“МІЖ БЕРАГАМІ”
Лёс і творчасць Наталлі Арсенневай
На сучасным этапе адбываецца пераацэнка эстэтычных і маральных каштоўнасцей пад уплывам новых абставін, у атмасферы галоснасці і паступовай, хай сабе і нясмелай, дэмакратызацыі жыцця. Абкінуўшы дэмагагічныя лозунгі і заклікі, камушляж утапічных ідэй, мы стараемся паглядзець па-новаму на літаратурны працэс ХХ стагоддзя, упісаць у яго імёны забытых і забітых мастакоў і тым самым пашыраць яго гарызантальныя параметры. Прычым дзейнічаць у такім напрамку трэба рашуча і смела: вопыт канца 50-х – 70-х гадоў пераконвае, што можа здарыцца, калі абмяжуешся няпоўным адкрыццём праўды, будзеш прыслухоўвацца да каманд зверху, чакаць установак. Чым хутчэй мы дадзім грунтоўныя літаратурныя партрээты А. Мрыя і Я. Пушчы, У. Жылкі і Я. Нёманскага, З. Астапенкі і М. Багуна, тым хутчэй напішам і новую, не вульгарызаваную, не ідэалізаваную гісторыю літаратуры. Чым больш рашуча адмовімся ад погляду на слоўнае мастацтва як абслугу таталітарнай дзяржаўнасці, наймічку палітыкі, тым ярчэй заззяюць, як зоркі першай велічыні на небасхіле нашай літараттуры, і аповесць М. Гарэцкага “Дзве душы”, і п’еса М. Аляхновіча “Няскончаная драма”, і паэма В. Казлоўскага “Рахіль”, і лірыка А. Моркаўкі ваеннага часу. Ды моногае-многае яшчэ, што не ўмяшчаецца ў пракрустава ложа ўтапічных ідэалаў пра лёгкую пабудову самага справядлівага грамадства на зямлі.
Калі прасторы вывучэння “рэпрэсіраванай літаратуры” даволі шырокія і ўсё больш і больш пашыраюцца ў 80-я гады, дык пра літаратуру беларускага замежжа напісана параўнальна мала. Тут, акрамя кніжкі артыкулаў Б. Сачанкі “Спыняцца сны аб Беларусі...” ды публікацый у перыядычным друку гэтага ж аўтара, а таксама Я. Лецкі, Л. Савік і некаторых іншых крытыкаў, нам і назваць няма чаго. Да таго ж публікацыі, што маюцца, носяць, як правіла, зноў-такі ідэалагізаваны характар: падвышаюць падчас публіцыстычнае, няякаснае ў мастацкіх адносінах толькі за адны выкрывальніцкія, антыкамуністычныя ідэі. А самае значнае з напісанага (згаданая кніга Б. Сачанкі) зарыентавана на адкрыццё прозвішчаў, ацэнку палітычнай дзейнасці эмігрантаў, вытлумачэнне іх паводзін за мяжой.
Творчасць жа адлучаных ад Радзімы мастакоў глыбока не аналізуецца. Да таго ж, адчувальнае жаданне аўтара даць палітычную ацэнку паводзінаў людзей, якія па розных прычынах пакінулі сваю Радзіму, абавязкова вынесці ім прысуд, не паглыбляючыся ў сутнасць справы. Вось як, напрыклад, просталінейна тлумачацца старонкі ваеннай біяграфіі Н. Арсенневай: “І сам Ф. Кушаль, а за ім і Н. Арсеннева ўключыліся ў супрацоўніцтва з нямецка-фашысцкімі захопнікамі – Ф. Кушаль на крыві беларускага народа даслужыўся да генерала, а Н. Арсеннева працавала ў прафашысцкай “Менскай (Беларускай) газэце”, пасля ўтварэння так названай Беларускай Цэнтральнай Рады стала “кіраўнічкай” аддзела літаратуры Беларускага культурнага згуртавання”.[1]
Думаецца, што досыць ісці ў вывучэнні беларускай літаратуры па гарызанталі, уводзячы ўсё новыя і новыя імёны, пашыраючы спіс прачытаных твораў. Прыйшоў час вертыкальнага зрэзу зробленага, напісанага па розныя бакі барыкад. Толькі мастацкія якасці, эстэтычная вартасць, наяўнасць агульначалавечага зместу можа быць гарантам высокай ступені ўвагі да тых ці іншых твораў. Творы ж слабыя, хай сабе і актуальныя, сучасныя па тэматыцы, антыўтапічныя і крытычныя па змесце, не павінны ні аналізавацца, ні вывучацца манаграфічна. Менавіта такому патрабаванню адпавядае паэзія Наталлі Арсенневай – класіка беларускай літаратуры, не згаданага ні ў адной нашай савецкай гісторыі літаратуры.
Лёс не галубіў і не песціў яе – выдатнага майстра пейзажнай, пластычнай і суразмернай лірыкі, глыбокіх, тонкіх па псіхалагічнаму малюнку элегій, страсных, публіцыстычных одаў ваеннага часу, якія заклікалі народ да барацьбы супроць тыраній з Захаду і Усходу, і, нарэшце, вершаў аб празарэнні, Ісусе Хрысце, што з’явіўся свету ў драматычна-складаны час. Гэта быў лёс “між берагамі”, пра які яна сама так слаўна расказала ў аднаіменным лаканічным творы-роздуме, споведзі, рэфлексіі, напісанай у 1971 годзе, у Рочэстэры, далёка ад Радзімы:
Няцямным немаўлем я пяты памачыла
упершыню ў кіпень ракі майго жыцця.
І вось другі ўжо бераг шэры няшпрыцям
расьце перад вачмі... Ен прыйме на спачынак.
А я-б – яшчэ плыла, няхай між берагамі
каменне, і віры, і дна глыбінны жвір...
Ці раз параненая імі да крыві
не паддалася ўсё-ж, ня пала я ў змаганьні.
Рака, рака жыцьця! У градах гнеўнай пене,
у зернятах пяску на плёсах залатых,
бурлі-ж павек між берагамі ты,
і ў грудзі – ужо ня мне – а зьмене бі па зьмене”[2]
Верш праграмны. Сэнс у ім сканцэнтраваны да выбуху. Ён поўны мужнага болю, але не адчаю, гордай усвядомленасці, што не здрадзіла сабе і не схілілася перад жорсткім лёсам “горкай радасці”, як выказаўсы б з гэтай прычыны П. Панчанка.
Недаследавацельнасць біяграфіі паэткі савецкім літаратуразнаўствам дае нам падставы эскізна колькі слоў сказаць і пра гэта. Нарадзілася яна ў Баку, на Каўказе. З роду Арсенневых (генеалагічная лінія бабулькі Лермантава), але рана пераехала з сям’ёй у Вільню, якую і лічыла і лічыць сваёй Радзімай: “... месяцам майго нараджэння лічыцца ўлюблёная Вільня, дзе я фактычна й гадавалася ад першых месяцаў свайго жыцця”. Тут, перад самай вайной 1914 года, яна пачала вучыцца ў гімназіі. Пасля было бежанства 1915 – 1919 г.г., вяртанне ў родны горад з Яраслаўя, вучоба ў Першай Віленскай беларускай гімназіі, дзе настаўнікамі былі М. Гарэцкі, А. Луцкевіч, Б. Тарашкевіч, А. Смоліч і іншыя выдатныя дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння, пазней закатаваныя сталіністамі, раней часу зведзеныя ў магілу. Тут, у гімназіі, Н. Арсеннева пачала пісаць вершы, асмелілася паказаць іх славутаму пісьменніку, літаратуразнаўцу Максіму гарэцкаму, які чытаў іх студэнтам на вечарыме, а затым і надрукаваў.
Восенню 1922 г. Н. Арсеннева выйшла замуж за Францішка Кушаля – члена вайсковай камісіі БНР, а пры немцах – генерала, які прымаў удзел у карных аперацыях супроць свайго народу.
Былі ў біяграфіі паэткі 15 гадоў жыцця ў Польшчы, злавесны 1939 год, які, як піша сама, “паклаў канец майму спакойнаму, але аднастайнаму жыццю”. Было высяленне з Вілейкі пасля ўз’яднання, высяленне ў сталінскі ГУЛаг у Казахстане і нечаканае вызваленне перад самай вайной. Пра гэты хуткацечны, але ці не найбольш драматычны перыяд свайго жыцця Н. Арсеннева выказалася крыху пазней так: “Аб Казахстане пісаць вельмі няма чаго. Кожны ведае, што гэта такое... Шчаслівы выпадак хацеў, каб мы, худыя да непазнання, апаленыя начорна сухімі казахстанскімі вятрамі, вярнуліся на Бацькаўшчыну перад самай вайной, у траўні 1941 году”.[3]
Найбольш нявысветленая ваенная старонка біяграфіі Н. Арсенневай. Вышэй ужо прыводзілася версія ацэнкі яе паводзін Б. Сачанкам, якая, вядома, не можа нас задаволіць, бо з’яўляецца надзвычай спрошчанай і агульнай. На нашу думку, паэтка ў гэты час перажывала перыяд узлёту духоўных сіл, внрыла ў адраджэнне нацыі на руінах, хоць і востра адчувала трагедыю свайго народу, бачыла незлічоныя страны. Як і кожны таленавіты мастак, яна ў сваёй апантанасці была па-за палітыкай, больш цікавілася станам сваёй душы, асабістымі адчуваннямі моманту. Да таго ж ажчуванне часу кожнага не запраграмаванага сталінскім рэжымам на таталітарны калектывізм чалавека зводзілася да выбару – адказу на пытанне: “Якая з дзвюх тыраній – заходняя ці ўсходняя – прынясе менш зла, спыніць нацыянальнае і маральна-духоўнае рабства?” Наталля Арсеннева не магла не перажыаць тое, што з ёю здарылася ў сталінскім ГУЛагу, не была раўнадушнай да паводзін свайго мужа – крывавыя дзеянні каторага наўрад ці ўхваляла. Адным словам, ва ўсіх нюансах яе біяграфіі ваеннага часу нам яшчэ трэба доўга і ўважліва разбірацца, а не прыклейваць ярлык не нашай, чужой. Вось як яна сама ацэньвае сваё становішча ў пачатку вайны: “Не паспелі мы разгледзецца добра навокал, як пачалася вайна, якая ледзьве не каштавала мне жыцця, але затое й штурхнула мяне да новае творчасці. І хоть і цяпер мне жывецца не надта соладка, але я маю гэтулькі працы, і мне так хочацца працаваць, што я зусім не наракаю на ваенныя цяжкасьці, а наадварот, чуюся шчасліваю, што магу нарэшце жыць, пісаць гэтулькі, колькі мне толькі хочацца”.[4] Радкі гэтыя напісаны былі ў 1942 годзе і друкаваліся ў “Беларускай газеце”.
Наталля Арсеннева ніколі не была катам свайго народу. На яе руках няма крыві ні ў чым не вінаватых ахвяраў. Яе ваенная біяграфія – гэта біяграфія спакутаванай чалавечай душы, якая шукае выйсце з няўмольных абставін. Адчуванне паэткі ў суровы час вельмі блізкае да адчуванняў многіх савецкіх людзей, разгубленых, да таго ж развучаных быць самімі сабой, прымаць неардынарнае індывідуальнае рашэнне, выхаваных у калектывісцкім духу. І яшчэ трэба дадаць востры шавіністычны ўціск з боку тых, хто хацеў вокаімгненна звесці многія народы ў адну з’яднаную і дружную сям’ю. Не ўсім удавалася яму супроцьстаяць. Многія былі настолькі запалоханыя, што выбіралі ... маўчанне. Чалавек “з другога берага”, Н. Арсеннева не маўчала. Смела, мужна яна паставіла перад сабой задачу – дапамагчы народу пачуцца народам у злавесным крывавым месіве-бойні, устаць з каленяў, захавацца і выстаяць у барацьбе за выжыванне.
Адчуванне падобнага стану, калі хочацца быць вышэй нявер’я і як бы стаць над абставінамі, а таксама ўменне быць прарокам на сваёй зямлі, што адрознівае вечнае ад часовага і нават ставіць над, здаецца, нязрушным – “вайна” – яшчэ больш непарушальнае і нязрушнае – “слова”, “паэзія” – выяўляецца ў вершах ваеннай пары “Хай грыміць”, “Куды?”, “Усё роўна”, датаваных 1942 – 1943 гадамі. У іх уражвае сама канцэпцыя ваеннага жыцця – як жыцця сярод разбурэння, разлому, бясконцых стратаў, загадак і рэбусаў. Паэтка прызнае, мужна і сурова, усё такім, як ёсць: дэфармаваным, зрушаным у планетарным і – больш – светавым, касмічным маштабе. Тут прыгадваецца зноў ваенная проза К. Чорнага, яго недаеісаныя раманы “Млечны шлях”, “Пошукі будучыні”, дзе абсягі жыцця – трагедыі таксама касмічныя, у якіз падзеі адбываюцца над Млечным шляхам, на Зямлі і ў Космасе. У Я. Купалы беларусы крочаць сваімі зямнымі сцежкамі адваёўваць права “людзьмі звацца (”А хто там ідзе?”), у Н. Арсенневай беларусы – “сыны зямлі, сыны сусвету”, якія выйшлі за межы зямных прастораў “і з прагнасцю дзікой”, каб сказаць і адстаяць большую ісціну – пра сэнс існавання, сакрэт жыцця і тым самым перамагчы бяду, тугу, нейкую спрадвечную наканаванасць – усім, разам “пад адзін патрапіць крыж” (”Куды?”).
Наталля Арсеннева, пашыраючы абсягі сваёй паэзіі, выводзячы беларусаў у дальнюю касмічную вандроўку, удакладніла свайго папярэдніка Купалу, працягнула яго размову пра шлях беларусаў як пра агульначалавечы шлях і як бы прызнала, што, акрамя зямной праблемы нацыянальнага самавызначэння, народу нашаму наканаваныя яшчэ і іншыя, не менш важныя, клопаты: дазнацца адказу на філасофскія пытанні вечнага і часовага, спасцігнуць ісціну ў яе вытокавым і выніковым значэнні.
Верш “Куды?” скіроўвае чытача на прызнанне цяжкасцей пошуку сэнсу і прастаты рашэння гэтай праблемы. Не выпадковыя ў сувязі з гэтым радкі “Паверце, й кон, і чар няўлоўных, дзіўных мэтаў – адно Калюмбава яйко” (С. 125).
Ёсць і яшчэ адзін варыянт – адказ на пытанне, згаданае вышэй. Паэтка спакутаванай, збалелай свядомасцю прызнае нявечнасць і эфемернасць такіх паняццяў, як “вайна” і “мір”, “драма” і “радасць” і ставіць над імі паняцці “мастацкая творчасць”, “беларускае слова”. Трэба было ад многага абстрагавацца, забыцца на канкрэтныя факты і эпізоды тагачаснага жыцця, на кроў і смерць і паверыць у тое, з чым не лічыліся акупанты ўсіх часоў і розных рангаў, - у магічную сілу слова, выказанага, напісанага, занатаванага. Для таго, каб пазбегнуць рытарызму і дэкларатыўнасці, Н. Арсеннева ў вершы “Хай грыміць” разгортвае шырокі метафарычны малюнак, стварае паўнакроўную карціну ворыва, сяўбы, жніва... Выходзіць на скрываўленае поле плуг “раны заворваць”, збіраюцца на ім аратыя і жнеі, і вось ужо спеюць беларускія словы – “жывыя каласы”. Верш заканчваецца надзвычай ёмістымі, шматсэнсавымі радкамі:
У палёх, узараных нарогамі танкаў,
беларускага слова падбіраем жніво. (113).
Дарэчы, нібы паўтараючы паэтку-эмігрантку, класік нашай літаратуры М. Танк назаве сваю апошнюю па часе кніжку лаканічна і ёміста – “Збор калосся”, тым самым у каторы раз ставячы знак роўнасці паміж працай сейбіта і творчасцю мастацтва. І ўвогуле падобная алегорыя – скразная ў беларускай літаратуры, вернай спрадвечным зямным традыцыям.
Зараз Н. Арсеннева жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі. У палітычным жыцці ўдзелу не прымае.
Думаецца, што вельмі правільна вызначыў своеасаблівасць і адметнасць жыццёвага шляху Н. Арсенневай вядомы беларускі літаратуразнавец-эмігрант, укладальнік і аўтар прадмовы да зборніка яе выбраных твораў “Між берагамі” Антон Адамовіч. Ён адзначае, што жыццё паэткі – пяціэтапная эміграцыя: 1915 – 1919, 1922 – 1939, 1940 – 1941, 1945 і да нашых дзён гадоў. І, нягледзячы на падобны стан, які не назавеш іначай, чым кашмарным, паэка жыла, верыла, не страчвала надзеі на святлейшы дзень, дзень адраджэння нацыі, народа: “Ды гэны паэтчын кірунак, нахіл да аптымізму выяўляецца не толькі ў выпадку, калі яна зусім свабодна выбірае сабе край за свой “родны”, але – і нат яшчэ мацней – у тых разох, калі такога свабоднага выбару перад ёй няма”[5]. Нягледзячы на эміграцыю, адарванасць ад краю, няўпэўненасць грамадска-сацыяльнага і нацыянальнага стану краіны, паэтка стрымлівала сябе ад канчатковага расчаравання і бязвер’я. Яе біяграфія – гэта біяграфія чалавека, які ў большай ступені, чым аўтар вядомай трылогіі і многія іншыя мастакі, блукаў па пакутах. І, дарэчы, блуканні гэтыя да нашага часу не скончыліся.
Такім чынам, на біяграфію Н. Арсенневай трэба паглядзець як на біяграфію чалавека між берагамі, з параненым целам, але светлымі і незаплямленымі думкамі. Яна выстаяла ў барацьбе з суровымі абставінамі, не здрадзіла свайму народу ў скрутны час. Яна, як магла, супроцьстаяла дзвюм крывавым дыктатурам, была незалежнай і смелай у поглядах на жыццё.
Першы зборнік вершаў Н. Арсенневай “Пад сінім небам” быў выдадзены ў Вільні ў 1927 г. Затым быў падрыхтаваны да друку другі – “Жоўтая восень” (1937), які па розных прычынах так і не ўбачылі чытачы як асобнае выданне. Зборнік “Сягоння” выйшаў у 1944-м ваенным годзе. Следам за ім рыхтаваўся да друку чарговы – “Не астыць нам”. 1979 год – год выдання кнігі выбраных твораў “Між берагамі”. Вось, бадай, галоўныя набыткі славутай беларускай паэткі, лёс якой так нагадвае лёс Максіма-кніжніка, які таксама не страціў адчування роднага, нацыянальнай гордасці далёка ад свайго краю, не растварыўся ў рускамоўным асяроддзі, утрымаўся на хвалі адраджэння ў самым цэнтры рэчышча паўнаводнай ракі.
