|
БЕЛАРУСЫ
(погляд з Польшчы)
Рышард РАДЗІК
Паляк,
літвін, беларус
(Эвалюцыя крытэрыяў нацыянальна-культурнай прыналежнасці ў двух апошніх
стагоддзях)
Часта
даводзіцца сустракацца – у публічных дыскусіях, мастацкай літаратуры, нават у
навуковых працах – з пераносам сённяшніх катэгорый мыслення ў менш ці больш
аддаленае мінулае. Тэндэнцыя да навукова неабгрунтаванай прагрэсіі
пра-сочваецца і сярод даследчыкаў гісторыі Першай Рэчы Паспалітай, асабліва ў
вызначэнні нацыянальнай прыналежнасці (?) яе жыхароў, членаў тагачаснай эліты.
Прадметам дадзеных разважанняў з’яўляецца грамадства Беларусі двух апошніх
стагоддзяў, у першую чаргу, аднак, XIX стагоддзя, калі катэгорыі мыслення
тагачасных людзей, нягледзячы на эвалюцыю, знаходзіліся бліжэй (прынамсі,
значную частку стагоддзя) да рэалій XVIII, чым да рэчаіснасці XX стагоддзя.
Гэта рэшта ўкладу, які існаваў калісьці ў Рэчы Паспалітай.
Пытальнік,
пастаўлены вышэй пры словазлучэнні “нацыянальная прыналежнасць”, вынікае з
семантычнай няпэўнасці паняццяў “паляк”, “літвін”, “беларус”, якімі карыстаюцца
сёння даследчыкі працэсаў XIX стагоддзя. Паляк надае гэтым паняццям, як
правіла, адназначна нацыянальны характар, што вынікае з светаўспрымання
сённяшнімі палякамі такіх катэгорый увогуле. Больш складаная сітуацыя з
беларусамі, яна з’яўляецца вынікам слабага ўзроўню нацыяналізацыі дадзенага
грамадства, адсюль і відавочная зараз неадназначнасць у разуменні паняцця
“беларус”.
Са
спрэчкамі пра тое, ці з’яўляецца тая ці іншая постаць XIX стагоддзя ў Беларусі
палякам, літвінам або беларусам, найчасцей звязана прынятае па замоўчванні
дапушчэнне, што гэтыя паняцці нацыянальныя, канкурэнтныя – пры разуменні нацыі
ў яе сённяшнім, моўна-этнічным выглядзе. Гэты, як правіла, агістарычны пункт
гледжання грунтуецца на прыпісванні колішнім постацям неўласцівых ім катэгорый
мыслення. Бо нельга казаць пра нацыянальную беларускасць у сітуацыі неіснавання
беларускай нацыянальнай ідэалогіі, беларускага нацыянальнага руху і недахопу
пераканаўчых доказаў, што хто-небудзь у Беларусі XIX стагоддзя валодаў
настолькі развітой беларускай нацыянальнай свядомасцю, каб выразна яе
выказваць. Нацыянальная беларускасць была адназначна і непасрэдна абвешчана ў
ХІХ стагоддзі толькі раз: па-руску ў 1860-я гады ў асяроддзі пецярбургскіх
народнікаў, якія нелегальна выдавалі газету “Гоман”. Нічога не вядома пра
рэакцыю на гэты факт на тэрыторыі тагачаснай Беларусі. Беларуская нацыянальная
ідэя, сляды якой можна знайсці ў прадмове да “Дудкі беларускай” Францішка
Багушэвіча, выразна не абвешчана. Прыведзеныя факты даволі істотныя, каб у
сітуацыі нацыяналізацыі якой-небудзь грамадскай групы можна было лічыць, што
актыўнасць яе прадстаўніка мае нацыянальны характар не толькі таму, што
з’яўляецца паказчыкам нацыянальна абумоўленай пазіцыі, але, у першую чаргу,
таму, што яго асяроддзе адназначна нацыянальнае, а нацыянальная ідэалогія была
выразна і непасрэдна абвешчана іншымі прадстаўнікамі групы. Здаецца слушным,
што дзейнасць такой асобы мае нацыянальную матывацыю. Наадварот, у тым выпадку,
калі не сфармулявана (не вядома) ідэалогія дадзенай нацыі і не зафіксавана праяў
выразнага вызначэння нацыянальнай прыналежнасці, падаецца навукова рызыкоўным
меркаванне, што яе ўчынкі могуць быць нацыянальна абумоўленымі. Таму, мяркую,
недапушчальным з’яўляецца прыпісванне жыхарам Беларусі XIX стагоддзя выразнай
нацыянальнай беларускасці.
Другой
праблемай з’яўляецца разуменне тагачаснай польскасці. На тэрыторыі Беларусі яна
ўвогуле атрымоўвала палітычны, г.зн. надэтнічны характар. Палякамі аднолькава
лічыліся як польскамоўная эліта Варшавы, дробная шляхта на Жмудзі, так і
беларускамоўная каталіцкая шляхта Міншчыны або Гродзеншчыны. Такое разуменне
польскасці было вынікам прыналежнасці да агульнай калісьці дзяржавы – Рэчы
Паспалітай і ахоплівала пераважна эліту. Падобным чынам – палітычна і
надэтнічна – успрымалася літоўскасць як сведчанне прыналежнасці да колішняга
Вялікага Княства Літоўскага. Такім чынам, адначасова можна было лічыць сябе, як
Міцкевіч, палякам і літвінам. Гэтыя паняцці не супярэчылі адно аднаму. Тыя, хто
ўсведамляў свае родавыя рускія карані, сцвярджалі, што яны “gente Lithuani
(Rutheni), natione Poloni”. У пэўнай ступені можна казаць пра шматузроўневасць,
іерархію ў самавызначэнні тагачасных эліт. Змяняліся адносіны паміж імі, з
часам падлягаў эвалюцыі змест абмяркоўваемых паняццяў. Пасля студзеньскага
паўстання ўзмацнілася тэрміналагічная польскасць за кошт літоўскасці. Пасля
ліквідацыі уніяцкай царквы пакрысе слабела рускасць як элемент польскасці,
узмацняючыся ў сваёй праваслаўнай форме, што імкнулася да рускасці. Беларускія
сяляне даволі доўга не валодалі нацыянальнай свядомасцю, а таксама агульным
эндаэтнонімам (т.зв. назвай, якой сябе вызначаюць).
Такім
чынам, гаворка аб нацыянальнай беларускасці ХІХ стагоддзя, семантычна
раўназначнай польскасці, не можа быць правамоцнай. Гэтаму супярэчаць рэаліі XIX
стагоддзя. Апісванне іх з дапамогай зменлівых паняццяў і катэгорый XX стагоддзя
лічу навуковай спекуляцыяй. У рэшце рэшт, не толькі цяперашняя нацыянальная
беларускасць адсутнічала на тэрыторыі Беларусі XIX стагоддзя. Змест цяперашняй
назвы “паляк” таксама значна адрозніваецца ад колішняга: сёння “нацыянальны”
мае значэнне моўна-этнічнае, некалі – палітычнае (у беларускіх сялян
тэрміналагічная польскасць мела рэлігійны характар, атаясамлівалася з
каталіцтвам, а не з этнічным паходжаннем, этнічна польскі селянін зваўся
“мазурам”).
Таксама
і тэрміналагічная беларускасць значыла нешта іншае, чым зараз. У Рэчы
Паспалітай беларускімі землямі лічылася ўсходняя частка цяперашняй Беларусі. У
першай палове XIX стагоддзя беларусамі лічыліся выключна жыхары тэрыторыі,
прыблізна адпаведнай Магілёўскай, Віцебскай і ўсходняй часткі Мінскай губерняў.
Тэрмін “беларус” пачаў распаўсюджвацца ў другой палове XIX стагоддзя ў заходнім
кірунку і ў канцы мінулага стагоддзя ўжо зрабіўся прыкметнай назвай на захадзе
краю. Першапачаткова ён меў характар хутчэй тапанімічны, чым этнічны.
Працэс набыцця ім этнічнага характару быў вельмі марудным. Г.Каспяровіч
заўважае, што яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя ён не меў агульнаэтнічнага
характару, хутчэй ужываўся як тапонім[2].
Цікавым
прыкладам трактоўкі колішняй беларускасці, надання ёй нацыянальнага зместу,
з’яўляецца ўступ Рамуальда Падбярэзскага да выдадзенага ў 1845 годзе “Шляхціца
Завальні” Яна Баршчэўскага. Р.Падбярэзскі распавядае ў ім пра літаратуру
беларускіх зямель. Свае разважанні ён адносіць да пісьменства тэрыторыі дзвюх
губерняў, Магілёўскай і Віцебскай, на яго думку, “складаючых уласна Беларусь”.
Ён абмяркоўвае творчасць “нацыянальных” пісьменнікаў Беларусі, але не
ўдакладняе, што на яго погляд трэба лічыць нацыянальнай беларускасцю. З яго разважанняў
можна зрабіць выснову, што прыметнік “нацыянальны” ўжываецца ім у значэнні,
адрозным ад цяперашняга. Нацыянальная беларускасць мае ў яго выразны
рэгіянальна-народны характар, не ахоплівае ўсёй этнічнай тэрыторыі Беларусі.
Гэта выяўляецца ў мовах як польскай, так і беларускай. “Toe, што піша пан
Баршчэўскі прозай, датычыцца проста, – заўважае Р.Падбярэзскі, – ані гісторыі,
ані літаратуры, ані мовы Беларусі, але важнейшай рэчы – духу і паэзіі нацыі,
адкуль узнікла і гісторыя, і літаратура. і мова”.
У Р.Падбярэзскага відавочным з’яўляецца рамантычнае бачанне народнасці,
абмежаванае рэгіянальнай грамадскасцю, тэрміналагічна беларускай (пры гэтым
беларускасць мае выразна тапанімічную афарбоўку). Падобным чынам, верагодна,
можна было б гаварыць таксама пра літаратуру “нацыі мазавецкай” або
“вялікапольскай”, якая выражае дух мясцовай грамадскасці, народа-“нацыі”.
Свайму моцнаму пачуццю правінцыялізму, такому частаму ў былой Польшчы,
Р.Падбярэзскі надаў тэрміналагічна “нацыянальны” характар, што было дапушчальна
ў часы значна большай, чым зараз, шматзначнасці гэтай назвы. Падобнае
трактаванне беларускасці вынікала з яе неканкурэнтнасці ў дачыненні да
польскасці, што было характэрна для “gente Rutheni, natione Poloni”. Палітычная
нацыя існавала ў сваёй культурнай і рэгіянальнай праяве, яна ўзбагачалася праз
народныя культуры, нягледзячы на іх этнічную разнароднасць. Такі сэнс
беларускасць захоўвала для тагачасных каталіцкіх эліт даволі доўга.
Падобнае
рэгіянальнае, у значнай ступені тапанімічнае разуменне беларускасці
прасочваецца ў словах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, сказаных у 1857 годзе ў
“Дудары беларускім”:
Do poczciwych Białorusinów!
Bracia! – gościć u was miło! –
W życiu mi się ani śniło
Bym, urosłszy wśród litwinów
Pokochał Białorusinów!
Відаць,
у гэтых словах маецца на ўвазе не толькі з’ява паступовага знікнення назваў
“Літва”, “літвіны” на карысць “Беларусь”, “беларусы”, але таксама і спасціжэнне
спецыфікі краю. Як у XIX стагоддзі (напрыклад, Ян Чачот), так і ў XX
(напрыклад, Вацлаў Ластоўскі) былі спробы акрэсліць беларусаў праз назву аднаго
з даўніх плямёнаў – “крывічы”, што аднак не было прынята[6].
Такім
чынам, можна сцвярджаць, што асобы XIX стагоддзя, вызначаючы сябе беларусамі,
мелі на ўвазе ў большай ці меншай ступені іншае значэнне, чым прыпісваемае
гэтай назве сёння. Іншым таксама быў яе нацыянальны кантэкст, а праз значную
частку стагоддзя – і геаграфічны. Затое можна казаць пра іх культурную
беларускасць. Нягледзячы на тое, што беларускамоўная літаратурная творчасць не
мела ў мінулым стагоддзі беларускага нацыянальнага характару (апусцім спрэчную
ў гэтых адносінах прадмову Францішка Багушэвіча да “Дудкі беларускай”), яна
аднак насіла – відавочна – культурны беларускі характар і, бясспрэчна, належыць
да беларускай культуры. Прадстаўнікі тагачасных эліт займаліся вывучэннем
культуры беларускага народа, імкнуліся да яе захавання і развіцця; усё часцей
яны азначалі гэтую культуру, – асабліва ў другой палове XIX стагоддзя –
найменнем “беларускі”, як і мову сваіх твораў. Найчасцей гэта былі “русіны” па
паходжанні (“gente Ruthenus”), а значыць, паводле найноўшай тэрміналогіі –
беларусы. Так было ў выпадку з Ф.Багушэвічам, К.Каліноўскім,
В.Дуніным-Марцінкевічам. Такім чынам, Адам Міцкевіч быў палякам у нацыянальных
адносінах (у тагачасным разуменні паняцця нацыі), прынамсі, ім сябе лічыў,
пісаў па-польску, яго польскасць мела культурны характар. Праз бацьку ён быў
беларус па паходжанні (“gente Ruthenus”), аб сваёй рэгіянальнай, палітычнай
айчыне (каб адзначыць прыналежнасць культурна рускай (беларускай) Наваградчыны
да Вялікага Княства Літоўскага) казаў “Літва” – такім чынам, палітычна быў
“gente Lithuanus”. Hі ў якім выпадку нельга казаць пра яго як пра нацыянальнага
беларуса. Яго культурная рускасць (беларускасць) была слаба вызначанай,
звязанай, напрыклад, з выкарыстаннем некаторых элементаў культуры мясцовага
народа ў літаратурнай творчасці. Нішто не ўказвае на тое, што ён усведамляў
магчымасць узнікнення цяперашняй нацыянальнай беларускаці.
Падсумоўваючы
сказанае вышэй, можна сцвярджаць, што ў XIX стагоддзі вызначэнне “я – беларус”
выступала ў іншым значэнні, чым тое, якое сёння надаюць яму беларусы. Спачатку
яно мела тапанімічны характар, з часам у новых рэгіянальных межах напоўнілася
культурна, але не нацыянальна (бясспрэчным выключэннем былі пецярбургскія
гоманаўцы). Тэрмін “літвін” таксама меў рэгіянальна-палітычнае значэнне,
адрознае ад сённяшняй літоўскасці Вільні і Коўна. Такім чынам, ужыванне абодвух
тэрмінаў у дачыненні да тэрыторыі Беларусі XIX стагоддзя ў іх цяперашнім,
нацыянальным значэнні – гэта відавочны агістарызм. Паняцце “я – паляк” (што
існавала тады на элітарным узроўні) захавала сваё нацыянальнае вымярэнне, аднак
змяніла палітычнае значэнне на культурна-этнічнае. Яно, бясспрэчна, больш
блізкае да цяперашніх нацыянальных рэалій, чым паняцце “беларус”, нягледзячы на
тое, што не зусім адпавядае цяперашняму. Гэтак можна характарызаваць,
напрыклад, В.Дуніна-Марцінкевіча, які быў па нацыянальнасці палякам (“natione
Polonus”), па паходжанні рускім, ці беларусам (“gente Ruthenus”), беларускамоўная
творчасць якога належыць да беларускай літаратуры (а такім чынам і культуры).
Пры імкненні пазбегнуць фальсіфікацыі гісторыі неабходна, кажучы пра кагосьці
“беларус”, выразна акрэсліваць поле гэтага паняцця (тапанімічнае, родавае,
культурнае).
Выкарыстанне
паняцця “беларус” у яго нацыянальным разуменні магчымае толькі праз суаднясенне
яго з рэаліямі пачатку XX стагоддзя. Тая беларускасць падверглася раптоўнаму
пашырэнню ў 1920-я гады, а потым зноў скасаванню, і зноў актывізацыі ў апошнюю
дэкаду XX стагоддзя. Заўсёды, аднак, яна ахоплівала меншую частку грамадства.
Магчыма, такое ахвотнае аднясенне сённяшняй тэрміналагічнай і паняційнай
беларускасці да рэалій мінулага стагоддзя абгрунтавана не толькі жаданнем
пашырэння нацыянальных працэсаў, якія ўжо ажыццявіліся ў большасці грамадстваў
Еўропы, і наданнем уласнаму самавызначэнню выразнага гістарычнага вымярэння.
Большасць цяперашніх беларусаў успрымае сябе ў катэгорыях
рэгіянальна-культурных, а не нацыянальных. Такі рэгіяналізм – некалі ў межах
СССР, а сёння як элемент саборнасці праваслаўных, усходніх славян –мае не
толькі характар палітычны постсавецкі, рэспубліканскі, але таксама і этнічны
(нягледзячы на рускамоўнасць гарадскіх жыхароў, у іх паўсюль адчуваюцца
беларускамоўныя карані). Некаторыя элементы разглядаемай такім чынам
беларускасці могуць быць блізкімі да беларускасці мінулага стагоддзя. Таму
можна дапусціць, што і цяпер неадназначнае разуменне тэрміна “беларус”
з’яўляецца адной з прычын адвольнасці яго выкарыстання ў дачыненні да XIX стагоддзя.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|