БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 


У новай айчыне. Штодзённае жыццё беларусаў Беласточчыны ў міжваенны перыяд.

ІІ. Грамадскае і сямейнае жыццё
Унутрысямейныя адносіны. Свабодны час, гульні, святкаванні. Абрады — нараджэнне, вяселле, смерць. Звычаі і прымхі. Жабрацтва. Выезды ў пошуках працы.

Алекша Надзея, Піражкі:

Гулялі ў розныя гульні. Рысавалі шэсць кратак і дзыгалі на адной назе — называлася гэта дзыгаўкай. У каго маці была спраўная, то і ляльку пашыла. Як каровы лінялі, то з шэрсці мячык рабілі, а шытым мячыкам гулялі ў лапту. І ў чыжыка гулялі — у ямку кіёк устаўлялі і трэба было яго як найдалей падбіць. І ў хованкі кругом вуглоў гулялі.

Як пасвілі кароў, то гулялі ў шапэчніка. Было многа пастухоў, устаўлялі кій у купу і клалі на ім шапка на шапку. Трэба было разбегчыся і тыя шапкі пераскочыць. Як хто не скінуў, той ставаў далей у калейку. А як хто скінуў, то за адну шапку даставаў дупняка. Віноўнік станавіўся ракам, а ззаду другога хлопца размахаюць — і дупа ў дупу. І смех з таго.

У вёсцы спачатку тры лямпы было, а так у газовачках палілі. Ніякай святліцы не было. Маладыя на лаўцы або на камені спявалі і шумелі. Забавы рабілі рэдка.

Як хто памёр, то труну ў вёсцы рабілі. Хто здольны, майстэркаваты быў, той збіваў з загадзя прыгатоўленых дошак. Прасілі якіх дваіх-траіх, каб дол выкапалі.

Маладыя ў царкве знаёміліся. Бывала, што і сваталі іх. У суботу вечарам выпівалі, крыху пахадзілі, паездзілі і пасля жаніліся. Дарылі грашыма, двума метрамі палатна. Бацька хрышчоны дарыў авечку. Карову ў пасаг давалі. І зямлю давалі ў пасаг, калі малады мала меў, а маладая больш.

Мяса пяклі або варылі. Талерак не было. Кумпяка паставяць і сам адрэзвай і еш. Рэзалі таксама цяля. І макароны, і капусту ставілі. Гарэлкі мала было. На адно вяселле па два кілішкі вечарам і па два рана выпівалі.

На Вялікдзень або Каляды гарэлкі не было. А як прыязджалі госці, то кручок (0,25 літра) або чвяртку купяць — бо не было за што. І збожжа не было.

Бывала, што бацькі былі супраць шлюбу. Гэта было вельмі важнае, бо ўсё бацькоўскае было і бацька тады мог не даць. Цяжарнасць перад шлюбам бывала, але вельмі рэдка. І байструкі былі, калі кавалер находзіць і пакіне. А сведкі сведчылі за багатымі. Дзяўчыну тады брыдка абзывалі, але дзеці гадаваліся.

Роды адбываліся ў хаце. Старэйшая бабка роды прымала. Дзіця пакупаюць і адразу гарэлку на стол. І парадзісе давалі, каб лепш заснула. На радзіны па тыдні ішлі. Хрусцікі, аладкі, яечню неслі, а бацька гарэлку стаўляў. Бабы пераапраналіся ў нагавіцы, бралі хто памяло, хто лапату, хто качаргу. І як мужчыну зловяць, то надушаць. Усе бабы з вёскі ішлі, бо ўсе разам жылі і працавалі.

На хрысціны ішлі прошаныя, сем’ямі. Адзін не хацеў хрысцін рабіць, то яго пасля ніхто ў гасціну не клікаў.

Пялюшкі былі са старых кашуляў або спадніц. Мылі ў лузе або ў руках, або і зусім не мылі, толькі прасушвалі. Пялюшкі завівалі поясам. Калыску на крук на бэльцы вешалі. Сяннічок з саломы быў. Як змачыўся, то на другі бок пераварочвалі, то салому мянялі. Як у поле ішлі, то дзіця ў палатняную калыску клалі і на трох рагачах вешалі, завешвалі плахтаю ад мух і сонца.

Як адзін на сляпую кішку ў Вялікі чацвер захварэў, то хуткая дапамога з Гродна забрала, але не давезлі і назад прывезлі нежывога. Адна жанчына на туберкулёз хварэла, у Гродне ляжала, яе там вылечылі і доўга пасля жыла.

У Крынках аптэкар быў. Яму гаварылі што баліць і ён даваў лякарства. У школе давалі калік горла паласкаць зімою. У Гаркавічах быў кастапраў, што пацягаў і напраўляў зломы.

Калі хто прастудзіўся, то над парай з гаршка з бульбай грэўся. Як каўтун, або дзіця нервовае, то замаўлялі. І яго нельга было ні расчэсваць, ні зрэзваць. І памагала: валасы адрасталі і адходзіў лямец. Як нага балела, то рожу спякалі або на альховым дыме трымалі.

Ад пярэпалахаў попел сыпалі. Попел з пліты бралі ў шклянку і качалі. Як вецер прахапіў, гаварылі:

— Што качаеш?

— Вецер.

— Качай, каб не было.

Бародаўкі на руках прамывалі на камяні дзе вада. І косткай у полі паціралі. Як месяц у поўні, трэба было выйсці на расхадныя дарогі і пацерці пяском. І мне так бародаўкі прапалі.

Андраюк Рыгор, Гусакі:

У вольны час збіраліся на вуліцы, пляткавалі, маладыя спявалі. Забавы ладзілі на Руздво і Вялікдзень. Дзяўчаты каўбасу неслі, а хлопцы гарэлку. У хату збіраліся. Музыканты былі з гармонікам і скрыпкай; многа музыкантаў у Вышках было. Біліся, як у якім сяле і з рознай напругай.

Маладыя самыя сходзіліся, але вырашальны голас мелі бацькі. Хацелі, каб багаты зяць, або пасажная нявестка. „Голую косць ніхто не хоча грызці”, — гаварылі.

Тады бацькоў слухалі, аднак між свякрухай і нявесткай усяляк бывала.

— Чыя спадніца на градцы? — пытала свякруха.

— Нявесткі.

— Хай яе халера! Смярдзіць.

Калі дзеўка зацяжарыла, то вялікая ганьба была для ўсяе сям’і. Рэдка гэта здаралася, бо многа сораму было. І не было куды адысці.

На вяселле толькі сям’ю прасілі і з пяць дружак і сватоў. На хрысціны — толькі найбліжэйшую сям’ю. За кума бралі часам калегу або каляжанку. Я прасіў, каго першага спаткаў на вуліцы. Кум плаціў папу, а кума прыносіла ўбранка. Да папа толькі кум з кумою ехалі.

Калі сын не хацеў бацькоў гадаваць, тыя падаваліся ў жабракі. Жабракоў не бракавала, па хатах хадзілі. Як заходзілі ў хату, то хлеб ябо яйка прасілі. Грошай ім не давалі, бо і самі мала мелі. Пад цэрквамі і касцёламі сядзелі, асабліва падчас прыхадскіх святаў.

Багацэвіч Галіна, Орля:

Маладыя самі сходзіліся з сабою, а бывала, што і сваталі іх. Тады слухалі бацькоў, але прынукі не было, каб з кім жаніцца. Але і калісь гаварылі, што раней былі лепшыя дзеці. Калі праваслаўны жаніўся з каталічкай, то мусіў перайсці на каталіцтва; так было прынята. Не было аднак міжканфесійнай варожасці — былі ў жыцці недахопы, але ўсе жылі дружна.

Бажко Марыя, Істок:

Мне тканіну на сукенку толькі да вяселля купілі. А вяселле ў нас было вялікае, бо род вялікі. Трэба ж усіх пазваць. На вянчанне ўсіх на брычках везлі, весела было. А да вяселля ў нас сваты былі, потым запоіны. То на запоіны сватоў ужо не запрашалі. Яны ўжо толькі на вяселле прыходзілі.

Бародзіч Яўгенія, Піражкі:

Людзі гаварылі паміж сабою, колькі нажалі, намалацілі. Хто кніжкі чытаў, той гадаў, што будзе. Хто на вайне быў або ў палоне, той расказваў, як там было. Маладыя збіраліся пад хатамі і спявалі. Як вярталіся з вячоркаў, то той, хто меў голас — спяваў, а хто без голасу, той вяртаўся ціха. Ладзілі таксама забавы, у кожнай вёсцы музыка быў. Наш музыка на гармоніку іграў; былі таксама такія, што на скрыпцы, кларнеце і на бубне ігралі.

Людзі з сабою ўсяляк жылі. Найчасцей сварыліся, калі жывёла ў шкоду ўлезла. Былі і такія, што за абы-што сварыліся. Не біліся.

На Каляды і на Вялікдзень жабракі каля царквы збіраліся. Людзі яйкі і хлеб ім неслі, а хто і жменьку панцаку або круп даваў. Бяздомныя і беспрацоўныя прыходзілі на начлег, паесці. Солтыс іх прыводзіў, а таксама жабракоў на начлег. Бяда з імі была, бо брудныя былі; салому ім на падлозе засцілалі.

