І. Эканамічныя ўмовы
Пасля бежанства. Хата і панадворак. Вопратка. Харчаванне. Земляробства і іншыя заняткі.
Адзіевіч Яраслаў, Орля:
У бацькоў, Аляксандра і Дуні, было 10 гектараў поля. Нас, дзяцей, было трое: Анатоль, Галя і я. Я пасля прыходу са школы пасвіў коней, кароў і свіней на Глінках — у цэнтры Орлі. І ўсё басанож — ад вясны да восені. Толькі як у царкву людзі ішлі, то каля храма абуваліся. А так увесь час басанож — араў, гной вазіў. Калі пад нагамі гліна была, то каменьчыкі да ног прычапляліся. Нарывалі ступні, балелі. Але і араць, і сеяць прыходзілася басанож.
У нашай хаце амаль у кожную суботу пяклі булку і мой сябра Уладак Кубаеўскі (загінуў у вайну) прыходзіў да мяне, дык хаця булку спрабаваў, бо ў яго адно толькі часнок і цыбуля. Муку для булак мелі мы з вятрака Харуева.
Не было яблыкаў. У Орлі сад меў толькі Пажажынскі, але старая жыдоўка пільнавала яблыні, дык хадзілі па палях і шукалі дзічак. Тады пра памідоры ніхто не ведаў і не садзіў. Насенне памідора прывёз у Шарні Стэц з Амерыкі (дзедка маёй нявесткі) і з Шарнёў яны развяліся.
Наша стадола была на канцы Орлі, а мы жылі ў цэнтры — недалёка Глінак. Нашымі суседзямі былі жыды. Побач нас жыў гарбар Ліба, маляваў шэрсць. Насупраць жыла жыдоўка Рыўка і тры сыны: Рахміл, Мінку і Азік. На суседняй вуліцы гарбар Шамэ вырабляў толькі тоўстыя цялячыя шкуры, а яго дачка хадзіла разам са мною ў школу. Там, дзе цяпер пажарнае дэпо, была жыдоўская лазня і крамы з мясам, г.зв. яткі, але ў іх было так, што жыд сам курыцы не зарубаў; быў такі адзін, што гэтым займаўся, а зарубаць трэба было адным ударам. Бараніны, свініны ці цялячага пераду жыды не елі, елі толькі зад.
Забудова была тады вельмі шчыльная. Мы таксама жылі быццам у панадворку. Насупраць нас жыў жыдоўскі настаўнік Гус, бяздзетны. Дзеці, калі вярталіся са школы, ішлі да яго вывучаць іўрыт. Жыдоўская школа была перад сінагогай. Пасля, 18 мая 1938 года, у пажары ўсё згарэла. Помню, я акурат сеў абедаць, калі ўспыхнуў пажар. Такі вялікі быў, што ў псаломшчыка Радыёна загарэлася стадола, якая стаяла далёка ў полі, і гной у полі гарэў.
Алекша Надзея, Піражкі:
Нарадзілася я ў Расіі, каля Масквы, у дарозе маёй сям’і з бежанства, а да ўводу прывезлі мяне ў Юраўляны. Ад сёмага года жыцця пасвіла кароў: сваіх і суседавых — за чатыры пуды жыта ад каровы за год. Паша была агульная, а на сваім пасвілі калі вольнае было. Маючы восем ці дзевяць гадоў пачала жаць — колькі разоў я была рукі парэзала!
Варылі суп, крупы, панцак. Спярша пытляванае мукі не было, то хлебную муку прасейвалі праз сіта і з яе зацірку і макароны варылі. Мяса было мала, калолі адно свінчо ў год. А яйкі насілі на продаж, каб грош быў.
Андраюк Рыгор, Гусакі:
Калі мы вярнуліся з бежанства, усё было спалена. Выкапалі мы сабе зямлянку, у якой пражылі каля пяці гадоў. Поле наша нехта абрабляў, хто раней прыехаў. Бралі карову і да трэцяга цяляці гадавалі. Карову трымалі ў плецяніку з маладой бярэзіны; пасля пабудавалі хлеў. Двое цялят сабе пакідалі за тое, што гадавалі, а карову з трэцім цялём аддавалі ўласніку. З таго быдла развялося. Таксама бралі на пашу авечак і за тое гаспадары плацілі ягнятамі. Пасля быдла прадавалі і за тое куплялі коней. І парасят куплялі. Разводзілі курэй. Гусей і коз не трымалі. Гусей гадавалі раней, на непраходным балоце, што было каля вёскі; ад тых гусей і вёску назвалі Гусакамі.
Збожжа трымалі ў чужых клунях. Малацілі спярша цэпам, а пасля паявіліся і цэпоўкі на керат. Пазней некалькі гаспадароў збіралі грошы і супольную шырокамалотку куплялі. І тыя, што супольную машыну мелі, узаемна сабе дапамагалі. Рухавікоў тады не было, а прывод машыны быў ад коннага керата. Як малая машына была, то запрагалі адну пару коней, а як большая, то дзве пары. Кератаў было мнагавата, рэзалі імі таксама сечку.
Сечку рэзалі з усялякае саломы, але яе бракавала. Да аўсянай саломы дадавалі траву і такой трасенкай кароў кармілі; добра, калі сена можна было прытрануць да саломы. Спярша жалі сярпамі, а пасля сталі косамі збожжа касіць. Пазней то дзве або і тры касілкі конныя былі. Сеялі жыта, пшаніцу, авёс, ячмень, грэчку, проса (мала хто), лён, каноплі, віку, гарох. Тры палеткі было: ярына, азіміна і аблог. На аблозе авечак і свіней пасвілі. Кароў у лесе і на смугах пасвілі. Паслі ўсё разам, табуном.
Да 1936 года ў Гусаках шахаўніца была, а пасля зрабілі калёніі. Бораны былі дзеравяныя, дзеравяныя з жалезнымі зубамі і жалезныя. Сохаў не помню, толькі плуг. Як вучыўся араць, то, бывала, плуг перакідаў мяне. Папаплачаш, бывала, каля таго плуга. Каля трыццатага года сталі рабіць пружыноўкі. Вазы былі жалезнякі, але былі і з дзеравянымі восямі. У вёсцы быў адзін майстар, што колы вырабляў. І каваль-самавук быў, які коней падкоўваў. І сашнікі кляпаў і ладзіў. Сані рабілі самыя, а шыткі заказвалі ў майстроў.
Траву касілі толькі косамі. Лонкі былі на нізкіх смугах каля вёскі. Там трава дзікая расла, якую касілі два разы ў год. Сена клалі ў стагі каля хат.
Свіней на полі паслі. Як мелі біць, то кармілі восыпкай, бульбай — хто чым меў. Шчацінне рвалі гвоздзем з яшчэ сырога свінча і прадавалі на рынку. Юшку варылі. Кроў злівалі ў міску, расціралі з лустамі хлеба і ў боршч кідалі. Шкуры не здзіралі. Свіней на продаж вазілі ў Бельск на рынак. А гандляры куплялі свіней у Беласток.
Авечыя шкуры вазілі вырабляць у Бельск. А кажухі шыў кравец у вёсцы; ён усё шыў. Сарочкі самыя бабы шылі, але верхняе адзенне шыў кравец. Святочную вопратку шылі з сукна і стараліся трымаць яе ў чыстаце. Шапкі куплялі ў Бельску. Рукавіцы вязалі кручком. Валёнак ніхто не рабіў, а на ногі людзі апраналі хто што мог. Абутак куплялі, а падладоўваў адзін у вёсцы. А падносак то я і сам прыбіваў. У лапцях тут не хадзілі, рабілі дзеравякі. Як чобаты парваліся, а перадкі былі добрыя, то падошвы з дзерава прыбівалі. Цёплы быў гэты абутак, толькі зімою снег прыліпаў; трэба было малаток насіць каб адбіваць.
Печ білі з гліны, бо цэглы дарагія былі. Кожны сам рыштаванне з дошак рабіў і там гліну збівалі. Яна так злепіцца, што пасля і разбіць цяжка. Печ была адна, хлебная. Пліты не было, а вячэру варылі на трыножку, які стаўлялі перад печчу на месцы, вымашчаным глінаю або цэгламі. Быў і прыпік. Палілі дровамі і голлем. Сцены бялілі глінкаю, якую куплялі ў Суражы.
З дыляў з дворскага лесу ручнымі піламі дошкі рэзалі. Пілы ў крамах у Бельску куплялі. І свердзелы. І ў Плютычах быў майстар, што добрыя свердзелы вырабляў. Дылю абцёсвалі, галавенькай шнур мазалі, тым шнурам адбівалі лініі, клалі дылю на столкі і так рэзалі. Я рэзаў знізу, на версе не мог, бо ногі хворыя былі; што я перарэзаў, то вёску можна было б збудаваць. У вочы не сыпалася, хіба што вецер быў.
Сталы і столкі самыя збівалі. Шафкі з дзвюма-трыма полачкамі на сцяне вешалі і там прылады для ежы трымалі. Лыжкі былі дзеравяныя і металічныя. Елі з аднае міскі. Міскі былі гліняныя і металічныя; пасля вайны карысталіся міскамі з патронных гільзаў. Кругом стала сядалі на столках і елі. Елі боршч, акрашаныя картофлі. На папіўку зацірка або каша з малаком была. Запівалі вадою, часам каву варылі. Ваду ў вядры трымалі. І памыі злівалі ў вядро, а пасля вылівалі на двор. Варылі ў чыгунных саганах. Былі і гліняныя гаршкі. Вілкамі іх у печ саджалі.
У Валэнзе рыба была. Хадзілі з кошыкамі і з калыскаю, дзе плытка. Былі і глыбокія месцы — станеш, руку выцягнеш, то і не відаць. Пасля кломлі сталі рабіць. Лавілі пераважна шчупакоў, але траплялася ўсялякая рыба: плоткі, ліні. А калі вада замерзне і рыба пад лёдам плыве, то стукнеш, аглушыш, праб’еш дзірку і выцягнеш. Рэчка разлівала аж пад вуліцу. Зімою на лёдзе крэнтаўкі рабілі — на жэрдцы санкі падганялі дзецям. Летам купаліся, хто калі задумаў. Раздзяваліся. Дзяўчаты так купаліся, каб хлопцы не бачылі.
Пасцілі, як пост і не пост, бо не было чаго есці. Больш елі з постам, чым акрашанага. Гарэлку рэдка пілі. Куплялі ў крамах, бо за сваю моцна каралі.
Спалі на ложках. Снапок саломы засцілалі. І сеннікі рабілі. Накрываліся коўдрамі з пакулля, якія самыя шылі. Летам накрываліся плахтамі свае работы.
Артышук Іван, Курашава:
У нашай вёсцы да бежанства жыло 180 гаспадароў. Перад фронтам страшылі, што немцы будуць скуру дзерці з людзей, дык большасць выехала. І як рускія адступалі, то ўсе пагрузіліся на вазы з дзеравянымі коламі, з будамі, абвешанымі плахтамі. Адны бліжэй заехалі, іншыя аж пад японскай граніцай апынуліся. Але дванаццаць сем’яў асталося; яны сваякамі былі. У Нараўцы тысячы цераз мост перабіраліся і калі немцы наблізіліся, той мост узарвалі. І мая сям’я была ў ліку тых дванаццаці. Тыя, што асталіся, ад страху сонца не бачылі. Давай вяртацца. Пад Свінароямі шасцярых нямецкіх салдат вярхом едуць — смерць! Адна баба сама была ўпала перад немцам і паказвае, што шыю будуць адрэзваць. Старшы немец злез з каня, падняў яе за руку і сказаў:
— Нэй, матка! Нах хаўзэ.
Прыехалі ў Вераб’і, а там ні духа, адно каты і сабакі. Там нашы пераначавалі і ў Курашава. Мой тата на фронце папаў у аўстрыйскі палон і дома былі дзед, баба, мама і радня.
У Курашаве, у школе і лепшых хатах, пасяліліся нямецкія гаспадары і тыя дванаццаць нашых, што асталіся, два дні рабілі немцам, а адзін сабе. Немцы старэйшыя былі, змабілізаваныя, без сем’яў. Усё, што бежанцы ў полі пакінулі, немцы скарысталі — яравое, бульбу і жывёлу. Немцы не знуткаваліся, а за працу плацілі. На нашым месцы жыў сяржант, насіў ён шлем з пігай. Дома ў яго асталася жонка і двое дзяцей. Ён мяне вельмі любіў, на руках насіў. Калі вяртаўся ад сям’і, прывозіў мне мармелад; вельмі смачны быў, бо ў нас ні цукру, ні солі не было. Немцы выязджалі на самаходах. Мне вельмі цікава было пабачыць, як яны так без каня едуць. Самаходы іхнія без кузава былі, адно шыба спераду ад ветру і камароў.
Да вайны пушча была такая, што сонца не відаць было. А ў 1914 годзе ў Гайнаўцы была толькі адна вуліца — сённяшняя Ліповая. Немцы пабачылі багацце пушчы і ў Гайнаўцы пабудавалі хімічны завод і тартак. І па цэлай пушчы вузкакалейкі праклалі для машынак. На працу ў Гайнаўку прыязджалі католікі зза Браньска, бо нашы ў бежанстве былі. Цягнуліся яны сюды і тут жылі ў зямлянках. А ўсе тыя, што асталіся ў вёсках, у лесе сядзелі — так дрэвы рэзалі. І пасля вайны рубалі яны пушчу, бо трэба было аддаць крэдыт, што Пілсудскі ўзяў.
Нашы людзі вярталіся з бежанства, хто як мог вырвацца. Хто прыехаў у дзевятнаццатым, хто ў дваццаць першым годзе. У Курашаве ўсе хаты асталіся. Людзі вярталіся на свае гаспадаркі, у пустыя хаты, у лахманах. Падшпаркаў за дзесяць гадоў за Браньск вазілі, за пастухоў; яны там за лета зараблялі адзенне і цялятка — так дабытак разводзіўся. Зямлі не хапала, бо работы не было і ўсе ў вёсцы сядзелі; былі такія панадворкі, на якіх гаспадарыла чатырох гаспадароў. Не было ніякага заробку, хіба што малаціць або жаць сярпом ці бульбу матычкаю капаць.
Хаты малыя былі, адзін пакой у хаце быў з малым акенцам, каб цяплей было і менш дроў расходаваць. Стаяла адна печ, у якой жар у купку зграбалі і трымалі, бо запалак не было. Пры хаце быў хлеў, то пасля туды дзверы прарэзалі і каморку рабілі, у якой таксама стаўлялі печку. Дровы вазілі з Белавежскай пушчы, з паломаў. Уставалі а другай гадзіне на досвітку і ехалі ў Свінароі.
З ільняной пражы бабы сарочкі іголкай шылі. Краўцы шылі нагавіцы або летнікі, але такім летнікам карысталіся да смерці. У царкву бабы ў адной вышыванай сарочцы хадзілі, а пасля вопратку можна было ў жыдоў купіць.
Чобаты рабілі шаўцы, пераважна жыды ў гарадах; і ў Курашаве адзін быў. У Гайнаўцы рабілі чосанкі (валёнкі) з воўны. З Кляшчэль прывозілі галёшы. Хадзілі і ў пасталах, зробленых з гумы з дзіркай спераду і ззаду, каб вада выцякала.
Майстры ўсялякія былі: шавец, краўцы, кавалі, цесляры. Былі не толькі ў Курашаве, але і ў Койлах, Лушчах і Камені.
Трымалі авечак і шылі кажухі — была гэта найтаннейшая вопратка. Кушнеры былі ў Локніцы і Лушчах; пуд жыта за шкуру бралі. Да кажуха непатрэбныя былі ні вата, ні подбіўка. Кажухі насілі не толькі зімою, але і летам вечарам апраналі.
У Курашаве два пагоны дабытку выводзілі, а свіней адзін пагон. Усіх свіней да Пятра ў поле выганялі, а пасля кармілі пад Руздво. Летам не калолі, бо мяса тады псавалася.
Поле раздробленае было да 1934 года, калі зрабілі камасацыю. І калі пад жыта трэба было араць, то мералі поле, каб адзін другому не пераараў. Пакуль калёніяў не было, поле дзялілі пад ярыну, азіміну і параніну. На апошняй пасвілі кароў і свіней, але і там аралі і баранавалі, то і малака мала было, а ім многа сілкаваліся. У 1934 годзе не стала паранінаў, бо сталі ўсё абсейваць. І на сваёй калёніі кожны ніжэйшае пад пашу пакінуў.
Багацэвіч Анатоль, Орля:
Зіма на вёсцы была парою малацьбы. Зжатае сярпом або касою збожжа сяляне малацілі цапамі на таку. Збожжа клалі радкамі на абодвух баках тока і білі па ім цапамі; малацілі ўадзіночку, або ўдвайне-ўтрайне. Пасля сталі ўжываць манеж, якім карысталіся яшчэ і пасля другой сусветнай вайны. Прыводзілі яго ў рух коні, якія хадзілі па крузе шасціметровага дыяметра. Конская сіла перадавалася праз шасцерні на вал, які рухаў абмалотную машыну. Была гэта малатарня ў стадоле — „цапоўка” або „штыхоўка”. Змалочанае такім чынам збожжа гаспадар чысціў у спецыяльнай веялцы. Адходамі з веяння, паловай, кармілі пасля кароў і коней.
Яшчэ пры санацыі працу коней сталі пераймаць нафтавыя рухавікі. У Орлі такі рухавік паявіўся ў 1935 годзе. Малатарню мог купіць толькі багацейшы гаспадар. Бывала, што некаторыя вёскі куплялі адну супольную малатарню, г.зв. „вузкую пальцоўку” або „шырокую бубновую”. Малатарню і рухавік, якія абслугоўваў малатар, перавозілі ад гаспадара да гаспадара.
Ліквідацыя цераспалосіцы наступіла толькі ў 1969 годзе. Да таго часу дванаццацігектарны палетак называўся ўчасткам; былі яшчэ дзесяціна, васьмуха, шастуха і г.д. Чацвяртуху — тры гектары — дзялілі на тры часткі, на адной з якіх гаспадар сеяў ярыну, на другой — азіміну, а трэцяя аставалася ляжаць аблагом, на якім пасвілі свіней, авечак... Толькі пасля нейкага часу абраблялі аблог; аралі яго тры разы і тады ўсё добра расло. Паўучастак гэта быў вялікі ралюх, а ўчастак — два ралюхі. Чацвяртуха была васьмірадковым ралюхом. Калі зліквідавалі цераспалосіцу, тады паўсталі калёніі, дзе гаспадары атрымоўвалі поле ў адным месцы. Раней поле было раскідана, напрыклад, у сямідзесяці кавалках! Кавалкі былі вузкія, напрыклад, васьмі-дзесяціскібавыя або рызкі па паўдзесяціны і цягнуліся на некалькі кіламетраў.
Тады жалі сярпом або касілі касою. Жніво доўжылася два месяцы. Гаспадар адно свінчо карміў, а другое прадаваў; і то ўсё! Саланіна каштавала каля двух злотаў, а каўбаса два злоты і нікому на іх не ставала. За скварку людзі аж душыліся і найчасцей ежа не была крашана.
Бажко Марыя, Істок:
Сама я не з Істоку, бо нарадзілася ў вёсцы Мора ў 1919 годзе, дзе бацькі мае жылі. А сюды пераехала, калі замуж выйшла. Гаспадарка ў бацькоў маіх была невялікая, а ўжо як замуж выйшла, то ў нас было 20 гектараў зямлі, але шмат пясчанай, скуднай. Таму пасля вайны частку зямлі лесам засадзілі. У гаспадарцы працавалі ўсе мы: я з мужам ды бацькі яго з братам, бо мы з імі жылі. А сястра яго старэйшая да свайго мужа пайшла. У полі працавалі, канём аралі, а мы ўжо за ім ішлі і сеялі. Жанчыны ўвесь год працавалі, а мужыкі ўзімку нічога не рабілі, толькі сядзелі. Ну, карове есці дадуць, у лес з’ездзяць, дроў нарубаюць. Але на гэта трэба было дазвол атрымаць. На паляванне хадзілі, але няшмат.
А жанчыне заўсёды праца знойдзецца — і лён часаць, і прасці, і ткаць, і гаспадарку глядзець. Раней усё самі заўсёды рабілі. Нават абутак тады самі рабілі — хадакі, такія боты з гумы сшывалі і шнуркамі завязвалі. А ўжо вопратку, то заўсёды самі рабілі: лён вычашам, палатно вытчэм і з яго розныя рэчы рабілі — і сарочкі шылі, і нагавіцы, і посцілкі рабілі. Тады мы вельмі прыгожыя ручнікі ткалі, з брычкамі, а не з кутасамі, і плахты прыгожыя ткалі.
Баравік Ян, Гаркавічы:
Мама вярнулася адна ў хату, якую дзед паставіў у 1910 годзе; хата тая стаяла да 1962 года, калі я на яе месцы паставіў гэтую, у якой цяпер жыву. Прыехала мама поездам — тут нічога не было; усе з голага каменя пачыналі. Апрача хаты стаяў яшчэ тут і хлявок. Людзі хат не мелі і ў мамінай хаце пачалі жыць некалькі сем’яў, у іх ліку і татава сям’я.
Мама з татам пажаніліся. Тата са сваім братам Міхалам паставілі хату, у якую перабраўся дзядзька са сваімі сёстрамі: Маняй, Дуняй і Пелагеяй. Тата ў 1928 годзе збудаваў стадолу, першую ў вёсцы на бетонных слупах. Дах быў яшчэ без шчытоў, калі найшла бура і ўсё паламала, нават бетонныя слупы. Пасля ўсё перараблялі і ў 1930 годзе стадолу адбудавалі.
Тата ў Саколцы купіў цялушку за 76 мільёнаў і з яе разгадоўвалі кароў сабе і дзядзьку. Тыя каровы да 1940 года трымаліся, бо з добрай каровы былі разведзены. Кабылу ў Саколцы купілі, вадзілі да жарабца і гадавалі коней. Як дзяліліся, то ў нас маладая кабыла асталася, а старую дзядзька забраў. Як кабыла прывяла жарабя, то яго ўжо пасля года запрагалі. Як павярталіся з Расіі, ніхто пары коней не меў, то спрагаліся. У маіх бацькоў замнога зямлі было для супрагі, то трымалі пару коней. Пасля і тата, і дзядзька разводзілі коней; за жарэбчыка можна было тры каровы купіць. Усё нажывалі, разгадоўвалі, і так жылі.
Зямля ў нас была маміна і татава. Тата з дзядзькам падзялілі сваю бацькаўшчыну; дзядзька ўзяў больш, бо яшчэ на цётку Маню. Тата з мамай у Макараўцах купілі гектар сенакосу; сенажаць была і па маміным бацьку.
Падставовай ежай былі хлеб і бульба. Вясною, як кароў даілі, было малако і малочнае. Свінога мала было, бо свіней прадавалі на грошы. Аднаго паршука на год білі, а былі і такія, што аднаго на два або тры гады білі. Было многа авечак, то восенню ягнят рэзалі. Варылі капусту, пяклі буракі і з квасам елі. Канаплянае семя малолі і суп варылі. У пост з жытняй мукі і тоўчанай бульбы сухары пяклі на вымеценым чаране. Бацькі мае рэлігійныя былі і ў пост не давалі нават малака есці. На Каляды, Пасху і Сёмуху пяклі пірагі. На найбольшае свята, Вялікдзень, парылі кумпяк, красілі яйкі. Мама рабіла макароны.
Апраналіся ў адзенне свае работы. Мама прала воўну на шкарпэткі, рукавіцы, світэры, панчохі. Абуваліся як папала. Вясною ніхто ніколі не абуваўся. Я басанож араць у поле хадзіў. Яшчэ бульбу босыя выбіралі. А ад Пакровы хто ў чым меў хадзілі. Мой тата ў хадаках хадзіў. А на зіму, пад астатак ужо, стараліся рабіць валёнкі. У школу бацькі дзецям чаравікі куплялі. Чаравікі куплялі ў Крынках, бо там поўна шаўцоў было. А валёнкі качалі па вёсках. Валёнкі былі дваякія: цвёрдыя, на вялікія маразы — іх пад Залукамі рабілі, і мяккія, для якіх галёшы ў Крынках куплялі.
Усё ў Крынках куплялі, а ў Саколку толькі коней прадаваць вадзілі. У Крынках прадавалі ўсё ў чацвер, бо тады там вялікі торг быў. Коней і кароў мужык мужыку прадаваў. А кормных, выбракаваных і птаства жыды на мяса куплялі. І цыбулю, мак, гарох, сачэўку і яйкі жыды куплялі. Жыды складалі трэць жыхароў Крынак. Мелі яны каля дзесяці гарбарняў. Займаліся яны рамяством, а толькі два жыды, браты, гаспадарку абраблялі.
Зямля ў нас добрая была, але лесу і сена не было, а гэта з’яўлялася вялікім тормазам для развіцця вёскі. Лес быў далёка — у Сасновіку і Копнай Гары. Бярвенне на стадолу тата вазіў аж з Чалнова каля Супраслі; амаль трыццаць кіламетраў. Заробкаў ніякіх не было, толькі з зямлі. Хто напачатак узяўся і ўзмацнеў, той лепш жыў, а іншыя — няважна.
Каля вёскі рэчка Уснарка праплывала. Былі ў ёй ракі, сліжы і келбы, але мала. Быў і луг, у якім карасі жоўтыя вадзіліся, якіх жыды аж рвалі ад нас. Тыя карасі ў 1948 годзе вымерзлі; тады сухая восень была і мароз вымаразіў іх. Пры санацыі тых карасёў смажылі і на іх уху варылі.
Бародзіч Яўгенія, Піражкі:
Маміна сям’я была ў бежанстве сем гадоў. Жылі там так, што лепш не трэба; калі б не рэвалюцыя, дык не прыязджалі б. Назад ехалі поездам, мелі пайкі. Прыехалі зімою, на Міколу. Дзед не выязджаў, бо быў пасадзіў малады сад і астаўся даглядаць яго. Казакі, пасля выезду гаспадароў з Піражкоў, спалілі амаль усю вёску. Дзеду асталіся стадола і сад і ён паставіў ляпянку, але не дачакаўся вяртання сваёй сям’і — памёр у Вялікдзень перад яе прыездам.
Мама пайшла жыць у Вострава, да бабкі, і адтуль выйшла за піражкоўскага замуж. Хату наша сям’я паставіла ў 1929 годзе.
Ніжнюю вопратку шылі краўчыхі; блузкі шылі жыды ў Крынках. Былі краўцы, што па хатах з машынамі ездзілі, шылі пальтоцікі, камізэлькі, нагавіцы, летнікі і курткі з даручанага матэрыялу. Дахаты прывозіў краўца той, што многа шыць патрабаваў. У Піражкі прыязджаў кравец з Гаркавіч або яму дахаты матэрыял насілі.
Валёнкі білі па вёсках, каля нас у Сукавічах, і прадавалі на рынку. Галёшы куплялі, а пры немцах ляпілі з камер. Старэйшыя ў дзераўляных хадачках хадзілі, абабітых, з цёплым сподам. Жанчыны куплялі чаравікі з халяўкамі. Панчохі тонкія з воўны былі: купныя і робленыя. Сягалі яны за калені і падвязвалі іх гумкаю або падвязкаю, але падвязка не трымалася. А як прыходзіла вясна, тады ўсе хадзілі басанож. Усе так жылі і не ведалі іншага жыцця.
Бульбу трымалі ў скляпах каля хаты і ў ямах, што далей і вышэй былі; ніхто бульбы не краў. Збожжа трымалі ў стадолах у мяшках; засекаў не было. Хлеб самі пяклі. За вёскай быў млын, і ў Крынках — на дровы, бо метры каля млыноў ляжалі. Хлеб пяклі на лапаце, на лісце капусты або дуба, спярша падсыпаўшы мукою, каб не прыліпаў. У бляхах сталі пячы толькі пры саветах.
У хаце была падлога, а куточак каля пліты быў выкладзены цэгламі, каб не брудзілася. Печ цагляная была, а варылі на пліце. У ежу кідалі соль, якую ў Крынках у жыдоў у торбачках куплялі. Кідалі таксама бабковае лісце, перац, цыбульку, часнок.
Грыбы збіралі, калі на сенажаць пад лес ездзілі. А па апенькі ездзілі спецыяльна. Ягад мы не збіралі — ягады нам прывозілі з бедных вёсак і на бульбу мянялі. Самыя нашы толькі дзецям крыху ягад з ягадніком прывозілі. Садавіны мала было, найбольш дзічак. Крыху чарнасліву дробнага было, а ў некаторых то і вялікія сады былі.
Елі кашу грэцкую, крупяную і з проса. І з бульбы ўсё гатовілі: аладкі, кішку і бабку. Варылі не толькі суп, як цяпер, бо сям’я вялікая была. З гародніны вырошчвалі агуркі, моркву, фасолю, гарох, сачэўку, толькі памідораў мала было. Сачэўку жыды вельмі любілі, а мы з сачэўкі суп варылі — да бульбы прысыпалі. Усё смачнае было, бо адзін перад адным елі.
Восенню рэзалі авечак, але гэта як у каго. Трымалі свіней і калолі іх, калі мо зо тры метры мелі, каб саланіна тоўстая як кафля была. Мелі яйкі, масла і сыр; у каго больш было, той вазіў у Крынкі прадаваць. І елі — мо больш нават, чым цяпер.
Ветэрынар у Крынках быў, а пакладалі вясковыя мужчыны. Катоў трымалі і сабак. Былі зладзеі, што коней з хлява выводзілі. Коней кавалі кругом. У Крынках жыды кавалі — ано выглядалі, каб коней хто прывёў! І ў нас кавалі, а ў Астраўку хіба траіх кавалёў было. Кавалі нажы вастрылі, абручы рабілі. Нажы ў крамах у Крынках куплялі. У Крынках на вуліцах запынялі і воз апаражнялі, абы найбольш з крамы прадаць.
Колы да вазоў на рынку куплялі, а рэшту кавалі абкоўвалі. Драўніну трэба было самім загатаўляць у дзяржаўным лесе ў надлясніцтве Пачапок.
Панадворкі найчасцей негароджаны былі; часам толькі агародчык — каб кветкі пасадзіць. Хто мацнейшы быў, той гарадзіў, бо ж напілавацца трэба было.
Мыліся і пралі ў драўляных балеях. А вясною што большае на лугах мылі — і добра было! Парашкі — соду — і шэрае мыла ў жыдоў куплялі.
Да працы хадзілі ў гарбарню ў Крынкі, дуб сушыць. Некаторыя да жыдоў на заробкі хадзілі.
Белявец Раман, Войнаўка:
У часе вайны наша сям’я выехала ў бежанства ў Сімбірскую губерню. У майго бацькі было 7 дзяцей, чацвёра ад першай жонкі і трое ад другой. Там у Расіі бацька і памёр. Старэйшыя браты пайшлі на вайну. Калі пачаўся голад, мы са старэйшым братам хадзілі прасіць міластыню. Брату не давалі, казалі: „Ты уже большой, работать надо”. А мне давалі хлеб, і я пасля з братам дзяліўся. Вярнуліся ў Войнаўку ў 1918 г. Хата наша захавалася, хаця ў ёй ужо жылі людзі, у якіх свая хата згарэла. Жылі тады цяжка, хлеба не хапала, бульбы таксама. Варылі лебяду. Лавілі рыбу і ракаў.
У нашай сям’і былі два трацякі зямлі. Зямля не вельмі добрая. Хлеб заўсёды вясной дакуплялі на кірмашы. Зямлю аралі напачатку валамі, а пазней перайшлі на коней. Жывёлу пасвілі разам — вёска наймала пастуха.
Галоўным багаццем была зямля. Тыя, хто яе не меў, працавалі за парабкаў у пана. Пан быў палякам, але з мясцовымі людзьмі гаварыў па-нашаму. Некаторыя выязджалі з вёскі на заробкі ў Амерыку.
Габрылеўскі Міхал, Трывежа:
Мой дзед Гаўрыіл Габрылеўскі ў 1915 годзе ў Расію не паехаў. На ўсю вёску — 50 дымаў — засталіся на месцы толькі дзве сям’і. У 1920 годзе дзед памёр. Майму бацьку было тады 13 гадоў.
Тыя, што вярталіся з бежанства, заставалі запушчаныя, парослыя самасеем палі. З цяжкасцю распазнавалі яны свае палеткі ў цераспалосіцы. Асабліва цяжка жылося сялянам, якія мелі да трох гектараў зямлі, раскінутых на шасці паўгектарных вузкіх участках. Паміж ворнымі палеткамі былі сенажаці. У сенакос траву на насілках выносілі да дарогі. У трохпольнай сістэме адну частку засявалі азімымі збожжамі, другую ярыной — аўсом, ячменем, просам, а таксама гарохам, вікай, бульбай і буракамі. Трэцяя частка — параніна — заставалася пад папар.
Хаты крыты былі саломай. Старыя стрэхі з паўночнага боку парастаў мох. Калі страха працякала, наверх клалі мяккую салому, г.зв. пакот, які да даху прыціскалі драўляныя козлы. Драўляную хату складалі сені з дзвярыма па абодвух баках, вялікі пакой з хлебнай печчу, які выконваў ролю кухні, і камора з засекамі на збожжа і паліцамі на харчы. У доме дзеда Адама Пракапюка, дзе гаспадарыў дзядзька Сцяпан Пракапюк, мамін брат, у сенях стаяла вялікая прамавугольная печ, г.зв. дымнік, у якой вэндзілі каўбасы і кумпякі. Хаты і астатнія гаспадарчыя будынкі ставілі на камянях, падсыпаных пяском і жвірам да самога зруба. На зіму сцены хаты абкладвалі саломай да вышыні акон і паміж вокнамі, аж да падстрэшша. Такую высокую загату ўмацоўвалі дошкамі і жэрдкамі.
Дровы сяляне загатаўлялі зімою ў суседніх дзяржаўных лясах. Працавалі яны пры высечцы лесу ад студзеня да сакавіка, да першых растопаў. Атрымлівалі за гэта частку пастаўленых г.зв. метраў і голле.
Збожжа малацілі пераважна ў лістападзе і снежні. Бяднейшыя малацілі цапамі, а больш багатыя наймалі малацілкі, г.зв. простамлоткі. Такая машына была ў Карповіча ў Ласінцы. Сяляне куплялі малацілкі, званыя тарганкамі, якія прыводзіліся ў рух конным манежам. Абмалочанае машынай збожжа веялі веялкамі, якіх некалькі было ў вёсцы (сяляне пазычалі адзін другому). Тыя, што малацілі цэпам, чысцілі зерне шуфелькай і мятлой на таку, а перад вывазам у млын дачышчвалі ў рэшаце.
Гаспадыні зранку распальвалі вялікую хлебную печ, устаўлялі ў яе, вакол палаючых паленаў, чыгуны з вадой і бульбай. Спераду вогнішча ставілі малыя гаршкі з супам. Варылі грыбны суп з макаронамі, капусту, фасолевы суп, боршч. Звычайна штодзень рыхтавалі два супы і бульбяную таўканіцу. Час ад часу пяклі бульбяны блін, які з тлушчам падавалі ў вялікай місцы на абед. Раз на тыдзень пяклі жытні хлеб. Муку прыгатаўлялі ў жорнах, а два разы ў год вазілі збожжа на млын-вятрак у Чыжыкі або вадзяны млын у Локніцу. З 1935 года сяляне ездзілі малоць зерне ў Гайнаўку, дзе працаваў паравы млын Ажахоўскага.
Адразу пасля жніва жанчыны браліся малаціць лён. На дошцы засланай радном абівалі галоўкі льну прачом. Зерне адсейвалі ад паловы ўручную на сітах. Салому вязалі ў малыя снапкі і мачылі ў вадзе. Пасля двух тыдняў мачэння лён рассцілалі на скошаных паплавах. Рассцілалі і нямочаны лён, але тады трэба было яго трымаць на траве чатыры тыдні даўжэй. Пасля бульбакапання жанчыны пачыналі церці лён. Апрацоўка льну праходзіла ў трох фазах: мяццё саломы ў церніцах, трапанне дзеля ачышчэння валакна ад кастрыцы і часанне валакна. З горшага валакна пралі тоўстыя ніткі для вырабу мяшкоў і палавікоў. Жанчыны пралі лён зімою, а вясною (у сакавіку і красавіку) ткалі, аж да выхаду ў поле. Сатканае палатно бялілі каля сажалак і рэчак — мачылі і сушылі яго да змены колеру з шэрага на белы.
Мужчыны пасля пасадкі бульбы пачыналі араць папар, а пасля жніва аралі пад азіміну.
Збожжа жалі сярпом, а віку, гарох і канюшыну — касою. Багатыя наймалі жняцоў, бедныя жалі самі. Дапамагалі ім старэйшыя дзеці. Дзеці таксама пасвілі коней. Кароў і авечак выганялі на сервітутныя пашы. Свіней улетку кармілі зеллем, якое рэзалі ў ручной сячкарні званай лядай (касой, прымацаванай да скрыні з трох дошак). Нарэзанае зелле пасыпвалі восыпкай.
Гаўрылюк Вольга, Ляхі:
Жніво пачыналася раней чым цяпер, у палавіне ліпеня. Выглядала гэта так, што калі гаспадар меў многа гектараў, наймаў людзей, а бяднейшы сам, разам з сям’ёй, займаўся жнівом. Да работы наймалі пераважна жанчын. За дзень работы кожная жанчына атрымлівала 2 зл. 10 грошаў. Жалі сярпамі. Кожная жанчына ставала на адзін загон і жала збожжа. За ёю пераважна ішла асоба, якая сплятала пярэвяслы і звязвала імі снапы. Кожны сноп быў роўны на шырыню і высату. Жанчыны мусілі ўважаць, каб да чыста сабраць усе сцяблінкі, таму што людзі былі бедныя і ашчадна жылі.
Работа ў полі пачыналася, калі ўжо раса апала. Праца, хаця цяжкая, не перашкаджала ў спевах. І так як у кожную пару года, пры кожнай рабоце, ці ў сенакос, ці ў жніво, ці пры ўборцы бульбы, людзі, каб асаладзіць сваю горкую долю, спявалі. Так было і ў жніво. Калі ўжо разагрэліся работай, пачыналі спяваць. Работа трывала да вечара, але рабочыя мелі два перапынкі — на абед і вячэру. Абед быў скромны. Гаспадыня прыносіла ў гладушках ваду і малако, як багацейшая то і каву прыносіла, а да таго варэнікі або пляцкі. Вячэра — гэта каша з маслам або картофлі з кіслым малаком.
Калі жніво кончылася, жнеі рабілі пярэпяліцу. З нязжатага збожжа рабілі маленькі снапок, які прыбіралі кветкамі. На абчышчаным са збожжа полі, у адным з куткоў клалі чыстую хустку, на яе ставілі пярэпяліцу, пад якую ўкладвалі кавалак хлеба, квашанага агурка і кавалак мяса. Гэта была яда для птушкі перапёлкі, якая прылятала пажывіцца. На канец жніва жняцы рабілі вялікае пярэвясла, якое прыбіралі кветкамі. Такім пярэвяслам жнеі абвязвалі гаспадара і спявалі яму, а гэта абазначала паставіць ім гарэлку. Забіраў тады гаспадар жнеяў да сябе. На панадворку ставілі лавы, стол і пачыналі бяседу. Калісь людзі не ведалі самагону дык і гарэлка была купна. Апрача яе было піва зробленае з ядлоўцу горка-салодкага смаку і мяса. Пераважна была гэта шынка, якая раней 6-8 тыдняў ляжала ў солі і якую потым у цёплы дзень выносілі на двор і абвязаную шнурком сушылі на сонцы. Спечаная, сухая, з чэрвямі, бо мухі лазілі па ёй амаль заўсёды, смакавала ўсім.
На полі па-рознаму ставілі снапкі. У ваколіцы Ляхоў і Гародчына па 5 снапкоў, каля Браньска па 9, пад Беластокам бывала што і па 3. Таксама па-рознаму выходзілі да жніва. У Козліках найстарэйшы ў сям’і мужчына жніво пачынаў малітвай. У першы дзень мужчыны выходзілі ў поле ў новых белых кашулях, апаясаных тканым чырвона-зялёным паскам шырокім на тры пальцы.
Зярняты з пярэпяліцы ў Локніцы і Пасынках траплялі на Куццю пад святочны абрусак, а потым першымі падалі на зямлю пры сяўбе. У Ягуштове пярэпяліцу адну ставілі на полі, а другую забіралі да хаты і на Ражджаство ставілі пад іконай Ісуса Хрыста.
Канец жніва ў цэлай вёсцы быў знакам да забавы — дажынак. Выглядала гэта не так як цяпер. Маладыя людзі збіраліся ў адной дзяўчыны на лаўцы або ў вялікім садзе і на такіх „вэчурках” спявалі да самой ночы. Абавязковым было закончыць жніво да 28 жніўня, перад Спленнем, калі ў царкву сяляне неслі да асвячэння вяночкі са збожжа, кветак і галовак маку. Такі вянок трэба было трымаць цэлы год аж да наступнага жніва. Трымалі яго ў клунях над галоўнымі дзвярыма, каб ураджай заўсёды трапляў на сваё месца і каб быў вялікі.
Герчун Параскева, Істок:
Нас павінны былі вывезці дзесьці ў Сібір у 1915 г., але ніхто не паехаў. Потым, калі людзі з навакольных вёсак вярнуліся, то хадзілі, пабіраліся па хатах. Так было, што мы больш як па адной бульбачцы не давалі, бо не хапала на ўсіх. Але так голаду не было, хто не ленаваўся, працаваў, то заўсёды меў што есці. За Польшчы голаду не было, добра было. Мы наймалі працаваць у полі, у жніво, на дзень па 10 чалавек, я ежу заўсёды ім насіла. Ды яшчэ грошы плацілі ім. Зямля ў нас дрэнная, таму і вёска небагатая. Сусед у нас кепскі быў, сварыўся за зямлю, але біцца ніколі не біліся за гэта, не хацелі калечыць адзін аднаго. Хто слаба рабіў, той слаба і еў. У нас увесь час у сям’і было што есці. Калісьці елі ўсе з аднае міскі. На вяселлі галоўная ежа была мяса. Варылі яго вялікімі кавалкамі, а потым ужо на стале рэзалі.
Памятаю, прыгатаўлялі на час працы ў полі капусту. Рэзалі яе вялікімі кавалкамі. Клалі ў чыгун. Чыгун замазвалі і ставілі ў печ. Так яна запякалася. На лета макаронаў наробяць. А ў жніво рабілі грачаную кашу, бульён, дранікі. У печы сушылі яблыкі, грушы, слівы. Часта ездзілі ў Дубічы, каб нешта купіць. З нашай вёскі ездзілі на заработкі ў Амерыку.
Грыгарук Анастасія, Дубічы-Царкоўныя:
Мая сям’я не была ў бежанстве, бо бацьку майму яго бацькі не дазволілі ехаць. З вёскі выехалі амаль усе. Вуліцы параслі травою па калена.
З бацькам жылі два браты і чатыры сястры, баба ды дзед. Зямлі было мала: у бацькі шастушка, маці далі ў пасаг трацяк. Бацька трымаў склепік, дзе прадаваў соль, цукар. Жыць было цяжка. Палову хаты здавалі настаўніцам, а самі жылі ў кухні. Елі са сваёй гаспадаркі, са свайго агарода, у асноўным гэта былі бабы´, рэдзька. На святы елі лепш, бо быў жа свой магазін. У вёсцы прыработку не было.
З вёскі ніхто нікуды не ездзіў, бо не мелі грошай, больш хадзілі пяшком або на ровары, калі быў.
Грыгарук Марыя, Янова:
Нарадзілася я ў Агародніках каля Бельска ў 1922 годзе ў сям’і аднаго з багацейшых гаспадароў, Мікуліча. Аднак два гады пасля майго нараджэння бацькі вымушаны былі перасяліцца ў родныя бакі майго бацькі, у Янова над Нарваю. Там, на 15-гектарнай гаспадарцы, прайшло маё жыццё. Гады да вайны ўспамінаю вельмі добра — 17 гадоў для мяне мінула хутка. Дні памешаныя з работай і гульнямі праходзілі незаўважна. Адкуль памятаю, у нашай сям’і ніколі не бракавала яды, адзення. Разам са старэйшай на год за мяне сястрой памагалі мы бацькам на гаспадарцы. Найлепш успамінаю даваенныя зімы. На гаспадарцы зімняй парою многа не трэба было рабіць. Да маіх абавязкаў належыла даенне кароў — а было іх у нас 3, дагляданне гусянят і курэй. Калі пачынала ўжо змяркаць, кухня ў нашай хаце ажывала. Збіраліся ў нас амаль усе маладыя жанчыны і дзяўчаты з вёскі. Прыходзіла іх дзесяць. Маці запальвала газавую лямпу, а як часам бацька крычаў за гэтакі збытак, запальвалі свечкі, якія можна было дастаць у нашага суседа за кружку малака. І так, седзячы, спявалі розныя песні а прытым пралі воўну, вышывалі ручнікі. У гэты час бацька выплятаў з вербалозу кошыкі і расказваў як ваяваў у час I вайны.
Быў гэта час адпачынку, але кароткі. Калі надыходзілі вясна і лета, пачыналася работа. Я любіла сенакос. Мелі мы многа сена, з 4 гектараў сенажацей, якое потым бацька прадаваў. Горш давалася жніво, бо пры ім было многа работы. Бацькі наймалі людзей, бо 4 асобы не справіліся б з касьбой. Хаця ў поле ехалі мы каля дзесятай гадзіны, калі ўжо раса высахла, уставаць трэба было рана, бо памагалі маці пры варэнні яды. З раніцы смажылі мы пляцкі з вараных картофель або пяклі галкі. Маці ўлівала ў гладункі малако. Памятаю добра лета 1938 года, калі пасля жніва мая сястра выйшла замуж. Каця вянчалася ў царкве ў Козліках. Як на гэты час, бацькі пастараліся зрабіць адпаведнае вяселле. Маці паехала з Кацяй у Бельск купіць у жыда матэрыял на шлюбную сукенку. Суседзі гаварылі, што гэта вялікая распуста, аднак бацька не шкадаваў грошай і гаварыў, што свайго багацця ў труну не забярэ, а дочкам не пашкадуе. Малады быў з суседняй вёскі — з Гародчына. Гасцей з’явілася многа. Работы пры вяселлі таксама было нямала — разам з суседкамі рыхтавалі мы пачастунак тры дні. Бацька апрача паршучка забіў і цялятка. Гарэлку прывезлі з Гайнаўкі, а піва сам бацька рабіў. Такога вяселля як тады, я ніколі ўжо не перажыла. Такіх танцаў, песень не забуду да канца жыцця.
Грыгарук Якуб, Дубічы-Царкоўныя:
Мая сям’я ў 1915 г. прымусова выехала ў бежанства. Сабралі рэчы ў вазок і паехалі ў Расію. Там мы жылі ў вёсцы Чапчугова пад Вязьмай.
Вярнуліся ў 1921 г. Хата стаяла з абадранай страхой. Без рамонту там нельга было жыць. Пайшлі жыць у чужую хату, якая пуставала. Там і жылі некалькі гадоў, пакуль не адбудавалі сваю. Час быў цяжкі. Не было чаго есці, так перабіваліся з бульбы на лебяду. У вёсцы заставаліся тры-чатыры гаспадаркі. Яны жылі добра, а нам дык і ў руку не было чаго ўзяць. Трэба было ратаваць жыццё. Бацька, каб карміць сям’ю, хадзіў працаваць. Мяне бацькі аддалі на службу ў Высокае-Мазавецкае. За адзенне і ежу я пасвіў коней, кароў. Грошы, якія мы прывезлі з бежанства, былі непатрэбныя, імі аклейвалі сцены, выкідалі. За працу разлічваліся натурай: за дзень малацьбы давалі фунт жыта. Было шмат жабракоў, прасіўцаў.
У маёй сям’і акрамя мяне былі яшчэ дзве сястры і брат. Яны таксама хадзілі на службу. Сястра нават зарабіла цяля.
У нас было 16 дзесяцін зямлі. У іншых былі такія вузкія ўчасткі, што нават не маглі на іх развярнуцца канём. Толькі ў 1946 г. арганізавалі калёніі, калі зямлю аб’ядналі, а потым перадзялілі па колькасці, як было раней.
Калі вярнуліся з бежанства, то зямлю апрацоўвалі спачатку драўлянай сахой, аралі на каровах. А потым, у 30-я — плугам і на конях. Жалі сярпом, грэчку рвалі рукамі на каленях.
Каб збіраць грыбы і ягады, трэба было браць дазвол, а рыбу лавілі як хацелі, яе было шмат.
У 1925-1926 гг. ужо не галадалі. Самі пачалі апрацоўваць сваю зямлю. Калі дзеці вярнуліся са службы, то жыць сталі лепей. Купілі карову і каня. У 1932 г. паставілі хату.
Жылі з гаспадаркі. Іншых заробкаў не было. У Гайнаўцы немцы пабудавалі хімічную фабрыку і тартак. Вось і ўвесь даробак. Яшчэ можна было падпрацоўваць на чыгунцы летам па 2-3 тыдні. Ужо пачыналі рэзаць пушчу (50 грошаў за дзень), шмат прыязджала палякаў з захаду. Працы не хапала, многія з прыезджых хадзілі і прасілі грошай.
Былі вялікія падаткі. Каб заплаціць за год трэба было прадаць 2 каровы.
У Варшаву ніхто не ездзіў і не ведалі дарогі, пакуль не пачалася вайна. Дорага было ездзіць, хіба толькі хтосьці быў вельмі хворы ды ратаваўся ад смерці. Так адзін чалавек прадаў чвэрць участка, каб заплаціць за аперацыю ў Беластоку. Звычайна, калі хварэлі, то хадзілі да шаптуноў. Яны ставілі гліняныя збанкі, шапталі, быццам памагала. Але шмат людзей памірала.
На кірмаш ездзілі ў Бельск возам або роварам, якія з’явіліся ў 1926-1928 гг. Мой брат першым у вёсцы купіў нямецкі ровар і заплаціў за яго 300 злотых, а конь тады каштаваў 100 злотых.
Данілюк Вольга і Хаміцкая Яўгенія (сёстры ), Орля:
Дома было нас пяцёра дзяцей: Оля — найстарэйшая, Люба, Валя, Геня і брат Лёўка — наймалодшы. Мама Еўдакія (з роду Кучко з Махнатага) займалася домам, а бацька Канстанцін быў шаўцом. Спярша вучыўся ён у жыда, а пасля працаваў самастойна; два ягоныя браты таксама былі шаўцамі. Бацька вельмі добра ведаў нямецкую мову, якая была падобная на тую, якою карысталіся арлянскія жыды.
Што елі? Нашы (арлянскія хрысціяне) не мелі такой ежы, якую мелі жыды. У нашым доме раніцай была зацірка з малаком, бо мелі сваё. На абед была бульба з капустай. Бігасу тады людзі не варылі, бо не ведалі такой стравы, а суп з капустай варылі на тры дні і елі. Елі таксама бульбу з рэдзькай. Мы, дзеці, елі хлеб, які мачалі ў вядро з вадою, а калі быў цукар, тады пасыпалі цукрам. Цукар, аднак, быў рэдка, найчасцей была сахарына. Мы, дзеці, памагалі малоць муку ў жорнах у цёткі Зінкі і вельмі была смачная зацірка з тае мукі. Фруктаў не было, а па вуліцы Бельскай багаты жыд, кавалер, меў вялікі сад. Там дзеці зрывалі грушы, што павісалі над дарогай, і раз сястра Валя дастала каменем у галаву за тое. Не было тады садоў, так як цяпер.
Наша сям’я арандавала крыху поля. Была карова, якая хадзіла ў пагоне; былі свінні, гусі, куры, бо ж трэба было пракарміць сям’ю. Дзеці хадзілі з мяшкамі ў поле і рвалі там храбуст — зелле для свіней.
У свабодны час дзеці бегалі па панадворку. Рабілі таксама лялькі са шмоцця. Бегалі ў поле рваць стручкі. Бегалі і пад самыя Спічкі на гнілкі, бо там расла дзікая груша. Летам у лесе за рэчкаю, які называлі Борам, збіралі шышкі на зіму, каб было чым паліць. На зіму бацькі клалі аж пад самыя вокны прызбу з шыкуцця, якое мы таксама збіралі летам у Бары.
У школу хадзілі мы з пашытымі са шмоцця торбамі. Мелі нейкую паперу, а палачкі для рахункаў самыя рабілі. Фартушкі шылі дома і фарбавалі. І як апранеш на дождж, — успамінае Яўгенія, — то тая фарба па пятах цякла. У школе на перапынках — успамінае Вольга — давалі дзецям варволь (па-польску: тран); хіба таму, што дзеці галадалі. У той час амаль ніхто з Орлі не ішоў вучыцца далей, бо не ставала.
Газет не было, цемната была. Мы ўпецярых адраблялі дамашнія задачы на кукішках на адным шлябанчыку. І на тым шлябанчыку ўсе спалі — рассоўвалі, бо там быў схаваны сяннік з саломы. Мэбляў не было — стол, шлябанок і шафка; і гэта ўсё! У час пажару ў 1938 годзе наша хата не згарэла, бо стаяла воддаль ад вуліцы.
Ткалі лён і шылі рубашкі. Сукенка была з саматканай льняной тканіны, і тую сукенку апраналі толькі ў свята.
Тата зрабіў нам боты. Па шкуру ездзіў кудысь у Бельск. І як зайшлі на забаву, то — ой! — як нам усе зайздросцілі. А летам, як цяплей было, то нават ужо ў красавіку, усе хадзілі басанож, бо ж шкада было таго абутку. Жанчыны мелі шнураваныя чаравікі, а мужчыны — афіцэркі.
Хадзілі пяшком, і я, — гаворыць Яўгенія, — хадзіла з мамаю ў Гайнаўку, больш за дваццаць кіламетраў; там жыў мамін брат. Выходзілі з хаты рана, прыставалі ў дарозе.
Дзіда Дзмітрый і Краўчук Надзея, Тафілаўцы:
Д. Д.: Што я магу сказаць? Гаспадарка ў людзей была невялікая, небагатая, але на жыццё хапала. На рынку можна было без праблемаў прадаць сабраны ўраджай збожжа. Бліжэйшы рынак знаходзіўся ў Орлі і Бельску. На грошы купляліся соль, керасін (газа), гарэлка, боты і іншыя тавары. Вельмі дарагім быў цукар і салодкія прысмакі, гэта было раскошай.
К. Н.: Багаты стол быў толькі на вялікія царкоўныя святы. Звычайна на свята забівалі кабана. Гэта здаралася адзін раз на год, зрэдку — два. Так, жылі бедна, але на жыццё не скардзіліся, бо ўвесь час займаліся чым-небудзь, не тое, што цяпер. Жанчыны ткалі тканіны па хатах, а мужчыны малацілі збожжа. Багатымі лічыліся людзі, якія мелі больш за 50 гектараў зямлі. Такія маглі наймаць людзей на работу з бедных гаспадарак. Гэтым часта карысталіся, але асабліва заможных гаспадарак не было. Хлеб пяклі ў сваіх хатах, муку выраблялі на жорнах. Каб ежа была вельмі разнастайнай, нельга сказаць. Елі капусту, цыбулю, агуркі.
Д. Д.: У сяле зусім не было ніякіх машын. Усё рабілася ўручную.
Дмітрук Мікалай, Агароднікі над Бугам:
Назад вярталіся праз Харкаў — там на станцыі некалькі тыдняў нас трымалі. Наш дом стаяў пусты, бо стары быў, а чый дом новы быў, у той пасяліліся новыя жыхары, але яны паўступалі. Пыталіся тых, што асталіся, ці немец такі люты быў, аднак усё аказалася няпраўдай і фронт як ішоў, так і пайшоў.
Усё мусілі нанава нажываць. Я пайшоў на службу да багатых гаспадароў. Як пабыў у аднаго год, то пазнавалі які я і іншыя гаспадары прыязджалі мяне гадзіць парабкам. Яшчэ ў аднаго валамі з ярмом араў. Усю работу ў полі рабіў, нават як пан на свята ехаў. Працаваў у Храловічах, Вульцы-Замкавай, Драгічыне.
Пасля на арэльку пайшоў, драўніну сплаўляць; швагер мой ужо там працаваў. Поездам ехалі за Брэст. Там займалі клёцы, што ішлі раўчакамі. Мы пад каманду рэтмана збівалі іх у пасы з дванаццаці штук, пасля збівалі ў шнуры, а на шырэйшых водах зноў збівалі па два-тры ў тратвы. Швагер пасадзіў мяне на глове — каб лягчэй мне было; у тратве былі глова, цаль і бухта, а малады, такі як я, называўся прыц. Па Мухаўцы плылі ў Брэст, а там на Буг нас кідалі. Спыняліся каля нашай вёскі і я браў ежу з хаты. Пасля ў Драгічыне рэтманы правяралі, ці ўсё ў парадку. Далей на Віслу плылі.
Тратвы заганялі аж за нямецкую граніцу, за Аляксандраў-Куяўскі. Прыходзілі немцы і пісалі, а нас саджалі ў вагон і не выпускалі, пакуль мы не выехалі на свой бок. Арэлі гралі ў карты, а старэйшыя да паненак хадзілі. Вярталіся поездам.
Як добра шыхавала, то тры разы ў год ганялі тратвы, а калі горш было, то два разы. Калі была пагода, без ветру, то гналі каля месяца. Плацілі ў Беластоку. У арэльку хадзіў я шэсць гадоў, але як адна плата прапала, то я больш не пайшоў.
Калі вяртаўся дадому з грашыма, то брат запрагаў каня, каб з матуляй ехаць у Сямятычы. Так шмат гадоў будавалі дом за тыя грошы. Але як я ўбачыў, што брат карыстае з майго, то ажаніўся з паннай, што нічога не мела. Будынкі яе былі спалены, толькі буда была, у якой яна сядзела. І я пры ёй астаўся. Стаў гаспадарыць. Цяжка было.
Дэмчук Ян, Чаромха-Станцыя:
Як з бежанства дадому ў Вычулкі вярталіся, мне за год было. Тады бацька памёр. Маці паўторна выйшла замуж. Гаспадарку з айчымавай спалучылі. Разам больш за трынаццаць гектараў поля было. У айчыма быў дом, гаспадарчыя будынкі, фруктовы сад з вуллямі і агарод. У хлявах трое коней, дзве каровы, вепручкоў пара і авечак больш за дзесятак. Пару коней айчым для войска разводзіў. На рынку за каня плацілі 150-180 зл., а вайскоўцы ў два разы больш давалі.
Дом драўляны быў пакрыты саломаю. Хата на дзве паловы была падзелена. У адной сені і кухня са спальняй змяшчаліся, у другой — кладоўка. У кухні была печ вялікая, з цэглы. Хату дровамі ацяплялі. Апалам у лясніцтве забяспечваліся. Участкі ляснік назначаў. Хто буталь гарэлкі паставіў, таму лішнія дровы прыбаўляў.
У айчыма служыў парабак. Ён членам сям’і лічыўся. Адзеннем і ежай забяспечвалі. У канцы года плацілі яму 115 зл.
Зямля III-IV класаў была. Сеялі пшаніцу і жыта. Садзілі бульбу. З гектара 15-18 цэнтнераў збожжа збіралі.
Сельскагаспадарчых машын не было. Карысталіся прыладамі, якія каваль у кузні зрабіў: плугам, бараною, матыкай, сярпом і касою. У суседняй вёсцы манеж і малацільная машына-тарганка былі. Гаспадар імі зарабляў. Мы машынамі не карысталіся, паколькі зерне ў каласах заставала. Касілі сярпом і касою. Касу нанач дахаты забіралі і хавалі ў скрыню. Крадзяжоў баяліся. Малацілі цэпам. За дзень па залатоўцы плацілі. Наштодзень варылі суп, бульбу і палюшкі малаком залівалі. Раз у год вепручка забівалі. Жывёлагадоўляй не займаліся. Кароўку-дзве для малака дзецям трымалі. Пашы не хапала. Бывала, што ўвосень дах саломай пакрывалі, а на прадвесні змуршэлую страху скідалі і на сечку рэзалі. Гэтым жывёлу кармілі.
У пана Ячыноўскага, што ў маёнтку Янцэвічы жыў, буйныя сенажаці парасталі. Нашы вяскоўцы на трэці скос туды хадзілі. Было так: селянін наймаўся траву касіць, затым сена сушыў і ў копкі складаў. Кіраўнік маёнтка прыходзіў і працу ацэньваў. Дзве копкі пану пакідаў, трэцюю касільшчыку даваў. Ад таго трэцім скосам назвалі.
Чараду пастух пасвіў. Больш за 130 кароў было. Ад каровы пуд жыта браў. Па чарзе харчавацца хадзіў. У каго дзве каровы былі, два дні затрымваўся. Апрача таго гаспадар вымушаны быў пастуху памочніка даць. Калі сам не ішоў, наёмнага пасылаў. Тады яму 50 грошаў плаціў і торбачку з ежай у поле даваў. Я часта ў памочнікі наймаўся. Хацеў свае грошы мець. У торбачку давалі мне буталь малака і два яйкі. Свежае малако праз дзень на масла збівалася. Затым выцягваў яго прутом і з’ядаў. Яйкі для жыда па 3 грошы за штуку прадаваў. Кашулі шылі з льнянога палатна. Касцюмы з воўны па ільне тканай. У мяне адзінага ў вёсцы купны касцюм быў. Аднагодкі на шлюб прыходзілі пазычаць. Адзенне рабочае шылі з саматканага радна, якое ў Сычах хвалявалі. Хваляванае палатно дажджу не прапускала.
У 1929-1932 гадах мужчыны на эміграцыю падаваліся. Найчасцей у Паўднёвую Амерыку: Парагвай, Уругвай, Аргенціну. Шукалі лепшай долі. Пакаштаваўшы смак жыцця на чужыне, з нічым дамоў вярталіся. Там такая ж бяда была.
Перамены пайшлі пасля 1934 года. Паказаліся першыя жалезныя бароны і культыватары. Багацейшыя замянялі саламяную страху на цэментавую чарапіцу. З гаспадаркі нейкі прыбытак быў. Для прыкладу: цэнтнер пшаніцы каштаваў 24 зл., а жыта — 12 зл., калі кілаграм рафінаду — 1,05 зл., буталь гарэлкі — 2,10 зл. Гандляры на свініне і ялавічыне ашуквалі. За кілаграм жывой вагі па 0,80-1,10 зл. плацілі, калі кіларгам каўбасы каштаваў 1,60 зл., а кумпяка — 2,60 зл.
Нам някепска жылося. У агародзе памідорчыкі, агурчыкі, фасоля свае былі. У садочку каштэлі, антаноўкі, слівы і грушы красаваліся. А ў вуллях шмат духмянага мёду.
Гандлем жыды займаліся. У Высока-Літоўску на пяць тысяч жыхароў 3500 яўрэяў было. Памятаю, як жыд яблыкі купляў. Вясною, як сады цвілі, аглядаў фруктовыя дрэвы, затым выбіраў найбольш квітнеючыя і за іх грошы плаціў. Як прыходзіў час збірання фруктаў, наймаў стоража, каб падросткі пладоў не кралі.
У Высокім быў гмінны цэнтр, а ў Брэсце — сядзіба Палескага ваяводства. У гміне згуртаваны былі сорак чатыры вёскі. У Высокім працавалі сельскагаспадарчы гурток, лячэбніца і аптэка. Да сельскагаспадарчай арганізацыі належалі багацейшыя сяляне. Мой айчым таксама быў яе членам. Лекарам жыд Кірштэйн быў. Аптэка належала Манюшку. У лячэбніцу нямногія хадзілі, таму што паслугі былі дарагія. Людзі самі лечылі пякотку і боль страўніка. У якасці медыкамента ўжывалі соду. Калі неабходны быў спецыяліст, ішлі да аптэкара. Гэты ведаў, што хвораму даць. Такім чынам лекару не плацілі за візіт, бераглі грошы.
Іванюк Эмілія, Вітава:
У часе першай вайны наша сям’я была ў бежанстве. Недалёка, тут на Беларусі. Прынялі нас там мясцовыя людзі вельмі добра. Калі вярнуліся, то хата наша захавалася. Акрамя мяне былі яшчэ брат і дзве сястры. Жылі разам з бацькамі, пакуль яны не памерлі.
Галоўнай ядой быў хлеб, таксама бульба, мяса, хто меў. У гаспадарцы трымалі звычайна каня, карову. Канём аралі зямлю. Зямлі ў нашай сям’і было шмат, але колькі ўжо не памятаю. Зямля была адным кавалкам, а не палоскамі. Аралі плугам. Кабеты жалі сярпамі, а мужчыны косамі касілі. Дзеці дапамагалі ў полі дарослым. Нават цяжарныя кабеты працавалі. Бывалі выпадкі, што і ў полі нараджалі. Бяднейшыя наймаліся на працу да багатых. У поле бралі есці хлеб і што-небудзь да хлеба, звычайна бутэльку малака. Статак у вёсцы пасвілі калейкай. Пасылалі звычайна старэйшых дзяцей.
Лазняў тады не было. Дзяцей купалі ў мядніцах. Бялізну мылі мылам у балеях. У нашай хаце пярыны былі і подушкі, бо маці полька была.
Жанчыны пралі лён. З яго рабілі адзежу. Куплялі таксама тканіну ў жыдоў. Але шылі звычайна самі. Я сама таксама шыла, мела пазней сваю машынку. Тканіны часта самі фарбавалі. Фарбу таксама куплялі ў гандляроў.
Мужчыны шмат працавалі ў лесе. У лесе збіралі грыбы і ягады для сябе. Але таксама і прадавалі жыдам. Рабілі з ягадамі пірагі, квас. Заварвалі яблыкі, грушы, слівы. На зіму нарыхтоўвалі агуркі, капусту. П’яніц у вёсцы не было. Толькі на святы куплялі трохі гарэлкі.
Кавейша Надзея, Сынкоўцы:
На гаспадарцы трэба было памагаць: у хаце і на полі. Бульбу капала і скрэбла. Авечак пасвіла: і сваю каляю, і за каго. Авечак трымалі многа і ад аднае авечкі трэба было адзін дзень пасвіць. Як за кагось адпасвіла, то штось давалі. Мне часам давалі кубак сачэўкі і як мама наварылі, то вельмі смачная была, бо мы сачэўкі не сеялі.
Свіней не пасвілі, але зеллем, бульбаю і мукою кармілі. Трымалі па адным свінчаці.
Кароў таксама пасвіла. Быў сталы пастух з вёскі, але яму яшчэ двух калейнікаў дадавалі. Ён, як займаў пагон, то трубіў голасна на трубцы з каровінага рога. Пасвіў у лесе на Тальках, на вырубах — там, дзе цяпер гушчэр. Пастуху па колькісь кіляў жыта ці аўса ад каровы давалі. Як хтось меў дзве каровы, то ўжо многа было.
Усё малако сабе спатраблялі; ніхто малака не браў. Масла прадавалі і той, што купіў, пасля адрабляў. Жыта прадавалі адзін другому. І жыды ездзілі па вёсцы і збожжа скупоўвалі.
Жыта трымалі ў мяшках. Замнога не было, бо трэба было пасеяць, коней карміць, бо пасля па двое коней трымалі. Малолі ў сваіх жорнах. Мы жорнаў не мелі, то карысталіся суседавымі. Як дзеці палягуць, тады ішлі ў сені і малолі. Жыта ў печах сушылі, бо так не ішло. Пасля малоць вазілі ў Сідэрку, у млын.
Мама самыя ткалі і самыя іголкаю рукамі шылі, бо машыны не было. Світры, хусткі, спадніцы, блузкі на прутках і кручком вязалі. Нам мама вострыя пруткі баяліся даваць, то мы на драўляных прутках вучыліся вязаць. І на зіму світкі нам мама рукамі шылі — заміж ваты пакулле давалі пад подбіўку.
Пасцель — пасцілкі і пашэўкі — мама ткалі. Падушкі былі з курыным пер’ем, а зімою накрываліся кажухом або світкаю з воўны. Ложкі пры сцяне стаялі, а часам і на печы спалі. Зімою мы на печы гулялі, а мама баяліся, каб мы з печы не зваліліся.
Калі зуб забалеў, то ў ніякіх лекараў не лечыліся; хусткаю галаву закручвалі — баліць, баліць і выбаліць. А як доўга плачаш, то мама крыкнуць: „Сціхні!” і сядзіш ціха. Роды бабка была прымала, а пасля яшчэ хадзіла да парадзіхі і купала, памагала, асцерагала.
Калейнік Яўгенія, Вострава:
Бацькі мае, як і іншыя вяскоўцы, выехалі ў бежанства, бо страшылі іх, што немцы будуць душыць людзей лаваю. Да Баранавіч ехалі сваім транспартам, а ад Баранавіч сем тыдняў поездам. Заехалі яны вельмі далёка. Жылі дрэнна, у цялятніку на вышках. Мама з татам на фабрыцы працавалі. Тата працаваў цяжка пры цюкаванні мяшкоў. Памерла ім трое дзяцей: дзве дзяўчынкі і хлопец. А як вярнуліся, то яшчэ адзін хлопец памёр.
Вярнуліся пасля сямі гадоў. Як прыехалі, то цяжка было. Калі выязджалі ў Расію, то тут усё дабро пазакопвалі. Але другія зараз раскапалі, толькі да адной дзежачкі не дабраліся; у той дзежачцы мы хлеб расчынялі, толькі нядаўна тая дзежачка пацякла і я адставіла яе пад муку для свіней.
Хто хітры быў, той у Расіі папяровыя грошы на золата памяняў. Зайко, напрыклад, у тронках лапаты дзірку выверцеў, паўпіхаў туды золата і кінуў пад ногі. І так захаваў і прывёз сваё багацце. А нашы мяшочак паперыкаў прывезлі. Прыгожыя былі, я яшчэ крыху імі бавілася, а пасля ўсе ў печ выкінулі.
Хата стаяла голая. І хлеў быў. І гумно старое. Прыехалі нашы, як стаялі. І тут нажываліся. Не было ні залатоўкі, ніхто нічога не купляў. Толькі ўжо перад самай вайною адзін свіней скупляў, то людзі трохі грошай пабачылі.
Сястра, што ўжо дзеўкаю была, каб купіць сукенку хадзіла працаваць у Кальнае ў маёнтак, або ў Дуброву да жыдоў. Калісь у Дуброве ніякіх польскіх людзей не было, толькі адны жыды. У жыдоў цэлы дзень агуркі рвалі і за гэта плацілі ім 50 грошаў; за такія грошы можна было купіць марную хустачку на галаву.
Насенне на пасеў у жыдоў бралі. Лён сеялі, пралі, ткалі. Пралі на колку, ткалі на кроснах. Ткалі ўсё: палатно, дыванікі, мяшкі, плахты. Палатно бялілі ў запараным попеле і парылі ў печы. А пасля мылі і на расу раскладалі. Аднойчы мама кажа сястры:
— Давай, Олька, напрадзем лёну, вытчам з пакулля дарожкі і завязем у Гродна прадаць жыдам.
За грошы ад продажу дарожак купілі ёй плюш на паліто. Пашылі паліто, у якім прадзеўкавала яна аж да вяселля.
Дзеўка мела дзве сукенкі: адну на будзень, а другую на свята. Да святочнай белы каўнерык быў. І хустка амаль абавязкова! Пантофлі былі адны на ўсё дзявоцтва. А каля хаты хадзілі ў дзеравяных клёмпах, скураю са старых камашаў або падлай жывёлы абабітых.
Кароў не рэзалі, толькі як старэлі, жыдам прадавалі. Пад свята свіней калолі. Шэрсць рвалі і прадавалі. За тую шэрсць можна было купіць соль, каб пасаліць тое свінчо. Усе вырабы салілі, а кілбасы засушвалі; ніхто тады не вэндзіў. У карыта пакладуць, пасоляць, павесяць і высушаць.
Есці хапала, бо ўсё сваё было, толькі грошай не было. Варылі кашу і бульбу, аладкі бульбяныя і мучныя пяклі. Па грыбы за рэчку ў лес хадзілі.
Лыжкі дзеравяныя, прыгожыя на сцяне на лыжачніку віселі. І нож быў, і апалонік. Пасуды мала было, бо адна міска на ўсю сям’ю. Саганы былі тры: на кіслае, прэснае і на бульбу; і яшчэ адзін свіням. Кіслае, гэта было бацвінне і капуста, а прэснае — зацірка, панцак, макароны. Бульбу таўклі валкам, якім качалі бялізну.
Усе пасты пасцілі. Алею з лёну націснуць літраў з дваццаць на цэлы пост. У Гарасімаўцах была машына алей выціскаць: з лёну, канапель і маку.
Дом складалі хата, каморка і сені. У хаце падлогі не было, толькі ток пасыпаны жоўценькім пясочкам; пасля падлогу зрабілі. Каморка ад хаты была перагароджана сцяною і печкаю. Печ была без пліты. Пад печаю курэй трымалі. А яшчэ раней, калі мама выходзіла замуж, то і свіней дома трымалі. Мама першы раз заслала ложак, а тут цешча свінню ў хату заганяе і карыта зпад ложка выцягае! Ложак у нашай хаце дзеравяны быў, адзін. Апрача яго яшчэ і палок за печчу быў. Быў стол і табурэткі. І праз цэлую хату лава з аднае дошкі на бярозавых калодках.
Дровы 30 кіламетраў зпад Аўгустава вазілі. Куплялі іх за грошы за намалочанае жыта. Вазілі на санях з дачэпленаю сучкаю. Сані вузкія былі, недзе па 70 сантыметраў, перакульваліся.
І выяздовыя санкі яшчэ былі — у царкву або дзе. На санках адна лаўка была і сядзенне ззаду.
Вазы на дзеравяных восях жыды рабілі, а нашы ў іх куплялі. Усё жыды рабілі, толькі як немец іх пабіў, то і нашы навучыліся рамяству. На возе гнаяўкі і драбіны клалі. І палукашкі, плеценыя з лазы, два: спераду і ззаду. Шлеяў не было, толькі хамуты.
Жалі сярпом, а касою сталі збожжа касіць толькі за немцам пасля вайны. Касою сенавалі траву. Сена звозілі ў гумно, малое, а рэшту клалі ў стагі на балоце. Балота было два кіламетры ад вёскі, насупраць Крапіўнага. Балота многа было, але карысці мала, бо рэчка залівала.
У канцы дваццатых гадоў сталі гаварыць, што будуць рэзаць калёніі. То я ўстрывожылася, што і людзей мо таксама. Зямлі хапала, аднак былі і такія, што і зусім мала мелі. Аднак з вёскі ніхто нікуды не выязджаў. Зямлю бацькі дзялілі роўна сынам, дочкам пасаг давалі.
Капчук Васіль, Мікулічы:
Так ехалі ад Тройцы да Прачыстай 1920 года; праехалі тры тысячы кіламетраў. Перад Брэстам пераязджалі бальшавіцка-польскі фронт. Спынілі нас, каб у бой не папасці. Саветы адступілі і мы паехалі праз Брэст.
Будынкі стаялі ў траве і крапіве. І думай, як пражыць! Тата вярнуўся тры месяцы раней ад нас. Ён ужо дроў загатовіў, печ наладзіў, грыбоў насушыў, каб на зіму было што есці. З сабою прывезлі мы дваццаць кілаграмаў прасянай кашы.
Хадзілі малаціць на шляхту. І картофлі памагалі капаць. За дзень давалі два кілаграмы жыта і кармілі. Хто дачакаў вясны, то ўжо мог сілкавацца лебядой, крапівой і шчаўем. Накідаюць у гаршчок крапівы або лебяды, насыплюць крыху круп і такі тады суп быў. Або дзве-тры лыжкі жыта змелюць у жорнах, кінуць на ваду і такі клеік быў.
Не ўсе мелі чым сеяць. І абрабляць зямлю не было як, бо коні памарнаваліся ад дарогі і клімату, пахварэлі. Трэба было браць рыдлёўку і самому капаць зарослае праз пяць гадоў поле. А картофлю яшчэ доўга прыносілі ў падарунку, як сёння дзецям шакалад.
У 1920 годзе зімы не было, але многія людзі паміралі ад туберкулёзу, бо лекаў не было і не было вопраткі. Бадай у 1922 годзе атрымалі мы з польска-амерыканскай дапамогі дзецям па паўкілаграма густога малака, якое кароваю было чуць.
Было многа лесу і купцы з Беластока прыязджалі і куплялі. За тыя грошы нашы сяляне куплялі сельскагаспадарчыя прылады. У жыдоў грошы пазычалі і коней куплялі. З піламі ездзілі ў Гайнаўку загатаўляць дровы; і я з дзядзькам у Чарлёнку ездзіў.
У школу я мала хадзіў, бо зарабляць трэба было. У 1927 годзе стаў я на работу ў кафлярню ў Мілейчычы, гліну мясіць. Трэба было рабіць дзесяць гадзін у суткі, у суботы таксама, і выконваць усё тое, што загадалі; тады не так-сяк рабілі. Штодзень пяшком туды і назад хадзіў.
Кердалевіч Ян, Чаромха:
Спыніліся мы ў Пружанах на палянцы для бежанцаў. Раптоўна падышоў фронт. Нас у палон захапілі немцы. Загадалі вяртацца дамоў. З намі вярталася каля дваццаці падводаў з чарамшукамі.
І так мы вярнуліся ў сваю Чаромху. Панамі і гаспадарамі былі ўжо тут немцы. Прымушалі яны мужчын працаваць на чыгунцы. Я папаў на ўчастак за Дабрывадай, а кватараваўся ў апусцелай дабрывадскай хаце. Дамоў, у Чаромху, прыязджаў я толькі ў нядзелю. Тэхнічныя кадры састаўлялі немцы (майстар, таровы, работнікі). Мы лічыліся сезоннымі работнікамі. На гэтай рабоце я заставаўся недзе да 1918 года, значыць, да нямецкай рэвалюцыі (якая ўзнікла ў Германіі зараз жа пасля расійскай). Пасля нас адпусцілі дамоў.
У 1922-1925 гадах працаваў я работнікам чыгуначнай телефоннай сувязі разам з Хведарам Сідаруком з Кузавы і Мікалаем Малюхам з Кляшчэляў.
У 1923 годзе ажаніўся я з Наталляй, дзяўчынай са сваёй вёскі. Нарадзіліся ў нас дзеткі, сын Мікалай, дочкі Лідзія і Марыя.
Да 1927 года працаваў па-ранейшаму работнікам тэлефоннай сувязі, пасля дарожным. З 1927 г. назначылі мяне столярам. Гэтай прафесіі вучыўся я ў бацькі і аднавяскоўцаў.
Кірылюк Анастасія, Дубічы-Царкоўныя:
У маёй сям’і было трое дзяцей, а ў 9 год я асірацела. Памерла маці. Жылі мы бедна. Зямлі ў нас было мала. Бацька быў краўцом. Шмат шыў і ўсё купляў зямлю, у нас была чацвяртуха. Аралі зямлю плугам, жалі толькі сярпом. Машын ніякіх не было.
Я ўжо ў сем год жала. Аралі канём. Маці сама сеяла. Шмат працавалі, каб было як жыць. Зарабіць можна было толькі летам, наймаючыся да багатага гаспадара жаць, ды і там плацілі мала. Толькі 1,5 злотых за дзень. Мне нават не было калі хадзіць у школу. Але маці за гэта не каралі, бо я хадзіла ў школу, калі час быў. Але толькі некалькі месяцаў.
Кішыцкі Аляксандр, Кнышэвічы:
У бежанстве наша сям’я была ў вёсцы Кацярынаўка каля Кіева, бацькі ў гаспадара рабілі. Паўміралі яны там: мама, цётка і тата. Тата, калі ўміраў, прасіў:
— Сыночкі, не курыце, бо я на той свет іду праз табак.
Былі мы там сем гадоў. Вярталіся з дзядзькам нас траіх братоў і дзве сястры. Ехалі парай коней, у Кіеве праз мост на Дняпры праязджалі. У нашым абозе ехала каля сарака фурманак, але многія ў Брэсце асталіся. У Кнышэвічы даехала сем фурманак.
Прыехалі ўвосень. Вёска папалена была, у нас адна стадола стаяла. Спачатку жылі ў склепе. У Слойку, у маёнтак, быў вывезены магазін, пан яго аддаў, мы ў ім печ зрабілі і там мо з сем гадоў жылі. Урад даў сорак пудоў жыта і яго засеялі. Адзін чалавек нашу зямлю абрабляў і мы да яго хадзілі есці першыя два тыдні, бо не было чаго. Яшчэ і пасля ён нам бульбу даваў. Старэйшы брат у войска пайшоў. Прадалі аднаго каня і за яго купілі карову і я, наймалодшы, тую карову пасвіў каля хаты. Сярэдні брат у Бабіках свіней пасвіў, а меншая сястра служыла ў пана за Саколкай; старэйшыя брат і сястра гаспадарылі.
Ложка не было, спалі на сянніку на пастаноўцы. Была і прыца — пара дошак і ножкі. Пад галаву мяшочак з саломай клалі, накрываліся плахтай, прывезенай з Расіі.
Елі картофлю, навесну крапіву варылі і лебяду. У суп адну картофельку цэлую кідалі і крапіву. І незабелены ён быў, і незасквараны. А бульбу тую давалі мне, бо я найменшы быў. Як сястра заслужыла ў пані грошы, то за іх ячмень і авёс купілі і сваё мелі. Ад дзядзькавай дачкі сёстры дасталі курачку і яйкі; пасадзілі тую курачку і загадавалі курэй.
Да камасацыі ў 1931-33 гадах былі палеткі. У палетку былі тры палоскі: на адной сеялі жыта, на другой ярыну, а трэцяя папарам аставалася. Бульбу садзілі там, дзе і ярыну. І лён сеялі разам з ярыной. Гародніну — буракі, капусту, моркву і мак — вырошчвалі ў агародзе. І каноплі ў агародзе сеялі. Каноплі былі толькі для путаў, вяровак і лейцаў.
Кароў не путалі, толькі коней. Карову спярша калочкам паганялі, а пасля пугай. Пазней авечак сталі разводзіць. Авечак з цэлай вёскі наняты пастух пасвіў на папары. І свіней на папары пасвілі. Рылі яны, траву скублі, хадзілі спакойна. Як было горача, то ў разорах ляжалі, а ў дождж дахаты ўцякалі. А як дадому гналі, то кожная свіння бегла на свой панадворак. Свіней трымалі хто колькі мог — хто двое, хто трое, а хто і пяцёра. Свіней яшчэ дома рана і вечарам кармілі. Як стала больш кароў, то ўсе іх з вёскі адзін пастух разам з коньмі пасвіў на выгане; выгану было каля сарака гектараў каля вёскі.
Калі быў мароз, то парасят дадому забіралі; да свінні пускалі толькі каб пассалі. І курэй зімою ў хаце трымалі, у падпечак заганялі. Рана выпускалі іх на кухню, кармілі і зноў пад печ. Смурод быў. Пад печ і рэшата з сенам стаўлялі і куры несліся. І певень пад печкаю спяваў, крыламі палопаўшы. Гусей і качак на панадворку трымалі. Ваду ў карыта налівалі і ім хапала. У хаце пад печчу некаторыя трымалі трусоў, траву ім прыносілі. Часам гадавалі злоўленых зайцаў. Было многа ваўкоў, якія авечак і ягнят кралі; дзеці баяліся іх. Мая дачка з ваўком білася за барана, я пабег і прагнаў воўка. Вужоў не было, бо не было лясоў, а куранят сарока крала.
Жалі сярпом. Сярпы кавалі рабілі, у кожнай вёсцы каваль быў. Грэчку рукамі рвалі, бо малая была. Лубін сярпом ламалі — нагнеш і адломіцца.
Урад даў нам сорак метраў лесу, мы папілавалі і гэтую хату паставілі, а ў ёй печ з цэглы і каменя ды пліту на чатыры кругі. Адзін брат і сёстры паўміралі, з хваробы, а якая хвароба — невядома. Я з братам падзяліўся. Яму хату купілі, а я ў сваёй астаўся. Пасля той брат і ягоныя дзеці таксама паўміралі.
Святы добра святкавалі — Вялікдзень і Каляды па чатыры дні спраўлялі. Пасцілі як хто. У сераду і пятніцу мяса не елі. У пост некаторыя бабы нават малака не елі — елі толькі апечаную бульбу. У Пятроўку вязку цыбулі ды бобу або гароху навараць, набяруць у торбачку і так ішлі дваццаць кіламетраў касіць. І здаровыя былі.
Лонка была ў Сакалдзе, пад Лазнямі. Лазні нам спасвалі або выкошвалі, бо бедна жылі; прыедзеш, а тут выкашана. Калі каго нашы злапалі, што коней ноччу на нашых лонках пасвіў, тады тыя давалі пару злотаў і так аставалася — не хацелі з імі вельмі заводзіцца. Сена праталі два разы ў год.
У царкву хадзілі часта, кожную нядзелю мус было! Апраналіся па-святочнаму, а ішлі басанож. Пад царквою абуваліся, пастаялі, выходзілі і зноў басанож. Святочны абутак куплялі ў жыдоўскіх крамах у Саколцы. Хлопцы куплялі боты, а дзяўчаты чаравікі.
Пакуль снег нападаў, хадзілі басанож, а пасля хадакі, папуці, абіякі абувалі. Абіяк меў драўляную падэшву, а верх раменны. Хадак меў усё з рэменя і вяроўку, каб трымаўся на накручаных на нагу анучах. Хадакі самыя шылі, толькі рэмень у жыдоў куплялі. І абіякі самыя рабілі, толькі гвазды куплялі, каб рэмень прыбіваць. У хадаках хадзілі вясною, а ў абіяках — зімою. У абіяках хадзілі толькі па панадворку, бо цяжкія, а хадакі клалі ў поле, бо лёгкія. Я сам шыў хадакі.
Апраналіся ў саматканую вопратку. Кашулі з лёну шылі. Тканіна для нагавіц і летнікаў мела аснову з лёну, а воўнаю ткалі — так хадзілі кавалеры. Спадніцы ткалі з воўны. З воўны таксама халаты ткалі і валяваць аддавалі ў валюш у Кузніцу; халаты былі вельмі цёплыя і цяжкія.
На пыцель малолі ў Міжрэчы, а на хлеб вятрак быў у кожнай вёсцы. За памол плацілі грашыма або мукою. Крупы ў жорнах малолі, а панцак у ступе таўкачамі таўклі.
Крук Ян, Тафілаўцы:
Маці ў мяне памерла ў 1931 г., калі мне было 7 год, бацька ажаніўся другі раз. Ад першай жонкі засталося трое дзяцей, пяцёра — ад другой. Я з братам авечак пасвіў. Год трэба было пасвіць (багацейшыя не хацелі пасвіць, і наймалі бяднейшых хлопцаў, якія тым самым хацелі падзарабіць). За год такога пасвення плацілі 60 пудоў жыта. 1 пуд — 2 злоты. І тады можна было на гэтыя грошы купіць ровар. На вёсцы было толькі два ровары, таму кожны хацеў займець ровар.
За польскім часам людзі жылі выключна з зямлі. Зямлі тады было ня дужа, па 7-8 гектараў на вялікую сям’ю. Хата ў нас драўляная была, мэблі ніякай. Спалі на нарах ці печы. Што мы елі? Боршч, капусту, каплуны (хлеб, цыбуля з мясам). У пост есці хочацца, а бабуля не дазваляе, то прабярэшся ў камору, скрадзеш сала і ўцякаць, а там з’есці. Што мы насілі? Матка ці баба шылі касцюмы, вопратку. На нагах насілі хадакі, пасталы ці пантофлі. Дзяўчаты насілі пантофлі толькі ў царкве, ну і спадніцы, канечне дзяўчаты насілі спадніцы.
Кубаеўскі Ян, Орля:
Пры санацыі ўся мая сям’я: мама Анна, тата Аляксандр і старэйшы за мяне на тры гады брат Аляксандр жылі ў Орлі і абраблялі зямлю. Былі ў нас старая драўляная хата, стадола і хлеў, у якім трымалі дабытак: каня, карову, свінню, курэй і трусоў. Мелі мы 3,70 гектара зямлі і, як пасля нас акрэслілі, былі малазямельнымі сялянамі.
Калі бацькі выходзілі ў поле, я, ва ўзросце васьмі гадоў, мусіў наскрэбці вядро бульбы, папрыбіраць, накарміць дабытак, дапільнаваць дом ад цыганоў і пабіць мух, якіх процьма стварала і вялікія гігіенічныя праблемы, і звычайна дакучала. Жылося нам вельмі цяжка.
Былі ў мяне адна рабочая і адна святочная вопратка, пара ботаў, дзве кашулі. Часта галадалі. Рана бульба, у абед — суп з бульбай або клёцкамі, у якім плавала некалькі скварак з саланіны або лою. На вячэру зноў была бульба з малаком або хлебным квасам. Помню, як я з братам змагаўся за тое, хто з супольнай міскі вылавіць больш скварак.
Не хапала хлеба. Мама, каб хлеба было больш, дадавала ў муку вараную бульбу, якая прычынялася да выдатнага павелічэння хлеба, але толькі тады, калі бульбы тае не было замнога. Аднак мама часта перастаралася з бульбай і выпечаны хлеб абсядаў у закалец. Яшчэ сёння прыгадваю тыя хвіліны, калі я ванітаваў пасля такога хлеба. Муку для хлеба малолі мы разам з братам. Была гэта цяжкая праца, асабліва для дзяцей.
Бацька, каб дарабіць на жыццё, зарабляў фурманкай у арлянскіх жыдоў. Вазіў яйкі і курэй у Бельск або Гайнаўку. Выязджаў увечар або ўначы, а вяртаўся на другі дзень пасля поўдня.
На Каляды бацька купляў аднаго селядца. І каб я з братам не ўкусілі яго перад Куццёю, ён гвоздам прыбіваў яго за хвост да столі. Такім чынам селядзец крыху падсыхаў і быў пад пастаянным наглядам бацькі. З селядзечнага лёку мама рыхтавала смакавітую ежу, дабаўляючы муку, цыбулю і нейкія яшчэ іншыя прысмакі. Часам на свята тата купляў цукеркі, а пра шакалад і згадкі не было.
Маючы восем гадоў я ўжо жаў і спаборнічаў з братам, хто першы выжне сярпом збожжа да канца загона. Пачыналі жаць у чатыры гадзіны раніцы, а канчалі на змярканні, а між тым толькі гадзіну сілкаваліся.
У дванаццаць гадоў я ўжо зарабляў — араў зямлю ваенным удовам. Аранне пачыналася на досвітку і доўжылася да раніцы, калі мухі пачыналі дакучаць коням. Найгорш было араць аблог. Калі плуг трапляў на камень, то я разам з ім ляцеў некалькі метраў. А пасля трэба было адвалачы той камень на старое месца, каб суседзі не гаварылі, што араў халтуршчык. Сёння цяжка ўявіць, як гэта дванаццацігадовае дзіця адвалакае цяжкі плуг з двума коньмі.
Будучы дзіцём я таксама малаціў на два-тры цапы. Пот, пыл, недахоп чыстага паветра, задышка, абяссіленасць — у такіх умовах трэба было працаваць дванаццацігадоваму пацану.
Нягледзячы на такое мардаванне цэлай сям’і, не хапала нам на жыццё, не гаворачы ўжо пра падаткі, якія былі даволі вялікія для нашых прыходаў. Таму часта да нас заходзіў секвестратар, які, аднак, не меў чаго забіраць. Жывучы ў галечы, я неаднойчы задумоўваўся, чаму мы, нягледзячы на нашу катаржнічую працу, жывем бедна і гаротна, а іншыя, якія працавалі менш за нас, маглі быць багатымі, шчаслівымі, сытымі, адзетымі і абутымі паводле свайго густу.
Я бачыў тую несправядлівасць і зайздросціў хлопцам, якія маглі сабе купляць свежыя булачкі, цукеркі, мець па некалькі вопратак і ботаў, а нават ровар і канькі. Быў я аднак яшчэ замалады, каб зразумець істоту таго грамадскага і матэрыяльнага расслаення. У такіх цяжкіх абставінах застала мяне вайна.
Кучынская Ніна, Карыціскі:
Бацькі мае з Махнатага, што за Старым Корнінам. А ў Карыціскі я пераехала, калі замуж выйшла, ужо пасля вайны.
Сям’я ў нас вялікая была: нас чацвёра, бацька ды маці. Усе працавалі з маленства, бо зямлі ў нас шмат было — 1,5 надзела, дзесьці гектараў 20 ці 30. Нас нават у 1939 годзе раскулачыць хацелі, але не паспелі, перамены наступілі. А што раскулачваць — усё ж самі рабілі, сваімі рукамі, сям’я то вялікая, есці ўсім трэба, вось і працавалі шмат на той зямлі. Яе то многа было, але ж яна скудная была. Гаспадарка ў нас не вельмі багатая была, але конь быў, можа нават два, я дакладна ўжо не памятаю. Карова яшчэ была, свіней двое, курэй пару. Канём на полі ўсё рабілі — аралі, сеялі. А жалі сярпом. Толькі калі рускія прыйшлі, мы пачулі, што калоссі касой косяць. Тады мы з братам пачалі касіць, а бацькі як убачылі, то пачалі сварыцца. Але брат усё роўна працягваў касой касіць. А потым і бацькі ўзялі косы. Работнікаў мы толькі на жніво наймалі, яны самі да нас прыходзілі наймацца чалавек па 5-7 на дзень. Бо мы шмат сеялі: грэчку, жыта, бульбу садзілі. Работнікаў кармілі і грашыма плацілі. Работнікаў кармілі тым, што і самі елі. Елі тады проста: бульбу варылі ды з малаком, хлеб пяклі самі, кашу грэчневую, клёцкі з бульбы, макароны з малозіва, але рэдка рабілі, бульён, сала елі. Мяса, як заб’ем свінню, то салілі. На Вялікі пост капусту рабілі квашаную ў чыгуне ў пячы, нават лён таўклі і кашу з таго варылі. Елі часцей за ўсё з адной міскі. Елі хто як хоча, усе разам. Хто слаба працуе, той слаба і есць.
Прадавалі мы тое, чаго было шмат. Сабе пакідалі, а астатняе прадавалі: зерне, збожжа. Часцей жыды ўсё скуплялі, бо яны гандлявалі ў асноўным. Добра з імі было. Яны маглі прадаць, а грошы ўзяць пазней, калі будуць гэтыя грошы.
Літвінюк Сямён, Баравікі:
Пры санацыі бедна жылі. Воз жалезны быў і конік — скура і косці. Адна карова была. Не было чым карміць, навозаў не было. Крыху авечак трымалі — на воўну. І лён, і каноплі сеялі. Трымалі яшчэ курэй і гусей. Траву гусям на полі рвалі, бо на панадворку траву куры выграбалі. А малым гусянятам, каб надта не крычалі, макавае лісце давалі, то яны пасля таго наркотыку паўдня спалі як нежывыя.
Курэй картофлямі кармілі. Усе куры квакталі. Квактуху, каб не квактала, накрывалі вядром або балеяй і трымалі без ежы тры-чатыры дні і квактанне адходзіла. Таксама і ў ваду мачылі, каб не ішла на гняздо. Яйкі насілі на продаж жыдам у Мілейчычы — сем кіламетраў. І пеўніка, і курачку, і масла, і смятану насілі прадаваць.
Свіней па дзве-тры трымалі. Год часу парася бегае, бо мала кармілі. Бывала, ідзеш за клуню аправіцца, а свіння ўжо пад цябе лезе, падбірае. А для продажу свінню трэба было ўпасці, каб добра выглядала. Парасят і свіней вазілі на рынак у Кляшчэлі. Вязалі ногі і на фурманку клалі. Часам ногі выкручваліся, то такую свінню прыходзілася за паўцаны аддаваць. Свіней не важылі, ацэньвалі па выглядзе і таргаваліся.
Свіней кармілі картофлямі і паранаю паловай. Палова была з жыта, грэчкі і сырадэлі. Грэчку малацілі цапамі, а сырадэлю траслі, а пасля крыху цэпам стукнулі. Грэчку малацілі адразу, а жыта малацілі нават да Пасхі. Лубін, калі не месціўся ў клуні, трымалі ў стагах. Вясною, калі сонца прыгравала, струкі лубіну рассыхаліся і зерне само выскаквала. Лубін трымалі толькі пад сеў. Сеялі навесну і, як стручкі маленькія былі, прыворвалі пад жыта. Пасля некалькіх тыдняў сеялі на тым месцы жыта.
Кароў кармілі сечкай з картошкаю. Сена не было. Уся салома на сечку ішла. Кароў падсцілалі шыкотам з лесу. У хляве мокра не было, бо мала кармілі, то і мала гною было. І на поле не было што вывозіць.
Агароды закладалі, дзе ніжэй было. Садзілі буракі, моркву, цыбулю, сеялі мак, каноплі, на лепшым полі сеялі лён.
Поле было ў дваццаці-трыццаці кавалках. Камасацыі не праводзілі, бо трэба было за яе плаціць, а грошай не было. Скамасавалі зямлю ў нашай вёсцы толькі ў сямідзесятыя гады.
Збожжа трымалі ў свіронку. Жыта трымалі, авёс, грэчку. Пшаніцы не сеялі, бо зямля слабая. Збожжа трымалі ў мяшках, засекі мала хто меў. Малоць вазілі ў млыны: у Мілейчычы, Кляшчэлі, Нурэц. Малолі жыта і грэчку, а муку пасля змешвалі, бо сама жытняя ляпілася да рук.
Картошку трымалі ў ямках, пераважна на панадворку, а калі панадворак нізка быў, то трымалі ў лесе, вышэй; часам з лесу бульбу кралі. Ямы прыкрывалі саломаю, а наверх клалі шыкот.
У рэчцы рыба невялікая была, некалькі чалавек умела лавіць. Былі ракі і іх часта сабе варылі.
Збіралі грыбы: баравікі, зялёнкі, маслякі. Грыбы найчасцей сушылі на зіму. Крыху прадавалі жыдам і ў Нурэц дзесяць кіламетраў канём вазілі. Ягад не было, бо сухая, пясчаная глеба ў лесе.
Хаты ўсялякія былі. Найчасцей грубка-сцяноўка пасярэдзіне стаяла. Сцены бялілі глінкаю. Знадворку на зіму хату шыкотам абкладалі. Вокны былі маленькія, каб холад не ішоў; не ўсе мелі падвойныя.
Панадворкі пераважна негароджаныя былі. Стаялі на іх клуня, хлеў, свіронак. Пасярэдзіне клуні гліняны ток быў. Гліна была свая, пасярод пяску знаходзілася. Хлеў як у каго быў: і на шэсць штук, і на дзве. У хляве трымалі каня, карову, свіней, авечак. Перагароджвалі жэрдкамі. Курэй трымалі ў курніку, прыстаўленым да хлява, або на гарышчы.
Ваўкі былі, пераважна авечак атакавалі, але калі не было маладняку, то і на карову кідаліся. Паслі на аблагах у полі. За аблог, на якім паслі, нават калі яго хто многа меў, не плацілі. Некаторыя самыя паслі, але большасць гаспадароў наймала пастуха. Пастухам плацілі жытам. Калі згадзілі на цэлы год — ад Благавешчання да Міхайла — давалі сорак, а як больш быдла было, то і сорак пяць пудоў жыта і столькі ж картошкі. Ад кожнай скаціны па дзесяць-пятнаццаць кілаграмаў збіраў восенню. І пастуха кармілі — колькі кароў, столькі дзён. Рана еў у гаспадара снеданне, на дзень давалі яму ў торбачку бутэльку малака, пару яек і кусок хлеба, а вечарам давалі вячэру.
Студняю карысталіся пяць-шэсць сем’яў. Капалі пры вуліцы, дзе задумалі — усюды вада на адным узроўні была. Раскопвалі шырокую яму, клалі зруб з дзеравяных балікаў, як будынак, а пасля абсыпалі пяском. Ваду найчасцей чэрпалі коваратам. Вядро было дзеравянае, з сасны.
Вёдры рабілі ў вёсцы, таксама бочкі і капанечкі для цеста. Абручы для бочак куплялі або вязалі з дроту. Дрот куплялі ў жыда, або камбінавалі пры чыгунцы. Пры чыгунцы тэлефоны былі, паштовыя і чыгуначныя і як работнік на стаўбах драты мяняў, то з ім дагаворваліся.
Пралі ў рэчцы — прачом пастукаюць і ўсё; парашкоў ніхто не ведаў. А зімою неяк у хаце пралі. На кожным балота аж ламалася. Мыліся ў вёдрах. Недалёка рэчка Нурчык была, то летам у ёй купаліся. Рвалі лісце, што пенілася. Бывала і мыла, рабое, шматнік з Высокага вазіў. А найчасцей бегаеш басанож па балоце і так у пасцель ляжаш. Засохне балота на нагах, палопае, баліць.
Мазалеўскі Андрэй, Хільмоны:
Вярталіся з бежанства ў 1918 годзе. Доўга ў Растове-на-Доне стаялі. Салдаты на Доне рыбу глушылі і адзін з нашых каля іх прастудзіўся і там памёр. Прыехалі поездам у Бяляны за Новым Дваром; цяпер тая мясцовасць за граніцаю ад нас. У нашай хаце жылі дзве сям’і: са Стрэльчыкаў і Малышоўкі. Яны, як даведаліся, што мы едзем, павыбіраліся. Нас везлі дарогаю, а яны ехалі чыгункаю. Бацька кажа: „Наш шлябанчык павезлі!” Пасля бацька з’ездзіў у Стрэльчыкі і той шлябанчык прывёз назад дадому; пасля ён яшчэ доўга нам служыў.
Прыехалі ў лістападзе; нічога не было. У нашай хаце быў пажар; як гасілі, то па калені вады налілі. Бацька вугалі саскрэбаў, пабялілі і так жылі. Акрамя нас зімавала ў нашай хаце яшчэ адна сям’я; і не цесна было. А цяпер пабудавалі дамы, і ўсім цесна...
Цяжкавата жыць было. Часам хто малака, хлеба прынёс, то бацька крыху зарабіў, а што і напавер узяў. Навесну яравое жыта пасеялі, пасля каня старога купілі, карову. І так пайшло жыццё.
Малашэўскі Ян, Дубічы-Асочныя:
Хата наша, пабудаваная ў міжваенны перыяд, была нізкая і крытая саломай. Будавалі так, каб абаграваючы менш дроў спаліць. Дровы былі тады дарагія і трэба было ездзіць за альховымі ці асовымі кускамі ў лес за Чарлёнку, галлё нарыхтоўвалі бліжэй.
Дом так стаяў, што ад вуліцы была страха і глухая сцяна. За ёй былі камора і сені, а тры вокны выходзілі на панадворак. Галоўны пакой быў вялікі — 7 метраў даўжыні і 7 метраў шырыні і там адбывалася ўсё сямейнае жыццё. Сені і камора таксама былі прасторнымі, бо ў іх выконваліся гаспадарчыя працы, ляжалі прадукты харчавання і вопратка. У галоўным пакоі стаяла вялікая гліняная печ, у якой варылі яду на цэлы дзень. Спалі мы ў каморцы, якая была збоку, на пячы і прыпечку. Гліняная печ была настолькі вялікай, што чатыры асобы на ёй месціліся. У нас займала яе бабуля. На галоўнай сцяне нашага пакоя вісела шэсць вялікіх папяровых ікон, засунутых за дзве планкі, мама трымала за імі грошы. Побач іх вісела яшчэ шэсць меншых ікон.
Падвоеных шыбаў тады не было, зімою завешвалі вокны занавескай. Знаходзіліся яны так нізка, што снег закрываў іх, а з сярэдзіны хаты намярзала многа ільду. Каб ацяпліць хату звонку, рабілі прызбу, за дошкі запіхалі салому-аўсянку.
Ад вуліцы, на ўсю шырыню хаты, была зроблена лаўка, на якой адпачывалі дарослыя і моладзь. Паміж галоўным пакоем і хлявом, які спалучаўся з хатай, знаходзіўся прысценак. Трымалі там бульбу і рыхтавалі корм свіням. Зараз за хатай стаялі каровы, а далей — свінні. Для пары коней і авечак быў асобны хлеў. Найчасцей трымалі мы каля 10 авечак, 4 штукі жывёлы і 2 свіней. Клуня была вялікая. Знаходзілася ў ёй малацілка да аўса, бо жыта цапамі малацілі — салому выкарыстоўвалі на страху. На панадворку стаяў драўляны калодзеж з жураўлём.
З харчовымі прадуктамі не было клопату. Калі не было посту, мяса і пірог былі ў нас наштодзень. Аднаго вепрука калолі ў год, а восенню авечак рэзалі. У пост мяса не елі, а варылі бульбу, кісель з аўса, куццю, боршч, капусту, гарох, кашу — усё смачнае было. Куплялі на базары алей і час ад часу селядцы. Елі ўсе драўлянымі лыжкамі з адной міскі. Моркву, сушаныя яблыкі і грушы давалі як ласункі, калі дзеці ішлі ў школу.
Поля ў нас было 9 гектараў, а на ўчастак у нашай вёсцы лічылася 12 гектараў. Падаткі вялікія былі, бо за зямлю разам з пажарным падаткам трэба было заплаціць грошы за 50 пудоў жыта ды яшчэ 12 дзён на дарогах рабіць. Была тады ўжо шаша з Бельска-Падляшскага ў Гайнаўку, але дарогі паміж вёскамі дрэннымі былі і трэба было безупынна рамантаваць іх.
Мароз Грыша, Старое Беразова:
У дзеда Мірона былі дзве дачкі і трох сыноў (чацвёрты, Грыша, не вярнуўся з Расіі). Пасля страты сына пахаваў ён і сваю жонку. Ажаніцца паўторна на гвалт трэба было, бо неабходна гаспадарку весці і дзеткам апеку даць. Хаця цяжка сваю дарагую Таццяну забыць, але калі няма кабеты ў хаце, няма і дому. Трапіў дзед Мірон на добрую жанчыну, якая дзеду жыццё адмяніла, дзеткам мамку замяніла. Стаў дзед жыць, далей планаваць, як сваё жыццё палепшыць, што яшчэ прыдбаць. Як дачок замуж пааддаваць, сыноў добра пажаніць. Не ўбачыш, і калі прыходзіць пара, калі дзеткі выходзяць з бацькоўскага двара...
Надыходзілі трыццатыя гады ХХ стагоддзя. Якія гэта былі гады! Усё ў гаспадарцы ўручную рабілі. Вось мачыха хлеб пячэ, дзеткі ранкам утраіх жорны круцяць. Колькі таго хлеба трэба! — сям’я ж вялікая. Калі мачыха ў вялікай дзяжы хлеб расчыняла, ды памагаць сабе клікала трох пасынкаў. Працы было шмат, бяды і няшчасця. Аднак не наракалі людзі, больш у царкву хадзілі, Госпаду маліліся. Жыццём цешыліся. Добра жылося, калі пад дастаткам было хлеба. А ў дзедка — капа жыцця, старасць не за гарамі. Паміраць яшчэ не хочацца. Колькі спраў засталося! Гаспадарку падзяліць, кожнаму дзіцяці дагадзіць. Каб спрэчак паміж імі не было. Найперш дзед Івана ажаніў — у сваёй вёсцы жонку знайшоў. Там, дзе Іван пасяліўся, быў пусты агарод Нікіфара Калыбкі. Пайшлі былі за той агарод судзіцца, Калыбка справу прайграў, хоць за ім рацыя была, ды не грошы. Паставілі на тым месцы хату Івану. Цётка Ганна ў вёску Ягаднікі пайшла. Мой бацька, Мяфодзій, знайшоў дзяўчыну ў сваёй вёсцы, Анастассю, і па волі Божай яна мне маткаю стала.
Мароз Марыя, Новаберазова:
Калі была я маладой, у нас было 17 гектараў зямлі і найчасцей сеялі мы пшаніцу. У гаспадарцы было двое коней, па дзве каровы і цялушкі, пад дзесяць авечак і некалькі свіней, але сабе калолі толькі адну ў год. У нашай сям’і мяса бывала і на святы, і ў будныя зімовыя дні, але летам паяўлялася зрэдку. На полі разкі былі, якія пачалі ліквідаваць перад вайной, а закончылі за народнай улады.
Масальскі Канстанцін, Подваркі-Тыльвіцкія:
Пасля вяртання з бежанства мой бацька, Канстанцін (1907 года нараджэння), жыў са старэйшым братам Аляксеем і малодшай сястрой Наталляй і наймаўся парабкам у навакольных гаспадароў. У 1920-х гадах у вёсцы была праведзена камасацыя, у выніку якой наша сям’я атрымала ўчастак камяністай і здзірванелай зямлі (праўдападобна 21 гектар). У канцы дваццатых гадоў бацька вырашыў пачаць самастойнае жыццё. Ажаніўся ён з Вольгай Скарупскай з Тапалянаў, якая ў пасагу атрымала воз і каня. На калёніі маладажоны пачалі арганізаваць гаспадарку. Спачатку падзялілі з братам клуню і сваю частку перавезлі на новую сядзібу. Бацька пасля падзелу атрымаў частку лесу, які выкарыстаў пры будове клуні, а пазней дому. На працягу некалькіх гадоў бацькі, коштам непраспаных начэй і непасільнай працы прывялі сядзібу і камяністае поле ў парадак.
Каб зарабіць грошы, наймаліся да працы ў маёнтку Тыльвіца. Была гэта цяжкая праца. Напрыклад, у час сенакосаў аканом з раніцы ставіў наперадзе аднаго касца, а пасля абеду — другога. За імі павінны былі паспяваць астатнія касцы. Калі хто не паспяваў, яго на другі дзень на работу не прымалі. Таксама было і ў жніво. З маёнтка бацька і маці прыходзілі моцна стомленыя. За дзень працы касцу дазвалялася прывезці з панскага лесу фурманку сухіх дроў. Жнец за дзень атрымліваў пуд жыта (16 кілаграмаў). Столькі ж бульбы можна было зарабіць пры капанні.
Зімой з ранку да позняга вечара (пры фанары) бацька малаціў збожжа цэпам. Асенне-зімовыя вечары рассвятляў у хаце газнік — напоўненае газай невялікае вузкае шкляное начынне, прыкрытае металічнай покрыўкай з кнатом (час ад часу кнот падымалі ўверх пры дапамозе іглы).
Мінцэвіч Ніна, Орля:
Сям’я мамы, Хвядоры Семянюк, паходзіла з Рыгораўцаў. Калі вярнуліся з бежанства, з Данской вобласці, засталі вёску спаленую датла. Хвядора неўзабаве выйшла ў Орлю замуж за Андрэя Назарэвіча. На свет паявіліся дзеці: старэйшая сястра Юлія, пасля я, а далей браты Вячаслаў і Віктар.
Жылі мы на канцы Нарваўскай вуліцы (цяпер Міцкевіча), дзе адну палову драўлянага дома займаў татаў брат Якуб. Мэбляй у нашай хаце былі стол, табурэткі, нейкая шафа, сундук і ложак ды нары для спання — на табурэтках дошкі і саламяны сяннік. Спалі таксама на печы.
Пры санацыі печы ў хатах былі з самой цэглы, пабеленыя глінкай. Падлогай быў гліняны ток, толькі пасля, як каму ставала, клалі дошкі. Пра дываны тады ніхто не ведаў. Драўляную падлогу раз у тыдзень шаравалі вадою, а ток пасыпалі жоўтым пяском і замяталі. Было добра, калі можна было заслаць саматканы палавік, аднак найчасцей засцілалі плахту. Многа пазней сталі фарбаваць падлогі алейнай фарбай.
Людзі свяцілі карбідоўкай да часу, калі паявіліся газавыя лямпы, якія былі меншыя і менш патрабавалі паліва. Цяжка было дастаць запалкі і людзі дзялілі іх на чатыры часткі. Бывала і так, што не было запалак, і тады людзі ўглядаліся, з коміна якой хаты выходзіць дым і адтуль у саганцы прыносілі жар у сваю печку; так людзі дапамагалі сабе. Нямнога таксама было калодзежаў, а дзе такі быў, там пільнаваў яго сабака.
Восенню, для аховы перад марозам, пры доме рабілі прызбу. Вакол дома, да вышыні вакон а нават яшчэ вышэй, клалі ігліцу і абкладалі яе дошкамі. У Орлі людзі прыносілі шыкуцце з могілак, дзе раслі сосны. Помню, як мы бегалі тыя шыпулькі збіраць, калі нападалі з дрэў. Не ўсім іх хапала і прыходзілася хадзіць амаль тры кіламетры ў Габрысік (так называўся лес на калёніі Антанова за чыгункай). Быў таксама прыватны лес блізка Орлі, але ўласнік Пятро Кубаеўскі абгарадзіў яго і пільнаваў, праганяў людзей, шкадаваў ігліцы.
Шыпулькамі таксама палілі ў печах хрысціяне. Мой тата шукаў апалу, нейкіх палачак, над рэчкаю і ў старым садзе каля кафлярні. Сабраны хвораст вазіў дадому тачкай на адным коле, а каб было лягчэй вазіць, мацаваў да тачкі падцяжкі і цягнуў на плечах. Арлянскія жыды палілі ў печах толькі дровамі, бо багатыя былі. Некаторыя арлянскія мужчыны працавалі ў жыдоўскай кафлярні Вайнштайнаў. Наймаліся таксама да іншых прац у жыдоў, а жанчыны ў жыдоў служылі. Некаторыя зараблялі палячы ў шабаш у печах — па дзесяць грошаў ад печы. Большасць арлянскіх хрысціян жыла аднак бедна, толькі Рубашэўскія на калёніі Антанова лічыліся багатымі. Некаторыя жанчыны, у тым ліку і мая мама Хвядора, наймаліся да іх на жніво; жалі сярпом. За дзень працы мама атрымлівала місачку мукі або намолатых круп ці збан кіслага малака; і гэта ўсё. Як дастала крышку збожжа, то перасушвала яго, а затым хадзіла да людзей прасіць, каб змалоць у жорнах; малола сама. Пасля і мама дарабілася сваіх жорнаў.
Бацька Андрэй працаваў у кафлярні, але з таго, што зарабіў, мала дадому прыносіў. Мама Хвядора клапацілася за пракармленне сям’і і гадавала адну карову. А паколькі не мелі свае лонкі, дык наймалодшы брат Віця пасвіў кароў Рубашэўскім на калёніі Антанова толькі за тое, што мог разам пасвіць і сваю карову; там ён і начаваў. Мама хадзіла па малако пад вечар, а нашу карову даіла нам ужо Рубашэўская. Елі мы найчасцей суп і бульбу.
На панадворку мама трымала пару гусей у майдане і карміла іх зеллем. Іншым разам гадавала так чатыры авечкі; на зімовы корм сушыла ім зелле. Бяднейшыя людзі гадавалі гусей не толькі дзеля ежы, але таксама і на пер’е для падушак, на пасаг. Часта трэба было гадаваць толькі дзеля таго, каб іх прадаць і разлічыцца з жыдам, вярнуць узяты ў яго краме крэдыт на неабходныя выдаткі.
У сем’ях было многа дзяцей. Усе хадзілі басанож або ў завязваных гумавых папэгах з дзіркамі. У школу дзеці таксама хадзілі басанож. Калі трэба было ісці ў царкву, дык бывала, што ішлі тыя, каму хапала абутку; ніхто не аглядаўся, што боты завялікія. Боты ў Орлі рабіў па заказу шавец Валодзя Рынгайла, які працаваў у жыда. Рамеснікамі былі найчасцей жыды, якія складалі большасць жыхароў Орлі. Былі дзве краўчыхі: замужняя Нэха і дзеўка Блюма. Мама купляла матэрыял у жыда ў краме і вяла мяне да краўчыхі для прымеркі. Пашылі мне адно паліто з кішэнькай на грудзях і сукенку.
Першыя „дываны” людзі вязалі кручком з падзертага на паскі шмоцця; такія палавікі доўга былі ў модзе. У арлянскай школе настаўніца Марыя Врублеўская вучыла вязаць на прутках і вышываць. У краме можна было купіць ніткі ў вялікіх мотках, якія называлі белькамі.
Навука ў агульнай школе не была абавязковай, таму хлопцы канчалі толькі некалькі класаў, або і нічога, бо трэба было памагаць каля дома, на гаспадарцы або пасвіць кароў у багацейшых — цэлае лета басанож.
18 мая 1938 года ўспыхнуў у Орлі вялікі пажар, згарэла тады 540 будынкаў. Наш дом згарэў апошнім на нашай вуліцы. У час пажару навокал дома хадзіла Анталіха Амельяновіч з іконай Неапалімай і малілася. Наша хата, праўда, згарэла, але далей агонь не пашырыўся.
Пасяліліся мы ў Кашалях, у стары, пусты дом, які дала нам у карыстанне Лікерыя Майстровіч. У Кашалях людзі вырошчвалі лён і старэйшая сястра Юлія хадзіла на пакудзелле. У зімовыя вечары асобна збіраліся замужнія жанчыны і асобна дзеўкі ды пралі на калаўротках. Пасля нейкага часу, яшчэ да вайны, перабраліся мы ў Орлю на вуліцу Пасвентную, дзе бацькі паставілі адкупленую хату пад развалку.
Міхальчук Конан, Трашчоткі:
Пасля вяртання з Расіі не было
для нас нармальных умоў для жыцця. Зямля
ляжала аблогам, большасць вёсак была
спалена, не было чаго есці. Людзі „чапляліся”
гаспадароў, якія не выязджалі. За кавалачак
хлеба, дах над галавой, працавалі ад
світання да змяркання — так было і з намі.
Каб запэўніць нам нейкае жыццё, маці аддала
нас у ахранку, якая знаходзілася ў Бельску-Падляшскім
па вуліцы Галавескай. У прытулку было 100-150
дзяцей у розным узросце. Наймалодшыя мелі
па 3-4 гады а найстарэйшыя — па 12 гадоў. Не
было між намі падзелу на хлопцаў і дзяўчат.
Усе мы спалі разам у 2 залах на маленькіх,
нявыгадных ложках, на якіх ляжалі сяннікі з
чорнага палатна, прыкрытыя бурымі плахтамі.
Жыццё ў ахранцы выглядала нармальна. Малыя
дзеці гулялі, а старэйшыя час ад часу
памагалі на кухні ці ў агародзе. Можна
сказаць, што нават добра нам было. Апекуны
запэўнілі нейкую арганізацыю часу. Вучылі
нас чытаць, пісаць. Часам можна было
атрымаць адзенне і найважнейшае — мы
ніколі не былі галоднымі. Маці наведвала
нас 2 разы ў месяц. Працавала яна ў ахранцы
прачкай. Інакш, можа б, мы не сустракаліся.
Работы было многа. У ахранцы мы былі з
сястрой каля года. Пасля гэтага часу нас
сталі „разбіраць” па людзях. Сястру ўзяў
мой дзядзька з Ляхоў, а па мяне прыйшла
дваюрадная сястра бацькі. Забрала яна мяне
ў вёску Студзянкі за Беластокам. А чаму мама
не ўзяла? Ой, то быў такі час, што яна сама не
мела дзе галаву палажыць, па чужых людзях
блукалася. У Студзянках я быў цэлае лета.
Сваякі не мелі такой гаспадаркі. Муж цёткі ў
лесе працаваў. Летам я пасвіў іхнюю карову,
памагаў пры хаце — то дровы рубаў, насіў, то
свінню пасвіў. Прыйшла зіма і дзядзька
Міхал зза мяне пачаў сварыцца з жонкай.
Як я працаваў, то добра было, але на зіму
аказаўся я дармаедам. Тады цётка ўзяла мяне
ў Беласток, а адтуль пяшком мы дайшлі ў
Трашчоткі. Не ведаў я, чаму. Там жа не было
нічога майго: ні хаты, ні зямлі. Усё было
спаленае. Толькі дзядзька там жыў з жонкай.
Падарожжа адбывалася перад
Руздвом. Памятаю дарогу: холадна, усюды
балота. Пакуль мы дайшлі, я абмуляў сабе
ногі, адмарозіў пальцы. Па дарозе мы зайшлі
ў Відава, да адной знаёмай, каб пры печы
нагрэцца. А на печы осыпка для свіней сохла.
Я наеўся гароху і захварэў. На пусты
страўнік дзве жмені пашкодзілі.
Цётка завяла мяне да дзядзькі
Ціхана Сцепанюка ў Трашчоткі. Аднак яго не
было, пайшоў за работай, а ў хаце асталася
дзядзіна.
— Прывяла я вам хлопца, — сказала
цётка, — тут яго бацькаўшчына.
З гэтымі словамі дзядзіна не
згадзілася:
— Якая тут яго бацькаўшчына? Тут
усё маё — хату паставілі мы новую,
загаспадарылі зямлю.
А цётка мяне за дзверы і сама
ўцякла з падворка. Так я апынуўся ў
Трашчотках. Дзядзіна не выгнала мяне з хаты,
а пасадзіла на печ і дала кубачак гарачага
малака. Усё было б добра, каб не адкрытыя
раны на нагах, якія агнём пяклі.
— Смаркні на руку і расшмаруй па
нагах, пабачыш як хутка загоіцца, — сказала
цётка. І праўда, зрабіў я так і раны на
працягу 2 тыдняў загаіліся.
Мінула некалькі тыдняў і да хаты
вярнуўся дзядзька. Мне стала весялей.
Зімою я быў ім непатрэбны, аднак
калі настала вясна, то і для мяне знайшлася
работа. Цялятку трэба было травы нарваць і
на кабыле я мог ездзіць на пашу.
Наступная зіма была лёгкая і я
нават кароў пасвіў на полі. У той час мая
маці выйшла другі раз замуж, але за ўдаўца,
які не меў ні хаты, ні зямлі. У чужой хаце яны
жылі разам з трыма сем’ямі і яна не магла
мяне да сябе ўзяць. Хтосьці аднак пераказаў
ёй, што мяне нядобра трактуюць. І прыйшла
яна па мяне. Вясною, дзесь так у 1922 годзе, у
канцы мая забрала мяне, але не да сябе.
Аддала мяне да сваёй сястры ў Градочна. Там
я цэлае лета пражыў. Цялятка, коней ноччу
пасвіў, а на зіму маці забрала мяне да сябе ў
Целушкі. Вясною выслалі мяне ў Гукавічы —
там 12 кароў я пасвіў у аднаго гаспадара. У
наступным годзе было іх ужо 25. Потым, разам з
Васілём, сынам майго айчыма, пасвіў я свіней
з усёй вёскі. Іншым разам у Ляхах сам пасвіў
80 штук свіней — тады ашукалі мяне гаспадары.
Не заплацілі. 140 штук быдла ў Целушках
хадзіла за мною на выпас. То было мокрае
лета — рэўматызму я набавіўся. Да сёння
рука і плячо дакучаюць.
Айчым не быў, аднак, злым
чалавекам. Хацеў якась у жыцці памагчы. На
вучобу мяне паслаў да майстра — сталярству
вучыцца. Навука трывала год. Вучыў мяне
майстар Кузьма з Піліпак. Набіраў ён людзей
і будаваў па вёсках хаты. Потым я сам стаў
рабіць — было мне тады 20 гадоў. Я і хаты
будаваў, і аддзелку рабіў усярэдзіне. Тады я
па людзях начаваў. Калі зарабіў грошы, купіў
кавалачак зямлі — 40 сотак на Пешахоўцы
недалёка Локніцы. Дзядзька так мне дапамог,
падказаў новы закуп. Я аднак не абрабляў
зямлі, бо і не было чым. Адна жанчына з
Агароднік — Люба Паўлова „настроіла”
хлопцаў на маю сястру. Дзяўчына жыла ў Ляхах
і зямлю добру мела. Знайшоўся адзін Андрэй і
ўзяў сястру і поле. Я паехаў за сястрою. Жыў
я пачаткова на кватэры, майстраваў крышку.
Аднак у 1935 годзе прызвалі мяне ў армію.
Пасля войска вярнуўся я дахаты, да сястры. У
1937 годзе я ажаніўся. Не ўмеў ні касіць, ні
араць. Не меў хаты, ні каня. За заробленыя
грошы збудаваў хату, хлявы, купіў каня. І так
жыў да вайны, да моманту, як саветы забралі
мяне ў 1941 годзе ў армію.
(працяг часткі І.)
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праграмнай рады тыднёвіка Ніва