|
Мікола Мішчанчук
“МЫ ПОЙДЗЕМ!”
Першыя крокі прозы на выгнанні
У апошнія 3-4 гады, дзякуючы намаганням многіх людзей, а найперш Барыса Сачанкі, беларускаму чытачу амаль у поўным аб’ёме адкрылася эмігранцкая паэзія. Гэтаму спрыяла выданне анталогіі “Туга па Радзіме”, кніг вершаў Масея Сяднёва, Янкі Юхнаўца, паэтаў Беласточыны Алеся Барскага, Яна Чыквіна ды іншых. Проза аднак, якая пісалася “ля чужых берагоў”, нам яшчэ маладасяжная. З буйных жанраў яе “Мастацкай літаратуры” выдадзены сяднёўскі раман “І той дзень надышоў” (у кнізе “Патушаныя зоры”). Таму размова, якую мы намераны весці, будзе ў многім першаснай, не прэтэндуючай на адкрыццё канчатковай ісціны.
Першае пытанне, якое хочацца паставіць сабе і іншым, тычыцца прычынаў яе адставання ад паэзіі. Гэтыя прычыны мы патлумачылі б наступным чынам.
Першая з іх – адсутнасць сталых традыцый, такіх, як у паэзіі, асабліва традыцый, якія закладваліся ў ХІХ стагоддзі, як у іншых літаратурах, што развіваліся ў спрыяльных умовах. Аднак гэта прычына, можа, і не галоўная. Другая носіць суб’ектыўны характар: амаль усе самыя таленавітыя замежныя мастакі паэты, а не празаікі, лірыкі па рпыродзе таленту. І, відаць, трэцяя прычына выклікана “супроцьдзеяннем матэрыялу” – не было, магчыма, тых герояў і постацяў, якія б сталі героямі эпасу, а само жыццё эміграцыі, у першыя два-тры гады трагедыйна-напружанае і пераломна-вызначальнае, пазней палітызавалася, увайшло ў берагі больш-менш прыстойнага побыту, набыло адзнакі паўсядзённай нарматыўнасці, фіксацыя якой – не прадмет высокага мастацтва, а толькі першапачатковы падрыхтоўчы матэрыял. Адным словам, не стала спрыяльнай глебы для суровай і цікавай прозы.
Па сутнасці, пісьменнікі замежжа абмежаваліся першасным этапам – этапам падрыхтоўкі да напісання агульнафіласофскіх, глыбокіх палотнаў пра тое, што было ў гады вайны і пасля яе заканчэння. На гэты конт знаходзім цікавае выказванне ва ўступным артыкуле доктара Станіслава Сьанкевіча да аповесці Кастуся акулы “Змагарныя дарогі”, выдадзенай ў 1962 г. у Мюнхене: “Беларускія эміграцыйныя пісьменнікі маюць амаль неабмежаваную вольнасць тварэння дый багатую спадчыну гістарычных матэрыялаў. Адылі яны, аддаючы львіную часць свайго часу заработкам на штодзённы хлеб і жыццё, абмежаваліся да гэтага часу адно толькі ўрыўкамі-нарысамі ці кароткімі паэмамі. Асноўны ж запас сыравіны, што адносіцца да людзей і падзеяў на Беларусі падчас апошняе вайны, усё яшчэ неўпарадкаваны й не даследаваны, чакае лепшае будучыні.” Праўда, пасля таго, як гэтыя словы былі напісаныя, з’явіліся два раманы Масея Сяднёва – “І той дзень надышоў” і “Раман Кодзюк”, аўтар якіх спрабуе прыйсці да значных вывадаў, абагуліць пройдзены яшчэ з даваенных часоў будучымі эмігрантамі шлях, выносіць прысуд таталітарнай сістэме, якая робіць чалавека сваім заложнікам. Напісаў сваю “Гараватку” у трох кнігах Кастусь Акула. Аднак на першым этапе свайго станаўлення проза эміграцыі спраўджвала словы С. Станкевіча: яна толькі рыхтавала глебу да далейшага ўзлёту.
Пра тое, што было менавіта так, сведчаць і творы, апублікаваныя ў альманаху “Ля чужых берагоў” (Мюнхэн, 1955) – па сутнасці, першым выданні эміграцыйнай літаратуры энцыклапедычнага характару. Многія з іх змешчаны ў рубрыцы “У пачатку дарогі”. У пачатку новых, нязведаных шляхоў на чужыне, псіхалагічнай падрыхтоўкі да пераменаў. У пачатку асэнсавання – вачыма свежымі, цікаўнымі – новага свету, у якім чалавек належыць сам сабе, а не з’яўляецца колцам і шурубчыкам “агульнае справы2. У пачатку сузірання новай прыроды, хай і не кардынальна іншай, чым тая, родная. Нарэшце, у пачатку новага мыслення, выкліканага гэтым адвечным “Што рабіць?”. І што яны, пісьменнікі-выгнанцы, маглі зрабіць у самым пачатку? Маўчаць? Не мелі на гэта права, бо хацелася выказацца, з некім падзяліцца сваёй бядой, скрухай. Значыцца, пісаць. Пісаць, як падкажа сэрца, на высокай хвалі эмацыянальнага перажывання. Абурацца, спрачацца, крычаць, плакаць, сумаваць! Так і з’явілася лірызаваная проза ранняй пары эміграцыі – як выхад болю, як развітальны гімн М. Агінскага, як спадзяванне на сустрэчу.
Ранняя проза эміграцыі мела ці не аднолькавую глебу для свайго ўзнікнення з маладнякоўствам у колішняй Савецкай Беларусі – узрушэнне, асэнсаванне пераломнай падзеі, але нараджалася яна паводле іншага – не гераічнага, а трагедыйнага пафасу. Яе тэматычны змест быў даволі абмежаваны: развітанне з родным краем, жыццё на выгнанні, спадзяванне на вяртанне. Стыль характарызаваўся ярка выражаным лірызмам, павышанай эмацыянальнасцю, перавагай пачуцця над думкай. Іначай і быць не магло: эміграцыя сталася сучаснасцю і не ўкладвалася ў нарматыўнасць эпасу. Жыццю замежнаму трэба было адсунуцца на дзесяцігоддзі, стаць мінулым, каб можна было паглядзець на яго з усіх бакоў і даць яму адпаведную шырокамаштабную ацэнку. Заўважым, што першы раманны твор “пра эмігранцкае жыццё” на беларускай мове “За волю” Кастуся Акулы ўбачыў свет толькі ў 1991 годзе, амаль праз паўстагоддзя пасля Вялікай Айчыннай вайны. Дыстанцыя часу, такім чынам, наклала свой адбітак і на стыль, і на тэматыку, і на агульны пафас ранняй беларускай эміграцыйнай прозы.
Узоры лірыка-філасофскай прозы 40-х – 50-х гадоў (“другое дыханне” у беларускай савецкай лірычнай прозе адкрылася толькі ў канцы 50-х – 60-я гады, крыху пазней) знаходзім у згаданым вышэй альманаху “Ля чужых берагоў”, некаторыя творы з якога і паспрабуем прааналізаваць з пункту гледжання іх эстэтычнай вартасці.
Юрка Віцьбіч, вядомы нам яшчэ па даваенных публікацыях ды кніжках, прычынены на эміграцыі да кансалідацыі літаратурных сіл, выдання альманахаў і іншае плённае працы, у лаканічным лірычным абразку “Мы пойдзем!” паспрабаваў перадаць псіхалогію беларусаў, якія на чужыне шукаюць рысы роднай адметнасці, згадкі бацькаўшчыны. Лірычная імпрэсія, поўная хвалявання, перасыпана рытарычнымі пытаннямі, якія і ствараюць яе, калі так можна сказаць, эмацыянальны нерв. Чатыры разы гучыць аўтарскае “чаму?” на працягах двух старонак тэксту: чаму здзіўляюцца іншаземцы нашаму імкненню як хутчэй убачыць, як свае, чужыя рэкі, чужыя “прыгожыя ўзгоркі”, аддацца ў абдымкі чужога лесу ў чужым парку, які нагадвае нашу пушчу, перахрысціцца на пазову далёкага чужога звону? Чаму мы такія непакойлівыя, нярвоа-узрушаныя? А ў заключнай, самай лірычна-узнёслай частцы, утрымліваецца паэтычны, пранікнёны вывад – пра адданасць выгнанцаў Беларусі, пра іх бясконцы рух на Радзіму: “І мы ідзём далей. Ідзём праз дзень, праз ноч. Ідзём і ўзімку і ўлетку. Ідзём і ў навальніцы і ў сьпёкі. Мы цягнем за сабой у сьціплых хатылёх няўтольны сум, што балейшы ад Гемалаяў і глыбейшы за Атлантыку. І ніколі ня можа таго стацца, каб мы не дайшлі нарэшце да свае непаўторнае любові, да сінявокае Беларусі. Занадта вялікае наша замілаванне ёю і занадта глыбокая варажнеча да ейных ворагаў, каб гэтае ня здзейснілася. Але я бачу, як нечакана спазма сьціснула вам горла і задрыжэлі вашыя вусны. На вашых нагах кроў і крывёю сьцякаюць нашыя сэрцы. Дык дайце руку і пойдзем далей. Ву-унь бачыце там, далёка-далёка, дзе ясьнейшае неба, зноў сінеюць рэкі, чарнеюць лясы і ўздымаюцца ўзгоркі.
Мы пойдзем! Абавязкова пойдзем! Пашчасьліў нам божа! Так станься!” (8, 188).
У такім сама стылявым ключы напісана і другое, лірызаванае, але з выяўленым сюжэтам апавяданне “Над возерам Шпірдынг”. Ваеннапалонныя, а сярод іх Міхась Данілюк і паляк Зыгмунт Врона, з атрадам такіх сама, як яны, “жывых мерцьвякоў”, дабіраліся, рыючы акопы, равы, аблытваючы лясы калючым дротам, да возера найцудоўнейшай прыгажосці Шпірдынг. Назіраюць адлёт журавоў у небе: “ ... плылі да выраю жураўліныя касякі. Гордыя, вольна птахі віталі зямлю і людзей сваім урачыстым, падобным да медзяных вальторнаў, крыкам: “Курлы! Курлы! Курлы!” (8, 189). Людзі працуюць да знямогі, да страты прытомнасці пад наглядам вахмана, пад градам удараў кія. Сварацца, б’юцца за булку пазелянелага хлеба, кінутую ў выкапаны бункер. Міхася параніў нажом Зыгмунт. І вось таго збіраюцца заўтра расстрэльваць, але пакінуты за вартавога Данілюк, павагаўшыся, адпускае свайго крыўдзіцеля на волю і ўцякае ад немцаў сам. Так на высокай ноце заканчваецца апавяданне пра Дабрыню, Святло Душы чалавека, Беларуса: “Калі зялёная маланка асьвяціла ўсё вакол, можна было бачыць на ўзгорку Зыгмунта Врону, які крочыў на поўдзень. Адзін толькі момант гарэла маланка, але ён нечакана заўважыў на другім узгорку рослага Міхася Данілюка, які рушыў на ўсход. Калі бліснула другая агнявая маланка, дык ужо нідзе ня відаць было двух людзей і навет пасьпела замыць іхнія сьляды” (8, 192).
Як у аповесці Васіля Быкава “Альпійская балада”, у згаданым творы Ю. Віцьбача, рамантычна ўзнёслым і светлым, блізкім таксама да баладнага жанру, мяжуюцца прыземлена-рэалістычныя, суровыя сцэны (прымусовая праца, здзекі фашыстаў) і рамантычныя, загадкава-таямнічыя, падобна фінальнай, і адпаведныя ім фарбы. Спрыяе кантраснаму настрою і цудоўная, яркая, дынамічная прырода, якая спачувае героям. У гэтым творы, хоць і не на першым плане, стаіць і нацыянальная ідэя: “Праўда, у першы дзень, здымаючы рыдлёўкай дзёран, рослы і дужы Міхась заўважыў:
– Наша Нарач куды прыгажэйшая!
Тады нізенькі шыракаплечы Зыгмунт у сваю чаргу запытаўся:
– А хіба Нарач вашая?
Нічога не адказаў Міхась. Ён толькі сьціснуў рыдлёўку так, што яна хруснула ў ягоных руках” (8, 189).
Такім чынам, усім строем апавядання аўтар даводзіць чытачу думку і пра тое, што вядома на волю Міхась Данілюк адпускае чалавека, які крыўдзіць і яго асабіста, і ягоны край, лічыць гэты край “усходнімі крэсамі” Рэчы Паспалітай. І тым вышэйшы гэты міні-подзвіг – пераадоленне самога сябе, сваёй антыпатыі. Зместам сваім і яго “рэалізацыяй” апавяданне Юркі Віцьбіча як бы прадвызначае не адзін твор пазнейшай па часе беларускай савецкай прозы малога жанру: “Пагарэльцы” Вячаслава Адамчыка – пра беларускую звычайную сялянку, якая падзялілася апошнім кулём саломы з пагарэльцамі, відаць, былым паліцыянтам Ёдам, які ў вайну забіў каля крамы яе сыночка за нымецкую сапёрную лапатку, – той несвядома ўзяў яе пагуляць; твор Івана Чыгрынава, каторы быў у пачатку дарогі, - пра маці-беларуску, якая разам з сынам дапамагае цяжка, смяртэльна параненаму немцу дажыць лягчэй на гэтай зямлі апошнія адпушчаныя яму лёсам хвіліны. У многіх творах беларускай пазнейшай літаратуры скразным матывам становіцца матыў біблейскі, заклік святога пісання тварыць дабро тым, хто ў бядзе.
У апавяданні “Вышэй галаву, Дубавец”, датаваным 1950 годам і напісаны ў ЗША, у Саўт Рыверы, галоўны герой, былы паўстанец за свабоду Беларусі, мужна і светла прымае смерць ад рукі “жоўтадзюбага падлетка – чырвонаармейца”, прымае не падалёку ад яра, дзе вясною палымнеюць чырвоныя макі, праспяваўшы перад гэтым радкі песні “О, Беларусь, мая шыпшына...”. А перад самай смерцю яго вачам выразна ўбачыўся на імгненне “вобраз Велічнае Жанчыны, якая з жалем працягвала да яго свае рукі” (8, 194).
Апавяданне гэтае вытрымана ў лірычным стылю з перашга да апошняга радка і ўяўляе сабою суцэльны ўнутраны маналог, у якім зліваюцца і голас героя, і голас самога аўтара, а ў самым канцы далучаецца яшчэ і голас Велічнае Жанчыны – Радзімы, якая аплаквае свайго сына: “ – Сьпі, Дубавец! Сьпі, Янка! Ніколі не загіне і не зарасьце шыпшына!” (8, 194).
Другі стылявы кірунак прадстаўлены ў альманаху апавяданнем Марціна Люціча (аўтар шматлікіх апавяданняў, навел, артыкулаў з Барысаўшчыны, з 1949 года – у ЗША) “Янка сеяў – людзі жалі” і Пётры Сыча “Каляды на чужыне”. Напісаны яны ў рэалістычнай манеры, маюць пад сабой дакументальны грунт, больш выразна ў другім творы, паказваюць лёс людзей, якіх адлучылі ад Радзімы, кінулі за калючы дрот за вольнадумства. Яны – пакутнікі за нацыянальную ідэю.
Больш выразнае і вартаснае ў мастацкіх адносінах апавяданне Марціна Люціча. Герой яго – Кузьма Вальтэр, студэнт, які “атрымаў пяць год Калымы за дурноты” (8, 195). Аўтар даволі падрабязна пераказвае яго “гісторыю – як ён няўдала пажартаваў на банкеце пасля Кастрычніцкага застолля пра дыямат (“Выйдзе, вось, гэтакі петушок і пачынае кукарэкаць аб дыялектычным разуменьні... трэба гаварыць: “дыялектыка, што дышла, куды павернеш, туды і вышла...” (8, 196), а затым у фінале прадэкламаваў забаронены верш Янкі Купалы “А зязюлька кукавала...”. І на яго данёс аднакурснік Алесь. Пасля пісьменнік нібы пракрычвае кадры традыцыйнай дакументальнай кінастужкі – Падкаблук са спецаддзела з яго з’едлівай іроніяй “Ну што, пакукуем”, допыты ў “паважанай установе” за межамі універсітэта пасля доўгага чакання свае чаргі і абмеркавання лёсу ў спакою, залітым чырванню: “Крывавыя прамені, ахварбаваўшы неба ў заходняй яго частцы, нацэліліся ў вокны. І ўсё ў гэтым пакоі – і людзі, і рэчы – здаваліся чырвонымі, быццам залітымі крывёй. Кузьма стаяў і чамусьці доўга глядзеў на кончык штыха – добра адточаны і таксама заліты сонцам. І яму здалося, што і з штыха сачыцца кроў...” (8, 202). Дарэчы, сімволіка чырвонага колеру ў спалучэнні з святлом сонечных промняў у такім самым значэнні, але значна пазней будзе выкарыстана Іванам Мележам (Дамеціха ў “Подыху навальніцы” бачыць пры заходзе сонца “абрубкі рук”, нібы залітыя крывёю, - усё, што засталося ад раскіданага на вачах куранёўцаў Міканорам бацькаўскага гумна) і аўтарам “Гавараткі” К. Акулам – пісьменнікам-эмігрантам – у другой частцы трылогіі – “Закрываўленае сонца” – пра вызваленне чырвонай Арміяй Заходняй Беларусі.
Пасля Кузьма ўведаў, што такое “амерыканка”, Калыма. У пачатку вайны нечакана прыйшла свабода – уцяклі разам з сябрамі Орлікам і Алесем з калоны заключоных пры пераходзе, перахітрылі нават самога начальніка канвою крыважэрнага Нярона – “майстра выконваць смяротныя прысуды”, наркамана, прафесіянальнага забойцу, які не ведаў жалю да сваіх ахвяр, ішоў растрэльваць людзей, як на свята. Бадай, ніхто з беларускіх пісьменнікаў не стварыў падобнага вобраза прафесіянала катніх спраў, як гэта зрабіў Люціч. Адно толькі Алесь Адамовіч наблізіўся да стварэння падобнага тыпу ў сваіх “Карніках”. Нікога не шкадуе заўзяты кат, растрэльвае на вачах вязняў і тых, хто адгукнуўся на заклік “хто хоча на волю”, і цяжарных жанчын, і тых, якія, знясіленыя, падаюць на дарозе. Для яго забойства – заданне, якое трэба выконваць дакладна, па інструкцыі. Затым была бамбёжка, быў перапалах і, нарэшце, вызваленне.
Апавяданне заканчваецца сімвалічна – трое (да трох вязняў далучыўся лейтынант, вайсковец, беларус, які балюча перажывае няўдалы для нас пачатак вайны) прабіраюцца з насілкамі, на якіх хворы чацвёрты, на торфазавод, каб шукаць там яму дапамогу, а Кузьма пад зязюльчына кукаванне спавядаецца перад вайскоўцам пра свой пакутны лёс.
Ранняя проза беларускай эміграцыі, прыходзім да падобных вывадаў, развівалася ў двух стылявых напрамках – лірычным і аналітычна-дакументальным, каб затым ужо ў 60-я і пазнейшыя гады злучыцца ў стыль сінтэтычны, у зняцца на вышыню раманнага жанру.
І тут першае месца належыць Кастусю Акуле.
ЗМАГАРНЫЯ ДАРОГІ КАСТУСЯ АКУЛЫ
Адзін з самых таленавітых пісьменнікаў далёкага замежжа – Кастусь Акула (Алесь Ігнатавіч Качан). Прынцыповы, паслядоўны ў сваім змаганні за нацыянальную ідэю, за Адраджэнне Беларусі і беларусаў. Зараз жыве ў Таронта, у Канадзе, пра што паведамляе чытачу ў чарговай кнізе “Усякая ўсячына” (1984): “Гадоў трыццаць пяць назад (трэба думаць – у 1949 годзе – М. М.) ступіў я на невядомую канадыйскую зямлю. Яна шчодра заплаціла за нялёгкую працу. Галоўнае – тая-ж вольнасць, якой, як крынічнай вады, не хапае сяньня большасці людзей на нашай злашчаснай планэце” (1, 5). Актыўна змагаецца са злом на зямлі. Уважліва і пільна ўглядаецца ў тое, што адбываецца на шырокіх абсягах пакінутай Радзімы. Заклятымі ворагамі сваімі лічыць бальшавікоў і камуністаў, таталітарныя рэжымы свету. Па гэтаму пытанню выказаўся і ў мастацтве слова, і ў перыёдыцы палымятымі публіцыстычнымі выступленнямі, і сваім актыўным удзелам ў дэманстрацыях ды маніфестацыях супроць парушэння правоў чалавека ў былым Савецкім Саюзе. Усвядомленым антыбальшавізмам і антысаветызмам прасякнуты і яго апошні па часе раман “За волю”. Але гэта, відаць, абумоўлена шчырым жаданнем пісьменніка адкрыць вочы народу на яго прыгнечаны стан, дапамагчы яму выбавіцца з нацыянальнага палону, вынікае з яго максімалісцкіх поглядаў на свет.
У самым пачатку варта заўважыць, што Акула – майстар эпічнага, спакойнага і павольнага пісьма. І гэтае майстэрства дало плён – трылогію “Гаваратка” і згаднае ўжо палатно “За волю” – творы досыць арыгінальныя, заўважныя. З імем гэтага мастака слова звязаны значныя дасягненні замежнай эміграцыйнай літаратуры, немалыя поспехі ў жанры псіхолага-філасофскай прозы, прозы з элементамі дэтэктыву і нават гумарыстычнай. Але спачатку звесткі біяграфічнага характару. Нарадзіўся Кастусь Акула (сапраўднае прозвішча Алесь Ігнатавіч Качан) 16 лістапада 1925 года ў вёсцы Верацеі (былая Заходняя Беларусь), што паблізу ад чыгуначнай станцыі Каралёўшчына ў Докшыцкім раёне. У бацькоў разам з Алесем было восьмера дзяцей, мелі зямлю – 12 гектараў і жылі з зямлі, з плуга, з сялянскае штодзённае працы. Сам пісьменнік згадвае ў кнізе “Усякая ўсячына”, што маці яго Паўліна была надзвычай таленавітая жанчына, “ня гледзячы на нястачу фармальнае адукацыі”, сапраўдным “рухавіком гаспадаркі й сям’і (...)”. “З вялікай пашанай прыгадваю, - піша мастак, - матчыны “шорсткія рукі, вымыты-выпаласканы й астужаны сонцам і вятрамі ейны прыгожы і заўсёды спагадлівы твар, вялікія блакітныя й лагодныя вочы й ці адну празрыстую, быццам раса, сьлязу, калі ў сям’і якое ліха здарылася” (1, 93). Памерла маці ў 45 гадоў і пахавана ў Вільні, на могілках Росы (7, 18). На магілцы яе, пакуль не адшуканай, няма помніка. Затое ў сэрцы гэты помнік ніколі не згасаў і не згасне. Сімвалічна, што маці памерла ў Віленскім шпіталю напачатку верасня, не дачакаўшыся вызвалення па-бальшавічку. У “Россыпах” (цяжка вызначыць іншым словам жанр гэтых каларытных, поўных шматсэнсавага і шматзначнага гумару, на які здольны былі Андрэй Мрый, Лукаш Калюга, а сёння – Янка Брыль, твораў) чытаем пра ранняе дзяцінства – пазнаванне навакольнага жыцця – вясковым хлопчыкам, часта пакіданым у адзіноце (выпадак з вандроўкай у “далёкі” свет, сустрэчы з пчолкамі) і пераконваемся, што аўтар твора – надзвычай “тонкі”, далікатны, дасціпны і па-народнаму рупны на думку ды слова гумарыст: “Апавядалі яшчэ, што патаўсцеў я тады й выглядзеў як той стаяк пры дарозе ў гумно. Выратаваў сусед, колішні вайсковы фэльчар, а цяперашні вясковы лекар. Працаваў тры дні нада мной. Як яму ўдалося? Бог ведае. Ад мяне яму вялікая падзяка” (1, 91).
Ранняе дзяцінства закончылася. Пачаўся перыяд больш сталага жыцця: выйсце на людзі, школа, знаёмства з больш шырокім светам, чым родная хата, двор, вуліца, суседзі. Школа для яго сталася чужой – абразок пра яе так і называецца “Чужая школа”. Чужая па духу муштры, па мове (польскай), па многіх іншых фактарах. Такую школу можна было ўзненавідзець толькі за тое, што працавала ў ёй настаўніца Раманоўская, якую дзеці надзялілі і мянушкай “Ведзьма”. Аўтар падае каларытны партрэт гэтай настаўніцы, абавязак якой – быць дзецям другой маці: “Усе змоўклі, мяне на воку трымаюць. А перад самым маім тварам колкія рудыя вочы, навакол іх – шырокія гусіныя лапкі зморшчын. Твар – камень. Ніколі, памятаю, ня бачыў я на ім усьмешкі. Лепш бы яе, гэту ведзьму, вязьняў паставілі вартаваць, а ня дзетак у ейныя рукі” (1, 92).
Штодзень назіраў будучы пісьменнік і выявы паланізацыі “усходніх крэсаў”, нават у роднай сям’і знайшлася прыхільніца польскасці, шляхецтва старэйшая сястра Маруся. У абразку “Нацыянальнасць”, а затым глыбока і пераканальна ў перашй частцы “Гараваткі” – “Дзярлівая птушка”, у многіх іншых творах і публікацыях Кастусь Акула будзе настойліва праводзіць думку пра аднолькавыя мэты мацнейшых суседзяў – і рускіх, і палякаў, і немцаў – знішчыць беларускасць і нават думкі пра яе, ператварыць нацыю ў натоўп манкуртаў. У абразку “Нацыянальнасць” чытаем: “У затуканыя-загуканыя галовы паняволеных чужнікі ўбілі думку, што ёсьць дзве веры: польская (рыма-каталіцкая) і руская (праваслаўная). Мова наша, згодна іх, ня была мовай, а нейкім зноў-жа “хамскім дыялектам...” (...) Бедныя й малапісьменныя, культурай каторай квітнеў мясцовы фальклор, адгарадзіліся ад чужнікаў словам “тутэйшы”. “Тутэйшы”, знацыцца, асобны, ня “рускі” й “ня польскі”, а апрычоны... Як-ні-як, першы крок да самастойнасці” (1, 96). З прыведзенага ўрыўка відаць, што пісьменнік дае адметнае тлумачэнне “тэрміну” “тутэйшы”, лічыць яго і “першым крокам да самастойнасці” (з доляй гумару, вядома), і маленькім подзвігам – спробай простых людзей пастаяць за сябе хоць такім спосабам.
Другой важнай падзеяй у вачах будучага пісьменніка, як і ў народа Заходняй Беларусі ў цэлым, сталася яго “вызваленне” Чырвонай Арміяй, далучэнне да Савецкай Беларусі, а значыцца, да жахлівых падаткаў і галечы, да разбурэння духоўнасці праз індустрыальна-культурнае будаўніцтва, рэалізацыю іншых утапічных ідэй. Усе назіранні падлетка, а затым юнака над даваенным “вольным жыццём”, нібы ў промні, адбіваецца ў абразку “Паломаныя рэбры”. Яшчэ дзіця, стаіць ён наперадзе доўгай чаргі за хлебам (за тры кіламетры ў мястэчка рана-ранюсенька датэпаў), а затым, ледзь не растлушчаны натоўпам, чытае лозунг, напісаны белым па чырвонаму, - “Спасибо товарищу Сталину за счастливое детство”, ляжыць амаль непрытомны, з паламанымі рэбрамі: “Людзі нейнакш звярамі парабіліся. Пакінулі мяне, скалечанага, самлелага на сьнягу” (1, 101).
“Вызваленне навыварат” будзе паказана пазней пісьменнікам у другой частцы “Гавараткі” – “Закрываўленае сонца”.
У гады вайны малады юнак не адседжваўся ў ціхім кутку, а браў чынны ўдзел у падзеях: у Глыбокім вучыўся на вясковага настаўніка (шасцімесячныя курсы), затым паспытаў, які нялёгкі хлеб у сейбітаў асветы, тым больш у разбураным краю; у восень 1943 года здаў экзамены ў апошні, восьмы клас Віленскай Беларускай гімназіі, скончыць якую неўдалося па прычыне арышту разам са спекулянтамі, мяшэчнікамі ў цягніку ў Мінску падчас аблавы і далейшага трохмесячнага турэмнага пакарання і месяца канцлагера паблізу Камароўкі.
У чэрвені 1944 года Кастусь Акула – дабраахвотнік Менскай Школы камандзіраў Беларускай Краёвай Абароны, і праз некалькі тыдняў пачынаюцца яго крыжавыя дарогі па краінах Еўропы пад бомбамі, гарачым сонцам, пакуль школа не перайшла да французскіх партызанаў. Акулава вайна з фашыстамі адбывалася на Заходнім фронце, у Італіі, у складзе 8-й брытанскай арміі. Яго асабісты ўдзел у ёй высока ацэнены англійскай (“Медаль за вайну”) і італьянскай (“Зорка Італіі”) узнагародамі.
1948 – 1954 гг. – рэдактар газеты “Беларускі эмігрант”. Супрацоўнічаў з рускамоўным эмігранцкім часопісам “Современник” і з парыжскім “Континентом”.
Як і кожнаму змагару за вызваленне Беларусі ад сталінізму і таталітарызму, дарога на Радзіму для пісьменніка была закрыта надоўга... Была польская вайсковая школа ў Англіі. Быў пераезд у Канаду, праца на ферме. Канчатковы прыпынак – Таронта, дзе пісьменнік жыве і зараз з жонкай-беларускай Надзеяй Вернай, якая нарадзіла яму чацвярых дзяцей, выдае газету “Зважай!” у сваім выдавецтве “Пагоня”, удзельнічае ў акцыях пратэсту супроць таталітарызму. Пра свой сённяшні дзень ён піша гэтак сама, як і раней, востра і бескампрамісна, як у вось гэтых вершаваных радках – адказе на закіды пра здраду радзіме:
Нашы сэрцы не знаюць патолі,
У бяздзейнасці рук не кладзём,
Пакуль родзічаў жуміць няволя,
Пакуль прыйдзе чарга вольных дзён (1, 34).
(“Адказ “роднапартыйнаму” Пятрусю”)
Жыве ў Таронта Беларус. Знаёміць далёкі свет з намі, з нашай і саёй краінай. Верыць у канчатковае вызваленне беларусаў ад манкурцтва, ад тутэйшасці, запальвае ў іх сэрцах іскрынкі нацыянальнай свядомасці.
КОЛЬКІ СЛОЎ ПРА “УСЯКУЮ ЎСЯЧЫНУ”
Кніжка выйшла ў 1984 г. Творы, што ўвайшлі ў яе, пісаліся ў розныя часы, але засведчылі адну лінію развіцця пісьменніка – гумарыстычна-іранічную, падчас блізкую да саркастычнай. Пісьменнік і ў “Россыпах”, і асабліва ў “Запісках Яўхіма Крайняга” дабіваецца такога ж эфекту ўздзеяння на чытача, якога некалі дабіліся Андрэй Мрый у “Запісках Сымона Самасуя”, Лукаш Калюга ў “Нядолі Заблоцкіх”, Максім Гарэцкі ў “Віленскіх Камунарах”. Смех пануе ў многіх сцэнках і эпізодах названых твораў.
Праз смех раскрываюцца характары людзей, і ў першую чаргу – дарагіх і блізкіх, такіх, як маці, што здолела перамагчы адменнымі кланічамі паліцыянта, а ўся вёска змагла пабачыць сапраўдны сольны канцэрт гордай і незалежнай жанчыны (абразок “Матка”). З гумарам паказвае аўтар таксама бацьку свайго, які папругай адбіваў ахвоту ў дачкі сваёй Марусі, што вывучылася кравецкаму і кухарскаму майстэрству, “пшэкаць”. У загалоўку навэлы ўтрымліваецца схаваная іронія – “Паланізацыя праз Марусю”, якая паступова ўзмацняецца пастаноўкай гераіні ў трагікамедыйную сітуацыю і канчаткова выяўляецца ў усмешлівым і горкім (праз слёзы) заключэнні аўтара: “Гэтак скончыліся спробы акупантаў палянізаваць сям’ю праз Марусю”
Кастусь Акула можа смяяцца і злосна, і па-добраму, дзеля дабра. Дзеля дабра, нібы падахвочваючы, ідзе ў наступленне на палітычна пасіўнага пісьменніка кум Яўхім Крайні, выхоўвае і мабілізуе яго на барацьбу за нацыянальную ідэю словам, прыказкай, неўтаймоўнасцю і, здаецца, нават алагічнасцю сказанага ды ўчыненага. Вось як ён адчытвае свайго несвядомага аппанента: “ – Пра сваё-ж, а ня чужое. Глянь, вунь увесь наш беларускі рух варушыцца, а ты збоку гніеш, толькі зарабляеш ды кніжку папіхаеш. Ты зломак які, ці што (...) Дый апісвай, што робіцца. Некалі прыдасца. Кацялок твой добра варыць” (1, 7). У вуснах кума і яго аппанента – аўтара твора – набываюць значны сэнс і прастамоўі, і наватворы, і звычайныя словы, іначай зразумелыя і прачытаныя на адварот: “кругом ты не калена”, “гэта, братка, клыкастая справа”, “сьмягнуў во ў гэтым адлюдзьдзі”, машына – “чартопхайка-дрында”, “адназгодна” заміж “аднадушна”, “еміна” заміж “ежа” і інш. Аўтарскае апавяданне пры гэтым стыкуецца з героевым, набывае адзнакі нязмушанасці ў карыстанні рознастылявой лексікай. Пісьменнік не грыбуе ні простамоўямі, не вульгарызмамі, узнаўляе поўную, жывую, рэальную моўную карціну. Як, дапусцім, у гэтым вось канкрэтным выпадку: “Сталінава мардаха на самым пачэсным месцы красуецца, а тут з бакоў і іншыя тучныя рашкі, што, як казаў той добры чалавек, цагліны просяць” (апісанне аздаблення залы, дзе адбываецца кангрэс міру) (1, 23).
Чытаем іранічную самахарактарыстыку герояў твораў, сочым за кірункам аўтарскай думкі, за прыёмам травесціравання рэчаіснасці і адчуваем, што нешта падобнае было ў Андрэя Мрыя (самахарактарыстыка Самасуя), было ў Максіма Гарэцкага ў раздзеле “Бабулькіны авантуры” і ў іншых частках рамана “Віленскія камунары”, было ў аўтара “Нядолі Заблоцкіх” Лукаша Калюгі, які так добра валодаў дарам ужывання ў спіхалогію герояў, пастаўленых у трагікамедыйную сітуацыю. Кастусь Акула стаіць у адной шэрэнгі з гэтымі мастакамі і тады, калі паказвае ў “Гаваратцы” адмоўныя персанажы – адшчыпенцаў, абмылкаў здаровых сялянскіх сем’яў, што ўзаб’юцца на ўладны трон па прыходзе бальшавікоў, - Косціка Сабакевіча і Лявона Шпунта. Сатырычна-гумарыстычную лінію ў беларускай літаратуры замацуе ў “Ніжніх Байдунах” і Янка Брыль, якога пісьменнік-замежнік вельмі высока ацаніў у размове з Уладзімірам Арловым.
НА ШЛЯХАХ ЭПІЗАЦЫІ. РАМАН “ЗМАГАРНЫЯ ДАРОГІ” І ЛІТАРАТУРА ПРА ВЯЛІКУЮ АЙЧЫННУЮ ВАЙНУ
Беларуская літаратура пра 1941 – 1945 гады назапасіла значны вопыт праўдзівага адлюстравання тагачасных падзей, здолела ў асобах Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Віктара Казько, Івана Чыгрынава і многіх іншых аўтараў паказаць сапраўдны твар мінулай вайны, выявіць яе трагедыйны змест, упісаць у драматычныя абставіны складаныя характары. Са старонак “Знака бяды” і “Карнікаў”, “Суда ў Слабадзе” і “Птушак і гнёздаў” глядзіць на нас суровы твар Вялікай Айчыннай, гучаць галасы ахвяраў суровай навалы. Але ўвесь спектар праблемаў, пастаўленых вайной, так і не змаглі раскрыць нават самыя таленавітыя беларускія пісьменнікі, якія глядзелі на падзеі 1941 – 1945 гг. са сваіх акопаў, з партызанскага і чырвонаармейскага берага. Для іх той бераг быў увасабленнем зла, спавітым чорным павоем, словам, чужым і варожым. Аднак там жа былі розныя людзі. Там кіпелі свае чалавечыя страсці і гарэлі-зіхацелі разнаколерныя пачуцці, і гучалі-пераліваліся розныя галасы. Ды гэтай рознасці нашыя пісьменнікі, запраграмаваныя на прастату і схематызм, драматызм мыслення, не бачылі, не ставілі перад сабой задачу ўбачыць.
Заслуга Кастуся акулы, як і Масея Сяднёва, як і Марціна Люціча (мы яго згадвалі вышэй), і Юркі Віцьбіча, вядомага ўжо ў даваенны час празаіка, заключалася ў тым, што яны глядзелі на вайну з супроцьлеглага нашаму берага, вачыма тых, хто пакінуў край, гнаны на Захад Чырвонай Арміяй, хто хацеў служыць (і пачынаў служыць) адраджэнню нават ва ўмоваз вайны і быў за гэта пакараны ўсім далейшым ходам падзеяў. Для нас гэтыя людзі сталіся здраднікамі, самі ж сябе яны лічылі ваярамі, змагарамі за волю. Пазіцыі дыяметральна разыходзіліся: нашы клеймавалі іх, называлі фашысцкімі прыслужнікамі, здрайцамі, яны называлі нашых “роднапартыйцамі”, нават Танка асмельваліся называць “дробнай партыйнаю пстрычкаю” (1, 37), а ўсіх савецкіх пісьменнікаў бальшавіцкімі паслугачамі. Дзякуючы “супрацьбярэжнасці”, адкрыліся таемныя старонкі гісторыі – як па спецзаданню дзейнічалі не толькі немцы, паліцэйскія, але і партызаны, як катавалі адны і другія, як рабавалі селяніна і ўдзень і ўначы, не давалі яму ні хвіліны супакою. Перад намі раскрылася бездань перажыванняў бесхацінцаў-выгнанцаў з роднага гнязда, змушаных грэцца каля чужога агня на чужым беразе. Праўда пра вайну, дзякуючы эмігранцкай літаратуры, такім чынам, стала больш шырокай, глыбокай і аб’ектыўнай.
З’віліся новыя, нязнаныя да гэтага ці толькі намечаныя нашай літаратурай характары: патрыёт-адраджэнец (Кастусь Дзежка, Віктар Караткевіч, Сымон Спарыш у “Змагарных дарогах”, Янук Базмач, Падгайскі, Яўген Князь у “Гаваратцы” Кастуся Акулы, Раман Кордзюк у аднаіменным рамане Масея Сяднёва), прайдзісвет, адшчапенец, які становіцца правадыром народа, яго кіраўніком пры таталітарнай бльшавіцкай уладзе і здраджвае народу ў трагедыйных абставінах (Косцік Сабакевіч, Лявон Шпунт у “Гаваратцы” Кастуся Акулы), чалавек, які проста хоча выжыць у віхурны час, перасядзець небяспеку, устрымацца ад спраў паліцыянцкіх ды партызанскіх (апавядальнік Мікола ў рамане Масея Сяднёва “І той дзень надышоў”).
У эмігранцкай літаратуры больш абвострана, чым у нашай савецкай, паўстала нацыянальная праблема, праблема адраджэння, якая надала ёй унутраную, змястоўную і кампазіцыйную цэласнасць, акрыліла і згарманізавала яе на першапачатковым і пазнейшым часавым вітку. Таму гэта пераважна літаратура аднадумцаў-адраджэнцаў, настрой якіх выявіў ці не лепей многіх іншых Лявон Случанін у вершы “Ёсць і нам чым ганарыцца”, датаваным 1942 годам:
Ёсьць і нам чым ганарыцца –
Што маглі мы ня згубіцца
Сярод хітрае маны.
На свабодзе, пад прымусам
Быў і будзе беларусам –
Скарбам самым даражэйшым –
Той, хто зваў сябе тутэйшым, -
Беларускі мірны люд (9, 56).
А між тым літаратура ў нашай краіне гэтую тэму закранала надзвычай слаба за выключэннем Купалы з яго вядомым “Людзьмі звацца”, Кузьмы Чорнага – песня якога – пра разбуранае ды не знішчанае гняздо, Івана Мележа, вернага народу свайму. Рад гэты цяжка прадоўжыць, бо вартасных твораў на гэтую тэму было мала, бо для нас “адкрыццём” стала, здаецца, такая натуральная з пункту гледжання логікі гісторыі Багдановічава “Пагоня”. Толькі эмігранцкая літаратура здолела на поўны голас выгукнуць ідэю нацыянальнага вызвалення, тым самым як бы падхапіўшы з рук эстафету ў Багдановіча, Купалы, Коласа, Чорнага.
Кастусь Акула гэтай ідэяй жыў і жыве, пачынаючы з першага рамана (больш правільна, здаецца, назваць гэты твор дакументальнай аповесцю) “Змагарныя дарогі” (1962) і заканчваючы пакуль апошнім па часе творам гэтага жанру “За волю” (1991). “Змагарныя дарогі”, акрамя таго, што дакументальны, яшчэ і аўтабіяграфічны твор: дарогамі сваіх герояў-сяброў Сымона Спарыша, Кастуся Дзежкі, Віктара Караткевіча ён прайшоў сам. Аўтар уступнага артыкула да замежнага выдання Станіслаў Станкевіч называе кнігу “аўтабіяграфічным дзённікам аўтаравых назіранняў зь мінулае вайны і такім чынам належыць не да мастацкае ў сьціслым ейным значэнні, але (...) да мэмуарнай літаратуры, адно пададзенай у мастацкай форме” (2, 3). Можа такое вызначэнне жанравай спецыфікі “Змагарных дарог” самае правільнае, бо кніга ўяўляе сінтэз супярэчлівых пачаткаў – рэяльнага і прыдуманага, апісальнага і займальнага, філасофскага і бытавога, далёкага ад блізкага ў часе, гераічнага і камічнага, агульнароднага і суб’ектыўнага, індывідуальнага.
Доктар Станкевіч правільна, на нашу думку, вызначае і асноўны ідэёвы пафас амаль шасцісотстаронкавай кнігі як пафас трагедыйна-гераічны: народ, моладзь могуць толькі “маральна” супроцьстаяць ворагу з-за няроўнасці сіл, а таксама падкрэслівае цэласнасць пісьменніцкай канцэпцыі ваеннай рэчаіснасці: “Перажыванняў галоўнага героя апавядання Сымона Спарыша нельга ўспрымаць абыякава. Замнога ў іх болі і жыцьцёвае праўды, каб прайсьці міма іх, як звычайна праходзім каля перажываньняў фікцыйных літаратурных пэрсанажаў. Увесь жах цярпеньняў беларускага народу ў умовах жорсткага нацыянальнага паняволення даваеннае Польшчы, бальшавіцкае Расеі й напаследак гітлераўскае Нямеччыны паказаны ў перажываньнях Сымона Спарыша, як і ў дыгрэсіях, паходзячых ад самога аўтара зь незвычайнай жыцьцёвай сілай і прўдай” (2, 5). Вядомы знаўца нашага нацыянальнага мастацтва падкрэслівае таксама і яшчэ адзін вызначальны момант – тое, што пісьменнік “ня толькі рэгіструе вядомыя яму здарэнні й факты, ня толькі выводзіць цікавыя й часта ўдала зьіндывідуалізаваныя постаці людзей, але (...) углыбляецца ў сэнс гэтых здарэнняў, знаходзіць прычыны, што іх выклікаюць, дае ім глыбокую маральную й палітычную ацэнку, раскрывае духовы зьмест людзкіх перажыванняў і імкненняў” (2, 4).
Сам жа аўтар ў сваім лаканічным уступным слове да кнігі акцэнтуе ўвагу на моманце грамадска-палітычным, падкрэслівае, што толькі ва ўмовах адноснай свабоды, як на Захадзе, можна стварыць, праўдзівае мастацтва, незалежне ад кан’юктуры, ад дыктату таталітарнай улады: “Партыйныя прыслужнікі Масквы ў навуцы й культуры набіваюць кішэні бальшавіцкімі чырвонцамі за мізэрна-хвальшывыя працы, дзе намагаліся й намагаюцца ў крывым люстэрку паказаць той векапомны час. Тыя-ж, для якіх праўда, сьветлая маральнасьць, гонар і чыстае сумленьне даражэй юдаўскіх маскоўскіх прэміяў, бляшак-мэдаляў ды тытулаў, прымушаныя сяньня маўчаць, чакаючы на лепшую будучыню, калі змогуць тварыць бяз прымусу” (2, 7).
Што ж новае ў тэматычна-ідэйным, змястоўным плане можна адзначыць у запісках Кастуся Акулы? На гэтае пытанне адкажуць толькі літаратуразнаўцы, гісторыкі, філосафы, культуролагі разам, бо само паняцце “вайна” надзвычай ёмістае, агульназначнае. У гэты драматычны перыяд простых задач і рашэнняў не было. Народы і асобы паўсталі перад выбарам (што давёў нам, здаецца, пераканальна, доказна Васіль Быкаў). І кожны знаўца яе (тым больш яе ўдзельнік) можа прапанаваць сваю канцэпцыю таго, што адбывалася.
Беларускія савецкія пісьменнікі, хто паслядоўней, хто з пэўнымі адхіленнямі, прытрымліваліся ў цэлым версіі пра гераізм савецкага народа і яго кіраўнікоў, партызанаў-мсціўцаў у барацьбе з фашыстамі, паліцэйскімі. З гэтага берага бераг чужы выглядаў змрочным і чорным. Тое, што было паміж берагамі, вагалася, затым ці дэградавала, ці (што было часцей) празравала, прачыналася, шукала сувязяў з ляснымі героямі, брала ў рукі зброю (героі Івана Шамякіна з першага да апошняга твора, Міця Птах і яго сябры-юнакі з трылогіі Івана Навуменкі і г.д.). Былі такія, захоўвалі сваю самостойнасць, шукалі іншага выйсця з трагедыйнага становішча (Масей Зазыба ў Івана Чыгрынава, Петрык Багацька, Азевіч у Васіля Быкава і інш.).
Нашымі савецкімі пісьменнікамі не чапаліся многія старонкі вайны, а калі і чапаліся, дык інтэрпрэтаваліся аднабакова. Так, напрыклад, зусім не паказвалася дзейнасць БЦР, Арміі Самааховы, школаў і органаў асветы на тэрыторыі Беларусі, ні слова не было напісана пра трагедыю бежанцаў-беларусаў, якія мусілі з немцамі ўцякаць на захад са сваім скарбам і якім на заўсёды закрываўся шлях назад, на Радзіму. Па-за ўвагай мастакоў слова засталася культурна-асветніцкая праца членаў Саюза беларускай моладзі (СБМ), не раскрывалася аб’ектыўна роля беларускай інтэлігенцыі, што і пад немцамі намагалася захаваць і адрадзіць нацыянальную культуру, гераічную гісторыю народа, клікала людзей супрастаяць замежнай інтэрвенцыі. Праўда, тут не ўсё было гладка. Часта дзейнасць фашыстаў і ўсходнікаў-бальшавікоў прыроўнівалася, многае толькі мянялася месцамі: партызаны выдаваліся за катаў, а паліцэйскія – за патрыётаў-незалежнікаў, гуманістаў. Аднак і такі “доказ ад супроцьлеглага” неабходны, бо да гэтага пераважала бяздоказнасць, афіцыйная версія мінулай вайны (“роднапартыйная” – як выказаўся Кастусь Акула) прымалася як аксіёма.
Пісьменнік-эмігрант дапаўняе нашыя звесткі пра вайну шмат якімі старонкамі сваёй дакументальнай эпапеі, і ў гэтым заключаецца яе неацэннае значэнне. Ужо ў пачатку, у “Часьці уводнай”, ён дае, на яго думку, аб’ектыўнае, дакументальна-праўдзівае апісанне таго, што дзеялася на Беларусі ў 1941 -–1944 гг.: быў ажыццёўлены адміністрацыйны падзел; хоць і з вялікімі абмежаваннямі працавалі пачатковыя і сярэднія школы з беларускай мовай выкладання; існавалі шасцімесячныя курсы настаўнікаў і пры тым адчуваўся востры недахоп кадраў; “беларуская патрыятычная моладзь намагалася выкарыстаць час і скупыя магчымасці для падняцьця народнае асветы й усеагульнага нацыянальнага ўсьведамленьня” (2, 11).
Звернем увагу, што ў спецыяльным падраздзеле “Гітлераўская палітыка вынішчэння й дапаможныя акупанты Беларусі” пісьменнік справядліва ацэньвае фашысцкую палітыку ў адносінах да беларусаў (“Вынішчэньне было ў духу, часу й згоднае з тэўтонскай традыцыяй”), называе ў ліку памагатых гітраўцаў і бальшавікоў, якія спрычынілі сваімі налётамі карныя аперацыі нямецкай арміі, і польскую Армію Краёву, і рускую дывізію Камінскага на Бабруйшчыне, і брыгаду Радыёнава на Лепельшчыне і Глыбоччыне (па сведчанню Ю. Віцьбіча, апошні загадаў расстраляць 3000 чалавек – сярод іх старых і дзяцей – за тое, што ніхто з іх не звырнуўся да яго за літасцю на расейскай мове) і латышоў, якія ў Асвейскім раёне знішчылі 15 000 беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў.
Захоўваючы дакументальнаю аснову, К. Акула паведамляе чытачам пра “беларускія збройныя аддзелы” (як ён сам піша), іх мэты, лічыць, што яны былі створаны са згоды немцаў, мелі тактычнай мэтай дапамагчы ліквідаваць партызаншчыну, а стратэгічнай – абараніць край ад захопнікаў з Усходу і Захаду. Вядома, падобны падыход – адваротны выпрацаванаму савецкімі гісторыкамі і наўрад ці аб’ектыўны, але заслуга мастака ў тым і заключаецца, што ён адкрывае чытачу “лабараторыю” стварэння і дапаможнай паліцыі, і войска самааховы – навагрудскага беларускага эскадрона, і чугуначнага батальёна, арганізаванага вясною 1942 г. у складзе звыш 1000 чалавек, і беларускага спецыяльнага батальёна на чале з нямецкім афіцэрам маёрам Юнкерам, паказвае, чым займалася Беларуская афіцэрская школа ў Мінску, на чале якой стаяў спачатку муж Наталлі арсенневай Францішак Кушаль, ды больш за ўсё да яе прычыніўся яго намеснік Віталь Мікула, што быў з курсантамі да канца іх Адысеі. З кнігі мы даведваемся таксама пра сам працэс стварэння Беларускай Краёвай Абароны, у выніку якога, са згоды акупантаў-фашыстаў і пры іх жорсткім кантролю, 10 сакавіка 1944 г. была абвешчана ўсеагульная мабілізацыя і пастаўлена “пад ружжо” 50 000 рэкрутаў. БАК налічвала ў сваім складзе да канца вайны 44 батальёны пяхоты і 1 сапёрны, пазней была інтэрніравана за мяжой. Прыведзеныя пісьменнікам дадзныя, факты дапамагаюць і пісьменнікам, і гісторыкам прыйсці да больш глыбокіх вывадаў пра складаную пераплеценасць падзеяў у гады вайны, пра цяжкі працэс самавызвалення людзей у суровыя гады, пра ступень віны тых маладых юнакоў, якія далучыліся да крывавай эпапеі ў свае юнацкія гады ў канцы яе, далучыліся па загаду-прымусу. Пра што яны думалі, раз-пораз сутыкаючыся з партызанамі, са сваімі затырканымі бацькамі, якіх удзень гвалтавала нямецка-паліцэйская, а ўночы – партызанска-савецкая ўлада? Як было ім там, за мяжою, адвучаным і адлучаным вайною ад мірнае сялянскае працы, гаспадарскіх клопатаў? З савецкай літаратуры мы не вычытаем пра іх амаль нічога, бо ўсе яны былі занесеныя ў чорныя спікі, бо ўсім ім, оптам, а не паасобку, сталінскі рэжым рыхтаваў вісельню, а калі не ўдалося раструшчыць ці загнаць за калючы дрот усіх разам, іх, як маглі, пры дапамозе ўладаў-сатэлітаў, вылоўвалі па адным і знішчалі. Так, як напрыклад, вылавілі нязломную беларускую паэтку Ларысу Генюш.
Кніга Кастуся Акулы адкрывае нам “змагарныя дарогі” адрынутых краінай-паланянкай сыноў і дачок, бесхацінцаў-пакутнікаў. У гэтым яе найвялікшая каштоўнасць. Дакументальны пачатак – яе першая, але не адзіная душа, бо другой душой стаўся пачатак мастацкі, сталіся яскравыя, жывыя, сакаўныя карціны жыцця народа і яго асбных прадстаўнікоў, жыцця, у якім нават эпізадычныя персанажы не растварыліся, не ўспыхнулі ды адразу ж згаслі, а засвяціліся яркімі зорачкамі. За кожай сцэнай, кожным эпізодам кнігі-споведзі невыносны боль, перажыванне, самадакаранне, высокая і страсная эмацыянальнасць. Паставім побач дзве сцэны ў сувязі са сказаным: сцэна бежанства на Захад усіх, хто пры немцах не адседжваўся, а працаваў, зарабляў сабе на хлеб, адным словам, - не быў Рабінзонам крузо на нежылым востраве, у тым ліку і тых, хто ні ў чым не быў вінаваты перад савецкай народнай, гуманнай уладай, і побытавая, якая “вырастае” са сваіх абмежавальных рамак, - хлопцы-гімназісты ў Вільні, на кватэры былога гаспадара Веньця, які, вядома, за працяглы час загнаў усе пакінутыя імі рэчы і да таго ж здзекуецца з хлопцаў-беларусаў – гэткі оберменш у мініяцюры.
Першая карціна яскравая, каларытная, і яе прыгажосць абумоўлена нечаканасцю самаго матэрыялу – мы ж усе чыталі сцэны бежанства на ўсход, а тут – бежанства ў супрацьлеглым кірунку, бежанства, трэба думаць, нашых ворагаў. Але чытаеш сцэну, і “ворагі” аказваюцца проста людзьмі, якія клапоцяцца пра свой небагаты скарб, маглі б пры гуманістычным урадзе і не кранацца з свайг гнязда, і не пераносіць усіх цяперашніх і будучых пакутаў: “Пабачылі б старых і малых абаіх родаў, босых і абарваных, галодных і сытых, хворых і здаровых. Убачылі б вы палешука, што на возе побач із клункам вёз свінку, а ззаду за возам валок прывязаную кароўку” (2, 94); “Анямела, прытуліўшыся ў цень дрэва, галасьлівая птушка, далёка ад грукатлівае дарогі адляцеў вясёлы жаўрук. Грукаціць тая дарога сотнямі жаўнерскіх і конскіх падковаў, тысячамі колаў цяжкіх грузавікоў, енчыць і стогне пад цяжарам панцырных вазоў (...) Паволі пасоўваецца доўгая чорная калёна, першага змучаньня крокам выбіраючы пабочныя, прыдарожныя сьцежкі. Звычайна маюць тыя сьцежкі два кірункі, але гэтым разам усе падарожныя, а была іх колькасьць не злічоная, кіраваліся на захад” (2, 50).
І другая, згаданая вышэй, сцэна – ужо не эпічна-шырокая, а “камерная” – хлопцы забеглі ў вольную хвілінку да былога гаспадара, пытаюцца пра свае рэчы, мрояць пра добры пачастунак. І якую ж сустрэчу наладзіў сваім былым кватарантам, цяпер курсантам Школы беларускіх афіцэраў пан Веньць? А такую ж (толькі без рукапрыкладства), якую наладзілі свядомаму беларусу Міцю Корсаку ў жандармскім пастарунку нашы былыя, з Захаду, уладары-чужынцы: “ – О-о-о! Каго я бачу! – зь няскрыванай іроніяй, выйшаўшы з кухні, пачаў Веньць. – Праўдзівыя рыцары бяларусіны! Маеш гонар! Маеш гонар! – прадаўжаў зьедліва. – О, а што ж гэта ў вас на шапках? – зрабіў Веньць грымасу, прыглядаюцыся бліжэй Пагоням, - Пагоня! Ох, не! Нават і гэрб мусілі ад літвінаў украсьці! Ха-ха-ха! Але-ж то й войска! Хэ-хэ... (...) Але-ж і камэдыя! - –ьмяяўся, не зважаючы на Кастуся, закасваючы ніжнюю лупіну, Веньць. – Ну і як-жа вы так? Збудавалі тую сваю Бялорусь? Рыцэжэ!.. Хэ-хэ... А дзе ж ваша зброя?” (2, 64).
З гэтай маленькай сцэны, не ў меншай ступені, вынікае вялікі боль народа, якім, гаворачы словамі вялікага песняра, “сляпым і глухім”, пагарджалі ўсё, каму не лянота, хто засвоіў за амаль тры стагоддзі, што тут ў самым цэнтры Еўропы, можна паласавацца, што тут за здзек і гвалт не ўкінуць як след, прамаўчаць ці нават узнагародзяць.
Пісьменнік дасягае сапраўднага майстэрства ў падобных і масавых, і бытавых сцэнах. Ён знаходзіць адпаведныя настрою фарбы, тропы, паслядоўна нарошчвае эмацыянальнасць. Вядома, значнага мастацкага эфекту ён не дасягнуў бы, каб на свае вочы не бачыў, што рабілася ў перыяд эвакуацыі, як сотнямі, тысячамі паглынала ненажэрная вайны людзей. Вось адна з найбольш уражлівых сцэнаў – бамбёжка Вільні: “Даўгія й сытыя кадаўбы цягнікоў пачалі ў нязьлічоных месцах займацца буйным полымем, зьверху закончаным дымам. І як быццам-бы на нейкую часінную, маланкавую, магутную, усеабдымную каманду гэтыя цягніковыя кадаўбы пачалі сыпаць пад свае колы й жываты сотнямі жывах, цьвярозых і поўнасьцяй прытомных, дрыгаючых, рэдка яшчэ пакалечаных людзкіх целаў. Быццам тыя майскія жукі, магутным штуршком рукі пазбаўленыя тысячаў галінак і лісточкаў клёну, лопалі яны глухім градам на мулкі жвір і, быццам чэрві, паўзлі пад шырокія жываты цягнікоў. А зьверху, быццам з адчыненага на ўсе вароты пекла, без найменшага перапынку неслася лявіна цяжкога, выючага й стогнучага мэтала” (2, 68).
У “Змагарных дарогах” па высокім рахунку раскрыты характары не толькі асобных удзельнікаў ваенных падзей, але і цэлых нацый. І тут, думаецца, найбольш пашанцавала германцам. Раз-пораз на працягу амаль усёй шасцісотстаронкавай эпапеі аўтар рэалізуе задумку – даць разгорнуты партрэт заваёўнікаў, обермэншаў, звыклых да парадку і дысцыпліны і нязвыклых да адступленняў, паражэнняў і няўдач. Вось яны, знерваваныя ад няўдач, паводзіць сябе адпаведным чынам пры адступленні: “Немцам здавалася, дарэчы, зусім правільна, што грунт пачаў ламацца пад нагамі. Яны рабіліся нэрвовымі й азьвярэлымі. І калі мо яшчэ той зямельны грунт не ламаўся, то ўсё-ж нельга забывацца, што мусілі яны спраўляць хаўтуры па сваіх вялікіх марах і летуценьнях аб вялікай Нямеччыне, аб гэтак званай “Новай Эўропе”, дзе немец меў быць панам, а ўсе іншыя, здэградаваныя да пазіцыі “унтэрмэншаў”, мелі на яго працаваць” (2, 95).
Адзначае пісьменнік звыкласць гэтай нацыі да захавання парадку нават у самых экстрэмальных умовах, уменне народа мець выгаду менавіта ў такім парадку, у такой арганізаванасці. Вайна заканчвалася не на іх карысць. Маршыравалі па іх дарогах іх колішнія памагатыя, лакеі і проста выгнаныя са сваіх хат “чужнікі” (слоўца К. Акулы). У ліку гэтых чыжнікаў-чужынцаў курсанты Беларускай школы афіцэраў. Ідуць хлопцы каля жытняга поля, амаль з саспелымі каласамі. Адзін з іх адхінуўся, сарваў каласок, пасмакаваў зярнятка ды кінуў. І адразу ж за гэтым ідзе ўчынкам рэакцыя раз’юшанага немца-даглядчыка: не чапай, маўляў, чужое; гэта табе не Расія. Запомніцца хлопцам назаўсёды гэты ўрок – і нянавісці да іх, чужых людзей, “прыхадняў”, і любоў да парадку, арганізаванасці ва ўсім, нават у незаўважных дробязях. Можа таму і квітнее гэтая нацыя, пераможаная пяць дзесяткаў гадоў назад, што шануе і беражэ арганізаванасць, кампетэнтнасць, стараннасць.
Кастусь Акула даводзіць, што немец, “хоць будзе бачыць, што скора трэба йсці ў палон да праціўніка, але ня кіне стрэльбы, пакуль мае патроны. Немец, наканец, калі ўжо трапіць у палон, то будзе падпарадкоўвацца ўсім загадам канвойнага, рэдка іх квэстыянуючы ці плянуючы ўцёкі; ён-жа, калі й краіна яго пераможана ды разьбілі ўсе нядаўнія пляны й літуценьні, адразу, быццам той муравей, бязь лішніх нараканьняў і разважаньняў, бярэцца за адбудову разбуранага жыцьця. У гэтым і ляжыць жывучасьць, сіла й дынамізм нямецкага народу” (2, 97).
Пісьменнік у лепшых традыцыях светавай літаратуры выкрывае пачварнасць вайны, паказвае яе антынародны характар, лічыць, што гэта была вайна двух таталітарных рэжымаў, фашасцкага і сталінскага. Сучасна гучаць словы К. Акулы пра тое, што ў войназ такога характару “найбольш церпяць найменш вінаватыя й найбольш пакрыўджаныя, найбольш пераносяць і гаруюць самыя бедныя і з прычыны гэтай беднасьці найменш развітыя” (2, 96). Народы – найбольш беларускі, а таксама рускі і нямецкі – высткпаюць у такіх войнах ахвярамі: “Пры гэтым змаганьні не маглі стаяць побач бязьдзейна й самыя звычайныя немцы – сяляне й работнікі, якія і з гэтай вайны, калі-б яна й была выйграна, мала, а мо і нічога не скарысталі-б. То была ня іхняя вайна. Гэта была бойня раз’юшаных нацыстых, функцыянераў-пртыйцаў і вялікіх хвабрыкантаў, высокае вайсковае знаці й найбольш і перадусім вайна няпоўнага розуму капраля-“фюрэра” (2, 96). Выкрыццё захопніцкага з боку фашыстаў і не менш захопніцкага з боку “функцыянераў-партыйцаў” характару вайны і становіцца асноўным пафасам дакументальнай кнігі Кастуся Акулы. І яшчэ адна думка праходзіць праз таленавіта напісаны твор – думка пра неўміручасць Беларусі і беларусаў, гэтых звычайных сялянскіх хлопцаў – Кастусёў, Сымонаў, Віктараў, якія выжылі, выстаялі, прайшлі сваімі ўкрыжаванымі, “змагарнымі” дарогамі тысячы, дзесяткі тысяч кіламетраў, каб толькі сёння, ва ўмовах адносных свабод, займець права вяртання на сваю Радзіму, у свой Крывіцкі край.
Кніга “Змагарныя дарогі” сталася як бы стартавай пляцоўкай для напісання выдатнага твору Кастуся Акулы – ягонай трылогіі “Гаваратка” і пазней закончанага рамана “За волю”, бо ў ёй на поўны голас загучала ідэя нацыянальнай свабоды, бо на яе старонках з’явіліся героі-двайнікі, якіх бачым у тэтралогіі. Тое, што мела найперш дакументальную аснову, атрымала новую вопратку – ператварылася ў высокамастацкую прозу.
Публікуецца на
сайце з ласкавай згоды Магілёўскага
Таварыства БРАМА
|