БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Выдавецкія сэрыі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Мікола Мішчанчук, ЗЯМЛЯ ЧУЖАЯ НЕ САГРЭЕ...

Мікола Мішчанчук

“ЯК ЖЫЦЬ – ДЫК ЖЫЦЬ ДЛЯ БЕЛАРУСІ!”

Ларыса Геніюш... Паэтка, пакутніца наша. Нязломная, святая, праз усё сваё гаротнае, вандроўнае жыццё яна малілася толькі аднаму богу – Беларусі, яе народу. Помніцца, як цёпла і шчыра гаварыў пра яе яшчэ адзін, не меншы пакутнік за край і народ свой, пісьменнік, навуковец, педагог Ф. М. Янкоўскі ў далёкія 60-я гады: “Мікола, былі новыя публікацыі твораў Ларысы Геніюш. Ці чытаў?” Заўсёды клопаты перашкаджалі апераджальнаму знаёмству са скарбам, свяцейшага за які нічога не павінна быць на свеце. А тут яшчэ афіцыёз – з яго непрыняццем ахвярнікаў за нацыянальную ідэю, прыхільнікаў беларускага шляху. І спазняўся, як многія з нас спазніліся. І не заўсёды верыў, што ёсць у нас паэтка, якая адна – нязломная! – перасіліла сістэму, татальную аблаву на іншадумства, на самастойнасць мыслення. Перасіліла і перамагла. У той час як многія – скарыліся, прыстасаваліся, згаслі.

Чытаю і перачытваю “Споведзь” – дзённік Ларысы Антонаўны – дзяўчыны, на вачах у якой чыніцца гвалт над народам, якая толькі-толькі становіцца самастойнай, сумам развітаецца з гняздоўем Міклашэвічаў у Жлобаўцы пад Наваградкам і запісвае балючыя радкі ў сшытак: “Я проста не магла ніколі зносіць здзеку над маім народам... У нас павінна быць свая дзяржава нарэшце без крывавых апекуноў...”[1]

Здзіўляюся мужнасці і смеласці мастачкі – быць беларускаю, крывінкаю свайго народа і кожнаму гаварыць пра гэта, гаварыць з гонарам, годнасцю, высакародна, гаварыць нават кату Цанаве, што размаўляць з ім яна будзе толькі па-беларуску, на мове той краіны, якую прадстаўляе “міністр беларускай дзяржавы”.

Схіляюся перад яе ўменнем бачыць усю глыбеню драмы забранага чужакамі краю і народа – нацыянальную, палітычную і духоўную.

Вось што піша эмігрантка, а затым вязень сталінскага ГУЛага пра нацыянальную трагедыю народаў, якія паверылі ў бальшавіцкія абяцанні: “Я разумела бальшавікоў – яны заплацілі вялькімі ахвярамі сваю перамогу, але іх перамога – гэта ня наша перамога, бо мэта іх – вынішчыць нас і асыміляваць, што даказалі яны за ўвесь перыяд свайго існавання. Яны ж ня могуць жыць з народамі, як брат з братам, як роўны з роўным, але, як той фюрэр нямецкі, гатовыя перарабіць сілаю на свой маскоўскі лад увесь свет, ня думаючы аб тым, якія вартасці нішчаць...”2 А ў другім месцы паэтка адзначыць, што нашаму народу скрозь было наканавана цярпець становішча, пры якім “тое, што людзі называюць свабодаю, нам ужо вырвалі з сэрцаў”.3

Нацыянальная несвабода, разбуранае гняздоўе, шматвяковы эксперымент па выхаванню з людзей манкуртаў збедніваюць нацыю духоўна, ператвараюць яе ў сагнаны сілаю гурт, які кіруецца бізунамі наглядчыкаў. “Споведзь” Л. Геніюш з першай і да апошняй старонкі якраз і прасякнута пратэстам супроць духоўнага змярцвення народа. З болем піша яна пра тое, як адцураліся беларускасці сытыя кіраўнікі і нават настаўнікі Зэльвы, духоўныя правадыры людзей, а фактычна і ўвесь народ, які цкуе пакутнікаў за нацыянальную ідэю: “... ніводзін народ так не здзекваўся нада мною і над маёй сям’ёю, як беларускі. Ні адзін народ так не ўніжаў сваіх паэтаў, сваіх жанчын (...) Кожны хацеў бы, каб я думала так, як ён, каб гэтак жа прадала сваю душу, сваю беларускасць і тое найясьнейшае, што я выхавала ў душы са свайго дзяцінства (...)”4

Нацыянальны нігілізм і манкурства, на думку аўтаркі “Споведзі” былі ў многім падкрыхтаваныя палітычнымі працэсамі, якія адбываліся ў савецкай краіне: камуністычная дыктатура была жорсткая і суровая, бо абапіралася на адзінаўладдзе тырана Сталіна і яго памагатых, ідэалагічныя лозунгі засталіся па віне кіруючых колаў дэмагагічнымі выказваннямі і заклікамі; органы улады зрошчваліся са звеннямі партакратыі і былі няздольныя на самастойныя дзеянні. У нашай краіне, на думку пісьменніцы, адбываліся тыя ж працэсы, што і ў фашысцкай Германіі: “Так ліквідавалі таварышы “клас”, вынішчаючы нас да асобку. Жудасны Гітлер быў для няшчасных надзеяю на ратунак, але і для яго былі мы толькі славяне, якіх належала вынішчыць у першую чаргу... Людзі гінулі, як мухі, нездарма два тыраны пасябравалі паміж сабою”5; “Я пазнавала ... сістэму, і рабілася яна мне зусім зразумелай, нічога тут вялікадушнага і чалавечага не было (...) ставяцца для супрацоўнікаў МББ новыя будынкі, па-сталінску упрыгожаныя звонку, па-сталінску, толькі для малых і вялікіх бэр’яў”6; “Жыццё ў штучнай каляіне, людзі дызарыентаваныя, забываюцца, што яны людзі...”7

Такім чынам, жанчына, паэтка, змагарка раней за Васілія Быкава прыйшла да вываду, што ва ўсім нашым бязладдзі, ва ўсіх дэфармацыях і духоўнай дэградацыі грамадства вінавата таталітарная, рэжымная сістэма, завуаляваная лозунгамі пра свабоду, роўнасць, братэрства і гуманізм. І сістэма гэтая вырасла на аснове утапічнай ідэалогіі.

У дзённіку раскрываецца характар Л. Геніюш – чалавека, які пачуваў сябе заўсёды асобай, а не колцам і вінцікам агульнага механізму, меў сваю думку наконт усяго, што рабілася. Адкрытымі вачыма глядзела паэтка на свет і не прымала ў ім самага страшэннага – жорсткасці, нялюдскасці, якімі б прычынамі яны не выклікаліся. У “Споведзі” ёсць некалькі дамінантных сцэн, якія “працуюць” на гэту ідэю... Вось стрыечная сястра Маня, якая не аддала Геніюшам машынку “Зінгер”, запатрабавала за яе 600 руб. Некалькімі словамі, падмацаванымі трапным афарызмам, паэтка выносіць прысуд бездухоўнасці і жорсткасці “Не, - сказала я, - з такімі людзьмі не пераламлю я хлеба”8. А вось яшчэ адзін факт: у Зэльвенскім аўтобусе настаўнікі не саступаюць месца сталай жанчыне – пакутніцы і яна падае, “калі аўтобус трасе на выбоінах, і яны рагочуць”9. Чытаеш такое, і сэрца абліваецца крывёю. І думаеш: калі ж прыйдзе канец нячуласці і жорсткасці, калі ж урэшце-рэшт з’яднаюцца чалавечыя душы ў парыве дапамагчы адна адной?

І апошняя цытата са “Споведзі”. Яна – пра ўсё разам: і пра страту нацыянальнай годнасці, і пра маральную дэградацыю нацыі, і пра ідэлагічныя страты ды палітычныя выдаткі. Пра тое, “як акрэсліць... паняцце – чалавек?”, каму даверыцца і каго не страшыцца ў нашым беларускім доме: “Я баюся чалавека ў хату, калі гэта савецкі чалавек... Я ўжо не думаю, каго можна купіць, я горка думаю, каго ж нельга купіць з беларусаў (...) Што яны будуць рабіць, калі “прачнецца Бог” і ўзварушыцца іхняе сумленне? Як хочацца бачыць чалавека, які не даносіць, які не жадае зла...”10

Праз усе прыступкі Дантавага аду прайшла паэтка – наша нацыянальная гераіня. Сталіністы знішчылі яе роднае гняздоўе. Загубілі жыцці членаў дружнай, вялікай сям’і: “Яны забілі маяго тату, дамучылі свядома маму, даканалі маральна і фізічна Юрку (сына – М.М.), атруцілі сястронку Люсю ў 1952 годзе ва Вроцлаве, а ў канцы вайны савецкі афіцэр забіў выстралам у вісок Расціслава (брата – асілка, прыгажуна – М.М.), кажучы: “Твая сястра – пісьменніца супраць нас, і ты кулацкі сын...”11 Яе пазбавілі грамадзянства ў Чэхіі і выдалі пасля вайны сталінская ахранцы. Кінулі ў турму, затым – за калючы дрот паўночных ГУЛагаў. Дымалі засудзіць яе думкі, мары, адбіць у яе ахвоту жыць па-чалавечы, годна. Але яна засталася нязломная. Не скарылася злоснай сіле. Не ператварылася ў маўклівую і шэрую істоту. Так выйграла бой з сістэмай жанчына, якая стала ў савецкай градацыі “на ніжэйшай перакладзінцы”, бо была беларускай, непаслухмянай паэткай, “кулацким отродием”, зэкам, “хрысцянкай”, якая верыць і не баіцца”, бо яе сын быў за мяжой, у Польшчы, а сябры – па цэлым свеце. А іншыя, якія стаялі на высокіх прыступках? Хто з іх падтрымаў паэтку ў ліхую гадзіну?.. Зона маўчання доўга захоўвалася вакол імя Ларысы Антонаўны Геніюш. Спальвалі ў Саюзе пісьменнікаў яе кніжкі. Ганьбавалі творчасць.

Але паступова з’яўляліся прасветліны, і чысцеў небасхіл над яе імем і яе словам. У1967 г. выходзіць паэтычны зборнік Л. Геніюш “Невадам з Нёмана”, які адрагаваў на грамадскай аснове Ул. Караткевіч. Ю. С. Пшыркоў у прадмове да кніжкі адзначыў высокія вартасці інтымнай і пейзажнай лірыкі паэткі, “ёмістасць і пластычнасць вобразаў”, “трапнасць і сэнсавую мнагазначнасць кожнага паасобнага радка”. Іразам з тым тэленавіты літаратуразнавец ні слова не піша пра драматызм шляху паэткі, яе канцлагернае жыццё, ставіць у віну яе паэзіі ваеннай пары прыглушанасць патрыятычных матываў, ідэі бацьбы за свабоду.

За тым была кніжка “На чабары настоена” (1982) з цёплай прадмовай Дануты Бічэль-Загнетавай, якая адзначыла “крылатасць”, “беларускую шчырую праўду” вершаў паэткі, назвала яе “сейбіткай глыбокіх думак, ткалляй наватарскіх метафар і перыфраз на аснове народных традыцый...”12

Самае поўнае выданне твораў Л. Геніюш – кніга “Белы сон” – убачыла свет толькі ў 1990 г. Б. Сачанка адзначыў, што “адвечнасцю і глыбіннасцю дыхае кожны яе паэтычны радок”. І разам з тым і ў гэтай новай публікацыі не абышлося без наклейвання палітычных ярлыкоў. Здаецца, жалезная заслона разбурана, блудныя сыны і дочкі атрымалі магчымасць сабрацца ў сваім родным гняздоўі, але зноў мы пішам пра памылкі, пра нейкія няверныя крокі, няпарвільнасць пазіцыі эмігрантаў: “На жаль, ні Ларыса Антонаўна, ні яе муж Іван Пятровіч не адмежаваліся ад розных прахвостаў ад палітыкі, а нават дазволілі ўцягнуць сябе ў некаторыя, варожыя нашаму ладу дый народу, акцыі, не парвалі Геніюшы сувязі з калабарантамі і пасля вайны, разгрому гітлераўскай Германіі”13, - адзначае вядомы беларускі пісьменнік.

Што ж, ён мае рацыю, калі верыць дакументам, фактам жыцця паэткі, яе сям’і: яна ж доўгі час жыла ў Празе, кантактавалася з эмігрантамі, нават займала высокую пасаду паслі смерці старшыні замежнага беларускага ўрада Васіля Захаркі, сімпатызавала многім славутым дзеячам беларускага Адраджэння. Яе першы зборнік вершаў “Ад родных ніў” (1942) друкаваўся так сама далёка ад Бацькаўшчыны. Яна не ўхвалявала бальшавічкую дыктатуру ў сваім краю, бачыла ў ёй прычыны фізічнага і духоўнага знішчэння мільёнаў невінаватых людзей. Ёй і яе мужу інкрымінавалася падтрымка паслання эмігрантаў Адольфу Гітлеру – “вызваліцелю” беларускага народа ад бальшавізму. Усё гэта рэальныя факты. Іх каменціруе ў сваёй “Споведзі” Л. Геніюш. Каменціруе некалькі іначай, не так жорстка і просталінейна, як Б. Сачанка. Яе памылкі і памылкі яе мужа былі памылкамі людзей, якія шукалі шляхоў рэалізацыі ідэі нацыянальнага вызвавлення беларусаў, знаходзячыся ў становішчы паміж дзвюх анёў. А пасля выпадку з тэлеграмай фюрэру масты былі спалены канчаткова: вяртанне ў Савецкую Беларусь азначала самазабойства, дабраахвотную здачу ў рукі берыеўцаў. І трэба зразумець складанасць духоўнага жыцця паэткі на мяжы жыцця і смерці. І не папракаць за непаслядоўнасць паводзінаў.

Л. А. Геніюш – змагарка за нацыянальную ідэю – стаяла над палітыкай, аднолькава не давярала і Гітлеру, і Сталіну, і нацыстам, і бальшавікам. Вернасць Радзіме, народу рабіла яе мужнай, нязломнай і паслядоўнай, як у дзеяннях і ўчынках, так і ў мастацкай творчасці.

Але пагартаем старонкі кніжкі “Белы сон”, учытаемся ў радкі мілагучных, “шчыльных”, густых і звонкіх твораў – ранейшых і пазнейшых, напісаных за мяжой і ў сваім краю, за дротам і на свабодзе. Усе яе вершы – як адзін суцэльны выгук рпа тое, што будзе жыць Беларусь, як адно маленне на сваю краіну-браначку, каб выстаяла, выжыла, вызвалілася з палону.

Пра гэта баліць яе сэрца ў фальклорным паданні пра раздарожжа, пра выбар аднаго з трох шляхоў “Тры дарогі”. Маллады хлопец мог стаць важным і “не зазнаць невясёлых дзён” (перашая дарога), мог атрымаць “шчасце скорае” (другая дарога), аднак ён выбраў трэцюю сцежку:

Пры дарозе той чабор сцеліцца,
узышло на ёй волі зелейца.
Паліваць яго трэба з ласкаю,
нат слязьмі, нат крывёй уласнаю.

1937-м годам датуецца верш. Замежжа. Думкі пра пакутны шлях Радзімы, пра кволыя парасткі свабоды на яе загонах, пра ахвярнасць лёсу тых, хто павінен “ нат слязьмі, нат крывёй уласнаю” паліваць усходы волі. Паэтка, такім чынам, ужо ў самым пачатку свайго творчага шляху рыхтуецца да барацьбы, гістарычна аб’ектыўна ацэньвае становішча Беларусі, глядзіць вачыма народа свайго на заклятасць яго лёсу. І тым самым яна як бы пераклікаецца з Я. Купалам у самым пачатку сваёй дарогі, які таксама, можа, вастрэй, чым М. Багдыновіч і Я. Колас, адчуваў зломнасць і пакутнасць нашага шляху, рыхтаваў сябе да выканання місіі не прызнанага Месіі.

У фальклорна-лагендарным стылю напісаны і ранні верш паэткі “Дзяды” (1935). Яна паказвае ў ім лёс народа ў цэлым, яго гістарычны шлях, супрацьпастаўляе даўнюю вольніцу, якую баранілі дзяды, і няволю, у якой жывуць унукі. Па жанры гэта не вялікая быліна, легенда, прасякнутая макротна-велічным настроем. Аўтаркай знойдзены выразныя мастацкія дэталі для характарыстыкі нашых продкаў: іх сіла параўноўваецца з сілай дубоў-волатаў, адвага – з адвагай звяроў. Пісьмо атрымліваецца малюнкавае, узбуйненае. Адчуваецца напружанасць дыхання радка з-за скандэнсаванасці сэнсы ў кожным з іх:

Аружжа цвёрдае кавалі сабе самі,
вастрылі стрэлы, нацягалі лук,
Часамі быў аружжам толькі камень
Ці двое дужых, гартаваных рук.
.....................................
Як дуб, магутныя, адважныя, як зверы,
адужалі ў лясох суровае жыццё.
Перад цяжкою, кованай сякерай
паганы вораг назаўсёды ўцёк. (10)

Падобная карціна магла вырасці на аснове захаплення і вернасці. Яна сагрэта ўяўленнем пра тое, як усё адбывалася ў даўнія часы, якімі вялікімі намаганнямі фізічных сіл даводзілася бараніць сябе беларусам. Калі чытаем радок за радком, адчуваем, на колькі яны тугія, шчыльныя сэнсам, наколькі вартаснае і незалежнае ў іх кожнае слова паасобку.

Стварыўшы карціну ад свайго імя, Л. Геніюш у другой частцы верша дае слова нашым продкам, укладвае ў іх вусны маналог-зварот да нашчадкаў, якія страцілі свабоду. Канцоўка маналогу “сівых волатаў” набывае вялікае значэнне сёння, у перыяд новага нацыянальнага Адраджэння, абруджэння нацыянальнай свядомасці:

– Мы Край грудзьмі сваімі баранілі,
каб унук у няволі, у сораме заціх?
Каб нашы землі, нашы пушчы, рэкі
чужак сваёй краінай называў
ды слаўна племя сёння мучыў здзекам
і навт мове волі не даваў? (10)

Вобраз Радзімы, яе гісторыі мае ў творчасці Геніюш некалькі “вымярэнняў” – эпічнае, лірычнае і драматургічнае. Першае вымярэнне з’яўляецца на фальклорна-апісальнай аснове і мае не менш шырокія, чым у вуснай народнай творчасці, абсяг, уключае ў сябе прыроду, чалавека, з яго заўсёднымі клопатамі: побытам, працаю, каханнем, песнямі. У гэтым пласце лірыкі паэтка традыцыйная, класічна-суразмерная, настроеная на добры лад і згоду. Іншай яна не можа быць, бо сама пачувае сябе сялянкай, не раз дэкларуе гэта, ганарыцца гэтым – “сялянка я!” Вершы “За прасніцай”, “Дзяўчына”, “Мой лён і сны”, “Вяселле”, “Маці”, паэма “Куфар”, “Раніца” і іншыя надзвычай пластычныя, прадметныя, сатканыя з вобразаў-дэталяў, вядомых з песняў, легендаў, паданняў, з карцін-сімвалаў роднай старонкі. Вось такіх, як, напрыклад, у вершы “За прасніцай” – “палотнаў сцягі снегавыя”, “белыя кашулі”, “тонкі, узорны ручнік”, “Снежна-белыя будуць кашулі, ды бялей за чаромухі бель, за галоўку старое бабулі і як яснага сонца пасцель”

Л. Геніюш працягвае ў такіх творах не толькі традыцыі фальклору, але і набыткі пісьмовай літаратуры, зарэентаванай на малюнкавасць, выяўленчасць, дэталізацыю. Ля вытокаў такога пісьма стаяць і “Песня пра зубра” Гусоўскага, і “Энеіда навыварат”, і “Тарас на Парнасе”, а пазней напішацца “Новая зямля” і пейзажная лірыка Я. Коласа. Каб паэтка засталася на дасягнутых у такой, чыста выяўленчай лірыцы пазіцыях, яна, па сутнасці, не змагла б сказаць свайго слова ў паэзіі. Не ўратавала б яе і адданасць роднаму краю, фальклору, а творчасць успрынялася б чытачамі як адбітак ранейшага, вядомага па творах іншых пісьменнікаў. Таму яна ўжо ў ранніх творах, а пазней – амаль ў кожным паглыбляе лірыка-філасофскую, медытатыўную аснову і адначасова спалучае фальклорную, традыцыйную вобразнасць з вобразнасцю мадэрніскай, асатыятыўна-значнай, нечаканай. Дзякуючы гэтаму з’яўляецца афарыстычнасць, літаратурнасць, ствараецца эфект мастацкай нечаканасці, незададзенасці пачуцця і думкі. Паэзія набывае аб’ектыўны характар, індывідуальнасць аўтаркі выяўляецца больш выразна. Падобныя творы сведчаць і пра тое, што Л. Геніюш імкнецца памножыць традыцыі Багдановічавай паэзіі, надать мастацтву слова рысы інтэлектуалізму і мадэрнізму.

Верш “Ноч” (1935) амаль тэкстуальна пераклікаецца з вершамі цыела “У зачарованым царстве” класіка беларускай літаратуры: “тонкі вэлюм свой развесілі русалкі, каб вольна рытмам лебядзіных цел прыйсці кружыцца, праляцець маланкай, аж покуль птушкі не празвоняць дзень”. І разам з тым напісаны ён ў новым часе, паводле пошуку больш выразнай дэталі, свяжэйшага міні-вобраза. Да ліку такіх, несумненна, можна аднесці і эпітэт лебядзіныя (целы), і метафарычнае параўнанне – праляцець маланкай, і метафару – расою зазвоніць лісце лебяды, з рук месяц пусціць распялку-душу. Так у адным творы сыходзяцца розныя сілавыя лініі, злучаюцца традыцыі выяўлення і пераўвасаблення, прадметнай пластыкі і наватарскай сімволікі.

Паэтка напісала гэты верш ў 1935 г., тады, калі і М. Танк у сваіх запісах “Лісткі календара” адзначаў, што яго не задавальняе прыземлена-апісальная паэзія, якая арыентуецца на фальклор.

Пераадоленнем апісальнай выяўленчасці, сэнсавай насычанасцю вершаванага радка, глыбокім выяўленнем асабістага лірычнага пачуцця характарызуюцца творы паэткі “Беларуска”, “Родная мова”, “Калісьці”, “Залаціста ўсміхаюцца далі”, “Хачу бачыць”, “Нейк сумна”, “Малюе восень”, “Танцуе дождж”, “Думы мае, думы...”, “Дзень яшчэ дагарэць не паспеў...”, “Іду адна, а прада мною ноч...”, “Зла няма...” і іншыя. Паэтцы цяпер ужо мала прызнацца ў любві да роднага краю, спыніцца на яго абрысах, занатаваць яго фарбы – яна дакопваецца да прычын свайго кахання, знітоўвае розныя жыццёвыя вымярэнні. Пачуццё абвастраецца, а думка паглыбляецца і кандэнсуецца ў радку, у творы ў цэлым.

Прааналізуем некалькі падоьных, выразна суб’ектыўных твораў Л. Геніюш другой паловы 30-х гадоў. Вось верш “Калісьці” (1938). Пачынаецца ён – шырока і вольна, як запеўка ў песні, адточана і выразна, нібы ікона. Фальклор даўно ўжо ведаў падобнае пісьмо, і паэтка толькі працягвае ранейшыя традыцыі, памнажае чужыя набыткі:

Плуг згарне ад зярняці пасцель,
раллю мякка прыгладзяць баронкі,
ярына за шуміць, зацвіце
на палетках радзімай старонкі.

І другая страфа вытрымана ў фальклорным (беларускім, нацыянальным) стылю: у ёй распавядаецца пра тое, як увесну “будуць нівы, лугі зіхацець, слацца ўзорна-квяцістым абрусам”, згадваецца сіні лён, падобны на вочы беларусак. Родная прырода і характар нацыі выяўляюцца ў чатырох радках – спакойных і запаволеных у рытміка-інтанацыйных адносінах, пра незвычайнае ў звычайным, штогоднім, пра зялёнае і сіняе, што сімвалізуе адметнасць Беларусі.

А вось трэцяя, заключная страфа пераводзіць апісанне ў зусім іншы план – план глыбокага перажывання, адданасці роднай старонцы, боскага захаплення яе жывою красою. Чатыры радкі гучаць як споведзь-клятва паэткі-гуманісткі, як прысяга на верансць прыродзе, якая мае жывую душу. Цяпер для чытача важная не створаная карціна, а выкрэсленне ёю пачуццё. Ён суперажывае дзяленне лірычнай гераіні, парўноўвае яе пазіцыю са сваёй, адчувае шчырасць сказанага:

Я паволі па сцежцы прайду,
каб нагой не стаптаць ні зярняці,
ні той бульбы ў зялёным раду,
ані траўкі буйной сенажаці. (27)

Звернем увагу, што дзеянне ў вершы адбудзецца, а не адбываецца. Паэтка за мяжою нудзіцца па свайму краю і абагаўляе яго адметныя рысы, стварае культ самых звычайных працоўных сцэн (1 страфа), фарбаў і колераў (2 страфа), паводзінаў нераўнадушнай гераіні-гуманісткі (3-я страфа). Гуманістычны пафас дасягаецца і пры дапамозе мастацкіх дэталей-эпітэтаў (“буйной сенажаці”, “узорна-квяцісты абрус”), параўнання колеру лёну з колерам вачэй беларускі. А колькі добрага і светлага пачуцця ўкладзена ў памяньшальна-ласкальны суфікс у слове баронка. Не барана, а баронка – яна прыгладжвае “мякка раллю”, як маці прыгладжвае ільняныя дзіцячыя кудзеркі сваёю дачуркі.

У вершах 30-х гадоў выяўляецца не толькі сентыменталісцкая расчуленасць мастачкі, але і яе вера ў пераадоленне змрочных сіл. У далейшым гэта вера будзе мацнець і мацнець, напоўніць гераічным пафасам і лагерную, паўночную лірыку, і лірыку кахання, і пасланні сябрам і родным, і філасофскія споведзі, і пейзажныя карціны. На аснове падобнай мужнай веры і вернасці абранаму пакутнаму шляху выхоўваецца характар беларускі ў паэзіі Геніюш – дзяўчыны, жанчыны, здольнай не толькі на жальбы-скрагі, а і на адвагу, рашучае дзеянне ў экстрэмальных умовах. І тут мы можам правесці парлель паміж яе творчасцю і творчасцю рускіх паэтак Г. Ахматавай і М. Цвятаевай – нязломных, як і яна, воляю, духам. У сувязі з гэтым верш “Беларуска” (1939) у многім прагнастычны – наша паэтка прадчувала будучыя страны, недалёкую бездань пакутаў за край і народ свой, за сваю сям’ю і сябе. Яна рыхтавалася да супроцьстаяння змрочным сілам, прыняцця эстафеты з рук мужа. І яшчэ раз хочацца падкрэсліць іканапісны характар пісьма Л. Геніюш, што раскрываецца ў гэтым вершы і стварае карціну біблейскую, спрадвечную:

Ты пойдзеш у бой, а я плуг накірую,
каня накармлю, напаю, -
і так абаронім, засеем, збудуем
з табою краіну сваю. (35)

У 1940 г. Л. Геніюш напіша цудоўны верш аб прыродзе – “залаціста ўсміхаюцца далі” – надзвычай пластычны, малюнкавы, з яркай міні-вобразнасцю. Як і ў творчасці гэтае пары ў цэлым, у ім перамагае пазітыўны, гарманічны пачатак, зіхацяць буйныя, сонечныя фарбы, а трохстопны анапест стварае лёгкую, напеўную інтанацыю:

Залаціста ўсміхаюцца далі,
сонца іскрыцца, быццам пажар;
клён навешаў на грудзі медаляў,
як заслужаны ў боі ваяр.

Нехта ўзорную хустку ўскінуў
на бярозку, як белы той дух;
над вадой сінявокай каліна
апранула узорны звартух. (41)

Гэта быў гімн незгасаючай прыгажосці прыроды, маленне на яе, можа, апошняе заклінанне – выжыць, выстаяць перад будучымі наваламі. Яна не можа не адчуваць сэрцам набліжэнне навальніцы, і моліцца Краю свайму, як самому Богу, пакутуе, што ў данны момант не разам з ім, просіць літасці і даравання, цягнецца да яго душой і сэрцам.

1941-м, ваенным годам датуецца светлы гімн-клятва Л. Геніюш “Там толькі”. Паэтка, як заўсёды, выразна акрэсленая ў думках, фарбах, інтанацыі, край паўстае з радкоў яе твора цуда-волатам, працаўніком, у сценях узаранага раўніннага поля, што “калышацца жытняю хваляй”, нёмана, які (дастойны эпітэт) “шырока плыве” сярод пушчаў, замкаў і курганаў. Дзве апошнія страфы ствараюць вобраз працоўнай дзяржавы, слава якой – дзяўчаты ткалі, што як бы вярнуліся да нас з казачнага Багдановічавага шэдэўра, ды аратыя, сейбіты. Верш завяршаецца панарамным і ўсеабдымным малюнкам:

Дзе цягнуцца стромныя вежы ўгару,
вярхамі ўпіраюцца ў неба,
а моцныя рукі папары аруць,
каб нівы пакрыліся хлебам. (49)

Паэзія Л. Геніюш 30-х гадоў развівала далей традыцыйныя фальклорныя матывы, стварала велічны, аб’ёмны партрэт Беларускага Краю і яе народа – нязломнага, мужнага, які апынуўся ў часовай бядзе. Сама паэтка яшчэ пакуль прытрымлівалася прынцыпаў аб’ектывізаванага пісьма, не заўсёды вылучала наперад суб’ектыўна-індывідуальны пачатак, бо гаварыла ад імя ўсіх, ад імя масы, ад імя былых пакаленняў. І разам з тым на яўна фальклорную аб’ектыунасць наслойваецца тое, што мы называем “неагульным выразам твару”, аўтарскае “я”, з’яўляецца вобраз лірычнай гераіні – адзінокай пакутніцы, якая дакарае сябе за здраду, шукае выйсця з бяды і еднасці з пакінутымі прыродай і людзьмі. Трагедыйны пафас выцясняе пафас сентыментальны, расчуленасць саступае месца суровай мужнасці, элегія ўсё больш і больш заменьваецца героіка-драматычнай одай.

Трагедыйная аснова лірыкі Ларысы Геніюш у вайну паглыбілася. З’явіліся вобразы-сімвалы нечуванай моцы. Так, у вершы “Нейк сумна”, напісаным у стылю “Асенніх лістоў” Я. Пушчы, - прырода ўжо не радуе мастачку, бо ўяўляе сабай згустак суцэльнага плачу і стогну, суцэльнай дысгармоніі. Несумненнай удача-дасягненнем з’яўляецца створаная ў канцы верша карціна – параўнанне хмараў: яны навіслі торбаю жабрачай і крыламі ворана над зямлёй і “апалі неяк безнадзейна на душу стадам гругановым”. Мы не выпадкова, аналізуючы верш, згадалі Язэпа Пушчу. Трагедыйнае пачуццё і гэтага аўтара ў 20-я гады матэрыялізавалася ў вобразе статку грушаноў, што кружаць над курганам, бязлістым садам і паглыбляюць і без таго глыбокую драму душы. Л. Геніюш, відаць, ведала беларускую сумленную паэзію, якая супроцьстаяла афіцыйнай адыёзнасці, адчувала кантрастнасць даваеннага жыцця, змагалася за права спяваць сумныя песні. Ведала і ішла той жа дарогай – дарогай паглыблення трагедыйнага пафасу на рэальнай жыццёвай аснове.

Як і А. Моркаўка, А. Коршак, З. Астапенка і іншыя аўтары, у гады ваеннага ліхалецця паэтка здолела ўпісаць сваю асабістую драму ў малюнак агульнанароднай драмы, ці, можа, нават наадварот: праз суб’ектыўнае – самапакаянне, дакор сабе, пасіўнаму ўдзельніку падзей, чалавеку збоку ў самы трывожны для Радзімы час, - самаспапяленне раскрыць агульначалавечую драму. Вачыма такіх людзей (а да ліку іх можна аднесці і М. Сяднёва, А. Салаўя, Н. Арсенневу) драма 40-х гадоў успрымалася больш абвострана, пакутліва. Гэта была драма ў квадраце, драма тых, хто адчуў на момант як бы комплекс сваёй непаўнацэннасці на пачатку вайны і згарэў на агні самасуду.

Трагедыйнасць у вершах згаданых пісьменнікаў часта дасягае планетарных і нават касмічных абсягаў, не ведае межаў. Такі шырокаабсяжны боль нараджае адпаведныя велічныя, падчас афарыстычныя радкі:

Агнём палымяным трэ край свой кахаць,
трэ вырасці з ніваў, загонаў,
каб славу, багацце – усё кінуць, аддаць
за кліч свайго роднага звона...

(“Усяслаў Чарадзей”, 64) Блукаю сёння па родным краю
збалелым ценем.
Хачу быць кропляй, што перапаўняе
чашу цярпення.

(“Блукаю сёння...”, 81)
Душа мая – з бога,
а шлях мой – з пакутаў (83).

Л. Геніюш не паказала канкрэтную вайну, бо глядзела на яе крыху збоку, з пазіцый агульначалавечых. Аднак драматызм гэтай крывавай бойні яна перадала горда і чынна, адкінуўшы рытарычную публіцыстыку і дыдактычны патрыятызм.

Наступны па часе пласт паэзіі Л. Геніюш – яе закратная лірыка. Мужчынская па інтанацыі, з вобразам гераіні-нязломніцы, вечнай пакутніцы, яна ўражвае найперш уменнем паэткі перадаць нечалавечую цяжкасць таго, што адбываецца: каты, падчас узростам – сыны, здзекуюцца з жанчын, тых, хто сімвалізуе сабой прыгажосць, гарантуе нязгаснасць жыцця на планеце. Паняцці Жыццё і Смерць, Сумленне і Мана, Каханне і Садызм, Бог і Сатана стаяць побач у лагернай лірыцы нязломнай беларускі. І ўсё неяк само сабою скіроўваецца на на пошук Дарогі да Храма, да Справядлівасці. І такімі змізарнелымі робяцца канваіры, якім дапамагае пільнаваць вязнеў паўночная прырода, і высвечваецца абліцца Мадонны пасярод завейнай маўклівай Поўначы – падканвойнай жанчыны з лапатай ў руках:

Мы зайдросцім сонейку цёпламу,
долі – мачысе, долі скупой.
Замярзаюць тут слёзы кроплямі.
Штык у плечы направіў канвой.

Беларусь, Украіна, Прыбалтыка...
Цвет жаночы – Радзіма і бог.
Беласнежныя твары за кратамі.
Закаханыя сэрцы ў дратох.

(“Замёрзлымі пальцамі”, 257).

Асабліва ўражваюць два апошнія радкі. У іх сіла трагедыйнага зместу незвычайная таму, што, па-першае, так ніхто, здаецца, не пісаў, а па-другое, яны складаюцца з удала знойдзеных палярных прадметных рэалій: беласнежныя твары – краты, закаханыя сэрцы – драты. Пастаўленыя побач, гэтыя кантрастныя рэаліі уражваюць сваім звышнатуральным алагізмам. Дадамо, што позняя лірыка. Л. Геніюш вельмі часта карыстаецца менавіта такой узмоцненай кантрастнасцю як прыёмам пісьма. Дзякуючы гэтаму, у ёй палярызуюцца Дабро і Зло, ушчыльняецца сэнс.

У вершы “За Урал упала сонца, бы зарава...” паэтка стварае яшчэ адзін штрых свайго партрэта Паўночнай Мадонны. Яна напіша – “Замянілі мне волю стражаю, А лапатай маё пяро” (262). Што ж, больш праўдзіва і лаканічна не скажаш, словапіс тут поўнасцю заменены карцінаю, атрыбутыкай пакутніцтва.

Гераіня закратнай лірыкі Нязломная. Яна даўно ўжо развучылася смяяцца. У цяжкую хвіліну яна моліцца Богу, Краю і Народу свайму. І ў гэтым знаходзіць ратунак для сябе. Так асабістая драма перастае ў драму агульнародную ў вершах “Не знаю”, “Востры боль пранізаў наваколле...”, “Даль халодным Уралам сінее...”, “Адзінока іду ў нязнанне...” і іншых. Так змагаючыся за сябе, сваю годнасць, яна змагаецца за свой народ, за перамогу Святла над Цемрай:

Востры боль пранізаў наваколле,
Горай звера тупы чалавек.
Толькі б мець непахісную волю,
Магутнейшую волю за здзек.
Не падходзьце! Я сёння малюся,
Святой сілы ў грудзях маіх брак.
.................................
Не баюся няроўнасці бою,
Што адна супроць цемры стаю,
Што мне душу атрутаю пояць.
Я жа знаю, за што яе п’ю!
Я стрываю. Цярпенне не скосіць
Праўду – голаў падняўшы ў гару. (261)

Астрожная лірыка Ларысы Геніюш стаіць у адным шэрагу з творамі Алеся Гаруна, Сяргея Грахоўскага, Масея Сяднёва пра закляты лёс у беларусаў – быць вязнямі, выгнанцамі у сваім краю. Яна такая ж трагедыйная па інтанацыі, пафасе і нават, магчыма, больш мужная, суровая, бо аўтарка не дае сабе права “расслабіцца”, расчуліцца, здрадзіць балючай праўдзе. І яшчэ – астрожная паэзія Геніюш – паэзія дынамічнага дзеяння, актыўнага фізічнага і духоўнага руху, ёй не ўласціва сузіральнасць, беласнежны твар якой свеціцца сонцам з-за кратаў. Перажыўшы жахі сталінскіх ГУЛагаў, яна мела права напісаць прарочыя радкі і тым самым акрэсліць агульны шлях чалавецтва на зямлі як трагедыйны і крывавы:

Ужо гасне дзень, я па зямлі ступаю,
і сцежачка ляжыць перада мной...
Здаецца мне, мая зямля святая –
прасякнутая болем і крывёй... (276)

Вяртанне ў Зэльву пасля вызвалення з лагера, жыццё пад пільным жандарскім наглядам, у чаканні поўнай рэабілітацыі, цкаванне з боку далёкіх людзей не спрыялі свабодзе творчасці, адкрытаму выказванню пра набалелае, пра новы віток фальсіфікацыі рэчаіснасці, страты нацыянальных духоўных каштоўнасцей. Але нават у такіх экстрэмальных умовах паэтка знайшла ў сябе сілы для паглыбленай ацэнкі ўсяго, што робіцца вакол, для глыбокага самавыяўлення ў вечных праблемах жыцця і смерці, кахання, нацыянальнай годнасці. У гэты перыяд выходзяць кнігі яе лірыкі “Невадам з Нёмана” (1967) і “На чабары настоена” (1982).

Стыль паэткі ў новых зборніках застаецца іконапісны, пластычны, прадметна-малюнкавы, зарыентаваны на трапную мастацкую дэталь, кантрастнасць фарбаў. Застаецца і гіпербалічнасць, і высокая пафаснасць, аднак большае медытатыўнасці, апісальнасць пачынае адыгрываць дапаможную ролю. На новай аснове ўтвараецца афарыстыцнасць як дамінантная прыкмета пісьма.

Канешне, ніхто не адмаўляе і пласт апісальна-выяўленчай паэзіі Л. Геніюш гэтага перыяду. Шэдэўрам сусветнай лірыкі можна назваць элегію “Іду адна, а прада мною – ноч...”, што заканчваецца да болю пранізлівымі радкамі “Шляхі вайны. Па іх іду ўсю ноч. Разведчык-месяц з хмараў выглядае. А росы, росы сыплюцца ля ног, З вачэй ці траў, я і сама не знаю...” (88). Застылі імгненні жывога жыцця ў нацюрморце “Прыпала сонца прагнымі губамі...” – з такімі сакаўнымі, свежымі, яснымі лініямі і токамі:

Праворуч важна перайшлі каровы,
Налева бусел узмахнуў крылом.
Здаецца мне, што ў гэты дзень ліпнёвы
Зноў маладой вяртаюся ў свой дом. (91)

Аднак агульная тэндэнцыя – прага медытатыўнасці, сэнсавай ушчыльнасці, афарыстычнасці – уладна набіре моц. І з’яўляюцца філасофскія выказванні, тэзы – як прычыны, як фразы з Бібліі:

На магілках не сеюць пшаніцы,
з чужой крыўды не вырасце доля.
Хто не здольны прад здзекам спыніцца,
Панаваць той небудзе ніколі (92).

“Памяць”, “Адзінай мэты не зракуся...”, “Хтось адыходзіць ад нас назаўсёды”, “Мудрасць спелую сівых вякоў...”, “З болю народа, з ягоных надзей...”, “Напластаванне пройдзеных гадоў”, “У неба ўпёрліся дубоў кароны...” і іншыя вершы – мініяцюры пра веру і вернасць, жыццё і смерць, неўміручасць думкі і слова, радасць і боль. У іх крынічыць мудрасць спелых вякоў і не меншая мудрасць паэткі – дачкі народа-волата:

Напластаванне пройдзеных гадоў –
ужо амаль курганне нарастае.
І сэрца халадок, і снег віскоў,
які ў вясновы поўдзень не растане, -
нагадваюць далёкі цяжкі шлях,
куды паеду, скуль няма звароту.
Застыне іней у цённых валасах
вянком апошнім шчыраму народу (198).

У зборніку “Белы сон”, у ІІІ-м яго раздзеле – “Вершы розных гадоў” – змешчаны пераважна падцэнзурныя творы, тыя, што па розных меркаваннях не былі ўключаны ў ранейшыя зборнікі Ларысы Геніюш. Па ідэалагічных – прысвячэнне “Забэйдзе-Сіміцкаму” (эмігрант! здраднік!). Астатнія – як творы з выразнай нацыянальнай ідэяй. Відаць, стэрэатып “нацдэмаўшчыны” спрацоўваў і ў 60-я гады, і значна пазней. Бо толькі яго дзеяннем можна растлумачыць неўключэнне ў зборнікі верша “Дзе ты, кут далёкі?” з такой балючай інвектывай “Дзе ты, кут далёкі, дзе ты з даўніх дзён тугі нясмелай! Я плятуся шэрым светам з сэрцам, з болю анямелым” (237). Як і верша “Мы доўга глядзелі на край наш праз слёзы...”, адзін радок якога – “Нявольнікі ўдома, не гаспадары” – быў па сіле роўны кулі, што цэліла ў сэрца заўзятага русіфікаванага чыноўніка.

А каму магла падабацца творчая ўстаноўка паэткі на вернасць толькі беззаганнаму, сіле дабра і праўды? Вось і не друкаваліся падобныя “крыменальныя” творы:

У жыцці добрае і паганае.
Паміж імі абвечны бой,
Калі верыць, дык у беззаганнае,
Пакланяцца – праўдзе адной (247).

А паэтка вяла сваю мелодыю да канца, нібы прала нітку на кроснах пад пільным наглядам роднай бабулі. Нішто і ніхто не магло яе зрушыць з абранага шляху – вернасці роднаму народу, роднаму краю, роднаму слову. І памерла яна – Беларускай, а не грамадзянкай новаўтворанай імперыі, пакінуўшы нам запавет:

Не згінай мяне, я не сагнуся,
Не баюся ні страхаў, ні зла.
Нездарма я з зямлі беларускай
Непахіснай сасною ўзрасла.

Напрасткі йду няходжанай сцежкаю,
Мудрасць продкаў у гарачай крыві,
Ні прад кім не схіляю паспешна
Крыху гордай сваёй галавы (250).

Божа, як позна мы адкрываем сапраўдную паэзію. Паэзію, якая вырывалася з-за кратаў на волю, гучала, як набат, як заклінальны звон. Паэзію, якой замыкалі рот, якую вялі на Галгофу за непакорлівасць, за беларускасць, за адданасць справе Адраджэння. “Як позна – позна! І як рана-рана!” – так і хочацца сказаць з гэтае нагоды. І дадаць словамі паэткі-пакутніцы:

Сярод халуёў і духоўных калекаў
Ды сярод іўдаў, што вокал кішаць,
Божа, дазволь нам душу чалавека,
Твар беларускай сям’і захаваць! (307).

БІБЛІЯГРАФІЯ

1. Маладосць. 1990. № 1. С. 136.
2. Маладосць. 1990. № 3. С. 129.
3. Тамсама. С. 141.
4. Тамсама. С. 93.
5. Маладосць. 1990. № 2. С. 153.
6. Маладосць. 1990. № 4. С. 137.
7. Тамсама.
8. Маладосць. 1990. № 3. С. 107.
9. Тамсама. С. 93.
10. Тамсама.
11. Тамсама. С. 105.
12. У кн.: На чабары настоена. Мн., 1982. С. 6.
13. У кн.: Геніюш Л. Белы сон. Мн., 1990. С. 4.
14. Тамсама. С. 9. У далейшым спасылкі на гэтае выданне падаюцца ў тэксце з указаннем старонкі.

Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА

 кантакт: bramaorg@hotmail.com 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster