БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Выдавецкія сэрыі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Мікола Мішчанчук, ЗЯМЛЯ ЧУЖАЯ НЕ САГРЭЕ...

Мікола Мішчанчук

“Я ПРЫЙШОЎ АД ЗЯМЛІ, АД ЛЮДЗЕЙ...”
Нататкі пра жыццё і творчасць Алеся Салаўя

Алесь Салавей (сапраўднае прозвішча Альфрэд Радзюк) нарадзіўся ў вёсцы Крысава на Дзяржыншчыне (Койдаўшчыне) 1 траўня 1922 г. у сям’і сына былога парабка графа Чапскага, земляроба, а затым інтэлегента ў першым калене. Як пазней прыгадае мастак, і маці яго “была інтэлегентная, пісьменная жанчына, шмат увагі аддавала на выхаванне” (Цытуецца па кнізе: Салавей Алесь. Нятускная краса. Збор твораў. Нью-Ёрк – Мэльбурн. 1982. С. 286. У далейшым спасылкі на гэтае выданне падаюцца ў тэксце, з указаннем старонкі). У 1923 г. сям’я Радзюкоў перасялілася ў Койданава, дзе бацька ўладкаваўся працаваць у лясніцтве, а затым, на пачатку 1928 г., - у Чэрвенскі павет, дзе да 1933 г. бацька быў дарэктарам саўгасу. Тут маленькі Альфрэд пайшоў у школу. Затым у тым самым годзе былі зноў пырэбары ў Койданаўскі павет і ў Койданава. За гэты час бацька паэта набыў вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю, а таму яго прызначылі спачатку загадчыкам прыгараднай гаспадаркі райспажыўсаюзу, а пасля – раённага гандлёвага аддзелу.

У Койданаве пачаліся першыя літаратурныя практыкаванні будучага пісьменніка, тут быў напісаны і ўдрукаваны ў раённай газеце “Ударнік Дзяржыншчыны” яго першы верш “На сенажаці”. Тут светла марылася і летуценілася, як і іншым падлеткам, якія выхоўваліся ў духу адданасці ўтапічным ідэалам.

Самым трагедыйным для сям’і Радзюкоў стаў 1937 год. Арыштавалі бацьку і маці, канфіскавалі маёмасць, не дазволелі нават перадаць дзецям ашчадную кніжку з трымастамі рублямі. Бацька так і загінуў у Сібіры, а маці пасля дзесяцігадовых пакутаў вярнулася ў Беларусь і неўзабаве памерла. Магілка яе знаходзіцца ў Вязані каля Фаніпалю. Родзічы, запалоханыя энкэвэдзістамі, адмовіліся дапамагаць сіротам – 15-гадоваму Алесю, чатырнаццацігадовай Алі, васьмігадоваму Лявонку і чатырохгадоваму Уладзіку (памёр у 1941 г.). Каб не памерці з голаду, старэйшаму давялося працаваць на раскопках торфу, выгружаць вугаль, рыхтаваць дровы на зіму. Колькі маладых людзей, дзяцей-сіротак падкасіла ў даваенны час ліхая навала, імя якой далі пазней, - таталітарызм, сталіншчына.

Сіроцкае, шматпакутнае жыццё неяк цудам спалучалася з літаратурнай дзейнасцю. Паэт друкуецца на старонках перыядычных выданняў, яго заўважаюць, запрашаюць у 1938 г. у Мінск на канферэнцыю маладых пістменнікаў. Асабліва клапаціўся пра маладога аўтара П. Глебка. Паспрабаваў А. Радзюк вучыцца ў Мінскім педагагічным тэхнікуме, якое праз два гады пакінуў па матэрыяльнай прычыне. Вайна заспела яго ў Лагойску, дзе ён працаваў намеснікам дэрэктара раённай газеты. Ужо перад вайной паэт спазнаў, што такое жорсткая ідэалагізацыя мастацтва, калі рэдкалегія часопіса “Полымя рэвалюцыі” адмовілася друкаваць яго санет “Гайна”, бо форма гэтая, як яму напісалі ў адказе, даўно выкінута на сметнік.

Як і многія іншыя інтэлегенты, журналісты, А. Радзюк пры немцах разам з народам перажываў трагедыю краіны і, падобна многім інтэлегентам, падмануты вонкавай лаяльнасцю фашыстаў да беларускасці, верыў у нацыянальнае адраджэнне ва ўмовах вайны, тэрору. Ён працаваў у Лагойскай раённай, а затым да лютага 1942 г. у “Беларускай газэце”, і пасля ў часопісе “Новы шлях”, што выдаваўся ў Рызе, аж да самай эміграцыі. У вайну паэт друкаваўся ў названых выданнях, а таксама ў газеце “Голас вёскі”, пісаў творы пейзажнага, патрыятычнага, антываеннага зместу – “Лёс паэта”, “За славу Радзімы”, “Пад шэлесты лісця”, “З новым годам”, “Радасць жыцця”, “Кінь сваволіць” і інш. Яму верылася і не верылася ў новае, у перамены да лепшага, у свабоду. Матывы надзеі перакрыжоўваліся з матывамі трагедыйнага адчування разлому, руйнавання, знішчэння ўсіх святынь навалай з Захаду. Друкаваліся вершы пад псеўданімамі Алесь Салавей, Алесь Вясновы, А. Вясёлка.

У Рызе паэт сябраваў з галоўным рэдактарам “Новага шляху” Уладзімірам Сядурам, замежнымі нацыянальнымі беларускімі дзеячамі Ул. Брылеўскім, К. Езавітавым, М. Дзямідавым, мастаком Пётрам Мірановічам, рускім крытыкам і паэтам Вяч. Завалішыным, латышскім пісьменнікам Аляксандрам Анцанам, якія супроць стаялі сталінскаму рэжыму, смела выказваліся па многіх нацыянальных і палітычных пытаннях. У ваенны час ішла напружаная праца душы, вызначаліся адносіны паэта да таго, што адбывалася, мацнела думка пра неабходнасць ратавання свайго краю ад рабства.

Трэці перыяд жыцця А. Салаўя прыпадае на 1944 – 1949 г.г. Гэта эвакуацыя па маршруце Мінск – Беласток – Кенінсберг – Рыга – Эстонія – Берлін (Балтыйскім морам) - Вена – Прага – зноў Аўстрыя. Гнаны вайною разам з паэтам-эмігрантам Алесем Змагаром (А. Яцэвічам), з невялікім скарбам, ускладзеным на чужую арбу, паэт у 1945 г. прыбіваецца ў Зальцбург. Тут яго дэпартуюць. Тут жа ён ажаніўся. У 1946 г. нарадзіўся сын Міхалка. Жыць даводзілася на розныя датацыі і ахвяраванні. За мяжой выходзіць паэма “На хуткіх крыллях вольнага Пегаса” (1948), следам за ёю – паэма “Сын” (напісана ў 1947 г.). У 1948 г. замежны часопіс “Сакавік” выдаў асобнай кнігай другі зборнік паэтавых вершаў “Сіла гневу”. А пасля быў выезд на пастаяннае жыхарства ў далёкую Аўстралію, у Адэлаіду (два гады кантракту), Мельбурн, дзе пасля трагічнага заплыву ў акіян і не стала паэта, дзе і пахаваны ён праз чатыры дні пасля смерці 26 студзеня 1978 г. на беларускіх могілках.

Так у Аўстраліі пад яркім Паўднёвым Крыжам пабольшала беларускіх могілар, спынілася сэрца паэта-выгнанніка, паэта, якому хацелася пабачыць свой родны край, дакрануцца да святой зямлі, дзе нарадзіўся і вырас, дзе пазнаў радасці і пакуты.

Не давялося. Як і іншым выгнаннікам – ахвярам грамадска-сацыяльных эксперыментаў, што праводзіліся ў нашай краіне.

Паэзія Алеся Салаўя, як і творчасць іншых паэтаў-эмігрантаў, нацыянальна-самабытная. У ёй амаль нічога няма прыўнесенага збоку, штучнага, мадэрнісцкага. Яна не прэтэндуе на філасафічнасць абстрактную, безадносную да прадмета адлюстравання, будучы пераважна выяўленча-апісальнай. Ёй блізкія і дарагія традыцыйныя мэты прыроды, радзімы, кахання, дабра і зла, спрадвеку ўласцівыя лірычнаму роду літаратуры:

Пачую я: зязюля за ракой
куваць пачне ў бары. І дзяцел будзе стукаць.
Разбудзяць ціхі ранішні спакой
птушыных галасоў прыветлівыя гукі.
І сонца яснае з высі тады
пальле агністы сок цурком, нібы празь сіта;
нап’юцца соку гэтага сады,
памочыць вус у ім задумны колас жыта (7).

І пачыналася паэзія А. Салаўя з апісання маладой радзімы – наваколля вёскі крысава, што на Дзяржыншчыне, лагойскай Гайны – мясцін, адкуль вяла дарога ў вялікі свет. Радкі атрымліваліся светлыя, празрыстыя, ішлі ад ураўнаважанага настрою, ад упэўненасці ў перавазе гарманічнага пачатку ў жыцці прыроды і чалавека. Пра гэта сведчаць яго вершы 30-х – 40-х гадоў “Дзеці”, “Пароша”, “Каляды”, “Снягі”, “Першы гром”. Нават вайна не здолее знішчыць паэтаву веру ў гаючыя сілы роднай прыроды. Часцей адзінокі, без родных і сяброў, пасярод усеабдымнага поля вайны, ён дазваляў сабе такую раскошу, як ... пезажная лірыка. Як у гэтай вось маленечкай мініяцюры, сатканай з сонечных фарбаў, жывой і дынамічнай:

Ня пухам лебедзяў абсыпаны лагчыны,
зямля схавалася пад белаю аўчынай,
Мадзее воддаль гай адзін нагі...
Сувоі сыпкія, глыбокія сьнягі.

“Сьнягі” (11).

Можна дакараць паэта, што менавіта ў 1943 г. напісана такое, што ў многіх яго творах не згадваецца сусветная калатнеча, а голас мастака гучыць не гучна, а сцішана. Можна ставіць у віну яму і тое, што ў ягоным вершы “Каляды” на першым плане аказваецца не трагедыя народа, а гарманічны малюнак дзіўнай, чыстай прыроды, дзетак, якія “дружнаю гурбой прастуюць з лесу цераз лясы і елку цягнуць за сабой...” (11). Нам хацелася, ды і хочацца зараз, каб паэзія была “барометрам грамадскіх падзей”. Мы даўно вызначылі яе ідэйныя пазіцыі, прыкулі яе ланцугамі да той ці іншай эпохі, тыз ці іншых тэмаў, патрабуем ад яе рознага пафасу і рознага настрою ў розныя часы. А яна так хацела і так хоча вызваліцца ад жорсткіх нарматываў і рэгламентацыі, жадала і жадае жыць ... агульначалавечым.

Так, ішла вайна. І была яна суровая, крывавая, і не застаўся ў баку ад яе Алесь Салавей. Ды ў адрозненне ад іншых аўтараў ён імкнуўся прыглушыць рытарызм вераю ў суладнасць гукаў і фарбаў на зямлі нават у жахлівы час. Ён нібы пакідаў нам запавет, што мінецца ўсё, забудзецца ліхалецце, схлыне чорная навала, і застануцца народ-стваральнік і народны мастак. Гэта вера падказала яму ўзяцца за пераклад дзівосных радкоў “Калевалы” пра нараджэнне ў нетрах жыцця, у прыродзе, гісторыі песні і абуджэнне народа:

Хай сябры пачуюць сьпевы,
хай іх слухаюць прыветна
між юнацтва маладога
шматпакутнага народу,
што нарэшце стаў на ногі (20).

“Твор “Калевала” далёкі ад суровай тагачаснасці”, - скажуць адны чытачы. “Чыстае мастацтва”, - выкажуцца другія. Хай сабе і так, але падобныя творы былі патрэбныя і тады, і цяпер іх значэнне не меншае, бо яны адкрывалі і адкрываюць чытачу Народ, Радзіму, Мастацтва.

Нельга сказаць, тшо вайна не закранула свядомасць паэта і не паўплывала на яго светапогляд, стыль. Некаторыя яго вершы адкрываюць чытачу другога мастака. У зборніку “Мае песьні”, надрукаваным у Рызе напярэдадні вызваленні яе Чырвонай Арміяй, які паэт не паспеў разаслаць чытачам, другі раздзел “І заплакалі сумныя далі” складваецца пераважна з элегічных твораў пра трагедыю душы аўтара і трагедыю народа. Элегія “Восень” (1942), напісаная тады, калі паэт жыў у мястэчку Ілля, спрабаваў поўнасцю адыйсці ад палітыкі, паглыбіцца ў наспадарчыя клопаты, поўніцца непадробным болем і смуткам. Паэт заўважае адзінокі кляновы лісток пасярод усеагульнага згасання жыцця і, па асацыяцыі, параўноўвае яго лёс з лёсам асабістым і лёсам акупаванай фашыстамі краіны:

З хаты выйшаў на двор. Асцярожна рукою дрыжачаю
абрываю лісток, прыкладаю да твару яго:
ўсёй істотай адчуў адыйшоўшае лета гарачае,
бураў грукаты, трэск пяруноў і сьпякотаў агонь. (26)

Боль і смутак прасякваюць радкі і верша “Раса”, які заканчваецца інвектывай пра тое, што на траве “зігцяць маністамі” не “каралі слез”, не “сокі йскрыстыя”, а “боль, і сум, і золь, і кроў зямлі агністая”. Бесклапотныя птушкі – “крылатыя асельнікі паветра” лятуць куды захочуць, а чалавеку застаецца глядзець на іх “з адбіткам суму ў сэрцах”, - піша паэт у вершы “Птушкі”. Толькі прасякнутае непадробным болем сэрца магло падказаць аўтару і пераклад урыўка з “Іліяды” Гамера пад назвай “Бітва”, з такой вось канцоўкай:

разам зьліліся змагарныя крыкі й сьмяротныя стогны
вояў, што нішчылі й гінулі; дол захлынуўся крывёю. (33).

У вайну быў напісаны паэтам і цыкл лаканічных твораў з агульным загалоўкам “Жывому жыць, зьнішчэньню – сьмерць!”. Цыкл гэты медытатыўны, філасофскі. Трагедый нае светаадчуванне аўтара паглыбляецца ў ім далей таму, што паэт, як і іншыя яго калегі-літаратары, становіцца эмігрантам, перажывае адрыў ад роднага краю. З гэтага цыклу знікаюць агульныя фразы і разважанні, пісьмо кандэнсуецца, ушчыльняецца, становіцца малюнкавым, прадметным:

Толькі выгляне сонца з-за хмараў, -
зьнікне зноў. Скуль бяруцца яны?
Можа гэта жутлівасць пажараў?
Можа гэта суцьмежа вайны?..

І марнее жыццёвы палетак,
і чакае касца сенажаць.
Кажуць людзі: настала ўжо лета,
ды чамусьці яго не відаць (115).

Найбольшай жа ўвагі ў гэтым раздзеле заслугоўвае верш “Зямля ў вагні”. Іншасказальны, прытчападобны, ён напісаны ў форме дыялогу (як і Купалаў шэдэўр “А хто там ідзе?”) аўтара з апанентамі, якія клічуць яго ў бой за радзіму і народ. Але іх заклікі і дзеянні аказваюцца заклікамі і дзеяннямі мерцвякоў, а сам паэт, адагнаўшы сон, адчувае сябе нібы ў труне. Падобных трагедыйных твораў мала ведае сусветная літаратура:

Зямля ў вагні. Гарачыня.
Сусьвету – ня дыхнуць.
Пякельнай лавы ня суняць,
крыві струменіць муць.

Зямлі, зямлі гаспадары –
на дзвюх, на дзвюх нагах –
сусьвету скарбы і дары
у пекла топчуць. Жах.

“Хадзі сюды, хадзі сюды!” –
мне кажуць. – “У паход
мы рушым. Выведзем зь бяды
радзіму і народ!”

Адзін: “Вазьмі, вазьмі – ці меў? –
вінтоўку – новы стыль...”
Я ўзяў. Я ўвесь акамянеў –
гнілы крывы кастыль.

Другі: “Вось келіх у мяне –
пітво ў ім змагароў.
Вазьмі!” – Я ўзяў, зірнуў: на дне –
Людзкія сьлёзы, кроў.

А трэці: “Змогся? Супачынь!
Прыляж на ложак наш.”
Я лёг. Прачнуўся ў начы –
ня ложак, а труна.

І ля мяне, і ля труны –
і века, і цьвікі...
Ідуць яны, ідуць яны –
шкілеты, мерцьвякі... (116).

У зборніку “Нятускная краса” цалкам змешчаны вершы са зборніка “Несьмяротнасць” – найбольш цэласнага і тэматычна, і кампазіцыйна. Інтанацыя ў цэлым у ім мяняецца параўнальна з інтанацыяй ранняй творчасці, голас гучыць напружана, элегічны жанр саступае месца адычнаму. Паэт стараецца пераадолець “камернасць”, глыбей зразумець лёс краіны, народа, падпарадкаваць інтарэсы свайго асабістага “я” інтарэсам чалавецтва.

Понміце, мы папракалі аўтара за нетрадыцыйны, не такі, як трэба было б, пачатак творчасці, “звужанасць” мыслення. І вось далягляды яго паэзіі пашырыліся за лік раскрыцця вечных тэмаў, абагульнення канкрэтных фактаў і ўзвядзення іх на вышыню ўсеагульнай вартасці і значнасці:

Маўчы, мой верш! Не ўспамінай эпохі.
Яна – патоп, і над табою – глум.
Ды як мінуць вось тыя ахі й охі,
той самы чын і той-жа шум-бурум?

І як знайсці на ток зямлі хоць трохі
жывых сьлядоў, цьвярозых вечна дум?
Няўжо чало пад той зялезнай каскай
больш не жыве ні яваю, ні казкай? (199) -

так выказваецца паэт пра эпоху і пра прызначэнне мастацкай творчасці ў вершы “Не ўспамінай” (1947).

Драматызм і складанасць разломнай эпохі вызначае і драматызм лёсу народу. Паэт бачыць яго запрыгоненым, бяспраўным, маўклівым. Характэрны ў сувязі з гэтым верш “Нішчым” (1947). Гэта палітычная медытацыя пра лёс краіны, якая нанесла бязмоўным і бязродным натоўпам, і самае галоўнае, - такі народ ужо нікому не перадасць эстафету чалавечнасці і дабрыні, бо перадаваць фактычна няма чаго:

Зусім нішчым. Сухі пясок пустыні
ваш ідэал. Мякіна – мозаг, кроў.
Пабачыў вас – на леднай строні
бязродны гурт скапычаных кароў.

Апошні раз у высь нябеснай сіні
ваш правадыр – ваш бык на скон зароў.
На баўтунох вы селі за квахтуху,
курчат няма – вось ваша сіла духу. (98).

Можна меркаваць, што змест гэтага твора падказаны і ўнутрыэмігранцкай барацьбой, калі лозунгі і справы замежнай інтэлегенцыі абясцэньваліся, страчвалі значэнне пасля перамогі савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне.

У зборніку “Несьмяротнасць” на першы план выходзіць і тэма мастацтва. Аўтар, расчараваны жыццём па-за Радзімай, уяўляе сябе не толькі адзінокім, а і “нясьхільным Палядынам”, вольным і дужым, які рушыць у паход, несучы землякам любоў, нянавісць і пагарду. Адзінокія, ня можа прыняць ён і разбуральных навацый (”Чалом, чалом...”), якія, на яго думку, вядуць слоўнае мастацтва да катастрофы. Внрш, які мы працытуем зараз, заканчваецца кантрастнымі асацыятыўнымі радкамі, закліканымі засведчыць парадаксальны характар мадэрнізму:

Чалом, чалом, слухмяныя актавы,
і рыфмаў звон, і сьпеў радкоў, чалом.
Скасіў мадэрн ажыўшых сокаў травы,
а кветкі іх назваў вялікім злом.
Я з вамі йду пад полагам няславы,
дваццаты век вас выцясніў на злом
і на жанчын мужчынскія ўсклаў сподні
і пасадзіў саву на храм Гасподні (198).

Дадаецца ў творах з нзванага зборніка і медытатыўнасці. Так, верш “Ідзе, плыве” (1948) поўніцца роздумам пра веру і нявер’е, пра карані, пра неабходнасць захоўваць вернасць вытокам. Але ў тым становішчы, у якое трапіў паэт, яму застаецца толькі спадзявацца на часовы, не канчатковы паратунак – на прасветліны сонца паміж хмарамі:

Над шэраняй шляхоў бясконцых згледзіш
хаморны змрок і сонца ўсплеск – прасьвет... (201).

Афарыстычнасць, лаканізм, стройнасць мыслення вызначаюць і жанравы склад зборніка – абсалютная большасць твораў у ім – філасофскія васьмірадкоўі, актавы элегічнай танальнасці.

У далейшым, адарваны ад свайго краю, паэт напіша і надрукуе ў 1958 г. у часопісе “Конадні” “Вянок санетаў” – пра каханне і жаданне вярнуцца на радзіму, пра пераадоленне тыраніі сілай духу, пра тое, як “Да сьветаў лёт збруджаюць сакаліны імкненьні думак сьветлых і надзей”, пра будучы радасны для людзей дзень планеты, калі змоўкнуць усе “завірушныя нягоды”. Не менш свабодна і па-майстэрску ён будзе карыстацца цвёрдымі вершаванымі формамі накшталт рандо, спрабаваць свае сілы ў вершах-афарызмах.

Важна падкрэсліць суб’ектыўны характар лірычнай творчасці паэта, заўсёды пошук аўтарам адметнасці выяўлення свайго “я”. Вынікам падобнай “суб’ектывізацыі” становіцца ў паэзіі А. Салаўя культ адзінкі, асобы. Дарэчы, эмігранцкая паэзія з самага пачатку і ішла такім шляхам, адстойваючы права індывідуальнасці на самастойнае, поўнакроўнае жыццё, выкрываючы псеўдакалектывісцкі дух і настрой рытарычнай мастацкай творчасці. Наша ж беларуская савецкая лірыка толькі апошнім часам спахапілася і пачала актыўна бараніць “я” ад націску абстрактнага “мы”, ставіць яго над грамадска-сацыяльнымі абставінамі, лучыць да агульначалавечых праблем. Што датычыцца Салаўя, дык ён выказаўся наконт гэтага выразна і дакладна ў санеце “Яшчэ ня моўкнуць стройныя санеты...” (1947):

Пайду няўхільна сумны, адзінокі
(У суме – праўда, ў вадзіноце – сіла)
туды, дзе думка клікала, будзіла,
дзе вам згібеньне прараклі прарокі. (175).

Што датычыцца яшчэ адной балючай праблемы, якая хвалюе ўсю эмігранцкую літаратуру, - адносін да ладу, які выгнаў за межы радзімы сваіх сыноў і дачок, дык яна ў Алеся Салаўя гучыць па-рознаму ў лірыцы і ў паэтычным эпасе. У першай – сцішана, зрэдзь, у самых выключных сітуацыях, у другім – адкрыта, на ўвесь голас.

Сваё асабістае гора – страта бацькоў, ранняе сіроцтва, блуканне па пакутах у далёкіх краях – Салавей-лірык ставіць не на першы, параўнальна з М. Сяднёвым, план. І тут ён блізкі да Наталлі Арсенневай. На першым плане ў яго ўсведамленне велічы Чалавека – пасланца Космасу, які роўны небу і сонцу. Як у Я. Купалы – выдатнага паэта, Э. Межэлайсціна і Р. Гамзатава:

І небу, і сонцу ўсьміхнуўся –
вялікшым у час наш і век.
Да скарбаў сусьвету імкнуўся,
я іхны, мне ймя – чалавек! (96).

Цікавасць чытача могуць выклікаць і некалькі сатырычных твораў паэта. У зборніках яны не друкаваліся, у кнізе ж “Нятускная краса” прадстаўлены ў раздзеле “Вершы, друкаваныя ня ў зборніках”. Травесційным, у стылю “Тараса на Парнасе”, “Энеіды на выварат” і “Лысай гары”, з’яўляецца верш “Лёс паэта” (1942). З яго мы даведваемся пра незайдроснае становішча мастакоў пры фашысцкай акупацыі, пра іх жыццё – суцэльны кашмар і мітусню ў пошуках кавалка хлеба:

Той на Сураскі прэ грыбы,
той цягне порткі, той – камашы.
Глядзіш, цяляціны здабыў,
мукі... ну, вось табе і паша.

А як паэт не спэкулянт,
і на “сядзеньні” мае латы, –
дык і зыйшоў зусім “на кант”,
куды ні пойдзе – страшаць “матам”. (213).

І без таго цяжкі ў матэрыяльных адносінах лёс пісьменніка ўскладняўся і нацыянальным нігілізмам новых, акупацыйных уладаў, а таксама тых, хто з імі супрацоўнічаў. У творы Салаўя расказваецца пра тое, як адмаўляюць паэту ў падтрымцы ў “Самапомачы” толькі таму, што, на сваё няшчасце, “расейскай мовы ён ня ведаў”, як акторы ў нацыянальным тэатры чамусьці не вымаўляюць “ра”, а вымаўляюць звыклыя для іх “ря” і “ре”. Пасля блукання па пакутах мастак вырашае пакінуць грэшную зямлю і растварыцца ў Космасе, а затым ужо, на нязнаных далёкіх планетах забыцца на “баі з-за месцаў і аб’едкаў” (215).

Паэзія А. Салаўя ўвогуле носіць, як ужо гаварылася, літаратурны характар. І тым больш уражвае верш “Маці сына чакае з вайны” (1942), напісаны ў лепшых традыцыях беларускай народнай (па светаадчуванню і па форме) творчасці. У пачатку яго маці звяртаецца да сына, магчыма, забітага на вайне, з просьбай прыйсці паглядзець, як ёй “цяжка жывецца”. Для яе ён – “сынку родны, саколік”, а сама яна (які цудоўны вобраз-дэталь знойдзены аўтарам!) - “быццам колас забыты, адна”. У другой частцы гучыць голас самога аўтара, які пераконвае маці, што сын ніколі ўжо не вернецца дадому, бо забіты. У традыцыях фальклору і ў гэтай частцы з’яўляюцца адпаведныя вобразы-дэталі, што характарызуюць і месца смерці, і самога нябожчыка: “На прасторах далёкіх, чужых, пад зялёнай пахілай ракітай, на траве нежывы ён ляжыць там, палаткай халоднай накрыты”.

Некаторыя вершы А. Салаўя, датаваныя 1941 – 1942 гадамі, сведчаць пра яго непрыняцце сталінскага казарменнага сацыялізму і супрацьстаянне камуністычнай ідэалогіі. З іх вылучаецца свёй бескампраміснасцю твор “Беларусі”:

Нам жыццё было цяжкім прыгонам,
і канца не было той бядзе.
Чуў Сьвяцейшы з высокага трону
горкі плач і літаньні людзей.

Па шырокіх прасторах раздольных
беларускіх лугоў і палёў
гаравалі грамады бяздольных
паднявольных калгасных рабоў. (218).

Не прыняўшы сталінскую тыранію, як і многія іншыя пісьменнікі, якія пісалі пры немцах, паэт спачатку спадзяваўся на літасць другой тыраніі – фашысцкай. Але ўжо ў 1943 г. адбылося празарэнне і з’явіліся трагедыйныя творы “Расцалаваў я алавок...” з інвектываю – “Абмые неба хай дажджамі і пахаваюць хай ... сабакі” – пра адзінае, што застаецца паэту-бесхацінцу: “З таго свету” – пра забітага паэта, які “ўдзень – шкілет жывы, уночы – здань”, і займаецца тым, што збірае вакол чарцей, ведзьмароў, бярэ касу ў рукі і скача “па скошаных галовах”. А ў вершы “Стаўся ўсюды госцем выпадковым”, напісаным у 1944 г. у Лібаве, мастак як бы падсумоўвае свае назіранні над сваім асабістым лесам і лесам такіх, як ён, бесхацінцаў:

Стаўся ўсюды госьцем выпадковым.
Дзе ня ступіш – ля чужых варот.
На дарозе ўбачыў я падкову,
а ляжыць яна наадварот.

У Эўропу з Азіі забраўся,
не даехаў – выгналі назад.
Пэўна, сьпераду яшчэ бяда ўся,
бо падкова – перадам у зад.

Што мяне спаткае – невядома.
Непамысныя вакол сьляды.
Ці назад, ці ўперад – ты ня дома.
Словам – ні туды і ні сюды. (235).

У паэтычным эпасе палітычная, грамадская біяграфія А. Салаўя раскрываецца выразней, як і яго грамадзянская пазіцыя. Мы бачым, што гэта праціўнік любога ўціску, і найперш – нацыянальнага. Ён не можа дараваць ні бальшавікам, ні фашыстам здзеку з народа. Паэмы “На хуткіх крыльлях вольнага Пэгаса” (1943), “Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі” (1946), “Домік у Менску” (1944 – 1945), “Сын” (1947) розныя ў жанравых адносінах, пераважна лірыка-філасофскія, не пазбаўленыя рыторыкі і абстрактнай публіцыстычнасці.

Паэма “На хуткіх крылах вольнага Пэгаса” была надрукавана ў часопісе “Новы шлях” (1943, № 23 /35), у рэдкалегіі якога працаваў паэт. Твор гэты найбольш аўтабіяграфічны і “злосны” у адносінах да тых, хто прычыніў яму незлічоныя пакуты, рэпрэсіраваўшы бацькоў, сам-насам пакінуўшы з бядой. Ужо ў прысвячэнні паэт закранае гэтую балючую тэму, звяртаючыся да свайго народу. Пачаўшыся ў форме лірычнага паслання крывіцкаму народу, паэма і далей будзе саткана з усплескаў і выдыхаў пачуцця і ласкі, трывогі і роспачы, мужнай упэўненасці, што ўсё ў родным краю наладзіцца. Лірыка-філасофская споведзь, маналог чалавека, у якога, адрынутага, адарванага ад Радзімы, прасвятлілася і абвастрылася памяць, твор, які складваецца з асобных успышак-выбухаў высокаснага, шчымлівага пачуцця – так можна вызначыць жанравыя прыкметы паэмы. Нельга, чытаючы твор, заставацца раўнадушным, сорамна не чуць паэтавага болю, не бачыць, што ён – пакутнік не па сваёй волі, распяты на крыжы нізавошта. Але нязломны, моцны духам:

Нікому дум маіх не ўзяць на засаў,
пакуль жывуць – усякі змогуць час.
Пакуль жыцьцё ў сэрцы не пагасла,
хачу радзіму ўбачыць шчэ хоць раз. (51).

А паглядзіце, якія трапныя мастацкія дэталі здолеў знайсці аўтар, каб адкрыць чытачу невымернасць болю адчужанага ад роднай старонкі чалавека: “На грудзі камень-жоран цісне, млён сьвідруе сэрца жорстка і балюча”; “Даўно не бачыў вас. У дальняй зморы мне кожны месяц быў даўгі, як год” (49, 52).

У 13 – 16 раздзелах паэмы паэт расказвае пра трагедыю народа пад Сталіным і яго наймітамі, ледзь не дакументальна акрэслівае, як каты распраўляліся са сваімі ахвярамі, як сціскалася пятля і на яго шыі:

Я быў з дзяцей старэйшы – меў тады
пятнаццаць год. Са мной – шчэ трое ў хаце –
сястра, браты... Ні хлеба, ні вады...
Ну, вось і ўсё... да гэтага няшчасьце,
і холад грызкі – дзень не без бяды,
і недавер вакольны, і пракляцьце
без дай прычыны – на ўсе лады (55).

Раздзелы 16-22 – пра Крыўю, радзіму, пра бацькоў за яе волю, будучыню. Паэт бачыць свой край пад чужынцам-манголам, які “акрывавіўшы зямлю, нікім, нікім ня прошаны, ня званы, айчыну айчыну найдарожшую маю злачынна нішчыць гвалтам нястрыманым” (56).

Паэма заканчваецца радкамі, у якіх выказваецца вера ў светлую зорку крыўі. Апошнія строфы твора публіцыстычна-рытарычныя, складаюцца з лозунгавых дэкларацый, агульных разважанняў і заклікаў. Больш удаліся аўтару раздзелы – успаміны пра дзяцінства, асабіста перажытае і перанесенае.

Варта адзначыць, што ўжо ў ваенныя гады паэма прыадчыняла заслонку сакрэтнасці над сталінскай палітыкай, следам за творам Ф. Аляхновіча “У капцюрох ГПУ” адкрывала тэму рэпрэсій і іх вынікаў.

Паэма “Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі” выдадзена была ў Аўстрыі, у Зальцбургу, на сродкі аўтара. Затым перадрукоўвалася ў газеце "Беларускі эмігрант" (1948, № 3). Прысвечана Юрку Віцьбічу – вядомаму дзеячу беларускага нацыянальнага адраджэння. Твор лірыка-маналагічны, прасякнуты ідэяй неўміручасці барацьбы народа за свабоду. Сімвалам няскоранасці ў гэтай барацьбе і з’яўляюцца ў паэме званы Сьвятой Сафіі:

Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі –
гамоніць збуджаная даль.
І рвуцца путы векавыя,
і ломіцца кайданаў сталь. (62).

У канцы паэмы аўтар выказвае жаданне вярнуцца ў той край, адкуль даносяцца званы.

Даволі цікавая і паэма “Домік у Менску”. Напісана яна ў гады вайны. Вырасла з успамінаў пра пакінуты ў горадзе юнацтва домік, страчанае на заўсёды каханне і ў рэшце ператварылася ў даволі шырокае эпічнае палатно пра шляхі-дарогі чалавека і чалавечтва на зямлі, пакінуты край і невыносны сум аб ім, пра раскрыжаваную Радзіму. Гэта ліра-эпічная паэма, адзіная ў спадчыне паэта. Асабліва кранаюць радкі ў ёй пра адзіноцтва чалавека-бесхацінца, пра горкі хлеб чужыны:

Як шоўк – ля дому на двары
краса мураваў аксамітных.
Як жвір – заморскія каўры
маіх прытулкаў нявыбітных.
Ля дому ў пуні моцны сон,
Як пух – і сена, і салома.
Як грант – чужы начлег-прыгон,
не адпачынак – толькі ўтома (157).

Паэма прасякнута сапраўдным болем сына за сваю страчаную радзіму. І асаблівая чуйнасць гэтага болю акрэсліваецца параўнаннямі-антонімамі – удала падабранымі, гаваркімі. Трагедыйнае гучанне працытаванага ўрыўку ўзмацняецца таксама анафарай, у ролі якой выступаюць тропы, падкрэсленныя намі.

Высокая інтэлектуальная культура творчасці Алеся Салаўя выяўляецца ў глыбіні і філасафічнасці мастацкага мыслення паэта, аб чым сведчаць многія творы, якія ўвайшлі ў зборнікі “Мае песні” (1944), “Сіла гневу” (1948), у падрыхтаваную да друку кнігу “Несмяротнасць” (1949 – 1952), што друкаваліся ў перыёдыцы – у замежных часопісах “Бацькаўшчына”, “Баявая Ускалась”, “Конадні”, у газеце “Беларус” і інш. ці засталіся ў рукапісах і увайшлі ў пасмяротную кнігу “Нятускная краса”:

У гэты час, калі ўсясьвету зоры
мігаюць нам – у дол, у цішыню,
наш розум ёсць уздымны і празорны,
узносіць нас далёка ў вышыню.

Надыйдзе ноч – прастораў там вазёры;
і скажам так наступнаму мы дню:
вяртаемся да тых зямных крыніцаў –
там – толькі-ж там жыцьцём усім напіцца. (257).

Прыкметна інтэлектуальнасці, скажам так, – літаратурнасці паэзіі А. Салаўя заключаецца і ў пастаяннай арыентацыі аўтара на традыцыйныя, сталыя жанры і жанравыя формы – санет, рандо, актаву. Пра гэта ж сведчыць і яго перакладчыцкая дзейнасць – ім перакладзены творы М. Рыльке, Т. Шаўчэнкі, А. Міцкевіча.

Паэт пісаў сатырычныя вершы, фельетоны. У кнізе “Нятускная краса” змешчана і празаічнае апавяданне “Белы снег”, што друкавалася ў “менскай газэце” (20 студзеня 1942 г.) пад псеўданімам Тодар Быльнюк, а пасля перадрукоўвалася ў многіх эміграцыйных выданнях. Фельетон “Маналёг сабакі” друкаваўся ў “Бацькаўшчыне”, № 20 – 21 (202 – 203) 30 мая 1954 г. пад псеўданімам Тамара Залеская. Як бачым А. Салавей лічыў сябе найперш паэтам, а не празаікам, таму і падпісаў невершаваныя творы іншымі псеўданімамі.

Кнігу “Нятускная краса” рыхтавалі да друку вядомыя свету беларускія грамадскія дзеячы-інтэлегенты за мяжой А. Адамовіч (аўтар пасляслоўя), У. Сядура, В. Тумаш, М. Скабей, З. Кіпель, Я. Запруднік і інш. іх намаганнямі данесена да чытача паэзія таленавітага сына народу, збіральніка і ахоўніка нашых культурных скарбаў:

Багатае Крыўі матуля-зямля
мяне, чым змагла, надарыла:
дала мне і голас і ўзлёт салаўя,
дала мне Пэгасавы крылы. (35).


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster