|
ЛІТАНІЯ ПІЛІГРЫМСКАЯ
Kurie leyson. Chryste eleyson.
Божа, Ойча, які вывеў народ Твой з няволі
ягіпецкай і вярнуў да Зямлі Святой.
Вярні нас да Айчыны нашай.
Сыне Збавіцелю, які закатаваны і ўкры-
жаваны паўстаў з мёртвых, і пануеш у хвале,
Збудзі з мёртвых Айчыну нашу.
Маці Божая, якую бацькі нашы назвалі ка-
ралевай Польшчы і Літвы,
Збаў Польшчу і Літву.
Святы Станіславе, апякун Польшчы,
Маліся з намі.
Святы Казімір, апякун Літвы,
Маліся з намі.
Святы Язафаце, апякун Русі,
Маліся з намі.
Усе святыя апекуны Рэспублікі нашай,
Маліцеся з намі.
Ад няволі маскоўскай, аўстрыйскай і прускай,
Уратуй нас, Госпадзі.
Праз пакутніцтва трыццаці тысяч рыцараў
барскіх, палеглых за Веру і Вольнасць,
Уратуй нас, Госпадзі.
Праз пакутніцтва дваццаці тысяч жыхароў
Прагі, выразаных за Веру і Вольнасць,
Уратуй нас, Госпадзі.
Праз пакутніцтва юнакоў Літвы, забі-
тых кіямі, памёрлых у шахтах і ў выгнанні,
Уратуй нас, Госпадзі.
Праз пакутніцтва жыхароў Ашмян, вы-
разаных у храмах Божых і дамах,
Уратуй нас, Госпадзі.
Праз пакутніцтва жалнераў, забітых у
Фішау прусакамі.
Уратуй нас, Госпадзі.
Праз пакутніцтва жалнераў, забітых бізунамі ў
Крандштаце маскалямі,
Уратуй нас, Госпадзі.
Праз кроў усіх жалнераў, што паляглі ў
вайне за Веру і Вольнасць,
Уратуй нас, Госпадзі.
Праз раны, слёзы і пакуты ўсіх няволь-
нікаў, выгнанцаў і пілігрымаў польскіх,
Уратуй нас, Госпадзі.
Аб вайне агульнай за вольнасць народаў,
Просім Цябе, Госпадзі.
Аб зброі і арлах народных,
Просім Цябе, Госпадзі.
Аб смерці шчаслівай на полі бітвы,
Просім Цябе, Госпадзі.
Аб труне для касцей нашых у зямлі нашай,
Просім Цябе, Госпадзі.
Аб незалежнасці, непадзельнасці і вольнасці Айчыны нашай,
Просім Цябе, Госпадзі.
У імя Айца, і Сына, і Духа Святога.
Амэн.
Адам Міцкевіч
«Кніга польскага пілігрымства»
УВОДЗІНЫ
Гісторыя станаўлення і развіцця новай беларускай літаратуры мае шэраг адметных асаблівасцей, што дазваляе лічыць яе ўзорнай мадэлью, якая дае магчымасці выявіць агульныя заканамернасці развіцця нацыянальнай літаратуры з фальклору і міфа.
Гістарычны лёс беларускага народа склаўся такім чынам, што не маючы ўласнай дзяржаўнасці, у пачатку XIX ст. ён уяўляў сабой яскравы ўзор «мужыцкай нацыі» [91, 7]. 3 аднаго боку гэта азначала амаль поўную адсутнасць традыцыі дзяржаўнага будаўніцтва і вельмі слаба акрэсленую нацыянальную свядомасць, а з другога – амаль бесперашкоднае функцыянаванне архаічных форм народнага самавыяўлення.
Гэтыя акалічнасці абумовілі як асаблівасці новай беларускай літаратуры, якая ўзнікла на хвалі еўрапейскага рэвалюцыйнага руху, так і наш інтарэс менавіта да гэтага перыяду яе развіцця. Надзённая патрэба асэнсаваць месца і прызначэнне беларусаў у свеце для новай беларускай літаратуры выявілася ў яе актыўным звароце да нацыянальнага фальклору і міфалогіi. Па вызначэнню В. Каваленкі, з прычыны велізарнага значэння міфа ў жыцці народа «міф у такой ступені цесна звязаны з народнай свядомасцю, што ён у якасці ўстарэлай з’явы ў жыццёвых уяўленнях з поспехам жывіў дух цэлых тысячагоддзяў, то зварот літаратуры да культурных каштоўнасцей міфалагічнай творчасці абазначае сабой увагу да глабальных тыповых рыс народнага светапогляду» [64, 229]. У той ступені, у якой «міфалагізм – пачатак народнай свядомасці» [64, 227], нацыянальны міф – пачатак свядомасці нацыянальнай.
Творчасць пачынальнікаў беларускага прыгожага пісьменства Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча перш за ўсё i была звернута на рэканструкцыю, а, часам, і на стварэнне Нацыянальнага Міфа, нацыянальнай ідэалогіі. Прычым, «чым вышэй падымаецца літаратура ў адлюстраванні нацыянальнай свядомасці, тым далей назад «вяртаецца» яна ў імкненні ўлавіць старажытныя вытокі духоўнага жыцця народа» [64, 226], да «пачаткаў самога быцця народа» [64, 227].
Любая нацыянальная ідэалогія выступае плёнам інтэрпрэтацыі нацыянальнай гісторыі масавай міфалагізаванай свядомасцю. У адрозненне ад гiстарычнай свядомасці, якая арганізуе гістарычныя падзеі ў адзіны прычынна-выніковы шэраг, дзе падзеі мінулага прадстаюць як вынік ранейшых падзей, міфалагічная свядомасць суадносіць падзеі мінулага з нейкім першапачатковым, зыходным становішчам, якое перыядычна павінна ўзнаўляцца, бо ўяўляе сабой сакральны нацыянальны Пачатак. Акрамя таго, прычыны, якія выклікаюць развіццё падзей для міфалагізаванай свядомасці з’яўляюцца пазачасовымі і нязменнымі. Дакладнае вызначэнне і фармуліроўка гэтых прычын для нацыянальнай міфалагізаванай свядомасці з’яўляюцца першачарговай умовай паспяховага функцыянавання нацыянальнай дзяржавы.
Асэнсвванне твораў Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, у якіх міфалагізуецца нацыянальная гісторыя беларускага народа, дазваляе даследчыку звярнуць «аналітычную думку да мінулага і стварыць важны ракурс ацэнкі, які павінен абавязкова ўлічвацца пры разглядзе літаратурных з’яў» [64, 214].
Пачатак вывучэнню беларускага фальклора быў пакладзены руплівымі намаганнямі А. Афанасьева [9; 10; 11], Д. Багдановіча [14], А. Кіркора [47], М. Нікіфароўскага [122], Д. Сержпутоўскага [139], П. Шэйна [180] і інш. I хоць у большасці сваёй іх працы мелі апісальны характар, навуковае значэнне іх сёння не выклікае ніякага сумнення. Больш за тое, саму іх апісальнасць можна аднесці да станоўчых рыс, бо мінімальная інтэрпрэтацыя даследчыкам фальклорнага тэксту звяла да мінімуму рызыку магчымых скажэнняў. Лагічным працягам гэтых намаганняў стала выданне АН Беларусі шматтомнай сістэматызаванай па жанрах «Бібліятэкі народнай творчасці». Сярод падобных высілкаў апошняга часу мы можам вызначыць даследаванні цэнтру этнакасмалогіі «Крыўя». У артыкулах Г. Даўгяла [38], А. Дзярновіча і А. Квяткоўскай [39], Ю. Драздова [40], Э. Зайкоўскага [48, 49], Ул. Лобача [89], I. Мячыкавай [117], С. Санько [137] i інш. робіцца спроба асэнсаваць прыватныя праблемы вывучэння як індаеўрапейскай, так і біблейскай міфалагічных традыцый у кантэксце рытуалу.
Папярэднія працы фалькларыстаў у многім перадвыэначылі з’яўленне літаратуразнаўчых даследаванняў, у якіх разглядаліся як тэарэтычныя аспекты ўзаемадзеяння фальклору і літаратуры (Н. Гілевіч [34], У. Конан [76], А. Фядосік [166], А. Яскевіч [195]), так і канкрэтна-гістарычныя аспекты гэтай праблемы ў дачыненні да беларускай літаратуры наогул (М. Грынчык [35], У. Казбярук [67], У. Казлоў [70], І. Навуменка [118], Т. Чабан [172], I. Чыгрын [175]) і беларускай літаратуры XIX ст. у прыватнасці: П. Ахрыменка [12; 13], М. Грынчык [36; 37], У. Мархель [106; 107; 109], І. Чыгрын [176], I. Штэйнер [181]. Прынцыповай асаблівасцю міфа з’ўляецца яго сінкрэтызм – знітаванасць мастацкага i аналітычнага, апавядальнага і рытуальнага. Само ўзнікненне фальклора стала вынікам дэсакралізацыі міфа, калі была разарвана сувязь падання з рытуальным жыццём грамадства, калі міф страціў сваю актуальнасць сацыяльнага рэгулятара жыцця людзей. Апавядальны кампанент міфа ператварыўся ў фальклор. 3 гэтай прычыны даследаванне фальклорных уплываў на літаратуру часта заключалася ў вылучэнні ў мастацкім тэксце фальклорных сюжэтаў, матываў, вобразаў, тропікi і іх інтэрпрэтацыі ў кантэксце аналізуемых твораў.
Якасна новым узроўнем асэнсавання ўзаемадэеяння міфа і літаратуры з’явіўся артыкул «Міф і беларуская літаратура: Да пастаноўкі праблемы» [64] і манаграфія «Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры» [63] В. Каваленкі. У гэтых працах аналізуецца не толькі функцыянаванне ў беларускай літаратуры асобных міфалагем, аднак і некаторыя структурныя прынцыпы міфалагізавання ў літаратуры. Сярод прац, якія развіваюць гэты накірунак у беларускім літаратуразнаўстве мы можам адзначыць даследаваниі В. Максімовіча [102] і Т. Шамякiнай [178; 179].
Для нас асаблівую цікавасць уяўляе раздзел манаграфіi, В. Каваленкі «Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры» «Сацыяльны міф і літаратура» [63, 38-55], дзе вызначаюцца заканамернасці сацыяльнай міфатворчасці ў літаратуры і яе амбівалентная прырода. Засноўваючыся на агульных палажэннях, выказаных В. Каваленкам, мы імкнуліся вызначыць сутнасць працэсу сакралізацыі дзяржавы-Радзімы як грамадскага інстытута ў літаратуры Беларусі першай паловы XIX ст., дзе пад сакралізацыяй канцэпта дзяржавы-Радзімы мы разумелі ўключэнне яго ў сферу культавага пакланення, якое вызначаецца логікай і структурай рытуалу.
Калі весці размову аб гісторыі беларускай літаратуры XIX ст., немагчыма абысці ўвагай шэраг даследаванняў, выкананых у плане гістарычнага апісання і кампаратывістыкі, якія шырока аналізуюць з’явы літаратурнага працэсу Беларусі XIX ст. і вызначаюць яго заканамернасці. Тут нашу ўвагу прыцягнулі працы В. Барысенкі [19], І. Баса [21], В. Каваленкі [61; 62; 65], У. Казберука [68; 69], Г. Кісялёва [73; 74; 75], М. Лазарука [82; 83], М. Ларчанкі [85; 86], А. Лойкі [90; 92], С. Майхровіча [100; 101], А. Мальдзіса [103; 104], У. Мархеля [106: 107; 108], І. Навуменкі [119; 120], Н. Перкіна [92; 125], М. Хаўстовіча [168], К. Цвіркі [170; 171], Я. Янушкевіча [185].
У гэтым жа кантэксце неабходна адзначыць таксама працу Г. Кiсялева «Ад Чачота да Багушэвіча. Праблемы крыніцазнаўства і атрыбуцыі беларускай літаратуры XIX ст.» [72], дзе сістэматызаваны і ахарактарызаваны асноўныя крыніцы па гісторыі беларускай літаратуры XIX ст., вызначаны iх тыпы і катэгорыі, метады вывучэння i выкарыстання.
Вялікую карысць прынеслі нам даследаванні В. Чамярыцкім [173] і М. Улашчыкам [161] праблем беларуска-літоўскага летапісання, бо, па-першае, менавіта беларуска-літоўскія летапісы сталі крыніцай натхнення для многіх беларускіх пісьменнікаў XIX ст., а, па-другое. самі летапісы ўяўляюць сабой выдатны ўзор асэнсавання гістарычных падзей міфалагізаванай аўтарскай свядомасцю.
У замежнай навуцы пастаноўка агульных пытанняў вывучэння рытуалу, калі ён даследаваўся як у генетычным, так і ў тыпалагічным планах, была ажыццяўлёна ў працах Э. Тайлара [145], Дж. Фрэзера [164; 165]; В. Тэрнера [160]; М. Эліаду [183; 184; 193]; Г. Булашава [28]; А. Пацябні [127]; В. Пропа [129; 130; 131; 132]; У. Топарава [156]; А. Байбурына [16; 17]. Сутнасць найбольш значных тэорый міфа, уключаючы і рытуальна-міфалагічнае літаратуразнаўства, прыводзіць Я. Меляцінскі [113]. Там жа ён вызначае некаторыя заканамернасці пераходу ад міфа да літаратуры i асноўныя асаблівасці паэтыкі міфалагізавання ў літаратуры XX ст.
Адзінай вядомай нам спробай асэнсавання працэсу сакралізацыі ва ўсёй яго паўнаце з’яўляецца даследаванне У. Жывава і Б. Успенскага «Цар i Бог. Семіятычныя аспекты сакралізацыі манарха ў Расіі» [46]. Аднак у дадзеным выпадку, працэс cакралізацыі дзяржаўнай улады асэнсоўваецца ў даволі шырокім культурным кантэксце, дзе лiтаратурна-мастацкія тэксты выкарыстоўваюцца толькі ў якаcці аднаго з кампанентаў аналізуемага матэрыялу.
Ва ўласна літаратуразнаўчых даследаваннях пачатак асэнсаванню мастацкага тэксту з пункта гледжання рытуалу паклалі прыхільнікі рытуальна-міфалагічнай крытыкі (Ф. Рэглан, Э. Хайман, Н. Фрай), якія паядналі рытуальна-міфалагічныя накірункі ў вывучэнні архаічных культур з палажэннямі аналітычнай псіхалогіі К. Г. Юнга і разглядалі рытуальна-міфалагічныя мадэлі не як крыніцу паэтычнай фантазіі, а як яе структуру. Побач з даследаваннем Ю. М. Лотманам творчасці Гогаля [99] ў шэрагу падобнага плану прац апошняга часу мы можам вызначыць даследаванні У. Топаравым творчасці Гогаля [147], Дастаеўскага [148, 158]. А. Гуро [151] і тыя раздзелы кнігі М. Еўзліна «Касмагонія і рытуал», што прысвячаюцца аналізу «Пікавай дамы» А. С. Пушкiна і «Ундзіны» Фрыдрыха дэ ла Мот Фуке. [42, 31-66]. Асаблівы інтарэс у гэтым плане для нас уяўляе даследаванне Л. Ермаковай «Словы багоў і песні людзей» [43], дзе праз вызначэнне рытуальна-міфалагічных вытокаў японскай літаратурнай эстэтыкі дастаткова падрабязна аналізуюцца некаторыя моманты працэсу сакралізацыі этнічнай дзяржавы як грамадскага інстытута.
Асэнсаванню рытуальна-міфалагічнага кампанента літаратуры Беларусі першай паловы XIX ст. у творчасці Я. Чачота, В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Баршчэўскага i прысвечана наша праца. Добра разумеючы складанасць пастаўленай перад сабой задачы, мы ні ў якім разе не прэтэндуем на фундаментальнасць і ўсеабдымнасць. Але мы ўпэўнены, што можна вычляніць і асэнсаваць агульныя асаблівасці і заканамернасці працэсу сакралізацыі вобраза дзяржавы-Радзімы ў літаратуры даследуемага перыяду. Адсутнасць моцнай айчыннай навуковай традыцыі ў гэтым пытанні не магла, на жаль, адмоўна не паўплываць на глыбіню гэтага асэнсавання, якое ўяўляе сабой толькі першыя крокі па таму шляху, «які адолее той, хто ідзе».
Публікуецца на
сайце з ласкавай згоды Магілёўскага
Таварыства БРАМА
|