы вопыт Рознера, асабліва яго праца ў знакамітых аркестрах Стэфана Вайнтраўба і Марэка Вебера, дапамог Рознеру дасягнуць пэўных поспехаў у тэатралізацыі сваіх канцэртаў. Лёгка авалодаўшы польскай мовай (Рознер навучыўся гаварыць без акцэнту і даволі добра пісаў), ён з гумарам канферыраваў, удзельнічаў у разыгрыванні розных інтэрмедый і свабодна звяртаўся да залы.

Адным з “каронных” нумароў Рознера была гульня на дзвюх трубах адразу. Самым жа нечаканым для гледача было з’яўленне Рознера ў якасці віртуознага скрыпача. Усе гэтыя “эфекты” звычайна ішлі каскадам на завяршэнні канцэртнай праграмы, утвараючы ашаламляльны фінал.

III

Аркестр Э.Рознера стаў першым у Польшчы аркестрам, на які хадзілі не для таго, каб патанчыць ці правесці вечар у рэстаране пад “фонавую” музыку, а каб слухаць джаз. У красавіку 1936 года за яго выступленнем у Кракаве, у рэстаране “Казанова”, назіраў знаўца джаза Аляксандр Ландау, што хадзіў тады з ідэяй утварыць у Польшчы джаз-клуб падобна да “Хот Клаб дэ Франс” Юга Панасье. (Ю.Панасье – французскі аматар джаза, аўтар выдадзенай у многіх краінах свету кнігі “Гісторыя сапраўднага джаза”). А.Ландау быў перакананы, што ў Польшчы сапраўднага (hot – гарачага, у адрозненне ад камерцыйнага) джаза няма, і выступленне аркестра Рознера стала для яго адкрыццём. “Ужо з першых тактаў мяне ўзрушыў нязвыклы стыль выканання, – пісаў тады А.Ландау ў Кракаўскім часопісе “Ас”, – незвычайная дынаміка, сакавітае гучанне нешматлікага, але адпаведным чынам падабранага па складу інструментаў аркестра… Асабліва зацікавіў мяне дырыжор аркестра, які на сваёй трубе рабіў сапраўдныя дзівосы. Дыяпазон гукаў, якімі валодаў гэты музыкант, захапіў усіх прысутных. Ні адна танцавальная пара не выйшла на паркет – усе ўважліва слухалі: гэта быў першы польскі джаз-аркестр, які іграў у замежным стылі”.

Аркестр Адзі Рознера выконваў джазавую класіку, але па-свайму аранжыраваную (большасць партытур належала бельгійцу Кандрэ). У п’есах гучала шмат сольных імправізацый, прычым, акрамя Э.Рознера, іх выконвалі і іншыя музыканты, напрыклад, альт-саксафаніст Тоні Лявіцін. Два гады з аркестрам Э.Рознера працаваў адзін з лепшых музыкантаў польскага джаза тых гадоў тэнар-саксафаніст Аляксандр Галіцкі (“польскі Коўлмен Хокінс”), які перайшоў да яго ад Генрыка Гольда.

Пазней, убачыўшы Рознера на адным з польскіх курортаў, дзе той “працаваў сезон” са сваім аркестрам, А.Ландау запісаў інтэрв’ю з ім. “Вымушаны прызнаць, што нашы калектывы саступаюць па сваім ўзроўні замежным, – сказаў Рознер. – Частка віны ляжыць, безумоўна, на іх саміх, бо яны і не імкнуцца пераняць той спецыфічны стыль, што характарызуе амерыканскія аркестры. У значнай ступені, аднак, віна кладзецца і на дырэктараў забаўляльных устаноў. У нас і зараз існуе думка, што душа аркестра – гэта ідэальна апрануты скрыпач, на якім ляжыць абавязак стварэння настрою і ўсталявання кантакту з публікай. Музычныя якасці аказваюцца справай другараднай. Калісьці, размаўляючы на тэму атрымання ангажэменту ў адным з дансінгаў, я сутыкнуўся з такім цікавым поглядам яго дырэктара. Ён у мяне спытаў, на якім інструменце я іграю. Не прадчуваючы подвоху, я адказаў, што на трубе. “Шкада, – адказаў дырэктар, – але я вымушаны вам адмовіць”. Толькі праз некалькі дзён я разабраўся ў сутнасці гэтай адмовы. Справа ў тым, што ў нас у джазавых аркестрах і зараз галоўны акцэнт падае на смычковыя, а не на духавыя інструменты. Гэта гаворыць аб няправільным разуменні найбольш істотных рыс джаза, што сур’ёзна стрымлівае яго развіццё”. (“Ас”, Кракаў, 1936).

Цікава, што, правільна адзначыўшы ролю духавых ва ўвасабленні сапраўднай джазавай спецыфікі, сам Рознер перанёс у сваю манеру ігры на трубе ўсе прыёмы эстраднага скрыпача: тэмбр, блізкі да тэмбру чалавечага голаса, фразіроўку, уменне іграць разгорнутыя брэйкі, цеплыню і лірычнасць, у адрозненне ад таго, што рабілі многія трубачы 1930-х, якія для стварэння джазавага эфекту выкарыстоўвалі фарсаж гуку.

Асаблівы поспех на долю аркестра Адзі Рознера выпадае ў 1937 і 1938 гадах, калі прэса называе яго лепшым свінгавым бэндам Польшчы. У канцы снежня 1937 года Рознер пакідае рэстаран і робіць вельмі паспяховыя гастролі па Францыі. Пачаліся яны 7 студзеня 1938 года ў рэстаране “Метраполь” горада Ліль. Праўда, у праграме адзначалася, што аркестр толькі што вярнуўся з “трыумфальнага турнэ па Амерыцы”, але гэта было не больш, чым рэкламны трук.

У сакавіку Рознер з’яўляецца ў парыжскім кінатэатры “Міраж”, выступаючы на прэм’еры фільма “Эркуле” з Габі Марлей і Фернандэлем у галоўных ролях. У зале – увесь артыстычны, музычны і літаратурны свет Парыжа, уключаючы пісьменніка Андрэ Жыда і драматурга Сашу Гітры. Аркестр прыцягвае да сябе ўвагу прэсы. “Мы выступалі ў белых фраках, – успамінаў пазней Аляксандр Галіцкі. – А 7 красавіка адбыўся наступны значны для нас вечар у зале Плейель, дзе традыцыйна, як і ў мінулыя гады, было арганізавана мерапрыемства ў дапамогу ўдовам і сіротам памерлых артыстаў. Акрамя нас ігралі яшчэ некалькі аркестраў, а таксама выступалі сусветна вядомыя Даніэль Дар’е, Фернандэль, Марыс Шэвалье, Наэль-Наэль і іншыя. Рэпартаж аб гэтай падзеі парыжская газета “Радыё-Сітэ” змясціла на першай паласе. Там жа было і фота нашага аркестра – адзінага з усіх, хто прымаў удзел”. (Крысціян Брадацкі, “На сінкопе ўспамінаў”, Джаз, 1970, № 10).

У часе знаходжання ў Францыі некалькі нумароў з рэпертуару аркестра Рознера запісала на грампласцінкі амерыканская фірма “Columbia Records”. На тытульным лісце каталога гэтай фірмы за кастрычнік 1938 года была змешчана фатаграфія лідэра. Пад фатаграфіяй стаяла клішэ назвы рубрыкі – “Сусветна вядомыя музыканты”. У тыя дні на трох дысках (78 аб/хвіл) былі запісаны джазавыя стандарты “Сaravan”, “On the sentimentel side”, “Let it rain, let it pour”, “Midnight in Haarlem”, “When Buddha smiles” і “Take your pick and swing”.

А 1 верасня пачалася Другая сусветная вайна, і цяпер ужо самому Эдзі трэба было шукаць шлях да выратавання: для Польшчы ўсе скончылася ў некалькі дзен, і Эдзі апынуўся на тэрыторыі, занятай фашыстамі. Шлях быў адзін – на Усход.

IV

У Варшаве, пад бамбёжкамі, Эдзі прыбіваецца да трупы мясцовага яўрэйскага тэатра Іды Камінскай, якая таксама шукала магчымасці хутчэй, пакуль не стабілізавалася мяжа з СССР, пакінуць тэрыторыю, якая стала нямецкай. Яшчэ адным прыцягальным момантам была прысутнасць у трупе дачкі Іды Камінскай Рут, з якой Эдзі пазнаёміўся незадоўга да пачатку вайны. Рут (сапр. Руф), як і маці (і як бабуля, дарэчы, – вялікая Эстер-Рохл Камінская!) была тэатральнай актрысай. Рут скончыла Вышэйшы тэатральны інстытут у Варшаве, валодала асноўнымі еўрапейскімі мовамі.

Гэта было каханне з першага погляду. З гэтага моманту Эдзі і Рут не разлучаліся ні на адзін дзень да самага іх арышту восенню 1946 года.

Мяжу пераходзілі нелегальна. Апынуўшыся ў Львове, адразу пачалі працаваць. Іда Камінская ўзначаліла Львоўскі яўрэйскі тэатр. А хутка прыйшоў ліст Бяльзацкага. У Беласток Эдзі прыехаў разам з Рут. Адносіны свае яны аформілі ўжо ў Мінску.

Няма сумнення, што не было ў СССР другога такога джаз-аркестра, дзе б ігралі толькі выпускнікі найбуйнейшых еўрапейскіх кансерваторый. Не самавучкі-“слухачы”, а музыканты, за плячыма якіх былі гады працы ў лепшых аркестрах кантынента, складалі аснову калектыву, які стаў называцца Дзяржджаз-аркестрам БССР.

Бежанцы з самых розных краін Еўропы сцякліся ў тыя дні ў Беласток. Такой колькасці высакакласных музыкантаў, сабраных у адным месцы, напэўна, яшчэ не ведаў ні адзін горад, хоць нямала іх было і ў Львове, і ў Кішынёве (пасля далучэння да СССР Букавіны і Бесарабіі).

У кастрычніку 1939 года Эдзі Рознер апынуўся ў Беластоку. Імя яго з-за ідэалагічнай самаізаляціі СССР практычна ніхто у краіне не ведаў, але праз паўгода ён ужо быў зоркай першай велічыні савецкай эстрады.

Час быў няпросты. Жывёльная нянавісць Сталіна да палякаў, апагеем якой стала Катынская трагедыя, так ці інакш адлюстроўвалася на ўсіх асобах “польскага” паходжання. Лаяльнасць рэжыму і краіне прыходзілася даказваць самымі рознымі спосабамі. Можна сабе толькі ўявіць, чаго каштавала наваспечаным “савецкім грамадзянам” маленькае паведамленне ў газеце “Советское искусство” ад 24 сакавіка 1940 года (за месяц да першага канцэрта ў Мінску): “Композиторы Надель и Бельзацкий создали песню о Сталине и песню о выборах. Композитор Каганович [акардэаніст аркестра – Я.Б.] написал марш “Дружба народов”. Ці трэба казаць, што гэтыя, наўрад ці пабачыўшыя свет творы ствараліся не па асабістай ініцыятыве музыкантаў.

Плады нацыянальнай палітыкі “вождя всех народов” адчуваліся і ў іншым. Па прыкладу ўцёсаўскага аркестра, Рознер пачаў працаваць над стварэннем нацыянальных рапсодый. Пільнае цэнзурнае вока адразу адрэагавала на гэтую навіну: Рознеру “ненавязліва” параілі не паказваць са сцэны Яўрэйскую рапсодыю. Абражаны да глыбіні душы, Рознер “закрыў” для сябе яўрэйскую тэму на ўвесь перыяд работы на савецкай эстрадзе.

У Мінску талент Эдзі Рознера праявіўся не толькі як саліста-інструменталіста, джазавага аранжыроўшчыка і дырыжора, але і як яркага кампазітара. Першапачаткова яго кампазітарскае майстэрства праяўлялася ў джазавых імправізацыях, у якіх ён ніколі не паўтараўся, але пазней ён стаў пісаць песні і інструментальныя п’есы.

Першыя канцэрты ў Мінску 18 – 21 красавіка 1940 года выклікалі сапраўдны ажыятаж, але, паехаўшы амаль адразу пасля гэтага на гастролі па краіне, Дзяржаўны джаз-аркестр БССР пад кіраўніцтвам Эдзі Рознера змог даць наступны свой канцэрт у Мінску толькі пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў.

У чэрвені 1940 года ў Маскве адбылася Дэкада беларускага мастацтва. Аркестр Эдзі Рознера ў Дэкадзе ўдзелу не прымаў. Вельмі хутка вызначылася, што гэта была памылка, бо за той год, што заставаўся да пачатку вайны, менавіта гэты калектыў прынёс найбольшую папулярнасць беларускім майстрам мастацтва.

Аб такім аркестры, які быў у руках у Рознера, мог марыць кожны дырыжор нават на радзіме джаза. Думаецца, сам Рознер і спадзявацца не мог, праца з якім складам яго чакае ў будучым. Калі ў пачатку 1936 года ён арганізаваў свой першы ансамбль, які працаваў у Варшаве, Кракаве і Лодзі, у ім было ўсяго сем музыкантаў, разам з вакалістам Лотарам Лямпелем. Праз год у складзе, які іграў ва ўласным кафэ Рознера пад назвай “У Адзі” (Лодзь) і затым здзейсніў бліскучае еўрапейскае турнэ 1938 года, ужо было 13 чалавек. У Дзяржджаз-аркестры БССР было 32 музыканты!

Большасць з аркестрантаў аркестра Эдзі Рознера атрымала бліскучую еўрапейскую адукацыю ў кансерваторыях Варшавы, Берліна, Прагі, Вены. Не выпадкова ўвагу музычных крытыкаў прыцягвалі і іншыя, акрамя самога Э.Рознера, інструменталісты. Першакласнымі джазавымі салістамі былі Юры Бяльзацкі (фартэп’яна), Тоні Лявіцін (тэнар-саксафон), Эрвін (Гары) Вольфайлер (тэнар-саксафон, кларнет), Пінхус Бейгельман (труба), Абрам Вернік і Павел Гофман (скрыпка), Лазар (Луі) Марковіч (банджо). У аркестры былі два барабаншчыкі (Хаім Шварцштэйн і Адам Бяльзацкі) і два кантрабасісты. Адной з найцікавейшых фігур у савецкім даваенным джазе аказаўся вакаліст Лотар Лямпель. Яго складовы спеў – скэт (“Сан-Луі блюз”, “Очи черные”) зрабіў ашаламляльнае ўражанне на спецыялістаў.

Знайшлося месца ў рэпертуары і для зусім яшчэ маладой драматычнай актрысы Рут Камінскай, якая стала жонкай Эдзі Рознера: яна выконвала песні на французскай мове.

V

Няма сумнення, што першы склад Дзяржджаз-аркестра БССР быў выбітным музычным калектывам, які якасна адрозніваўся ад усяго таго, што гучала ў тыя гады на савецкай эстрадзе. Стылістыку аркестра абазначаў яго музычны кіраўнік Юры (Ежы) Бяльзацкі.

Нарадзіўшыся ў сям’і музыканта (бацька быў кларнетыстам), Юры Бяльзацкі атрымаў бліскучую адукацыю: Вышэйшая школа імя Шапэна (амаль адначасова з Паўлам Гофманам), затым Варшаўская кансерваторыя па класу кампазіцыі і дырыжыравання. З 15 гадоў пісаў музычныя п’есы, прыкладна з гэтага ж узросту працаваў піяністам у рэстаранах, кафэ. Быў членам Саюза польскіх музыкантаў. Меў уласнае музычнае выдавецтва пад назвай “ГБ”, у якім, акрамя ўсяго, выдаваў клавіры сваіх твораў. У рэстаранах, у якіх ён працаваў, на вокладках меню заўсёды друкаваліся тэксты тых песен, якія выконваліся ансамблем, каб наведвальнікі маглі пры жаданні падпяваць. Адначасова гэта было добрай рэкламай і ансамблю, і ўсяму рэстарану.

Юры Бяльзацкі быў тым чалавекам, які абазначаў музычны “твар” аркестра Эдзі Рознера: ён пісаў аранжыроўкі, сачыняў песні, інструментальныя п’есы, фантазіі і папуры, рэпетыраваў з аркестрам, дырыжыраваў ім на канцэртах.

Вельмі шкада, што пры ўсім фантастычным поспеху гэтага аркестра за той год, які быў яму адпушчаны з дня першага выступлення і да пачатку вайны, аніводнага запісу на грампласцінкі тады зроблена не было. Існуе толькі адна кампазіцыя, па якой мы можам меркаваць, як жа гучаў той легендарны аркестр. Гэта джазавыя варыяцыі на тэмы вальса І.Штрауса “Казкі Венскага лесу”, знятыя для фільма “Канцэрт-вальс”. Фільм быў створаны ў 1940 годзе, і аркестр Эдзі Рознера быў адзіным калектывам эстрады, які запрасілі на кінастудыю разам з Іванам Казлоўскім, Давідам Ойстрахам, балерынамі Вольгай Лепяшынскай і Марынай Сямёнавай.

Кінафільмаў тады здымалася вельмі мала; кожны фільм быў пад асабістым кантролем Сталіна, які не толькі зацвярджаў планы кінастудый, але нават сам вычытваў сцэнарыі, робячы ў іх змены. Ідэя зняць фільм, які б складаўся з канцэртных нумароў аднаго жанру, належала таксама яму. Першапачаткова не прадугледжвалася ўключаць у “Канцэрт-вальс” п’есу, якая гучала б не так, як традыцыйна гучаць вальсы. Але ў канцэртах аркестра Рознера варыяцыі на тэму Штрауса карысталіся вялікай папулярнасцю, і ўзнікла думка выкарыстаць іх у якасці парадыйнага нумара, тым больш, што складаліся гэтыя варыяцыі з дзвюх частак: спачатку ішоў вальс у звычайным выкананні і толькі потым – у джазавым.

Ці мог удзел аркестра Эдзі Рознера ў здымках новага кінафільма прайсці міма Сталіна? Хутчэй за ўсе, не. Тым больш, калі справа датычылася “польскага” следу.

Рознер ужо датыкнуўся аднойчы да гэтай закрытай тэмы: калі ён уключыў у свой рэпертуар джазавую апрацоўку п’ес Шапэна (“Шапэніяну”), яму забаранілі яе выконваць пад выглядам таго, што гэта з’яўляецца блюзнерствам, хоць джазавыя травестацыі твораў класікі тады на эстрадзе былі нярэдкімі (дастаткова ўспомніць уцёсаўскія апрацоўкі “Евгения Онегина”).

Што датычыцца ўдзелу “польскага” аркестра ў кіно, то, думаецца, наўрад ці Сталін так проста прапусціў бы на экран канцэртны нумар у выкананні “такога” складу. Рызыкавалі і тыя, хто гэтую ідэю прапаноўваў: яе сапраўды можна было прыняць за дыверсію. Думаецца, Сталін хацеў бы сам спачатку ўсё ўбачыць, а толькі потым прымаць рашэнне. Ці не ў гэтым ляжыць разгадка таямніцы аднаго з канцэртаў аркестра Эдзі Рознера, што адбыўся восенню 1940 года ў Сочы і якому так і наканавана да нашых часоў заставацца легендай савецкай эстрады?

Гісторыя пачалася ў Ленінградзе, дзе знаходзіўся тады на гастролях аркестр Эдзі Рознера. Гастролі заканчваліся 8 верасня, і тут прыйшло запрашэнне на канцэрт, абставіны якога да нашых часоў авеяны арэолам тайны.

Аркестр павінен быў даць канцэрт у Сочы. У самім факце запрашэння аркестра на гастролі ў Сочы нічога дзіўнага не было. Дзіўным было толькі тое, што трэба было даць ўсяго адзін канцэрт.

“Муж расказваў, – успамінала Г.Я.Бяльзацкая, – што ў Сочы адбыўся толькі адзін канцэрт. Ён быў афішаваны, але білетаў не прадавалі. Музыкантам, перад тым як іх прапусціць на сцэну, зрабілі сапраўдны вобыск. Правяралі нават інструменты. А пасля канцэрта ўсіх пасадзілі на параход і ў той жа дзень адправілі морам у Ялту”.

Фрэдэрык Стар, аўтар кнігі па гісторыі савецкага джаза, абапіраючыся на ўспаміны пражываўшай у ЗША Рут Камінскай, расказвае аб гэтым канцэрце наступнае: “…калі заслона на сцэне ўзнялася, яны [музыканты] убачылі перад сабой абсалютна пустую залу невялікага тэатра. На працягу дзвюх гадзін бэнд іграў усе свае лепшыя нумары, перамяжоўваючы іх інтэрмедыямі, пародыямі, песнямі, танцамі і да т.п. Пасля фіналу заслона закрылася, што было падобна на недарэчны жарт”.

