БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Выдавецкія сэрыі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Міф і Радзіма: Сакралізацыя дзяржавы-Радзімы ў літаратуры польска-беларускага рамантызму 

ДАДАТАК

ВОБРАЗ РАДЗІМЫ-НЯВЕСТЫ Ў ЛІТАРАТУРЫ БЕЛАРУСІ XIX – ПАЧАТКУ XX СТ.


Даволі ўстойлівым архетыпам у еўрапейскай літаратуры і фальклоры з’яўляецца вобраз Радзімы-маці. Радзіма-каханая амаль не прадстаўлена ў літаратуры. Выключэннямі могуць служыць воклічы А. Блока («О Русь моя! Жена моя! До боли // Нам ясен долгий путь!» [25, 235]), С. Ясеніна («О родина...всю тебя, как знаю, // Хочу измять и взять, // И горько проклинаю // За то, что ты мне мать» [44, 141].), а таксама пэўныя матывы ў творчасці Майроніса («Маладая Літва» (1907)) і нешматлікія іншыя прыклады. Аднак, усе гэтыя прыклады ў адпаведных літаратурах з’яўляюцца адзінкавымі і сведчаць не столькі аб пэўнай тэндэнцыі, колькі аб індывідуальнасці гэтых творцаў. Узорамі ж іншага роду выступаюць творы польска-беларускага літаратурнага памежжа, дзе вобраз Радзімы-каханай з’яўляецца традыцыйным.

Для польска-беларускіх крэсовых рамантыкаў часта вымушанае расстанне з Радзімай асэнсоўвалася як расстанне з каханай. Прыкладам гэтаму можа служыць санет «Пілігрым» з крымскага цыклу А. Міцкевіча, дзе пасля прачуленага звароту да Літвы, паэт згадвае сваю каханую, праводзячы тым самым паміж імі паралель: «Літва! Спявалі мне твае лясы...<...> Чаму ж у расстані ўвесь час уздыхаю, // Па той, што кахаўся раней» [115, 42]. Гэтую традыцыю працягвае і В. Дунін-Марцінкевіч, які ў вершы «Вандроўнік» сярод ідылічных чужых краявідаў згадвае сваю каханую: «...узняу вочы ў неба, зрасіў слязою: // «Дай, божа, любай маёй спакою...» // І слаў уздыхі ў яе хаціну // Ён песціў згадкі аб ёй адзінай» [41, 418]. Падобныя матывы вызначаюцца і ў яго ж вершы «Смутак на чужыне», і з «Зорцы Венеры» М. Багдановіча. Вельмі сугучныя да гэтых урыўкаў і словы Сына Буры аб Плачцы з апавядання «Сын Буры» Я. Баршчэўскага: «Я наведаў далёкія краіны, сярод чужога народа яе журботны голас заўсёды гучаў у маіх вушах. Пераплываў моры, – шумныя хвалі не маглі заглушыць яе журботнага спеву. Усюды яна была маёй адзінай марай» [20, 139]. Тым самым, мэтай вандроўніка-пілігрыма, святыняй, якую ён павінен дасягнуць, выступае менавіта Радзіма-каханая.

Таму, калі пошукі Радзімы ўвасабляліся як пошукі каханай, то вяселле павінна было стаць лагічным заканчэннем гэтых пошукаў. Значэнне «вяселля як сімвала нацыянальнага адраджэння» [29, 20] адзначаў даследчык П. Васючэнка адносна творчасці Я. Купалы. Ён заўважае, што Беларусь у Я. Купалы – гэта складаны, «двуадзіны» вобраз, дзе «жанчына <...> паўстае то ў абліччы Маладой (Паўлінка, Алёнка, Зоська), то Старой (Гануля, Марыся)». І далей, «вяселле ў гэтай сувязі паўстае і як свята Маладой Беларусі (яе вызваленне, шчасная будучыня), і Старой (магчымасць паўтарыцца ў дзецях, у нашчадках, перадаць спадчыну)» [29, 22]. Тым самым, двуадзінства вобраза Беларусі ў творчасці Я. Купалы, на нашу думку, – гэта мастацкае ўвасабленне рытуальнага двуадзінства смерці-адраджэння, двуадзінства мацярынства і вечнай дзявоцкасці.

Далей П. Васючэнка зазначае: «Ні ў адной з Купалавых п’ес, апроч «Адвечнай песні», вяселле не гуляецца, хаця згадваецца ўсюды. Не дачакалася свайго вяселля ні Паўлінка, ні Зоська. У «Тутэйшых» Гануля пытаецца ў Здольніка і Аленкі, калі будзе іхняе вяселле. Янка адказвае досыць празрыста: калі апошняга акупанта прагоняць з Бацькаўшчыны. Працяг сімвалічнага шэрагу, звязанага з вяселлем, знаходзім у вершы «Маладая ачуняла» і паэме «Безназоўнае». Але нават у «Безназоўным», дзе Маладая нібыта набыла свой пасад, вобраз не набывае завершанасці: паняцце «безназоўнага» сімвалізуе непрадказальнасць, нявыеўленасць далейшага лёсу Маладой» [29, 22]. Нешта падобнае мы можам вызначыць і адносна творчасці Я. Баршчэўскага. Супраць сваёй волі і волі бацькоу выходзіць замуж за Карпу Агапка («Пра чарнакніжніка...»), адпаведна павінна заручыцца з Ільёй Алена («Ваўкалак»). Цыган Базыль так і не скончыў апавяданне аб узыходжанні на гару Адольфа («Жабер-трава») і яшчэ толькі калісьці павінен з’явіцца чалавек, які ўзнімецца на Пачаноўскую гару і «пазнае» сірату («Плачка»). Балады Я. Баршчэўскага «Дзве бярозы» [187], «Дзявочая крыніца» [190], «Русалка-варажэйка» [189] – гэта таксама гісторыі трагічнага кахання, якое не прывяло да шлюбу.

Для У. Сыракомлі сама магчымасць святкавання вяселля звязваецца са «старымі добрымі часінамі»: «Ды за маю маладосць, бывала, // Песні вясельныя моладзь спявала. // Хорам пяялі, смяяліся хорам, // Сёння смяяцца забыліся з гора» [144, 159]. Нават апавяданне пра даўнейшае святкаванне вяселля, перарываецца ўварваннем чагосьці страшнага і варожага: «3 акна, знадворку, са змроку ночы // Зірнулі страшна чыесьці вочы, // Твар дзікаваты блішчыць праз шыбу, // Рудабароды, разбойнік нібы. // 3-пад вусаў зубы свіцяцца ў роце, // І галавою трасе страхоцце» [144, 161].

Вяселле гуляецца ў баладзе Я. Чачота «Радзівіл, альбо Заснаванне Вільні» (вядома, з пэўнымі агаворкамі), «Стаўроўскіх дзядах» і «Люцынцы...» В. Дуніна-Марцінкевіча. Плёнам гэтых вяселляў у першым выпадку, становіцца набыццё дзяржаўнасці, у другім – прыняцце рэлігіі, у трэцім – захаванне надзеі на вызваленне Радзімы. Акрамя таго, менавіта ў метафары вяселля асэнсоўваецца Я. Баршчэўскім непазбежнае аднаўленне дзяржаўнасці.

Відавочна, што вобраз вяселля як сімвала нацыянальнага адраджэння дастаткова трывалы ў польска-беларускай літаратурнай традыцыі. Разам з тым, даследчык П. Васючэнка ў дачыненні да творчасці Я. Купалы сцвярджае, што вобраз вяселля-нацыянальнага адраджэння як спецыфічны літаратурны вобраз, запачаткаваны ў рэчышчы сімвалізму, перадусім польскага і запазычаны Купалам з паэтыкі польскага драматурга-сімваліста С. Выспянскага [29, 20]. Калі з прыярытэтнасцю ўплыва на Купалу менавіта «Вяселля» С. Выспянскага можна, бадай што, пагадзіцца, то выснова даследчыка аб «сімвалісцкіх» вытоках вобраза вяселля выклікае з нашага боку пярэчанне. Мы лічым, што вытокі гэтага вобраза больш даўнія і бяруць свой пачатак у паэтыцы польска-беларускага рамантызму. Для абгрунтавання гэтай высновы мы лічым неабходным параўнаць вобразы Маладой Беларусі, дзе за аснову будзе ўзяты верш Я. Купалы «Маладая Беларусь» (1911-1912 гг.), і Плачкі Я. Баршчэўскага. Гэта нам таксама дазволіць прасачыць трансфармацыю асноўных ідэй этнічнай касмагоніі Я. Баршчэўскага ў творчасці яго геніяльнага паслядоўніка.

