|
Мікола Мішчанчук
“Я НЕ ПЕРШЫ Ў ПЕСНЯХ ЗГАРАЮ...”
Жыццё і творчасць Хведара Ілляшэвіча
Яшчэ адно імя беларускага пісьменніка, што спяваў свае песні “ля чужых берагоў” – Хведара Ілляшэвіча – актыўнага грамадскага дзеяча Заходняй Беларусі, вязня Лукішак, чалавека, які выявіў сябе і ў мастацкай прозе ды публіцыстыцы, і ў паэзіі, і ў навуцы. Як і многія дзеячы, што жылі за межамі метраполіі, не дагаджалі таталітарнаму рэжыму, ён надоўга быў выключаны з літаратурнага працэсу. А між тым гэта была Асоба, да якой хінуліся іншыя. Гэта быў чалавек, які рана ўсвядоміў сябе, сваю нацыянальную годнасць, ведаў, што яму наканавана пакутлівае жыццё-згаранне на вогнішчы мастацкае творчасці. У праграмным чатырохрадковым вершы, якім адчыняецца зборнік “Захварбаваныя вершы”, паэт лаканічна і строга выражае сваё ідэйна-мастацкае крэда:
Я не знаю – чаму я павінен
Сэрца ў вершах паліць без адчаю.
Адно цешыць мяне, што у Краіне
Я не першы у песьнях згараю... (1, 3).
Выказанае ў прыведзеных радках прароцтва спрабудзілася: мастак загінуў на эміграцыі ў Германіі ў 1948 годзе, пахаваны паблізу Браўншвайга ў горадзе Галенсдорф. Усяго тры гады на чужыне білася яго гарачае сэрца, толькі тры гады быў ён у літаратурным аб’яднанні “Шыпшына”, браў чынны ўдзел у працы замежных беларускамоўных часопісаў “Шляхам жыцця” і “Апошнія весткі”, што выдаваліся ў Ватэнштаце. Дзякуючы яму (хоць і паэзія яго была не заўсёды паслядоўнай, пра што сведчыць і перапіска Масея Сяднёва першых пасляваенных гадоў), адбылася кансалідацыя сілаў асобных групаў беларускай палітычнай эміграцыі, што дапамагло арганізацыі выдавецкай, культурна-асветнай і – часткова – палітычнай дзейнасці. Пра гэта нам трэба помніць. Помніць хоць бы таму, што па прычыне ранняй смерці мастак-эмігрант сёння за сябе не можа заступіцца.
Будучы паэт нарадзіўся 17 сакавіка 1910 г. у Вільні, у сям’і паштальёна, перасяленца з Пружанскага раёна. Скончыў Віленскую беларускую гімназію. Пазней напісаў арыгінальнае навуковае даследванне “Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1572 – 1622)”, за якое атрымаў званне магістра. Навуковую дзейнасць не спыняў увесь час. Вынікам яе стала яшчэ адна праца – кніга “Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі): Жыццё і творчасць”, выдадзеная ў Вільні ў 1933 г. Як бачым, Хведар Ілляшэвіч займаўся слаба распрацаванымі літаратуразнаўствам і культуралогіяй праблемамі. Некаторыя яго выказванні і думкі і сёння маюць для нас значэнне.
Адзін з самых адукаваных людзей свайго часу, Хведар Ілляшэвіч клапаціўся пра нацыянальнае адраджэнне беларусаў, верай і праўдай служыў свайму народу і тады, калі Заходняя Беларусь была пад палякамі (сувязь з КПЗБ, дні і месяцы, праведзеныя ў Лукішках), і пры немцах (кіраўнік “Беларускага аб’яднання ў Беластоку”, рэдактар газеты “Новая дарога”), і на эміграцыі. Яго жыццё і творчасць і сёння прыцягваюць да сябе пільную ўвагу даследчыкаў, усіх, хто цікавіцца лёсам беларускай літаратуры.
Пачатак літаратурнай творчасці Хведара Ілляшэвіча прыпадае на 20-я гады, аднак, як піша Алесь Ліс, “стала працаваць у літаратуры ён стаў у 30-я гады, калі несумненным лідэрам беларускага краснага пісьменства ў Заходняй Беларусі выразна вызначыўся Максім Танк або Яўген Бура (першы літаратурны псеўданім паэта)” (6, 27). Дададзім да сказанага, што ў гэты ж час спявае свае сумныя песні Наталля Арсеннева, далучыліся да літаратурнай справы Сяргей Хмара, Алесь Салагуб (з якім маладзейшы на пяць гадоў Ілляшэвіч пасябруе ў гімназічныя гады), Анатоль Бярозка, а крыху раней вызначыўся Уладзімір Жылка. Але малады паэт захаваўся як асоба, мастак з “неагульным выразам твару” сырод іншых. Яго вінавацілі ў адыходзе ад “пралетарскай скіраванасці паэтычнага слова” (Алесь Салагуб) (6, 28), а ён захоўваў сваю мастакоўскую самаістасць, прытрымліваўся сваёй лініі – бараніў ідэалы свабоды народа, верыў, што ніякія часовыя паражэнні і катаклізмы не спыняць шлях Радзімы да аднаўлення:
Не злічыць нам роднай зямлі
Неаплаканых песняў-магілаў.
І няведама колькі яшчэ
Абляціць да шляхох белацвету...
З кожным крокам цяжэй і цяжэй
І ў імгле ледзь віднеюцца мэты.
Але песню нясём мы адну
У ўраджайную даль Беларусі –
Песню яснаму, светламу дню,
Што прыйсці да нас некалі мусіць (5, 129).
Так у сваёй сталай мастацкай творчасці Ілляшэвіч-паэт вызначыўся як адраджэнец, як мастак, які пераадольвае традыцыйна-сацыяльны пагляд на рэчаіснасць, узнімаецца над чыста палітычнымі праблемамі і на першую пазіцыю ставіць праблему нацыянальную і эстэтычную. Таму і ўспрымаецца яго паэзія ў цэлым як працяг Багдановічавага кірунку ў беларускай літаратуры.
Умовы, у якіх даводзілася працаваць заходнебеларускаму мастаку слова, складваліся тым часам надзвычай неспрыяльна. У другой палове 20-х гадоў пачынаюцца першыя арышты дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння ў Савецкай Беларусі. 1930-ты ж год стане па-сапраўднаму чорным для беларускай літаратуры – у адначассе арыштоўваюць Максіма Гарэцкага, Язэпа Пушчу, Уладзіміра Дубоўку, Адама Бабарэку, Уладзіміра Жылку. У Заходняй Беларусі рэгрэс у народнай гісторыі і гісторыі вызваленчага руху прыпадае на 1927-мы год, калі ўрад Пілсудскага-Мейнштовіча распачаў масавыя рэпрэсіі супроць дзеячаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады і нацыянальна свядомай інтэлігенцыі. Адраджэнскі рух і на Захадзе, і на Усходзе Беларусі, такім чынам, пачаў затухаць ці набываць, умоўна кажучы, “закрытыя”, эзопавы формы. У 1930-м г. у Савецкай Беларусі паводле сфабрыкаванай агентамі АДПУ справы па “Саюзу вызвалення Беларусі” (СВБ) была арыштавана значная колькасць інтэлігенцыі, у 1933-м г. арышты паўтараліся, толькі ў большых маштабах, і ў іх аснову была пакладзена новая “справа” па “Беларускаму нацыянальнаму цэнтру” (БНЦ). Пад другую хвалю рэпрэсіяў трапілі і ўдзельнікі БСРГ, “Змагання”, актыўныя барацьбіты за вызваленне Заходняй Беларусі ад пілсудчыкаў. Сітуацыя складвалася так, што да 1938-га году кадэбісты канчаткова разграмілі Акадэмію навук Беларусі, Беларускі навукова-даследчы Інстытут сельскай і лясной гаспадаркі, Белдзяржуніверсітэт, Белсельгасакадэмію ў Горках, наркамады земляробства і асветы. Падобная палітыка агрэсіўных акцыяў Саветаў была ўзятая на ўзбраенне і ўрадам Пілсудскага-Барталя, які пачаў актыўна рэалізоўваць устаноўку ў дзяржаўным маштабе на асіміляцыю беларусаў. Наш народ выратавала на Заходніх землях толькі тое, што польскі ўрад не адважыўся на фізічнае вынішчэнне беларусаў. Інтэлігенты-заходнікі начале з Антонам Луцкевічам, каб хоць як выратаваць асвету ды родную мову, стварылі “Цэнтральны саюз беларускіх партый і арганізацый” (Цэнтрасаюз), дзейнасць якога камуністы і хрысціянскія дэмакраты (хадэкі) ацанілі як згодніцкую. Трагедыя беларускага народу яшчэ больш паглыбілася. Парушыліся сваяцкія, звычайныя чалавечыя сувязі паміж сем’ямі, людзьмі. У гэты ж час хадэкі стварылі свой часопіс “Калоссе” – ледзь не адзіную аддушыну у 30-я гады для творчых сіл, а незалежніцкая моладзь, на якую яны актыўна ўплывалі, згуртавалася вакол часопіса “Шлях моладзі” (1929 – 1940). У апазіцыю да польскага рэжыму сталі Таварыства беларускай школы (ТБШ) і тыя сілы, што гуртаваліся каля часопісаў “Беларускі летапіс” і газеты “Наша воля”.
У абстаноўцы польскага вялікадзяржаўнага тэрору ў Заходняй Беларусі ішло ўмацаванне асаднікаў-паланістаў, закрываліся беларускія гімназіі, у тым ліку ў Нясвіжы, Наваградку, Радашковічах, ліквідоўваліся гурты ТБМ і Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, а ў 1936 годзе дзве гэтыя арганізацыі былі канчаткова забаронены. Канфіскоўваліся кніжкі беларускіх літаратараў (усім нам вядомы лёс першага Танкавага зборніка “На этапах”). У 1934-м г. у Картуз-Бярозе быў створаны першы польскі канцэнтрацыйны лагер. Адбывалася далейшая таталізацыя як бальшавіцкага, так і польскага рэжымаў, а Беларусь аказалася ў цісках, паміж двума агнямі.
Як жа паводзілася ў гэты складаны час Хведару Ілляшэвічу? Якія апорныя пункты ў яго біяграфіі можна вызначыць? На пастаўленыя пытанні і паспрабуем ніжэй адказаць.
Самы пачатак 20-х гадоў... Беларуская гімназія ў Вільні. Настаўнікі – Максім Гарэцкі, Аркадзь Смоліч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Антон Грыневіч. Зорны час, зорныя імёны! У гімназіі, а затым і ва універсітэце наладжваюцца літаратурныя вечарыны, працуе лекторый, ставяцца спектаклі. Разам з будучым паэтам, празаікам і даследчыкам літаратуры вучыліся Алесь Салагуб, мастакі М. Васілеўскі, В. Сідаровіч, Р. Семашкевіч. У гімназіі выдаваўся часопіс “Рунь”. Але малады аўтар дэбютаваў у другім часопісе – “Маладое жыццё” (1921 – 1923).
Сям’я Ілляшэвічаў родам з Пружанаў. Брат яго Мікалай некалі вучыўся ў Празе, ва універсітэце. У горадзе над Влтавай ён выдаў на чэскай мове кнігу “Беларусь і беларусы”, а па вяртанні ў Вільню – “Кароткі нарыс псіхалогіі”.
Хведар ілляшэвіч у маладыя гады прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыйна-вызваленчым руху, у тым ліку пад псеўданімам “Малады”, у грамадаўскіх (“Жыццё беларуса”, “Беларуская ніва”, “Беларуская справа”) і пастграмадаўскіх (“Наша праўда”, “Праца”, “Права працы”, “Сіла працы” і інш.) перыядычных выданнях. У 1927 г. яго арыштавалі на два гады затачылі ў славутыя Лукішы як члена Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. Дарэчы, дарогу ў камсамол яму паказаў згаданы вышэй паэт Алесь Салагуб. Турма для семнаццацігадовага юнака сталася сапраўднымі жыццёвымі універсітэтамі, выхавала ў ім яшчэ больш пратэст супроць паняволення чалавечага духу. Дзякуючы турме ён рана пасталеў, глыбей разгледзеў усё, што адбывалася ў расколатым свеце. І яшчэ дзякуючы той жа турме ён стаў адным з першапраходцаў беларускай турэмнай лірыкі ХХ стагоддзя.
Пасля верасня 1939 г. Хведар Ілляшэвіч прытрымліваецца сваёй адметнай пазіцыі: займаецца літаратурнай працай, не лезе ў палітыку, як бы стаіць у баку ад тагачасных падзеяў, нібы прыглядваецца, прыняць ці не прыняць бальшавізм, і адседжваецца ў цішыні, у самаізаляцыі. У вайну ж 1941 – 1945 гг. ён больш актыўны: узначальвае “Беларускае аб’яднанне ў Беластоку”, клапоціцца пра беларускія школкі, рэдагуе газету “Новая дарога”. У гэтай беластоцкай газеце ён змяшчае свае артыкулы пра драматургію Францішака Аляхновіча, пра вядомага беларускага спевака М. Забэйду-Суміцкага, а таксама пра творчасць паэта Уладзіміра Жылкі. Пісьменнік браў чынны ўдзел у лёсе беларускіх інтэлігентаў, выштурхнутых трагедыйнымі абставінамі з роднага краю. Пра адзін з выпадкаў такой яго дзейнасці, непрыкметнай знешне, але надзвычай гуманнай і чалавечнай, расказвае ў сваёй кнізе пісьменнік-эмігрант Масей Сяднёў. Ілляшэвіч дапамог яму пакінуць цягнік, у якім таго везлі немцы ў Германію, аформіў яму дакументы, неабходныя ў такім выпадку, прыняў на працу ў газету, нават выратаваў на першы выпадак з прытулкам, з вопраткай. Масей Сяднёў усё жыццё быў удзячны яму за гэты высакародны ўчынак.
Як піша ў сваім ужо згаданым артыкуле А. Ліс, усплеск актыўнасці Хведара Ілляшэвіча ў гады Вялікай Айчыннай вайны, магчыма, тлумачыцца тым, што ён спадзяваўся выкарыстаць “змаганне таталітарных гігантаў, каб рэалізаваць хоць некаторыя мажлівыя ў скрутных ваенных умовах пастулаты беларускай ідэі” (6, 50).
Самай кароткай была пасляваенная старонка біяграфіі пісьменніка, да канца аднак не вывучаная і сёння, - усяго пяць гадоў на чужыне, у Германіі, - з 1944 да 1948 г. Але за гэты час ён змог згуртаваць сілы беларускіх літаратараў за мяжой у літаратурным аб’яднанні “Шыпшына” (дзень стварэння – 9 красавіка 1946 г.), у дэкларацыі пра якое з двух пунктаў адзначаліся наступныя задачы: а) “згуртаваць беларускіх актыўных і творча-даспелых пісьменнікаў-белетрыстых, паэтаў, драматургаў і крытыкаў, што знаходзяцца на эміграцыі” і б) “працаваць над стварэннем вялікай літаратуры, годнай нашага вялікага народа” і адпаведнай крытэрыям “поўнае свабоды творчых пошукаў”, “высркае мастацкасці”, “ідэёвае насычанасці і арыгінальнасці”, глыбокае пашаны “да нашае літаратурнае спадчыны” і “да творчасці адзін аднаго”. Дэкларацыю падпісалі 11 пісьменнікаў, у тум ліку Наталля Арсеннева, Юрка Віцьбіч, Янка Золак, Масей Сяднёў, Алесь Салавей, Уладзімір Клішэвіч, Уладзімір Сядура. Пасля стварэння аб’яднання пачаў выдавацца ў Германіі, а за тым і за акіянам часопіс з такой самай назвай. Лічаныя апавяданні, пераклад “Двух грэнадзёраў” Гэйне ды чатыры элегічныя вершы трагедыйнага жыцця ён як бы прадчуваў свой блізкі канец, чакаў прыходу чорнага чалавека, бачыў яго постаць. У вершы “Чорныя цені” ён фактычна развітаецца з жыццём, падсумоўвае пройдзены шлях:
Вецер хмары цяжкія гоніць,
Топіць надым іх дзесь за лясы,
Недзе ў змроку брыдуць мае коні,
Не скрыпяць ужо больш палазы.
.........................................................
Мне, відаць, у далёкім краі
Горыч прыдзецца выпіць да дна. (6, 19).
Не паспелі выдаць на чужыне падрыхтаваны да друку яшчэ пры жыцці самім паэтам яго зборнік лірыкі “Нязжатая радасць”. Балюча і горка, нечакана абарваўся лёс таленавітага, інтэлігентнага беларуса-адраджэнца, спынілася яго дзейнасць на ніве назапашвання высокіх духоўных каштоўнасцяў і адкрыцця іх людзям. Згас, як птушка ў палёце, высакародны і светлы талент.
Умоўна творчасць Ілляшэвіча можна падзяліць на два перыяды: перыяд 20-х і 30-х гадоў, да якога можна далучыць і 40-я, бо штосьці значнае ў пасляваеннае чатырохгоддзе паэт не стварыў. Першы перыяд прайшоў пад знакам веры ў нацыянальнае адраджэнне, пры адноснай перавазе светлага, радаснага настрою і завяршыўся выданнем зборнікаў паэзіі “Веснапесні” (1929) і “Зорным шляхам” (1932). Назвы першых двух зборнікаў паэта можна параўнаць з назвамі кніг іншых аўтараў той пары: свой першы зборнік Міхась Чачот назваў “Завірухай”, Алесь Звонак – “Буры ў граніце”, Аркадзь Куляшоў – “Па песню, па сонца” і “Медзі дождж” і г.д. Другі ж перыяд зарактарызуецца паступовым паглыбленнем у творчасці мастака матываў расчаравання, тугі і смутку, выхадам на элегічную жанравую танальнасць, а ў канцы дарогі – на трагедыйную сімволіку, што грунтавалася на аснове канчатковай страты веры ў пазітыўную перспектыву і ў сябе. Гэты этап па сутнасці завяршыўся выданнем трэцяй кніжкі лірыкі – “Захварбаваныя вершы” (1936) ды публікацыямі 30-х – 40-х гадоў у перыядычным друку.
Агульная змястоўна-пафасная танальнасць паэзіі Хведара Ілляшэвіча блізкая да танальнасці творчасці беларускіх савецкіх паэтаў Язэпа Пушчы (за выключэннем першага зборніка “Раніца рыкае”), Тодара Кляшторнага (за выключэннем рэпартажных, на тэму дня твораў 30-х гадоў), Змітрака Астапенкі, Уладзіміра Хадыкі (калі не мець на ўвазе таксама іх вытворчую лірыку канца 30-х гадоў), а таксама Янкі Купалы перыяду напісання зборнікаў “Спадчына” і “Безназоўнае”. У цэлым яна разыходзіцца з агульнай радаснай танальнасцю лірыкі маладнякоўцаў, Купалы перыяду таталітарнага ўціску, калі тая вымушана была выконваць прынцыпы нарматыўнага “сацыялістычнага рэалізму”, паказваць уяўныя поспехі і дасягненні савецкага народа. Будучы вольным ад падобных догмаў у Заходняй Беларусі, Ілляшэвіч ужо ў самым пачатку дарогі вядзе мелодыю спакутаванай па волі і радасці душы, піша творы, у якіх пераважаюць агульначалавечыя матывы – дабра, нянавісці да зла, адчування расколатасці свету, прагі гармоніі, любві да маці, Радзімы, вызначэння ролі асобы у жыццепрацэсе, параўнанне двух спосабаў жыцця – хвалявання і спакою і г.д. Падобную ідэйна-эстэтычную канцэпцыю ён, дарэчы, дэкларуе ў прадмове да свайго першага зборніка: “Я думаю вобразамі, дзеля гэтага ў маіх вершах шмат недаказанага. Галоўны тон із – гэта трывожнасць сучаснае эпохі. Суадказна якраз гэтаму тону, які звініць, так сказаць, у цэнтральных вершах, я і назваў зборнічак: “Веснапесьні” (2, 3). Праўда вызначэнне асноўнага ідэйнага пафасу ў разважаннях паэта суадносіцца здругой тэзай – пра неабходнасць пераадолення трагедыйнасці “новай”, адраджэнцкай паэзіяй і стварэння свайго “Апокрыфа”: “Яшчэ шукаю пераважна ў галіне формы. Старое не падабаецца. У беларускай паэзіі (зусім зразумела) пераважалі сумныя, невыразныя матывы і ідэалы. Новае пакаленне, вырасшае на нрунце адраджэнскага ўздыму, нясе з сабой выразнасць і бадзёрасць. У навейшай беларускай паэзіі гучыць сонечны марш і для “новых” паэтаў час скласці “Новы апокрыф” (2, 3). З выказвання відаць, што аптымістычны пафас сваёй творчасці паэт звязвае ў першую чаргу з матывамі нацыянальнай свабоды і адраджэння, і таму яго пазіцыя адрозніваецца ад пазіцыі маладнякоўцаў, якія былі сарыентаваныя апалагетычнай крытыкай на раскрыццё ў мастацтве сацыяльных, палітычных ідэй.
Звернем спачатку ўвагу на кампазіцыю “Веснапесняў”: адкрываецца зборнік вершамі “Гвардыя”, “Работнік”, “Каваль” – блізкімі да рэалістычных, купалава-чаротаўскімі – у іх спалучаюцца рэаліі жыцця працоўнага чалавека і рамантычныя, “бунтоўныя” вобразы-сімвалы, і заканчваецца вяратннем да тэмы вясны-адраджэння, але ўжо праз пераадоленне трагедыйнай высновы, праз “пасрэдства” тэмы астрожнай (“Бразнулі з грукатам дзверы”), касмічнай (“Шырыня-прастор!..”), абстрактна-рамантычнай тыпу паралеляў “зіма – вясна”, “ноч – дзень”, “цемра – святло” і г. д. (“Родзяцца, творацца новыя дні...”, “Звініць... Шуміць... Гудзіць”, “Чуеш музыку?..”). Эпіцэнтр жа кнігі складваюць філасофскія медытацыі “Вечар”, “Вясна”, “На прадмесцях”, “Думкі” (вершы ў прозе), вершы-мроі “Сон”, “Часамі ў душы маёй дзіўнай мелёдыяй...”, “Над сінімі снягамі...”, “Шырыня-прастор!..”. Паэт рэалізуе ў іх тэму адраджэння прадмета, дакладна, узнімаецца ад агульнага да канкрэтнага і наадварот, пераадольвае натуралістычную прыземленасць, якая ў творчасці нашых маладнякоўцаў (ды і ў Цішкі Гартнага, больш вопытнага паэта) механічна спалучалася з рамантычнай бурапеннай сімволікай, эксперыментуе параўнальна больш, чым яго калегі ва Усходняй Беларусі.
Блізкі па духу да паэзіі абстрактна-сімвалісцкай, “энтузіяцкай”, якой была пераважана лірыка маладнякоўцаў, верш Х. Ілляшэвіча “Гвардыя”. Ім і адкрываецца зборнік “Веснапесні”.
Мы маладыя,
Мы ўдалыя,
Мы брацьця волі, сонца й дня! (2, 5) –
заяўляе паэт у самым пачатку і далей развіноўвае ідэю М. Чарота (“Я – мяцежны бунтар!”), А. Дудара (“Мы – дзеці Рэвалюцыі, Кастрычніка сыны”), выводзіць на авансцэну героя-змагара за волю краю свайго і народа. Праўда, ён не згадвае Кастрычнік, рэвалюцыю, заменьвае гэту палітычную рэалію сімвалічным вобразам Вясны, якім па-майстэрску авалодаў Янка Купала яшчэ ў дакастрычніцкі час. Аднак і агульны пафас, і настрой, і сімволіка (“бура”, “шчасце”, “доля”, “светлая зара”, “праменні сонца”, “мы маладыя”, “праца”, “воля”, “дзень”) гэтага верша выразна маладнякоўскія. Для народжанай эпохай разлому літаратуры, такім чынам, не было дзяржаўных межаў. Верш і заканчваецца аптымістычным прызнаннем праваты “маладых”, што ў дружнай грамадзе, насуперак стыхіі і змрочным сілам, энергічна і радасна набліжаюць “новы дзень”:
Мы маладыя,
Стыхіяў змовы
Не баймося ў грамадзе,
Бо моцна верым,
Што пасля буры
Увыдзе светлая зара... (2, 5).
Верш напісаны ў 1925 г., калі ў Савецкай Беларусі сваю волю мастацтву пачаў дыктаваць “Маладняк”, калі сапраўднаму мастацтву (глыбокаму па змесце, наватарскаму па форме) пакідалася ўсё меншая пляцоўка, калі абстрактныя лозунгі выцяснялі трапную дэталь, медытатыўную разважлівасць, псіхааналіз.
Вершы “Работнік” і “Каваль” (ідуць таксама ў пачатку зборніка) зноў абстрактныя, агульныя, у стылю “Кавалёў” Фёдара Шкулёва ды “Песень працы і змагання” Цішкі Гартнага. Няма пакуль што ў іх сапраўднай асабістасці, а герой іх – безыменныя, дужыя асілкі, волаты:
Ззяе горан... жыццё і работа кіпіць...
Колькі песьняў і шчасьця ў грудзёх?!
Бі, каваль! Куй, каваль! Няхай зьзяе, блішчыць
Твая кузьня ў чырвоных агнёх (2, 7).
Прыклады абстрагаванай ад канкрэтыкі паэзіі – не навіна ў літаратуры ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, калі на арэну палітычнай барацьбы выступіў пралетарыат, падтрыманы марксісцка-ленінскімі ідэолагамі і нацэлены на выкананне абстрактнай, усеагульнай ідэі разбурэння старога свету. Асабовы пачатак, паводле новай ідэалогіі, зліквідоўваўся на карысць усеагульнага, маштабнага. Гэты працэс “разасабоўвання” грамадскай і мастацкай творчасці найбольш выразна выявіўся ў паэзіі і прозе маладнякоўцаў, а ў Расіі – у дзейнасці пралеткультаўцаў. Па-мастацку пераканальна, эмацыянальна гэты прынцып стараўся давесці да сэрцаў чытачоў аўтар паэмы “150 000 000” і іншых хваласпеўных твораў Уладзімір Маякоўскі: “Единица – вздор, Единица – ноль. Один, даже если очень важный, Не поднимет простое пятивершковое бревно, Тем более дом пятиэтажный”; “Я рад, что и я – этой силы частица, Что общие даже слёзы из глаз”. Аддаваў даніну павагі падобнаму “пралетарскаму” масаваму мастацтву, да яго гонару, Хведар Ілляшэвіч толькі часткова. У другім зборніку – “Зорным шляхам” – адыёзныя вершы складуць толькі адзін з пяці – першы – раздзел, і то іх пафас вызначаецца не толькі верай у рэвалюцыйныя ідэалы, а і верай у нацыянальнае адраджэнне ў Заходняй Беларусі. А ў трэцяй кнізе – “Захварбаваныя вершы” – яны поўнасцю адсутнічаюць. У гэтым зборніку пануе выразна элегічны (вульгарная крытыка 30-х гадоў напісала б – упадніцкі) настрой. Зборнік адкрываецца чатырохрадкоўем – балючым прызнаннем уласнага згарання на вонішчы адчаю і жалю:
Я ня знаю – чаму я павінен
Сэрца ў вершах паліць без адчаю.
Адно цешыць мяне, што ў краіне
Я ня першы у песьнях згараю... (1, 3).
Так відавочна (на прыкладзе кампазіцыі аднаго і ўсіх трох паэтычных зборнікаў) выяўляецца адыход паэта ад “маладнякізму”, абстрактнасці, агульшчыны. Мастак стараецца пераадолець падобны гладкапіс, одапіс і робіць гэта, як нам думаецца, пры дапамозе наступных прыёмаў.
Агульнапрынятае, агульнапрызнанае, безасабовае паступова саступае ў яго творчасці месца асабіста перажытаму, больш канкрэтнаму. Састаўнымі часткамі падобнай канкрэтызацыі могуць быць прыроды (“Месячная ноч”, “У маі”, “Вясёлае поле”), горад (“Вясна”, “На прадмесцях”), турма (“Бразнулі з грукатам дзверы...”). Вершы на тры гэтыя тэмы перанасычаныя ці бытавымі, ці рамантызаванымі дэталямі. Аб’ект адлюстравання ў іх мае свае прасторавыя, каляровыя і гукавыя абрысы. Чытаем верш “Месячная ноч” і бачым контуры-сімвалы роднага краю (“Па-над лугам серабрыстым, каля межаў, васількоў”), яго жывыя пералівы фарбаў, чуем песенныяя галасы на ўлонні сцішанай прыроды:
Месяц сьвеціць, месяц зьзяе
У глыбіні таемнай вод
І палосы разьлівае
Ясна-сініх пазалот.
Ціш... Ні зыку, ні шуршання,
Толькі дзесь гамон чуваць
І вясёлае пяяньне:
Едуць хлопцы ў сенажаць (1, 17).
Як кантрастуюць падобныя радкі з вышэй працытаванымі радкамі з верша “Каваль”! Наколькі яны “прадметныя”, не гучныя, не “надрыўныя”, а дакладныя! Паэт арыентуецца тут на строгую і гарманічную прастату, на блокаўскую творчую ўстаноўку (многім помніцца блокаўскае – “Ноч. Вуліца. Ліхтар. Аптэка”). Для яго дарагая кожная рысачка праўдзівага, непрудуманага, не сканструяванага штучна, а рэальна існуючага жыцця.
Падобная ўстаноўка на праўду, дакладнасць малюнка вынікала з асабістага перажытага. У тым ліку – з убачанага ў вялікім горадзе, да якога паэт ставіцца больш літасціва, чым Ясенін і Пушча, гукі і рухі якога разумее, у якія і сам, здаецца, ужыўся арганічна. Пра гэта, напрыклад, сведчаць вобразы-дэталі, у ролі якіх выступаюць эпітэты, - “светлыя”, “гучныя” з верша “На падмесцях” (“Рух на вуліцах, гамон, Крык вазьніцаў галасістых, Крам, машын і шыбаў звон, Гучны сьмех і плач срабрысты...”) (1, 19). Апошні эпітэт у гэтым радзе ўвогуле наватарскі, нікім, здаецца, з беларускіз паэтаў у 20-я гады не выкарыстаны. Вядома, фарбы і гукі вялікага горада мяняюцца начной парой. І тут паэт не адступаецца ад прынцыпу праўдзівасці і – па кантрасце з дзённай парою – паказвае месца сцішанае, гукі – рэдкія, адзінокія, нечакана выпадковыя ў ім (“Ноч... Заціхнуць месца гамы, Ліхтары мігцяць трывожна, Голас дзесь раздасца п’яны, як з магілы, як вастрожны...”) (1, 19).
Асабліва ж значнага мастацкага эфекту пры дапамозе канкрэтызацыі падзей Ілляшэвіч дасягае ў сваёй астрожнай лірыцы. У вершы “Бразнулі з грукатам дзверы...”, напісаным у 1928 г., сатканым з рэаліяў турэмнага побыту, якія самі па сабе сведчаць пра невыноснасць несвабоднага жыцця, выкрываецца алагізм падобнага становішча – чалавек за кратамі. Як і ў хрэстаматыйным вершы А. С. Пушкіна “Вязень”, тут трагедыйныя абставіны абуджаюць імкненне лірычнага героя да волі, але ў нашага паэта дух бунтоўны, не пачаўшыся, згасае, а заклік да барацьбы ператвараецца ў гучны шэпт, падобны ўжо да Танкавага – помніце! – “І недзе хруснула ў худых Руках іржавае жалеза”. Ілляшэвіч у згаданым творы пазбягае рыторыкі, гучнаспеўнасці, арыентуецца на падтэкст, задае рытарычныя пытанні, зразумелыя і яму самому і чытачу. Твор варта прывесці цалкам як узор лірыкі рэалістычнай, якая нараджаецца на грунце праўдзівасці і перарастае яе дзякуючы высокай аўтарскай эмацыянальнасці:
Бразнулі з грукатам дзверы, –
Зноў я у цэлі сырой!
Зноў яе крокамі меру,
Сьцен парушаю спакой.
З вокнаў далёкага дому
Даносіцца бурна Шапэн,
І ў сэрцы нязьведна нікому
Не’к сумна між воражых сьцен...
Застыўшая зупа з вадзіцы
І чорнага хлеба паўфунт –
Сапраўды з іх можа зрадзіцца
Гарачы, вялізарны бунт!
Шагаем... і хочацца ведаць:
Калі-ж людзі стануць людзьмі?
А нешта ірвецца паведаць
Адвечную казку зямлі... (1, 51).
Пераадоленне агульшчыны і абстрактнасці гартнаўскага гатунку адбывалася ў паэзіі Ілляшэвіча і другім спосабам – пры дапамозе выхаду на вечную тэматыку, асэнсавання (не канстатацыі, а менавіта асэнсавання!) месца чалавека ў сусвеце, дыялектычнай сувязі жыцця і смерці і г.д. У гэтых адносінах яго можна назваць адным са стваральнікаў медытатыўнай лірыкі, пераемнікам эстафеты з рук Максіма Багдановіча і аднадумцам Аркадзя Моркаўкі. Асабліва запамінаецца з гэтай нагоды верш у прозе “Думкі”, а таксама творы “Сон”, “Часамі ў душы маёй сумнай мелодыяй...”, “Шырыня – прастор!..”.
У лірычным абразку “Думкі” паэт задае сабе і чытачу пытанне – “Няўжо-ж жыццё – гэта панаванне зла й няпраўды? Няўжо-ж не аднолькавае права ўсіх – жыць?”. У процівагу культу смерці і разбурэння ў імя нейкіх прыдуманых ідэалаў, частага ў беларускай савецкай літаратуры 20-х – 30-х гадоў (“Босыя на вогнішчы” М. Чарота, лірыка А. Дудара і іншых паэтаў-маладнякоўцаў, проза “Маладняка” – у апавяданні Васіля Каваля “Нянавісць” чырвоны камандзір Пятрусь Саўчык забівае бацьку – “здрадніка” перад усім народам, аднавяскоўцамі, назваўшы яго “старым сабакам” і “паўзучай гадзінай” – 4, 296). Хведар Ілляшэвіч абараняе жыццё, адшуквае прычыны, якія штурхаюць людзей на разбурэнне яго асноваў.
Лірычны герой названых вершаў паэта “упісаны” у касмічныя абсягі дзеяння: вакол яго Сусвет, зоры – “сымбалі волі й прастору” (1, 22); падобна арлу, ён хоча ўзняцца ў надхмарную прастору. Падобнае жаданне зведалі да яго і Багдановіч (“Усе разам мы ляцім да зор”), і Купала (“І вецер, і сокал, і я”), і Гарун, і рамантычная паэзія ў цэлым. Стараючыся пераадолець зямное прыцягненне, суровы бруд штодзённага жыцця, Хведар ілляшэвіч таксама ставрае другое вымярэнне чалавечага існавання (хоць і ў сне і ў марах) – міжзорнае, як ідэал чысціні, гармоніі, прыгажосці, якіх заслугоўвае чалавек. І хай гэта сон, хай падобная выява – толькі мроя, - яна становіцца яшчэ адной формай пратэсту супроць трагедыі зямнога жыцця. У вершах “Сон”, “Часамі ў душы маёй дзіўнай мелодыяй...” космас і зоры і страшаць, і прывабліваюць лірычнага героя. Яны халодныя, хоць і не ледзяныя, вечныя, а таму і раўнадушныя, падобныя да Сфінкса з яго загадкавай усмешкай, супроцьстаяць у сваёй вечнасці не толькі чалавеку, але і сонцу. У першым з названых твораў ніякаватае адчуванне ў космасе (“Якійсці страх скаваў мне душу...” – 1, 33) адбываецца ў сне і імгненна спыняецца, як толькі герой прачынаецца і бачыць, як “Смяялася сонца з вышын...” (1, 33). У другім “ціхія-сумныя зоркі” праходзяць свой “адвечны пуць” і “у прасторную муць Таюць... плывуць...” (1, 36), а чалавек, чалавецтва згасаюць, “як вечара фарбы ў маі”:
Гэта час, калі журбою хворы я,
Калі сэрца так салодка тае
І, хапаючы згукі сусьветныя,
Чалавецтва ўсё абыймае...
І, як вечара фарбы ў маі,
Тае... тае... (1, 36).
Беларуская паэзія пачала выходзіць за рамкі зямнога жыцця і асвойваць космас на мове свайго народа параўнальна позна. Доўгі час яе цікавіла вузкая пляцоўка дзеяння – сялянская хата, дзялянка, палоска зямлі, ніва, турма, астрог ды магіла. У пачатку ж ХХ стагоддзя Купала, Колас, Багдановіч, Гарун пашырылі прастор дзеяння і на космас, звярнуліся з просьбай да Бога выратаваць народ ад здзеку і гвалту. Намаганнямі Ілляшэвіча, а затым і іншых паэтаў – будучых эмігрантаў, што заявілі пра сябе пазней, - Алеся Салаўя, Масея Сяднёва, Рыгора Крушыны – стыхія паветранага і воднага космасу стала звыклай з’явай для нашай нацыянальнай літаратуры, месцам, дзе вітаюць думкі герояў, адбываюцца значныя, сусветнай вартасці падзеі. Нічым не саступалі і не саступаюць названым аўтарам нашыя беларускія савецкія паэты Аркадзь Куляшоў, аўтар “Новай кнігі”, Максім Танк – аўтар кніг лірыкі “За маім сталом”, “Збор калосся”, “Мой каўчэг”, Кузьма Чорны, у рамане якога “Млечны шлях” падзеі хоць і адбываюцца на зямлі, але пад пільным наглядам зорак, пад Млечным Шляхам.
Выхад паэзіі Хведара Ілляшэвіча за рамкі чыста зямнога жыцця працягваўся і ў яго наступных зборніках і па-ранейшаму быў своеасаблівай формай ратунку ад агульшчыны, лозунгаватасці, зададзенай публіцыстычнасці і рытарызму. Так, у вершы “Рассыпалісь іскрынкі-зоры...” паэт па-новаму інтэрпрытуе тэму “Зямля –Космас”, “Зямля – Зоры”, не супроцьпастаўляючы дзве стыхіі, а выводзячы іх адну з адной, нібы перастаўляючы іх месцамі:
Рассыпалісь іскрынкі-зоры
У нябеснай ледзяной далі...
Цямнеюць, як волаты, горы,
І цені ў лагчынах ляглі...
Цяпер гарады загарэлісь –
Нью-Йорк... і Парыж... і Бэрлін...
О, зоры! Ці неба не веліч?
Ці вы – гэта водбліск зямлі?.. (3, 18).
У цэлым пафас паэзіі Ілляшэвіча, такім чынам, не супадае з афіцыйна дэклараваным і прымусова навязаным. Паэт засведчыў сваю далучанасць да боляў, а не радасцяў чалавецтва, якое ў ХХ стагоддзі перажывала незлічоныя беды, адлучалася ад агульначалавечых каштоўнасцяў дэкрэтамі савецкай улады.
Трагедыйны пафас, стаўшыся галоўным, літаральна “вымыў” з паэзіі Ілляшэвіча радаснае пачуццё, “памяняў” сімволіку, стыль у цэлым. Знікаюць рытарычныя радкі. Згасаюць, на апошнюю пазіцыю адыходзяць хваласпеўныя словы – “веснаход”, “сонцаззянне”, “шум-гул”, “светлая, ясная казка” і інш. Голас паэта цішэе. Трагедыйны пафас проста-ткі вымкшае ад аўтара роздумнасці, маналагічнай спавядальнасці. Пяты раздзел другога зборніка называецца “Напевы і думы”. Гэта заключны раздзел. А ў ім змешчаны заключны верш “Вучуся холаду у сцен...” – самы балючы, закратны, напісаны ў форме роздуму над святлом і змрокам, радасцю і горам, сардэчным (цёплым) і мыслёвым (сцюдзёным, узважным) падыходамі да ацэнкі рэчаіснасці і чалавечых паводзінаў. Адкрытае радасці, сонцу, спадзяванню на адраджэнне спачатку (цыкл “Новая Беларусь”) – “Годзе песьні пяяць аб нудзе! Сэрца бунтам б’е у кажух... Па краіне ідзе-гудзе Весназвонны, магутны рух...” (3, 6); “І асьвецяцца нашыя твары Сонцазьзяньнем чароўнага дня” (3, 8), сэрца паэта настроівалася ў канцы кнігі не на бунт, а на прымірэнне, не на гучную радасць, а на пякучы боль, на хвалю ўнутрана-напружанага асэнсавання становішча героя-вязня, ізаляванага ад бурлівай плыні жыцця. Вось ён, апошні верш з апошняга цыкла вершаў са зборніка Ілляшэвіча “Зорным шляхам”:
Час, калі трэба журыцца
Душою па сьвежых магілах
Пуста пранёсшыхся днёў.
М. Багдановіч
Вучуся холаду у сьцен,
Спакою ў песьнях аб нядолі,
Хачу сьцюдзёна выпіць сэнс
Людзкіх жаданняў і патолі.
У вячэрня-ціхую пару
Зьліваю ў цемру свае зрокі,
І быццам слухаюць і мруць
У цэлі жудасныя мрокі (3, 64).
Лукішкі, 1929
Зборнік паэзіі Ілляшэвіча “Захварбаваныя вершы” мы прааналізуем цалкам у ідэйным, жанравым і кампазіцыйным плане, з боку змястоўнага і фармальнага. Аднак нельга ўстрымацца ад спакусы выказаць пацверджанне нашай думкі пра эвалюцыю агульнага пафасу творчасці паэта – ад гераічнага да трагедыйнага – хоць некалькімі вершаванымі радкамі з яго: “Яшчэ ў ваччу не перастала Жаброўна плакаць стала хат” (1, 21); “Як няскончаны нейкі ліст – Недасказана штось у душы” (1, 29).
У жанравых адносінах паэзія першай палавіны ХХ стагоддзя (20-я – 30-я гады) не заставалася нязменнай. Афіцыйныя ўлады ў Савецкай Беларусі, выконваючы загад звыш, праз сваіх “тэарэтыкаў” тыпу Бэндэ ды Аляксандровіча, праводзілі ў жыццё патрабаванне на адлюстраванне мастацтвам слова радаснага настрою, поспехаў, а значыцца – на далейшае авалоданне мастацтвам слова загадзя вызначынымі жанравымі разнавіднасцямі эталагічнай (павучальнай, дыдактычнай) паэзіі. Верш-лозунг, верш-заклік, верш-адкрыты зварот да чытача, гучная ода, рытарычны выгук -–вось небагаты жанравы арсенал слоўнай мастацкай творчасці Александровіча, Падабеда, Цішкі Гартнага і іншых аўтараў у перадваенны час. Пушча, Дубоўка, раннія глебка, Звонак, Хадыка, Кляшторны “не ўкладваліся” у падобную нарматыўнасць. Ім больш імпанаваў элегічны жанравы настрой. Ім зацелася не радавацца, а плакаць ад страшэннага відовішча ўсеагульнага разбурэння. Яны, падобна Пушчу, горка перажывалі сваю адарванасць ад вёскі, ад яе гуманістычных традыцый, раскрыжаванасць Беларусі на ўсходне-заходніх дарогах. Такім жа трагедыйным светаадчуваннем паступова напаўнялася паэзія Хведара Ілляшэвіча, і – адпаведна – жанр оды выцясняўся з яго творчасці жанрам элегіі. Трэцяя кніга паэта наскрозь элегічная. У двух папярэдніх прыкладна 25 працэнтаў твораў можна залічыць у раздзел адычных па пафасе і гучанню, астатнія ж падпадаюць пад элегічны жанравы настрой.
Калі чытаеш вершы паэта адзін за другім, ствараецца ўражанне, што вера паэта ў адраджэнне нейкая хісткая, што аўтар суммяваецца ў ім, што рэальныя жыццёвыя абставіны і факты прымушаюць яго ўдакладняць, мяняць пазіцыю, лавіраваць паміж верай і бязвер’ем, што ён не зусім упэўнены ў сваёй веры. Многія вершы-оды пра адраджэнне напісаны агульнымі лозунгамі, нейкімі штампаванымі фразамі, якія ідуць з галавы, а не з сэрца. Іх безасабовасць, безаблічнасць адразу кідаецца ў вочы, як толькі пачынаеш іх чытаць, успрымаць, узважваць, параўноўваць з вершамі элегічнымі. Для прыкладу спынімся на адным з іх – з першага раздзела зборніка “Зорным шляхам” – “Хмары чорныя звіслі над намі...”:
Хмары чорныя зьвіслі над намі –
Яшчэ ўчора гучэў Веснаход...
Гэй, сябры! Сьмела ў бой з перунамі!
Успыхне заўтра іншы усход!
Гэты дзень, што спусьціўся ад хмараў,
Згіне з першай касуляй сьвятла!
І асьвецяцца нашыя хмары
Сонцазьзяньнем чароўнага дня. (3, 8).
Твор гэты безадносны да часу (ім могуць быць падзеі 1830, 1861, 1905 – 1907, 1917 і г.д. гадоў), да месца (якая розніца – Усходняя ці Заходняя Беларусь, Польшча ці Расія?) дзеяння. Яго сімволіка арыентуецца на рамантычны стыль ХІХ стагоддзя, паўтарае сімволіку пралеткультаўцаў ды маладнякоўцаў, а калі браць яшчэ ранейшы час – дык і пралетарскіх паэтаў канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Адзінае, што ў падобных творах можна вылучыць, дык гэта наяўнасць у іх вялікай колькасці наватвораў, падчас удалых і арыгінальных. І ўвогуле, дзякуючы словатворчасці Ілляшэвіч смела выходзіць на фармальны эксперымент, уласцівы эмігранцкай беларускай літаратуры ў большай ступені, чым беларускай савецкай, - Алесь Салавей, Рыгор Крушына, Масей Сяднёў тут павінны быць названыя ў першую чаргу. Але ля вытокаў падобнага эксперыментатарства са словам стаяў Хведар Ілляшэвіч: “сонцаззянне”, “веснавіста”, “грымуча пяе”, “бязбрэжжы каласяныя”, “перапеўна-пудка сталь”, “летуценна і маленна я заглядзеўся”, “царства сосненае”, “казка вясняная”, “бярэзнік-зялёнка”. Гэта далёка не поўная падборка паэтавых неалаізмаў, што трапна характарызуюць з’явы, сведчаць аб схільнасці аўтара да фармальнага эксперыментатарства.
Элегія заменьвала оду ў паэзіі Ілляшэвіча тады, калі Купалу, Хадыку ды іншых мастакоў прымусілі ісці ў адваротным напрамку, у выніку чаго і з’явіўся цяпер ужо славуты Купалаў “ляўкоўскі цыкл” вершаў і яго ж адыёзны зборнік паэзіі “Ад сэрца”. Пакуль яшчэ ўцалелыя, не заточаныя ў турмы паэты – былыя маладнякоўцы стварылі хваласпеўныя творы, разлічаныя на пазітыўнае ўспрыманне роднай партыйнай і савецкай улады. Паэт з Заходняй Беларусі, зрабіўшы крок наперад, да вызвалення ад хваласпеўнасці і рытарызму, становіцца майстрам глыбока псіхалагічнай, роздумнай элегіі і тым самым засведчвае поўную адпаведнасць гэтага жанру трагедыйным падзеям даваеенай пары на ўкрыжаванай Беларусі.
Элегія Ілляшэвіча суб’ектыўная. У пераважнай большасці творы гэтага жанру маюць апорнымі сігналамі ці асабістыя факты паэтавай біяграфіі (турэмнае заключэнне), ці факты гарадскога і вясковага жыцця, “біяграфіі” краіны. Таму яны і ўспрымаюцца як больш канкрэтныя, чым мастацкія палотны адычнай танальнасці. Дарэчы, адзначым, што схільная да агульнай інтэрпрытацыі рэчаіснасці ў цэлым (Лідзія Гінзбург), лірыка як род літаратуры ратуецца ад безаблічнасці і агульшчыны пры дапамозе адлюстравання канкрэтных фактаў, рэалій жыцця. Радасная вера ў магчымасць дасягнення адраджэння роднага краю памянялася на бязвер’е і расчараванасць. Памяняўся настрой – памяняўся жанр, памяняліся матывы творчасці Ілляшэвіча. Элегія паэта вырастала, такім чынам, на грамадскай, сацыяльна-філасофскай глебе, вынікала з часу, з самой эпохі адступлення змагарных сілаў перад сіламі змроку і нацыянальнага ўціску.
Элегічнай песняй паэта можна назваць яго апошнюю кнігу “Захварбаваныя вершы”, што надзвычай цэласная, аднапафасная і аднатанальная, наскрозь прасякнутая “восеньскім”, “мінорным” настроем, падобным да такога ж настрою лірыкі Наталлі Арсенневай – прызнанага лідэра ў жанры элегіі даваеннай пары. Не выпадкова яе другі зборнік, што павінен быўзмяшчаць у сабе вершы 1927 – 1937 гг., яна назвала лаканічна і вобразна – “Жоўтая восень”. Хведар Ілляшэвіч ішоў паралельна з гэтай выдатнай мастачкай, спаборнічаў з ёю ў раскрыцці тужлівага, маркотнага настрою душы, шукаў новых варыяцыяў раскрыцця традыцыйных матываў, эксперыментаваў у галіне міні-вобразнасці. І дасягнуў значнага мастацкага эфекту менавіта праз гэтую самую міні-вобразнасць, праз трапную мастацкую дэталь, праз зямную, звыклую рэалію, якая (помнім!) магутнейшую ролю адыгрывала ў неўміручай творчасці Коласа і Купалы, Пушкіна і Лермантава, Ларысы Генюш і Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Караткевіча і Яраслава Смелякова, Ганны Ахматавай і Марыны Цвятаевай. Без рэаліі, мастацкай дэталі лірыка згасае, ператвараецца ў суцэльны паток неакрэсленых пачуццяў, што выліваюцца ў мора слоў. Дзякуючы плённаму выкарыстанню мастацкай дэталі лірыка Ілляшэвіча пра восень набывае канкрэтнае аблічча, ператвараецца ў кватэру з прадуманым інтэр’ерам, з абстаноўкай, рэчамі, кожнай з якіх вызначана яе месца. І тут ён больш блізкі Ларысе Генюш, а не Наталлі Арсенневай, і працуе па законах рэнесансавага жывапісу. Каб не быць бяздоказным, спашлюся на непрэтэнцыёзнае, але надзвычай каларытнае васьмірадкоўе:
Кацянём чарапае дожджык у дахі –
Кіцка мае сумныя вочы сягоння –
У паветры дрыжаць асеньнія ўзмахі –
У туманным возеры месца тоне.
Зьвесіў дожджык на твар траур –
Па бруку скача – смуткам шэрым.
Ідзем у садзе ля засьмяглых твараў –
У вясну адцьвіўшую больш не верым (3, 13).
Мастацкая дэталь нараджаецца ў Хведара Ілляшэвіча на прынцыпе падабенства, параўнання некалькіх з’яваў, а таксама адухаўлення нежывога, перасатварэння агульнага і падчас абстрактнага ў канкрэтнае. Тут ён адкрывае дарогу, па якой пазней пойдзе Максім Танк, для якога няма ніякай цяжкасці расказаць чытачу і пра “вычасаны з успаміну” парог, і пра ластаўку, якая думала пабавіцца трэцім промнем, ды нечакана праглынула яго, “як камара”, і пра дажды і вятры, што ласкава ходзяць па зямлі і не наносяць ёй шкоды, і пра многае іншае. Жывое і нежывое ўзаемапранікальныя і ў творах Ілляшэвіча, хоць надзвычай арганічнага, Танкавага ўзроўню гэтай пераходнасці ён не паспеў дасягнуць у перад ваенны час. Паводле падобнай пераходнасці нараджаецца канкрэтызацыя абстрактных паняццяў і асацыятыўная вобразнасць. Да ліку падобных можна аднесці наступныя з працытаванага вышэй верша вобраза – “У паветры дрыжаць асеннія ўзмахі”, дожджык “па бруку скача – смуткам шэрым”. А ў наскрозь элегічным, але светлым па колерах і радасным па інтанацыі вершы “За ноч, як я спаў у ложку...” людзі, рэчы, вуліца, парканы, сані і ўсё іншае, што ўбачыла вока паэта ў перадзімовы, але ўжо аснежаны час, набывае чалавечыя абрысы, жыве, рухаецца, дзейнічае: “За ноч... Спаважнела дуроніца-вуліца”, “Не ведаў я ані трошкі, Што яна прыкідаецца жулікам”, “Расцьвілі на парканах-п’яніцах Беласнежныя, пульхныя вербачкі”, “Абчапляю свой верш прывітальны Хмелем навісі маразянае...” (3, 23).
У пошуках незвычайнай, разлічанай на асацыятыўную падтэкставанасць, вобразнасці паэт ідзе ў сваіх позніх вершах на канкрэтызацыю абстрактнага і наадварот. Так, напрыклад, ён можа напісаць, што “Колерам ціхае роспачы Кветкі у садзе ўміраюць” (3, 14), “З двароў, дзе заснулі ўжо цені”(3, 19), “...не перастала Жаброўна плакаць стада хат” (3, 22), “Вось у ціхай задуме шагоў” (3, 29), “Дзень канчае гучны матыў” (3, 29) і г.д. Ілляшэвіч ведаў цану вобраза-дэталі, шанаваў яго як найгалоўнейшую часцінку мастацкага тэксту. І падобнае паважанне стаўленне заклада падмурак той літаратуры, якую пазней створаць маладзейшыя – Алесь Разанаў, Таіса Бондар, Дранько-Майсюк, што адкінулі чыста натуралістычную прыземленасць, апісальнасць, аднаплоскаснае адлюстраванне рэчаіснасці, пайшлі на ўшчыльненне мастацкага пісьма, на кандэнсацыю ў ім сэнсу за лік скарыстання асацыяцыяў, шматзначнасці, перасатварэння жывога ў нежывое і наадварот.
У рэчышчы пошуку вобраза-дэталі стаіць Ілляшэвічаў пошук слова, новага, непачанага, сакаўнога. Тут ён пераўзыходзіць сваю канкурэнтку Наталлю Арсенневу, нягледзячы на меншую (гэта несумненна) “ступень таленавітасці”. Відаць, на гэты фактар паўплывала тое, што яго духоўныя карані бліжэй стаялі з самага пачатку да беларускасці, што беларускасць яго мела не такі, умоўна скажам, кніжны характар, як беларускасць славутай паэткі. Сярод несумненных аўтарскіх знаходак у гэтым плане адзначым наступныя: “сінявы вечар”, “вогнявокія месты”, “весназвонны”, “бунтарна-гулкая”, “руніста”, “расхрэстаю грудзі для бур”, “мяцелістая рука”, “белы цветабой”, “бялявы снег”, “сярод сьвісту і грудзіны”, “работнік моцны, і зьвінны”, “анясмеляныя цымбалы”, “у полі мгляно”, “замятуха вуголлем мяце”, “струназвон”. Як ужо вышэй адзначалася, словатворчасць Ілляшэвіча прыпадае на раннюю пару, пазней яна знікае, і ў зборніку “Захварбаваныя вершы” мы знаходзім лічаную колькасць неалагізмаў і проста рэдка ўжывальных словаў. Эксперымент са словам паэт не зрабіў адной з самамэтаў свае творчасці, а таксама спецыяльным прыёмам мастацкага пісьма, як гэта назіралася ў творчасці паэтаў-маладнякоўцаў Анатоля Вольнага, Тодара Кляшторнага (пачатку 20-х гадоў), Язэпа Пушчы даваеннай пары. Аднак нягледзячы на працяглы перыяд словатворчасці, яна стала сведчаннем прыхільнага стаўлення паэта да эксперыменту, незадаволенасці сабой, імкнення надаць літаратурнай дзейнасці творчы, мэтаімкнённы характар.
І раннія, і пазнейшыя вершы Хведара Ілляшэвіча грунтуюцца і на пошуках новай рытмічнай арганізацыі, адрознай ад класічнай сілабатонікі. Асабліва ў першай палове 20-х гадоў паэт стараўся перадаць складаныя рытмы гучнай эпохі, надаць вершам гімнічнае гучанне, перадаць праз рытм “гул часу”, неаднароднасць мелодый жыцця. У гэты час паэзія яго была больш разлачаная на гукавыя, знешнія эфекты, што і выявіліся ў устаноўцы на прамаўленне вершаў, нібы памоваў з трыбуны. Ламаюцца традыцыйныя радкі і нават графічна падзяляюцца на долі, актыўна працуюць зваротак, заклік, выгук і іншыя сродкі паэтычнага сінтаксісу, затое губляецца медытатыўнасць, разважлівасць, знікае асацыятыўная вобразнасць, поўнасцю саступаючы месца рыторыцы, адкрытаму выказванню, закліку, палітычнаму лозунгу. Усё сказанае, як у кроплі, выяўляецца ў творы “Годзе песні пяяць аб нудзе!..”, змешчаным у другой пазіцыі ў зборніку “Зорным шляхам”. Твор пачынаецца і заканчваецца рытарычнымі заклікамі: “Годзе песьні пяяць аб нудзе!” – “Грымі па бруку ...выгулкамі Гулам тысячных труб!”. У вершы графічна (і, вядома, інтанацыйна) у асобны радок вылучана слова-зваротак “Песня!”, зноў-такі з клічнікам на канцы, што не выпадкова: аўтару так хочацца акрэсліць сваю бунтоўнасць, свой віхрабурны настрой. Сёмы радок – зноў паўтор папярэдняга звароту да песні, ужо “абцяжараны іншымі словамі, - “Песня бунтарна-гулкая!”. На дзесяць радкоў верша прыпадаюць чатыры амаўчанні, графічна пазначаныя шматкроп’ем, у канцы радкоў і нават у сярэдзіне. Менавіта яны, побач з клічнай інтанацыяй, звароткамі, надаюць вершу заклікавы характар, спыняюць з’яўленню трыбуннай, аратарскай інтанацыі. У вершы свядома парушаны парадак слоў, амаль усе азначэнні стаяць пасля словаў, да якіх адносяцца, што таксама стварае эфект размоўнасці, заклікавасці, а і, акрамя гэтага, дае магчымасць аўтару вылучыць сэнсава значныя часткі мастацкага тэксту. У апошніх радках першую пазіцыю “займаюць” дзеясловы “вырвіся”, “грымні” у форме загаднага ладу і таксама “працуюць” на высокі настрой ды пафас твора ў цэлым.
Пазней паэзія Ілляшэвіча набудзе характар медытатыўнай разважлівасці, падобныя “знешнія” эфекты ім выкарыстоўвацца будуць радзей, больш усвядомлена, асцярожна. А ў пачатку 20-х гадоў усё віравала, трымцела, рухалася, некуды імкнулася ў яго творах, так як і ў творах Міхася Чарота, Змітрака Астапенкі ды іншых беларускіх савецкіх паэтаў, якія, не могучы перадаць унутраную сутнасць даваенных падзеяў захапляліся знешнімі атрыбутамі, эфектамі, якія ўмелі ствараць новыя гаспадары жыцця. У гэты перыяд паэзія Ілляшэвіча часта абапіралася на гукапіс, выкарыстоўвала яго магчымасці. У вышэй згаданым вершы, напрыклад, пераважаюць зычныя гукі – “р”, “з”, “б”, якія ў адначассе перадаюць гучнасць эпохі і падобны ж аўтарскі настрой. Гэтыя ж гукі ствараюць такі самы мастацкі эфект і ў вершы “Хмары чорныя зьвісьлі над намі...”.
БІБЛІЯГРАФІЯ
1. Ілляшэвіч Хведар. Захварбаваныя вершы. Вільня, 1936. С. 3, 17, 19, 21, 22, 29, 33, 36, 51.
2. Ілляшэвіч Хведар. Веснапесьні. Вільня, 1929. С. 3, 5, 7.
3. Ілляшэвіч Хведар. Зорным шляхам. Вільня, 1932. С. 6, 8, 13, 14, 18, 19, 22, 23, 29, 64.
4. Каваль Васіль. Выбранае. Мн., 1959. С. 296.
5. Калоссе. 1938, № 3.
6. Ліс Арсень. Паэзія Хведара Ілляшэвіча. У зб.: Культура беларускага замежжа. Ч. 2. Мн., 1993. С. 19, 27, 28, 50.
Публікуецца на
сайце з ласкавай згоды Магілёўскага
Таварыства БРАМА
|