Назаўтра высветлілася, што аркестр выступаў перад Сталіным, які сядзеў дзесьці ў зашторанай ложы. “Толькі ў 6 гадзін вечара на наступны дзень, – працягвае далей Ф.Стар, – нейкі апаратчык патэлефанаваў менеджэру Рознера, каб паведаміць яму аб тым, што Сталіну спадабалася выступленне. Гэты тэлефонны званок стаў “зонтиком безопасности” над усімі музычнымі справамі і праблемамі Рознера на наступныя пяць гадоў”. (S.Frederik Starr. Red and Hot. The Fate of Jazz in the Soviet Union. 1917 – 1980. New York. Oxford University Press. 1983.)

VI

Вясной 41-га Дзяржджаз-аркестр БССР выступаў у Маскве, у памяшканні Клуба лётчыкаў на Ленінградскім праспекце, а ў пачатку лета апынуўся ў Кіеве. Нядзеля 22 чэрвеня абяцала адпачынак на Дняпры. Прачнуліся ранкам у гасцініцы. Добрае надвор’е, выдатнае самаадчуванне, цудоўны настрой. Эдзі Рознер уключае радыёпрыёмнік, пачынае на кароткіх хвалях лавіць замежныя радыёстанцыі ў надзеі пачуць добрую джазавую музыку. Раптам у эфіры ўзнікаюць галасы на нямецкай мове: “Заданне выканана. Усе самалёты на зямлі знішчаны. Склады боепрыпасаў узарваны.” Гэта былі перагаворы нямецкіх лётчыкаў. Так Рознер ці не першым у горадзе даведаўся аб пачатку вайны, якую потым назавуць Вялікай Айчыннай. А ў сем раніцы на Кіеў пасыпаліся першыя бомбы.

Падвал гасцініцы “Театральная” на Крашчаціку, палаючы вакзал, цяплушка… З Кіева беглі пад бамбёжкамі, як менш чым за два гады да гэтага з Варшавы… Пачыналася новая эра ў жыцці, у працы, у творчасці… Аб падзеях тых дзён расказаў у сваім інтэрв’ю ізраільскай рускамоўнай газеце “Калейдоскоп” Павел Гофман (10.07.1992). “В Москве нас ждал сюрприз, Мы увидели фотографию в “Советской культуре” и подпись: “Утесов, Райкин и Рознер подписывают заявление о том, что их коллективы идут в народное ополчение”. Это было, по сущности, смертным приговором. Как стало ясно потом, большинство ополченцев погибли в страшной мясорубке. От такой участи нас уберегла чистая случайность. Наш гитарист Маркович разговорился на Красной площади с милиционером. Время было такое: каждый прохожий казался подозрительным. А Маркович был одет очень экстравагантно. Милиционер спросил: “Откуда вы?” – “Из джаз-банда”. – “Какая банда?” – не понял милиционер и повел Марковича в отделение. Там тоже ничего не поняли и на всякий случай распорядились: “Мать-перемать! Чтобы в двадцать четыре часа вашего духу в Москве не было!…”

У тыя цяжкія дні восені 1941 года музыканты сапраўды аказваліся ў апалчэнні. Гэтыя, у большасці сваёй непрыстасаваныя да вайны людзі, станавіліся жывой заслонай адборным нямецкім войскам, якія рваліся да амаль адкрытых межаў Масквы. Вярнуліся адтуль нямногія. У прыватнасці, такі трагічны лёс напаткаў амаль весь склад Дзяржаўнага джаз-аркестра СССР.

У кастрычніку Дзяржджаз-аркестр БССР атрымаў два пульманаўскія вагоны, пагрузіў інструменты, рэквізіт, асабістую маёмасць і накіраваўся на Усход. Доўгае падарожжа скончылася ў Омску. Вагоны вырашылі нікому не аддаваць, жылі ў іх. Але пачыналася зіма, і было ясна, што ў такім жытле ў Сібіры перазімаваць не атрымаецца. Вырашылі перабірацца ў Фрунзе, дзе апынулася са сваім тэатрам маці Руты – Іда Камінская. Чаплялі свае вагоны да любых цягнікоў, што ішлі ў той бок. Спрацоўвала асабістае абаянне Рознера і дзелавая хватка адміністратара Давіда Рубінчыка (бацькі вядомага зараз кінарэжысёра Валерыя Рубінчыка).

Касцяк калектыву – сем’і музыкантаў. У многіх – дзеці. У Рознераў на руках маленькая Эрыка, названая ў гонар вялікай прабабулі (Эрыка – абрэвіятура поўнага імя Эстэр-Рохл Камінскай). Але ў сталіцу Кіргізіі музыкантаў цягнулі не толькі цёплы клімат і сваяцкія сувязі лідэра і яго жонкі. Фрунзе быў адным з цэнтраў фармавання Польскай арміі.

Незадоўга да пачатку вайны, 4 чэрвеня 1941 года, Саўнаркам СССР і ЦК ВКП(б) прынялі рашэнне аб стварэнні польскай дывізіі, якая магла б прымаць удзел у магчымай вайне з Германіяй на баку СССР. Пасля гітлераўскага нападу Сталін быў вымушаны прызнаць “лонданскі” польскі ўрад Уладзіслава Сікорскага і ануляваць вынікі пакта Рыбентропа-Молатава, што датычыліся тэрытарыяльнай цэласнасці Польшчы. А 12 жніўня быў выдадзены Указ аб прадастаўленні амністыі “всем польским гражданам, содержащимся в заключении на советской территории в качестве ли военнопленных или на других достаточных основаниях”.

Стварэнне польскай арміі ўзначаліў былы камандзір Навагрудскай брыгады кавалерыі 50-гадовы генерал Уладзіслаў Андэрс. У верасні 1939 года яго брыгада змагалася з германскімі войскамі і з баямі адыходзіла да Румыніі, але Чырвоная Армія адрэзала ёй шлях да адступлення. Паранены Андэрс быў узяты ў палон і пасля лячэння ў шпіталі змешчаны ў адну з маскоўскіх турмаў. Здзекі супрацоўнікаў НКУС толькі ўзмацнілі антысавецкія настроі генерала. Сярод тых былых польскіх грамадзян, якія пазбеглі антыпольскіх рэпрэсій 1939–1941 гадоў, Андэрс знайшоў дастатковую колькасць блізкіх сабе па духу людзей. Дакладна ведалі інтэрніраваныя польскія афіцэры і аб гібелі некалькіх тысяч сваіх калег з Казельскага лагера вясной 1940 года. (Германскае паведамленне аб знаходжанні ў Катынскім лесе пад Смаленскам масавых захаванняў польскіх афіцэраў было абнародавана толькі 13 красавіка 1943 года).

Фармаванне польскай арміі праходзіла з вялікімі цяжкасцямі: не хапала абмундзіравання, узбраення, ежы. Збор былых польскіх грамадзян, гатовых служыць у Андэрса, праводзіўся ў месцах з вельмі суровым кліматам (Урал, Сібір), а войскі не былі забяспечаны цёплым жытлом. У сувязі з гэтым урад Сікорскага паставіў пытанне аб перанясенні лагера ў Іран, а фармаванне дывізій – у рэспублікі Сярэдняй Азіі. Сталін, які, да ўсяго іншага, баяўся мець у сябе ў тыле палітычных праціўнікаў, прыняў гэтую прапанову. Да жніўня 1942 года польская армія была створана і ўжо 1 верасня 70 тысяч чалавек (у тым ліку болей за 30 тысяч грамадзянскіх асоб) былі ў Іране.

Усе гэтыя падзеі мелі самае непасрэднае дачыненне да лёсу Дзяржджаз-аркестра БССР, амаль цалкам складзенага з польскіх музыкантаў. Для большасці эмігрантаў зыход з арміяй Андэрса быў адзінай магчымасцю пакінуць СССР – краіну, што прынесла іх радзіме столькі пакут. Акрамя ўсяго, нават тыя з іх, хто дасягнуў вялікіх поспехаў, працягвалі адчуваць сябе ў СССР людзьмі другога сорту: іх не прымалі на працу ў дзяржаўныя ўстановы, месцам жыхарства для большасці з іх станавіліся раёны Сібіры і Далёкага Усходу, кожны ў той ці іншай ступені нёс на сабе таўро палітычна ненадзейнага і не мог быць упэўнены ў сваёй бяспецы.

У аналагічным становішчы знаходзіўся і аркестр Эдзі Рознера, нягледзячы на ўсю прыхільнасць да яго партыйнага лідэра Беларусі П.К.Панамарэнкі. Апынуўшыся ў Фрунзе, члены калектыву трапілі ў самы цэнтр падзей. Не пакарыстацца магчымасцю пайсці з арміяй Андэрса было б недаравальным глупствам. І, магчыма, менавіта тады магла скончыцца гісторыя Дзяржджаз-аркестра БССР.

Але аказалася, што не ўсё так проста. Выявілася, што яшчэ 25 снежня 1941 года спецыяльнай пастановай Дзяржаўнага камітэта абароны было вызначана, што ў польскую армію могуць прызывацца толькі грамадзяне польскай нацыянальнасці, прычым выключна з ліку тых, хто пражываў да 1939 года на тэрыторыі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. “Граждане других национальнастей, проживавшие на этих территориях, призыву в польскую армию не подлежат”, – падкрэслівалася ў пастанове. Не ведаючы ўсяго гэтага, цяжка растлумачыць, што ж на самой справе адбылося з аркестрам Эдзі Рознера вясной 1942 года.

VII

З адыходам арміі Андэрса Дзяржджаз-аркестр БССР страціў 14 музыкантаў з 26. Сярод незаменных страт – саліруючы тэнар-саксафаніст Тоні Лявіцін. Пайшоў і “рускамоўны” канферансье Казімір Крукоўскі – будучы арганізатар варшаўскага тэатра “Сірэна”.

Гэта была катастрофа. У аркестры засталіся 12 чалавек: Э.Рознер, П.Байгельман (трубы), Э.Вольфайлер (тэнар-саксафон), П.Гофман, А.Вернік (скрыпкі), Ю.Бельзацкі (фартэп’яна), Д.Кагановіч, А.Штокфедэр (акардэоны), Л.Марковіч (гітара), А.Бяльзацкі (кантрабас), Ад.Бяльзацкі, Д.Шварцштэйн (ударныя). Абрам (Юзэф) і Адам Бяльзацкія былі дзядзькам і родным братам Юрыя (Ежы) Бяльзацкага.

Думаецца, пры жаданні пайсці з арміяй Андэрса маглі не толькі палякі. Пайшлі ж яўрэі з аркестраў Львоўскага тэа-джаза Генрыка Варса, джаз-гола Ю.Юранда, аркестра Ежы Пецярбургскага. Пайшлі, нягледзячы на пануючы антысеміцкі настрой у гэтай арміі. У тым, што з Рознерам засталіся гэтыя “самыя стойкія і аптымістічныя”, хутчэй за ўсе, сыгралі сваю ролю абаянне і аўтарытэт самога Рознера, які, са свайго боку, не мог пакінуць жонку з дзіцем і цешчу – таксама з немаўляткам на руках: маці і дачка Камінскія нарадзілі амаль адначасова. (“Я запытаў у Рознера, ці застаецца ён у аркестры, – успамінаў Павел Гофман. – “Так”. – “Тады і я застаюся”.)

Страціць больш за палову складу класнага, сыгранага аркестра – ёсць ад чаго прыйсці ў адчай! Э.Рознер застаецца ў Фрунзе, іграе з калектывам у кінатэатры “Ала-Тау”.

З аркестрам тады працавалі два вакалісты (Лотар Лямпель, Рут Камінская) і канферансье Веніямін Вальдман. Усе 15 чалавек – у калектыве з дня яго заснавання, усе – з ліку польскіх і нямецкіх эмігрантаў. Самыя маладыя – Рут Камінская і Давід Кагановіч (ім па 22 гады). Самы старэйшы – Веніямін Вальдман (47 гадоў). Эдзі Рознеру – 31.

Як мы бачым, найбольш адчувальныя страты аркестр панёс сярод выканаўцаў на духавых інструментах. Напэўна, армія Уладзіслава Андэрса мела патрэбу не столькі ў канцэртных, колькі ў палкавых аркестрах, бо і армія сама стваралася па англійскім ўзоры, на манер замежнага легіёна.

Як бы там ні было, але ў чыгуначным тупіку, на ўскраіне Фрунзе, апынуліся два купэйныя вагоны, у якіх амаль год трэба было пражыць рэшткам былога бліскучага бэнда Эдзі Рознера. Але вялікі заступнік Дзяржджаз-аркестра БССР не пакінуў іх і ў гэты драматычны момант: у Фрунзе прыйшла ўрадавая тэлеграма за подпісам Панамарэнкі: “Прошу помочь и сохранить джаз-оркестр БССР”. Не толькі “дапамаглі і захавалі”. Да Рознера з усёй краіны (і нават з дзеючай арміі), пачалі прыбываць музыканты.

Цяпер гэта здаецца неверагодным: ва ўмовах вельмі жорсткай вайны, калі гінулі мільёны, калі разгаралася бітва пад Сталінградам, калі кожны мужчына быў, без пераўвелічэння, на ўліку, у Фрунзе ехалі музыканты-“духавікі”, і не проста трубачы, саксафаністы, трамбаністы, а тыя, хто валодаў джазавай артыкуляцыяй. Не ўсе затрымліваліся ў складзе: частка з іх не былі прафесійнымі музыкантамі, і іх з часам выцеснілі больш вопытныя, і, тым не менш, да канца 1942 года Дзяржджаз-аркестр БССР быў зноў гатовы пачаць гастрольную дзейнасць.

Самай вялікай знаходкай Рознера стаў кампазітар і спявак Альберт Гарыс, які разам са сваім братам, піяністам Мецэкам да гэтага працаваў у аркестры Генрыка Варса.

Генрык Варс (Варшаўскі) слаба прадстаўлены ў савецкай музычнай гістарыяграфіі. Да таго моманту, калі восенню 1939 года Варс апынуўся ў занятым Чырвонай Арміяй Львове, ён ужо быў вядомым у Польшчы эстрадным кампазітарам. Яго Львоўскі тэа-джаз складаўся ў 1940 годзе з 36 музыкантаў. У аркестры была моцная струнная група. У складзе былі віртуозныя салісты – скрыпач Эміль Брый, саксафаніст Іосіф Тропе, трубач Бер Паток. І былі два вакалісты – Яніяле Ясінская і Альберт Гарыс. У ролі рэжысёра выступаў канферансье Яўген Бадо.

Працуючы ў 1940 годзе над фільмам “Мечта” Міхаіл Ром (некаторыя эпізоды здымаліся ў Львове) звярнуўся да Варса з прапановай стаць аўтарам музыкі. У фільме і прагучалі ўпершыню тыя мелодыі Варса, якія ў верасні таго ж года аркестр запісаў на дзве пласцінкі ў часе сваіх маскоўскіх гастроляў. Адна з іх (“Прощальная песенка Львовского джаза”, якую выканаў Яўген Бадо на рускай мове ў перакладзе паэта-песенніка Паўла Грыгор’ева) хутка стала шлягерам. Песню “Забвение” запісаў Альберт Гарыс. Что датычыцца лёсу самога Генрыка Варса, то ён аказаўся дастаткова шчаслівым: пасля вайны ён апынуўся ў Галівудзе і стаў папулярным кампазітарам.

Альберт Гарыс не валодаў рускай мовай, а па-польску для сваіх песень вершы сачыняў сам. 5 чэрвеня 1944 года з аркестрам Эдзі Рознера ён запісаў пласцінку з дзвюма песнямі, што сталі надзвычай папулярнымі ў пасляваеннай Польшчы – “Забытый переулок” і “Песня о моей Варшаве”. Аркестр тады рыхтаваўся да канцэртаў перад салдатамі і афіцэрамі польскай добраахвотнай дывізіі ім.Тадэвуша Касцюшкі, расквартараванай у Разані. Але паездка ў Разань не адбылася, і тады засмучаны Гарыс проста перадаў палкавым музыкантам ноты і тэкст “Песни о моей Варшаве”. Песня стала неафіцыйным гімнам дывізіі.

“Самое удивительное, что он не знал нот! – успамінаў аб Гарысе Юры Цэйтлін. – И, конечно, не мог сам записать мелодии, которые у него рождались. А рождались они у него очень часто. У Альберта было врожденное чувство музыкальной формы. Все, что он начинал напевать, сразу становилось законченным музыкальным фрагментом – в восемь или шестнадцать тактов. Он не сочинял, не конструировал музыку. Не выводил ее, как некоторые композиторы, из гармоническо-математического лада. Его музыка рождалась сама. Она возникала из его сиюминутного состояния или настроения.” (Ю.Цейтлин, “Взлеты и падения великого трубача Эдди Рознера”, Москва, 1993)

Працавалі браты ў пары: Альберт сачыняў і спяваў, а Мецэк запісваў музыку на ноты.

Аўтарам рускіх тэкстаў песень Альберта Гарыса стаў новы сябар братоў трубач аркестра Юры Цэйтлін. І менавіта гэтым песням у 40-е гады было наканавана стаць савецкім гарадскім фальклорам: “Ковбойская”, “На полянке”, “Мандолина, гитара и бас”. Не менш папулярнай была і “Песня встречи” А.Гарыса на вершы У.Віннікава (“Сколько капель в море, сколько в небе звезд, столько над землею песен пронеслось”), якая насіла больш салонны характар.

На жаль, імя Альберта Гарыса на сорак гадоў было выкраслена з гісторыі савецкай эстрады. Так здарылася, што ў хуткім часе пасля таго, як 17 студзеня 1945 года была вызвалена Варшава, браты Гарысы зніклі з аркестра і былі знойдзены ўжо у Польшчы. Яны проста выкарысталі прапанову знаёмых афіцэраў паляцець у Варшаву на транспартным ваенным самалёце. Савецкія ўлады расцанілі гэты факт як нелегальныя ўцёкі за мяжу. Па законах таго часу ўсе песні Альберта Гарыса былі забаронены да выканання. Праўда, потым забарона была знята, але імя аўтара музыкі або не ўказвалася наогул, або ім называўся Эдзі Рознер.

VIII

Наогул трэба адзначыць, што па звычаю тых гадоў рэпертуар джаз-аркестраў ствараўся, па большай частцы, рукамі яго музыкантаў, у асноўным піяністаў і аранжыроўшчыкаў. У Дзяржджаз-аркестры БССР аўтарамі большасці выконваемых твораў (песень, фантазій, папуры) былі Ю.Бяльзацкі, А.Гарыс, піяніст А.Добрушкес і сам Э.Рознер. Менавіта Эдзі Рознеру надлежаць танга “Прощай, любовь”, “Мерилю” (на вершы Ю.Цэйтліна ў выкананні Лотара Лямпеля) і не страціўшае сваёй свежасці і сёння “Зачем” (“Зачем смеяться, если сердцу больно”) таксама на вершы Ю.Цэйтліна. Юры Бяльзацкі – аўтар іншых папулярных у 40-я гады танга: “Тайный остров” на вершы Г.Русецкай і “Розита”.

Поспех у гледача аркестр Э.Рознера меў не толькі дзякуючы арыгінальнаму рэпертуару, але і дзякуючы таленавітым тэатралізацыям, якія стваралі ў канцэртах лёгкую вясёлую атмасферу. Сярод абавязковых удзельнікаў інтэрмедый і рэпрыз былі не толькі вядучыя канферанс Аляксандр Фарэль (Фарфель) ці Юры Благаў (будучы вядомы сатырык), але і музыканты аркестра, у першую чаргу, Павел Гофман, Луі Марковіч і Юры Цэйтлін. Менавіта яны стварылі тое самае знакамітае жартоўнае трыо, якое потым доўгія гады надавала канцэрту асобы каларыт.

Гофман і Марковіч былі асабістымі сябрамі Рознера, адзінымі музыкантамі аркестра, з кім ён быў на “ты”. Абодва ў аркестры – з дня стварэння.

Павел (Файвл) Гофман – скрыпач з кансерваторскай адукацыяй (Вышэйшая школа імя Ф.Шапэна ў Варшаве), аднак на даваеннай еўрапейской эстрадзе быў больш вядомы як джазавы спявак. Гэта быў абаяльны, вельмі таварысцкі і вельмі вясёлы чалавек, вялікі жартаўнік і аматар розных розыгрышаў. У ролі коміка быў проста незаменны. Менавіта ён станавіўся прадметам іранізавання для ўсіх інтэрмедый. З задавальненнем спяваў жартоўныя песні, а з адной з іх – “Ціха вода бжегі рве” (“Ціхая вада ірве берагі”) – атрымаў проста ўсесаюзную вядомасць, асабліва пасля таго, як паэт Навум Лабкоўскі напісаў да яе рускі тэкст (“Парень-паренёк”).

Сам ён пераконваў, што прафесар музыкі не знайшоў у яго ў дзяцінстве слыху, але маці сказала: “Навошта хлопчыку слых? ён нікога не будзе слухаць – ён сам будзе іграць!”, – і аддала яго ў кансерваторыю.

…Теперь об этом думать поздно
И волноваться о судьбе…
И я, быть может, был бы Рознер,
Когда б учился на трубе! …

Гэта – словы з жартоўнай песенькі “Моя биография”, якую Гофман спяваў у канцэртах. Да сваёй кар’еры скрыпача ў Рознера адносіўся з гумарам, заяўляючы, што ён – трэцяя скрыпка толькі таму, што чацвёртай у аркестры проста няма.

Лёс Луі (Лазара) Марковіча ўва многім паўтарае лёс самога Рознера. Таленавіты хлопчык з эмігранцкай сям’і, што перабралася з Лодзі ў Лейпцыг, які атрымаў музычную адукацыю ў Лондане, Луі ўжо ў 1919 годзе, у 15-гадовым узросце, адным з першых у Еўропе іграў джаз на гітары і банджо. З 1922 года на працягу дзевяці гадоў працаваў музыкантам джаз-аркестра Лейпцыгскага радыё, пасля чаго – яшчэ сем гадоў у вядомым “Раланд Дорсей-джазе” (Парыж). Далей – шлях, звычайны для еўрапейскіх эмігрантаў польскага паходжання часоў Другой сусветнай вайны: Варшава – Беласток – СССР.

У Марковіча быў добры голас і ён быў абавязковым удзельнікам жартоўных трыо. Паколькі з рускай мовай у яго ў той час было зусім дрэнна, у трыо яму даручалі толькі скэч. З гумарам у яго, дарэчы, было ўсе у парадку. Напрыклад, калі ў тэксце “И звучали, поверьте, не хуже, чем джаз, мандолина (гэта спяваў Благаў), гитара (Гофман) и бас (Марковіч)”, слова “бас”, якое выклікала пэўныя асацыяцыі адносна вышыні гуку, вымаўлялася дыскантам.

Найбольшы ж поспех на долю Луі Марковіча выпадаў, калі ён выконваў тырольскія песні – йодэлі. Рулады, што ён выводзіў, зымітаваць ніхто не мог. І гэта яго, Луі Марковіча, скэч застаўся ў зараз ужо хрэстаматыйным запісе “Сан-Луі блюза”.

З канца 1942 года, нарэшце, пачаліся гастролі па краіне, але і тут зноў запахла палітыкай: аркестр грунтоўна асталяваўся на шырокіх прасторах Сібірі і ніяк не мог перасекчы Уральскі хрыбет. Омск, Навасібірск, Іркуцк, Хабараўск, Улан-Удэ, Чыта… Аркестр “пасвілі” паведамляльнікі з НКУС і музыканты не раз мелі буйныя непрыемнасці. За “доўгі язык” вобыскам і допытам падвергліся муж і жонка Луі і Ірэн Марковічы, а канферансье Юры Благаў нават быў арыштаваны і некаторы час правёў за кратамі. (Менавіта тады ў знакамітае жартоўнае трыо замест Благава быў упершыню ўведзены Юры Цэйтлін). А аднойчы “загрымеў” саксафаніст Пір Рустамбекаў.

Здарылася гэта ва Уладзівастоку, дзе добрая палова аўдыторыі складалася з экіпажаў замежных караблёў, што прыходзілі ў порт з грузамі “амерыканскай дапамогі”. Аркестр меў шумны поспех, але “мастацтвазнаўцы ў штацкім” строга папярэдзілі: “Усміхацца можна, мець зносіны нельга”. Первез (ці Пір, Пірка, як яго ласкава звалі ў аркестры) гэтай “парадай” пагрэбаваў і ў пошуках свежай музычнай інфармацыі купіў у амерыканскіх маракоў некалькі грампласцінак з запісамі каралёў джаза. Хтосьці хутка “настучал”, і Пір апынуўся ў “сутарэннях НКУС”. Рознер здаваўся ў такіх выпадках смяротна напалоханым, страху свайго не хаваў і вельмі нерваваўся, асабліва баючыся рэпрэсій супраць эмігрантаў, тых, каго ў аркестры называлі “нянашымі”, але пры гэтым за правінавачаных заўсёды хадзіў з хадайніцтвамі і заўсёды выручаў.

Асноўнай глядацкай масай у Забайкаллі былі воінскія часці. Высокія ваенныя чыны, не хаваючы захаплення, прапаноўвалі свае паслугі па арганізацыі гастроляў аркестра за межамі рысы, акрэсленай уважлівымі “таварышамі з органаў”, напрыклад, у Манголіі ці на Сахаліне. Далей за прапановы справа, натуральна, не ішла.

Аркестр зноў рухаўся па краіне ў двух пульманаўскіх вагонах. Жылі адной вялікай камунай. Асобнае купэ было толькі ў сям’і Рознераў (маленькае дзіця!). Летам было лягчэй, зімой – цяжка. Як казаў пазней сын Бяльзацкага Олік: “Дзяцінства сваё памятаю паміж коламі вагонаў”. Але была ў гэтай цеснаце і адна прывабнасць: у хвіліны вымушанага гультайства ў вагонах пачыналіся спантанныя музычныя імправізацыі (джэм-сэйшн), і тады нараджалася музыка, якая не заўсёды магла прагучаць са сцэны наскрозь працэнзураванай савецкай эстрады.

IX

У 1943 годзе, калі лёс вайны ўжо быў фактычна вырашаны і паўстала пытанне арганізацыі пасляваеннай Еўропы, Сталін пачаў рыхтаваць кадры для прасавецкі настроенага кіраўніцтва тых краін, што павінны былі трапіць у зону ўплыву СССР. Так у супрацьвагу польскаму эмігранцкаму (“лонданскаму”) ураду з’явіўся Саюз польскіх патрыётаў (СПП), асноўнай фігурай у якім была пісьменніца Ванда Васілеўская. СПП стаў арганізатарам Войска Польскага, што з’явілася нейкім антыподам Арміі Краёвай (Айчыннай арміі), якая дзейнічала на тэрыторыі акупаванай Польшчы пад кіраўніцтвам эмігранцкага ўрада.

Усе “эмігранты” Рознераўскага аркестра (“не нашы”) уступілі ў Саюз польскіх патрыётаў. Самі музыканты расцанілі гэты крок як магчымасць захавання польскага грамадзянства і з’яўленне шанцу ў будучым вярнуцца на радзіму. Але для кіраўніцтва гэта было актам дэманстрацыі палітычнай лаяльнасці, і не выключана, что менавіта пасля гэтага аркестру дазволілі, нарэшце, даць канцэрты ў дзеючай арміі.

Вялікі поспех, незвычайная папулярнасць суправаджалі гэтыя выступленні, і аднойчы, у час трохмесячнага “турнэ” па дыслакацыях 1-га Беларускага фронта, аркестр апынуўся ў горадзе Оўруч, дзе са сваім штабам размяшчаўся К.Ракасоўскі.

“Концерт состоялся в небольшом клубе, – успамінаў пазней Ю.Цэйтлін, – зрительный зал имел в середине большой проход. И в этот проход на уровне первого ряда был поставлен стул для Константина Константиновича. Он сидел, положив ногу на ногу, прямой и спокойный, не реагируя, не улыбаясь, не аплодируя… В антракте Рознер был почти в нервном припадке: “Рокоссовскому ничего не понравилось… Я не могу играть… Он не хочет слушать!…” И как раз в этот момент за кулисы пришел адъютант командующего со словами: “Константин Константинович просил передать, чтобы вы не обращали на него внимания. Он никогда не улыбается и не реагирует. А концерт ему очень нравится…” (“Взлеты и падения великого трубача Эдди Рознера”, М., 1993).

Пасля канцэрта адбылася “таварыская вячэра”, і ўзрушаны К.Ракасоўскі, не маючы нічога іншага пад рукой, падарыў Э.Рознеру каробку “Казбека”, напісаўшы на ёй: “Как жаль, что такие люди, как вы, живут только один раз”. Гэтую каробку Э.Рознер захоўваў усё жыццё як адну з найбольшых рэліквій (дарэчы, разам з афішай “Королевского кабаре” ў Стакгольме, дзе ён меў у свой час асаблівы, як ён лічыў, поспех).

У першыя дні студзеня 1944 года Эдзі Рознеру было прысвоена званне Заслужанага артыста БССР, і ён стаў першым у СССР джазавым салістам-інструменталістам, які атрымаў званне Заслужанага артыста рэспублікі.

У другой палове 1944 года аркестр надоўга “заперлі” на Каўказе. Як сцвярджаў Ю.Цэйтлін, у Тбілісі было “подряд шестьдесят аншлагов”. Шумны поспех чакаў аркестр і ў Ерэване, і ў Баку. І ўсё ж гэта быў лакальны поспех. Каб краіна запела з голасу вакалістаў аркестра Эдзі Рознера, каб песні з рэпертуару гэтага аркестра сталі шлягерамі, патрэбны былі грампласцінкі. І яны з’явіліся.

Як мы памятаем, першым запісам на плёнку Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР сталі джазавыя варыяцыі на тэмы вальса І.Штрауса “Казкі Венскага леса”, зробленыя на “Масфільме” для кінафільма “Концерт-вальс” восенню 1940 года. Наступным запісам сталі дзве песні, якія на свае словы і музыку выканаў на польскай мове Альберт Гарыс (“Песня о моей Варшаве” і “Забытый переулок”, 5.06.1944). І вось, нарэшце, наступіў верасень 1944 года, калі ў час чарговых маскоўскіх гастроляў (канцэрты праходзілі ў эстрадным тэатры “Эрмитаж”) Дзяржджаз-аркестр БССР запісаў у Доме гуказапісу 17 твораў.

Наступныя 26 запісаў былі зроблены ўжо пасля заканчэння вайны – у верасні-кастрычніку 1945 года. Сярод іх песні ў выкананні Рут Камінскай (“Жду” Шарля Трэнэ, якая на канцэртах выконвалася на французскай мове, а на пласцінцы запісана з рускім тэкстам Юрыя Цэйтліна, і “Когда-нибудь” на музыку Эдзі Рознера). Хуткі факстрот “1001 такт в ритме” напісаў Эдзі Рознер, а скэч гучыць у выкананні Луі Марковіча.

На жаль, на пласцінках не захаваліся галасы вакалістаў аркестра Эдзі Рознера – Зоі Ларчанка, Лотара Лямпеля, Ірэн Бальшаковай. Калі ўсе запісы былі зроблены і работу прадставілі спецыяльнай камісіі, узнік скандал. Непрыемнасці пачаліся з праслухоўвання запісаў Лотара Лямпеля. Камісія катэгарычна адмовілася “прапускаць” запісы вакаліста, які спявае з польскім акцэнтам. Час зноў змяніўся. Спрачацца было бессэнсоўна, і аднойчы ў студыі з’явіліся вядомыя эстрадныя спевакі Георгій Вінаградаў і Георгій Абрамаў, якія ніколі не выступалі з аркестрам. Яні і запісалі практычна ўвесь песенны рэпертуар Дзяржджаз-аркестра БССР: “Зачем”, “На полянке”, “Мерилю”, “Это не сон”, “Тайный остров”, “В лодке” (Г.Вінаградаў), “Серенада на осле” (Г.Абрамаў).

Аркестр вярнуўся ў Мінск, і тут, нарэшце, атрымаў свой “порт прыпіскі”. Сюды ён вяртаўся пасля гастроляў, тут заставаўся на рэпетыцыйны перыяд. Працягваліся сяброўскія адносіны музыкантаў аркестра з П.К.Панамарэнкам, які не аднойчы запрашаў некаторых з іх да сабе на дачу ў Лошыцу, пад Мінскам, з просьбай паіграць для яго.

1946 год быў адзначаны новымі паспяховымі гастролямі па краіне, а ў канцы года Дзяржджаз-аркестр БССР зноў апынуўся ў Маскве. Канцэрты ішлі з аншлагамі, наперадзе былі запісы на грампласцінкі. Нічога не прадказвала бяды. Але, як пазней вызначылася, “великий кормчий” зноў пачаў рыхтаваць для краіны мабілізацыйную гатоўнасць і ўжо спланаваў новае выпрабаванне, у якім джаз стаў першай ахвярай. Пачыналася барацьба з нізкопоклонством перад Захадам, і Эдзі Рознер стаў першым, хто патрапіў у жорны гэтай барацьбы.

X

14 жніўня 1946 года Дзяржджаз-аркестр БССР запісаў на грампласцінку танга Эдзі Рознера “Прощай, любовь”. Назва гэтай п’есы аказалася сімвалічнай: гэта быў апошні запіс аркестра. Праз чатыры дні, 18 жніўня, у “Известиях” з’явілася рэцэнзія на канцэрт аркестра з мнагазначнай назвай – “Пошлость на эстраде”.

Аўтарам артыкула была 38-гадовая Алена Грошава, старшы інспектар Галоўнага ўпраўлення музыкальных устаноў Усесаюзнага камітэта па справах мастацтва пры Савеце Міністраў СССР (у “Известиях” яна падпрацоўвала кансультантам). Так што думкі Грошавай былі думкамі савецкага афіцыёзу тых часоў.

Грошава не была наменклатурным дылетантам: за плячыма ў яе былі дзве вышэйшыя музычныя адукацыі, шматгадовае супрацоўніцтва з газетамі “Музыка” і “Советское искусство”. Але, як значна пазней яна сама сказала ў сваёй размове з Ю.Цэйтліным (будучы ўжо галоўным рэдактарам часопіса “Советская музыка”), “нас вызвал товарищ Храпченко и дал установку… Она касалась не только Рознера”.

Вось так: “установка” старшыні Камітэта па справах мастацтва – і лёс цэлага накірунку ў музыцы вырашаны. Што ж было ў гэтым артыкуле, які ў многім вырашыў далейшы лёс джаза ў СССР і асабіста Эдзі Рознера?

Тое, за што ў 1940 годзе ў газеце “Савецкае мастацтва” аркестр Эдзі Рознера хвалілі, зараз падверглася знішчальнай крытыцы. Галоўным чынам, гэта быў артыкул аб “махровой пошлости, насаждаемой джазом Рознера на советской эстраде”, аб тым, што ў яго рэпертуары “нет ничего, что хоть сколько-нибудь отвечало бы вкусу советского зрителя, нет ни одной хорошей советской песни, ни одной белорусской народной мелодии, хотя джаз Рознера и именуется государственным коллективом Белорусской ССР… Полнейшая безыдейность, низкая профессиональная культура, расчет на отсталые вкусы… Как и прежде, восемь лет тому назад, игрой на трубе он [Рознер] демонстрирует объем своих легких, его трюки однообразны и мало относятся к музыке…”.

Наогул жа артыкул А.Грошавай мала напамінаў рэцэнзію. Хутчэй, гэта быў данос, хваля палітычнай дэмагогіі, у якой музыцы месца ўжо не заставалася.

“Восьмой год джаз Рознера работает на советской эстраде. Естественно, можно было ожидать, что за это время коллектив и его руководитель приглядятся к нашей действительности, поймут запросы советского зрителя…”.

Адна, нават не цалкам прыведзеная фраза – і ўжо зразумела, што аркестр Э.Рознера яўна “не наш”. З наступнай фразы мы можам даведацца, дзе ж яму сапраўднае месца: “Пошлая музыкальная стряпня собственного изготовления заполняет почти всю программу джаза, быть может, и терпимую в каком-нибудь третьесортном варьете на задворках Западной Европы, но не на советской эстраде”.

Ну, і нарэшце, прыгавор: “Белорусским организациям так же, как и Всесоюзному гастрольно-концертному объединению, пора, наконец, понять свою ответственность перед зрителями, которым чуждо “искусство” джаза Э.Рознера”.

Рознер быў пакрыўджаны да глыбіні душы. Для яго гэта быў удар у спіну: яго запрасілі ў Маскву на гастролі, білеты распрададзены за месяц наперад, умовы створаны самыя найлепшыя, запланаваны запісы на пласцінкі – і раптам такі жудасны, а галоўнае, несправядлівы артыкул.

Па няпісаных устаноўках таго часу пасля такога артыкула першае, чаго можна было чакаць, дык гэта адхіленне ад працы. Ну, а калі кампанія па цкаванні будзе працягвацца, то і арышту. Гэта магло азначаць катастрофу для ўсяго калектыву, у якім разам з балетнай групай і дапаможным складам ужо працавалі каля 60 чалавек.

Газетныя артыкулы таго часу, абазначаючы думкі вышэйшай партыйнай наменклатуры, адразу станавіліся “руководством к действию”. І сапраўды, “кампетэнтная камісія” даследавала рэпертуар аркестра і, натуральна, асудзіла яго “безыдейность и прозападную направленность”. Гастролі былі перапынены, аркестр вярнуўся ў Мінск. Панамарэнка, напэўна, адчуўшы няладнае, Рознера не прыняў, але перадаў праз сакратара прапанову супакоіцца і добра адпачыць. Разам з парадай Рознеру перадалі дзве пуцёўкі ў санаторый у Сочы. А аркестр накіравалі на гастролі, прызначыўшы часова мастацкім кіраўніком Юрыя Бяльзацкага.

Тбілісі, Кутаісі, Растоў-на-Доне… Знаёмыя па мінулых гастролях месцы, знаёмая публіка, цёплы прыём, але без Рознера – канцэрт не канцэрт. Дзень ідзе за днём, а аб лёсе лідэра – ні слова. Вось і Новы, 1947 год у Баку сустрэлі – а яснасці аніякай. Зборы падаюць. Не дапамагае нават надпіс на афішах, што гэта – былы аркестр Эдзі Рознера. І нарэшце тэлеграма з Масквы: “Снять с афиши фамилию Рознера.” Гэта азначала адно: аркестру прыходзіць канец.

Да таго ж з ўсіх бакоў сталі прыходзіць звесткі аб горкім лёсе іншых джазавых складаў. Расфармоўваецца адзін з самых прафесійных калектываў краіны – джаз-аркестр Усесаюзнага радыёкамітэта, якім доўгія гады кіраваў Аляксандр Цфасман. Джаз пачалі падпіхваць да выгнання з жыцця і з свядомасці савецкіх людзей. 1 жніўня 1947 года спыніў сваё існаванне і Дзяржаўны джаз-аркестр Беларусі.

Пратэстуючы супраць непрафесійнага, валюнтарысцкага вырашэння пытання аб лёсе джаза, Ю.Бяльзацкі пісаў у тыя дні: “Вместо того, чтобы направить все усилия на создание советского джаза… мы с яростью обрушились на все, что даже отдаленно напоминало джаз. Одно слово “джаз” приводило в трепет музыкальных критиков и наводило ужас на работников комитетов по делам искусств и репертуарных комиссий. Оркестры стали называться эстрадными. Композиторы были охвачены одной мыслью: не написать бы нечто, что могло бы напоминать о джазе. Каленым железом изгонялись даже самые невинные синкопы. Никто не знал, что писать, что называть джазовой, а что эстрадной музыкой”.

На жаль, словы гэтыя так і засталіся ў рукапісе: у дні шабасу невуцтва і разгулу шавінізму гэтыя словы і не маглі быць надрукаванымі. (Цытата ўзята з артыкула, які Ю.Бяльзацкі рыхтаваў у адказ на адну з публікацый у часопісе “Советская музыка”. Рукапіс знаходзіцца ў Белдзяржархіве літаратуры і мастацтва.)

Джаз паміраў. Сінкапаваную музыку ўжо нельга было дзе-небудзь пачуць. Джазавыя аркестры сталі называцца эстраднымі. На танцавальнай пляцоўцы сталі адраджацца бальныя танцы падэкатр, падэспань, падэграс, падэпацінер. Факстрот быў перайменаваны ў “быстрый танец”, а блюз у “медленный”. Пачалася эпоха, якая з лёгкай рукі Леаніда Уцёсава атрымала потым назву “эпохи административного разгибания саксофонов”.

Даволі доўга аб лёсе Рознера ведалі только яго самыя блізкія сябры: у тыя дні знікненне людзей было нормай, і не было прынята цікавіцца, куды той ці іншы чалавек падзеўся. Пазней стала вядома, што яго “взяли”. Па іроніі лёсу здарылася гэта ў Львове, горадзе, адкуль Эдзі ў канцы 1939 года паехаў, каб здзейсніць бяспрыкладную ашаламляльную кар’еру на савецкай эстрадзе, і куды ён вярнуўся, каб пачаць чарговае падарожжа ў Сібір, праўда, ужо ў турэмным вагоне.

XI

У Львове Рознер з жонкай і дзіцем апынуліся невыпадкова: менавіта ў гэтым горадзе праходзіла рэгістрацыя тых былых польскіх грамадзян, што ў 1939–1941 гадах пражывалі ў заходніх раёнах Украіны і Беларусі і выявілі жаданне пасля вайны рэпатрыявацца ў Польшчу.

Так здарылася, што той момант, калі ішоў асноўны паток рэпатрыянтаў, Рознер проста прапусціў. Аднак зразумець яго можна. Становішча яго ў СССР было ўстойлівым: слава, усеагульнае прызнанне, поўны дастатак, добрая кватэра ў Мінску, асабісты “Форд” – падарунак П.К.Панамарэнкі… Аб чым яшчэ мог марыць чалавек у напаўгалодныя пасляваенныя гады, калі большая частка насельніцтва проста жыла ў развалінах?! Нішто не прадказвала бяды, і калі большасць палякаў пацягнулася да сябе на радзіму, ён не рашыўся вяртацца з агромністых, запоўненых захопленымі гледачамі залаў у цесны свет рэстараннай эстрады. І нават тады, калі Іда Камінская з акцёрамі свайго тэатра падала дакументы на выезд, ён на падобны крок не пайшоў.

Сямейнае жыццё з Рут Камінскай ужо тады прыносіла ім абодвум шмат клопату. Эдзі быў надзвычайна сэксапільны і ніколі не пазбаўляў сябе радасці зносін з прыгожым полам. Жанчыны літаральна віслі на ім. Яшчэ ў 1939 годзе, незадоўга да нападу Германіі на Польшу, у першыя дні знаёмства з Рут, больш вопытныя ў жыцці актрысы тэатра Іды Камінскай, дзе ўжо працавала юная Рут, убачыўшы Рознера, адразу далі яму мянушку “Казанова”. Бацька Рут, першы муж Іды Камінскай, вядомы яўрэйскі акцёр Зігмунт Туркаў, які спецыяльна прыехаў з Варшавы ў Лодзь на канцэрт Рознера, адразу сказаў аб ім: “Плэйбой!” Так што ў такім павароце падзей не было нічога нечаканага. Па ўзаемнай згодзе развод было вырашана аформіць пасля вяртання ў Варшаву. Вось толькі само вяртанне затрымлівалася.

Упусціўшы час, Рознер дачакаўся такога моманту, калі рэгістрацыя патэнцыяльных рэпатрыянтаў была скончана. Трапіўшы у ціскі абставін і адчуўшы ўвесь трагізм становішча мастака ў таталітарным грамадстве, Рознер з жахам зразумеў, што апынуўся ў пастцы і што дзверцы за ім зачыніліся. Яго заява ў польскае пасольства ў Маскве засталася без адказу. Дарогу на Львоў яму паказаў Ш.Беразоўскі, акампаніятар аркестра спявачкі Ганны Гузік. Разам з Рознером у Львове апынуліся і іншыя “эмігранты”, якія працавалі ў аркестры.

Беразоўскі арганізаваў Рознеру сустрэчу з членам польскай камісіі па рэпатрыяцыі Дрэзнерам, які ўзяўся аформіць неабходныя дакументы для выезду. Ад прапановы выехаць з СССР пад іншым прозвішчам Рознер катэгарычна адмовіўся. Уся працэдура павінна была каштаваць яму 20 тысяч рублёў.

Даўшы згоду заплаціць патрэбную суму, Эдзі вярнуўся ў Маскву, але ўжо 11 лістапада, пасля атрымання ўмоўленай тэлеграмы, выехаў з жонкай і дзіцем у Львоў. Аддаўшы сувязному грошы, Рознер атрымаў замежныя пашпарты і абяцанне адправіць яго сям’ю 18 лістапада, у той жа дзень, калі ад’язджала маці Руты Іда Камінская. Выезд, аднак, затрымліваўся, і паехаўшая Іда потым кожны дзень хадзіла ў Варшаве са сваім мужам Мелам (акцёр яе тэатра Мейер Мелман) сустракаць цягнікі з Львова. Дачку сваю і ўнучку яна так і не сустрэла: 28 лістапада Рознер быў арыштаваны.

Абставіны гэтай справы да сённяшняга часу захоўваюць шмат няяснага, а то і проста загадкавага. Рознер і сам не змог ва ўсім разабрацца нават пасля вызвалення, хоць і лічыў, што стаў ахвярай інтрыг паміж вышэйшымі чынамі органаў НКУС і што сваю цікавасць меў да яго нават сам Берыя. Хутчэй за ўсё гэта быў удар па П.К.Панамарэнку, пад якім пачало шатацца крэсла 1-га сакратара ЦК КП(б)Б (у 1947 годзе ён яго пакінуў). Як бы там ні было, але 7 снежня Рознер быў дапытаны і ў той жа дзень па асабістым распараджэнні міністра дзяржбяспекі Віктара Абакумава этапаваны ў Маскву. Абакумаў сам праводзіў першы допыт на Лубянцы.

Рут арыштавана не была. Усе дні, пакуль Рознер знаходзіўся ў львоўскай турме, яна хадзіла туды, насіла яму перадачы – бялізну, папіросы. Чаму яе не арыштоўвалі, яна так і не зразумела. З аднаго боку, яна лічыла, што за ёй сачылі з надзеяй выйсці на якія-небудзь сувязі. З другога боку, яна адчувала некаторую сімпатыю з боку супрацоўнікаў НКУС, якія намякалі ёй на магчымасць паехаць у Польшчу. І хаця шлюбны абавязак яе ўжо не прыгнятаў, яна не палічыла магчымым пакінуць Эдзі аднаго. Львоў яна пакінула толькі тады, калі ёй сказалі, што Рознера ўжо вывезлі ў Маскву. Тады яна паехала ў Мінск, “к всесильному другу и заступнику”.

Панамарэнка яе аднак не прыняў. Прасядзеўшы некалькі гадзін у яго прыёмнай, яна дачакалася толькі запіскі, што ёй перадаў сакратар: “Руточка, я получил твое письмо, но ничего не мог сделать.” Прадчуваючы немінучы арышт, Рут аддала пяцігадовую Эрыку сваёй маскоўскай сяброўцы Дэборы Маркаўне Сантатур. Арышт жа не прымусіў сябе чакаць.

Допыты былі пакутлівыя, ціск з боку следства быў агромністым. Рут расказвала ў 1991 годзе аўтару гэтых радкоў, што яе прымушалі па шмат гадзін стаяць на нагах, яна нават аб’яўляла галадоўку і яе кармілі насільна, праз зонд, пасля чаго на працягу ўсяго жыцця ў яе захаваўся стойкі спазм стрававода і ацёкі на нагах. Калі яна трапіла на Лубянку, ёй было толькі 26 гадоў; яна была прыгожай і вельмі кволай жанчынай. Але яна ўсё вынесла і не падпісала таго, чаго ад яе дабіваўся следчы, той самы следчы, які на допытах пры гэтым расказваў ёй, як захапляўся яе спевамі на канцэртах аркестра Рознера. (Кніга, якую Рут Камінская выпусціла ў 1978 годзе ў Нью-Йорку называецца “Я не хочу быть больше храброй”.)

Не менш знясільваючым допытам падвяргаўся і Эдзі, але ён упарта не згаджаўся прызнавацца ў тым, што ён – шпіён замежнай разведкі. Ён пісаў скаргі на следчых. У адной з іх былі такія радкі: “В совершенно деморализованном состоянии я все подписал. Некоторые документы подписал даже задним числом. Следователь обещал держать меня в тюрьме даже 5 лет, если я не подпишу”.

Пратаколы допыту Э.Рознера захавалі для нас характэрную лексіку Лубянкі тых гадоў: “Я совершил перед советской властью тягчайшее преступление, которое выразилось в моем намерении бежать в Польшу. С этой целью я в ноябре 1946 года под предлогом выезда в дом отдыха переехал из Москвы в г.Львов и, перейдя на нелегальное положение, ожидал наиболее благоприятного момента для осуществления своих изменнических намерений.” (Показания от 21 декабря 1946г.)

Ён яшчэ не “бежал”, ён толькі “хотел бежать”, але ўжо само жаданне было тады “тягчайшим преступлением” – дакументы ж на выезд ён меў сапраўдныя. Што ж датычыцца “нелегального положения”, то было яно вельмі характэрным, бо ў іншым месцы таго ж пратакола допыту Рознер расказвае аб тым, як ён “скрывался” ад людзей: “По прибытии во Львов я остановился на частной квартире, где проживал без прописки, и с целью конспирации своего пребывания в этом городе говорил всем (?! – Я.Б.), что на днях намерен выехать на курорт в местечко Трускавец (близ Львова)”.

Рут Камінская расказвала ў прыватнай гутарцы, што данесла на іх тады, хутчэй за ўсе, гаспадыня кватэры, якая была ў курсе іх спраў: у дзень арышту Эдзі яна знікла; зніклі і падушачкі, ў якіх былі зашыты каштоўнасці.

Толькі пасля вызвалення Рознера стала вядома, што яго прымусілі падпісаць заяву, у якой ён прызнаў, што хацеў праз Польшчу выехаць у ЗША.

І ўсе ж, думаецца, у падпісаных ім пратаколах допытаў была і доля праўды: “Прожив всю свою жизнь в капиталистических странах и только последние 7 лет – в Советском Союзе, я за такой короткий срок не смог перевоспитать себя и советским человеком, в полном смысле этого слова, не являлся”.

Судзіла іх “тройка” (ОСО – особое совещание). Сутнасць абвінавачвання – спроба бегства за мяжу. Артыкул 58-1а УК РСФСР – “измена Родине”. Пастанова ОСО было прынята 7 ліпеня 1947 года, тэрмін Рознеру пайшоў з 13 снежня 1946 года. Рознер быў накіраваны ў магаданскія лагеры на 10 год. Рут атрымала 5 год вольнай высылкі ў Казахстан.

Астатнія музыканты засталіся на волі, галоўным чынам, дзякуючы таму, што Рознер вытрымаў усе здзекі і нікога больш не назваў. Амаль усе яны пазней выехалі ў Польшчу, і толькі тры чалавекі з ліку вядучых музыкантаў аркестра засталіся са сваімі сем’ямі ў СССР: Юры Бяльзацкі, Павел Гофман і Луі Марковіч. Бяльзацкі пачаў працаваць у Мінску, двое іншых аселі ў Маскве.

XII

Лёс аказаўся добразычлівым да Эдзі і Рут. Рут правяла пяць гадоў у казахстанскай ссылцы, жыла ў горадзе Какчатаве, дзе выкладала ў школе замежную мову, а Эдзі, апынуўшыся ў Магадане, быў залічаны ў канцэртную брыгаду, што існавала пры “Маглагу”, і вельмі хутка ў яго ўжо быў свой джазавы ансамбль. З гэтым ансамблем Э.Рознер шмат выступаў у гарадах Сібіры і Далекага Усходу, прыносячы вялікія даходы лагернаму начальству.

Рут Камінская вярнулася з ссылкі ў пачатку 1952 года. У Маскве ёй пасяліцца не ўдалося – не дапамог нават Л.Уцёсаў з усімі яго сувязямі. Не дазволілі ёй застацца і ў Мінску. Больш за паўгода жыла яна на прыватнай кватэры ў Гомелі, пакуль маскоўскія сябры хадзілі хадайнікамі па яе справе. Жыла надгаладзь: адзінай крыніцай сродкаў былі тыя ювелірныя вырабы, якія ёй зрэдку перасылала праз афіцэраў акупацыйных войск маці і якія ўдавалася збыць праз скупкі.

Да Рознера свабода прыйшла толькі 22 мая 1954 года.

Дастаткова прывілеяванае становішча, у якім Рознер знаходзіўся ў лагеры, дапамагло яму стаць адным з першых поўнасцю рэабілітаваных палітвязняў у краіне. У пакоі, дзе ён жыў, была радыёкропка – нечуваная раскоша для ГУЛАГу, і аб тым, што Берыя – “враг народа и шпион многих иностранных разведок”, Рознер даведаўся ў той жа дзень, што і ўся краіна. Ён адразу заявіў лагернаму начальству, што, паколькі дакументы аб яго зняволенні ў лагер падпісваў сам Берыя, ён павінен адправіць у Маскву аб гэтым адпаведную заяву. І такую заяву разгубленае начальства ў Маскву адправіла.

І вось наступіў дзень, аб якім сам Э.Рознер потым расказаў так: “Меня вызвал к себе начальник лагеря и сказал: “Здравствуйте, товарищ Рознер!”. Я чуть не потерял сознание”.

Грошы, якія Рознер атрымаў на зваротную дарогу, пайшлі на аплату авіябілета да Іркуцка. Цягніком ён ехаць не мог – ён спяшаўся ўдыхнуць глыток свабоды, і яму была дарагая кожная гадзіна. Тэлеграфаваў у Маскву, дзе да таго часу ўжо жыла Рут: “Шли деньги Иркутск Главпочтамт”. Рут звярнулася да Аркадзя Райкіна і адразу ж атрымала неабходную суму. Райкін і прытуліў Рознера. Першыя два касцюмы, якія пачаў насіць Рознер у Маскве, былі таксама з пляча Аркадзя Райкіна.

У тым жа годзе Рознеру вярнулі званне Заслужанага артыста БССР. Ён прыехаў у Мінск з прапановай адрадзіць распушчаны Дзяржджаз-аркестр БССР, але новае кіраўніцтва Рэспублікі і слухаць не хацела пра джаз. Таму свой новы склад Э.Рознер сабраў у Маскве. Беларускі этап жыцця быў завершаны.

Міністрам культуры СССР у 1954 годзе працаваў стары сябар Рознера Панцеляймон Кандратавіч Панамарэнка. Сустрэча была цёплай, і хутка Рознер пачаў збіраць свой новы аркестр. Рабіць аранжыроўкі для першай праграмы ён запрасіў з Мінска Юрыя Бяльзацкага. Тот адрадзіў “Славянскую фантазію” і нават напісаў музыку ўступнай і заключнай песенек. Але перайсці на сталую працу да Рознера Бяльзацкі ўжо не мог: для яго гэта быў перыяд найбольшай актыўнасці як кампазітара, калі ён пісаў музыку да фільмаў, ствараў музычную камедыю, канцэрты, сюіты, фантазіі і г.д.

Дружба Эдзі Рознера і Юрыя Бяльзацкага захавалася на доўгія гады і была перарвана толькі раннім зыходам з жыцця апошняга ў 1963 годзе. І кожны раз, выступаючы ў Мінску, Э.Рознер перапыняў у другім аддзяленні канцэрт, промні пражэктараў выхоплівалі ў партэры Ю.Бяльзацкага, і Э.Рознер звяртаўся да яго ў залу са словамі прывітання і ўдзячнасці.

Сям’я Рознера распалася. Адносіны з Рут Камінскай, якія неяк склаліся пасля вяртання з лагера, сталі нацягнутымі. Асноўнай прычынай канфліктаў былі шматлікія любоўныя прыгоды Эдзі. Рут, якая практычна ўсе канцэрты праводзіла за кулісамі, бывала вельмі пакрыўджанай, калі, перадаючы ёй кветкі, атрыманыя ад гледачоў, Эдзі амаль на яе вачах тут жа з’язджаў кудысьці з незнаёмымі ёй “дамамі”. Расстаўшыся з Рознерам, Рут разам з дачкой Эрыкай перабралася да маці ў Варшаву.

А тут яшче наступіла эра “бітламаніі”, і эстраду запоўнілі тысячы гітарных ансамбляў. Біг-бэнды (вялікія аркестры) сталі распадацца. Да таго ж, над Рознером зноў павісла пракляцце эмігранта, палітычна ненадзейнага, “не нашего”, былога лагерніка… Яму, поўнасцю рэабілітаванаму, не давалі візы для замежных паездак, нават у Польшчу, на спатканні з дачкой і былой жонкай. Гэтаксама савецкае консульства ў Польшчы не давала нават звычайных турысцкіх віз Рут Камінскай і яе маці, сусветна прызнанай актрысе, лаўрэату прэміі Оскар. Іх імёны выкрэслівалі са спісаў дэлегацый, што наведвалі СССР у рамках культурнага абмену, а тэатр Іды Камінскай так ніводнага разу і не быў у СССР на гастролях.

Палітыка, як і раней, дыктавала культуры правілы паводзін, а ў выніку біг-бэнд Рознера – адзін з самых папулярных у краіне і ці не адзіны, што іграў на ўзроўні лепшых заходніх стандартаў, – не змог ніводнага разу выехаць на замежныя гастролі, калі не лічыць удзелу ў мерапрыемствах Фестывалю моладзі і студэнтаў у Празе. У велізарным патоку музычнай макулатуры цяжка знайсці запісы гэтага бліскучага аркестра. Рознера, чые песні спявала ўся краіна, упарта не прымалі ў Саюз кампазітараў. У той жа час там аказваліся нават дастаткова пасрэдныя майстры эстрадна-джазавага жанру. Эдзі задыхаўся ў гэтай удушлівай атмасферы музычнага палітыканства. Ён ірваўся на Захад, але мяжа, як і ў мінулыя гады, была “на замке”.

Вось так і здарылася, што адзін з самых таленавітых музыкантаў сусветнай эстрады нашага стагоддзя, наблізіўшыся да 60-гадовага рубяжу, апынуўся па-за справамі. Рознер пакінуў аркестр і выйшаў з Расканцэрта, і яго пры гэтым ніхто не затрымліваў.

Па сведчанні Фрэдэрыка Стара ў 1960-я гады Эдзі Рознер падаў “не менее 80 просьб на разрешение эмигрировать, но на все получал отказ. Значительно позже, во время визита президента Никсона в Москву, в 1972 году, виза была выдана, и то только потому, что Рознеру удалось как-то проникнуть в посольство США в Москве под видом американского туриста и упросить посла обратиться к русским в его пользу.” Рознер апынуўся ў Заходнім Берліне, пачаў іграць у невялікім рэстаранным складзе, але стан здароўя прагрэсіўна пагаршаўся, і 8 жніўня 1976 года ў выніку сардэчнага прыступу яго не стала. Пры жаданні магілу Заслужанага артыста Беларускай ССР Эдзі Ігнатавіча Рознера можна знайсці на адных з яўрэйскіх могілак Заходняга Берліна.

Рознер “уехал”, і ўжо аднаго гэтага было дастаткова, каб назаўсёды выкрасліць яго з памяці цэлай краіны. Два з паловай дзесяцігоддзі ў тытрах знакамітага фільма “Карнавальная ночь” адсутнічала ўпамінанне імя Эдзі Рознера і аркестра, які агучваў гэты фільм. Такім было няпісанае правіла тых гадоў: аб тых, хто “уехал”, можна было гаварыць ці дрэнна, ці зусім не гаварыць. Але і сёння, калі у прэсе з’явілася прапанова штогадовы джазавы фестываль у Мінску назваць іменем Эдзі Рознера, улады, як заўсёды, прамаўчалі. Усё вяртаецца ў гэтай краіне на “кругі свая”…

Пераклаў з рускай мовы
Валянцін ВІШНЯВЕЦКІ
© МТ “Брама”, 2002

SUMMARY

Yakov BASIN

Eddy Rozner – the legend of Belarussian jazz

The article describes the life of Eddy Rozner – the well-known jazz soloist – instrumentalist, the first and the only musician in the history of the Belarussian music art who was given the title of Honoured Artist of Belarus. Some important moments of his creative life, strained relations with the Soviet Government and the reasons for his oblivion are analyzed.

РЕЗЮМЕ

Яков БАСИН

Эдди Рознер – легенда белорусского джаза

Описывается жизнь Эдди Рознера – знаменитого джазового солиста-инструменталиста, первого и единственного в истории белорусского музыкального искусства джазового музыканта, которому было присуждено звание “Заслуженого артиста Беларуси”. Анализируются важные моменты его творчества, натянутые отношения с Советской властью, причины современного забвения его имени.


* © Яков БАСИН. Эдди Рознер и Польша. Минск, 2001. Напісана спецыяльна для часопіса КРАЙ = KRAJ (даслана ў рэдакцыю 24 лістапада 2001 г.). Назва артыкула зменена (заўвага рэдактара).


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія