|
НАКОЛЬКІ БЛІЗКІЯ БЛІЗКАРОДНАСНЫЯ МОВЫ
(да вызначэння лінгвістычнай адлегласці паміж беларускай і рускай мовамі)
Дзве мовы ў мяне.
Абедзве – чараўніцы.
Как в двух родных сестер,
в обеих я влюблен.
Дзве мовы ў мяне –
как два крыла у птицы,
дзве мовы ў мяне –
как свет из двух окон.
В.Тарас
Мова беларуская вельмі багатая, і дарога яе развою супоўна апрычоная. Яна болей розьніцца ад усіх моў славянскіх, чымся кажная іншая мова славянская. Ад мовы ж расійскае [...] яна стаіць далей, чымся ад паўночна-заходніх моў славянскіх.
Ян Станкевіч
Сучасныя тыпалагічныя і супастаўляльныя даследаванні няроднасных и роднасных моў характарызуюцца не толькі паглыбленым апісаннем міжмоўных падабенстваў і адрозненняў на розных ўзроўнях моўнай сістэмы, але і тэнденцыяй да вызначэння суадносін агульнага і асабістага ў групах роднасных моў, характара суадноснасці граматычнай пабудовы моў, а таксама ступені блізкасці / аддаленасці паміж пэўнымі мовамі (гл., напр., Репина 1996).
Пад роднасцю моў звычайна разумеецца “агульная ўласцівасць дзвюх ці некалькіх моў, якая заключаецца ў тым, што іх спрадвечныя мінімальныя значымыя элементы знаходзяцца ў пэўных адпаведнасцях, якія адлюстроўваюць рэгулярны характар гукавых пераўтварэнняў матэрыяльнага фонду, што ўзыходзіць да агульнай крыніцы – прамовы” (Журавлев 1990, 418). Адносіны моўнай роднасці звычайна вызначаюцца праз сістэму паняццяў і тэрмінаў, прынятых ў рамках параўнальна-гістарычнага метаду. Калі адны з гэтых тэрмінаў і паняццяў, накшалт такіх, як прамова, архетып, моўнае адгалінаванне (рус. языковая ветвь), моўная сям’я, група моў, набылі фундаментальнасць, то іншыя яшчэ напаўняюцца неабходным зместам і толькі замацоўваюцца ў лінгвістыцы. Гэта тычыцца і такога тэрміна, як “ступень роднасці моў”, пад якой разумееца лінгвістычная адлеглаць паміж роднаснымі мовамі (гл. Журавлев 1990, 419), або, дакладней кажучы, паказчык іх генетычнай блізкасці (гл. Журавлев 1994).
У параўнальна-гістарычным мовазнаўстве адносіны роднасці паміж мовамі прынята апісваць пры дапамозе індэксаў генетычнай блізкасці, якія выводзяцца на падставе большага ці меньшага аб’ёму спрадвечнай матэрыяльнай агульнасці. Разыходжанні ў поглядах мовазнаўцаў па гэтай праблематыцы тычацца спосабаў вымярэння ступені роднасці і надзейнасці розных лінгвістычных даных (фанетычных, лексічных, словаўтваральных, граматычных) для ацэнкі роднасці моў. Між тым, ў гісторыка-лінгвістычных даследаваннях – у межах метаду глотахраналогіі на матэрыяле фанетыкі і лексікі (Czekanowsky 1957), метаду сістэмна-тыпалагічнай рэканструкцыі (Гамкрелидзе – Вяч.Вс.Иванов 1984), лексіка-статыстычнага мадэлявання (Журавлев 1994) – вызначэнне ступені роднасці для розных пар роднасных моў з’яўляецца прамежкавым этапам на шляху да канчатковай мэты вызначэння храналогіі і паслядоўнасці распаду прамовы і вызначэння месца той ці іншай мовы ў генеалагічнай класіфікацыі.
Для сінхронна-супастаўляльнага мовазнаўства праблема ацэнкі блізкасці роднасных моў з’яўляецца не менш значнай, чым для параўнальна-гістарычнага мовазнаўства вызначэнне ступені іх роднасці. Аднак, калі ў параўнальна-гістарычным мовазнаўстве існуе метадалагічны і метамоўны аппарат для апісання адносін роднасці, то ў межах супастаўляльнай лінгвістыкі ўсё тое, што тычыцца праблемы вымярэння ступені блізкасці моў, ёсць практычна нераспрацаваная галіна. Толькі ў нешматлікіх працах (гл., напрыклад, Slavičkova 1968, 281–291, Пиотровский 1973, 36–42, Яхонтов 1980, 148–157) закранаюцца праблемы пошуку крытэрыяў для размежавання тых моў, якія характарызуюцца агульным паходжаннем і структурнай блізкасцю, альбо, інакш кажучы, праблемы вымярэння ў сінхраніі лингвістычнай адлегласці паміж роднаснымі мовамі.
Роднасць моў традыцыйна звязваецца з іх агульным паходжаннем, але разам з тым “перадумовай для фарміравання паняцця моўнай роднасці з’яўляецца ідэя моўнай зменлівасці; маецца на ўвазе, што з цягам часу ўсё меншая і меншая частка мовы з’яўляецца спадчынай, што захавалася ў ёй ад мовы-продка, і ўсё пабольшваецца ў ёй уласных арыгінальных рысаў” (Норман 1994, 457). Гэта значыць, што кожная з роднасных моў у выніку свайго развіцця павінна мець таксама і ідывідуяльны рэестр своеасаблівых рысаў. Аднак большасць мовазнаўцаў пагаджаюцца з тым, што працэдура вымярэння ступені блізкасці паміж роднаснымі мовамі можа завяршацца даволі ўмоўным размежаваннем на блізкароднасныя мовы (дарэчы, гэты шырокаўжывальны тэрмін не вызначаецца ў ніводным з існуючых слоўнікаў лінгвістычнай тэрміналогіі!) і мовы аддаленай роднасці. Умоўнасць такога размежавання роднасных моў у сінхраніі заключаецца ў тым, што ў гэтым выпадку наогул не прадугледжваецца магчымасць больш дробнай градацыі ў адносінах паміж роднаснымі мовамі, а падставай для размежавання выступае фактар, звязаны з дыяхранічнай перспектывай моў – час іх падзелу ў выніку распаду мовы-продка.
Тым самым, пры канстатацыі адносін роднасці паміж пэўнай парай моў або для моў некаторай групы заўсёды існуе неабходнасць вызначэння і характару і ступені блізкасці паміж імі таксама і ў межах супастаўляльнага метаду, што для гэтых моў не менш значна, чым канстатацыя іх агульнага паходжання і вызначэнне ступені роднасці ў дыяхраніі. Таксама як ў тыпалагічнай лінгвістыцы падыходзяць да вымярэння тыпалагічных асаблівасцяў няроднасных моў, напрыклад, да вымярэння ступені аналітызму / сінтэтызму моў пры дапамозе індэксаў сінтэтычнасці / аналітычнасці (гл. Сепир [1921] 1993, Гринберг 1963, 91, Теоретические основы 1982, Квантитативная типология 1982) або ступені аглютынатыўнасці / фузійнасці моў пры дапамозе індэксаў аглютынацыі (Гринберг 1963, 75), для роднасных моў розных груп магчыма вызначэнне ступені іх падабенства / своеасаблівасці ў межах супастаўляльнага метаду. Аднак, ва ўяўленнях аб характары суадноснасці блізкароднасных моў пераважаюць факты іх структурнага падабенства, абумоўленыя іх агульным паходжаннем, а вызначэнне характару і меры блізкасці, напрыклад, моў ўсходнеславянскай групы, даволі часта зводзіцца да такіх меркаванняў, як “мовы, якія маюць больш падабенстваў, чым адрозненняў”, “мовы на мяжы паўпадабенстваў / паўадрозненняў”, “вельмі блізкія мовы”, “блізкія ў такой жа ступені, як руская і беларуская мовы” і на г.п. У большасці сінхронна-супастаўляльных даследаванняў роднасных моў усходнеславянскай групы праблема ступені іх блізкасці або не закранаецца наогул, або мае толькі імпліцытны характар, які звязаны са спробамі вызначыць прыкладную колькасць спецыфічных рыс у фанетыцы ці граматыцы ўсходнеславянскіх моў (гл. Gide to the East Slavonik languages 1980), колькасць супадзенняў і разыходжанняў у тыпах формаўтварэння (гл. Затовканюк 1975), або ўбачыць тэндэнцыі цягі пэўнай мовы на асобных узроўнях да іншых больш аддаленых моўных сістэм (напрыклад блізкасць сінтаксічнай пабудовы беларускай мовы да сінтаксічных сістэм заходнеславянскіх моў, гл. Конюшкевич 1989, падабенства сінтаксічных структур беларускай і балцкіх моў, гл. Прохорова 1991) і інш.
Усходнеславянскія мовы прыцягвалі і прыцягваюць увагу мовазнаўцаў розных пакаленняў. Л.А.Булахоўскі, У.І.Баркоўскі, С.Б.Бернштэйн, Ф.П.Філін, Т.П.Ламцёў, М.І.Талстой, М.Затаўканюк, М.Г.Булахаў, М.А.Жоўтабрух і іншыя даследчыкі звярталіся да розных аспектаў у вывучэнні моў гэтай групы: генетычнага (паходжанне і параўнальна-гістарычны аналіз), сінхронна-супастаўляльнага (функцыянаванне і міжмоўныя сувязі), сацыялінгвістычнага, культуралагічнага. Усходнеславянскую групу моў можна аднесці да адной з найбольш даследаваных груп роднасных моў (гл. Ломтев 1961, Филин 1962, Нахтигал 1963, Сравнительно-исторический синтаксис 1968, Филин 1972, Бернштейн 1974, Сопоставительное исследование 1975, Брицін, Жовтобрюх, Майборода 1978, Очерки 1980, Функционирование 1981, Булахов, Жовтобрюх, Кодухов 1987, Анічэнка 1989 і інш.).
Аналізуючы стан і этапы развіцця супастаўляльнай грамматыкі беларускай і рускай моў, па-першае, можна вылучыць два значных перыяды ў развіцці гэтага накірунку: 60 – сярэдзіна 80-х гг. і другая палова 80-х – сярэдзіна 90-х гг, а, па-другое, адзначыць пераважна фармальна-структурную скіраванасць адпаведных даследаванняў.
На пачатковым этапе развіцця супастаўляльных даследаванняў ў 60–70 гг. лінгвісты надавалі больш увагі матэрыяльнаму боку дзвюх моў (гл. Яўневiч 1960, Вярхоў 1961, Ломтев 1961, Сравнительно-исторический синтаксис 1968, Гурскi 1972, Янкоўскi 1972). Большасць даследаванняў грунтавалася на дыяхранічным аналізе моў, пры гэтым вылучаліся характэрныя асаблівасці моў цалкам (знешнія адрозненні паміж формамі граматычных адзінак, пазней – адрозненні ў значэннях). У якасці галоўных адзінак супастаўлення выступалі часціны мовы. Фармальна-структурная скіраванасць даследаванняў была абумоўлена значным уплывам параўнальна-гістарычнага метаду ў мовазнаўстве.
Аднак, праблема вызначэння і апісання спецыфічных рысаў блізкароднасных моў не магла абмяжоўвацца толькі параўнальна-гістарычным падыходам. Узнікла неабходнасць выкарыстання супастаўляльна-тыпалагічнага метаду для вывучэння падабенстваў і адрозненняў ў роднасных мовах, што вынікала з супрацьпастаўлення магчымасцяў тыпалагічнага і генетычнага параўнання. “Магчымасці тыпалагічнага параўнання больш вылікія, бо ў аснову параўнання можа быць пакладзены любы факт або любыя адносіны фактаў у мове, у адрозненні ад генетычнага, у якім факты, што падпадаюць аналізу, складаюць значна меншую колькасць, чым агульная колькасць фактаў мовы” (Бурлакова и др. 1962, 5). У свой час у выніку вывучэння генетычна роднасных моў з дапамогай тыпалагічнага метаду ўзнікла такое адгалінаванне, як мікратыпалогія ўсходнеславянскіх моў (Затовканюк 1968, Шакун 1980).
На пачатку 80-х гг. для супастаўляльнай лінгвістыкі (ў тым ліку для супастаўлення беларускай і рускай моў) актуальным стаў зварот да розных аспектаў функцыянавання моў у сінхраніі: вывучэнне падабенстваў і пазнейшых адрозненняў паміж элементамі іх граматычнай пабудовы, асаблівасці функцыянавання граматычных катэгорый у тэксце, вывучэнне магчымасцей моў у вырашэнні разнастайных камунікатыўных задач і на г.п., з улікам тэарэтычных дасягненняў сучаснага мовазнаўства і багатага фактычнага матэрыялу, які быў назапашаны пры вывучэнні кожнай мовы паасобку. У гэтых адносінах супастаўляльна-граматычныя даследаванні ў беларусістыцы на сённяшні дзень перажываюць новы ўздым, які звязаны з распаўсюджваннем у лінгвістыцы функцыянальнага падыходу. Вынікі супастаўлення марфалагічнага ўзроўню знайшлі сваё адлюстраванне ў зборніках калектыўных прац (Тыпалогія 1977, Пытанні 1981, Русский язык 1985 і інш.), а таксама ў цэлым шэрагу даследаванняў (Киселев 1976, Затовканюк 1975, Павленко 1982, Шуба 1982, Киселев 1988, Смольская 1989, Сопоставительное описание 1990, Кривицкий, Михневич, Подлужный 1990, Абабурка 1992 і інш.). Менш прадстаўлены супастаўляльны сінтаксіс (Иванова 1977, Собинникова 1977, Конюшкевич 1979, Лещенко 1982, Конюшкевич 1989 і інш.). Аднак, па-ранейшаму прыярытэтнае становішча ў супастаўляльных даследаваннях займае фармальна-структурны падыход, які абмяжоўвае магчымасці супастаўлення плана зместу моў. Толькі ў асобных выпадках супастаўленне марфалагічных катэгорый або з’яў сінтаксіса вядзецца ў накірунку “ад зместу да формы” і набывае функцыянальна-семантычны характар (Конюшкевич 1989, гл. таксама апісанне катэгорыі асобы ў працы Сопоставительное описание 1990, 300–335).
Тым самым, сучасны стан супастаўляльнай лінгвістыкі вызначаецца, з аднога боку, адсутнасцю вычарпальнасці ў вывучэнні і апісанні з’яў марфалагічнага і сінтаксічнага ўзроўняў і пераважна фармальна-структурнай скіраванасцю даследаванняў, а з другога, адсутнасцю шчыльнай сувязі супастаўляльных даследаванняў з лінгвадыдактыкай, што з’яўляецца неабходным ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя. У сувязі з тым, што асноўная маса разыходжанняў паміж граматычнымі катэгорыямі блізкароднасных моў прыпадае на сферы тэксту і функцыянавання, а не структур граматычных катэгорый, то відавочна, што сучасныя кантрастыўныя даследаванні моў павінны арыентавацца на тэксты, якія нясуць ў сабе ўзаемасувязь і ўзаемазалежнасць элементаў у кожнай мове і ў рэшце рэшт акумулююць характэрныя міжмоўныя падабенствы і разыходжанні, што дае магчымасць убачыць іерархію гэтых залежнасцей на сістэмным і тэкставым (маўленчым) узроўнях, розную сустракаемасць характэрных разыходжанняў, частату ў выкарыстанні граматычных сродкаў выражэння ў тэкстах на розных мовах.
Адным з магчымых падыходаў да змястоўнага адлюстрававння суадноснасці граматычных сістэм блізкароднасных (беларускай і рускай) моў можна вызначыць кантрастыўна-граматычны аналіз эквівалентных тэкстаў, а ў якасці аднаго з магчымых крытэрыяў для вымярэння лінгвістычнай адлегласці паміж блізкароднаснымі мовамі – ранжыраваны спіс граматычных адрозненняў паміж імі. Такі спіс быў атрамыны ў выніку кантрастыўна-граматычнага даследавання эквівалентных тэкстаў на беларускай і рускай мовах (гл. Іванова 1995).
Міжмоўныя граматычныя адрозненні фіксаваліся ў 10 фрагментах з 5 параў эквівалентных тэкстаў, агульная колькасць адрозненняў склала 1000 выпадкаў на 27,4 умоўных старонак тэкстаў. Пры гэтым памеры кожнага фрагменту вызначалася фіксацыяй паслядоўна 100 выпадкаў адрозненняў. Тэксты прадстаўлялі розныя функцыянальна-стылістычныя разнавіднасці моў: канфесіянальны (2 фрагменты з Евангелля ад Матфея), заканадаўчы (2 фрагменты з Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), інфармацыйна-рэкламны (2 фрагменты з даведніка ВНУ г. Мінска “Выбар за Вамі”), навукова-папулярны (2 фрагменты з Дэкларацыі аб правах чалавека ў пытаннях і адказах), газетны тэкст (2 фрагменты з газеты “Вячэрні Мінск”), які прадстаўлены некалькімі жанравымі разнавіднасцямі (інтэрв’ю, рэпартаж, нарыс). Даследаванне вялося ў накірунку “ад зместу да формы”: ад агульнага зместу, які быў прадстаўлены ў тэкстах на кожнай мове, да вычарпальнага выяўлення ўсіх адрозненняў ў граматычнай арганізацыі тэкставых фрагментаў. У ходзе даследавання былі атрыманы даныя пра колькасць выпадкаў розных відаў адрозненняў у межах прааналізаваных фрагментаў тэкстаў. Гэта дазволіла даць колькасную ацэнку ступені сустракаемасці граматычных адрозненняў у экввівалентных тэкстах на беларускай і рускай мовах і ранжыраваць характэрныя для гэтых моў адрозненні.
Сустракаемасць граматычных адрозненняў у эквівалентных тэкстах на беларускай і рускай мовах
|
Ранг
|
Віды граматычных адрозненняў
|
Колькасць
|
|
1
|
Адрозненні ў значэнні роду
|
316
|
|
2
|
Адрозненні ў значэнні роду
прыметнікаў, займеннікаў-прыметнікаў, дзеепрыметнікаў, дзеясловаў
|
219
|
|
3
|
Адрозненні ў форме
выражэння іменных сінтаксем розных функцыянальных тыпаў
|
143
|
|
4
|
Адрозненні ў структуры
сказаў пры перадачы атрыбутыўных адносін
|
73
|
|
5
|
Адрозненні ў выкарыстанні
поўнай / кароткай формы прыметнікаў і дзеепрыметнікаў
|
43
|
|
6
|
Адрозненні ў форме
выражэння сінтаксем прыметнікаў (дапасаванага азначэння)
|
36
|
|
7
|
Адрозненні ў значэнні ліку
назоўнікаў
|
25
|
|
8
|
Адрозненні ў часцінамоўнай
прыналежнасці перакладных адпаведнікаў
|
20
|
|
9
|
Адрозненні ў значэнні
стану дзеясловаў
|
16
|
|
10
|
Адрозненні ў
структурна-семантычных тыпах выказніка
|
16
|
|
11
|
Адрозненні ў пытальных
канструкцыях
|
14
|
|
12
|
Адрозненні ў
колькасна-іменных словазлучэннях
|
13
|
|
13
|
Адрозненні ў спосабе
выражэння субъектна-аб’ектных адносін
|
13
|
|
14
|
Адрозненні ў значэнні ліку
прыметнікаў, займеннікаў-прыметнікаў, дзеясловаў
|
13
|
|
15
|
Адрозненні ў структуры
сказаў пры передачы прадметнага значэння
|
12
|
|
16
|
Адрозненні ў тыпе
сінтаксічнай сувязі слоў
|
12
|
|
17
|
Адрозненні ў канструкцыях
пры передачы часавых адносін
|
8
|
|
18
|
Адрозненні ў значэнні
трывання дзеясловаў
|
6
|
|
19
|
Адрозненні ў значэнні часу
дзеясловаў
|
1
|
|
|
Усяго
|
1000
|
Прапануемы спіс міжмоўных адрозненняў можна разглядаць як квантытатыўную іерархію граматычных адрозненняў блізкароднасных моў. Выяўленне іерархічных адносін паміж рознымі відамі разыходжанняў у блізкароднасных мовах суадносіцца са спосабамі прадстаўлення вынікаў тыпалагізавання моў і таксама, як і пры выяўленні тыпалагічна значных рысаў, можа мець квалітатыўны або квантытатыўны характар.
У межах тыпалагічнага вывучэння моў адзначаецца, што пры тыпалагізаванні дыялектаў і блізкароднасных моў можа быць эфектыўным менавіта колькасны падыход, ў той час, як роля якасных адзнак узрастае пры пабудове тыпалогіі тых моў, якія маюць значныя структурныя разыходжанні. Пытанне аб эфектыўнасці квантытатыўнага прадстаўлення вынікаў тыпалагізавання для роднасных і блізкароднасных моў з’яўляецца дыскусійным толькі ў тым, што ў некаторых выпадках “колькасныя адносіны могуць быць праяўленнем і следствам больш істотных якасных адзнак” (гл. Общее языкознание 1973, 251).
Квантытатыўная іерархія міжмоўных семантыка-граматычных адрозненняў беларускай і рускай моў дэманструе інфарматыўную дастатковасць квантытатыўнага падыходу да ацэнкі своеасаблівасці граматычных сістэм блізкароднасных моў. Інфарматыўнасць квантытатыўнага падыходу заключаецца ў эксплікацыі рознай ролі пэўных тыпаў разыходжанняў у стварэнні своеасаблівасці граматычнай будовы кожнай з моў, эксплікацыі зон кантрасту, няроўных ў долі вылучаных разыходжанняў ў тэкстах, і іх патэнцыяльнага аб’ему для моўных сістэм. Колькасныя паказчыкі дапамагаюць прадэманстраваць прынцыпіяльную суадноснасць у частасці розных відаў міжмоўных разыходжанняў (адрозненняў у родзе, адрозненняў у ліку, адрозненняў у стане і г.д.).
Іерархію міжмоўных адрозненняў для блізкароднасных моў мэтазгодна разглядаць як пераменную, якая будзе рознай для кожнай пары моў, абранай для супастаўлення. Гэтая пераменная складаецца з двух састаўных частак: сумяшчальнасці і зменлівасці. Сумяшчальнасць звязаная з супадзеннем некаторых галоўных пазіцый ў іерархічных адносінах – першай і апошняй пазіцыі ў іерархіі, максімум адрозненняў, звязаных з сінтаксічнымі значэннямі катэгорый, мінімум адрозненняў, звязаных з рэферэнцыяльнай значнасцю катэгорый, што вызначаецца некаторымі агульнымі для блізкароднасных моў заканамернасцямі суадноснасці адзінак граматычнага ўзроўню. Сумяшчальнасць іерархіі адрозненняў для розных пар роднасных моў, з аднога боку, вызначаецца асаблівасцямі граматычнага плана зместу: наяўнасцю агульнай сістэмы граматычных катэгорый, іх унутранага члянення, характару і тыпаў граматычных значэнняў, універсальным характарам сінтаксісу. А з другога боку, тым, што для ўсіх блізкароднасных моў будуць аднолькава паказальныя пры рэалізацыі ў тэкстах (маўленні):
1) сустракальнасць магчымых тыпаў разыходжанняў у наступнай паслядоўнасці: а) адрозненні ў плане зместу грамем пры разыходжанні плана выражэння; б) адрозненні ў плане выражэння пры падабенстве плана зместу; в) адрозненні ў плане зместу пры падабенстве плана выражэння;
2) неаднолькавая ўдзельная вага ў тэкстах міжмоўных адрозненняў, звязаных з рэалізацыяй рэферэнцыяльных (семантычных) і рэляцыйных (сінтаксічных) значэнняў на марфалагічным узроўні;
3) неаднолькавая ўдзельная вага ў тэкстах міжмоўных разыходжанняў, звязаных з перадачай семантыка-сінтаксічных і уласна сінтаксічных (рэляцыйных) адносін пры рэалізацыі прыслоўных сувязяў, у адрозненне ад суадноснасці рэферэнцыяльных і рэляцыйных тыпаў граматычных значэнняў, якія абумоўліваюць міжмоўныя разыходжанні на марфалагічным узроўні.
Для суадноснасці блізкароднасных моў на марфалагічным ўзроўні заканамернасць бачыцца ў тым, што будуць пераважаюць адрозненні, звязаныя з рэалізацыяй сінтаксічных, а не семантычных значэнняў. Розная роля реферэнцыяльных і рэляцыйных значэнняў у прадвызначэнні большай або меншай долі міжмоўных адрозненняў у тэкстах характэрна як для ўсёй сістэмы марфалагічных катэгорый, так і ў межах асобных катэгорый, якія маюць намінатыўны і сінтаксічны элементы значэнняў.
Зменлівасць ў ранжыраваным спісе для розных пар моў будзе звязана з адлюстраваннем характэрных асаблівасцей, частых заканамернасцей для пэўнай пары моў, залежных як ад пазамоўных фактараў – гістарычнага (таго, які храналагічны зрэз мовы аналізуецца), сацыялінгвістычнага (спецыфікі моўнай сітуацыі і звязанай з ёй спецыфікай функцыянавання тэкстаў), гісторыка-культурнага (культурных традыцый у стварэнні розных тэкстаў), так і уласна моўных – актыўнасці (ужывальнасці) катэгорый ў мовах, што вызначае зменлівасць іерархічных адносін паміж відамі адрозненняў. Якасныя і колькасныя адрозненні ў складзе граматычных разыходжанняў для розных пар эквівалентных тэкстаў могуць выступаць паказчыкам ступені блізкасці роднасных моў.
Праяўленне міжмоўных адрозненняў у граматычных сродках выражэння моў толькі часткова залежнае ад функцыянальна-стылістычнай спецыфікі тэкстаў. Гэтая дэтэрмінаванасць выражаецца ў прадстаўленнасці асобных відаў адрозненняў у розных тэкстах, але практычна не вызначае агульных колькасных паказчыкаў разыходжанняў, якія залежныя выключна ад асаблівасцей граматычнай арганізацыі тэксту (колькасці сінтагматычна залежных і незалежных форм і г.д.). Розная прадстаўленасць відаў адрозненняў у некаторых выпадках вызначаецца асаблівасцямі склада моўных сродкаў у тэкстах розных функцыянальна-стылістычных разнавіднасцей, асаблівасцямі іх сацыяльных функцый, але і ступенню і характарам нармавання ў іх. З гэтых пазіцый граматычныя адрозненні з пэўнай спецыфікай прадстаўлены ў заканадаўчым і канфесіянальным тэкстах. Найбольш нейтральнымі ў гэтых адносінах з’яўляюцца тэксты рэкламна-інфармацыйнага характару, у якіх даволі раўнамерна прадстаўлены ўсе віды разыходжанняў.
Блізкароднасныя беларуская і руская мовы характарызуюцца максімальным падабенствам ў плане зместу сваёй граматычнай будовы – агульнасцю тыпаў граматычных значэнняў, сістэмы граматычных катэгорый, іх унутранага члянення, таму пры супастаўленні гэтых моў даследчыкі звычайна звяртаюць увагу на асаблівасці выкарыстання граматычных сродкаў выражэння для перадачы значэнняў, а граматычны план выражэння называюць менавіта той сферай, з якой звязана праяўленне асноўных міжмоўных адрозненняў.
Між тым, пры вывучэнні граматычных асаблівасцей у тэкстах на блізкароднасных мовах значныя разыходжанні выяўляюцца на ўзроўні грамем, у прыватных граматычных значэннях, якія супрацьпастаўляюцца ў межах марфалагічных катэгорый (напр. рус. ніякі род – бел. мужчынскі род, рус. адзіночны лік – бел. Pluralia tantum), пры захаванні падабенства ў іх абагульненым катэгарыяльным значэнні. Разыходжанні ў грамемах – кампанентах граматычных катэгорый – гэта адлюстраванне суадноснасці плана зместу і/або плана выражэння марфалагічных і сінтаксічных катэгорый у працэссе спараджэння тэкстаў.
Змястоўны і тэкставы падыход да вызначэння адрозненняў у граматычных сістэмах блізкароднасных моў дазваляе не толькі ўбачыць увесь спектр існуючых міжмоўных адрозненняў, але і розную частасць іх праяўлення, узважыць і ацаніць суадноснасць розных відаў разыходжанняў, ў тым ліку суадноснасць тых адрозненняў, якія тычацца толькі плана выражэння адзінак, і тых адрозненняў, што звязаныя найперш з планам зместу адзінак, вызначыць шэраг заканамернасцей у праяўленні разыходжанняў.
Перш за ўсё праяўленне граматычных адрозненняў вызначаецца сферай граматычнай семантыкі. Гэтая залежнасць назіраецца як на асобных узроўнях граматычнай будовы (у сістэме марфалагічных катэгорый – класіфікацыйных і словазмяняльных, іменных катэгорый і катэгорый дзеяслова, а таксама ў сістэме сінтаксічных катэгорый), так і цалкам для ўсёй граматычнай сістэмы. Калі ў сістэмным плане ў беларускай і рускай мовах назіраецца падабенства граматычных значэнняў і структуры катэгорый, абумоўленае адзінствам уяўленняў аб аб’ектыўным свеце, навакольных рэаліях у носьбітаў гэтых моў, агульнымі заканамернасцямі працэсаў мыслення, то пры функцыянаванні граматычных катэгорый у тэкстах у агульным аб’ёме пераважаюць разыходжанні, звязаныя непасрэдна с граматычным планам зместу, якія тычацца як пазамоўнай, так і ўнутрымоўнай значнасці катэгорый.
Разыходжанні паміж беларускай і рускай мовамі праяўляюцца пераважна на марфалагічным, а не на сінтаксічным ўзроўні. Пры гэтым паказальна тое, што максімальная колькасць разыходжанняў звязана з рэляцыйнымі (сінтаксічнымі) значэннямі катэгорый, мінімум разыходжанняў назіраецца пры рэалізацыі рэферэнцыяльных (намінатыўных) значэнняў. Напрыклад, сярод адрозненняў у катэгорыі рода большую частку складаюць радавыя адрозненні, якія не звязаныя з намінатыўнай значнасцю роду (сфера паняццяў аб людзях і іншых жывых істотах), а тычацца толькі сферы сінтактыка-марфалагічных форм роду, якія прадстаўляюць зону паняццяў аб прадметах і з’явах фізічнай прыроды, матэрыяльнай і духоўнай культуры людзей. Параўн.
|
(1)
|
рус.
|
собственное достоинство
|
|
|
бел.
|
уласная годнасць (Прв.
1, 10)
|
|
(2)
|
рус.
|
прямое участие
|
|
|
бел.
|
прамы ўдзел (Кнст.РБ
2, 22)
|
|
(3)
|
рус.
|
диплом с отличием
|
|
|
бел.
|
дыплом з адзнакай (Вбр. 2,
82)
|
|
(4)
|
рус.
|
наше бескультурье
|
|
|
бел.
|
наша
бескультурнасць (Вчрн.Мн.
1, 3)
|
|
(5)
|
рус.
|
вся окрестность
|
|
|
бел.
|
усё наваколле (Ев.М.
2, 109)
|
|
(6)
|
рус.
|
розничная торговля
|
|
|
бел.
|
рознiчны гандль (Вчрн.Мн.
2, 3)
|
|
(7)
|
рус.
|
учебное заведение
|
|
|
бел.
|
навучальная
ўстанова (Вбр. 2, 1)
|
|
(8)
|
рус.
|
правительство намерено
|
|
|
бел.
|
урад мае намер (Вчрн.Мн. 2, 3)
|
|
(9)
|
рус.
|
большинство считало
|
|
|
бел.
|
большасць лiчыла (Вчрн.Мн. 1, 3)
|
Фармальныя разыходжанні пры рэалізацыі намінатыўных значэнняў могуць быць звязаныя і з выкарыстаннем сродкаў выражэння ў другасных значэннях. Аднак, для беларускай і рускай моў ужыванне граматычных форм у другасных значэннях не з’яўляецца тым працэсам, які б дэтэрмінаваў наяўнасць граматычных адрозненняў.
Адрозненні ў марфалогіі блізкароднасных моў, як правіла, звязаныя з ўнутрымоўнай, канвенцыянальнай прыродай граматычных адзінак. Перш за ўсе марфалагічныя адрозненні можна было б вызначыць як марфолага-сінтаксічныя, бо большасць адрозненняў выяўляецца на аснове сінтагматычных адносін паміж граматычнымі адзінкамі і вызначаецца ўнутрымоўнымі значэннямі. Марфалагічныя адрозненні ў межах многіх граматычных катэгорый праяўляюцца не для ўсёй сістэмы значэнняў і форм, а часцей з’яўляюцца замкнёнымі групамі слоў, асобнымі семантычнымі або лексіка-граматычнымі разрадамі, якія маюць уласныя лексічныя, словаўтваральныя і граматычныя характарыстыкі. Праяўленне міжмоўных граматычных разыходжанняў у гэтых групах шмат у чым звязана з узаемадзеяннем граматычных значэнняў з сумежнымі значэннямі – лексіка-семантычнымі і словаўтваральнымі, а таксама з стылістычнай маркіраванасцю форм.
Максімальнае падабенства ў перадачы катэгарыяльных значэнняў назіраецца для граматычных катэгорый, якія маюць пазамоўныя значэнні (напр., лік назоўнікаў, час, асоба дзеясловаў), а нешматлікія разыходжанні, як правіла, звязаныя з пэўнымі лексіка-граматычнымі разрадамі слоў (абстрактнымі, адцягненнымі, рэчыўнымі, зборнымі назоўнікамі, якаснымі прыметнікамі, зваротнымі дзеясловамі, дзесловамі спосабаў дзеяння), з пэўнымі семантычнымі групамі назоўнікаў і прыметнікаў, а таксама з дзеясловамі адцягненай семантыкі, уздапаможнымі і фазіснымі дзеясловамі, дзеясловамі шматкратнага дзеяння і інш. Напрыклад, сярод разыходжанняў у ліку большасць разыходжанняў назіраецца для назоўнікаў са значэннямі зборнасці, адцягненных або рэчыўных назоўнікаў. Параўн.
|
(10)
|
рус.
|
народ дивился
|
|
|
бел.
|
людзi здзiўлялiся
(Ев.М. 2, 117), людзi толькі мн.
|
|
(11)
|
рус.
|
язык межнационального общения
|
|
|
бел.
|
мова мiжнацыянальных
зносiн (Кнст.РБ 1, 6), зносiн адз. няма
|
|
(12)
|
рус.
|
Любодеяния
|
|
|
бел.
|
распуста (Ев.М. 2, 115), распуста толькі адз.
|
|
(13)
|
рус.
|
отношение властей
|
|
|
бел.
|
адносiны ўлад
(Вчрн.Мн. 1, 3), адносiны толькі
мн.
|
|
(14)
|
рус.
|
сливки
|
|
|
бел.
|
смятанка (Вчрн.Мн. 2, 3), смятанка толькі адз.
|
Розная ўдзельная вага разыходжанняў у класіфікацыйных і словазмяняльных катэгорыях, г.зн. сустракальнасць разыходжанняў, якія вызначаюцца “семантычна дзейснымі” і “семантычна адлюстраванымі значэннямі”, дэманструе, што разыходжанні ў словазмяняльных катэгорыях роду і ліку прыметнікаў, займеннікавых прыметнікаў, дзеепрыметнікаў, дзеясловаў (па-сутнасці, разыходжанні ў сінтагматычных сувязях) з’яўляюцца другаснымі, характарызуюцца частымі выпадкамі міжмоўнай нейтралізацыі і падпарадкоўваюцца разыходжанням ў родзе і ліку назоўнікаў, ў аснову якіх пакладзены “семантычна дзейсныя” і класіфікацыйныя значэнні.
Беларуская і руская мовы характарызуюцца значнай своеасаблівасцю ў межах іменных і дзеяслоўных катэгорый. Пры функцыянаванні граматычных катэгорый сустракаемасць у тэкстах адрозненняў, звязаных з гэтымі групамі катэгорый, разыходзіцца ў некалькі разоў, нягледзячы на прыблізна аднолькавую частасць у тэкстах форм імя і форм дзеяслова. Пераважна намінатыўны характер значэнняў катэгорый дзеяслова (трывання, часу, асобы, і інш.) абумоўлівае мінімум міжмоўных адрозненняў у значэннях і суправаджаецца высокай суадноснасцю і ў сродках выражэння граматычнага значэння.
Для іменных катэгорый граматычная своеасаблівасць звязана з функцыянаваннем катэгорыі роду. Гэта вызначаецца шэрагам фактараў:
1) шырокім дыяпазонам функцыянавання гэтай катэгорыі, звязанай з яе міжчасцінамоўным характарам, і класіфікацыйным і словазмяняльным статусам катэгорыі;
2) пераважна рэляцыйным характарам значэнняў гэтай катэгорыі;
3) цеснай сувяззю з лексічным складам моў, якая выяўляецца ў выкарыстанні ў мовах лексічных сінонімаў або запазычаных лексем з іншай радавой маркіраванасцю, па-чацвёртае, з частатой катэгорыі роду ў тэкстах.
Граматычная катэгорыя ліку характарызуецца такімі ўласцівасцямі ў значна меншай ступені, што абумоўлівае і значна меншую колькасць фактаў адпаведных разыходжанняў.
Праяўленне марфалагічных разыходжанняў у беларускай і рускай мовах, як правіла, суправаджаецца своеасаблівасцю ў словаўтваральнай структуры слова. Паколькі многія з катэгарыяльных значэнняў (род, лік, трыванне, стан) могуць выражацца не толькі з дапамогай сінтаксічных сродкаў, але і марфалагічных (часцей за ўсё афіксамі, сістэмай флексій, прэфіксамі і г.д.), а для многіх матываваных слоў, менавіта словаўтваральныя сродкі адыгрываюць вядучую ролю ў працэсе аднясення слоў да пэўных граматычных класаў і разрадаў, многія разыходжанні ў граматычнай будове абумоўленыя прадуктыўнасцю словаўтваральных мадэляў ў мовах. Напрыклад, з прадуктыўнасцю розных словаўтваральных мадэляў звязаныя межы распаўсюджанасці розных радавых класаў у беларускай і рускай мовах: у рускай мове высокапрадуктыўныя ў розных стылях мовы ўтварэнні на -ние, -ство, -вие і інш. мадэлі ніякага роду, а ў беларускай мове іх аналагі -нн-е, -енн-е, -анн-е адносяцца да малапрадуктыўных. Да ліку прадуктыўных словаўтваральных мадэляў у беларускай мове адносяцца вытворныя назоўнікі з суфіксамі -к-е, -iн-а, -осць(-асць), -н-я, утвараючыя назоўнікі жаночага роду, а таксама з суфіксамі -ак(-як), -няк, -унак, -iзм, -ок, -iк, -нiк, утвараючыя назоўнікі мужчынскага роду. Аднолькавай частасцю характарызуюцца толькі невытворныя назоўнікі з неразвітай асновай. Падобныя тэндэнцыі назіраюцца і ў сферы міжмоўных разыходжанняў у ліку – распаўсюджанасць у мовах груп назоўнікаў Singularia tantum і Pluralia tantum, ўжыванне розных форм прыметнікаў.
Для функцыянавання сінтаксічных катэгорый характэрны іншыя заканамернасці. На сінтаксічным узроўні не сустракаюцца адрозненні ў значэннях адзінак, што звязана з універсальным характарам плана зместу ў сінтаксісе, які знаходзіць выражэнне ў агульнасці сінтаксічных адносін і сувязей, асноўных сінтаксічных мадэляў і іх састаўляючых – сінтаксічных пазіцый. Пры падабенстве плана зместу сінтаксічных адзінак у беларускай і рускай мовах даволі значнымі з’яўляюцца разыходжанні ў фармальным і прагматычным (стылістыка-сінтаксічным) аспектах сінтаксічных адзінак.
На ўзроўні рэалізацыі прыслоўных сувязей разыходжанні заключаюцца ў розным фармальным выражэнні элементарных сінтаксічных адзінак (сінтаксем) пры захоўванні агульнасці ў прыватных значэннях (дырэктыва, рубрыкатыва, транзітыва, падставы–суадноснасці, аб’ектнага значэння і інш.). У большасці выпадкаў суадноснасць захоўваецца і ў сінтагматычным плане, якая выражаецца і ў падабенстве ўмоў спалучальнасці, агульнасці семантыка-граматычных характарыстык тых кампанентаў, якія спалучаюцца. У праяўленні міжмоўных адрозненняў вызначальным фактарам з’яўляецца парадыгматычнае значэнне розных марфалагічных форм. Адрозненні, якія тычацца спалучальнасці, часцей звязаныя з разыходжаннямі ў часцінамоўным выражэнні аднаго з кампанентаў спалучэння, звычайна галоўнага, які ўплывае на змянені ў форме выражэння залежных кампанентаў. Такія адрозненні даволі абмежаваныя ў беларускай і рускай мовах.
Сінтаксічныя разыходжанні паміж беларускай і рускай мовамі пры рэалізацыі прыслоўных сувязей у большай ступені звязаныя з перадачай семантыка-сінтаксічных, а не уласна сінтаксічных (рэляцыйных) адносін, ў адрозненні ад суадносін граматычных значэнняў рэферэнцыяльных і рэляцыйных тыпаў, з якімі звязаны міжмоўныя разыходжанні на марфалагічным ўзроўні. Нягледзячы на тое, што характэрныя разыходжанні зводзяцца да рознага фармальнага выражэння шэрагу аманімічных сінтаксем розных функцыянальных тыпаў (свабодных, абумоўленых, звязаных), што рэалізуюцца ў розных пазіцыях, своеасаблівасць заключаецца ў выбары саміх форм пры перадачы семантычных адносін паміж сінтаксічнымі адзінкамі ў блізкароднасных мовах. Паказальнай выглядае розная сустракальнасць міжмоўных адрозненняў, якія звязаны з акалічнаснымі і аб’ектнымі структурамі. У сферы аб’ектных структур, найбольш адцягненных і семантычна спустошаных, разыходжанняў менш, чым у сферы акалічнасных структур, з дапамогай якіх перадаюцца тыя адносіны, што маюць больш канкрэтызаваныя значэнні (лакальнае, прасторавае, часавае, прычыннае і г.д.). Для беларускай і рускай моў характэрна тое, што разыходжанні не закранаюць асноў арганізацыі розных мадэляў словазлучэнняў (дзеяслоўных, субстаныўных, ад’ектыўных), а звязаныя толькі з неадпаведнасцямі марфалагічных форм элементарных адзінак сінтаксісу пры рэалізацыі падпарадкавальнай сувязі. Толькі канструкцыям з пасесіўным значэннем уласцівыя адрозненні ў структурнай арганізацыі словазлучэння, якія праяўляюцца ў выкарыстанні розных тыпаў сувязей (рус. кіраванне – бел. дапасаванне), але нават і ў гэтых выпадках адрозненні маюць стылістычны характар. У арганізацыі сінтаксічных мадэляў разыходжанні паміж беларускай і рускай мовамі значныя для комплексу канструкцый і адносін унутры моўных сістэм, звязаных з выкарыстаннем адной з форм дзеяслова – дзеепрыметнікам. Гэта адрозненні ў структурных тыпах сказаў, звязаных з перадачай:
1) атрыбутыўных адносін, напр.
|
(15)
|
рус.
|
Ученые едины во мнении, что люди, ныне населяющие нашу планету, принадлежат к одному и тому
же биологическому виду – гомо сапиенс – и имеют одинаковое происхождение
|
|
|
бел.
|
Вучоныя адзіныя ў думцы, што ўсе людзі, якія зараз насяляюць нашу планету, належаць да аднаго і
таго ж біялагічнага віду – гома сапіенс – і маюць аднолькавае паходжанне (Прв.
2, 41)
|
2) прадметных адносін, напр.
|
(16)
|
рус.
|
Польская печать назвала происходящее “битвой за торговлю”...
|
|
|
бел.
|
Польскі друк назваў тое,
што адбываецца, “бітвай за гандаль”... (Вчрн.Мн.
2, 3)
|
3) часавых адносін, напр.
|