БЕЛАРУСКАЯ МОВА: СТАН УЖЫТКУ ПАСЛЯ РЭФЕРЭНДУМУ
Матэрыялы дакладаў і паведамленняў І-ай навукова-практычнай канферэнцыі Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны
(Магілёў, 27 мая 1998 г.)
Я.І.Клімуць
(кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры, дэкан філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А.А.Куляшова, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня Магілёўскай гарадской рады ТБМ)
ЛЁС БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
З канца XVII ст. беларускай мове наканавана было змаганне за права існаваць, гучаць, быць правадніком думкі і выразнікам пачуццяў. Толькі асобныя адукаваныя шляхціцы лічылі патрэбай яе падтрымкі і абароны, беларуская мова была толькі прыватнай ва ўжытку нешматлікіх навукоўцаў, яна знікла з урадавых устаноў, надоўга перасяліўшыся пад сялянскія стрэхі. Толькі там зберагалася яе выразнае багацце. Хвалі адраджэння ўзносілі яе на грабяні хваляў, але чарговае паражэнне зноў адводзіла ў працяглае замоўчванне і непрызнанне. Вельмі выразным у гэтым аспекце было XIX ст. Паражэнне паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі прымусіла маладую шляхту шукаць прычыны паражэння, і ўрэшце, яны ўсвядомілі, што пагоня за польскасцю адрывае іх ад спрадвечных каранёў і пазбаўляе сацыяльнай падтрымкі.
У першай палове XIX ст. літаратары свядома звяртаюцца да беларускай мовы, хоць друкавацца яшчэ не было магчымасці. Расейская імперская палітыка была больш жорсткай у адносінах да мовы тутэйшага народа. І таму В.Дунін-Марцінкевіч здзейсніў подзвіг, пачаўшы ў 50-х гадах друкаваць кнігі па-беларуску. Сёння нам вядома, які ўціск прыходзілася яму вытрымліваць, ад якіх зняважлівых нападаў даводзілася адбівацца. Аднак справа была зроблена і беларуская мова зноў набывала права выдавецкай. Справу В.Дуніна-Марцінкевіча замацаваў Кастусь Каліноўскі, звярнуўшыся да народа па-беларуску ў “Мужыцкай праўдзе”, газеце, няхай сабе і нелегальнай.
У цэлым інтэлігенцыя XIX ст. паказала ўзор змагання за нацыянальныя скарбы, беларускую мову, асноўным носьбітам якой заставаўся вясковец, дробная шляхта. Завяршальным у на гэтым шляху змагання была творчасць Францішка Багушэвіча, які адкрыта звярнуўся да інтэлігенцыі з заклікам і папярэджаннем:
Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так, як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім памерлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі!
Сцяг змагання за мову падхапілі адраджэнцы пачатку ХХ ст. Цётка, Янка Купала, Якуб Колас, Антон і Іван Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Вацлаў Іваноўскі, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Алесь Гарун і шмат хто іншы нястомна працавалі, развівалі і ўдасканальвалі мову, адначасова змагаючыся за сваю самастойнасць і дзяржаўную незалежнасць. У вірлівыя гады другога дзесяцігоддзя пачатку стагоддзя ім удалося зрабіць шмат: яны, па сутнасці, вярнулі беларускую дзяржаўнасць і адпаведны статус беларускай мовы. Гэта нават павінны былі ўлічваць бальшавікі ў зацятай барацьбе за ўладу на імперскіх абсягах. Менавіта з тактычных меркаванняў, каб знізіць аўтарытэт БНР і раскалоць яе прыхільнікаў, была аб’яўлена новая нацыянальная палітыка ў Беларусі, якая пазней атрымала назву “беларусізацыя”. За непрацяглы час, у перыяд з 1922 па 1926 гг. была прароблена вялікая работа. І ў гэтым немалая заслуга нацыянал-камуністаў, якія самааддана працавалі на гэтай ніве побач з сталымі і новымі адраджэнцамі. Беларуская мова тады набыла сапраўдны статус мовы дзяржаўнай. Яна выкарыстоўвалася ў дзяржаўных і партыйных установах як афіцыйная, настойліва і паслядоўна ўводзілася ў навучальны працэс у ВНУ, сярэдне-спецыяльныя вучэльні, агульнаадукацыйную школу. Гэта быў сапраўдны росквіт беларускай культуры, але ён грунтаваўся хутчэй на энтузіязме нацыянальна свядомай інтэлігенцыі, насуперак жаданням партыйных стратэгаў. Але і ў гэты час знаходзіліся “тожа-беларусы”, як, напрыклад, А.Пшчолка, які працуючы ў Полацкім педтэхнікуме, апублікаваў на рускай мове артыкул “Вражда из-за языка”, чым актывізаваў выступленні агрэсіўных шавіністаў супраць беларускасці. Менавіта супраць іх былі накіраваныя гнеўныя радкі Янкі Купалы:
Былых не выклічаш вякоў
І ты, Масквы карэннай гразь,
Парваных не скуеш акоў,
3 якой брахнёю ні вылазь.
На жаль, у нашых жыццёвых стасунках заўсёды перамагалі чорныя сілы. Так сталася і з чарговым адраджэннем. Жорсткі разгром беларускай інтэлігенцыі прывёў да паступовага выцяснення беларускай мовы і са школы, хоць там яна трымалася яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў. Як ні дзіўна, але планамерны наступ на беларускасць распачаўся пасля асуджэння сталіншчыны. Толькі цяпер новыя далакопы імкнуліся пад гэты працэс падвесці навуковы грунт, узнялі высока сцяг інтэрнацыяналізму, урэшце прыдумалі базаблічны назоў – савецкі народ як апафеоз навукі інтэрнацыяналізацыі. Глабальная агітацыя заштрыхоўвала трэшчыны і расколіны ў сістэме, але ўтрымліваць штучна створанае адзінства ўдавалася ўсё цяжэй. Але і ў такіх умовах беларуская мова жыла, трымалася ў асяродку самаадданых патрыётаў, пісьменнікаў ды, як спрадвеку, пакуль яшчэ ў вёсцы.
У другой палове 80-х гг. з’явілася первая магчымасць ўнармавання беларускай мовы і пашырэння абсягаў яе ўжывання. Урэшце грамадскі рух прымусіў тагачасныя ўлады да грамадскага дзеяння па абароне беларускай мовы. Вынікам стала прыняцце ХІV сесіяй Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 26 студзеня 1990 года Закона аб мовах у Беларускай ССР, у артыкуле 17 якога запісана:
Дзяржаўнай мовай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі з’яўляецца беларуская мова.
Беларуская ССР забяспечвае свабоднае карыстанне рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін народаў Саюза ССР.
Парадак ужывання беларускай, рускай і іншых моў у Беларускай ССР вызначаецца заканадаўствам Беларускай ССР.
Быў прыняты і парадак паступовага ўвядзення Закона аб мовах у дзеянне. Беларускі народ атрымаў унікальную магчымасць стаць сапраўды выключна культурнай нацыянальнай супольнасцю з атрыманнем дзяржаўнай незалежнасці. І сапраўды, былі заўважаны істотныя зрухі, хоць і адчувалася чыноўніцкае супраціўленне і валакіта, што заўсёды губіла добрыя пачынанні. Ды ўсё ж дасягненні былі. У дзяржаўных структурах прадпісвалася ўсім чыноўнікам валодаць дзвюмя мовамі. Пад уплывам Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны пры аблвыканкамах, гарвыканкамах ствараліся культурныя камісіі, якія ўносілі прапановы па пашырэнню ўжытку беларускай мовы: аўдыё і відыёафармленне, афармленне вітрынаў па-беларуску, карыстанне беларускай мовай на чыгуначных вакзалах і аўтавакзалах.
Асабліва істотны зрух адчуваўся ў сферы адукацыі. З 1991 г. праводзіліся наборы ў 1-я класы з беларускамоўным навучаннем. Бацькі і дзеці ўспрынялі гэта з разуменнем, бо чакалася беларускамоўная вышэйшая адукацыя. Пераводзілася на беларускую мову навучанне ва ўніверсітэтах і інстытутах або ствараліся паралельныя патокі. І ўсё гэта было натуральным, за выключэннем, магчыма, некаторых чыноўніцкіх перашкодаў. У г.Магілёве былі адкрытыя дзве беларускамоўныя гімназіі на базе 30-й і 9-й сярэднеадукацыйных школаў. Праўда, у 30-й школе яна так і не сфармавалася.
З 1991 г. Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь было дадзена некалькі загадаў аб выкананні Закона аб мовах і Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых моў у Беларусі. Там прадугледжваліся меры па навучанні ў школах і ВНУ. Загадам № 171 ад 3 ліпеня 1992 г. прадугледжвалася атэстацыя ўсіх супрацоўнікаў апарата на веданне беларускай мовы, дастатковае для выканання службовых абавязкаў. Такім чынам, вырастала спадзяванне, што і наша дзяржава з годнасці будзе несці сваё найменне. Тады падставы для такіх меркаванняў былі.
Ды як заўсёды ў нашым жыцці здараюцца непрадказальныя сітуацыі. Слаба дасведчанае ў нацыянальным адраджэнні, слабаўстойлівае наша грамадства лёгка паддалося на розныя авантурныя дзеянні. Сумна вядомы рэферэндум канчаткова разбурыў з такой цяжкасцю закладзены фундамент нацыянальнага адраджэння, функцыянавання беларускай мовы ў грамадстве.
Адносіны сталі да носьбітаў беларускай мовы здзеклівымі. А ў той час і рэферэндум, задуманы, як вядома, са спекулятыўна-палітычнымі мэтамі, ставіў пытанне толькі ўраўняць у правах рускую мову з беларускай. Юрыдычна беларуская мова застаецца дзяржаўнай, фактычна ж яна стала пасынкам у роднай дзяржаве. Фарысейскія заявы ўрада аб падтрымцы беларускай мовы ў цяперашняй сітуацыі гучаць асабліва абразліва. Вынік атрымаўся той, які і павінен быў атрымацца. Кіраўніцтва школаў зыніцыявала паступленне заяў аб пераводзе беларускамоўных класаў на рускую мову, знікла выкладанне па-беларуску ў ВНУ, усе газеты сталі рускамоўнымі, а чыноўніцтва асабліва агрэсіўным у адносінах да носьбітаў беларускай мовы. У гэтай сітуацыі, толькі агульнымі намаганнямі мы зможам захаваць беларускую мову, мову нашых продкаў, не дапусціць яе канчатковага знішчэння.
А.А.Смаляк
(кандыдат тэхнічных навук, дацент, загадчык кафедры цеплахоладатэхнікі Магілёўскага тэхналагічнага інстытута, сябра Магілёўскай гарадской рады ТБМ)
ЦІ ПАГРАЖАЕ НАМ ДВУХМОЎЕ?
Пытанне, што пастаўлена ў назву артыкула, можна разумець па-рознаму. Ці пагражае двухмоўе беларускай мове і нацыі? Або ці магчымае яно ў сучасных умовах як задача-мінімум? Адказ на другі варыянт вызначае і адказ на першы. Бо для таго, каб беларускай мове выжыць і замацавацца, ей спачатку трэба дасягнуць у рэальнасці роўнага статусу э рускай, прайсці праз яго де-факта.
Калі гісторыя дазволіла аднавіць беларускую дзяржаву, у маладой Рэспубліцы Беларусь беларуская мова была аб’яўлена дзяржаўнай мовай навукі і адукацыі. Паколькі ва усіх сферах жыцця ўжо панавала руская мова, то і Закон аб мовах і Канстытуцыя 1994 г. прадугледжвалі важкія гарантыі яе шырокага ўжывання. Беларуская мова фармальна-юрыдычна ставілася ў больш спрыяльныя ўмовы. Такая сітуацыя і магла прывесці да ўзмацнення пазіцый беларускай мовы, а праз нейкі час і да рэальнага двухмоўя.
Далейшае развіццё падзей прывяло б да пераважнай ролі беларускай мовы. Гэтага і не маглі дапусціць прыхільнікі зліцця беларусаў з рускімі ў “адзін народ”. Для гэтага і была выкарыстана на рэферэндуме 1995 г. гэтая фармальна-прававая няроўнасць. Было выкарыстана одно з галоўных уяўленняў савецкіх беларусаў пра справядлівасць як пра роўнасць: “У нас усе роўныя”. Адбылася спекулятыўная падмена пытання. Людзі галасавалі не супраць беларускай мовы (пра гэта не пыталі), а “за справядлівасць” у моўным пытанні.
І ў перадрэферэндумны перыяд, як ведома, не выконваўся цалкам Закон аб мовах. Ён ігнараваўся ўладнымі структурамі, большасцю інтэлігенцыі. Практычна не ствараліся ні дастатковыя ўмовы, ні зацікаўленасць у адраджэнні беларускай мовы. Была адменена нават нязначная 10%-я надбаўка да заробку для тых, хто асвойваў выкладанне ў навучальных установах на беларускай мове. Справа па-савецкі рабілася загадна-распараджальна-патрабавальнымі метадамі, што больш шкодзіла ёй, чым дапамагала. Напрыклад, згодна з Законам аб мовах выходзіць загад Міністэрства адукацыі з 1-га верасня перавесці ў ВНУ справаводства на беларускую мову. А ў ВНУ ні сакратароў, ні лабарантаў, што могуць пісаць па-беларуску дакументы, ні машынак з беларускімі літарамі няма, бо папярэдняя падрыхтоўчая работа не планавалася ні зверху, ні знізу, і не праводзілася.
Трэба прызнаць, што і хуткі пераход на беларускамоўнае навучанне ў школах у значнай меры ўспрымаўся як прымусовы, таму што не падмацоўваўся дастаткова мерамі заахвочвання і зацікаўленасці, патрэбнасцю самой мовы ў жыцці. Напрыклад, такі факт, як здача ўступных экзаменаў у ВНУ па беларускай мове і літаратуры, ужо павышаў аўтарытэт мовы і зацікаўленасць у яе вывучэнні ў выпускнікоў школ.
У такіх абставінах і ўдалася згаданая падмена пытання на рэферэндуме. Пасля яго пачалі знішчацца і адмяняцца і тыя нязначныя ўмовы, якія спрыялі ўжыванню беларускай мовы. Знікла псіхалагічная і маральная падтрымка.
Выкладанне ў ВНУ на беларускай мове стала асабістай справай энтузіястаў. Стварэнне і выданне беларускамоўнай вучэбнай і метадычнай літаратуры не стымулюецца, а з-за адсутнасці сродкаў часцей абмяжоўваецца. Уступны экзамен у ВНУ па беларускай мове і літаратуры перастаў быць абавязковым. Справаводства стыхійна пераходзіць на рускую мову. Цяпер яно захавалася толькі там, дэе кіраўнік падраздзялення сам з’яўляецца прыхільнікам беларушчыны. Беларускамоўнымі застаюцца ў асноўным толькі вясковыя, як правіла, малакамплектныя школы. Беларуская мова перастае быць патрэбнай на Беларусі.
Афіцыйна рэферэндум аднавіў роўны статус рускай і беларускай моў. Фактычна яго не было і да рэферэндума. Выступленні супраць “дыскрымінацыі” рускай мовы на справе былі выступленнямі супраць страты ёю пануючага становішча. Фактычна рэферэндум замацаваў пануючае становішча рускай мовы.
Чаго можна чакаць ад такой сітуацыі? Народ у большасці прымае яе маўкліва. Прычыны вядомыя. І адна з іх – русіфікацыя нацыянальнай эліты, якая адбывалася ў гарадах у працэсе індустрыялізацыі і росту гарадскога насельніцтва. Яна перастала быць нацыянальнай. Выхаваная на расейскай гістарычнай свядомасці, на расейскай культуры, якая панавала ў жыцці, яна неадукаваная ў пытаннях нацыянальнай гісторыка-культурна-этнічнай свядомасці. Беларускасць і беларуская культура для яе часта толькі дэкаратыўны элемент, беларуская мова для яе не з’яўляецца сваёй, роднай, мовай сэрца, нават для некаторых настаўнікаў беларускай мовы. Сістэма адукацыі, замешаная на ідэалагізмах (хоць ім часам пасіўна супраціўляліся) за некалькі пакаленняў замацавала тыя стэрэатыпы, якія не дазваляюць беларускім інтэлігентам адчуваць сябе нацыяй, чымсьці значным і без Расеі. Як не ўспомніць тут словы Мураўёва-вешальніка, што “тое, што не зрабіў на гэтай зямлі рускі штык, зробіць руская школа”. Таму цяжка прабуджаюцца ў нашай эліты нацыянальная годнасць і патрыятызм, пахаваныя пад комплексам нацыянальнай непаўнавартасці.
Пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы закранае ў першую чаргу нацыянальную эліту, стварае для яе некаторыя першапачатковыя цяжкасці і нязручнасці. Нашая эліта, і ў першую чаргу, кіруючая наменклатура, навукова-тэхнічная інтэлігенцыя, аказалася не вышэй гэтых чыста побытавых адносін да мовы. Гэта не столькі выступленне супраць мовы, колькі нежаданне пераадолёць першапачатковыя цяжкасці і нязручнасці, прыкласці дадатковыя намаганні.
Ёсць яшчэ адна прычына таго, што навукова-тэхнічная інтэлігенцыя не стала лідэрам у справе адраджэння беларускай мовы. У часы хуткай індустрыялізацыі, павелічэння колькасці навуковых і вышэйшых навучальных устаноў на працу ў Беларусь прыязджалі спецыялісты і накіроўваліся выпускнікі з Расеі і іншых рэспублік СССР. Таму доля небеларусаў у навуцы і вышэйшай адукацыі, сярод інжынерна-тэхнічных работнікаў прамысловасці была значна большай за іх долю ў агульнай колькасці насельніцтва. У некаторых маладых ВНУ выкладчыкі-небеларусы складалі пераважную большасць. Інакш і не магло быць, калі параўнаць долю беларусаў у СССР. Нават без мэтанакіраванай палітыкі пры свабодным іх перамешванні рускамоўны элемент павінен быў станавіцца дамінуючым сярод меншага па колькасці этнасу.
Пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы для гэтай часткі грамадзян Беларусі стварала яшчэ большыя сацыяльна-бытавыя нязручнасці. Шмат хто з рускамоўных небеларусаў шчыруюць на ніве беларушчыны больш, чым беларусы. Аднак у сваёй большасці гэтая частка эліты аб’ектыўна не магла быць прыхільнікам адраджэння беларускай мовы.
Адносіны да мовы абавязкова звязаны з нацыянальнай свядомасцю ў цэлым. Таму прадстаўнікі ўлады сёння лічацьў што з беларускай мовай ніякіх праблем няма. “Чалавек прэзідэнта” Юрый Малумаў у інтэрв’ю ў “Звяздзе” 30 студзеня 1996 г. заявіў: “У рэальным жьцці беларуская мова мае нават больш. Для яе зроблена больш, чым для рускай мовы”. І далей: “У нас цудоўная сітуацыя з мовамі, я не бачу праблем”. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сасноўскі лічыць: “У нашай дзяржаве існуе рэальнае двухмоўе... Умовы ў нашай дзяржаве для нармальнага функцыяніравання дзвюх моў створаны. ...Але ніякай небяспекі для беларускай нацыі ў існуючым цяпер двухмоўі не існуе” (“Звязда”, Першае інтэрв’ю на новай пасадзе).
А што кажуць прадстаўнікі апазіцыі? Сямен Шарэцкі можа гаварыць па-беларуску, падтрымлівае нацыянальную ідэю і дзяржаўнасць Беларусі, але наш гістарычны герб “Пагоня” ўспрымае па-савецку (“ваяўнічы”) і ў Вярхоўным Савеце беларускай мовай не карыстаўся.
Другія апазіцыйныя палітыкі і партыі, акрамя БНФ, наогул пытанне беларускасці не ўздымаюць.
Ненацыянальнае выхаванне нашай эліты высвятляюць пытанні і пра асабістыя прыхільнасці і прыярытэты. Паказальнымі з’яўляюцца, напрыклад, адказы прафесара Алега Слукі ў інтэрв’ю “Звяздзе” 17 лютага 1996 г., зараз намесніка Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. Прыхільнік беларускай мовы і піша вершы па-беларуску. Аднак вось яго адказы на некаторыя пытанні.
– Любімы пісьменнік?
– Пушкін, Лермантаў, Джэк Лондан, Маякоўскі.
– Любімы верш, які Вы маглі о прачытаць на памяць?
– Што-небудзь з Ясеніна.
– Песня?
– Раманс “Гори, гори, моя звезда”...
Усе добра і прыемна. Але ж, заўважце, нічога беларускага, свайго. Як быццам няма і не было. І гэта не выключэнне, а правіла. Ці можна ўявіць такога расейца, немца, француза? Калі так пачувае сябе эліта, то што можна сказаць пра іншых?
Таму сёння відавочна, што пры такім стаўленні ў грамадстве да беларускасці двухмоўе нам не пагражае. У тым сэнсе, што яго рэальна няма і не будзе. Сітуацыя будзе набліжацца да аднамоўя з адной рускай мовай.
Усё ж лічыць, што ворагі беларушчыны атрымалі канчатковую перамогу не трэба.
Гады беларускай адлігі пакінулі свой след. Чытаючы лекцыі па цеплатэхніцы і цеплаперадачы на беларускай мове, у кожнай плыні пачынаю размову з гэтай просьбы. Шэсць-сем гадоў таму размовы былі больш цяжкімі, прыходзілася доўга пераконваць. З залы гучалі только прапановы чытаць па-руску. А прыхільнікі беларускай мовы маўчалі або паціху падыходзілі на пераменках і гаварылі: “Чытайце па-беларуску і не слухайце іх”. Сёння можна пачуць і адкрытыя спрэчкі паміж студентамі. А на вельмі нязгодных могуць нават і прыкрыкнуць: “Ты што, не разумееш па-беларуску, не здаваў экзамен?”
І пасля рэферэндуму па афіцыйных сацыялагічных даследаваннях згадзіліся вучыць сваіх дзяцей па-беларуску 42,2 % рэспандэнтаў (Марына Куноўская, АНБ, “Народная газета” 23 студзеня 1996 г.). Гэта пры тым, што беларуская мова сёння ў грамадстве практычна не патрэбна. А калі стварыць спрыяльныя умовы? Галоўныя сферы, якія вызначаюць жыццяздольнасць мовы, яе ўжыванне, з’яўляюцца сям’я і адукацыя. Праз адукацыю ў сям’ю прыйшла да беларусаў руская мова. Праз адукацыю ж да іх можа вярнуцца беларуская. Таму праца па захаванню парасткаў беларушчыны ў адукацыі сёння вельмі важная. І сам рэферэндум можна і патрэбна выкарыстоўваць для ўзмацнення рэальнага статусу беларускай мовы, дабіваючыся стварэння неабходных умоў для дасягнення роўнасці беларускай мовы з рускай. І пры гэтым працягваць будзіць і выхоўваць усімі сродкамі нацыянальную свядомасць.
Успомнім, што халопскай мовай лічыліся і мовы нашых суседзяў – украінцаў і літоўцаў, а кнігі на літоўскай мове былі забаронены, што практычна штучна, насуперак адбылося адраджэнне чэшскай мовы на пачатку XX ст., адбываецца сёння адраджэнне каталонскай мовы у Іспаніі, фрызскай у Нідэрландах. Ды і на рускай мове першыя лекцыі пачыналіся чытацца ў часы М.В.Ламаносава – зусім нядаўна па гістарычных мерках.
А.М.Ненадавец
(доктар філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сябра ТБМ)
МОВА БУДЗЕ ЖЫЦЬ!
Да гэтага жыццесцвярджальнага выніку мяне падводзяць мае шматлікія вандроўкі па Беларусі. Не адкрыю вялікага сакрэту, калі адзначу, што за час свайго “ўсвядомленага навукоўства” я паспеў некалькі разоў аб’ехаць і абыйсці нашу Беларусь. Кожнае лета кірую ў самастойную навуковую экспедыцыю, каб знайсці, зафіксаваць, не даць загінуць назаўсёды нечаму непаўторна-прыгожаму з вуснай народнай творчасці. І менавіта там я сутыкаюся з сапраўднай мовай. Мовай нашага працалюбівага і мужнага народа, мовай, якую вялікі Адам Міцкевіч называў адной з самых прыгожых і мілагучных моў усяго белага свету. І тут ужо не хочацца праводзіць нейкія паралелі, што, маўляў, розныя дыялекты на тэрыторыі Беларусі, што мова ў “чыстым” выглядзе не існуе. Не існуе яна ў такім выглядзе толькі для бяздумнага даследчыка, бо кожнаму даўным-даўно дайшло, што літаратурная беларуская мова існуе толькі ў падручніках і літаратурных творах, у астатніх жа выпадках – гэта “мясцовая мова” (так мне акрэсліў адзін з маіх інфарматараў тое, як у іхняй вёсцы гавораць).
Але дастаткова ўслухацца, удумацца ў тое, як гавораць нашы людзі, і адразу паўстае слаўная гісторыя, шматлікія цяжкасці і выпрабаванні, якія выпалі на лёс беларусаў. Вуснапаэтычнае параўнанне, ужытае ў рэгіянальнай песні ці прыказцы, удалы эпітэт, якога сам ніколі не прыдумаеш, часам прыносіць такую асалоду, што хочацца абавязкова з некім падзяліцца гэтай знаходкай. Здавалася б дзіўным, але простыя вяскоўцы нічога не ведаюць пра “агульнаўхвалены рэферэндум” адносна юрыдычнага скасавання беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Яны толькі плячыма паціскаюць і не могуць зразумець, як жа гэта можа так атрымацца, што іхнія дзеці не будуць размаўляць на роднай мове. Не могуць зразумець і таго, што нехта забараняе, не дае жыць беларускаму слову на беларускай зямлі. Больш за тое, не раз і не два мне даводзілі, што “ва ўсім вінаватыя маладыя і маладзейшыя, бо яны самі не хочуць размаўляць па-вясковаму, значыцца, на роднай мове... Засаромеліся... Гарадскімі сталі...” Здавалася б, на баку старэйшых і на самой справе моцны аргумент – усё жыццё працавалі на зямлі, не адрываліся ад яе, адчувалі, як ад яе ідзе цяпло, як яна дае жыццё ўсяму новаму. Моладзь, бясспрэчна, гэтага не ведае, не імкнецца яна і да зямлі, а, значыцца, не хоча даведацца, што ж гэта за глыбінныя сувязі. Паспрабуй, дакажы, такому “жыццём падкаванаму” чалавеку, што ты маеш у нечым рацыю, а не ён! Адразу павядзе рукою па пустых хацінах, па вясковых вулках. Што на такое адкажаш?
