|
Мікола Мішчанчук
“ПАЭЗІЯ ПАТУШАНЫХ ЗОРАЎ”.
Штрыхі да партрэта Масея Сяднёва
Масей Сяднёў нарадзіўся ў вёсцы Мокрае Касцюковіцкага раёна Магілёўскай воблясці, непадалёку ад куляшоўскіх Саматэвіч, 1 верасня 1915 г. Вучыўся ў Мінскім педінстытуце, аднак у 1936 годзе быў арыштаваны і высланы на Калыму. Як піша Барыс Сачанка, у жніўні 1940 г. былых студэнтаў-вязняў прывезлі “назад у Мінск на перагляд справы”.1 Неўзабаве пачалася вайна. Турму ў Чэрвені разбамбілі фашысцкія самалёты, і вязні атрымалі вольную.
Наступная старонка біяграфіі пісьменніка звязана з жыццём пад фашыстамі. У згаданай кнізе Б. Сачанкі яна раскрываецца просталінейна, без уліку многіх фактараў. Так аўтар акцэнтуе ўвагу на тым, што М. Сяднёў вітаў вялікую Айчынную вайну, як радасць, і цытуе з гэтай нагоды яго вершаваныя радкі, даследчык таксама падкрэслівае, што нібыта ўся творчасць пісьменніка-эмігранта – увасабленне суцэльных памылак, нейкай “азлобленасці” за няправільна пражытае жыццё: “І сапраўды” калі чытаеш вершы і паэмы М. Сяднёва, бачыш, як рабіў ён, ды і робіць цяпер, памылку за памылкаю і не разумее гэтага. Адсюль і азлобленасць, што жыццё пражыта не так, як магло б, як некалі ўяўлялася, марылася”.2
Прачытаўшы такое, задаем пытанне: “А хто і што вынаватыя ў трагедыйнай зломленасці жыцця М. Сяднёва і іншых выгнанцаў з роднай зямлі? Хіба толькі яны самі, з іх асабістымі памылкамі і амбіцыямі? А якая віна тут крывавага сталінскага рэжыму, дэфармаванай пралетарскай дыктатуры, што бязлітасна знішчала праявы іншадумства?” Давайце разважаць лагічна: дапусцім М. Сяднёў застаецца ў Беларусі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Ці мог бы ён жыць і працаваць спакойна? Хто паверыў бы яму, што вызваленне з турмы адбылося само сабою і што ён не супрацоўнічаў з немцамі? Ды за адно толькі гэта ён быў бы растраляны, закатаваны.
Мы пішам, што пісьменнік перажывае ўнутраную драму і не хоча прызнаць за сабою памылак. А хіба памылка – гутаркі з людзьмі аб тым, што такое сталінскія лагеры, што такое злавесная Калыма? Можа, памылка заключаецца і ў тым, што Сяднёў праўдзіва апісвае, як катавалі партызаны яго родную маці, як выхваляўся перад ёю сваім пралетарскім паходжаннем Мікалай Бугроў – чырвоны кат, які сябраваў з яе сынам, харчаваўся ў яе сям’і і нават клікаў яе матуляю? Можна забыцца на такое?:
Заглядваючы ёй у вочы, у твар,
- Забівае цябе камісар,
Камуніст Мікалай Бугроў –
тваю ў печань і кроў –
....................................................
галава твая зараз паляціць у кусты,
б’ём цябе, хоць невінаватая ты...3
(”Мікола Бугроў”)
Якая розніца для сына, дачкі, хто забіў іх маці, белыя ці чорныя. Любы забойца для іх – Юда. Маці –самае святое, што толькі ёсць і будзе ў свеце, на зямлі, і смерць яе – траўма да скону. І з гэтай траўмай на сэрцы жыве Масей сяднёў. І траўма гэтая паглыбіла адчуванне няўладкаванасці на планеце зямля, падзеленай страшней, чым калючым дротам, мацней, чым каменная сцяна, на розныя ідэалагічныя зоны. Драма М. Сяднёва – у аснове яго мастацкай творчасці. Гэта драма многіх мастакоў, якіх дзяржава, грамадскі лад хочуць схіліць на свой бок, купіць, а яны супроцьстаяць акту насілля, імкнуцца быць вольнымі, аб’ектыўнымі.
М. Сяднёў – не ідэалагічны і не палітычны працаўнік сацыялістычнага ладу і савецкай улады. Ён – працаўнік дэспатыі і тыранства, нялюдскасці і жорсткасці, якія могуць зыходзіць ад любой улады, і хочацца жыць незалежна, кіруючыся толькі сваім розумам, без падказкі звонку, без дыктату і дыктатуры.
Мы толькі тады па-сапраўднаму зразумеем і агульны настрой, і трагедыйны, элегічны пафас эміграцыйнай літаратуры, калі станем на месца яе твораў, адчуем самі, як таталітарная дзяржаўнасць, быццам крыважэрны Молах, выкарчоўвае з людзей людскасць і чалавечнасць, паглынае іх волю і сілы, знішчае іх самастойнасць. У падобным становішчы аказваўся і М. Сяднёў – аб’ектыўна сумленны чалавек, эмігрант не па сваёй волі і ахвоце. І мы разумеем, што ягоны ліст у адрас Б. Сачанкі, выдрукаваны “Маладосцю”, - крык душы аб непаразуменні з нашага боку, пратэст супраць наклейвання палітычных ярлыкоў.4 Паэт-выгнаннік недвухсэнсоўна адзначае, што верш “Вызваленне”, надрукаваны ў зборніку “Патушаныя зоры” у раздзеле “На маршрутах”, не сведчыць пра паэтава прыманне пачатку вайны і фашысцкай акупацыі як вызваленчага акту, а мае характар канстатацыі канкрэтных фактаў – выбаўленне з-за кратаў. Дарэчы, у тым самым зборніку следам за “крамольным творам” змешчаны іншыя, што сведчаць пра аўтарава непрыманне фашысцкага дыктату, гітлерызму – “З гістарычных датаў” і “Вёрсты шлях мой накрылі...”5
Сёння надышоў “суд гісторыі цяжкі”. Нам бы агледзіцца, узважыць, пра што і, галоўнае, як мы пісалі. Нам прызнаць бы свае грахі і пакаяцца, што закрэслівалі і не прызнавалі “усіх гэтых эмігрантаў”, што недабачылі, недаадчулі іх боль, смеласць выказаных імі ў адрас новых самадзержцаў думак. Яны ж былі, падобна сваім папярэднікам, прарокамі новай, незалежнай і самастойнай Беларусі, хоць і жылі па-за яе межамі. Масей сяднёў – адзін з першых і лепшых з іх.
Зараз паэт і празаік жыве ў Глен Коў, непадалёку ад Нью-Ёрку, смуткуе па родным краю, пачувае сябе адзінокім:
Бяз радасьці, кахання жыць
сумней, чым адцьвітаньне ў восень.
Як толькі век свой завяршыць –
нічога болей мне не засталося.6
Глен Коў, красавік, 1984
У 1990 г. ён наведаў свой родны край. Пабачыў, што памянялася, а што засталося ранейшым на яго маладой радзіме. Сустракаўся з беларускімі літаратарамі. Многія беларускія савецкія перыядычныя выданні з ахвотай друкуюць падборкі яго вершаў. Але, на жаль, гэтыя падборкі носяць “выбаровы” і выпадковы характар, падганяюцца пад ідэалагічную задачу: маўляў, уся замежная паэзія прасякнута элегічнымі матывамі настальгіі, суму па радзіме, дык прадставім чытачу такой і спадчыну Масея сяднёва. Найбольш цэласнай і паслядоўнай у гэтых адносінах з’яўляецца публікацыя “Настаўніцкай газеты”.7
Вывады пра паэзію М. Сяднёва нельга рабіць на аснове прачытанага ў перыёдыцы, мазаічнага, адвольнага. Толькі пасля знаёмства са зместам зборнікаў “У акіяне начы” (Рэгенсбург, 1946), “Спадзяванні” (Мюнхэн, 1948), “Ля ціхай брамы” (Нью-Ёрк, 1956), “Патушаныя зоры” (Нью-Ёрк – 1975 – Мюнхэн), “Ачышчэнне агнём” (Глен Коў, 1985 – Нью-Ёрк), “А часу больш, чым вечнасць” (Глен Коў, Нью-Ёрк, 1989) у цэлым ці хоць бы трох апошніх у чытача складваецца больш-менш поўнае ўражанне пра вартасць мастацкай спадчыны таленавітага аўтара.
Тэматычна-храналагічны прынцып пакладзены ў аснову зборніка “Патушаныя зоры”: І раздзел “На досвітку” – вершы пачатку 30-х гадоў, ранняя лірыка аб зямным харастве, светлым каханні; ІІ-гі – “Патушаныя зоры” – турэмная, “калымская” паэзія, творы аб пачатку вайны; ІІІ-ці – “На маршрутах” – пра вызваленне з турмы і вандроўкі; ІV-ты – “Як спажытак штодзённы” – пра пакуты выгнанца, эмігранта, трагедыйнае бежанства; V-ты – “Роздум” – складаецца з сатырычных і публітыстычных твораў, роздумаў аб лёсе Беларусі; VІ-ты – “Слова” – складаецца з вершаў-інтэрпрэтацый тэмы паэта і паэзіі; VІІ-ы – “На спынку” – з перакладаў з Рыльке, Гейне і другіх аўтараў. Заканчваецца кніга раздзелам “Паэмы”, у якім змешчаны творы “Мая вайна (Лірычны дзённік)”, “Забраны мінск”, “Сьмерць Музыкі”, “Галубінае сэрца”, “Урывак”, “Сустрэча зь мёртвымі”.
Як бачым, змест паэзіі М. Сяднёва надзвычай шырокі. Яе стылявая адметнасць заключаецца ў такой сама шырыні: паэт можа быць лірыкам і сатырыкам, філосафам і публіцыстам, сентыментальна-расчуленым і рытарычным, майстрам элегіі і оды, паслання і сатыры, медытацыі і прадметнага, пластычнага малюнка.
Другая асаблівасць паэзіі М. Сяднёва – яе ліра-эпічны характар. Які б твор мы ні ўзялі, у ім роўна лірычнай медытатыўнасці і эпічнай малюнкавасці. Эпас нібы “урастае” у лірыку, апрадмечвае і канкрэтызуе сэнсавую энергію ў ёй.
Трэцяя асаблівасць творчасці М. Сяднёва, скажам умоўна, заключаецца ў большым яе аўтабіяграфізме, а значыцца – дакументалізме і гістарызме. Паэзія менавіта гэтага аўтара дае праўдзівы адбітак пакутнага шляху беларускай інтэлегенцыі ў злавесны сталінскі час. Аснову яе складаюць вершы, напісаныя ў турме і пасля нечаканага вызвалення з яе, пра ваеннае ліхалецце і жыццё выгнанца, бесхацінца.
М. Сяднёў як арыгінальны паэт пачаўся не ў першай палавіне 30-х гадоў, калі пісаў яркія, светлыя пейзажныя карцінкі (”Пастушка”, “Сонца”, “Адзінства хараства”, “Хвала вясьне, дажджу і грому...”, “Сосны”, “Хутчэй, зара!”), кляўся ў любві да роднага краю (”У дарозе”, “вятры”, “Жыццё”) ды спяваў серанады каханай (”Домік у Менску”). У самых ранніх творах ён спяваў не са свайго голасу: яму, як і многім, былі навязаныя і адычны гладкапіс, і святочнасць і радасць настрою, і погляд на свет толькі праз ружовае шкло. Выбар быў адзін – ці прыстасавацца, ці не скарыцца і ўзыйсці на Галгофу, быць распятым на крыжы. Паэт пайшоў спачатку першым шляхам. І напісаў шэрыя, але “празхадныя” творы, якія запаміналіся асобнымі мастацкімі дэталямі – “Сей, дождж, залочаныя стрэлы”, “ветры адкіпелі”, “Ён (вятрак – М. М.) стаяў ад таго, што каменем сэрца расцёрта”), характарызаваліся паўтарэннем традыцыйных лірычных матываў радасці і смутку, традыцыйных вобразаў-сімвалаў Сонца, Раніцы, Хмараў. Вершы пісаліся пераважна ў роднай вёсцы. Думаецца, што сёння для чытача яны цікавыя толькі як узор уплыву шаблоннасці, зададзенасці на слоўнае мастацтва 30-х гадоў. Знешне ў іх усё як мае быць, стройна і строга, але няма ўнутранага агню, драматызму, сэнсавай ушчыльненасці.
Падае сьнег. Пасьцілае
ночцы пасьцель на начлег.
Белае поле без краю –
сьнег і сьнег.
Поўніцца радасьцяй сэрца,
шчасцем нязнаных уцех.
Што гэты сьнег? Мне здаецца –
тае ад сэрца сьнег8 –
піша паэт у вершы “У дарозе”. Піша абстрактна, агульна. Мастацкія дэталі, на якіх мог бы засяродзіцца наш зрок, адсутнічаюць. У творы толькі дэкларуецца ісціна – снег не страшыць гарачае сэрца, не ў стане спынець адчуванне радасці жыцця. Колькі разоў перапяваўся гэты матыў. І на значна большай вышыні, і праз магутную, яскравую, што як магніт да сябе прыцягвае, залацінку-дэталь. Помнім у Пушкіна: “И ель сквозь иней зеленеет. И речка подо льдом блестит”. Ці яго ж – “Буря мглою небо кроет, Вихри снежные крутя. То, как зверь, она завоет, То заплачет, как дитя”. І ўсё выплеснулася з душы аўтара напаверх, і захапіла, і зачаравала, павяло за сабою ў чароўны, іншы свет чытача. А ў М. Сяднёва – не тое: штампы, штампы, штампы...
Як арыгінальны паэт, М. Сяднёў пачаўся з таго дня, як быў заняволены, адарваны ад родных і блізкіх, сутыкнуўся з суровым турэмным побытам, садысцкімі допытамі і здзекамі. Апошнія ілюзіі наконт светлай будучыні і магчымасці гармоніі на зямлі выстудзілі з яго сэрца сцюдзёныя калымскія вятры. Семнаццаць турэмных і лагерных вершаў і склалі другі цыкл, што даў назву зборніку – “Патушаныя зоры”.
Трэба сказаць, што астрожная творчасць не навіна для беларускага слоўнага мастацтва. Шматпакутная гісторыя нашага народу не манла абыйсціся без такіх атрыбутаў, як краты, турма і г. д. За кратамі складалі свае песні Максім Танк і Валянцін Таўлай, Алесь Гарун і Ларыса генюш, Сяргей Грахоўскі і Алесь Звонак. Называць можна і многіх іншых арыгінальных мастакоў, якія ў неверагодна складаных умовах спадзяваліся толькі на слова, толькі на памяць нашчадкаў. Турэмная паэзія названых аўтараў сумная, балючая (было б дзіўна, калі б з яе знікла падобная адметнасць) і разам з тым ёсць у ёй патэнцыяльны зарад бадзёрасці, веры. Помнім канцоўку Танкавага шэдэўру – “і дзе хруснула ў худых руках іржавае жалеза”. Якой непрыступнай ні была б турма, якімі моцнымі ні былі б жалезныя краты, чалавечая воля імкнулася вырвацца праз іх на свабоду – гэтым жыла беларуская паэзія ХХ стагоддзя.
У лірыцы ж Сяднёва гэтага тэматычнага плану адсутнічае пазітыўны момант. Паэт не бачыць выйсця з трагедыйнага становішча і ўспрымае тое, што з ім здарылася, як канец, як поўную ізаляцыю ад жывога, гарманічнага свету, як час патушаных зораў. Турэмныя, а затым калымскія вершы ўражваюць дакладнай перадачай незвычайнага болю, найвастрэйшага жаху, наканаванага катамі бяспраўнаму вязню. Надзея страчана ці не канчаткова. Абаперціся няма на каго. Каралева ў чорным, што вычытвала шчаслівую долю, з’яўляецца да вязня-паэта толькі ў сне і знікае па абуджэнні героя і падменьваецца “каралевай-няволяй”:
Прачнуўся. Са мной каралевы няма,
і толькі са мной каралева-няволя.
Ды стукае ў сьцены марозам зіма,
гуляе па беламу, чыстаму полю.
(Зманлівасць. С. 41)
Асабліва абвостраная боль і смутак у вершы “Жах”, напісаным, відаць, раней іншых, у менскай турме, адразу пасля арышту, паводле свежых уражанняў. Вобразы-дэталі твора адпавядаюць выяўленню пачуцця жаху, які схоплівае вязня – маладога чалавека, можа летуценніка, прывезенага ў “новы дом”. З дэталяў гэтых складваецца агульны вобраз турмы – сімвал якой – кроў, стогны, крыкі, вар’яцкія вочы ды адточаныя нажы. Ніхто з беларускіх паэтаў да М. Сяднёва не змог так дакладна перадаць фізічны стан вязня за кратамі і фізічную атмасферу турэмнага побыту:
Параніла сябе густая ноч
на ледзяных нажах.
Турма. Як бляск вар’яцкіх воч,
у вокнах б’ецца жах.
Нібы атручаны чумой,
маўчыць турэмны двор.
У гэтай вусцішы нямой
Я ледзь ад страху не памёр.
Цялячы крык упаў на брук
І – лужына крыві.
І нейчы голас: - Пальцы рук
сьціскай мацней, даві!
Заплакаў двор за гэты грэх,
крывёю – капяжы.
Яны, сьцякаючы са стрэх,
застылі у нажы.
А думаў я, што гэта ноч
параніла сябе на ледзяных нажах –
турмы. Як бляск вар’яцкіх воч.
у вокнах б’ецца жах. (35).
Звернем увагу на градацыю трагедыйных вобразаў-дэталяў у вершы: на самым пачатку гэтага вобразы параненай начы і ледзяных нажоў, затым (паўтораны ў канцы) з’яўляецца вобраз – параўнанне жаху ў вокнах з бляскам вар’яцкіх воч. У другой страфе на стрыжань нанізваецца новы жахлівы вобраз – турэмнага двара, нібы атручанага чумой. А ў наступных строфах адчуванне жаху ўзмацняецца яшчэ больш: паказваюцца за працаю каты, што трушчаць чалавечыя пальцы, пакідаюць пасля сябе крывавыя лужыны, і нават нежывое – той самы турэмны двор – не вытрымлівае выпатрабавання болем і пакутамі жывых – ён плача “за гэты грэх”. Націскное, дамінантавае значэнне ў вершы мае ўсё ж вобраз-дэталь, паўтораны ў канцы, - параўнанне жаху, які б’ецца ў вокнах турмы, з бляскам вар’яцкіх вачэй. Значыцца, і вывад паэта лучыцца да гэтага вобразу: усё, што робіцца ў турме, - гэта вар’яцтва, дзікунства.
Для раскрыцця трагедыйнай калізіі і адпаведнага ёй настрою паэт выкарыстоўвае вобразы пустыні (“Хадзіў я ў пустыні і ціхім, і сумным...”), разбуранага гнязда і крыважэра (“Крывічом”), каралевы-няволі (“Зманлівасць”), якімі не карысталася поўнай мерай “закратная” паэзія. Адзінокі, ізаляваны ад усяго свету, сяднёўскі герой-вязень дакарае сябе за бяссілле пакончыць жыццё самагубствам:
Не хочацца жыць, а памерці – шчэ болей,
жывеш на зямлі і не знаеш, зачым.
Чаму ж не хапае адвагі і волі
сябе задушыць у гушчары лясным? (с. 40).
Не знайшоўшы выйсця з тупіковай сітуацыі, герой праецыруе сваю асабістую трагедыю на лёс нацыі. І з’яўляецца верш “Крывічом”, напісаны на Калыме, верш-дакор народу-палонніку вусатага бацькі-тырана. Гэты верш – адзін з цэнтральных у ІІ раздзеле зборніка “Патушаныя зоры” і адзін з самых публіцыстычных. Прычым яго аўтар выкарыстаў метафарычны вобраз разбуранага гнязда ў шырокім філасофскім напаўненні – як у Я. Купалы, К. Чорнага – і разам з тым паставіў гэты вобраз у кантэкст з атрыбутамі рэпрэсіўнай сталінскай эпохі. Побач з разбураным гняздом становяцца вобразы крыважэрнага тырана і няволі на чужыне. І яшчэ адну дэталь хочацца падкрэсліць: вобраз разбуранага гнязда для многіх людзей акзваецца часовым, як для ваўчыхі з ваўчанятамі. Такім чынам, лёс беларусаў параўноўваецца ў вершы з лёсам гнаных усімі ваўкоў.
Твор “Крывічом” у цэлым ліра-эпічны. Па сутнасці гэта малюнак разбуранага краю, на краявідзе якога з’яўляюцца раскіданыя курганы, балоты з іржавеючымі ў твані касцямі, заімшэлыя дзірваны, руіны сівой старыны. І на такім фоне вылучаюцца дзве постаці – вязня, што памірае ў далёкім краю, і тырана, які “смяецца у вус над ахвярамі ўчынкаў сваіх” (с. 46). Верш заканчваецца радкамі, прарочы змест якіх адчываецца абвострана і ў нашы дні:
Паліняў, у задуме стаіць
край адвечнай, жывой пекнаты.
Аб вас гутарка ў сьвет не бяжыць.
Закаціўся ваш век залаты. (с. 46).
Не менш публіцыстычны ў цыкле і верш “правадыр на трыбуне”, напісаны ў Мінскай турме, у цэнтры якога праблема – народ – правадыр, які прасякнуты антысталінскім настроем. Нічога падобнага ў нашай падцэнзурнай савецкай літаратуры не было створана ў суровы паднявольны час. Перад тым, як прывесці верш цалкам, звернем увагу на тое, што дзеянне народа-раба ў ім ацэньваецца як бы сваім правадыром, які лічыць сваю паставу дабрачыннай і бязмоўнай, думка ж аўтара твора на гэты конт дыяметральна супрацьлеглая дукцы куміра:
Народ крычыць: ура! ура!
Задавальненне ў гомане народным:
вялікага правадыра
народ гукае бацькам родным.
Ён у вачох нібы кумір
ад дворніка і да паэта.
На ўсё з трыбуны правадыр
Глядзіць, як валадар сусьвету.
Глядзіць, як збаўца ўсіх нягод,
і думае, што пакарыў фартуну.
Таго ж не знае, што народ
скрышыў бы ўшчэнт яго й трыбуну. (с. 48).
З турэмнай лірыкі ў далейшым у паэзіі М. Сяднёва “вырастае” матыў барацьбы за вызваленне ад рабства, якое можа афарбоўвацца ў любы колер.
У жанравых адносінах цыкл вершаў “Патушаныя зоры” ўяўляе сабою сінтэз адзнак элегіі і оды, пры перавазе ўласцівых першай. Не выпадкова ён і заканчваецца слушнай нотай – вершам “Да песьняў” – пра бяссэнсаванасць творчасці за кратамі:
Нашто вас, песьні, я складаю,
згасаючы ў нямой цішы?
Нікога сёння я не маю,
пагаварыць каб ад душы.
Я скуты ў цёмным сутарэнні,
я загараюся агнём,
ды душы ўсе і ўсе імкненні
тут робяцца дарэмным тлом.
Тут кожны дзень бясьсільны б’юся,
у галаве – страшэнны тлум...
Ніхто з радзімай Беларусі
Не прачытае маіх дум. (с. 51).
Звязаныя тэматычна трэці і чацвёрты раздзелы зборніка – “На маршрутах” і “Як спажытак штодзённы”. Пра што яны? – Пра пакінуты край, дарагі да болю. Пра страчаных родных і блізкіх. Пра адзіноцтва, выгнанства, стомленасць, ноч, край зямлі, бездань, у якую ўсё абрываецца, пра невымерны чалавечы боль сілаю выціснутай са звыклага, людскага жыцця асобы. Трагедыйны пафас тут паглыбляецца ў параўнанні з закратным цыклам і, вырваўшыся з абмежаванай турмою прасторы, ахоплівае ўвесь свет, бясконцыя шляхі дарогі, праецыруецца на планету і космас.
Барыс Сачанка, аналізуючы верш “Вызваленьне”, якім адкрываецца цыкл “На маршрутах”, чамусьці не пажадаў адзначыць, што гэта адзіны аптымістычна-радасны твор, у якім вызваленне з турмы звязваецца з пачаткам вайны, з наступам фашысцкіх самалётаў, “што і ў лёце не гублялі ... згоды”. Шаноўны крытык не заўважыў, што ўжо ў наступным вершы “З гістарычных датаў” М. Сяднёў абвергне сваю папярэднюю патэтыку і ўзрушанасць, назваўшы катамі і гітлераўцаў:
“І сіняе неба пад намі кавалачкамі бомбаў ляцела.
Эўропа – старая дама – упала бяскроўным целам”. (59).
Аднак не будзем траціць энергію на палеміку. Заўважым, што сказаны матыў болю і шкадавання перакрывае матыў радасці і ў гэтых цыклах вершаў, ды і ва ўсіх зборніках паэта, што якраз і сведчыць пра паэтаву адданасць Радзіме, народу, пра яго імкненне вынесці і сабе – выгнанніку міжволі – прысуд. “Памалюся за вас. За мяне ці ж вы можаце памаліцца?..” (с. 59). – звяртаецца ён да нас (“Боль”). “Нібы птушка пярынкі з крыльляў, разгубляў я па сьвеце самых родных і дарагіх”, - напіша ў другім творы (“Вёрсты шлях мой далёкі пакрылі...”, с. 68). Ён убачыць, адчуе, што рухаецца да бездані і напіша пра гэта цудоўны верш “Баюся тых дарог...” з заключнымі драматычнымі радкамі (“Кудысь у глухамань качу зямлю нагамі...”, с. 123). Ён называе сябе выгнанцам (“Выгнанец”), што стаіць пасярод ночы, адзінокі, на краю зямлі (“Вось і ноч...”), а ў вершы “Смутак” так празрыста і светла, так легка і нязмушана выйдзе на арыгінальны, цудоўны вобраз элегічнага пачуцця, якога да гэтага мы ні ў кога з паэтаў не сустракалі:
Зярно ператрэцца
і будзе мука.
А смутак у сэрцы –
Як сьпеў жаўрука:
Калышацца, смокча
І жалем звініць.
Душу, як драбочак,
ён хоча разбіць
на тысячу звонкіх
тужлівых званкоў,
і сыпкіх, і ломкіх,
як іскры з падкоў... (с. 132).
Не менш трагедыйным паўстае з яго азначаных цыклаў і лёс песні, слова. І пасля вызвалення з турмы яны – несвабодныя, з ланцугамі. І гэтая несвабода – ад чужынства, бесхацінства. Верш “Вёрсты шлях мой далёкі пакрылі...” прасякнуты наскрозь болем з прычыны адарванасці і песняра і яго песні ад роднага краю. А для выяўлення гэтага болю паэт падабраў трапную мастацкую дэталь, якая адна – упрыгожыла б творчасць любога аўтара.
Як ляцець мне ў сьвет шырокі?
Белы цьвет мае песьні
Не дажджом – капытамі прыбіт.
Абясьсіленай і адзінокай
яна падае з плачам
на чужы і халодны граніт. (с. 68).
Як адзначае аўтар пасляслоўя да кнігі паэзіі М. Сяднёва “А часу больш, чым вечнасць” Тамара Казевіч, скразны матыў творчасці паэта-эмігранта – матыў пакутнага лёсу слова, мастацтва, веры ў тое, што слова можа “раскуць той холад і лёд”. Раскрываючы вечную тэму, ён стараецца быць аб’ектыўным, незалежным ад палітычнай кан’юнктуры, пра што сведчаць вершы “Сябрам”, “Палітычная элегія”, “Будучыня” у зборніку “Патушаныя зоры”. Паэт выносіць імі прысуд двурушніцтву і пустому красамоўству” эмігранцкіх лідэраў (“Вы добрыя, як добра ўсё. І кожны з вас сябе ўзвесяліў” – “Сябрам”), адчувае магчымасць здрады з іх боку (“Як прыйдзе добры для вас час, вы аддасьце мяне з вяроўкаю на шыі” – “Сябрам”). У “Палітычнай элегіі” паэт выкажа глыбокае расчараванне, што ідзе адной дарогай з тымі, хто пакінуў яго адзінокім, не зразумеў поклічу яго “крамяністай душы”. У вершы “Будучыня”, нібы падсумоўваючы свае назіранні над лёсам эміграцыі, паэт скажа пра ўсё тое ж адчуванне адзіноцтва, індывідуалістычны эгаізм выгнаннікаў (“таксама, як і вы, а дыхаю адным – сваім маленькім Я, зласьлівым і зайдросным” (с. 155), адзначыць, што бесхацінцы “зьняверыліся... ад доўгай і бясплоднай веры” (с. 156).
Такім чынам, паэт адкрывае нам унутраную неўладкаванасць, разасобленасць усяго таго, што мы ўкладваем у паняцце “беларускае замежжа”. Адсюль і канстатацыя, што мастак губляе арыенціры, не ведае, каму служыць сваім словам.
Слова таксама разам з паэтам адказваецца на раздарожжы, крыжуецца на ветрах часу – пра гэта V раздзел “Патушаных зораў” – “Слова”, вершы з яго – “Сінія вочы”, “Я не паэт”.
Заканчваецца зборнік цыклам перакладных твораў “На спунку” і раздзелам “Паэмы”, пра якія мы павядзем размову ніжэй.
А цяпер паглядзім, што новага з’явілася ў пазнейшых зборніках М. Сяднёва “Ачышчэнне агнём” (1985) і “А часу больш, чым вечнасць” (1989). Можа паэт застаўся на месцы, змірыўшыся з жыццём выгнанніка, атрымаўшы ад яго, хоць часткова, матэрыяльны здабытак? Можа, ўраўнаважыўся яго настрой і погляд на свет стаў больш гарманічны, не такі трывожны, як у першыя пасляваенныя гады?
Ва ўступным слове “Ад аўтара” да першага зборніка чытаем: “Ачышчэнне агнём” азначае ачышчэнне духу, душы праз самую-ж духоўнасць, праз высокую (курсіў паэта – М.М.) духоўнасць, праз чысьціню яе, праз агністасць духоўнага пачатку, праз вогніва закладзенай у чалавеку любові. Тут адкідаецца вядомае “агнём і мячом”. Тут замілаванасць, закаханасць. Тут тая блакітная вышыня, што пад намі, што атуляе нас. Тут споведзь, як ачышчэньне, і слова, як дзеяньне”.9
У зборніку па-ранейшаму пераважае трагедыйны пафас, але паглыбляецца імкненне паэта вытлумачыць сабе, свой лёс, лёс планеты найперш у агульначалавечым плане, адышоўшы на пэўную адлегласць ад канкрэтыкі, пазбавіўшыся натуралістычнага бытапісальніцтва. Адсюль і ўзросшая маналагічнасць, і знікненне сюжэтнасці з лірычных твораў, і наданне перавагі агульным сентэнцыям і разважанням, і (параўнальна з ранейшымі кнігамі) меншая колькасць прадметных, пластычных малюнкаў, і медытатыўнасць, разважлівасць. Выключэнне з гэтых правілаў складае, бадай заключны, VІ раздзел кнігі “Памяць”, у які ўвайшлі творы пра дзяцінства, юнацтва, бацькоў і бацькоўшчыну, Беларусь і трагічная паэма “Мікола Бугроў”.
Першыя пяць раздзелаў у кнізе – біяграфія душы чалавека, які вызначае сваю пазіцыю ў свеце, ачэшчаецца словам, спрабуе “зноў крануць... жалейку пасьля бясплодных столькіх год” (“Жалейка”). Несумненная элегічная танальнасць пераважнай большасці твораў, што ў іх увайшлі. У жанравых адносінах – гэта маналагічныя споведзі, размова найчасцей з самім сабой – асобай рэфлектыўнай, прэтэндуючай на нейтральнасць, адчуваючай сябе як бы збоку ад таго, што робіцца ў свеце. Калі даваць ацэнку вобразу менавіта такога (напорлівага, сціпла-сарамлівага, сіратліва-адзінокага) героя-аўтара ў лірычнай творчасці і ставіць гэты вобраз у кантэкст, дык напрошваецца не адна паралель: М. Сяднёў – Т. Кляшторны з яго адчуваннем сваёй “староннасці” ў заложным жыцці, М. Сяднёў – С. Ясенін (з яго раздвоенасцю, нявызначанасцю, рэфлектыўнасцю), М. Сяднёў – Н. Арсеннева, аўтарка крылатага афарызму-вызначэння лесу эмігрантаў – “між берагамі” і іншыя. Толькі, можа, у нашага паэта выяўляецца больш хваравітае адчуванне неўладкаванасці і нявызначанасці чалавечага лесу ў свеце. Пра гэта верш “Малітва”, “Не дасягнуць, ня ўзяць, не разгадаць...” (“Амецены віхурай часу, я з эпохай панскаю не зросься”), “Ноччу на балконе” (“Сяджу адзін. Сусьвету пусьціня глядзіць сьляпымі на мяне вачыма”), “У царкве”, “Бездна”. Апошні прывядзем цалкам, бо ён надзвычай характэрны для паэта, якому так хочацца пазнаць сваю сутнасць, убачыць свой партрэт у нейкіх акрэсленых рамках:
Бясконца дожд цярусіць,
дзень пухне ад слаты.
У роспачы і скрусе
ня ведаеш, хто ты.
З вышы няма сігналаў.
Бяз сілы і агню,
як быццам ты загнаны
кудысьці ў пусьціню.
Пытанне ў недаўменьні
стаўляеш, бы ў лато,
ці боскае стварэнне,
ці ты ніхто?
Стаіш ты перад безднай,
хвалюйся ты ці не –
цябе у час балесны
бязлітасная праглыне. (с. 30).
Нават Ісус Хрыстос адзінокі, бездапаможны і бяссільны сыйсці з крыжа ў падобных трагедыйных творах. У сувязі з гэтым характэрныя два творы – “Распяты Хрыстос”, (радкамі – “як можа чалавек вякамі глядзець на распасцёртыя далоні, прабітыя наскрозь цьвікамі?” – с. 48) і санет “Прыход Ісуса Хрыста”. У другім творы паэт выбірае некалькі незвычайны ракурс трактоўкі тэмы, засяроджваючы нашу ўвагу на спрадвечнасці зладзейства і тыраніі, гатовых у любы момант спыніць працэс нараджэння і дзейнасці Месіі:
Сьвет як-бы сон з сябе атрос,
стаяў перад якімсьці набліжэннем:
яшчэ калі ня быў народжаны Хрыстос,
сьвет прадчуваў Хрыстосава нараджэньне.
На небе зорка новая ўзышла
і заблішчэла цудадзейнай сілай.
Спалохана хавалася імгла –
прыйшоў якійсьці на зямлю Мэсія.
Цары пыталіся: “Яшчэ які
Мэсія там прыйшоў да нас, магутных?”
і рыхтавалі ўжо цьвікі
распнуць пад гвалт і выкрык.
Бо Ён у сьвет ішоў, пакутны,
як Чалавек, як Бог, як выклік. (с. 66).
Адзінокімі, раскрыжаванымі паказаны ў вершах паэта Праўда і Слова. Праўдзе і Слову таксама нельга прабіцца праз чашчобу хлусні і падману. Пра гэта верш “Пра вусны ідалаў”, сімволіка якога зразумелая і празрыстая – праўда маўчыць, не зрываецца з вуснаў нямых ідалаў словам. Замкнёная на замок, яна не знойдзе дарогу да тых, хто яе шукае, не пацячэ гаманлівым і гучным ручайком. Маўклівыя ідалы, магчыма, адны і ведаюць тую адзіную праўду, якую мы шукаем не адно стагоддзе:
З абліччам нейкіх сьвятых,
якіх не пусьцілі ў храм,
нешта, што мучыць іх,
сказаць яны хочуць нам.
Сьхіляюцца чалом сваім –
быць ці не быць?..
Хочацца ім, нямым,
з намі загаварыць. (с. 115).
Паэт адкідае ўтапічную веру ў лёгкі працэс нараджэння прарокаў, праўдзівай ісціны і не выпадкова заканчвае зборнік лірыка-філасофскай прытчай “Хлусьлівыя вусны” – пра тое, як прарок Ісайя і Серафімы сустрэлі і праслухалі на зямлі хлусьлівых прарокаў, ды не змаглі паставіць іх на шлях ісцьны, навучыць праўдзівасці, таму і прынялі рашэнне раскалоць зямлю, каб ачысціць яе ад скверны. Прытча заканчваецца сцэнай нябеснай сяўбы:
З неба спушчаліся празрыстыя цені,
і з тых ценяў нехта поўнаю жменяй
сыпаў на зямлю насенне,
новае,
прарасці гатовае. (с. 207).
“Няма сапраўдных прарокаў на нашай зямлі” – такі вывад напрошваецца, калі перачытваеш кнігу М. Сяднёва “Ачышчэнне агнём”. Перачытваеш і верыш паэту. Верыш, бо жыццё на зямлі пакуль што неўладкаванае, трывожнае, бо планета ўяўляецца сёння нам разбураным гняздом. Дарэчы. Паэт падводзіць нас да ўспамінання гэтага вобраза і лірыкай, і паэтычным эпасам, і прозай. Прычым вобраз разбуранага гнязда ў яго творчасці мае канцэнтрычнае афармланне: перашая яго састаўная частка – разбураны дом, бесхацінства, турма (пра гэта аўтар спавядаецца і ў сваім рамане “І той дзень надыйшоў”, калі паказвае лёс інтэлегентнага-вязня галоўнага героя Міколу), другая – разбураная, раскрыжаваная, да таго ж пакінутая ў трывожны час Беларусь, трэцяя – зямны шар, якому няўтульна ў сцюдзёнай касмічнай прасторы.
У многім арыгінальнай уяўляецца марыністыка паэта. Яна прадстаўлена ў зборніку вершамі “Мора”, “Мора ў паходзе”, “Боязь хваляў”, “Акіян і неба”, “Акіян”, “Скарга хваляў”. Паэт не проста захапляецца, як А. С. Пушкін, М. Ю. Лермантаў, нашы А. Гурло, З. Астапенка, марской стыхіяй, рухам хваляў, а, падобна А. Куляшову, шоча разгледзіць у марской стыхіі нешта жывое, незвычайнае, загадкавае, блізкае чалавеку. У цэлым цыкл гэты дынамічны, як само мора. І трагедыйны: акіян паўстае ў ім адрынутым дзіцем неба (“Акіян і неба”), а хвалі выбіраюць паміж жыццём у бяздоннай, “жудкай, чорнай прорве” мора і смерцю на беразе апошняе (“Боязь хваляў”). Чуючы голас мора, аўтар адзначае: “Я не буду морам, калі засну” і тым сама адгароджвае сябе ад непазнанай да канца воднай стыхіі. Акіян яго палохае не ў меншай ступені, чым радаваў А. Куляшова. Паэт-эмігрант адносіцца да яго з недаверам, страхам, не лічыць яго сваёй прарадзімай.
Мора ў Сяднёва канфліктуе з хвалямі і небах. Яно бяссільнае што-небудзь памяняць у сваім лёсе: ні стаць кавалкам неба, ні паглынуць у бездань неслухмяныя хвалі – якія ўцякаюць на бераг, імкнуцца да святлейшай і цяплейшай зямлі, прымаюць яе за сваю маці. Што ж, кожны паэт мае права на асабістую, індывідуальную трактоўку карціны, тэмы, праблемы. М. Сяднёў яго скарыстаў поўнай мерай, падараваўшы нам адметную, трагедыйную марыністыку:
Там у прорве, жудкай, чорнай,
мора хоча іх ўтапіць.
Яно ў дзень і ў час вячорны
ўсе бунтуецца, кіпіць.
Яно скрыціць цябе, зморыць,
нібы ў пастку, праглыне.
Быць не хочацца ў моры
пахаванымі на дне.
Там бязлюдна, глуха, жудка,
і яны праз тую жудзь
напярэймы статкам хуткім
стуль да берагу плывуць.
Ад той страшнай крутаверці,
ад якой адрокся Бог,
каб на беразе памерці
лёгкай пенаю ля ног.
(“Боязь хваляў”, с. 43)
Па-ранейшаму і ў гэтым зборніку паэт паказвае бездарожны, міжбярэжны свой лёс, каецца перад пакінутай радзімай. Асабліва ўражвае ў сувязі з гэтым верш “Я апынуўся зноў на беразе другім...” у ім аўтар заклікае чытача не верыць тым, хто гаворыць пра лёгкасць, з якой ён пакінуў радзіму, сцвярджае, што тая, пакінутая радзіма “і сёння дзесь у тайнікох ляжыць пакутаю вялікай” і для паэта “залацісцей усіх брам” (с. 102). У раздзеле “Памяць” аднаўляюцца старонкі даваеннай біяграфіі, дзяцінства і зняволенага паэта.
Зборнік “А часу больш, чым вечнасць” складваецца з чатырох з лішкам дзесяткаў новых, арыгінальных твораў, у асноўным пра чужыя загоны (“На чужых загонах”, “У адзіноце блукаў я...”), пра мора (“перамога мора”, “Бяжыць вада...”, “Хвалі на моры”, “Ціхія воды”), восень – іх абсалютная большасць (“Восень”, “Зажурылася восень”, “Восень адмалацілася”, “Восень-гаспадыня”, “Павуцінкі”, “Лістапад”, “У парку” і інш.), прытчы “Скарга бяскрылых” і мастацкага асэнсавання рэальных эпізодаў – пакаяння Махамеда Алі Агна, які страляў у папу рымскага Яна-паўла Другога (“Адведзены”, “Маналёг Магмэта Алі Агна”) і перакладаў, якія носяць пераважна медытатыўны і павучальны характар з Гётэ (“Бог і Баядэра”), Гейнэ (“Разумныя зоркі”), Мерые (“Да эолавай арфы”, “З далечыні”, “Вярні мне час...”), Мікелянджэла (“Ня толькі сьмерць...”, “Амур”, “То кіне мяне ў жар...”, “пад цяжкасьцяй грахоў...”), рускага паэта Рыны Левінсона, англійскага Джуды Полкоў і асабліва – з украінскай паэзіі – вершы Леаніда Палтавы (“Змест уступу”, “У імя жыцця”, “Чалавек”, “Малітва прыроды” і інш.) і Яра Славутыча (“Хаціна”, “Хата”, “Візія”, “Заваёўнікі прэрыяў” і інш.). Трэцюю частку зборніка складвае раздзел “Забытыя радкі”, у кароценькім слове да якога аўтар піша: “У гэтым раздзеле змешчаныя вершы, што не ўвайшлі ні ў адзін з маіх зборнікаў – я ўважыў іх ня вартымі таго. Я адкінуў іх як-бы назаўсёды. Але па часе, вяртаючыся да іх, перачытваючы іх, кожны раз яны падкуплялі мяне сваёю нейкай непасрэднасцяй, нявымушанасцяй – усім тым, чаго мне не хапае цяпер, да чаго я ўжо не магу вярнуцца (...) “Забытыя радкі” – гэта як-бы вяртанне ў маладосьць узраставую і паэтычную, а можа яшчэ болей – гэта мае “этапы”, ня ў сэнсе разьвіцьця, а ў сэньсе долі. “Забытыя радкі” мне дорагі, як боль, як радасць і сполах. Шкадую, што гэта толькі нязначная частка гэтых радкоў, бальшыня іх не захавалася, гэта толькі тое, дзе і мае вершы парасейску, складзеныя ў выгнанні, часта на просьбу іншамоўных вязьняў”.10
Паэт працягвае даследваць свае асабістыя пачуцці і перажывані, падсумоўвае пройдзены шлях. Ён уяўляецца сам сабе чалавекам, які запознена ўвайшоў у літаратуру (“Усё адкладваў яе на пазьней і не сьпяшаўся зьдзейсьніцца радкамі...” – “Замала часу”, 9), адчувае нялёгкасць шляху і мізэрнасць зробленага (“Ну вось я й на гары. Ляжыць увесь мізэрны мой набытак, што я нёс... І думаю: ці варта гэтым было жыць? І стала мне шкада сябе да слёз” – “З вітком гадоў ступаю ўсё цяжэй...”). Раз-пораз паэта ахоплівае пачуццё віны перад светам, людзьмі і ... уласным сэрцам (“Сэрца”) за жыццёвыя выдаткі, за выломванне са звыклага, гарманічнага рытму па прычыне і ранняй знясільваючай працы, і здраднага кахання, і нечаканых катаванняў за кратамі (“Змарнелае, ты кожнае начы жахалася ад бразгаценьня замкоў турэмных у дзвярох, дрыжэла, замірала – мо й цябе паклічуць, возьмуць, павядуць” – 13).
Калі-некалі яго ахоплівае элегічны настрой, бо блізіцца згасанне, знікненне (“Белыя воблакі”, восеньскія вершы). Бадай, як і Н. Арсеннева, М. Сяднёў убачыў у восеньскай пары не толькі залацістыя, шматфарбныя адценні колеру, а і нешта больш глыбокае – адпаведнасць паэтычнай працы, руплівую гападыню, якая, адмалаціўшыся, “павесіла цапы на бэльку да наступнай малацьбы” і якой, на жаль, за яе клопаты ніхто нічым не аддзячыў. Самым гарманічным і сэнсава значным сярод твораў пра час згасання-спеласці ўяўляецца верш “Восень”:
Дрэвы – дружныя брацьця –
без асьцярогі
асыпаюць свае багацьце
сабе пад ногі.
Азону – вер, ці ня вер –
не шкадуюць яны німала:
ім, аголеным, цяпер
лягчэй стала.
Асыпаюццп дрэвы ў цішы
да пары свае весьняй.
Кожны раз лёгка мне на душы,
калі я асыпаюся песьняй. (29).
У новым зборніку знайшла працяг і марыністыка. Паэт вядзе свой дыялог з морам, знаходзіць новыя вызначэнні і ацэнкі яго нястомнай дзейнасці. У вершы “Сызыхава праца” ён задумваецца над пытаннем бязмэтнасці працы “толькі для сябе самога”, бескарыснай, па асацыяцыі з марскім хваляваннем ля безлюднага берагу. Верш “Болей пісаць пра мора...” – скарга-зварот да свайго даўняга апанента не насміхацца над болем аўтаравай душы, пастарацца зразумець тое, пра што ён сніць і што песціць. Паэту пад час здаецца, што нястомнае мора “Забылась... пра гора, адпачывае, сьпіць”, і зноў яго ахоплівае трывога – як бы ні страцілася ад гэтага штосьці галоўнае і дамінантнае ў прыродзе, як бы ні страцілася гармонія жывога і нежывога.
Пэўную цікавасць выклікае спроба паэта напісаць драматычны абразок (“Янук Валошын”) пра перыяд акупацыі Беларусі фашыстамі і пакутлівы лёс яўрэяў. У цэнтры твора любоўная калізія – Янук Валошын, журналіст, які служыць нацыянальнай ідэі, не ідзе ў лес да партызанаў, кахае Рыву, набліжае трагедыю, што адбудзецца з яе сям’ёю, з ёю самой у яе кватэры. Бацькі Рывы напалоханыя, рыхтуюцца да самага горшага (“А нам ужо, відаць, позна”), просяць абараніць іх ад “людаеда”, які “ужо распачаў сваё дзела” – 55). У другой частцы “сцэн з драмы” – такое жанравае вызначэнне дадзена аўтарам – паказана, як “ратавальнік” Рывы, па ўсім, партызан ці падпольшчык Нядзьведскі гвалтуе жанчыну ў доме сваёй цёткі на ўскраіне Мінску, незадаволены яе нецярпімасцю, незгаворлівасцю, выганяе з хаты ў цемру, у жудасны вой сірэн, выбухаў бомбаў, а магчыма – і ў небыццё. Ён, схамянуўшыся, гукае яе, “Ды ніхто не адгукнуўся на ягоны голас”.
Твор гэты абмежаваны рамкамі побытавых падзей, даволі камерны, але разам з тым уносіць новы штрых у адлюстраванне ваеннага ліхалецця. Пісьменнік настойліва праводзіць думку пра тое, што “і партызаны былі розныя”, што ў складаны ваенны час нялёгка было выстаяць маральна, духоўна ўсім: і тым, хто змагаўся ў лясах з карычневай чумой, і тым, хто ім хацеў супрацьстаяць у асобе прыхільнікаў нацыянальнай ідэі, здраднікаў-паліцэйскіх. Заслугоўвае суда і галоўны герой драмы Янук Валошын, словы якога пра вернасць каханай жанчыне, яе сям’і засталіся пустым гукам.
З цыклу “Забытыя радкі” можна вылучыць вершы “Ад сына твайго, Беларусь”, “Пайду...”, “Новы год”, “Адзінотныя думы жаўнера”, напісаныя ў 1943 – 1944 гадах, калі паэту здавалася магчымым вызваліцца ад фашызму трэцім, беларускім шляхам. Яго ахоплівае жаданне надзець вайсковую вопратку, каб служыць радзіме, не пакідае ўпэўненасць у перамозе над сіламі, што распялі краіну на крыжы:
Новы год... Пэўна там, на радзіме, аселіцы
сірацеюць, што нас не стае.
Толькі вочы зажмуру – завеямі сьцеляцца
у задуме палі Беларусі мае.
Не сумуй, Беларусь, ты блакітнаю казкаю
і сьнягамі ў палёх не імжы –
да цябе яшчэ прыдзем; каб сілаю наскаю
здолець тых, што расьпялі цябе на крыжы.
(“Новы год”, сьнежань 1944. – 110)
Ацэньваючы творчасць паэта эмігранта ў цэлым, Т. Казевіч відавочна перабольшвае яе значэнне, мімаходзь закрэсліваючы ўсё створанае ў нашай краіне: “Паводле матываў творчасці, у аснове сваёй лірычнай, ськіраванай да нутранога сьвету чалавека, творчасць Масея Сяднёва – гэта свайго роду рэакцыя на бяздуховасць сучаснай беларускай паэзіі”11, але ў тым, што гэта паэзія застанецца ў залатым фондзе нашага мастацтва як з’ява “прыкметная, асьвяжальная”, як “прыклад сумленнага служэньня беларускаму слову, натхнёнаму слову”12, няма сумлення. Асабліва гэта датычыцца лірыкі – асабістай, глыбока індывідуальнай, наватарскай у інтэрпрытацыі асобных матываў, чуйнай да зрухаў, што адбываюцца ў чалавечай душы.
Паэтычны эпас М. Сяднёва цікавы ў многіх адносінах. Па-першае, тым, што адкрывае забароненую праўду пра Вялікую Айчынную вайну і падзеі, якія ёй папярэднічалі (“Мікола Бугроў”, “Мая вайна”, “Цень Янкі Купалы”). Па-другое, эксперыментальнасцю формы, спробамі прышчапіць беларускаму слоўнаму мастацтву дасягненні мадэрнізму (“Сустрэча з мёртвымі”, “Хлуслівыя вусны”). Аднак пры ўсім пры тым сам паэт не раз дэклараваў сваё меншае захапленне эпічнай творчасцю, і эпас яго – толькі даніна павагі паэмнаму жанру.
Новы ракурс у адлюстраванні падзей ваенага часу адчуваецца ў паэме “Мікола Бугроў” і ў рамане “І той дзень надышоў” (абхяднаем разглядам паэм і раманаў па прынцыпу падабенства калізій, зыходных сітуацый, герояў, сюжэтных ліній і г. д.). Пісьменнік паглыбляе трагедыйны вобраз вайны, стварае паўнейшую карціну пакутаў, што выпалі на долю беларускага народа і перад вайной, і ў ліхі ваенны час. Паглыбленне адбываецца за лік увядзення новых фактаў, якія сведчаць пра здраду ўладаў свайму народу ў першыя трывожныя дні. Вось, напрыклад, апісанне паводзін кіраўнікоў мясцовага маштабу ў вёсцы Мокрае перад навалай, дадзенае ў рамане “І той дзень надыйшоў”: “Вяскоўцаў здзіўляла тое, што начальства пакінула іх гэтак патаемна і падспудна. (...) змыліся першымі, няўглядна ад людскога вока. Дзе падзеўся той штаб і тая бронь? (...) Упершыню яны засталіся без улады. Упершыню адчулі сябе свабоднымі, хоць гэтая свабода і пужала іх: як гэта быць ім самім?”13
Праўда вайны паўстае больш паўнакроўнай і таму, што М. Сяднёў дыферэнцыруе людскую масу, вылучае з яе больш тыпаў, чым вылучылі беларускія савецкія пісьменнікі, не хавае паўду пра тое, што і партызаны, і паліцаі былі розныя. У сувязі з гэтым характэрныя вобразы пярэваратняў – Сахно, якімі густа населеныя і проза, і паэмны эпас М. Сяднёва. Найперш да іх належыць партызанскі камандзір Мікола Круглоў (аднайменная паэма), кат, які дзеля ідэі не пашкадаваў жанчын, маці, яго двайнікі з раманаў “І той дзень надыйшоў”, настаўнік, а затым партызан Вяркееў, Генадзь Кандраценя – стукач, які паставіў пад удар сям’ю Корзюкаў, заманіўшы іх у пастку – пераправіўшы ў Польшчу (да таго ж – іх родзіч) – “Раман Кодзюк”. Пісьменнік паказвае эфемернасць і антынародную сутнасць тых уладаў, якія дрыжаць толькі за свае шкуры і ў экстрэмальных умовах аказваюцца ў балоце прадажніцтва і здрады.
Галоўны герой і паэтычнага эпасу, і прозы М. Сяднёва прытрымліваецца трэцяга шляху – адстойвання нацыянальнай свабоды, захавання сваіх чалавечых якасцей – маці ў паэме “Мікола Бугроў”, Янка Купала (паэма “Цень Янкі Купалы”), Мікола (“І той дзень надыйшоў”), Раман Кодзюк у аднайменным рамане. Трымаць сваю пазіцыю яму надзвычай цяжка, і найчасцей ён становіцца ахвярай мацнейшых, раструшчаным трагедыйнымі абставінамі вязнем, выгнанцам. Сімвалічны ход выкарыстоўвае пісьменнік у паэме “цень Янкі Купалы” – пакутнік за народ і свой край, паэт-пясняр у абліччы ценю з’яўляецца на плошчы скрываўленага Мінску, выказвае нязгоду і расчараванне ўбачаным і чуе ў адказ з вуснаў паліцая:
Зусім гэта ня гожа!
Разышоўся дужа ты ў кляцьбе.
Хоць памёр ты, але зможам
расстраляць яшчэ цябе.
Як бачым, для героя-патрыёта, прыхільніка трэцяга шляху дарогі наперад няма. Перспектыва руху, эвалюцыі адсутніцае, бо сам край забралі мацнейшыя суседзі, ператварылі ў арэну рабавання і разбою, прынізілі нацыянальную годнасць народа.
У паэтычным эпасе і прозе мы бачым праўду і пра даваенны час. Поўнасцю адкінуўшы параднасць і лакіроўку ў адлюстраванні рэчаіснасці, пісьменнік здолеў паказаць не сытае і бязбеднае, а паднявольнае, жахлівае жыццё людзей, якімі кіруюць вечна п’яныя начальнікі з дапамогай кнута, голасу якіх пра тое, што баліць, не чуць. Асабліва ўражвае ў сувязі са сказаным сцэна подпісу “Ліста” Сталіну ад імя беларускага народу ў калгасе вёскі Мокрае: “Старшыня – ён быў ужо выпіўшы – пачаў:
– Ну, чаго вы разьвесілі вушы? Манны ад мяне чакаеце, ці што? Бачу, сабраліся сюды дружна, ня так, як на працу, вашу... (...) Наш паважаны студэнт, пісьменнік, наша, можна сказаць, кроў, Мікола Масеевіч, прачытае вам зараз ліст нашаму дарагому Сталіну. Слухайце і ня сьмейцеся, такую вашу...” 15
У час працы, і пры падпісанні “Ліста”, і ў побыце людзі таксама паднявольныя. І няма каму за іх заступіцца: усё начальства павязана, усюды – чорны павой.
З раману М. Сяднёва паўстае свет, расколаты на лагеры ахвяраў і катаў. Страшэнная безабароннасць першых, жахлівая вернападданасць другіх. Але ўсе разам яны аказваюцца заложнікамі таталітарнай сістэмы, ладу, які адвёў ім кантрастныя ролі. А той, хто ні на адну з іх не падыходзіў, пакутаваў не толькі целам, фізічна, а і душой. Як герой рамана “І той дзень надыйшоў”: “У маёй нягеглай асобе доля ўгледзела слабое зьвяно ў ланцугу, вырвала яго і ланцуг перарваўся, яле перарваўся не на мне, а на тым, хто мяне нарадзіў/ ... З пярэрвай ланцугу рассыпаліся ягоныя зьвеньні. Шчапіць, сабраць ланцуг нанова было немагчыма”16
Што ж, ланцуг быў перарваны задоўга да 1917 года. 1917-ты толькі паглыбіў пропасць, а ў далейшым і ўзмацніў разрыў паміж дабром і злом, скрывавіў мараль, этыку, нормы людскіх, боскіх паводзін. М. Сяднёў гістарычна дакладна і эмацыянальна страсна ў сваіх лірычных, эпічных і празаічных творах паказвае жыццё з рассыпанымі на часткі звеннямі, дысгарманічнае, кантрастнае жыццё, кола якога, калі карыстацца вобразам Л. Ляонава, хоць і круціцца, ды ўсе спіцы ў ім самі сабою (“порознь”).
Няма для мастацтва больш адказнай задачы, чым быць верным праўдзе. Ёй служыць М. Сяднёў ужо каторы год, раз-пораз нагадваючы нам аб нашай балеснасці, аб падзенні нашай маралі, аб нашай сляпой адданасці іжэі класавай барацьбы. Служыць і кліча да ачышчэння агнём, якое толькі-толькі пачалося і невядома, калі закончыцца. Відаць, на гэтым і прыпынім нашы нататкі, бо ставілі перад сабой мэту стварыць не поўны, усеабдымны партрэт мастака, а найперш расказаць чытачу пра яго лірыку – споведзь спакутаванай, ды не зломленай выпрабаваннямі душы:
Звычайны я. Я славы не прыдбаў –
я толькі кропля ў акіяне.
Мяне сярод клапотаў і забаў
ніхто з патомкаў не памяне.
Я ціха дзень за днём жыву,
самотны я і нецікавы.
Іду адзін, схіліўшы галаву,
і міма вопліскаў, і міма славы.
....................
Я сам сабе адзін вялікі.16
Публікуецца на
сайце з ласкавай згоды Магілёўскага
Таварыства БРАМА
|