БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 5 / 2002

БЕЛАРУСЫ
(погляд з Польшчы)

Рышард РАДЗІК

ХТО ТАКІЯ БЕЛАРУСЫ?

У свядомасці палякаў беларусы з’яўляюцца найменш выразным грамадствам сярод усіх нашых суседзяў. Мы наогул не ведаем беларускую гісторыю, культуру, няма нават дастаткова вывучанага стэрэатыпа беларуса. У час, калі Беларусь атрымала незалежнасць, цяжка было натрапіць у польскіх мас-медыях на артыкул (альбо яго тэлевізійны адпаведнік), які б выходзіў за межы сціслай інфармацыі і добрасумленна апісваў тагачаснае беларускае грамадства, звяртаючыся пры гэтым да яго гісторыі і паказваючы веданне яго культуры. На працягу апошніх шасці гадоў гэтая сітуацыя змянілася да лепшага, але здавальняючай яе назваць нельга. Палякаў здзіўляюць палітычныя ўмовы, у якіх жывуць беларусы, іх адносіны да сваёй мовы, гісторыі, нацыянальнай сімволікі, дзяржаўнасці. Пададзеныя ніжэй разважанні з’яўляюцца спробаю, прынамсі, частковага тлумачэння гэтых з’яў. Я таксама спынюся на тым, што адрознівае беларусаў ад нас – а не лучыць з намі – і гэтым буду тлумачыць адметнасць іх палітычных паводзінаў. 

1. Нацыя – дзяржава – улада 

Еўрапейскія грамадствы двух апошніх стагоддзяў імкнуліся да захавання або ўвогуле набыцця палітычнай незалежнасці па некалькіх асноўных прычынах. Істотным фактарам гэтага працэсу было фармаванне сучасных нацый як супольнасцей, што згуртоўвалі сваіх членаў пераважна з дапамогай эмацыйных сувязей, якія дынамізуюць грамадствы сучаснай Еўропы і мадэрнізуюць іх. У заходняй частцы кантынента супольнасць стваралася вакол існуючых там спрадвеку дзяржаўных структур; у цэнтральна-ўсходняй частцы звярталіся да традыцый, звязаных з дзяржавамі, якія некалі там існавалі, наогул моцна міфалагізуючы звязаныя з гэтым факты, але галоўным чынам канцэнтруючыся вакол этнічна-моўных адметнасцей[1]. Новыя грамадствы будаваліся з ініцыятывы слаёў, непасрэдна зацікаўленых у іх новым характары. На захадзе Еўропы гэткім слоем было мяшчанства (пазней – сярэдні клас), у нашай частцы кантынента – інтэлігенцыя.

У беларускім грамадстве працэс стварэння комплексу ўмоў, абапіраючыся на якія магла б пачацца з часам артыкуляцыя ідэі палітычнай суб’ектыўнасці, быў моцна абмежаваны царскімі ўладамі (прынамсі, да 1905 года), а ў часы савецкай улады (у прыватнасці, з 1930-х гадоў) стаў практычна немагчымым. Рускія эфектыўна паўсталі супраць фармавання беларускай нацыі, дайшлі да фізічнага вынішчэння беларускіх нацыянальных асяродкаў, якія развіваліся з 1905 па 1930 год. Яны ўнушылі беларусам, што Вялікае Княства Літоўскае (а тым больш уся Рэч Паспалітая) не было іх дзяржаваю, адцінаючы іх тым самым ад традыцыі, якая адмяжоўвала іх ад рускіх, і ў сваю чаргу пераконваючы, што беларусы, украінцы і рускія паходзяць з аднаго этнічнага кораня – Кіеўскай Русі. Беларускае грамадства аказалася так моцна звязаным з Расіяй, што цяпер значная яго частка не разумее асаблівасцей уласных эканамічных інтарэсаў, шукаючы ратунку для сваёй гаспадаркі ў Маскве. Яны не дапусцілі ўзнікнення ў Беларусі шматлікага класа, зацікаўленага ў незалежнасці краю: інтэлігенцыі, аб’яднанай пачуццём уласнай нацыянальна-культурніцкай місіі, альбо сярэдняга класа, эканамічна зацікаўленага ў незалежнасці дзяржавы, яе прававой і палітычнай стабільнасці.

Перад рэвалюцыяй вёска на Беларусі была амаль цалкам беларускаю. У мястэчках жа пераважала яўрэйскае, рускае і польскае насельніцтва. Эліту складалі рускія і палякі (нацыянальныя беларускія асяродкі былі нешматлікімі, ледзьве заўважнымі). Пасля рэвалюцыі эліту выгналі альбо вынішчылі: расійскую з прычыны класавай нянавісці да яе новай савецкай улады, польскую, апроч класавых матываў, з-за яе – як разумелі гэта рускія – культурна-нацыянальнай чужароднасці беларускаму люду. Рускія трактавалі палякаў з царскіх часоў як “нацыянальных” канкурэнтаў, якія штучна выклікалі нацыянальна-сепаратысцкія памкненні беларусаў у дачыненні да рускіх. Беларускія мужыкі былі ў сваёй масе нацыянальнымі прафанамі, мыслілі катэгорыямі “я – тутэйшы”, “я – праваслаўны” (альбо “я – каталік”) – мелі этнічную, а не нацыянальную свядомасць. Выяўлялася яна ў тлумачэнні сваёй мовы ў катэгорыі свойскасці, камунікатыўнай ужытковасці, а не як самастойнай ідэалагічнай каштоўнасці. Гэтаксама трактавалі культуру, уключаючы яе ў сферу штодзённага матэрыяльнага побыту. Атачэнне, свет, у якім яны жылі, успрымалі ў катэгорыях звычаёвых, а не ідэалагічных. Жылі тут і зараз, клапоцячыся пра штодзённае існаванне, не думаючы пра ідэалогію, якая выходзіла б за межы класава абумоўленага імкнення да паляпшэнння ўласнага побыту. Чужою была ім нацыянальная ідэя як ідэя панская, інтэлігенцкая – ідэя вышэйшага ўзроўню.

У перыяд савецкай індустрыялізацыі гэтыя людзі ахвотна запаўнялі пазбаўленыя колішняй эліты беларускія гарады, якія імкліва раслі, і ад пачатку стваралі ў іх іерархічную структуру грамадства. Toe, што многія з іх атрымалі ў гарадах адукацыю, не азначае, што раптам з’явілася шматлікая беларуская (нацыянальная) інтэлігенцыя з рысамі, уласцівымі польскай альбо расійскай. He было ад каго вучыцца інтэлігентнасці, пераймаць інтэлігенцкі свет нацыянальных каштоўнасцей. Сацыялізм, прынамсі, у савецкім выглядзе, не мог узгадаваць мяшчанства заходнееўрапейскага тыпу, і таму беларускія гарады запоўніліся масамі выкараненых з этнічнай культуры выхадцаў з вёскі, якія падвергліся толькі павярхоўнай урбанізацыі, затое – прыкметнай раздробленасці і, як пішуць некаторыя сённяшнія беларускія інтэлектуалы, – у сваёй значнай частцы люмпенізацыі. Замест інтэлігенцыі сярэднееўрапейскага тыпу з’явіўся моцна звязаны з дзяржавай слой бюракратычна-разумовых працаўнікоў; вузкія асяродкі інтэлектуалаў змаглі голасна выказваць незалежныя погляды толькі ў канцы 1980-х гадоў, у апошні час гэта зноў стала справай рызыкоўнай.

Беларусь сёння выразна адрозніваецца свядомасцю сваіх абывацеляў ад жыхароў суседняй Літвы і заходняй Украіны. Прычыны гэтай з’явы дастаткова відавочныя. У адрозненне ад праваслаўнай у сваёй пераважнай большасці Беларусі, каталікі Літвы, выразна адасобленыя моваю і культураю ад рускіх, стварылі ўласны нацыянальны рух раней, чым беларусы (хоць і пазней за галічан, уніятаў Украіны), у міжваенным часе яны мелі ўласную дзяржаву і, калі пачалася савецкая акупацыя, у іх ужо была выхавана нацыянальная свядомасць. Нацыянальна свядомаю была таксама значная частка галіцкіх украінцаў, якія мелі значна лепшыя ўмовы да нацыянальнага развіцця ў дастаткова ліберальнай аўстра-венгерскай манархіі (а пазней у Рэчы Паспалітай), чым украінцы, якія апынуліся ў дэспатычнай царскай імперыі, а потым у таталітарным СССР. Першы раз яны трапілі пад пагрозу русіфікацыі толькі ў 1939 годзе. Нацыянальны беларускі pyx y Другой Рэчы Паспалітай (y адрозненне, напрыклад, ад украінскага) быў вельмі слабы. А таму ў БССР савецкая ідэалогія развівалася не побач з нацыянальнай, як гэта было хоць бы ў прыбалтыйскіх рэспубліках, а замест яе, на яе месцы. Яна надзяляла беларускі люд, які раней мысліў у катэгорыях вёскі, парафіі, наваколля, больш шырокімі грамадскімі сувязямі, упарадкоўвала новы, гарадскі, надлакальны і штораз больш складаны свет. Новыя заідэалагізаваныя катэгорыі мыслення вызначалі беларусам сэнс жыцця ў новых умовах, замацоўвалі ў новым тыпе (y большасці ўжо пісьменнай) савецкай супольнасці. Яна аб’яднала постфеадальныя (перадкапіталістычныя) структуры, якія ў гэты час распадаліся, на грунце параўнальна сучаснай (ідэйна класавай) сістэмы грамадскіх вартасцей і дачыненняў. Такім чынам, была радыкальна паслаблена патрэба фармавання нацыянальных сувязей.

Савецкасць праяўлялася ў дзвюх плоскасцях. Па-першае, паступова паслабляла памкненні да свабоды, праграмадскую індывідуальную актыўнасць і нонканфармізм (што было крыніцай поспехаў заходняга грамадства) на карысць падпарадкавання кіруемых дзяржавай калектываў, гарантаванне пачуцця ўласнай бяспекі, мінімуму матэрыяльнага забеспячэння. Узровень памкненняў сённяшніх беларусаў зыходзіць у значнай ступені з жыццёвых ідэалаў традыцыйнай этнічнай мужыцкай групы. Спроба ўвядзення трывалай савецкай заідэалагізаванай мабілізацыйнай сістэмы не ўдалася. Яна існавала хутчэй на грунце калектыву, чым асобы і канчаткова заняпала разам з распадам былой дзяржавы і кампраметацыяй яе афіцыйнай ідэалогіі. Беларусам не хапае глыбока засвоенай (што ўздзейнічала б на эмоцыі) сістэмы вартасцей, якая мабілізавала б іх на грамадскую актыўнасць, падштурхоўвала да ахвяравання (рэформ) у імя будучай агульнай карысці. Беларускае грамадства сёння ў сваёй асноўнай масе – гэта сукупнасць асоб, якія змагаюцца галоўным чынам за выжыванне (дасягненне мінімальнай матэрыяльнай стабілізацыі), пазбаўленых як далёка сягальных індывідуальных мэтаў, так і вялікіх групавых ідэалаў і, што звязана з гэтым, механізмаў іх індывідуальнай і калектыўнай рэалізацыі. Даўно не выконвае ў Еўропе мабілізацыйных і мадэрнізацыйных функцый (на агульнаграмадскім узроўні) рэлігія, з пэўных часоў не нясе нагрузкі і класавая ідэалогія; у большасці беларусаў акрамя гэтага адсутнічаюць нацыянальная самасвядомасць, умовы для ўзнікнення грамадзянскага грамадства, а таксама элітарныя традыцыі, што дынамізуюць грамадскія памкненні. Адсутнічае ідэя, якая б схіляла іх да адчування гонару за тое, хто яны, змушала да актыўнасці, прыводзіла да разрыву з эгалітарызмам, роўнасцю ў бядзе. Кажуць: “абы не было горай” і думаюць: “абы суседзям не было лепей”. Абы не быць іншым, “не вылучацца з натоўпу”, бо гэта асуджаецца.

Другая плоскасць, у якой выяўляецца беларуская савецкасць, мае некалькі іншы характар. Беларусы адпрэчылі, несумненна пад уплывам рускіх, “панскую” элітарную культуру разам з яе разуменнем нацыянальнага гонару і – што важна ў грамадстве не так даўно саслоўным, дзе мужыкі надзвычай доўга заставаліся ў фактычным напаўрабстве – здольнасцю да асабістай актыўнасці, пачуццём вольнасці і гонару. Беларускасць была абмежавана мужыцкасцю, народнасцю. Рускія, працягваючы палітыку расійскага царызму, прыклалі шмат намаганняў, каб беларускасць асацыявалася з этнаграфіяй, фальклорам, рэгіянальнасцю, і гэтыя намаганні мелі поспех. У беларускіх універсітэтах даследаванні мясцовага фальклору, дыялектаў падтрымліваліся ўладамі і дэманстравалі адназначна вышэйшы ўзровень, чым непрывілеяваная і моцна заідэалагізаваная беларуская гістарыяграфія. Пасля Другой сусветнай вайны Беларусь дадаткова атаясамлівалі з “партызанскім краем” і яна з часам стала ўзорнай савецкай рэспублікай, якая не прыносіла ніякіх нацыянальных клопатаў маскоўскаму цэнтральнаму кіраўніцтву. Польскі мужык, павышаючы свой грамадскі статус, марыў пра перайманне прывабнай для яго панскай культуры (нягледзячы на класавую чужасць). Разам з ёю ён пераймаў комплекс нацыянальных каштоўнасцей. Беларускі мужык быў пазбаўлены гэтай магчымасці. Рускія прынеслі ў гарады рускую мову. Для выхадцаў з беларускіх вёсак яна адназначна атаясамлівалася з лепшай доляй, з павышэннем грамадскага статусу, з адукацыяй, але не несла ў сабе нацыянальных вартасцей (беларускіх альбо рускіх), адно толькі дэнацыяналізаваную, класава афарбаваную савецкасць. Наколькі ў Еўропе натуральнае імкненне народных мас да павышэння грамадскага статусу, наладжвання свайго быту выкарыстоўвалася – разам з перайманнем элітарнай культуры – дзеля развіцця нацыянальнай свядомасці, настолькі ў Беларусі гэты працэс азначаў уваход у савецкі, дэнацыяналізаваны, рускамоўны свет каштоўнасцей. З часам польскі селянін унутрана прыняў нацыянальны салідарызм, які культурна з’ядноўваў яго – нягледзячы на нязменную класавую дыстанцыю – з іншымі пластамі. Ён стаў часткаю прывабнай для яго супольнасці, членам якой была таксама і эліта. Беларускі селянін пераходзіў са свету вясковага ў гарадскі, не лучачы іх нацыянальна, але аддзяляючы класава (асяроддзем). Беларуская мова замянялася рускаю, накшталт таго, як плуг замяняўся фабрычным станком, – як мовы, так і прылады працы не мелі нацыянальнага вымярэння. Ад свету горшага адмаўляліся на карысць лепшага – абодва былі ненацыянальнымі.

Гэта не азначае, што беларусы лічылі сябе рускімі. Аднак не кожнае пачуццё адметнасці мае нацыянальны характар. He мае такога характару якраз і адметнасць беларусаў. У значнай частцы ў катэгорыях культурнай, гістарычнай і тэрытарыяльнай яны адчуваюць сябе падпарадкаванымі Расіі і – колісь – СССР. Вялікае княства Літоўскае было даўней нечым большым, чым малая айчына (прыватная – карыстаючыся тэрміналогіяй С.Асоўскага), жыхароў якой аб’ядноўвала повязь традыцый, і (для даўняе шляхты XIX стагоддзя) нечым меншым, чым нацыянальная ідэалагічная айчына, якой была Першая Рэч Паспалітая як цэласнасць – хоць аб’ядноўвала ў сабе элементы абедзвюх. Яно было рэгіянальнаю айчынай. Сённяшнія беларусы таксама сваю беларускасць трактуюць у катэгорыях моцна развітога рэгіяналізму. Іх самабытнасць, наогул, не да канца сфарміраваная, слаба падмацавана эмацыянальна, каб быць нацыянальнаю. Характэрныя для сялянскага асяроддзя лакалізмы і партыкулярызмы набылі ў Беларусі постаць выразна сфармаванага правінцыяналізму ў адносінах да маскоўскага цэнтра.

Беларускія нацыянальныя пазіцыі часта акрэсліваюцца ў Беларусі (гэта тычыцца як уладаў, так і люду) найменнем “нацыяналістычных”, з наданнем гэтаму паняццю – падобна як і ў Польшчы – адназначна негатыўнай афарбоўкі, напоўненай яшчэ большай змястоўнасцю ў параўнанні з яго польскім разуменнем. Згодна з такім спосабам мыслення нацыянальны беларускі патрыёт – гэта нацыяналіст. Можна вылучыць дзве асноўныя прычыны гэтай з’явы. Па-першае, савецкія ўлады, прагнучы ліквідаваць вынікі т.зв. беларусізацыі 1920-х гадоў, атаясамілі ў наступным дзесяцігоддзі нацыянальную беларускасць з нацыяналізмам, супрацьстаўляючы яе пры гэтым інтэрнацыяналізму, савецкай агульнасці, “мірнаму суіснаванню народаў”, і надзвычай энергічна яе вынішчалі. Па-другое, гэтае негатыўнае суаднясенне звязана з Другой сусветнай вайною, нацыяналізмам нямецкіх акупантаў, а таксама іх саюзнікаў – “беларускіх калабарантаў” ці “нацыяналістаў”, “здраднікаў СССР”, а г.зн. “савецкай айчыны”. Так “нацыяналізм” супрацьстаўлялі “айчыннай вайне мільёнаў беларусаў”. З той прычыны, што нацыянальныя беларускія сімвалы (герб, сцяг) не былі звязаны ні з царскаю Расіяй, ні з СССР, а з Вялікім княствам Літоўскім, з дзейнасцю беларусаў-эмігрантаў і працай калабарантаў часоў Другой сусветнай вайны, то яны былі аб’яўлены нацыяналістычнымі. Тэрмінам “нацыяналізм” карыстаюцца цяпер вузкія колы нацыянальных беларускіх інтэлігентаў (звязаных пераважна з БНФ) у яго пазітыўным разуменні як нацыянальнага патрыятызму, г.зн. антыпода шавінізму.

З гэтым жа звязана пытанне тэрміналогіі, якая выкарыстоўваецца ў беларускай і рускай мовах. Побач з тэрмінам “нацыя” (narod) існуе слова “народ”, якое з’яўляецца адпаведнікам двух польскіх тэрмінаў: люд і нацыя. “Нацыя” – мае адценне чужасці, замежнасці, уласна нацыяналізму. Гэты тэрмін з’яўляецца часткаю такіх паняццяў, як “беларуская нацыянальная свядомасць”, “нацыянальнае адраджэнне”, “нацыянальны рух”. Затое слова “народ” гучыць па-свойску. Невядома, што маецца на ўвазе – народ або люд. Ахвотна таксама кажуць (па-беларуску): “беларускі народ”, “савецкі народ” (з мінімальнымі зменамі напісання па-руску). Такім чынам, нацыяналізму прыпісваюцца – у свядомасці люду – заходнія, каталіцкія карані (што можа пацвердзіць прыклад празаходне настроенага каталіка Зянона Пазняка, а таксама значнай часткі БНФ-аўскай эліты), чужыя “сапраўдным беларусам”, праваслаўным, савецкім (як Аляксандр Лукашэнка), “шаноўным людзям працы”, інтэрнацыяналістам.

Вынікам такіх адносінаў да нацыянальнай ідэі з’яўляюцца адносіны да дзяржавы. Каштоўнасць стварэння ўласнай беларускай дзяржавы не мае аўтатэлічнага характэру. У свядомасці люду няма традыцыі поўнай дзяржаўнай незалежнасці. Беларусы не маюць цяпер глыбока ўспрынятай грамадскімі масамі ідэалогіі, якая была б носьбітам ідэі ўласнай незалежнасці. Незалежнасць была для беларусаў неспадзяванкаю. Яна не вынікала з іх мараў, імкненняў, дзеянняў (як гэта было хоць бы, прыкладам, з літоўцамі). Незалежнасць была дадзена ім з дазволу Масквы, аб’яўлена беларускім парламентам у верасні 1991 года, абапіралася на беларускія ўлады, якія баяліся адказнасці за сваю падтрымку жнівеньскага путча Янаева. Як большасць беларускага грамадства, так і палітычная эліта не былі да гэтага падрыхтаваны. Прэм’ер-міністр Беларусі Вячаслаў Кебіч, сустракаючыся з работнікамі Mіністэрства ўнутраных спраў у лютым 1992 года адкрыта сказаў: “Мы хацелі б усё зрабіць, каб Саюз застаўся ў абноўленым выглядзе” і дадаў: “Калі нехта думае, што сёння мы здолеем адарвацца ад Расіі і заўтра будзем у стане напоўніць рэальным зместам ідэю дзяржаўнасці, той моцна памыляецца”[2]. Такія заявы ніколі не гучалі з вуснаў прэм’ера Літвы. Беларуская дзяржава трактуецца большасцю яе грамадзян як інструмент. Яе прызнанне – гэта тая карысць, якую можна мець ад існавання дзяржавы (пераважна, сацыяльнай прыроды). Ахвотна між тым ухваляюцца яе структуры як аўтаномныя (а не цалкам незалежныя), бо існавала такая савецкая традыцыя. СССР лічыўся ўласнай дзяржаваю, а Беларусь была ў ім аўтаномным складнікам, і гэты тып мыслення моцна сядзіць ў свядомасці цяперашніх беларусаў, магчыма таму, што некалі жылося ім значна лепей, чым цяпер.

Палітычная культура беларусаў мае выразныя расійска-савецкія, а не заходнееўрапейскія (лацінскія) вытокі. Беларускія палітыкі адрозніваюцца ад маскоўскіх сваім правінцыялізмам, ментальнасцю, у якой моцна ўкаранілася традыцыя падпарадкавання былому цэнтру. Грамадствы Цэнтральна-Усходняй Еўропы ўзніклі як сучасныя нацыі ў XIX і першых дзесяцігоддзях XX стагоддзя ў апазіцыі дзяржаўным арганізмам, якія існавалі ў той час на гэтай частцы кантынента (Расіі, Германіі, Аўстра-Венгрыі), часта ў барацьбе, у якой эліта звярталася па падтрымку да народных мас. Такога тыпу традыцыя супрацьстаўлення дзяржаве (грамадзянскай актыўнасці па-за дзяржаўнымі структурамі) амаль што не існуе ў Беларусі (акрамя традыцыі бальшавіцкай рэвалюцыі і партызанскай барацьбы падчас Вялікай Айчыннай вайны). Юзаф Абрэмбскі, які апісваў жыццё палешукоў у міжваенным часе, так характарызаваў іх лад думак: “Калі ўлада расійская – народ рускі; пад польскаю ўладаю – польскі, пад татарскаю – татарскі”[3]. Беларускі люд, добра навучаны гісторыяй, прызвычаіўся слухацца ўлады. У цяжкія часы ён шукае ратунку ў дзяржаве, а не ў самакіраванні або ў апазіцыйнай дзейнасці – традыцыі такой актыўнасці няма ў Беларусі.

Пачуццё слабасці, перакананне, што ад звычайных людзей нічога не залежыць, або залежыць няшмат, у Беларусі значна больш моцнае, чым у Польшчы. Вынікае гэта з адсутнасці традыцыі дэмакратычнага кіравання, слаба развітай самаідэнтычнасці беларусаў, іх калектывізму. Паводле сацыялагічных даследаванняў Беларускага інстытута інфармацыі і прагнозаў, праведзеных вясною 1997 года, толькі 5,0 % насельніцтва лічыла, што ўлада ў рэспубліцы належыць народу. Палова апытаных паведаміла, што ўлада належыць прэзідэнту, 16,0 % – мафіі, 7,0 % – ураду, 4,0 % – бізнесменам, 3,0 % – парламенту. Большасць беларусаў верыць прэзідэнту – 44,0 %. Мас-медыям вераць 12,0 % рэспандэнтаў, a апазіцыі 9,0 % (выбраць можна было не больш, чым тры інстытуты)[4]. Беларусам цяжка развітацца з расійскай традыцыяй адзінаўладдзя, асабістым кіраваннем. Пустку, якая з’явілася пасля савецкай улады, запоўнілі – на ўзор Цэнтральнай Еўропы – не палітычныя партыі і парламент, а падтрыманы людам дыктатар-прэзідэнт са сваім апаратам (прэзідэнцкай вертыкаллю). Страта ўлады ў Беларусі значна больш праўдападобная не з прычыны недэмакратычных метадаў кіравання, а толькі ў выніку эканамічнай некампетэнтнасці.

Адмова Канстытуцыйнага Суда і парламента ад правядзення ў лістападзе 1997 года (перад канстытуцыйным рэферэндумам) працэдуры імпічменту (адхіленне прэзідэнта ад улады) а таксама пагадненне, заключанае паміж прэм’ер-міністрам Расіі Віктарам Чарнамырдзіным і старшынёй беларускага Вярхоўнага Савета Сямёнам Шарэцкім, сведчыць пра: (а) палітычную некампетэнтнасць значнай часткі беларускай уладнай эліты (у тым ліку Канстытуцыйнага Суда і апазіцыйнага прэзідэнту парламента), (б) адсутнасць вопыту дэмакратычных дзеянняў гэтай эліты (веры ў паспяховасць гэтага тыпу актыўнасці), (в) іх залежнасці ад Расіі (не БНФ-аўскай апазіцыі), (г) адсутнасць падтрымкі грамадствам асоб, дэмакратычна абраных у прадстаўнічыя органы.

Паводле ўяўленняў беларусаў, улада павінна быць дакладна акрэсленая, не размытая, не пагразлая ў канкурэнцыі (не падзеленая на розныя сферы), правамоцная. У кіраўніку цэніцца яснасць і непасрэднасць выказванняў (адкрыты патэрналізм у адносінах з падначаленымі), яго дзейснасць, а не законапаслухмянасць. У гэтым вобразе кіраўніка прысутнічаюць выразная перажыткі даўняга сялянскага светапогляду, каштоўнасці, якія цягам двух стагоддзяў пераймаліся з Масквы, і палітычныя пазіцыі ўсходняга тыпу, савецкая практыка сямідзесяцігадовага панавання. Падчас праведзеных у траўні і чэрвені 1996 года сацыялагічных даследаванняў, жыхары Беларусі засведчылі, што сярод вядомых гістарычных асобаў найбліжэй да ідэалу палітыка былі для іх[5]: Пётр Машэраў – 45,2 % (Першы сакратар ЦК КПБ у 1965–1980 гадах), Пётр I – 34,2 %, Леанід Брэжнеў – 20,0 %, Маргарэт Тэтчэр – 19,5 %, Уладзімір Ленін – 18,7 %, Юрый Андропаў – 12,9 %, Пётр Сталыпін – 11,1 % і Іосіф Сталін – 10,8 %.

Вышэйпададзены рэйтынг паказвае замкнёнасць беларусаў у расійска-савецкім культурна-палітычным коле. Толькі Маргарэт Тэтчэр выходзіць за межы гэтага кола. Толькі былы прэм’ер Велікабрытаніі кіравала цалкам дэмакратычна, хоць і яна таксама ўвасабляла моцную ўладу. Беларусы часцей выбіраюць аўтакратаў і прадстаўнікоў таталітарнай улады.

Згодна з традыцыяй, той, хто выступае ад імя ўлады, дзяржавы, – мае рацыю, той, хто прадстаўляе адно сябе, – патэнцыйны падазроны ў дачыненні да ўлады. А.Лукашэнка знарок парушае гэтае правіла, публічна робячы заўвагі прадстаўнікам істэблішменту. У адрозненне ад Расіі, якая паступова становіцца ліберальнай, у Беларусі выпадзенне з кіруючай эліты, супрацьстаўленне ўладзе, патрапленне ў няміласць цягне за сабою рызыку застацца без сродкаў да жыцця, існавання на ўзроўні сацыяльнага мінімуму. Гэтая з’ява падмацоўвае канфармізм, тлумачыць дзіўныя паводзіны шмат якіх дэпутатаў і сяброў Канстытуцыйнага Суда. 

2. Расійскія ўплывы 

“Большасць беларускага народа лічыць, – піша беларускі публіцыст Валерый Карбалевіч, – што распад СССР, трансфармацыя сацыялізму, былі не наступствамі ўнутранага крызісу, а вынікам дзейнасці нейкіх палітычных сіл («дэмакратаў», Міхаіла Гарбачова, «белавежскіх зуброў», БНФ), што рынак і дэмакратыя былі штучна прынесены з Захаду з дапамогай агентаў і прышчэплены тут сілай. А таму ў свядомасці людзей узнікае псіхалагічны працэс адпрэчання новых форм грамадскага ладу”[6]. Варта ўсвядоміць, што беларускае грамадства, пэўна, як аніводнае іншае ў такой ступені ў Еўропе, з’яўляецца тварэннем XX стагоддзя, а калі больш дакладна, – тварэннем савецкім. Калектыўная гістарычная памяць зусім рэдка сягае далей за 1917 год. Гісторыя – гэта пераважна тое, што перажыў сам. З прычыны таго, што не існуе добра сфармаваная беларуская нацыя, у грамадстве адсутнічае пачуццё ўласнай шматвяковой гісторыі. Адсюль амаль поўная адсутнасць у грамадстве ідэалаў, адрозных ад савецкіх. Прэзідэнт А.Лукашэнка пад час выступлення 9 мая 1996 года перад ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны казаў, згадваючы вынікі мінулагодняга рэферэндуму: “Мы вярнулі вам дзяржаўны сцяг краіны, за якую вы змагаліся. Мы вярнулі вам памяць і пачуццё чалавечага гонару за пражытыя вамі гады”[7].

Савецкі Саюз асацыяваўся і асацыюецца перш за ўсё з Расіяй, са сталіцай у Маскве. Русіфікаваных за два стагоддзі беларусаў лучыць з рускімі блізкасць культур, рэлігіі, мова большасці грамадства, агульнае царскае і – перадусім – савецкае мінулае. Шмат у чым падобныя да беларускіх адносіны да ўсяго рускага маюць жыхары ўсходняй Украіны. Інакш гэтыя дачыненні складваюцца ў Прыбалтыцы, Сярэдняй Азіі (нават у зрусіфікаваным Казахстане), каўказскіх рэспубліках – там, дзе адрозненне паміж рускай культурай і культурамі мясцовых народаў надзвычай выразнае.

Цікавым, мяркую, можа быць аналіз асноўных дэтэрмінантаў, што акрэсліваюць падзел грамадскага, культурнага і палітычнага свету беларусаў паводле катэгорыі “мы” і “яны”. Паняцце “мы” складаецца з некалькіх канцэнтрычных кругоў. Самы вялікі ахопліваў да канца 1980-х гадоў усё сацыялістычнае грамадства, аднак адчуваўся дастаткова слаба. У той жа час вельмі папулярным было паняцце савецкага грамадства ў межах даўняга СССР. Гэтая сувязь цяпер выразна паслабла, асабліва ў адносінах да прыбалтыйскіх рэспублік, якія трактуюць рускамоўнае насельніцтва як спадчыну эпохі каланіялізму. Усё яшчэ моцным – і, здаецца, прыярытэтным – застаецца паняцце “мы – славяне”, пад якім разумеюцца ўсходнія славяне: рускія, беларусы, украінцы, хоць у вачах беларусаў павялічылася ў апошнія гады дыстанцыя, што аддзяляе ўкраінцаў ад іншых членаў гэтай трыяды. Падобны тып грамады (славянскай) не мае для палякаў вялікага значэння і з’яўляецца для нас у значнай ступені незразумелым (між іншым, адпаведна погляду на стаўленне да рускіх). На Усходзе з даўно ўзніклай апазіцыі Расіі ў адносінах да Еўропы выводзіцца ўсведамленне культурнай (рэлігійнай), духоўнай адметнасці, што звязваецца з пачуццём лепшасці, вышэйшасці ў дачыненні да “гнілога і матэрыялістычнага” Захаду. Бясспрэчна, вытокі гэтых падыходаў знаходзяцца ў веры ў моц даўняй расійскай імперыі, a пазней СССР. Спадарожнічаў гэтаму адначасова комплекс ніжэйшасці ў адносінах да Захаду, што вынікаў з яго матэрыялістычных (цывілізацыйных) перавагаў. Такія падыходы былі часткова перанесены з культуры рускай на беларускую і аказаліся ўзмоцненымі перакананнем, што заходнія ідэі (у гаспадарчай сферы – рынак, а ў палітычнай – парламентная дэмакратыя) прыносяць Беларусі адно бяду і хаос.

Па гэтай прычыне нас нe павінна здзіўляць, што ў пададзеным ва ўрадавай газеце “Рэспубліка” праекце “Ідэалогія беларускай дзяржаўнасці. Асноўныя аспекты. Рэзюме” зазначаецца, што “Рэспубліка Беларусь – усходнеславянская дзяржава” і тлумачыцца: “Тэзіс усходнеславянскай еднасці, ператвораны ў жыццё, будзе спрыяць развіццю пачуцця годнасці і патэнцыяльнай моцы ў нашым складаным свеце”[8].

На такім узроўні супольнасці роднаснасць – гэта не толькі славянскасць і праваслаўныя карані, але таксама глыбока засвоенае пачуццё эгалітарызму, свядомае акрэсленне сябе найменнем “савецкія людзі”. Гэтак успрымаемы “савецкі чалавек” не павінен адрознівацца ад іншых. Ён павінен падпарадкоўвацца калектыву. Празмернае адрозненне ад групы – заганнае, яно трактуецца як узвышэнне над іншымі (“добрасумленнымі людзьмі працы”); калі тычыцца матэрыяльнай сферы, дык найчасцей звязваецца з безгаспадарчасцю, сёння – з мафіяй (таму гаворка ідзе хутчэй пра роўныя магчымасці, а не пра шанц). Індывідуалізм і рэзкі падзел грамадства прыпісваецца Захаду. Да пэўнай ступені таксама – непатрэбная схільнасць да нацыянальных падзелаў, нацыяналізму. Беларусы неяк падсвядома адчуваюць сувязь заходняга індывідуалізму з моцнай схільнасцю да развіцця самабытнай сферы, што на працягу апошніх двухсот гадоў ляжала каля вытокаў нацыянальнага сепаратызму ў Еўропе. У беларускім нацыянальным руху, які абавязкова вядзе да аддзялення Беларусі ад расійцаў, заўсёды існавала выразная прадстаўнічасць каталікоў, бачная таксама і сёння. Гэтая з’ява заўважаецца таксама і сярод той часткі беларускай апазіцыі, якая настроена празаходне (і адначасова нярэдка прарэфарматарскі)[9]. А таму сярод большасці беларусаў за свайго лічыцца прадстаўнік праваслаўнага асяроддзя прарасійскі А.Лукашэнка, а чужымі – падазраваемыя ў прыхільнасці да пальшчызны каталікі: З.Пазьняк, С.Шушкевіч, М.Грыб, і нават В.Кебіч[10].

Непрыязнасць да палякаў у Расіі (што мае выразную канатацыю з XIX стагоддзя), перанесеную часткова ў Беларусь разам з рускай культурай, вынікае з іх – колісь пераважна шляхецкай – актыўнасці (што выяўлялася, перадусім, у паўстаннях), індывідуалізму (вылучэння на першы план сваёй адметнасці), гонару, непакоры цяжкасцям жыцця, урэшце – як гэта ўжо бачылі – узвышэння над іншымі. У расійскім грамадстве асоба падпарадкоўвалася лёсу і ачышчалася праз падзенне. Паляк наадварот заяўляў пра імкненне да супрацьстаяння лёсу, злу. А таму лічыўся з-за сваёй, як меркавалі, неабгрунтаванай пазіцыі лідэрства за нахабніка, ганарліўца, а таксама авантурыста, аферыста, машэнніка і – перш за ўсё – бунтаўніка. Як рускія, так і беларусы найчасцей сутыкаліся – сярод каталікоў – з палякамі і, між іншым, у апазіцыі да іх фармавалі паняцце ўласнай адметнасці. Канфлікты ў дачыненнях беларусаў з рускімі апошнія стараліся выдаліць з беларускай гістарычнай свядомасці, вылучаючы любы факт напружання ў гісторыі польска-беларускіх адносін.

Будуемае гэткім чынам славянскае згуртаванне моцна спаяла памяць пра пераможныя бітвы на франтах Вялікай Айчыннай вайны, досвед, атрыманы з часоў агульнай прыналежнасці да СССР, непрыязнасць да “імперыялістаў з НАТА” і – перш за ўсё – руская мова, што ўсеўладна панавала ў гарадах трох славянскіх рэспублік (за выключэннем заходняй Украіны). Палітыка Масквы ў Беларусі вяла да тэматычнага звужэння беларускай культуры, абмежавання ў ёй зместу, атаясамляемага звычайна з высокім узроўнем сімвалічнай культуры, і дэманстрацыі яе пераважна – і нават выключна – па-руску. Гэтая практыка тычылася не толькі тэхнічных навук, але і ўсякай праблематыкі, што выходзіла за межы беларускіх лакалізмаў (этнаграфічнай тэматыкі). Па-руску пісалі тое, што лічылася сучасным, агульнасавецкім і агульначалавечым. Мэтай русіфікацыі Беларусі на працягу апошніх двух стагоддзяў была змена арыентацыі Беларусі з празаходняй на праўсходнюю, што ў рускіх урэшце і атрымалася.

Сёння ў вялікіх гарадах гаворыць часам дома па-беларуску толькі старэйшае пакаленне, выхадцы з вёскі. На вуліцы – амаль ніколі. Часцей можна пачуць беларускую мову ў мястэчках заходняй часткі краіны, хоць таксама пераважна дома. На вёсцы размаўляюць на дыялектах, нярэдка з моцным наслаеннем рускай мовы, часам таксама (на захадзе) і польскай. Сваю мову беларускія сяляне часта называюць “простаю”, “мясцоваю”[11]. На пытанне, ці гавораць па-беларуску, можна пачуць адказ: “He, мы па-тутэйшаму”[12]. Гаворка інтэлігента па-беларуску на публіцы (у горадзе) трактуецца як маніфістацыя нацыяналістычнага светапогляду і вядзе часам да негатыўнай рэакцыі атачэння.

У гэтай сітуацыі хуткае і ўсеагульнае ўвядзенне ў публічнае жыццё (школьніцтва, мас-медыя, кіраўніцтва) беларускай мовы пагражае палярызацыяй грамадства, супраціўленнем, перадусім, часткі рускамоўнага насельніцтва і паглыбленнем сувязі з рускай культурай. Рэакцыяй на падобнага кшталту практыку пачатку 1990-х гадоў былі вынікі рэферэндуму, праведзенага ў траўні 1995 года. Здаецца, што ў беларускіх рэаліях можна атрымаць ухваленне грамадства на ўзмацненне беларускай незалежнасці толькі тады, калі дзяржава стане арганізмам настолькі здаровым эканамічна і палітычна (а гэта, бясспрэчна, зрабіць надзвычай цяжка), што акажацца – у параўнанні з Расіяй – прывабнай для грамадства. У Беларусі, аднак, не было грамадскіх сіл, здольных рэфармаваць краіну і – што таксама з’яўлялася няпростым – абавязкова атрымаць падтрымку народа дзеля дасягнення поспеху ў працэсе трансфармацыі. Затое існавала эліта, гатовая рэалізаваць праграму беларусізацыі грамадства, пашырэння яго нацыянальнай свядомасці, што адназначна ўзмацніла б шанцы Беларусі на трывалую незалежнасць, палегчыла б таксама рэалізацыю рэформ у імя будучага дабрабыту народа. Такое рашэнне раней здавалася найпрасцейшым. Аднак шмат што паказвае на тое, што ў беларускім грамадстве існуюць – падмацаваныя культурай – механізмы, якія блакуюць як працэсы пашырэння нацыянальнай свядомасці, так і працэсы гаспадарчай і палітычнай мадэрнізацыі.

З другой паловы 1990-х гадоў распачаўся працэс хуткага змяншэння працэнтнай колькасці вучняў пачатковых школ, дзе выкладанне вялося па-беларуску (у першай палове дзесяцігоддзя яны складалі большасць), а таксама пераход значнай часткі іх на навучанне па-руску. Яшчэ больш зрусіфікаванай стала сярэдняя школа. Пад скарачэнне падпала беларуская мова ў вышэйшай школе (і так у пераважнай большасці рускамоўнай), для якой у 1996 годзе не было надрукавана ніводнага беларускага падручніка ў такіх галінах, як тэхнічныя і прыродазнаўчыя навукі[13]. Палітыка пашырэння беларускай мовы рэалізоўвалася дзяржаўнай уладай у XX стагоддзі двойчы: у 20-я гады, а таксама на пачатку 90-х гадоў, і кожны раз яна завяршалася вяртаннем да рускай мовы. Гэта не выклікала масавых грамадскіх пратэстаў. Пра неабходнасць пашырэння беларускай мовы выказваліся пераважна інтэлектуалы пры пасіўнасці значнай часткі грамадства. З той прычыны, што семдзесят гадоў пераважная большасць беларусаў размаўляла штодня па-руску, а супраціўлення моўнай русіфікацыі практычна не было, то сёння шанцу на пашырэнне беларускай мовы амаль няма.

Катэгорыя мыслення “мы – беларусы” ў сувязі са сказаным вышэй падаецца з пэўнага пункту гледжання як другарадная ў дачыненні да той, што лучыць беларусаў з двума суседзямі ў супольнасць усходнеславянскую, праваслаўную, прасякнутую савецкімі вартасцямі, супрацьпастаўленую “чужому” Захаду. Паняцце “я – беларус” наогул не з’яўляецца адпаведнікам паняцця “я – паляк” або “я – чэх”, бо часцей за ўсё вельмі слаба нацыянальна афарбавана. За ўсведамленнем назвы пераважна не хаваецца значны багаж нацыянальных катэгорый мыслення і эмоцый. Беларускасць мае вымярэнне тэрытарыяльнае, рэспубліканскае (постсавецкае) і пашпартнае. Беларусам з’яўляецца той, хто нарадзіўся ў Беларусі і не з’яўляецца выхадцам з-за яе межаў: рускім альбо “палякам-каталіком”. Паняцце сялянскай, архаічнай “тутэйшасці” замяніла сучасная, пераважна гарадская ўнутрана ўсвядомленая беларускасць. Нягледзячы на тое, што назвы “Беларусь”, “беларус” сталі пашыранымі на землях сённяшняй цэнтральнай і заходняй Беларусі ўжо ў другой палове XIX стагоддзя (раней да яе адносілі адно ўсходнія землі), але цалкам іх прынялі толькі ў часы савецкай улады адначасова з узнікненнем БССР. Калі не ўлічваць адносна нешматлікую нацыянальна свядомую меншасць грамадства, дык астатняя яго частка трактуе сваю беларускасць у катэгорыі моцна развітага – у межах супольнасці ўсходнеславянскага калісьці СССР – лакалізму, які мае сваю моўна-этнаграфічную, ментальную, а таксама слаба акрэсленую гістарычную спецыфіку. Гэта пацвярджаюць сацыялагічныя даследаванні. Сярод апытаных у лютым і сакавіку 1997 года жыхароў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей 70,0 % асоб, якія адказвалі на пытанне “Што ў Вас перш за ўсё асацыюецца з думкай пра нашу бацькаўшчыну – Беларусь?”, зазначылі, што яны атаясамліваюць бацькаўшчыну з месцам, дзе яны нарадзілся і выраслі, 25,0 % паказалі на дзяржаву, у якой жывуць, a 23,0 % адказалі, што айчына – гэта тэрыторыя нашай краіны, беларуская зямля і толькі 9,0 % рэспандэнтаў спалучылі слова “айчына” з слаўнымі жыхарамі Беларусі, a 8,0 % сцвердзілі, што сімваламі айчыны з’яўляюцца дзяржаўны сцяг, герб і гімн[14]. Для палякаў айчына – гэта іх краіна, за культурную адметнасць, дзяржаўную незалежнасць якой іх продкі змагаліся стагоддзямі.

У гэтых жа даследаваннях 71,0 % рэспандэнтаў выказаліся, што рыса, якая найбольш акрэслівае нацыянальны характар беларусаў – гэта працавітасць (48,0 % – гасціннасць, 36,0 % – клопат пра сям’ю). Рысы, што характарызуюць грамадскую актыўнасць, выбралі толькі 6,0 % апытаных[15]. У прызначанай для вучняў сярэдніх класаў кніжцы Эдварда Дубянецкага “Таямніцы нацыянальнай душы” нацыянальны характар беларусаў быў акрэслены такімі пазітыўнымі рысамі, як памяркоўнасць, цярплівасць, прывязанасць да месца нараджэння і жыхарства, лагоднасць, шчырасць, гасціннасць, працавітасць, супраціўляльнасць жыццёвым нягодам, прагматызм і нават аптымізм, якім спадарожнічаюць негатыўныя рысы: пасіўнасць, апатычнасць, канфармізм, пакорлівасць, залішні самакрытыцызм, нізкі ўзровень нацыянальнай свядомасці, кансерватызм, скрытнасць, недаверлівасць[16]. Гэтая характарыстыка мае выразныя адзнакі аўтастэрэатыпа беларусаў. Яны кажуць пра сябе найчасцей як пра народ працавіты і талерантны (“спакойны”)[17]. Дэманстрацыя працавітасці вынікае з падкрэслівання сваёй перавагі над рускімі, якім гэтая рыса не прыпісваецца, талерантнасць (неканфліктнасць) жа вынікае – як можна меркаваць – з унікання нацыянальных канфліктаў, рысы, якую беларусы бачаць як у рускіх, так і ў яшчэ большай ступені ў палякаў. У Беларусі можна сустрэцца з праявамі ксенафобіі (характэрнымі для сялянскай грамады), але надзвычай рэдка – з нацыяналізмам. Беларуская “талерантнасць” не вынікае з адкрытасці, ухвалення праяў плюралізму і індывідуалізму. Яна вынікае з адсутнасці актыўнай агрэсіі на нацыянальнай глебе (а не якой іншай)[18] у адносінах да чужых, часта ў ксенафабічным замыканні ў сабе і адгароджванні ад іншых, у тым ліку ад асуджаемых імі з’яў і вартасцей. Канфлікты маюць значна слабейшую надбудову ідэалагічную, чым – што назіраецца па-суседству – нацыянальную, яны менш заўважныя. Савецкасць выключна ўдала – як нідзе больш па-за Беларуссю – паглынула сялянскую ментальнасць, дастасоўваючы яе да сябе.

Цікавымі з’яўляюцца вынікі даследаванняў, праведзеных у красавіку і траўні 1992 года ўжо названым тут НІСЭПД. На пытанне “Якія з наступных груп насельніцтва выклікаюць у Вас найбольшую непрыхільнасць?” атрыманы адказы: неафашысты – 68,8 %, нацыяналісы – 56,0 %, прадстаўнікі сексуальных меншасцей – 54,1 %, сталіністы – 46,3 %, сіяністы – 39,0 %, камуністы – 33,4 %, манархісты – 30,9 %, прадпрымальнікі – 16,1 %, дэмакраты – 16,0 % і ўрэшце сацыялісты – 12,6 %[19]. Што цікава, з груп, што займаюць два першыя месцы па непрыхільнасці, неафашысты як супольнасць, прыкметная ў грамадстве, у Беларусі практычна не існуе, нацыяналісты – усяго толькі ледзь заўважная частка беларускага грамадства. Вынікі гэтых даследаванняў не сведчаць пра талерантнасць беларусаў, наадварот, яны паказваюць на тое, што беларусы глядзяць на навакольны свет праз моцна заідэалагізаваную прызму савецкіх фікцый (напрыклад, не толькі неафашысты і нацыяналісты, але таксама і сіяністы і – што ў беларускіх умовах з’яўляецца смешным – манархісты).

На адносіны сучасных беларусаў да польскасці ўплывае традыцыя класавай варожасці да паноў, іх пыхі, нацыянальнай агрэсіі каталікоў – людзей чужога Захаду. Свойскасць рускіх беларусы бачаць праз прызму рэлігіі, якая іх лучыць, агульнасць савецкага досведу і масава – хоць і павярхоўна – успрынятую “вышэйшую” культуру і мову. 

3. Аб’яднанне з Расіяй 

Вышэй пададзеныя заўвагі часткова тлумачаць цягу беларусаў да Расіі. Ужо вясной 1992 года, паводле праведзеных тады сацыялагічных даследаванняў, 47,0 % апытаных жыхароў Беларусі адказалі станоўча на пытанне “Ці лічыце Вы неабходным адраджэнне СССР?”. Супраць гэтага было 22,0 % рэспандэнтаў[20]. Аб’яднацца з Расіяй праглі ў той час 63,0 % апытаных[21]. Праз год за адраджэнне СССР былі 55,0 % анкетаваных[22]. Паводле даследаванняў у траўні і чэрвені 1996 года на пытанне “Ці хочаце Вы, каб Беларусь была незалежнай дзяржаваю?”, сцвярджальна адказалі 64,6 % рэспандэнтаў (негатыўна – 34,4 %). Адначасова, аднак, на пытанне “Ці хочаце Вы, каб Беларусь і Расія аб’ядналіся ў адну дзяржаву?” “так” адказалі 62,5 %, а “не” – 32,0 %[23]. Вясной 1997 года 23,0 % апытаных жыхароў Мінска (горада, які больш апазіцыйна настроены да палітыкі А.Лукашэнкі, чым у сярэднім па Беларусі) цалкам падтрымлівалі дамову аб узнікненні саюза Беларусі і Расіі, 24,0 % мелі супрацьлеглае меркаванне, a 26,0 % падтрымлівалі гэтую дамову часткова[24]. Паводле найноўшых даследаванняў, якія вёў НІСЭПД летам 1997 года, 85,0 % анкетаваных жыхароў рэспублікі выказаліся за тое, каб Беларусь была незалежнай, суверэннай дзяржавай (15,0 % былі супраць гэтага). 41,0 % рэспандэнтаў сцвердзілі, што адносіны дзвюх незалежных дзяржаў (Беларусі і Расіі) павінны быць “добрасуседскімі”, 15,0 % былі прыхільнікамі “саюза дзвюх дзяржаў”, 16,0 % хацелі аб’яднання абедзвюх краін у адну дзяржаву. Адначасова большасць апытаных (54,0 %) выказалася, што інтэграцыя з Расіяй можа прывесці да паляпшэння эканамічнага стану ў Беларусі (12,0 % былі супрацьлеглай думкі, a 34,0 % не мелі меркавання наконт гэтага)[25].

З даследаванняў, праведзеных у Беларусі ў 1990-я гады, можна зрабіць дзве асноўныя высновы. Па-першае, большасць насельніцтва краіны проста хоча жыць ва ўмовах, набліжаных да тых, якія яны мелі ў СССР. З былымі рэаліямі яны звязаны ідэйна (сістэмай каштоўнасцей), ментальна, матэрыяльнымі запатрабаваннямі. Іншых яны не ведалі. Іх мары звязваліся хутчэй са зменамі колькаснымі, чым якаснымі. Лепшае жыццё яны ўяўлялі як больш багатае за даўнейшае, але не іншае па сваіх асноўных канструкцыйных прынцыпах. З той прычыны, што новы свет прынёс беднасць і разам з тым такія не мілыя беларусам поспехі асобных прадпрымальнікаў у параўнанні з паслухмянымі, шэраговымі калектывістамі, яны адпрэчваюць гэты свет, прагнучы вяртання старога. Наогул, яны ўжо ведаюць, што вяртанне ў СССР у яго ранейшым цэласным выглядзе рэальна ўжо немажлівае (бо гэтага не хочуць геаграфічна блізкія Беларусі прыбалтыйскія краіны). А таму аптуюць тое, што здаецца магчымым – саюз з Расіяй, найважнейшым і найбліжэйшым для беларусаў складнікам былой дзяржавы (адсюль – болей галасоў за аб’яднанне з Расіяй, чым за трактуемае ўжо хутчэй у катэгорыях ідэалу з мінуўшчыны вяртанне ў СССР). Расія павінна забяспечыць страчанае пачуццё бяспекі не толькі матэрыяльна, хоць надзеі і на эканамічную дапамогу Расіі вялікія. “Як можа краіна без нафты, газу, сыравіны, без выхаду да мора быць незалежнай, заможнай дзяржавай?” – рытарычна пытаюцца беларусы, абгрунтоўваючы сваю прарасійскую сімпатыю. У ментальнасці беларусаў моцна засела перакананне, што яны павінны быць аб’ектам, а не суб’ектам гісторыі.

Па-другое, больш за 60,0 % апытаных у 1996 годзе беларусаў імкнуліся да незалежнай Беларусі і адначасова да яе саюза з Расіяй. Наступныя дэталёвыя пытанні, прынамсі, часткова вытлумачылі парадокс адначасовага ўхвалення ўзаемавыключальных магчымасцей. Беларусы ў сваёй большасці ўхвалялі праекты аб’яднання эканомік абедзвюх краін (агульная валюта, эканамічныя тарыфы, ліквідацыя межаў), значна радзей даючы згоду на ліквідацыю ўласных незалежных палітычных інстытутаў (арміі, прэзідэнта, урада, парламента). За ліквідацыю межаў былі 64,4 % анкетаваных, наадварот, за агульны парламент – ужо толькі 19,7 %, за агульную армію ўсяго 27,3 % (што, відаць, было вынікам вайны ў Чачні)[26]. Беларусы, прагнучы блізкіх узаемаадносін з Расіяй, памятаюць, аднак, што нават у СССР яны мелі фармальна асобную рэспубліку з уласнымі ўрадам і парламентам. Жадаючы быць з Расіяй, яны не хочуць станавіцца расійцамі. Будучыя беларуска-расійскія сувязі яны бачаць як змадэрнізаваную праекцыю мінулага: не за поўнае аб’яднанне з Расіяй і не за поўнае аддзяленне ад яе, але за моцна абазначаную аўтаномію ў межах агульнай дзяржавы. Гэты ўзровень палітычных памкненняў з’яўляецца адпаведнікам дыяпазону і моцы іх садружнасці і вынікае са зместу іх узаемаадносін (хутчэй рэгіянальнага, а не нацыянальнага тыпу).

Найноўшыя (пададзеныя вышэй) даследаванні 1997 года паказваюць, з аднаго боку, на рост падтрымкі незалежнасці Беларусі (85,0 %), а з другога, наадварот, – насуперак тым выказванням – трыцаціаднапрацэнтную (15+16) падтрымку супрацілеглага погляду, пры – адначасова – надзеі большасці грамадства на эканамічную карысць, якую магла б прынесці інтэграцыя з Расіяй. Часам можа скласціся ўражанне, што частка беларусаў, выказваючыся за незалежнасць Беларусі, не думае пра незалежнасць свайго краю ад Расіі (не адразу ўсведамляе гэта, адсюль размежаванне з адказамі на пытанні больш дэталёвыя, пададзеныя ніжэй). Іншая рэч, што да вынікаў сацыялагічных даследаванняў, якія праводзяцца ў Беларусі, трэба падыходзіць з вялікай (большай, чым, напрыклад, у Польшчы) асцярожнасцю. Беларускі люд – у палітычным жыцці – мае схільнасць да вербальнага атаясамлівання сябе з пазіцыяй улады, з якой асацыююцца асобы, што вядуць сацыялагічныя даследаванні. Рэспандэнты ў часе апытання спрабуюць адчуць намеры ўлады і даследчыка, адсюль таксама непаслядоўнасць у іх адказах. А.Лукашэнка гаворыць пра незалежную Беларусь, якая не можа быць губерняй Расіі, і адначасова імкнецца да інтэграцыі абедзвюх краін, форма якой не ўсім зразумелая. Трэба таксама разумець тое, што за час шасцігадовага перыяду фармальнай незалежнасці беларусы прызвычаіліся да факту існавання ўласнай дзяржавы, нягледзячы на нараканні на яе. Выяўленая даследчыкамі пазіцыя беларусаў у адносінах да аб’яднання дзвюх дзяржаў можа ў будучым вагацца ў залежнасці ад палітыкі дзяржаўнай улады і тых выгод, якія мяркуюць атрымаць жыхары Беларусі ад магчымай інтэграцыі дзвюх краін.

“У афіцыйным беларускім друку, – піша Вадзім Казначэеў, – нярэдка гучыць матыў: і няхай сабе Расія нібыта бедная краіна, але затое яна «нясе свету высокі ўзровень духоўнасці»”[27]. Аргументы-лозунгі, якія часта прыводзяць на карысць аб’яднання дзвюх дзяржаў – агульнае паходжанне абодвух славянскіх праваслаўных народаў, што жылі нядаўна ў адной дзяржаве, агульная барацьба ў Вялікай Айчыннай вайне, абарона ад НАТА. Пішацца пра “адметны славянскі шлях”, па якім павінны ісці разам Беларусь і Расія[28]. Працэсу інтэграцыі дзвюх дзяржаў традыцыйна спрыяе Царква. Мітрапаліт мінскі і слуцкі Філарэт падтрымаў дзеянні прэзідэнта А.Лукашэнкі, накіраваныя на аб’яднанне дзвюх краін. Ён адзначыў: “Я веру, што ў душах нашых народаў жыве імкненне да яднання. Царква абавязана дапамагаць умацаванню гэтай еднасці”[29].

А.Лукашэнка, заяўляючы ў год прэзідэнцкіх выбараў (1994) пра неабходнасць аб’яднання дзвюх дзяржаў і дэкларуючы гатоўнасць паўзці з гэтай мэтаю на каленях у Маскву, кіраваўся як арыентацыяй на традыцыйныя сувязі, што лучаць абодва грамадствы, так і спадзяваннямі на эканамічную дапамогу Расіі. З часам з’явіўся трэці матыў, што дынамізаваў палітычную дзейнасць прэзідэнта Беларусі. Мэтай яго палітычных памкненняў сталася Масква (адначасова бачанне А.Лукашэнкам Расіі больш нагадвала савецкія часы, чым бачанне Расіі Барысам Ельцыным, адсюль узаемныя сімпатыі з расійскімі камуністамі). Выйграўшы колькі гадоў таму прэзідэнцкія выбары, А.Лукашэнка быў у пэўнай ступені ідэалістам, які марыў пра – у яго своеасаблівым разуменні – шчасце свайго краю і ў гэтым кантэксце пра сваю місію. Ён яшчэ не спазнаў смаку вялікай, рэальнай улады; уласныя, партыкулярныя інтарэсы падпарадкоўваў заснаваным на эмоцыях малюнкам будучага (якія, аднак, нагадвалі мінулае) Беларусі. Пазней, моцна скаваны ланцугом узаемных інтарэсаў з акаляючым яго істэблішментам, ведаючы ўжо, што такое сапраўдная ўлада, ён больш не хоча станавіцца расійскім генерал-губернатарам шасці беларускіх абласцей[30]. He згаджаецца на растварэнне Беларусі ў расійскім моры і страту рэальнай улады, якую мае цяпер і ў якой адчуў смак за тры гады прэзідэнцтва. За гэты час радыкальна ўзбагаціўся яго запас палітычнага досведу, змянілася перспектыва бачання ім грамадскага свету. Непамерна ўзраслі яго ўладарныя запатрабаванні. Расійцы ж не хочуць іх задаволіць. Яны не выкарысталі сітуацыю, якая існавала ў момант выбараў А.Лукашэнкі прэзідэнтам, калі паглынанне Беларусі было б – як можна дапусціць – значна лягчэйшым, чым цяпер. Сёння прэзідэнт Беларусі лёс сваёй краіны падпарадкоўвае ўласным палітычным запатрабаванням.

Кіруючы на працягу апошніх трох гадоў дзяржавай, А.Лукашэнка распачынаў дзеянні, вынікі якіх у значнай ступені абцяжарваюць працэс аб’яднання дзвюх дзяржаў. He было гэта яго намерам, наадварот, гэта вынік яго палітычнай і эканамічнай некампетэнтнасці. Па-першае, тармозячы эканамічныя рэформы, прэзідэнт аддаліў беларускую эканоміку ад расійскай. Сёння яны сур’ёзна адрозніваюцца сваімі структурамі і магчымае аб’яднанне іх мусіць пацягнуць за сабою дастаткова высокія кошты, якія абавязкова павінна была б плаціць Масква. Адначасова Беларусь аказалася эканамічна (а таксама мілітарыстычна) падпарадкаванай Расіі. А таму забеспячэнне расійскіх інтарэсаў у Беларусі ў спалучэнні са страхам перад страсеннямі расійскай эканомікі пасля паглынання свайго заходняга суседа выклікае адмаўленне Масквы ад выканання рашучых – рэальных, а не ўяўных – жэстаў і дзеянняў на карысць аб’яднання[31].

Па-другое, А.Лукашэнка, ужываючы недэмакратычныя, аўтарытарныя метады кіравання, яўна дыстанцыюючыся ад Захаду, патрапіў у аднабаковую залежнасць ад Масквы. Ён не мае поля для манеўру ў адрозненне ад Леаніда Кучмы, які арыетнуецца на падтрымку Украіны Захадам і адначасова клапоціцца пра тое, каб падтрымліваць карысныя адносіны з Расіяй. А.Лукашэнка не здолеў выкарыстаць важнага стратэгічнага становішча Беларусі, якая размешчана паміж Расіяй і Еўропай. Падпарадкоўваючыся ўсходняму суседу, ён не шмат атрымаў узамен. На міжнароднай арэне ён аказаўся выключна некампетэнтным палітычным іграком. Масква ўпэўнена ў тым, што ізаляваная Захадам Беларусь не выйдзе з-пад яе ўплыву, таму не ахвяруе Мінску болей, чым значна больш незалежнаму Кіеву. Захад трактуе сёння Беларусь як у пэўнай ступені працяг Расіі, напаўаб’ект міжнародных адносін (падобнае, зрэшты, робіць і Расія). Эмацыянальны А.Лукашэнка аказаўся наіўным дэбютантам у вялікай палітыцы; з дапамогай тэатральных жэстаў ён спрабуе пераканаць уласнае грамадства і сябе ў сіле ўлады, якую мае. Здаецца, што былы дырэктар саўгаса не надта разумее тое, наколькі змяніўся свет у 1990-я гады[32].

Можна ўявіць сабе сітуацыю, што іншы прэзідэнт, які быў бы здольны рэфармаваць краіну, але які не марыў бы пра крэсла кіраўніка Расіі, хутчэй давёў бы да аб’яднання дзве дзяржавы. Расійцы значна менш баяліся б тады палітычных і эканамічных вынікаў аб’яднання. Рэакцыя Захаду была б больш мяккаю, калі б з Расіяй аб’ядноўвалася дэмакратычная Беларусь, якая цалкам захоўвала б адпаведную працэдуру і мела ў гэтым працэсе падтрымку грамадства і парламента, чым калі гэта робіць аўтакрат А.Лукашэнка. У сувязі з больш карэктнымі адносінамі гэтай (так званай дэмакратычнай) улады з Захадам Расія не была б такою ўпэўненай у сваім уплыве на Беларусь у будучым, як гэта ёсць сёння. Магчыма, яна была б тады больш схільнай да аб’яднання. Варта памятаць, што Масква падтрымлівала на прэзідэнцкіх выбарах В.Кебіча, а не А.Лукашэнку (разам з тым, намякаюць пра дапамогу апошняму спецслужбаў). А.Лукашэнка ўжо ў якасці прэзідэнта казаў адносна свайго ранейшага ўдзелу ў антыкарупцыйнай парламенцкай камісіі: “Мне дапамагалі прафесіяналы. З пракуратуры, КДБ, MУС”[33]. Ёсць інфармацыя, што прадстаўнікі гэтых службаў падтрымлівалі А.Лукашэнку таксама і ў час прэзідэнцкіх выбараў[34].

А.Лукашэнка прыняў уладу ў сітуацыі, калі аб’яднаўчыя настроі ў беларускім грамадстве былі вельмі моцнымі. Але яго нельга абвінавачваць у тым, што аб’яднаўчы працэс пацярпеў фіяска. Калі не з’явяцца новыя акалічнасці, гэта сітуацыя не павінна ў бліжэйшы час нечакана змяніцца. Праўда, цалкам магчыма, што Расія можа зрабіць і наступныя крокі, накіраваныя на паступовае развіццё фармальных узаемаадносін дзвюх дзяржаў і на падрыхтоўку да будучага аб’яднання. Расійскае грамадства ў сваёй значный частцы ўхваляе аб’яднаўчыя праекты. Частка расійскай палітычнай эліты бачыць, аднак, значныя перашкоды на шляху да аб’яднання са сваім суседам. Гэта асабліва датычыцца некаторых уплывовых асобаў вярхушкі, якая сёння мае ўладу (напрыклад, А.Чубайса), людзей адносна ліберальных, для якіх лукашэнкаўскія метады гаспадарання і фінансавання Беларусі з’яўляюцца непрымальнымі. Яны баяцца, што яе паглынанне затармозіць працэс эканамічнай і палітычнай мадэрнізацыі Расіі, будзе пагражаць вяртаннем Расіі старой, савецкай і антызаходняй, якая ўжо адну канфрантацыю з Захадам прайграла. Прыхільнікамі хуткага аб’яднання з’яўляюцца ў той жа час камуністычныя і нацыяналістычныя групоўкі, антызаходнія, якія мараць пра аднаўленне даўняй моцы СССР, дэманструючы савецка-славянскую спецыфіку кіравання і гаспадарання. У выпадку моцных грамадскіх катаклізмаў у Расіі паглынанне Беларусі можа быць жэстам роспачы, спробаю вяртання да мінулага, пераносам палітычных ідэалаў на эканамічныя рэаліі. Можна ўявіць сабе сітуацыю, у якой частка расійскага палітычнага істэблішменту хацела б выкарыстаць А.Лукашэнку ў барацьбе за ўладу ў Расіі, зважаючы на тое, што ён мае ў расійскай правінцыі падобны на беларускі электарат (адначасова спадзеючыся не дапусціць, каб ён атрымаў сапраўдную ўладу). Такое развіццё падзей з’яўляецца, аднак, пакуль мала праўдападобным.

Аб’яднанню дзвюх краін не будуць спрыяць адносна дэмакратычныя, ліберальныя, пракапіталістычныя і празаходнія расійскія ўлады, якія паступова дасягаюць эканамічнага поспеху; таксама перашкаджаюць гэтаму добрыя адносіны з Захадам, які інвестуе ў Расію і далучае яе да сеткі інстытуцыйных палітычных і эканамічных сувязей (робячы яе залежнаю ад сябе). Наадварот, карысным для рэалізацыі ідэі аб’яднання Расіі і Беларусі будзе востры крызіс у Расіі, пагаршэнне стасункаў з Захадам, пераход улады да груповак нацыяналістычна-камуністычных, да папулістаў, што навязваюць савецкае мінулае і шукаюць выйсця з эканамічнага хаосу ў звароце да традыцыйнай палітыкі імперыялістычнай Масквы. Можна дапусціць, што з пункту гледжання Расіі пажаданым было б заключэнне такой дамовы з Беларуссю, якая надавала б узаемасувязям прававы і палітычны характар, не выклікаючы аднак неадкладных абавязацельстваў, асабліва эканамічных. Яна б мела фармальны характар і рэалізоўвалася тады, калі гэта было б зручна для Расіі. Маючы фармальны характар, яна стварала б аснову будучага – верагоднага – аб’яднання, забяспечвала б Маскве падтрымку ва ўласным грамадстве (пакуль яе рэалізацыя не пацягнула б за сабой канкрэтных фінансавых выдаткаў). Такім чынам Расія магла б спрабаваць абараніцца ад выхаду Беларусі ў будучым з-пад яе ўплыву. Пэўныя элементы такога мыслення можна заўважыць у сённяшніх дзеяннях расійскіх палітыкаў.

Расія ніколі не магла стварыць грамадства заможных людзей. Нават самі расійскія эканамісты сцвярджаюць, што на дасягненне Расіяй нацыянальнага даходу ўзроўню канца 1980-х гадоў можа пайсці дзесяць бліжэйшых гадоў (падзенне нацыянальнага даходу ў Расіі было большым, чым у Беларусі). Heльга ўявіць, каб у бліжэйшыя гады можна было радыкальна палепшыць матэрыяльны быт беларусаў, незалежна ад таго, ці Беларусь застанецца дзяржавай фармальна незалежнай (звязанай з Расіяй), ці будзе цалкам паглынута Расіяй. У апошнім выпадку мінская апазіцыя цяперашняй уладзе ў Маскве – выкарыстоўваючы яе эканамічныя памылкі, нерэалізаваныя грамадскія надзеі – будзе ахвотна звяртацца да ідэі Беларусі, незалежнай дзяржаўна і нацыянальна. Цяжка сёння прадбачыць, якія б гэта мела вынікі для ўнутранай палітыкі будучай расійскай дзяржавы. Наадварот, беларусы хутчэй за ўсё будуць штораз мацней адчуваць розніцу паміж нізкім узроўнем жыцця ў іх краіне і багатымі грамадствамі дзяржаў Цэнтральнай Еўропы, асабліва пасля ўступлення апошніх у Еўрапейскі Саюз.

Варта ўсведамляць тое, што магчымае ўключэнне Беларусі ў склад Расіі ўзмоцніць палярызацыйныя тэндэнцыі як у межах Расіі, абшару былога СССР, так і паміж Расіяй і Захадам. У Расіі можа не толькі ўзмацніцца існуючы там сёння палітычны падзел, але перш за ўсё – у выпадку ўключэння Беларусі на спецыяльных правах – выклікаць сепаратысцкія тэндэнцыі сярод іншых членаў федэрацыі. Думаецца, што прыбалтыйскія рэспублікі з яшчэ большай сілай імкнуліся б тады ўвайсці ў НАТА і Еўрапейскі Саюз. Пэўна, найбольш складанай была б сітуацыя на Украіне. У выпадку, калі цяпершняя палітычная эліта ўтрымаецца пры ўладзе, можна дапусціць, што пачалі б узмацняцца сярод іх сепаратысцкія, празаходнія тэндэнцыі ў адносінах да Масквы. У гэтых умовах магло б дайсці да ўзаемнага збліжэння прыбалтыйскіх рэспублік, Украіны і Польшчы. Чаму, зразумела, Расія старалася б супрацьдзейнічаць. На Украіне, якая знаходзіцца ў моцным эканамічным крызісе, узніклі б магчымасці для фармавання і ўзмацнення груповак (што маюць падтрымку на зрусіфікаваным усходзе і поўдні краю, a сярод партый – у камуністаў), якія б праглі паўтарыць беларускі шлях. У адрозненне ад Прыбалтыкі тут няма абсалютнай пэўнасці з-за слабасці сённяшняга становішча краіны на міжнароднай арэне. У выпадку, калі сітуацыя будзе развівацца паводле выказаных вышэй меркаванняў, краіны Цэнтральнай Еўропы (асабліва Польшча) будуць прагнуць яшчэ хутчэй і мацней звязацца з Захадам. Можна дапусціць, што пры такіх акалічнасцях Вашынгтон пачаў бы выкарыстоўваць гэтае становішча для больш жорсткай пазіцыі ў адносінах да Расіі альбо паспрабаваў бы разрадзіць сітуацыю. Выбар пазіцыі залежаў бы ад падліку прыбыткаў і страт на міжнароднай арэне, што было б абгрунтавана тагачаснаю сілай Расіі. Высокія эканамічныя і палітычныя кошты далучэння Беларусі з’яўляюцца пакуль прычынай адсутнасці вынікаў у рэалізацыі ўрадам Ельцына аб’яднаўчых праектаў. Існуе таксама верагоднасць аб’яднання дзвюх дзяржаў на прынцыпах, што нагадваюць федэрацыю (без поўнага паглынання адной другою), пры частковым захаванні Мінска, як суб’екта. Гэта быў бы выкліканы сітуацыяй кампраміс, які цалкам не задавальняў бы аніводзін з бакоў.

He маюць рацыі цяперашнія ўлады Беларусі, якія сцвярджаюць, што іх краіна, якая інтэгруецца – разам з іншымі членамі СНД – з Расіяй, паўтарае працэсы, што некалькі дзесяцігоддзяў ідуць у Заходняй Еўропе. ЕЭС узнікла ў працэсе ўзбагачэння Захаду. Яна вырастала з адкрытасці грамадстваў гэтай тэрыторыі для знешняга свету, чаму спадарожнічала іх моцнае пачуццё культурнай і нацыянальнай адметнасці, упэўненасці ў сваіх вартасцях, самабытнасці і трываласці. Нягледзячы на гэта, працэс не быў лёгкім. Яму спадарожнічалі грамадскія і нацыянальныя ўзрушэнні. Народы СНД знаходзяцца на іншым этапе развіцця. Самабытнасць большасці беларусаў слаба выяўлена. Тут трэба казаць хутчэй пра фрустрацыі і комплексы, а не пра добраахвотную адкрытасць для іншых грамадства, упэўненага ў сваёй моцы і вартасцях. Аб’яднанне вынікае з бяды, з’яўляецца інтэграцыяй пад час калапсу, а не росквіту. 

4. Куды кіруецца Беларусь? 

Сітуацыя, у якой знаходзіцца Беларусь пасля шасці гадоў незалежнасці, не павінна здавацца вялікаю неспадзяванкай для людзей, якія ведаюць гэту краіну. Яе клопаты не вынік выпадку, яны маюць свае глыбокія карані ў ментальнасці беларускага грамадства, яго культуры, палітычных перавагах, іерархіі прызнаных вартасцей. Гэта вынік прарасійскай, з часам усё больш антызаходняй пазіцыі беларусаў, што выразна адрознівае яе ад грамадстваў краін Цэнтральнай Еўропы і Прыбалтыкі, якія імкліва развіваюцца[35]. З гэтым спалучаецца непрыхільнасць да рынкавых рэформ, што падчас атрымання незалежнасці было выклікана між іншым вышэйшым, як лічылі беларусы, узроўнем іх матэрыяльнага дабрабыту ў параўнанні з расійцамі, якія праводзілі ў сваім краі эканамічныя рэформы. Гэтаму спадарожнічае іх закаранелы эгалітарызм, калектывізм, непрымальныя для рынкавай эканомікі адносіны да ўласнасці, іншыя аб’ектыўныя прычыны. У праведзеных у 1991 годзе параўнальных даследаваннях у сямі рэспубліках (Расіі, Украіне, Беларусі, Латвіі, Эстоніі, Малдове і Узбекістане), прысвечаных вызначэнню ступені ўдзелу іх жыхароў у грамадска-палітычным жыцці (пыталіся пра зацікаўленасць нацыянальнай праблематыкай, палітыкай, інфармацыйным сервісам тэлебачання, пра гатоўнасць да актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці краіны), беларусы аказаліся ў канцы табліцы, побач з Расіяй і Узбекістанам. Найбольш актыўнымі палітычна (а таксама нацыянальна) былі жыхары прыбалтыйскіх рэспублік[36]. Вынікі іх пазіцый праявіліся праз некалькі гадоў. У эканамічных і палітычных рэформах першынство трымаюць краіны Прыбалтыкі. Хутчэй чым у Беларусі рэформы ідуць у Малдове.

Мінск вельмі нявыгадна адрозніваўся ад Масквы кампетэнтнасцю сваёй палітычнай і эканамічнай эліты. Беларусь не мела ўласных элітарыстычных (актыўных) традыцый. Нацыянальна несвядомае грамадства не знайшло ў сабе сілаў для мадэрнізацыі. Актыўныя расійскія эліты, якія рэфармавалі краіну, былі адносна нешматлікімі, не мелі вагі ў грамадстве. Затое расійская правінцыя не адрознівалася істотна ад беларускай. Як правіла, пасіўны на Усходзе (па-за рэвалюцыйнымі выбухамі) народ традыцыйна адгукаўся на актыўнасць эліты; у Беларусі, не маючы магчымасці разлічваць на мінскую эліту, ён усё больш і больш пазірае, згодна з традыцыяй некалькіх апошніх пакаленняў, на значна больш заможную Маскву. Вынікам гэтага стану рэчаў было з’яўленне А.Лукашэнкі, які, як ніхто іншы, адпавядаў патрабаванням масаў, пазбаўляючы іх неабходнасці прыняцця рашэнняў, які рабіў іх аб’ектам гісторыі, а не яе суб’ектам. Сапраўды, з’яўленне ў Беларусі постаці тыпу А.Лукашэнкі было цалкам чаканым. Метады яго кіравання выклікаюць ухваленне альбо абыякавасць большасці беларускага грамадства. Беларускі народ захоча яго адстаўкі толькі ў выпадку эканамічнага краху яго кіравання.

У праведзеных у траўні 1997 года сацыялагічных даследаваннях па пытанні “За каго б Вы галасавалі, калі б у самы бліжэйшы час адбываліся выбары прэзідэнта Беларусі?” А.Лукашэнка атрымаў 39,0 % галасоў, наступны за ім Г.Карпенка – 3,4 %, З.Пазняк – 3,2 %, С.Багданкевіч – 2,3 %. Аграмаднай перавазе А.Лукашэнкі (у папярэднія гады яшчэ на некалькі працэнтаў вышэйшай) спадарожнічала слабасць партый, іх раздрабненне ў выпадку магчымых выбараў у парламент (найбольш галасоў у выпадку выбараў набрала б партыя жанчын “Надзея” – 8,0 %, далей БНФ – 6,6 %, аграрнікі – 5,6 %, дзве камуністычныя партыі – 5,5 % і 2,5 %, Партыя аматараў піва – 4,4 %)[37]. Масы прасавецкага беларускага народа адмяжоўваюцца ад спрэчак, падзелаў і барацьбы ў верхніх эшалонах ўлады. Лічаць іх залішнімі, пазбаўленымі рэальнаай карысці, ставяцца да іх з пагардаю і асуджэннем. Заходнееўрапейская традыцыя дэмакратычнага кіравання як барацьба паміж галоўнымі палітычнымі сіламі пры дапамозе кампрамісаў для большасці членаў беларускага грамадства глыбока чужая. Таму так прыхільна быў сустрэты харызматычны А.Лукашэнка, які парадкуе, як лічаць беларусы, хаос постсавецкіх часоў, які бярэ адказнасць за народ у “цяжкі перыяд для краіны”. Поспехі некарумпаванага ўладай – як мяркуюць масы – А.Лукашэнкі вынікаюць з таго, што ён імкнецца выказваць тыя погляды, якія падтрымлівае большасць грамадства, ці, ва ўсякім разе, тыя, якім гэтая большасць не супраціўляецца. Несумненна, ён у пэўнай ступені з’яўляецца апартуністам. Некаторыя лічаць, што А.Лукашэнка, які кажа, што “Беларусь – гэта для мяне мінулы этап”[38], у выпадку паражэння сваёй прарасійскай палітыкі і ўладных – накіраваных на Маскву – памкненняў звернецца да беларускасці і пачне ўзмацняць незалежнасць дзяржавы. Аднак яго бачанне дзяржаўнасці і беларускасці мае савецкае паходжанне, прынцыпова адрознае ад тых, якія маюць БНФ і С.Шушкевіч. Палітычную рэарыентацыю Беларусі маглі б выклікаць у будучым (пэўна, пасля А.Лукашэнкі) вельмі імклівы крызіс яе эканомікі і адступніцтва ад яе Расіі. Лёгка, аднак, заўважыць, што Масква будзе ў такой ступені дапамагаць беларускай эканоміцы (хоць бы пастаўляючы ёй энерганосьбіты на выгадных умовах, па коштах, ніжэйшых за сусветныя), каб яна не прыйшла ў заняпад і аказалася б яшчэ больш залежнай ад расійскай эканомікі і палітыкі. Расія не зацікаўлена ў хуткім росквіце беларускай эканомікі, моцным палітычным і эканамічным становішчы беларускай дзяржавы, бо з часам гэта магло б выклікаць незалежнасць Беларусі, выхад яе з расійскай сферы ўплыву. У багатай, стабільнай, незалежнай Беларусі зацікаўлены Захад, а не Масква. Аднак у адрозненне ад Расіі, Захад, баючыся адштурхнуць Маскву, не зрабіў амаль нічога, каб беларускі шлях кіраваўся ў адпаведнасці з яго інтарэсамі.

А.Лукашэнка – прадстаўляемая ім сістэма каштоўнасцей і палітычныя пазіцыі – мае моцную падтрымку ў ніжэйшых, найменш адукаваных, а таксама ў сярэдніх пластах грамадства. Гэтая падтрымка рэзка змяншаецца ў асяродку людзей з вышэйшай адукацыяй (затое расце ў дачыненні да З.Пазняка і яго нацыянальнай пазіцыі)[39]. У апазіцыі да А.Лукашэнкі перш за ўсё знаходзіцца значная частка маладзёжных і інтэлігенцкіх асяродкаў. Студэнцкая моладзь у значнай ступені прыхільна ставіцца да незалежнай дэмакратычнай Беларусі. Сярод гэтай групы большасць выражае свае погляды па-руску, арыентуецца на палітыку ліберальнай Масквы і яе культуру. Меншасць выступае за Беларусь нацыянальную, празаходнюю; вельмі невяліка частка выяўляе гэта па-беларуску. Незалежна ад сваіх поглядаў беларуская моладзь у сваёй пераважнай большасці (асабліва ў правінцыі) грамадска і палітычна пасіўная. На змену даўнім лозунгавым ідэалам нічога новага так і не прыйшло. Перамены першай паловы 1990-х гадоў былі надзвычай кароткімі, а адкрытасць Беларусі свету вельмі слабай, каб вынікі гэтага працэсу аказаліся паўсюднымі і глыбокімі, выйшлі далёка за межы Мінска, за межы беларускай эліты.

Важным для апісаных тут працэсаў з’яўляецца тое, што ацэнка свету беларускім грамадствам (асабліва моладдзю) знаходзіцца пад уплывам пераважна расійскіх сродкаў масавай інфармацыі (напрыклад, тэлебачання). Беларускасць у грамадстве цэніцца ніжэй, чым у савецкія часы. Яна стала палітызаванай, асацыюецца з апазіцыйнасцю, падаецца як непатрэбная. Грамадства ўвогуле ахвотна, без аніякага прымусу русіфікуецца. Тэмпы гэтага працэсу больш хуткія, чым у мінулым дзесяцігоддзі. Наплываючая з Масквы руская культура здаецца яшчэ больш прывабнай, чым калісьці. Слабае мінскае тэлебачанне не ў стане канкурыраваць з расійскімі праграмамі. Цяперашнія дзеці, якія ідуць у школу, часта ведаюць беларускую мову горш, чым яшчэ неколькі гадоў таму. Насычэнне беларусаў рускай культурай на практыцы азначае павелічэнне адлегласці ад польскасці. Перастаў ідэалізавацца Захад, а палякі ўжо не з’яўляюцца сацыялістычным саюзнікам.

Беларускі Народны Фронт, які пашырае нацыянальную ідэалогію, будучы прыхільнікам заходняй мадэлі кіравання і гаспадарання, і ў стане мабілізаваць тысячы людзей на ўдзел у вулічнай дэманстрацыі, не мае, аднак, шанцу выйграць выбары. Катэгорыі палітычных падзелаў у Беларусі іншыя, чым у Польшчы, а тым больш на Захадзе, адсюль цяжкасці з разуменнем тамтэйшай палітычнай арэны. Апазіцыйныя і адначасова нацыянальна прабеларускія настроі (што не варта, аднак, атаясамліваць) асабліва адчувальныя ў Мінску і паўночна-заходняй (у значнай ступені каталіцкай) частцы краіны. Там у прэзідэнцкіх выбарах найбольш галасоў атрымаў З.Пазняк (у Мінску – 20,9 %, у Гродзенскай вобласці – 20,6 %, у сярэднім па Беларусі – 12,8 %)[40]. Асабліва прарасійскім з’яўляецца ўсход краіны. А.Лукашэнка можа спадзявацца на калгасна-саўгасную вёску, пенсіянераў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Сярод нацыянальнай прабеларускай БНФ-аўскай апазіцыі даволі шмат каталікоў. У беларускім нацыянальным руху – пачынаючы з XIX стагоддзя – прадстаўніцтва каталікоў заўсёды было прыкметным. Здаецца, што прычыны гэтай з’явы маюць дваісты характар. Па-першае, грамадствы лацінскія – пачынаючы ад Рэнесанса – былі больш сканцэнтраваны на ўласнай самабытнай сферы (з’яўляліся таксама больш індывідуалістычнымі), чым праваслаўныя. Па-другое, два апошнія стагоддзі Беларусь падпарадкоўвалася Расіі (за выключэннем часткі яе тэрыторыі ў міжваенны перыяд), таму кожны беларускі нацыянальны рух абавязкова быў скіраваны перш за ўсё супраць рускасці, а гэта значна лягчэй давалася каталіцкаму люду, чым праваслаўнаму, аб’яднанаму адной рэлігіяй з рускімі. Праваслаўнае грамадства менш цікавілася нацыянальнымі справамі (што, аднак, не гаворыць пра адназначнасць згаданага падзелу). Удзел каталікоў у беларускім нацыянальным руху – іх адкрытая антырускасць – быў адной з прычын дыстанцыявання праваслаўнай большасці краіны ад нацыянальнай беларускасці.

Пазіцыя Беларусі ў свеце будзе ў значнай ступені залежаць ад палітычнай актыўнасці яе прэзідэнта. Апошнім прыкладам яго дзейнасці з’яўляецца паражэнне, якое пацярпела беларуская дыпламатыя ў сваім супрацьстаянні пашырэнню НАТА на Усход. 9 траўня 1996 года Лукашэнка казаў з нагоды Дня Перамогі: “Мы не будзем пасіўна глядзець, як гэта страшная пачвара [НАТА] набліжаецца да межаў нашай сінявокай Беларусі”[41]. У выніку такой палітыкі Беларусь больш страціла (на Захадзе), чым набыла (у Расіі). Як Расія, так і Украіна дасягнулі паразумення з НАТА. Мінск паглыбіў сваю ізаляцыю на Захадзе. Бясспрэчна, Лукашэнка хацеў бы яе разарваць. Але ён не ў стане выканаць патрабаванні Захаду, абмежаваць сваё аўтарытарнае кіраванне. Беларускі прэзідэнт, ажыццяўляючы функцыі выканаўчай улады, падпарадкаваў сабе дзве астатнія, заканадаўчую і судовую, а таксама беларускія медыі (за выключэннем некалькіх газет). Адмаўленне ад гэтага пагражае яму стратай улады. Захад не хоча ўхваляць такі яўна недэмакратычны рэжым у Еўропе. Паблажлівасць да А.Лукашэнкі магла б заахвоціць іншых наследаваць яму ў гэтай частцы кантынента. Варта таксама разумець, што вельмі выразнае набліжэнне Мінска да Захаду магло б выклікаць апасенні Масквы і адначасова ўзмацніць у Расіі тэндэнцыі да аб’яднання з Беларуссю. Будучы лёс Беларусі залежыць – калі не браць да ўвагі Мінск – перш за ўсё ад Расіі. Яна зацікаўлена ў тым, каб аўтарытарнае кіраванне ў Мінску выклікала непрыхільнасць да яго на Захадзе, але не ўзбуджала, аднак, такіх сенсацый і пратэстаў, якія б прыносілі страты і Маскве.

А.Лукашэнка зрабіў сваю краіну залішне залежнай ад Расіі, каб быць цалкам суверэнным палітыкам. Яго поле для манеўру падобнае да кола, якое беларускі прэзідэнт не можа пераступіць без таго, каб не натрапіць на вострую рэакцыю Масквы, нават больш за тое (у крайнім выпадку) – не страціць уладу. Маскоўская эліта распараджаецца не толькі эканамічнымі рычагамі ціску на А.Лукашэнку. Між тым Польшча не мае і, пэўна, не будзе мець у блізкай будучыні значнага ўплыву на беларускія падзеі. Адносіны польскіх уладаў да партый у Мінску павінны быць больш памяркоўнымі[42].

“Цяпершні сум па БССР (а на яго без сумнення хварэе большасць нашага народа), – піша Сямён Букчын, – гэта нявер’е ва ўласныя сілы людзей з амаль цалкам атрафіраваным пачуццём уласнасці, нацыянальнасці, перспектывы”[43]. Грамадства, у якім няшмат нацыянальна-свядомых людзей, пры адсутнасці дзяржаўнай традыцыі мае вельмі слаба выкрышталізаванае паняцце нацыянальнага інтарэсу, а таксама інтарэсаў грамадства. Паводле даследаванняў М.Слівіньскага і В.Чэкмана, “да ліку краін, з якімі жыхары Беларусі хочуць эканамічна супрацоўнічаць, адносяцца тыя, з якімі яны хочуць супрацоўнічаць у ваеннай галіне, і тыя, да народаў якіх яны маюць вялікую сімпатыю. Нацыянальны інтарэс праяўляецца, такім чынам, аднабакова, чаго няма, напрыклад, у выпадку Літвы, якая гатова да ваеннага супрацоўніцтва з нялюбымі літоўцам палякамі ў імя найвышэйшага, дзяржаўнага інтарэсу”[44]. Беларусы заўсёды маюць клопаты з аддзяленнем сферы сімпатый і эмоцый ад сферы шырока трактуемага палітычнага інтарэсу (у тым ліку эканамічнага і ваеннага), асновай якога звычайна з’яўляецца нацыянальная або дзяржаўная свядомасць. Гэта бачна не толькі з пазіцыі саўгасных працаўнікоў, але і самога прэзідэнта А.Лукашэнкі і вядзе да інфантылізацыі важнага абшару палітычнага жыцця, кепскай арыентацыі палітыкаў ў рэчаіснасці, залежнасці ад іншых аб’ектаў палітычнай актыўнасці.

Такім чынам, можна зрабіць вывад, што будучы лёс Беларусі будзе залежаць ад дзвюх умоў. Па-першае, – ад пазіцыі саміх беларусаў, надзвычай моцна звязаных з рускасцю, зачараваных савецкім мінулым, што выяўляецца ў дамінаванні матэрыяльнай сферы жыцця (вузка зразуметай празе задавальнення штодзённых патрэб) над сфераю ідэалаў. Па-другое, не кіруючыся нацыянальнымі ідэаламі, беларусы знаходзяцца ў непрапарцыянальна вялікай ступені (нават не маюць свайго адпаведніка ў сённяшняй Еўропе) залежнымі ад знешніх сіл (лёгка ім паддаюцца). Будучыня Беларусі ў значнай ступені залежыць ад раскладу міжнародных сіл у Еўропе (сувязі Захад – Расія), а таксама ад раскладу палітычных сіл у Расіі і, у пэўнай меры, проста ад выпадку. Усё гэта з’явілася вынікам пазіцыі саміх беларусаў. Атрымаўшы фармальную незалежнасць, Беларусь не была звязана з расійскім рынкам больш моцна, чым, напрыклад, прыбалтыйскія рэспублікі. Гэтыя краіны падчас дыстанцыявання ад Расіі і правядзення рэформ мелі большы спад нацыянальнага валавага прадукту, чым Беларусь, аднак атрымалі фактычную незалежнасць. А таму неаб’ектыўная эканамічная абумоўленасць вырашыла будучыню Беларусі. Першаснай прычынай сітуацыі, у якой сёння знаходзяцца беларусы, з’яўляецца прызнаная імі самімі сістэма каштоўнасцей, якая, пэўна, яшчэ дастаткова доўга будзе вызначаць кірунак “беларускага шляху”.



[1] Больш шырока пра гэта я пішу ў адной з папярэдніх прац, гл.: Radzik R. Formowanie się narodów w Europie Środkowo-Wschodniej // Kultura i Społeczeństwo. 1993. № 4.

[2] Гл.: Советская Белоруссия. 29.02.1992 г. Цытуецца па: Овсянник С., Стрелкова Ю. Власть и общество: (Беларусь 1991–1996). Варшава – Минск, 1997. С. 27 (машынапіс).

[3] Obrębski J. Dzisiejsi ludzie Polesia // Przegląd Socjologiczny. 1936. Z. 3–4. S. 427. У гэтым самым месцы Абрэмбскі піша: “Дзяржава ў гэтай сялянскай канцэпцыі – гэта натуральны парадак свету, у якім улада і люд выконваюць свае прынцыпова адрозныя заданні і суадносіны якіх нагадваюць стасункі пана і лёкая. Улада кіруе, люд слухае. Асноўны палітычны прынцып гэтага стану – пасіўнасць люду, што абмяжоўвае яго саўдзел у жыцці дзяржавы па выкананні традыцыйных абавязкаў падданых, якія заключаюцца ў выплаце падаткаў, адбыванні вайсковай павіннасці і г.д. Паслугі люду ўлада адплачвае апекаю і пратэкцыяй, якімі той карыстаецца. Эмацыянальная барва гэтай канцэпцыі – давер да ўлады, надзеленай атрыбутамі амаль поўнай усемагутнасці і прызнанае за зычлівую для люду, хоць не заўсёды добра паінфармаваную”.

[4] Свабода. 21.05.1997 г. С. 2.

[5] Свабода. 13.08.1996 г. С. 3. Даследаванні вяліся дзеля рэпрэзентыўнай выбаркі Незалежным Інстытутам Сацыяльна-Эканамічных і Палітычных Даследаванняў (НІСЭПД).

[6] Карбалевич В. Когда мертвые держат живых // Свабода. 21.03.1997 г. С. 4.

[7] Тамсама. С. 5.

[8] Республика. 08.06.1996 г. Цытуецца па: Овсянник С., Стрелкова Ю. Власть и общество. С. 109.

[9] Гэты ж А.Лукашэнка ў адным са сваіх інтэрв’ю акрэслівае апазіцыйныя колы, звязаныя з БНФ, як нацыяналістаў, арыентаваных празаходне (пранямецкі і праамерыканскі). Ён іранізуе, ужываючы найменне “пан” у адносінах да адной, звязанай з гэтым асяроддзем асобы, гл. інтэрв’ю беларускай рэдакцыі радыё “Свабода” ў штотыднёвіку “Голас Радзімы” (11.04.1996 г. С. 4).

[10] Гл.: Mironowicz E. Dwa światy // Rzeczpospolita. 10.02.1997 r. S. 7.

[11] Engelking A. Każda nacja swoju wieru ma // Konteksty. 1996. № 3–4. S. 178.

[12] Цыганкоў В. Вясковы тупік // Свабода. 04.03.1997 г. С. 3.

[13] Гурыновіч А. “Хачу вучыцца на сваёй мове” // Свабода. 20.05.1997 г. С. 2.

[14] Свабода. 11.04.1997 г. С. 8. Даследаванні вяліся Інстытутам сацыялогіі Акадэміі навук Беларусі.

[15] Тамсама.

[16] Дубянецкі Э.С. Таямніцы народнай душы. Мінск, 1995.

[17] Пра беларусаў як пра “талерантны народ” кажа, між іншым, прэзідэнт А.Лукашэнка ў інтэрв’ю для радыё