Абурае людзей і тое, што песні і казкі, звычаі і абрады, якія даволі часта гучаць па радыё, паказваюцца па тэлебачанні, не “нашыя”, што, маўляў, у нас так ніколі не гаварылі, не спявалі, не святкавалі. Нехта падманвае, бо спасылаецца, што запісана канкрэтна ў іхняй мясцовасці, а слоў і зразумець нельга. І тут мае інфарматары ў многім маюць рацыю. І ўся справа ў тым, што амаль заўсёды вуснапаэтычныя творы, запісаныя ў нейкай канкрэтнай мясцовасці, з захаваннем дыялектных нормаў, перад масавым “агучваннем” абавязкова перакладаюцца на літаратурную мову. Ужо колькі разоў мне даводзілася спрачацца з такімі “перакладчыкамі”, “апрацоўшчыкамі”. Але гэта вельмі цяжкая і амаль што безвыніковая справа, бо ў адказ чуеш пра тое, што калі падаць у першапачатковым выглядзе, то не будуць разумець нашы гледачы-слухачы, што да іх не “дойдзе тады асноўная ідэя пастаноўшчыка-рэжысёра” і г.д. Для іх не надта пераканаўчым гучыць тое, што ў народзе ніхто і ніколі не займаўся нейкай спецыяльнай рэжысурай, пастаноўкамі, усё адбывалася само па сабе, адшліфоўвалася на працягу многіх стагоддзяў. У такім выглядзе гэтыя абрады і звычаі дайшлі да нашага часу, а тут іх узяліся “мадэфікаваць”! Дзе гарантыя таго, што такая “пераробка” не разбурыць канчаткова народны твор, не “пахавае” яго. Колькі разоў я чытаў тэксты цудоўных палескіх песень, перакладзеныя на літаратурную мову і потым надрукаваныя ў разнастайных фальклорных зборніках. І павінен адназначна сцвярджаць, што гэта ўжо не фальклорныя творы і мова, адпаведна, у іх не народная, а нейкая “няўдала-аўтарская”, надуманая, штучная, бедная на параўнані, эпітэты, вобразнасць, яна сухая і... нежывая.
Мова народа павінна прывівацца дзецям разам з малаком маці. Гэта факт агульнавядомы і можа выклікаць у некага ўсмешку, але менавіта так гэта і павінна быць. Як не прымушаць чалавека, які нарадзіўся на Магілёўшчыне ці Гродзеншчыне, Міншчыне ці Брэстчыне размаўляць на “чыста рускай мове”, нічога не атрымаецца, бо іхні “страшэнны акцэнт” заўжды выдае беларуса. І няма чаго яму сваёй мовы саромецца. У гэтым плане, відаць, беларусы з’яўляюцца адзіным у свеце (!) выключэннем, калі сам народ не прызнае, палохаецца, баіцца ўласнай мовы. На жаль, але гэта сапраўды так. Як толькі не агаворваюцца, на што толькі не спасылаюцца, якімі аргументамі толькі не пацвярджаюць уласнае жаданне не ведаць сваіх каранёў, свайго радаводу, сваёй мовы!
А чаму я пачаў свае разважанні такім жыццесцвярджальным выслоўем? Бо я і на хвіліну не сумняваюся ў тым, што наша мова, мова беларусаў, ніколі не загіне. Не. Такога ніколі не будзе. Мяняюцца палітычныя лідэры, вышэйшыя ўлады, мясцовыя ўпраўленцы, а зямля наша жыве, жывуць на ёй людзі. І калі на экзамене па беларускаму фальклору мая студэнтка-першакурсніца пачынае мне спяваць беларускую песню, старадаўнюю і мілагучную, то я лішні раз пераконваюся, што я не адзіны аптыміст у гэтым плане.
Ю.М.Півуноў
(журналіст, літаратурны супрацоўнік магілёўскай абласной грамадска-палітычнай аграпрамысловай штотыднёвай газеты “Зямля і людзі”, сябра Магілёўскай гарадской рады ТБМ)
БЕЛАРУСКАЯ МОВА Ў СРОДКАХ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ
Сродкі масавай інфармацыі... Удумаемся ў сэнс спалучэння гэтых слоў. Якое, на наш погляд, тут ключавое слова? Інфармацыі? Сродкі? Не. Ключавое слова тут – “масавай”, што азначае ‘для вялікай колькасці – масы – людзей’. Вось ад гэтай масы, як ад печкі, і трэба скакаць.
Нашая канферэнцыя праходзіць у дні, калі маюць адбыцца трэція ўгодкі травеньскага рэферэндуму 1995 году. Што зрабіла згаданая ўжо МАСА, то большасць беларускага люду (народам яго называць неяк не выпадае) тры гады таму? Адказ просты: ухваліла, дала “дабро” палітычнаму курсу на паступовае выцясненне з ужытку, а ўрэшце, на знішчэнне адной з самых адметных у свеце моў – мілагучнай беларускай мовы.
Зробім невялічкі экскурс у не так ужо і далёкае мінулае. За савецкім часам, як вы, мабыць, памятаеце, на Магілеўшыне выходзіла адна абласная газета – “Магілёўская праўда”, а таксама раёнкі – гэткія рупары райкамаў КПБ. Пры ўсёй іхняй заідэалагізаванасці, трэба адзначыць, яны выходзілі на беларускай мове, і на іх старонках знаходзілася ўсё ж месца не толькі для дакладаў Генсекаў ЦК КПСС, але і для матэрыялаў аб жыцці простых людзей, аб сённяшнім і мінулым нашага краю, літаратурныя творы. І ўсё гэта, паўтаруся, на беларускай мове.
Што ж сталася ў апошняе дзесяцігоддзе? Развал Савецкай імперыі, ліквідацыя манаполіі КПСС на ўладу прывялі да пэўнай свабоды-дэмакратыі ў сферы сродкаў масавай інфармацыі. Былая “махіна” “Магілёўскай праўды” распалася на добры тузін розных газет, сярод якіх “Магілёўскія ведамасці”, “Зямля і людзі”, “Веснік Магілёва”, “Днепровская неделя”, “Вечерний Могилев” ды іншыя. Усе яны адрозніваюцца крыху па змесце, але аб’ядноўвае іх зараз татальнае выцясненне са сваіх старонак беларускай мовы (дзе-нідзе засталася адна беларускамоўная назва газеты, а дзе і гэтага няма). Рэдактарамі газет гэта тлумачыцца найперш узросшай канкурэнцыяй на рынку прэсы.
Сапраўды, у газетных кіёсках сёння літаральна завалы разнастайных выданняў. А каб выжыць у сучасных умовах, любое выданне павінна заваёўваць прыхільнасць чытачоў усімі магчымымі сродкамі, а гэта значыць, працаваць дзеля той самай, згаданай ужо МАСЫ.
Чым жа занятыя старонкі магілёўскіх газет? Усё больш пераважаюць у іх розныя карысныя і “некарысныя” парады, называемыя ў журналісцкім асяродку са з’едлівасцю “полезными советами”. Большасць газет паступова ператвараюцца ў выданні для хатніх гаспадыняў, якім, у пераважнай большасці, лепш, каб было “ўсё па-руску”. Беларуская мова, праўда, яшчэ захоўвае пазіцыі ў раённых газетах, але кола іх чытачоў усё ж абмежаванае, ды і змест часта проста “ніякі”.
Вы скажаце: “А ці не будзе выйсцем у гэткіх умовах заснаванне і выданне на Магілёўшчыне” недзяржаўнай, цалкам беларускай, не толькі па мове, але и па духу і зместу, газеты?” Нагадаю, шаноўнае спадарства, што гэткая газета ў Магілёве была. Яна мела назву “Ратуша”. Яе заснавальнікамі былі магілёўскія арганізацыі Беларускага народнага фронту і Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. У зорны час (дарэчы, якраз напярэдадні рэферэндуму 1995 г.) яе наклад даходзіў да 17 тысяч асобнікаў. На жаль, з-за розных прычынаў “Ратуша” спыніла існаванне.
Што ж з’явілася ўзамен? Пра газету “Де-факто” нават казаць не буду, бо гэта рускамоўнае выданне незразумелага накірунку, да таго ж на яе старонках у кожным нумары безліч памылак. А вось пра народжаны летась “Тыднёвік Магілёўскі” варта сказаць асобна.
У прынцыпе, гэтая газета магла б стаць прадаўжальнікам спраў, так бы мовіць, газеты “Ратуша”. “Тыднёвік” выдаецца пераважна на беларускай мове і з цягам часу мог бы стаць канкурэнтам магілёўскім “газетам полезных советов”. Але дзеля гэтага патрэбна пашыраць кола чытачоў. Апошняга можна дасягнуць пры ўмове, што выданне будзе мець большы аб’ём, часцейшую перыядычнасць выхаду, тэлепраграмы ды іншае. Зараз жа “Тыднёвік” выходзіць 2 разы на месяц, усяго на 4-х старонках, накладам усяго ў тысячу асобнікаў.
“Тыднёвік Магілёўскі”, на мой погляд, ёсць нічым іншым, як “баявым лістком” (у горшым сэнсе гэтага слова) асацыяцыі “Кола сяброў”, якая з’яўляецца заснавальніцай выдання, а таксама вузкага кола актывістаў некаторых апазіцыйных існуючай уладзе арганізацый. Атрымліваецца, што газета выдаецца толькі “для сваіх”, бо шырокія колы насельніцтва яе не чытаюць, а шмат хто нават не ведае, што гэткая газета існуе. Па гэтых прычынах кола аўтараў “Тыднёвіка” зусім невялікае, а ў выніку адзіная беларускамоўная (і беларуская) газета ў Магілёве ледзьве дыхае. А Магілёўшчыне, як паветра, патрэбна сапраўды масавая беларуская газета. Яе заснавальнікамі маглі б быць Магілёўская гарадская рада Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, іншыя грамадскія арганізацыі, сябраў якіх хвалюе лёс беларускай мовы.
М.П.Булавацкі
(старшы выкладчык кафедры методыкі выкладання матэматыкі Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А.А.Куляшова, старшыня нефармальнай Магілёўскай абласной рады ТБМ)
БЕЛАРУСКАЯ МОВА Ў СІСТЭМЕ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ
Па афіцыйных звестках, у 1997 – 1998 навучальным годзе 243 вучні горада Магілёва навучаюцца на беларускай мове. Гэта складае менш за паўпрацэнта ад агульнай колькасці (50 тыс.) магілёўскіх школьнікаў.
У 1995 – 1996 навучальным годзе такіх вучняў было ў 14 разоў болей (3453 вучні або 6,6 % агульнай колькасці).
Паколькі 1995 г. з’яўляецца пераломным у справе вяртання беларускіх дзяцей да беларускай мовы, прааналізуем сітуацыю першага паслярэферэндумнага навучальнага года па г.Магілёву. Яна паказана наступнай табліцай.
|
1995
– 1996 навучальны
год
|
Колькасць
вучняў у беларускіх класах горада Маплёва (без беларускіх гімназій) па
раёнах
|
па
гораду Магілёву
|
|
Класы
|
Цэнтральньны
|
Ленінскі
|
Кастрычніцкі
|
|
першыя
|
0
|
0
|
12
|
12
|
|
другія
|
38
|
64
|
178
|
280
|
|
трэція
|
159
|
331
|
573
|
1063
|
|
чацвёртыя
|
301
|
652
|
426
|
1379
|
|
пятыя
|
17
|
40
|
28
|
85
|
|
шостыя
|
0
|
13
|
0
|
13
|
|
сёмыя
|
0
|
8
|
0
|
8
|
|
восьмыя
|
0
|
25
|
0
|
25
|
|
дзевятыя
|
0
|
0
|
0
|
0
|
|
Усяго:
|
515
|
1133
|
1217
|
2865
|
|
гімназія
№ 9
|
360
|
–
|
–
|
360
|
|
гімназія
№ 30
|
–
|
–
|
228
|
228
|
|
Усяго
з гімназіямі:
|
875
|
1133
|
1445
|
3453
|
|
У % да
агульнай
колькасці
вучняў
|
5,6
|
8,0
|
6,5
|
6,6
|
Першае, што кідаецца ў вочы пры аналізе гэтай табліцы, гэта тое, што найбольшая колькасць навучэнцаў беларускамоўных класаў прыпадае на трэція і чацвёртыя класы, г.зн. на вучняў, якія прыйшлі ў школу ў 1992 – 1993 гг.
З 1994 г. (года абрання першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) колькасць першакласнікаў, прынятых у беларускамоўныя класы) рэзка скарачаецца (амаль у 4 разы), а ў наступным 1995 г. (пасля рэферэндуму) на ўвесь горад адкрыты (акрамя двух класаў у гімназіях) толькі адзін першы беларускамоўны клас з дванаццаццю навучэнцамі. Прычынамі такога рэзкага змянення сітуацыі называюць, па-першае, недахоп беларускамоўных падручнікаў, па-другое, жаданне бацькоў вучыць сваіх дзяцей на рускай мове. Аўтар гэтых радкоў паспрабаваў высветліць, наколькі названыя прычыны адпавядаюць рэчаіснасці.
Першай прычыны, як растлумачыў тагачасны начальнік Магілёўскага гарадскога ўпраўлення адукацыі У.У.Булыбенка, не магло існаваць, бо беларускіх падручнікаў заказвалася на горад (і атрымана!) з разліку, што колькасць беларускамоўных класаў будзе павялічвацца ў пачатковай школе і не змяншацца пры пераходзе ў класы базавай школы. Але паколькі такіх класаў, наадварот, станавілася менш, то ў горадзе стварылася сітуацыя, калі падручнікаў на беларускай мове было залішне, а рускамоўных не хапала. Па гэтай прычыне нават некаторыя рускамоўныя класы забяспечваліся часткова беларускамоўнымі падручнікамі. Калі ж такія праблемы ўзнікалі ў беларускамоўных класах, то яны, на погляд У.У.Булыбенкі былі штучна створаны адміністрацыяй школ. Падмацоўвае гэтае аўтарытэтнае меркаванне і той факт, што калі дырэктары школ (№ 11, 26, 42 і інш.) гаварылі аб недахопе падручнікаў, то на прапанову дапамагчы разабраца з гэтай дзіўнай з’явай усе як адзін (!) даволі энергічна адмаўляліся ад такой дапамогі.
Застаецца другая прычына – дзіўныя паводзіны бацькоў, якія спачатку захацелі вучыць сваіх дзяцей на беларускай мове, а пазней гэгак жа энергічна пажадалі перавесці іх на рускую мову навучання. Ёсць падставы меркаваць, што адно з гэтых “хаценняў” было няшчырым. Магчыма, першае? Даволі шмат фактаў пацвярджаюць такое падазрэнне, асабліва ў адносінах да школ Ленінскага раёна (раёна-лідэра), дзе найчасцей зха ўсё ўзнікалі канфлікты на моўнай глебе.
Перавод на беларускамоўнае навучанне не заўсёды суправаджаўся грунтоўнай падрыхтоўкай, асабліва там, дзе гэтага хацелі занадта моцна (здаралася, напрыклад, што настаўнікі, якім выпадала працаваць у гэтых класах, не вельмі добра валодалі мовай), што ўжо выклікала пратэсты бацькоў. Але часцей моўныя канфлікты былі створаны штучна, фактычна моўнымі канфліктамі прыкрываліся канфлікты зусім іншага роду.
Паказальным у гэтым плане з’яўляецца канфлікт у сярэдняй школе № 24 Ленінскага раёна. З чатырох першых класаў, адкрытых тут у 1994 г., два былі з беларускай мовай навучання, іншыя два – з рускай. Бацькі дзяцей беларускамоўных класаў пачалі даволі агрэсіўна патрабаваць пераводу сваіх вучняў у рускамоўныя класы. Сапраўдная сутнасць канфлжту праявілася на бацькоўскім сходзе, на якім прысутнічаў і аўтар гэтых радкоў. Як высветлілася, абодва рускамоўныя класы зрабілі “эксперыментальнымі” (у адным матэматыка выкладалася па расейскім падручнікам развіццёвага навучання, якія нейкім чынам раздабыла для сябе настаўніца, і гэта стала важкім аргументам для рускамоўнага навучання, у другім вывучалася англійская мова, што зноў жа “патрабавала” рускай мовы навучання. Для гэтых двух класаў адабралі лепшых вучняў і стварылі найлепшыя ўмовы навучання. А астатніх сабралі ў два беларускамоўныя класы з маладымі настаўніцамі не вельмі навучанымі працаваць з такім “кантынтентам” і шмат каго з бацькоў пакрыўдзіў менавіта нізкі статус класа, а не мова навучання.
– Чаму майго сына адправілі ў беларускі клас, – абуралася адна маці, – калі ў яго па матэматыцы адныя “пяцёркі”, а англійскую мову ён яшчэ ў садку вывучаў?!
– Тады пры чым тут беларуская мова? – спытаў я. – Калі б эксперыментальныя класы былі з беларускай мовай навучання, вы ўсё адно лічылі б, што сын павінен вучыцца там?
– Канешне, – шчыра адказала жанчына.
Аналіз гэтага канфлікту дае яскравы адказ на пытанне аб тым, як зрабіць беларускую мову прывабнай, а навучанне на беларускай мове прэстыжным для бацькоў.
І ўсё ж “канфликтныя” класы не складалі большасці класаў з беларускай мовай навучання. У большасці (нават у пераважнай большасці) бацькі спакойна пагаджаліся з навучаннем дзіцяці на беларускай мове, а ў некаторых (хай сабе и рэдкіх) выпадках актыўна настойвалі на гэтым. І калі па ініцыятыве адміністрацыі школ пачаўся працэс вяртання да рускай мовы навучання, наколькі маглі супраціўляліся яму.
Некалькі разоў бацькі з розных школ звярталіся ў Магілёўскую гарадскую раду Таварыства беларускай мовы, паведамляючы пра тое, што ад іх патрабуюць напісаць заявы аб пераводзе дзяцей на рускую мову навучання (такія паведамленні прыходзілі не толькі з магілёўскіх школ, але і з іншых гарадоў, напрыклад, ад бацькоў школы № 28 г. Бабруйска). На жаль, умяшальнщтва ТБМ праз адпаведныя органы адукацыі, толькі крыху замаруджвала гэты працэс, не спыняючы яго.
Характэрныя падзеі, якія адбываліся ў сярэдняй школе № 42 г.Магілёва. У пачатку навучальнага года бацькі аднаго з пятых класаў не пагадзіліся на рускамоўнае навучанне і клас застаўся беларускамоўным. У гэты клас быў нават пераведзены адзін з вучняў суседняй школы, бо там мова навучання была змененая. Тым не менш, ужо ў сярэдзіне навучальнага года (!) усіх пяцікласнікаў 42-й школы сталі вучыць на рускай мове. Аргументацыя традыцыйная: не хапае беларускамоўных падручнікаў (успомнім У.У.Булыбенку – “штучна створаная праблема”), не хапае настаўнікаў з веданнем беларускай мовы (яшчэ адна штучная праблема, бо калі перад настаўнікам паставіць мэту праз год-два ведаць беларускую мову, то для большасці гэта не стане праблемай; сцвярджаць іншае – г.зн. не паважаць настаўніка) і – “бацькі так захацелі”. Цікавая з’ява: у пачатку года бацькі не хацелі, а ў сярэдзіне захацелі. Але не цяжка паверыць: калі бацькам з дня ў дзень дзяўбці пра недахоп падручнікаў і пра настаўнікаў, якія не валодаюць мовай, то ўрэшце тыя здадуцца і махнуць рукой – вучыце на рускай, абы дзіця што ведала!
У тым, што “бацькі захацелі” менавіта пад напорам кіраўніцтва школ, мне даводзілася пераканацца шмат разоў. Вось яшчэ адзін досыць выразны факт. У канцы жніўня 1996 г. зайшоў да дырэктара сярэдняй школы № 11 пацікавіцца, колькі беларускамоўных першых класаў збіраюцца там адкрываць. Выявілася, што ніводнага, бо “бацькі не хочуць”. Тады я напрасіўся на бацькоўскі сход, каб самому пачуць гэгае “не хочуць”. “Прыходзьце, калі ласка,” – запрасілі мяне і назвалі дату і час сходу. У названы дзень і час я прыйшоў у школу, але школа была зачынена. Потым высветлілася, што сход бацькоў першых класаў прайшоў напярэдадні. “Вы б стварылі для нас праблемы,” – задаволіла маю цікаўнасць аб прычыне пераносу сходу намеснік дырэктара. А хто б падумаў аб праблемах, якія ствараюць кіраўнікі школ для беларускага народа?
Падводзячы рысу пад усім вышэйсказаным, можна адзначыць, што натуральны працэс адыходу ад беларускамоўнага навучання не быў бы такім масавым, такім абвальным, калі б ён не правакаваўся адміністрацыямі школ. Што падштурхоўвала дырэктараў школ і іх намеснікаў да такіх крокаў? З боку органаў адукацыі (прынамсі па г. Магілёву) ніякіх загадаў па згортванні беларускамоўнай адукацыі не было. Хутчэй за ўсё, тут праявілася асабістае імкненне кіраўнікоў школ пазбавіцца ад “лішніх” турботаў, якія стварала двухмоўнае навучанне. Рашэнне знойдзена не на карысць роднай мове, якую амаль ніхто з іх не ведае, а той, хто больш-менш ведае, не карыстаецца ёю ў паўсядзённым жыцці як роднай мовай. Характэрна і тое, што некаторыя з іх выкладаюць беларускую мову, але беларуская мова для іх – толькі сродак атрымання заробку. Па-за межамі школы (нават па-за межамі класа!) яны пераходзяць на няродную, але звыклую іншую мову. І вось гэта ёсць самае небяспечнае для беларускай мовы: настаўнік беларускай мовы, які беларускай мовай у побыце не карыстаецца, – бо такі настаўнік з дня ў дзень дэманструе сваім вучням непатрэбнасць беларускай мовы, яе адыход у нябыт як рэальную з’яву. Вучні, з маленства прывучаныя да такой думкі, потым вырастаюць у агрэсіўных супраціўленцаў вяртанню беларусаў да жывой (жывой!) роднай мовы.
І цяпер праблема перарастае ад школьнай у агульнагарадскую, праблема перадаецца органам адукацыі. Першапачатковае яе рашэнне бачыцца такім: у кожным раёне горада павінна быць створана адна беларускамоўная школа. Яна павінна быць размешчана так, каб да яе быў зручны пад’езд з любога кутка гэтага раёна. І для гэтай школы трэба знайсці такіх настаўнікаў (а перш-наперш дырэктара), якія не толькі ведаюць мову) але і карыстаюцца ею ў паўсядзённасці, г.зн. для якіх беларуская мова сапраўды родная. Такія настаўнікі ёсць. І аўтар гэтых радкоў – адзін з тых, хто гатовы пайсці ў такую школу выкладаць матэматыку (зразумела, на беларускай мове).
Канешне, праблемы тут ёсць і немалыя. Але ўсякія праблемы вырашальныя, калі за іх вырашэнне брацца з жаданнем і ахвотай.
І.П.Тарасюк
(журналіст, карэспандэнт газеты “Веснік Магілёва”, сябра ТБМ)
ВЫРАТАВАЦЬ, КАБ ВЫРАТАВАЦЦА
Можна па-рознаму ставіцца да палітычнай сістемы і дзяржаўнай будовы, што ўсталяваліся пасля ўвядзення на Беларусі інстытута прэзідэнцтва. Аддаўшы падчас выбараў 1994 г. перавагу цяперашняму кіраўніку дзяржавы, электарат, вядома ж, спадзяваўся не толькі на хуткае, як было абяцана, паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне, а найперш на ўмацаванне яе суверэнітэту і самастойнасці, на сапраўды неабмежаванае развіццё пачуцця нацыянальнай самасвядомасці і годнасці, на далейшае паглыбленне і замацаванне дэмакратычных працэсаў, якія ў той час паспелі прарасці ўжо ў нашым грамадстве шматабяцальнымі парасткамі.
Усе лепшыя спадзяванні, здавалася тады, былі не беспадстаўнымі. Па-першае, яны крыху абапіраліся на афіцыйныя заявы і дэкларацыі, што эмацыянальна гучалі і на пасяджэннях тагачаснага Вярхоўнага Савета краіны, а таксама агучваліся часта як самім кіраўніком краіны, праўда, іншым разам вельмі неакрэслена, расплывіста і супярэчліва, так і асобнымі прадстаўнікамі ягонай адміністрацыі. Па-другое, – і гэта самае галоўнае – набіраў сілу і мацаваўся той рух, які вылучыла на паверхню жыцця нязгаснае і спрадвечнае імкненне беларусаў людзьмі звацца, быць роўнымі сярод роўных. Рух узнік у самай глыбіні народа і грунтаваўся на самым надзейным і перспектыўным сваім падмурку – роднай мове. Рух аформіўся ў Беларускі народны фронт, галоўным накірункам грамадскай дзейнасці якога стала ідэя нацыянальнага Адраджэння.
Галоўным чынам, дзякуючы менавіта БНФ, ягоным прынцыповым адраджэнцкім пазіцыям, якія паўсюль і ўсімі, без перабольшання, успрымаліся як яшчэ адна вясна найноўшай нацыянальнай гісторыі, у краіне, нарэшце, дзяржаўнай мовай была абвешчана беларуская, а дзяржаўнай сімволікай сталі нашы спрадвечныя герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг.
Словам, упершыню пасля 1925 г. з’явіўся яшчэ адзін рэальны шанец для шырокага ўжытку роднага слова, яго канчатковага выратавання, каб і самім выратавацца як народу. Так, выратавацца, бо без мовы, у тысячны раз паўторым не намі сказанае, няма народа. Інстынктыўна, генетычна, так бы мовіць, неяк ураз тады гэта ўсімі адчувалася. І загучала беларускае слова ў парламенце, па-беларуску пачало размаўляць шматлікае чыноўніцтва. З’явіліся беларускамоўныя класы і школы, групы ў дзіцячых садках. Да агульнай радасці, родная мова сягала ўсё больш упэўнена, асвойвала ўсё новыя прасторы і сферы. І нездарма таму філалагічныя факультэты педінстытутаў павялічылі прыём абітурыентаў на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры, на якіх, дарэчы, тады адзначаліся самыя высокія конкурсы.
Але цудоўную і натхняючую хвалю беларусізацыі падпільноўвала здрада – інакш не назавеш – як раз з таго боку, з якога яна ніяк не чакалася, з пункту погляду хаця б элементарнай цывілізаванасці. Ва ўсіх краінах іх кіраўнікі, самі дзяржаўныя сістэмы з’яўляюцца галоўнымі гарантамі і асноўныіі носьбітамі нацыянальных духоўных каштоўнасцяў. Найперш мовы – той дамінантнай і невычэрпнай крыніцы, якая сілкуе жыццяздольнасць свайго народа, яго адметнасць, самабытнасць і непаўторнасць.
У нас жа здарылася наадварот. Уладамі, самім прэзідэнтам быў неабачліва, дзеля сваіх вузка палітычных мэтаў і папулісцкіх памкненняў ініцыяваны майскі рэферэндум 1995 г. з яго спекулятыўнымі пытаннямі аб дзяржаўнай сімволіцы і дзяржаўным двухмоўі. А калі дакладней, аб дамінуючай ролі ў незалежнай Беларусі рускай мовы. Такім чынам, роднае слова пасля гэтага ганебнага (зноў-такі з пункту погляду хаця б элементарнай цывілізаванасці) рэферэндуму стала паволі і пакутліва аганізуючым падранкам, разлічана падбітым на самым узлёце. І матчына мова-падранак перад агульным наступам “трасянкі”, што заахвочваецца ўладамі, ураз апусціла крылы. Дык вось, баючыся аўтарытэту БНФ і яго непахісных лідэраў, якія, паўторымся, цвёрда стаяць на адраджэнцкіх пазіцыях, улады падверглі пераследу і вынішчэнню не толькі спрадвечную нацыянальную сімволіку, але і аснову асноў народнага духу і ягонай самасвядомасці – мову.
Да такога духоўнага садызму мо нават сам Сталін не дадумаўся б. Наадварот, ён аднойчы зазначыў: “...існуе беларуская нацыя, у якой ёсць свая мова, якая адрозніваецца аж рускай, у выніку чаго ўзняць культуру беларускага народа можна толькі на роднай мове”. На жаль, гэты пастулат, які ахвотна падтрымае кожны шчыры беларус, застаецца па-за ўвагай цяперашняга кіраўніцтва краіны.
Канешне ж, горка, балюча і трывожна за цяперашні стан роднай мовы, сфера ўжытку якой зведзена зараз амаль на нішто. Яе, як прыблуду, адразу ж пасля рэферэндуму выгналі з чыноўніцкіх кабінетаў, са справаводства і судовай практыкі. Не чуваць яе ні сярод супрацоўнікаў адміністрацыі прэзідэнта, ні сярод работнікаў сілавых ведамстваў і міністэрстваў. Ды і сам кіраўнік дзяржавы карыстаўся ёю прылюдна толькі адзін раз, калі летам мінулага года няўпэўнена чытаў па паперцы сваё выступленне ў Мінску на форуме беларусаў свету.
Мілагучнае і багатае беларускае слова на афіцыйным узроўні бэсціцца і ганьбіцца. За яго на цябе глядзяць як на нейкага шкодніка, заўзятага нацыяналіста, непрымірымага апазіцыянера і асабістата прэзідэнцкага ворага. Паспрабуй, напрыклад, звярнуцца і паразмаўляць на нашай мове з хлапчуком-міліцыянтам або нават з мілйцэйскім афіцэрам – да “варанка”, да лупцоўкі дубінкай недалёка. Як гэта ўжо не раз здаралася.
Актыўна выштурхоўваецца беларуская мова і з дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, як друкаваных, так і электронных. Скажам, на БТ і беларускім радыё пераважная большасць перадач і рэпартажаў рыхтуецца і падаецца выключна на расейскай мове. Гэткі ж малюнак і на рэгіянальных тэлерадыёаб’яднаннях. Прычым, у асноўнай сваёй масе журналісты, як правіла, няблага ведаюць родную мову, але з-за ліслівасці перад уладамі, дагаджаючы чыноўніцтву, найперш, самому высокаму, сарамліва грэбуюць ёю.
Са смуткам даводзіцца канстатаваць, што планамерна і знарочыста, як падаецца, выціскаецца беларускае слова і з такіх чытэльных прэзідэнцкім электаратам рэспубліканскіх перыядычных выданняў, як “Народная газета” і “Рэспубліка”. Найвялікшая рэдкасць напаткаць родную мову і ў шматлікай абласной і гарадской перыёдыцы.
У такіх неспрыяльных, каб не сказаць больш, варунках актуальнай уяўляецца двухдзённая навукова-практычная канферэнцыя “Беларуская мова: стан ужытку пасля рэферэндуму”. І хай яна стане для кожнага сумленнага чалавека новым імпульсам да штодзённых энергічных дзеянняў па выратаванню свайго нацыянальнага здабытка, бо калі выратуем матчыну мову – выратуемся і ўваскрэснем самі. Наперакор усяму хай будзе так!
Л.А.Латоцін
(кандыдат навук, дацэнт, загадчык кафедры методыкі выкладання матэматыкі Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А.А.Куляшова, сябра ТБМ)
СУЧАСНЫ СТАН І ПЕРСПЕКТЫВЫ БЕЛАРУСКАМОЎНАГА ВЫКЛАДАННЯ Ў ВЫШЭЙШАЙ ШКОЛЕ
Пачатак дзевяностых гадоў вызначыўся чарговай спробай беларускага Адраджэння. Спрыяльныя знешнія ўмовы далі магчымасць адрадзіць беларускую дзяржаўнасць, а гэта дало штуршок увядзенню выкладання на беларускай мове ў вышэйшых навучальных установах. Не абыйшло гэта і фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А.А.Куляшова. На большасці кафедраў частка выкладчыкаў перайшла на беларускамоўнае выкладанне. Як паказала практыка, ступень вырашанасці гэтай праблемы напрамую звязана з пазіцыяй загадчыка кафедры. На тых кафедрах, дзе загадчык з’яўляецца прыхільнікам выкарыстання беларускай мовы ў навучальным працэсе, праблема ў асноўным да 1995 г. была вырашаная. Да прыкладу, кафедра методыкі выкладання матэматыкі, якую ўзначальвае аўтар гэтых радкоў, амаль у поўным складзе перайшла на беларускамоўнае выкладанне. Палова выкладчыкаў кафедры алгебры і геаметрыі таксама пачалі выкладаць па-беларуску. Беларускамоўнае выкладанне пачало зараджацца і на кафедры агульнай фізікі.
Зразумела, што пры гэтым даводзілася вырашаць такія праблемы, як актуалізацыя беларускамоўнай спецыяльнай тэрміналогіі, стварэнне падручнікаў і іншага метадычнага забеспячэння навучальнага працэсу па розных дысцыплінах, фармаванне ў студэнтаў станоўчага стаўлення да беларускамоўнага выкладання.
У вырашэнні гэтых праблем да сярэдзіны 90-х гадоў быў створаны добры падмурак. Былі падрыхтаваны і выдадзены тэрміналагічныя слоўнікі па многіх галінах ведаў. Напрыклад, па матэматыцы былі апублікаваны тры слоўнікі. Пачалі выходзіць вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў. У студэнтаў пачала знікаць насцярожанасць да беларускамоўнага выкладання.
Аднак, гэтыя сур’ёзныя поспехі ў многім былі перакрэсленыя пасля рэферэндуму 1995 года. Пазіцыя ўрада, яго негатыўнае на справе стаўленне да ўсяго беларускага, прывялі да адкату ў пашырэнні беларускамоўнага выкладання ў сістэме вышэйшай адукацыі. І ўсё ж, зробленае за апошняе дзесяцігоддзе не было марным. Яно стварыла ўмовы для новай хвалі адраджэння беларускай мовы.
У.У.Дуктаў
(сакратар Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, сябра Магілёўскай гарадской рады ТБМ)
ПІСЬМЕННІЦКАЯ СЯБРЫНА МАГІЛЁЎШЧЫНЫ
Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў створана 38 гадоў таму назад – у красавіку 1960 г. Значнымі творчымі набыткамі пазначаны літаратурны працэс у Прыдняпроўскім краі. Прыкметнымі з’явамі культурнага жыцця сталі і шматлікія публікацыі апошняга часу. Летась і сёлета абласная друкарня выпусціла зборнікі самабытных нашых паэтаў Васіля Карпечанкі, Міколы Мінчанкі, Івана Пехцерава. У Маскве выйшла паэтычная кніга магілёўскага аўтара Аляксандра Мельнікава. Добра, што знайшліся спонсары, якія аказалі пісьменнікам матэрыяльную дапамогу ў выданні кніг. У рэспубліканскім і мясцовым перыядычным друку даволі часта змяшчаюцца апавяданні і гумарэскі Івана Аношкіна, Панаса Палітыкі, Міколы Лук’янава, вершы Святланы Басуматравай, Васіля Рагаўцова. Пра нашых пісьменнікаў-землякоў клапатліва расказвае ў раздзеле “Анталогія літаратурнай Магілёўшчыны” ў газеце “Магілёўская праўда” Яраслаў Клімуць.
Найпершы клопат пісьменніцкай сябрыны – выхаванне літаратурнай змены. На Магілёўшчыне багата пачынаючых здатных аўтараў. Шмат новых імёнаў назваў нядаўні конкурс на лепшы твор маладых літаратараў і журналістаў, які быў праведзены пад эгідай аблвыканкама. Дзякуючы фінансавай падтрымцы абласнога выканаўчага камітэта ў 1994 г. ў абласной друкарні выйшаў калектыўны зборнік “Проба пяра” з творамі старэйшага ў краіне літаб’яднання “Натхненне” Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А.А.Куляшова. Бібліяграфічнай рэдкасцю сталі выйшаўшыя ў свой час калектыўныя зборнікі твораў літаратараў вобласці “Галасы Прыдняпроўя” (1991) і “Дняпроўскія хвалі” (1993).
Летась у Саюз пісьменнікаў Беларусі прыняты паэтэса Ніна Кавалёва з Горак, празаік Васіль Шабалтас з Асіповіч, сёлета – магіляўчане паэты Віктар Кунцэвіч і Іван Пехцераў. Шмат хто на падыходзе да ўступлення ў творчы саюз.
Галоўнае сведчанне здатнасці творчай асобы – творы. Іх заўсёды чакаем з нецярплівасцю, сустракаем з радасцю. Летась, у мінскім выдавецтве “Мастацкая літаратура” ўбачыла свет кніга апавяданняў Уладзіміра Дуктава “Трэцяя асоба”, сёлета ў гэтым выдавецтве выходзіць кніга прозы магілёўскага пісьменніка Міколы Лук’янава пад назвай “Цемра адступіла”.
Працягваецца практыка правядзення сустрэч і выступленняў беларускіх пісьменнікаў у працоўных і вучэбных калектывах, установах культуры і дашкольных установах, па месцы жыхарства насельніцтва. Шмат такіх мерапрыемстваў падрыхтавана і праведзена з нагоды юбілеяў у жыцці і творчасці нашых пісьменнікаў.
На пісьменніцкіх сходах, у друку нашы паэты і празаікі, літаратуразнаўцы і крытыкі востра ставяць пытанні сацыяльна-прававога і культурнага стану беларускай мовы.
І.А.Пушкін
(дырэктар Музея гісторыі Магілёва)
БЕЛАРУСКАЯ МОВА Ў МУЗЕІ ГІСТОРЫІ МАГІЛЁВА
У 1990 г. Магілёўскі гарвыканкам прыняў пастанову аб стварэнні Музея гісторыі Магілёва, які пачаў дзейнічаць з восені 1992 г. З першых дзён існавання музея гісторыя Магілёва інтэрпрэтуецца толькі з нацыянальна акрэсленых пазіцый ў рэчышчы агульнаеўрапейскага гістарычнага і культурнага развіцця. З самага пачатку было зацверджана выкарыстанне беларускай мовы як адзінай у вядзенні справаводства, у навукова-даследчыцкай і асветніцкай працы.
На сённяшні дзень усё справаводства ў музеі вядзецца толькі на беларускай мове. Рэгістрацыя ўваходных і выходных папер, адказы і звароты да ўстаноў, напісанне гістарычных даведак і г.д., у тым ліку і загады, звязаныя з фінансавай дзейнасцю. Маюцца адзінкавыя адказы на рускай мове, зробленыя па патрабаваннях звярнуўшыхся з пытаннем. Трэба адзначыць, што рабіліся адказы і на польскай, і на нямецкай мовах.
У 1994–1997 гг. калектывам музея арганізавана больш за 20 выстаў па гісторыі Магілёва. Увесь даведачны і тэарэтычны матэрыял быў зроблены толькі на беларускай мове. Выстава ў г.Бардзёў (Славакія) была двухмоўнай: тэксты і надпісы былі зроблены на беларускай і славацкай мовах.
Калектыў музея праводзіць вялікую асветную працу для навучальных устаноў горада. За выключэннем аднаго супрацоўніка, які працуе па дамоўленасці, усе астатнія праводзяць лекцыі і сустрэчы толькі па-беларуску. За тры апошнія гады прачытана больш за 160 лекцый. Нават па прапановах абласнога таварыства “Веды” ўсе лекцыі ў навучальных установах горада па экалагічнаму стану Магілёва чытаюцца супрацоўнікамі музея толькі на беларускай мове.
У 1996–1997 гг. праведэена больш за 140 экскурсій. На 90% па-беларуску. Па-руску адзінкавыя праводзіліся толькі па зваротах экскурсантаў з Расеі, Польшчы, Галандыі, Нямеччыны. Але не заўжды. Так, у 1996 г. для радцы канцлера Нямеччыны ва Усходняй Еўропе, пры наяўнасці добрага перакладчыка, экскурсія праводзілася па-беларуску. На гэтай жа мове была зроблена экскурсія па горадзе ў 1997 г. для групы кіраўнікоў пажарнай аховы з Масквы, бо кіраўнік дэлегацыі, генерал-маёр, з’яўляўся ўраджэнцам Віцебшчыны і з задавальненнем, па яго словах, слухаў “мову маці і свайго народа”.
Навукова-даследчыцкая праца ў музеі вядзецца на беларускай мове. Гэта тычыцца навуковай апрацоўкі экспанатаў, запаўнення ўліковай дакументацыі, падрыхтоўкі навуковых публікацый, дакладаў, тэлевізійных і радыёперадач і г.д. Супрацоўнікамі музея апублікавана каля 250 навуковых і навукова-папулярных артыкулаў па гісторыі і культуры Магілёва, падрыхтавана больш за 60 тэлеперадач па-беларуску.
Калектыў музея свядома і прынцыпова падтрымлівае ўсё, што робіцца з мэтай адраджэння беларускасці і пашырэння ўжывання беларускай мовы. Гэта тычыцца выдавецкай дзейнасці (напрыклад, падтрымка навукова-папулярнага штогодніка “Магілёўская даўніна”, які выдаецца з 1993 г.), навучальнай сферы (дзейнасць нядзельнага ліцэя Магілёўскай філіі БГКАЦ, школы грамадскіх экскурсаводаў па гораду Магілёву) і інш.
Аднак не трэба перабольшваць зробленае. На сённяшні дзень яшчэ вельмі часта ўжываецца руская мова ў адносінах паміж супрацоўнікамі, у адказах наведвальнікам. Не заўжды прынцыпова адстойваюцца пазіцыі мовы ў адносінах з вышэйстаячымі дзяржаўнымі ўстановамі. Беларуская мова не стала “рабочай” мовай усіх членаў гарадской камісіі па тапаніміцы, нягледзячы на тое, што ўсё справаводства камісіі вядзецца па-беларуску.
Нягледзячы на тое, што асобныя супрацоўнікі, размаўляючы па-беларуску на вуліцах горада, у дзяржаўных установах, у грамадскім транспарце, вельмі часта адчуваюць на сабе (асабліва ў апошнія два гады) дыскрымінацыю па моўнай прыкмеце з боку асобных грамадзян, калектыў музея імкнецца стварыць і захаваць асяродак беларускасці ў Магілёве.
А.У.Плюскевіч
(дырэктар сярэдняй школы № 15 г. Магілёва, сябра ТБМ)
АБ СТАНЕ ВЫВУЧЭННЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў МАГІЛЁЎСКАЙ СЯРЭДНЯЙ ШКОЛЕ № 15
У СШ № 15 г. Магілёва на працягу 1992–1993 навучальнага года было шэсць беларускамоўных 1-х класаў (144 вучні), у 1993–1994 навучальным годзе – шэсць 1-х класаў (173 вучні), пяць 2-х класаў (138 вучняў), чатыры 3-я класы (109 вучняў), 1994–1995 у навучальным годзе – дзевяць 1-х класаў (234 вучні), шэсць 2-х класаў (170 вучняў), пяць 3-х класаў (137 вучняў); у 1995–1996 навучальным годзе – тры 4-я класы (78 вучняў); у 1996–1997 навучальным годзе – тры 4-я класы.
Пасля рэферэндуму па жаданню бацькоў амаль усе класы былі пераведзеныя на рускую мову навучання. Засталіся вучыцца на беларускай мове толькі тры 4-я класы.
З 1996–1997 навучальнага года два 5-я класы маюць адну дадатковую гадзіну па беларускай мове і літаратуры. З 1997–1998 навучальнага года 2-гі “А” клас мае адну гадзіну па беларускай мове і літаратуры, два 6-я класы – адну гадзіну па беларускай мове і літаратуры.
Для вучняў 5–6 класаў у школе працуе гурток “Радзімазнаўства”, для вучняў 5–6 класаў – клуб “Крынічка”.
На працягу 1997–1998 навучальнага года былі праведзены наступныя пазакласныя мерапрыемствы:
– літаратурна-мастацкая кампазіцыя “Жыві, мая мова, жыві мой народ!”,
– інсцэніроўка п’есы-казкі “Дзед, Марынка, Ялінка ды іншыя”,
– літаратурна-музычная кампазіцыя “Беларусь мая, літаратурная”,
– вечар “Як песня народа неўміручы наш Колас”,
– інсцэніроўка ўрыўка з аповесці В.Быкава “Жураўліны крык”.
– вечар “Паэзія, ты боль, паэзія, ты быль”.
Вучні школы прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні конкурсаў на лепшага чытача. 20 красавіка гэтага года ў школе адбыўся конкурс чытачоў, прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча.
У 2-х класах ёсць вучні, якія складаюць вершы на беларускай мове. Лепшыя з іх прымалі ўдзел у раённым, гарадскім і абласным конкурсе мастацкай самадзейнасці са сваімі вершамі.