Белявец Раман, Войнаўка:

Дысцыпліна ў сем’ях тады была строгая. Моладзь слухалася бацькоў. На забавах, праўда, трохі і выпівалі, і біліся. Выпівалі не так шмат, як цяпер. Самагонку за Польшчай не рабілі, толькі за немцам пачалі. Забавы рабілі за сялом. Хлопцы наймалі музыкантаў і гулялі.

Буйнюк Марыя і Калішук Галена, Маліннікі:

Калісьці было весялей, на вячоркі моладзь збіралася ў хаце, пераважна ў кухні. У будзённыя вечары дзяўчаты пралі воўну на калаўротках, расказвалі пра турботы штодзённага дня. Часта здаралася, што хлопцы перашкаджалі дзяўчатам прасці, бывала пакумячаць воўну або верацёнка забяруць. Як хлопцы не дурэлі, то бралі багагласнік і спявалі царкоўныя песні. У ражджаственскі або велікодны перыяды моладзь таксама збіралася, каб паспяваць калядкі, ці велікапосныя песні. Найвесялей было вясною. Помню, як выйдуць на вёску Тонька Тарасюк, Ганна Раманюк, Сцёпка „Белы”, Васіль Кірылюк дый як завядуць агулькі, што люба было паслухаць.

На кожнае свята, заўсёды пад вечар адбываліся музыкі. Аб музыкантаў дбалі хлопцы. Часта дадуць ім за цэлы вечар забавы мяшок жыта ды яшчэ гарэлку з закускай. Музыкі ладзілі ў вялікай хаце, пераважна да гэтага выбіралі сені. З Маліннікаў іграў знакаміты музыкант Грышка Якубюк. Танцавалі вальс, польку, абэрак, кракавяк і абавязкова танга. Бывала, як зайграюць танга, то пары аж плывуць у рытме гэтага цудоўнага танца. Калісьці цікавей і ігралі, і танцавалі, не так як цяпер — кожны як хоча, так скача. Добрая забава не абыходзілася без бойкі, якую пачыналі хлопцы з суседняй вёскі. Вядома, хлопцы падап’юць то і б’юцца, часта біліся з﷓за дзяўчат. Некаторыя кампаніі хлопцаў мелі нават і зброю. Таксама ў Малінніках біліся раз пасамі. Тады ўжо забавы няма — музыкі разгоняць, паўцякаюць і дзяўчаты. У Чахах, напрыклад, зімою ў час музыкаў вокны павыбівалі. На двары снег, мароз быў, то хлопцы складаліся грашыма, каб тыя вокны паўстаўляць.

Як мы зганем мінулае, як калісьці спявалі, весяліліся то плачам, так як гэта ў песні „Леты маладыя”. Цяпер моладзь так не весяліцца, няма такой арганізацыі і дружнасці як калісь.

Габрылеўскі Міхал, Трывежа:

Па-суседску жыла сям’я Міхала Пракапюка. Была ў іх хата (два пакоі, кухня і сені) і 12-гектарны ўчастак. Залічваліся яны да багатых сялян. Найстарэйшы сын Андрэй атрымаў работу на хімічным заводзе ў Гайнаўцы, што лічылася вялікім шчасцем. У гэтай сям’і было яшчэ двух сыноў і дзве дачкі. Найстарэйшая дачка выйшла замуж, а сярэдні сын, Рыгор, ажаніўся і меў трое дзяцей. Абедзве сям’і — Міхала і ягонага сына Рыгора — разам налічвалі дзевяць чалавек.

Звычайна аўтарытэтам у сям’і быў бацька, калі з’яўляўся ўладальнікам усёй маёмасці (або дзед, які трымаў пры сабе ўласнасць да смерці). Старэйшыя наракалі на маладых, што яны менш працуюць, а вечарамі сядзяць надта доўга.

У свабодны ад працы час сяляне выходзілі на лавачкі на вуліцы на сяброўскія размовы, а моладзь фліртавала і спявала. У нядзелі на мосце адбываліся забавы пад гукі гармоніка. Працягваліся яны да гадзіны 10-11 вечара. Здаралася, што бацька прыганяў поясам дачку дадому. На вялікіх забавах, якія былі прымеркаваны да царкоўных фэстаў, даходзіла да боек. Прычынай канфліктаў былі, напрыклад, насмешкі багатых над бяднейшымі. Часта штурхалі адзін аднаго локцем або падстаўлялі нагу або смяяліся з дзяўчыны, якая танцавала з бедняком. Тыя, якія пацярпелі ад бойкі, на чарговай забаве намагаліся ўзяць рэванш. Часам сканфліктаваныя бакі мірыліся.

Хлопцы шукалі кандыдатак на жонку сярод багатых дзяўчат, разлічваючы на багаты пасаг. Дзяўчаты разглядаліся не толькі за багатым хлопцам, але і за людской свякроўю. Здараліся канфлікты між старой і маладой гаспадынямі. Напрыклад, Аляксей Садоўскі ажаніўся з дзяўчынай з Кленік, якая неўзабаве пакінула яго, бо не магла пагадзіцца са свякрухай на кухні. Маладым у жаніцьбе дапамагалі сваты з суседніх вёсак.

Складаным было сексуальнае жыццё маладых, калі ў адным пакоі спалі разам з астатнімі сямейнікамі. Расказвалі, што дзяўчына з Кленік па некалькіх днях пасля шлюбу ўцякла да мамы, бо хлопец з ёю не кахаўся, быццам быў імпатэнтам. Рэдкасцю былі пары, якія кахаліся да шлюбу. За такімі парамі сачылі і старэйшыя, і падлеткі. Калі маладыя самі зачыніліся ў каморы або свіронку, аб гэтым ведала ўся вёска.

Калі хлопец не рашаўся жаніцца з дзяўчынай, да якой заляцаўся, бо бацькі шукалі яму больш прыстойную і багатую дзеўку, то каб схіліць яго да жаніцьбы, фактары прысылалі сватоў з іншай вёскі, і тады спалоханы хлопец неадкладна з ёю жаніўся. У летнія вечары хлопцы з дзяўчатамі праседжвалі на лаўках, ганках. Здаралася, што больш бойкія кавалеры зацягвалі дзяўчат пад клуню, кахаліся з імі (быццам бы гвалтавалі, але дзяўчыны не надта крыўдавалі), і пасля такога вопыту хутчэй яны падбіралі сабе партнёраў. А старыя цнатлівыя дзевы, калі і выходзілі замуж, то найчасцей за ўдаўцоў.

У кумы запрашалі маладых і магчыма багатых людзей, каб дзіця было абдароўванае гасцінцамі. Звычайна хроснікаў абдорвалі на Вялікдзень г.зв. валачобным. Апрача традыцыйных яек дзецям давалі цукеркі, блузкі, свіцеры.

Былі выпадкі жабрацтва. Напрыклад, бацька падзяліў гаспадарку паміж двух сыноў і на старасць ніводзін з іх не хацеў дагадаваць старэчу і той вымушаны быў прасіць міласціну. Па вёсках хадзілі таксама беспрацоўныя, якія страцілі працу на хімічным заводзе або тартаку ў Гайнаўцы. Шукалі яны заробку. Ішлі яны да солтыса, а той размяркоўваў іх па чарзе па хатах. Селяніну трэба было даць начлег і накарміць начлежніка. Памятаю, як у 1936 годзе начавалі ў нас беспрацоўныя. Раніцай бацька пайшоў у поле. Мама выйшла карміць свіней, а нас, двое дзяцей, вывела на панадворак гуляць у пяску. Беспрацоўныя прачнуліся, сваю вопратку павесілі ў шафу, а з сабой забралі шлюбны бацькаў касцюм. Бацькі крадзеж заўважылі пасля некалькіх дзён і накрычалі на мяне, што я дрэнна пільнаваў дом.

Людзі з вёсак не выязджалі, бо не было працы. Толькі пад канец трыццатых гадоў была магчымасць выехаць на заробак у Аргенціну. З нашай вёскі выехаў Канстанцін Грыгарук, пакінуўшы жонку і шасцёра дзетак ва ўзросце 1-8 гадоў. Прадаў ён 6 гектараў зямлі, а дакладней кажучы ўзяў толькі задатак. З Аргенціны ён не вярнуўся, а жонка з дзяцьмі галадалі.

Герасімюк Надзея, Навасады:

Мой бацька быў кавалём, меў кузню, рабіў вазы, плугі; усё, што было патрэбнае, умеў зрабіць. Але невялікі быў гэта даход, бо людзі пасля першай вайны жылі бедна, не мелі грошай, не было дзе зарабіць. Ездзіў у лес да звозкі дрэў, працавіты быў, але грошай як не было, так і не большала.

Людзі прыходзілі да нас на вячоркі і гаварылі, што хтось паехаў у Амерыку і добра там зарабляе. Тады і ў нас, у 1926 годзе, пачалася гаворка, каб і нам туды паехаць. Пачалі дыскутаваць, адкуль узяць грошы на дарогу і хто паедзе. Бацька сказаў, што паедзе ён. Тады мама ў плач, бо дзеці малыя і хваравітыя. Мне тады было шэсць гадоў і я хварэла на бранхіт, а маёй сястры было два гады і акурат захварэла на коклюш. Тата кахаў нас, а мы яго. Мама кажа:

— Што я з дзецьмі зраблю, як я параджу? Зямлі мала, хата слабенькая.

— Штось мушу рабіць, — адказваў тата. — Грошай няма адкуль узяць, можа там зараблю і палепшаю наша жыццё.

Ахвотных выехаць назбіралася восем ці мо і больш асоб. Каб дастаць грошы на дарогу, папрадавалі гаспадаркі, а некаторыя і хаты, даводзячы сем’і да руіны. Наш бацька прадаў стадолу, кузню, каня, карову, плуг, бароны — усё, што ўдалося прадаць. Ад’язджалі ў Амерыку з надзеяй, што з бедных тут там стануць панамі.

Па калядзе бацька бацюшку вазіў, прывёз на абед. Мама хвалявалася, што бацюшку на абед даць. Зварыла суп з бульбай, фасоляй, сачэўкай і куццёй, закрасіла алеем і так елі. І якое смачнае было!

Калі прадалі, што маглі, бацька ўзяў грошы ў кішэню і ў Бельск паехаў па шыфкарту (Schiffkarte /ням./ — білет на карабель). 25 лютага мелі выязджаць. Тата папрасіў маму, каб дранікі з бульбы ўсмажыла. Мама пачала смажыць і ў плач. І ўсе сталі плакаць: мама, тата і мы. Мама наракае:

— Як я буду жыць, што я з дзецьмі зраблю?

— Не плач, — угаворвае тата, — я вас не забуду. Як заеду і грошы зараблю, адразу вам вышлю.

Тата паехаў, а мы асталіся з плачам, неадзетыя і ненаедзеныя. Прыслаў першае пісьмо, што здаровы і шукае працу. А пра грошы згадкі няма.

У жніўні прыслаў пісьмо і крыху грошай. Купіла мама за іх сукенкі нам і гумовыя туфелькі, а сабе пантофлі і спадніцу. Купіла яшчэ мо кілаграм цукру, а нам цукеркі і па пачцы пернікаў ды сказала, што гэта за татавы грошы. Мы былі вельмі задаволеныя і пыталі, калі тата вернецца.

Мама працавала ў лесе і ў людзей, абрабляла тры гектары зямлі. Былі яшчэ дзедка, бабка, маміны сястра і брат — яны нам дапамагалі: аралі, сеялі, малацілі. Дзядзька пасадзіў нам бульбу, мама выкапала, дзедка прывёз парасят, якім па сем тыдняў было. Мама таксама працавала ў полі цэлымі днямі, што мы маму і мала бачылі. Рана нарыхтуе нам ежу, скажа ўсё з’есці і пойдзе. І мы, як выйшлі на двор, то і вярталіся дадому разам з мамай, вечарам. Так выхоўваліся мы без бацькоўскай апекі; хадзілі па двары і чакалі, калі тата вернецца з Амерыкі.

Найгорш было з дровамі, бо хата наша была старая і халодная. Узяла мама сякеру і пайшла ў лес дровы загатаўляць. Крыху нарубала, змерзла і вярнулася з плачам дадому. Мы пытаем яе, ці многа дроў нагатовіла, а яна прытуліла нас да сябе і гаворыць:

— Ах, дзетачкі, як я вас нагрэю, як будзе вялікі мароз?

І нам здавалася, што такой добрай мамы, якая нас прытуляе, не мае ніхто ў свеце.

Прывёз нам дзядзька дроў, мама з дзедам парэзалі, парубалі. Мама напаліла, пасадзіла нас на печ і кажа:

— Цяпер цяпло, спявайце калядныя песні.

Мама наракала, што не ўмела ні чытаць, ні пісаць. Прышле тата пісьмо і трэба хадзіць шукаць каго, каб прачытаў. Мама не магла дачакацца, калі я навучуся чытаць і пісаць. І ў другім класе я ўжо ўмела прачытаць татава пісьмо, і напісаць. І мама задаволена, што пра нашы справы ўжо ніхто не ведае, цешылася намі, а мы мамаю.

Настаў сенакос. Мама з дзядзькам прывезлі сена з лонкі, што за Грушкамі, пад Косым Мостам была. Але хто тое сена будзе есці, калі каровы няма? Просіць мяне мама, каб напісаць тату пісьмо. А я ж ніколі не пісала пісьма, не ведаю, што і як пісаць. То мама стала мне дыктаваць, каб прыслаў нам грошы на карову. І пішу я, каб прыслаў нам грошы, бо мы не маем што есці і калі б было малако, то нам добра было б, бо сена ўжо маем. І пісала яму, як я чакала яго вяртання з лесу, як за вусы яго цягала. Напісала, што мы ўжо падраслі і здымак хочам яму паслаць, толькі няма каму завезці нас у Нараўку да фатографа.

Два месяцы чакалі мы адказу ад тата. Прыслаў нам пісьмо, у якім напісаў, што вельмі намі задаволены, што ўжо самі пішам яму. Прыслаў грошы. Мама купіла за іх карову і найпатрабнейшыя дробязі для жыцця.

Мама наша была гаспадарная, пра сябе не дбала, толькі пра нас, каб нам было добра. Пойдзе жаць, перажагнаецца і гаворыць:

— Божа, дай здароўе і поспех у нашай рабоце, каб мы маглі ўсё давесці да таго, каб буханку хлеба на стол палажыць і накарміць гэтых дзяцей.

І мы раслі, разумнелі. Ужо мама магла з намі пагаварыць, нават пра сваё жыццё. Раілася нас, куды мае пайсці і што зрабіць.

Чакалі тата дзевяць гадоў. Вярнуўся ў 1936 годзе, калі мы ўжо падраслі і памагалі маме. Не направіў ён жыцця, толькі нас і маму вымучыў; не прывёз нават таго, што тут прадаў.

Герчун Параскева, Істок:

Калісьці весела было ў нас. Хадзілі на танцы, у нас танцавалі вальчык, польку, кракавяк, каробачку, лысага. Гралі ў карты. Дзяўчыны на пакудзелле, на „вэчуркі” хадзілі.

Калісьці слухалі старых, як старэйшы скажа, так і рабілі. Дзед і баба калісьці ўсім кіравалі. І бацькі больш радзілі сваім дзецям, чым зараз. Калісьці казалі, што на Благавешчанскай нядзелі нельга было ўзворваць зямлю. А бабы не садзілі да Міколы. Калі першы раз скаціну выганялі пасвіцца, то яе соллю і макам асыпалі. Калейка, што ў нас была, каб пасвіць кароў, была кепская. Цяпер лепей. Калісьці ў нас пасвіў такі дэнатуршчык, ён нап’ецца, а потым рана, калі трэба гнаць скаціну, не можа гэтага зрабіць. Вялікае з гэтага вынікала незадавальненне. Качаць хадзілі каравай на Юрыя. У першы дзень Пятроўкі не выносілі палатно, бо „выходзіць у гэты дзень русаўка”. У Піліпаўку прыязджаў да нас поп і абыходзіў вёску. Яго адорвалі, чым хто меў. Найчасцей давалі яму жыта, каўбасу. Усе працы павінны былі быць скончаны да Прачыстай. Быў у нас і звычай прыходзіць на кашу да нованароджанага дзіцяці. Гэтую кашу ўпрыгожвалі кветкамі, а хто ўмеў — і спяваў нешта. На Каляды хадзілі „гэроды”: смерць, чорт, Ірад і іншыя.

Грыгарук Анастасія, Дубічы-Царкоўныя:

Жанілі бацькі, як правіла, прымусова. Нявесту звычайна выбіралі па памеры пасагу, багацця. Быў выпадак, калі цяжарную дзяўчыну хлопец не ўзяў, дык яны выйшла замуж за ўдаўца. З жыдамі жаніцца нельга было, бо мужа маглі забіць.

У вольны час збіраліся на танцы, на якія прыходзілі з іншых вёсак.

Гналі самагон, хаця было забаронена і шмат пілі.

Жабракоў хадзіла шмат. Солтыс часта нанач разводзіў іх начаваць па хатах.

Грыгарук Якуб, Дубічы-Царкоўныя:

Галоўным багаццем была зямля. Асноўныя канфлікты былі з﷓за яе. На яе колькасць глядзелі, калі збіраліся жаніцца. Дзяўчат без зямлі бралі замуж мала. А па каханні жаніліся тыя, хто меў моцную волю супрацьстаяць бацькам. Быў у Рутцы выпадак, калі хлопец вырашыў жаніцца на псіхічнахворай, якая мела вялікі пасаг.

У сваты прыязджалі з маршалкам (мужчына на некалькі год старэйшы за жаніха), дамаўляліся аб вяселлі, аб памеры пасагу. Выходзілі замуж і цяжарныя, але рэдка, людзі з іх смяяліся. Свякруха і нявестка жылі па-рознаму: і добра, і дрэнна, здараліся бойкі. Бывала, што і брукваю біліся.

На кумоў бралі часцей блізкую радню (звычайна стрыечных).