Фенаменальнасць і непаўторнасць паэзіі Н. Аосенневай вызначаецца многімі фактарамі. Па-першае, што б мы ні казалі, гэта паэзія, створаная пераважна за межамі свайго краю, не на Радзіме. І таму яна не магла быць у цэлым аптымістычнай, жыццярадаснай, мажорнай па сваім пафасе. Гэта паэзія сцішаная (за выклюцэннем ваеннага часу) па інтанацыі, у цэлым нягучная, мінорная, роздумная. Сваёй агульнай танальнасцю яна блізкая паэзіі ўсё таго ж Максіма Багдановіча. Элегізм – вось яе вызначальная рыса ў многія гады, у розныя перыяды. Роздум, маналагічная спавядальнасць – спосаб выражэння мінорнага настрою. І, нарэшце, падобная танальнасць перадвызначае мінівобразнасць. Як зазначыў з гэтай нагоды ўсё той жа Антон Адамовіч: “У сваім першым па-беларуску напісаным вершы і першым вершам друкаваным Наталля Арсеннева пачынала свой шлях як ПАЭТКА ВОСЕНІ, вобраз восені ад самых гэтых пачаткаў стаўся для яе найбліжэйшым, найулюбенейшым, найінтымней зробленым канкрэтным увасабленнем вобраза тае прыроды, на якой, як было сказана, засяроджвалася й нат перазасяроджвалася яна ў сваёй творчасці ўвесь даваенны час”.[6]
Усё цесна пераплятаецца ў мастацтве: настрой душы і настрой эпохі, пафас часу і танальнасць слова, радка, кнігі; жыццёвая біяграфія і біяграфія жанраў; агульнае і прыватнае. І ў слоўным мастацтве Арсенневай не маглі не адбіцца факты міжбярэжнага жыцця, скрухі па странах, надзеі на адраджэнне. І не магла яна любіць лета, а не восень, спяваць пра радасць, а не пра боль, быць адычнай, а не элегічнай. Не магла здрадзіць праўдзе абставін. І яшчэ: не магла паэтка абмежавацца канстатацыяй убачанага, павярхоўным апісаннем таго, што аказвалася ў полі зроку, бо душа яе крывавілася аб вострыя камені берагоў, раз-пораз натыркалася на раўнадушша, прадзіралася праз цемру святла і не магла выбавіцца на шырокі прастор.
Толькі два разы назіралася палітычная, грамадская актывізацыя яе творчасті – у Вялікую Айчынную вайну ды на сучасным этапе, калі большала і ўмацоўвалася яе вера ў магчымасць гармоніі на зямлі. У першым выпадку вера мела пад сабой глебу – дараваныя захопнікамі ілюзіі абсалютнай нацыянальнай свабоды і вызвалення. Паэтка ў гэты час працавала плённа і шмат. Пісала “вершы на выпадак”, якія сталі песнямі вайскоўцаў-беларусаў, гімн адраджэння, лібрэта оперы “Лясное возера”, “Усяслаў Чарадзей”, “З выраю”, перакладала творы Гётэ і Гаўптмана, займалася актыўнай культурна-асветніцкай працай. Усё гэта рабілася насуперак суровым падзеям, вылівалася ў адточаныя, афарыстычныя радкі:
Мы – упарта працуем,
мы – упарта жывём!
У палётах, узараных нарогамі танкаў,
беларускага слова падбіраем жніво![7]
У другім выпадку ўзлётныя мары паэткі былі выкліканы нараджэннем новай веры – веры ў Бога. Пра гэта верш “Верце!”, які заканчваецца заклікам да нас, жывых, верыць у васкрасенне свайго краю:
І ніваў сонечны прасцяг,
і пушчы, сінія ад сьценяў,
сьвяткуюць Сьвята Уваскрасеньня.
Такі спрадвек закон жыцьця...
Чакайце-ж, верце, прыйдзе Ён,
Вялікі Дзень і ў нашу хату,
Пашле і нам нарэшце свята
дзіўны, нязнаны Божы Кон! (237).
Усе ж астатнія творы паэткі папісаны ў мінорным ключы. Мажорная інтанацыя прабіваецца на паверхню з цяжкасцю, не разліваецца шырокай ракой, а б’е сцятай, напружанай крыніцай, і не згасае, канчаткова не знікае.
Вядома, сказаць нешта новае, сваё ў ключы элегічнай змястоўнасці надзвычай цяжка. Дастаткова прыгадаць, што ў азначаным напрамку працавалі многія таленавітыя паэты ХІХ – ХХ стагоддзя, - Гейне і Гётэ, Пушкін, Лермантаў і Баратынскі, М. Рыльке і А. Блок, Я. Купала, М. Багдановіч, У. Жылка, Я. Пушча і многія іншыя. Кожны вядомы мастак слова нязменна звяртаўся да жанру элегіі, каб паскардзіцца “на свет цэлы”, адкрыць свае маркотныя думкі чытачу, хоць словам разарваць сіло трагедыйных абставін. З верша ў верш паўтараліся і трагедыйныя вобразы-дэталі, вобразы-карціны згасаючай прыроды. Нараджаўся культ восені і начы з адпаведным ім настроем. Атрыбуты элегічнай паэзіі незвычайна спрошчанымі паўставалі і ў массавай паэзіі перыяду агульнага паніжэння грамадскага настрою, як гэта надарылася ў перыяд паражэння рэвалюцыі 1905 – 1907 г.г., на пераломе 20-х – 30-х і ў ваенны час. Трэба было адолець цяжкасці, выбіцца з палону традыцый і стэрэатыпаў, знайсці сваё, арыгінальнае рашэнне так званых вечных матываў у межах разгортвання элегічнага настрою і адпаведнага яму пафасу.
Наталля Арсеннева вялікая найперш уменнем спрачацца сваімі творамі з іншымі, шукаць свае варыянты мастацкага рашэння праблемы, быць непадобнай нават там, дзе, здавалася б, і адкрываць няма чаго, дзе ўсё даўно не адзін раз пераказана.
Для ілюстрацыі нашай думкі пра падобнае, скажам ўмоўна, “мінінаватарства” паэткі, звернем увагу на канкрэтныя яе творы, напісаныя ў розныя перыяды дзейнасці.
Вось, да прыкладу, верш “Летуценні”, напісаны ў 1920 г., у пачатку дарогі. Ім адкрываўся матыў настальгіі, чуйнага суму і смутку аб пакінутым краю. У ім сышлося дзве карціны – светлая, яркая, сакаўная, паўднёвая і не такая яркая, сатканая з “кволага сіняга неба”, “срэбрам разорваных ночаў”, “цьмянага, ціхога” сонца, але затое дынамічная, рухомая, зменлівая, а не застыглая, аднастайна-прыгожая. Верш пра вечнае змаганне ў чалавечай свядомасці любві да роднага, менш экзатычнага і адмаўленне захаплення раскошнымі фарбамі чужога. Ён адкрывае магістральную лінію, на канцах якой – Ясенін і наш Панчанка, а недзе пасярэдзіне – З. Астапенка з яго марыністыкай. І адкрывае па-свойму: у згаданых класікаў-лірыкаў ХХ стагоддзя не супадаюць фарбы аднаго і другога краёў, узаемна выключальная статыка прыроды (а ў Панчанкі і грамадства), у пачынаючай паэткі – філасофія прыроды, а не яе параўнальнае апісанне. Асновай любві паэткі становіцца не кантраснасць розных фарбаў, постацяў і г.д., а ўнутраная сутнасць адной і другой прыроды, непрыймальная ў першым выпадку (поўдзень, надоўга страчаная малая радзіма), і сярэдняя паласа (новая малая радзіма – упаўне прыймальная) - у другім. Першая прырода – застыглая, вечная нязменная, дрыгая – рухомая, высненая з кантрастаў, як само чалавечае жыццё:
бо там бяз працы, а родзяць зярняты,
бо там чужое нам вечнае сьвята,
тамака, тамка сэрца маўчыць.
Тут-жа-ж, у нас, па гайках, пералесках
посьля зімы зацьвітаюць пралескі, сьцюжу зьмяняе вясна.
Тут пасьля гора жыцьця шлях сьвятлее,
тут пасьля сьлёз расьцьвітаюць надзеі тут і ў сэрцы вясна! (9).
Так семнаццацігадовая пачынаючая аўтарка (дарэчы, можа чыста інтуітыўна) здолела адрозніць застыглае ад зменлівага, мёртвае ад жывога, паставіла асабісты настрой у залежнасць ад падобнай дыферынцыяцыі і, дзякуючы гэтаму, вывела даволі аб’ектыўную формулу любві да прыроды. Праз чатыры дзесяткі гадоў А. Куляшоў, аўтар “Новай кнігі”, падтрымае маладога аўтара, яшчэ глыбей раскрые гэтую формулу, прыме блізка да сэрца і тое, як “дыван вясны перацвітае ў лета”, а “завея лісцяў – у сняжынак пух”, тую прыроду, што рухаецца на перад, мяняючыся, удасканальваючыся, як і чалавек – яе рэгуліроўшчык.
Элегічная паэзія грунтуецца, як бы мы ні казалі, на сентыментальным пафасе, які можа быць расслаблены і аморфны. Калі ж ён падмацоўваецца пафасам трагедыйным і гераічным, татальнасць вершаў становіцца больш мужнай, строгай і стройнай, а думка як бы ўшчыльняецца, кандэнсуецца, страйнее. Нешта падобнае адбываецца ў вершах ранняга перыяду “Восень”, “Ночы і думкі”, пазнейшых “Жоўтая восень”, “Фестываль”, у адсалютнай большасці твораў ваеннага часу – “Сягоння”, “Вось толькі выпішуся трохі”, “Краіне”, “Калі”, “Восеньскія чары” і інш. Лірыка паэткі становіцца шматслойнай у адносінах пафасу, а значыцца, і сэнсава шматмернай.
Зыходная сітуацыя верша “Вось толькі выпішуся трохі” трагедыйная: ідзе вайна, акупаваны фашыстамі Мінск, абясцэненыя чалавечыя жыцці. І ў гэтых умовах трэба неяк жыць. І не толькі жыць, але і пісаць, змагацца. Сама па сабе сітуацыя мае агульначалавечы змест, стаіць над палітыкай і палітыканамі, над канкрэтнай трагедыяй, бо ўсё, пра што спавядаецца паэтка, - вечная дылема для мастацтва, гамлетаўскае “быць альбо не быць?”. Падзея паўстае маштабнай, абагуленнай, адбываецца проста на планеце Зямля, і такімі ж рысамі маштабнасці і абагуленасці характарызуецца Мастачка – чалавек, які перажывае драму часовага становішча “не на той вуліцы”, дакору сабе, што робіш не тое, адчывання ахвярнасці свайго лёсу. З пазіцыі пафасу твор сінтэтычны, бо сышліся ў ім і элегічны сум, і трагедыйная боль, і гераізм самаахвярнасці. З пазіцыі жанру – гэта элегія і балада адначасова, да таго ж з элементам адызму. І задача даследчыкаў заключаецца не ў тым, каб устанавіць ступень наяўнасці рысаў кожнага жанру ў творах падобнага роду, а ў тым, каб падкрэсліць думку аб спалучальнасці адзнак розных жанраў і нават родаў у межах асобных твораў, падчас такіх “малафарматных”, як верш.
Наталля Арсеннева выходзіць у гэтым і многіх іншых вершах ваеннай пары за межы камернай суб’ектыўнасці якраз дзякуючы ўменню спалучаць розныя жанравыя адзнакі, разнавіднасці пафасу і – адпаведна – настрою ў межах аднаго твору. І дзякуючы гэтаму яны нібы атрымліваюць вышэйшае дыханне, ператвараюцца з традыцыйных вершаў-жальбаў і скаргаў на няміласцівы лёс у вершы-роздумы пра веру і вернасць, жыццё і смерць, чалавечую існасць і сутнасць мастацтва, застыгласць і рух. Элегія Н. Арсенневай становіцца МЕДЫТАТЫЎНАЙ. Тым самым паэтка яшчэ ў 20-я – 40-я гады закладвала аснову для наступнага ўзлёту беларускай філасофскай элегіі, прадстаўленай дастойна А. Куляшовым (”Новая кніга”, “Хуткасць”), М. Танкам (”Хай будзе святло”, “Дарога, закалыханая жытам”, “Прайсці праз вернасць”, “За маім сталом”, “Збор калосся”), А. Вярцінскім, Я. Сіпаковым, Т. Бондар, А. Разанавым і іншымі аўтарамі.
Каб у чытача не складвалася ўражанне пра бяздоказнасць выказанай думкі, прывядзём урвак са згаданага вышэй твора – сэнсава значны, балючы, афарыстычны:
Сціскаць ці варта думы, словы
у цясноце сэрца...
....................................................
Як-бы няхочучы, стаўляеш
сябе адну – у цэнтр сусьвету
і па сабе зьгінаеш баі
старых і новых запаветаў.
А дзе ні глянь – мільёны жыццяў
і рвуцца ніткай перапрэлай,
мільёны зноў – шукаюць сыці,
руін разблытваючы шэрасьць.
Як тут ня йсьці за імі сьледам...
....................................................
зноў бестурботным скамарохам
пайду руіны песьняй песьціць,
узноў пачну смуціцца штодня
чужой тугой, душу шыпшыніць
чужой вяселасцю й паходняй
гарэць на ветры за краіну! (102 – 103).
Лірыка – род літаратуры, як ніяк іншы, схільны да агульнага погляду на жыццё і выяўлення сумарнага перажывання, надзвычай агульных ісцін, за раскрыццё якіх бярэцца мастак, - люблю і ненавіжу, сумлю і радуюся, смяюся і плачу, і нашых пачуццяў, якія можна пералічыць па пальцах, агульных сцэнарыяў, сюжэтаў, на аснове якіх выкрасаецца лірычнае перажыванне. А калі браць лірычныя жанры паасобку, дык у іх яшчэ больш звужваецца лірычная матывацыя або матэматычны змест, а традыцыйны пачатак дамінуе над наватарскім. Задача паэта-лірыка надзвычай цяжкая – па магчымасці разарваць (ці хоць часткова адкарэкціраваць) традыцыйны родавы змест, знайсці арыгінальны ці хоць крыху наватарскі лірычны ход, удакладніць інтэрпрытацыю вечных матываў. Н. Арсеннева справілася з ёю паспяхова ўжо ў самым пачатку дарогі, што няцяжка прасачыць нават на прыкладзе тэматычнага аналізу некаторых яе элегій.
Усім вядома, што элегія вядзе сваю генеалогію з жалобнага твора, але пазней яе змястоўная напоўненасць мянялася, пашыралася, рабілася больш маштабнай. Твор жалобны паступова ператвараўся ў твор-скаргу на жыццё, людзей, абставіны (рамантыкі, сентыменталісты), у філасофскую медытацыю паводле асэнсавання нялёгкага становішча асобы ў грамадстве (А. Пушкін, М. Лермантаў, Я. Баратынскі, Я. Купала, М. Багдановіч, А. Куляшоў, М. Танк, М. Забалоцкі, В. Шэфнер і інш.). Аднак усе разнавіднасці элегіі абапіраліся на агульныя зыходныя пазіцыі мастакоў – малюнкі прыроды ў полі іх зроку аказваліся восеньскія, часцей сіратліва-сумныя, змрочныя, фарбы іх цікавілі ў перыяд свайго згасання, пацямнення і г.д. Восеньскі матыў, настрой, пафас, восеньскія фарбы станавіліся дамінуючымі і ў рускай, і ў беларускай, і заходнееўрапейскай літаратуры.
Н. Арсеннева – маладая, нікому не вядомая паэтка ідзе на пераадоленне традыцыйнай інтэрпрытацыі матываў восені і ночы ў сваёй мастацкай творчасці. Ёй імпануе разнакаляровасць і гукавая шматфарбнасць гэтых прыродных з’яваў. Яна стараецца зразумець іх маштабнасць, неаднароднасць і неадназначнасць у адносінах да чалавека, парўнальна з ім – “старэйшым братам прыроды” (М. Забалоцкі, А. Куляшоў). Так, восень для яе – не толькі і не столькі пара згасання, а найперш – перадумова аднаўлення, адраджэння (”Восень”); “Хай апошнія кветкі ў садзе жаўцеюць, - будзем чакаць вясны!” – сцвярджае аўтарка ў сваёй ранняй элегіі.
Яшчэ больш маштабная тратоўка матыву ночы і адпаведнага ёй стану душы ў “начных элегіях” Н. Арсенневай “Калі ноч запануе”, “Ночы й думкі”, “Вячорная містэрыя”, “Вечар”, “Незгаданае”, “Фестываль” і інш. Традыцыйна ў сусветнай паэзіі ноч паказалася як час маўклівы, змрочны, трывожны, напоўнены бязгучнай цішынёй. Маркотныя перажыванні і думы ў свядомасці чалавека нараджаў і вечар, што таксама ўсяляк дэкларавала слоўнае мастацтва. Для Н. Арсенневай ноч уяўляецца рознаколернай – ад белай да цьмянай, “зь ледзяным зьзяннем зор” і разнагучнай – то глухой, то ціхай, то гаманлівай, і ідэнтычнымі ўяўляюцца думкі: яны бываюць “сьветлыя”, “чорныя”, “благія”, “ціхія” (”Ноч й думкі”).
Для дакладнай перадачы думак і пачуццяў, выкліканых начной і вечаровай парою, паэтка карыстаецца трапнымі вобразамі-дэталямі, якія сведчаць пра схільнасць яе да імажынісцкага пісьма, разлічанага на яркі і арыгінальны малюнак. Дзякуючы маляўнічасці, вершы набываюць прадметнасць, пластычную яскравасць: “І росамі вечар заплакаў, у змроку звалюючы вочы” (”Вячорная містэрыя”), “Зноў сівее зімовая далеч”, “зноў зяленяцца змрокі, як лёд, і гарыць пурпуровай эмаляй няжывы і халодны заход” (”Новая зіма”), “Незгаданаю ўсмешкаю Будды ўсьміхаецца бездань нябёс...”, (”Незгаданае”). І разам з тым падобная маляўнічасць, канкрэтнасць рэалій, пластыка не перашкаджаюць аўтару ўзняцца на вышыню філасофскага абагульнення, прыйсці да высновы пра спрадвечную наканаванасць трагедыйнасці жыцця.
Асабліва ўражвае ў сувязі з вышэй сказаным верш Н. Арсенневай “Фестываль”, які датуецца 1936 годам. Яркі ўзор медытатыўнай лірыкі, ён упісваецца ў залаты фонд сусветнай паэзіі і пра месца чалавека ў сусвеце ды на планеце зямля – пустой, ледзяной, застыглай прасторы. Чалавек у гэтым свеце разам з жывой прыродай – пакутнік, яму цяжка ў змаганні з непрыяльнымі абставінамі. Сцюжай і нясцерпнай тугой прасякнуты твор з першага і да апошняга радка. Ён выклікае асацыяцыі і з вершам “Між берагамі” – пра безпрытульнасць чалавечага лёсу на зямлі, і з многімі іншымі настальгічнымі творамі пра адарванасць ад Радзмы, пакутнасць місіі эмігранта. Трагедыйнасць лірыкі Н. Арсенневай мае як бы некалькі вымярэнняў: практычна зямное (эміграцыя палітычная і ідэйныя канфлікты з грамадствам, сямейна-бытавая неўладкаванасць і інш.), якое я назваў бы мікравымярэннем, і касмічнае (чалавек і прырода пасярод космасу, ва ўлонні спрадвечных стыхій, сярод якіх – сонца, ноч, цемра, безвыходная бяда), якое з поўным правам можна назваць макравымярэннем, блізкім да Куляшоўскага і Танкавага. Чытаеш верш “Фестываль” – і ўяўляеш планету Зямля ў палатаным кажуху нябёсаў, з радкамі сляпых бяроз, якая ў змроку і задусе рухаецца па наканаванай ёй арбіце трывогі і скрухі:
Слата... Асеньняе зьмярканьне
глядзіць вачмі сьляпымі ў змрок,
дзе парудзелым, мокрым зданнем
плывуць бярозы праз пясок.
Плывуць і белымі рукамі
і рвуць густы, пусты туман,
а над слатой, над туманамі
нябёс палатаны рызман...
Бязлюднай пушчай выдаюцца
нябёсы, сінія даўней,
у сьценах восеньскіх, у пустцы,
штораз пусьцей, штораз цямней.
І толькі рад бярозкаў нема
з вачэй сьляпых страсае жаль...
Спраўляюць восень, ноч і цемра
глухі, распачны фестываль. (71).
Антон Адамовіч у сваёй прадмове да зборніка “Між берагамі” вызначыў стан душы паэткі Арсенневай як стан “уступальнага аптымізму”, паводле якога з’яўляюцца і дзве залежныя ад яго “настраёвыя танальнасці-лады” – “мінорамажор” і “мажорамінор” у даваенны час, і падкрэсліў “актывізацыю” паэткі ў ваенны час. Думка слушная. Сапраўды, уся творчасць Арсенневай уяўляе сабой сінтэц аптымістычнага і песімістычна-трагедыйнага настрояў, гераічнага, сентыменталісцкага і трагедыйнага пафасаў. У ёй адначасова гучыць і боль, і радасць, і мажорны, і мінорны пачаткі. У залежнасці ад гэтага знаходзяцца і жанры. Калі ў першы перыяд яе творчасць можна назваць пераважна элегічнай, восеньскай, то ў ваенны час у ёй пераважае баладна-адычны пачатак, а пасля вайны, прайшоўшы праз расчараванне, перажыўшы трагедыю адрыву ад краю і страты веры ў адраджэнне нацыі, паэтка настроілася на хвалю адычную, знайшла Дарогу ў Храм, да Бога.
У зборніку “На ростанях” дамінуе думка пра ўваскрасенне жыцця, веры. Вяртаецца на грэшную зямлю Ісус Хрыстос, і побач з ім аказваецца яе родная старонка Беларусь. Беларусь і Бог – яны побач, яны крочаць скалечанымі і зруйнаванымі прасторамі. І наўрадці знойдуцца сілы, здольныя іх затрымаць. Радасны, святочны настрой, гераічна-трагедыйны пафас патрабуюць адпаведнай формы выяўлення. З’яўляецца ода з адпаведным ёй пафасам і настроем. Канстатацыя і апісанне выцясняюць медытатыўны пачатак, думка “агольваецца”, споведзь становіцца адкрытай, радок – расшыфраваным. Як часта бывае ў одзе, верш грунтуецца цяпер на пафасных выгуках, зваротках, рытарычных пытаннях, закліках перадаць усхваляванасць і напружанасць духоўнага стану аўтаркі. Для надання гучанню вершаў урачыстасці Н. Арсеннева выкарыстоўвае пашыраны вершаваны памер – чатырохстопны ямб, той ямб, які некалі А. Блок і іншыя паэты, а перадусім Я. Батырскі, назвалі “жалезным”. Дзякуючы гэтаму, а таксама іншым вышэй-адзначаным фактарам, мяняецца танальнасць паэзіі Арсенневай у цэлым – на першай пазіцыі аказваецца гераічны пафас, знікае рэзкая кантраснасць фарбаў, гармонія перамагае дысгармонію і дысцыплінуе ў сваю чаргу думку, надаючы ёй сэнсавую дакладнасць. Бадай, паэзія ў такім варыянце страчвае псіхалагічную глыбіню. Можна нават вінаваціць аўтарку ва ўтапічным пражэкцёрстве і аптэмізме. Аднак такая эвалюцыя, убачыць якую нават няўзброеным нашай заблытанай навуковай тэрміналогіяй вокам вельмі лёгка.
Заспакойвае тое, што ў вершах пасляваенных, пераважна аднатанальных, нягледзячы на аптыместычны настрой, застаецца і пачуццё трывогі, што адчуванне радасці ў іх з’яўляецца на фоне разбурэння і папялішчаў. Хрыстос – і попел, Беларусь – і Хрыстос, Уваскрасенне Хрыстова – і ўваскрасене Радзімы, Вялік Дзень і наша ўбогая хата, божае Дзіць і дуга нябёсаў, якая яго абдымае, - вось скразныя вобразы вершаў Н. Арсенневай “Уваскрэсні !” і “Верце”. Творы гэтыя дастойна вянчаюць кніжку “Між берагамі”, адыгрываюць ролю характарыстычнага, сімвалічнага эпілогу. Устанавіць із месца ў сэнсавым радзе паэзіі Н. Арсенневай у цэлым – адна з нашых задач.
Паэзія Арсенневай пачыналася з адкрыцця прыроды – светлай, мяккай і цёплай, трошкі засмучонай, але гарманічнай у аснове. Невыпадковай была і назва першага зборніка – “Пад сінім небам”, і зварот да царства міфалогіі, цудаў, да фальклорнай стыхіі, як і ў М. Багдановіча, што асабліва выразна выявіўся ў другой частцы першай кнігі – “Зачарованы кут. З крыніцы народнай”, у вершах у ім “Лясун”, “Вяселле”, “Песні”, “Балотніца”, “Жаўрук”, “Дзяўчына”. Яна пачыналася са спробы разабрацца ў прыродзе, зразумець яе жывую душу, па магчымасці выправіць асіматрычныя з’явы, згарманізаваць і наблізіць іх да чалавека. Нават восень, ноч і вечар ужо ў раннім слоўным мастацтве паэткі мелі ў сабе зародкі станоўчага, верніцкага. Бога ў гэтым лірычным пласце пакуль няма, ён заменены натуральнай нечапанай прыродай, зліўся з ёю непарыўна, растварыўся ва ўсім свеце. Ідэал, як сэнс жыцця, пошукаў і прызначэння чалавека, пакуль што выступае цьмяна і неаформлена. Паэтка дэкларуе сваю любоў да роднага краю праз захапленне някідкаю, дынамічнаю і рухомаю, у адрозненні ад паўднёвай, яркай, але статычнай прыроды.
У вайну з’явілася вера, надзея, упэўненасць у магчымасці адрадзіць край і народ. Арсеннева ўсклала на сябе абавязкі прарока, які павінен “быць песняром і цяпер, калі дзень наш – ізь сьмерцяй братанне” (”Пясьняр”). Паэт паўстае волатам, які можа “выплавіць гімн” зь віску куляў, гарматных грымотаў”. Ён прарок новых, святлейшых дзён. І, здаецца, круг пошукаў завяршыўся, ісціна адкрылася, шлях да Храму знойдзены, але адно толькі перашкаджае такой выснове-тэзе: усё ж Арсеннева не мела стопрацэнтнай упэўненасці ў магчымасці рэалізаваць станоўчую праграму ў разбуранай вайною краіне. Вельмі часта яе ахоплівала разгубленасць, апаноўвала адчуванне бесперспектыўнасці місіі мастацкага слова:
Хочацца бегчы, шукаць нейкія новыя словы,
словы, якія з жыцця ветрам гарачым змялі-б
жоўтыя рукі крыжоў і шэрыя твары палонных,
целы, што гойдае ноч на шыбяніцах галін. (87).
Вера нарадзілася ў пакутлівай барацьбе з абставінамі. Хрыстос пачуваўся ў сабе самой. Але “ваяўнічага аптымізму” (Ант. Адамовіч) ваеннага часу хапіла ненадоўга. Згасла гераічная пафаснасць, сцішыўся голас, наступіла эпоха “міжбярэж’я” – з яе адматнай татальнасцю, баладнай трагедыйнасцю, пакутлівым адчуваннем адарванасці ад аднаго і другога берага. Гэты перыяд характарызуецца прызнаннем таргедыйнай разломнаці жыцця і недасяжнасці гарманічнага стану рэчаў, ва ўсякім разе для яе, паэткі. Каб быў Бог, дык ён не дапусціў бы такія пакуты, заступіўся б за чалавека. Але ўся трагедыя адрынутага ў тым і заключаецца, што яго няма ці што ён позніцца. Застаецца спадзяванне толькі на сябе і – маладзейшых, тых, хто памятае папярэднікаў, нават тых, што між берагамі трагедыйных абставін. І наступны, заключны перыяд дзейнасці Н. Арсенневай – 70-я гады. Матыў бязвер’я і расчаравання, фатальнае прызнанне трагедыйнасці лёсу саступае месца аптымістычнаму вываду, што ёсць Бог, што ён дапаможа ўсталяваць справядлівасць на зямлі, прынясе адраджэнне роднаму краю. Такой нам уяўляецца агульная сэнсавая, змястоўная эвалюцыя творчасці выдатнай беларускай паэткі. Так урэшце-рэшт яна набыла духоўную ўпэўненасць, веру:
І ніваў сонечны прасьцяг,
і пушчы, сінія ад сьценяў,
сьвяткуюць Сьвята Уваскрасеньня.
Такі спрадвек закон жыцця...
Чакайце-ж, верце, прыйдзе Ён,
Вялікі Дзень і ў нашу хату.
Пашле і нам нарэшце сьвята
дзіўны, нязнаны Божы Кон! (237)
Творчасць Наталлі Арсенневай складае часцінку залатога фонду нашай беларускай нацыянальнай паэзіі. Вытрыманая ў стыле класічнай, суразмернай паэзіі, скіравання на засваенне набыткаў Купалы і Коласа, Пушкіна і Лермантава, Багдановіча і Цёткі, яна павінна быць адкрыта чытачу ва ўсім сваім шырокім аб’ёме. Замоўчванне яе, абумоўленае дзесяцігоддзямі непрызнаная мастацтва, створанага за мяжой, нічога не прынесла і не прынясе грамадству, акрамя стратаў.
На прасягу ўсяго свайго жыцця Н. Арсеннева змагалася за права гаварыць народу праўду, быць з народам і Радзімай і ў радасны (такіх было мала) і ў трагедыйны, скрутны час. Яе творчасць жывіла ідэя нацыянальнага адраджэння, найцяснейшым чынам звязаная з ідэяй набыцця веры, уваскрасення. Яе паэзія надпалітычная, надідэалагічная, бо гэта паэзія ідэй чыстай красы і любві да Беларусі, паэзія ацэнкі свайго міжбярэжнага лёсу як адзіна правільнага, людскага, стройнага, ва ўсіх адносінах гарманічнага, незалежнага ад кан’юктуры.
Як і іншыя мастакі, што пісалі ў свабодным (параўнальна з таталітарным грамадствам) свеце, не страшыліся жорсткай цэнзуры, Наталля Арсеннева бараніла наша грамадства ад эксперыментаў кіруючай чыноўна-бюракратычнай эліты, адстойвала незалежнасць поглядаў чалавека на жыццё. У яе творчасці рэалізавала сябе асоба, індывідуальнасць, чаго як раз не ставала і не стае савецкай паэзіі, сарыентаванай на агульныя з’явы, агульныя пачуцці, калектывісцкі настрой ды перажыванне. А следам за паэткай, у такім сама напрамку, ідзе сёння наша мастацтва слова, пра што сведчыць творчасць Алеся Разанава, Анатоля Сыса, Таісы Бондар, Леаніда Дранько-Майсюка і многіх іншых аўтараў. Часцей – маладых, маладзейшых.
Вернутая да нас з небыцця і ачышчання ад гвалтоўнай дэскрыдытацыыі, прызнаная ў свой час выдатнымі лідэрамі адраджэння М. Гарэцкім, А. Луцкевічам, творчасць слаўнай паэткі вучыць нас мужнасці, стойкасці ў самых суровых жыццёвых выпатрабаваннях.
Паэзія Наталлі Арсенневай мае права на манаграфічнае вывучэнне і ў ВНУ, і ў школе, бо ёсць у ёй усё, што для гэтага неабходна: і тэматычная разнастайнасць, і наватарства (узяць хоць бы тую ж тэму эміграцыі), і філасофская глыбіня, і жанравая разнастайнасць, і эстэтычная вытанчанасць і адшліфованасць мастацкай формы, і галоўнае – нацыянальная адметнасць, праўдзівасць, пранесеныя праз навальнічныя гады і жорсткія выпрабаванні. Кожны, хто прыпадзе да яе хоць аднойчы ў жыцці, ужо не захоча з ёю разлучыцца:
Ідзе Хрыстос... Над ім дугою
устае густы блакіт нябёс,
а ногі ў ранах незагойных
кладуць сьляды на шэрань рос...
Дык прыпадзем і вусны спалім
на тых сьлядох, што Бог-Хрыстос
губляе, моўчкі йдучы ў далеч,
бо Ён ускрос, Ён уваскрос!
(”Уваскрэсні”, 236).