БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 3-4 / 2002

Ryszard RADZIK. Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową (Białorusini na tle przemian narodowych w Europie Środkowo-Wschodniej XIX stulecia). Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2000. 301 s.

Імя Рышарда Радзіка добра вядомае беларускім гісторыкам, сацыёлагам і культуролагам. У сферы навуковага зацікаўлення аўтара знаходзіцца надзвычай важная і, на жаль, недастаткова распрацаваная ў айчыннай гістарыяграфіі праблема – гісторыя фармавання беларускай нацыянальнай самаідэнтычнасці ў XIX стагоддзі.

Манаграфія Рышарда Радзіка мае добра прадуманую структуру і складаецца з уступу, пяці раздзелаў і заканчэння. Ва ўступе адзначаецца, што палякі амаль не ведаюць гісторыю і культуру беларускага народа. Аўтар адразу акрэслівае найважнейшыя рысы сучаснай нацыянальнай спецыфікі беларусаў. Апошнія толькі ў нязначнай ступені аб’яднаны ў нацыянальнае грамадства і з’яўляюцца рэдкім у Еўропе ўзорам перамогі класавай ідэалогіі (у яе савецкай версіі) над нацыянальнай. Тлумачацца прычыны таго, што большасць беларусаў успрымалі нацыянальную ідэю варожа, як нацыяналізм, а русіфікаваная Беларусь трактавалася як сацыялістычны, інтэрнацыянальны ўзор для іншых савецкіх рэспублік. Паводле думкі Рышарда Радзіка, маскоўскім цэнтрам стрымлівалася і развіццё беларускай гістарыяграфіі.

Аўтар манаграфіі сцвярджае, што сучасныя рэаліі нацыянальнага і сацыякультурнага быцця народа можна зразумець толькі праз прызму яго мінулага. Таму XIX стагоддзе трэба разглядаць як час, які шмат у чым прадвызначыў беларускую культурную, нацыянальную і палітычную сучаснасць. Праца Рышарда Радзіка выгодна адрозніваецца ад аналагічных беларускіх даследаванняў імкненнем паказаць трансфармацыі беларускай этнічнасці на фоне агульнаеўрапейскіх працэсаў фармавання нацый у Заходняй і Цэнтральна-Усходняй Еўропе. З прычыны гэтага ўласна “беларуская” частка кнігі складаецца толькі з 4-га і 5-га раздзелаў.

У першым раздзеле манаграфіі даюцца асноўныя дэфініцыі, якімі аўтар карыстаецца ў сваім даследаванні. Раздзел мае амаль такую ж назву, як сама кніга (“Ад сукупнасці этнічнай да агульнасці нацыянальнай”), і складаецца з двух падраздзелаў. У падраздзеле “Сукупнасць этнічная” Рышард Радзік імкнецца акрэсліць паняцце “этнічнасць” і яго адметнасць у параўнанні з паняццем “нацыя”. Пры гэтым, як і большасць польскіх даследчыкаў, аўтар адносіць Беларусь да Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Яшчэ два стагоддзі таму беларускія землі, паводле слоў Рышарда Радзіка, безумоўна ўваходзілі ў еўрапейскае цывілізацыйнае кола.

Найважнейшай рысай этнічнасці аўтар называе самаідэнтычнасць, якая акрэслівае групавую этнічнасць, не носіць ідэалагізаванага характару і вынікае з пачуцця прыналежнасці да супольнай культуры. Адным з асноўных этнічных маркераў беларускага этнасу XIX стагоддзя Рышард Радзік лічыць мову і сцвярджае, што яна можа выконваць дзве асноўныя функцыі. Мова з’яўляецца, па-першае, сродкам паразумення, а па-другое, самастойнай каштоўнасцю, істотным складнікам ідэалогіі, паколькі тлумачыць людзям як блізкі, так і далёкі свет. Першая функцыя мовы больш характэрна для этнічнай групы.

У наступным падраздзеле “Нацыя” аўтар вызначае нацыю як “уяўленую супольнасць” (паводле Бенедыкта Андэрса) і сцвярджае, што яна як культурная еднасць у ідэалагічнай сістэме трактуецца з пазіцый гісторыі – і мінулай, і будучай. Нацыя разумеецца Рышардам Радзікам у сэнсе так званай “нацыі Новага часу”, на ўзнікненне якой паўплывалі падзеі і наступствы Французскай рэвалюцыі.

У пачатку другога раздзела, які называецца “Фармаванне нацый у Цэнтральна-Усходняй Еўропе”, аўтар падкрэслівае, што нацыя – прадукт Еўропы, а дакладней – прадукт лацінскай Еўропы. У першым падраздзеле “Нацыя ў старажытнасці” Рышард Радзік палемізуе з Бенедыктам Зентарам, які лічыў, што паміж палітычнай сярэднявечнай нацыяй і нацыяй Новага часу існуюць адрозненні толькі колькасныя, але не якасныя. Аўтар падкрэслівае, што сярэднявечнае светаўспрыманне істотна адрозніваліся ад поглядаў Новага часу. У эпоху Рэнесансу адбыліся змены прасторавай і часавай перспектыў, а таксама аўтанамізацыя свабоды асобы. XVI стагоддзе стала часам народных моў, актыўнага стварэння на іх вялікіх еўрапейскіх літаратур, на што паўплывала Рэфармацыя, якая ў палемічных тэкстах абапіралася на мясцовыя мовы. Яшчэ адной характэрнай рысай Рэнесансу вызначаецца зварот да мінулага – пераарыентацыя з сярэднявечча на старажытнасць, на антычную традыцыю. Эпоха ж Асветніцтва прынесла разуменне нацыі як дзяржаўна-палітычнай супольнасці, што ахоплівае ўсе сацыяльныя слаі. Нацыі Новага часу паўсталі ў выніку знікнення стуктур сталага грамадскага становішча, развіцця аўтаномнасці асобы, здольнай абвяшчаць сваю групавую прыналежнасць і атаясамліваць сябе з самастойна выбранай сістэмай вартасцей.

Вызначальным прыкладам фармавання палітычных нацый Новага часу была Францыя. Менавіта па гэтай прычыне Рышард Радзік прысвячае гісторыі ўтварэння французскай нацыі асобны падраздзел “Французы як палітычная нацыя Новага часу”. Першапачаткова французская нацыя стваралася ў змаганні з феадальнай залежнасцю, супрацьпастаўляючы сябе не іншым народам, а абсалютнай манархіі. Французская мова была мовай рэвалюцыі, сродкам інтэграцыі соцыуму, але не самастойнай вартасцю. Французскія ідэі не экспанавалі, а злучалі ў адно членаў розных этнічных супольнасцей.

У наступным падраздзеле “Ідэя народа ў асветніцкай Цэнтральна-Усходняй Еўропе” аўтар разглядае тры супольнасці: польскую, венгерскую і нямецкую, якія здолелі ўтварыць найбольш значныя культурныя еднасці. У свядомасці іх прадстаўнікоў палітычныя, дэмакратычна-свабодныя вартасці набылі дамінуючы характар у параўнанні з вартасцямі культурна-этнічнымі.

Не аспрэчваючы таго факту, што паланізацыя беларускай і літоўскай эліты шмат у чым была самапаланізацыяй, усё ж наўрад ці можна цалкам пагадзіцца з меркаваннем Рышарда Радзіка пра нібыта татальную добраахвотнасць гэтага працэсу. На самой справе, на масавую рэлігійную канверсію дробнай і сярэдняй шляхты значна паўплываў зварот да каталіцызму магнатаў і прававая дыскрымінацыя праваслаўнай і пратэстантскай эліты, што было часткай палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай пасля вайны 1654–1667 гадоў. Разглядаць Рэч Паспалітую, як краіну, пазбаўленую нацыянальных і канфесійных антаганізмаў, прынамсі ў дачыненні да XVIII стагоддзя, з нашага пункту гледжання не зусім карэктна.

Аўтар манаграфіі пераканаўча даводзіць, што ў Польшчы (Рэчы Паспалітай) канца XVIII стагоддзя існавалі тры паняцці нацыі: (а) нацыя як шляхта; (б) нацыя як сукупнасць усіх сацыяльных слаёў; (в) абмежаванне паняцця нацыі простым людам. Функцыі польскай мовы ў Рэчы Паспалітай XVIII стагоддзя разглядаліся з палітычнага пункту гледжання: “адна дзяржава, адна мова”. Рэалізацыю асветніцкіх лозунгаў у Рэчы Паспалітай спынілі яе падзелы. Таму Рышард Радзік сцвярджае, што і ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе былі спробы пераходу ад “падданства” да “грамадзянства”. Але нам здаецца, што ў выпадку рэалізацыі такога сцэнарыя беларусаў, як і літоўцаў, чакаў бы лёс правансальцаў і брэтонцаў – беларускія землі сталі б натуральнай часткай польскамоўнай і польскакультурнай нацыі.

У падраздзеле “Дзяржава як чыннік нацыятворчага працэсу” акрэслена роля ўплыву дзяржаўнасці на фармаванне нацыі. Аўтар сцвярджае, што ў выніку пашырэння сярод сялянства манархічных настрояў спыніліся працэсы станаўлення на землях былой Рэчы Паспалітай дзяржаўнай і нацыянальна-палітычнай свядомасці, агульнай для ўсіх сацыяльных і этнічных груп. Рышард Радзік прапануе наступную схему грамадскага ўкладу: “этнічная плебейская супольнасць” – “народ дамінуючы” – “народ пануючы”. Разглядаецца працэс пашырэння дзвюх узаемна варожых нацыянальных ідэалогій: “нацыі дамінуючай” і “нацыі пануючай”. Аўтар згодны з тым, што падзелы Рэчы Паспалітай прадвызначылі спыненне на яе землях фармавання адзінай палітычнай нацыі на заходнеўрапейскі ўзор і распаўсюджвання “пальшчызны” на няпольскія плебейскія этнасы. Так з’явілася магчымасць узнікнення самастойных няпольскіх нацый, якія да таго часу ўжо амаль цалкам страцілі сваю шляхту.

У падраздзеле “Паміж рэвалюцыйнымі лозунгамі і феадальна-кансерватыўнымі рэаліямі” аўтар звяртае ўвагу на познюю нацыяналізацыю сялянства ва ўсім рэгіёне. Рышард Радзік сцвярджае, што павольнае развіццё капіталістычнай гаспадаркі паслабляла сацыяльныя сілы, якія маглі б пайсці рэвалюцыйна-дэмакратычным (французскім) шляхам стварэння нацыі. Гэта прыводзіла да ўзрастання ролі мовы ў нацыятворчым працэсе. У Центральна-Усходняй Еўропе культура- і нацыятворчай групай, якая не мела аналагаў на Захадзе, стала інтэлігенцыя. Мове, як і этнічнасці, быў нададзены ідэалагічны статус, яна стала самастойнай вартасцю.

Трэці раздзел “Нацыянальная эвалюцыя польскай супольнасці на Беларусі (пад уціскам Расіі)” прысвечаны жыццю польскай супольнасці на Беларусі падчас расійскага панавання. Аўтар выказвае думку, што пераходу ад “палітычнай” польскасці, традыцыйнай для першай Рэчы Паспалітай, да польскасці нацыянальнай, ад gente Lithuanus, natione Polonus да паляка нацыянальнага (католіка) садзейнічала русіфікацыя палякаў. Рышард Радзік звяртае ўвагу на тое, што тэрмін “паляк” меў вышэйшы статус, чым тэрмін “ліцвін”, і ў XVIII стагоддзі быў сінонімам грамадзяніна цэлай краіны. Але ж польская мова выціснула беларускую мову з асяроддзя сярэдняй шляхты толькі на перыяд існавання Віленскага універсітэта і Віленскай навуковай акругі. Дыстанцыя паміж польскай і беларускай мовамі і культурамі павялічвалася.

У чацвёртым раздзеле “Народ” прадметам разважанняў аўтара стала беларускае насельніцтва як этнічная сукупнасць, якая карыстаецца беларускімі дыялектамі, не звяртаючы ўвагі на самаіндэнтыфікацыю яе членаў як “рускіх” або як католікаў.

Першы падраздзел “Эвалюцыя структуры беларускай супольнасці” пачынаецца з аналізу фактараў сацыяльнай мабільнасці беларусаў у ХІХ стагоддзі. Адзначаецца яе запаволены тэмп, паводле статыстычных паказчыкаў узроўню ўрбанізацыі, а таксама сацыяльнага і моўнага складу насельніцтва. Аўтар звяртае ўвагу на істотную ролю абшчыны на ўсходзе Беларусі, што вяло да моцнага калектывізму. На захадзе ж пераважалі індывідуалізм, капіталізацыя, новыя формы гаспадарання. Рышард Радзік бачыць гэта адным з чыннікаў таго, што беларускі нацыянальны рух ад пачатку ХХ стагоддзя да Першай сусветнай вайны быў абмежаваны галоўным чынам тэрыторыяй Заходняй Беларусі і вельмі слабы на ўсходзе. Аўтар перакананы, што ў дачыненні да ХІХ стагоддзя немагчыма гаварыць аб беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, можна казаць толькі аб інтэлігенцыі, якая сваёй роднай мовай лічыла беларускую. Фактам тагачаснага беларускага жыцця быў і нізкі ўзровень адукацыі, асабліва сярод сялянства.

У другім падраздзеле “Паміж польскасцю і рускасцю” паказваецца працэс станаўлення беларускасці ва ўмовах канфліктавання польскай і рускай культур. У ХІХ стагоддзі перавага польскай эліты была безумоўнай, асабліва ў сферы адукацыі. Аднак, звяртае ўвагу аўтар, у апошнія дзесяцігоддзі ХІХ стагоддзя сяляне Заходняй Беларусі, католікі і прадстаўнікі змешаных шлюбаў самі таемна адчынялі польскамоўныя школы. Рышард Радзік лічыць, што гэта не вынікала з ідэалагічных нацыянальных сувязей селяніна з польскасцю, а было выклікана перш за ўсё моцнай сувяззю з рэлігіяй. Надзвычай цікавымі (асабліва для беларускіх даследчыкаў) з’яўляюцца і меркаванні аўтара наконт чыннікаў моўнай беларусізацыі літоўцаў аж да пачатку ХХ стагоддзя і ўстойлівага захавання беларускамоўнага асяроддзя, якое на масавым узроўні амаль не падпала моўнай паланізацыі. Галоўную прычыную гэтага Рышард Радзік бачыць у практычнай карысці ад выкарыстання пэўнай мовы ў тым ці іншым асяроддзі.

Аўтар сцвярджае (як і Эркер), што беларусы-католікі насілі строі, якія адрознівалі іх ад праваслаўных, што паміж католікамі паўночна-заходняй Беларусі і праваслаўным насельніцтвам усходняй Беларусі была большая розніца, чым паміж праваслаўнымі і католікамі на захадзе. І пры гэтым заўважае, што пытанне дагэтуль добра не вывучана. Аднак не зусім зразумела, чаму ён так лічыць. Здаецца, што Рышард Радзік не вельмі добра знаёмы з працамі па гісторыі беларускага народнага строю беларускага даследчыка М.Раманюка. Матэрыялы ж апошняга сведчаць, што традыцыйны касцюм немагчыма падзяліць на “каталіцкі” і “праваслаўны”. Строі вызначаюцца глыбокай архаікай і маюць выразную карэляцыю з гісторыка-культурнымі рэгіёнамі Беларусі. Гэта не пярэчыць наяўнасці сувязей беларускага фальклору з польскім, асабліва на захадзе.

Руская культура трапіла на Беларусь у выніку свядомай палітыкі царскіх улад. Сфармавалася ідэалогія заходнерусізму, у якой беларусы лічыліся адгалінаваннем рускага народа, якое трапіла пад каталіцкі, г.зн. польскі ўплыў. Ідэалогія заходнерусізму пашырылася сярод нацыянальных эліт, а гэта прывяло да таго, што ў ХХ стагоддзі заходнерусы супрацьстаялі беларускаму нацыянальнаму руху, лічылі яго “польскай інтрыгай”. Аднак трэба памятаць, што ідэалогія заходнерусізму (маларасійства) паўстала значна раней, яшчэ ў XVII стагоддзі ў асяроддзі часткі праваслаўнай эліты Рэчы Паспалітай беларуска-украінскага паходжання.

Слушнай з’яўляецца думка Рышарда Радзіка аб тым, што заходнерускія ідэі былі характэрнымі не толькі для праваслаўнага асяроддзя, але і для уніяцкага. Аўтар прыходзіць да высновы, што пасля Студзеньскага паўстання праваслаўная большасць разглядала русіфікацыю краю не як прымус. Масавай русіфікацыі, замацаванню заходнерусізму, паводле Рышарда Радзіка, спрыяла ліквідацыя уніі і русіфікацыя праваслаўнай царквы праз духавенства з Расіі. Інструментам русіфікацыі стала школа, найперш пачатковая.

Аўтар манаграфіі лічыць, што праявы рускай культуры былі відавочныя ў беларускім фальклоры, уборах, архітэктуры (згадваюцца факты распаўсюджвання рускіх народных песень ў Віцебскім і Магілёўскім рэгіёнах, а таксама рускіх архітэктурных матываў на Магілёўшчыне). Пры гэтым Рышард Радзік падкрэслівае, што пры перайманні каштоўнасцей суседніх культур беларусы маглі нават асіміляваць іх. Аднак тут паўстае шмат пытанняў. Абсалютна не зразумела, у чым праяўляецца ўплыў рускай культуры на беларускае народнае адзенне і традыцыйную архітэктуру. Супастаўленне традыцыйных усходнебеларускіх строяў паказвае, што нават у пачатку ХХ стагоддзя яны выразна кантраставалі з вялікарускімі. Нельга пагадзіцца і з існаваннем рускіх архітэктурных уплываў на традыцыйную магілёўскую архітэктуру. Хіба ў ХІХ стагоддзі ўзніклі нейкія новыя (вялікарускія) традыцыі пры будаўніцтве сялянскіх хат і гаспадарчых пабудоў? А можа аўтар да такіх уплываў адносіць культавае будаўніцтва ў псеўдарускім стылі? Калі так, то такі ўплыў быў і ў Варшаве, і ў Коўне, і ў Вільні, дзе будаваліся храмы па расійскіх праектах і расійскімі ж архітэктарамі.

Вельмі цікавы падраздзел “Самаакрэсленне беларусаў”, прысвечаны пытанням беларускай этнічнасці. Галоўнай рысай беларускага самавызначэння аўтар называе недахоп пачуцця агульнасці, адсутнасць агульнага этноніма, альбо эндаэтноніма. Рышард Радзік лічыць, што пасля падзелаў Рэчы Паспалітай праваслаўных пачалі называць “рускія”, а католікаў – “палякі”, што прыводзіла да атаясамлівання ў грамадскай свядомасці праваслаўя з рускасцю, а каталіцызму – з польскацю. Гэта спрыяла замацаванню ў беларусаў мыслення рэлігійнымі катэгорыямі. Заўважым, што тут аўтару бракуе ведання сярэднявечных пісьмовых крыніц. На самой справе этнаканфесійны падзел і згаданая этнаканфесійная самаідэнтыфікацыя (праваслаўе і уніяцтва – “рускасць”, каталіцызм – “польскасць”) сустракаюцца на беларускіх землях яшчэ з XV стагоддзя. Падобны падзел пашырыўся на ўзроўні масавай свядомасці задоўга да падзелаў Рэчы Паспалітай і быў шырока распаўсюджаны на беларускіх землях ужо ў XVIII стагоддзі.

У XIX стагоддзі тэрмін “ліцвін” быў надэтнічным (палітычным рэгіяналізмам). Нельга не пагадзіцца з Рышардам Радзікам у тым, што этнонімам не можа быць супольнае вызначэнне розных этнічных сукупнасцей, у выніку чаго паняцця “ліцвін” ў ХІХ стагоддзі не існавала. Паняцце ж “беларус” нават у канцы ХІХ стагоддзя не мела агульнаэтнічнага характару, што сведчыла аб адсутнасці агульнабеларускай самасвядомасці.

Аналізуючы мовы як фактар самаакрэслення беларусаў у XIX стагоддзі, аўтар робіць не вельмі прыемныя для беларусаў, але досыць аб’ектыўныя высновы. Рышард Радзік пераканаўча даводзіць, што ў той час не існавала пачуцця моўнай супольнасці беларусаў; беларуская мова была набліжана да рускай мовы на ўсходзе і да польскай – на захадзе.

У наступным падраздзеле “Этнічная свядомасць” этнічная свядомасць беларусаў разглядаецца аўтарам праз яе адлюстраванне ў пачуццях “свойскасці” і “тутэйшасці”. Этнічнасць беларускага сялянства не мела арганізацыйных формаў.

У падраздзеле “Рэлігія” апісваецца ўплыў каталіцызму на беларускую ментальнасць. Рышард Радзік сцвярджае, што гэты ўплыў быў больш моцным і рацыянальным, чым праваслаўны. Аўтар на падставе статыстычных матэрыялаў паказвае, што стаўленне да адукацыі сярод праваслаўных і католікаў таксама характарызавала першых з горшага боку. Працэсы нацыяналізацыі на Беларусі былі больш выразнымі сярод католікаў, чым сярод праваслаўных. Рышард Радзік лічыць, што надзвычай неспрыяльным для ўтварэння нацыі было скасаванне уніяцкай царквы, якая не толькі мела народны, сялянскі характар, але і звязвала грамадства з лацінскім культурным колам. І менавіта уніяцкае духавенства магло стаць асновай беларускай нацыянальнай эліты.

Пяты раздзел “Пратаганісты беларускасці ХІХ стагоддзя” складаецца з чатырох падраздзелаў. У першым падраздзеле “Літаратары – творцы беларускасці новага часу. Перыяд паміж паўстаннямі” аўтар даводзіць некарэктнасць выкарыстання дэфініцыі “нацыянальны беларускі пісьменнік” у дачыненні да Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Рэляцыя беларускай і польскай моў у свядомасці В.Дуніна-Марцінкевіча не мела характару нацыянальнай апазіцыі. І іншыя пісьменнікі таго часу, якія пісалі літаратурныя творы на беларускай мове, па сваёй ментальнасці не адрозніваліся ад В.Дуніна-Марцінкевіча.

У падраздзеле “Ад Каліноўскага да Багушэвіча” закранаюцца пытанні, якія з’яўляюцца надзвычай дыскусійнымі і ў беларускай гістарыяграфіі. Рышард Радзік даводзіць, што ментальнасць Кастуся Каліноўскага была тыповай для таго часу, і нельга казаць аб тым, што ён быў творцам нацыянальнай беларускай ідэі. К.Каліноўскі разумеў нацыю ў палітычным (а не ў этнічна-культурным) сэнсе. Яго “сепаратызм” не меў выключна беларускага характару. Прапанаваная аўтарам характарыстыка дзейнасці Францішка Багушэвіча таксама супярэчыць стэрэатыпнай ацэнцы, прынятай у беларускім літаратуразнаўстве. Рышард Радзік сцвярджае, што Ф.Багушэвіч знаходзіўся паміж традыцыямі палітычна-культурнай польскасці і новай этнічна-нацыянальнай беларускасці.

У наступным падраздзеле “Ідэя беларускага народа ў выданнях пецярбургскай групы народнікаў «Гоман»” аўтар тлумачыць, чаму творцамі ўласна беларускай нацыянальнай ідэі і першай беларускай нацыянальнай праграмы былі гоманаўцы. Характарызуецца сувязь паміж “Гоманам” і Беларуссю. Рышард Радзік спасылаецца на ўспаміны Вітольда Ёдка-Наркевіча і спрабуе давесці, што, магчыма, у выданні “Гомана” ўдзельнічалі і католікі “роду рускага, нацыянальнасці польскай”. З гэтым меркаваннем аўтара цяжка пагадзіцца. Тым больш, што ў архівах няма сведчанняў пра ўдзел у выданні “Гомана” прадстаўнікоў каталіцкай эліты Беларусі. Такім чынам, атрымліваецца цікавы парадокс. Паводле Рышарда Радзіка, менавіта каталіцкае асяроддзе на захадзе Беларусі паскорыла працэсы ўласна беларускай нацыятворчасці, але на самой справе аўтарамі першай уласна беларускай нацыянальнай праграмы і ідэалогіі былі выхадцы з Магілёўшчыны – найбольш праваслаўнага і найменш паланізаванага рэгіёну – не шляхціцы і не католікі.

У апошнім падраздзеле “Прычыны слабасці (спазнення) беларускага нацыянальнага працэсу” аўтар разглядае вызначальныя прычыны слабасці беларускага нацыянальнага працэсу: рэлігійны падзел, нізкі ўзровень гістарычнай свядомасці, успрыняцце сваёй мовы як “простай” і г.д.

У “Заканчэнні” манаграфіі Рышард Радзік вылучае пяць формаў беларускасці ХІХ стагоддзя: (а) першую ўтваралі людзі са свядомасцю gente Lithuanі, natione Polonі праз сваю родавую сувязь з беларускасцю, (б) другая вырастала непасрэдна з першай, мела характар шляхецкі, аднак разам з гэтым і беларускі, (в) трэцяя была звязана з сялянскай беларускасцю, (г) чацвёртая мела нацыянальны выгляд і была звязана з дзейнасцю гоманаўцаў, (д) пятая і апошняя – заходнерусізм, сучасная форма якога адрозніваецца ад ранейшай тым, што зараз большасць беларусаў не лічыць сябе рускімі (як калісьці лічылі сябе адначасова і “рускімі”, і “беларусамі”).

Трэба заўважыць, што не кожная ўсвядомленая адметнасць мае нацыянальны характар. Не мае такога характару і свядомасць большасці сучасных беларусаў, якія глядзяць на сябе праз прызму культурнай, гістарычнай і тэрытарыяльнай прыналежнасці да Расіі і СССР. Сваю краіну сучасныя беларусы трактуюць у рэгіянальных катэгорыях. У такім выпадку не з усімі высновамі аўтара можна пагадзіцца. Бяспрэчна, што ў беларускім нацыянальна-вызваленчым руху, пачынаючы ад “нашаніўскага” перыяду, дамінавалі католікі. Аднак тут размова можа ісці толькі пра эліту. Што ж датычыцца пераўтварэння “тутэйшых” у людзей з беларускай самаідэнтыфікацыяй, то відавочна, што тут дамінуе найперш праваслаўнае насельніцтва. Трэба таксама памятаць, што значная частка католікаў на Беларусі да сённяшняга часу ўсведамляе сябе палякамі, а не беларусамі. Падобная з’ява характэрна і для захаду, і для ўсходу краіны. Прычым менавіта ў Заходняй Беларусі, у выніку ментальнай паланізацыі этнічна беларускага насельніцтва, канфесійны падзел стаў у значнай ступені і падзелам нацыянальным.

Наконт заходнерусізму ў цяперашні час можна заўважыць, што ў беларусаў, асабліва ў старэйшага пакалення, настальгія па СССР вельмі моцная і выразная. Але хіба можна называць заходнерусамі людзей, якія маюць агульны эндаэтнонім, маніфестуюць сваю беларускамоўнасць падчас нацыянальных перапісаў (апошні не стаў выключэннем) і не ўяўляюць сабе рэальнай страту асобнай, беларускай дзяржаўнасці? Іншая справа, што форма гэтай дзяржаўнасці сёння не на карысць заходнееўрапейскай мадэлі…

Прычыны і вытокі гэтага феномена сучаснай беларускай гістарычнай сітуацыі Рышард Радзік здолеў максімальна вычарпальна ахарактарызаваць у сваёй манаграфіі. Будзем спадзявацца, што гэтая надзвычай каштоўная і неабходная для беларускіх інтэлектуалаў кніга неўзабаве з’явіцца і ў беларускамоўнай версіі.

Рэцэнзаваў Ігар МАРЗАЛЮК


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія