|
БЕЛАРУСЫ
(погляд з Польшчы)
Рышард РАДЗІК
БЕЛАРУСКІ ЧАС*
Час
адчувалі людзі па-рознаму – у залежнасці ад эпохі, у якую жылі, ад культуры,
праз прызму якой сузіралі навакольны свет. Ле Гоф пісаў пра сярэднявечны час
касцёла і час купца. На цяперашні час накладаецца рэнесансавы зварот да
мінулага і асветніцкае сяганне ў будучыню, дарвінаўскі эвалюцыянізм і рытм
капіталізму. Цяперашні час – гэта таксама час нацыі, тварэння – у яго сённяшняй
форме – апошніх двух стагоддзяў, гэта абумоўлены культурай “грамадскі час”.
Ці можам мы казаць пра час камунізму? Бясспрэчна, пачуццё часу ў краінах
“былога сацыялістычнага лагера” мела сваю, абумоўленую ладам спецыфіку. Пра
гэта гаворыць прафесар археалогіі П.Урбаньчык: “Рэвалюцыя – гэта нулявы
ўзровень, завяршэнне гісторыі, будучыня мае быць зноў нязменнай, бо ўсё ўжо
завяршылася. Засталося толькі выправіць дробныя памылкі і ліквідаваць тую
закаснелую канкурэнцыю, тую рэакцыю, якая заўсёды ёсць, нягледзячы на прысуд
гісторыі. А заўтра можа быць толькі працяг сённяшніх поспехаў”.
Камуністычныя
рэаліі сказілі асветніцкае мысленне пра будучыню як пра нязменную грамадскую эвалюцыю, няўхільнае развіццё, якое адбываецца дзякуючы
актыўнасці свабодных людзей, вызваленых ад феадальных абмежаванняў, перашкод і
забабонаў. У грамадствах Захаду XIX і XX стагоддзяў, якія хутка развівалі
прамысловасць і багацелі, час рэальна ўвасабляўся ў грошы. Напачатку гэта
адчувала пераважна эліта; паступова ўсё болей і болей – народ. Дзякуючы
ўпартай, цяжкай працы, набытым ведам, здольнасцям усё часцей і часцей можна
было на працягу аднаго пакалення стаць забяспечаным чалавекам. Рэальнасць
дасягнення ўласнай заможнасці вызначала рытм грамадскай актыўнасці, працы.
Распаўсюдзілася меркаванне, што поспех асобы залежыць пераважна ад яе самой, а
таму неабходна было развіваць індывідуальнасць, усведамляць развіццё як
эвалюцыйны шлях, а не як рэвалюцыйны скачок. Рэфарматары, якія спрычыніліся да
паступовага грамадскага развіцця, былі героямі эпохі, будучыня была рэальнасцю,
што вызначала ўласныя ўчынкі, планы, мэты. Пераход ад сучаснасці да будучыні
быў плаўным, самім працэсам можна было кіраваць. Захад мысліў па Дарвіну: “У
тэорыі Дарвіна, – піша Ф.Хабер, – не было канчатковага часу, калі чалавек меўся
стаць дасканалым. Дэфініцыя дасканаласці была перафармулявана і набыла значэнне
здольнасці аптымальна прыстасоўвацца да знешніх умоў. Бег часу зрабіўся
адкрытым працэсам, што не меў акрэсленага канца. Гісторыкі запазычылі
дарвінаўскі погляд на час і гістарычны працэс, тэлеалагічны час гісторыі
саступіў месца звыкламу матэматычнаму лінеарнаму
часу. Канцэпцыі рознага роду эсхатону – такая крайнасць, як дасканаласць
чалавека – працягвалі існаваць, але гістарычная крытыка прызнала іх
спекулятыўнымі, метафізічнымі або філасофскімі і, як такія, яны былі адсунуты з
абшару сапраўдных інтарэсаў гісторыкаў”.
Крыху
інакш разумелі час у камуністычнай ідэалогіі. Будучыню акрэсліваў ідэал
камуністычнага бяскласавага грамадства. Камуністы заяўлялі, што савецкае
грамадства знаходзіцца ўжо нібыта за крок ад яго (вызначаны былі нават не
вельмі далёкія даты рэалізацыі гэтага ідэалу). Такая ідэалагічная блізкасць
канца гісторыі пагражала паслабленнем грамадскай актыўнасці. З доўгага ланцуга
фактаў, якія знітоўвалі цяпершняе з будучым, стваралі грамадскі арэол
пераўтваральнай актыўнасці, была выламана большасць звёнаў. Мазольнае
карасканне да вяршыні грамадскага дабрабыту было заменена імкненнем да
скачкападобнага пераадолення цяжкасцей (напрыклад, Кітай Мао Цзэдуна). Мысленне
гэткага тыпу займала ўзровень афіцыйнай ідэалогіі, аднак гэта не азначала, што
яно мела поўную падтрымку. Парадаксальным у самой сітуацыі было тое, што
рабіліся спробы абудзіць штодзённую актыўнасць грамадства, вызначаючы за мэту
неабходнасць эканамічна дагнаць “і перагнаць” капіталістычныя краіны.
Як у
сярэднявеччы, пры феадалізме, а ў Расіі яшчэ і ў асяродку дарэвалюцыйных сялян
XX стагоддзя найважнейшай здавалася будзённасць, будучыня ж была адно яе
простым адбіткам – затое над усім узвышаўся Бог, так у СССР асоба была
занураная ў шэрую бясконцую рэчаіснасць (“абы не было горай”) – а ў свецкай,
крыху бліжэйшай, чым Бог, прасторы панаваў поўны бяскласавы камунізм. Паміж
цяперашняй штодзённасцю і ідэалам будучага змяшчаўся абшар нязменных
(здэфармаваных) гістарычных заваёў, героямі якіх былі рэвалюцыянеры,
разбуральнікі старога ладу, асобы, якія ад пачатку будавалі зруб грамадскага
шчасця. А таму папулярызаваліся постаці экстрэмістаў, а не рэфарматараў
грамадства тыпу Пятра Сталыпіна. Прычыны гэтага трэба шукаць як у самім
марксізме, так і – можа быць, яшчэ ў большай ступені – у рэаліях царскай Расіі,
краіне беднай, моцна расслоенай і ў пэўнай ступені з усходняй палітычнай
культурай. У тых умовах працэсы пошукаў шчасця цяжка было расцягнуць на
пакаленні. Рэвалюцыя ж абяцала адразу забяспечыць яго. А таму выйгралі
рэвалюцыянеры, а не рэфарматары. Лозунг “рабуй нарабаванае” перамог у Маскве.
На Захадзе, у іншых умовах, марксізм эвалюцыянаваў у напрамку
сацыял-дэмакратыі.
Ідэалагічны
час камунізму пачаў свой адлік у СССР ад бальшавіцкай рэвалюцыі. Ранні перыяд
гэтага часу ўспрымаўся як поўная канфліктаў гісторыя, непазбежна скіраваная да
рэвалюцыі, рэалізацыі ідэалаў грамадскай справядлівасці. Часы пасля яе
нагадваюць – на грунце афіцыйнай ідэалогіі – аповесць, якая здзіўляе сваёй
аднастайнасцю і бясфарбнасцю. Самае важнае ўжо здарылася. Toe, што адбываецца,
гэта толькі ўдасканаленне здзейсненага рэвалюцыяй. Час ідзе адпаведна з
адкрытымі законамі грамадскага развіцця. Яго грамадскі змест з’яўляецца
аб’ектыўным, навуковым. Яго манатоннасць, што няўхільна вядзе да рэалізацыі
ідэалу ўсеагульнага шчасця, замацавана дэкрэтамі. Відавочна, што гэты вобраз у
рознай ступені ўкараніўся ў асобных грамадствах. Наймацней там, дзе слаба
адчувалася сучаснасць. Мацней у Беларусі, слабей у Польшчы і Чэхіі. Чаму так
здарылася? Цяперашні час – гэта час мешчаніна і капіталіста, эліты і сярэдняга
класа, а таксама час нацыі, якая, – як лічыць Л.Грынфілд, – з’яўляецца
“асноўным элементам мадэрнізацыі”.
Нацыя – гэта супольнасць, не толькі скіраваная ў сучаснасць, але і моцна
ўкаранёная ў мінулым. Характарызуюць яе асобы актыўныя, арыентаваныя на
будучыню, якія імкнуцца да пастаяннай перабудовы і перафармавання ўласнай
супольнасці, мадэрнізацыі яе. “Нацыянальная свядомасць – гэта ўсеагульнае
самасузіранне ў часе, гэта свядомасць часу або свядомасць гісторыі”.
Сялянскія масы часоў феадалізму мыслілі катэгорыямі, характэрнымі для этнічных
грамадстваў: жылі сённяшнім днём як адлюстраваннем мінулага. У параўнанні з
нацыянальнымі супольнасцямі яны былі менш актыўнымі, больш фаталістычнымі, менш
суб’ектыўнымі, мелі менш развітую індывідуалістычную сферу. Спрашчаючы, можна
сцвярджаць, што этнічная свядомасць – гэта свядомасць пазагістарычная,
свядомасць з вельмі слаба развітай перспектывай часу[6].
Беларусы
ўваходзілі ў паслярэвалюцыйны сацыялізм як грамадства сялянскае, нацыянальна
несвядомае, практычна пазбаўленае ўласнага мяшчанства, а таксама эліты (калі не
ўлічваць невялікую групу інтэлігенцыі). А між тым у Цэнтральна-Усходняй Еўропе
ўласна інтэлігенцкая эліта была грамадска актыўным элементам, які дынамізаваў
пачуццё часу. У Расіі разрыў паміж актыўнасцю эліты і пасіўнасцю люду быў
заўсёды большым, чым на Захадзе. Адной з прычын гэтай з’явы была слабасць
мяшчанства ў нашай частцы кантынента, розніца ў суадносінах паміж уладай і
падуладнымі, дзяржавай і грамадствам. Пасля ўпадку Рэчы Паспалітай гэта
абумоўленасць была перанесена на беларускую глебу расійцамі. Беларусы прыносілі
ў гарады, якія разрасталіся нечакана хутка, сялянскую ментальнасць, этнічнае
пачуццё часу. Замест нацыянальных вартасцей яны прымалі ідэалогію новага ладу.
Часу камуністычнай ідэалогіі спадарожнічаў штодзённы рытм вялікіх будоўляў
сацыялізму. Вялікая грамадская ажыўленасць першых дзесяцігоддзяў пасля
рэвалюцыі паступова, але выразна слабела. Узмацнілася перакананне, што поспех
асобы вырашаюць іншыя: калектыў, дзяржава, гістарычныя завірухі, заняпад
чарговай партыі ўлады, рэвалюцыя. Вярнулася манатоннасць рэканструяванай
штодзённасці, перакананне, што набыць значнае багацце з дапамогай уласнай
цяжкай і сумленнай працы немагчыма. Эгалітарыстычная ідэалогія ўзмацніла
перакананне, што нельга ўзвышацца над іншымі. “Савецкаму чалавеку” не выпадала
выскокваць уперад, “высоўвацца з шэрагу”.
Для
моцна заглыбленай у супольнасці асобы, акружанай нявольніцкай ідэалогіяй,
гібеючай у маразме эканамічнага застою, час рухаўся павольна. З’явілася
пачуццё, што час асобы спыніўся (як гэта было ў сялянскай перадрэвалюцыйнай
абшчыне), што рухаецца ён толькі ў навінах тэлебачання. Ідэалогія не
санкцыянавала прыватнага часу для развіцця асобы. Жылі сённяшнім днём, тут і
зараз. Гэта адрознівала і цяпер адрознівае беларусаў ад палякаў, чэхаў, венграў,
час якіх насычаны катэгорыямі нацыянальнага мыслення, якому спадарожнічае
моцная гістрычная свядомасць, актыўнасць элітаў, якія жывуць паводле традыцый.
У значнай ступені гэтак было і ў Расіі, але толькі на ўзроўні эліты, а не
народа. У Беларусі час новай ідэалогіі не напаткаў такіх перашкодаў.
Амерыканцаў
характарызуе вельмі слаба акрэсленая арыентацыя на мінуўшчыну, больш выразная –
на сучаснасць і вельмі моцная накіраванасць на будучыню, на відазмяненне свету
(і найперш свайго акружэння).
Маладыя амерыканцы ўкладваюць значна больш сіл у планаванне свайго жыцця, чым
палякі, якія ў апошнія гады спрабуюць выпрацаваць у сабе такія ж якасці. У сваю
чаргу беларусы прысвячаюць гэтаму значна менш увагі, чым палякі. Яны меншыя
індывідуалісты, іх жыццё ў большай ступені залежыць ад дзяржавы, “улады”,
калектыву; ім значна цяжэй дасягнуць намечанага, адсюль і больш слабая
матывацыя актыўных дзеянняў, якія вядуць да яго здзяйснення.
Многае
паказвае на тое, што пачуццё часу ва ўсходнеславянскіх праваслаўных грамадствах
крыху іншае, чым у краінах лацінскага Захаду. Час ідзе на калектывісцкім
Усходзе больш павольна, чым на лацінскім і асабліва пратэстанцкім
індывідуалістычным і мяшчанскім Захадзе. Гэта схіляе людзей Усходу да больш
уважлівага і глыбокага самапаглыблення. Праваслаўе больш заглыбленае ў народную
культуру, яно грунтуецца на вусным пераказе, які ўзмацняе традыцыю, пастаянна
яе абнаўляючы. Культура Захаду часцей выкарыстоўвае прамежкавыя сродкі
пераказу, пісьмо, яна больш крытычная да традыцыі, але сягае глыбей у гісторыю.
Яна менш міфатворчая і сакральная.
Далёкая гісторыя менш значная для рускіх, а пад іх уплывам – і для беларусаў,
прычым, яшчэ ў большай ступені, чым для палякаў. Такое стаўленне ўзмацняюць
перыядычныя змены ў інтэрпрэтацыі мінуўшчыны. На Усходзе гісторыю тварыла
ўлада, дзяржава, цар або генеральны сакратар. Народ выступаў аб’ектам, а не
суб’ектам гісторыі даўжэй і ў больш высокай ступені, чым на Захадзе. Гісторыкі
ў Беларусі – гэта група элітарных эскапістаў. Для іх самае галоўнае – выжыць.
Toe, што перажыла асоба, з’яўляецца ў значнай ступені эмацыянальна ўспрынятым
наборам фактаў. Яна ўся ў клопатах пра сучаснасць (гэта заўважаецца нават па
занядбанні старых магіл, з’яве ўласцівай даўняй польскай вёсцы, што з’яўляецца
характэрнай рысай этнічнага пачуцця часу). Цяжкая рэчаіснасць штодзённага жыцця
цісне на сучаснасць так моцна, што захісталася раўнавага (характэрная рыса для
новага пачуцця часу) паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй.
Гістарычны
час
моцна сціснуты; падзеі дарэвалюцыйнага часу быццам схаваны за мглой, гэта час
войн, бедстваў, класавых сутычак, упартай барацьбы народа ў імя перамогі над
“класамі эксплуататараў”. Ідэалагічны час “залатога веку” – гэта сем
дзесяцігоддзяў сацыялізму. Гістарычны час асобы на прыватным узроўні – гэта час
яе пакалення. “Залаты век” для сярэдняга беларуса – гэта дагарбачоўская эпоха:
гады грамадскага спакою, стабільнай і рытмічнай працы і заробку, які
задавальняў неабходны мінімум жыццёвых патрэб. Гэта і час парадку ў грамадстве,
сталасці ўлады, ідэалогіі, а найперш – сферы вартасцей, якая гарантавала асобе
мінімум пачуцця бяспекі і сэнсоўнасці існавання. Нацыянальны час агульны для
большай часткі грамадства. Гісторыка-палітычную прастору беларусаў наогул
займаюць замежныя аўтарытэты, у большасці сваёй звязаныя з савецка-расійскім
светам культуры і ўлады. У выніку праведзеных у траўні і чэрвені 1996 года
сацыялагічных даследаванняў выявілася, што для беларусаў сярод вядомых
гістарычных асоб найбліжэй да ідэалу палітыка былі – у двух асобных узроставых катэгорыях:
да 30-ці гадоў і пасля 50-ці (у дужках) – адпаведна: Пётр І – 1 месца (6
месца), Пётр Машэраў (Першы сакратар ЦК КПБ у 1965–1980 гадах) – 2 (1),
Маргарэт Тэтчэр – 3 (8), Джон Кенэдзі – 4 (9), Пётр Сталыпін – 5 (7), Уладзімір
Ленін – 6 (3), Леанід Брэжнеў – 7 (2), Юрый Андропаў – 8 (5) і Іосіф Сталін – 9
(4).
Як бачым, у параўнанні са старэйшым пакаленнем моладзь больш цэніць М.Тэтчэр,
Дж.Кенэдзі, П.Сталыпіна, але перадусім – Пятра І. Адзіны беларус у гэтым
пераліку – відны савецкі партыйны дзеяч П.Машэраў. Праўда, яшчэ ў адной
абследаванай групе мы знойдзем і іншую постаць з беларускай гісторыі. Сярод
рэспандэнтаў, якія прадстаўлялі гарадское насельніцтва, 8–9 месца заняў Кастусь
Каліноўскі (разам з У.Леніным),
а цалкам у грамадстве не перавысіў 10,0 % галасоў.).
У
значнай ступені не рэалізавалася і спроба першай паловы 1990-х гадоў аднесці
час святаў (святочны час) – у яго савецкім разуменні – да больш далёкага
мінулага (а таксама падкрэсліць рэлігійную скіраванасць святаў) і выйсці за
межы савецкага свету. Грамадства амаль не падтрымала яе. Прэзідэнтам
А.Лукашэнкам былі адменены – як дзяржаўныя святы – Вялікдзень, Дзень
Канстытуцыі (прынятай з набыццём Беларуссю незалежнасці) і Дзяды. Непрацоўнымі
днямі засталіся: 8 сакавіка, Дзень Перамогі (9 мая), 1 Мая, Дзень Рэспублікі
(калісьці – Незалежнасці: з часоў С.Шушкевіча гэтая дата была прывязана да
набыцця Беларуссю ў 1991 годзе незалежнасці, а зараз гэта беларускі адпаведнік
нашага 22 ліпеня), Радаўніца, Новы Год, Каляды і Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Гэта або святы, што засталіся ад часоў СССР, або святы праваслаўныя – адным
словам, тыя, якія калісьці былі агульнымі для беларусаў і расіян. І наогул мала
святаў уласных (савецкіх і несавецкіх) – беларускіх.
У
Беларусі савецкі час наслаіўся на час этнічны. Чым ніжэйшая адукацыя людзей,
тым больш укаранёны ў іх гэты тып ментальнасці. Самую слабую падтрымку мае
Аляксандр Лукашэнка сярод эліты, людзей з вышэйшай адукацыяй (нацыянальна
свядомых прыхільнікаў Беларускага Народнага Фронта, студэнцкай моладзі),
найбольшую – у вёсцы.
Народ не галасуе за прэзідэнта-рэфарматара, няма запатрабаванасці ў кіраўніку,
які паступова рэфармаваў бы краіну, змушаючы масы да самаахвяравання, і
захоўваў пры гэтым дэмакратычныя прынцыпы кіравання. Знявераныя людзі цешацца,
што “магло быць горай” і маюць невялікую надзею, што на гарызонце іх чакае
лепшая будучыня. Яе рэалізацыя, як яны лічаць, знаходзіцца па-за іх асабістымі
магчымасцямі. Гэта можа здарыцца ў выніку аб’яднання з Расіяй або смелых
дзеянняў харызматычнага кіраўніка.
Адначасова
варта падкрэсліць, што беларусы сёння значна больш дыферэнцыяваныя – у
параўнанні з 1980-мі гадамі – у сваіх адносінах да навакольнага свету,
гісторыі, і самога часу. Паглыбленае ў сучаснасць грамадства пастаянна
звяртаецца да Другой сусветнай вайны на ўзроўні старэйшага пакалення не толькі
як да галоўнай гістарычнай падзеі іх жыцця, але таксама як да збору
эмацыянальна перажытых фактаў, ідэалагічная надбудова якіх акрэсліла іх шкалу
вартасцей, месца ў грамадстве, надала сэнс іх біяграфіям. Гісторыя для
большасці беларусаў – гэта міфалагізаваны замкнёны збор падзей, якія адчуваюцца
цяпер дастаткова слаба. Гэта агульная і індывідуальная памяць пра перамогу над
фашыстамі і агульнае бяспамяцтва пра мільёны ахвяраў Савецкай улады (напрыклад,
Курапаты). Для большай часткі грамадства, асабліва для тых, хто не ведае свету,
кепска адукаваных “homo sovieticus”, а таксама для сярэдняга пакалення
апаратчыкаў будучае бачыцца як лепшае ўзнаўленне савецкай, дастаткова блізкай
мінуўшчыны. Інакш разумее час усё большая і большая колькасць студэнцкай
моладзі, жыхароў горада, маладых людзей і добра адукаваных (тых, што вывучаюць
свет) інтэлектуалаў, навукоўцаў, прадстаўнікоў бізнесу, якія звяртаюцца да ідэі
сучаснай нацыі альбо – што не супярэчыць апошняму – ідэі дэмакратычнай
дзяржавы, якая забяспечвае сваім грамадзянам правы і вольнасці заходняга тыпу.
Будучыню яны бачаць як істотную і пастаянную мадэрнізацыю сучаснасці, змену
ранейшых катэгорый мыслення і побыту. Нацыянальныя прыхільнікі БНФ звяртаюцца
да мінуўшчыны як да доўгага ланцуга падзей, што сягае ў далёкія стагоддзі.
Лінеарнасць часу і яго актыўнае вымярэнне тут выразна пазначаны. Гэтыя два
ўяўленні аб часе супрацьстаяць адзін аднаму ў сённяшнім беларускім грамадстве.
У
польскім грамадстве, да нядаўняга часу ў асноўным сялянскім, з бракам
мяшчанскай традыцыі, пачуццё часу актывізавалася пры дапамозе нацыянальнага
мыслення, імкнення да аднанацыянальнай эгалітарысцкай (актыўнай)
шляхецка-інтэлігенцкай традыцыі. Затое беларусы пасля бальшавіцкага перавароту
адарваліся ад эліты (ці гэта зрабілі з імі рускія). Яны не ўключылі ў сваю
культуру – у адрозненне ад палякаў і расійцаў – элітарнае разуменне свету (у
тым ліку і панадэтнічнага пачуцця часу). Палякі перажылі час Польскай Народнай
Рэспублікі, звярнуўшыся да актыўнай палітычнай традыцыі шляхты, стваральнікаў
дзяржавы, якая стала фундаментальнай асновай польскай гістарычнай свядомасці.
Палітычны час колішняй
шляхецкай эліты бег хутка; яго спарадзілі шляхецкія вольнасці, пачуццё
незалежнасці (уласнай вартасці), даступнасць улады і магчымасць кіраваць сваёй
краінай. Гэты час заставаўся часткай польскай нацыянальнай традыцыі, ён
адлюстраваўся ў ментальнасці палякаў, што праявілася ў палітычных падзеях
перыяду Польскай Народнай Рэспублікі. Гэта традыцыя была адвергнута беларусамі:
пад уплывам расійцаў на змену ёй прыйшлі савецкія вартасці і халопская пакора,
імкненне аказацца ў свеце палітыкі, які традыцыйна належыць “іншым”.
Сёння
большая частка беларусаў стаіць на пазіцыі, характэрнай для закрытага грамадства,
скіраванай на тут і цяпер, засяроджанай на існаванні ў межах
прыватнай уласнасці. Яны, пасіўныя, пакорлівыя, пазбягаюць актыўнасці дзеля
штодзённых, сямейных спраў. Гэтыя ж рысы былі характэрны і для польскага
грамадства часоў Польскай Народнай Рэспублікі.
У 1990-х гадах яны выразна паслаблі (але не ва ўсіх групах насельніцтва). Для
беларускага грамадства магчымасць яго поўнага самавызначэння выклікала
адваротную з’яву – распаўсюджанне падобнага тыпу падыходаў да праблемы.
Разуменне
часу ў яго кароткай тэмпаральнай перспектыве, адлюстраванне гэтага разумення ў
прыватнай сферы праз ухіленне ад актыўнага (прынятага на ўзроўні асобы) ўдзелу
ў грамадскіх (палітычных, гаспадарчых…), а найперш – нацыянальных пераменах,
якія патрабуюць прыватных і агульных намаганняў і дасведчанасці кожнага – усё
гэта ўскладняе выйсце з крызісу, у якім зараз знаходзяцца беларусы. Да таго ж,
прыніжаючы іх як грамадскае адзінства, гэтыя фактары рэгіяналізуюць Беларусь,
падпарадкоўваюць Расіі і нацыянальным інтарэсам яе эліт. Калі палякі ў ХІХ і ХХ
стагоддзях пераносілі на ўсходнія землі былой Рэчы Паспалітай нацыянальныя
каштоўнасці, а потым у нацыянальным плане актывізавалі беларусаў (тым самым
паланізавалі), адначасова змагаючыся з імі як з канкурэнтамі, то расійцы
падпарадкоўвалі Беларусь, рэгіяналізавалі, прыніжалі яе да ўзроўню
этнагрфічнага (плебейскага) фармавання, а грамадскай актыўнасцю кіравалі на
класавым узроўні. Беларусаў і ўкраінцаў русіфікавалі на ўзроўні масавай
культуры, але не нацыянальна, пазбавіўшы іх такім чынам сучасных форм
грамадскага выражэння. Сваю ролю адыграла ў гэтым і залежная ад маскоўскай
улады Царква, не здольная да нацыянальнага сепаратызму. Ускладняла працэс і
праўсходняе разуменне Масквой сутнасці ўлады і адносін паміж кіраўнікамі і
падначаленымі, уладай і асобай, грамадствам. У Маскве з яе элітарыстычнымі
традыцыямі (і ў іх нацыянальным разуменні таксама) час бег хутка, але значна
больш павольна цягнуўся ён у залежнай ад яе правінцыі.
Безумоўна, самавызначэнню
Беларусі, а разам з ім і прыспешванню рытму бягучага часу, будзе спрыяць
далучэнне Беларусі да традыцыі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, а
таксама зварот да Захаду і выпрацаваных там форм палітыкі (адносіны да ўлады,
права) і гаспадарання. Павінна садзейнічаць гэтаму і пашырэнне ідэнтыфікацыйнай
сферы (асабліва ў дачыненні да нацыянальнай самаідэнтычнасці) беларусаў,
развіццё элітарыстычных праяў, атрыманне шанцаў на легальнае ўзбагачэнне тымі,
хто вызначаецца прафесійнай актыўнасцю. Час купца і мешчаніна, час нацыі – гэта
паняцці, чужыя для большай часткі беларусаў. Так быць не павінна. Нягледзячы ні
на што, беларускі час не стаіць на месцы. І ад саміх беларусаў залежыць, які
рытм яму надаць.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|