1. Як у сімволіцы вобраза Плачкі Я. Баршчэўскага, так і ў сімволіцы Беларусі Я. Купалы вельмі важную ролю адыгрываюць сонца і зоркі: «Сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе, // Зоры веру ўлілі сілам зломаным» [78, 137]; «Я ўзышла, расцвіла непагаснай зарой» [78, 65]; «Аднаўлю сэрцы іхнія гартам, надзеяй, // Пакажу ім жыцця іх праўдзіву зару...» [78, 65]; «Малюся я гэтаму сонцу на небе // І зоркам, што ночкай мігцяцца» [78, 127]. Разам з тым, трэба адзначыць, што сонца і зоркі для Купалы могуць быць таксама атрыбутамі «цара неба і зямлі», «цара цароў» («Вачамі сонейка і зор агністых // Агляд ты робіш дзень і ноч міроў...» [78, 132]), што не перашкаджае нам зрабіць выснову аб сонцы і зорках як сакральных атрыбутах Маладой Беларусі – Радзімы.

2. Падобна да Плачкі, Маладая Беларусь увасабляецца як крыніца («I крыніцай жывой над над айчынай сваёй // Паплыла, пацякла неспыняная» [78, 137]), прычым, Купала падкрэслівае, што крыніца паплыла «над айчынай». Гэта сведчыць аб лакалізацыі Маладой Беларусі ў самым «версе» рытуальнай вертыкалі «ніз – верх», што можа служыць пэўнай алюзіяй на гіпатэтычную «гару», падобную да Пачаноўскай.

3. Адным з атрыбутаў Плачкі з’яўляецца вянок, які ў фальклоры выступае сімвалам дзявоцкасці і важнай часткай шлюбнага ўбрання: «Яна (Плачка. – С. Д.) вешала на руіны вянкі палёвых красак...» [20, 128]; «Ты спаткала мяне ў той час у сукенцы вясёлкавых барваў і з кветкамі на галаве...» [20, 139]. Тое ж самае мы можам вызначыць і адносна купалаўскага вобразу Маладой Беларусі («3 свойскіх кветак-пралесак – карона твая...» [78, 137]), дзявочы вяночак якой часам асэнсоўваецца паэтам як карона валадарнай царыцы: «Як сама царыца // У залатой кароне, // Йдзе яна ў вяночку // Паміж спелых гоняў» [78, 116]. У вершы «Выйдзі» гэтая карона трансфармуецца ў цярновы вянок – сімвал пакутніцтва і выбранніцтва («Сплецену з церняў маеш карону...» [78, 127]), а ў «Безназоўным» – у шлюбны вянок: «На галоўцы вянок з сініх васілёчкаў...» [78, 113].

4. Я. Баршчэўскі неаднаразова звяртае ўвагу на тое, што Плачка – сірата. Гэты ж матыў шырока прасочваецца і ў Я. Купалы: «Годзе ў полі, у лясах ты, старонка, і так // Сіратой начавала забытаю...» [78, 138].

5. У апавяданні Я. Баршчэўскага «Сын Буры» галоўны герой кажа, што Плачка «з высокіх гор паказала <яму> далёкі свет, над якім пад аблокамі луналі арлы», і з таго часу ён вырашыў «высока, далёка ляцець і пабачыць, што дзеецца на свеце» [20, 139]. Вышэй намі было выказана меркаванне, што ў гэтым выпадку мы маем справу з рымінісцэнцыяй з кнігі «Выйсце» (19, 4), дзе Бог насіў народ Ізраіля нібыта на арліных крылах, пакуль не прывёў да Сябе, што было раўназначным набыццю Радзімы. Нешта падобнае мы можам вызначыць і адносна вобраза Маладой Беларусі. Даследчык Г. Праневіч вызначае, што «абрад узнясення маладой Беларусі на пасад апярэджваецца вобразамі «пасланцоў-сакалоў», «сакалінай сям’і», «сакалінага гнязда» і г.д. « [128, 46]. Разам з тым, мы лічым неабходным вызначыць адну паказальную неадпаведнасць: прыналежнасцю сокалаў заўсёды выступаюць менавіта арліныя крылы, як гэта адбываецца ў вершы «Маладая Беларусь»(1911-1912): «Расцвітай жа, узнімай на арліных крылах // Душы, сэрцы і думы заспаныя...<…> Падымайся з нізін, сакаліна сям’я...» [78, 138]. Яшчэ адным прыкладам падобнага роду могуць служыць радкі з верша «I вецер, і сокал, і я...» (1910), дзе таксама з’яўляецца вобраз сокала-арла, прычым мэтай яго палёту выступаюць сонца і зоркі: «Пад зоркамі сокал завіс, // Глядзіць па-арлінаму ўніз. // Там сокалу свету не жаль; // Мілей яму небная даль. // Як сокал, і я б мкнуў да зор: // Там сонца, раздолле, прастор...» [78, 96]. Вызначаная намі дваістасць знікае ў паслярэвалюцыйных вершах «Арлянятам» (1923): «Гэй, узвейце сваім крыллем, // Арляняты, буйна, бурна...» [78, 195], і «У вырай» (1920): «...I зведываць светы арліным узмахам» [78, 184]119. Прычым, арлянятамі паэт называе «вольных птахаў, патомкаў крывічаў» [78, 184] – г.зн. народ Беларусі.

Гэтая дваістасць вобраза сокалаў-арлоў назіраецца, за выключэннем верша «Песня званара» (1909), толькі ў творах, напісаных да 1917 года. На нашу думку, ужыванню паэтам біблейскай сімволікі арла перашкаджала непажаданая для яго геральдычная асацыяцыя – расейскі імперскі арол. Толькі пасля рэвалюцыі, калі старая геральдыка страціла сваю актуальнасць, Купала скарыстаў класічны вобраз у традыцыйным варыянце.

На нашу думку, у Я. Купалы, як і ў Я. Баршчэўскага, сам народ нібыта на арліных крылах павінен дасягнуць Радзімы-Бога. Неабходна вызначыць, што вобраз арла менавіта ў гэтым сэнсе зусім не выпадковы для літаратуры Беларусі. К. Тураўскі ў «Пахвале Ефрасініі Полацкай» характарызуе яе такім чынам: «Еуфросиния – небопарный орёл, // попариши от Запада и до Востока, яко луна солнечная, // просветиши всю землю Полоцкую!» [7, 35]. Тут К. Тураўскі параўноўвае з арлом асобу, стаўшую адной з іпастасяў Радзімы для беларускага Адраджэння120, сонцам асвяціўшую «ўсю зямлю Полацкую».

6. Мэтай «арлінага» ўзлёту для Я. Купалы становіцца «слава»: »I зведываць светы арліным узмахам. <...> Час вылецець к славе з пагібельнай плесні» [78, 184]. Даследчык Г. Праневіч заўважае, што ў творчасці Купалы «матыў славы <...> дамінуючы і вызначальны прынцып у падыходзе да адлюстравання Беларусі» [128, 45]. Сапраўды, гэты матыў вельмі пашыраны і прасочваецца ў вершах «У вырай!», «Над сваёй Айчызнай», «Маладая Беларусь» (1909), «Выйдзі...», «3 кутка жаданняў», «Прарок», «Маладая Беларусь» (1911-1912), «На смерць Сцяпана Булата» і інш.

Мы лічым, што матыў «славы» ў творах Я. Купалы генетычна звязаны з біблейскім канцэптам «Славы Божай», адлюстраваным у творчасці Я. Баршчэўскага ў вобразе Плачкі-Радзімы.

7. Выключны ў сваёй выразнасці вобраз Радзімы (як плачкі-нявесты ў творы Я. Баршчэўскага), з’яўляючыся метафарай ініцыяцыйнай смерці-адраджэння, сімвалізуе вечную пераемнасць жыцця і яго перамогу над смерцю, знаходзіць свой працяг і ў паэме Я. Купалы «Яна і Я». Сімвалічны шлюб паэта з Радзімай суправаджаецца вясельным гімнам, падобным на галашэнне плачак: «Стаялі мы. Нявіданыя дзівы // <...> // Вясельны гімн, як плачкі, нам запелі...» [79, 94].

Таму і Я. Баршчэўскі, і Я. Купала асэнсоўваюць Радзіму-Беларусь у вобразе нявесты, дзе шлюб з’яўляецца сімвалам нацыянальнага адраджэння. У такім выпадку, калі другім суб’ектам сакральнага шлюбу Я. Баршчэўскі бачыць Месію, то нешта падобнае мы можам вызначыць і адносна творчасці Я. Купалы.

Тэма Месіі намячаецца Я. Купалам у вершы «Песня сонцу»: «3 непатульнай, пакорнай зямліцай // Заручыся, шлюб вечны вазьмі, // Разлівайся люстранай крыніцай...<...> Аднаві славу нашай старонцы...» [78, 82], дзе гучыць заклік да сонца заручыцца з «непатульнай» зямліцай (параўн. з сіратой-Плачкай Я. Баршчэўскага), гучыць матыў «славы», якая можа аднавіцца ў выніку гэтага шлюбу, і прысутнічае міфалагема крыніцы як атрыбут сакральнага шлюбу. Той жа вобраз сонца як жаніха прысутнічае і ў вершы «Не праспі», дзе паэт звяртаецца ўжо да дзяўчыны, прычым, да «сонцу роўнай дзяўчыны»: «Устань, зніміся, схамяніся, // Умыйся сочнаю расою, // Сэрцам к сонцу прытуліся...» [78, 116]. Тым самым, намячаецца шлюбная пара: Зямліца-дзяўчына – сонца.

Побач з тым, што сімвалы сонца і вясны як архаічныя метафары сезоннага адраджэння прыроды ўласцівыя любому фальклору, у творчасці Я. Купалы яны набываюць ярка акрэслены хрысціянскі характар, што дае нам падставы атаясаміць купалаўскі вобраз сонца з вобразам Месіі. У вершы «Не праспі» атрыбутам сакральнага шлюбу паміж Зямліцай-дзяўчынай і Сонцам паэт вызначае крыж: «...Не пужаючыся крыжа, // Сонцу роўная дзяўчына!» [78, 116]. Хрысціянская сімволіка крыжа паказальная ў тым сэнсе, што яна ўвасабляе ідэю збавіцельнай смерці-пакуты і паследуючага ўваскрашэння да новага жыцця, дзе шлюб – гэта смерць.

Разам з тым, і «слава», набыццё якой з’яўляецца мэтаю заручын з Сонцам («Аднаві славу нашай старонцы...» [78, 82]), у новазапаветнай традыцыі таксама выступае як сімвал ахвярнай месіянскай смерці, аб чым згадваецца ў «Дабравесці паводле Марка». Калі Ісус прарочыць вучням сваю смерць, апосталы Якуб і Ян просяць яго: «дай нам сесьці ў Цябе, аднаму праваруч, а другому леваруч, у славе (падкрэслена намі. – С. Д.) Тваёй» (Паводле Марка…10, 37). Ісус ім на гэта адказвае: «ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я п’ю, і хрысьціцца хрышчэннем, якім Я хрышчуся?» (Паводле Марка...10, 38). 3 гэтага вынікае, што крыж і слава – гэта выключна месіянскія атрыбуты.

Гэты выключны сакральны статус суб’ектаў шлюбу, адлюстраванага Купалам, – Радзімы і Месіі, найбольш яскрава выяўляецца ў вершы «Заручыны»: «Пад хвойкай высокай мы селі з табой, // Як цар і царыца...» [78, 120]. Яшчэ вышэй, на недасягальную анталагічную вышыню, гэты статус узнімаецца ў паэме «Яна і Я» – прачуленым гімне любові да Радзімы: «Богамі хай станем мы паміж людзьмі, // Нябёснага князямі міру!» [78, 105].

Што тычыцца непасрэдна вобраза Сонца, то ў хрысціянскай традыцыі яно сімвалізуе менавіта Хрыста-Месію, што выявілася ў тым жа «Апакаліпсісе Яна Багаслова» («І горад ня мае патрэбы ні ў сонцы, ні ў месяцы на асьвятленне сваё; бо слава Божая асьвятліла яго, і сьветач ягоны – Ягня. Выратаваныя народы будуць хадзіць у сьвятле ягоным, і цары зямныя прынясуць у яго славу і гонар свой» (Адкрыцьцё 21, 23), дзе Хрыстос-Месія блізка супастаўляецца са «Славай Божай» і ўвасабляецца як Сонца і жаніх «нябёснага Іерусаліма»-Радзімы. Увасабленне Хрыста-Месіі ў Сонца, знайшло сваё адлюстраванне і ў літаратурнай традыцыі Беларусі. К. Тураўскі ў «Слове ў вялікдзень» пісаў: «Ныне солнце красуяся к высоте восходитъ // и радуяся землю огреваетъ, – // Взиде бо нам от гроба праведное Солнце-Христос // и вся верующая ему спасаетъ» [7, 32].

Разам з тым, вельмі абстрактны і аддалены вобраз Сонца-Месіі, на нашу думку, не зусім задавальняў Я. Купалу, таму ён працягваў далейшую распрацоўку гэтага вобраза. 3 цягам часу Месія пачынае выступаць ужо ў іншай іпастасі. У гэтым нас пераконваюць вершы «Гусляр», «Песня эванара», «Песняру-беларусу», паэма «Яна і Я». Усе гэтыя творы аб’ядноўвае адна вызначальная рыса: яны звяртаюцца да вобраза прарока-песняра, які сваім словам, сваёй песняй павінен абудзіць народ, дапамагчы ўсвядоміць яму сваю ролю і сваё прызначэнне.

У вершы «Гусляр» месіянскія рысы народнага музыкі акрэслены вельмі слаба. Вызначаецца толькі тое, што менавіта гусляр павінен «даць шлях» да Сонца: «К сонцу зорны шлях, // Дай, гусляр, гусляр!» [78, 94]. У вершы «Песня званара» набыццё гэтага шляху звязваецца з неабходнасцю цялеснай смерці для званара – набыцця арліных крылаў: «Ляжа крушняю там вежа, звон і я сам, // Арол-птушка ўскрыліцца пад небам» [78, 79]. Найбольш поўнае развіццё вобраз Песняра-Месіі атрымаў у больш раннім вершы «Песняру-беларусу», дзе дастаткова дакладна прасочваецца ідэя шлюбу з Радзімай. Я. Купала, прадказваючы паэту яго долю, зазначае: «Ты ў сваім вянку цярністым // Убачыш міртавы вянок // І важна слаўлен, песнярыста, // На той свет сойдзеш, як лісток. // Памёр пясняр. – Над белым крыжам <...> Няпамяць імя пяўца зліжа, // А песня будзе жыць і жыць!» [78, 69]121. Перш за ўсё, у адносінах да гэтага ўрыўку неабходна вызначыць адну акалічнасць. Пясняр у сваім цярновым вянку, які ў хрысціянскай традыцыі з’яўляецца сімвалам месіянскай годнасці і месіянскага пакутніцтва – ахвярнай смерці, павінен ўбачыць міртавы вянок, які, у сваю чаргу, павінен увасабляць пэўнае змяненне анталагічнага статуса Месіі. У гэтым кантэксце асаблівае значэнне набывае сімволіка міртавага вянка.

Паводле традыцыі, менавіта ў міртавым кусту перад прарокам Захарыям з’явіўся анёл, які абвясціў будучае аднаўленне страчанай іўдзеямі Радзімы – Царства Ізраільскага. Акрамя таго, у іўдзеяў і хрысціян існаваў звычай міртавымі вянкамі ўвенчваць нябожчыкаў і нявест [52, 115]. Калі ж мець на ўвазе, што мірта – гэта кветка страчанага Раю [52, 114], то правамерна будзе палічыць: Пясняр у пакутніцкім месіянскім цярновым вянку праз шлюб (у дадзеным выпадку – з Маладой Беларуссю) і смерць набывае Рай, які атаясамліваецца са страчанай Радзімай. Паказальна таксама і тое, што на той свет Пясняр сойдзе «важна слаўлен», – характэрная акалічнасць, калі памятаць пра новазапаветную традыцыю, дзе «слава» лічыцца метафарай выключна месіянскай смерці (Паводле Марка...10, 37).

У гэтым сэнсе сваё вытлумачэнне атрымлівае прадказанае старазапаветным прарокам «потомство долговечное», якое павінен пакінуць пасля сябе Месія (Ісая 53, 10). Я. Купала вызначае яго досыць канкрэтна – гэта песня, якая «будзе жыць і жыць».

У сувязі з гэтым, мы лічым неабходным адзначыць яшчэ адзін матыў, які вельмі шырока скарыстоўвае Я. Купала. У яго творчасці вобраз Песняра вельмі цесна спалучаецца з вобразам сейбіта. Прыкладам гэтага могуць служыць вершы «Песняру-беларусу»: «Над беларускай соннай нівай // Нязгаслы светач распалі!» [78, 69], «Гусляр»: «Дзе залёг абшар // Курганоў-ахвяр, // Сей, засей прасвет» [78, 94]. Але найбольш разгорнуты гэты вобраз у паэме «Яна і Я» («Сяўба»): «I вышаў сеяць я. Яна стаяла // Непадалёк мяне, на ўзмежку; // У высях сонца золатам зіяла...<...> Яна, як ніцая бярозка тая, // Стаяла, за сяўбой слядзіла, // і як бы багародзіца святая – // Здавалася мне – благаславіла» [79, 103].

Пасеў і прарастанне зерня – бадай што, самая архаічная метафара ініцыяцыі. Але спалучэнне вобраза Песняра і Сейбіта, на нашу думку, выклікана больш, познім хрысціянскім уплывам, і падмацоўвае меркаванне аб Песняры-Месіі. У «Дабравесці паводле Марка» Хрыстос расказвае вучням прытчу пра сейбіта і тлумачыць: «Сейбіт слова сее» (Паводле Марка...4, 14). Падобны матыў прасочваецца і ў творчасці К. Тураўскага: «Земля же естества нашего, аки семя, Слово Божие приемши // и страхом его болящи присно, // дух спасения рожаетъ» [7, 33]. Таму зерне ў руках сейбіта – гэта казань, слова Месіі, праз якое ён (яго справа) адродзіцца да новага жыцця. Сімвалічна, што паэта-сейбіта ў паэме бласлаўляе жонка-Радзіма, якая параўноўваецца Купалам з «багародзіцай святой». Багародзіца ж, у сваю чаргу, не толькі «садителя жизни нашея рождшая» [5, 57], але і «ниво растящая гобзование щедрот...» [5, 57].

Такім чынам, Пясняр-Месія заручаецца з Радзімай і ў выніку пераўвасабляецца ў Слова, нараджаецца да новага жыцця (параўн. з вершам М. Багдановіча: «Дзіце, што ў коласе зярно, // Пад сэрцам у цябе ўсё спее...» [15, 157]). Сам Ісус лічыўся ўвасабленнем боскага Логаса (Слова) [2, 497], а сваім вучням ён казаў, што той, «хто любіць Мяне, той сьледуе слову Майму» (Паводле Яна…14, 23). Вынікам жа гэтаму будзе тое, што «і Айцец Мой палюбіць яго, і мы прыйдзем да яго і прыстанішча ў ім створым» (Паводле Яна… 14, 23), што для Я. Баршчэўскага і Я. Купалы было раўназначна набыццю Радзімы.


ЗАЎВАГІ I КАМЕНТАРЫІ

119. Параўн. з радком Я. Баршчэўскага: «…з высокіх гор паказала <…> мне далёкі свет, над якім пад аблокамі луналі арлы» [20, 139].

120. Паказальна ў гэтых адносінах параўнанне Еўфраінні з Плачкай Я. Баршчэўскага. Падобна да Плачкі, сама Еўфрасіння ў “Сціхіры са службы Еўфрасінні Полацкай” набывае рысы сакральнага цэнтра свету (сусветнага дрэва) з выразнай этнічнай прыналежнасцю, прычым, акрамя гэтага яна выступае і як крыніца слёз: “Придете, любомоудрьнии, песнеми богокрасъныими вьспоим къ достохвальнеи и съмеренеи Еуфросине, осеняюще древо и неокопанное корение русьстей земли, ублажим источьник слезъ…” [143, 274].

121. Калі ў вершы Ул. Сыракомлі марнасць жыцця і здабыткаў Радзівілаў падкрэсліваецца тым, што напамінам аб іх засталося адно імя, то значнасць здзейсненага песняром Я. Купалы не патрабуе нават такога напаміну.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА

 кантакт: bramaorg@hotmail.com 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster