|
ЯЗАФАТ КУНЦЭВІЧ*
Тадэвуш ЖЫХЕВІЧ
I
Ён прыйшоў у свет ва Уладзіміры-Валынскім над Заходнім Бугам. І хаця вядома, што ніхто не выбірае сабе ні часу, ні месца нараджэння, якраз гэтая акалічнасць мела вялікае значэнне і для яго самога, і для яго жыцця.
Уладзімір – адзін з найстаражытных гарадоў на памежжы розных культур і народаў.
Заснаваны кіеўскім князем Уладзімірам Вялікім, хрысціцелем Русі-Украіны, горад атрымаў ад яго сваю назву. Першая згадка пра яго паходзіць з 988 года. Бурлівай была гісторыя горада. Пад час татарскай навалы на Еўропу ў ХІІІ стагоддзі ён быў знішчаны дарэшты, але пазней адрадзіўся дзякуючы галіцка-валынскім князям Данілу і Васільку, хаця яшчэ двойчы, у 1491 і 1500 гадах, станавіўся ахвярай татарскіх нападаў. На мяжы ХІІІ–ХІV стагоддзяў Уладзімір дасягнуў велічы як сталіца княства. Потым надышла заваёўніцкая літоўска-беларуская хваля і, нарэшце, горад увайшоў у склад польска-літоўскай дзяржавы.
Яшчэ ў ХІV стагоддзі Уладзімір быў адміністрацыйным, культурным і гандлёвым цэнтрам Валыні. І хаця пазней ён некалькі заняпаў, саступаючы гарадам Луцку і Берасцю, аднак не пагасла яго колішняя слава, бо нават пасля падзелаў Польшчы аўстрыйскі імператар да сваіх пышных тытулаў дадаў яшчэ тытул “караля Галіччыны і Ўладзімерыі”. Праз столькі вякоў, што мінулі ад дзён велічы гэтай зямлі!
Усё гэта сапраўды важна. Уладзімір, як і іншыя гарады Чэрвеньскай зямлі, быў нібы вялікім тыглем народаў і культур. Жылі тут украінцы і палякі, літоўцы і беларусы, немцы, італьянцы, грэкі і яўрэі. Майдэборскае гарадское права, як пануючае права дзяржавы, аб’ядноўвала гэтую супольнасць: у гарадскіх межах рознаэтнічная грамада павінна была навучыцца ўзгадняць інтарэсы розных нацыянальнасцей і паважаць адметнасць іх культур і звычаяў. Насамрэч жа яна вучылася значна большаму: шырыні погляду. Бо толькі яўрэі жылі ў ізаляцыі гета. Усе астатнія, немаведама як і калі, прымалі ў сябе дыханне шырокага свету: і з захаду, і з усходу. Утвараўся сплаў. Сёння мы не адчуваем важнасці гэтай справы і нават не задумваемся, чаму на працягу стагоддзяў столькі дзіўных, выдатных людзей, абдараваных самымі разнастайнымі талентамі, расцвітала менавіта на гэтых памежных землях. У металургіі пасля сплаўлення элементы заўсёды ўзбагачаюцца ад змешвання: бронза больш высакародная, чым медзь і волава, якія трапляюць у тыгель. Мабыць, гэткія ж законы існуюць і ў рознаэтнічных супольнасцях: немцам дадавалася тут высокага буяння думкі, русінам і палякам – арганізаванасці, ладу ды трываласці, грэкі і армяне ўносілі надзвычайную жвавасць і спрыт, італьянцы – павагу да твораў мастацтва, разуменне сапраўднай каштоўнасці рэчаў, адзіным і вартым сэнсам якіх з’яўляецца прыгажосць, палякі – бурлівую і безразважную фантазію.
Сучасныя ўяўленні даюць не зусім дакладнае разуменне паняцця мяшчанства. Летапісныя запісы пераканаўча сведчаць, што ў той час шмат гараджан, асабліва ў правінцыі, мелі не абы-які арсенал, што не толькі выстаўляўся напаказ; кніжак і мастацкіх твораў таксама мелі нашмат больш, чым звычайная шляхта, і цягу да навукі таксама большую. А пад час паўсядзённага сутыкнення з разнастайнымі этнічнымі асаблівасцямі і ў выніку далёкіх гандлёвых сувязей тагачасны мяшчук не мог замкнуцца ў цесных межах нацыі сваіх продкаў.
У часы караля Казіміра IV ва Уладзіміры былі касцёлы рымскай веры, але былі і даўнінныя праваслаўныя цэрквы. Былі манастыры каталіцкія і манастыры ўсходняй веры: Святаюраўскі, Архангела Міхаіла, Святых Апосталаў. І столькі розных нацый, такое багацце самых разнастайных звычаяў!
У такім, уласна, тыглі размаітасці ўзрастаў малы Кунцэвіч, гарадское дзіця.
Ён быў родным сынам самой гэтай зямлі. У яго прозвішчы толькі канчатак -эвіч – славянскі. Гукавая асацыяцыя наводзіць на думку, што родапачынальнікам Кунцэвічаў быў якісь Кунтцэ, сярэднявечны нямецкі каланіст. Але магло быць і іначай. Напрыклад, летапіс Нестара згадвае, што ў 944 годзе, калі князь Ігар слаў паслоў да Царгорада, каб заключыць мір і гандлёвыя пагадненні, былі ў складзе пасольства скандынаўскія варагі з княскай дружыны і двара. Сярод іх Нестар запісаў і такога, што называўся Кунц, Кунцы або Куні. Што ж, і горад Уладзімір быў даўняю вялікакняскаю ахвяраю, а скандынаўскія дружыннікі кіеўскіх князёў, мабыць, не развеяліся дымам і не паўміралі раптоўна бяздзетнымі. Разбавіліся заміж іншымі. Ужо на пачатку XV стагоддзя летапісы занатоўваюць змяненне на славянскі лад прозвішча Кунча, да таго ж і бацька будучага архібіскупа пісаўся часам Кунціч, а часам Кунцэвіч. Род разышоўся, хто пайшоў угору, а хто ўніз, бо былі ў Літве Кунцэвічы, надзеленыя гербам “Лебедзь”, а на Валыні – Кунцэвічы, што мелі герб “Белая траянда”, – абодва роды не польскага паходжання. Калі полацкі архіепіскап быў забіты, на партрэце, які стаяў на яго труне, быў змешчаны герб “Белая траянда”, пра што дакументальна сведчыць візітацыя. Магчыма, гэта было зроблена толькі дзеля гонару ды праслаўлення знатнасці, бо вядома, што бацька яго Гаўрыла Кунцэвіч быў уладзімірскім мешчуком і гандляваў збожжам. Шляхціц, канечне, мог прадаваць уласнае збожжа і нямала шляхты ездзіла са сваім збожжам у Гданьск, але ён не мог быць прафесійным гандляром. Цікава, што Кунціч-Кунцэвіч быў таксама гарадскім раднікам. У раду абіралі альбо за заможнасць і значэнне ў горадзе, або з-за вялікай пашаны да выбітнога розуму, сталага жыхарства і старых сямейных традыцый. Кунціч-Кунцэвіч не быў багатым, аднак жа стаў сябрам Рады.
Фізіяноміка – рэч падманлівая і няпэўная, абапіраючыся на яе лёгка можна памыліцца: часта грубае, прасцяцкае аблічча хавае хуткі розум і вялікія веды, а калі-нікалі і славуты род; наадварот, не адзін красунчык можа аказацца пустазвонам ды яшчэ і нізкага паходжання. Акрамя таго, архімандрыт не панна – не абавязаны быць прыгожым. Аднак Госпаду Богу захацелася, каб якраз гэты стаўся пазначаным красою. Адкуль тое ведама? Існуюць партрэтныя выявы. У 1643 годзе ў сувязі з беатыфікацыйным працэсам сеньёр Антоніо Джэрард выдаў у Рыме кніжачку, дзе на гравюры паказаны Язафат Кунцэвіч з сякераю ў галаве і з анёламі, што трымаюць мірт і пальмы пакутніцтва, а таксама біскупскае жазло ўсходняга ўзору, але аблічча тут падобнае да ўсіх – і да нікога. Толькі знаўцы сцвярджаюць і могуць гэта пераканаўча даказаць, што існуюць прынамсі два партрэты, якія адпавядаюць сапраўднасці. Адзін паходзіць з віленскай езуіцкай калегіі, другі быў уласнасцю Сапегаў у Коўне.
Віленскія езуіты, як і сваякі Сапегаў, былі ў блізкіх дачыненнях з Кунцэвічам. Ніводзін са згаданых партрэтаў не з’яўляецца копіяй іншага: і пэндзаль не той, і стыль не падобны, бо на сапегаўскім партрэце Кунцэвіч прадстаўлены без святарскіх шатаў і галаўнога ўбору, а на віленскім – у чарнецкім клабуку і ў адзенні архіепіскапа. Але на абодвух мы бачым вельмі характэрнае аблічча аднаго і таго чалавека, якога малявалі ў розныя гады яго жыцця. І хаця гэта не так важна, аднак трэба адзначыць: не меў ён рысаў плебейскіх. Твар прадаўгаваты, смуглявы, з прыгожым высокім чалом, вочы вялікія, цёмныя і глыбокія, а бровы – як ластаўчына крыло, нос тонкі, вусны зусім не манаскія, а рукі прыгожыя, нібы ў лютняра.
Эх, Кунцэвіч, Кунцэвіч, калі б цябе, саколіка, не пастрыглі… Калі б ты, сынку, не пайшоў у чарняцы, мелі б дзяўчаты пакрысе з цябе ды можа б і матулі дзякавалі, што такім цябе нарадзіла. Бо, пэўна, гэта ад маці такая стэпавая прыгажосць, чарнявая і велікавокая, нетыповая для горада. Пра бацьку яго невядома, які быў сабою, пра маці – таксама, ведаем толькі, што імя яе было Марына і, мабыць, з мясцовых, уладзімірскіх, але і гэта няпэўна. Некалькі пазней у лісце да Льва Сапегі Кунцэвіч скажа, што мае сваякоў і над Дняпром, а сярод іх і такога, які завецца Рыгор Астравецкі, запарожскі казак, але гербовы, з тых шляхецкіх сыноў, што пасля вялікай удачы, а магчыма і ад судовага пераследу ўцякалі ў Дзікае Поле, – шмат падобных знаходзілася.
Вось такім быў той тыгель, у якім не аднойчы д’ябал, а можа і анёл, памешвалі па-рознаму, але заўсёды цікава. Яно і сам Кунцэвіч, хаця за шаблю не хапаўся, а пабожна разважаў пра пакутніцтва за веру, пэўна, праз усё жыццё шукаў сабе бяды. Ды такі знайшоў, раз яго ў рэшце рэшт засеклі.
І прыгажосць Кунцэвіча таксама мела нейкае значэнне. Напрыклад, уладыка Іпаці Пацей, выхаванец Кракаўскай Акадэміі, колішні кашталян і сенатар, хаця мудрым быў і энергічным і голасна прамаўляў як у царкве, так і на сойме, аднак жа быў тоўстым і твар меў азызлы – увесь быў нібы вялізны карп.
Мітрапаліт Велямін Руцкі (бо з сяла Руты паходзіў) – Божы быў чалавек, чэсны, спагадлівы і такі добры, што хоць да раны прыкладвай. Ён наадварот быў далікатны і такі хударлявенькі, што калі апранаў важкія царкоўныя рызы, то здавалася людзям, што доўга давядзецца яго шукаць у тых пышных шатах.
Або яшчэ. Вось уявіце сабе, людзі. Бадай нідзе так дзівосна не спяваюць, як ва Украіне, – куды вучонаму хору да тых спеваў, што нагадваюць мора! Калі ж замаўкалі спевы, а перад царскай брамай у цёплым ззянні свечак прамы і станісты, увесь у золаце, паўставаў Кунцэвіч з абліччам стэпавага архангела, – людзям аж дыханне займала, бо здаваўся ім жывой іконаю. А Бог жа даў яму яшчэ і мудрасць ды сілу слова. І каб шчодрасць дарункаў была найпоўнай, даў голас – надзвычай прыгожы, нізкі, цёплы, гучны. Як спяваў, здавалася, што муры знікаюць. Як прамаўляў мудра, проста да сэрца і душы, – нібы ў палон забіраў. Дызуніты называлі яго душахватам, захопнікам душ, лічылі яго пякельнікам і спакушальнікам, і хаця ад усяго сэрца ненавідзелі, у самой мянушцы адчувалася пабожнае здзіўленне. І сапраўды, штосьці ў тым было: гэты чалавек праз непасрэдны кантакт і зносіны аказваў амаль магнетычны ўплыў. Калі яго не было, вагаліся. Калі быў, ішлі за ім. Нават тыя, што ніякім чынам і нізавошта яму не скараліся, не маглі пазбыцца пачуцця павагі. Адзін з такіх сказаў аднойчы яму: “Калі б ты, Кунцэвіч, быў нашым, то мы ахвотна пілі б нават ваду, у якой ты ногі мыеш.” Прасцецкім было гэта выказванне, перабольшанае і грубае, бо і чалавек быў просты, але не ў тым рэч. Рэч у тым, што нават ворагі былі ў захапленні ад яго і адчувалі з ім яўную блізкасць. Не простыя бываюць душы нават у прасцякоў.
Мінулае патанула ў змроку. Мы не ведаем дакладна, калі ён нарадзіўся, ці меў братоў і сясцёр. Мабыць меў, бо існаваў звычай, па якім найстарэйшы сын атрымліваў імя па бацьку, а яго пахрысцілі не Гаўрылам, як бацьку, а Іванам. Адны яго клікалі Івась, іншыя – Іванка ці яшчэ мо і неяк па-вулічнаму. Дата яго нараджэння таксама прыблізная. Падчас кананізацыйнага працэсу быў прыняты год нараджэння 1584, аднак больш верагоднаю з’яўляецца дата 1580. Так піша а. Генадзь Хмяльніцкі, амаль яго аднагодак, найбліжэйшы сябар і пабрацімец у базыльянскім чыне, спавядальнік, сведка жыцця і смерці Кунцэвіча, які мог быць знаёмы і з дакументамі, што зберагаліся ў віленскім манастыры Найсв. Тройцы. Іерэйскае пасвячэнне атрымаў Кунцэвіч у 1609 годзе. Існаваў царкоўны звычай пасвячаць трыццацігадовых, а гэта, магчыма, пацвярджае, што ён нарадзіўся ў 1580 годзе. Такую дату прыняў і першы яго біёграф Якаў Суша, холмскі біскуп, пазней яе выкарыстоўвалі Нікола Канціеры, Альфонса Гуэпін і польскі аўтар Калінка. Хрысцілі ж Кунцэвіча ў царкве св. Параскевы-Пятніцы ва Уладзіміры.
Пра дзяцінства і юначыя гады яго мы ведаем толькі тое, што распавялі пад прысягаю сведкі. Бо калі адбываўся працэс, жылі яшчэ людзі, якія памяталі яго дзіцем.
Разважалі, “што яно выйдзе з таго хлапца Кунцэвічаў”. Быў ціхмяны, але не баязлівы, толькі якісьці “ўвесь у сабе” (сёння мы сказалі б па-вучонаму – інтраверт), засяроджаны, які ўсё ўбірае ў сябе, а мала аддае, паглыблены ў свае ўласныя справы. Умеў быць вясёлым, як іскра, але мог таксама агарнуцца смугою журбы і быць нібы адсутным. Быў надта ўражлівы: калі ў царкве гучалі спевы, яго вочы напаўняліся слязьмі. Хадзіў уласнымі дарогамі, а ў царкве бачылі яго не аднойчы і тады, калі яна пусцела: як сурочаны, стаяў ён засяроджана перад іконамі, нібы перад вокнамі ў іншасвет, сярод цішыні, паўзмроку і паху кадзіла. А калі стаў перад іконаю Хрыста і доўга глядзеў на яе, залатая іскра адарвалася ад іконы і ўдарыла яго ў самае сэрца, аж стала балюча. Было тады яму пяць гадоў. Аднойчы толькі пра гэта распавёў неахвотна, але запамятаў назаўсёды. Аднак у царкве не праседжваў без меры: на вуліцах пранікаў у яго Уладзімір: увесь свет, што тварыўся на яго вачах. Пад час навучання ў школе праявілася надзвычайная кемлівасць хлопца. Павел Чынскі прызнаўся біскупу Марахоўскаму, што калі малога Кунцэвіча аддалі ў школу, “ён больш здабыў сваімі вялікімі здольнасцямі, чым працаю”. Усё неяк само ўваходзіла яму ў галаву, хаця і не шмат было спачатку той навукі: чытанне і пісьмо па-ўкраінску ды па-польску, пачаткі матэматыкі – колькі ў жыцці спатрэбіцца, – а ўжо астатняе ў царкве – жыццяпісы святых, псальмы, літургія. Школа была звычайная, гарадская. Толькі ў 1597 годзе, калі Кунцэвіча ўжо не было ва Уладзіміры, уніяцкі ўладыка Іпаці Пацей заснаваў школу з надта амбіцыйнай праграмай навучання, з грэцкай мовай і лацінаю і нават з “навукамі вызваленымі”; але Кунцэвіч не паспеў яе наведаць. Адзначана таксама, што меў талент і да малявання, намагаўся спасцігнуць таямніцы іканапісцаў і потайкі дома сам спрабаваў маляваць іконы, пра што сведчыць у сваіх паказаннях раднік Шамаха, дадаючы мімаходзь, што юнак дасканала ведае Біблію.
Пісьмовыя сведчанні той эпохі, у прыватнасці тыя, што збіралі з агіяграфічнымі намерамі, цяжка было засцерагчы ад рэлігійнай ідэалізацыі. Але бываюць рэчы, якія не ўдаецца аздобіць папяровымі кветачкамі, – ад перабольшванняў яны вызваляюцца самі. Так і тут. Праз паўстагоддзя ўладзімірскія старыя людзі, згадваючы Кунцэвіча, засведчаць пра яго ў судзе: “сумленнае дзіця”, або “пражыў свае дзіцячыя гады вельмі сумленна”. Вызначэнне гэтае крыху неспадзяванае, бо “сумленны” азначае справядлівы, спагадлівы да людзей, праўдалюб, чалавек, што заслугоўвае пашаны; такім мог быць хіба дарослы чалавек, які займаў пэўнае становішча ў грамадстве, быў кімсьці. Дзіця магло мець мноства добрых рысаў, характэрных для яго ўзросту, быць добрым і мілым, кемлівым і паслухмяным, але якая ж сумленнасць у дзіцяці або ў падлетку? Аднак менавіта гэтак і засведчана: “сумленнае дзіця”.
II
У 1596 годзе пачаўся новы перыяд у жыцці шаснаццацігадовага юнака: пад час вяртання з Валыні віленскі купец Акінф Паповіч узяў з сабой сына свайго ўладзімірскага таварыша. Абмінаючы падляшскае бездарожжа ды палескую багну, рушылі на Берасце і Варшаву, бо і там меў Паповіч свае купецкія справы, а потым цераз Гародню – да Вільні. Паповіч быў чалавекам заможным, але бяздзетным; кемлівы хлопец прыйшоўся яму да сэрца. Дамовіліся, што будзе вучыцца ў яго купецкаму рамяству, а калі акажацца старанным і здольным, то адкрыта яму дарога, бо Вільня ж – велікакняская сталіца.
Кунцэвіч выязджаў з роднага горада ў асаблівы час; ён сам яшчэ не ведаў, што гэты, 1596, год стане для яго лёсавызначальным. Гэта быў год ратыфікацыі Уніі Рускай Царквы з Рымскаю Царквою на Берасцейскім сінодзе. Менавіта за Унію ён і аддаў жыццё. А пакуль што ехаў на купецкім возе прыгожы малады хлопец, які шырока адкрытымі вачыма пазіраў на свет.
У Вільні патрапіў нібыта ў вялікі неспакойны казан: каго і чаго там толькі не было! Вялікія паны і канцылярыі, пошты і двары, акадэмія, калегія і школы, каталікі і праваслаўныя ды яшчэ і пратэстанты ўсіх магчымых адгалінаванняў, колькі іх ні ёсць у свеце, – вострыя куты, што адзін да аднаго прыціраліся. Горад быў надзвычай прыгожы і блізкі сэрцу юнака. Гатычна-рэнесансны, касцельна-царкоўны, ён увабраў у сябе самую размаітую прыгажосць. Ён з’яўляўся таксама і горадам памежжа: тут памяталі, як яшчэ нядаўна кароль Жыгімонт Аўгуст свае дзяржаўныя загады пісаў па-руску: “Мы, Божаю міласцю…” Жыццё тут віравала, а свабоды было значна больш, чым ва Уладзіміры. Нават яўрэі былі тут іншыя. Казалі, віленскія яўрэі друкуюць свае вучоныя кнігі ў Італіі, Германіі ды Фландрыі, але што ў іх было, ніхто не ведаў. Толькі па суботах сінагогі да самага неба адгукаліся рэхам сумных спеваў, а пад гарадскімі мурамі гарэзавалі дзяўчаты. Пабожнаму юнаку з Уладзіміра іншым разам здавалася, што патрапіў у Вавілон. Вер у што хочаш і як хочаш, альбо не вер. Крэслячы па звычаю крыж, не вер, але маўчы. І жыві. Аднак жа верыць у штосьці абавязкова трэба!
Неўзабаве выявілася, што не будзе з Кунцэвічам так, як бацька яго з Паповічам дамовіліся. Быў паслухмяным, ва ўсякім разе намагаўся такім быць, але штодзень усё больш засяроджваўся. Не меў сэрца да купецкай справы, выслізгваў з рук, знікаў, па кутках крамы чытаў кніжкі або начамі сядзеў пры свечцы. А потым удзень соўгаўся сонны, ці пахопваўся, нібыта ў гарачцы. Стары Паповіч быў добрым чалавекам: прасіў, маліў, тлумачыў, пераконваў, і ўсё дарэмна. Нарэшце ў адчаі ўзяўся і за лупцоўку, але толькі адзін раз ударыў: у маладога твар загарэўся полымем, а вочы сталі як у ястраба. Спужаўся стары і адступіўся. Але паколькі, ад’язджаючы, таварышу даў слова, то намагаўся дазнацца, у чым жа прычына, што дзеецца. Не дзеялася нічога ліхога. Гэта былі справы душы юнака, але перажываў іх хлопец неяк балюча і інтэнсіўна. Кунцэвіч ішоў за сваім уладзімірскім уладыкаю Пацеем, які стварыў Унію разам з біскупамі. Аднак не хацеў ісці наўздагад або павярхоўна. Хацеў ведаць. А ўмеў так мала, ведаў так мала, амаль нічога!
Пайшоў да езуіта а. Фабрыцыя Кавальскага з Яраслаўшчыны, што быў у той час на Украіне прафесарам рыторыкі, філасофіі і тэалогіі і каралеўскім духоўнікам. Да Грушэўскага, беларусіна паходжаннем, прафесара маральна-дагматычнага багаслоўя. Абодва дужа вучоныя. Пазней, пасля 1610 года, – і да Пятра Аркудыйса, рэктара Грэцкага калегіюма, якога Пацей запрасіў з Рыма. Кунцэвіч не ведаў лаціны і на публічныя лекцыі не мог хадзіць, але нездарма з юных гадоў быў душахватам, людзі гарнуліся да яго: прыцягнуў да сябе такую ўвагу тых вучоных мужоў сваімі паводзінамі, руплівасцю, прагаю да ведаў і надзвычайнай кемлівасцю, што яны, не шкадуючы часу, прыватным чынам бясплатна вучылі яго і вялі з ім доўгія размовы. Прафесарскія душы радуюцца, калі іх слова не падае ў бездань, а разгараецца, быццам іскра на цэры. Чытаць давалі яму ўсё, што ўжо тады мог чытаць: пісанні Бенедыкта Гербеста, або Пятра Скаргі: “Пра еднасць царквы Божай” (кніжку, якая ў першым выданні была прысвечана князю Астрожскаму). Ды яшчэ: “Абарона Фларэнтыйскага Сабору” Генадзя Схаларыя, “Катэхізіс” Канізія і іншыя.
А ў яго і насамрэч галава гарэла разам з сэрцам. Пратэстантызм у многіх сваіх разнавіднасцях, хоць які дынамічны, не здолеў закрануць Кунцэвіча, бо здаваўся яму нібы папяровым, нават экстравагантным у параўнанні з яго асабістай літургічнай пабожнасцю, апроч таго быў надта валюнтарыстычным, а ён хацеў мець цвёрдую глебу пад нагамі, пэўнасць праўды, скалу. Пратэстанцкія прапаведнікі былі вельмі вучоныя і, напэўна, пабожныя, але адзін казаў так, а іншы з такою ж самаўпэўненасцю – зусім іншае, таму ўзнікала ўражанне, што кожны з іх стварае сабе Бога і веру на свой густ. Рымскі каталіцызм ён хутка навучыўся цаніць за лад, дысцыплінаванасць і навуку. Ці тое ўсё? Не. Бо хаця вабнымі былі для яго рымскія веды, што стаялі на абароне веры зусім інакш, як у праваслаўі, аднак узяў ён і найістотнейшае з Пісання – тое, што нават язычнікі не наважыліся пад крыжам раздзіраць, – шаты Хрыстовы. А тут жа болей, чым шаты: жывое Цела Хрыстова. Не якіясь там сучасныя багасловы так сцвярджаюць, а сам Апостал, сведка Ісуса Хрыста. Кім жа з’яўляюцца тыя, горшыя за паганцаў, што калісьці даўно раздзерлі Царкву Божую, а цяпер – хаця б толькі ленасцю ды безуважнасцю – робяць усё, каб гэты раздрай зберагчы і замацаваць? Калі Візантыя разарвала сувязі з Рымам, казалі для апраўдання пра чатыры розніцы ў веры: цяпер, як чутно, адшукалі тых розніц семдзесят дзве. Але не прыхаваць праўды: вялікі грэх і вялікае абурэнне выклікае гэтае раскавельванне жывога Хрыстовага Цела. Калі сказаў пра тое сваім вучоным сябрам, перш чым паспеў прачытаць падобную думку, калі паказаў пальцам на месца ў Евангеллі, дзе гаварылася пра кіданне жэрабя на шаты Хрыстовы, – глянулі на яго здзіўленыя і быццам з павагаю: рана само хоча лятаць гэтае птушаня! Вялікі агонь палае ў гэтым хлапчыне!
Магчыма, дачасна радаваліся. Так, Кунцэвіч пайшоў за сваім уладзімірскім пастырам, уніятам Пацеем насамперад з-за паслухмянасці, як шмат іншых. А цяпер ужо стала ясна, што еднасць Царквы з’яўляецца патрэбаю яго душы, сэрца і розуму. Але яшчэ ўсё ў ім заставалася адкрытым.
Любіў Царкву. Зненавідзеў разлад, аднак родную царкву ніколі не мог адрынуць. Не змог бы адарвацца ад Царквы.
А з Царквою той надта нядобрае дзеелася. Ён вырас на гэтай зямлі, меў вочы і бачыў, што чыніцца. Перамагаючы супраціў сэрца, нібыта раздзіраючы ўласныя раны, хацеў ведаць. Няхай будзе балюча.
Адпаведна царкоўнаму статуту мітрапаліта павінны выбіраць епіскапы, а зацвярджаць – кароль і Царгародскі Патрыярх; епіскапаў прызначаў мітрапаліт. Аднак з канца ХV стагоддзя сам кароль прызначаў мітрапаліта і епіскапаў; мітрапаліта павінен быў зацвердзіць Патрыярх, а епіскапаў – мітрапаліт. Гэта адпаведна з правам. Але ў сапраўднасці ні мітрапаліт не дбаў пра зацвярджэнне сваё Патрыярхам, ні епіскапы пра зацвярджэнне мітрапалітам. Бывала і такое, што некаторых епіскапаў зусім незалежна ад караля і мітрапаліта прызначалі прадстаўнікі вяльмож; так рабілі, напрыклад, князі Глінскія на Палессі ды Астрожскія на Валыні. Уладыкамі станавіліся не чарняцы, вядомыя сваёй вучонасцю, адпаведна царкоўнаму звычаю, а зусім выпадковыя свецкія людзі, якія лічылі епіскапства сінекураю. І ў Рымскай Царкве трапляліся пратэкцыі, але не магло такога быць, каб хтосьці стаў біскупам без ведама і згоды мітрапаліта ды каб свецкі чалавек без патрэбнай падрыхтоўкі і без асвячэння станавіўся епіскапам, не маючы для гэтага ніякіх падстаў, акрамя панскай ласкі.
Практыкаваліся “экспектатывы”, гэта значыць замаўленні сабе будучай царкоўнай годнасці яшчэ пры жыцці епіскапа. У сярэдзіне ХVI стагоддзя Іван Борзабагаты-Красінскі, які ад разгульнага жыцця збяднеў, купіў сабе ў каралеўскай канцылярыі экспектатыву на багатае ўладзімірскае епіскапства. Не ведаў ён, што тую самую экспектатыву купіў сабе таксама холмскі епіскап Лазоўскі, епіскапства якага не было такое багатае, як уладзімірскае. Калі ж у 1565 годзе памёр уладзімірскі ўладыка, гэтыя двое сталі збройна ваяваць адзін з адным. У рэшце рэшт ва Уладзіміры застаўся Лазоўскі, а Красінскаму было аддадзена луцкае епіскапства, якім ён і кіраваў яшчэ доўгі час, не маючы сану. Толькі пад пагрозаю пракляцця мітрапаліта ён прыняў сан аж у 1571 годзе. Гэта, аднак, не было для яго перашкодаю, каб у Дубне разагнаць базыльянскіх манахаў: маёмасць іх захапіў і парабаваў царкоўныя каштоўнасці. Разам з сынамі напаў на Жыдзічанскі манастыр, кроў праліў, епіскапа Феафана, які там пражываў, выгнаў, манастыр паграбіў. Цэрквы замыкаў у самім Луцку. Ягоны супернік на ўладзімірскае епіскапства Лазоўскі быў не лепшы: уласнае духавенства абвінаваціла яго ў рабунках, паборах і разбоі. Епіскапы меліся быць халастымі. Але ўладыкі Холмскі, Пінскі і Перамышльскі насуперак царкоўным канонам з жонкамі і дзецьмі сядзелі на епіскапстве, а святарам-дваяжэнцам, якія па смерці сваіх жонак зноў насуперак праву жаніліся, дазвалялі адпраўляць абрады. Львоўская стаўрапігія ў 1592 годзе пісала да Царгародскага Патрыярха, што праваслаўны люд на Рым паглядае, не бачачы іншага паратунку ад разбэшчвання ды беззаконня. Сам уладыка львоўскі Гедэон Балабан здабыў епіскапства сілаю ў барацьбе з Іванам Лапаткаю-Асталоўскім, а 30 гадоў яго праўлення – гэта бесперапынны ланцуг бяспраўя, прыгнёту, грабяжу і пабораў праваслаўнага люду, цэркваў і манастыроў. Было на ім пракляцце патрыярха і мітрапаліта, але ён ніколькі гэтым не турбаваўся. Скарбніцу Уніўскага манастыра захапіў, літургійнае царкоўнае начынне папрадаваў яўрэям, манахаў у калоды закаваў і пад вартаю трымаў у сваім маёнтку, каб не маглі скардзіцца і сведчыць супраць яго. Тое ж самае ўчыніў з маетнасцю Львоўскай Стаўрапігіі, хаця яна была вызвалена ад епіскапскай улады і падпарадкоўвалася патрыярху. Сам патрыярх пісаў пра яго: “сотворилъ все лукавствіе безправедное и безсовестное”. Выраз “балабанскі звычай” ужываўся ў народзе, калі хто гаварыў пра штосьці нядобрае і ганебнае. Падобна і полацкі архіепіскап прадаваў за грошы бенефіцыі, разводы даваў без аніякіх кананічных прычын, абы толькі камусьці ўслужыць, нават кароль Жыгімонт мусіў умяшацца, калі Сімяон, парабаваўшы сваю ўласную кафедральную царкву, давёў яе амаль да разору. Аднаму вяльможы даў развод без аніякай прычыны і дазволіў пажаніцца з уласнай пляменніцай, што таксама было абразаю Божай. Шмат можна гаварыць пра такія факты, але няёмка і сорамна.
Звычайна не ўсе былі такімі, далёка не ўсе і не паўсюдна. Але рэч у тым, што сама структура праваслаўнай царквы была слабая, занядбаная, не датрымоўвалася царкоўных канонаў, а калі сіноды намагаліся пазбегнуць ліха, то іх пастановы заставаліся мёртвай літарай, бо патроны Царквы – арыстакратычныя роды Украіны, Беларусі і Літвы – былі мацнейшыя за раз’яднаныя і парваныя арганізацыйныя мярэжы Царквы. Хто ж мог стрымаць злоўжыванні? Ды сам папярэднік уніята Рагозы кіеўскі мітрапаліт Анісіфор Дзевачка таксама не прытрымліваўся канонаў. Праваслаўная шляхта абвінавачвала яго ў тым, што не дбае пра веру і дабро Царквы, не дае ёй ніякага паратунку, зневажае царкоўныя святыні, замыкае цэрквы, званы прадае, а ў дабрачынных “манастырах жывуць ігумены з жонкамі і дзецьмі ды цэрквамі святымі валодаюць”. Царкоўныя брацтвы і Стаўрапігіі, што былі створаны з мэтай аднаўлення Царквы і атрымалі ад Патрыярха вызваленне ад епіскапскай улады, праводзілі не без пратэстанцкіх уплываў уласную палітыку і не заўсёды для карысці Царквы.
Мае Бог уласныя і прамыя сцежкі да душаў людскіх і над кожным паасобку – міласэрнасць Гасподня, таму засталася вера ў народзе. Але сам Збаўца паставіў над сваёй атараю пастыраў, каб паказвалі шлях, слова Божае прапаведвалі і не дазвалялі збівацца з дарогі. Патрэбны слупы Царкве. Калі яны расхісталіся, не магло быць нічога добрага. Не лепей было таксама з ніжэйшым і манастырскім духавенствам. Мелі гэтыя людзі вялікую веру, якая невядома адкуль бралася, але такую, што пра Слова Божае не ведае і прапаведваць яго не ўмее. Звычайна сын святара прывучаўся каля бацькі да Службы Божай – вось і ўся навука. Аж да паловы XVI стагоддзя не было ніякіх духоўных школ нават сярэдняга ўзроўню; то тут, то там пры царкве або манастыры навучалі крыху чытанню і пісанню ды царкоўным спевам. Некаторыя ні Малітвы Гасподняй, ні дзесяцёх запаветаў не ведалі.
Быў звычай, што калі ў якойсці мясцовасці была яўрэйская воласць з сінагогаю, то клалі на яе плату за сам дазвол адпраўляць рэлігійныя абрады. Але здаралася, што праваслаўны ўласнік маёнтка накладаў такія ж павіннасці і на цэрквы сваёй уласнай веры, іншы раз нават большыя, чым на яўрэяў, а іерэі плацілі, бо былі ад яго залежныя. Не дзіва, што ўкраінская ды беларуская шляхта не паважала святароў і паводзіла сябе з імі, як з падданым “халопствам”, вымагаючы ад іх павіннасцей, ад якіх клір павінен быць вызвалены.
Першую Акадэмію заснаваў князь Астрожскі ў 1580 годзе, але яна была заражана кальвінізмам. Пазней брацтвы пачалі засноўваць школы, у якіх настаўнікамі нярэдка былі кальвіністы ці лютаране. Сам князь Астрожскі бачыў, што справы ідуць дрэнна. Ён пісаў да Пацея ў 1593 годзе, што Царква гіне, пастамляліся настаўнікі, пастамляліся прапаведнікі Слова Божага і пропаведзей ужо няма. Дубовіч, дарманскі архімандрыт на Валыні, пісаў, што багата шляхты ўкраінскай кідае праваслаўную Царкву ды пераходзіць у веру рымскую, бо не мае каму даверыць сваё сумленне і атрымаць навуку ўратавання. Нямала духоўных айцоў не ведае нават формулы дазволу.
І гэта была праўда. Сам малады Кунцэвіч бачыў па цэрквах грэшнікаў, якія, не атрымаўшы ні парады, ні навукі, ні адпушчэння, для заспакаення душы білі чалом аб камень і крыжам ляжалі, няшчасныя, нібы з прорвы гукаючы міласэрнасці Божай, і некаму было зняць з іх цяжар і вывесці да святла. У Кунцэвіча валасы на галаве ўставалі, калі думаў пра гэта, бо ён гэтую царкву любіў. У вялікім прыніжэнні была Царква, а Русь (Украіна і Беларусь) не ведала, у што верыць. Быў Скарына, гусіт, беларус з Полацка, што ў Празе друкаваў кірыліцай гусіцкія кніжкі, а праваслаўнае духавенства прымала іх, думаючы, што гэта старадаўнія і добрыя кнігі, а ён – свой, праваслаўны чалавек. Вялікі гэта грэх – падманваць просты народ. Хто ж мусіць яго бараніць?
Гэта не езуіты зрабілі Унію і не кароль Жыгімонт з канцлерам, і не Мацяёўскі з нунцыем, і нават не Скарга. Мала ў каго так сэрца балела, як у Кунцэвіча. Зрэшты, калі б праваслаўная Царква была іншаю, не было б Уніі. А так – хто заўважаў у епіскапаце, у шляхце, у пабожных людзях, што з “рускаю вераю” дзеецца нядобрае, хто любіў Царкву і дрэнна ў ёй сябе адчуваў, неспакойна і няёмка, – думаў пра тое, як адшукаць выйсце з цяжкага становішча. Нічога не мог параіць Царгародскі Патрыярхат, які некалі, будучы яшчэ вольным, учыніў з Рымам Унію ў Фларэнцыі, а цяпер пад султанскаю рукою сядзеў паднявольны і адно столькі дбаў пра Русь, колькі яму трэба было грошай на выкуп і бакшыш для туркаў. І Масква не магла дапамагчы, бо і там было не лепей, ды і відно было, што цар хоча з Царквы зрабіць падпору для самадзяржаўя, – гэта яму здавалася найважнейшым. Трэба было так рабіць, каб душы сваёй, якая з гэтай зямлі ўзрасла і не была латынскаю, не знішчыць, а наадварот, усталяваць лад і святую веру падняць, Царкву ратаваць. Аднаўленне Уніі вісела ў паветры, хаця аж занадта шмат было непадрыхтаваных, а сярод людзей панаваў недавер, можа, і не беспрычынны.
А ты сам, Кунцэвіч?
III
Ад часу, калі ён падлеткам выехаў з Уладзіміра, адбылося там нямала падзей. У 1593 годзе памёр уладыка Мялецій Храбтовіч, а яго наступнікам на епіскапстве па пратэкцыі і з волі князя Астрожскага стаў таварыш князя, берасцейскі кашталян Адам Пацей. Па царкоўнай традыцыі ён спачатку пастрыгся ў манахі, атрымаў імя Іпацій і пад гэтым іменем увайшоў на прастол уладзімірскага епіскапства. Пацей, яшчэ як чалавек свецкі, бачыў ратунак Царквы ў Уніі з Рымам, а калі стаў уладыкаю, не змяніў гэтай думкі і ў прапаведзях патроху рыхтаваў вернікаў да з’яднання, намагаючыся зменшыць нехацімства і прадузятасць праваслаўных. Але не ведаў ён яшчэ, што рускі епіскапат ужо некалькі гадоў вядзе размовы наконт гэтай справы з каралём і што Унія ўжо рыхтуецца.
Дазнаўся пра тое неўзабаве, хаця і не непасрэдна. Своеасаблівая гэта справа: князь Астрожскі, пазней заўзяты і магутны вораг Уніі, сам тады пра яе думаў і ў лісце да Пацея пісаў, каб на найбліжэйшым сінодзе “з мітрапалітам і іншымі епіскапамі абдумаў спосабы і захады, якімі можна было б ліквідаваць раз’яднанне з Заходняй Царквой”. Размаўляў князь яшчэ з Пассевіна, а выбіраючыся ў Італію, задумаў гаварыць з самім папаю. Калі б вяльможны, заслужаны і вельмі ўплывовы князь, які быў пратэктарам Царквы, застаўся пры сваіх унійных намерах, то, напэўна, іншаю была б пазнейшая доля Уніі. Аднак у княскім лісце былі рэчы, што мудрага Пацея на месцы замарозілі. Князь меў свае унійныя ўмовы і сярод іх такія, якія ніяк нельга было рэалізаваць. Перш за ўсё князь уяўляў сабе (і лічыў гэта асноўнай умовай), што да Уніі з Рымам разам з Царквою Рускаю прыяднаюцца ўсе Усходнія Праваслаўныя Патрыярхаты, а гэта ў той час было зусім нерэальным. Ужо сам Царгародскі Патрыярхат, што займаў пачэснае месца ў праваслаўным свеце, сядзеў у Канстанцінопалі пад султанскаю рукою і быў ёй моцна звязаны, паняволены. Нават калі б хацеў, то і марыць не мог, каб султан абыякава глядзеў на аб’яднанне Патрыярхату з найгоршым ворагам ісламу – рымскім папам. Ніякім чынам гэта не магло быць. Тое ж самае і Масква была дужа далёкай ад такой думкі, і сам Пассэвіна ў гэтым ужо пераканаўся. Зусім не для гэтага ў 1589 г. цар заснаваў Маскоўскі Патрыярхат і вызваліў Рускую Царкву з-пад улады Царгорада, не для таго ператварыў Маскву ў Трэці Рым, якому, на яго думку, павінны падпарадкоўвацца ўсе праваслаўныя хрысціяне, каб увайсці ў унію з каталіцкім Рымам і прызнаць яго вяршэнства.
“Глядзі і стой на варце, найпабожнейшы цар, каб усе хрысціянскія дзяржавы з’ядналіся з тваёю. Бо два Рымы палі, трэці стаіць, а чацвёртага ўжо не будзе. Тваё хрысціянскае царства нікому іншаму не дастанецца, бо такая ўсемагутная воля Бога”. Калі ж гэтак паставілі справу? Яшчэ ў 1511 годзе, калі манах Філафей звяртаўся да вялікага князя Івана ІІІ. Ад таго часу нічога не змянілася, акрамя ўзмацнення маскоўска-царкоўнай ідэі. Зусім не рэальнаю была ўмова князя Астрожскага – тым больш, што іншыя праваслаўныя Цэрквы былі аўтакефальнымі, кожная сама сабой кіравала; і адзіная думка, у прыватнасці, у такіх асноўных пытаннях, была немагчымаю, нават калі б быў скліканы Усеправаслаўны Сабор, якога, зрэшты, ніхто не думаў склікаць.
Ды яшчэ і іншае ўражвала ў княскіх праектах. Князь Астрожскі, хаця і лічыў сябе апекуном і абаронцам Царквы і кіраўніком праваслаўнага народа, знаходзіўся пад моцным і відавочным пратэстанцкім уплывам. Насуперак навуцы і стану як праваслаўнай, так і каталіцкай Царквы ён чакаў – калі б яны з’ядналіся – рэвізіі дактрын веры ў многіх істотных пытаннях, а асабліва ў пытанні пра Святыя Таінствы, бо лічыў іх “людскою выдумкай” і хацеў скасаваць. Іншымі словамі, думаючы пра унію праваслаўя з Рымам, думаў адначасова і аб пратэстантызацыі з’яднаных Цэркваў. Гэта таксама было нерэальным і непрымальным як для аднаго, так і для другога боку. Сама Царква Руская (гэта значыць украінская і беларуская) з-за невысокай адукаванасці кліру не магла шмат ведаць пра Таінствы; ёй выпадала прымаць за чыстую манету пратэстанцкія выданні, друкаваныя кірыліцай. Да таго ж самою сваёй прыродай яна была прывязана да традыцыі і нельга было ёй навязаць рэвізію дактрыны ці змену абрадаў. Маглі ўкраінскія ці беларускія шляхціцы на Наваградчыне або на Валыні пакідаць праваслаўную Царкву дзеля пратэстанцкага Збору, але Царкву да Збору перанесці не было ні спосабу, ні сілы. Яна б не выраклася артадоксіі. А патрайдэнцкі Рым не для таго рабіў контррэфармацыю ў абарону дактрыны веры, каб цяпер прызнаць сябе пераможаным. Усё гэта было малаверагодным.
Пацей зрабіў правільную выснову: або князь Астрожскі Уніі не хоча і таму наўмысна прапаноўвае зусім нездзяйсняльныя ўмовы, або, будучы па імені праваслаўным, ён не надта цвёрды ў “рускай веры” і пераацэньвае свае магчымасці. Вялікія магнаты, а Астрожскі быў вельмі вялікім магнатам, прывыклі думаць, што свет павінен круціцца так, як яны ківаюць пальцам. Але гэта была не абсалютная праўда, хаця тое яны не да канца ўсведамлялі, пыхліва пераацэньваючы свае ўплывы. Таму не варта разлічваць на князя з Астрога: перад імі двума сцяліліся розныя дарогі.
Пацей унікліва адказаў князю-ваяводзе і сядзеў ціха ды рабіў сваё.
Унійныя нарады і перамовы рускага епіскапату праходзілі ўжо з 1590 года, і князь-ваявода не быў пра тое праінфармаваны. У 1594 годзе луцкі ўладыка-экзарх Кірыла Цярлецкі ўжо меў подпісы ўсіх епіскапаў Царквы Рускай, акрамя Пацея. Чаму яго аж дагэтуль абміналі? Мабыць, па такой прычыне: быў ён зусім новы ды свежы на епіскапстве, і Цярлецкі, колішні ўлюбёнец Астрожскага, з якім пазней з-за драбніцы пасварыўся, думаў, што Пацей, вылучаны князем на ўладзімірскае епіскапства, з’яўляецца, пэўна, яго шчырым прыхільнікам, вернікам і слугою і мог бы Астрожскаму ўсю справу заўчасна выкласці, – карацей, абмінаў яго. Памыляўся Цярлецкі, бо калі, нарэшце, паехаў да ўладзімірскага ўладыкі, зусім неспадзявана застаў таго ў Торчыне ў аднаго з польскіх пры´яцелеў Уніі, каталіцкага луцкага біскупа, будучага кардынала Мацяёўскага. У яго прысутнасці Пацей, якому нарэшце адкрылі таямніцу перамоў і іх вынікі і які пабачыў, што ён не адзінокі ў сваіх задумах і што ўмовы праваслаўнага епіскапату рэальныя і справядлівыя, тут жа паклаў свой подпіс. З таго дня ішлі яны з Цярлецкім плячо ў плячо. Але ведаў ён і такое: князь Астрожскі вельмі рэзка выступіць супраць Уніі. Яго зачапіла за жывое, што праваслаўныя епіскапы вырашылі гэтую справу за яго спіною. Не мог падобнае дараваць такі ганарлівы ды амбітны пан.
І сапраўды, калі князь даведаўся пра гэта, дык ледзьве ўдар з ім не стаўся. Назваў іх здраднікамі. Адкалоў ад унійнага табара спярша львоўскага Балабана, а затым і перамышльскага Капысценскага, напужаў моцна кіеўскага мітрапаліта. Міхайла Рагоза, колішні прыдворны пісар віленскага ваяводы князя Карэцкага, быў чалавекам баязлівым ды хітрым і мусіў больш азіраццца на магутнага пана з Астрога, які быў блізка і меў пад сваім патранатам тысячу цэркваў, чым на далёкага папу ў Рыме. Так што, хаця паклаў свой подпіс за Унію, але перад Астрожскім адрокся. Дык то ўжо мелася быць з Рагозаю: што адной рукой падпісваў, другой – дзеля патрэбы – мог замазаць. Хіба што не дазволяць яму замазаць. Рагоза не быў ні ліхі, ні прадажны. Быў прыстойным чалавекам і нічога агіднага, як яго папярэдніку, Анісіфору Дзевачцы, яму нельга было прад’явіць. Але нават у тых, што шаблю пры баку насілі, дрыжалі калені, калі сенатар з Астрога грозна нахмарваў бровы. Так і мітрапаліт зніякавеў, калі давялося яму паўстаць перад князем.
Потым князь адправіў свайго пасла на пратэстанцкі сінод у Торунь з заклікам да сумеснай барацьбы з каталіцызмам, бо бліжэйшы ён – як пісаў – да пратэстанцкай браціі, чымся да Рыма. У рэшце рэшт і збройнай сілаю загразіў каралю. А мог мець болей за 20 тысяч шабляў.
У лістападзе 1595 года епіскапы Цярлецкі і Пацей, як упаўнаважаныя Праваслаўнага Епіскапата, прыбылі ў Рым і ўжо на трэці дзень пасля прыезду былі прыняты папам Кліментам VIII. Некалькі тыдняў доўжыліся перамовы ды ўзгадненні ў ватыканскіх дыкасперыях. Дэлегаты ўпэўніліся, што Апостальская Сталіца лепей ставіцца да Уніі, чым Польская царква і дзяржаўная ўлада Рэчы Паспалітай. Умовы і спадзяванні ўкраінскага епіскапата былі поўнасцю прыняты і апрабаваны, у прыватнасці непарушнасць абраду, царкоўных канонаў і звычаяў, ад чаго Царква вельмі залежала. Рым не вымагаў нават дадаваць слаўнае „і Сына“ ў нікейскім Сімвале Веры і адмовіўся ад увядзення грыгарыянскага календара ў Царкве Рускай, каб не дапусціць зменаў у звычаях. Ад караля і сейму Рым дамагаўся, каб ураўнаваў у правах духавенства грэцкага абраду з духавенствам латынскім і надаў епіскапам месцы ў сенаце (чаго, аднак, Польшча так і не выканала).
23 снежня ў зале Канстанціна ў Ватыкане вельмі ўрачыста завяршыўся акт Уніі і былі складзены адпаведныя дакументы мовамі ўкраінскаю і лацінскаю. Пасля гэтага папа спецыяльнай булаю абвясціў пра падзею ўсяму хрысціянскаму свету.
Вяртаючыся, везлі шмат лістоў папы: да караля, сенатараў, да канцлераў кароннага і літоўскага, да епіскапаў абодвух абрадаў. Мітрапаліт, калі застаецца пры Уніі, атрымлівае прывілей прызначэння і кансекрацыі епіскапаў без звароту да Рыма; было ўстаноўлена таксама, што епіскапаў выбірае кароль з трох кандыдатаў, прадстаўленых епіскапатам і мітрапалітам. Пакончана з тымі, хто з чыёйсьці пратэкцыі, але нават без асвячэння, станавіліся епіскапамі. Царкоўныя каноны гэтага не дапускаюць. Трэба таксама было адкрываць духоўныя школы і семінарыі. Царква магла цяпер абнавіць сваю структуру і духоўнае жыццё.
Як і чакалі, ва Украіне і ў Беларусі пачаўся мяцеж, бо такая справа не магла застацца незаўважанаю. Вялікі шум у варшаўскім сейме падняў князь Астрожскі. У Вільні стала на дыбкі Стаўрапігійскае Брацтва, а з ім святары Васіль і Гарасім і дыдаскал (настаўнік) Стафан Зізаній, хаця ім у студзені 1595 года праваслаўны сінод абвясціў анафему за лютэранцкія памылкі і пазбавіў права навучаць. Цяпер крычалі яны, што абараняюць святую праваслаўную Царкву перад антыхрыстам з Рыма і слугамі яго.
Не зважаючы на ўсё гэта, у 1596 годзе быў скліканы ратыфікацыйны сінод у Берасці Літоўскім. Унію ратыфікавалі: кіеўскі мітрапаліт Міхайла Рагоза, уладзімірскі епіскап Іпацій Пацей, луцкі экзарх Кірыла Цярлецкі, полацкі архіепіскап Гермаген, пінскі епіскап Іван Гогаль, холмскі епіскап Дзяніс Збіруйскі, а акрамя таго, тры архімандрыты – браслаўскі, лаўрышаўскі і мінскі, значная колькасць епархіяльнага духавенства і шляхты. Прысутнічалі пры гэтым як дэлегаты, прызначаныя папам, каталіцкія біскупы Ян Салікоўскі, Бярнард Мацяйкоўскі, Станіслаў Гамалінскі, а таксама, як багасловы, Пётр Скарга, Юстын Раб, Мартын Лятэрна і Каспер Няхай.
Князь Астрожскі прыбыў да Берасця збройна. Былі з ім два епіскапы: львоўскі Балабан і перамышльскі Капысценскі, які насуперак царкоўным канонам сядзеў на ўладыкавым прастоле з жонкаю і дзецьмі і таму не спакушаўся ўніяцкімі парадкамі. Меў князь і нямала манаскага духавенства, шляхты, прадстаўнікоў брацтваў і мяшчан, а найбольш людзей, залежных ад яго або ад іншых праваслаўных магнатаў, праціўнікаў справы з’яднання, такіх, як князь Юры Чартарыйскі, князі Алелькавічы, або ад кальвініста Радзівіла і да іх падобных. Усе яны, не жадаючы ні размаўляць з “папежнікамі”, ні браць удзелу ў супольных нарадах, сабраліся на асобны сінод пад кіраўніцтвам Нікіфара, які прыехаў з Малдавіі і называў сябе прадстаўніком і заступнікам Царгародскага Патрыярха. Тытул гэты вельмі сумніўны, калі прыняць пад увагу, што ў Царгорадзе ў згаданы час і аж да 1597 года патрыяршая сталіца была сіратою і не мела патрыярха, а царгародскі патрыяршы каталог, называючы адміністратараў і заступнікаў патрыяршых – Мацея і Гаўрыіла – ні пра якога Нікіфара не згадвае. Дык вось, яны адрынулі Унію і кінулі анафему на унійных епіскапаў.
У тым жа 1596 годзе Кунцэвіч прыбыў у Вільню.
IV
Добрых некалькі гадоў мінула, пакуль (не без ваганняў) знайшоў ён свой шлях. У 1599 годзе памёр Рагоза, мітрапалітам стаў Пацей (на што Цярлецкі глядзеў коса).
А Кунцэвіч, з году ў год настойліва шукаючы ўсялякіх ведаў, дабіўся значных поспехаў. Абсалютны самавук, які ніколі ніводнай калегіі ці акадэміі і не пачынаў, і не закончыў, ён быў чалавекам высокай інтэлігентнасці і вельмі хуткага розуму. Значна пазней, калі ўжо стаў полацкім уладыкам, езуіт Станіслаў Касінскі, чалавек высокаадукаваны, рэктар калегіі, які доўга з ім размаўляў, надта здзіўляўся, што ні на адным спрэчным пытанні Кунцэвіча нельга было злавіць, і ведаючы, што ён ніякіх школ не канчаў, назваў яго “Божым, прыродным багасловам”. Але гэта мелася быць потым. Пакуль жа неспакойным заставаўся Кунцэвіч. Спачатку думалася пра тое, каб не з-за адной толькі паслухмянасці ісці за мітрапалітам, а таму, што гэтага вымагаюць праўда, сумленне і вера. А потым: што ж з сабой зрабіць? Бо ўжо было яму зразумела, што месца яго не за купецкім прылаўкам.
Аднойчы пакланіўся свайму апекуну: час яму падвесці рахункі з самім сабою. На некалькі дзён знік у манастырскай келлі манастыра Найсвятой Тройцы. Толькі Бог мог навесці яго на праўдзівы шлях. Не польскі і не ўкраінскі, не латынскі і не грэцкі: адзіны. Маліўся горача, безупынна, так, што аж каленяў не адчуваў.
Зразумеў Кунцэвіч: то Божая справа, пра якую маліўся Хрыстос на Тайнай Вячэры: “Каб усе адзінымі былі”. Менавіта тут, на землях літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх, на Русі Чырвонай пачынаецца гэтая справа. А думкі князя – і не царкоўныя, і не Божыя. Так яно і ёсць.
Калі на вячэрнюю малітву ў царкву Святой Тройцы прыйшлі толькі-толькі чалавек дваццаць, якія ледзьве маглі спяваць, неспадзявана ўзляцеў аж пад купал малады, вельмі прыгожы голас. Азірнуліся і, хаця было прыцемна, пазналі: спявае Паповічаў чаляднік Кунцэвіч.
Сказаў Кунцэвіч сабе некалі, што пойдзе ў манастыр. Але цяжка было здзейсніць намер. Бацька не даваў згоды, а яму шкада было бацьку: той жа дабра яму жадаў і хацеў адпаведна свайму разуменню забяспечыць яму выгодную і заможную будучыню, хацеў яму дабра. Ды і Паповіча шкада, апекуна. Стары прывязаўся да яго, цяпер сердаваў. Ні адзін, ні другі не хацелі яго адпускаць, а ён сам не быў яшчэ паўналетнім, каб мець права вырашаць сваю долю. Думалі, зялёны, можа, паразумнее. Не ў аднаго думкі падобныя ў галаве снуюцца, а потым мінаюць. А можа якая дзяўчына яго акруціць, бо такі ж ёмкі хлопец. Трэба чакаць. Чакаць.
Карацей кажучы, маўчаў. Доўга. А пры царкве Св. Тройцы ўжо з 1601 года была духоўная семінарыя, закладзеная Пацеем. Рэктарам быў Хведаровіч, а сярод прафесараў быў і грэк Аркудзій, выдатны знаўца Святога Пісання і праваслаўных Бацькоў Царквы.
У хуткім часе памёр бацька, а яму споўнілася 24 гады. І вось у 1604 годзе малады Кунцэвіч пастрыгся ў манахі. Прыняў імя Язафата. Неўзабаве атрымаў дыяканскае пасвячэнне, бо ведаў ужо ўсё, што трэба. Сам мітрапаліт клаў на яго манаскае адзенне. Ведаў пра яго ад віленскіх прафесараў і нямала на яго спадзяваўся.
Здавалася Кунцэвічу, што дасягнуў мэты.
V
Так. Дабіўся мэты. Не думаў ні пра якое ўзвышэнне. Тут будзе жыць, маліцца, спяваць, адпраўляць Службу Божую і працаваць. Дай, Госпадзі, каб для еднасці Божай. Адвагі і запалу мае шмат.
Згадаў віленскія вуліцы ды некаторыя злосныя твары – і ўсміхнуўся: эх, народзе мой! Баішся каталіцкіх парадкаў, як самога чорта. Каб – зберажы Госпадзі – нічога ніколі не змянілася, і хаця пагана было, а ўсё ж па-свойму, як пры дзядах. Душа твая, нібы вялікая сажалка, што зарасла раскаю ды чаротам. Ёсць у ёй нямераныя глыбіні, асветленыя сонцам, але ёсць і цёмныя бездані. Яму ж да сэрца рымскі лад і парадак, мілыя навука і веды, якія стаяць на варце веры.
Аднак і ў яго душа ўсходняя. Каб быць шчырым перад самім сабой і перад тым крыжам: тлее і ў ім іскра неспакою, хаця і ведае, што ідзе Божым шляхам. Ёсць гэта іскра. Бо і тое ён ведае, што размова ідзе не толькі пра вяршэнства Пятра. На самой справе, гэта два розныя светы – духоўнасці і разумення. Ёсць рэчы, якія разумее Скарга і яго некаторыя езуіцкія сябры, але, магчыма, увесь Захад і сам Рым тое да канца зразумець не могуць. А тым больш – клір польскі, латынскі. Гэта два светы.
Ці хаця б справа літургіі. На Захадзе перад Трыдэнцкім Саборам літургійныя абрады былі розныя і нікому не перашкаджала, што французы зусім інакш прыносяць Ахвяру, чым італійцы. Ды нават у самой Італіі існавалі розныя абрады, прычым некаторыя вельмі даўнія і прыгожыя. Пасля Сабору ўстанавілі адзіную, зусім новую Літургію, а поліфанічны спеў, што квітнеў у кожнай краіне па-свойму, збярогся толькі дзякуючы таму, што Палестрына прыйшоўся даспадобы папе і кардыналам, а ўвогуле ж хацелі зліквідаваць поліфанію, як занадта аздобную. Карацей, збярогся толькі выпадкова. Але разнастайнасць абрадаў знікла: адзін толькі Карл Барамей, паколькі быў кардыналам і меў вялікі ўплыў на папскім двары, здолеў зберагчы для сваёй епархіі даўнінны абрад, устаноўлены св. Амброзам. І што? Нічога. Старыя святары пастагналі, што трэба зноў вучыцца Службы Божай, а потым прывыклі, і прыхаджане таксама прывыклі. Рым мае права пастанаўляць, як хоча, і ўносіць змены нават у Святую Літургію.
Для праваслаўнай духоўнасці гэта было незразумелым. Праўда, і тут амаль кожнае сяло спявала інакш сваю Літургію, была вялікая разнастайнасць мелодый, але сам абрад заставаўся нязменным, устаноўленым аднойчы і назаўсёды, як поры дня ці года, што заўсёды аднолькава ідуць адны за другімі ў нязменным выглядзе. Ніводзін выраз не мог быць зменены, ніводнае слова не магло выпасці з гэтага парадку. Літургія была тут чымсьці зусім іншым, чым на Захадзе: зусім не ўмоўным спосабам прынашэння Ахвяры. Ніхто не мог яе змяніць. Гэта было б тое самае, як бы хтосьці няйначай захацеў Сонца і Месяц заштурхнуць у хаос.
Прыгадаем: для праваслаўных людзей настаў потым такі час, калі пры Патрыярху Нікану загадалі хрысціцца не двума пальцамі, што азначаюць падвойную прыроду Хрыста, а трыма, дзеля ўпамінання Святой Тройцы. Таксама вагаліся: ці царкоўныя працэсіі павінны хадзіць “за сонцам” ці “супраць сонца”, і як трэба казаць: “Іісус” ці “Ісус”. З-за такіх спраў раскалолася царква, з-за такіх рэчаў маглі ісці ў ссылку, на вогнішча або пад сякеру. Ужо гэтага на Захадзе ніхто зразумець не мог.
Ёсць ва Уладзіміры – не Валынскім, а ў іншым, над Клязьмаю, у самым сэрцы Расіі – сабор св. Дзімітрыя (ХІІ стагоддзя), на ўнутраных сценах якога – цэлы свет, выражаная разьбярскім спосабам Літургія: Бог Уседзяржыцелль, Пантакратар, які Сусвет утрымлівае ў раўнавазе, а твар і постаць мае Сына свайго, Збаўцы, і Дух, што ўзлятае, нібы голуб, а таксама Гасподнія Святыя. Ёсць там усялякае звяр’ё, Божыя дрэвы, расліны і кветкі; і зямля, якая спявае разам з царом Давідам перад іканастасам з зорак, за якім толькі невыяўная Божая святасць, Божая хвала.
Як жа такое змяняць? Калі штосьці з Літургіі выкінуць, то гэта будзе тое ж самае, што Божы свет скалечыць, або разбурыць гармонію нябесных сфер, – хіба тое можна? Вось таямніца ўспрымання, таямніца душы. Разумееце?
Так яно і ёсць на той зямлі рускай веры. Хай невучоная, хай і зусім цёмная, але калі царква спявае Службу Божую, то ў ёй і неба, распасцёртае над нівамі, і павольнае цячэнне цёмных рэчак, і туманы над чаратамі, шырокая без краю зямля, і хаты, пакорліва схіленыя пад шэраю шапкаю стрэх, вуллейкі, што звіняць пчоламі, убогае людское жыццё, Давыдавы псальмы і ўвесь свет, падобны да белага калача, і Хлеб Цела ды Віно Крыві на радасць з’яднання.
Ішлі па той хлеб, споўненыя пакоры і страху, а гаварылі і гавораць дагэтуль вельмі прыгожа: “Верую, Госпадзі, і прызнаю, што Ты ёсць ваісціну Хрыстос, Сын Бога жывога, што прыйшоў у свет грэшнікаў уратаваць, з якіх найпершы я. Вячэры Тваёй тайнай, сёння, Сыне Божы, мяне, прычасніка, прымі, бо ворагам Тваім тайны не выдам, і пацалунка не дам Табе, як Юда ці як разбойнік; спавядаюся Табе: памяні мяне, Госпадзі, калі прыйдзеш у Царстве Тваім, памяні мяне, Уладыка, калі прыйдзеш у Царстве Тваім, памяні мяне, Святы, калі прыйдзеш у Царстве Тваім. Няхай не на суд і не ў асуджэнне будзе мне прычасце святых Тваіх Таямніц, Госпадзі, а на сцаленне душы і цела. Божа, міласцівы будзь да мяне, грэшнага. Божа, ачысці грахі мае і памілуй мяне. Без ліку награшыў я, Госпадзі, даруй мне”.
І як жа забіраць тое багаслоўе, якое ўрасло ў літургійны парадак, ікону ўратавання? – Ніяк нельга. Тым больш, што гэта справядлівае багаслоўе. Для латынскага вуха, можа, незразумелы выраз “калі прыйдзеш у Царстве Тваім”, але ж гэта азначае тое, што і “калі прыйдзеш у славе Тваёй” або “калі вернешся разам з Тваёй услаўленай і пераўтворанай дзейнасцю”. Вялікая пакора гучыць у гэтай просьбе чалавека, які на парозе Таінства Еўхарыстыі адгукаецца голасам распятага на крыжы разбойніка.
Не трэба ім ставіць дырыжора з палачкаю: самі сябе, сваю веру і сваю зямлю ўслаўляюць, адпраўляючы Службу Божую, няхай і без свядомага багаслоўя, няхай адным толькі хваляваннем душы. Ды невядома толькі, адкуль гэта ўсё ў іх. Ва ўбогіх паселішчах лесарубаў, васкабойнікаў і смаляроў, размешчаных у пушчах, з’яўляліся іконы, падобныя на чароўных казачных жар-птушак. Прымалі іх ды разумелі душой, але не маглі растлумачыць, як такое магчыма. Нельга адбіраць у іх таго свету, што ўвесь быў у Літургіі, – і ён сам, Кунцэвіч, не даў бы яго ў сябе адабраць: гэта немагчыма і страшна, нібы душу выняць з чалавека.
Прачытаў калісьці ў Скаргі: “Царква Божая багатая разнастайнасцю, як царыца фарбамі”. І ўжо ведаў: ён свой, хаця і латыннік. Разумее. Ведае. Ці могуць гэта ўсё зразумець іншыя на Захадзе, у прыватнасці польская Царква? Польскім шляхціцам, што ехалі ў Украіну або ў Маскоўшчыну, надта падабалася праваслаўная Літургія. Але насамрэч нічога яны ў ёй не разумелі, ведаць пра яе не хацелі ды і не змаглі б.
Калі браць, то разам з душой, такой, якой яна ёсць. Калі яднаць, то без выдалення таго, што прыгожае і вартае пашаны, хаця і ў нечым адрознае. Ці здолеюць? А можа, маюць рацыю тыя, што кажуць: “Пачакайце, уніяты, адбяруць у вас латыннікі душу”?
На Захадзе і ў самой Вільні таксама малююць іконы, але ніхто там не ведае, што азначае ікона для Усходу. Для Усходу ікона – гэта ўзор таемнай дзейнасці, выпісаны іменем Божым, узняцце заслоны, што ўтойвае святасць. Няма ў гэтым ніякага ідалапаклонства. Ведаюць, што ікона сама па сабе – толькі дошкі і фарбы, – як акно з’яўляецца толькі дрэвам і шклом. Але як праз акно мы бачым святло і ўвесь свет, што за ім, так і скрозь ікону бачым Светласць Божую і Багародзіцу і саміх святых, жывых сведкаў Бога. Таму людскія вусны пацалункам аддаюць пашану іконе. Чалавек слабы і з зямлёй павязаны, не кожны бачыць вачыма душы, пагэтаму трэба дапамагаць чалавеку, і значыць, калі хто згодна з канонам праўды малюе ікону, ён твой блізкі сябар, варты пашаны. Хто нішчыць ікону – замыкае вокны душы і забівае настаўніка, які навучае жыць у святле Божым. Ікону нельга вываражыць, яе можна сабе вымаліць тугою і пабожнасцю. Так разумелі, хаця ім цяжка было выказаць гэтае разуменне словамі.
А што ведаюць пра гэта заходнія латыннікі, для якіх важным з’яўляецца святлацень і перспектыва, што цешацца, нібы дзеці, прыгажосцю дзяўчыны, якая была натуршчыцаю для Мадонны? Што з гэтага Усходняга свету зразумеюць людзі, якія пакутніцтва Себасцьяна малююць як дэманстрацыю добра развітага чалавечага цела? На ўсходняй іконе пакутнік – гэта само пакутніцтва, і не мае значэння, вызначаецца ён прапарцыянальнай суадпаведнасцю формаў і ліній ці не. Няўжо гэтыя з Захаду ўвогуле захочуць зразумець, што праз ікону адкрываецца перад імі зусім іншы свет? Ці захочуць узбагаціцца тым, цалкам іншым, успрыманнем рэчаў, іншай перспектываю, іншым бачаннем свету, без страху за вытаптаныя праз вякі ўласныя сцежкі, без ганарлівай аслепленасці вышэйшасцю ўласнай душы – каб Царква насамрэч стала багацейшай на разнастайнасць успрымання і бачання, быццам царыца, аздобленая фарбамі? Якраз таго Кунцэвіч і баяўся: ці дасяжнае яно, бачанне, успрыманне?
А можа, менавіта ў выніку поўнага фанабэрыі непаразумення яны ўсё гэта адкінуць, хаця б толькі з-за таго, што ўсходні свет не захапляецца набыткамі лінейнай перспектывы і святлаценю. З іншага боку, чалавек усходняй веры можа не зразумець, што і такім можа быць спосаб упісвання святасці ў свет.
Вельмі шмат было падобных праблем. Дык чым жа будзе Унія? Ці еднасцю, што ўсіх узбагаціць у праведнай і справядлівай шматграннасці, ці толькі ўсходняй прыбудоваю да магутнай Рымскай Царквы, прыбудовай, якая праз іерархічную залежнасць будзе пазней асуджана на паглынанне і ўніфармізацыю згодна з духам каталіцкага свету?..
Вялікі гэта грэх і не па промыслу Божаму – раз’яднанне Цела Хрыстовага. І нельга выдаліць з Евангелля Ісусавых слоў пра ключы Пятровы. Адзіная Галава Царквы – сам Хрыстос, а на зямлі – бачны намеснік Князя Апосталаў, архіерэй Рыма. Гэта, напэўна, Божая задума такая, каб быў адзін статак і адзін пастыр. Але ці зможа Пятроў урад зразумець, што не ўсе авечкі мусяць быць аднолькавай масці і аднолькавага выгляду, што кожны мае права на ўласную душу? Вось жа нават на адной руцэ кожны палец іншы, і неразумна было б спрачацца, які з іх больш важны ці больш заслугоўвае свае назвы. Папа разумее і настойліва вымагае, каб кароль і польскі епіскапат прытрымліваліся ўмоў Уніі і не перацягвалі русінаў на латынства. Але пакуль што пад час царкоўных урачыстасцей які-кольвек віленскі канонік з прычыны свайго каталіцтва думае, што мае права займаць месца перад уніяцкім мітрапалітам грэцкага абраду…
І раптам засароміўся Кунцэвіч перад самім сабою. Ёсць жа над сусветам і над зямлёю Усёдзяржыцель, і як Ён захоча, так будзе. А хто ж ты сам? Слуга Божы. Раб Божы. Калі ты ўжо аддаўся Яму ў рукі, то не круціся і не журыся без патрэбы, бо не табе Богу ў кішэню зазіраць, выцікоўвачы, што ён падрыхтаваў. Шляхі Гасподнія не тое, што шляхі людскія. А калі б нават нічога не выйшла, калі б нават не надышоў час добрага паразумення і блізкасці, час выпраўлення памылак, дык можа пакуль яно так і патрэбна перад тварам Гасподнім дзеля навукі адзінай Царквы, каторая будзе. Каторая ёсць.
А якая? Быццам маланкай заняло яму дух. Можа ў Бога нязменна існуе толькі адна Царква Сына, і зусім не вядома, хто ў ёй ёсць, а каго няма – учора, сягоння, праз стагоддзі? Можа тыя, што Себасцьяна закідвалі камянямі, цяпер знаходзяцца разам з ім? Хто тое ведае? Падымаючы каменне, яны думалі, што служаць праўдзе, але і ў голаў ім не прыходзіла, што праўда можа быць большай і не абавязкова – на іх баку. А калі яна не пры іх, та каменем яе не ўваб’еш. Дзеці неразумныя.
Можа ў полымі Суду згарыць не адна інфула і не адна мітра, а тыя, каго ніхто не любіў, як тое дзеецца з уніятамі, знойдуць, можа, большую міласэрнасць.
Ты сам злавіўся: разумееш, Язафаце, што з табой робіцца. Душа ў цябе ўсходняя, але ўжо не праваслаўная. У праваслаўнага не магло б быць такіх думак. Для праваслаўных існуе толькі адзін спосаб вызнання Бога – іх уласны. А ўсё, што па-за ім, – блуд і адступніцтва, вечная пакута і чартоўскі падман. Адны толькі хрысціяне сапраўдныя – праваслаўныя.
Але, калі да канца быць праўдзівым, то хіба і латыннікі не думаюць падобна?..
Так-то і з табою, Язафаце: ты ні латыннік, ні праваслаўны. Такое новае дзіва – усходні каталік, які, можа, і сам яшчэ не зусім усведамляе таго, што дзеецца. Сэрца баліць у цябе, што Рэч Паспалітая, у якой жывеш, не ёсць айчынаю ўсіх трох народаў. Бо ты ж такі русін з Чэрвеньскіх Гарадоў, хаця па-польску ўмееш размаўляць гэтаксама, як і па-русінску. Тутэйшы ты, з Русі. Паглядзі, колькі людзей “рускай веры” тая самая Рэч Паспалітая пераманвае на латынства, і не абы каго, а найзнатнейшых: Збароўскіх і Сангушкаў, Слуцкіх, Вішнявецкіх, Заслаўскіх, Храбтовічаў, Карэцкіх, Ружынскіх, Чартарыйскіх, Саламярэцкіх, Масальскіх, Сямашкаў, Хадкевічаў, Пузынаў…
Праўда, самі яны пераходзілі, ніхто не цягнуў іх за прыпол і не прымушаў. Але толькі таму так рабілі, што ніхто ў той Рэчы Паспалітай не паважаў рускай веры, не клапаціўся пра яе, не хацеў ні ведаць, ні любіць.
Вось так, Кунцэвіч: шчыра і ўсім сэрцам стаіш ты пры Пятровай сталіцы, але душы свае рускай не аддасі. Аднак думкі твае ўжо не такія, як раней, а быццам бы смялейшыя. І няма ў табе ні адчужанасці, ні правінцыйнасці, і ніжэйшым за іншых сябе не пачуваеш, хаця ты зусім звычайны мяшчанскі сын, толькі што, пэўна, з варажскім ваяцкім ценем за плячыма. Вялікае тваё сэрца – Усход і Захад нароўні хацелася б табе сабраць у адно. То і спрабуй! Кожнаму чалавеку пісаны яго ўласны шлях. Можа і дачасна давялося табе нарадзіцца. Але, калі якраз цяпер гэтае веданне прыйшло да цябе, то мабыць так і трэба. Можа, Бог хоча, каб ты быў сімвалам і паходняй. Давядзецца згарэць – што ж, калі маці для таго цябе нарадзіла. На Бога надзея, што згарыш не марна і не без патрэбы. Не журыся, не сумуй, працуй добра. Служы Царкве Божай. Усе аднолькава ў руках Божых.
Стары царкоўны крыж быў маляваны і пазалочаны, але надта ўчарнелы, і толькі там, дзе ногі цвіком прыбіты, засталося больш светлае – выцалаванае – месца. Узняўся Кунцэвіч, крыж пацалаваў, укланіўся яму. Але нават не заўважыў, як зрабіў гэта. Бо калі расійскі пабрацімец, праваслаўны раб Божы, чалом да зямлі прыпадаў, паклоны стакроць б’ючы, то ён рабіў гэта стоячы, рукою да зямлі. Так у касцёлах перад Целам Гасподнім кланяліся шляхціцы. Так кланяліся казакі на Сечы, хаця і былі праваслаўнымі.
VI
Фундацыя была старая: царкву і манастыр Святой Тройцы заснавала дзесьці ў першай палове ХІV стагоддзя Вольга, жонка Альгерда Гедымінавіча, і меліся ў іх рэліквіі першых на Літве хрысціянскіх пакутнікаў, Альгердавых дружыннікаў. Была таксама цудатворная ікона Божай Маці, прывезеная некалі даўно з Усходу, вельмі старая і паважаная. Мураваную царкву і манастыр пабудавалі ў 1511 годзе і было пры Святой Тройцы царкоўнае брацтва, надзеленае правам Стаўрапігіі. Калі ж прыйшла Унія і манастыр Святой Тройцы прыстаў да яе, брацтва перанеслі ў царкву Святога Духа. Манастыр Святой Тройцы меў калісь багатае велікакняскае забеспячэнне, але пазней адпаведна пастанове караля Стэфана Баторыя апеку над ім прыняла гарадская рада. Яна так рупліва апекавалася, што за 20 гадоў свецкія людзі парабавалі ўсё, што можна, і нават уварваліся ў манастыр на пражыванне, пакінуўшы манахам толькі некалькі келляў. Але апошнім болей і не трэба было, бо засталося ўсяго некалькі з іх. Бяда жыла ў манастыры.
Калі прыбыў Кунцэвіч, архімандрытам быў Пяласій, знаўца славянскіх царкоўных кніг і мовы, прыхільнік Уніі, чалавек лагодны, але надта свабодны і нягодных паводзін. Ён, пабачыўшы, што Язафата адзяваюць у манаскія шаты, ад здзіўлення не мог даўмецца, чаму малады хлопец пагрэбаваў дастаткамі Паповіча і прыйшоў сюды на няпэўную долю і несумненную галечу. Сапраўды, па-людску думаючы, то была задума не з лепшых. Але Пяласій здзівіўся б яшчэ больш, калі б ведаў, што Кунцэвіч хоча рэфармаваць чын. Толькі гэта ўжо і на думку яму не магло прыйсці.
Кунцэвіч кроў меў гарачую і добра пра тое ведаў. Таму цела сваё трымаў на дужа скупых харчах, сурова пасціўся, не любіў цяпла, спаў на шкуры, уставаў дасвеццем, пакуль яшчэ зоры не пагаслі, і часта дзень пачынаў з нагайкі. Кроў бачылі на падлозе. Калі ж на параненую спіну нацягваў сваю ўлюбёную валасяніцу, то пачуваўся ўжо зусім бяспечным і з душою вольнай, быццам бы ўтаймаванае цела было пакінутаю лічынкаю. Архімандрыт з добрасардэчнай усмешкай глядзеў на аскетычныя практыкі навічка: “Адпачні, бо здароўе страціш, з сілаў спадзеш, людзей напужаеш”. Язафат сапраўды дужа змарнеў, счарнеў, толькі вочы гарэлі на прадаўгаватым твары, нібы яшчэ большымі сталі. Аднак людзей яго выгляд чамусьці не адпуджваў – наадварот. Хадзіла па Вільні чутка пра Язафата: даўно, маўляў, такога не было. Ішлі да яго, адчуваючы ў гэтым чалавеку вялікую праўдзівасць, без аніякага прытворства. А сіл у яго не менела – жалезны быў. Самоты шукаў, шмат маліўся, шмат разважаў, кнігі чытаў. Келлю меў маленькую каля самай брамы і амаль не выходзіў з яе, хіба што на богаслужэнні. Калі яго ў келлі пачалі адведваць і адымаць спакой, знайшоў сабе для адзіноты малую каплічку св. Лукі ў аднайменнай царкве, так, што сталі казаць, нібы Язафат з царквы келлю робіць.
Тры гады з келлі ды з царквы не выходзіў, але не зусім парваў сувязі са светам: меў кантакт з езуітамі, з віленскімі прафесарамі, з Аркудзіем і Хведаровічам. Браў у іх кнігі, галоўным чынам творы Айцоў Царквы. Знайшоў у манастыры сябра, Хмяльніцкага, які меў аднолькавае прозвішча з будучым гетманам Украіны, а можа і быў яго родзічам. Ён, хаця і быў шляхціцам, але не ведаў пыхі, быў вельмі пабожны і самаадданы, добразычлівы і сімпатычны. Знаходзіў Кунцэвіч і іншых сяброў, адным з найкаштоўнейшых сярод якіх з’яўляўся Іван-Велямін Руцкі. Гэта быў надзвычайны чалавек. Ён паходзіў з сяла Руты, што на Наваградчыне. Бацькі яго былі кальвіністамі, але сына-адзінца пахрысцілі ў праваслаўнай царкве. Вучыўся ён спачатку ў віленскіх кальвінісцкіх школах, а потым ва універсітэтах у Празе і Вюрцбургу. Ужо ў Празе пакінуў кальвінізм і перайшоў у каталіцызм. Бацькі перасталі яму дапамагаць. З Вюрцбурга пешшу пайшоў да Рыма, дзе езуіты паслалі яго ў Грэцкі калегіюм.
Юнаком Руцкі адчуваў непрыязнасць да Усходняй Царквы, бо нагледзеўся на яе развал і злоўжыванні і не верыў, што яе можна яшчэ ўратаваць. Выхаваны змалку ў кальвінізме, ён не разумеў царкоўных абрадаў і самой праваслаўнай веры. Аднак папа, не зважаючы на яго супраціў, хацеў, каб гэты малады доктар тэалогіі і філасофіі, чалавек вялікіх здольнасцей, паслужыў Царкве, ратуючы праваслаўе. Таму пасля штудый Руцкі ў 1602 годзе прыбыў у Вільню і паслухмяна аддаў сябе ў распараджэнне Пацея. А Пацей сустрэў яго вельмі холадна і недаверліва, бо баяўся, што няма ў ім ні глыбінных душэўных ведаў, ні любові да Царквы, што ён будзе толькі калечыць абрад. Прапанаваў яму выезд за мяжу з сынамі Радзівіла, а пазней прызначыў рэктарам мясцовага Грэцкага калегіюма.
Калі аднак прыбыў у Вільню кармеліт Павел Шыман, накіраваны з місіяй у Персію, знехацелы Руцкі вырашыў ехаць з ім. Даехалі да Масквы, але цар выгнаў каталіцкіх місіянераў. Выкінутыя за муры, яны блукалі ў мораку і тумане цэлую ноч, каб ранкам зноў паўстаць пад тою ж самаю брамай. Пабожны кармеліт пабачыў у гэтым знак Божы і здавалася яму, што Руцкі ёсць для яго тым самым, кім быў уцякач ад загаду Божага прарок Іона для сваіх карабельных таварышаў. Няхай жа вяртаецца ў Вільню. І калі нават Царква падасца яму Левіяфанам, няхай жа дазволіць ёй праглынуць сябе, калі такімі будуць воля Божа і Яго загад.
І Руцкі вярнуўся.
Пазней Руцкі пазнаёміўся з Язафатам Кунцэвічам. І вось Кунцэвіч змяніў душу гэтага чалавека, вельмі вучонага, доктара двух факультэтаў. Руцкі, пазнаёміўшыся бліжэй з Кунцэвічам, пабачыў дзякуючы яму ўвесь бляск і вартасць Усходняй Царквы, пра якую думаў, што яна ўжо згінула. Быў зачараваны. Нядоўга думаючы, пайшоў за Язафатам да базыльян, да Святой Тройцы, і разам з пяццю іншымі маладымі кандыдатамі пастрыгся ў манахі. Стаў такім старанным у ва ўсіх практыках, што сам Язафат мусіў яго стрымліваць, бо Руцкі меў слабае здароўе, не тое, што ён. Шчыра палюбілі адно аднаго, аднак Руцкі больш браў ад Кунцэвіча, чым Кунцэвіч ад яго. Гэта можа падацца дзіўным, бо Руцкі быў старэйшы, больш адукаваны, бывалы ў свеце, ведаў мовы. Але ў душы Кунцэвіча палаў вялікі агонь, а ціхі, нясмелы Руцкі быў вельмі ўражлівы і, нягледзячы на ўсю сваю вучонасць, – прастадушны, як дзіця.
Кунцэвіч таксама шмат скарыстаў з гэтай дружбы і тады, і потым, а Руцкага заўсёды надзвычай паважаў; аднак без Кунцэвіча Руцкі не быў бы тым, кім стаў пазней. Нарэшце сам стары Пацей упэўніўся ў яго вялікім запале і прасякнуўся даверам да яго.
Час быў надта неспакойны. У 1608 годзе тагачасны архімандрыт віленскага Святатроіцкага манастыра Самуіл Санчыла, манах старой школы, і протаіерэй Зашкоўскі паразумеліся з брацтвам Святога Духа і ўчынілі змову супраць мітрапаліта і Уніі. Хацелі апанаваць таксама Менск, Гародню і Наваградак, але спачатку трэба было завалодаць Святою Тройцай, якая ўжо цяпер была фарпостам Уніі ў сталіцы мітраполіі. Санчыла паслаў Руцкага з горада, быццам бы па царкоўных справах, а Кунцэвіча моцна спакушаў, распісваючы яму небяспеку Уніі і вымагаючы манаскага паслушэнства. Ён меў за пазухай яшчэ адзін моцны аргумент: ужо ў 1603 годзе кароль, устрывожаны бунтам Забжыдоўскага, пайшоў на ўступкі праваслаўным і пагадзіўся з тым, каб уніяцкія епіскапы заставаліся на месцах толькі да сваёй смерці, а пасля іх павінны прыйсці “людзі чыста грэцкай веры”. Канец Уніі. Кунцэвіч не паддаўся гэтым аргументам і тады архімандрыт са злосцю ўдарыў яго ў твар. Але Язафат ужо быў не тым, што ў ранняй маладосці, і пакорліва стрываў здзек. Шаноўныя гараджане, братчыкі, запрасіўшы Кунцэвіча на сустрэчу, то пагражалі яму, а то кленчылі перад ім і цалавалі ногі. Нічога не дасягнулі. Кунцэвіч паведаміў пра ўсё Руцкаму, Руцкі ж адаслаў ліст Пацею. Пацей, які знаходзіўся ў гэты час у Варшаве і зводзіў на сейме рахункі з праціўнікамі, праз спецыяльнага пасланца надаў Руцкаму годнасць і абавязкі свайго генеральнага вікарыя на ўсю літоўскую частку мітраполіі разам з адпаведнай юрысдыкцыяй. Змова правалілася. Санчыла і Зашкоўскі былі зняты з пасад і высланы з горада. Але яны спрабавалі прадоўжыць сваю справу. Санчыла падаў скаргу на Пацея і Руцкага ў Літоўскі Трыбунал, а сам пакуль што спакойна хадзіў па Вільні. Бунтаўнікі адкрыта збіралі ахвяраванні на подкуп трыбунала, а то і сейму, і ніхто ім на гэта лішняга слова не сказаў. А дарэчы, подкуп нават і не быў патрэбен. Літоўскі трыбунал, у якім засядалі пратэстанты і праваслаўныя, пазбавіў Пацея мітраполіі, архімандрыю Святой Тройцы прысудзіў Санчылу, а на Руцкага наклаў грашовы штраф у дзесяць тысяч злотых. Кароль адхіліў рашэнне трыбунала і вярнуў Пацею яго годнасць і ўсе цэрквы акрамя царквы і манастыра Св.Духа. Але 12 жніўня 1609 года на Пацея быў учынены замах. Адзін са змоўшчыкаў на вуліцы ў Вільні ўдарыў мітрапаліта шабляй. Мітрапаліт міжвольна засланіўся рукою, у якой трымаў сваю епіскапскую пацярыцу. Шабля перасекла дрэва, адсекла два пальцы, разрэзала залаты ланцуг на грудзях і раздзерла адзенне, але страціла ўжо размах і не дастала цела. Падаючага Пацея засланіў сабою Руцкі. Нападнікі былі схоплены, а кароль, калі даведаўся, паспяшаўся ў Вільню ўласнаю персонай у суправаджэнні сенатараў і нунцыя Сіманэці. Адсечаныя пальцы Руцкі паклаў на алтары Святатроіцкага храма, а Кунцэвіч, што якраз быў рукапакладзены ў сан свяшчэнніка, спавядаў у турме асуджанага да смерці злачынцу, рыхтуючы яго да смерці. У цішыні і не без здзіўлення глядзела гвардыя каралеўская, як на эшафот узыходзілі разам, абняўшыся, асуджаны і яго спавядальнік.
Патрэбная была гэта Пацеева кроў, каб і ў самой Вільні, і па-за ёй стала больш спакойна. Людзі, якія і так не былі злымі, цяпер нібы працверазіліся. Можна ж сердаваць, крычаць, бунтаваць і па судах цягацца, але каб ісці на забойства духоўнай асобы, ды яшчэ перад тым благаславенне ў царкве ўзяўшы, – не, дзякуем. Зрэшты, зноў набліжалася вайна, быў час вялікай расійскай смуты, а чэрнь, што скрозь кардоны прасочвалася, і бежанцы з тварамі ваўкалакаў, калі адтавалі і адаграваліся, распавядалі такія жахлівыя рэчы, што немагчыма было паверыць.
Руцкі стаў архімандрытам у Св. Тройцы, а ў 1611 годзе Пацей прызначыў яго сваім каад’ютарам і спадкаемцам. Выбар гэты быў правільны, бо ніхто іншы сярод тагачаснага рускага духавенства не меў такой адукацыі і падрыхтоўкі, а адданасць Руцкага Царкве не выклікала ўжо сумніву.
VII
Як было ўжо сказана, у 1609 годзе Язафат Кунцэвіч атрымаў іерэйскае пасвячэнне, праўда, прыняў яго не без ваганняў, бо не лічыў сябе вартым такой годнасці, але Руцкі перамог яго супраціў. Толькі цяпер па-сапраўднаму ўзыйшла яго зорка.
Аднак, не толькі яго.
Бо менавіта ў той час з’явіўся на віленскім даляглядзе новы духоўны праваднік праваслаўя – Максім Гарасімавіч Сматрыцкі, што меў манаскае імя Мялецій. Равеснік Язафата, чалавек шляхецкага, хаця і не надта вядомага рода (прозвішча яго паходзіла ад сяла Смотрыч на Падоллі, а Гарасімавіч – па бацьку). Быў украінцам, але і польскаю мовай валодаў так дасканала, што палякі называлі яго польскім Цыцэронам. Ды гэта не мае значэння. Ён быў украінцам, як і Кунцэвіч.
Дзіўна перапляліся лёсы гэтых людзей. Калі б хто пісаў аповесць і прыдумаў Сматрыцкага, то мог бы сказаць, што такія рэчы магчымыя толькі ў аповесцях. Аднак жыццё багацейшае за выдумкі. Бо вось гэтыя два чалавекі нагадвалі адно аднаго, быццам люстраныя адбіткі. Былі нават падобныя адзін на аднаго і, калі б не духоўны выбар, маглі б абняцца, як браты. Але Кунцэвіч выбраў Унію, а Сматрыцкі, хаця і не без ваганняў, – праваслаўе. Ён быў гэтакі ж здольны, адораны, пабожны, аскетычны, любіў веру, практыкаваў беднасць і малітву, што ўсім было вядома. Толькі тая між імі розніца, што атрымаў адукацыю ў некалькіх універсітэтах (Ліпск, Вітэнберг, Вюрцбург), не кажучы ўжо пра Астрожскую Акадэмію. У гэтым ён за Кунцэвіча вышэйшы.
Сматрыцкі таксама хацеў абнавіць Царкву. Ужо ў 1610 годзе ён выдаў самы адметны свой твор – “Трэнас, альбо Плач Адзінай, Святой, Саборнай і Апостальскай Царквы Усходняй, з тлумачэннем догматаў веры, перакладзены спачатку з мовы грэцкай на славянскую, а цяпер са славянскай на польскую Тэафілам Арталогам той жа святой Усходняй Царквы”.
Псеўданім і спасылкі на пераклады былі толькі літаратурнай фікцыяй, бо кніга была яго ўласным творам і доказам яго вялізнай эрудыцыі. Сматрыцкі спасылаўся не толькі на Святое Пісьмо, Айцоў Царквы і антычных аўтараў – ён выкарыстоўваў таксама творы Пятраркі, Эразма Ратэрдамскага і Саванаролі, бо ведаў усю заходнюю літаратуру. Кніга яго карысталася вялізнай пашанай сярод праваслаўных, яе прыраўноўвалі да Святога Пісьма, цалавалі і клалі на галаву пад час царкоўных цырымоній. Яшчэ ў гэтым самым годзе палемізаваў з ёю Пётр Скарга, а потым іншыя.
Гэта барацьба не была барацьбою са зданню, бо ў канцы, як убачым, смерць Кунцэвіча аказалася таксама яго, Сматрыцкага, непасрэднаю справай.
Але найбольш дзівосны (гэта пабачым таксама) быў канец, бо смерць не перапыніла іх барацьбы, а мёртвы Кунцэвіч стаў яшчэ больш грозным праціўнікам, чым быў пры жыцці. Пакуль жа яны сышліся ў барацьбе. Праўда, не надта вядома, ці былі гэтыя абдымкі праціўнікаў заўсёднымі і нязменнымі. Бо калі пазней Сматрыцкі выдаў сваю “Палінодыю”, чарговую палемічную працу, то Астрожскае брацтва загадала яе спаліць: прыпісалі Сматрыцкаму непамерную прыхільнасць да каталіцтва, а можа нават змову з уніятамі, хаця гэта была і няпраўда.
Не такім простым чалавекам быў Мялецій. Але і Кунцэвіч не іншы, хаця зусім інакш створаны. Будучы звонку пабожным манахам ды ідучы настойліва слядамі колішніх Айцоў Царквы, ён, магчыма сам пра тое не ведаючы, меў душу дуэлянта. Не было ніводнай пропаведзі, якая была б выткана з самой пабожнасці, бо Кунцэвіч выбіраў заўсёды тэмы актуальна-спрэчныя і быў шчаслівы, гарцуючы на гэтым полі бітвы, нібыта на вачах абодвух войскаў. Веру меў моцную і глыбокую, розум – хуткі, веды, хаця самавук, – значныя, а памяць – проста фенаменальную: двойчы прачытаўшы кніжку мог паўтарыць яе на памяць. Меў таксама вялікі дар слова ды яшчэ і голас прамоўцы і спевака. Але асабліва ўражвала яго майстэрства фехтаваць, бо Кунцэвіч нібыта не шабляю атакаваў, а палаючай паходняй. Прамаўляў ён з глыбокім пераконаннем і жарам, але заўсёды спакойна, без фанатызму і сарказму. У часы ўсеагульнага абуджэння пачуццяў то была рэч амаль нечуваная, бо відно было, што параніць не хоча, а толькі кідае святлом і асляпляе мацней, чым мог бы гэта зрабіць халодным ды куслівым бляскам шаблі. Маўчальнік у манастыры, ён агнём палаў перад алтаром. Гурмы людзей сыходзіліся на Кунцэвічавы пропаведзі, праваслаўныя ішлі нароўніцу з уніятамі, ішлі, хай сабе толькі з вялікай цікавасці, нават пратэстанты. Яшчэ не было ў гэтай царкве падобных пропаведзей. У Святадухаўскай таксама не было, бо Сматрыцкі, непараўнаны палеміст пяра, прамоўцам не быў. Яму патрэбна была цішыня, адасабленне, спакой, каб думкі і словы плылі хутка, плаўна ды прыгожа.
Язафат не аднаго ўзяў за душу. Неўзабаве ў царкве Св. Духа з’явілася фрэска, дзе было намалявана, як Кунцэвіч, чараўнік, вядзьмар, ашуканец і душахват, штурхае праваслаўны люд у агонь на вечныя пакуты. Нават твар быў намаляваны досыць падобна, і калі якая жанчына надта моцна заглядалася, прасякнутая пабожным страхам, яе штурхалі: “Ідзі, дурніца, перахрысціся!” – вось і хрысцілася тройчы, каб ліхога адагнаць. Перад жывым таксама хрысціліся, а хто-ніхто і каменем кідаў. А ён, відаць, сам сабе бяды шукаў: хадзіў па людзях з катэхізісам і размовамі якраз там, дзе да яго варожа ставіліся. Але ніякое зло яго ніколі не сустрэла якраз, можа, таму, што ніколькі не баяўся. Станавіўся перад імі так, нібыта быў узброены. Калі ж нават не пераконваў нікога (беларусы бываюць страшэнна ўпартыя, часам пагаджаліся, а часам толькі галовамі ківалі і не слухалі ніякіх аргументаў), то заставалася хаця б такое: “Эх, Кунцэвіч, калі б ты быў наш!”
Літургію, якая яна ні складаная, ведаў усю на памяць і на ўсе дні, выпадкі і святы, ведаў усе тэксты, адметнасці, усе запевы. Адкрыў, што ў гэтай Літургіі змяшчаецца ўсё багаслоўе, і тым адрозніваўся ад манахаў старой школы, што ў кожным літургійным тэксце ўмеў выявіць і патлумачыць яго багаслоўскі змест, і не былі тыя тлумачэнні дылетанцкімі. Было штосьці вартае здзіўлення ў яго інтэлекце, які ўсё-такі не фармаваўся ў універсітэтах. Аляксандр Тышкевіч, полацкі земскі суддзя, які пазнаёміўся з Язафатам яшчэ ў Вільні і які высока цаніў дакладнае мысленне, лічыў яго чалавекам вялікага розуму і душы, перад якім адкрыты ўсе тонкасці таямніц Божых. Рэктар варшаўскага езуіцкага калегіюма па прыездзе ў Вільню пайшоў да Язафата з недаверам і скептычна настроены, але пасля доўгай размовы з ім даў найвышэйшую ацэнку. Найбольш здзіўляўся таму, што Кунцэвіч, размаўляючы з ім на польскай мове, так умее перадаць найглыбейшыя пытанні і змест каталіцкай веры, што і па-латыні не трэба ўжо нічога ні выпраўляць, ні дадаваць. А спачатку гэта здавалася яму немагчымым.
Быў у манастыры таксама асобны пакой для жабракоў, бяздомных, хворых. Антон Сялява, які стаўся потым наступнікам Язафата на полацкім уладычым прастоле, а ў 1612 годзе цэлы год правёў пры ім у Вільні, зазначаў, што, калі Кунцэвіча не было ў келлі або ў царкве ці калі ён не праводзіў размоў у горадзе, то, як правіла, сядзеў у гэтай “гасцёўні”, слугуючы, адмываючы і даглядаючы няшчасных. Міласэрнасць яго была сапраўды гераічнай. Айцец Тарас Нарбутовіч суправаджаў аднойчы Язафата у час адведвання ім адной вельмі беднай жанчыны. Калі выявілася, што тая, жывучы адзінока, ужо даўно гэтак цяжка хварэе, што не ў сіле падняцца з ложка, а яе адкрытыя раны гнаяцца, то Язафат найперш узяўся наводзіць парадак, ачышчаць, абмываць і перавязваць няшчасную. У хаце падняўся такі смурод, што чарняцу стала дрэнна і ён паспяшаўся да дзвярэй. Язафат дакорліва глянуў на яго: “Браце, навучыся трываць усё з любоўю да Бога і людзей, каб унікнуць смуроду вечнага. Гэты ж смурод куды меншы!”.
Калі пазней выязджаў з Вільні ў полацкую сталіцу, праводзіў яго вялікі натоўп залітых слязьмі бедакоў. Памяркоўны быў, знявагі дараваў і пускаў на жарт, а калі хто яго абразіў і потым каяўся на споведзі, то ніколі за сваю знявагу не накладаў ніякай пакуты, задавальняючыся раскаяннем грэшніка. Праўда, аднойчы бачылі яго ў гневе. Якаясь жанчына бегла з вялікім крыкам цераз царкоўнае падвор’е, а за ёю бег Язафат з бічом у паднятай руцэ. Жанчына гэта (і красуня ж была!), папрасіла споведзі, а тады пачала настырліва чапляцца да спавядальніка з бессаромнымі заляцаннямі. Язафат у гневе выхапіў канчук і пагнаў нягодніцу цераз падвор’е.
Кунцэвічава заўзятасць мела і свае небяспечныя закануркі. Ён памятаў, – быў у той час яшчэ дыяканам без іерэйскага асвячэння, – прыбыў у віленскі манастыр Святой Тройцы чарнец з далёкай Масковіі Варсанофій-юродзівы, звар’яцелы дзеля Хрыста волат са здзіўленымі вачыма дзіцяці. Вялікае ўражанне аказаў ён на Язафата, апошні нават некаторы час раздумваў, што гэты чалавек і не мог выбраць сабе лепшай долі, як вандраваць пад рукою Божай пад бязмежным небасхілам. Што не пайшоў за ім, у тым заслуга Руцкага ды кагосьці з ураўнаважаных сяброў.
Руцкі, будучы поўным ініцыятывы, але часта з-за нясмеласці падкідаючы іншым ідэі, ціха ды сціпла рэфармаваў разам з Язафатам базыльянскае манаскае жыццё па ўзору Айцоў Усходняй Царквы і з выкарыстаннем вопыту абноўленых пасля Трыдэнцкага Сабору заходніх манаскіх чыноў. Руцкі, якому давалі на тое права яго штудыі, выкладаў навічкам законы веры, навуку Айцоў Царквы, асновы манаскага жыцця паводле твораў св. Васіля Вялікага. Чыталі Святое Пісьмо і царкоўныя кнігі. Незалежна ад гэтага была ўжо пры манастыры семінарыя для епархіяльнага кліру. Шмат хто з семінарыстаў потым ішоў у акадэмію. Не губляючы сваёй істотнай адметнасці, Царква была ўжо ўсё-такі іншай, не гэткай самай, як раней. Там Кунцэвіч навучаў Літургіі і выкладаў манаскі статут. Але здаралася і так, што разам з Літургіяй ішло таксама багаслоўе.
Руцкі быў адзінокім. Калі ён стаў манахам, вялікую частку сваёй маёмасці аддаў манастыру. Дадаў да гэтага Міхайла Радзівіл, дадаў віленскі латынскі біскуп ды і мяшчане не паскупіліся. Пачалася адбудова і абнова царквы і манастыра. Трэба сказаць, што і колькасць манахаў узрастала – ішлі маладыя, заахвочаныя прыкладам, нібы мятлікі на святло. Іншы быў цяпер дух у царкве – вальнейшы. Святая Тройца была адчынена цалюсенькі дзень і амаль да паўночы ў ёй адпраўляліся маленні. У 1614 годзе было ўжо ў адноўленай бызыльянскай абіцелі 60 манахаў, а сярод іх і студэнты Грэцкай калегіі – Ілья Марахоўскі (з 1612 года ўладзімірскі епіскап) ды Леў Крэўза, вядомы потым пісьменнік.
Меў манастыр Святой Тройцы таксама сваю жывую легенду. У 1610 годзе прыбыў туды прызначаны Дзімітрыем-Самазванцам маскоўскі патрыярх Ігнацій разам са сваім сакратаром, грэкам Эмануілам Кантакузенам. Калі самазванца забілі, а царом стаў Шуйскі, патрыярх папрасіў прытулку ў Польшчы. Цяжка зразумець, чаму праваслаўны патрыярх Масквы выбраў сабе ў Вільні менавіта ўніяцкі манастыр Святой Тройцы, а не праваслаўны Св. Духа, – можна здагадвацца, што для яго, як і для ўсіх велікаросаў, унія была чужою. Магчыма, ён пачуваўся надта ўпэўненым і ўмацаваным у сваёй праваслаўнай артадоксіі, а Св. Тройцу абраў з-за цікаўнасці, бо дагэтуль нічога такога дзіўнага не ведаў і не бачыў. Але закончылася ўсё неспадзявана: у гэтым уніяцкім манастыры ён знайшоў царкоўныя абрады, захаваныя ў вялікай чысціні і раскошы, і такога духу манашай рупнасці, якога дасюль не бачыў. Ды яшчэ і навуку. Шмат вечароў і начэй ён правёў у размовах з Руцкім і Кунцэвічам, урэшце прыняў унію і застаўся ў манастыры да самай сваёй смерці ў 1616 годзе. Зрабіў гэта па пераконанасці, а не па прымусу, бо калі б хацеў застацца праваслаўным, то любы праваслаўны манастыр прыняў бы яго з пашанотаю. Найбольш здзіўляўся гэтаму пан Сапега, які ведаў Масковію з проста забабоннай агідай тамтэйшых праваслаўных да каталіцтва. Будучы ў Маскве ён бачыў, як баяры, прывітаўшыся з ім за руку, потайкі ўцякалі да міскі з вадою, каб памыць рукі, бо пачувалі сябе заплямленымі самім дотыкам латынскай рукі і сплёўвалі цераз плячо ад сурокаў. А тут – бач ты – сам патрыярх, маскаль, даў сябе пераканаць. Гэтак жа Імануіл Кантакузен стаў уніятам і так прывязаўся да Язафата, што ўжо ніколі яго не пакідаў, пайшоў за ім у Полацк і стаў там аканомам архіепіскапскага палаца. Ён даў пазней як відавочца адно з найлепшых сведчанняў пра Язафата. І сведчанне гэта было пэўнае, бо, гэтак жа выхаваны змалку ў праваслаўі, ані родзічам яму не быў, ані душы сваёй царкоўнай не памяняў, а толькі вызваліўся ад прадузятасці.
VIII
Стары мітрапаліт Пацей памёр 13 ліпеня 1613 года. Руцкі як каад’ютар стаў у 1614 годзе мітрапалітам. А Кунцэвіч, прызначаны архімандрытам у манастыр Св. Тройцы, стаў там ігуменам. Насуперак усім перашкодам Унія расла. Віленскі кашталян Геранім Хадкевіч звярнуўся ў гэты час да Руцкага і Кунцэвіча, каб яны прынялі яшчэ архімандрыю ў Супраслі, у Троцкім ваяводстве, што за тры мілі ад Беластока, – гэта была фундацыя Хадкевічаў. Таксама і Рыгор Трызна, шляхціц старадаўняга роду, прасіў Руцкага прыняць манастыр у Быцені, у Наваградскім ваяводстве. У свой час – пасля пабудовы – гэты манастыр Трызна падараваў віленскім базыльянам. Пайшло туды некалькі чарняцоў новага пакалення са Св. Тройцы… Пад непасрэдным кіраўніцтвам і апекаю Язафата манастыр вельмі хутка і добра развіваўся і ў XVII стагоддзі стаў першым навіцыяцкім манастыром віленскай Уніі. Навіцыят як асобнае месца падрыхтоўкі, выхавання ды фармавання кандыдатаў дагэтуль не быў вядомы ва Усходняй Царкве. Руцкі ішоў тут услед за арганізацыйнай практыкай Заходняй Царквы, але разам з тым выкарыстаў і ўсходні манаскі вопыт. Язафат жа быў іх патронам.
Былі яшчэ Жыровічы, падарунак прыяцеля Трызны смаленскага кашталяна Івана Мялешкі, які перайшоў ва ўніяцтва пад уплывам Язафата Кунцэвіча і стаў потым яго сябрам. Мялешка падараваў яму таксама сяло Жыровічы, дзе была царква з шырока вядомай старадаўняй цудатворнай іконай Божай Маці, якая прыцягвала натоўпы багамолаў. Царкву аднавілі і пашырылі, а Леў Сапега, вялікі канцлер літоўскі, надарыў пабудаваны Язафатам манастыр зямлёю і некалькімі сёламі. Прыйшлі сюды і віленскія базыльяне. Болей за 200 гадоў, аж да часу адміністрацыйнай ліквідацыі Уніі царскім урадам, Жыровічы былі славаю базыльянскага ўніяцкага чыну ў Беларусі, а сталася гэта дзякуючы Язафату, які праславіўся тут як прапаведнік Слова Божага, місіянер і спавядальнік. Солтан, беларускі магнат, сустрэў Язафата праклёнамі і знявагамі. Ды не прамінула шмат часу, як і яго здабыў Язафат для Уніі. Калі Язафат развітваўся з Жыровічамі, у вялікім манастыры працавалі ўжо розныя школы і друкарня. Жыровічы сталі для Літвы і Беларусі тым, што Чэнстахова для Польшчы, і не толькі Літва і Беларусь ішлі туды з малітваю, просьбаю і падзякаю. Бачыла Багародзіца Жыровіцкая таксама Уладзіслава IV, Яна Казіміра Сабескага і Аўгуста ІІ, а таксама Станіслава Аўгуста. У 1790 годзе папа Бенедыкт ХІІІ прыслаў Жыровіцкай Багародзіцы залатую карону, якой каранаваў яе мітрапаліт Анастас Шаптыцкі. А недзе на пачатку XVIII стагоддзя якісьці невядомы манах намаляваў на сцяне базыльянскага манастыра ў Рыме копію Жыровіцкай Багародзіцы. Яна таксама стала цудатворнай і рымскі люд шанаваў яе пад назвай “Мадонна дэль Раскольё”.
Тры гады (з 1614 па 1617) давялося Кунцэвічу выконваць абавязкі архімандрыта Св. Тройцы. Справядліва мог адчуваць ён сябе задаволеным і шчаслівым: у цяперашнім адбудаваным і расшыраным манастыры было ўжо некалькі дзесяткаў маладых, асвечаных новым духам манахаў, не ўлічваючы тых, што пайшлі да Супрасля, Быценя і Жыровіч. А некалі ж, у 1604 годзе, ён прыйшоў у гэты разбураны манастыр як адзіны новы манах. Пацей зацвердзіў легальнае існаванне Уніі і аддаў усе сілы для яе ўмацавання, Руцкі даў арганізацыю і навуку, але дух быў яго, Язафата. Гэта ён быў настаўнікам, прапаведнікам, спавядальнікам, жывым прыкладам, палаючай паходняй. Мог ганарыцца, але ніколі гэтага і не думаў рабіць. І, мабыць, меў рацыю. Нават факел не распаліць агню, калі няма адпаведнага падкладу. Унія не была інтэрасам. Хто хацеў узвысіцца, хто меў на ўвазе кар’еру, той пераходзіў у рымскае каталіцтва. Ім добра было ведама: амаль ніхто з палякаў не можа зразумець, што гэта за такое дзіва – усходні рускі царкоўны каталіцызм. Нямала таксама ўкраінскай і беларускай моладзі, думаючы пра кар’еру, ішло ў езуіцкія калегіі і прымала рымакаталіцкую веру. Унія не была штучным утварэннем, выпеставаным у цяпліцы, як нехта сёння думае. І мела яна аж занадта магутных супраціўнікаў – ад Астрожскага да казацтва, – а дзяржаўная і царкоўная польская “апека” была дужа няпэўнай. Мноства католікаў з ёю змагалася. Калі ж не зважаючы на ўсё гэта Унія ўтрымалася і пашырылася, то, відаць, мела сваю ўласную сілу і жыццяздольнасць, бо іначай ніякі факел не мог бы яе распаліць. З ласкі Бога і Яго волі Кунцэвіч быў тым факелам. Але наўрад ці ён меў рацыю, калі свае заслугі бачыў адно ў тым цвярозым парадку, які распальвае толькі тое, што з Божай ласкі даспявае ў людзях і без яго заслугі. Быў тым, хто абуджае звонам і распальвае святло ў келлях, хто навучае, выпроствае і змацоўвае ды паядноўвае з Богам у Святых Таінствах. Навошта б яно ўсё тое здалося, каб не было запатрабавана?
Ён быў бязмерна пакорлівы. Толькі для алтара апранаўся ў раскошныя царкоўныя рызы, бо таго вымагала велічнасць літургійных Божых таямніц і даўняя традыцыя Усходняй Царквы. Але нават у час пазнейшага архіепіскапства ён не пакінуў чарнечага клабука і адзення з найпрасцейшага матэрыяла, хаця іншыя хадзілі ў шаўках. Калі Рыгор Трызна падараваў яму футра (прасіў Руцкага, каб загадаў Язафату пад послухам прыняць гэты падарунак), Язафат прыняў, але неадкладна пашыў з гэтага футра цёплыя шапкі для браціі. Калі яму казалі, што ён невук, адказваў спакойна: “А кім жа можа быць уладзімірскі купчык?” Калі яго зневажалі, гаварыў: “Браце, ты пэўна маеш рацыю, кажучы пра Кунцэвіча. Але ты абражаеш чалавека, які ўсім сэрцам аддаўся Богу і хоча быць сябрам для такіх, як ты”.
Не кранала яго людская злосць, меў у сабе свет Божы. У гэтай сваёй пакоры быў непераможны. Многія зачараваныя ім зразумелі надзвычайную праўду пра тое, што ёсць адзін толькі велічны і годны гонар, якога нельга ні зраніць, ні зменшыць. І таямніцай яго ёсць пакора. Шмат людзей, здабытых ім, пачыналі з праклёнаў і зняваг, а потым бачылі, што толькі саміх сябе абражалі. Ён быў надзвычай добрым чалавекам. Калі сустракаў такіх, што ніякім чынам не маглі выблытацца з граху, увесь час да яго вяртаючыся, не абураўся і не страчваў цярпення. Казаў такому няшчаснаму: “Не губляй надзеі. Я сам буду маліцца за цябе, сам буду пакутаваць за тое, што ты зацята грашыш”. Так і не выходзіў з гэтых маленняў і пакутаў за чужыя грахі, і нішто не ўзрушала так людскіх сэрцаў, як усведамленне братэрскай салідарнасці, поўнай любові. Сведчыў пазней адзін з манаскай браціі, што Язафат уночы, думаючы, што ўжо ўсе спяць і ніхто не чуе, уставаў і напаўголаса маліўся з вялікім болем і жалем за кожнага, хто з-за слабасці не можа пазбыцца грахоў, і за кожнага сабе спіну батажыў. Адзін неўгамонны чалавек, які многіх ужо шабляю панявечыў, а потым каяўся за сваю запальчывасць, заспеў Язафата на цвінтары, калі той стаяў на каленях у снезе, на магіле чалавека, некалі ім пакрыўджанага. І сам Язафат спавядаўся вельмі часта, а свайму спавядальніку сказаў аднойчы з усмешкай: “Ойча, з якой радасцю насіў бы я цябе з сабою”.
Людзі ўвесь час гарнуліся да яго. Ён сапраўды быў душахватам, але не толькі таму, што лавіў душы для Бога і еднасці, але і таму, што і дызунітаў умеў любіць за іх чалавечыя і хрысціянскія якасці, за ўсё пазітыўнае, за добрую волю, прынамсі. Адсюль і паходзіць яго неспадзяваная прыязнасць да іншаверцаў. Не быў замкнёны сам у сабе. Аднак ён выклікаў таксама і нянавісць да сваёй асобы. Была гэта нянавісць даволі своеасаблівай, бо вынікала пераважна з суб’ектыўна добрай волі: людзі давяралі звесткам, што Язафат запрадаўся латыннікам і пасягае на згубу Царквы, прычым найхітрэйшым спосабам – у выглядзе заступніка і сябра. Лічылі яго нават чараўніком, бо якою ж сілаю можа чалавек браць іншых у ясыр? Лічылі яго і за чорта, які дзякуючы сваёй мудрасці прыняў выгляд святога. Гэта магло б здавацца забабоннай цемраю, але што ж рабіць з такой досыць бездапаможнай заяваю асвечанага чалавека, езуіта а. Ласенскага з Полацка, які сведчыў: “Ён мне прыйшоўся па сэрцу… Я любіў глядзець на яго і слухаць”. Што рабіць з кальвінісцкім міністрам (галоўным), які вучыўся ў швейцарскіх універсітэтах, але, перайшоўшы ва ўніяцтва, ніколі не даў сябе пераканаць, што Язафат Кунцэвіч не ёсць пасланым ад Бога Анёлам Уратавання? Як глядзець простым людзям, якія ў сваім недаверы хацелі бачыць у ім д’ябальскага слугу і палаць да яго нянавісцю? А здараліся і падзеі даволі відовішчныя, што ўплывалі на ўяўленне. Адзін шляхціц нацкаваў на яго сабак, калі Язафат захацеў паразмаўляць з ім пра справы веры. Але сабакі, дагэтуль заўсёды паслухмяныя, паляглі, не рухаліся. Тое ж самае спрабавала зрабіць жонка капітана Кішкі, але сабакі, якія ўжо не аднаго разарвалі, пачалі да яго лашчыцца і падсоўвалі галовы, каб іх пагладзіў. Жанчына расчулілася і папрасіла споведзі. Шляхціц Сарока, якога не пераканалі ні словы Язафата, ні слёзы ўласных дачок, раптам, калі Язафат, сядаючы ўжо ў брычку, зрабіў над ім знак крыжа, кінуўся наперад, сесці не даў і, стаўшы на калені, пачаў уголас спавядацца. Не ён адзін пакарыўся, пакараліся і людзі больш радавітыя, вось хаця б будучы полацкі ваявода князь Друцкі-Любецкі, заўзяты кальвініст.
Адно з двох: або ён чалавек Божы і святы, або сам уцеляснёны д’ябал. Навучаюць жа Айцы, што і сатана быў спачатку анёлам, таму сіла, а можа і выгляд, у яго, аблудніка, засталіся ранейшымі. Бо ўвесь бруд сатаны знаходзіцца ўсярэдзіне, у двудушнасці ды ілжы, а знешні выгляд можа быць прывабным. Нямала было такіх, што лічылі Язафата звадыяшам і ненавідзелі па гэтай самай прычыне, перакананыя, што супраціўляюцца злу і не дадуць сябе падмануць.
Ведалі яго па тым, што, як здавалася, больш любіў ворагаў, ніж сяброў. Неяк у тлуме натоўпу, калі цяжка было да яго даступіцца, хтосьці параіў: “Калі хочам па-таварыску з ім пагаварыць, то трэба штосьці такое зрабіць, каб лічыў нас ворагамі”. І сапраўды, гэты спосаб дзейнічаў. Таму, хто хацеў Язафата мець каля стала, найпрасцей было з прыяцелем пасварыцца, бо тады Язафат сам хапаў яго за рукаў і казаў: “Не шкадуй мне хлеба: трэба мне сёння павячэраць у цябе”. А калі прыходзіў, угаворваў да згоды і яднання. Надта не любіў усялякага раздраю.
Адміністратарам быў дзіўным, бо, праўду кажучы, выносіў з манастыра жабракам усё, што толькі мог. Калі яго пыталі, якім чынам пры такім гаспадаранні вялікая грамада ў манастыры ўсё-такі неяк жыве, архімандрыт адказаў шчыра: “Калі ж бо я не ведаю. Бог дае”.
Выхаваў нямала манахаў новай генерацыі, якія ўмелі добра жыць, добра дзейнічаць і добра паміраць, як, да прыкладу, вучань яго а. Сямён Яцкевіч, якога паважалі і простыя людзі, і польскія каралі. Ён памёр пачэсна, у час малітвы, кажучы: “Веру, Госпадзі, маю надзею, люблю, смуткую”.
Не прамінула і ста гадоў, як усе рускія епархіі ў межах польскай дзяржавы, акрамя адной толькі, сталі ўніяцкімі, а ўсе тыя, што ў XVII стагоддзі ціха і без пахвалы гэтую справу рабілі, выйшлі з рук Язафата.
IX
Архімандрыт Язафат, хаця б і надта хацеў, не мог жыць гэтак жа сама, як жыў звычайны чарнец Язафат, бо даводзілася яму досыць часта выязджаць у Быцень ці Жыровічы, у Наваградак або да Руцкага ў ягоную Руту. Кунцэвіч ператварыў гэтыя выезды ў апостальскія падарожжы і аднолькава ахвотна адведваў як двары вяльможаў, так і сялянскія хаты і гарадскія вязніцы.
У 1614 годзе давялося яму ехаць з Руцкім у Кіеў. Руцкі быў кіеўскім мітрапалітам, але, як і яго папярэднікі, пражываў у Вільні або ў Наваградку. Адпаведна сваёй пасадзе быў таксама архімандрытам Пячэрскай Лаўры, найстарэйшага і найвялікшага ўкраінскага манастыра. Архімандрытам ён, праўда, толькі называўся, бо Кіеўшчына дагэтуль не прыняла Уніі. Нават энергічны Пацей, які меў гэтае ж званне, не адважваўся туды заязджаць.
Яны, аднак, паехалі. Па прыездзе ў Кіеў Кунцэвіч не траціў марна ні аднаго дня: ён зараз жа пайшоў у Лаўру, хаця Руцкі, трывожачыся, горача адгаворваў яго. Мясцовасць была ў тыя часы пакрыта лесам, які падступаўся аж да горада. І ў гэтым лесе Язафат, ідучы адзінока, сустрэў паляўнічую дружыну з сабакамі. Чалавек імпазантнага выгляду і панскага аблічча, які ехаў на чале дружыны, пабачыўшы адзінокага манаха, загадаў яму спыніцца і запытаў яго імя. Вандроўнік назваўся: Язафат Кунцэвіч, архімандрыт віленскага манастыра Святой Тройцы. У Лаўру ідзе адведаць манахаў, машчам святых пакланіцца. А ў чалавека гэтага рагаціна ў руцэ здрыганулася і ён пачаў лаяць Язафата здраднікам ды адшчапенцам, які заслугоўвае смерці. Здагадаўся Кунцэвіч, з кім мае справу: быў гэта праваслаўны архімандрыт Лаўры Язэп Курцэвіч, нашчадак старадаўняга ўкраінскага роду, які носіць у манастве імя Езекііл. Абодва чулі адзін пра аднаго. Цяпер сустрэліся. Перачакаўшы выбух гневу, Язафат сказаў: “Мне дзіўна, што не вычытаў я ў правілах святога Васіля дазволу манахам браць удзел у ловах”. Гэта было крыху дзёрзка, але Курцэвіч, калі зірнуў яму ў вочы і згадаў, што вораг стаіць перад ім адзін, супакоіўся. Бясслаўна было б забіваць безабароннага, а што датычыцца правілаў, то яно такі праўда. Павярнуў каня і паехаў у Лаўру. Так і ішоў Кунцэвіч паміж узброенымі, ужо не адзін.
У Лаўры ўдарылі ў званы, і манахі збегліся да трапезнай: прыбыў Кунцэвіч! Узняўся крык вялікі, паднялося над Язафатам нямала рук. Адны яго лаялі, іншыя насміхаліся, а больш гарачыя крычалі, каб да Дняпра з ім, у ваду: час пакончыць са здраднікам ды ашуканцам, які руйнуе праваслаўную Царкву!
Але падняўся з крэсла Курцэвіч і суцішыў крык.
– Чаго ты хочаш?
Сказаў Язафат:
– Браты! Прыйшоў я сюды, каб пакланіцца святым мясцінам, аддаць павагу мошчам слуг Божых і пабачыць помнікі слаўнага Кіева. Няма ў мяне ліхіх намераў і жадаю я вам толькі дабра. Я ўсім сэрцам радуюся, што бачу тут так шмат манахаў і ахвотна пагаджуся з вамі, калі на аснове Святога Пісьма і нашых царкоўных кніг, кніг Айцоў нашай Царквы, давядзеце мне, што мая дарога няправільная.
Настала ціша, а сам Курцэвіч, жадаючы супакоіць сумятню, загадаў прынесці хлеба і солі. Такі быў старадаўні і годны пашаны звычай, што калі з кім хлеб ламалі, то чалавек гэты станавіўся ўжо недатыкальным. Але Язафат настойваў, каб прынеслі святыя кнігі. Карацей, прынеслі іх. Адчытаў ён кіяўлянам архірэйскую малітву Ісуса Хрыста на Тайнай Вячэры і ўсе грозныя прыпавесці пра падзеленае царства, і слова пра ключы Пятровы, і Лісты Апостальскія, якія вымагаюць хрысціянскай еднасці Царгорада з Рымам. На аснове мясцовых рускіх хронік давёў, што Кіеў не раз і не два зносіўся з Рымам нават тады, калі іншыя адступалі, ды што і сам Царгорад, калі быў яшчэ вольным, уклаў Унію. Хіба забылі пра мітрапаліта кіеўскага Ісідора? Прыняў жа Кіеў яго, уніята, а толькі Масква загнала ў турму.
Чытаючы з царкоўных кніг, паказаў Кунцэвіч, што і самі яны моляцца за тое, што перад тым пракліналі. Дык ці ж ёсць ён здраднікам? І хіба гэта здрада – вяртаць да еднасці дзеля Пана нашага, Ісуса Хрыста?
Не змаглі яму давесці адваротнае, але самі стаялі ўпартаю грамадою, не далі сябе пераканаць. Круцілі галовамі і гаварылі: “Па праўдзе называюць цябе душахватам, архімандрыце!” А іншыя гаварылі тое, што чуў ужо не раз: “Калі б ты наш быў!”
Хіба ў тым іх пераканаў, што прызналі яго чалавекам добрай волі, які цяміць у Святым Пісьме і кнігах царкоўных. Немалым набыткам было і тое, што кіяўляне вялікай грамадой ды ўжо без варожасці правялі яго да жытла Руцкага, які быў ужо спакой згубіў, а калі пабачыў здалёку тлум пячорскіх чарняцоў, нават уявіў, што яны нясуць яму мёртвага Язафата.
Уначы прыйшлі да яго два праваслаўныя кіеўскія святары – Антон Грэковіч і Іван Юзэфовіч. Яны, а таксама мешчанін Іван Хадыка, прысталі да Уніі. Усе яны неўзабаве мусілі загінуць: пасеклі іх казакі за Унію.
Сустрэўся яшчэ Кунцэвіч і размаўляў са сваімі родзічамі, якіх трое было на Казаччыне. Размовы з імі, надзвычай шчырыя і адкрытыя, былі яму вельмі патрэбныя: дужа шмат зразумеў і моцна затрывожыўся.
Казакі былі рэальнаю сілай, што з дня ў дзень узрастала. Не былі гэта людзі надта пабожныя: добра, калі хто-небудзь з іх колькі разоў за год наведваў царкву; пра веру не ведалі амаль нічога. Былі і песні казацкія, што насміхаліся: казак, пабачыўшы ў стэпу штосьці чорнае з барадою, не ведае, ці гэта казёл, ці поп?
“Слаўны хлопцы-запарожцы век свой звекавалі,
Цэрквы не відалі”.
Не, пабожнымі яны не былі. Аднак казацтва на Украіне было апірышчам праваслаўя, нават у царкоўныя брацтвы казакі запісваліся цэлымі грамадамі. Уніят у іх вачах быў чалавекам, што прыняў панскую, ляшскую веру. А гэтага было досыць, бо мелі з панамі свае падрахункі.
Усё яшчэ можна было выйграць і ўсё прайграць. Але бачна было, што адбываецца нешта нядобрае.
А хто ж тут быў? Яшчэ не так даўно паселішчы заканчваліся каля Камянца, Канева, Чаркасаў, а на Задняпроўі – каля Чарнігава і Пуціўля. Далей, аж па Чорнае мора, было Дзікае Поле – небяспечныя і надзвычай прыгожыя землі, і таксама вольныя. Мясцовага люду было няшмат, а пазней уцякалі туды, шукаючы волі, сяляне з Польшчы, з Маскоўшчыны, з Валахіі, з Малдавіі, нават з Нямеччыны. Налічылі потым прадстаўнікоў аж 23 народнасцей, некаторых і зусім экзатычных, бо трапляўся не толькі грузін або чаркес, а нават іспанец. Праўда, вельмі хутка ўсё сплаўлялася ў адну ўкраінскую супольнасць. Зямля была тут добрая і прывабная, у яе нават улюбіўся як не да смерці будучы мітрапаліт Магіла з роду валоскіх гаспадароў, чалавек светлы і далёкі ад правінцыйнасці. Ішлі туды таксама шляхціцы няўрымслівай натуры. “Яшчэ на нашай памяці ішлі туды рыцарскія людзі, каб з нявернымі паспрабаваць шчасця, далей пачалі прыбываць і такія, што ў Польшчы натварылі якогась непатрэбства”, – пісаў Барташ Папроцкі. Быў гэта вайсковы люд, што меў у крыві свабоду і іскру адчайнасці. Хто ў канцы XV стагоддзя знішчыў Ачакаў, турэцкую фартэцыю ў горле Дняпра? Чаркаскі стараста Багдан Глінскі з казакамі. Каго там яшчэ бачылі ў тым стагоддзі? Вялікага пана Юрыя Паца, таксама з казакамі. Хто хадзіў пазней? Юры Язлавецкі, Сямён Пронскі, Сянько Палазовіч… А ці самі князі Астрожскі, Патоцкі, Збаражскі ды Карэцкі не належалі да казацкага таварыства? Хто першы паклаў асновы казацкага ладу? Дык жа Астап Дашковіч, чаркаскі стараста, шляхціц, што быў і ў Крыме з казакамі. Барскі стараста Якаў Прэтвіч, пабратаўшыся з казакамі, правёў 70 бітваў і ўва ўсіх здабыў перамогу. Надта назольнымі былі яны для туркаў і для Крыма, а султан, скардзячыся каралю, адным духам наракаў і на свавольнае казацтва, і на пана Сангушку, што таксама хадзіў у стэпы.
Хто ў першай палове XVI стагоддзя заснаваў першую рэгулярную Запарожскую Сеч? Продак Ярэмы і караля Міхайлы, князь Змітро Вішнявецкі, украінскі магнат, што дзеля Дзікага Поля пакінуў маетнасць ды спакойнае жыццё. Чалавек буйнога маладзецтва і безразважнай адвагі, ён закончыў жыццё на круку ў Стамбуле, дзе, падвешаны за рабрыну, тры дні канаў, праклінаючы Магамета, аж пакуль яго не дабілі стралою. Султан прапанаваў Змітру, каб той пасля прыняцця іслама ўзяў за сябе яго дачку і стаў правадыром яго войска. А ён не захацеў. Легендаю стаў Змітро Вішнявецкі, і песні пра яго вякамі спяваюць на Украіне.
Што праўда, шмат клопату прыносілі яны і Рэчы Паспалітай. “Ін номінэ” (намінальна) і зямля, і самі казакі належалі Рэчы Паспалітай, але войны вялі яны нікога не пытаючы. Кароль жа мусіў апраўдвацца. Аднак магла з гэтага вырасці вялікая ды добрая рэч: жалезная фартэцыя на ўзмежку дзівоснай і багатай зямлі, што радзіла так шчодра, як ніякая іншая. Казацтва ўжо ў XVI стагоддзі было самастойнай вайсковай ды палітычнай сілай. Само яно яшчэ пра тое не ведала, а польская Рэч Паспалітая нават і не хацела ведаць. Быў князь валынскі Багдан Ружынскі, які першы тытулаваў сябе гетманам запарожскіх казакаў, і загінуў пад турэцкай фартэцыяй Аслам-Кермень. Быў Іван Падкова, што рабіў адчайныя казацкія паходы чайкамі на Чорнае мора. Гісторык Мустафа Наім пісаў пра казакаў: “Іх чайкі, звязаныя з чароту і лазы, не тонуць, калі ўздымаецца магутная хваля, і амаль запаўняюцца вадой, а гяуры, затопленыя да пояса, б’юцца да смерці. Смела можна сказаць, што больш дзёрзкага, чым казакі, люду, які меней за іх дбае аб жыцці, знайсці немагчыма”. У 1602 годзе казакі разбілі турэцкі флот каля ўзбярэжжа Малой Азіі. У 1608 годзе здабылі Варну, а ў Крыме – Перакоп. Калі здабылі фартэцыю і горад Сіноп, султан загадаў павесіць вялікага візіра, які не здолеў арганізаваць абарону. У 1615 годзе восемдзесят казацкіх чаек з неймавернай дзёрзкасцю падышлі да Стамбула, і пажар у прадмесцях сталіцы засвяціў султану ў вочы. Пайшла за імі пагоня, магутны турэцкі флот дагнаў казацкія чайкі пад Ачакавам. Казакі прынялі марскі бой і, хаця ў гэта цяжка паверыць, разграмілі флот, спалілі нямала караблёў на вачах турэцкага гарнізона ў Ачакаве. Пазней, калі адбываўся паход супраць казакаў, янычараў трэба было канчукамі заганяць на караблі: баяліся.
Кароль Баторый спрабаваў спачатку зліквідаваць самастойнасць Казаччыны, але хутка зарыентаваўся ў сітуацыі і ўтварыў першае рэгулярнае запарожскае войска, запісанае ў рэестры. Рэестравыя мелі свой суд і арсеналы, шпіталі, вайсковае жалаванне і звальненне ад падаткаў. Яны падпарадкоўваліся атаману і былі вольнымі ваярамі. Кароль даў казакам гарады Трахтаміраў і Чыгірын, а ў канфліктах са старастамі станавіўся на іх бок. І нарадзілася на Украіне батарыянская легенда.
З таго часу рэестравыя казакі бралі ўдзел амаль ува ўсіх польскіх войнах, на ўсіх франтах, у сотнях баёў. Магла з таго вынікнуць добрая і карысная рэч, бо нішто так не аб’ядноўвае, як разам пралітая кроў. А няшчасце было ў тым, што Польшча не разумела сітуацыі і не вяла чэснай гульні. Калі ішла вайна і трэба было крыві, тады павялічваліся казацкія рэестры ды свяцілася ў вочы казацкаю вольніцай. Карацей, ішоў казак на вайну. Калі гінуў, заставалася слава. А калі жывым вяртаўся, дазнаваўся, што рэестр страшэнна зменшаны, і ён, як халоп, павінен ісці ў прыгон. Так на багатай зямлі вырасталі велічэзныя маёнткі: некаторыя “караляняты” мелі гадавыя даходы ўдвая большыя, чым увесь дзяржаўны скарб. Дык хто ж мусіў араць зямлю? Патрэбны былі рукі для працы, а арандатары ды старасты былі горшыя за п’явак. Пераставалі існаваць вольныя паселішчы. Тры дні паншчыны з усім сваім цяглам, даніна збожжа, каплуноў, курэй, дрэва, дзесяціна з вепрукоў, бараноў, мёду, гародніны, дармавая прыслуга ў любы час. І штораз усё большыя злоўжыванні. “Не жадаючы яго міласці пану суддзі дзеўкі сваёй аддаць, Іван Кучма сядзеў у вязніцы тыдні са тры, аж мусіў дзеўку аддаць, злотых дванаццаць і карову”. Звычайныя рабункі таксама бывалі. Без аніякай прычыны “ўзяў стараста авец 75, казан адзін, сердакі два, кабаноў гадаваных два, гатовых грошай 50 злотых. У Алены Вішнявічкі – авец сто з ягнятамі, бараноў сорак, пчол дваццаць калод” і да таго падобнае. Вось і закіпала ў сэрцах людзей злосць і крыўда. “У Чаркасах, як у горадзе, так і на хутарах, дамоў казацкіх непаслухмяных болей тысячы”. “Непаслухмянымі” былі тыя, хто, зазнаўшы свабоды, не хацелі ісці ў падданства і ніяк не спяшаліся пад эканомскія канчукі. А хто б захацеў?
У канцы XVI стагоддзя казацкі атаман Крыштаф Касінскі ўзняў казацка-сялянскае паўстанне. Тое ж самае ўчыніў потым “чалавек простага паходжання, але надзвычайнай харобрасці” Севярын Налівайка разам з Лабадою, а пазней з Савулай. Яны, шэсць тысяч чалавек, акружаныя пад Пераяславам (у тым ліку толькі тры тысячы баяздольных, рэшта – параненыя, хворыя, жанчыны ды дзеці), мусілі падпісаць капітуляцыю. Шляхецкім словам было гарантавана ім жыццё, але калі, склаўшы зброю, пачалі выходзіць з табару, шляхта кінулася шукаць сваіх падданых, і пачалася разня бяззбройных. Парушыла шляхта сваё слова. Налівайку адсеклі галаву ў Варшаве. “Была гэта асоба годная і дзеяч выдатны, – адзначаў Бельскі.
Хіба можна верыць ляхам? Аднак Казаччына хацела згоды. Калі выбухнула вайна за Інфлянты, на яе адправілася больш за дзве тысячы казакаў на чале з атаманам Кішкам. Гэта быў той Кішка, што калісьці, захоплены ў турэцкую няволю, 25 гадоў плаваў на галерах, а ў 1569 годзе ўзбунтаваў галернікаў, пабіў турэцкую варту і вярнуўся на Сеч. Цяпер ён разам з палякамі здабыў магутную шведскую фартэцыю Вольмар. У паходы абодвух Ілжэ-Дзімітрыяў хадзіла некалькі дзесяткаў тысяч казакаў, прычым не толькі дзеля разбою. Пад Смаленскам меў Жыгімонт ІІІ 30 тысяч казацкага ўкраінскага войска. З Уладзіславам таксама мелася пайсці 20 тысяч. Польская Рэч Паспалітая зноў па-свойму заплаціла і аддзячыла казакам за ўдзел у маскоўскіх войнах: калі ўжо тыя не былі патрэбныя, скараціла рэестр да трох тысяч. А рэшту – у халопы! Гэта было так, бо іначай хто насіў бы кіпень пад агнём у замкнёную лазню.
Усё ж такі… Гэтага ўжо ні Кунцэвіч і ніхто іншы не мог прадбачыць: недалёкім быў час, калі ў 1621 годзе рушыла на Польшчу армія султана Асмана ІІ, што меў амаль сто тысяч адборнага войска. Рэч Паспалітая змагла мабілізаваць толькі 30 тысяч. Сам яго міласць кароль прасіў у казакаў дапамогі. І пайшлі, не падвялі. Атаман Канашэвіч-Сагайдачны прывёў яшчэ 30 тысяч, біўся, як д’ябал. Палягло тры тысячы, а яшчэ больш памерла ад ран, хвароб ды голаду і холаду, як і сам Сагайдачны, што сканаў ад ран. Але перамога была польска-казацкая.
Пра казакаў пісалі вершаваныя панегірыкі і казалі, што “забяспечылі казакі Кароне ружавы вянок”. Аднак вершы вершамі, а палітыка палітыкаю. Уратаваная казакамі польская Рэч Паспалітая адплаціла скарачэннем казацкага рэестра да 5 тысяч і ліквідацыяй свабод Запарожжа. Героі Хоцінскай вайны павінны былі пакінуць Дняпроўскі Ніз і вярнуцца ў падданства, бо гэта ж, урэшце, не што іншае, як халопская распуста! Менавіта гэтак мусіла было стацца неўзабаве. Мелі казакі сур’ёзныя прычыны для гневу і крыўды. Але доўгі час яны яшчэ не маглі адарвацца. Надта шмат было родавых сувязей, зашмат падабенства ў характары і тэмпераменце. Польскія шляхціцы лёгка казачыліся, а казацкая старшына гэтак жа лёгка пераймала шляхецкія манеры. Яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя царыца Кацярына ІІ не з якой іншай прычыны ненавідзела Сеч і Украіну, як за тое, што для яе краіна гэта была занадта іншай, заражанай “польскай свабодай”. Апошняга кашавога атамана Кальнішэўскага яна ўзнагародзіла залатым медалём за турэцкую вайну але адразу пасля гэтага саслала на Салаўкі, бо, на яе думку, ён быў надта падобны на колішніх праклятых палякаў і не быў у стане прызнаць новую рэчаіснасць.
У пачатку XVII стагоддзя гэтае пабрацімства, страшэнна цяжкае, набалелае, палітае крывёю, а таму дзейснае, яшчэ лёгка можна было заўважыць. Хоць і вельмі няпроста, але абавязкова трэба было ў праўдзівым святле пабачыць феномен казаччыны, і нават феномен украінскага “халопства”, якое было тут зусім іншае, ніж дзе-небудзь яшчэ. Трэба было легалізаваць і дзяржаўным законам прызнаць вольную казацкую рэспубліку над Дняпром, якая і так з’яўлялася фактам. Пытанне заключалася толькі ў тым, пры кім яна стане, супраць каго павернецца. Надышоў час паглядзець далей за кончык уласнага носа. Усё яшчэ можна было выратаваць, і магла быць з гэтага вялікая ўзаемная карысць. Праўда, ніхто пакуль не пераскокваў праз сваю эпоху. Але з фактам цяжка было не пагадзіцца. Што ж магло стацца? Хтосьці з украінскіх вяльмож мог прымерыць на сябе княскую мітру, казацкая старшына пайшла б у шляхту і, напэўна, гэты ці той садзіўся б на каня са спіны ўбогага бедняка. Дык жа нават Багдан Хмяльніцкі не бачыў нічога ненармальнага ў тым, што хаўруснікі-татары бяруць ясыр з украінскіх сёл, бо і для яго ж халоп быў халопам. Нашмат пазней, у ХІХ стагоддзі, вялікі паэт украінскі Тарас Шаўчэнка, якому ніколі не далі забыць, што ён халоп і выйшаў з прыгоннага стану, укладзе ў вусны маці-Украіны цвёрдыя словы, звернутыя да праслаўленага ў легендах запарожскага гетмана:
“Ой, Багдане, Багданачку,
Неразумны сыне!…
Калі б был
|