БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Выдавецкія сэрыі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Мікола Мішчанчук, ЗЯМЛЯ ЧУЖАЯ НЕ САГРЭЕ...

Мікола Мішчанчук

“ГАВАРАТКА” ЯК ЗНАЧНЫ НАБЫТАК БЕЛАРУСКАГА ЭПАСУ
З гісторыі напісання. Дакументальная аснова твора.

Раманная трылогія “Гаваратка складаецца з трох кніг – “Дзярлівая птушка” – яе першая частка, “Закрываўленае сонца” – частка другая і “Беларусы, вас чакае зямля” – частка трэцяя. Усе яны вышлі ў Таронта, у выдавецтве “Пагоня”, створаным аўтарам, адпаведна ў 1965, 1974 і 1981 гадах. Раманы маюць несумненную дакументальную і аўтабіяграфічную аснову, аўтар паказвае жыццё вёскі ў перыяд польскай, затым бальшавіцкай і, нарэшце, гітлераўскай акупацыі, разгортвае як шырокія, панарамныя, эпічныя карціны народнага жыцця, найперш звязаныя з войнамі, так і бытавыя, сямейныя, туга завязвае вузел як палітычных і філасофскіх пытанняў (народ, нацыя, гісторыя, Радзіма і бесхацінства, народ і ўлада, народ і вайна, чалавек і зямля), так і сямейна-бытавых (каханне маладых людзей, узаемаадносіны бацькоў і дзяцей, праца селяніна і яе кошт, маральнасць і амаральнасць узаемаадносін паміж людзьмі розных веравызванняў і г.д.). У повязі агульнага і прыватнага, агульнанароднага і суб’ектыўна-асабовага і заключаецца сіла раманаў, іх адметнасць.

На старонках усіх трох кніг мы прачосваем лёс сям’і Бахмачоў – Пракопа, яго жонкі Алены, забітай наглядчыкам панскага лесу Бжончыкам за назбіраныя ягады, Янука – пастушка-найміта, а затым дэлегата з’езду беларусаў свету ў Мінску, Міколы, які з-за калецтва не ўдзельнічае ў пазахатнім ды пазагаспадарскім жыцці. Гэта лёс сям’і Качаноў, можа, тыпізаваны, дамаляваны фантазіяй. Што гэта так, можна лёгка пераканацца, параўнаўшы біяграфію Кастуся Акулы (Алеся Качана) і сцэны раманаў – вучоба ў Віленскай беларускай гімназіі, турма, школа афіцэраў і г.д. І пейзаж, і вобраз дуба Архіпа пасярод грудка зямлі, Празванага Гавараткай, таксама маюць рэальную аснову. Такім чынам, у каторы раз мы пераконваемся, што мастацтва нараджаецца паводле асэнсавання жыццёвых рэалій, што прыдумаць яго, “высасаць з пальца” амаль немагчыма. Рэальная аснова “Гавараткі” – прырода і людзі Беларусі, жыццё зрабаванага ды не зломленага, не пастаўленага на калені народа.

Ідэйна-тэматычнае наватарства раманаў, хутчэй за ўсё, заключаецца ў тым, што, як і ў “Змагарных дарогах”, аўтар па-новаму падышоў да ацэнкі гістарычных падзей і народнага лёсу ў цэлым, не з пазіцый “роднапартыйных”, а з пазіцый агульначалавечых. Ды пра гэта лепш паспавядае чытачу ён сам: “...творчую працу над “Гавараткай” папярэдзілі доўгія роздумы. Творчая ідэя мусіла дасьпець. Трэба было яе вынасіць у сэрцы. Пад час гэтага выношваньня ці раз даводзілася шкадаваць, што няма пад рукою сырца, значыцца розных гістарычных і мэмуарных матэр’ялаў, што памаглі-б заглянуць у народную мінуўшчыну (...) народныя мудрацы й самабытныя творцы якраз і былі тымі жыцьцядайнымі клеткамі, празь якія ў чужой няволі пульсавала беларуская нацыянальная кроў. Гэта ў найбольшай меры былі тыя ўстойлівыя карэньні, якіх ня змог падсеч чужы варвар-прыблуда” (3, 6). Нацыянальная ідэя – вось што прываблівае аўтара. Гэта яго трывожыць, гэта яго непакоіць больш за ўсё. Ён лічыць, што тэма нацыянальнага самазахавання народа невычэрпная, да гэтага часу слаба пачапаная. А калі гаварыць вобразна, то яго цікавіць тэма “родных карэнняў”, якой больш актыўна жыла беларуская літаратура ў другой палове ХІХ стагоддзя, у нашаніўскі перыяд і недзе да канца 20-х гадоў. Падобную сваю захопленасць, ад якой і галоўная думка трылогіі, ён таксама раскрывае ў прадмове да “Дзярлівай птушкі” “Ад аўтара”: “Працэс падсяканьня чужнікамі нашых родных карэньняў, устойлівасьць і рост гэтых карэньняў, цяжкое змаганьне з чужой навалай – тэма вялікая, удзячная й цікавая. Яна даўно кліча да працоўнага варштату творцаў беларускае культуры” (3, 7).

Аднак у адрозненне ад савецкіх пісьменнікаў, у тым ліку незабыўных Гарэцкага, Коласа, Купалы, Чорнага, Мележа, Адамчыка, Кастусь Акула ў нацыянальнай тэме выбірае свой ракурс – яго найперш цікавіць сам працэс падсякання каранёў народнага жыцця, прыёмы і метады, якімі чужынцы дабіваліся сваіх шавіністычных мэтаў: “Вырадкі, што ёсьць у кожным грамадстве й народзе, быццам тая буза на чыстай крынічнай вадзе, засьмечваюць народны арганізм. Калі-ж чужая ўлада намагаецца падпарадкаваць гэты арганізм шляхам распалажэньня, нікчэмнікі гэтыя становяцца шкоднымі й ненажэрнымі бацыламі, упіваюцца ў жывую мякаць народнага цела, ідуць на здраду сваім і на службу ворагам. Калі прыгадаеш, што за панаваньне над нашым народам вось ужо доўгі час змагаліся дзве ці тры варожыя сілы, усьведаміш лёгка, чаму гэтыя вырадкі-нішчэмнікі былі ў вялікім спросе” (3, 7). Ніхто з беларускіх пісьменнікаў, што жывуць на Радзіме, на першую пазіцыю не паставіў рэалізацыю падобнай задачы, не адважыўся назваць усіх акупантаў акупантамі.

Для Кастуся Акулы аднолькава ненавісныя захопнікі палякі, рускія і немцы. У кожнай з трох частак – яны нібыта гаспадары на нашых землях і па-свойму, то больш-менш інтэлігентна, баючыся, што не здужаюць, не перамогуць ні фізічна, ні духоўна (палякі), то напорліва, грэсіўна, безаглядна, прыкрываючыся дэмагагічнымі фразамі пра калгасны рай і скупліваючы ўсё крамнае (бальшавікі, “маскалі”), то разам агнём-мячом і пранікам дзейнічаючы – заклікаючы народ да працы на сваёй зямлі, да парадку і паслушэнства па-нямецку (гітлераўцы, фашысты). “Адно і тое ж!” – крык аўтаравай душы і душы народнай праходзіць-пракочваецца па трох частках “Гавараткі”, узмацняецца пад канец, калі лепшыя сыны народа Падгайскі Кастусь, Дзяркач Антон, Янук Бахмач і яго жонка Дуня рыхтуюцца да барацьбы за вольную Беларусь з бальшавікамі, стаць “лесавікамі”.

Паглядзім, рэалізуецца згаданая ідэя ў аналагічных сцэнах з трох частак трылогіі: польская ўлада выхоўвае Бахмача Пракопа – селяніна, які не хоча скарыцца, на ўсё мае сваю думку, да таго ж перажывае страту цяжарнай жонкі за нізавошта – назбіраныя ў лесе маліны; выпадак – сустрэча Чырвонай Арміі-вызваліцельніцы, што вылівалася ў забойства невінаватай актывісткі; Янук Бахмач толькі што выйшаў з турмы і назірае сцэну – мітынг першага выпуску беларускіх афіцэраў. Тры сцэны, тры выпадкі, тры эпізоды, а думка адна і тая ж -–чужынцы дыктуюць сваю волю народу, стараюцца зламаць яго сілаю, зброяю.

Выпадак першы... На душы ў чалавека крываточыць: толькі-толькі забілі два жыцці, закрылі свет чалавека. Прымусілі падпісаць паперу пра невінаватасць Бжончыка – панскага цівуна, пра тое, што смерць жонкі – няшчасны выпадак. Спакойна спіць святар Абухаў, што не даў згоду адпяваць нябожцычу па вельмі простай, бытавой прычыне – няма ў Пракопа Бахмача двух запатрабаваных пудоў жыта, а Пракопу не да сну. Ужо не раз мільгануў у яго вачах і свядомасці вобраз “дзярлівай птушкі” – сімвалу улады польскай. І вось гэтаму і так знерваванаму чалавеку падкідаюць бальшавічкія лістоўкі, арыштоўваюць і пасадысцку збіваюць у пастарунку. Не шкадуе кулакоў “служка закона” недавук і неданосак у маральных адносінах Адась Лазінскі – па блаце ўзяты на службу: “І любаваліся дзецюковы рукі кожнай часткай Пракопавага цела. Парабілі яны крывавыя пісягі на сялянскай спіне, сінякі на твары, пухліны пад пятамі”, “А цяжкі стогн так шчодра саладзіў пустую Адасяву душу” (3, 167). Не выпадкова і самі сяляне, і аўтар твора надзяляюць не раз эпітэтам “дзярлівая” і птушку – герб, і саму ўладу. “Дзярлівая ўлада” – падумалася і Пракопу Бахмачу. Улада, якая пазбавіла людзей правоў хадзіць ў лёс, мець зямлі па патрэбе, адстаяць сваё права звацца беларусамі. Яна пазбавіла б іх і дыхаць паветрам, ды гэтага зрабіць немагчыма.

Новую уладу людзі чакаюць з трывогай. Пераважная большасць людзей, працоўнікі-сяляне. А чаго ім, здавалася, трывожыцца? Прыносяць на танкавай брані русагаловыя браты вызваленне. Улада ж працоўная, няўжо яна будзе такой сама дзярлівай, як і ранейшая? Хай бы хваляваліся ды перажывалі паны і падпанкі, асаднікі Лазінскі, Паўлоўскі, іх памагатыя? Аднак у рамане “Закрываўленае сонца” спрацоўвае не традыцыйная ідэя “вызвалення”, а ідэя далейшага заняволення, далейшых стратаў маральнасці, духоўнасці, падсякання каранёў пры новай уладзе. Калі першая была “дзярлівай”, то тая, што за ёй прыйшла, - ужо крывавая, чырвоная. І сустракаюць яе далёка не лепшыя сыны зрабаванага народа – Лявон Шпунт – дарожных спраў майстар, бабнік, і ягоны сыбра Косцік Бурак, па мянушцы Сабакевіч, які толькі тым праславіўся ў Лістоўцах (места дзеяння, вёска ля ўзгорка Гараватка), што займеў добрага пса і газаваў з ім па вёсцы, ды яшчэ ў “падпольшчыкі”-падбухторшчыкі падаўся. І як сустракаюць?! – Маштабна, па-бальшавіцку, з лозунгам, з хлебам-соллю, з помпаю – без гэтага ж нельга. Сцэне гэтай, у якой многае, як у воку, сцягваецца, папярэднічаў пейзаж – сімвалічны, яркі: “Сьпелы верасень забаўляўся кволым павуціньнем, спавіў сярэбраныя ўзоры на бабках ярыны, аздабляў сувоямі тонкае пражы чубы кустоў на ўзьлесьсі й іржышча азіміны”; “на нівах сярпы дагрызалі апошнія хвасты ярыны” (4, 9). Узнёслы і радасны настрой Бурака-Сабакевіча, у якога, гаворачы словамі макаёнкаўскага Цярэшкі, аж ногі ў каленцах задрыжэлі, які аж трымціць, прадчуваючы хуткую змену пазней, свой узлёт і ўзвышэнне, калі спраўдзіць ён, рэалізуе пагрозы Пракопу Бахмачу, які няветліва абышоўся з ім – няпрошаным начлежнікам у сваім гумне – “Ты яшчэ паскачаш у мяне як міленькі, калі нашы прыдуць” (4, 139). “Канчаўся нарэшце кашмарны час Косьцікаў, калі быў самым апошнім “нічэм”, ды нараджаўся дзянёчак сьветлы, калі тым доўгачаканым “всем” расьцьвіце і ўзбуйнее” (4, 10) – каментуе аўтар пачуцці свайго героя. Новая ўлада ў асобе Косціка і Лявона, Параскі Макатунішкі і Хведара Паваліцкага – гэта самаўлада, гэта вынік расшчэпу ў трывалым родзе беларусаў-заблоцкіх. Яна гатовая ўслугоўваць з першых крокаў, а яе “актыўныя” прадстаўнікі-лідэры ў экстрэмальных умовах гатовыя падставіць любога пад кулі, прадаць, пакінуць у бядзе, схавацца. Што і робяць “рыцары” камуністычнай ідэі ў сцэне катавання Параскі адступаючымі палякамі. Бальшавіцкую “актывістку”, з сям’і адзінокай змардаванай жанчыны расстрэльваюць і вешаюць ахоўнікі былой улады, а трое мужыкоў хаваюцца са стрэльбай, а затым рагочуць з таго, што адбылося. Новая ўлада так і будзе дзейнічаць – грэсці жар чужымі рукамі і чужымі ж рукамі хапаць каштаны з агню, прадаваць і купляць, крывадушнічаць, гаварыць узнёсла і высакапарна на пахаванні ёю ж загубленых душ і на мітынгах-святах па прычыне чырвоных датаў календара. Ды ў нас будзе магчымасць пераканацца ў тым, што гэта яшчэ больш чужая народу ўлада пры характарыстыцы тыпаў, створаных аўтарам трылогіі.

І, нарэшце, трэцяя сцэна... Знясілены, як некалі бацька, турмою (за безбілетны праезд разам з мяшэчнікамі і спекулянтамі) пачынаючы паэт, нацыянальна свядомы юнак Янук Бахмач на цэнтральнай мінскай плошчы назірае свята выпуску беларускіх афіцэраў. Тут бы ўзрадавацца – Жыве Беларусь – жыве нацыянальная ідэя! Фармуецца свята, родная армія! А думкі ў галаве ня радасныя: “А хто гэтыя людзі ў чорным? Патрыёты ці падонкі? Чым матываваліся яны, калі йшлі на службу? Няўжо-ж адным патрыятызмам? Які гэта патрыятызм?” (5, 235). Гэта тыя, хто служаць пры немцах, каму яны даруцылі праводзіць сваю палітыку, часткова нават перадалі ўладу. А самі немцы? Ці не апранулі яны маскі? Ці настолькі яны дурныя, каб зважаць на клопаты нейкіх там беларусаў – унь, уся Еўропа ў іх пад ботам. “Людзі ў масках”, - так падумаецца юнаку. А уся гэта дзея, як і дзеі папярэдніх акупантаў, - дадамо мы са свайго боку, - маскарад, удзельнікі якога, акрамя гледачоў-сумленнікаў, земляробаў ды кавалёў, занятыя толькі пераапрананнем, зменаю дэкарацый: “Ты ж ведаеш, што яны – гэта звычайныя смактуны, што павалілі твой народ і смокчуць-цягнуць зь яго асноўныя жыцьцёвыя сокі. Чаму яны называюць сябе тваймі прыяцелямі? Пэўне-ж, гэта – людзі ў масках. Тыя самыя, што спалілі разам зь дзецьмі, жанчынамі й старымі Залатуху, Азарцы, Шабуні, што зьнішчылі сотні іншых Азарцоў” (5, 235).

Ідэя вынішчэння каранёў, нацыянальнай самасвядомасці чужакамі раскрываецца ў трылогіі ў шмат лікіх іншых сцэнах, якія, бывае, складваюцца з асобных кавалачкаў, эпізодаў, “нарошчваюцца” ад старонкі да старонкі. У рамане “Закрываўленае сонца” стрыжнявымі падзеямі ці не з’яўляюцца падзеі выкрыцця новай улады, якая маскуецца пад дабрачыннасць і годнасць... У школе збіраецца народ слухаць прамову нейкага высокага чына-камісара. Зала адпаведным чынам падрыхтаваная – партрэты класікаў марксізма-ленінізма, прэзідыум, у якім красуецца старшыня камбеда Сымон Пятух “у чужой вопратцы і “казінай ножкай у роце” (4, 71). Адпаведна выпадку выступае камісар маршалкаў – “пыкцеў, мяняўся ў твары, пяліўся, як жаба на корч, каб перадаць усе велічыні характару крамлёўскага гіганта (...) Грамда слухала, быццам заварожаная. На камісаравым лобе выступіў пот. Ад няспыннага мора слоў ці не перасох голас” (4, 75). Пераканальна гаворыць камісар пра зямлю, якую перадзеляць і перададуць у карыстанне бедным па столькі, па сколькі тыя захочуць узяць, пра калгасы, пра калгасы, у якія дабраахвотна пайшлі іх суседзі-браты з Усходняй Беларусі, пра самую гуманную народную савецкую ўладу. Так хораша гаварыў камісар, што Аксеня і аўдоля наважыліся на ініцыятыву – паслаць Сталіну і яго намеснікам-памочнікам падарунак. Сабралі, запакавалі, перадалі ў раён – сваё самаробнае вышыванае палатно. І доўга чакалі адказу. І назалялі камісару Маршалку – ці дайшоў падарунак па адрасе? Ды так, што той не вытрымаў... Запрасіў жанчын да сябе ў кабінет чэкіст, у якога “цёмна-рудыя вочы й маска-твар”, з “гладка-выбрытым чэрапам”. І завёў іх той чалавек у пакой, і паказаў ім толькі вышываныя канцы – усё, што засталося ад іх палатна, і загадаў маўчаць, не разгалошваць “дзяржаўнай тайны”. І пайшлі бедныя жанчыны ў свае Літоўцы, несучы крыўду на балтуна Маршалкава, словы якога – “Паслужыця прымерам жанчынам усёй рэспублікі”, - як стрэмкі, сядзелі ў іх галовах. Ці не паўтараецца тут вечнае някрасаўскае: “И пошли они, солнцем палимы, Повторяя: «Суди его бог!», Разводя безнадёжно руками”. Так спрацавала, выстраіла яшчэ адна сцэна трылогіі – пра шальмаванне ўладаю народнай думкі і мары, пра яе ўменне мімікрыравацца, прыстасоўвацца да любых сітуацый.

Палітыка мімікрыі, двурушніцтва асабліва выяўляецца ў другой і трэцяй частках трылогіі. У першай бяда была паўзучай, палякі – уладары “Усходніх Крэсаў” дзейнічалі ціхай сапой, асабліва не вытыркаліся; праз школкі, праз дапамогу мясцовай шляхты, праз сваіх ксяндзоў, каталітызм, па лініі асветы, паступова даводзячы ніжэйшасць беларусаў і беларускасці. Бальшавікі спачатку сіліліся таксама праводзіць свае ідэі на прымірэнчай глебе: народ не чапалі, надзялялі бедных зямлёй, а затым усё, што атрымалі людзі з надзелаў, выграблі ў дзяржаўную казну, абабралі іх як ліпку, ды яшчэ пад музыку, з лозунгамі, урачыста. А пасля пачалі заліваць крывёю неабсяжныя прасторы краіны-пакутніцы. Толькі пакінулі ў спадчыну курганы ды векавыя дубы, падобна Архіпу на Гаваратцы, ды знямелую ад бяссілля і роспачы душу. Следам за гэтымі крыжакамі ішлі крыжаносцы ў фашысцкім, гітлераўскім адзенні. Ішлі як на парад, ды доўга маршыраваць не прыйшлося: яны падобна папярэднікам, калі народ не скарыўся і нават узяўся за зброю, заняліся мімікрыяй: параздавалі зямлю і не перашкаджалі на ёй працаваць, адкрылі школкі на роднай мове, выданне газет і нацыянальную сімволіку і нават стварэнне нацыянальнага войска дазволілі. Ды народу лягчэй ад таго, што мяняліся акупанты, не было – вось яшчэ адна цэнтральная думка трылогіі.

НАВАТАРСТВА ТЫПАЖАЎ

Калі чытаем раманы Кастуся Акулы, ствараецца ўражанне, што многае ў іх (калі не ўсё) перастаўлена месцамі, памяняна параўнальна з савецкай літаратурай: край рабуюць не толькі немцы, а і бальшавікі-камуністы, савецкія кіраўнікі розных рангаў і маштабаў (“найбольш лакоміліся мясцовыя камуністы. “Грабілі награбленае” не навослеп, а намагаліся рукі нагрэць ля больш каштоўнага й меншага, што ад нежаданага вока людзкога скрыць можна было. Ды ўся мясцовая дробязь і ўявіць не магла, як нажываліся тыя прыплыўшыя з чужога мора кіты” (4, 96); партызаны – здраднікі, каты, зладзеі, а паліцэйскія – людзі, якія толькі і клапоцяцца пра свабоду роднага краю (сюжэтная лінія Сабакевіч і Шпунт – Антон Дзяркач і Янук Бахмач) і г.д. Многа загадак паставіў перад чытачамі сваімі раманамі Кастусь акула, падчас нават шакіраваў нашу зашораную свядомасць адкрыццямі, да якіх мы самі не прыйшлі б. Ды, паглядзеўшы з другога берага, ён больш востра, свежым вокам убачыў нашы шматлікія болькі, нарасці, гнайнікі на целе, якому не давалі быць чыстым “людзі ў масках”, нашы паважаныя настаўнікі, камісары. Самы-самы наватарскі тып, створаны пісьменнікам-эмігрантам – тып крывасмокаў, піявак на здаровым народным арганізме, людзей, што страцілі сябе ў гарніле класавай барацьбы, адкалоліся ад народа, каб павесці яго за сабой у бездань-будучыню. Неадукаваныя, нелюбімыя народам за іх дзівацкія штучкі, няўменне працаваць, Сабакевічы і Шпунты, гультаі па прыродзе і няўмекі тыпа Сымона Пятуха, затырканыя, кінутыя ў бруд інтымных адносін і нястачы маці-адзіночкі тыпа Параскі Макатунішкі, моцнымі, ідэолагамі братэрства і роўнасці, - яны цень ценю ад свайго народа, адшчапенцы-адмаўленцы ад усяго існага, чалавечага боскага. І іх многа. І іх нарадзіла эпоха, напоўненая барабанным грукатам наконт вытворчых поспехаў, дэмакратычных выбараў, дасягненняў у культурным будаўніцтве і ... колаў таварных цягнікоў, якія везлі ў катавальні невінаватых людзей, здаровых і дужых, слабых і нямоглых. Што ім, Сабакевічам і Шпунтам, пасінелыя рукі вязняў сталінскага рэжыму, што цягнуцца праз вокны вагонаў у белы свет за дапамогай? Што ім Параска і яе смерць? У імя светлай рэвалюцыйнай праўды ўсё можна. Можна “грабіць награбленае”, ды толькі так, каб людзі не бачылі; можна гвалтаваць дзяўчат і чужых жонак, прымушаць піць нямоглых старых дзяцей цераз сілу за вялікага Сталіна і біць іконы ў хаце ўпартага, наравістага, непадкупнага Пракопа бахмача, які чамусьці, хоць і пастрадаў пры паляках, не з імі, не за іх: “Колішні сабакарэз сядзеў цяпер гаспадаром у яго хаце. На руках – чужое золата, у кабуры – пераканальны довад сілы “народнай улады”. Гэта той самы шэльма, што некалі пачаў сваю дарогу “у людзі” кражай настаўніцкага гадзінніка ў пачатковай школе. Хто мог прадбачыць, што с такога шчанюка-злодзея вырасьце?” (4, 113). “Балота да карыта дабралася. Іх права, іх сіла, робяць, што хочуць, от як...” – прыкладна так, як і Пракоп, разважае яго швагар Алесь (4, 120).

Ды больш з пярэваратняў-пачвараў усё ж запамінаецца Бурак-Сабакевіч. Не такая ўжо і бяднота (дэталь немалаважная – бацька яго Паўлюк Бурак – заможны гаспадар, і золата мае, вечна спакою не ведае ад працы, і жонку, маладзейшую шмат за сябе, нават на свята прымушае працаваць, пры новай, сынавай уладзе спрабуе таксама разжыцца), выдае сябе за беднага. Не такі й вялікі рэвалюцыянер – лістоўкі раскідваў, сагітаваў толькі двух чалавек за сваю ідэю, а выдае сябе вялікім. Пераняў ад сваіх настаўнікаў уменне пускаць пыл у вочы, хай сабе не так складна, але з пафасам, ідэалагічна вытрымана гаварыць. Успомнім яго прамову на пахаванні Параскі, калі ён – на перадзе са сваёй рэвалюцыйнасцю, а святар у ценю, недзе ззаду “малітвы шэпча”. Зусім як у Андрэя Мрыя. Ці не Сымон Самасуй у замежным варыянце? І нахабства набраўся прыйсці ў хату да нябожчыцы, заліўшы перад гэтым вочы, і нават асмеліўся гаркнуць на тых, хто ў двары сабраўся: “У дварэ кінуў задрыпанае “здрасьця”. Людзі глядзелі на нябрыты твар, пачырванелы шрам на ілбе, мутныя вочы, рашпілены, паўсуконны шэры пінжак, раськіданы чуб валасоў. Дзяцюк спыніўся, павольна агледзіў сабраную грамаду, ды рэзкім голасам гаркнуў (не сказаў, не прамовіў – вінаваты ж, ды ўвогуле не ў свой дом ідзеш!): - Ну, чаго паказелілі вочы? Першы раз мяне відзіця, ці што?” (4, 43). Ну, чым не начальнік? А голас які – гучны, уладарны, рэзкі, камандзірскі, як і ў Міколкі Роўбы – парткіраўніка, арганізатара аблавы на бацьку ў аднаіменнай аповесці Васіля Быкава.

Косцік Сабакевіч нічога святога за душой не мае, што і трэба было даказаць: будзе спраўна і пакорліва разбураць (што зноў-такі патрабавалася даказаць, зрабіць), а разбураць – не будаваць. У Мележа Міканор вунь з якім эмпэтам рабурае бацькаўскае гумно – аж зайдрасць узяла б новаяўленага руйнавацеля з былой Заходняй Беларусі. Што ж, аднаго поля ягада, як кажуць у народзе, аднолькавыя тыпы. “Руйнаваць – не будаваць” – вось іх крэда. І руйнуюць як толькі могуць. Заслуга беларускай літаратуры, у тым ліку і замежнай, што яна, гаворачы словамі Апейкі, героя Мележавай хронікі, убачыла, што “і беднякі былі розныя”, паказвала на поўны рост тых з іх, якія выракліся святой чалавечай маралі, духоўнасці, усплылі на кан’юктуры “руйнавальнай палітыкі” бальшавізму і сталі фактычна ворагамі свайму народу. Не выпадковая сувязь паміж рэалізатарам пралетарскай ідэалогіі ў жыццё Акулавым Сабакевічам-Бураком і быкаўскім Азевічам (“Сцюжа”). Толькі быкаўскі герой яшчэ здольны агледзіцца, яшчэ “радуецца”, калі разбівае жорны ў сваім двары, што бацькі дома няма, што бацька не бачыць яго злачынства. Сабакевіч на самааналіз і самаацэнку сваіх учынкаў нездольны. Ён увесь у апантаннасці, у ружовых марах пра ўладу, яе сілу, пра новую перспектыву перад ім: быў “нічэм” і раптам ... з бруднымі нагамі і не менш бруднай душой улезе на ўладарны Алімп.

Другі герой раманаў з галерэі сатырычных тыпаў Лявон Шпунт у многім капіруе свайго правафланговага, “шэфа”: падтаквае, заглядваючы ў вочы, згаджаецца з довадамі Сабакевіча, п’е разам з хаўруснікам гарэлку, займаецца “мастацкім афармленнем” з нагоды прыходу Чырвонай Арміі-вызваліцельніцы, выступленні камісара Маршалкава ў школе перад жыхарамі Літоўцаў. Але галоўнае яго хобі – дзяўчаты, удовы, заляцацца да якіх і ласавацца якімі ён надта здольны. Тут ён геніяльны чалавек. Яго ровар не ведае спакою, перавозячы гаспадара з месца на месца, з вёскі ў вёску на ўсё новыя і новыя гулі. Гэта ён, бугай, перастрэў у лесе дзяўчо Дуню макатунішку і спрабаваў яе згвалтаваць. Ён жа “ашчаслівіў” ёй дзетак-сіротак. А калі палякі расстрэльвалі і вешалі Параску (другая частка трылогіі) схаваўся разам са сваімі хаўруснікамі, а затым яшчэ і выскаляўся: “Гэ-гэ-гэ! От-жа і ўкрасілі ссукіны ссыны. Гэ-гэ-гэ! (...) Гэта быў наглы рогат звар’яцелага чалавека” (5, 19). Урэшце Лявона Шпунта – партызана пры немцах – падпільноўвае ў ягонай схованцы Антон Дзяркач і па-свойму карае за ягоныя злачынствы – загадвае цалаваць босыя, брудныя ногі Янука Бахмача (гэта яго каханую дзяўчыну Дуню шпунт прыпільнаваў у лесе, з яго бацькі здзекваўся разам з Сабакевічам, прымушаючы піць за вызваленне бальшавікамі). Вось тут, у экстрэмальных умовах, і раскрыліся рысы характару пачвары: ён гатовы, на ўсё, абы выжыць, жывёльны інстынкт перамагае ў ім чалавека. Урэшце рэшт Шпунта і яго сябрука Хведара Паваліцкага спасцігла куля, праўда, з другога заходу, Антона Дзяркача.

Па сутнасці, Кастусь Акула карыстаецца гогалеўскім прыёмам стварэння сатырычных персанажаў. Кожны з іх па-свойму выламаўся (а нехта і недавыламаўся) з роднага асяроддзя ў сілу асабістых рысаў характару і нейкіх прычын: сквапнасці (Паўлюк Бурак – бацька Косціка Сабакевіча), пад прымусам выконваючы ролю патрыятычна насроенай асобы (Параска Макатунішка), у выніку ідэалагічнай апрацоўкі чырвонымі агітатарамі (Аксеня і Аўдоля з Літоўцаў), з прычыны наканаванасці лёсу коўнаў, марыянетак, якія могуць хутка апрануць маску (Маршалкаў – камісар, “кручканосы гарбуз”, энкавэдыст), з-за ляноты думаць, разважаць, аналізаваць і маральнай разбэшчанасці, не перароблівасці (Манька Перапечка). Не было б сацыяльна-грамадскіх катаклізмаў, чырвоных і чорных пераваротаў, і сядзелі б гэтыя людзі ў запечку. Ды зрушлівыя падзеі скранулі іх воз і пусцілі пад адхон: едзь сабе, і нават папіхваць не трэба. І едуць яны на карку народа, кіруюць, тузаюць, седзячы, “болькі на чалавечым твары” (Мульцік пра Гастрыта ў дудараўскім “Вечары”).

Лявон Бурак – чысты Плюшкін – яшчэ не даў сыну дошкі на труну для Параскі-нябожчыцы (той яшчэ не прадаў мёртвыя душы Чычыкаву), аднак ужо пракручвае ў галаве сцэнарый далейшага развіцця падзей, думае, строіць планы, як і чым можна паласавацца-пажывіцца пры сыне-начальніку: “У ягонай спрактыкаванай галаве пайшлі ў рух мазгаватыя спружыны, каб хутка спанатрыць адказ на пытаньне: калі даць, дык што ўзяць. Скнэра нікому нічога недаваў за добрыя вочы ці ласкавую усьмешку” (4, 52). У гэтым характары спалучаецца сялянская абачлівасць і ашчаднасць са сквапнасцю, скупасцю, уменнем прыстасавацца да абставінаў і выціснуць з іх усё магчымае. Адметнасць падобнага вобразу відавочная – чалавек вясковы, жмушаны ўвесь час жыць і не крывіць душой, тут пакрывіў і ператварыўся ў чалавека “з пакрыўленым розумам”. І вінаватыя ў гэтым хутчэй за ўсё абставіны, а не ён сам: не стань сын начальнікам, ён і жыў бы, па-ранейшаму, цягнучы лямку працаўніка, які не ведае ні дня, ні ночы, не бачыць нічога з-за чорнае работы. А вось надарылася такая нагода, дык можна і скарыстаць з яе.

Кастусь Акула, ствараючы сваю адметную галерэю сатырычных (а то і “гумарыстычных”) персанажаў, воляю-няволяю як бы паўтарае традыцыі светавага мастацтва і мастацтва суседніх народаў. На Гогаля мы ўжо выйшлі ў ранейшых разважаннях. Аднак не толькі Гогаль, а і Салтыкоў-Шчадрын “вінаваты” у тым, што ў пісьменніка атрымаліся персанажы-марыянеткі, людзі-“балванчыкі”, падчас з “зашытым розумам” (Гэта ўжо Лукаш Калюга) – і “сабакарэз” Сабакевіч, пастаянна нацэлены на садызм, на тое, што б яшчэ прыдумаць, каб “уесці” чалавека; і ў “любой бочцы затычка” Лявон Шпунт, які, здаецца, і думаць не можа, а так, як бачонак, коціцца ды коціцца па дарозе жыцця (у працягу дзеяння трох раманаў мы не пачулі з яго вуснаў ніводнага больш-менш разгорнутага маналога); і чалавек-машына, аўтамат, чалавек-хмара, які многія рысачкі пабраў з талстоўскага Карэніна, хоць і жыве ў ХХ, а не ХІХ стагоддзі, перапісчык маёмасці, дробны савецкі чыноўнік Пётр Іванавіч (“Маскаль порстка зірнуў на Алеся й нічога не сказаў. Аблічча сухое і наскрозь казённае. Здавалася, што на прышчаватым твары ніколі не магла гаспадарыць усьмешка ці радасьць. Шэрая вясеньняя марудная хмара” (4, 147); і работнік сакрэтнай установы – НКВД з маскай-тварам, чалавек-маска (“Цёіна-рудыя вочы й маска-твар не давалі ніякага знаку пра тое, што адбывалася пад гладка выбрытым чэрапам”); і прастытутка, дачка асенізатара з велізарнейшага памеру цыцкамі, а затым – дэпутат мясцовага савета Манька Перапечка, таксама чалавек з зашытым розумам ды яшчэ ў дадатак з адкрытым целам (“Натура Маньчына, як у сук уляпіў, да новых падаткаў пасавала. Думаць зусім ня трэба было, усё прасьцюсенька й ясна. Поўнымі вялікімі грудзьмі чэрпала дзеўка паветра “асвабаждзеньня”. Казалі людзі, каторыя верылі, што Манька напралом у авнгард адданых Сталіну “трудзяшчыхся” улілася, ды ў сажалцы сталінскай “народнай улады” як павярткая-крытая рыбка плёхалася” (4, 189).

Годнае месца займае ў парадзе маскарадных масак, народжаных сацыяльна-палітычнымі пераменамі, перыядамі, калі даводзілася жыць “крутам-мутам” (зноў як у Лукаша калюгі ў “Нядолі Заблоцкіх”), балбатун, аратар-дэмагог, чалавек-маска камісар Маршалкаў. Ён і за партыю (і сам партыец), і за сталіна (“пнецца, як жаба на корч”, - заўважвае аўтар па ходзе дзеяння другога рамана, - выхваліць яго вялікасць), і за народ, народную ініцыятыву (выпадак з падараным правадыру палатном, ужо згаданы вышэй), ды ўсё гэта – не сваё, не шчырае, не ад душы і бога, а так, дзеля маскіроўкі, дзеля падманнай (але каб здавлася справядлівай) праўды. Чым не марыянетка ў руках апаратчыкаў? Выдатны аўтарскі каментарый у адрас адданага рэвалюцыйным ідэалам чалавека пададзены “Закрываўленым сонцам”: аратар выступае, а аўтар цікуе за ім, ды вылузвае, адшчэплівае, адлучае праўду ад маны і выносіць канчатковы прысуд, гэтай “пыхцёлцы” ды “жабе на карчы” – “Ад няспыннага мора слоў ці не перасох голас” (4, 75).

Запамінаецца і старшыня камбеда ў літоўцах Сымон Пятух – Каладзёнак сталага веку, рады махорцы і вопратцы з чужога пляча, што нечакана прыплылі ў ягоныя рукі, дзякуючы вызваленню Заходняй Беларусі. Дзейнічае ён у дадзеным выпадку не па ўласнай ініцыятыве і таму, здаецца, не злодзей. Гэта ж новая ўлада пастанавіла так – адабрала ў багатых і перадала бедным, перад тым падвёўшы пад акт рабаўніцтва вуснамі Леніна тэарэтычную базу, якую слаўна каментуе Косцік Сабакевіч: “Сам таварыш Ленін када-та сказаў: граб награбленае! Да! Таварыш Ленін так і сказаў! А ты, дзеравенскі ідзіёт (Пракоп Бахмач – М.М.) думаіш, што ты мудрэй Леніна, га? Спрашываю цябе? Ты ня хочаш чужога? Якога гэта чужога? Разьве панскае ды асадніцкае то ні наша?” (4, 109). Ну, дзе тут было адмовіцца ад чужога-свайго Сымону Пятуху, калі і Ленін, і мясцовы начальнік за гэта, за тое, каб ён стаў “усім”! Пракоп Бахмач не возьме – у яго сваё жыта ёсць і ёсць жорны, каб змалоць яго. Неяк пражыве і без маннай, што з неба пасыпалася. А вось Сымону, хочаш-не хочаш (а ён якраз хоча!) прыйдзецца браць, ды пры народзе красавацца ў чужым, награбленым, нават у прэзідыуме седзячы: “Прыбраўся ён у сурдут, што мусіць у нейкага пана сьцягнуў. Людзі так зжыліся з пакамечанай кепкай, недагледжанымі касмылямі ды смуродным цыбуком гэтага дзяцюка, што цяперашні гальштук, падстрыжаная рыжая барада й валасы зьвіліся надзвычай навіной” (4, 71). Узнятыя на паверхню з дна жыцця, гультаяватыя Сымоны адчулі смак у тым, каб “з тых багатых крыніцаў, адкуль цяпер рассыпалася на бакі пры рабаўнічых налётах плёхала”, чэрпаць “вёдрамі ці прыгаршчамі”. А былі гэтыя чарпальшчыкі часта, з сумам заўважае аўтар, “найбяднейшыя”, і “пры спажыванні награбленага” расла ў сэрцах сумленных бедных людзей “удзячнасць новай уладзе” (4, 97). Што ж, як кажуць каментарыі лішнія. Такім юдаўскім спосабам куплылася прыхільнасць “простых савецкіх людзей”, спараджалася і гартавалася-выхоўвалася псіхалогія трутняў, што хацелі жыць бязбедна, паядаючы чужое. Сымон Пятух з такіх – купленых-пакалечаных, хоць і аб’ектыўна сумленных людзей.

Да ліку падобных персанажаў аднасіцца і Параска Макатунішка, што рана склала галаву за “народную ўладу”, і яе маці, узрадаваныя чужым дабром, шмоткамі, што нечакана абрынуліся на іх душы і плечы. І як балюча робіцца Януку Бахмачу, калі ён каханку сваю Дуню бачыць у чужой, хоць і прыгожай вопратцы, за прымеркаю сукенкі, што належала нейкай пані, не можа вымавіць ніводнага слова ці то ад захаплення ці то ад нечага іншага і вокаімгненна выслізвае з хаты на свежае паветра. Параўнае гэтую сцэну з аналагічнай у рамане М. Шолахава “Узнятая цаліна” (жонка Любішкіна ажно расплакалася над кулацкім дабром, выбіраючы сабе “награбленае”) і прыйдзем да высновы пра агульнаўжывальнасць падобнага прыёму апрацоўкі народнай свядомасці савецкай уладай. Так было ў першыя паслярэвалюцыйныя гады, так было і ў перыяд раскулачвання, такая ж форма агітацыі за новае пераважала і ў даваенныя гады на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Лозунг “Падзяляй і ўладар” дзейнічаў на поўную катушку.

Паказаны ў раманах больш гумарыстычным, а не сатырычна-з’едлівым плане і Аксеня з Аўдоляй. Як тыя някрасаўскія мужыкі-вандроўнікі, дайшлі яны да “парадных дзвярэй” новаўладнікаў, шукаючы праўду, - ці трапіла ў Крэмль іх палатно – дарунак правадыру? Ды знаходзяць не святую праўду, а загад – маўчаць, пакуль не прытаўклі, не выслалі, не кінулі за дрот, маўчаць, што палатно ўкрадзенае, адны рожкі ды ножкі ад яго засталіся.

Шукае адметных герояў Кастусь Акула і, скажам умоўна, у сферы пазітыўнага. У адпаведнасці з ідэйнай задумкай – над усімі трывогамі часу, над яго кан’юктурай узнімаецца ўсё нацыянальна свядомае – у цэнтр апавядання аўтар ставіць селяніна Пракопа Бахмача з сынамі Міколам, Януком, жонкай Аленай, іншымі родзічамі, дзеда Якуба, больш як стагадовага вясковага мудраца, які і сам сабою, і ў пары з Пракопам, і цягнецца да яго малодшага сына янучка, нібы перадаючы з рук у рукі эстафету розуму і сталасці. З разгортваннем дзеяння большае і роля Янука Бахмача, Антоня Дзеркача, Дуні Макатунішкі, Кастуся Падгайскага – нацыянальна свядомых людзей, “незалежнікаў”, якія плануюць змагацца за вольную Беларусь і пасля выгнання фашыстаў з яе тэрыторыі. Героі гэтыя ўвасабляюць святло і чысціню, адданасць і вернасць, а старэйшыя – дзед Якуб ды Пракоп Бахмач – яшчэ і мудрасць, абачлівасць, незалежнасць мыслення.

Дзед Якуб – жывая легенда. Вобраз яго неаддзельны ад вобраза дуба Архіпа, што стаіць на Гаваратцы і жыве і не жыве хуткацечнымі падзеямі, розумам і сілаю вышэйшы за нявечнасць і нетрываласць, за клопаты людскога мурашніку пад ім. Невыпадкова пад гэтым дубам дзед людіць адпачываць-думаць. Менавіта тут ён адукоўвае хлопчыка дасціпнага і разумнага, якога даўно прымеціў, - Янука Бахмача, даводзячы яму, як трэба жыць, слухаць гісторыю, адчуваць жывое біццё мінулага. Менавіта ён, “стары сівенькі чашчавік”, расказвае юнаку легенду пра паходжанне Гавараткі – як князь Гаравік ў даўнейшыя часы змагаўся з ворагамі зямлі беларускай, як спалохаўся ў адным з баёў яго сяроддольшы сын і па загадзе бацькі ішоў тры дні і тры ночы з дружынай на край зямлі, а затым тут, на Гаваратцы, збудаваў палац і мужна, адзінокі-адрачоны, змагаўся з ворагамі, пакуль не загінуў. Дзед Якуб бачыць, у якім трывожным стане многія стагоддзі жылі краіна і народ, і хоча, каб маладзейшыя неслі ў сэрцах боль зямлі сваёй і яе славу: “ – Відзіш, сынок? Гэта-ж наша родная зямелька. Здаецца-от, каб яе паціснуў добра, дык зь яе кроў і пот пацяклі-бы. Яна-ж наша карміцелька. І калі ўзяць якое хочаш права, дык мы тут гаспадары ад веку” (3, 130). Гэтаму “мы тут гаспадары ад веку” дзед Якуб не здраджваў ніколі (за выключэннем службы ў арміі ды часовай камандзіроўкі, як скажам цяпер, “у блізкае замежжа”): ні пры паляках, ні пры бальшавіках, ні пры немцах. Ды яго з-за старога ўзросту асабліва не чапаюць. Адно толькі бальшавікі ў час “самых дэмакратычных выбараў” узнімаюць з ложка і нават фатаграфуюць дзеля нагляднасці – вось якія аўтарытэтныя, маўляў, людзі галасуюць за савецкую ўладу! Але яго адносіны да савецкай улады не залежаць ад галасавання. Ён адкрыта выказваўся на гэты конт перад Косцікам-сабакарэзам: “Для цябе німа ні бацькі, ні бога, ты, мусіць, думаеш, што ты сам ёсць бог” (4, 264). Дзед Якуб і немцаў не прымае, бо ведае, што і яны не нясуць Радзіме вызвалення, бо іх месца – на Гараватцы, у агульнай, з веку ў век папаўняльнай касцямі чыжынцаў, магіле.

Вобраз гэты статычны, не дынамічны, такі, як і ў фальклоры. Ён тыповы не толькі для нашай, яле і іншых нацыянальных літаратур. Чалавек-легенда, дзед Якуб такім і застаўся на працягу дзяення ў трох частках славутай Акулавай “Гавараткі”, з мудрым словам, але па-за дзеяннем.

Больш зямны Пракоп Бахмач, які многімі рысамі нагадвае Мележавага Васіля Дзятла ў пары з Апейкам. Ад першага ў яго – цягавітасць, ад другога – мудрасць, аналітызм. Штосьці ў ім ёсць 9можа, уменне суперажываць чужы боль?) і ад Уласа Корсака – земляка-заходніка з Адамчыкавай тэтралогіі. Але ўсе гэтыя аналогіі і паралелі – не прём, выкарыстаны намі дзеля прыніжэння заслуг пісьменніка-замежніка: бачыш, колькі падобных вобразаў стварылі і нашы, савецкія пісьменнікі! – а сведчанне тыповасці падобнага персанажа, як тыпажа менавіта беларускага, нацыянальнага. Да слова, ён надта блізкі і да Коласава Міхала з “Новай зямлі” і Міхалавага цёзкі з “Трэццяга пакалення” Кузьмы Чорнага. Наш ён, па-руску кажучы, свой “до корней волос”. Ён не проста жыве, як набяжыць, а жыве думаючы, пераадольваючы абставіны, змагаючыся з бядой, выжываючы ў самых складаных умовах. У яго чалавечай свядомасці ніяк не ўкладваецца, як Бжончык-наглядчык, а пры немцах камендант гарадской паліцыі, мог забіць яго жонку – цяжарную жанчыну ў лесе за назбіраныя без білетаў маліны? Не дае спакою яму думка пра тое, як можа новая ўлада ў асобах Косціка Сабакевіча і Лявона Шпунта прыйсці да яго ў дом, каб забараніць малоць сваё жыта ў жорнах, прымусіць яго, гаспадара, піць поўную шклянку гарэлкі за Сталіна і “народную ўласць”, а затым пабіць святы абраз? У яго, чалавека, які хоча араць, сеяць, жаць жыта, ніяк не ўкладваецца ў галаве, навошта ўсе гэтыя войны, нашто гэтая дурная чужая навука. Ён не верыў польскай уладзе, што асіраціла яго сям’ю, не верыць бальшавіцкай уладзе, якая адрэзала яму ладны кавалак зямлі, у роспачным, невясёлым роздуме, ад якога блізка да одуму: “Што гэта? Парадак ці арганізаваны хаос?” (...) А мо ўвесь гэты беспарадак і быў новым парадкам? (...) А мо бязладдзе новага ладу адно часовае з’явішча? (...) Мо й запраўды перамянялася на лепшае?” (4, 156 – 157).

Чытаем раманы і заўважаем, што ў дыялогі з іншымі людзьмі Пракон Бахмач уступае рэдка, бо ён увесь ва ўнутраным, псіхалагічна напружаным жыцці, бо думкі не даюць яму спакою, гнятуць яго душэўную, ад прыроды мяккую і добрую натуру. Таму гэты паглыблены характар і раскрываецца мастаком праз унутраныя маналогі, разважанні “сам з сабою”.

Запамінаюцца і іншыя народныя (са сферы пазітыўнага) тыпы. Макатунішка-маці – працаўніца, якая б’ецца, як рыба аб лёд, каб перамагчы нястачу, а трагедыйныя абставіны сціскаюцца больш і больш – дзеткі-бязбацькавічы і заўчасная смерць старэйшай дачкі, галеча і нястача, вошы, ад якіх няма спакою ўначы. Мала прасветлін. Адно, можа, Дуня вылюднее?

Іх многа, “станоўчых герояў”, у рамане. Яны з народам і ў народзе пры пахаванні Алены Бахмач, падчас сустрэчы чырвонаармейцаў, а затым немцаў. У масавых сцэнах, як і ў славутай трагедыі Аляксандра Пушкіна, людзі маўчаць – адзінокія, пакінутыя ўладарамі і ўладамі. Маўчаць шматзначна і грозна, як ніколі да гэтага блізкія да Бога. Ды даю слова самому аўтару, які так паэтычна заканчвае першую частку рамана “Дзярлівая птушка”: “І ня было між гэтага натоўпу ані прадстаўніка цывільнае ўлады, каб на вечны супачын правесці ахвяру свайго грэшнага бяспраўя, ані царкоўнае, што кагадзе прамяняць манілася свае духоўныя абавязкі на два пуды жыта. І людзі гэтыя, галавалосыя, басаногія, у палатаных саматканых сукенках і сьвітках, у сваёй сьціплай прастаце былі ў гэты час, як рэдка калі блізка да Бога. Няшчасным у няшчасці спагадлівыя, адлажылі яны прылады працы, пасьпяшылі сюды, каб выявіць усяму сьвету, што яны – адна душа, адзін маральна й духова арганізм, аб які вось ужо стагоддзямі плешчуцца й разьбіваюцца, каб разлажыць і зьнявечыць, чужыя варожыя хвалі” (3, 113).

Наватарства кастуся акулы – вобразатворцы заключаецца ў тым, што ён вывеў з першых пазіцый у сваіх раманах і герояў нацыянальна свядомых, адраджэнцаў. Менавіта такім імем можна назваць і Янука Бахмача – пастушка, які зарабляе ў асадніка Лазоўскага на адзенне ды абутак, каб у восень і зімой можна было хадзіць у школу, вучыцца пазней у гімназіі, піша вершы патрыятычнага зместу, пры немцах трапляе у турму, а затым на з’езд беларусаў свету, у канцы трэццяга рамана рыхтуецца да барацьбы з усходнімі “захопнікамі”. Вобраз гэты запамінаецца больш у побытавых (пастушкоўскіх, гімназічных і турэмных) сцэнах, дзе выяўляецца тонкі, “далікатны” духоўны стан падлетка, пазней – юнака. На свет гэты чалавек глядзіць адкрыта, хораша, дапытліва, над многімі пытаннямі задумваецца, усё больш і больш набліжаючыся да вялікага празарэння – няма як далей жыць, трэба гуртавацца, адказваць сілай на сілу і тым сама бараніць свой край. Нават у турме яго мары – пра народ, Радзіму: “Вялікая й магутная ты, Матка Літва! Тваёй крывёй чужакі стагодзьдзямі ўпіваліся й дурманелі. Гнёзда тваіх дзетак раськідалі, жылы з твайго цела выцягвалі. Аднаго часу, нават без паніхіды, мёртвай цябе абвясцілі й імя тваё забаранілі памінаць. А ты, у муках страшэнных, змагалася, перараджалася-адраджалася й выжыла (...). Наперакор чужым варварам, ты не памерла” (5, 214). Паступова, у трэцім рамане – “Беларусы, выс чакае зямля” – лірычныя маналогі героя зліваюцца з маналогамі аўтара “Гавараткі”. Ды гэта й не дзіўна: вобраз Янука Бахмача аўтабіяграфічны.

“Беларускасць” натуры Янука выяўляецца і ў яго паводзінах у сям’і – ніколі лішеяга слова не скажа маці і бацьку, слухаецца іх ва ўсім, не прэтэндуе на ўсёведанне, а тым больш – на ўсёдазволенасць. І ў паэтычнасці яго натуры. Ён – лірык, рамантык у душы – не толькі піша вершы, але і чуйна, дрогка перажывае страты, чужы боль для яго як свой. У сувязі з гэтым характэрны паступны эпізод: новыя гаспадары – чырвонаармейцы – забілі пушчанага на волю Тапсіка – блізкую і дарагую істоту, што дапамагала паставіць статак. Для Янука была найвялікшая трагедыя. Босы, у адной кашулі выскачыў ён на двор, і свет для яго нібы сплюснуўся, дэфармаваўся, перакасіўся: “Хлопец падняў галаву і зірнуў на бронзавы месяц. Вецер, мусіць, добра падмёў неба й сам на заслужаны адпачынак пайшоў. Месяц пазіраў на літоўскую лагчыну з поўнай сваёй маестатычнай велічы. Праз сьлёзы начны прыгажун крывіўся й мітусіўся” (4, 94).

Прыгожы, сарамліва-пяшчотны, чысты герой і ў сваім каханні да Дуні Макатунішкі. Нібы ўсё дыццё замольвае свой “аднаразавы” грэх – калі задзілі разам у школу ў мястэчка, саромеўся, лічыў сябе вышэй за яе – бедную з бедных і аднойчы нават моцна пабіў, даводзячы толькі сваё права наведваць школу. Сцэны кахання ў раманах К. Акулы ўвогуле паэтычна-узвышаныя, рамантычныя, нейкія мяккія. Героі як бы трымаюцца на адлегласці і адначасова не могуць адно без другога. Толькі ў канцы, даводзячы ўзаемаадносіны да векавечнага фіналу, аўтар здраджвае манеры беражлівага (“цнатлівага”, ці што) паказаў светлых юнацкіх узаемаадносін.

У фінале трылогіі Янук Базмач з Дуняю і Антонам Дзеркачом рыхтыюцца да збройнай барацьбы з “усходнімі вызваліцелямі”: “ – Янучок, думаеш, што мы калі сюды вернемся” – спыталася ізь сьлязьмі на вачох, у яго Дуня.

– Ня ведаю, даражэнькая, - адказаў Янук дрыжашчым голасам. – Сьвет, які мы зналі, ужо адыходзіць, а настае новы. Давай, можа, перад дарогай памолімся... І пасьля вазьмі з сабой ікону.

Яны селі пры стале й схілілі перад іконамі галовы. Дзесьці з усходу даляцеў гул артылерыйскай кананады. На зруйнаваную й аголеную зямлю адтуль паўзла шматгаловая хімэра” (5, 286).

Паэтычным атрымаўся і вобраз Дуні Макатунішкі. Дзіця з няйбяднейшай сям’і. Дзіця прыроды. Адданая справе настаўніца (хоць і пры немцах). Асабліва ж уражвае сцэна ў аўтарскім апісанні – “Дуня ў лесе”, за якой па кантрасце пойдзе сцэна – спроба згвалтавання Лявонам Шпунтам. Сцэне светлай і чыстай можа пазайдросціць любы мастак і слова, і фарбы, а апошняму можна падказаць і загалоўкі: “Зачараваная” ці “Новароджаная сімфонія”, ці “Німфа ў грыбах”. Вось яна: “Выпрасталася струной у бары маладая дзяўчына (...) між касалапых кустоў, між стройных, як вясельныя дружкі, бярозаў пырхала і скакала Дуня, як борздзенькі матылёк. Калі на сустрач выходзілі сем’і баравікоў, нізка прыгінаўся-прысядаў гэты матылёк да зямлі. У кошыку апыналіся тоўстакарэнныя ядроныя каралі грыбнага племя, а дзявочы маладзенькі твар поўніўся і расьцьвітаў задаволенай сьціплай усьмешкай” (3, 146). “Матылёк у бары” – які цудоўны вобраз! “Струна ў бары” – не менш значнае і адухоўленае, наскрозь паэтычнае!

Вялікае пазнавальнае значэнне “Гавараткі”. Трылогія адкрывае перад намі балючыя старонкі нашай гісторыі ў ХХ стагоддзі. Пафасам трагедыйнасці прасякнута шырокае палатно на працягу ўсяго дзеяння. Прычым ад твора да твора ён паглыбляецца, усё больш канцэнтруецца, каб ушчыльную наблізіць дзеянне да выбуху. На пафас “болю” за край і народ “працуюць” многія масавыя сцэны – сустрэчы бальшавікоў і немцаў літоўцамі, падрыхтоўка да выбараў у саветы і выпуск-мітынг беларускіх афіцэраў, пахаванне Алены Бахмач і сход у школе з нагоды прыезду агітатара-камісара Маршалкава. Адным-двума штрыхамі аўтар вылучае ў гэтых сцэнах галоўнае, ідэйна-значнае і адначасова прымушае свяціцца і надоўга заставацца ў чалавечай свядомасці, як бы “узмацняе” іх мастацкімі дэталямі.

Як звычайна (прыём гэты актыўна выкарыстоўвае ва ўсіх трох кнігах), у пачатку твораў, пасля масавых сцэн і перад імі ў Кастуся Акулы актыўна дзейнічае, умешваецца ў падзеі, настройвае на іх успрыманне чытача пейзаж. Так, апошнія радкі “Дзярлівай птушкі” падводзяць нас да ўспрымання нечага трагічнага, што адбудзецца пазней. Спачатку ідзе сцэна проваду ў армію маладых хлопцаў, якіх у невядома які бок пагоніць “чужы вецер”, а затым – маркотны пейзаж, дождж, прырода нібы аплаквае сваіх сыноў: “А дожджык зьверху то сеяў, то спыняўся. Ня ведаў мусіць нябесны сейбіт ці неба мае плакаць ізь перапынкамі, ці без супынку” (3, 180). А пачатак другой часткі – светлы – малюнак працалюбнай і пакуль што бясхмарнай восені (“Марудна й лена адмірала лета. Сьпелы верасень забаўляўся кволым павуціньнем, снаваў сярэбраныя ўзоры на бабках ярыны, аздабляў сувоямі тонкае пражы чубы кустоў на ўзьлесьсі”) (4, 71). Ды гэта спачатку. А пасля ён напоўніцца чырвонымі фарбамі, набрыняе крывёю перад паходам новай, яшчэ больш дзярлівай, чым ранейшая, улады. Адсюль і назва рамана, з гэтага крывавага колеру – “Зкрываўленае сонца”.

За пейзажам у Кастуся Акулы часта ідзе аўтарскі каментарый – лірычна-усхваляваны, узнёслы, прасякнуты ўсё тым жа адчуваннем бяды. Так, пасля прыходу Чырвонай Арміі, выказаных да яго адносін народнага мудраца дзеда Якуба (“Слова – адно, дзела – другое. Набудуць, пагаспадараць, тады новага паспытаеце. Дай-жа Бог, каб на лепшае яно... алі-ж ня верыцца, ой жа ня верыцца нешта”) (4, 36), ідзе разгорнутае лірычнае адступленне – споведзь самога пісьменніка – пра новы падман народных спадзяванняў на волю. Народ яшчэ пра тое не ведае, а аўтар ведае, таму і забягае на перад, таму і прамаўляе сваё слова, звернутае да людзей і да Бога: “У спакойныя, драмлівыя літоўскія начоўкі прыплывала магутная чужая хваля (...) рушыла яна вялікай сілай на дарогі й гасьцінцы, клаціла нетрамі зямлі, хваляваньнем поўніла сялянскія сэрцы й трывогай азмрочыла будучыню польскіх чужынцаў.

Два дзесяцігодзьдзі адгароджаныя незагойнай ранай на жывым народным целе, пакацілася яна цяпер з усходняй спараліжаванай паловы Беларусі на абрабаваную заходнюю. А над ёй і на ейным перадзе лунаў магутны, зманліва-прывабны кліч: вызваленьне (...) На пачатку было слова (...) Крывадушныя майстры ўзялі чыстае й прыгожае слова, ды на свой лад перакруцілі, за словам чыстым і празрыстым злыдняў хвальшу пасадзілі. І не спасьцераглі людзі добрыя” (3, 37). Ад ранама да рамана большае падобных лірычных заставак, яны паступова “лірызуюцца”, напаўняюцца ўнутранымі маналогамі інтэлігентных людзей, праўдашукальнікаў, самога аўтара. Было б уволуле дзіўна, каб гэтых унутраных маналогаў было больш у “Дзярлівай птушцы”: там жа жывуць, працуюць, перакідваюцца скупымі фразамі сяляне, якім не да разгорнутых маналогаў. А ў “Закрываўленым сонцы” і ў рамане “Беларусы, вас чакае зямля” разважаюць над сваім і народным лёсам Янук Бахмач – паэт, гімназіст, настаўнік, чалавек, адораны здольнасцю самаацэнкі, самааналізу; Антон Дзяркач, навучаны жыццёвай мудрасці трагічнымі абставінамі; Пракоп Бахмач – выбіты са звычайнай каляіны, а таму вымушаны супрацьстаяць Сабакевічам, Шпунтам ды іншым уладарам-агітатарам і дзеяннем, і духоўным настроем, растрывожаным, неўпарадкаваным; Косцік Сабакевіч – Бурак, які спрабуе настроіцца на хвалю ацэнкі і самаацэнкі, натрэніравацца ў ролі камандзіра-правадыра, гэтакага Напалявончыка мясцовага маштабу (фактычна ён адзін з галерэі камедыйных персанажаў і здольны на такое).

Такім чынам, у двух апошніх раманах “Гавараткі” аўтарскае “я” выходзіць з ценю на першую пазіцыю, пашыраецца дыдактызм, ствараецца ўражанне, што парадзіраванне новых уладаў – самамэта. Любая навязлівасць і зададзенасць у стылю – не на карысць, а на шкоду сапраўднаму мастацтву. Прыгадаем “Ціхі Дон” Шолахава, “Палескую хроніку” Мележа – там аўтарская пазіцыя вынікае з апісання, героі і абставіны свечаць самі за сябе. У Кастуся Акулы так было толькі ў першай частцы “Гавараткі”, а ў дзвюх наступных паступальная пазіцыя пісьменніка выліваецца ў палітычныя дэкларацыі, у аднабаковасць поглядаў, пры якой немагчымыя варыянтнасць, не пакідаецца чытачу пляцоўка для развагаў “сам з сабою”. Прыкладам інакшага падыходу да раскрыцця гэтай жа самай ідэі можа быць быкаўская аповесць “Аблава”, у якой логікай развіцця сюжэта раскрываецца антынародны характар “народнай улады”, што абвінаваціла невінаватых, выслала іх у далёкі паўночны край, згубіла чалавечыя жыцці. І няма ў аповесці палітычных дэкларацый і лозунгаў, ёсць логіка падзей, фактаў, развіцця характараў.

Стыль Кастуся Акулы – сінтэтычны, бо ўключае ў сябе адзнакі лірызму (там, дзе апісваецца прырода, каханне), публіцыстычнасці (у выхадах на ацэнку лёсу народа, краіны), сатырычнага парадзіравання (паказ герояў-марыянетак, камедыйных персанажаў). Тры рознахарактарныя моўна-выяўленчыя плыні пераплятаюцца, часам нават у адным эпізодзе, апісанні.

Кастусь Акула – сапраўдны майстар мастацкай дэталі і слоўнага жывапісу. Гэта тым больш уражвае, таму што большую частку свайго жыцця ён жыве за межамі краіны, выключаны хоць з такога-сякога моўнага асяроддзя. Значыцца, не растраціў свайго роднага, не растварыўся ў чужым. Так, разважаючы пра націск з Усходу і яго вынікі, пасля біблейскага “Спачатку было слова” пісьменнік пераводзіць апавяданне ў іншы, рэальны трагедыйна-кашмарны план і адным трапным метафарычным выказваннем стварае цэласную, аб’ёмна-зрокавую пры ўсёй умоўнасці карціну – “Слова падстрэлілі”. Што азначае: падстрэлілі самае святое, шчырае і добрае, разбурылі першааснову, падмурак, фундамент. У другім выпадку пра агітатара Маршалкава пісьменнік выкажацца – “кручканосы гарбуз”. І гэта выказванне лепш за доўгае, падрабязнае апісанне ахарактарызуе ні то чалавека, ні то нешта круглае, пустое – замест твару ў гэтай істоты адно тырчыць нос-кручок.

І яшчэ... Ідзе падрыхтоўчая кампанія да выбараў у Саветы. Аўтар называе яе вельмі трапна і характарыстычна – “барабаншчына па падрыхтоўцы да выбараў”. За адным словам – барабаншчына – паўстае зноў-такі цэласная карціна, поўная, відаць, беганіны, імітацыі актыўнага дзеяння, пустаслоўя і гучнаслоўя, краснакаляровасці – “барабаншчыны”, паказухі, а не жывой чалавечай справы.

Пра Пятра Іванавіча – перапісчыка маёмасці, таго, што і два пустых вуллі запісаў Пракопу Бахмачу, пісьменнік скажа – “шэрая, восеньская марудная хмара”. І больш нічога не трэба. Сказана хоць лаканічна, але надзвычай афарыстычна: чалавек гэты шэры, змрочны і знешне, і ўнутрана, робіць ён усё марудна, паважна, не спяшаючыся (як, дарэчы, і святар Абухаў, які прымушае наведвальнікаў чакаць яго ды перажываць гадзінамі), каб і ўладарнасць сваю паказаць, і памучыць людзей, і паступова выцягнуць з іх нервы ды наматаць на клубок. Пры такіх паводзінах уладароў мацнее напружанне, выпрабоўваецца людское цярпенне, мацнее страх.

А як паводзіць сябе пан солтыс Паўлоўскі, каб таксама паказаць гэтым хамам-сялянам сваю вышэйшасць! Яго партрэт – гэта партрэт аўтарытэтнага чалавека (больш правільна – чалавека, які выконвае ролю аўтарытэта): “гэта аўтарытэт, які любому чалавеку відаць у высока паднятай і пакрытай фанабэрыста-зухаватым капелюшом цёмна-русай галаве, борздым (з польскай мовы слоўца – М.М.) кроку, у кароткім, адрывістым і аўтарытэтным голасе пры вітанні сустрэчных, а найбольш, дык у добра-ткі абшмулянай скураной сумцы пад пахай” (3, 132). Ну, чым не малы “смактунок”, гаворачы словамі самога аўтара?

Пісьменнік можа пісаць пра лес, поле, дрэвы, неба, пра нежывое, як пра жывое, ачалавечыць натуральныя з’явы прыроды. Не выпадкова дуб на Гаваратцы ў яго носіць імя – Архіп. Не выпадкова і сонца аказваецца “закрываўленым”. Кусты ў яго – “чубатыя” і “касалапыя”, дзень – “новароджаны”, усмешкі – “валадарныя”, мужык – “затуканы, загуканы”. Ён можа напісаць – “чорны дзень загаспадарыў” і тым самым зняць доўгае апісанне, трапна пацэліць у кропку. Майстар слова, майстар мастацкай дэталі, тропа – такі Кастусь Акула ў “Гаваратцы”.

“Гараватка” – трылогія пра лёс народа на вызначальных этапах жыцця. У ёй цесна перапляліся адзнакі эпічнага і лірычнага родаў літаратуры, развінуліся агульназначныя, грамадскія і агульначалавечыя, філасофскія праблемы. Аўтар пазбег маралізатарства, задоўгай апісальнасці, пераламіў у агульным адзінкавае, у сацыяльным – бытавое.

У трэцім рамане з “Гавараткі” – “Беларусы, вас чакае зямля” – нацыянальная ідэя пастаўлена ў цэнтр. Усе сілавыя сюжэтныя лініі “сцягнуты” да ртох герояў – Янука Бахмача, Антона Дзеркача, Кастуся падгайскага. Іх – розных па ўзросце і жыццёвым вопыце – пад адным дахам сабрала думка-мара служыць Радзіме і народу ў скрутны, ліхі час. Праўда, за выключэннем Антона, які карае смерцю Лявона Шпунта ды Хведара Паваліцкага, яны пакуль што не дзейнічаюць, а рыхтуюцца да дзеяння, аналізуюць сітуацыю, якая складаецца з прыходам Савецкай арміі і вызваленнем ад фашызму. Самы разумны з іх, стратэг Падгайскі адзначае ў размове з Антонам, што розніцы паміж гітлераўскімі і сталінскімі таталітарнымі рэжымамі фактычна ніякай няма: “І камунізм, і нямецкі фашызм – абое рабое. Партыя, дзяржава, дыктатура – для іх усё, а чалавек у іх ноль. Ён не маіць голасу і права, а толькі тыя маюць, каторыя да ўлады дабяруцца. А чалавек маіць душу й сэрца і каб ён разьвіваўся, каб добра рабіў, мусіць быць вольным” (5, 191).

Дзеля ўвасаблення нацыянальнай ідэі аўтар пераходзіць да двух прыёмаў – паглыбленага дакументалізму і ўсхваляванага лірызму, заменьвае апісанне перажываннем, роздумам, спавядальнасцю. У сувязі з першым момантам варта адзначыць дзве сцэны, назіральнікам і ўдзельнікам якіх быў Янук Бахмач, - свята 25 сакавіка ў мінску, у 1944 г., на цэнтральнай плошчы, і Сусветны кангрэс беларусаў перад самым вызваленнем сталіцы рэспублікі ад фашыстаў. Малады юнак у першым выпадку прыходзіць да вываду, што наладаванае марапрыемства – мішура, справа рук нашых уяўных сяброў-гітлераўцаў, а ў другім натхняецца на барацьбу і разам з тым стамляецца ад гучных прамоў, якія да таго ж адбываюцца пад грохат кананады з Усходу.

Лірычная хваля пракочваецца праз усю трэцюю частку “Гавараткі”, пад канец яна паглыбляе дзеянне і выліваецца ў пранікнёныя маналогі янука Бахмача – фактычна самога аўтара – пра лёс беларусаў-пакутнікаў, радзімы, пра трагічныя старонкі нашай гісторыі. Агульная лірыка-эмацыянальная плыня вымыла з апавядання мастацкія дэталі, прадметныя рэаліі, на якія такімі багатымі былі папярэднія часткі: “Народ мой шматпакутны, “пан сахі і плуга”, якімі меркаваннямі ўсявышні табе такі лёс наканаваў? Ці даў табе на зямлі месца, каб ты стаўся спажывай зьдзічэлых, тых, што запярэчылі Ягонае існаванне й адракліся Валадыра Нябеснага” (5, 237).

На высокай паэтычнай хвалі і заканчваецца трылогія пра літоўцаў і “Гаваратку”, народ, які ўсё вынясе і пракладзе сабе дарогу наперад.

Менш удаўся аўтару раман “За волю”, выдадзены таксама ў Таронта ў выдавецтве “Пагоня” у 1991 г. Ён найбольш палітызаваны, перапоўнены лозунгавасцю ды рыторыкай. Сюжэт яго ўскладніўся, набыў дэтэктыўны характар: у асяроддзе актыўных, нацыянальна свядомых беларусаў у канадскім горадзе Радфордзе Рыгор Капшук – стаўленік Масквы – накіроўвае Веру Мак – дачку забітага пад час дэманстрацыі ў Канадзе беларускага эмігранта-рабочага, актывістку рабочага клуба Максіма Горкага ў другім канадскім горадзе Балтва. І далей сюжэт раскручваецца па законах дэтэктыўнага жанру... Алесь Якімовіч – бізнесмен, служачы універмага Зэлмана, актыўны малады беларус-эмігрант і не менш актыўны ў справе нацыянальнага будаўніцтва пакахаў Веру, не ведаючы, хто яна, прымаючы за сваю. У яе ж душы адбываецца драма, змаганне паміж абавязкам – выдаць агента Масквы свядомага беларуса, пісьменніка антона Шпака і пачуццём – узаемаадносіны з Алесем зайшлі даволі далёка. Зноў-такі па законах дэтэктыўнага жанру гіне Антон Шпак, Вера адкрываецца алесю і пакідае яго, і Радфорд. Алесь кідае камерцыю, апускаецца, пакутуе. Сябра Алеся Нік знаходзіць Веру ў Таронта, прыводзіць да Алеся, каб яны сустрэліся і не развіталіся ўжо да канца дзён сваіх. Вера паклялася схадзіць у паліцыю і паведаміць, чыё заданне выконвала.

Раман мае чыста пазнальны інтарэс: з яго мы даведваемся пра жыццё беларусаў за мяжой, рэальнае, а не тое, пра якое чуем з афіцыйных паведамленняў, поўнае драматызму і пошукаў сябе людзьмі, адчужанымі Бацькаўшчынай. Як бы падсумоўваючы лёс беларусаў на чужыне, у 20-м раздзеле рамана аўтар піша пранікнёныя, поўныя болю, праўдзівыя радкі, прамаўляе сваё залатое слова: “Нашы суродзічы намагаліся за межамі паняволенае бацькаўшчыны будаваць сваё новае жыццё, гадаваць дзетак у беларускім духу й веры ў Бога (...) І вось супраць гэтых людзей вялася дзесяцігоддзямі бесперапынная бальшавіцкая акцыя шантажу, нацкоўваньня, паклёпу, антыгуманнай прапаганды (...) Выдатных беларускіх патрыётаў, што былі на эміграцыі, яны называлі “мацёрымі здраднікамі” (...) Пасьля страты мовы, культуры, собскае і нацыянальнае годнасці – наперадзе адно цемра: некалі ў гісторыі вялікі і слаўны народ ператворыцца ў “зямляцтва”, угнаенне для прагавітых дзярлівых чужынцаў” (6, 86).

З твора відаць, як і чым жылі беларусы “ля чужых берагоў”, як па-рознаму складваліся іх чалавечыя лёсы і ў якой суровай барацьбе з абставінамі яны не страчвалі веру ў свой край і народ. Запамінаюцца больш-менш асобныя постаці (праўда, створаная паводле зададзенай схемы) – Антона Шпака, свядомага беларуса, сумленнага пісьменніка, які мог скарыстаць са свайго таленту – пісаць дэтэктывы, “бульварныя творы” ды нажывацца, але ён не паддаецца гэтай спакусе. Толькі дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы Алеся Якімовіча “зводзіць канцы з канцамі”. Пад фінал рамана яго (вынік палітычных інтрыг з боку Масквы) звальняюць з працы, а затым ліквідуюць. Колішні гулагавец, чалавек “мізэрны, змучаны”, з “упалымі шчокамі” на твары, з “рэдкімі сівымі валасамі” і “нейкімі хваравітымі аганькамі ў ясна-блакітных вачах пад буйнымі бровамі”, ён не мог даказаць сваю вялікую праўду, данесці да свядомасці свайго народа і народаў свету ісціну пра трагедыю беларусаў: “Шпак намагаўся мабілізаваць усе свае сілы, каб праўду пра паняволены, пра мільённыя ахвяры, зганьбаваныя сьвятыні, пра пошасьць русіфікацыі, зьнішчэньне цэлай вялікай культуры вялікага народа (...) сьвет пачуў” (6, 37).

Калі вобраз Шпака сатырычны, нібы выключаны з рэальнага жыцця, дык вобраз Алеся Якімовіча запамінаецца ў службовых, побытавых і інтымных сцэнах, нават у перадгісторыі пра тое, як беспрацоўны хлопец-беларус у чужым горадзе выпадкова знайшоў працу, таленавіта служыў Зэлману і дабіўся вялікіх поспехаў у камерцыйнай справе. Маляўніча паказаны ў рамане бізнесмены – калегі Алеся, добра раскрыты іншыя грані замежнага “дзелавога свету”. Вось партрэт аднаго з прадстаўнікоў – калегі Якімовіча па працы Джоў Кэмпа: “худы, сярэдняга веку бляндын, акуратна апрануты ў стандартны чорны “бізнэс касьцюм” трымаў функцыю гандлёвага аналіста й рэкламнага загадчыка. Жанаты із занудай, што трымала яго на кароткім павадку. Мала калі бываў на якім-небудзь сяброўскім гулянні працаўнікоў кампаніі за выняткам каляднага абеду ці якога-небудзь авансу. Сядзеў цяпер Кэмп у выгодным крэсле й на каленях трымаў сытую сумку. У выпадку патрэбы ён гэтта-ж выцягне із тае пакатае сумкі і адразу манатонна павядзе праз розныя бізнэсавыя цячэньні й пералівы, падтасоўваючы гэта ў агульныя лікі” (6, 25 – 26).

Алесь Якімовіч дзейнічае і ў сферы бізнэсу, і не менш актыўна ў сферы інтымных узаемаадносін – адразу заўважыў Веру – прыгажуню, прычараваў і павёў за сабою, не ведаючы, што яна – прыстаўлена да нагляду за ім, а затым і за Шпакам чырвоны “шпік”. Некалькімі штрыхамі пісьменнік характарызуе Якімовічаву жыццёвую тактыку і стратэгію: “мэтадычны чалавек”; “На першым этапе ставіў разьведку”; “Алесь любіў выклік, клі меў нейкія шансы на посьпех” (6, 45).

У рамане “За волю” характары паказаны сфармаванымі і раскрываюцца ў адной, нейкай вызначальнай сваёй рысе і, такім чынам, выконваюць дапаможную функцыю – служаць раскрыццю той ці іншай ідэі, становяцца сімвалам дзелавітасці (Алесь, Джэў Кэмп, Нік Лок, Анды Кул, іх шэф Зэлман), ахвярнасці (Антон Шпак), прадажніцтва (Грыша Капшук, Ніна Ляснік) і г.д. Кожны з іх паводзіць сябе ў адпаведнасці са складзенай праграмай.

Многія старонкі рамана палемічныя, выкрываюць палітыку Масквы ў адносінах да эміграцыі, блізкія да расцягнутых, шмат слоўных лозунгаў: “Чырвоныя прарокі пашыралі хвальшывыя пропаведзі крывадушнага тырана з камуністычнага цэнтру, шматлікія ачмурэлыя марксістоўскімі догмамі “прагрэсісты” упарта гарлапанілі на барыкадах сваіх “клясавых пазіцыяў”. А для мала пісьменных, што “ня лезьлі ў палітыку”, усе вялікія й малыя палітыканы, свае і чужыя, тварылі не абы-якую збянтэжанасьць” (6, 12).

У структурна-кампазіцыйным плане раман блізкі да дэтэктыўных твораў, адпавядае іх нарматыўнасці: востры сюжэт, чаканне завязкі, кульмінацыі і развязкі, “закручанай інтрыгі”, перавага дзеяння над роздумам і яго хуткі тэмп, дыялогаў над маналогамі, лаканізм аўтарскага апавядання і г.д. Зніклі многія стылявыя рысы ранейшага Кастуся Акулы – выверанасць тропа, слова, мастацкай дэталі, устаноўка на псіхалагізм, на самараскрыццё характараў, на гуманізм і чалавечнасць урэшце-рэшт. Новы жанр дынамізаваў пісьмо, адкінуў са стылю ўсё, што стрымлівае імклівы тэмп апавядання і дзеяння.

Падсумуем нашыя назіранні... Кастусь акула – таленавіты беларускі пісьменнік. За дзесяцігоддзі свайго жыцця за мяжой, ля чужых берагоў ён не страціў пачуцця Радзімы, кроўнай, духоўнай сувязі з Бацькаўшчынай, не адцураўся роднай мовы і не забыўся на яе адценні, тоны і паўтоны, яе неацэнныя скарбы. Штодзённа, штохвілінна жывучы ідэяй нацыянальнага вызвалення, пісьменнік-эмігрант глядзіць на яе вачыма апанента, палеміста з раней выпрацаванай у савецкай краіне канцэпцыяй. Палітычна актыўны, ён раскрыў сябе як антытаталітарыст, змагар за свабоду асобы, за адраджэнне, як катэгарычны ненавіснік афіцыйнай камуністычнай ідэілогіі. Ды сіла яго, мабыць, не толькі ў гэтым, а ў любві і адданасці малой і вялікай Гавараткам, літоўцам – гэтым галавалосым і басаногім людзям, народу, які зведаў цемру і чакае Святла: “Родная зямля – крыніца майго натхнення, нянька, карміцелька, настаўніца, што мяне ўзгадавала і ў сьвет накіравала, - прыймі на ўлоньне сваё зьнядужэлага целам і акрыленага духам сына. Зь вялікага падарожжа, зноў босымі нагамі ступаю па старых, утоптаных і іншых, цяпер пустазельлем зарослых, сьцежках. Зноў і яшчэ раз аглядаю цябе новым зрокам, пільна прыслухоўваюся да тваіх гукаў, чую тваё дыханьне, насалоджваюся вясёлкамі прыроды твае (...) Вяртаюся да вытокаў” (5, 251).


БІБЛІЯГРАФІЯ

1. Акула Кастусь. Усякая ўсячына. Проза, паэзія, п’еса. Таронта. Выд. “Пагоня”, 1984. С. 5, 7, 18, 23, 34, 37, 91, 93, 96, 101.
2. Акула Канстантын. Змагарныя дарогі. Аповесць. Таронта-Мюнхэн. 1962. С. 3, 4, 5, 7, 11, 50, 64, 68, 95, 96, 97.
3. Акула Кастусь. Гаваратка: Кніга І-я. Дзярлівая птушка. Раман. Таронта, 1965. С. 6, 7, 37, 113, 130, 132, 146, 167, 180.
4. Акула кастусь. Гаваратка. Кніга 2-я. Закрываўленае сонца. Раман. Таронта. Выд. “Пагоня”, 1974. С. 9, 10, 36, 43, 52, 71, 75, 94, 96, 97, 109, 113, 120, 147, 156 – 157, 189, 264.
5. Акула кастусь. Гаваратка. Кніга 3-я. Беларусы, вас чакае зямля. Таронта. Выд. “Пагоня”, 1981. С. 19, 191, 214, 237, 251, 286.
6. Акула Кастусь. За волю: Раман. Таронта. Выд. “Пагоня”, 1991. С. 12, 25 – 26, 37, 45, 86.
7. Арлоў У. Змагарныя шляхі кастуся Акулы. // Роднае слова. 1993. № 7. С. 18.
8. Ля чужых берагоў. Мюнхэн, 1955. С. 188, 189, 192, 195, 196, 202.
9. Песняры Случчыны. Слуцак, 1943. С. 56.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster