БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 5 / 2002

БЕЛАРУСЫ
(погляд з Польшчы)

Рышард РАДЗІК

ПОГЛЯД НА ПОЛЬШЧУ І РАСІЮ Ў “КАРОТКАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ” ВАЦЛАВА ЛАСТОЎСКАГА*

Вацлаў Ластоўскі (1883–1938), беларускі нацыянальны дзеяч, пісьменнік, публіцыст і гісторык, выдаў “Кароткую гісторыю Беларусі” (1910), з’яўляючыся 27-гадовым гісторыкам-самавукам. Значэнне працы ў тым, што гэта была – як адзначае Анатоль Грыцкевіч – “першая папулярная гісторыя Беларусі, напісаная беларусам і для беларусаў!”[1]

Твор В.Ластоўскага налічваў каля 100 старонак невялікага фармату (у тым ліку 40 малюнкаў) і абапіраўся амаль на два дзесяткі прац расійскіх, польскіх і ўкраінскіх гісторыкаў. Як сам аўтар адзначыў у прадмове, гэта была кніжка збіральніка фактаў, які, аднак, інтэрпрэтаваў некаторыя падзеі “па свойму з становішча карысьцей і шкод беларускаго народу”[2]. Праца, трэба прызнаць, была аматарскай (спачатку друкавалася ўрыўкамі ў “Нашай ніве”), аднак мэту яна мела высакародную: гісторыя – пісаў у прадмове В.Ластоўскі – гэта фундамент, на якім будуецца жыццё нацыі. Дагэтуль беларусы прыслугоўвалі іншым, працавалі дзеля чужых інтарэсаў. Свой твор малады беларускі нацыяналіст ахвяраваў “сыном маладой Беларусі, каб хаця з гэтай кароткай і няпоўнай працы маглі пазнаваць гісторыю бацькоўшчыны ў сваёй роднай мове”[3].

Як жа падаюцца вобразы Польшчы і Расіі ў “Кароткай гісторыі Беларусі”? Шмат што ўказвае на тое, што шляхціцы – стваральнікі беларускай літаратуры XIX стагоддзя, ад Я.Чачота, В.Дуніна-Марцінкевіча і да Ф.Багушэвіча,пераймалі традыцыі Вялікага Княства Літоўскага, а гэта значыць і беларускія, у блізкіх ім катэгорыях “Gente Lithuani (Rutheni), natione Poloni”. Сваімі думкамі ўсе яны былі ў большай ці меншай ступені спадкаемцамі колішняй Рэчы Паспалітай. Расія (Масква) адназначна лічылася за ворага, затое Варшава была саюзнікам, сталіцай дзяржавы, якая калісьці належала іх продкам і ў склад якой, лічылі яны, Беларусь (Літва) добраахвотна ўвайшла на правах раўнапраўнай часткі. Узніклы на пачатку ХХ стагоддзя новы нацыянальны беларускі рух мусіў перагледзець інтэрпрэтацыю саюзаў Польшчы і Беларусі, спроба якой ужо была раней – па-за межамі Беларусі, у пецярбургскай групе народнікаў, што выдавалі ў першай палове 80-х гадоў ХІХ стагоддзя нелегальны рускамоўны “Гоман”. Затое другая спроба, “нашаніўскага перыяду”, – гэта, бясспрэчна, твор В.Ластоўскага. Традыцыйная антырасійскасць мясцовых каталіцкіх эліт значна паслабляецца ў асяроддзі дзеячаў тагачаснага беларускага нацыянальнага руху. Узнікае імкненне нейкім чынам адмежавацца ад польскасці. Ёсць шмат прычын гэтай з’явы. Край стаў пераважна праваслаўным – гэтым фактарам кіраваліся беларускія дзеячы, калі аддавалі перавагу, напрыклад у “Нашай ніве”, кірыліцы перад лацінкай. У склад беларускай эліты паступова пачынаюць уваходзіць не толькі каталікі і не толькі прадстаўнікі заможнай землеўласніцкай шляхты, спрэс выхаванай у польскім духу. У ёй з’яўляюцца прадстаўнікі дробнай, незаможнай шляхты (лічыцца, што з такога асяроддзя паходзіў В.Ластоўскі[4]), нязначна адрознай паводле яе эканамічнага становішча ад мужыкоў, а таксама выхадцы з праваслаўя. Гэтыя людзі шмат гадоў выхоўваліся ў прарасійскіх школах, часам у самой Расіі, былі ізаляванымі ад ранейшага асяроддзя. Вынікі гэтага прасочваюцца ў іх дзейнасці, выданнях і ствараемай імі ідэалогіі. Сталіцай дзяржавы перастаюць быць Вільня, Варшава, ёю робіцца Масква. 

1. Погляд на Польшчу 

Польшча ўпершыню ўваходзіць у гісторыю Беларусі па прычыне шлюбнага саюза Ягайлы з Ядвігай і дзяржаўнага – Літвы з Польшчай. Інтэрпрэтацыя тагачасных падзей блізкая да інтэрпрэтацыі, пададзенай у літоўскай гістарыяграфіі. Гэта павінна было падкрэсліваць, што нацыянальнае адасабленне беларусаў і літоўцаў, падлеглых яшчэ ў ХІХ стагоддзі моцнаму польскаму ўплыву, мусіць адбыцца праз супрацьстаўленне польскасці, у тым ліку і ў гістарыяграфіі[5]. Таму Вітаўт падаецца як прадстаўнік інтарэсаў дзяржавы, грамадства (у тым ліку простага люду) літоўска-беларускага, у процілегласць слабаму, недасведчанаму і недальнабачнаму Ягайлу, марыянетцы разумнага польскага палітыка Збігнева Алясніцкага. Польшчай, адзначае беларускі гісторык, у тыя часы кіравалі “людзі разумныя, хітрыя і добрыя палітыкі” (стар. 25). Вітаўт супрацьстаяў ім упарта, але беспаспяхова. Літоўска-рускія баяры ахвотна пераймалі родавыя польскія гербы дзеля прывілеяў панавання над уласнымі прыгоннымі. Адбывалася паступовае апалячванне.

Польская дзяржава ад пачатку і да заняпаду Рэчы Паспалітай бачыцца як чужацкі арганізм і нават – з нацыянальнага гледзішча – у вялікай ступені варожы. Пра гэта сведчаць не столькі выказаныя ацэнкі, эмоцыі, а тым больш эпітэты (гэтага аўтар пазбягае), колькі падбор інфармацыі і яе інтэрпрэтацыя. Карысці ў саюзе з Польшчай не бачыцца зусім. В.Ластоўскі ўвесь час прыхільна апісвае дзеі, скіраваныя на захаванне самастойнасці беларуска-літоўскай дзяржавы. Аднак пры гэтым яму бракуе аб’ектыўнага ўсведамлення таго, што Літва магла апынуцца сам-насам з Маскоўскай дзяржавай. Бясспрэчна, прабеларускае нацыянальнае мысленне пераважае ў В.Ластоўскага над гістарычнай кампетэнтнасцю.

Да заключанай у 1569 годзе ў Любліне польска-літоўскай уніі беларускі гісторык ставіцца негатыўна. “Але з гэтаго часу, – піша ён, – асобная гісторыя Беларусі канчаецца: гэта старонка пачынае жыць агульным жыцьцём перш Літвы і Русі, а с 1569 года і Польшчы. Пачынаюцца часы штучнаго зьбліжэння, фальшывай дружбы разам са сваркамі, недаразуменьнямі і абапольнай няверай. Змаганьне за незалежнасьць цягнецца ешчэ 139 гадоў. У 1569 годзе Літоўска-Рускае гасударство палітычна памірае” (стар. 30). Утвораны палітычны арганізм акрэсліваецца ў працы часцей тэрмінам “Польшча”, вельмі рэдка – “Рэч Паспалітая”, і ніколі – “Рэч Паспалітая Абодвух Народаў”. На думку аўтара гісторыі Беларусі, саюз з Польшчай выклікаў у літоўска-рускіх элітах (пасля Гарадзельскай уніі) падзел на прапольскіх каталікоў і прабеларускіх (г.зн. прадстаўнікоў краёвых, нацыянальных інтарэсаў) праваслаўных (стар. 33).

Літва разглядаецца як свая дзяржава ў значнай меры таму, што беларуская культура дамінавала над літоўскай, а пануючыя літоўскія роды – адзначае В.Ластоўскі – узніклі ў выніку шлюбных саюзаў з беларускімі. Затое Польшча асуджаецца за тое, што саюзы з ёй выклікалі адваротны працэс: культурнае, у тым ліку моўнае спалячванне, з якога паўставалі рэлігійныя сваркі і палітычнае размежаванне ў літоўска-беларускім грамадстве. Калі Маскву ў XV і XVI стагоддзях спасцігалі дзякуючы актам “наездаў” (najazdów), то Польшчу пераважна –дзякуючы тэндэнцыі да аддзялення ад яе кожны раз са смерцю чарговага агульнага караля і высвятлення, чаму гэта адбылося.

Рэфармацыя разглядаецца ў рэчышчы з’яднання літоўцаў з беларусамі ў агульнай дзейнасці, скіраванай на атрыманне імі незалежнасці ад Польшчы. Аднак з-за пагрозы з боку Масквы і крымскіх татараў дайшло да злучэння абедзвюх дзяржаў. Перад падпісаннем Люблінскай уніі “Літоўска-Беларускіе паслы кінуліся на калені і з плачэм малілі Жыгімонта не губіць гэтаго государства, аддаючы яго ў няволю Польшчы” (стар. 46). Інтарэсы Літвы і Польшчы, як правіла, разглядаюцца ў працы як розныя.

Беларускае баярства апісваецца як група, што паступова спалячвалася, ператваралася ў шляхту; гэта робіцца заўважным ужо ў канцы XVI стагоддзя. Працэс захапіў таксама і “сярэдні стан”. Такім чынам, “людзі вышэйшых станоў <…> зусім адрываліся ад свайго народу”. “Просты народ, як у тыя часы звалі яго «посполіты», быў пакінуты сам сабе і гэты народ патрапіў зьберэгчы старую сваю мову, звычаі, але не меў сілы захаваць, бараніць і шырыць старую культуру” (стар. 47). Каталіцызм разглядаецца як дзяржаўная вера (стар. 60), а Брэсцкая унія – як акт з’яднання абедзвюх рэлігій пры падтрымцы “польскага ўраду” (стар. 63). Пра вынікі заключанай у 1596 годзе уніі В.Ластоўскі піша: “Так зьлівалася беларуская шляхта з польскай, адрываючыся ад роднай глебы, станавілася чужой у родным краю, памірала для національнай справы” (стар. 64). Пры гэтым адзначаецца, што з’яднаная дзяржава была беларуска-літоўска-рускай, а не (у дачыненні да апошняга складніка) рускай, як тое даводзіла расійская гістарыяграфія.

Брэсцкую унію аўтар “Кароткай гісторыі Беларусі” не ўхваляе, лічыць, што ў праваслаўі была захавана беларуская традыцыя, а палякі не дапусцілі ўраўнавання правоў уніятаў і рымскіх каталікоў. Унія бачыцца адной з прычын заняпаду Рэчы Паспалітай. Яе вынікам сталі казацкія бунты (стар. 71). Беларускі народ падтрымаў казакаў супраць “польскага войска” (стар. 74). Шляхта падаецца як нешматлікая група прыгнятальнікаў народа, што замяніла волю на самавольства, а кароль – як нявольнік шляхты (стар. 71). Відаць, пад уплывам расійскай навуковай традыцыі ўзнікае тэрмін “польскія паны”. Панам быў Чапліньскі, але ім не быў Хмяльніцкі (стар. 72). Такі адмысловы агістарызм абумоўлены крытэрыямі культурна-нацыянальна-класавага падзелу, навязанымі Масквой у часы тэрытарыяльных захопаў. “Паны” – гэта тыя, хто згодна з тагачаснай трактоўкай падзей прадстаўлялі не інтарэсы мясцовага народу, але чужыя яму інтарэсы – класавыя, дзяржаўныя (“польскія”), а часта і рэлігійныя (“каталіцкія”). В.Ластоўскі лёгка падпадае пад уплыў такога мыслення. Беларускасць, паводле яго меркавання, уласціва простаму люду; эліты паступова пачынаюць прадстаўляць польскія інтарэсы. Такі ход думак – запазычаны ад расійцаў – пасля бальшавіцкай рэвалюцыі прывёў да адмежавання ад мясцовых шляхецка-інтэлігенцкіх эліт разам з іх традыцыямі і атаясамлівання беларускасці практычна толькі з мужыцкасцю, наступствы чаго і дагэтуль відаць паўсюль.

Погляды В.Ластоўскага шмат у чым агістарычныя. Ён характарызуе мінулае праз уласныя, нацыянальныя катэгорыі мыслення (разумеючы нацыю як моўна-этнічную супольнасць), неўласцівыя грамадству даўняй Беларусі. Адпаведна тым катэгорыям ён падзяляе грамадства на “мы” і “яны”. Мужыкам, якія на працягу стагоддзяў кіраваліся пераважна класавай свядомасцю, часта прыпісваюцца нацыянальныя матывы (нацыянальная свядомасць). Так рабілі ў часы В.Ластоўскага і іншыя. У большай ступені – расійцы, таксама – палякі, асабліва ў папулярызатарскіх брашурах, якой па сутнасці з’яўляецца “Кароткая гісторыя Беларусі”. Аднак В.Ластоўскі сваім бачаннем гісторыі Беларусі ўплываў на свядомасць нешматлікай беларускай інтэлігенцыі, якая нараджалася ў “нашаніўскі перыяд”, непараўнальна больш за асобныя працы падобнага кшталту, што ствараліся ў асяроддзі расійцаў або палякаў. Ён быў першым – вызначальнікам шляху для іншых.

Твор В.Ластоўскага ўяўляе сабой гісторыю змагання за беларускасць, адрыву ад Польшчы і польскасці. Беларускі гісторык ганарыцца Францыскам Скарынам, дзейнасцю праваслаўных брацтваў; пераважна, аднак, піша пра барацьбу за адасабленне Беларусі – перадусім ад Польшчы. Да здрады князя Януша Радзівіла падчас вайны са шведамі ён ставіцца прыхільна, лічыць, што гэта была спроба саюза са Швецыяй на ўмовах, падобных да колішняга выпадку з Польшчай: апошняя спроба пазбавіцца залежнасці ад Польшчы (стар. 81). Пасля войнаў XVII стагоддзя рымскае каталіцтва зрабілася польскай, “панскай” верай, а грэка-каталіцтва – верай простага люду, “хамскай”. Паляк значыла тое ж, што каталік (стар. 83).

Адлюстроўваючы адносіны Беларусі з Польшчай, В.Ластоўскі схільны выкарыстоўваць безасабовыя формы, калі гаворка ідзе пра добраахвотнае ігнараванне з боку беларускай шляхты сваёй самастойнасці (напрыклад, у 1697 годзе “было пастаноўлено, каб ва ўсіх судох вялікаго княжства Літоўскаго ужывалі польскай мовы заместа беларускай” – стар. 84). Можна, такім чынам, дамысліць, што гэта пастанова была ёй навязана. Затое ў выпадках, калі адстойвалася незалежнасць, часцей недвухсэнсоўна адзначаецца, што рабілі гэта самі беларусы. Тут можна ўгледзець пэўную маніпуляцыю чытачом. Як мяркуе В.Ластоўскі, воля веравызнання існавала ў Польшчы толькі тады, калі там панавала польска-беларуская лінія князёў (Ягелонаў), “пакуль у польскім жыцьці мелі сілу «Літоўскіе» людзі” (стар. 84). “Роўна з тым часам, калі палякі, дзякуючы Люблінскай Уніі, забралі ў сваі рукі ўнутранае жыцьцё ўсяго гасударства, – значыць, і літоўска-беларускіх зямель, – гіне і ўсякая свабода ў Польшчы” (стар. 84). Аўтар падае прыклады польскай рэлігійнай неталерантнасці з XVII стагоддзя і сцвярджае, што “калі мы ўсё гэта разгледзім, тады зразумеем, чаму беларускае праваслаўнае духавенство шукало апекі ў маскоўскіх цароў: Польшча для іх была мачыхай, ды злой мачыхай” (стар. 86).

XVIII стагоддзе падаецца ў цёмных фарбах (войны, рэлігійныя і партыйныя спрэчкі, заняпад навукі, прызнанне права Расіі на ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Польшчы); выключэннем з’яўляецца Канстытуцыя 3 Траўня як сведчанне імкнення да рэформ і парадку. Заняпад Польшчы апісваецца без эмоцый, як і ўдзел Расіі ў яе ўнутраных справах. На беларускую праблематыку ў гэтым стагоддзі фактычна ўжо ўвага не звяртаецца. Складваецца ўражанне, што В.Ластоўскі апісвае чужую для яго дзяржаву, якая заслугоўвае заняпаду. Гэтаксама ўсё бачылі і расійцы. Дзевятнаццатаму стагоддзю прысвечана няшмат месца (спыняецца на 1905 годзе). Пра лістападаўскае паўстанне піша “польскае паўстанне” (стар. 96), а пра снежаньскае – “другое польскае паўстанне” (стар. 97); і гэта фактычна ўсё пра паўстанні, якія нават цяпер значна больш займаюць беларускіх гісторыкаў, а снежаньскае разглядаецца як беларускае.

Што цікава, В.Ластоўскі, нягледзячы на паходжанне з каталіцкай сям’і, увогуле лічыў, што каталіцтва адыграла негатыўную ролю ў гісторыі Беларусі і беларускага народа. На яго думку, прышлае з Польшчы вызнанне паланізавала беларусаў, паслабляла іх нацыянальную адметнасць, адрывала эліты ад мясцовага народа. “Польшча”, “польскасць”, “каталіцызм” – ад гэтых паняццяў В.Ластоўскі адмяжоўваецца. 

2. Погляд на Расію 

Маскоўскае княства падаецца на старонках “Кароткай гісторыі Беларусі” амаль з таго ж самага часу, што і Польшча (з другой паловы XIV стагоддзя). Аднак усходняму суседу Беларусі В.Ластоўскі прысвяціў менш увагі, што можна тлумачыць большымі – амаль аж па канец XVIII стагоддзя – сувязямі Беларусі з Польшчай. Гаворка пра Расію пераважна ідзе на працягу кароткай (ледзь на 14 старонак) апошняй часткі, прысвечанай дзевятнаццатаму стагоддзю.

Беларускі гісторык падае ў сваёй працы факты, якія сведчаць пра імкненне беларусаў (беларуска-літоўскай дзяржавы) да палітычнай, культурнай і нацыянальнай незалежнасці. Піша, што Вітаўт у 1415 годзе, імкнучыся заснаваць “національную цэркву”, паспрыяў узнікненню мітраполіі, незалежнай ад маскоўскай (стар. 27). Маскоўскае княства паўстае пераважна ў кантэксце войнаў з Літвой і Беларуссю або з усёй Рэччу Паспалітай. Ад часоў Івана IV – сцвярджае В.Ластоўскі – Масква настолькі ўзрасла ў сіле, што здолела на працягу амаль 150 гадоў весці барацьбу за беларускія землі, якія маскоўскія цары лічылі ўласнай бацькоўскай спадчынай. Гэтыя войны спустошылі значную частку земляў, вылюднілі край, палі зараслі лясамі, культура прыйшла да заняпаду: “Беларусь у часе маскоўскіх воен дайшла да такой самай руіны, як усходняя і полудзенная Русь у часе татарскаго панаваньня” (стар. 36). Стэфан Баторый, калі вярнуў Полацк пасля 17 гадоў панавання ў ім маскалёў, напаткаў на 50 вёрст вакол яго “лесную пустыню” з руінамі вёсак і папялішчамі мястэчак (стар. 55–56). Зусім, аднак, абмінаюцца ў працы дзімітрыяды (dymitriady), а таксама замоўчваецца той факт, што жахлівыя для Беларусі наступствы інтэрвенцыі расійскай дзяржавы датычылі пераважна войнаў 1654–1667 гадоў (пры гэтым вельмі коратка апісаны захоп краю Масквой аж па Гродна).

В.Ластоўскі піша, як з большасці занятых маскалямі земляў цар мусіў адступіць, калі яго перастаў падтрымліваць мясцовы рускі люд, што бачыў ў ім раней апекуна праваслаўя. “Тым часам бліжэйшае знаёмство паказало ўсю рожніцу зродных, але ад векоў рожных культур, беларускай і маскоўскай. Пры гэтым выйшла, што Беларусы і Маскоўцы рожняцца ва ўсём, ды нават і ў самай веры праваслаўнай” (стар. 82). У Маскве атаясамліваюцца “рускі” і “маскоўскі”. Усялякія адметнасці – выраслыя на беларускім грунце – лічацца літоўскімі або проста польскімі, лацінскімі – але не рускімі (стар. 82). Масква, аднак, атрымала прыбытак з часовага захопу рускіх земляў Рэччу Паспалітай. Пад татарскім прыгнётам узровень яе культуры зрабіўся ніжэйшым у параўнанні з украінцамі і беларусамі. Пад уплывам кантактаў з імі ў Маскве быў заснаваны “фундамэнт школьнай прасьветы”, друкаваліся навуковыя кніжкі, перакладаліся польскія і беларускія працы, развівалась літаратура (стар. 83). Пасля Маскоўскае княства малюецца як дзяржава, што ваюе з Беларуссю, вынішчае яе – як нападнік і рабаўнік, грамадства з нізкім культурным узроўнем, якое з часам пераймае дасягненні беларусаў.

Наконт заняпаду Рэчы Паспалітай і паглынання Беларусі Расіяй Ластоўскі не разважае доўга. Ён ставіцца да гэтага з абыякавасцю. “Скончылося палітычнае жыцьцё Польшчы, і Беларусь адыйшла да Расіі”. Ажыццявілася тое, да чаго імкнуўся шэраг маскоўскіх цароў (стар. 90). Для расійцаў беларускі народ быў нечым чужым. На думку В.Ластоўскага, насуперак таму, што сцвярджалася калісьці, расійцы пры захопе Беларусі не кіраваліся пачуццём племянной, нацыянальнай ці рэлігійнай еднасці. Тое, што Беларусь занялі менавіта расійцы, а Галіцыю – аўстрыйцы, было выпадковай з’явай. Расія, як выявілася, не імкнулася да замены рускай часткі Галіцыі да іншай часткі Польшчы. Пра Беларусь у Расіі фактычна нічога не было вядома, а прычынай яе захопу было жаданне ліквідаваць польскую дзяржаву (стар. 90–91)[6]. Распачаліся дзеянні, скіраваныя на русіфікацыю краю, адбылася замена Літоўскага Статута на больш прымітыўнае расійскае права, народ прымусова далучалі да праваслаўя, падобна да таго, як у Польшчы – да грэка-каталіцызму (стар. 91–93). Матывы русіфікацыі Беларусі былі не нацыянальнымі, а хутчэй палітычнымі. В.Ластоўскі спасылаецца на Пыпіна, які сцвярджае, што прычынай русіфікацыі было “«казённае стрэмленіе да аднаформеннасьці», каторае ня можэ дапусціць, каб побач жыло нешта незалежнае, самабытнае” (стар. 93–94). Затое “доля-ж «простаго» народу – беларускаго ды нават праваслаўнаго, – за каторы нераз столькі рабілося гуку, ня толькі не палягчэла пад Расіяй, але стала ешчэ горшай, бо расійская адміністрація ўзмоцніла паншчынную няволю мужыкоў” (стар. 94).

В.Ластоўскі піша, што расійцы бралі ўдзел у польскім нацыянальным адраджэнні на беларускіх землях у перыяд дзейнасці Віленскага універсітэта, а гэта, у сваю чаргу, абудзіла цікавасць да мясцовага народа. Пасля паўстання 1831 года ўрад пазакрываў школы, аднак не адкрыў новых. Была ліквідавана унія, хоць пад канец існавання уніяцкая царква “сталася сапраўднай народнай верай” (стар. 97). Пасля снежаньскага паўстання расійцы сталі ўспрымаць Беларусь як край чыста рускі, хоць раней так не думалі. Забаранялі таксама друкаваць па-беларуску ажно па 1905 год.

Такім чынам, як і ў выпадку з Польшчай, можна сказаць, што Расія і яе палітыка ў рэчышчы беларускіх інтарэсаў апісваецца Ластоўскім цёмнымі фарбамі, нягледзячы на бясспрэчнае дамінаванне паводле памеру ў “Кароткай гісторыі Беларусі” польскай праблематыкі. Лічу, што “дзіцячасць” гэтай працы і палымяная – аж да спрашчэння гісторыі – нацыянальная пазіцыя аўтара пазбавіла яе больш глыбокай аналітычнай вартасці. З навуковага пункту погляду твор з’яўляецца кампіляцыяй фрагментаў невялікай колькасці тагачасных прац, адабраных у падтрымку закладзенаму наперад нацыянальнаму тэзісу. Ён грунтуецца на адмежаванні ад кожнага, хто – на думку В.Ластоўскага – замінаў у мінулым фарміраванню беларускай незалежнасці і адметнасці, як яны разумеюцца ў моўна-этнічных катэгорыях нацыі ХХ стагоддзя. У мысленні беларускага гісторыка выразна бачацца ўплывы расійскай гістарыяграфіі.

Для В.Ластоўскага зусім не існуе праблемы “Беларусь паміж Усходам і Захадам”. Фактычна не заўважанай застаецца розніца паміж дзвюма культурнымі зонамі: лацінска-еўрапейскай, мяжу якой стварала Рэч Паспалітая, і рускай, характэрныя прыкметы якой пачала набываць Беларусь пасля падзелаў гэтай дзяржавы. Для Беларусі і беларусаў вынікі змены цывілізацыйна-дзяржаўнай прыналежнасці мелі фундаментальны характар, са значна больш глыбокімі наступствамі, чым дзяржаўнае падпарадкаванне Польшчы Расіі. Польская дэмакратыя, польскія вольнасці бачацца пераважна ў рэчышчы стратаў, якія яны прынеслі – на думку В.Ластоўскага – беларусам, іх нацыянальнай адметнасці. Добраахвотнасць жа працэсаў апалячвання часцей застаецца незгаданай, затое дэманструюцца прымус і канфлікты. Погляд на Польшчу – гэта погляд на чужы край, на сувязях з якім беларусы толькі гублялі. Расія выяўляецца – за выключэннем, можа, толькі спасылкі на Пыпіна – як досыць нармальны, няхай нават часта варагуючы з Літвой і Польшчай сусед з Усходу, а не як усходняя сатрапія, радыкальна адрозная ад Польшчы сваім унутраным ладам, узроўнем вольнасці. Для кожнага беларусіста аналіз становішча Беларусі паміж Польшчай і Расіяй (неабходнасці і магчымасці выбару палітычна-дзяржаўнай пазіцыі), вызначэнне прыбыткаў і стратаў, панесеных за стагоддзі ва ўзаемных сувязях, павінна быць адным з асноўных момантаў працы, нават у брашуры падобнага кшталту. Вобраз шматвяковага існавання ў гэтай частцы Еўропы асобнай беларуска-літоўскай дзяржавы прывабны, але мала рэальны – а ў чытача “Кароткай гісторыі Беларусі” ўзнікае ўражанне, што ўласна такой Беларусь (Літву і Беларусь) на працягу ўсёй яе гісторыі і ўяўляе сабе В.Ластоўскі.

Такая наіўная выява барацьбы беларусаў з суседзямі не мае насамрэч навуковай каштоўнасці, але ж не яна была галоўнай мэтай працы. Беларускі нацыянальны рух паўстаў вельмі позна, і існавала пільная патрэба змабілізаваць масы да выбару на карысць новай нацыянальнай беларускай ідэі. У выпадку шмат якіх еўрапейскіх народаў гэта рабілася з дапамогай міфалагізацыі гісторыі, нават проста яе фальсіфікацыі. Маладыя нацыі вылучыліся з большых праз канфлікты, абвастраючы свае адносіны з іншымі. Такі супраціў значна спрыяў працэсу набыцця нацыянальнай свядомасці. Катэгарычная адназначнасць нацыянальнага бачання свету (як гістарычнага, так і сучаснага) аблягчала гэты працэс. Беларусы ў гэтым выпадку не адрозніваліся ад астатніх. А калі і адрозніваліся, то толькі слабасцю ініцыятыў такога ж кшталту. Больш за тое, выданні, падобныя да брашуры В.Ластоўскага, з’яўляліся не толькі ў “народаў маладых і малых” – чэхаў ці літвінаў, але і ў расійцаў, палякаў (у грамадствах, што, здаецца, не мелі патрэбы ў нацыянальным фарміраванні і ўмацаванні, але такіх катэгарычных ва ўласных ненавукова-гістарычных ініцыятывах, спрашчэннях, фальсіфікаваннях).

Мэта пададзеных тут разважанняў – не крытыка поглядаў В.Ластоўскага на Польшчу і Расію. Міфалагізацыя ўласнай гісторыі ў працах такога тыпу беларусамі, расійцамі, палякамі і іншымі павінна была спрыяць фарміраванню нацыянальнай свядомасці гэтых народаў. Але ж цікавай бачыцца спроба прасачыць, у якім напрамку скіроўвалася міфалагізацыя – апісанне чаго і з’яўлялася мэтай нашых разважанняў. Бо існуе відавочная сувязь паміж зместам нацыянальнай свядомасці і паводзінамі грамадства, нацыі ў пэўныя гістарычныя часы. У якой ступені вобразы, створаныя В.Ластоўскім, сталі прыдатнымі да гістарычнага выкліку, перад якім апынуліся беларусы ў ХХ стагоддзі? Адказ на гэтае пытанне патрабуе асобнай гаворкі.

Лёс “Кароткай гісторыі Беларусі” сведчыць, што савецкая імперыя была значна больш рэпрэсіўнай за царскую – і не толькі ў інтэлектуальным вымярэнні (твор В.Ластоўскага быў забаронены ў СССР), але і ў фізічным (яго аўтар быў забіты ў 1938 годзе). Праца беларускага гісторыка зноў з’явілася толькі ў 1992 годзе ў незалежнай ужо Беларусі.



* Тэкст даклада, прачытанага на першай сесіі ІІІ Міжнароднага кангрэса беларусістаў (Мінск, 21–25 мая 2000 г.).

[1] Грыцкевіч А. Пасляслоўе: (Вацлаў Ластоўскі [Власт] і яго “Кароткая гісторыя Беларусі”) // Ластоўскі В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. Мінск, 1992 [рэпрынт віленскага выдання 1910 года]. С. 111.

[2] Ластоўскі В.Ю. Прадмова // Ластоўскі В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. С. 5.

[3] Тамсама.

[4] Гл.: Янушкевіч Я.Я. Вацлаў Ластоўскі // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: (1901–1920). Мінск, 1999. T. 1. С. 427. Біяграфію В.Ластоўскага таксама гл.: Янушкевіч Я. Вяртанне з нематы // Ластоўскі В. Выбраныя творы / Укладанне, прадмова і каментары Я.Янушкевіча. Мінск, 1997.

[5] У цяперашніх умовах беларускі нацыянальны рух павінен быць, каб дасягнуць поспеху, больш антырасійскім, чым антыпольскім (таму што расійскі ўплыў цяпер непараўнальна мацнейшы за польскі).

[6] Насамрэч Кацярына ІІ лічыла, што ўся шляхта ў Беларусі польская, а народ – расійскі (стар. 92).


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія