БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 5 / 2002

БЕЛАРУСЫ
(погляд з Польшчы)

Рышард РАДЗІК

Памiж Расiяй i Польшчай
Нацыянальна-культурная эвалюцыя беларускага грамадства на працягу двух апошнiх стагоддзяў*

Гаворка пра Беларусь праз вызначэнне яе гiстарычна-культурных узаемадачыненняў з дзвюма галоўнымi суседкамi Польшчай i Расiяй, а не – як бы гэта вынiкала з тэмы кангрэса – у суаднясеннi з паняццямi Усход i Захад, – рэч не выпадковая. Калi Расiя з’яўляецца сама па сабе Усходам (так тут, прынамсi, яна будзе разумецца – адасоблена ад праваслаўных культур усходняй Азii), Польшча, пачынаючы ад сярэднявечча, была iнтэгральнай часткай Захаду, хаця i яго перыферыйнай тэрыторыяй, што нярэдка адчувала эканамiчную i грамадскую дэградацыю. Расiя з часоў эпохi Асветнiцтва падвяргалася на ўзроўнi элiтаў частковаму, але відавочнаму ўплыву Захаду, а Польшча (у некаторыя перыяды свайго развiцця) – слабаму, хутчэй у сферы матэрыяльнай, чым духоўнай, уплыву Усходу. Спрадвеку дзве суседкi Беларусi ўплывалi на яе ў розных галiнах грамадскага быцця.

Генадзь Сагановiч слушна заўважыў, што ў часы Рэчы Паспалiтай мяжа памiж беларусамi i расiйцамi, якая падзяляла дзве дзяржавы, была адначасова мяжой памiж дзвюма цывiлiзацыямi – заходняй i ўсходняй: “Гэта былi, – пiша беларускi гiсторык, – два розныя светы, два розныя грамадствы”[1]. Беларусь у межах Вялiкага Княства Лiтоўскага i былой Рэчы Паспалiтай – галоўным чынам праз свае далучаныя да заходняй культуры элiты i палiтычную сiстэму, у якую яна ўваходзiла, – усё больш станавiлася элементам Захаду. Працэс быў гвалтоўна павернуты ў адваротным кiрунку разам з падзеннем Рэчы Паспалiтай i ўмацаваннем расiйскай культуры ў Беларусi пасля паўстанняў 1830 i 1863 гадоў. Гэтая пераарыентацыя адбывалася ў некалькiх плоскасцях. 

1. Мова 

На працягу значнай часткi ХIХ стагоддзя сярод элiтаў Беларусi “gente Lithuani (Rutheni), natione Poloni” пераважаў палiтычны, постшляхецкi вобраз народа, абсяг якога не супадаў з этнiчнымi межамi. Значэнне мовы ў працэсе пераходу ад палiтычнага да “культурнага” народа пачало ў Беларусi ўсё хутчэй змяняцца ў апошнiя дзесяцiгоддзi яе знаходжання ў складзе Расiйскай iмперыi ў сувязi з перайманнем культуратворчай i нацыятворчай функцыi iнтэлiгенцыяй, слоем, якi ў адрозненне ад шляхты, што стварала ўласную своеасаблiвасць, абапiраючыся на саслоўныя, палiтычныя правы, засяроджваўся на сваiх культурных адметнасцях, асаблiва на мове. Узнiкненне пасля 1905 года беларускага нацыянальнага руху адбывалася адначасова з ростам свядомасцi i адасабленнем абедзвюх моў, перайманнем iмi ролi чыннiкаў, што робяць канстытуцыйнымi абодва народы, змяншэннем (апрача мiжваеннага перыяду, калi беларускiя землi ўваходзiлi ў склад Другой Рэспублікі) уплыву польскай мовы на беларускае грамадства, а з часам радыкальным абмежаваннем яе абсягу ў межах савецкай Беларусi. У адрозненне ад ХIХ стагоддзя i асаблiва ад часоў перад падзеннем Рэчы Паспалiтай польская мова сёння з’яўляецца носьбiтам нацыянальнай iдэалогii, якая абвяшчае выразную адасобленасць ад мясцовага беларускага простанароддзя. Дзвесце гадоў таму абодва бакi, польскi i беларускi, не ўяўлялi сабе магчымасцi ўзнiкнення такiх падзелаў.

Руская мова была ўведзена ў Беларусi два стагоддзi таму як мова (у разуменні мясцовай грамадскасцi, асаблiва яе элiтаў) чужая, накiнутая сiлай адмiнiстрацыйнага прымусу. Яна сiмвалiзавала сабой культурную, нацыянальную i дзяржаўную чужароднасць. Паступова засвоеная праваслаўнымi элiтамi краiны, яна непазбежна несла з сабой змест, які толькi ў невялiкай ступенi быў носьбiтам мясцовых каштоўнасцей, што нарадзіліся ў культуры беларускага грамадства. Таму творцамi беларускай лiтаратуры ХIХ стагоддзя былi амаль выключна прадстаўнiкi польскамоўнай (каталiцкай) шляхты. Пасля некалькiх стагоддзяў прысутнасцi польскасцi на землях Вялiкага Княства Лiтоўскага польская мова Адама Мiцкевiча, а на побытавым узроўнi Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча вырастала з мясцовых рэалiй, несла ў сабе багацце зместу, часткова ў Варшаве невядомага.

Сiтуацыя з рускай мовай пачала змяняцца ў канцы ХIХ стагоддзя разам з укараненнем у мясцовым грамадстве iмiгрантаў, што прыбылi з Расii, пашырэннем рускай мовы сярод сялянства, узнiкненнем праваслаўнай, але мясцовай па паходжаннi элiты, выхаванай у расiйскiх школах iмперыi. У ХХ стагоддзі руская мова амаль поўнасцю выцесніла польскую, а ў гарадах і беларускую. Калі ў ХІХ стагоддзі падаўляючая большасць насельнікаў Беларусі штодзённа размаўляла па-беларуску, то цяпер большасць карыстаецца ў побыце рускай мовай.

Распаўсюджанне рускай мовы ў Беларусі давала некалі падставы параўноўваць становішча з суадносінамі, якія існавалі паміж англійскай і ірландскай мовамі ў Ірландыі. Аднак спробы пошукаў аналогiй памiж моўнай сiтуацыяй, што iснуе ў Беларусi, i той, якая пануе ў Iрландыi, Бельгii цi Швейцарыi, у значнай ступенi неабгрунтаваныя. Бо не мова канстытуявала нацыi на захадзе Еўропы, а дзяржава ў цэлым, яе палiтычныя каштоўнасцi[2]. Сённяшнiх цалкам нацыяналiзаваных iрландцаў адрознiвае ад англiчан (брытанцаў) моцна ўсвядомленая рэлiгiйная адасобленасць, гiстарычная свядомасць, чаго беларусам бракуе ў супастаўленнi з расiянамі, а таксама багатая нацыянальная лiтаратура на англiйскай мове, якая моцна звязана з гiсторыяй i культурай краiны. Брытанцы – палiтычны народ, якi не лiчыць, што кожная англамоўная супольнасць з’яўляецца ў нацыянальных адносiнах брытанскай.

Руская мова калiсьцi лёгка прымалася, таму што яе выкарыстанне не азначала нацыянальнай русiфiкацыi. Беларускамоўнае, этнiчнае простанароддзе мела сваю мову як катэгорыю “свойскасцi”, “тутэйшасцi”, а не як iдэалагiзаваную нацыянальную каштоўнасць, моцна прасякнутую эмоцыямi. Падобным чынам яно ставiлася да рускай мовы, прымаючы яе ў перыяд прыспешанай урбанiзацыi i развiцця прамысловасцi ў краiне. Беларусы, якiя не нацыяналiзавалiся, не маглi ўсвядомiць таго, што, адмаўляючыся ад уласнай мовы, учыняюць культурнае вераадступнiцтва ў нацыянальным маштабе. Мысленне ў гэтых катэгорыях патрабавала адначасова падпарадкавання iх нацыятворчым працэсам (нацыянальнай беларусiзацыi або русiфiкацыi)[3]. 

2. Грамадскiя структуры 

Класава-саслоўны склад беларускага грамадства, безумоўна, уплываў на працэс фармавання беларускай культуры. “Адсутнасць беларускiх класаў, прывiлеяваных эканамiчна, – землеўласнiцкага, буржуазii, мяшчанства, а таксама iнтэлектуальнай элiты, iснаванне якой звычайна з’яўляецца iстотнай умовай развiцця нацыянальнай iдэалогii i культуры, прыводзiла да анемiчнасцi беларускiх патрабаванняў на фоне iнтэнсiўнага сутыкнення польскiх i расiйскiх уплываў. Дробная буржуазія – звычайна адзiн з найважнейшых носьбiтаў нацыяналiзму – у беларускiм выпадку маламестачковая, наблiжаная па сваiм характары да сялянскага саслоўя, не ўяўляла сабой дынамiчнай сiлы, якая рэвалюцыянiзавала народы на этапе фармавання iх нацыянальнай свядомасцi. Плебейскi характар гэтай супольнасцi прыводзiў да таго, што грамадскiя, а не нацыянальныя праблемы вызначалi яе свядомасць”[4]. Прычын такога стану шмат. Класавая iдэалогiя была эфектыўна навязана расiйскiмi элiтамi ўсёй прасторы ўсходняга праваслаўя. Яна не знiшчала iдэi расiйскага народа (хаця і дэфармавала яе змест), але прадухiлiла выразнае фармаванне беларускага i ўкраiнскага народаў (у рамках тых тэрыторый, якiя належалi Расii працяглы час).

Культуратворчай i нацыятворчай праслойкай была ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе iнтэлiгенцыя. У Беларусi ўплыў на грамадства асяродкаў, якія прэтэндавалi на такую назву, быў меншы, чым у Польшчы, не толькi з-за iх колькаснай нязначнасці. Можна здагадвацца, што прычыны такога стану заключаліся, акрамя ўсяго, у спецыфiчных адносiнах, якiя iснавалi памiж iнтэлiгенцыяй i народам у Расii, перанесеных часткова на праваслаўны беларускi грунт. Калi ў Польшчы, у сiтуацыi недахопу да 1918 года ўласных дзяржаўных структур, селянiн нацыяналiзаваўся, прымаючы свет каштоўнасцей нацыянальнай культуры ад iнтэлiгенцыi (з яе постшляхецкiм этасам), то ў Расii настроеная празаходне iнтэлiгенцыя ў культурных адносiнах стаяла значна далей ад народа, чым у Польшчы, i з гэтай прычыны вельмi камплексавала, востра крытыкавалася дзяржаўным апаратам i нават высмейвалася (царызм услаўляў народ, трымаючыся ад iнтэлiгенцыi на дыстанцыi). Вялiкi ўплыў на сялянскiя масы, на iх ментальнасць мела царская ўлада (а пазней – улада савецкая). Яна ўмацоўвала ў штодзённым жыццi народа грамадскую пасiўнасць. Гэта ў значнай ступенi ўплывы ўсходняй суседкi прывялi да таго, што ў беларускiм народзе больш укаранiўся не бунт у дачыненнi да ўлады, а культ яе, не iнтэлiгенцкi этас незалежнасцi, якi ў Польшчы мабiлiзаваў народ на нацыянальную актыўнасць, а актывізацыя новай бюракратычна-iнтэлектуальнай праслойкi.

У СССР паняцце народа абмяжоўвалася разам з адсячэннем беларускага асяроддзя ад ранейшых элiтаў. Гэтак успрымаемая беларускасць, звернутая да фальклору, сялянскай пасiўнасцi i пакорлiвасцi (а да бунту – адно ў класавым вымярэннi), мела мізэрныя шанцы на iснаванне ў якасці незалежнага грамадска-культурнага элемента. Новы бюракратычна-iнтэлектуальны клас адрознiваўся ад былога, польскага i расiйскага, шляхецкага па паходжаннi, тым, што часта манiфестацыйным чынам адмяжоўваўся ад сваiх грамадскiх i сямейных каранёў, быў падатлiвым грунтам для новай iдэалогii, больш накiраванай на “мець”, чым “быць”, таму менш здольным да дзейнасцi ў агульнаграмадскiх iнтарэсах за кошт уласных; ён неахвотна звяртаўся да так характарызуючых нацыянальнае мысленне адносін да мiнулага i будучыні (за выключэннем Другой сусветнай вайны). Каштоўнасцi i пазiцыi, якiя ў iншых краiнах – у тым лiку ў Заходняй Еўропе – прызнавалiся нацыянальнымi, у Беларусi атаясамлялiся з нацыяналiзмам – тэрмiнам, якi нёс значна больш моцны зарад негатыўных эмоцый, чым на Захадзе.

Выразна мацнейшая ў Расii, чым на Захадзе, схiльнасць да бачання грамадства паводле катэгорыi “мы” i “яны” была прышчэплена да беларускай культуры. Калi на Захадзе ў значнай ступенi абмежавалi вастрыню гэтых падзелаў праз наданне грамадскай культуры градацыйнага характару, асаблiва шляхам развіцця сярэдняга класа, дык у СССР была зроблена спроба радыкальна вырашыць праблемы шляхам прыняцця прынцыпу ўсеагульнай грамадскай роўнасцi. Як гэта вядома не толькi сацыёлагам, эгалiтарызм стрымлiвае грамадскую iнiцыятыву на ўзроўнi асобы, нараджае абыякавасць, знiшчае творчы нонканфармiзм. У эгалiтарным грамадстве людзi думаюць больш пра захаванне сваёй грамадскай пазiцыi, чым пра павышэнне яе ў адносiнах да iншых. У перыяд гаспадарчай трансфармацыi агромнiстая частка намаганняў людзей скiравана на стрымлiванне працэсу грамадскай дыферэнцыяцыi. Недахоп узгодненасці ў працэсах дыферэнцыяцыі грамадства тармозiць не толькi грамадскае i гаспадарчае развiццё сучаснай Беларусi, але таксама прыводзiць да таго, што новыя фiнансавыя элiты выходзяць часткова з асяродкаў, якія iснуюць па-за межамi дзяржавы.

Калi ў дачыненнi да Польшчы, Чэхii i Венгрыi можна гаварыць пра пачаткi фармавання сярэдняга класа, то ў Беларусi гэты працэс не адчувальны. На Захадзе сярэдні клас – самая шматлiкая частка грамадства, якая ў найбольш заможных дзяржавах становіцца часта яго большасцю. Гэта – незалежны ад дзяржавы клас, зацiкаўлены ў дэмакратычнай сістэмнай структуры, стабiлiзацыi права i пашане да свабоды. Для яго характэрны “жыццёвая актыўнасць, сiмптомы iндывiдуалiзму, антытрадыцыяналiзму, антыэгалiтарныя тэндэнцыi, эканамiчныя і лiберальныя, звычаёвая талерантнасць”[5].

Традыцыi вынiшчэння незалежных асяродкаў, якія паяўляюцца памiж уладай i народам, у Расii вельмi даўнiя. У Беларусi прыкладам такой дзейнасцi можа быць працэс паступовай лiквiдацыi царскiмi ўладамi ў ХIХ стагоддзі дробнай шляхты, пераўтварэнне яе ў вёсцы ў блiзкiх да сялянства “аднадворцаў”. У Расii незалежныя грамадскiя сiлы не вырашалi пытанняў аб форме дзяржавы, улады, умовах грамадскага ладу, а ўлада стварала грамадства i iснуючыя ў iм падзелы. Форма грамадскай структуры, якая будавалася ў СССР (i сiстэма каштоўнасцей, што за ёй стаiць), не дынамiзуе грамадскае i гаспадарчае развiццё, не стварае мадэль “self made man”. У Беларусi не ўтвараюць сярэднi клас як бюракратызаваныя слаi работнiкаў разумовай працы, так i адносна яшчэ нешматлiкiя групы бiзнесу па той простай прычыне, што гэтыя асяродкі моцна падпарадкаваны дзяржаве непасрэдна праз зарплату або ўскосным чынам – праз сiстэму ўступак, фармальных i нефармальных сувязей, якiя робяць iх эканамiчнае iснаванне залежным ад улады, ад яе арбiтральных рашэнняў.

У Расii iснуе моцная традыцыя рэфармавання краiны зверху, што абапiраецца на актыўнасць уласных вышэйшых слаёў – раней дваранства, пазней – iнтэлiгенцыi, але перш за ўсё – на ўласны дзяржаўны апарат. Беларусь жа не мае анiводнага з гэтых чыннiкаў мадэрнiзацыi краiны, паколькi сувязi з Расiяй ёй гэтага не забяспечылi, але ў той жа час пазбавiлi ўмення праводзіць масавую грамадскую самаарганiзацыю знiзу. Недахоп уласных элiтарных традыцый уплывае на вынiкi дэмакратычных зваротаў да народа. Беларусь зрабiлася правiнцыяй Расii ў значна большай ступенi, чым у свой час была правiнцыяй Рэчы Паспалiтай. Рашэнні, якія калісьці прымаліся ў Вільні (Варшаве), з часам пачалі прымацца ў Пецярбурзе, а потым у Маскве. І з тых часоў у крызісныя перыяды відавочнай становіцца недасканаласць механізму, які дазваляў бы самастойна знаходзіць выйсце з цяжкага становішча, вынікам чаго з’яўляецца скіраванасць на былы палітыка-гаспадарчы і культурны цэнтр колішняй дзяржавы. Растлумачыць гэта можна, калі параўнаць – што датычыцца ўмення самастойна выходзіць з крызісу – сітуацыю ў Беларусі і на Украіне (не вельмі спрыяльную для Расіі, якая і дагэтуль умешваецца ў іх жыццё) з сітуацыяй у краінах Вышаградскай групы.

У Беларусі, згодна з воляй Масквы, усе структуры, што існуюць паміж дзяржавай і сям’ёй, ажно да часоў сучаснага грамадства, узнікалі амаль выключна па ініцыятыве і пад кантролем дзяржавы. Часта гэта было адлюстраваннем яе палітыка-ідэалагічнага кантролю над грамадствам і яго асобнымі прадстаўнікамі. У момант распаду дзяржавы і кампраметацыі яе былога ладу гэтыя структуры перажылі прымусовую дэградацыю. Дала аб сабе знаць з’ява т.зв. сацыялагічнага вакууму, якую Польшча перажыла ў 1980-я гады. У Беларусі гэта з’ява, што засноўвалася на слабасці сувязей сярэдняга класа, аказалася больш выразнай. Аднак у адрозненне ад Польшчы беларускае грамадства вельмі неахвотна звяртаецца да структур найвышэйшага рангу: народа і царквы (уласна кажучы, і дзяржава цэніцца невысока). Слабымі аказаліся і пазіцыі галоўнага элемента грамадскай мікраструктуры – сям’і. У такой сітуацыі Беларусь мае вельмі значныя праблемы з пошукамі апірышча ў грамадстве – дзвярыма, якія выводзяць яе на шляхі грамадскай мадэрнізацыі. Расія, якая ў гэтым працэсе звяртаецца да свайго мінулага часоў СССР, выкараняе са свядомасці беларусаў тыя элементы традыцыі беларускага грамадства, якія адносяцца да мінулых стагоддзяў, калі беларусы не аб’ядноўваліся з расіянамі, а часта супрацьстаўлялі іх сабе. 

3. Рэлiгiя – нацыя 

Сумесная трактоўка заключаных у назве параграфа паняццяў рэлiгii i нацыi не выпадковая. Каталiцызм i праваслаўе – не столькi праз sacrum, колькi праз сферу profanum, што суправаджае абодва веравызнаннi – моцна ўплывалi на ход нацыятворчых працэсаў у грамадствах, якiя iх вызнавалi. Рознай была нацыятворчая сiла абодвух веравызнанняў, а таксама каштоўнасцей, якiя iх суправаджалi. Цiкава, што на тэрыторыi памiж Польшчай (палякамi) i Расiяй (расiянамi) цалкам нацыяналiзавалiся толькi лацiнскiя супольнасцi (каталiцкiя або пратэстанцкiя): лiтоўцы, латышы, эстонцы i галiцкiя ўкраiнцы. Яны здолелi эфектыўна супрацьстаяць працэсам паланiзацыi i германiзацыi (а таксама русiфiкацыi). Беларускiя каталiкi таксама нацыяналiзавалiся хутчэй, чым беларускае праваслаўнае насельнiцтва: паланiзуючыся (што тычылася iх большасцi) або ствараючы пачаткi беларускага нацыянальнага руху. А праваслаўнае насельнiцтва Беларусi i Украiны ўвесь час у сваёй асноўнай масе ўспрымаецца больш у катэгорыi этнаграфiчнай асобнасцi, этнiчнасцi мадыфiкаванай, а не нацыянальнай[6]. Яго слаба сфармаваная нацыянальная свядомасць мацнейшая там, дзе даўжэй працягвалiся лацiнскiя (польскiя) уплывы. Гэта заўважаецца ў Беларусi, калi параўнаць яе заходнюю частку з усходняй (павучальным у гэтым плане з’яўляецца расклад галасоў падчас выбараў прэзідэнта рэспублікі).

Калi ў Польшчы (як i ва ўсёй лацiнскай Еўропе) у асноўным незалежны ад дзяржавы касцёл садзейнiчаў стварэнню аўтаномных у адносiнах да дзяржавы структур i грамадскiх супольнасцей, у тым лiку i нацый, то ў Расii (гэта было перанесена i ў Беларусь) царква была не толькi пасрэднiкам памiж уладамi i народам, але ў значнай ступенi i прамым працягам дзяржаўнай улады. Палякi праз сiстэму каштоўнасцей, заключаных у iх культуры, ускосна ўзбуджалi сепаратысцкiя, нацыястваральныя працэсы сярод тых, хто знаходзiўся пад уплывам iх культуры, адначасова непасрэдна змагаючыся з iмi – як з канкурэнтамi. Беларускай супольнасцi каталiкоў – у адрозненне ад лiтоўцаў i галiцыйскiх украiнцаў – не ставала, аднак, грамадскай энергii, неабходнай для нацыянальнага адасаблення. Яна была колькасна занадта слабая, каб адначасова супрацьстаяць расiйцам i палякам. А расiйцы прыпынялi нацыяналiзацыю плебейскiх супольнасцей, праводзiлi канкурэнтную ў адносiнах да нацыi класавую iдэю, абмяжоўвалi гэтыя супольнасцi рамкамi катэгорый правiнцыяналiзму, фальклорнасцi, русiфiкуючы iх культурна. Праваслаўе ў яго расiйскiм варыянце, што значна адрознiваўся сваёй грамадска-культурнай канструкцыяй ад формы, якую яно мела ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, пераносiла на беларускi грунт з усходу мову, часткова ментальнасць, уклад палiтычных каштоўнасцей, а таксама, у значнай ступенi, механiзмы грамадскага развiцця. Пераймаючы элементы расійскай культуры, беларусы не столькі асімілявалі яе да сваёй, колькі яна выцясняла іх культуру. 

4. Культура 

Нягледзячы на тое, што сукупнасць каштоўнасцей, якiя характарызуюць сучасную культуру беларускiх мас, яўна блiжэйшая да расiйскай культуры, чым да польскай, i наогул выводзiцца з яе (менавiта таму ў сваiх разважаннях я засяроджваюся перш за ўсё на беларуска-расiйскiх сувязях), яна не з’яўляецца простым павелiчэннем тых рысаў, якiя акрэслiваюць расiйскае грамадства. Адрозненнi датычацца ступенi iх iнтэнсiўнасцi, адсутнасцi некаторых з тых, што з’яўляюцца важнымi для расiйцаў, а таксама адметных рэшткаў элементаў былой культуры грамадства Беларусi. Аднак з многiх пунктаў гледжання беларуская культура ўключае элементы, блiжэйшыя болей да польскай, чым да расiйскай культуры. Трэба падкрэслiць, што гэтыя разважаннi датычацца мас беларускага грамадства, а не яго адносна нешматлiкiх нацыянальных элiт. Трэба таксама памятаць, што значная плебеiзацыя польскай культуры пасля Другой сусветнай вайны, частковая падобнасць будаўнiцтва сацыялiзму ў Польшчы i ў Беларусi прывялi да таго, што, побач з iншымi прычынамi, значная частка рысаў, якiя прыпiсваюцца беларусам, праяўляюцца таксама ў Польшчы, хаця ў прынцыпе яны маюць iншую iнтэнсiўнасць. Тым не менш, аднак, на працягу апошнiх некалькiх гадоў Польшча аддалялася ад Усходу, а Беларусь астатнiм часам зноў цясней звязалася з Расiяй. Моцным бар’ерам, што баранiў польскае грамадства, як i балтыйскiя народы, ад свабоднага пранiкнення каштоўнасцей, якiя на працягу некалькiх апошнiх пакаленняў наплывалi з Усходу, было выразна сфармаванае пачуццё нацыянальнай самаідэнтычнасці.

Нацыяналізацыя плебейскіх грамадстваў Цэнтральна-Усходняй Еўропы адбывалася без апоры на дваранства, бо яго практычна не было, на першы план выступала культурная своеасаблівасць, заснаваная на мове і гісторыі (найчасцей у яе моцна зміфалагізаванай форме). Можна сказаць, што грамадствы Заходняй Еўропы ведаюць сваю гiсторыю, але тым не менш ставяцца да яе з усё большай эмацыянальнай дыстанцыяй. А большасць народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы ўспрымае мiнулае так моцна, што ўсё яшчэ не можа вызвалiцца ад яго перавагi над рэчаiснасцю. Беларусы ж – за выключэннем досыць вузкай нацыянальнай элiты – не маюць выразна сфармаванага пачуцця гістарызму. Мiнулае Расii не стала ў свядомасцi беларусаў iх нацыянальнай мiнуўшчынай. Таму беларусы арыентуюцца на сучаснасць – як у цяжкiх сiтуацыях, каб ператрываць iх, так i ў выпадку поспеху, каб выкарыстаць момант. Здаецца, што на Захадзе пануе большая раўнавага памiж тым, што было, ёсць i будзе, iснуе большая рацыяналiзацыя часоў i ўласнай дзейнасцi. Вось чаму мысленне значнай часткi грамадства Беларусi ў катэгорыях моманту – пры слабай эканамiчнай кампетэнцыi элiты – абмяжоўвае магчымасцi прыняць доўгатэрмiновыя праграмы эканамiчнага аздараўлення.

Эгалiтарныя i класавыя падыходы (а таксама рэпрэсiўныя дзеяннi) прывялi да ліквідацыі былых элiт Беларусi (прытым ліквідацыі была нададзена форма iдэалагiчнага адабрэння) i недастатковай завершанасці фармавання новых. Беларусы ўспрымаюць глыбока ўкаранёнае ў iх пачуццё эгалiтарызму хутчэй як адабрэнне фактычнай роўнасцi грамадскага iснавання, чым роўнасць шанцаў у гонцы за даброты даступныя, але абмежаваныя. У гэтым сэнсе яны блiжэй да расiйцаў, чым да палякаў – а таксама, што важна, у сваiх адносiнах да ўласнасцi, – нягледзячы на тое, што апошнім уласцівы крайнія эгалітарысцкія лозунгі. Расiя ўзмацнiла ў культуры беларускага грамадства пазiцыi пакорлiвасцi, плебейскай пасiўнасцi, калектывiзму, але не перадала ёй актыўнасці сваiх элiт.

Беларускае грамадства лёгка паддаецца працэсам грамадскай унiфармiзацыi ў розных яе формах. Гэта выяўляецца ў слабым супрацiўленнi працэсам нiвелiроўкi разнароднасцi грамадскага свету. Такой праявай была хаця б унiфiкацыя беларускiх гарадоў паводле савецкага тыпу – праз знiшчэнне iх старажытных кварталаў, найбольш адметных помнiкаў мiнуўшчыны, старадаўнiх i адасобленых ад гiсторыi “старэйшай сястры” (такое амаль не iснавала ў Лiтве i ў былой усходняй Галiччыне). Для Беларусi характэрны “традыцыя паслухмянасцi” i “здольнасць да адаптацыi”, якiя Iосiф Бродскi прыпiсвае Усходу[7].

Iгнат Абдзiраловiч (Канчэўскi) пiсаў на пачатку 1920-х гадоў, што беларусам адпавядае “ўсходняя” непасрэднасць, шчырасць, натуральнасць i адначасова актыўнасць i “больш людскае абыходжанне”, якія прыпiсваюцца Захаду[8]. Хутчэй за ўсё гэты погляд выражаў у нейкай ступенi таксама культурныя сiмпатыi аўтара. Захад неаднаразова здаваўся беларусам светам матэрыялiзму, iндывiдуалiзму, рацыяналiзму, дыстанцыi памiж людзьмi, стрыманасцi, i ў вынiку – хiтрасцi цi нават здрады. Адначасова заходнееўрапеец бачыўся як культурны чалавек, далiкатны ў абыходжаннi[9].

Беларусаў адрознiвае ад рускіх адсутнасць у iх культуры такiх элементаў, характэрных для iх усходніх суседзяў, як пачуццё месii, нацыянальнага месiянiзму (што звязана са слабасцю, у параўнаннi з рускімі, метафiзiчнай сферы ў iх культуры), а таксама таго, што акрэслiваецца як глыбiня рускай духоўнасцi, што фармавалася на працягу многiх стагоддзяў, у цяжкiя для Расii гiстарычныя моманты. Гэта частка рускай культуры не магла быць перанесена на іншае грамадства ў працэсе даволі павярхоўнага і выбарачнага прыняцця ім расійскасці ў яе савецкім варыянце[10]. Здаецца таксама, што падатлiвасць на ўсялякiя крайнасцi i нясхiльнасць да кампрамiсаў, якiя характарызуюць, на думку I.Абдзiраловiча[11], людзей Усходу (рускіх), адрознiваюць iх ад беларусаў. Апошнiх характарызуе таксама адсутнасць у iх культуры комплексу каштоўнасцей, што выклiкаюць iмперскія паводзiны, якiя так часта прыпiсваюцца рускім[12], а таксама адсутнасць, калi не лiчыць вельмi вузкага асяроддзя, выразна сфармаваных нацыяналiстычных настрояў. Істотна адрознівае беларусаў ад расійцаў і этас іх працы, а таксама меншая паталагізацыя сям’і.

Адносіны да ўласнасці, працы, рэлігіі, сацыяльнай апекі і дзяржавы збліжаюць кола вартасцей беларусаў з тымі каштоўнасцямі, што даволі адназначна прыпісваюцца левым. Ва ўмовах вострага гаспадарчага калапсу эгалітарныя і этатыстычныя тэндэнцыі ніяк не спрыяюць выйсцю з крызісу. Польскі пісьменнік Анджэй Шчыпёрскі не без падстаў адзначаў, што “польская традыцыя была нацыянальнай, каталіцкай, антырасійскай, а таксама антыдзяржаўнай і анархічнай, у традыцыйным сэнсе – шляхецкай ці сялянскай, але не пралетарскай”[13]. Мяркую, што ў невялікай ступені гэтыя словы можна аднесці і да сучаснага беларускага грамадства, якое яшчэ два стагоддзі таму ўтварала з намі, палякамі, адзіную дзяржаўнасць. 

5. У заключэнне 

У рускай культуры заўважалася вера ў тое, што чалавека можна адвольна фармаваць паводле вобраза i падабенства ўладароў гэтага свету. Яна выяўлялася ў практычных дзеяннях i ў ХХ стагоддзі была ўбудавана ў сістэмны механiзм савецкай дзяржавы. У параўнаннi з iншымi постсавецкiмi рэспублiкамi Беларусь з’яўляецца прыкладам значнай эфектыўнасцi дзейнасцi, вынiкаючай з гэтай веры. Сяляне, якiя пакiдалi вёскi, да такой ступенi паверылi ў прапанаваны iм свет iдэй – тут не абышлося без прымусу, – што з часам менавiта так пачаў выглядаць і iх рэальны свет (хаця i ў значна дэфармаванай форме). У сiтуацыi слабага сфармавання ўласнай дзяржаўнай свядомасцi, адсутнасцi эгалiтарных традыцый i багатай лiтаратуры, якая давала б афарбаваныя эмоцыямi нацыянальныя веды, пашырылася этнаграфiчнае (фальклорнае) бачанне беларускасцi ў вуснай i вiзуальнай плоскасцях. Успрыманне свайго грамадскага акружэння ў катэгорыях правiнцыялiзму вяло да аслабленага ўспрыняцця значнай часткi культурных каштоўнасцей, у тым лiку i самога сябе. Такая грамадская схема скiравана хутчэй на самазахаванне, а не на развiццё i грамадскую экспрэсiю.

Беларусы ў сваёй асноўнай масе не адчуваюць нацыянальнай самаідэнтычнасці – iстотнай састаўной часткi быцця еўрапейца. Iх расiйскасць не забяспечвае iм тую сферу грамадскай свядомасцi, якая была рухавiком грамадскiх, гаспадарчых i культурных змен у Еўропе на працягу двух апошнiх стагоддзяў. Вонкава i эмацыйна праяўленая нацыянальная iдэя была ў постфеадальнай Еўропе крынiцай грамадскай актыўнасці, выконвала мадэрнiзатарскую функцыю. Лёс Беларусi, пазбаўленай нацыянальнага вымярэння, актывiсцкага этасу вышэйшых слаёў (або сярэдняга класа), залежыць у вялiкай ступенi ад знешніх сiл. Адначасова можна меркаваць, што калi Беларусь нацыяналiзуецца, яна непазбежна стане больш празаходняй, i не толькi з прычыны вяртання да сваiх заходніх гiстарычных i культурных каранёў, але i аб’ектыўных зменлiвых адносiн памiж ёй i Расiяй.

Чаканне таго, што пачатыя ў Расii – у значнай ступенi пад уплывам рашэнняў, прынятых на Захадзе – рэформы яе палiтычнай i гаспадарчай сiстэмы будуць перанесены на Беларусь ад усходняй суседкi, а не непасрэдна з Захаду, сведчыць пра дэградацыю пазiцыi, якую калiсьцi мела Беларусь як састаўная частка заходняга свету, што сама вякамі ўплывала на Усход. Верагодна, што для беларуска-расійскіх адносін надзвычай важнымі акажуцца некалькі бліжэйшых гадоў: да таго часу, пакуль Буг не стане мяжой Еўрапейскага Саюза. Саюз развіваецца на суседніх з Беларуссю землях імкліва і інтэнсіўна, нават больш дынамічна, чым сама Расія. Можна меркаваць, што Расія да таго часу будзе імкнуцца да ўсталявання самых блізкіх кантактаў з Беларуссю, пакуль гэта імкненне відавочна не акрэсліцца ў так званы “эфект дэманстрацыі”.

Прадстаўляючы рэчаiснасць, я iмкнуўся рабiць гэта ў апiсальных, а не ацэначных катэгорыях. Недапушчальным было б тут ужыванне паняццяў “лепшасцi” i “горшасцi”. Свой выбар павiнны рабiць самi беларусы – незалежна ад таго, што калiсьцi гэтыя рашэннi прымалiся за iх у Пецярбургу (у часы падзелу Рэчы Паспалiтай), Варшаве (у мiжваенны перыяд) цi ў Маскве (у эпоху СССР).

Фармулюючы свае заўвагi, я ўсведамляў, што Беларусь знаходзiцца ў цяжкiм для яе перыядзе гiстарычнага развiцця. Таму я засяродзiўся на з’явах, якiя тлумачаць яе сённяшняе нялёгкае становiшча. У рэшце рэшт вызначаныя элементы беларускай культуры не з’яўляюцца паказчыкамі яе цэласнасці. Напэўна, можна было б выбраць такія, якія апісваюць беларускае грамадства ў значна больш – калі звярнуцца да каштоўнасных паняццяў – “выгодным” святле. Аднак я не згодзен з тым, што беларуская інтэлігенцыя, якая шукае шляхі выйсця з сучаснай крызіснай сітуацыі, зацікаўлена ў аднаўленні грамадства менавіта ў тым выглядзе, у якім яно існуе зараз. Палякі на працягу сваёй гісторыі неаднаразова сутыкаліся з памылкамі грамадскага самакрытыцызму (як і самалюбавання). З’ява гэта аднолькава знаёмая і расіянам.



* Тэкст даклада, прачытанага на ІІ Міжнародным кангрэсе беларусістаў (Мінск, 16 мая 1995 г.).

[1] Саганович Г. “Русский вопрос” с точки зрения белоруса // Народная газета. 30.04.1993 г. С. 14 (аўтар абмяркоўвае гісторыю расійска-беларускіх адносін пачынаючы ад найдаўнейшых часоў і аж да ХVІІІ стагоддзя; яго погляд рашуча адрозніваецца ад савецкіх схем беларускай гістарыяграфіі). Гл. таксама іншы тэкст, які разглядае гэтую праблематыку падобным нетрадыцыйным чынам і даводзіць яе даследаванне да сучаснай эпохі. Гл.: Терешкович П. Русские в Беларуси: (Постинтернациональная рефлексия) // Нёман. 1992. № 6.

[2] Думаецца, што беларуская мова з’яўляецца – адпаведна канцэпцыі Ежы Смоліча – “адвечнай каштоўнасцю” культуры беларусаў, якая стварае “<…> «вось», вакол каторай адбываецца ідэнтыфікацыя і арганізуецца цэлая грамадская сістэма. Ліквідацыя такіх “восей” з дапамогай дыктату «мадэрнізацыі» або асіміляцыі з дамінуючай групай знішчыла б усю структуру. Адсюль узыходзіць канцэпцыя «фрагментарнай» культуры, зведзенай да фрагментарных ці выпадковых элементаў праз вырыванне арыгінальнай «восі» і замяшчэнне яе каштоўнасцямі, пачарпанымі з груп каланіяльных, дамінуючых або колькасна большых. <…> Страта гэтай групай адвечных каштоўнасцей прыводзіць да яе дэзінтэграцыі як аўтэнтычнай і творчай супольнасці, здольнай да захавання і перадачы сваіх каштоўнасцей наступным пакаленням”. Гл.: Smolicz J.J. Język jako wartość rdzenna // Oblicza polskości: Praca zbiorowa / Pod red. A.Kłoskowskiej. Warszawa, 1990. S. 211.

[3] Калi падыходзiць гiпатэтычна, сённяшнi зварот да беларускай мовы, разам з адначасовым развiццём беларускага нацыястваральнага працэсу, можа выклiкаць схiльнасць да нацыянальнай русiфiкацыi некаторых расiйскамоўных асяроддзяў грамадства Беларусi. Гл.: Radzik R. Kim są Białorusini? // Kamena. 1991. № 1. S. 8.

[4] Mironowicz E. Białorusini w Polsce: (1944–1949). Warszawa, 1993. S. 18.

[5] Domański H. Społeczeństwa klasy średniej. Warszawa, 1994. S. 263.

[6] “Чырвоная «Вялікая Украіна», цэнтральная і ўсходняя, – піша журналіст львоўскай газеты «Post Postum» Уладзімір Паўліў, – цягацее болей да этнаграфізму (на тых тэрыторыях, на якіх украінская літаратура і мастацтва ўвогуле прысутнічаюць), затое на заходняй Украіне дамінуе напрамак гістарычны”. Гл.: Pawliw W. Obraz wroga // Polityka. 22.04.1995 r. № 16. S. 18.

[7] Цытуецца па: Grudzińska-Gross I. Piętno rewolucji: (Custine, Tocqueville i wyobraźnia romantyczna). Warszawa, 1995. S. 88.

[8] Абдзiраловiч I. Адвечным шляхам: (Дасьледзiны беларускага сьветагляду) [1921]. Менск, 1993. С. 15.

[9] Тамсама.

[10] Маецца на ўвазе, што на індывідуальным узроўні – асабліва членаў нацыянальнай эліты – беларусы значна лягчэй і глыбей прымаюць заходнія рэаліі, чым расійцы.

[11] Абдзiраловiч I. Адвечным шляхам. С. 12–13.

[12] “Паколькі расійская дзяржава, – піша Рычард Пайпс, – амаль ад самых сваіх пачаткаў мела хутчэй формы імперыі, чым дзяржавы нацыянальнай, – у расійскай ментальнасці ідэя дзяржаўнасці трывала і цесна звязана з ідэяй імперыі. У сувязі з гэтым уся гісторыя Расіі даводзіць, што расійцы падпарадкавалі сваю нацыянальную самаідэнтычнасць канцэпцыі імперскага статусу. Упадак савецкай імперыі з’яўляецца, апроч таго, аднолькава моцным ударам як для іх пачуцця этнічнай прыналежнасці, так і ўпэўненасці ў сабе. У адрозненне ад брытанцаў і французаў, якія ніколі не сумняваліся ў тым, што ім давядзецца развітацца з калоніямі, расійцы, перажыўшы падобнае выпрабаванне, апынуліся ў сітуацыі, якая абудзіла іх заклапочанасць, калі не няўпэўненасць, у тым жа самым пытанні: сваёй самаідэнтычнасці”. Гл.: Pipes R. Rosyjska racja stanu // Polityka. 29.04.1995 r. № 17. S. 11. (Што цікава, манголы-качэўнікі, якія захапілі Маскоўскую Русь, паняцце дзяржавы атаясамлівалі хутчэй з людам, чым з акрэсленай тэрыторыяй. Нацыянальная самаідэнтычнасць расійцаў не мае адназначнага тэрытарыяльнага вымярэння, як у нацый Заходняй і Цэнтральна-Усходняй Еўропы, што таксама акрэслівае адносіны расійцаў да беларусаў).

[13] Szczypiorski A. Pruskie dzieci Lenina // Gazeta wyborcza. 11–12.03.1995 r. S. 8.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія