БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Выдавецкія сэрыі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Мікола Мішчанчук, ЗЯМЛЯ ЧУЖАЯ НЕ САГРЭЕ...

Мікола Мішчанчук

“ПАМІЖ ЧУЖЫХ Я АДЗІНОКІ...”
Эпас Рыгора Крушыны

Заслугоўвае асобнай размовы паэтычны эпас Рыгора Крушыны – арыгінальная і цікавая, пакуль што не даследаваная з’ява. У “Выбраных творах” (1957) змешчаны паэмы “Персыдзкая легенда” (1946), “Песня песняў Салямона” (1947), “Эротава іскрыпка” (1948), “Кантата самотных” (1951), “Паэма пра вусны (Фрагмэнты)” (1955) і “На руінах пачуцьцяў” (1957). Першыя чатыры творы, напісаныя за кароткі час, у перыяд абвостранага болю ад разлукі з радзімай, калі яшчэ крывавіліся раны на сэрцы, два другія, што пісаліся пазней, эскізныя, не завершаныя і ўяўляюць меншую цікавасць.

Агульнавядома, што беларуская паэма ў ХХ стагоддзі развівалася не так паспяхова, як лірыка. Выключэннем можна лічыць мастацкія палотны Аркадзя Куляшова ваеннай і пасляваеннай пары ды спробы ў гэтым жанры Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Пушчы, Тодара Кляшторнага – паэтаў, што здолелі ў 20-я гады ісці няходжанымі сцежкамі, эксперыментаваць, шукаць паяднання лірычных, эпічных і драматургічных элементаў з мэтаю глыбейшага адлюстравання складанага і пакутнага часу. Менавіта ў 20-я гады заклаліся падмуркі эпасу сінтэтычнага, пазбаўленага ўстаноўкі адно толькі на фіксацыю падзеяў, на рэпартажнасць ды натуралістычную апісальнасць цэхавых будняў. На гэтай глебе якраз і нарадзілася Пушчава “Цень консула” – яскравая старонка пра падзеі нямецкай акупацыі 1918 года, консула Отэру, што спрабуе прывесці да прысягі вернасці закатаваны народ пры дапамозе турмаў, вісельняў, судовых троек. Нібы падхапіўшы тэму Купалавага разбуранага гняздоўя, паэт паказаў скокі на разбураным замчышчы пры вострым святле месяца трох злавесных ценяў – згаданага Чорнага консула, яго памагатых тубыльцаў: журналіста Валасеня і вайскоўца Лейтэнанта. Паэма пра мінулае створана ў многім на легендарнай, лірычна-казачнай аснове – пра д’ябалізм і пекла як пра антыбоскую сілу, складаліся з даўна міфы ды паданні, а значыцца – эпічная. І разам з тым у ёй бруяе лірычнае пачуццё, на поўны голас выказваецца яе аўтар супраць прадажлівасці мастацтва палітыцы, супраць укрыжавання роднай краіны, і ў стройную сюжэтную аздобу арганічна ўпісваюцца дыялогі пачвараў. Паэма скіравана ў будучыню, прагназуе крывавую сталінскую дыктатуру, палітыку генацыду супроць народа. Яна – пра часовае і вечнае. Менавіта з такіх твораў, як і з неўміручых Коласавых “Новай зямлі” і “Сымона-музыкі”, вырастаў і пазнейшы паэмны эпас – некан’юктурны, аб’ектыўны і суб’ектыўны, поўны клопатаў (як і мае быць у гэтым жанры) пра захаванне асноваў народнага жыцця, на чале якіх – Слова, Каханне, мастацтва, Праца, Праўда.

Рыгор Крушына арыентуецца ў сваіх творах на вечнае, занатаванае ў Бібліі – кнізе кніг, у казках і паданнях, у “Песні песняў” Саламона і персідскіх легендах, у сэрцы народным, хай народ і жыве ў розных кутках зямлі, у розных часавых вымярэннях. Напісаныя ў першыя гады пасля вайны, яго паэмы толькі ўскосна да яе прычыняюцца – бо далёкія яны ад злавесных водбліскаў грымотных падзеяў сваім Высокім Сэнсам, бо Яны – пра “субстанцыянальнае”, агульналюдское, што з стагоддзямі не праходзіць, што любая вайна, любое зло не ў стане скрышыць, Яны –пра Слова, Мастацтва, Каханне, якія былі спачатку і будуць.

Паэт-замежнік у сваіх паэмах-легендах “Персідскія матывы” і “Песня песняў Саламона” (дарэчы, гэта першы вершаваны надзвычай удалы пераклад біблейскага помніка на нашу мову) агульначалавечы. Ён жыве ў касмічным часе, і касмічнай прасторы, у казачным паўдзённым краі, не менш казачным Іерусаліме, ухваляе Прыгажосць Жанчыны, зямную, рэальную, вартую нябеснага апявання:

О ты, любая красуня,
Ты прыгожая, бы мроя!
І з-пад кудраў твае вочы
галубовыя сьмяюцца;
валасы твае, як быццам
стада дзікіх коз зыходзіць
з гор, зь вяршыні Галяадзкай;
твае зубы, як атара
гладка стрыжаных авечак... (1, 123).

Для яго бясконца дарагі кожны штрышок чужога пейзажу, паводзіны герояў, стылявыя рысы і адзнакі іх мовы, абставіны бытавыя, у якіх адбываецца дзеянне. Адчуваецца, што аўтар не спяшаецца расказваць (апавядаць) пра падзеі, захоўвае іх запаволены эпічны тэмп, што для яго кожная драбніца чалавечага жыцця (што зноў-такі ў стылю сусветнага эпасу, асабліва ж усходняга) мае самакаштоўную вартасць і значнасць. Як, напрыклад, вось у гэтым канкрэтным выпадку (прыклад з “Пярсідскай легенды”). Паэт апісвае просьбу мастака Фэрхата аддаць яму адну са сваіх жонак-красуняў Шырак, скульптуру якой выразаў і ў якую закахаўся. Як і ў неўміручай “Іліядзе” ды і ў Коласавай “Новай зямлі”, як і ў “чыста эпічным творы”, дыялог тут не можа адбыцца імгненна, хутка, бо важна пры гэтым рэалізацыя задачы – як яго “абставіць”, падвесці да яго чытача, як пракаменціраваць яго пачатак і канец, рэакцыю удзельнікаў. У эпічным дыялогу большую самакаштоўнасць маюць, такім чынам, не самі рэплікі, а кантэкст, у якім яны адбываюцца. Так і ў размове Фэрхата з царом Хазроем дыялог ператвораны паэтам у эпічную карціну, з пачаткам (“Але шчасця час нядоўгі. Скончыў твор. Няма сустрэчаў. Дні пайшлі памалу, нудна, Як арба, як рып калёс; затым – герой “Да цара прыйшоў з прызваньнем” і, нарэшце, “з паніклай галавою Да Харзоя ён прамовіў” (1, 109), завязкай – выкладам просьбы на працягу 30 радкоў (“Для душы мае спакою Не магу знайсьці нідзе” (1, 109); “Паднявольны сіле змусты, Я закон дзядоў парушыў”; “Я гатовы да ахвяры, А Шырык, прашу з пакорай, Падаруй мне, цар, аддай!..” (1, 110), кульмінацыяй – тут яе ролю выконваюць словы Хазроя, але ў большай ступені нават перадача яго думак у адказ на пытанне (“Як наважыўся падданы Праказаць такія словы?” і развязкай – словы і думы цара пра немагчымасць выканаць просьбу (“Ён зарвецца з тых сустромаў І Шырык яму ня ўбачыць...”). Але важнасць у дыялогу набылі запоўненыя апісаннем магутныя карціны-каментарыі пра рухі душы герояў і тых, хто чуе дыялог, пра дабро і зло, пра аўтара – аэда, які каменціруе паводзіны герояў, пераказвае змест, што мроіцца ў галовах удзельнікаў дыскусіі:

Распластаны, скамянеў.
Аж зьбялелі ў страху пэрсы
На вузорыстых каберцах,
І чакалі – зараз громам
Прагрукоча цараў гнеў.
...............................................
Але дзіва: хмары зьніклі...
Цар цыбук паклаў спакойна.
Скрыва неяк усьміхнуўся
І сказаў: “Ня веру. Не!” (1, 110).

Такім чынам, апавядальнік не спяшаецца “выдаць” востры дыялог, зрабіць яго дынамічным і гнуткім па некалькіх прычынах. Па-першае, гэта дыялог людзей з Усходу – спакойных, разважлівых і нетаропкіх. Па-другое, кожны ўдзельнік дыялогу ўпэўнены ў сваёй праўдзе – Мастак верыць, як і народ увогуле, у слова цара, у праўду і справядлівасць царскіх паводзінаў, цар жа верыць у сваю сілу і хітрасць. Героям спяшацца няма куды, бо яны вырашылі для сябе лінію сваіх паводзінаў да канца. Значыцца, запаволенасць тэмпу дыялогу “працуе” на характары, а дыялог ператвараецца толькі ў форму раскрыцця ўнутранага стану яго ўдзельнікаў і як бы зліваецца з апавядальнай плынню, незаўважна пераходзіць у яе. І ў дадзеным канкрэтным выпадку, і ў іншых шматлікіх выпадках у гэтай паэме і ў паэме “Песня песняў Саламона” захоўваецца эпічны прынцып прыярытэту апавядальнасці над дыялогавасцю. Апошняе як бы прысутнічае і як усё роўна яго няма, высвечвае сцэны, эпізоды і знікае, ператвараецца ў дамавога, пра якога ўсе многа чулі і якога на яве ніхто не бачыў.

Звярнуўшыся да легендарна-казачнай асновы, Рыгор Крушына таксама памкнуўся аднавіць у нашай літаратуры пасляваеннай пары, калі яна хацела ці не хацела таго, яшчэ адзін сапраўдны эпічны прыём. Прычым падобная аснова мае агульназначны характар, вырастае з Бібліі, з закладзенай у ёй ісціны аб першароднасці Слова і Кахання. Першае – Слова – непадзельнае ад Мастацтва, ад Тварэння Свету (Сусвету), зямной і нябеснай прыгажосці, другое – Каханне – непадзельнае ад Жыцця, ад Жанчыны, перамагае ўсё, вышэйшае за Зло і іншыя чорныя сілы. Дзеянне ў паэмах і грунтуецца на каментарыях – разгорнутых у Часе і Прасторы – людскіх паводзінаў, у аснове якіх права кахаць, а значыць – жыць.

Надаўшы асноўную увагу ў гады, калі не загаіліся раны, нанесеныя чалавецтву вайной, вечным тэмам чалавечага жыцця, паэт-эмігрант тым самым узняўся на вышыню агульначалавечай маралі, на вышыню недасяжна-касмічную, з якой некалі і наш Максім Багдановіч запытаўся, нашто на зямлі дробязныя свары. Тэленавіты аўтар, эрудыт, цудоўны знаўца скарбаў іншых народаў, Рыгор Крушына адказваў на пытанне чалавецтва, пастаўленае ў суровы час, - “Што рабіць?”: “Кахаць і ствараць”. Пафасам стварэння новай, гарманічнай рэчаіснасці, пафасам веры ў перамогу Кахання і Дабра, Мастацтва, здольнага згарманізаваць рэчаіснасць, прасякнуты дзве легендарна-паэтычныя паэмы выгнанніка.

Можна шмат сазаць пра думку народную ў адзначаных творах як адзін з прыёмаў надання ім рысаў эпічнасці. Яна найперш выяўляецца ў ракурсе светапоглядным: у “Персідскай легендзе” перамагае Дабро – Мастак выканаў заданне цара, аздобіў разьбою непрыступны горны храбет і перамог духоўна, хоць і цаной сваёй смерці і смерці Каханай:

Не, ня ты парэзаў горы,
А тваё, Фэрхат, каханьне.
З гэтай сілай перамог ты
І жывым прыйшоў да нас. (1, 117).

Перамагае каханне і ў “Песні песняў Саламона”, дзе яно з пачатку і да канца з’яўляецца галоўным героем, рухае дзеянне, дзе паўстае “аголена”, першаздана, бо адбываецца ў часы, калі чалавецтва верыла ў яго вялікасць і непераможнасць, не стыдалася яго, не прыкрывалася маскаю дабрачыннасці. І жанчына паўставала пасярод гэтага кахання Евай, якая толькі што сышла з раю у святой і грэшнай спакусе сваёй. Паэт захаваў у перакладзеным помніку ўсе драбніцы даўняга светлага кахання, распавядаў пра яго вобразамі-дэталямі, прадметнымі, яскравымі. Ён захаваў рытм і тэмп (запаволены, са шматлікімі паўторамі) апавядання, уласцівы арыгіналу, хоць і рытмічную аснову яго перасатварыў – перайшоў на чатырохстопны харэй. Гэты вершаваны памер цячэ мякка і плаўна. Не скоўвае аўтара і рыфма, таму і гучыць голас аўтара свабодна і нязмушана:

Я вось сплю, а маё сэрца
нат ня дрэмле, моцна б’ецца;
чую голас, то – мой любы
гулка стукаецца ў дзверы:
адчыні мне, мая лобка,
адчыні, мая сястрыца.
Мая чыстая галубка!
................................................
Я ужо скінула хітон мой;
Як жа зноў мне адзявацца?
Я памыла мае ногі;
як жа мне іх зноў забрудзіць? (1, 126).

У 1947 годзе вялікі майстар пераклаў вялікі твор на родную мову сваю. У 1994 годзе толькі ў яго краіне Васіль Сёмуха ажыццявіў не менш таленавіты пераклад. Праз 47 гадоў, амаль праз поўстагоддзя! Гэта трэба ж была так доўга ісці да нашых сэрдцаў цудоўнаму кавалачку з “кнігі кніг”! Ісці праз камікаванне ў крапіваўскай “Бібліі”, праз шальмаванне і здзекі, ісці, каб высвеціцца ўрэшце агульначалавечнасцю зместа, блёсткамі сапраўднага, не прыдуманнага, а натзнённага савім жыццём мастацтва. Васіль Сёмуха захаваў рытміка-інтанацыйную структуру арыгінала, таму яго пераклад больш дакладны. А што датычыцца захавання зместу песняў, іх воьразнай структуры, мастацкіх дэталяў, дык тут мы маем ідэнтычныя, найвышэйшай найвышэйшай кваліфікацыі мастацкія структуры. Ды ў гэтым вы можаце і самі пераканацца. Вось як пададзены партрэт каханага з пятай песні двума перакладчыкамі. У Р. Крушыны чытаем:

Галаву ён мае – зьлітак
Самародку залатога;
хваляй падаюць на плечы
кудры чорныя, як воран.
Вочы – быццам галубочкі
ля патоку вод малочных
...........................................
шчокі – кветнік пышных ружаў,
грады водырных расьлінаў;
вусны – у чырвані лілеі,
зь іх цячэ крыніцай міра;
рукі –шулы залатыя,
скрозь тапазамі ўкрыты;
і жывой прыгожай формы,
як разьба з касьці сланёвай... (1, 127)

А вось гэты самы ўрывак у перакладзе Васіля Сёмухі. Чытач можа параўнаць тэксты і прыйсці да вывадаў пра іх непаўторнасць і ідэйнасць:

Галава ў яго – чыстае золата;
яго кучары – гронкі пальмавыя,
чорныя, быццам вораны,
вочы у яго – галубкі
пры патоку вады,
купаюцца ў малацэ,
сядзяць у дагодзе,
шчокі ў яго, як кветкі пахучых раслін,
духмяныя пахі,
губы ў яго – лілеі,
з якіх цячэ міра;
рукі ў яго – жазлы залатыя,
абсыпаныя тапазамі,
жывот у яго – як выява з слановае касці... (7, 36)

Так ці не ў самы балючы перыяд нашага жыцця, калі ўвага многіх мастакоў скіравалася да зямной праўды, калі пачалі яны, падобна Максіму Танку, ствараць помнікі вайне, мужнасці, памяці, “каб ведалі” людзі пра тое, што было і як павінна быць, каб не забываліся на горкія ўрокі вайны, паэт на чужбіне ўславіў перамогу Кахання і Мастацтва над змрочнымі сіламі, сказаў чалавецтву, якое яно прыгожае, адоранае талентамі, якое яно вялікае ў сваёй першазданнай светласці. Ён звярнуўся да мінулага, каб яго біятокамі сагрэць пасляваенную рэчаіснасць і ўзвысіць яе на вышыню мастацкай значнасці. Ён зразумеў, з чаго пачынаецца жыццё, заклікаў чытача таксама задумацца над гэтым пытаннем.

Паэмы Рыгора Крушыны пачыналіся з агульнага, з агульначалавечага, з адлюстравання далёкай мінуўшчыны, а за тым пераключаліся на бліжэйшы час, як бы праяцыравалі вечнае на абмежаванае ў прасторы і часе, на сучаснасць. Праблематыка, пафас ранейшых твораў заставаліся, Каханне і Мастацтва перамагалі сілы зла, але і паступова вымалёўвалася Радзіма і кветка з яе палёў – палеская Тамара, адбывалася канкрэцізацыя матываў на нацыянальнай глебе. У паэмах пра бліжэйшы да нас час – “Эротава іскрыпка” (1948) і “Кантата самотных” (1951) вырастаў, шырэў асабісты, аўтарскі пачатак, хваля лірызму выходзіла на першы план, разломвала эпічныя берагі, размывала сюжэт, паралельна з гэтым працэсам адбывалася паскарэнне тэмпу, узвышэнне эмацыянальнасці, узрастала роля мастацкай дэталі. Усе паэмы, што пісаліся следам за “Персідскай легендай і “Песняй песняў Саламона” – лірыка-публіцыстыцныя. Рэзкі пераход ад эпічнага да лірычнага абумоўлены не ў першую чаргу аўтабіяграфізмам, абвостранасцю памяці пра пакінуты край, страчанае каханне.

“Эротава скрыпка” (у аўтара - “іскрыпка”) – твор пераходны ад двух першых да наступных мастацкіх палотнаў і тэматычна (усемагутнае, але страчанае на час каханне ідзе побач з мастацтвам, адбываецца пад акампанемент мелодыі) і пафасам – узрушаным, велічным, гераічна-трагедыйным, і “біблейскім” стылем, што ўвабраў у сябе адзнакі і прыёмы фальклорнага. У творы як бы зліваюцца ў адно цэлае і боская, і зямная прыгажосць, вечнае і часовае, агульнае і канкрэтнае, інтэрнацыянальнае і нацыянальнае. Ранейшую, шматвекавой даўнасці традыцыю паэт не адкідае, удала карыстаецца ёю, каб узвысіць сваё, роднае і непаўторнае.

Чытаем такое: “Вулькан свой жар схаваў у глыбы, А потым зрынуў на прастор. Я твой Вэзуві, ты – Пампэя, Імпэтнай лавай абыйму, У позных прыцемках сагрэю І на вяршыні ўзніму” ці “На шчоках радасную чырвань Разьліў чарэшні сьпелы сок” (1, 138, 139), і пазнаем “Песню песняў Саламона”, і прызнаем вучобу аўтара ў яго, пра што ён у гэтай паэме і сам недвухсэнсоўна сказаў:

У песьні песьняў Салямона,
У лепшых творах з даўніны
Знайшоў я ўсё, чаго шукала
Мая пакутная душа.
Мой боль даўгі, як плач шакала,
Яго я словам сцішаў (1, 140).

А выставім у рад доўгія вобразы: “Мне жорсткім шэптам гаварыла: - Ляці, сакол мой, белазор!”, “Маё лясное любянятка, Ты-ж бо русалачка мая”, “Гукаю: Ластаўка мая!”, “Мая княгіня ўжо ідзе”, “Цьвіцеш пралескай веснавой”, “Дык будзь, - кажу сваёй нявесьце, - За гаспадыню у мяне...”, “Пяюньня-скрыпка аж дрыжыць” – і зразумеем іх блізкасць да фальклору, іх чуйнасць і мяккасць, бо загаварыла ў іх і праз іх душа народная.

І трэці рад міні-вобразаў актыўна-дзейсны ў паэме: вобразы аўтарскія, блізкія да наватвораў, да суб’ектыўнага мастацкага пошуку, ім народжаныя: “І ты цяпер, твой сьпеў дзявочы – Раскрытай кнігай на стале”, “Ты – маё слова зь лепшай песьні, Жывы прамень з маіх грудзей”, “Гальлё рыпіць, як почап зыбкі, І плача ціха, як дзіця”, “Ідзе ў мае абдымкі ўпасці, Трымцець, як човен па вадзе”, “Ад струн параненыя пальцы На грыф, як лебедзі, ляглі”, “Як сон, як папараць Купалы, Ты ўвайшла ў маё жыццё”

Каханне і Мастацтва стаяць над усім у гэтым творы таксама, але ў VІІІ – Х раздзелах выразней вымалёўваюцца абрысы Радзімы-паланёнкі, гучыць мелодыя заныволенага края, прачосваюцца публіцыстычныя, заклікавыя радкі:

Я веру ў добрую часіну,
Калі пазбавіцца народ
І пераследаў несупынных,
І ў вольнай працы перашкод (1, 148).

У апошніх трох раздзелах паэт шукае сцежку назад – да пакінутай дзяўчыны і асацыяванай з ёю Радзімы. Каханая і Радзіма зліваюцца ў непадзельную цэласнасць, дапаўняюць адна адну:

Тваё імя, як сьветач ясны,
На сэрцы чулым запалю.
Я з гэтым полымем нязгасным
Прайду пакутную зямлю. (1, 150).

У “Эротавай іскрыпцы” паэт даў найпаўнейшую, абагаўлёную, надзвычай метафарычную характарыстыку Каханай. Ніхто з нашых (а, можа, і іншанацыянальных) паэтаў не здолеў стварыць такога сінанімічнага раду для характарыстыкі прыгажосці ў жаночай асобе. Каб пераканацца ў гэтым, выпішам у адзін рад словы, якімі характарызуецца дзяўчына-беларуска: “раскрытая кніга на стале”, “слова зь лепшай песьні”, “жывы прамень з маіх грудзей”, “мая сястрыца дарагая”, “любая дзяўчына”, “мой матылёчак залацісты”, “раса рамонкавых лугоў”, “ты – Пампэя”, “маладая ў белым строі”, “бы ў летку бліскавіца”, “маё лясное любянятка” – слова якое мякка-пяшчотнае! – “русалачка мая”, “ластаўка мая”, “вяшчуння сонечнага лета”, “мая княгіня”, “люба”, “госьця”, “гаспадыня”, “пралеска веснавая”, “як сонца ў зіхаценькі”, “трапётная лань”, “красуня”, “палеская пралеска”, “як сон”, “як папараць Купалы”, “красачка мая”, “прывід сьветлых мрой”, “дзяўчына майго Краю”, “сьветач ясны”, “вясёлка”, “рыбка”. Трыццаць два звароты да каханай! Трыццаць два варыянты яе характарыстыкі! І столькі ж варыянтаў адцення ў голасе, у звароце. Ці сустрэнем мы хоць палавіну гэткага багацця ў паэзіі пра каханне нашых аўтараў? Ці паўстане яно, каханне, гэткім светлым, шчырым, біблейскім у кнігах нашых паэтак? Цяжка адказаць на гэта. А можа, і неабавязкова адказваць – з простага пераліку відаць, хто ёсць хто. З простага пераліку чуваць, хто больш чуллівы да гэтага святога пачуцця і да слова, якім яго можна было б выказаць. Чаго каштуюць дыяменты “любянятка”, “матылёк залацісты”, “ластаўка мая”, “красачка мая”, “рыбка”! А чаго каштуе выраз “мая княгіня”, паўтораны нашым Аркадзем Куляшовым праз два дзесяцігоддзі ў паэме “Далёка ад акіяна”!

Паэт Рыгор Крушына імкнуўся згарманізаваць свет з дапамогаю Кахання і Слова. Усе яго намаганні, ва ўсякім выпадку ў трох памянёвых паэмах, да гэтага зводзіліся. Як і намаганні Льва Талстога і Фёдара Дастаеўскага, Якуба Коласа (“Сымон-музыка”) і Аляксандра Пушкіна (“Яўгеній Анегін”, “Капітанская дочка” і інш.).

З трох астатніх паэмаў вылучаецца ў лепшы бок “Кантата самотных” – паэма-гімн, паэма-споведзь пра родны край, пакінуты не па сваёй волі. Складваецца яна з трох частак – пра даваенны лёс народа і Радзімы, венную навалу і пасляваеннае самотнае адзінацтва. Радзіма – у цэнтры ўсхваляванай споведзі – некалі бачная і ўяўная, створаная марамі выгнанца. Яна для паэта азначае тое ж, што і для Блока: “Сястра, каханка, мая маці, Мой вобраз сьветлы і сьвяты”. (1, 160).

Паэт і ў гэтым творы не здраджвае запазычанаму ў Саламона прынцыпу падрабязнага, грунтоўнага, “рэчыўнага” пісьма, стараецца выпуклена падаць кожную рысачку партрэта Краю свайго. Гэты партрэт – разгорнутая метафара на працягу ўсёй паэмы, нанізаныя на нітку дэталі-каралі (“Усьмешкай ветлай сьвеціць твар – Палёў няскошаны абшар, Кладуцца жытам пасмы кос”; “І бровы – ніцы вербалоз”, “А вусны - спелыя суніцы”, “А грудзі – нетраў таямніцы Пад саматканым палатном” (1, 152). Партрэт можа мяняцца ў залежнасці ад абставінаў (“Крукі кружацца над табой”, “Крыжавалі зноў Хрыста”, “Сьцюдзёна, цёмна, мёртва, гола. А ліпкі жах, нібы смала” (1, 155). А затым зноў светлыя фарбы пачынаюць выцясняць змрочныя, і з’яўляюцца такія яркія, сакаўныя радкі, што іх можна паставіць побач з Коласавымі:

А мы ўзрасьлі сярод палёў,
Сярод нязьлічаных лясоў,
Азёраў, рэчак і ставоў.
Дзе адвячоркам сіня-цьмяным
П’яным чаборам і цім’янам
Брыняе водар паплавоў.

Дзе пахне рутай сенажаць,
Дзе скарбы ветрасьцяў ляжаць
І на ральлі, і ў папарох,
Дзе краскі радасныя ў полі,
Бярозы стромкія, таполі,
Наўсьцяж абапала дарог.

І горды бусел на гнязьдзе
Клякоча, гутарку вядзе.
І сьпеў загорнага шпака,
І звоекі пошчак салаўіны (1, 156).

Паэма спавядальная. Другі і трэці раздзелы яе найбольш суб’ектыўныя – пра самога паэта-пакутніка, які “ня славіў з бойні крумкача”, “ны страціў сэрца ў плойме страт” і “веры ў праўду не згубіў”. З болем адзначае паэт, што яго голас “гвалтам быў закуты, зрываўся, церпячы пакуты, І захлынаўся на журбе”, што ён пачуваў сябе, “як той палярнік між ільдзін”, што адзіным вызваленнем для яго душы былі Паэзія і ўспаміны аб Радзіме і каханай.

У канцы паэмы з’яўляецца паралель “пералётныя птушкі – людзі” і арганічна вянчае твор. Так, як некалі яна засведчыла годнасць і боль па Радзіме Янкі Купалы, што ў недалёкай Смаленшчыне назіраў за гусямі-гудзіцелькамі і зайдросціў іх лёсу, іх магчымасці без перашкодаў вярнуцца дадому (“У вырай. Зашумела нудна восень...”). Рыгор Крушына таксама ў фінале паэмы зайдросціць пералётным птушкам, і яшчэ – вельмі важна! – праз гэтую зайдрасць высвечваецца вера ў адраджэнне краю, у яго лепшы лёс і заклік да згоды:

Хачу барджэй самоту прэч
Пагнаць, як негадзь-немарэч.
Расьце, Мой Божа, боль які!
Паміж чужых я адзінокі.
Перада мною шлях далёкі,
Гараць за морам маякі.
...............................................
Табе ў самоце аддаю
Сябе самога і пяю,
Хіба ў міноры, дык прабач,
Нас безьліч вырасла самотных,
Увосень птушак пералётных
Мы разумеем сумны плач.
...............................................
Пад крык гусей і журавоў
Мой родны край згадаю зноў.
Я крылы мрояў распластаў –
Чакаю сонечнай пагоды,
Паміж братоў шукаю згоды,
Паважных чынаў, лепшых спраў (1, 161 – 162).

На высокай ноце – “Душа даўно пяе кантаты Мёй Краіне дарагой” – заканчваецца аўтабіяграфічны, сумна-мужны твор паэта-выгнанніка, шукальніка Дабра і Справядлівасці на планеце Зямля. Паэма, вытрыманая спачатку і да канца на высокай ноце любві і вернасці самаму святому, што толькі можа мець чалавек, - маці, Бацькаўшчыне, Беларусі. Твор гэты надзвычай дасканалы і ў фармальных адносінах: меладычны, з гарманічнай рытмічнай арганізацыяй. Мастак адмовіўся ад дактылічнай рыфмы і скарыстаў спалучэнне жаночых і мужчынскіх. Дасканала і строфіка – паслядоўна вытрыманае шасцірадкоўе з рыфмоўкай па схеме аабВВб. Рыфмаў арыгінальных, наватарскіх мала (уначы – камячыў, знаёмы – гоман, шчырай – вырай, каму – Калыму, пачуцці – прачнуцца, крычаў - крумкача), пераважаюць бедныя, часта ўжывальныя (дрот – эрот, глушы – душы, малады – лады, спіцца – суніца, магу – тугу, які – маякі, табою – барацьбою, пяю – аддаю, святы – ты, чыстай – урачыстай і інш.). Аднак гэта акалічнасць не ўплывае на агульнае уражанне ад твора: ён гучыць прачула, шчыра, высакародна і годна, на высокай – з першага да апошняга радка – ноце.

“Паэма пра вусны (Фрагменты)” (1955) аблегчаная задумай: паэт хоча расказаць чытачу пра розныя вусны, падобныя на “ружаў свежыя бутоны” і “Пышны бэз лілёвы сіні”, пялёсткі маку, астры, вяргіні, высокія, звыклыя і нізкія, павесці размову пра іх у абстрактна-філасофскім і практычна-дзейсным плане; параўнаць вусны разбэшчаных гарадскім уплывам жыцця і вясковых паненак. Аднак філасофская думка не высвечваецца да канца, застывае ў васьмі, на маю думку, чароўных радках:

Вусны – зыркая паэма
У пачуццёвай завірусе.
(Мабыць, злосьнік вые нема,
Што і я судзіць бяруся).
Вусны – сонечны акраец
На ружовым небасхіле.
Нам арганы гімны граюць
І жывое слова ў сіле (1, 168).

Гэтыя радкі і можна пакінуць у якасці цэлага лірычнага твора, іншыя ж – надуманыя, з галавы, у із перамагае дыдактызм, навучанне, устаноўка на глыбокадумнасць не спрацоўвае.

Паэма “На руінах пачуццяў” (1957) пра страчанае каханне ў пякельным агні вайны, якая паказана некалькімі выразнымі штрыхамі:

Пад сьпякотаю мляўкай
Грала скрыпка без нот:
Каля комінаў ваякаў
Абяздолены кот.
Ён на вогнішча выйшыў
Уцалелы дарма –
Аніводнае мышы,
Анічога няма.
Нават вільгаці кропляй
Не асмогнецца кот.
Сьмерць. І цэгла на попле.
І наблытаны дрот (1, 176).

А заканчваецца паэма ўсё-такі верай у магчымасць дасягнення гармоніі і шчасця на знявечанай вайной зямлі – “Прагну ў шчасці прачнуцца, Выйсці ў краскі праз гань, На руінах пачуцьцяў Свой палац будаваць” (1, 177). Што ж, ён збудаваў свой палац на руінах пачуццяў. І імя яму – сапраўдная паэзія.


БІБЛІЯГРАФІЯ

1. Крушына Р. Выбраныя творы. 1927 – 1957. Нью-Ёрк-Мюнхэн, 1957. С. 7, 14, 16, 30 – 31, 34, 39, 40, 42, 43, 58, 69, 84, 85, 87, 92, 99, 100, 102, 109, 110, 117, 123, 126, 127, 140, 148, 150, 152, 156, 160, 161 – 162, 168, 176, 177.
2. Крушына Р. Хвіліна роздуму. Нью-Ёрк-Мюнхэн, 1968. С. 9, 15, 36, 46, 53, 59, 61, 62, 69.
3. Крушына Р. Вячорная лірыка. Нью-Ёрк-Мюнхэн, 1963. С. 5, 7, 19 – 20, 25, 36, 41, 42, 89.
4. Крушына Р. Сны і мары. Нью-Ёрк-Мюнхэн, 1975. С. 5, 7, 31, 38, 71, 89, 93, 96.
5. Маладняк. 1930. № 4. С. 93.
6. Маладняк. 1930. № 12. С. 4.
7. Найвышэйша песня Саламонава. Пераклад на беларускую мову В. Сёмухі. Мн., 1994. С. 36.
8. Ракіта С., Палонскі В., Казак Р., Разгон. Гомель, 1930. С. 54 – 55, 72, 74, 77.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster