|
Мікола Мішчанчук
“ІМКНІСЯ ЎСЬЦЯЖ НА ЗЬНІЧ НЯЗГАСНАЙ ВЕРЫ...”
Лёс і творчасць Алеся Салаўя.
Алесь Салавей – выдатны беларускі паэт, які доўгі час вымушаны быў насіць крыўду на суровыя абставіны жыцця, скардзіцца “на свет цэлы” за несправядлівасць лёсу, несці крыж пакутніка за край і народ свой. Ён прайшоў наканаваны лесам шлях з пачатку і да канца, спадзеючыся толькі на сябе, ведаючы, што толькі ў адзіноце можна знайсці ратунак у час пераацэнкі каштоўнасцей, разбурэння свету, у час драматычных гістарычных разломаў. І выказаўся наконт гэтага ў вершы “Яшчэ не моўкнуць...” недвухсэнсоўна і шчыра:
Пайду няўхільна сумны, адзінокі
(у суме – праўда, ў вадзіноце – сіла)
туды, дзе думка клікала, будзіла,
дзе вам зьгібеньне прараклі прарокі.[1]
Так адзінокі і мала кім зразумелы ён і загінуў ад сардэчнага прыступу, калі купаўся ў акіяне ля берагоў далёкай Аўстраліі, 22 студзеня 1978 г. Быў пазаваны ў Мельбурне, так і не даляцеўшы да свайго роднага краю, не даспяваўшы сваёй апошняй песні. Ды пра гэта не скажаш лепш, чым сказаў у заключным артыкуле ў пасмяротнай паэтавай кнізе “Нятускная краса” такі самы, як ён, эмігрант-бесхацінец Антось Адамовіч: “... Не далётваюць нашыя салаўі ў вырай да гэтае чужое чужыны, накрайсьветнае Аўстраліі. І сваіх птушак-салаўёў таксама няма там – ня спраўдзілася тая песьня. І яшчэ ня спраўдзілася – ды ўжо на лепшае – яна: знаюць пра паэтаву магілу ўсе, хто толькі хоча й можа знаць, і трапляюць да яе – адведваюць суродзічы зблізку й здалёку”.
Алесь Салавей (сапраўднае прозвішча Альфрэд Радзюк) нарадзіўся ў вёсцы Крысава, што на Дзяржыншчыне (Койдаўшчыне) 1 мая 1922 г. у сям’і сына былога парабка графа Чапскага, земляроба, які пазней вывучыцца на агранома і стане інтэлегентам у першым калене. Так што будучы паэт, падобна Багдановічу, - інтэлегент у другім калене. У сваёй аўтабіяграфіі паэт прыгадвае маці - таксама інтэлегентную і адукаваную жанчыну, якая “шмат увагі аддавала на выхаванне”. У 1923 г. сям’я Радзюкоў перасялілася ў Койданава, дзе бацька ўладкаваўся працаваць у лясніцтве, а затым, на пачатку 1928 г., быў зноў пераезд ужо ў Чэрвенскі павет, дзе да 1933 г. бацька кіраваў саўгасам. Тут маленькі Альфрэд пайшоў у школу. У тым сама годзе зноў адбыліся пярэбары – спачатку ў Койданаўскі павет, а затым і ў Койданава, дзе бацька працаваў загадчыкам прыгараднай гаспадаркі, а пасля – раённага гандлёвага аддзела.
Першыя літаратурныя практыкаванні будучага пісьменніка прыпадаюць на койданаўскі перыяд жыцця. Менавіта ў гэты час ён надрукаваў у раённай газеце пейзажную замалёўку “На сенажаці”. Газета называлася традыцыйна – “Ударнік Дзяржыншчыны” ды і змяшчала традыцыйныя, прыгладжаныя журналістамі раённага маштабу творы. Тым не менш аўтар першадруку стараецца знайсці адметныя радкі, мысліць самастойна, адчувае слова. Верш патрыятычны па змесце, сентыментальна-расчулены. Для пацвярджэння выказаных думак працытуем чатыры радкі з яго:
Падаць сталі росы –
зазьвінелі косы,
загучэлі песьні,
паляцелі ўдаль.
Каб ведаў паэт, што чакае яго неўзабаве, не спяваў бы, відаць, такіх радасных песень, агледзеўся б ды задумаўся над тым, што жыццё складаецца не з адных ружовых фарбаў, падчас мае і чорны колер.
Таталітарная дзяржава спакваля рыхтавала ланцугі для сваіх грамадзян, прыкрываючыся высокімі словамі пра “царства волі”, светлую будучыню, роўнасць і братэрства. Невядома, чым стаў вінаваты ды няўгодны гэтай нібы спецыяльна створанай для падаўлення асобы дзяржаве аграном, сціплы спецыяліст сельскай гаспадаркі, кіраўнік першага звяна – Радзюк-бацька. Яго арыштоўваюць у злавесным 1937-м. Не дазваляюць перадаць старэйшаму сыну Альфрэду ашчадную кніжку з трымастамі рублямі. Усё падчыстую канфіскавалі. Пакінулі ў холадзе, голадзе, галоднымі, адзінокімі (сваякі былі запалоханыя, баяліся арышту за дапамогу... дзеткам) старэйшага, пятнаццацігадовага Албфрэда, чатырнаццацігадовую Асю, васьмігадовага Лявонку і чатырохгадовага Уладзіка (памёр у 1941 г.). Бацька загінуў, магчыма, у адным з сібірскіх лагераў. Праз дзесяць гадоў, адпакутаваўшы сваё, вярнулася да дому маці ды ў хуткім часе памерла. Яе магілка знаходзіцца пад мінскам, непадалёку ад Фаніпаля, у Вязані.
А як жа жылі, дзякуючы роднай уладзе, “ворагі народа”, дзеці, без бацькоўскай ласкі, без дагляду? За чые грахі расплочваліся яны? Хто ім сплоціць сёння, праз паўстагоддзя, нервовыя затраты, невымерныя пакуты і адчуванне непаўнацэннасці (сярод стукачоў, сексотаў і даносчыкаў, кар’ерыстаў), не гаворачы пра матэрыяльныя страты? Каму да іх, невінаватых, справа сёння, калі былыя чыноўнікі кінуліся як хутчэй набіваць сабе кішэні, раскладваючы дабро, створанае і такімі ахвярамі сістэмы, як Радзюкі?
Альфрэд Радзюк у пятнаццаць гадоў працуе “па-чорнаму”: капае торф, выгружае вугаль, нарыхтоўвае на зіму дровы, каб толькі хоць як пражыць, не змерзнуць у ледзяной хаце. Каб толькі выжыць. Аднак сіроцкае, шматпакутнае жыццё не згасіла жадання маладога паэта пісаць. Так, як пісалі іншыя, - радасна-ўзнёсла, рытарычна, настройваючыся на адычную хвалю, друкавацца, адным словам, - жыць, як і ўсе пачаткоўцы. Дарэчы, першы свой верш ён даслаў у “Пионерскую правду”, напісаны па-руску, і першым аўтарытэтным рэцэнзентам яго творчасці быў, па словах будучай жонкі песняра, Самуіл Маршак, які параіў аўтару пісаць на роднай мове, бо той піша па-руску, а думае па-беларуску. Аднак друкаванні на старонках перыёдыкі тым часам былі заўважаныя, у 1938 г. пачаткоўца запрасілі на канферэнцыю маладых пісьменнікаў. Асабліва ўважлівы да Альфрэда Радзюка быў Пятро Глебка, які не толькі падтрымаў яго ў пачатку дарогі, але помніў і пазней, распытваў пра яго у 50-я гг., калі быў у складзе беларускай дэлегацыі на сесіі ААН, знаёміўся з забароненай творчасцю мастакоў-эмігрантаў (забароненай, вядома, для савецкага чытача). Менавіта П. Глебка пазнаў у вершах Алеся Салаўя стыль свайго колішняга вучня. Паспрабаваў паэт вучыцца ў Мінскім педагагічным вучылішчы (педтэхнікуме), ды пакінуў вучобу па сямейных абставінах, па прычыне недахопу сродкаў для аплаты навучання.
Ранняя старонка біяграфіі Алеся Салаўя тыповая для той катэгорыі людзей, якая трапіла пад колы сталёвай машыны, сканструяванай будаўнікамі утапічнага грамадства сацыяльнай роўнасці, а на самой справе – таталітарнага, звернутага не да чалавека працы, а да чалавека-чыноўніка, партакрата, які павінен быў абслугоўваць эліту. Сталін быў таленавітым канструктарам такога грамадства, нядрэнным педагогам – знаўцам душ чалавечых, многія з якіх, нібы начныя матылькі, імкнуліся на святло ілжывых абяцанняў і згаралі, не паспеўшы каля яго сагрэцца. Адзін з такіх матылькоў – малады паэт, які, відаць, быў удзячны Сталіну за тое, што ацалеў, што не быў арыштаваны разам з бацькамі. Настаўнікі школьныя і, відаць, літаратурныя, прышчапілі яму любоў да Радзімы, якая, бачыш, клапоціцца пра сірот – дзяцей ворагаў народа. Галоўнае было – стварыць у свядомасці дзяцей і дарослых імідж комплексу непаўнацэннасці, даказаць кожнаму, што ён – нуль, нішто ў краіне, якая будуе такое вялікае, светлае, такое справядлівае грамадства. Што ты, казюлька, у гэтым грамадстве сабой уяўляеш? Чаго ты вартая? Агітатары за камунізм свайго дасягнулі: абсалютная большасць членаў грамадства ператварылася ў супольнасць маўклівых рабоў. А хто не маўчаў, той пісаў у самы змрочны час пра грандыёзныя поспехі сацыялістычнага будаўніцтва, ухваляў дзеі і ўчынкі Сталіна-сейбіта, Варашылава – дэпутата ад Беларусі, будаўніцтва Барысаўскай запалкавай фабрыкі і да т.п. А калі вёў сумную мелодыю, у нечым сумняваўся, - сам, дабраахвотна, клаў галаву пад нож гільяціны, сам узыходзіў на Галгофу, як Язэп Пушча, Андрэй Мрый, Тодар Кляшторны і многія іншыя. Альфрэд Радзюк быў малады для адкрытага пратэсту. Ён цярпеў і хваляваў светлую яву. Ні ценю суму, адчування бяды не знойдзем мы ў яго ранніх творах. Гэта прыйдзе пазней, пасля таго, як мастак сутыкнецца сам-насам, ужо ў вайну, з новай, не менш злавеснай тыраніяй, што ішла з Захаду, удала выкарыстоўваючы пралікі тыраніі ўсходняй.
Сёння, ацэньваючы літаратуру 30-х гг., як літаратуру “падсавецкую” (тэрмін крытыка-эмігранта Антося Адамовіча), кан’юктурную, афіцыйную, мы адначасова ацэньваем у многім фенаменальную лінію паводзін яе стваральнікаў – лінію прыстасаванства па прычыне страху за ўласны і лёс блізкіх, па прычыне немагчымасці ў паднявольных умовах спяваць са свайго голасу. Той, хто трымаўся такой лініі, павінен быў наступіць на горла ўласнай песні, а калі не згаджаўся на гэта – атрымліваў пуцёўку ў Курапаты ці больш далёкі край. Альфрэда Радзюка ад падобнага лёсу ўратавала вайна, што неўзабаве пачалася, а таксама тое, што яго лірыка была па-дзіцячаму непасрэднай і шчырай лірыкай прыроды. Уратавала яго, як ні парадаксальна, звужанасць тэматыкі і проста жыццёвая нявопытнасць, недасведчанасць у пытаннях палітыкі, у тым што адбывалася ў краіне.
Цікавым можа быць не даследаванае да гэтага часу пытанне пра тое, як выхоўвалася нацыянальная свядомасць паэта на першым этапе жыцця. Звестак наконт гэтага ніякіх няма. Застаецца толькі меркаваць прыблізна, гіпатэтычна, што штуршком для росту нацыянальнай свядомасці стала адмова Самуіла Маршака надрукаваць верш на рускай мове і ягоная ж рэкамендацыя пісаць творы на роднай мове. Акрамя гэтага, арышт бацькоў, магчыма, таксама абвастрыў пачуццё чалавечай годнасці, трагедыйнасць светаўспрымання, якая затым у час вайны і пасляваеннага блукання па пакутах, яшчэ больш акрэслілася і высвеціла этапы крыжавога шляху не толькі асобы, але і грамадства ў цэлым, народа краю. На жаль, няма звестак пра школьных настаўнікаў гісторыі ды літаратуры, якія, бясспрэчна, мелі ўплыў на мастака і не зніклі з яго свядомасці ў пазнейшы час. Ніхто з даследчыкаў да гэтага часу не сустракаўся з родзічамі паэта, не распытаў іх пра пакутны лёс песняра. Мала ведаем мы таксама пра маці і бацьку паэта – хто яны, з якіх сем’яў, ці рупіліся пра беларускасць. Такая няўвага да радаводу – наша агульная бяда, бяда літаратуразнаўства ў цэлым, якое многа страціла, бо забылася на існаванне біяграфічнага метаду вывучэння слоўнага мастацтва.
Ваенная старонка біяграфіі паэта найбольш заблытаная і так да канца і не высветленая. Праўда Антось Адамовіч па-майстэрску прачытаў яе, паказаў неардынарнасць паводзін А. Салаўя, растлумачыў чытачам, як нараджаўся псеўданім, што прынёс паэту сусветную вядомасць. Мы ж, аднак, акцэнтуем увагу чытача на дзвюх праблемах, якія нас найбольш цікавяць у сувязі з асэнсаваннем паводзін беларускай творчай інтэлегенцыі ў вайну. Першая – каму служылі нашы мастакі, інжынеры, музыкі, літаратары, іх палітычнае аблічча. Другая – нацыянальнае пытанне і лёс беларускай творчай інтэлегенцыі пры немцах. Што датычыцца адказу на першае пытанне, дык яго мы знойдзем у дзённіку Л. Генюш “Споведзь”. Там адкрыта сказана, што ні немцам, ні прдстаўнікам сталінскай тыраніі беларуская інтэлегенцыя не прыслужвала. Нават падпісанне тэлеграмы Гітлеру-“вызвольніку народа” ад імя эміграцыі, на яе думку, было інспіравана такімі змрочнымі асобамі, як Ермачэнка. Такое ж самае, ужо мастацкае, тлумачэнне палітычных паводзін інтэлегентаў ваеннага часу знаходзім у творчасці Н. Арсенневай:
Ізноў пачну смуціцца штодня
чужой тугой, душу шыпшыніць
чужой вясёласьцю й паходняй
гарэць на ветры за краіну!
У дакументальных запісах “Крыжавыя дарогі” К. Акула расказвае пра думкі і настрой юнакоў-беларусаў – курсантаў афіцэрскай школы, якія рыхтаваліся бараніць свой край ад чужынцаў; М. Сяднёў – аўтар рамана пра пакуты беларускага інтылігента, настаўніка, што не паспеў адбыцца, які не хоча служыць ні бальшавіцкім камісарам, ні немцам, ні ў партызанскім атрадзе, ні ў паліцыі. Такую “сярэдзінную” пазіцыю хутчэй за ўсё займаў і Алесь Салавей – пачынаючы літаратар, журналіст, супрацоўнік лагойскай раённай (напярэдадні навалы), а затым – да лютага 1942 г. “Менскай газэты” (пазней – “Беларуская газэта”). З лютага 1942 г. і да канца вайны ён – намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Новы шлях”, які выдаваўся ў Рызе. Вядома, два апошнія выданні і да гэтага часу лічацца прафашысцкімі, а іх супрацоўнік – калабарацыяністам, паслугачом акупантаў. Ды толькі падобныя абвінавачванні – голая рыторыка, якая не апіраецца на факты, на доказы, сведчанні ўдзелу паэта ў канкрэтных справах акупацыйных улад (як няма звестак і пра тое, як дапамагалі акупантам Н. Арсеннева, М. Сяднёў, У. Клішэвіч, многія іншыя мастакі). Іх палітычнае крэда зводзілася да жадання займаць пазіцыю нейтралітэту, выжыванне між двух агнёў, між двух таталітарных рэжымаў. Ды не першым часе цеплілася надзея, што пры немцах будзе лепш, чым пры бальшывіках: яны, маўляў, і школы беларускія дазволілі адкрыць, і выданне часопісаў ды газет на роднай мове наладзілі. Немцы выдатна скарысталі пралікі сталінскага рэжыму ў пачатку вайны. Таму частка інтэлігенцыі і паверыла ім, пайшла за імі ў пытаннях культурнага будаўніцтва. Такі, у агульных абрысах, палітычны аспект праблемы, што вынікае з паводзін Алеся Салаўя ў час ваеннай акупацыі Беларусі. Дамо толькі яшчэ некалькі асобных штрыхоў, што могуць навесці на роздум чытача і яшчэ больш сцвердзіць нашу думку.
У пачатку лютага 1942 г. паэт падае прашэнне ў рэдакцыю “Беларускай газэты” аб накіраванні на працу настаўнікам у адзін з раёнаў Заходняй Беларусі, бо ў Мінску жыць на малы заробак журналіста было немагчыма. Яго просьбу задаволілі і накіравалі на працу ў мястэчка Ілля. Аднак на вакантнае месца было некалькі прэтэндэнтаў, сярод якіх былі і настаўнікі са стажам, і таму паэту давялося працаваць у адміністрацыі. І хоць Алеся Салаўя, ведаючы род ягоных заняткаў, не вельмі абцяжарвалі даручэннямі, усё ж працаваць па гэтай лініі яму не хацелася. А гэта якраз сведчыць пра тое, што сутыкацца з новымі ўладамі мастаку не вельмі хацелася, што яго погляды на жыццё ў гады вайны не адпавядалі афіцыйнай версіі, створанай акупацыйным гітлераўскім рэжымам. Неўзабаве паэт пераехаў у Рыгу, дзе распачаў новы этап сваёй журналісцкай працы ў якасці намесніка рэдактара часопіса “Новы шлях”. І яшчэ: пра палітычныя погляды Салаўя ваеннай пары сведчыць і яго мастацкая творчасць, якая абсалютна выключае наяўнасць кан’юктурных рэчаў, адрасаваных новым “гаспадарам жыцця”. Паэт, падобна Максіму Багдановічу, застаецца песняром чыстай красы, тонкім эстэтам.
Больш складана вырашыць другую праблему – пра погляд паэта на нацыянальнае пытанне. Як і многія іншыя беларускія інтэлігенты, на пачатку вайны ён спадзяваўся на літасць і гуманнасць фашысцкіх акупантаў і магчымасць нацыянальнага адраджэння пры новай уладзе. Спадзяванні гэтыя гітлераўцы ўсяляк падтрымлівалі, дазволіўшы карыстацца нацыянальнай сімволікай, вучыць дзяцей у школах на роднай мове, выдаваць газеты і часопісы, друкаваць матэрыялы пра гісторыю Беларусі-Крыўі. Алесь Салавей не быў выключэннем у гэтых адносінах. Яго талерантнасць да фашысцкіх улад на пачатку вайны, хоць і не выявілася непасрэдна ў мастацкай творчасці, але была відавочнай. Як і многія яго сябры па няшчасці, ён жыў нацыянальнай ідэяй, клапаціўся пра лёс народа, адраджэння яго мовы, культуры. У складаных, драматычных умовах ён спрабаваў рабіць тое, што нельга было рабіць пры бальшавіках, спадзяваўся на лепшае. Канечне, яго спадзяванні не спраўдзіліся, і пазней прыйшло расчараванне, летуценнасць змянілася на настальгію, нечуваны боль па страчанай назаўсёды Радзіме. Ды гэта будзе пазней.. А мы ж давайце перагорнем ваенную старонку біяграфіі песняра.
Пад час працы ў “Менскай (Беларускай) газеце” і “Голасе вёскі” сталела нацыянальная свядомасць мастака. Менавіта на пачатку трывожнага ліхалецця ў гэтых выданнях друкуецца нарыс гісторыі Беларусі “Крыўя-Беларусь у мінуласці” Янкі Станкевіча, пазней выдадзены асобнай брашурай, якім паэт захапляўся. Пад уплывам аўтара гэтай працы ён адным з першых пачаў выкарыстоўваць тэрмін “Крыўя” як арыгінальную назву нашай краіны. У “Голасе вёскі” пры яго непасрэдным удзеле быў надрукаваны “кароткі гістарычны нарыс” Язэпа Найдзюка “Беларусь учора і сёння” і напісана яшчэ ў 1918 г. праца Вацлава Ластоўскага “Што трэба ведаць кожнаму буларусу”. Менавіта гэтыя публікацыі, а таксама шматлікія артыкулы па нацыянальным пытанні сталі вызначальнымі для выхавання свядомасці таленавітага паэта. І яшчэ больш яна акрэслілася і ўмацавалася ў рыжскі перыяд жыцця, калі ён разам з У. Сядурам – галоўным рэдактарам, У. Брылеўскім і П. Саколам выдаваў часопіс “Новы шлях”.
Пра гэты перыяд жыцця паэта падрабязна расказвае ў згаданым ужо намі заключным артыкуле да зборніка “Нятускная краса” Антось Адамовіч. Несумненную цікавасць уяўляюць факты, што сведчаць пра кантакты Алеся Салаўя з Канстанцінам Езавітавым – былым актыўным бэнээраўскім дзяечам, мастаком Пётрам Мірановічам (менавіта яму паэт прысвяціў верш “Мастак”). Як адзначае даследчык творчасці паэта, “ён добра запрыязніўся з расейскім крытыкам і паэтам Вячаславам Завалішыным, што займаў такое-ж становішча ў расейскім “Новом пути”, як Алесь Салавей у беларускім “Новым шляху”. Праз Завалішына ... успаў ён на добрае вока маладому, але ўжо выдатнаму латгальскаму пісьменніку і паэту Аляксандру Анцану”. Кожную сераду на кватэры рыжскай мастачкі Аляксандры Бяльцовай, родам з беларускай Чарнігаўшчыны, збіраліся ўдзельнікі літаратурна-мастацкага салона, які пачаў актыўна наведваць і Алесь Салавей. Тут чыталіся і абмяркоўваліся новыя творы, вяліся дыскусіі па пытаннях мастацтва, яго лёсу.. пашырэнню кругагляда паэта спрыяў таксама доступ да багатай асабістай бібліятэкі К. Езавітава. Дзякуючы сваім настаўнікам-калегам, паэт у хуткім часе адмаўляецца ад свайго наіўнага патрыятызму, веры ў тое, што нямецкая армія прынесла вызваленне крыўі, пачаў глыбей разбірацца ў тым, што адбывалася ў заняволеным краі. Актыўны ўдзел у фарміраванні светапогляду Алеся Салаўя прымаў таксама рэдактар часопіса Уладзімір Сядура. З яго дапамогай мастак далучыўся да сусветнай культуры і літаратуры, зразумеў найвялікшую каштоўнсць спадчыны Максіма Багдановіча, якую і ўзяў за ўзор, як пазней напіша Сядура, “сведама абраў сабе за паходню”.
Сядура і Брылеўскі ў сваіх успамінах грунтоўна ахарактарызавалі рыжскі перыяд жыцця Алеся Салаўя, адзначылі няпростыя адносіны латышоў да іх, акрэслілі чалавечае аблічча паэта, які быў “чалавекам вельмі сціплым, мяккага характару, крыху нясмелым, але шчырым і сяброўскім, вельмі сентыментльным, крыштальна сумленным. Стараўся дапамагчы другому чалавеку ў бядзе. Быў гарачым, але ня крыклівым, беларускім патрыётам, без афэктацыі й дэклямаваньня аб сваім патрыятызме. Ня любіў хвалькоў, гіпакрытаў, пустазвонаў, самалюбаў, эгаістых, людзей позы й таннага эфекту, апанаваных маніяй вялікасьці”. Такім ён і застаўся на ўсё далейшае жыццё – даволі далёкім ад палітыкі, засяроджаным на вечных пытаннях чалавечага існавання, філосафам-аналітыкам, паглыбленым у духоўнасць, надзвычай інтэлектуальнай асобай. І тут зноў напрошваецца паралель з Багдановічам – такім сама па характары, надзвычай адукаваным кніжнікам, схільным да медытатыўнага мыслення.
У Рызе быў выдадзены першы вершаваны зборнік Алеся Салаўя “Мае песні”, тыраж якога не ўдалося разаслаць падпісчыкам, бо Савецкая Армія імкліва гнала ворага на Захад. Удалося захапіць з сабою толькі невялікую колькасць экземпляраў. З гэтага часу і назаўжды паэт жыве за межамі сваёй Радзімы. Гнаны, як і ўсе астатнія, ён, аднак, можа, больш, чым іншыя, трагічна перажываў сваё адзіноцтва, адчужанасць. Ды яшчэ, відаць, напачатку больш за іншых верыў у вяртанне:
Скажаш мне – і пайду
празь лясы, праз узгоркі.
Хай далёка знайду
хлеб няўцешны ды горкі.
Але будзе той хлеб
за цябе маёй мукай;
горны край, дальны стэп –
не даўгою разлукай.
І цярпеньне маё,
і мой шлях у нязнанасьць –
прабуджэньне тваё,
нябыцьцю непадданасьць.
(“Скажаш мне і пайду...”)
радкі гэтыя напісаны ў 1945 г., калі мастаку было найцяжэй: пераезды з месца на месца, клопаты аб уладкаванні спачатку ў лагеры для перамешчаных асоб, жаданне хоць трошкі, хоць нечым дапамагчы выгнанцам, падтрымаць іх словам, ды і самому неяк звыкнуцца зновымі абставінамі. Наступае адзін з найадказнейшых перыядаў у паэтавым жыцці. І найбольш плённы ўмногіх адносінах.
Спачатку праз Эстонію, Балтыйскім морам у Фінляндыю, затым – у Берлін, дзе не было ніякае працы, акрамя як рабочым на вытворчасці ці запісацца ў Беларускую Краёвую абарону і рушыць на фронт (другое не падыходзіла, бо ў паэта быў слабы зрок). Аднак і ў няпэўнасці Алесь Салавей змог напісаць 6 вершаў, пазнаёміўся з будучай жонкай Зінаідай Кадняк. А пасля была паездка з некалькімі сябрамі праз Прагу ў Вену, уцёкі з яе – уцёкі з яе – напалову пехатою ў Зальцбург. Свае 23-я нарадзіны паэт адзначыў 1 мая ў дарозе. Ужо ў Зальцбургу было вяселле, нарадзіўся першы сын Міхась. Тут ён шмат пісаў вершаў, выдаў паэтычны зборнік на свае зберажэнні “Сіла гневу”, паэмы “Звіняць званы Святой Сафіі” і “На хуткіх крылах вольнага Пегаса”. Была задумка напісаць раман у дзвюх частках “Пад нагамі гарыць зямля”. За два-тры гады паэтам было зроблена больш, чым у папярэдні перыяд. Менавіта гэтыя гады сведчаць пра палітычную актыўнасць Алеся Салаўя, што ў вогуле для яго не надта характэрна, як адзначалася вышэй. У Зальцбургу паэт блізка пазнаёміўся з украінскімі мастакамі Барысам Аляксандравым і Ігарам Качуроўскім, нават спрабаваў пісаць па-ўкраінску. Сябры-паэты абменьваліся і эпіграфамі: украінцы – на беларускай мове, беларус – на ўкраінскай.
Але праз некалькі месяцаў грамадскай актывізацыі наступіла зноў празарэнне, перамагла прага мастацтва высокай пробы, чыстага ад залішняй заідэалагізаванасці. І канкрэтнае пераламленне падобнай эвалюцыі поглядаў найперш бачыцца ў звароце Алеся Салаўя да цвердых (сталых, традыцыйных) формаў паэзіі – актавы, санета, элегіі. Зборнікам “Сіла гневу” (выданне часопіса “Сакавік”, 1948 г.) і паэмай “Сын” (1947 г., упершыню ў круку – у 1949 г.) заканчваецца зальцбургскі перыяд жыцця і творчасці паэта – самы важкі і плённы. Трэба было пакідаць Еўропу. Папрасіліся ў Аўстралію і Амерыку. Першы прыйшоў дазвол з Аўстраліі. Перад паездкай паэт памяняў прозвішча і імя на Альберт Кадняк.
Аўстралійскі перыяд у цэлым быў не такі плённы на мастацкую творчасць: 1949 год – напісана 17 вершаў, 1950 – 6, 1951 – 8. Праўда, быў творчы ўздым у 1952 г. – напісана ажно 28 вершаў, але затым наступіла маўчанне, якое відаць, можна патлумачыць некалькімі прычынамі. Першая – чыста бытавая: даводзілася будавацца ў Мельбурне, ашчаджаць у чым толькі можна, працаваць на траіх дзетак. Другая прычына – настальгія. Антось Адамовіч у кнізе “Нятускная краса” наконт гэтага прыводзіць характэрнае выказванне паэтавай удавы: “Яшчэ жылі надзеяй, спадзяваліся на лепшае. Дый жылі-ж на тым самым кантыненце, што і наша Бацькаўшчына. Зусім цяжэй зрабілася, калі мы эмігравалі ў Аўстралію. Спачатку вабіў Паўдзёвы Крыж, новае неба, потым і гэта перастала вабіць”. Паралельна з маркотным настроем выспельваўся і настрой веры ў маладое пакаленне, у тое, што “дух праўдны духу зла непадуладны”, што будзе “жывы адвеку подых маладосці”. Менавіта такія высокія вольналюбныя ідэі заключаны ў паэтавых сцэнічных абразках “Дух праўдны, духу зла непадуладны” і “Заззяла прабуджальная дзянніца”. Апошні заканчваецца прарочымі радкамі:
З узвышша знічыць зокра залатая,
нязгасная прывабнасьцяй усёй...
Яна прыгожая, яна – сьвятая
на ўлонні з жыцьцядайнаю красой.
Як вынікае з вышэй сказанага, знешне жыццё Алеся Салаўя не вызначаецца нейкімі звышасаблівасцямі. Кожны дзень яго, пачынаючы з дзяцінства, быў напоўнены клопатам пра выжыванне – спачатку на Радзіме з ласкі бальшавікоў, пасля – у эміграцыі, дзе таксама не вельмі многа было аднадумцаў, была сяброўкай частай адзінота (як тут не прыгадаць і Масея Сяднёва, і Алеся Гаруна, і Уладзіміра Клішэвіча, і Рыгора Крушыну, і, канечне, Наталлю Арсенневу, адзінокіх не толькі ў сваім краі, а і на чужыне). Але надзвычай напружаным было ўнутранае, духоўнае жыццё, якое адлюстроўвалася ў вершах і паэмах. Паспрабуем жа некаторыя з іх перачытаць, пераасэнсаваць проста як чытачы, настроеныя аб’ектыўна, зацікаўленыя толькі тым, каб выявіць мастацкую вартасць напісанага паэтам-эмігрантам.
Паэзія алеся салаўя пачыналася з апісання малой радзімы, бацькоўскага парога, як гэтага патрабавалі 30-я гады. Але ў далейшым яна пераадольвае такую тэматычную звужанасць, узнімаецца да філасофскага абагульнення з’яў, глыбокіх вывадаў пра чалавечы лёс на зямлі і з паэзіі прадметнай, фактуральнай становіцца паэзіяй інтэлектуальнай. Як і паэзія А. Куляшова перыяду “Новай кнігі” і “Хуткасці”, Максіма Танка – аўтара кніг лірыкі “Хай будзе святло”, “Дарога, закалыханая жытам”, “За маім сталом”, “Збор калосся”. Але адзначым, што ітэлектуалізм, інтэлегентнасць паэзіі мастака-эмігранта, як і яго калегі Наталлі Арсенневай і Масея Сяднёва, вызначыліся раней на два дзесяткі гадоў, чым у Куляшова і Танка. Яны як бы прынялі эстафету з рук маладнякоўцаў, рэпрэсіраваны ў даваенны час, што, падобна Багдановічу, дбалі пра высокі ўзровень нашага нацыянальнага мастацтва слова, дамагаліся, каб не ўзнікла ў ім не толькі акраса пачуцця, але і выразная лінія-абрыс думкі. Для таго каб стаць паэтам-філосафам, Алесю Салаўю давялося ўступіць у спрэчку з самім сабой – аўтарам пазней знішчаных твораў на тэму дня, напісаных падчас размоў і гутарак, застолляў, звесці да мінімуму “палітычныя экскурсы” ў сталінскую жорсткую эпоху, згасіць у сэрцы крыўду на тых, хто адабраў у яго дзяцінства і юнацтва, звярнуцца да паэзіі чыстай красы, цвёрдых жанравых формаў, стварыць высокамастацкія санеты, алексанрыны, актавы. Былі напісаны нават тры вянкі санетаў, якія планаваліся выдаць асобнай кнігай, ды, на жаль, да нас дайшоў толькі адзін з іх. Паэт свядома стрымліваў сябе, нібы ведаў, што палітыка – рэч пераходная і нестабільная, а жыццё грамадскае ніколькі не вышэй за жыццё асабістае.
Ужо ў гады Вялікай Айчыннай вайны інтэлектуалізм, высокая мастацкая культура творчасці Алеся Салаўя выявілі сябе ў некалькіх іпастасях. Ішла вайна. Была яна суровая, крывавая. Ды ў адрозненне ад іншых аўтараў паэт імкнуўся прыглушыць рытарызм і агульшчыну, патэтыку вераю ў суладнасць гукаў і фарбаў на зямлі нават у скрутны час. Ён нібы пакідаў нам запавет, што мінецца ўсё, забудзецца ліхалецце, схлыне чорная навала, і застануцца народ-стваральнік і народны мастак. І гэтая вера падказала яму, як некалі Купалу, узяцца за пераклад замежнага, але выразнага патрыятычнай ідэяй твора, - “Калевалы” – пра абуджэнне свядомасці народа, нараджэнне ў нетрах прыроды, жыцця, гісторыі песні:
Хай сябры пачуюць сьпевы,
хай іх слухаюць прыветна
між юнацтва маладога
шматпакутнага народу,
што нарэшце стаў на ногі.
Твор “Калевала” далёкі ад ваеннай тагачаснасці, але ён быў патрэбны і тады, ды і цяпер ён не менш значны і варты ўвагі, бо ён – пра самае святое, вечнае, характэрнае для кожнага народа, калі ён – народ.
Толькі прасякнутае непадробным болем сэрца магло падказаць аўтару і пераклад урыўка з “Іліяды” пад назвай “Бітва”:
Разам зьліліся змагарныя крыкі й сьмяротныя стогны
вояў, што нішчылі й гінулі; дол захлынуўся крывёю.
У мастацкіх адносінах пераклады цудоўныя. Чужая мова ў перакладзеных урыўках гучыць, як свая. Гэта абумоўлена суперажываннем, веданнем таго, чым жывуць народы – грэкі, фіны, беларусы – у перыяд разломаў, пагрозы страты сябе як нацыі.
Другая прыкмета інтэлектуальнасці паэзіі Салаўя ваеннай пары заключаецца ў яе філасафічнасці, медытатыўнасці, калі аўтар твораў зноў-такі як бы прыўзнімаецца над рэальнасцю, яе фактуральнай асновай і глядзіць на падзеі праз агульную ацэнку з’явы ў цэлым. Асэнсаванне з’яў, аб’яднанне фактаў у цэласнасць, імкненне выявіць за знешнімі прыкметамі ўнутраную сутнасць рэчаіснасці, таго, што адбываецца ў свеце, і забяспечваюць высокі мысліцельны ўзровень лірыкі паэта, пачынаючы з ваеннай пары і ў пазнейшыя перыяды. Каб не быць бяздоказнымі, спашлёмся на цыкл паэтавых вершаў “Жывому жыць, зьнішчэнню – сьмерць!”. Цыкл гэты ў цэлым медытатыўны, філасофска-значны ў першай кнізе паэта. Падобная стылявая адметнасць яго зафіксавана ўжо ў загалоўку – агульназначным, шматсэнсавым, вечным. Пашыраецца прастора, на якой адбываюцца ваенныя падзеі. Думкі аэта ўзнімаюцца да ацэнкі жыцця ў цэлым, гістарычнага працэсу – як працэсу агульначалавечага. Не сказаць, каб у творах такога характару знікала фактура, каб паэт ухіляўся ад паказу прадметных рэалій, як гэта бывае ў абстрактна-філасофскай паэзіі. Яны прысутнічаюць, але ў якасці дадатковага да выказанай глыбокай думкі кампанента. Яшчэ больш: у такіх творах могуць быць надзвычай выразныя мастацкія дэталі. Аднак і яны спрыяюць узбуйненню, кандэнсацыі агульнафіласофскай думкі. Вельмі характэрны ў гэтых адносінах, бадай, ці не самы трагедыйны верш паэта ваеннай пары “Зямля ў вагні”. Перш чым аналізаваць, прывядзём яго цалкам:
Зямля ў вагні. Гарачыня.
Сусьвету – ня дыхнуць.
Пякельнай лявы ня суняць,
крыві струменіць муць.
Зямлі, зямлі гаспадары –
на дзьвюх, на дзьвюх нагах –
сусьвету скарбы і дары
у пекла топчуць. Жах.
“Хадзі сюды, хадзі сюды!” –
мне кажуць. – “У паход
мы рушым. Выведзем зь бяды
радзіму і народ!”
Адзін: “Вазьмі, вазьмі – ці меў? –
Вінтоўку – новы стыль...”
Я ўзяў. Я ўвесь акамянеў –
гнілы, крывы кастыль.
Другі: “Вось келіх у мяне –
пітво ў ім змагароў.
Вазьмі!” – Я ўзяў, зірнуў: на дне –
Людзкія сьлёзы, кроў.
А трэйці: “Змогся? Супачынь!
Прыляж на ложак наш.”
Я лёг. Прачнуўся уначы –
ня ложак, а труна.
І ля мяне, і ля труны –
і века, і цьвікі...
Ідуць яны, ідуць яны –
Шкілеты, мерцьвякі!..
На ўзроўні пафасу – гэта адзін з самых трагедыйных вершаў у беларускай літаратуры. Пафас трагедыйнай безвыходнасці рэалізуецца ў элегічным жанры – і гэта другі ўзровень выяўлення яго адметнасці, мастацкай непаўторнасці і, калі хочаце, народнасці, бо менавіта ў элегіі выявіў сябе, свой характар беларускі народ. Два адзначаныя ўзроўні агульнага плана “падмацоўваюцца” мастацкімі вобразамі-дэталямі, якія маюць трагедыйны, біблейскі характар: пекла, келіх з людскімі слязьмі на дне, труна замест ложка, а замест жывых людзей – шкілеты і мерцвякі. Фактычна ўсе гэтыя жудасныя вобразы ведала і рэалізавала, ўводзіла ў мастацкую практыку сусветная рамантычная паэзія трагедыйнага зместу. Алесь Салавей не парушае традыцыю, падхоплівае дасягненні папярэднікаў, даводзіць дзеянне ледзь не да лагічнага завяршэння, і “удзельнічаюць” у ім не толькі лірычны герой, але і пералічаныя вышэй вобразы-дэталі. Труна падрыхтавана. Падрыхтаваныя і цвікі. Застаецца толькі крок да бездані, але... усё адбываецца, нібы сон. Адбываецца, ды туман канчаткова не рассейваецца, адчуванне задухі не праходзіць. Дарэчы, як і “А хто там ідзе?” Я. Купалы, твор Салаўя будуецца на дыялогу: лірычны герой вымушаны пачуць тры рэкамендацыі ад сваіх апанентаў пра далейшыя паводзіны, але ніводнай з іх не прымае. Верш як мастацкае цэлае сцэментаваны трагедыйным пафасам, настроем невыноснай цяжкасці чалавечага лёсу на ператворанай у суцэльнае вознішча зямлі.
Вечныя тэмы пераважаюць у паэзіі Алеся Салаўя 40 – 70-х гг. Адна з іх – тэма мастацтва. І яна пераводзіцца паэтам у трагедыйны план. Прычын гэтаму некалькі: адарванасць ад роднага краю, расчараванасць, адчуванне поўнай адзіноты, непрыманне разбуральных навацый, якія нясуць мастацтву мадэрнісцкія павевы. Паэт уяўляе сябе “нясьхільным Палядынам”, вольным і дужым, які гатовы несці сваім землякам любоў, нянавісць і пагарду. Асобнымі трагедыйнымі радкамі наш аўтар нават пераклікаецца са змрочным і таксама адзінокім паэтам ХІХ ст. Яўгенам Баратынскім. Помнім яго крылатае – “Не положишь ты на голос с черной мыслью белый волос”. Да гэтага часу здзіўляемся глыбіні заключанага ў іх сэнсу, смеласці і непаўторнасці асацыяцыі. Для таго каб падобная філасофская інвектыва атрымала раскрыццё ў эпічным творы, спатрэбілася б можа і не адна сотня старонак. А тут – усё лаканічна, лагічна, а таму – доказна, пераканальна. Амаль тое ж самае можна сказаць і пра апошнія два радкі ўрыўка з верша “Чалом, чалом...”:
Я з вамі йду пад полагам няславы,
дваццаты век вас выцясніў на злом
і на жанчын мужчынскія ўсклаў сподні
і пасадзіў саву на храм Гасподні.
Медытатыўнасць як стылявая даменанта перадвызначала і зварот паэта перадусім да цвёрдых жанравых формаў – санета, актавы, элегіі, проста афарыстычнага васьмірадкоўя. Паэт падобна Куляшову канца 50 – 70-х гг. бярэ сваю мастацкую думку ў строгія берагі. Тут пазіцыі двух мастакоў ХХ ст. Сыходзяцца, што выклікана найперш жаданнем пазбегнуць слоўнай расцягненасці, аблегчанасці думкі, рытарычнай апісальнасці, якія шкодзяць паэзіі на працягу шматвяковага развіцця, ператвараюць афарыстычную па сваёй прыродзе лірыку ў слабы, з натуралістычным “ухілам” эпас.
Важна падкрэсліць не толькі высокі інтэлектуалізм, але і суб’ектывізм паэзіі Алеся Салаўя. Ён пастаянна імкнецца да выяўлення свайго адметнага “я”. Вынікам падобнай “суб’ектывізацыі” становіцца ў яго мастацтве культ адзінкі, індывідуума. Дарэчы, эмігранцкая паэзія з самага пачатку і ішла такім шляхам, адстойваючы права індывідуальнасці на самастойнае, паўнакроўнае жыццё, выкрываючы псеўдакалектывісцкі рух і настрой рытарычнай мастацкай творчасці. Наша ж беларуская савецкая лірыка толькі апошнім часам спахапілася і пачала актыўна бараніць індывідуальнае чалавечае “я” ад націску абстрактнага “мы”, ставіць яго вартасць і значнасць над грамадска-сацыяльнымі абставінамі, далучаць асобу, адзінку праз самавызначэнне і самавыяўленне да агульначалавечых праблем. Наконт падобнай сваёй пазіцыі Алесь Салавей выказаўся недвухсэнсоўна, але асабліва выразна зрабіў гэта ў санеце “Яшчэ ня моўкнуць стройныя санеты...” (1947):
Пайду няўхільна сумны, адзінокі
(у суме сіла – праўда, ў вадзіноце – сіла)
туды, дзе думка клікала, будзіла,
дзе вам зьгібеньне прараклі прарокі.
Як і многія яго сябры па пісьменніцкім цэху, Алесь Салавей унёс значны ўклад у паказ лірычнага героя-беспрытульніка, чалавека, па трапным выказванні Наталлі Арсенневай, што жыве як бы між берагамі. Побач з вобразам бесхацінца ён ставіць вобраз героя – выпадковага госця (“Стаўся ўсюды госцем выпадковым”) і тым сама як бы закрывае сінанімічны рад, які характарызуе беспрытульны і дыскамфортны ў цэлым лёс людзей на чужыне. Давайце ж паспрабуем аднавіць яго ў памяці, хоць прыблізна, не ў поўным аб’ёме: бесхацінец, выгнанец, чалавек між берагамі, жабрак, выпадковы госць. І тут мы не можам абысціся без яшчэ адной цытаты з паэмы Алеся Салаўя “Домік у Менску”. Яна годна вянчае яго трагедыйную паэзію, што засведчыла марнасць чалавечага лёсу без Радзімы. Прывядзем толькі восем радкоў. А колькі ў іх невымернага болю! А якая велізарная сіла абагульнення! Паэт выдыхнуў іх з глыбіні сэрца і стварыў такі паўнакроўны малюнак балючага перажывання, так проста і ўдала паставіў побач кантрастныя дэталі, што радкі гэтыя адразу ўразаюцца ў памяць і застаюцца ў ёй, нібы высечаныя на граніце. Так як і радкі з “Тыля Уленшпігеля” (“Попел Клааса б’ецца ў маім сэрцы”), як і вечнае Коласава “Мой родны кут, як ты мне мілы!”. А па сіле трагедыйнасці нават пераўзыходзяць афарызмы слаўных пісьменнікаў. Паэт знайшоў удалы мастацкі ход – пайшоў па лініі супроцьпастаўлення свайго і чужога на бытавым, а значыцца, - агульначалавечым узроўні:
Як шоўк – ля дому на двары
краса мураваў аксамітных.
Як жвір – заморскія каўры
маіх прытулкаў невыбітных.
Ля дому ў пуні моцны сон,
як пух і сена, і салома.
Як грант – чужы начлег-прыгон,
Не адпачынак – толькі ўтома.
І яшчэ варта адзначыць, што ён ідзе не ад агульнага да канкрэтнага, а наадварот – ад канкрэтнага да агульнага, што таксама павялічвае доказнасць выказанай філасофскай думкі і пераконвае чытача ў неаспрэчнасці аўтарскіх вывадаў. І, канечне ж, спрыяе ўспрыманню напісанага як неардынарнага і своеасаблівага выкарыстанне прынцыпу кантрасту, супроцьпастаўлення – аднаго з самых распаўсюджаных прыёмаў рэалістычнага і рамантычнага стыляў мастацтва. Дарэчы, гэты прынцып кантрасту ляжыць у аснове ўсёй творчасці пісьменікаў-эмігрантаў, надае ёй вартасную каштоўнасць. А дзейнічае так актыўна ён па шэрагу аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын, пра якія мы пісалі вышэй, і найпершая з іх – пачуццё адзіноцтва, вострае перажыванне адарванасці ад роднай старонкі, сваёй Крыўі.
Нарадзіўшыся на аснове адчування трагедыйнага расколу свету і ўласнай адлучанасці ад самых звычайных каштоўнасцей і правоў – жыць у сваім краі і са сваім народам, дыхаць родным паветрам, браць чынны ўдзел у тым, што дзеецца ў колішнім родным гняздоўі, паэзія Алеся Салаўя не магла быць узнёсла-аптымістычнай, а стала паэзіяй таргедыйна-аптымістычнай, якой заўсёды была наша нацыянальная літаратура ў перыяды заняволення, сацыяльных катаклізмаў, толькі на час, пад уплывам утапічнай камуністычнай ідэалогіі (30-я гады, пасляваеннае дзесяцігоддзе і канец 50-х – 60-я гг.) страчваючы адчуванне неўладкаванасці і разбуранасці жыцця беларусаў, паддаючыся ружовай надзеі і ўзнімаючыся да адычна-радаснага гучання. Такім чынам, сваім агульным пафасам лірыка Алеся Салаўя адпавядала асноўнай нацыянальнай і патрыятычнай ідэі – перасцерагаючы сябе і народ ад усведамлення вырашанасці многіх праблем, гарманічнай уладкаванасці жыцця. Трагедыйнае светаадчуванне дало паэту магчымасць пераадолець абмежаванасць канцэпцыі рэчаіснасці, уласцівую савецкай літаратуры ўвогуле. І, як ні дзіўна, трагедыйнасць светаўспрымання дапамагла мастаку настроіцца найперш на раскрыццё не сацыяльнай, не палітычнай, а нацыянальнай ідэі ў кантэксце ідэй агульначалавечых.
Паэтычны эпас Алеся Салаўя прадстаўлены выразна лірызаванымі паэмамі “На хуткіх крыллях вольнага Пегаса” (1943), “Домік у Менску” (1944 – 1945), “Звіняць званы святой Сафіі” (1946), “Сын” (1947). Пераважна лірыка-філасофскія, маналагічныя, яны не пазбаўлены адзнак рытарызму, расцягнутасці і абстрактнай публіцыстычнасці. Праз усе гэтыя творы праходзяць скразныя матывы, уласцівыя і лірыцы – адарванасці ад роднага краю і страты найгалоўнейшых духоўных, маральных каштоўнасцей, веры ў вяртанне сыноў у свой родны край (тут самы характэрны твор – паэма “Звіняць званы святой Сафіі”), каб зберагчы яго ад канчатковага руйнавання чужынцамі, пакаяння і віны за здраду свайму краю і народу ў скрутны, ліхі час. Звернем таксама ўвагу і на тое, што ўсе паэмы пісаліся якраз тады, калі спачатку з’явілася вера ў нацыянальнае адраджэнне пры немцах і затым – калі яна яшчэ не згасла канчаткова ў свядомасці беспрытульнікаў.
“Паэма “На хуткіх крыллях вольнага Пегаса” была надрукована ў часопісе “Новы шлях” (1943, № 23/35), у рэдкалегіі якога працаваў паэт. Твор гэты найбольш аўтабіяграфічны і злосны ў адносінах да тых, хто прычыніў мастаку незлічоныя пакуты, рэпрэсіраваў бацькоў, пакінуў сам-насам з бядою. Ужо ў прысвячэнні паэт закранае гэтую балючую тэму, звяртаецца да свайго абкрадзенага народа. Пачатак паэмы – зварот да крывіцкага народа далей узмацняецца сцэнамі – усплёскамі пачуцця і ласкі, трывогі і роспачы, надзеі, што ўсё ўладкуецца, з’іначыцца, упарадкуецца, што гістарычная справядлівасць адновіцца і народ Беларусі-Крыўі будзе вольны. Лірыка-філасофская споведзь, маналог чалавека, у якога, адрынутага, адарванага ад Радзімы, прасвятлілася і абвастрылася патрыятычная памяць, твор, які складаецца з асобных успышак-выбухаў высокаснага, шчымлівага пачуцця, - так можна вызначыць жанравыя прыкметы паэмы. Калі чытаеш паэму, з’яўляецца адчуванне, што яе герой – распяты на крыжы пакутнік за свой край і народ. Шэрагам выразных мастацкіх дэталяў аўтар узмацняе гэтае адчуванне, даводзіць яго да найвышэйшай канцэнтрацыі: “На грудзі камень-жоран цісне, млён сьвідруе сэрца жорстка і балюча”; “Даўно не бачыў вас. У дальняй зморы мне кожны месяц быў даўгі, як год” (параўнаем пазнейшую крылатую формулу, вынесеную ў загаловак твора Чынгіза Айтматава – “И дольше века длится день”, а разам з тым і час напісання аднаго і другога твораў).
Паэт адкрыта піша пра здзекі, якія цярпеў народ ад сталінскага рэжыму ледзь не дакументальна акрэслівае, як гвалтавалі каты абраныя ахвяры, як сціскалася пятля і на яго шыі – шыі хлопчыка, падлетка, дзіцяці, у якога адабралі і дзяцінства, і юнацтва, а пазней і Радзіму.
Я быў з дзяцей старэйшы – меў тады
пятнаццаць год. Са мной – шчэ трое ў хаце –
сястра, браты... Ні хлеба, ні вады...
Ну, вось і ўсё... Да гэтага няшчасьце,
і холад грызкі – дзень ня без бяды,
і недавер вакольны, і пракляцьце
без дай прычыны – на ўсе лады.
Паэма заканчваецца радкамі, у якіх выказваецца вера ў свелую зорку Крыўі. Апошнія строфы твора публіцыстычна-рытарычныя, складваюцца з лозунгавых дэкларацый, агульных разважанняў і заклікаў. Больш удаліся аўтару раздзелы пра дзяцінства, асбіста перанесенае і перажытае, чымсьці падобныя публіцыстычныя застаўкі, што, відаць, адчуў і сам ён, калі далей узяўся працаваць над паэмай “Домік у Менску” і пераадолеў у ёй публіцыстычную зададзенасць і дэкларацыйнасць.
Варта яшчэ раз падкрэсліць, што паэма “На хуткіх крыллях вольнага Пегаса” – адзін з першых твораў беларускай літаратуры, у якім прыадчыняецца заслона сакрэтнасці над сталінскай палітыкай (следам за творам Францішка Аляхновіча “У кіпцюрох ГПУ”), закранаецца тэма рывавых рэпрэсій і іх вынікаў.
Паэма “Звіняць званы святой Сафіі” выдадзена больш на сродкі аўтара ў Зальцбургу, у Аўстрыі, калі яе аўтар знаходзіўся ў лагеры для перамешчаных асоб, займаўся актыўнай грамадска-выхаваўчай дзейнасцю, жыў верай у хуткае вяртанне ў вызвалены край. Затым яна была перадрукована газетай “Беларускі эмігрант” (1948, № 3). Твор лірыка-маналагічны, прасякнуты ідэяй неўміручасці барацьбы народа за свабоду. Сімвалам няскоранасці ў гэтай барацьбе ў паэме становіцца велічны вобраз-сімвал Святой Сафіі, званы якой “абуджаюць даль”, ірвуць “путы векавыя”, разломваюць “кайданаў сталь”. Як і папярэдне разгледжаная паэма, гэты твор заканчваецца радкамі, у якіх выказваецца вера ў вяртанне выгнанцаў у вызвалены край.
Паэма “Домік у Менску” – адзіна ліра-эпічны твор сярод напісаных паэтам твораў буйнога жанру. Калі ў першых адчуваўся Купалаў уплыў, дык у гэтым – Коласаў. Паэма напісана ў гады вайны, вырасла з успамінаў пра пакінуты ў горадзе юнацтва домік, назаўсёды страчанае каханне. А далей аўтар прыўзнімаецца над прыватным, канкрэтным, індывідуальным і пашырае тэматычныя абсягі твора: матыў кахання паступова злучаецца з матывам любові да роднага краю, на іх наслойваецца тэма вайны і міру, высвечваецца таксама і тэма дабра і зла як вызначальная, агульнафіласофская. Усе гэтыя матывы-тэмы ўвасабляюцца ў канкрэтныя вобразы. Цэнтральныя з іх – дом-харом – чалавечае гняздоўе, калыска і домік у Мінску, дзе сустрэў каханку, з якога яна выпраўляла яго ў далёкі шлях. Вытворныя ад іх – квітнеючая вясна, луг, “аздоблены расой”, “праддзённая зара”, “выпешчаныя сцежкі”, “зніцца радасці”, званочкі, рамонкі, “салодкая туга”, “чысты снег”, “дзень, як сонца” (мажорнага характару, светлыя, радасныя) і “туга і горыч”, “немань, ноч”, “жуда”, “бяда”, “віхор ліхі”, “сцяна дымоў – глухіх і чорных”, “ланцуг”, “крыж пакут”, “магільны холад камяніцы”, “сцены чужыя і ўпартыя”, “згадка – плач тугі”, “пакрыўдны здзек сваволі”, “чэрапная каска”, “чырвона-сплюшчаная маска”, “несціханая завіруха” і інш. (трагедыйныя, балючыя, афарбаваныя ў чорны колер). Прычым такіх вобразаў значна болей, як атрымалася болей і трагедыйных сцэн у цэлым. І будуецца паэма зноў-такі па прынцыпе кантрасту, чаргавання змрочных і светлых фарбаў. І такі прынцып носіць мэтанакіраваны, а неадвольны характар. Так, да прыкладу, сцэна веснавой сяўбы, веснавога цвіцення (“Дымнее пахкая ральля – ёй сейбіт зерне дорыць-сее. Пчала спяшае да вульля. Блакіт насупліва хмурнее”), такая сама гарманічная, як і падобныя сцэны ў Купалавай паэме “Яна і я”, у Броўкавым творы “Хлеб”, як многія бытавыя сцэны ў Коласавай “Новай зямлі”, пададзеная ў 11-м рздзеле, заменьваецца ў наступным ужо раздзеле сцэнай дыяметральна супрацьлеглай – крывавага жніва, згасання жыцця ў крывавай навале (“Як лістапад, спадала з дрэў вясна, адцьвілая заўчасна; і сам харом шугаў-гарэў, гарэў, здавалася, нязгасна”). І так на ўсім працягу паэмы: адзін колер змяняецца другім, кантрастным, чаргуюцца таксама кантрастныя настроі, мяняецца інтанацыя. У цэлым ствараецца ўражанне не толькі выпакутаванасці і асабістай перажатасці таго, пра што пішацца, а і дысгарманічнасці жыццёвага парадку на зямлі, нелагічнасці ваенных падзей.
Менавіта ў гэтай паэме найвыразней раскрылася Салаўёва ўменне “маляваць словам”, выкарыстоўваць у кожным канкрэтным выпадку самую неабходную, гаваркую моўную адзінку. Акрамя гэтага, адчуваецца, што беларускі паэт-эмігрант цудоўна ведае моўныя багацці свайго народа, не адрываецца ад моўнай практыкі, асцярожна абыходзіцца са слоўнікавым скарбам. Вось толькі некалькі прыкладаў удалага карыстання паэта новатворамі (пад тэрмінам “удалы” мы разумеем найперш лагічную асэнсаванасць лексемы, што ўжываецца аўтарам, неабходнасць яе выкарыстання ў мэтах дасягнення мастацкага эфекту). У радку “пашлі ім весьлівыя сокі” эпітэт весьлівыя можна было б і памяняць на веснавыя і толькі пераставіць словы наступным парадкам: “пашлі вясновыя ім сокі”. Ды паэт на гэта не пайшоў, бо эфект мастацкасці тут ствараецца толькі ў тым выпадку, калі назоўнік сокі і азначэнне стаяць побач. А тут ужо слова вясновыя не падыходзіць, таму што не становіцца побач, ды і не мае да таго ж “мяккага” эўфанічнага афармлення, што ствараецца гукам “л”. У першым жа раздзеле-запеўцы паэмы паэт выкарыстоўвае наватворы “ацьвеценая краса” (ад слова цвет), “праддзённая зара” (зара напярэдадні дня), “немаль” (ад слова нямы). Кожны з гэтых наватвораў зразумелы чытачу, не выклікае ніякіх пярэчанняў і робіць гонар паэту – шукальніку моўных скарбаў, адкрывальніку дадатковых магчымасцей сэнсавага значэння слоў. Паэт можа напісаць розьвіт (замест развітанне), голскі брук (у гэтым эпітэце адразу спалучаюцца значэнні двух слоў – голы і галосны), няўтома рук (мы прызвычаіліся да другага словазлучэння – нястомнасць рук), здаволле выпешчаных сцежак (замест задаволенасць дарагіх сцежак), зніца (а не знічка), прыбліжальны мужны крок (адным словам заменьваючы цэлы даданы азначальны сказ), найбеднага, паўдзённе, далёчы (замест далёка), адпорны сіберным вятрам (які супроцьстаіць вятрам), рутная трава, узрэччы, дымнее пахкая ралля, блакіт насупліва хмурнее і г. д. Эксперымент Алеся Салаўя са словам выводзіць нашу паэзію на ўзровень больш высокага, інтэлектуальнага пошуку адпаведнасці слоў думцы, настрою, малюнку. Так, так – малюнку, бо менавіта наваствораным, у незвычайным ракурсе пададзеным словам дасягаецца значна большы мастацкі эфект, чым словам звычайным.
У творчасці Алеся Салаўя адзначаецца спроба стварэння і ліра-драматургіі. Ён пакінуў пасля сябе сцэнічныя абразкі “Дух праўдны, духу зла непадуладны” (1946 – 1964) – твор у адной дзеі і недапісаны твор “Ззяла прабуджальная дзянніца” – сцэну з трыма галасамі, па яго ўласным вызначэнні. У першым падаецца аўтабіяграфічны вобраз галоўнага героя Алеся, настроенага даволі песімістычна, і яго апанентаў – Міколы, Рыгора і Анатоля, якія стараюцца пераканаць песіміста ў тым, што будзе жыць у вяках “подых маладосці”, што “дух праўдны, духу зла непадуладны”. Другі твор перагукваецца з першым ідэйным пафасам, спробай перадаверыць аптымістычныя думкі маладзейшым, маладосці. Сам паэт лічыў яго слабым, пісаў яго у перадапошні год жыцця і падпісаў псеўданімам “Антон Дабрыдзень”. Гэтым сама псеўданімам ён намераваўся падпісваць, як ён адзначае, творы, горшыя за ранейшыя.
Пісаў Алесь Салавей і прозу – паэтычную, лірычную, якая не ўся дайшла да нас, бо друкавалася ў перыёдыцы пры немцах і пазней. У кнізе “Нятускная краса” змешчаны цудоўны алегарычны абразок “Белы снег”, датаваны 10 лютага 1944 г. Твор пра вяртанне чалавека дадому, з далёкай чужыны. Ён, знясілены, рухаецца па няезджанай зімовай дарозе ў снежнай белі, хапае надарванымі грудзьмі халоднае паветра, страчвае прытомнасць, высільваецца, ды так і не дасягае роднага бацькоўскага парога. І ў каторы ўжо раз у гісторыі нашай краіны спалучаюцца (у фінале твора пісьменнік на гэтае спалучэнне якраз выходзіць) два колеры – белы і чырвоны, колеры чысціні і святасці і заплочанай за іх крыві: “... Неўзабаве пачалося сьвітаньне. На асьнежаным гасьцінцы, раськінуўшы рукі, ляжаў на сьпіне чалавек. Струменчыкі чырвонай крыві замерзьлі на шчацэ, на каўняры, на белым сьнезе... Замоўкла сэрца. Заціхла дыханьне. Спыніліся думкі. Анямелі пачуцьці. Памёр чалавек. Белы сьнег... Чырвоная кроў...”. Апавяданне мае прытчападобны змест. Ды і ў жанравых адносінах гэта – лірыка-філасофская прытча пра цяжкае вяртанне на Радзіму яе “блудных” сыноў і дочак. Апавяданне адметнае каларытнасцю, маляўнічасцю карціны зімовага пейзажу: замест традыцыйных персанажаў Дзеда Мароза ды Снягурачкі аўтар паказвае гаспадара становішча – вецер, які рупіцца пра тое, каб усё было ў парадку: “І сыплецца, сыплецца мяккая пацяруха зь неба... І, здаецца, - ня неба над галавою, а – неабсяжны ток. Ходзіць па ім гаспадар руплівы – вецер, варушыць нязграбныя копы – хмары, глытае трушанку іхную ў жоран свой, круціць, варушыць у жорне й меле, і, папярхнуўшыся, сыпле – ня зерне – мукудалоў...”.
Алесь Салавей прадчуваў свой канец на чужыне, далёка ад роднай краіны. І гэтае прадчуванне таксама стала прарочым, скразным матывам прайшло праз усю яго творчасць. Якая жыве сёння. Якая робіць гонар нашай нацыі.
1 Салавей А. Нятускная краса // Збор твораў. Нью-Ёрк – Мэльбурн, 1982. С. 175. У далейшым творы паэта цытуюцца па гэтым выданні.
Публікуецца на
сайце з ласкавай згоды Магілёўскага
Таварыства БРАМА
|