|
Мікола Мішчанчук
“ІНШАЗЕМНЫЯ МАЯКІ ТВАЮ НОЧ НЕ АСВЕЦЯЦЬ...”
Пра літаратуру беларускага замежжа
Дарагі, паважаны, дапытлівы чытач! Ты адкрыеш гэтую невялікую кніжку-брашуру, каб з большага даведацца пра нашу гнаную, але не скораную літаратуру замежжа. Пра тую літаратуру, якая забаранялася, збэшчвалася, закрэслівалася ў таталітарным грамадстве па ідэалагічных меркаваннях. Для таго, каб накласці вета на яе, дастаткова было анкетных дадзеных пра творцаў прыгожага. Наталля Арсенева – вязень сталінскага ГУЛагу, “фашыстоўская прыслужніца”, аўтарка твораў пра нязломную Беларусь, якія, пакладзеныя на музыку, спявалі вайскоўцы-беларусы і паліцыянты, да таго ж і муж яе – прыхільнік нацыянальнай ідэі генерал Францішак Кушаль. Алесь Салавей (Альфрэд Радзюк) – сын рэпрэсіраваных бацькоў, намеснік рэдактара часопіса “Новы шлях”, што выдаваўся пры немцах у гады Вялікай Айчыннай вайны. Масей Сяднёў – палітвязень, зняволены ў турму, а затым высланы на Калыму, які адмовіўся ў навальнічны час служыць і немцам, і партызанам, шукаў трэцяга, чалавечага, бяскроўнага шляху. Уладзімір Клішэвіч – таксама палітвязень, а затым – эмігрант. Крушына (Казак), Хведар Ілляшэвіч, Янка Золак, Міхась Кавыль (Язэп Лешчанка) і многія іншыя пісьменнікі працавалі пры немцах, не маўчалі ў гады вайны, складалі радкі пра свой народ, які не страціў годнасці ў час чумы, трымаецца паміж дзвюх тыраній, рыхтуецца да адпору чужынцам. Іх усіх і многіх іншых запісалі ў ворагі. Ім прыклеілі ярлыкі не нашых. З іх годнасці здзекваліся. А яны тым часам ішлі крыжавымі дарогамі пад “патушанымі зорамі” (вобраз-дэталь, сімвал Масея Сяднёва) на Галгофу ў імя Беларусі-Крыўі. Іх сэрцы параньваліся велізарным болем і навымернай “тугой па Радзіме”. Якія магутныя, трапныя радкі знаходзілі яны, каб адкрыцца чытачу, каб заваяваць нашае прызнанне, каб паспавядацца ўсяму свету пра сваю віну-бяду, пра сваё гора-злашчасце!
Запавет на чужыне такі
Ад бацькоў пераходзіць к дзецям:
Іншаземныя маякі
Тваю ноч не асвецяць.[1]
Якія пераканальныя вобразы стварыллі яны, каб хоць часткова рэабілітавацца перад “судом гісторыі цяжкім”, перад намі, тымі, хто выжыў у краіне ланцугоў і задухі цаной страчанай свабоды і веры! Гэта і вобраз лебедзя ў палонцы, які высільваецца, крышыць лёд, але і ў марах не стварае іншай краіны, куды можна было б заляцець ад сцюжы (“Лебедзь” (Санет)” Масея Сяднёва). І вобраз Хрыста, якога чакае забраны край як свайго збавіцеля, заступніка, паррока (“Ускрэсні!” Н. Арсеневай). А хіба можна застацца раўнадушным, чытаючы заключныя радкі верша Рыгора Крушыны “Лебедзь чорная”:
У сіняй далечы
Прадвячорная імгла...
Паміраючы
Лебедзь чорная лягла
У твань зялёную
Пад расквечаным кустом,
Лебедзь чорная
Зь перасечаным крылом.[2]
Чырныя лебедзі – яны плылі па чужых хвалях у чужых краінах насустрач сваім белым братам. Марылі пра радасную сустрэчу і гінулі ў твані бессардэчнасці, жорсткасці і раўнадушша. Мы не тое што не адчынялі, але нават і не прыадчынялі ім дзверы: за жалезным занавесам было зацішна і ўтульна, нішто не трывожыла, душа не балела, сэрца білася роўна.
Забарона ісці насустрач пакутнікам за нацыянальную ідэю дзейнічала спраўна. Рудыменты яе знаходзім нават у артыкулах Барыса Сачанкі – нястомнага, смелага прапагандыста літаратуры, рэпрэсіраванай і замежнай, аўтара кнігі “Сняцца сны аб Беларусі...”. І яму так і хочацца знайсці адзнакі злачыннасці ў дзеях міжбярэжных мастакоў, сутыкнуць іх з народам, прынізіць вартасную шкалу скрываўленых жыццяў. Ды пошукі крыміналу не вядуць да Дабра, і даводзіцца пераацэньваць сказаннае, што пісьменнік і робіць у прадмове да зборніка “Туга па Радзіме”: “Сёння ёсць магчымасць паглядзець і на эміграцыю куды больш узважна, спакойна, дыферэнцыравана. Ад гэтага ніхто не прайграе, выйграе толькі справядлівасць. І ўсе мы, беларусы, дзе б, з якога боку мяжы ні жылі”.[3]
Усе мы беларусы... Ды замяжой была большасць тых, хто не карміўся за лік страты сумлення і не чакаў каляровай капусты замест звычайнай са стала новых багоў. Многія з іх не трымалі зброю ў руках, не скіроўвалі яе ў бок народа, не растрэльвалі, не катавалі нікога. Іх творы ваеннай пары прасякнуты вострым адчуваннем касмічнай, усеагульнай бяды і трывогі за свой край. Некаторыя з іх вярталіся, падобна Наталлі Арсенневай, з надзеяй на лепшае, на адраджэнне нават у скрутны, задушлівы час, нават на папялішчы. І настрой гэты, і гэтае жаданне – служыць Радзіме “у зацьмішчы, у завеі” – не вытруцілі з іх свядомасці ні фашысты, ні бальшавіцкія камісары. Так, у 1942 г. Наталля Арсеннева піша цудоўны, пругкі, дынамічны верш “З выраю”. Пафас твора – у закліку жыць, змагацца, супроцьстаяць навалачы, не гнуць спіну перад бядой. Хай ідзе вайна, хай дрыжыць свет, хай дэман руйнавання праносіцца над краем – усё-роўна трэба жыць, выспельваць жыта – вось ідэйная выснова гэтага верша:
Сяння –
усе я пазносіла б межы,
сяння –
у пекла пайшла б, як у дым!
Гнуць спіну прад бядой –
перажытак,
шчэ дурней –
шчэцяй руннай дрыжэць...
Не баяцца давайма,
а жыта
нашай долі выспельваць барэджэй![4]
Заслуга інтэлігентаў-замежнікаў якраз у тым, што яны ў гады вайны і пазней захавалі крупінкі нацыянальнай ідэі, літаратуры, вылучылі на першы план тое, пра што мы (праўда, не па сваёй волі-ласцы) пачалі забывацца. У выданнях, што датуюцца 1942 і пазнейшымі гадамі, і сёння чытаем з радасцю радкі пра дарагое і блізкае, страчанае ў нас і падхопленае за мяжой, замацаванае там і ў мастацкай літаратуры, і ў крытыцы. Адзін толькі прыклад. Колькі гадоў мы пісалі пра паэму Якуба Коласа “Сымон-музыка” адно і тое ж: твор гэты пра трагедыю і ўзнясенне мастака з народа, пра канфлікт асобу з грамадствам, пераводзячы распавяданне ў сацыяльны план. Свядома замоўчвалі існаванне першай рэдакцыі твора, якая датуецца 1918 годам, дзе на першай пазіцыі – ідэя нацыянальнай свабоды, асуджэнне жорсткай сілы, увасобленай у вобразе Дамяніка-гвалтаўніка. Аўтар уступнага артыкула да замежнага выдання славутага твора Р. Склют (Антон Адамовіч) адкрыў у ім тое, чаго мы не адкрылі, пра што баяліся пісаць: паказаў вернасць Якуба Коласа ідэі нацыянальнай незалежнасці, што выявіла у канфлікце паміж Ганнай і Сымонам-музыкам – сімваламі Маладой Беларусі і Дамянікам – сімвалам бальшавіцкай жорсткасці. Да таго ж, крытык пераканальна паказвае, як “падсавецкая” (яго тэрмін – М.М.) цэнзура прымушала аўтара заняць у далейшых рэдакцыях твора значныя кавалкі тэксту пра агульна чалавечыя праблемы, Неба і Космас, Бога і Прыроду і тым самым збядніць яго філасофска-значны змест.
Літаратура беларускага замежжа гаварыла адкрыта пра тое, пра што наша літаратура не мела магчымасці гаварыць, а калі асмельвалася гэта рабіць – ёй імгненна закрывалі рот Бэндэ, Канахоцін ды іх падпявалы. Рэцэнзіі ахоўнікаў пралетарскай чысціні мастацтва ператвараліся ў даносы, станавіліся ордэрамі на арышт чарговай ахвяры. Так здарылася з Язэпам Пушчам, які не вытрымаў, паспрабаваў “супраць ветру ўзмахнуць крыламі”, уявіць далейшую дарогу чорнай, скласці “песні на руінах” (назва цыкла вершаў “Чорная дарога” у зб. “Песні на руінах” 1929 г.) і адразу апынуўся ў глухім Вяцкім краю. Нескарыліся дэманічнай сіле таталіларнага рэжыму і Максім Гарэцкі – наш Ісус Хрыстос, прарок-заступнік, і аўтар знішчанага цэнзурай рамана “Крывічы” Міхась Зарэцкі. Доўга не мог “зразумець”, што ён – “класавы вораг, нацдэм” платон Галавач, пакуль не прабілі чэрап і не вырвалі жаданне “прызнанне” рыцары Берыі і Цанавы. У такіх умовах мала хто спрабаваў заставацца Мастаком-прарокам, змагацца з Сістэмай. А за мяжой было прасцей: там не дзейнічала машына забароны і знішчэння, там былі свае законы – творчага суперніцтва, свабоды выказвання. І, здаецца, тут вось вазьмі ды адкрыйся сваёй чорнай злосцю, адпомсці тым, хто цябе гнаў, хто пагарджаў табою. Але нашы выгнанцы-пакутнікі аказаліся на вышыні: як ні балела ім, ды боль свой гэты яны не перакладвалі на чужыя плечы, не шукалі ведзьмакоў і вядзьмарак. Іх слова (а я маю на увазе найперш позірк) гучала талерантна, іх песні станавіліся песнямі тугі, смутку, жалю, крыўды на сябе. Дакор сабе – а чаму ж не заступаўся на Радзіме нават у экстрэмальных умовах? – прасяквае наскрозь лірыку Масея Сяднёва і Наталлі Арсенневай, Алеся Салаўя і Уладзіміра Дудзіцкага і Янкі Золака (Антона Даніловіча) і іншых замежных паэтаў. Адкрыем кніжку “Туга па Радзіме”, прачытаем твор наўзгад і пераканаемся ў праўдзівасці сказанага вышэй: чорнай злосці на край і народ свой у паэтаў-эмігрантаў няма, а ёсць невымерны боль, самадакаранне за памылкі, якіх, можа, і не было. Падабная “талерантнасць” – яскравае сведчанне высокага інтэлектуальнага ўзроўню замежнай беларускаю літаратуры, яе энтэлегентнасці і агульнай культуры. Пра гэта і ў вершы Ул. Клішэвіча “Папярэджанне”:
Так хочацца вам глянуць за мяжу?
На слова не паверыце – я гэтага баюся.
Адно я вам па шчырасці скажу:
Не паддавайцеся мане, спакусе.
Адсюль як моцы ёсць крычу:
Маёй памылкі вы не паўтарэце!
Нам гэты свет зусім не па плячу;
Няма чаму дзівіцца ў гэтым свеце.
Жыцця шляхі на выснаў прывялі:
- Хай б’е пярун, хай крэсляць бліскавіцы,
Трымайцеся вы роднае зямлі,
Як дзеці матчынай трымаюцца спадніцы.[5]
Паэзія беларускага замежжа, такім чынам, бараніла і бароніць светлую ідэю, што праходзіць праз ўсю нашу літаратуру, пачынаючы з эпохі ранняга Серэднявечча, - ідэю шанавання роднага гняздоўя, а значыцца – патрыятызму, не абстрактнага, не агульнага, а канкрэтнага. Любоў да роднага лапіку зямлі, да блізкіх людзей, да бацькоўскага парога, і па К. Чорнаму, і па І. Мележу, і па Я. Брылю, і паводле назіранняў многіх іншых савецкіх аўтараў, - найпершая, вызначальная рыса патрыятызму. Мастакі-беларусы за мяжой асабліва абвострана гэта адчуваюць. І таму не выпадковы адбітак у іх творчасці “тугі па Радзіме”, стану душы, як нечага “міжбярэжнага”. Падобны стан душы чалавека некалі раскрыў у аповесці “Дзве душы” і Максім Гарэцкі. Нешта блізкае яму чуецца ў гамлетаўскім пытанні “Быць альбо не быць?”. Чалавек заўсёды арыентуецца на шматколернасць, на сінтэтычнае рухома-зменлівае ўспрыманне рэчаіснасці. Вынікам падобнага ўспрымання становіцца яго душа, тое, што ў ёй адбіваецца штохвілінна. “Міжбярэжны”, “пагранічны” стан чалавеччых пачуццяў ды роздумаў могуць перадаць не многія мастакі. Нашы паэты-эмігранты выдатна спраўляюцца са складанай задачай, а таму паглыбляюць псіхалагічныя асновы нашай слоўнай творчасці, ствараюць вобраз лефрэктуючага героя, што стаіць на раздарожжы, не спяшаецца далучыцца да таго ці іншага лагера, прымерваецца да нормаў чужога жыцця. Як гэта робіць лірычны герой Масея Сяднёва:
У самоце такой пякельнай
існую, нібы паралельна:
свет ідзе дарогай сваёю,
я таксама – сваёю.
Свет праносіцца міма
прад маімі вачыма.
У шматфарбным такім –
сузіральнік я толькі ў ім.
Ды лепш раздарожжа, лепш раздвоенасць, чым манументальная цэласнасць як гарант спрошчанасці, аднатальнасці, скіраванасці на рух у адзін бок, па прамой. Герой з душою, поўнай светаценнасці, можа і празарэць, стаць Прарокам, і ператварыцца ў малога ці вялікага Злодзея (часцей бывае першае). Герой духоўна цэласны можа быць ці Геніем, ці Дэманам. Магчыма міжволі, але да рэалізацыі гэтай творчай задачы прыйшлі замежныя пісьменнікі. І дапамаглі ім здзейсніць такое іх уласнае пакуты, “міжбярэжны” стан іх жыцця.
Паэзія дальняга замежжа характэрызуецца жанравай разнастайнасцю. Ёй уласцівая і адычная, і элегічная танальнасць, пры перавазе апошняй. Некаторыя аўтары спрабуюць пісаць байкі, сатырычныя творы. І тут найперш вылучаецца Вінцук Адважны (Язэп Герамовіч), аўтар баек “Зязюлька”, “Свінні”, “Наш мядзведзь”, “Жабы”, “Сабачая мова”, “Кукурузнік”, “Дзіва” і іншых. Яго творы дасціпныя, з трапнымі, афарыстычнымі канцоўкамі, блізкія па стылю, інтанацыі, умеламу выкарыстанню мастацкіх дэталяў да баек Кандрата Крапівы. Пра надзённасць закранутых праблемаў сведчаць іх канцоўкі – маральна-этычныя высновы: “Наш брат, як грошы запрацуе, Усіх свіней ён закасуе!”, “Эй, салавей! Між жабаў жывучы, Ты лепш маўчы!”, “Хто старшага злагодзіць, Сам сыты ходзіць”, “Смяяцца можна, розум меўшы І на сябе перш паглядзеўшы”. Сатырычныя творы Вінцука адвважнага – дастойны уклад у набыткі нашай літаратуры. Аднак пераважны жанр замежнай паэзіі – элегія: трагедыйная, сентыментальна-расчуленая, палітычная, па-грамадзянску завостраная, апісальна-выяўленчая і медытатыўная, пра настрой душы і настрой прыроды, мікрасвет і макрасвет. Наталля Арсеннева ў гэтым жанры мае найбольшыя поспехі. Элегічнай яе паэзія становіцца з самага пачатку ( зб. “Пад сінім небам”) і на такой сама хвалі гучыць у 30-я – 70-я гады. Нават назвы зборнікаў і цыклаў вершаў “Жоўтая восень”, “Не астыць нам”, “На ростанях” сведчыць пра “сумную” змястоўнасць яе цудоўных твораў. Паэтка здолела ўзбагаціць новымі сэнсавымі адценнямі традыцыйныя матывы вечару і начы, восені і слаты, адзіноцтва і неўладкаванасці душы, якіе культывуе светавая элегія з даўніх часоў, надае традыцыйнаму жанру адзнакі строгай медытатыўнасці, рэфлектыўнасці. І што яшчэ вельмі важна – дык гэта ўменне паэткі спраецыраваць асабістыя перажыванні на прыроду, на свет цэлы, вывесці іх з абмежаваных рамак душы на касмічную прастору, - ушчыльніць за лік асацыятыўнай вобразнасці:
Дзень згас... і чорная паводка
па шыю места заліла.
Плыве віць нанач гнёзды горад
пад бункеры, на змрочны пляц.
Ніхто не дбае, што над тынам
муроў не ўспыхнуў маладзік
Ад дзён, калі глядзелі ў сіню –
мінула вечнасць, не гады.
І толькі сполахі вагнішчаў,
што ноч распальваць пачала,
патрапяць раззваніць у цішы
чыйсць нечакана шчыры плач.[6]
(Плач.)
Элегічны пафас, настрой пераважае ў творах Масея Сяднёва, Алеся Салаўя, Уладзіміра Клішэвіча, Рыгора Крушыны і іншых аўтараў. І вялі і вядуць яны сваю сумную мелодыю праз дзесяцігодзі, бо просяцца душы іх на Радзіму, бо не могуць без яе, бо не могуць спяваць радасныя песні, калі радасці няма, калі адчуванне такое, што “кудысь у глухамань, Качу зямлю нагамі” (Масей Сяднёў).
Алесь Салавей, Міхась Кавыль – выдатныя майстры саметнай формы – адточанай, адшліфаванай, без дакорнай. Другі нават выдаў кнігу санетаў “Цяжкія думы” і тым сама дапоўніў набыткі нашай нацыянальнай літаратуры ў гэтым кірунку. Санеты абодвух аўтараў роздумныя, медытатыўныя, афарыстычныя, як і належыць быць гэтай вершаванай форме.
І яшчэ адну праблему хочацца закрануць – пра фармальныя пошукі замежных аўтараў. Здецца, блізка да іншых цэнтраў літаратурнай і агульнакультурнай цывілізацыі, мадэрнісцкія навацыі – перад вачыма – бяры, авалодвай новымі каштоўнасцямі, вучыся. Зрэдзь гэта робіцца. Аўтар кніг паэмаў “Калюмбы” і лірыкі “Шорах моўкнасці” Янка юхнавец спрабуе пісаць па-новаму, смялей выкарыстоўваючы асацыятыунасць, фантастыку, вымысел, барочны стыль. У паэме “Калюмбы” (“Калумбы” паводле сучаснага правапісу), прысвечанай агульначалавечым, філасофскім праблемам Дабра і Зла, Мастацтва і каштоўнасці чалавечай Асобы, яе фізічных і духоўных магчымасцей, дзейнічаюць Скарына, Музыка, Воўк, Чорт, невядомы. У канцы твора падаецца дыялог Бацькі з Сынам, якія як бы прымаюць эстафету з рук людзей-калумбаў, падобных на Скарыну. Прароча гучаць словы з вуснаў маладога змагара за святло гуманістычных ідэй, за прагрэс думкі і справы:
Сын. (пра Скарыну). Тварэнец ён! Ён Калюмб у прасторах Айчыны сваёй і чужацкіх.[7]
Янка Юхнавец эксперыментуе са словам. У адрозненне ад Янкі Брыля, Рыгора Барадуліна, Фёдара Янкоўскага, Янкі Скрыгана, Вячаслсва Адамчыка, якія шукаюць слова жывое, гаворкае, “пазычаць” яго ў народа, аздабляюць ім свае творы, замежны беларускі паэт займаецца штучным канструяваннем словаў і насычае імі мастацкі тэкст звыш меры. Для ілюстрацыі думкі прывяду пяць радкоў з верша “У восень залатую” (захоўваецца правапіс аругіналу):
Так каб мог сказаць: – Пяю, –
зналуску мінаючы ўсьцяжы вецер,
Тады мо зноў нас голас асьцярог,
рыньвай восені залатой наўвецены:
Жыцця карцівасьці само жыццё зьбірае.[8]
Пяць радкоў, а ў іх столькі слоў-рэбусаў, паспрабуй зразумець із ды яшчэ і змест верша ў цэлым, яго ідэйны пафас. У “актыве” Юхнаўца і словы “усьцін дарогі”, “сараткі ручая”, “прыцелі часін”, “лець мясьцін валогіх”, “неманяй карэння” і сотні іншых, такіх далёкіх ад нас, такіх чужых і халодных.
Эксперымент добры толькі ў меру. Калі ж ён перарастае ў самамэту, мастацтва як цэласнасць, сінтэз натуральнага і прыдуманнага, гарманічнага і дысгарманічнага, простага і складанага, традыцыйнага і наватарскага распадаецца, увогуле губляе свой сэнс, страчвае сваю арыентацыю на чалавека і чалавечнасць.
Беларуская замежная паэзія выявіла сябе праз захаванне і памнажэнне традыцый фальклору, з яго вобразнасцю, класічнай суразмернасцю зместу і формы, меладычнасцю і напеўнасцю, гуманістычным пафасам, схільнасцю да медытатуўнай разважлівасці (што прыкмеціў і адзначыў у свой час Максім Багдановіч) і яркай апісальнасцю. Асаблівыя заслугі у гэтым варунку мае Рыгор Крушына, верш якога “Удовы бусел” прыводжу цалкам. Параўнайце яго з вышэй працытаваным урыўкам з твора Янкі Юхнаўца:
Хадзіў па атаве бусел –
Цыбаты шаноўны госць.
Любілі яго ў Беларусі,
Як любяць вясну й маладосць.
Прасторна было наўкола,
Спагада цьвіла на зямлі.
На дрэва чаплялі кола,
Каб буслы гняздо вілі.
Ды ўрэшце бяда-навала:
Чужынец з’явіўся тут.
І вяза-асілка ня стала,
Распаўся утульны кут.
Разбойнік забіў бусьліху.
Гізуе людзкі злы дух.
Ніколі такога ліха
Не ведаў цыбаты птух.
Каўтаць сваю крыўду мусіў...
Ці бусла каму шкада?
Вандруе ўдовы бусел,
Ня мае свайго гнязда.[9]
Паляцелі ў вырай са свайго гнязда ў чужы край паэты-пакутнікі, выгнанцы. Да не грэе чужы бераг. Ды няўтульнае чужое гняздо, хоць можа і прастарнейшае, і культурнейшае. І так хочацца ім ўбачыць строй белых бярозак усрай поля, пачуць салоўку на досвітку, прабегчы басанож роснымі сцежкамі дзяцінства. Збалелае сэрца чакае сустрэчы. Прайшоў час сбліжэння берагоў, паяднання чалавечых душ. Мы ж з аднаго гнязда!
БІБЛІЯГРАФІЯ
1. Зб. “Туга па Радзіме: Паэзія беларускай эміграцыі”. Мн., 1992. С. 290.
2. Крушына Рыгор. Выбраныя творы. (1927 – 1957). Нью Ёрк – Мюнхен. 1957. С. 8.
3. Зб. “Туга па Радзіме”. С. 5 – 6.
4. Тамсама. С. 82 – 83.
5. Тамсама. С. 287.
6. Тамсама. С. 133.
7. Юхнавец Я. Калюмбы. Нью Ёрк. 1967. С. 17.
8. Юхнавец Я. Шорах моўкнасьці. Нью Ёрк. 1955. С. 44.
9. Крушына Рыгор. Выбарныя творы. Нью Ёрк – Мюнхэн. 1957. С. 23.
Публікуецца на
сайце з ласкавай згоды Магілёўскага
Таварыства БРАМА
|