|
БЕЛАРУСЫ
(погляд з Польшчы)
Рышард РАДЗІК
ПРЫЧЫНЫ СЛАБАСЦІ *
З
пункту гледжання слабасці кансалідуючых нацыянальных сувязей, нізкай ступені
нацыянальнай свядомасці беларусы з’яўляюцца выключным грамадствам Еўропы.
Дзевятнаццатае стагоддзе было векам нараджэння народаў, аднак беларускі
нацыянальны рух паўстаў толькі на пачатку XX стагоддзя і ва ўмовах царскай
Расіі не знайшоў масавай падтрымкі сярод беларускага насельніцтва. Прычыны
недахопу выразнай нацыяналізацыі беларускага грамадства будзем шукаць у XIX і
XX стагоддзях, звяртаючы, аднак, галоўную ўвагу на перыяд пасля падзелаў Рэчы Паспалітай.
Падчас заняпаду Першай Рэчы Паспалітай на аднолькавым узроўні этнічнага – а не
нацыянальнага – развіцця былі беларусы, літоўцы, галіцкія ўкраінцы,
падпарадкаваныя вугорцам славакі і аўстрыйцам славенцы. Аднак з пералічаных
этнічных групаў толькі беларусы не паддаліся нацыяналізацыі. Чаму так сталася?
Прычынаў
слабасці беларускага нацыятворчага працэсу было шмат. Наогул кажучы, яны мелі
траісты характар і вынікалі (а) са зместу культуры беларускага люду, пад якім
тут разумеем просты народ, сацыяльныя нізы, (б) з формы яе грамадскай структуры
і (в) з палітыкі тагачасных дзяржаўных улад у дачыненні да беларускага
грамадства.
1. Культура
Нацыянальная
беларусізацыя азначала, што неабходна фармаваць уласную нацыятворчую праслойку
і – што відавочна – нацыянальную ідэалогію. Гэты велізарны высілак у тагачасных
грамадскіх рэаліях мог быць здзейснены перш за ўсё праз зварот да народа і яго
культуры. Калі змест культуры польскага люду мадыфікавалі толькі выпрацаваныя
элітай нацыянальныя ўзоры, дык беларускае грамадства XX стагоддзя,
мадэрнізуючыся, паддаючыся індустрыялізацыі і урбанізацыі, было ў
непрапарцыянальна высокай ступені сфармавана на змесце, які меў карані ў
сялянскай культуры. Таму так многа ўвагі тут будзе прысвечана культуры
беларускага люду.
1.1. Народ
Даследчыкі
культуры беларусаў у XIX і XX стагоддзях звярталі ўвагу на недахоп нацыянальнай
свядомасці ў мясцовага сялянства, як праваслаўнага, так і каталіцкага.
Цэзарыя Бадуэн дэ Куртэнэ-Эрэнкройцава пісала пра насельнікаў Віленшчыны канца
20-х гадоў XX стагоддзя, што “ў вялікай, пераважнай масе сялянскага люду
ваяводства яго нацыянальная свядомасць яшчэ не даспела і хоць сярод яе часам
выяўляецца прывязанасць да ўласнай мовы, яна не прадвызначае пачуцця менавіта
той або іншай нацыянальнай асобнасці”.
Этнічная
свядомасць беларускага люду выяўлялася ў пачуцці “свойскасці”, “тутэйшасці”,
чужацкасці прыезжых, напрыклад “маскалёў”, або ў адасабленні ў адносінах да
суседняй “мазурскай” вёскі, падобна як і ў прывязанасці да веры бацькоў (што на
пэўны час было парушана ліквідацыяй уніі). Спрыялі гэтаму кансерватыўная
пазіцыя, жаданне захаваць у нязменнай форме замацаваную традыцыяй сялянскую
культуру, што адрознівае пераднацыянальныя этнічныя супольнасці ад народа, які
спрабуе развіцца ў акрэсленых “нацыянальных” межах (а значыць, не адвяргае
перамены як вартасць адназначна негатыўную).
Такая “звыкласць” тагачаснага селяніна выяўлялася, паводле яго самога, у яго
“простай” мове і “тутэйшасці”, а гэта значыць натуральнасці і праўдзівасці ў
процівагу дзівацкасці іншых, іх смешнасці і нават дурнаты. Такі спосаб мыслення
характарызаваў членаў ізаляваных лакальных супольнасцей, якія былі сфармаваны
феадалізмам і таму ўспрымалі свет этнацэнтрычна.
Беларускіх
сялян згуртавалі не ідэалагічныя (“мы – народ”), а звычаёвыя сувязі (на захадзе
краіны: “мы – тутэйшыя”). Іх этнічнасць не выяўлялася ў арганізаваных формах.
Яна заўважалася толькі ў сутыкненні з прадстаўнікамі іншых народаў, чужакамі.
Тады яна вызначала межы ўласнай адметнасці – усведамлялася. У залежнасці ад сітуацыі, важнымі былі мова, рэлігія,
адзенне, звычаі, класавая прыналежнасць.
Паняцці
нацыянальныя заставаліся чужымі для думак беларускага селяніна. Юзаф Абрэмбскі,
апісваючы палешукоў у першай палове 30-х гадоў XX стагоддзя, так характарызаваў
спосаб іх мыслення: “Калі ўлада руская, і народ з’яўляецца рускім, пад польскай
уладай – польскі, пад татарскай – татарскі”.
Станіслаў Асоўскі назваў такога роду пазіцыю “наміналізмам у нацыянальнай
справе”.
Прыняцце
нацыянальнай ідэі вымагала разбурэння традыцыйнай іерархіі сялянскай культуры,
мадыфікацыі яе асобных элементаў. Апісваючы працэсы нацыяналізацыі польскіх
сялян, З.Вяржбіцкі звяртаецца да тэорыі дыфузіі, адзначаючы “недахоп
«сыгранасці» (compatibility) (рысаў) прыкметаў інавацыі (ідэі) з прыкметамі
лакальнай грамадскай сістэмы”. Ідэя нацыі як рыса інавацыйная занадта глыбока
змадыфікоўвала жыццё вясковага грамадства, каб магла ў ім трымацца. Даволі
доўга баронячыся ад распаду традыцыйнага грамадска-культурнага ўкладу, які
даваў ім пачуццё бяспекі, беларускія сяляне ўспрымалі элементы іншых культур
(асімілявалі іх) не на нацыянальным узроўні, а толькі на этнічным, гэта значыць
бесканфліктна заглыбляючы чужыя на той час вартасці і ўзоры культуры ў
штодзённае жыццё вясковай супольнасці і адначасова захоўваючы ізаляцыянісцкае
разуменне свойскасці (“тутэйшасці”). У перыяд падзелаў сяляне такім шляхам
пазбягалі пэўнага самавызначэння на карысць якога-небудзь з нацыянальных бакоў:
польскага або рускага – магутных сіл, што змагаліся адна з другой ігнаруючы іх.
Карацей, ухіляліся ад уцягвання ў канфлікт. У савецкай Беларусі ўлады далі ім
магчымасць рабіць тое ж самае, скіроўваючы іх ідэйную актыўнасць у бок класавай
ідэалогіі.
1.2. Гістарычная свядомасць
Фактарамі,
якія канстытуцыявалі народы Цэнтральна-Усходняй Еўропы, з’яўляліся галоўным
чынам мова, рэлігія, усведамленне ўласнай гістарычнай традыцыі. У
феадалізаванай беларускай вёсцы XIX стагоддзя элементы фармавання выразна
акрэсленага гістарычнага мыслення былі слабымі. Памяць пра мінулае абапіралася на
вусную традыцыю, мела перад усім характар лакальны, у значнай ступені
тапаграфічны. He ставала – і гэта зразумела – пачуцця супольнасці лёсаў продкаў
як элемента, што адрозніваў бы беларускую этнічную групу ад іншых.
Даследчыкі
культуры беларускага народа перыяду падзелаў адзначалі нізкую гістарычную
свядомасць сялянскага грамадства, або нават яе адсутнасць. У 1910 годзе
Вандалін Шукевіч пісаў, “што люд наш ніякіх фактаў з гісторыі свайго краю,
нават найвыключных, зусім не захаваў у памяці. Верагодна, яго нічога не
цікавіла, хоць бы самыя гвалтоўныя перавароты, а буры, якія так часта скаланалі
нашу айчыну, абыходзілі яго «бокам», не пакідаючы ў памяці глыбокіх слядоў”.
Беларускі
селянін быў моцна звязаны з рэаліямі навакольнай рэчаіснасці. Успрымалася яна як
лад больш статычны, чым дынамічны. Нязменнасць свету здавалася істотным
элементам адчування бяспекі. Гэта не значыць, што ў некаторых сітуацыях
тэндэнцыя да зменаў – асабліва абумоўленая класава – не перамагла схільнасці да
захавання існуючага стану рэчаў. Аднак жа нават з энтузіязмам прынятая сялянамі
адмена прыгоннага права не прыглушыла выказаных імі калісьці сентыментальных
згадак пра часы паншчыны, калі, як лічылася, селянін мог не клапаціцца выключна
сам за сябе, бо адносна яго жыцця прымаў рашэнні пан. Гэты кансерватыўны,
пазагістарычны свет сялянскай штодзённасці, скіраванай на непасрэдныя кантакты
ў рамках вясковай супольнасці, быў чужы ідэі народа новага часу, звернутай у
мінулае, зарыентаванай на пераўтварэнне сучаснасці і прасцяг у будучыню.
Беларускі
люд быў у многім падобны на іншыя сялянскія супольнасці гэтай часткі Еўропы.
Але можна ўгледзець і значную розніцу паміж ім і яго сялянскімі суседзямі. У
беларускім фальклоры ў адрозненне, напрыклад, ад украінскага, не хапала
папулярных песень, легенд і іншых вусных паданняў, у якіх пры дастатковай
сацыяльнай заглыбленасці культываваліся б традыцыі ўласнай палітычнай
адметнасці ў вымярэнні грамадскім і ваенным, усхваляліся б уласныя перамогі і
героі, папулярызаваліся колішнія правы і адчуваўся сум па былой вольнасці (а,
значыць, не хапала ўсведамлення колішняй дзяржаўнасці – незалежна ад
гістарычных фактаў).
У
савецкай Беларусі слабаму знаёмству з дарэвалюцыйнай гісторыяй не
спадарожнічала развітая сфера эмоцый, так характэрная для нацыянальнага ўспрымання
ўласнай гістарычнай мінуўшчыны. Бачанне ўласнай гісторыі было надзелена ідэяй
класавага ўспрыняцця грамадскіх падзелаў, а не надкласавым салідарызмам. Затое
агульнасць выяўлялася ў трактаванні Беларусі як рэгіянальнага элемента
ўсходнеславянскага цэлага, адарванага ад яе на некалькі стагоддзяў і зноў
аб’яднанага пад канец XVIII стагоддзя.
Наступствам
слабай нацыяналізацыі беларусаў стала мысленне галоўным чынам у катэгорыях
“тут” і “цяпер”. Ідэя камуністычнай будучыні была скампраметавана, a новае бачанне
будучыні не створана. Першапланавай гістарычнай рэфлексіяй для беларускага
грамадства па-ранейшаму застаецца Другая сусветная вайна. З нагоды чарговай
гадавіны перамогі над немцамі ажывае ідэя супольнай Савецкай Радзімы. Гэта
цалкам зразумела, бо ў свой час пасля бальшавіцкай рэвалюцыі эканамічна
адсталае беларускае грамадства даволі лёгка перайшло ад паняцця сялянскай
бацькаўшчыны да ідэі савецкай радзімы. Для беларусаў, пакутліва ўспрымаючых
заняпад гаспадаркі краіны, паняцце савецкай айчыны, якая сімвалізуе адносную
заможнасць, шмат значыць, яно рэальнае і ідэйнае. Яны не маюць ніякай іншай
ідэі (нацыянальнай, рэлігійнай, ідэі ўласнай дзяржавы), якая магла б
мабілізаваць іх на агульнаграмадскім узроўні на дзейнасць, скіраваную на
большую часавую перспектыву, у тым ліку на ахвярнасць у імя будучай карысці, –
што ёсць у палякаў, літоўцаў, расійцаў.
1.3. Мова
Сучасная
літаратурная беларуская мова пачала фармавацца ў XX стагоддзі. Яе творцамі былі
шляхціцы “genie Lithuani (Rutheni), natione Poloni”. Беларускі селянін меў
невялікія магчымасці дачыненняў з ёй да 1905 года, але і ў так званы
“нашаніўскі перыяд” (1906–1915) – гады беларускага нацыянальнага адраджэння –
аб’ём выдаваемай на ёй літаратуры не быў дастаткова значны, а навучанне на
беларускай мове было арганізавана толькі ў часы Першай сусветнай вайны немцамі.
Беларускі народ не меў тады пачуцця моўнай супольнасці, не ўсведамляў прасторы
моўна-тэрытарыяльных межаў беларушчыны. Мову сваю ўспрымаў больш у катэгорыях
практычных, а не ідэалагічных.
Свядомасць
беларускіх сялян увасаблялася ў паняццях, якія адпавядалі іх разуменню
акаляючай сацыяльнай рэчаіснасці. Іх мова не была распрацаванай настолькі, каб
ёй можна было апісваць свет у нацыянальных катэгорыях. Яна не мела адпаведнага
багацця абстрактных паняццяў. Эма Еленьска пісала пра палешукоў на мяжы 80-х і
90-х гадоў ХІХ стагоддзя: “Паняцці абстрактныя не маюць ніякага доступу да іх
розуму”.
Тыя
паняцці, якімі апераваў беларускі селянін эпохі падзелаў, былі звязаныя з
людзьмі, якіх ён сустракаў, або з канкрэтнай, вядомай яму дзейнасцю. Тады ён
быў у стане іх разумець. Да іншых звяртаўся рэдка. Нацыю мог бы ўявіць сабе
хутчэй як зборышча людзей, чым як іх супольнасць, аб’яднаную сувязямі
ідэалагічнымі. Стаўленне да іншых наогул
вынікала з канкрэтнага індывідуальнага вопыту – уласнага, або тых людзей, што
яго акружаюць. Людзей, што не належалі да вясковай абшчыны, успрымаў не праз
прызму іх нацыянальнай прыналежнасці (сэнсава чужой яму), а праз навязаныя
звонку катэгорыі стану, класу, прафесіі, звязваючы часам назву народа з
прафесіяй, атаясамляючы знешні выгляд з сацыяльным становішчам або прафесіяй.
Ігнацы Яцкоўскі заўважыў на пачатку другой паловы XIX стагоддзя: “Сялянства
наша на Літве ў рускім дыялекце ня мае слова «войска», таму пад словам «маскалі»
ўяўляе жаўнераў ці войска, бо маскалёў толькі ў мундзюрох прывыклі бачыць, – не
вайсковыя ж, якія часам з’яўляюцца, завуцца бурлакамі, і такіх селянін наш
ніколі маскалём не назаве. Расіец у фраку называецца панам, а з абводкай
чырвонай на шапцы – кожны асесар”.
Такі стан рэчаў змяняўся вельмі павольна, выразна – толькі ў XX стагоддзі, што
заўважалася ў раёнах прамысловых, з высокім грамадскім рухам, у асяродках з
вышэйшым узроўнем асветы.
У ХХ
стагоддзі, гэтак жа, як і ў ХІХ, беларускі селянін разглядаў сваю мову, як
правіла, інструментальна – у якасці сродку зносін, вызначаючы ёй межы
свойскасці, а не як вартасць самадастатковую ў нацыянальным вымярэнні. У канцы
20-х гадоў XX стагоддзя адна даследчыца Віленшчыны напісала пра мясцовых
беларуска-, літоўска- і польскамоўных сялян: “Пераважная большасць вяскоўцаў не
мае прывязанасці і не цэніць сваёй мовы, на якой размаўляе. Калі ў той ці іншай
вёсцы справы інакшыя, гэта значыць, што мы бачым вынікі працы прадстаўнікоў
іншых асяродкаў, ксяндзоў, двара, школы палітычных агітатараў, якія
нацыяналізавалі рэлігійна настроеных сялян. Сустракаюцца сяляне, што са
спагадай ставяцца да айчыны, аднак толькі як да зямлі-карміцелькі, набытку
бацькоў і дзядоў, а не як да айчыны ў нашым значэнні гэтага слова”.
Беларуская
мова, падзеленая на дыялекты, была блізкай як да рускай, так і – асабліва на
заходніх абшарах – да польскай. Яна не стварала цяжкіх бар’ераў для сувязей
паміж беларусамі і палякамі, расійцамі і ўкраінцамі. “Ёсць многа песень, –
адзначаў Міхал Федароўскі, – з жахлівай мешанінай абедзвюх моў (польскай і
беларускай)”. Беларускі селянін успрымаў мову не столькі ў якасці
прыкметы нацыянальных падзелаў, колькі ў якасці паказчыка адрозненняў
сацыяльных.
На
этнічна польскіх землях пасля адмены прыгону селянін-абшчыннік, паступова
ўваходзячы ў прастору ідэалагічных сувязей, заглыбляў сваю нацыянальную
польскасць і не дапускаў нават думкі, што гэты працэс можа мець якую-небудзь
альтэрнатыву. Ён уступаў у даўно развіты свет сімвалічнай культуры. Пазіцыя
беларускага селяніна з гэтага пункту гледжання была прынцыпова іншай.
Магчымасць цесных і глыбокіх дачыненняў з нацыянальнай беларускай культурай
была невялікая нават у апошнія гады царскай імперыі. Навучанне ў мясцовых
школах вялося па-руску, або – за выключэннем апошніх чатырох дзесяцігоддзяў
пасля студзеньскага паўстання – па-польску. Культура эліты ў краіне была
пакаленнямі выключна польская, з часам таксама і руская. Надсялянская (бо яшчэ
не элітарная) культурная беларускасць, якая знаходзілася на пачатковым этапе
свайго развіцця, не ўспрымалася сацыяльнымі масамі ў якасці рэальнай, прывабнай
альтэрнатывы для гэтых дзвюх культур. Што важна, яе развіццё ажно да Першай
сусветнай вайны не знаходзіла аніякай падтрымкі з боку адміністрацыйных уладаў
краю.
Трэба
памятаць, што мова была галоўным вызначальным элементам народаў
Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Таму масавае ўвядзенне яе ў школах, урадавых
структурах і ў пісьменстве ў БССР стварала шанц для нацыяналізацыі беларусаў.
“Дваццатыя гады ў Беларусі, – піша Хелена Гладоўска, – характарызуюцца
інтэнсіўнымі дзеяннямі ў галіне стварэння і развіцця культуры. Характэрным было
наданне ёй нацыянальнага характару, перш з ўсё беларускага. Беларусізацыя
выразна праявілася ў асвеце, навуцы, літаратуры, тэатры, выяўленчым мастацтве,
кінематаграфіі і музыцы. У палітыцы беларусізацыі на аснове культуры ўлады
ўбачылі галоўны сродак прапаганды новага ладу.” На пераломе 1920-х і 1930-х гадоў наступіў рашучы адыход
ад моўнай і нацыянальнай беларусізацыі; ён працягваўся, у прынцыпе – нягледзячы
на пэўныя ваганні – аж да канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя.
Разбурэнне
традыцыйных постфеадальных грамадскіх структур, прамысловае развіццё краю,
узрастанне грамадскай актыўнасці і распаўсюджанне ўсеагульнай адукацыі – гэта
з’явы, якія ў поўным аб’ёме выявіліся ў Беларусі досыць позна, нярэдка толькі ў
міжваенным часе (а ў шэрагу раёнаў, напрыклад на Палессі – і пазней). У той час
прыняцце рускай мовы адбывалася ў сітуацыі адкрыцця аб’яднаных навуковымі
ведамі мясцовых таварыстваў, асабліва вясковых, масавай эміграцыі сялян у
гарады – іх гатоўнасці прыняць сувязі ідэалагічнага тыпу. Новыя сувязі мелі
маштаб савецкай культуры і рускамоўную артыкуляцыю.
Можна
лічыць, што спрадвечнай вартасцю беларускай нацыянальна-этнічнай супольнасці
з’яўляецца мова. Яе элімінацыя на карысць рускай прывяла, – згодна з
канцэпцыяй Ежы Смоліча, – да распаду традыцыйнага культурнага ўкладу
беларускага грамадства, разрыву сацыяльна-культурнай пераемнасці. Традыцыйная
беларускасць захавалася ў фрагментарнай форме, галоўным чынам у
фальклорна-этнаграфічным вымярэнні. Новая – якасна іншая. У БССР гэта
ўсведамлялася толькі ў вузкіх інтэлігенцкіх колах. Сур’ёзным пратэстам гэтых
колаў супраць падобных працэсаў было выданне за мяжой кнігі Алега Бембеля, у
якой сабраны выказванні беларусаў на тэму сваёй мовы.
Шанцы на паступовае вяртанне беларускай мовы ў гарады з’явіліся ў 1990-х гадах,
калі рэзка ўзрасла лічба школ з беларускай мовай навучання (у папярэдняй
дэкадзе яны знаходзіліся амаль выключна ў сельскіх раёнах).
Аднак
вынікі рэферэндуму, праведзенага ў траўні 1995 года – у якім падаўляючая
большасць яго ўдзельнікаў выказалася за ўраўнаванне правоў рускай і беларускай
моў як дзяржаўных (83,1 %), за вяртанне савецкай дзяржаўнай сімволікі (75,0 %),
а таксама за эканамічную інтэграцыю з Расіяй (82,4 %),
– гавораць пра тое, што як беларуская мова, так і само паняцце беларускага
народа, не з’яўляюцца для беларусаў вартасцямі найвышэйшага характару.
1.4. Рэлігія
Разбурыўшы
той рэлігійны уклад, які існаваў у Беларусі на час заняпаду Першай Рэчы
Паспалітай, Расія радыкальна абмежавала магчымасць ранняга фармавання
беларускага нацыянальнага руху. Ліквідуючы ў 1839 годзе унію і шматразова
павялічваючы колькасць вызнаўцаў праваслаўя, яна падзяліла беларускае
грамадства на дзве рэлігійныя супольнасці. З дапамогай палітызацыі гэтага
падзелу яна забяспечыла ў грамадстве Беларусі сталую крыніцу канфліктаў. Пры
ўсім, яна справакавала такую сітуацыю, калі сувязі, што ядналі грамадскія масы
з царквой ці касцёлам, іх культурнай і цывілізацыйнай базай (якая
атаясамлівалася з рускасцю або польскасцю) былі настолькі моцнымі, што
“прабіцца” праз іх беларускаму нацыятворчаму працэсу аказалася амаль немагчыма.
Праваслаўе ў свядомасці мясцовых сялян стала “рускай верай” (яднаючай іх з
расійцамі), а рымскае каталіцтва – “польскай”. He хапала уніі, якая, па
прыкладзе галіцкіх украінцаў, аддзяляла б мясцовы люд ад свету як паноў, так і
уладаў, мадэлявала б уласную культуру і эліту. Рэлігійныя падзелы не
дынамізавалі – як гэта было ў выпадку з палякамі, літоўцамі і галіцкімі
ўкраінцамі – нацыятворчага працэсу. Яны выклікалі рускую ці польскую асіміляцыю
толькі нязначнай часткі мясцовага люду (яго грамадскіх вылучэнцаў). Затое
ўмацоўвалі пачуццё прыналежнасці да асобных культурных колаў (што на ўзроўні свядомасці
па-за рэлігійнай сферай было невыразным), функцыі, якія ў даіндустрыяльную
эпоху выконвала рэлігія.
Выразная
размежаванасць паводле падзелаў, выкліканых веравызнаўчай прыналежнасцю, не
азначала, аднак, што рэлігійнасць мясцовага насельніцтва была моцнай (асабліва
праваслаўнага). Рэлігійна-культурная нестабільнасць большасці
беларускага грамадства – першапачаткова праваслаўнага, потым уніяцкага, і пасля
1839 года зноў праваслаўнага, адкрытага літоўскім і польскім, а потым расійскім
уплывам – не спрыяла фармаванню моцнай культурнай самаідэнтычнасці, а значыць і
беларускаму нацыятворчаму працэсу.
Праваслаўе
досыць доўга замыкала сялян у вясковых супольнасцях, заглыбляла іх у свет
багатай фальклорнай культуры, вусных форм пераказу, калектывізму абшчын і дзякуючы
гэтаму перашкаджала ўспрыняццю ідэалагічных сувязей, якія характарызуюць нацыю,
затое кансервавала этнічную свядомасць. Зарыян Даленга Хадакоўскі (Адам
Чарноцкі), даследчык беларускай і ўкраінскай народнай культуры пачатку мінулага
стагоддзя, сцвярджаў, што суадносіны паданняў польскіх да рускіх выглядаюць як
1 да 10.
У Расіі
паняцце нацыі мела калектывісцка-дзяржаўны характар, больш сакральны, чым
маральны, вырастала не столькі са свабоды асобы, колькі з сілы прававой.
Нацыятворчыя працэсы працякалі “зверху”. Такое разуменне нацыі і механізмы яе
фармавання праз расійскую версію праваслаўя былі перанесены на беларускае
грамадства (яго праваслаўную частку).
Царква
сама па сабе не была нацыятворчым інстытутам, а толькі пасярэдніцай паміж
дзяржаўнымі уладамі – якім падпарадкоўвалася – і народам. Яна моцна залежала ад
палітычнага цэнтру дзяржавы, у пэўнай ступені з часоў заснавання мела
нацыянальны рускі характар, таму ў яе межах ніколі не ўдавалася выклікаць
беларускага або ўкраінскага нацыянальнага сепаратызму.
У
процілегласць царкве, касцёл абмяжоўваў багацце народнай культуры, спрыяў
адкрыццю мясцовых таварыстваў, ствараў умовы для больш хуткага прыняцця
ідэалагічных сувязей, фармавання “нізавых”, незалежных ад дзяржавы нацыятворчых
працэсаў. Ён распаўсюджваў ідэю грамадскага салідарызму, адрозніваючыся тым
самым ад праваслаўных духоўнікаў, найчасцей бедных, больш падатных (асабліва ў
атачэнні польскіх памешчыкаў) на класавыя лозунгі, дысфункцыянальныя ў
дачыненні да любых нацыятворчых працэсаў.
Касцёл быў незалежнай ад дзяржавы нацыятворчай сілай, здольнай у сваіх межах да
нацыянальнага сепаратызму (прыклад літоўцаў). Вельмі важныя ў лацінскай
культуры персаналістычная вартасці ўзмацнялі пачуццё самаідэнтычнасці асобы,
стваралі ўмовы для хуткага ўспрыняцця нацыянальнай ідэалогіі масамі. Вынікі
гэтага былі відаць у выразнай перавазе каталікоў у беларускім нацыянальным руху
(як у часы царскай Расіі, так і цяпер). Аднак каталіцкая супольнасць Беларусі,
застаючыся яўнай меншасцю (у царскай імперыі – некалькі працэнтаў) і моцна
адчуваючы пагрозу свайму існаванню з расійскага, праваслаўнага боку,
паддавалася хутчэй нацыянальнай паланізацыі, чым беларусізацыі. Масы
праваслаўнага насельніцтва ўспрымалі сваю беларускасць як раней, так і цяпер,
на ўзроўні хутчэй этнічным, чым нацыянальным (праўда, польскасць цяперашніх
каталікоў Беларусі, дзесяткі гадоў пазбаўленых эліты і польскамоўнага
навучання, таксама не заўсёды мае выразны нацыянальны характар). У савецкай
Беларусі праваслаўе, нягледзячы на тое, што яно афіцыйна заціскалася і слабела,
пад уплывам Масквы выдавалася за адзіную “ісцінна рускую” (гаварылася нават –
славянскую) рэлігію, свойскую – у процілегласць да заходняга, “чужога”
каталіцтва.
2. Грамадскія структуры
Істотнай
рысай, якая адрознівала плебейскія грамадствы, што выходзілі на ўзровень нацыі,
ад тых, якія здаўна мелі ўласныя вышэйшыя слаі, была форма экспрэсіі выяўленых
імі грамадска-палітычных і нацыянальных ідэалаў (да пэўнай ступені таксама і іх
змест). Этнічныя супольнасці, з часам народы, што стагоддзямі валодалі цалкам
сфармаванай сацыяльнай структурай, мелі грамадскія праслойкі, члены якіх,
абапіраючыся на палітычна-дзяржаўныя традыцыі, выконвалі палітычныя і
культурныя ролі па забеспячэнні працягласці існавання народа. Гэтая праслойка –
у Цэнтральна-Усходняй Еўропе шляхта, a потым інтэлігенцыя – мела добра
сфармаваную культурную (нацыянальна-дзяржаўную) самаідэнтычнасць. Яе стваралі
людзі вольныя, прывыклыя да палітычных свабод, людзі, якія жадалі гэтых свабод
і былі здольныя змагацца за іх гарантыі. Яны мелі адпаведны культурны (сямейная
традыцыя) і матэрыяльны рэзерв для таго, каб можна было прысвяціць сябе
грамадскай дзейнасці і прапагандаваць ідэю вяршэнства маральных вартасцей
(таксама нацыянальных) над матэрыяльнымі. Састаўной часткай постшляхецкага,
інтэлігенцкага этасу стала адказнасць не толькі за сябе як выразную меншасць,
але і за цэлы народ. Народы з цалкам сфармаванай грамадскай структурай
распараджаліся таксама вартасцямі, звязанымі з этасам, важнымі рысамі якога
былі: актыўнасць, індывідуалізм (пры моцным інтэграванні ў грамадства), пачуццё
місіі правадырства, незалежнасць, нацыянальны гонар, а часам нават нацыянальная
мегаламанія, схільнасць да бунту – відавочна больш у польскім выпадку, менш – у
венгерскім. На працэсы нацыятворчасці аказаў уплыў той факт, што эліта была, як
правіла, намнога больш арыентаваная на будучыню, чым народныя масы, настроеныя
галоўным чынам на сучаснасць, на дзейнасць, якая можа прынесці пэўную карысць у
кароткачасовай перспектыве. Мысленне ў нацыянальных катэгорыях было забяспечана
выразным вымярэннем перспектывы, здольнасцю да назапашвання ў часе
нематэрыяльных “прыбыткаў”, схільнасцю прысвячаць сябе рэалізацыі нацыянальных
ідэалаў. Наяўнасць эліты спрыяла фармаванню такога тыпу мыслення, фармаванню нацыі.
Актыўнасць
кіраўнічай праслойкі плебейскіх супольнасцей, што паходзілі з сялянства ці,
радзей, мяшчанства, была іншай. Яна з’яўлялася больш пазітывісцкай, менш
рамантычнай (нягледзячы на тое, што плебейскія народы ўзніклі дзякуючы
рамантызму) і індывідуалісцкай, а таксама ў меншай ступені настроенай на ўздым
паўстання. Этас гэтай плебейскай інтэлігенцыі быў іншым, чым польскай або
венгерскай. Формы яе дзейнасці больш спалучаліся з сялянскай працавітасцю і
ўпартасцю.
Важнай
састаўной часткай сучаснай нацыянальнай ідэі з’яўляецца гонар за нацыянальныя
каштоўнасці, створаныя і вылучаныя на першы план уласнай культурнай элітай.
Шляхта і інтэлігенцыя ў свядомасці шырокіх мас грамадства атаясамляліся
звычайна з найвышэйшым узроўнем сімвалічнай культуры і прыцягальнымі асабістымі
прыкладамі. Яны з’яўляліся ўзорам для сацыяльна актыўных народных мас,
адлюстроўвалі – на іх думку – вартасці і паводзіны, годныя для пераймання,
стваралі асяродкі, да ўступлення ў якія апошнія імкнуліся. Яны былі тымі, з-за
чыёй творчасці і пазіцый адбываліся канфрантацыі з іншымі народамі. Стаўленне
плебейскіх мас да эліты было, як правіла, амбівалентнае: негатыўнае,
канфліктагеннае ў плоскасці класавай канфрантацыі, і апрабатыўнае, вынікаючае з
прызнання іх інтэгральных функцый, сувязетворчае. Гэта выяўлялася ў іх
культурна- і нацыятворчай дзейнасці, неабходным элементам якой быў надкласавы
грамадскі салідарызм. Вось такой цалкам сфармаванай, трывала інтэграванай у
грамадстве праслойкі беларусы і былі пазбаўлены; інтэлігенцкі нонканфармізм і
ідэю кіравання народам у савецкай Беларусі падмянілі савецкай ідэяй
плебейскасці і класавай агрэсіі.
Прычынамі
запозненасці беларускага нацыятворчага працэсу былі, з аднога боку,
няздольнасць – прынамсі да канца мінулага стагоддзя – пераважнай большасці
беларускага сялянства да ўспрыняцця хоць якой-небудзь нацыянальнай ідэі, а з
другога, – адсутнасць у беларускім грамадстве праслойкі, якая была б
зацікаўлена ў стварэнні нацыі і адначасова магла б паспяхова падтрымаць працэс
яе развіцця. Такой праслойкай стала ва Усходняй Галіцыі грэка-каталіцкае
духавенства, у Літве – значная частка рыма-каталіцкага духавенства літоўскага
паходжання. Пасля ліквідацыі уніі, асабліва ж пасля студзеньскага паўстання,
праваслаўнае духавенства беларускага паходжання (некалі уніяцкае) было ў
значнай частцы заменена расійскім або зрусіфікаваным, пры гэтым строга
падпарадкаваным расійскай царкве і царскім уладам; яно з’яўлялася прадстаўніком
не беларускіх нацыянальных інтарэсаў, а – у значнай ступені – расійскіх
імперскіх. Праваслаўнае духавенства не было зацікаўлена ў стварэнні беларускай
нацыі (падобна, як на Украіне – украінскай) і да фармавання яе не прычынілася
(цэзарапапізм не спрыяў падтрымцы праваслаўным духавенствам сепаратысцкіх
тэндэнцый адносна цэнтра). Ва ўсходнеславянскім праваслаўі разрыў паміж
актыўнасцю эліт і актыўнасцю народа быў значна большым, чым у супольнасцях
каталіцкіх (а тым болей пратэстанцкіх). У праваслаўі было большым таксама
значэнне эліт для ініцыявання (а потым і распаўсюджвання) новых грамадскіх з’яў
(працэсаў): палітычных, культурных, нацыянальных.
Плебейскія
супольнасці Цэнтральна-Усходняй Еўропы не мелі ні ўласнага шматлікага і
заможнага мяшчанства, ні свецкай інтэлігенцыі. Доўгі час адзіным адукаваным
прадстаўніком гэтых колаў, трымаўшым цесныя сувязі з народам, было духавенства,
якое найчасцей і ініцыявала народатворчыя працэсы ў гэтых грамадствах. Творцамі
першай украінскай групы ў Галіцыі – “Рускай Тройцы” – было ў 30-х гадах XIX
стагоддзя грэка-каталіцкае духавенства (семінарысты); распачаты імі рух
падтрымала ў 1848 годзе Галоўна Рада Руска, гэта значыць, вышэйшая іерархія
грэка-каталіцкага касцёла (украінскі pyx y царскай імперыі быў значна
слабейшы). Актыўны ўдзел духавенства ў фармаванні літоўскага нацыянальнага руху
сведчыць пра тое, што быў магчымы нацыянальны падзел у рамках агульнай
касцельнай структуры. У Славеніі падобную ролю адыгрывалі каталіцкае
духавенства, а ў Славакіі – клір пратэстанцкі і каталіцкі.
Разам з
ліквідацыяй уніі ў 1839 годзе беларусы аказаліся пазбаўленымі той грамадскай
праслойкі, якая стварала найбольшыя шанцы нацыянальнай эскалацыі іх
беларускасці. Алег Латышонак сцвярджае, што пачаткі беларускай нацыянальнай
ідэі звязаны – у 20-х гадах XIX стагоддзя – з дзейнасцю уніяцкіх ксяндзоў або
іх сыноў, студэнтаў, а потым выпускнікоў (y тым ліку супрацоўнікаў) Віленскага
універсітэта, асабліва Міхала Баброўскага і Ігната Даніловіча. Яны не развілі сваіх ідэй настолькі, каб тыя сталі
адназначна нацыянальнымі, і не пакінулі сваіх пераемнікаў (далейшых
даследаванняў вымагае параўнанне зместу блізкага ім паняцця рускасці з
нацыянальным разуменнем беларускасці). Ксяндзы уніяты былі моцна звязаны з
мясцовым людам, часта паходзілі з дробнай шляхты, скончылі мясцовыя гімназіі,
Віленскі універсітэт, у касцёлах нярэдка служылі на беларускай мове. “Уніяцкае духавенства, – заўважае Баляслаў Ліманоўскі, –
хоць і менш адукаванае за каталіцкае, стаяла намнога вышэй за праваслаўны клір
з пункту гледжання навукі і грамадзянскіх пачуццяў”. Яно ўтварала выразна адасобленую праслойку, якая мела
пачуццё рэгіяналізму, усведамляла сваё “рускае” паходжанне, што адрознівала яго
ад рымскіх каталікоў Кароны і Жамойці, а таксама ад праваслаўных “маскалёў”.
Распараджалася гатовымі арганізацыйнымі структурамі, якія давалі магчымасць
рэалізаваць уласныя грамадскія інтарэсы, у тым ліку і тыя, што – як гэта было ў
выпадку галіцкіх украінцаў – з часам набылі нацыянальны характар.
Шляхта
Беларусі, якая мысліла ў катэгорыі “gente Lithuani (Rutheni), natione Poloni”,
нягледзячы на ўсведамленне сваёй “рускасці” не стала базай беларускага, або
літоўскага ці ўкраінскага нацыянальнага руху, ды і не магла ёй стаць.
Ініцыятарам плебейскіх нацыянальных рухаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе была не
шляхта, а народжаныя сярод простага люду інтэлігенты, асабліва духавенства і
настаўнікі. Шляхта, якая апелявала да сваіх сацыяльных правоў, падкрэслівала
сваю культурную, палітычную і родавую вышэйшасць у параўнанні з простым народам
(у польскім выпадку звернутую да традыцыі былой Рэчы Паспалітай як дзяржавы,
што ёй належала і з’яўлялася цэласцю непадзельнай), не магла стаць на чале
плебейскага нацыянальнага руху, не адмовіўшыся ад сваёй традыцыйна ўспрымаемай
шляхецкасці. Таму тая падтрымка, якую атрымала беларушчына ў XIX стагоддзі ад
яе членаў, мела выключна культурна-літаратурны характар, змешчаны ў рамкі
“gente Rutheni”, a не нацыянальна-палітычны, сепаратысцкі адносна польскасці (а
значыць, датычны “natione Poloni”). Беларускасць успрымалася шляхтай і часткова
паходзячай з яе асяроддзя інтэлігенцыяй на ўзроўні “рускага роду”, часта
называнага “літоўскім”, этнічнай свядомасці (частка дробнай і непісьменнай
шляхты штодзённа размаўляла па-беларуску), сувязі з супольнасцю, у якой
узгадавалася (лакальнай, рэгіянальнай), яе культурай, – а значыць не на
нацыянальным узроўні, ні ў яго даўнім, палітычным, ні ў новым, культурным
(этна-моўным) разуменні.
Беларускі
люд, развіваючыся сацыяльна, мігруючы ў гарады, у перыяд падзелаў паланізаваўся
або русіфікаваўся культурна, часам таксама нацыянальна, не ўсведамляючы, што
існуе магчымасць беларускай нацыянальнай аптацыі (сітуацыя пасля 1905 года
амаль не змянілася). Гэтаму спрыяла тое, што ў гарадах беларусы, як правіла,
станавіліся меншасцю (напрыклад, у Менску ў 1909 годзе – 8,2 %). Большасцю яны сталі толькі ў савецкай Беларусі пасля наплыву
ў гарады вялікай масы вясковага насельніцтва і масавага вынішчэння яўрэяў у
гады Другой сусветнай вайны. Польскія сяляне ў “Кангрэсоўцы” (а таксама па-за
ёй), успрымаючы ў працэсе нацыяналізацыі культуру вышэйшых польскіх праслоек,
мелі значна большую магчымасць, чым плебейскія супольнасці (у тым ліку і
беларусы, эліта якіх паходзіла непасрэдна з асяроддзя простага люду), адкінуць
элементы ўласнай культуры, што стрымлівалі іх нацыянальнае развіццё. Быць
палякам – як і расійцам – для польскага ці рускага селяніна азначала магчымасць
усведамляць сябе ў той самай нацыянальна-культурнай плоскасці, што і вельмі
прывабны для яго свет шляхецкіх двароў і гарадскіх салонаў, пры адначасовым
класавым дыстанцыяванні. Нацыяналізуючыся, польскі селянін адчуваў сябе
ацэненым, уступаючым у свет шляхецка-інтэлігенцкай эліты, маючым надзею, што з
часам знойдзе сябе сярод іх калі не ён сам, дык яго дзеці або ўнукі.
Беларусам
ніколі не ўдавалася стварыць такой перспектывы сацыяльнага авансу. Шляхецкія
творцы літаратурнай беларушчыны XIX стагоддзя надалі ёй характар выразна
плебейскі (па-беларуску гаварылі сяляне, паны – па-польску). Слабыя спробы
выйсці за межы такога яе разумення, зробленыя ў “нашаніўскі” перыяд, былі
радыкальна сарваны пасля бальшавіцкай рэвалюцыі. Беларускасць атаясамлялі з
простым людам, адмяжоўваючы яе ад “класава варожай” эліты і шматвяковай
гісторыі (недахоп у свядомасці беларусаў постаці тыпу Багдана Хмяльніцкага, ці
сацыяльнай з’явы кшталту казаччыны). Гэта было адной з прычын таго, што
беларусы, узвышаючыся сацыяльна, прымалі культуру рускую як раней – польскую, –
культуры, якія мелі прывабныя для простага люду вартасці і традыцыйна
характэрныя для эліты прыклады.
Калі
працэс прыняцця некаторых элементаў шляхецкай (шляхецка-інтэлігенцкай) культуры
польскай вёскай узмацніўся ў часы яе нацыяналізацыі, дык беларускіх сялян XX
стагоддзя гэтая з’ява па вядомых прычынах не кранула (або была вельмі слабай).
Вынікам стала ўзрастанне адрозненняў у ментальнасці дзвюх сялянскіх
супольнасцей – польскай і беларускай.
Інтэлігенцыя
грамадстваў Цэнтральна-Усходняй Еўропы – асабліва відавочна гэта было ў
польскім выпадку – магла выконваць нацыятворчыя функцыі дзякуючы таму, што
народ прымаў яе культуратворчую ролю ў грамадстве. З’яўляючыся праслойкай, якая
стварала культуру, яна спрычынілася да распаўсюджання культурнай (этна-моўнай)
мадэлі нацыі, у процілегласць шляхце з яе дзяржаўна-палітычнай мадэллю (што
аб’ядноўвала розныя этнічныя групы).
ІІасля
Кастрычніцкай рэвалюцыі была паступова створана новая бюракратычна-інтэлектуальная
праслойка, якая прынцыпова адрознівалася ад
традыцыйнай польскай і рускай інтэлігенцыі. Новая праслойка пераносіла на
гарадскі грунт старыя катэгорыі мыслення, мадыфікаваную звычаёвасць. Звярталася
да культуры, якую яе прадстаўнікі вынеслі з родных вёсак і паступова
відазмянялі. Беларушчыну яна разумела этна-фалькларыстычна, рэгіянальна. Інакш
і быць не магло ў сітуацыі, калі гэтая праслойка паўставала ў нейкім грамадскім
вакууме, не могучы наблізіцца да перадрэвалюцыйнага этасу эліты, не ведаючы
ніякай іншай наменклатуры, акрамя савецкай. Без апоры на традыцыі былых
вышэйшых сацыяльных слаёў і свайго адрознення ад Расіі, а таксама без згоды
палітычнага цэнтра, асноўваючыся толькі на сваёй народнай культуры, яна не мела
шанцу стаць праслойкай нацыятворчай, з глыбока ўсвядомленай беларускай
нацыянальнай ідэалогіяй. Яна ўзнікла як частка савецкіх
кіраўніча-інтэлектуальных асяродкаў, як іх анацыянальнае правінцыйнае
адгалінаванне, што моцна хілілася да расійскага цэнтра, прывучанае да кіравання
ёю зверху. У такую схему не ўпісваюцца толькі нешматлікія беларускія
нацыянальныя групы, якія звярнуліся да традыцыі Вялікага Княства Літоўскага, да
адрознасці ад рускіх (і палякаў), больш падатныя да вестэрнізацыі, успрымаючыя
Захад як абшар, да якога калісьці належала і Беларусь. Частка іх усведамляе,
што шанцы на нацыянальнае адраджэнне беларусаў
будуць намнога большымі пры звароце да сваіх сувязей з Захадам, а не з Усходам.
3. Палітыка
Актыўнасць
царскай адміністрацыі паўплывала на тое, што нацыянальны беларускі рух пачаў
фармавацца позна, быў слабы, а сацыяльная база яго ўплыву аказалася невялікай.
Калі палякі, маючы добра сфармаваную нацыянальную культуру, уласную эліту,
маглі да пэўнай ступені супрацьстаяць рускім – хаця развіццё польскасці на беларускіх
землях у часы падзелаў было затарможана, часам нават адкінута назад, а ў СССР
яе ў значнай меры вынішчылі, – то беларускасць была занадта слабай, каб здолець
у тых умовах самастойна выклікаць выразную нацыянальную экспансію.
Царская
Расія была краінай дэспатычнай, цэнтралізаванай, амаль не здольнай да
нацыянальнага кампрамісу, краінай, што трактавала праваслаўных славян як
адзіную (рускую) нацыянальную супольнасць. Фармаванню беларускай нацыі не
спрыяла тое, што ўся тэрыторыя Беларусі знаходзілася ў расійскай дзяржаве. Час
падзелаў скарысталі толькі палякі, галіцкія ўкраінцы ды літоўцы (Усходняя
Прусія). Беларусы такой магчымасці не мелі – не мелі свайго П’емонта. Яны не
толькі не маглі выкарыстаць сутыкненне аднаго захопніка з другім, але, у
адрозненне ад галіцкіх украінцаў і літоўцаў (хоць і ў значна меншай ступені),
не ўспрымаліся захопнікам як супольнасць, імкненне якой да нацыянальнага
самавызначэння можна было б хоць часткова падтрымаць, абмяжоўваючы такім чынам
выразную культурна-гаспадарчую прысутнасць палякаў. Расійцы ўмерана
падтрымлівалі нацыянальны літоўскі сепаратызм там, дзе былі шанцы на яго
антыпольскую накіраванасць, не лічачы пры гэтым, што ён можа пагражаць
цэласнасці імперыі. Гэтаму спрыяла слабае ўкараненне рускай культуры ў літоўскім
грамадстве, што значна адрознівала яго ад беларускага.
Расійцы,
змагаючыся з польскасцю, шукаючы ў актывізацыі беларускай самастойнасці
“польскую інтрыгу” на “спрадвечна рускіх землях”, спрычыняліся да культурнай і
гаспадарчай дэградацыі краю. Ператвараючы масу дробнай шляхты ў сялян і
абмяжоўваючы правы яе астатняй часткі, яны палярызавалі грамадства, значна
змяншаючы праслойку людзей актыўных, якія вылучаліся з простага люду ўзроўнем
адукацыі, ментальнасцю, адкрытасцю да свету і здольнасцю ўтвараць звышлакальныя
ідэалагічныя сувязі. Рэпрэсуючы польскасць ва ўсіх яе праявах, яны доўгі час не
былі ў стане запоўніць утвораную нішу, што ўплывала на грамадскае развіццё краю
на працягу ўсяго часу падзелаў. Наступствы іх палітыкі былі болей шкоднымі для
нацыянальнага развіцця плебейскай супольнасці беларусаў, чым для меўшых сваю
эліту палякаў.
Цяжка
пераацаніць значэнне ліквідацыі уніі для развіцця беларускага нацыятворчага
працэсу. На большай частцы тэрыторыі Беларусі гэта павялічыла дыстанцыю паміж
вёскай і дваром як у культурным (рэлігійным), так і ў класавым вымярэнні.
Насуперак імкненню царскіх уладаў, рэлігія не стала для народных мас фактарам
нацыятворчым. Наадварот, разняволеная грамадская энергія, вызваленыя эмоцыі
былі выкарыстаны для стварэння культурна-рэлігійных бар’ераў, умацавання ў
этнічных супольнасцях свядомасці тутэйшасці.
Практычна
існаваўшая ў царскай імперыі (але ніколі цалкам афіцыйна не агалошаная)
забарона друкаваць выданні на беларускай мове затрымала працэс арганізацыі
беларускага нацыянальнага руху. У рэаліях тагачаснай Цэнтральна-Усходняй Еўропы
ўсе плебейскія нацыянальныя рухі распачыналі сваю актыўнасць з літаратурнай
дзейнасці. Пасля 1859 года перасталі друкаваць беларускія выданні лацінкай, а
пасля студзеньскага паўстання легальны друк якіх бы там ні было (за выключэннем
фалькларыстычных) беларускамоўных прац, незалежна ад іх алфавіта, быў немагчымы
(гэта змянілася толькі пад канец 1904 года, раней іх спарадычна выдавалі па-за
межамі Pacіi).
He стварылі нацыянальнага руху шляхецкія творцы культурнай, літаратурнай
беларушчыны XIX стагоддзя, пачынаючы ад Яна Чачота, Вінцэнта
Дуніна-Марцінкевіча, Кастуся Каліноўскага аж да памерлага ў 1900 годзе
Францішка Багушэвіча (гэта былі адзінкі, а не арганізаваныя прабеларускія
нацыянальныя групы). Не стварылі яны і беларускай нацыянальнай ідэалогіі, хоць
парасткі яе можна знайсці ўжо ў багушэвічавай “Прадмове” да “Дудкі беларускай”,
выдадзенай у 1891 годзе ў Кракаве. Упершыню сучасная ідэя беларускага народа,
выразна насычаная палітычным зместам, была прадстаўлена ў друкаваных па-руску
нелегальных лістах групы пецярбургскіх народнікаў, асабліва ў двух нумарах
выдадзенага ў 1884 годзе “Гоману”. Хутка зліквідаваная царскімі ўладамі, гэта
група не пакінула ні паслядоўнікаў, ні глыбокага следу ў свядомасці беларусаў[26].
Паўнацэнны
беларускі нацыянальны рух пачаў існаваць толькі з 1906 года – з часу з’яўлення
першых легальных беларускіх выданняў, а потым і беларускіх культурных
арганізацый. Колькасць нацыянальна свядомых беларусаў у той час магла складаць
пару сотняў асоб (хоць рэгулярнае дачыненне да беларускай нацыянальнай
ідэалогіі мелі – галоўным чынам праз прэсу – некалькі тысяч). Гэтая лічба
шматразова ўзрасла ў часы Першай сусветнай вайны, а потым яшчэ больш
памножылася ў перыяд рэалізацыі палітыкі т.зв. “беларусізацыі”. У Другой Рэчы
Паспалітай беларускі рух разам з умацаваннем у ім левых тэндэнцый усё больш
падвяргаўся рэпрэсіям з боку ўлад. У 1930-х гадах па абодва бакі мяжы
нацыянальная беларускасць гвалтоўна аслаблялася.
На
працягу апошняга стагоддзя беларушчына некалькі дзесяткаў гадоў знаходзілася
пад уплывам палітыкі ўлад. Яна ніколі не была настолькі моцнай, каб супрацьстаяць ім. Падтрымка ўладаў моцна прыспешвала
працэс нацыянальнай беларусізацыі, a ix супрацьдзеянне адкідвала яго да мяжы знікнення.
Прычын гэтага было многа. Адна з ix – у перанясенні з рускай культуры на
беларускае грамадства механізма сацыяльных перамен, што прадугледжвае кіраванне
ix працэсамі зверху, праз палітычны цэнтр краіны і звязаную з ім эліту пры
адначасова малой гатоўнасці народных мас да працяглага выяўлення ініцыятывы
знізу. Доўгі час рускі народ меў блізкі да беларускага ўзровень нацыяналізацыі,
аднак расійскае грамадства ўспрымалася праз прызму яго цалкам развітай
нацыянальнай эліты. Чым шырэй прымалася беларусамі руская культура, асабліва ў
яе савецкім вымярэнні, павярхоўным, моўна утылітарным, пастуляваўшым
падпарадкаванне палітычнаму цэнтру, тым меншыя былі шанцы на беларускае
нацыянальнае адраджэнне. Рускасць, раней праваслаўная, а потым савецкая,
затрымала нярускія славянскія супольнасці на ўзроўні мадыфікаванай этнічнасці,
этнаграфізму, фалькларызму. He паддаліся гэтаму на ўсходніх ускраінах былой
Рэчы Паспалітай неславяне (рыма-каталікі) літоўцы і галіцкія (грэка-каталікі)
ўкраінцы, якія нацыяналізаваліся перад уключэннем ix y склад СССР.
Нацыянальнай
праблемай беларусаў быў недастатковы ўзровень культурнай самаідэнтычнасці,
недахоп прыкметаў, якія б выразна адрознівалі ix ад двух галоўных славянскіх
суседзяў – расійцаў і палякаў, антаганізаваўшых – як гэта было ў пераважнай
большасці прыкладаў іншых нацыянальных працэсаў у Еўропе – ix дачыненні (хаця
існаваў, напрыклад, класавы канфлікт паміж селянінам-беларусам і панам-палякам,
радзей – рускім). Гэта паўплывала таксама на тое, што на абшарах былой Рэчы Паспалітай
нацыяналізм найцяжэй прымаўся ў Беларусі.
Поспехі
палітыкі т.зв. “беларусізацыі” ў 1920-х гадах сведчаць, што поўнае фармаванне
беларускай нацыі было магчымым – тым хутчэй, чым большай была падтрымка ўладамі
гэтага працэсу. Спрошчана можна сказаць: прычынай таго, што працэс не адбыўся, з’яўлялася палітыка як царскіх, так і савецкіх улад,
а таксама – пасля бальшавіцкай рэвалюцыі – непазбежнасць будовы нацыянальнай
беларускасці на аснове культуры практычна цалкам анацыянальнай вясковай масы і
выхадцаў з яе. Гэта палітыка прыводзіла да таго, што жыхары імкліва растучых
гарадоў станавіліся праваднікамі ідэалогіі савецкай, а не нацыянальнай.
Савецкія каштоўнасці давалі ім магчымасць знайсці сябе ў новай Беларусі –
індустрыялізаванай і урбанізаванай. Адрознівае сённяшніх беларусаў ад літоўцаў,
эстонцаў, заходніх украінцаў тое, што апошнія ў стане дыстанцыявацца ад
савецкасці дзякуючы вяртанню да нацыянальных культурных каштоўнасцей,
назапашаных імі да ўключэння іх краін у СССР.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|