|
БЕЛАРУСЫ
(погляд з Польшчы)
Рышард РАДЗІК
Беларусь
і Цэнтральна-Усходняя Еўропа
Культурныя перадумовы палітыка-эканамічных пераўтварэнняў*
Цэнтральна-Усходняя
Еўропа ніколі не была эканамічным, палітычным або культурным маналітам. Пасля
Другой сусветнай вайны навязаная камуністамі сістэма ў шматлікіх аспектах
прыпадобіла да сябе ахопленыя ёю краіны. Здавалася, што змяншаюцца адрозненні,
якія спрадвеку падзялялі іх. Гэта тэндэнцыя была рашуча адкінута пасля 1989
года, калі ў аўтарытарнай Масквы больш не стала сілы навязваць іншым уласныя
палітыка-эканамічныя рашэнні. Аказалася, што некаторыя краіны значна лепш
развіваюцца, спадзеючыся на саміх сябе, іншыя – прынамсі дагэтуль – не могуць належным
чынам кіраваць сваёй эканомікай, эфектыўна мадэрнізаваць свой палітычны лад.
Падзел Цэнтральна-Усходняй Еўропы паводле эканамічнага крытэрыю (узроўню
эканамічнай эфектыўнасці) і палітычнага (ступені палітычнай дэмакратызацыі)
аказаўся даволі выразным. Безумоўныя эканамічныя і палітычныя лідэры тут –
краіны Вышаградскай Групы (абмінем у гэтых разважаннях колішнюю Югаславію, ГДР
або Албанію). Сярод чатырох краін гэтай групы Польшча, Славакія і Чэхія
адрозніваюцца на фоне ўсяго рэгіёна хуткімі тэмпамі эканамічнага росту. Польшча
першай ва ўсім цэнтральна-ўсходнім рэгіёне, яшчэ да скасавання камунізму,
пераўзышла ўзровень нацыянальнага даходу. Таму яна нагнала страчанае на пачатку
1990-х гадоў. Усе члены Вышаградскай Групы таксама з’яўляюцца лідэрамі ў працэсе
прывядзення свайго дзяржаўнага ўладкавання, эканомікі, палітыкі і права да
заходнееўрапейскіх узораў (у гэтым плане апошнім часам шмат крытыкі выклікае
ступень палітычнай трансфармацыі ў Славакіі). Гэтыя краіны маюць, безумоўна,
найвялікшыя шанцы на ўваход першымі ў Еўрапейскі Саюз і NАТО (няпэўнае становішча тут толькі ў Славакіі).
Астатнія
дзяржавы трэба падзяліць на тры групы. Адну з іх складаюць дзве краіны: Румынія
і Балгарыя. Другую – тры прыбалтыйскія рэспублікі: Літва, Латвія і Эстонія.
Астатнія краіны – гэта еўрапейская частка СНД: Украіна, Беларусь і Малдова.
Сярод гэтых дзяржаў найменшы спад нацыянальнага даходу меў месца ў Румыніі і
Балгарыі. Больш за тое, у Румыніі ў 1995 годзе зафіксаваны нават высокі, роўны
Польшчы і Славакіі, рост нацыянальнага даходу (на 7,0 %). Абедзве, аднак, маюць
велізарныя праблемы з трансфармацыяй эканомікі і палітычнай сістэмы. Яны і
цяпер далёкія ад стварэння асноў, на якіх магла б быць пабудавана здаровая
капіталістычная эканоміка і парламентарная дэмакратыя заходняга тыпу. У іх
узнікаюць праблемы, даўно забытыя краінамі Вышаградскай Групы (напрыклад,
апошнія цяжкасці з забеспячэннем хлебам у Балгарыі). Разрыў паміж Вышаградскай
чацвёркай і дзвюма балканскімі рэспублікамі значна павялічыўся пасля заняпаду
камунізму.
Яшчэ
больш павялічылася дыстанцыя паміж Вышаградскай Групай і рэспублікамі былога
СССР. Апошнія эвалюцыянуюць у двух розных напрамках. Прыбалтыйскія краіны,
нягледзячы на тое, што спад нацыянальнага даходу склаў у сярэднім каля 50,0 %
(найбольшы ў Літве, найменшы ў Эстоніі), апошнім часам пачалі выходзіць з
крызісу. Гэта асабліва датычыцца Эстоніі, якая ў плане некаторых
эканоміка-палітычных параметраў ужо набліжаецца да Вышаградскай чацвёркі. Калі
браць пад увагу тэмпы эканоміка-палітычнай трансфармацыі, то прыбалтыйскія
рэспублікі маюць значна большыя шанцы на выхад з крызісу, збліжэнне з Захадам і
сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе, чым абедзве балканскія краіны. Істотная
праблема для іх заключаецца ў стаўленні да гэтага пытання Расіі, а таксама ў
палітычнай і эканамічнай пазіцыі вельмі шматлікай (за выключэннем Літвы)
рускамоўнай меншасці, што засталася ў гэтых краінах пасля савецкага перыяду. Як
і ў прыбалтыйскіх краінах, так і ў трох рэспубліках СНД нацыянальны даход
знізіўся ў 1990-х гадах у сярэднім на 50,0 % (найменш у Беларусі, найбольш у
Малдове). Эканамічная сітуацыя ў гэтых краінах, безумоўна, найгоршая сярод усёй
Цэнтральна-Усходняй Еўропы. У Беларусі і на Украіне не прадугледжваецца рост
нацыянальнага даходу і ў бягучым (1996) годзе. Асабліва спрэчныя перспектывы ў
Беларусі, дзе не праводзяцца істотныя структурныя рэформы. Беларускую эканоміку
характарызуе нізкі ўзровень прыватызацыі, вялікая ступень цэнтралізацыі і
нестабільныя прававыя нормы, несупынны і значны спад інвестыцый, ліквідацыя на працягу
апошняга года валютных рэзерваў краіны (у Польшчы яны складаюць 18,0 мільярда
долараў – больш за валютныя рэзервы Расіі). Калі ў Польшчу замежныя інвестары ў
1990-я гады інвеставалі ад 8,0 да 10,0 мільярда долараў (розніца вынікае па
прычыне розных метадаў падліку), то для Беларусі гэтая лічба ў некалькі
дзесяткаў разоў меншая (у 1 паўгоддзі бягучага года ў Польшчы – 2,0 мільярда
USD, а ў Беларусі – некалькі дзесяткаў мільёнаў). Паводле апошняга рапарта
Сусветнага Банка (1996 года), найвышэйшай ступені лібералізацыі эканомік краін
разглядаемага рэгіёна Еўропы дасягнулі краіны Вышаградскай Групы і
прыбалтыйскія рэспублікі. Найніжэйшага – Беларусь, не нашмат лепшую за яе
пазіцыю мае і Украіна (не беручы пад увагу Малдовы). Вышэй сягнулі нават
Узбекістан і В’етнам. Сярэднія пазіцыі ў табелі занялі Балгарыя і троху больш
за яе эканамічна ліберальная Румынія. Паводле ацэнак заходніх фінансавых
інстытутаў, найбольшая рызыка інвеставання – таксама ў рэспубліках СНД,
найменшая – у краінах Вышаградскай чацвёркі.
У плане
эканамічных паказчыкаў, і асабліва праведзеных рэформ, Беларусь знаходзіцца ў
горшым становішчы, чым Расія. Не толькі эканамічна, але і палітычна, і духоўна
яна ў вялікай ступені яшчэ жыве пры сацыялізме. З году ў год усё больш
відавочнай становіцца мяжа, што падзяляе Цэнтральна-Усходнюю Еўропу на дзве
часткі. За яе заходняй мяжой застаюцца краіны, што вельмі хутка выходзяць з
эканамічнага крызісу, узніклага пасля заняпаду колішняй сістэмы. Больш за тое,
гэтыя краіны – незалежна ад тэмпаў росту іх нацыянальнага даходу – найхутчэй
дапасуюцца да правіл, абавязковых у рынкавых эканоміках, ажыццяўляюць
структурныя рэформы; іх палітычна-прававая сістэма выразна набліжаецца да
заходняй. Гэта чатыры вышаградскія краіны і тры прыбалтыйскія (якія адрозніваюцца
хутчэй глыбінёй эканамічнага крызісу, чым метадамі выхаду з яго і спадарожнай
гэтаму дэтэрмінацыяй – у найгоршым становішчы тут знаходзіцца Літва). Гэтыя
дзяржавы характарызуе цвёрдая, адназначна празаходняя пазіцыя (Еўрапейскі Саюз,
NАТО).
За
ўсходняй мяжой застаюцца дзве балканскія краіны і рэспублікі цяперашняга СНД.
Некаторыя з іх не праводзяць рэформ амаль зусім (як Беларусь), іншыя робяць
гэта значна больш павольна, чым краіны “заходняй групы” (напрыклад, Балгарыя і
Румынія, нягледзячы на пэўныя эканамічныя поспехі апошняй). Мадэрнізацыя
сістэмы палітычнага ўладкавання здзяйсняецца там яшчэ больш марудна. Гэтыя
краіны размешчаны на горшых пазіцыях у табелі эканамічнай рызыкі інвеставання,
яны больш карумпаваныя, у іх амаль навідавоку дзейнічаюць мафіёзныя структуры,
нярэдка не адладжаны гандаль. Частка з іх настроена яўна больш прарасійска, чым
праеўрапейска (Беларусь, значная частка насельніцтва ўсходняй і сярэдняй
Украіны, Балгарыя, завіслая – пазіцыяй сваіх грамадзян – паміж Расіяй і
Захадам). Адна Румынія вербальна адназначна празаходняя.
Вышэйапісаная
мяжа збольшага супадае з лініямі, праведзенымі шматлікімі даследчыкамі гісторыі
гэтай часткі нашага кантынента, паводле якіх вылучаюцца два блізкія паміж сабой
культурныя колы, якія былі разарваны ў часы сацыялізму і якія ажываюць цяпер.
Самуэль П. Хантынгтан праводзіць лінію, што цягнецца з поўначы на поўдзень
кантынента і вылучае абедзве часткі Еўропы, пачынаючы з мяжы паміж Фінляндыяй і
Расіяй і канчаючы на мяжы паміж Харватыяй і Славеніяй і астатняй часткай
колішняй Югаславіі. “Народы, што знаходзяцца на поўнач і захад ад гэтай лініі,
– заўважае гарвардскі палітолаг, – гэта пратэстанты або каталікі. Гэтыя народы
падзяляе супольны досвед еўрапейскай гісторыі – феадалізм, рэнесанс,
рэфармацыя, асветніцтва, французская рэвалюцыя, прамысловая рэвалюцыя. Наогул
яны знаходзяцца ў лепшай эканамічнай сітуацыі, чым народы з усходу, і могуць
чакаць больш хуткага ўлучэння ў еўрапейскую эканоміку, a таксама больш саліднай
пабудовы дэмакратычнай сістэмы. Народы, што знаходзяцца на ўсход або на
поўдзень ад гэтай памежнай лініі, – праваслаўныя альбо мусульманскія, яны
гістарычна належалі да атаманскай імперыі або да імперыі расійскіх цароў,
еўрапейскія працэсы закраналі іх нязначна і наогул яны знаходзяцца ў горшай
эканамічнай сітуацыі і значна менш праўдападобным падаецца развіццё ў іх
стабільнай дэмакратычнай сістэмы. Жалезную ідэалагічную заслону замяніла
аксамітная культурная заслона – гэта цяпер найбольш значны падзел у Еўропе”.
Гэтаксама
бачыць гэтыя межы Ален Безансон. На яго думку, калі б не расійскія захопнікі і
не выхад з гульні Турцыі, усходняя мяжа Еўропы супадала б з межамі колішніх
пруска-шведскай, польска-літоўскай і аўстра-венгерскай супольнасцей.
Захоп Расіяй беларуска-ўкраінскіх земляў, ліквідацыя уніі і ўвядзенне на яе
месца праваслаўя перасунула межы так званай Еўропы на некалькі сот кіламетраў.
Фармаванне новых падзелаў, абумоўленых, у прыватнасці, магчымасцю ўступлення ў
Еўрапейскі Саюз паводле межаў рэлігійнай прыналежнасці, занепакойвае некаторыя
дзяржавы, многіх інтэлектуалаў, а таксама палітыкаў. Вылучэнне гэтых межаў
наогул не з’яўляецца вынікам бачання Еўропы ў катэгорыях рэлігійнай “лепшасці”
або “горшасці”. Гэта вынікае не з sacrum,
а з profanum, створаным людзьмі
культурным абгрунтаваннем асноўных законаў веры, са шматвяковай традыцыі
арыгінальных грамадскіх, палітычных, эканамічных практык, у аснову якіх лягла
некалькі іншая сістэма каштоўнасцей, у аснове сваёй свецкіх, хоць часам
апелюючых і да рэлігіі. Вялізны разрыў, які ўзнік (і значна павялічваецца) на
працягу кароткага перыяду 1990-х гадоў паміж Беларуссю і Польшчай, змушае
задумацца над прычынамі гэтай з’явы, адначасова прыгадваючы і словы Хантынгтана
і Безансона.
Мяне
асабліва цікавяць культурныя (а таксама вынікаючыя з формы грамадскай
структуры) перадумовы палітычных і эканамічных працэсаў, пошук адказу на
пытанне: ці існуюць, а калі існуюць, то што гэта за дзейнікі, вызначэнне якіх
хаця б часткова ўпарадкавала часам ілюзорны хаос і ўяўную адвольнасць рэакцый
грамадстваў Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
1. Культура
Узнікненне
культур цэнтральна-ўсходнееўрапейскіх народаў з традыцыі Рыму або Візантыі
звязана з адметным для асобных краін гістарычным светапоглядам, які асабліва
мадыфікуе іх палітычную культуру. Так, Балгарыя і Румынія вельмі доўгі час
паддаваліся турэцкім уплывам, Расія – мангольскім, Украіна і Беларусь –
польскім, а пасля рускім. Значная частка Польшчы ў перыяд акупацыі знаходзілася
ў складзе імперыі Раманавых.
У
адрозненне ад прагматычнай, рацыяналістычнай (хаця і інтэлектуалісцкай), а з
часам нават і матэрыялістычнай лацінскай Еўропы праваслаўе ў сваім грамадскім
вымярэнні з’яўляецца хутчэй сузіральным, падкім на “нябеснае валадарства ідэі”
(С.Булгакаў); яно разам з тым набывае выгляд канкрэтных – і ўспрынятых вельмі
эмацыянальна – грамадскіх канцэпцый. Усход, безумоўна, больш як Захад
міфалагізуе і ідэалізуе акаляючую яго рэчаіснасць. У Расіі схільнасць да
дасягнення ідэалу, прага рэалізацыі высакародных мэтаў за любы кошт выявілася
ва ўсталяваным бальшавікамі ладзе.
У
Беларусі ўзаемадзеянні паміж Царквой і дзяржавай вынікаюць – на ўзор Расіі – з
падпарадкавання Царквы афіцыйнай уладзе, а ў апошнія гады – з абапірання
дзяржавы на Царкву, вонкавага выкарыстання яе прысутнасці, атрыбутаў. У
секулярызаванай Беларусі прэзідэнт Лукашэнка падчас публічных урачыстасцей
акружае сябе высокімі праваслаўнымі святарамі з запалам, роўным таму, з якім
ранейшыя валадары Беларусі кідалі іх у вязніцы і высылалі на Калыму.
Прысутнасць Царквы ў публічным жыцці ёсць хутчэй за ўсё, згодна з традыцыяй,
вынікам яе інструментальнага трактавання чарговымі ўладамі, што адрознівае
Беларусь ад партнёрска-суперніцкіх узаемадзеянняў абодвух інстытутаў яе
заходняга суседа.
Праваслаўныя
грамадствы сфармавалі надзвычай слабыя структуры (пабудовы) сярэдняга ўзроўню,
усе яны ініцыяваны дзяржавай і кантралююцца ёю. Яны не стварылі магутных
інстытуцыйных і неінстытуцыйных форм супрацьдзеяння дзяржаўнаму дэспатызму.
Існуючую на ўзроўні групы актыўнасць дзяржава ў XX стагоддзі была ў стане
часткова знішчыць, а часткова падпарадкаваць сабе. Гэтыя грамадствы не стварылі
механізмаў дэмакратычнай і аўтаномнай дзейнасці, заснаванай на актыўнасці, якой
і сцвярджаецца незалежнасць індывіда. Найчасцей яна заставалася сам-насам з
адміністрацыйным малохам дзяржавы. Грамадства і рэлігія былі настолькі моцна
звязаны з дзяржавай, што пасля яны былі не ў стане супрацьдзейнічаць ёй. У
масавым маштабе не ўзніклі значныя формы абароны, узоры паводзін і катэгорыі
мыслення, якія б палегчылі перажыванне стану амаль што поўнай грамадскай
пакоры. Супраціў меў цалкам індывідуальнае вымярэнне, абапіраючыся ў гэтым на
традыцыі праваслаўнай духоўнасці.
Зразумела,
што рэформы ў такога тыпу грамадствах, асабліва ўдалыя рэформы, звычайна
праводзіліся “зверху”. Грамадства было наогул надзвычай слабае, каб вылучаць
уласныя прапановы. Яго развіццё ў выніку грамадскіх выбухаў і рэвалюцый, а не
паступовай эвалюцыі, часта было вынікам адсутнасці інстытуцыйных структур, якія
б спрыялі яго пашырэнню і былі б у стане рэалізоўваць памкненні грамадства,
эфектыўна ўплываючы на дзейнасць улад. Здзейсненыя ў Беларусі ў дзевяностых
гадах сціплыя захады, скіраваныя на пабудову гэткага тыпу інстытуцыйных
структур, былі з цягам часу рэзка спынены, што часткова адбылося ў выніку
рэакцыі большай часткі грамадства на такога тыпу палітыку. Традыцыйнае для
Усходу размеркаванне ўлады ў грамадстве, якое ў грамадскай свядомасці
выяўляецца ў тым ліку і ў рэзкім падзеле на “нас” і “іх”, абцяжарвае адэкватнае
рэагаванне на грамадскія пастулаты і стрымлівае паступовую эвалюцыю сістэмы. У
гэткага тыпу палітычнай сістэме выбары ў фармальна прадстаўнічыя органы ўлады
зазвычай азначаюць імклівае ўмацаванне плебісцытных механізмаў.
Гэтыя
залежнасці, механізмы дзейнасці і пераўтварэнняў пасля Другой сусветнай вайны
былі часткова перанесены ў краіны Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Ужо ў XIX
стагоддзі быў заўважаны іх уплыў на польскае грамадства ў Расійскай імперыі. Ён
выяўляўся ў схільнасці да развіцця шляхам паўстанняў-рэвалюцый, у стаўленні да
дзяржавы, закона. Змены ў выніку паступовай эвалюцыі сістэмы, якія маюць
інстытуцыйную форму, саступкі на карысць грамадства, якое ўсё больш і больш
становіцца суб'ектам грамадскіх і палітычных дзеянняў, – гэта мадэль значна
бліжэйшая аўстра-венгерскай манархіі і нават дзяржаве Гогенцолернаў, чым
царскай Расіі. Апошняя, кіруючы сілай, часам ласкай, але ніколі да 1905 года не
саступаючы ўлады дэмакратычным інстытутам, прывучала народ, які прызвычаіўся да
дэмакратычнай улады над сабой (польская шляхта), да несупынных бунтаў і
хваляванняў. Таму і галіцыйскія палякі былі ў многіх адносінах бліжэйшыя сваёй
палітычнай культурай да некаторых іншых грамадстваў дзяржавы Габсбургаў, чым да
палякаў Расійскай імперыі (падобнае было – улічваючы адпаведныя ўмовы – і ў той
частцы Польшчы, якая апынулася ў складзе нямецкай дзяржавы). Пасля Другой
сусветнай вайны развіццё польскага грамадства шляхам частых мяцяжоў было
вынікам несупыннай канфрантацыі нацыі, якая валодае магутнымі вызваленчымі
традыцыямі і актыўным шляхецка-інтэлігенцкім этасам палітычнай дзейнасці, з
уведзенай дзяржавай сістэмай вартасцей, што ўзнікла на Усходзе і
распаўсюджвалася ў створаных там формах. Таму яно было вынікам блакіроўкі
механізмаў, якія забяспечваюць развіццё шляхам эвалюцыі.
Народы
асобных рэгіёнаў Еўропы адрозніваюцца сваім стаўленнем да дзяржавы. Шмат нацый
Заходняй Еўропы фармавалася вакол інстытутаў дзяржавы і ўстаноўленых імі межаў.
Шматвяковае існаванне гэтых дзяржаў дало іх жыхарам пачуццё пэўнасці іх
нацыянальнага і дзяржаўнага быцця. Разам гэта прыводзіла іх грамадзян да прагматычнага
і нават спажывецкага стаўлення да ўласнай дзяржавы. Дзяржава забяспечвае іх
інтарэсы, робіць магчымай актыўную эканамічную дзейнасць, гарантуючы
палітычна-прававую стабільнасць. Дыстанцыя паміж грамадствам і дзяржавай
(уладай), нягледзячы на тое, што яна існуе паўсюль, змяншаецца ў выніку
ўключэння яго грамадзян у працэс ажыццяўлення ўлады, найперш на мясцовым
узроўні, узроўні самакіравання. У Цэнтральнай Еўропе стаўленне да дзяржавы
наогул досыць амбівалентнае. Ухваляльна-эмацыйнае, занадта ідэалагізаванае,
апелюючае да нацыянальных ідэалаў, гісторыі. Якраз нацыянальная дзяржава і
з’яўляецца відавочным здабыткам нацыянальна-вызваленчай барацьбы XIX і ХХ
стагоддзяў, і ў гэтым аспекце яна перажывае, безумоўна, большую міфалагізацыю,
чым на Захадзе. Але адначасова на адносінах да дзяржаўных інстытутаў ляжыць
цяжар традыцый іх колішняга адмаўлення – традыцый, што ўзніклі ў перыяд
імклівага пашырэння нацыянальнай свядомасці ў гэтых грамадствах, калі дзяржава
найчасцей была чужым, захопніцкім арганізмам. Відавочнае таксама
прагматычна-патрабавальнае стаўленне да дзяржавы як да не зусім уласнай,
узніклае ў перыяд сацыялізму. У Цэнтральнай Еўропе якраз нацыі стваралі
дзяржавы.
Іншая
сітуацыя ў Беларусі. Савецкая дзяржава стварыла беларускае грамадства ў яго
цяперашняй форме. Яна не сфармавала беларускай нацыі, як і нацыя не пабудавала
дзяржавы (паколькі грамадства ў сваёй асноўнай масе так і не было
“нацыялізавана”). Гэта дзяржава не з’яўляецца вынікам рэалізацыі нацыянальнай
мэты-міфа, ідэалу нацыянальна-вызваленчай барацьбы, напружання грамадскіх
эмоцый. Гістарычная свядомасць яе жыхароў рэдка выходзіць за савецкі перыяд.
Савецкі Саюз не лічыцца грамадскімі масамі занявольнікам беларусаў. Назіраецца
таксама адсутнасць адчування, што дзяржава (улада) – гэта “мы”, традыцый
актыўнасці на ўзроўні самакіравання і дастатковага аўтарытэту мясцовых улад.
Рэспубліка Беларусь успрымаецца сваімі грамадзянамі больш у
спажывецка-сацыяльных катэгорыях, чым у нацыянальных. Па прыкладу апісання
рускіх Зінаідай Сікевіч можна сказаць, што і беларусы трактуюць сваё
гаспадарства як калектыўнага бацьку, інстытут, які ў выпадку невыканання сваіх
бацькоўскіх функцый не заслугоўвае грамадскай падтрымкі. “Персаніфікацыяй такой
дзяржавы ёсць прэзідэнт-правадыр, які толькі тады будзе заслугоўваць
грамадскага прызнання, калі будзе паводзіць сябе як правадыр, а не звычайны
чалавек, што часова займае высокую пасаду”.
Таму галасуюць за “бацьку”, які сам выбавіць краіну, ставячы вышэй за закон
толькі эфектыўнасць дзеяння. Згодна з гэткім тыпам мыслення просты чалавек
зрабіць можа няшмат. Гэтая патэрналісцкая ментальнасць проста выводзіцца з
расійскіх традыцый. Апазіцыя “мы” і “яны” вырастае са схільнасці да выяўлення
групавой, калектыўнай пазіцыі (варожай індывідуалізму), накшталт, “мы” людзі
простыя, сціплыя, сумленныя (былыя савецкія), нічым не адметныя. Пры падобным
падыходзе свет здаецца нескладаным, дыхатамічным. Адчуваецца туга па мудрым і
магутным бацьку, які зможа хутка і лоўка ўсё ізноў упарадкаваць. Рэха гэткага
тыпу ментальнасці з рознай сілай чуецца ва ўсёй Цэнтральна-Усходняй Еўропе.
На
Захадзе ідэя свабоды набыла вялікі індывідуальны маштаб. Яе падтрымала
буржуазія, а пасля сярэдні клас. У Цэнтральнай Еўропе моцна выявіўся яе
супольнасны, нацыянальны памер, які пашыраўся мясцовай інтэлігенцыяй. У
Беларусі праявы індывідуалізму вельмі слабыя, нацыя ў выніку так і не
сфармавалася, цяжка гаварыць – абмінаючы вузкія асяродкі інтэлектуалаў – аб
інтэлігенцыі з традыцыямі цэнтральна-еўрапейскага або расійскага тыпу (болей аб
класе “дзяржаўнай бюракратыі”), і тым больш аб буржуазіі або сярэднім класе.
Ідэя свабоды валодае тут, безумоўна, меншай мабілізацыйнай сілай, чым у
астатніх дзвюх частках Еўропы. Яна распаўсюджвалася як калектыўна ўсвядомленая
неабходнасць. У беларускіх умовах нястачы матэрыяльных дабротаў як свабода
заходнееўрапейскага тыпу, так і паняцце нацыі не адчуваецца шмат кім як патрэба
першай неабходнасці.
У
адрозненне ад Захаду, дзе грамадскія структуры ўтвараліся найперш з апорай на
валоданне ўласнасцю, у былым Савецкім Саюзе, у тым ліку і ў Беларусі,
грамадская стратыфікацыя фармавалася перадусім з апорай на валоданне ўладай.
Доступ да матэрыяльных дабротаў залежаў ад ступені ўдзелу ў ажыццяўленні ўлады,
прычым у такім маштабе, які не сустракаўся ў Польшчы. Вынікам гэтага (г.зн.
слабай залежнасці паміж працай і даходамі) быў нізкі ўзровень этасу працы,
слабае развіццё індывідуальнай ініцыятывы, уніфікацыя грамадства, якое
замыкалася на самым сабе. Распаўсюджвалася пыха ў адносінах да падуладных і
пакора да ўлады. У гэтай сістэме адказнасць азначала страх перад начальствам і
поўнае падпарадкаванне яму, а не кампетэнцыю і дбайнасць аб падначаленых.
Палітычны нонканфармізм вынішчаўся не толькі ўладамі. Дысідэнты часта
разглядаліся масамі як у Расіі, так і ў Беларусі, як не зусім нармальныя людзі.
Масы не атаясамлялі сябе з імі. Іх лічылі дзівакамі. З падазрэннем ставіліся і
да індывідуальнага супрацьстаўлення грамадству, дзяржаве, і, такім чынам,
калектыву. Улада на Усходзе была без Бога і, нават скіраваная супраць Бога, мела
сакральны характар. Не ў меншай ступені ёй цяжка супрацьстаяць і цяпер.
Безумоўна, гэта лягчэй удаецца найбольш празаходняму Беларускаму Народнаму
Фронту, чым камуністам або аграрнікам. БНФ і ў іншым плане парывае з усходняй
палітычнай традыцыяй – відавочнай, напрыклад, у цяперашняй Расіі – згодна з
якой на чале партыі стаіць правадыр, які мае вакол сябе не палітычных
партнёраў, знакавыя постаці, а толькі партыйныя масы. Прэзідэнт Лукашэнка не
дапускае такіх сітуацый. Прэзідэнт Ельцын аслабляе магчымыя пагрозы,
супрацьстаўляючы сабе палітыкаў і пры магчымасці сутыкаючы іх паміж сабой. БНФ
– і гэта вельмі відавочна – узгадаваў шмат наступнікаў Пазняка.
У
Беларусі слаба развіваецца рынкавая эканоміка. Стаўленне да яе ў значнай
ступені вынікае з валодання ўласнасцю. Сродкі вытворчасці ў Беларусі ў
пераважнай большасці знаходзяцца ў руках дзяржавы, і тут у апошнія часы мала
што змянілася. Каля 15,0 % зямлі знаходзіцца ў прыватным валоданні. Гэта –
узніклыя ўжо ў савецкія часы – прысядзібныя надзелы, лецішчы і толькі 3,0
тысячы сялянскіх гаспадарак (якія называюцца фермерскімі). Яны даюць прыблізна
палавіну, а ў 1996 годзе, магчыма, і большасць сельскагаспадарчай прадукцыі.
Паводле сацыялагічных даследаванняў, каля 80,0 % жыхароў Беларусі прымае
прыватную ўласнасць на зямлю і 20,0 % выказваецца супраць гэтага.
Падтрыманне гэтае, аднак, слабае, вербальнае, яго не суправаджае
праўна-палітычная актыўнасць, імкненне атрымаць зямлю. Жаданне валодаць
уласнасцю (прадпрымальніцтва), разам з спадарожнай гэтаму рызыкай і адказнасцю,
як падаецца, адносна невялікае. Паводле даследаванняў “Еўрабарометра”, 53,0 %
жыхароў краін, што ўваходзяць у Еўрапейскі Саюз, у 1995 годзе падтрымлівалі
рынкавую эканоміку (супраць было 26,0 %). У краінах СНД “за” былі 22,0 %, а
“супраць” – 59,0 % (значна лепшыя паказчыкі былі ў Прыбалтыцы). На працягу
апошніх гадоў працэнт праціўнікаў рынкавай эканомікі ўзрос у Расіі і на
Украіне. У Беларусі розніца паміж прыхільнікамі і будучымі ў меншасці
праціўнікамі рынку зменшылася да 13,0 %.
У савецкай Беларусі не выпадала быць багатым. Уласнасць была заменена ідэяй
грамадскага эгалітарызму.
Дэмакратыі
і рынкавай эканоміцы спрыяе хутчэй індывідуалізм, чым укаранёны ў ментальнасці
беларусаў калектывізм, прыватная уласнасць, чым дзяржаўная, дыферэнцыяцыя грамадства,
чым эгалітарызм, вяршэнства закону, чым права індывіда або групы да
неабмежаванага вяршэнства нібыта ў імя інтарэсаў народу. Беларусы не стварылі
інстытуцыйных умоў для належнага функцыянавання рынкавай эканомікі, прычыны
чаго крыюцца ў спавядаемых імі каштоўнасцях. Падобныя словы можна аднесці і да
існуючай цяпер у Беларусі палітычнай сітуацыі. Яна – вынік грамадскага выбару
апошніх двух гадоў. Гэта не азначае, што такі стан рэчаў будзе нязменны. Аднак,
безумоўна, гатоўнасць да ажыццяўлення палітычных (звязаных з ладам) і
эканамічных змен была, ёсць і напэўна яшчэ нейкі час будзе ў Беларусі меншай,
чым ў Чэхіі, Польшчы або ў Венгрыі.
2. Грамадскія структуры
Культурны
падзел Цэнтральна-Усходняй Еўропы залежыць ад істотных адрозненняў у грамадскіх
структурах паміж асобнымі нацыямі, што насяляюць яе. Іх тып вызначае форму і
сілу артыкуляцыі грамадскіх ідэалаў, забяспечвае магчымасць культывацыі
традыцыі, змяшчаючы ў большай ці меншай ступені імператыў несупыннай
грамадска-палітычнай актыўнасці. Нацыі, якія здаўна мелі ўласную эліту
(шляхецкую і інтэлігенцкую), кіравалі актыўным этасам, што схіляў грамадства, у
выпадку пагрозы для яго свабоды, да працяглых палітычных акцый, часам нават
гвалтоўных. Актыўнасць плебейскіх (сялянскіх) грамадстваў, пазбаўленых
элітарных традыцый і выклікаўшых да жыцця – з апорай на выхадцаў з народа –
уласныя нацыянальныя рухі толькі ў ХІХ стагоддзі, насіла ў найменшай ступені
паўстанцкі характар. Гэта было відаць у перыяд некалькіх дзесяткаў пасляваенных
гадоў “рэальнага сацыялізму”. Пасля 1956 года найбольш палітычна адкрытымі,
ліберальнымі былі Польшча і Венгрыя. Толькі там да 1989 года здзяйсняліся
ініцыяваныя “знізу”, грамадствам, палітычныя мяцяжы (1956 – у Венгрыі і
некалькі разоў у Польшчы). “Пражская вясна” 1968 года была распачата
тагачаснымі ўладамі Чэхаславакіі; яна атрымала масавую падтрымку ў
сялянска-гарадскім асяроддзі. Падобных падзей не было ў Балгарыі, Румыніі
(румынская “рэвалюцыя” канца
1989 года была ініцыявана венгерскай меншасцю трансільванскай Цімішаары), ні у
падпарадкаваным рускім СССР (я абмінаю ГДР і берлінскае паўстанне 1953 года).
Працэс дэмакратызацыі ў прыбалтыйскіх рэспубліках канца 1980-х гадоў быў
ініцыяваны ў значнай ступені палітычнымі элітамі гэтых краін, ён атрымаў у
тамтэйшых грамадствах хуткую і масавую падтрымку, якая шакавала – як можна
дапускаць – і самых ініцыятараў. Гэтыя з’явы не мелі сваіх – так рана і выразна
ўзніклых – адпаведнікаў у Беларусі, у Расіі, а таксама ва ўсходняй Украіне (на
фоне якой выгодна адрозніваўся захад краіны).
Як у
выпадку з Чэхаславакіяй, так і з Прыбалтыкай, грамадскія масы ўплывалі на
радыкалізацыю праграмы і хуткае прававое прызнанне новаўзніклых рухаў. У гэтых
грамадствах былі досыць моцна ўкаранёны ідэі дэмакратыі, свабоды і
незалежнасці, нягледзячы на тое, што ў выніку матэрыяльнай нястачы ў перыяд
набыцця нацыянальнага аблічча ў гэтых грамадствах – і, такім чынам, у вельмі
істотны перыяд фарміравання іх культуры: уласных вышэйшых слаёў і звязаных з
гэтым традыцый актыўных грамадзянскіх акцый – масавая, дзейсная падтрымка гэтых
ідэй грамадствам патрабавала наогул ініцыяцыі або санкцыі “зверху”.
Таму
можна сцвердзіць, што ідэі дэмакратыі і свабоды былі жывыя ў некаторых
грамадствах і абумоўлівалі іх несупынную актыўнасць (Польшча, Венгрыя), у іншых
яны таксама меліся, але актыўна абвяшчаліся толькі зрэдку, як бы з дазволу
ўладнай эліты (Чэхаславакія, а ў апошнія гады Савецкага Саюза – Эстонія, Латвія
і Літва). У праваслаўных грамадствах гэтыя ідэі не былі такімі блізкімі масам
або, магчыма, не ўкараняліся так лёгка. Пасля 1989 года аказалася, што для
палітычнай і эканамічнай перамогі не патрэбны паўстанцкія
шляхецка-інтэлігенцкія традыцыі, а дастаткова буржуазнага этасу руплівасці і
працавітасці. Якраз таму палітычным лідэрам (у плане палітычнай стабільнасці),
а можа і эканамічным, у апошнія часы ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе становяцца
чэхі (як гэта было і перад вайной), a не кіруемыя посткамуністамі палякі і
венгры. І да нядаўняга часу яшчэ сярод большасці сялян Польшчы гучалі галасы
расчаравання, пратэсту супраць адкрытасці для свету, што складала вялікую
перашкоду актыўным, элітарысцкім імкненням хуткага рэфармавання краіны.
Падобныя з’явы таксама выразна назіраюцца ў суседняй сялянскай Славакіі і
Літве. Традыцыі буржуазнага, часта пратэстанцкага этасу руплівай працы,
відавочна, існуюць у некалі таксама сялянскіх грамадствах, якія, аднак, у
вялікай ступені зазналі ўплыў нямецкай культуры: найперш у каталіцкай, а цяпер
надта секулярызаванай Чэхіі, пратэстанцкай Эстоніі і гэткай жа ў значнай частцы
Латвіі (дзе латышы, аднак, складаюць крыху больш за палову насельніцтва
краіны). сярод праваслаўных
дзяржаў Расія вылучаецца актыўным, інтэлігенцкім этасам сваіх эліт, што, аднак,
значна менш назіраецца па-за вялікімі гарадамі краіны, якія традыцыйна
прадстаўляюць расійскую інтэлігенцыю і ўладную эліту. Масква і Пецярбург значна
адрозніваюцца ад Мінска і Кіева. У сваю чаргу далёкая, местачковая і сялянская
расійская правінцыя сваёй інертнасцю нагадвае беларускую і ўкраінскую.
Цэнтральна-Усходняя
Еўропа, стагоддзямі надзвычай дыферэнцыяваная культурна, перамяшаная этнічна,
перажыла гамагенізацыю шляхам утварэння ў меру аднародных эліт у межах двух
найвялікшых дзяржаўных арганізмаў: польска-літоўскага і манархіі Габсбургаў.
Падобныя працэсы ўзнікалі ў былым СССР, асабліва ў яго славянскіх рэспубліках.
Супольнасць элітаў гэтага дзяржутварэння сёння асабліва даецца ў знакі
Беларусі, клас дзяржаўнай бюракратыі якой быў у значнай ступені вытворным у
дачыненні да маскоўскага першаўзору і пазбаўленым пры гэтым пачуцця нацыянальнага
ўкаранення ў так моцна саветызаваным грамадстве, што яно ўяўляе сваю
беларушчыну ў рэгіянальна-правінцыйных (у межах былой імперыі), а не ў
нацыянальных катэгорыях. Узніклы клас улады складаецца з людзей недастаткова
самастойных, са значным пачуццём пакорлівасці перад маскоўскім цэнтрам, што і
перадаецца ўсяму грамадству. Сучасная гарадская супольнасць Беларусі ўзнікла ў
выніку імклівых працэсаў перасялення ў гарады жыхароў сяла пасля першай і
асабліва пасля Другой сусветнай вайны. Гэтыя людзі стварылі падмурак гарадской
супольнасці, запаўнялі ўрбанізаваны культурны і палітычны вакуум, самі
фарміравалі эліты – бо іншых не было. Яны прынеслі ў горад сялянскае
паслушэнства або пакорлівасць аўтарытэтам, пасіўнасць, рахманасць, канфармізм,
замкнёнасць, непрыхільнасць да ўсялякіх плюралізмаў. Падобныя праблемы
перажывала ўся Цэнтральна-Усходняя Еўропа. Аднак у Польшчы, у Венгрыі, a пасля
і ў Чэхіі, селянін у горадзе далучаўся да актыўнага нацыянальнага этасу,
сутыкаўся з уласнай элітарнай культурай і слаямі, якія былі яе носьбітамі, што
беларусам дадзена не было.
У
Беларусі наогул няма грамадскага класа, які б быў зацікаўлены ў хуткай
эканамічнай і палітычнай мадэрнізацыі краіны і які б дамагаўся вяршэнства
закону, а не асабістай улады (накшталт добрага цара). Надзвычай востра
адчуваецца адсутнасць класа, які быў бы ў стане пабудаваць незалежнае ад улады
грамадства. “Палітычная свабода, – піша Яцэк Курчэўскі, – патрабуе не таго, каб
блізу ўсе працавалі на сваім, а таго, каб блізу ніхто не працаваў на дзяржаўным”.
Да так зразумелай свабоды беларусы цяпер не імкнуцца. Няма ў Беларусі буржуазіі
– дарма што большасць яе грамадзян – гэта жыхары гарадоў; няма таксама
сярэдняга класа – дарма што тут ёсць нялічаны слой заможных людзей. Бо сярэдні
клас у сваёй аснове незалежны ад дзяржаўных улад. “Сацыёлагі, – як адзначае
Эдмунд Макжыцкі, – з вылучнай згодай акрэсліваюць сярэдні клас як фундамент
эканамічнага, грамадскага і палітычнага ладу капіталізму”.
Паволі і з велізарнымі цяжкасцямі яна ўтвараецца ў краінах Вышаградскай Групы.
У Беларусі супраць гэтага працэсу скіраваны як улады, так і значная частка
эгалітарна настроенага грамадства. Гэта выклікае небяспеку выцяснення слоя
заможных людзей на перыферыю эканомікі і права, грамадскай паталагізацыі і
абмежавання магчымасцей эканамічнага росту і гаспадарчай трансфармацыі.
Усе
прысутныя катэгорыі мыслення ў сённяшняй Цэнтральна-Усходняй Еўропе ў значнай
ступені паходзяць з XIX стагоддзя – стагоддзя нацый. Нацыя прыўнесла ў
тагачасныя грамадствы сцяг новых каштоўнасцей, у тым ліку актыўнасць,
здольнасць да перспектыўнага мыслення, надкласавы салідарызм. Нацыя была
істотным носьбітам працэсаў мадэрнізацыі еўрапейскіх грамадстваў. У Беларусі яе
носьбітам была не нацыя, а сацыялізм. У выніку гэтага беларусы слабыя як на супольнасным
узроўні – нацыі, так і на ідывідуальным. Яны не валодаюць ні моцнай дзяржавай з
развітымі прадстаўнічымі інстытутамі, ні сукупнай (што паходзіць з пачуцця
нацыянальнай супольнасці) або індывідуальнай (узніклай на капіталістычным
Захадзе з лібералізму) воляй эфектыўнага дзеяння. Схільнасці да мадэрнізацыі
ўкаранёны ў іх досыць слаба, яны не маюць магутнай эмацыйнай апоры (якая
дапамагае перажыць сітуацыі грамадскіх ломак) ў якой-небудзь універсальнай,
ідэалагізаванай сістэме вартасцей. Разам з сацыялізмам для беларусаў абрынуўся
свет. Рускія спрабуюць выкараскацца з гэтай сітуацыі дзякуючы нацыянальнай
ідэі, элітарысцкім традыцыям. У Беларусі савецкая ментальнасць не суіснавала з
нацыянальнай свядомасцю, а паўстала замест яе. Якраз таму пасля 1991 года
(заняпаду СССР) з’явілася пустка, бездапаможнасць і фрустрацыі, патрэба звароту
да Масквы.
Нацыі
Цэнтральна-Усходняй Еўропы фармаваліся шляхам вылучэння з большых дзяржаўных
арганізмаў, супрацьпастаўляючы сябе іншым, самааддана змагаючыся і несучы
ахвяры, што стала істотным элементам іх нацыянальнага пачуцця, што дынамізавала
іх грамадскія паводзіны на працягу ўсяго XX стагоддзя. Беларусы былі пазбаўлены
гэтага. Яны валодаюць іншым успрыманнем гістарычнага часу. Тут цікавым можа
быць прыраўнанне гісторыі Беларусі і Славакіі XX стагоддзя. У перыяд заканчэння
Першай сусветнай вайны гэта былі амаль поўнасцю сялянскія грамадствы з слабай
нацыянальнай самасвядомасцю, з нешматлікай нацыянальнай інтэлігенцыяй. Угэтым
сэнсе яны істотна не адрозніваліся паміж сабой. Сёння, пасля амаль сямідзесяці
гадоў саюза славакаў з чэхамі, а беларусаў з рускімі (абмінаючы царскую эпоху),
розніца паміж імі ў плане ўзроўню нацыянальнага ўсведамлення велізарная.
У
Польшчы (а таксама ў Венгрыі, у Чэхіі і Славакіі) прыняцце пасля 1989 года
пракапіталістычнай і прадэмакратычнай мадэлі развіцця вынікала перадусім з
традыцыйна празаходніх настрояў у грамадстве. I, па-другое, з глыбока
ўкаранёнага пачуцця культурнай прыналежнасці да заходняй цывілізацыі – бо ў
Польшчы не існавалі як сярэдні клас, так і ўласная буржуазія. У Беларусі
пачуццё прыналежнасці да шырока, культурна зразуметага Захаду вельмі – пад
уплывам Расіі – слабае. Маладая нямецкая журналістка Астрыд Лорэнц, якая
стажыравалася ў Мінску, піша аб беларускай прэсе:
“У ёй
вымалёўваецца тандэтны, павярхоўны, прагны да сенсацыяў і наогул благі Захад,
і, з другога боку, – глыбокага розуму, добры Усход”.
Аднак калі сукупнасць вартасцей, уласцівых рускай культуры, глыбока ўкаранілася
ў расійскім грамадстве, то стаўленне беларусаў да рэлігіі (праваслаўя), мовы,
дзяржавы, значнай часткі культуры іншае, больш звычаёвае, чым эмацыйнае. Яны не
ўмацаваліся так глыбока ў псіхіцы беларусаў і падлягалі частым зменам. Таму
падкасць беларусаў на змены палітычнай, культурнай арыентацыі можа быць і
большай. Яна вынікае са значна большай, чым у Расіі, гатоўнасці падпарадкоўваць
гэтую сферу ўласным эканамічным інтарэсам (незалежна ад таго, наколькі яны
абгрунтаваны).
Еўропа,
што знаходзіцца па-за ўсходняй
лініяй, праведзенай С.П.Хантынгтанам, іншая і мае поўнае права на захаванне
сваёй іншасці. Але выказанае не азначае, што гэтая адметнасць была нададзена ёй
раз і назаўсёды. Напрамак эвалюцыі гэтых грамадстваў залежыць ад іх самых.
Істотныя змены патрабуюць часу. Як капіталізм, так і дэмакратыя ў сваёй
сучаснай версіі былі пабудаваны на Захадзе. У іх аснове ляжыць сукупнасць
канкрэтных вартасцей. Значная частка сённяшняга свету мае вялікія цяжкасці з
прыпадабненнем сябе да іх, іх творчай адаптацыяй. Апошнія дзесяцігоддзі
паказваюць, што ў гэтым, аднак, няма нічога немагчымага.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|