|
АД АЎТАРА
Гэтая кніга складаецца з артыкулаў, напісаных у другой палове 1990-х гадоў (гл. бібліяграфію). Большая частка з іх прысвечана сённяшняй Беларусі, але некаторыя вельмі цесна звязаны і з гісторыяй.
Мая зацікаўленасць Беларуссю бярэ пачатак у 1980-х гадах. Я шмат гадоў даследаваў працэс фармавання сучаснай беларускасці ХХ стагоддзя. Вынікам гэтага стала кніга “Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową: (Białorusini na tle przemian narodowych w Europie Środkowo-Wschodniej XIX stulecia)” (Люблін 2000). Вывучаючы гісторыю, а з канца 1980-х гадоў і рэгулярна наведваючы Беларусь, я не мог – асабліва пасля набыцця ёю незалежнасці – заставацца абыякавым да яе сучаснасці. Як сацыёлаг, я з вялікай цікавасцю сачыў за грамадскімі працэсамі, што адбываліся на Беларусі, і для мяне ўсё больш відавочнай станавілася іх адметнасць у параўнанні са з’явамі, якія мелі месца ў Прыбалтыцы, Польшчы, Чэхіі ці ў Венгрыі.
Мне часта даводзілася адказваць на пытанні палякаў і тлумачыць ім спецыфіку працэсаў у беларускім грамадстве, пісаць артыкулы ў навуковыя і навукова-папулярныя часопісы, газеты, рэагуючы такім чынам на выраслую цікаўнасць польскага чытача да сучаснай Беларусі. Шмат артыкулаў з’явілася па ініцыятыве саміх беларусаў, якія запрашалі мяне на навуковыя канферэнцыі, дзе інфармацыя гучала ў форме дакладаў. Некаторыя з’яўляліся адказамі на палеміку з маімі беларускімі калегамі. У гэтай невялікай па аб’ёме працы змешчана толькі частка са згаданых тэкстаў (не ўвайшоў у яе, напрыклад, цэлы раздзел, прысвечаны польска-беларускім стэрэатыпам і ўзаемнай культурнай камунікацыі). Рэч у тым, што я часцей адказваю на пытанне чаму?, а не як?
За час шматгадовых даследаванняў беларускай праблематыкі я пазнаёміўся са многімі беларусамі. Некаторыя з іх сталі мне блізкімі людзьмі, людзьмі, якіх я цаню і шаную. Я з сімпатыяй стаўлюся да Беларусі і беларусаў, аднак імкнуся пісаць пра суседнюю краіну і пра яе грамадства аб’ектыўна, без прыхарошвання, бо грунтуюся на прынцыпе, што праўда – нават калі яна нямілая – можа прывесці да роздуму і дзеяння, ідэалізацыя ж рэчаіснасці заспакойвае, робіць нас задаволенымі і ў выніку гэтага пасіўнымі.
Звонку можна ўбачыць іначай, часам больш, але, на жаль, не ўсё і не заўсёды дакладна. І зразумела, тут нельга пазбегнуць памылак. На адны і тыя ж праблемы палякі і беларусы нярэдка глядзяць па-рознаму. Магчыма, мой польскі пункт погляду (а я не прэтэндую на дасканаласць і канчатковасць зробленых мною высноў) – зацікавіць каго-небудзь з беларусаў. Спадзяюся, што як і ў выпадку з палякамі, якія чытаюць працы аб сабе, напісаныя англічанамі ці французамі, мая кніга падштурхне і беларусаў – нягледзячы на пратэст супраць некаторых выказаных у ёй думак – да больш глыбокага разумення таго, што і гэтак можна бачыць Беларусь, беларусаў і беларускасць.
Як паляк, я зацікаўлены, каб нашы ўсходнія суседзі-беларусы пабудавалі моцную, багатую і дэмакратычную краіну, якая б мела добрыя адносіны і з Польшчай, і з усёй Еўропай. Гэта ў інтарэсах Польшчы. Думаю, што і ў інтарэсах Беларусі.
Люблін, верасень 2002 г.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|