На забавы збіраліся ў хатах, наймалі гарманіста, танцавалі полькі, вальсы. Пілі гарэлку, самагон быў толькі пры нямецкай акупацыі. А так куплялі кручок (0,25 літра) ці бутэльку, якая каштавала 2 злоты (каб зарабіць такія грошы трэба было працаваць два дні). На забавах здараліся бойкі, часцей з﷓за дзяўчат. Нож быў асноўнай зброяй, нават былі і смяротныя выпадкі.

Данілюк Вольга і Хаміцкая Яўгенія, Орля:

Моладзь збіралася ў нядзельныя або святочныя вечары на вечарынкі. На двары дзяўчаты і хлопцы спявалі, на ўсю Орлю чуваць было. Часам ладзілі забавы — там, дзе цяпер царкоўная стаянка (насупраць парку) была аптэка, а каля яе такая святліца. Хлопцы наймалі мясцовага музыканта Валодзю Мураўскага з гармонікам. Плацілі толькі хлопцы. Хлопцы забіралі дзяўчат з хатаў; ніводная дзяўчына сама без хлопца не ішла на забаву! Калі якая дзяўчына аставалася без пары, дык мы адмаўлялі і патрабавалі, каб і яе забраць; былі мы вельмі дружныя. Было весела — хаця голадна, але весела!

Дзіда Дзмітрый, Краўчук Надзея і Тапор Мікалай, Тафілаўцы:

Т. М.: Калі бацька меў добры кавалак зямлі, дачцэ было лягчэй выйсці замуж. Бацька ўсім распараджаўся ў хаце, быў галавой сям’і. Калі што, не абыходзілася і без пугі з дзягай.

К. Н.: Так, тады ў доме дзесяць прымакоў было. А без пасагу ажаніцца было цяжка. Каму такая была патрэбная? На адным каханні, без зямлі, далёка не заедзеш. Дзеўкі да вяселля не гулялі. Усё было прыстойна.

Т. М.: Як жа не гулялі? Да мяне самога ў хату прыходзілі дзве дзеўкі пагуляць. Але ставіліся да такіх вельмі кепска, і замуж ніхто не браў, калі ведаў. І да шлюбу цяжарылі, часта гэта скончвалася вяселлем.

Д. Д.: Вяселлі адбываліся так. Спачатку ехалі маршалкі сватаць. Абавязкова дамаўляліся аб пасагу. Пілі на вяселлях мала — гарэлка была дарагая. Канешне, крычалі „горка!” маладым.

Т. М.: На вяселлях пілі мала, добра, калі было дзве бутэлькі гарэлкі на дзесяць чалавек. Вяселлі былі невялікімі. Была адна чарка, пілі па чарзе. Пры гэтым гаварылі: „Здароў будзь!”.

Д. Д.: І на танцах не пілі. Перад імі па сто грамаў, каб быць смялейшымі. Танцавалі пад гармонік. Гарманіста вельмі шанавалі. Боек амаль што не было, калі толькі з﷓за дзяўчыны. Аднак калі даходзіла да вяселля, усё вырашалі. Будзь ты моцны, але бедны — нічога не дапамагло б.

Дэмчук Ян, Чаромха-Станцыя:

Маладыя жаніліся па волі бацькоў. Пасаг лічыўся. Чым больш яго давалі, зямлю ў асноўным, тым лады хутчэй праходзілі. Вяселле скромнае гулялі. Не кожнага стаць было дзве бутэлькі гарэлкі на стол паставіць. Таму адна на дванаццаць мужчын прызначалася. Да каго чарга не прыходзіла, дык крышынямі задавальняўся: раздробленай дражджовай булкай аблітай смятанай з сырам і пасыпанай цукрам. Да шлюбу ехалі фурамі ў пару коней. Падводы прыбіраліся кветкамі, вяночкамі і каляровымі стужкамі. Многа вясельных песень пры тым спявалі.

Роды ў вёсцы бабуля прымала. У нас гэтым маці займалася. Спецыяльнасці ў бежанстве навучылася.

У адведкі неслі булкі, палюхі на дражджах. Часам рафінад або цукеркі. Мужчыны па бутэльцы гарэлкі на хрысціны прыносілі. Кума ўдвайне каштавала. У кумы багацейшых з вёскі прасілі. Мне, як адзінаму сыну вядомага гаспадара прыйшлося дваццаць тры разы кумаваць. Нікому не адмовіў.

Хоць нялёгка жылося ў гэты час, але не сумавалі. Згодна жылі людзі, як у дружнай сям’і. Часам паспрачаўся сусед з суседам за мяжу, але пасля адзін аднаму не мсціў. Моладзь арганізавала забавы ў рамізе (у вёсцы пажарную каманду арганізавалі, бо шмат пажараў здаралася). Сустракаліся на вячорках. Забавы праходзілі спакойна, без бойкі. Не было п’яных. Ігралі свае музыканты: гарманіст са скрыпачом, або асобна.

Іванюк Эмілія, Вітава:

Маладыя слухаліся бацькоў, не сварыліся. Калі хто пасварыцца з бацькамі, то выязджаў. Мой муж быў суседскі хлопец, праз плот жылі. Свякроў была мне як маці. Я замуж выйшла ў 18 гадоў. Большасць дзяўчат тады ішлі замуж пасля 18 гадоў. У 25 гадоў дзяўчына ўжо лічылася старой. Хлопцы жаніліся, калі хацелі, звычайна пасля войска. Бывалі выпадкі, што праваслаўныя радніліся з католікамі. Каб разводзіліся, то такога не было.

Роды ў вёсцы тады прымала бабка адна. Да яе ўсе жанчыны звярталіся, калі хварэлі. Лячыла яна зёлкамі. Такія і цяпер яшчэ ёсць. Пасля народзін дзіцяці не ішлі ў царкву. Спачатку бацюшка вёў да ўводу, а пасля ўжо ў царкву. Маці ці свякроў дапамагала даглядаць за дзіцём. Імёны дзецям давалі як хацелі, хто па календару, хто як. Дзяўчынкам малым лялькі шылі. Мяне бацька ніколі не біў, бо была ў яго каханая дачка. А брат і сёстры часта даставалі, калі шкодзілі. У школе таксама настаўнік біў вучняў па руках лінейкай.

Сваякі збіраліся разам на пахаванне, хрэсьбіны, вяселле. А ў вёсцы ўсе слухаліся солтыса. Людзі з суседзямі жылі добра, не сварыліся.

Моладзь ладзіла забавы. Плясалі на траве. Хлопцы самі ігралі на гармоніку, музыкаў не наймалі. Хлопцы з нашай вёскі на забавах не біліся і нікуды ў іншыя вёскі не хадзілі, сваіх дзяўчын пільнавалі. Дзяўчыны звычайна хацелі пайсці замуж за багатых. Але і жабракоў у нашай вёсцы не было.

Кавейша Надзея, Сынкоўцы

Людзі з сабою згодна жылі, не сварыліся. Адна другую будзіла, як кароў трэба было выганяць, пад акно барабаніла:

— Пастух кароў жане, выганяй!

Бабы збіраліся на лаўках, на камянях. А дзеці гулялі ў бабка. Кійком бабка збівалі і часам як хто ўпора кійком, то і гуза на галаве прынясеш. І ў хованкі бавіліся: адзін вочы затуляў, а другія хаваліся за плот, за кусцік. Сусед нам, мне з сястрою Оляй, ляльку з саломы зрабіў, паставіў яе на стол, у стол стукае, а тая лялька па стале дзыгае. Ой, якая нам радасць была! А як мы хусткі гуляць бралі, то мама крычалі, што тыя хусткі мы камячылі.

 

Калейнік Яўгенія, Вострава:

Спявалі пры фанары, як на колка дзеўкі сабіраліся. Хлопцы тады ў карты ігралі, а некаторыя памагалі дзяўчатам спяваць. Спявалі рускія песні.

У сем’ях наогул людзі лепш жылі, чым сёння. Але калі б сёння не рэнты, то ўсе дзядамі былі б. Калісь дзяды былі, але сёння было б намнога больш. У нашай вёсцы дзядоў не было, але пад царквою ці касцёлам было іх поўна; пад жыдоўскія бажніцы дзяды не хадзілі. Як ішлі ў царкву, то булачкі пяклі, у клуначак клалі і дзядам давалі; былі дзяды такія, што па поўным мяшку булак назбіралі. Неслі па 3-5 булачак, бо трэба было дзядам штось даць. А яны маліліся за жывых і мёртвых. І па хатах хадзілі. Каторы хітрэйшы, то і перад святам завітаў. І нельга было адмовіць, трэба было хоць крышку даць.

Качан-Філіманюк Марыя, Кашалі:

Калісьці на вёсцы, калі жанчыны выпякалі хлеб на патрэбы сваёй сям’і, гэтаму занятку спадарожнічалі народныя звычаі, абрады, прымхі, прыказкі. Падчас выпечкі хлеба трэба было прытрымоўвацца розных забарон. Напрыклад, нельга было рашчыняць хлеб жанчыне ў перыядзе менструацыі, бо гэта лічылася грэхам і пагражала закальцам. Нельга было выпякаць хлеб, калі гаспадар вазіў з хлявоў у поле гной. Хлеб не вырасце, калі гаспадар неразважліва пакладзе шапку на дзяжу. Падчас усаджвання бохнаў у печ, гаспадыня шчыльна зачыняла дзверы і вокны, каб не было скразняку, а таксама не ўпускала чужых у хату, каб хлеб не палопаўся.

У мінулым людзі верылі ў магічную моц хлеба. На хлеб замаўлялі і пры яго дапамозе лячылі розныя хваробы ды прадказвалі будучыню. Каб не баяцца грому, трэба было з’есці кавалак цвілога хлеба, а каб суцішыць боль жывата, дастаткова было з’есці пасыпаны попелам акрайчык хлеба. Немаўлят і малых дзяцей ад благога вока абараняў кавалак хлеба, заткнуты за паясок вопраткі. Каб адчыніць урок, сурочанае дзіця купалі ў вадзе з пакрышанай спецыяльна спечанай для гэтай мэты булачкай.

Каб прыцягнуць увагу хлопца да дзяўчыны, абаім трэба было з’есці „зляпкі” — тое месца, у якім зляпіліся дзве булкі падчас выпечкі.

Сваю магічную моц мела таксама дзяжа. Напрыклад, у месцы, дзе стаяла дзяжа з рашчыненым цестам, загадвалі падскокваць дзецям, каб вышэйшыя раслі. Немаўлят саджалі з гэтай мэтай на адверненай дном уверх дзяжы.

Калісьці ў кожнай гаспадыні была свая дзяжа. Дзяжу пазычалі вельмі неахвотна, бо тады магла змяніцца закваска або дзяжа магла „папсавацца” ад пераносу. Кепскім знакам лічылася абнюхванне дзяжы сабакам або катом. Тады такую „папсаваную” дзяжу гаспадыня абкурвала дымам з пасвячаных зёлак або парай ад зваранай кашы, а ўнутры націрала цыбуляй.

Дзяжу ніколі не мылі, толькі рэшткі цеста саскрэбвалі і прымянялі яго ў закваску або для атрымання хлебнага квасу. На дне аскрэбленай дзяжы жанчыны рабілі знак крыжа і выносілі ў кладоўку, ставячы яе ўверх дном.

Першым спечаным пасля жніва хлебам трэба было пачаставаць суседзяў і абдорыць ім жабракоў. Першага бохна са знакам крыжа нельга было пазычаць суседзям і трэба было яго гаспадарам з’есці апошнім. Калі кавалак хлеба ўпаў на зямлю, трэба было яго падняць, перахрысціцца і пацалаваць. Пакінутыя на стале крошкі хлеба маглі прадвяшчаць нейкую нечаканую спрэчку або сварку. Нават на зямлі нельга было пакідаць крошак, бо пасля смерці д’ябал соваў імі ў вочы, даказваючы такім чынам віну грэшніку. Да нашага часу дайшла прыказка: „Хто пры жыцці хлеба не паважае, той пасля смерці яго збірае”.

Кішыцкі Аляксандр, Кнышэвічы:

Жанчыны збіраліся прасці, каб весялей было, але найчасцей у сваіх хатах пралі. Маладыя сходзіліся найчасцей самыя, але бывала, што і сваталі таксама. Часта маладыя на вяселлях знаёміліся. Бывала, што разыходзіліся. Як дзеўка нарадзіла дзіця, то ўсяляк бывала. Не хацелі такое браць замуж і яна сама байструкоў гадавала, аднак да такіх дзяцей не чапляліся, бо адказвалі: „Я байструк, то з Божых рук, а ты бацькоўскі, то чартоўскі”.

Крук Ян, Тафілаўцы:

Мы ў сям’і чамусьці не біліся, тут бацька патрасе пальцам, і ўсё. А на вуліцы, калі ласка, у асноўным з﷓за дзевак. Бедным цяжка было да дзеўкі падысці, казалі, што бедны з голым ху...м ходзіць.

Ажаніцца таксама было складана. Бацька скажа — жэнішся, забароніць — значыць, нельга. На каго бацька пакажа, то той і жэніцца чалавеча. Багатыя жаніліся рана, бедныя позна. Бедныя хлопцы не паважалі багатых дзевак. А некаторыя дзеўкі былі такія бедныя, што выходзілі замуж без майткоў, бо на воз, калі падсаджваеш, яны нагамі дрыгаюць, то бачна.

Любілі мы паспяваць пад гармонік. Хлопцы, дзяўчаты танцавалі разам польку, „на рэчаньку”, абэрка, каробушку.

Кучынская Ніна, Карыціскі:

Калі вяселле рабілі, то запрашалі ўсіх родных і сваякоў. Часцей за ўсё бацькі дамаўляліся аб вяселлі, але было шмат такіх, хто дазваляў самім маладым радзіцца. Але толькі пасля вяселля ўжо дзеці нараджаліся, па сроку. Тады мала было гэтакіх гульняў да вяселля, бо трэба было заўсёды ісці да бацюшкі на „Отчэ наш” і ўсё расказваць. Ну, а калі ўжо прыводзіла дзеўка дзіця, то і гадавала яго.

Літвінюк Сямён, Баравікі:

Поле было вельмі каштоўнае. Калі дзеўка магла ўзяць у пасаг кавалак поля, то і крывая, і сляпая добрая была. Быў у нас буднік, стройны і прыгожы, дык ён з кульгаваю без нагі ажаніўся, бо ёй загонец поля ў пасаг далі.

П’яўкі чаплялі, як ногі балелі. А калі хто што зламаў, то да кастаправа, такога, што панімаўся, ехалі. Ён дошчачкі даваў і хусткаю абвязваў. Ад прастуды банькі ставілі і ліпаў цвет парылі; раней многа ліпавага цвету рвалі. Ад жывата мяту парылі. І замаўлялі. У Рагачах адзін чалавек замаўляў, і на калёніі Паўлова Заянчкоўская была. Рану прамывалі і лісце падарожніка або крываўнік прыкладалі. У лекараў не было як лячыцца, бо за адзін толькі візіт трэба было заплаціць не менш, як два злоты. І чалавек як жыў, то жыў, а як памёр, то памёр.

Мароз Грыша, Старое Беразова:

Мой бацька, Мяфодзій, добрым чалавекам быў, хай яму зямелька пухам будзе. І ніхто яго кепскім словам не ўпамяне. Калі да жаніцьбы дарос, закахаўся ён быў у аднасяльчанку Харыціну. Толькі выйшла з таго ўсяго адна бяда. Пакахаў яе яшчэ адзін хлопец, зусім адрозны характарам ад Мяфодзія. Дзе толькі той супернік не бываў, чаго толькі не рабіў! І рашыў пазбыцца Мяфодзія. Аднойчы пабіліся на танцах хлопцы, і Харыцінін кавалер данёс, што гэта ўчыніў Мяфодзій Мароз. На судзе пад прысягай свае словы пацвердзіў. Год „адсядкі” Мяфодзію за нішто далі. У турме вывучыўся сталярскаму рамяству. Гэты фах яму ў жыцці вельмі прыдаўся. Калі ж з турмы вярнуўся, насмяялася над ім жыццё. У людзей пашану страціў. Дзяўчына ад яго адвярнулася. Самы цяжкі быў для майго бацькі трыццаць пяты год. У трыццаць шостым ён ажаніўся, жонку з варожай сям’і ўзяў — шмат гадоў судзіліся за агарод, які дзед Мірон забраў. Толькі каханне маладых паяднала сем’і Нікіфара Калыбкі і Мірона Мароза, што сватамі сталі. І з таго кахання і я ў трыццаць сёмым нарадзіўся. Вялікая радасць была ў хаце, што Марозы не загінуць.

Мароз Марыя, Новаберазова:

На вячорках сустракаліся 7-8 асоб і найчасцей пралі, а пасля снавалі пражу. Сустракаліся па чарзе ў розных хатах, прыходзілі да нас хлопцы. Яны перашкаджалі ў пражы, бо святло гасілі або шнурок з калаўротка скідалі, але было весела. Спатыкаліся прасці і замужнія жанчыны і калі прымалі іх, то з пачастункам. Вясной, у сваіх хатах расстаўлялі кросны і ткалі матэрыял на кашулі, пасцель і верхнюю вопратку. У нашай хаце стараліся закончыць тканне да Вялікадня, бо пасля пачыналіся палявыя працы, якіх у нас было шмат. Пасля велікодных святкаванняў толькі вышывалі, а за ўзорамі ездзілі нават у суседнія вёскі.

Найважнейшымі асобамі ў сям’і былі тыя, на кім была зямля. У нашай сям’і аб усіх найважнейшых справах ажно да вайны вырашаў дзед Пятро Перастрэт. Калі дзяўчаты ў нашай сям’і выходзілі замуж, у пасаг давалі поле.

У час святаў моладзь ішла зранку ў царкву. Летам пасля абеду маладыя сустракаліся на лаўках, а зімою — па хатах. Вечарам у большыя хаты запрашалі музыкантаў і арганізавалі танцы. У Новаберазове танцы часта арганізаваліся ў клубе. Не рабілі іх, як цяпер, па суботах, але па нядзелях і найчасцей цягнуліся яны да поўначы. Часам, бывала, маладыя сустракаліся першы раз у час сватаў, калі да дзяўчыны прыязджаў хлопец з маршалкам. Бывала, што маладыя спадабаліся сабе і хутка бацькі дзяўчыны ехалі ў агляднае да хлопца ды дамаўляліся пра пасаг, а пасля — хутка жаніліся. Ужо і да вайны многія маладыя знаёміліся самі і толькі пазней быў выезд у сваты. Калі ў адной хаце было некалькі хлопцаў, дык жаніўшыся стараліся, каб у пасаг дзяўчатам давалі поле або дрэва на хату. Зямля была на вёсцы карміцелькай і часта вырашала аб выбары дзяўчыны на супольнае жыццё. Дзяўчаты далёка на танцы не ездзілі, але хлопцы з адлеглых вёсак прыязджалі. На вяселле запрашалі, у галоўным, сваякоў, а часта блізкіх сяброў і сябровак абміналі. Пачастункі арганізавалі ў сваіх хатах. У пост не было ніякіх застолляў. Нават, калі хворае дзіця ахрысцілі ў пост, то гасцяванне перакладалі напасля.

Многія людзі падарожнічалі да вайны пехатою. Калі прыходзілі ў вёску, заходзілі да солтыса і ён па чарзе вызначаў ім месца на начлег. Старэйшых людзей, якія хадзілі па вёсках і жабравалі, частавалі загадзя падрыхтаванымі сухарамі, але былі і такія, што не шкадавалі даць кусок мяса.

Масальскі Канстанцін, Подваркі-Тыльвіцкія:Z

З дзяцінства выхоўвалі мяне матчыны бацькі, Міхал і Зофія Скарупскія з Тапалянаў. Баяліся яны за маё здароўе, паколькі старэйшыя брат і сястра (Іван 1930 г. нар. і Вера 1931 г. нар.) жылі ўсяго па тры месяцы. Пахаваны яны на могільніку ў Пяценцы.

Па хлебе, які пякла мая мама, тужу да сённяшняга дня. Выпякаўся ён на лісці хрэну ў хлебнай печы, у якой палілі ліставой драўнінай. Хлеб быў пухкі і духмяны. Бацькі змалку вучылі нас шанаваць хлеб. Калі кавалак хлеба ўпаў на зямлю, трэба было яго падняць, пацалаваць і з’есці. Яны, якія спазналі голад, вучылі нас не пагарджаць хлебам.

Мінцэвіч Ніна, Орля:

Па вёсках хадзілі ад хаты да хаты жабракі, сядзелі пад царквою. У Орлі пабіраўся чалавек з Крывятыч. Хадзіў ён у драўляных хадаках зверху перавязаных шнурком. Насіў з сабою Біблію, якую ведаў напамяць. Зойдзе ў дом і моліцца, але спадылба пазірае, што яму людзі даюць. А давалі найчасцей толькі кавалак хлеба, звычайнага, з мукі з﷓пад жорнаў.

Нікалаюк Тэкля, Ласінка:

Калі я выходзіла замуж, то вяселля не было за што зрабіць; прыгатавалі толькі дзе-што. Музыкант быў абы-які, бо не было за што наняць. Моладзі не прасілі, толькі сваякоў, а з чужых адно дружка і сват. Вянчаліся ўсе, калі не ў свайго папа, то ў другога. У мужа быў воз і кабыла. Жылі мы разам з мужавымі бацькамі ды яго жанатым братам. Сем гадоў елі разам з аднае глінянае міскі дзеравянымі лыжкамі. Варылі ўсяляк. Бабку з сачэўкі ў глінянай місцы ставілі ў печ, то на абед была такая жэшкая. Куццю варылі, а як карова ацеліцца, то сушылі локшыны. І лён вярцелі на запражку для закраскі бульбы. Мяса? Якое мяса?! Як хто багаты быў, то карміў; саланіну павесяць у каморы і па кусочку сквараць.

Пасля прыставілі да хаты каморку і ў той каморцы жылі мы разам з мужам і тройкаю дзяцей. Абрабляла я лён: церла, трапала, прала, ткала, але шыць не шыла — шылі краўцы.

Ніканюк Андрэй, Арэшкава:

Людзі жылі дружна. Не сварыліся. Моладзь збіралася на пакудзеллі. У асноўным у Піліпаўку, у час посту. Забавы арганізавалі па хатах, найчасцей у нашым доме. Музыкантам у нас быў Мяфодзій Авярчук, сын млынара. Іграў ён на гармоніку. У час перапынку адзін з нашых хлопцаў ішоў і мы яму ўкідалі ў шапку па 10-20 грошаў. Збіралася не больш за дваццаць асоб са сваёй вёскі. Чужыя не прыходзілі. Музыканту за вечар абыходзілася 2-3 зл. Гэтыя грошы прызначаў ён на папяросы.

Я спадабаў дзяўчыну з пушчанскай вёскі Тэраміскі. Оля называлася. Вяселле згулялі мы ў 1939 годзе. Нажылі чацвярых дзетак. Адно памерла.

Маладыя жаніліся наогул па сваёй волі. Найчасцей бралі сваіх дзяўчат. На пачастунак варылі мяса. Ставілі на стол у адным гаршчочку, кожны браў рукамі па кусочку. Гарэлку ставілі па бутэльцы на стол. Калі выпілі адну, дык ставілі другую. У царкву хадзілі ў Дубіны. Тое, што сказаў святар на пропаведзі, лічылася абавязкам для выканання. На вяселле прасілі сваякоў і калег. Гарэлка каштавала 2 зл. за бутэльку, а калі хтосьці браў больш пад вяселле, дык яму крамар даваў скідку ў дваццаць грошаў на бутэльцы. У Арэшкаве была прадуктовая крама. Уладальнікам яе і прадаўцом быў Емяльян Баравік. Манапольная крама была ў Гайнаўцы. Дазвол на манапольку атрымоўвала аўтарытэтная асоба, напрыклад, адстаўны афіцэр.

Нічыпарук Анастасія, Карыціскі:

У нас у вёсцы на вяселле не рабілі каравай, толькі пірог. Не было і каравайніц. Памятаю, калі хадзілі ў нас на дажынкі, дык спявалі да апошняга снапка — „перапёлкі”:

„Вылетай пэрэпёлка /Вылетай пэрэпёлка /Ой чыя то заволока /Шырокая — долга”.

На вяселлі спявалі „спомогання”:

„Молодая Маня до шлюбу едэ (2 разы) /Ой едэ, едэ шэй одйіжае /Просыть батенька на спомоганя (2 разы) /Нэхай тэбэ доньку /Сам Господь поможэ /І все святые, людэ добрые (2 разы) /Людэ добрые, сусідэ блізкіе (2 разы)”.

На вяселле прыходзілі людзі, якіх звалі „запорожні”, звычайна спявалі жартаўлівыя песні, напрыклад: „Наш маршалок /Нэ вдався /Тры дні не вмывався /На чэтвэртый вмывся /За маршалка впросывся”.

Пагур Міхал, Баброўка:

У вёсцы вечарам вуліца гудзела. На камянах, на баграках людзі сядзелі і спявалі аж трашчала. Тады поўна было моладзі. Яна заставалася на вёсцы, бо не было працы. З нашай вёскі адзінаццаць чалавек (трое жанатых і восем кавалераў) выехалі шукаць лепшай долі ў Аргенціну. Была гэта бядота і перад выездам прадалі яны па кавалку поля, каб мець на білет. Вярнуўся толькі адзін пасля апошняй вайны і працаваў у Беластоку. Астатнія пажаніліся ў Аргенціне і засталіся там. Пісалі яны сваякам лісты, а сын Даніліхі дысылаў маці пачкі.

Панасюк Ніна, Старое Беразова:

Гады аднак ляцелі. Штораз больш працаваць трэба было. Не чужы быў мне серп, а з часам і каса. Старэйшая сястра мая выйшла замуж у сваю вёску, а брат ажаніўся. У сям’і асталася я і малодшы брацік Валодзька. Працы яшчэ прыбавілася, стала цяжэй жыць. На гулянкі часу не хапала, а і бацькі не дазвалялі; жыццём маім, не тое, што цяпер, кіраваў бацька.

Панфілюк Мікалай, Дубічы-Царкоўныя:

Сем’і былі вялікія, пераважна трое-чацвёра дзяцей, а некаторыя мелі і пяцёра. Разам жылі бацькі, дзеці, дзядулі і бабулі. Кіравалі звычайна старэйшыя (свякруха). Былі выпадкі, калі сыны-нягоднікі крыўдзілі старэйшых. Калі бацька меў некалькі сыноў, то стараліся, каб большасць пайшла ў прымы. На бацькавым полі заставаўся звычайна старэйшы. Для малодшых сыноў зямлю маглі дакупляць.

Калі сыны жаніліся, то нявесту звычайна выбіралі бацькі. Шлюбы бралі са сваімі па веры, стараліся не мяшацца ні з жыдамі, ні з каталікамі. Шукалі нявесту багатую, з добрай сям’і, роду. Добрымі лічыліся хлопцы высокія, прыгожыя, дужыя, з добрай сям’і. Цяжарныя вянчаліся рэдка, гэта было ганьбай. Пра інтымныя адносіны да шлюбу ведалі, але маўчалі. Былі гуляшчыя і сярод замужніх. Калі нараджалася дзіця, кумоў бралі са слаўных, заможных.

Шпіталь каштаваў вельмі дорага. Калі дзядзька захварэў на сляпую кішку (апендыцыт), то каб заплаціць за лячэнне вымушаны быў прадаць добры кавалак зямлі. З хваробамі звярталіся да шаптухі Яныхі альбо Банадыкта Панфілюка. Ён у час першай вайны быў на фельчарскіх курсах. Калі вярнуўся з войска, то прымаў дома, выпісваў рэцэпты, якія прызнавалі ў аптэцы. Пры саветах стаў лекарам.

Ездзілі мала і пераважна ездзілі фурманкай, роварам, бо чыгунка была дарагая, хадзілі пяшком. У горад выязджалі слаба. Тыя, хто жыў каля чыгункі, мелі сязонную падпрацоўку.

Любілі гасціць па-сваяцку. Калі былі вяселле, хрысціны, то запрашалі і суседзяў, бо суседзі лічыліся як сваякі.

Артысты не ездзілі па вёсках. У вольны час спявалі рагулькі, беларускія і рускія песні, якія прывезлі з бежанства. У нядзелю не працавалі. Звычайна збіраліся ў вялікай хаце, маглі рабіць пляцоўку, запрашалі гарманіста, пілі гарэлку і танцавалі па-п’янаму. Здараліся бойкі з﷓за дзяўчат. Пілі ў Дубічах мала. З 70 гаспадароў было 5-6 п’яніц. Самагонку не гналі, моды не было, куплялі ў краме ў Арцёма Чыквіна. Калі не было грошай, то мянялі за паўмяшка жыта. Зрэдку варылі піва.

Патэюк Антон, Карыціскі:

У нас моладзі было многа, і самагонкі тады не гналі, бо не ўмелі. Але біцца біліся на забавах. Да шлюбу гуляць-гулялі, але гэта ўжо адзінкавыя выпадкі, як і разводы.

Плева Аляксандра, Істок:

Ведаю, што бралі шлюб і з удовамі, і разведзенымі, і цяжарнымі. Для цяжарных ніякіх асаблівых умоў не было, яны працавалі да апошняга дня. Працавалі кожны на сябе, толькі скаціну пасвілі разам над ракой, на „пасвіску”. Дзеля таго хадзілі ў „калейку”. Пастухом быў адзіны ў нас паляк, што пасяліўся на краю вёскі. Кароў выганялі пасвіцца ў сярэдзіне красавіка, пры гэтым білі іх асвячонай вярбой, нехта праганяў над „ночвамі”, каб карова „одбыдловала”. На Юрыя пяклі каравай, неслі яго на поле ўсёй сям’ёй, каб пакачаць. Качаць каравай трэба крыж на крыж. Як пачынаўся сенакос, то казалі, што ў каноплях сядзіць „русаўка”, а там быў нейкі „цырыкач”, на яго і казалі, што гэта „русаўка”. Казалі, канешне, гэта дзецям толькі. А на Благавешчанне ў нас пяклі „буславы лапы”. Я сама сваім дзецям казала, што гэта бусел у печ заляцеў і лапы свае заставіў. У нас быў адзін толькі свой жабрак, але пасля вайны паехаў у Расію. Толькі ў Дубічах быў яшчэ жабрак, сляпы, які спяваў, пры сабе ён трымаў двух хлопчыкаў.

Плішко Лідзія, Градалі:

Маючы семнаццаць гадоў выйшла я замуж за Нікіфара з Кошак. Жыццё ў мужавай сям’і складвалася цяжкавата, бо былі там яшчэ ягоныя тры браты, сястра, маці і бабуля. Я наймалася пільнаваць дзяцей.

Пташынскі Павел, Старое Ляўкова:

Пра жаніцьбу вырашалі і любоў, і пасаг. Бывала, што бацькі працівіліся: бедную ці такую-сякую бярэш; старым цяжка дагадзіць — так, як і цяпер.

Жабракоў было — кожны дзень! Як дзе бедны сам астаўся, то і жабраваў. Давалі ім найчасцей хлеб. З Ляўкова жабракоў не было. Цыганоў мала было, ганялі іх, бо абкрадалі.

Мужчыны на прывітанне падавалі рукі, а бабы цалаваліся. Мужчыны з бабамі не датыкаліся пры прывітанні. Калісь смяяліся, як хто бабу ў руку пацалаваў — такое моды не было.

Лячыліся мала. Каб каго ў шпіталь забралі — не помню. У Новым Ляўкове Жукоўскі жыў, які ў войску фельчарам быў і яго прывозілі да хворага. Ён пісаў лякарства і ў Нараўцы ў аптэцы куплялі. І замаўлялі, найбольш бабы; м.інш. мая мама жываты замаўляла.

Пушкарэвіч Ян, Клюковічы:

Маладыя сходзіліся з сабою, бацькі рэдка ўмешваліся. Не было распусты, дзяўчаты скромна жылі, ніводнай з жыватом не было.

Я ажаніўся, калі мне было трыццаць гадоў, а жонцы — васемнаццаць. Бацюшка за вянчанне нічога не ўзяў, бо я на клірасе спяваў.

Маладыя жылі разам з бацькамі. Толькі калі хто ставаў на працу, то асобнай кватэры шукалі. Працу цяжка было атрымаць, найчасцей на чыгунцы. Можна было і ў горадзе, але тады трэба было выехаць.

Сахарчук Хрысціна, Чахі:

Па нашай вёсцы хадзілі жабракі. Але мы іх не выганялі. Заўсёды давалі, што самі мелі.

Сац Марыя, Чаромха-Станцыя:

Дзед Яўхім з бацькам на кірмаш у Кляшчэлі ездзілі. Прадавалі жывёлу і збожжа. Грошы з торгу дзед Яўхім забіраў. У яго „каса” была. Для нас на справункі даваў. Пасля бацька з жыдам Файбілем суполку наладзілі. Гандляр ялавічыну на дзве фурманкі грузіў і да нас прыязджаў. Бацька сваю падводу грузіў і па вёсках ездзілі прадаваць мяса. Нядрэнная здзелка была.

Паколькі дзеда хітруном лічылі, дык бабка не менш кемлівай была. Маці нашу абдурвала. У куратніку курэй шчупала, а пазней яйкі лічыла, ці для яе не ўкралі. За малако грошы маці забірала, бо адна кароў даіла.

Зімою дзяўчаты на пакудзелле хадзілі. Моладзь забавы арганізавала. У летні час на лаўках збіраліся і песні спявалі. Забавы ў школе гулялі. Шмат моладзі з навакольных вёсак збіралася. Пры гэтым „чужыя” бойкі ўсчыналі. Найчасцей зубачоўскія хлопцы па п’янцы зачэпкі шукалі. Памятаю, як аднаго пабілі. Няшчасны праз некалькі дзён памёр.

Свіцкі Яўген, Ячна:

У сям’і найважнейшы бацька быў. Ён вырашаў, каму дома астацца, а каму ў прымы ісці. Перад жаніцьбою малады са сватамі ехалі і дагаворваліся пра пасаг. Бывала, што маладусе жаніх не спадабаўся. У Гарадзішчанах адна вэлюм на вяселлі скінула і сказала: Ешце, піце, гэта маё вяселле; а пасля ў Амерыку выехала. Мусам рэдка жаніліся. А як дзеўка агрубее, то можна было не ўпусціць яе ў хату і ніхто, нават суд, за ёю не ўступаўся. Між свякрухай і нявесткай усяляк бывала, залежала гэта ад таго, якая свякруха была. За кумоў прасілі з сям’і або суседзяў; багатыя багатых прасілі.

Вольнага часу многа было. Яшчэ сонца высока, а ўжо пад хатамі сядзелі. Калісь людзі не такія прагныя былі. Жартавалі, у карты гулялі, апавядалі. Найчасцей гаварылі пра бежанства, як рэвалюцыю пражылі, як рыбу лавіць. То байку часам хто раскажа пра злых духоў. Дзедкаў брат расказваў, як яму здавалася, што за ім злы дух ішоў і свістаў, а пасля высветлілася, што свістала пустая бутэлька, якую ён нёс.

Дзеці найчасцей гулялі ў хованкі. А як пасвілі, то ў ножыка гулялі — ад бацькоў бралі складаныя ножыкі. Калочак застругвалі і забівалі ножыкам у купку, а пасля той, што прайграў, зубамі выцягваў той калочак. А пад канец мячыкам гулялі ў чорны люд — каго папалі, той выходзіў.

Зімою па хатах збіраліся; сартаваліся — дзяўчаты да дзяўчат, старэйшыя да старэйшых. Малодшыя спявалі разам, пераважна рускія песні, бо іншых не ведалі. І з Хільмонаў, Беняўцоў было чуваць. Забавы ладзілі ў хатах. Музыканты былі з суседніх вёсак. Наогул не біліся, хіба што з розных вёсак хто каму нос натрапаў. Паэтаў і спевакоў не было, не было ні хору, ні тэатра. Часам аб’язныя камедыянты яблык рассякалі, шкло елі, на шкло лягалі. Як самаход на шашы загудзе, то ўсе малыя беглі „тамабіль” пабачыць. А матацыкл чартапхайкай называлі. (Чым едзе? Чорт пхне яго!)

Дзядоў многа хадзіла, дзверы не зачыняліся. Былі гэта сыны пазбаўленыя бацькамі гаспадаркі, людзі з бедных сем’яў, беспрацоўныя, п’яніцы. У свята па 10-15 пад царквою сядзела. А на Зялёны Свёнткі ў Ружаны Сток сотні з’язджаліся.

Семянюк Анна і Коўнер Параскева, Відава:

Калі жанчына станавілася цяжарнай, людзі называлі гэта божай ласкай, божым станам. Але дзевяць месяцаў працавала яна на гаспадарцы як і раней, хаця сямейнікі стараліся аблегчыць ёй работу. Акружаная старэйшымі жанчынамі, ці то маткай, бабкай ці суседкамі цяжарная добра ведала, што ёй можна рабіць, а чаго нельга, што пашкодзіць дзіцяці, а што паможа.

І так у час цяжарнасці не магла яна, пабачыўшы калеку, беднага чалавека або канаючую жывёлу спачуваць ім, бо магло б гэта адмоўна паўплываць на дзіця. Калі сядала на ёй муха, не можна было забіць яе рукою — месца, у якое ўдарыш, будзе ў дзіцяці пазначана следам рукі. Нельга было спаглядаць у адзін пункт, на сонца або ў ваду, бо дзіця будзе або сляпым, або касавокім, або будзе баяцца вады. Маладая маці павінна высцерагацца ўсякіх вялікіх эмоцый, а найбольш страху. У такую хвіліну магла б яна даткнуць галавы ці жывата і ад гэтага быў бы знак на целе дзіцяці.

Калі ўжо будучая маці шчасліва перажыла дзевяць месяцаў цяжарнасці, па меры сваіх магчымасцей рыхтавалася да родаў. Рэдка цяжарную везлі ў шпіталь. Найчасцей роды адбываліся ў хаце. Прысутнічалі пры іх толькі жанчыны.

Калі ўжо паявілася дзіцятка, то на працягу тыдня ніхто з суседзяў, незнаёмых яго не бачыў — толькі сям’я. У нядзелю, пасля тыдня ад нараджэння, адбываліся адведкі. Да маладой маці прыходзілі сяброўкі і амаль усе знаёмыя жанчыны з вёскі. З гарэлкай, мясам, хрусцікамі, пончыкамі ці салодкімі аладкамі ў руках жанчыны заходзілі ў хату. Спачатку віншавалі маладую маму і жадалі дзіцяці здароўя і шчасця, „каб вада, агонь і вецер не чапалі, каб Бог ахоўваў ад голаду, холаду і ўсякага гора”. У такі спосаб пачынаўся бабскі вечар поўны спеваў і смеху.

Пасля гэтага, калі бацькі немаўляці падрыхтаваліся, прасілі на хрысціны. Хрышчонымі былі амаль заўсёды сваякі або добрыя суседзі. Хросны бацька плаціў бацюшку за цырымонію, а хросная маці купляла вопратку дзіцяці. Пасля ахрышчэння пачынаўся прыём у хаце бацькоў. На стале была гарэлка, хлеб, пірог, свойскія мясныя вырабы і, як гаспадар быў багаты, на стале паяўляліся салодкі пірог, аладкі са смятанай або печаныя яблыкі і грушы. Гасціна працягвалася амаль цэлую ноч. Калі ў гаспадароў нарадзіўся сын, бацька браў яго на рукі і абводзіў па панадворку і гаспадарчых збудаваннях, а калі паявілася дачка — маці абносіла яе па кухні і агародзе. Мела гэта сімвалічны сэнс — дзіця мела з самага пачатку пазнаёміцца з жыццём, якое прыйдзецца яму весці. Сабраныя на хрысцінах людзі прыносілі падаркі: мужчыны неслі гарэлку, а жанчыны вопратку для дзіцяці і пялюшкі.

Семянюк Павел, Рэпіскі:

Прымак не меў ніякіх правоў. Сусед-прымак дванаццаць гадоў зямлю абрабляў, а пасля цесць выгнаў яго з хаты і іншага прымака прыняў, а той шалаш у агародзе зрабіў і там жыў. Іншы прымак не меў права мець грошай; цесць не даваў яму, бо скупы быў.

— Він сам вош пожэнэ до Біельська, — гаварыў, калі скідаліся на нейкую пляшку.

Нявестка, пакуль гаспадыня правіла, таксама не мела да нічога права; пра ўсё пытала. Мая браціха хлеб спякла, няўдалы выйшаў, то мама сказала:

— Занясі сваёй маме, пакажы, які ты хлеб пячэш.

Адна свякруха не дазваляла нявестцы спаць з мужам, бо ўжо ў іх двое дзяцей было:

— Зноў, сука, ідзеш да яго!? — крычала.

То тая нявестка хадзіла да суседа, удаўца, быццам нешта памагчы.

Здрады часта бывалі. Былі такія жанчыны — любіцелькі чужых. Мужу прынясуць гарэлку, напояць. Мужыкі не здагадваліся, або і так нічога не гаварылі. Часам мужчына бабу вылупіў, але разводаў не было, бо дзяцей мелі. Адна сям’я пасля вайны ў Расію выязджала, то сусед хацеў з імі за ёю ехаць. Трое дзяцей у яго было і хацеў найстарэйшага сына з сабою забраць, аднак жонка сына ў мяшок схавала, ён не знайшоў і так астаўся.

Маладыя забавы ладзілі, Алесіцкі з Гайнаўкі граў. На забавах бойкі бывалі, найчасцей з-за дзяўчат, але невялікія. Часам вёска на вёску нападала. У 1937 годзе святкавалі Юрыя ў Ласінцы і хлопцы з аднае вёскі нанялі Зубрыцкага з Нарвы, каб разагнаў праціўнікаў. Той Зубрыцкі калісь запыніў аднаго чалавека з Міклашэва, што карову прадаў, забіў яго і грошы забраў. А як ён да жыда заходзіў і гарэлку з закускай прасіў, то яму жыд не асмеліўся адмовіць. І тады на Юрыя бойка ўспыхнула. Зубрыцкі сам штыкетам адбіваўся, як у яго камянямі кідалі. І адзін з Ахрымоў нажом яго ў шыю ўдарыў. Зубрыцкі давалокся да канца вёскі і там сканаў. Быў пасля суд, але нічога не даказалі.

Семянюк Уладзімір, Козлікі:

Маладыя людзі рэдка вянчаліся па любві, часта бывала так, што знаёмыя раілі маладому мужчыне жонку. Важным фактарам быў не толькі выгляд дзяўчыны, але велічыня яе пасагу. Брыдкая як ноч дзяўчына, але з багатай сям’і, карысталася вялікай увагай кавалераў. Калі мужчына выбраў сабе дзяўчыну, ішоў ён разам з іншым мужчынам да яе бацькоў у сваты. Мужчыну гэтага звалі райкам ды маршалкам, мусіў ён быць жанатым. Быў звычай, што калі прыходзілі яны ў сваты, мусілі стаяць каля парога, каб не перайсці лінію, якую вызначалі бэлькі ў столі ў старых хатах. Маглі гэта зрабіць толькі тады, як іх запросяць далей — а запрашэнне было знакам згоды, які даваў надзею будучаму мужу.

А як выглядала размова? Калі ўжо селі ўсе за стол, пачынаўся „торг”. Маршалак у жартах пытаў бацькоў, ці нічога не маюць для продажу. А ўсё гэта адбывалася пры бутэльцы гарэлкі, якую прынёс раек з кавалерам. Закуску падавала маці будучай маладухі. І так амаль усю ноч трываў дагавор. З яго можна было даведацца колькі ручнікоў, абрусоў ці пасцелі ўнясе маладая ў пасагу і што ахвяруе ёй будучы муж. Пры нагодзе сватаў вызначалі тэрмін так званых ладоў — спаткання бацькоў маладых, якія вызначалі дату шлюбу і абмяркоўвалі ўсе справы, звязаныя з вяселлем. Ад моманту спаткання бацькоў па правілах мусіла прайсці 4 тыдні. За гэты час бацькі мелі час прыгатовіцца да вяселля. Цэлы месяц, заўсёды ў нядзею пасля святой літургіі ў царкве, бацюшка чытаў „запаведзь”.

Калісь у мужчыны не было кавалерскага вечара. Дзень перад вяселлем, пасля захаду сонца, у маладой панны збіраліся яе дружкі і дружбанты, якія, спяваючы, чакалі кавалера, які прыязджаў разам са сваім старшым дружбантам і старшым сватам. Прыязджалі яны па кашулю і кальсоны, якія шыла або купляла свайму будучаму мужу маладая. Пасля прывітання ўсе сядалі за стол — узносілі тост за маладую пару, елі і пасля гадзіннай бяседы ішлі гуляць. У той час старшы дружбант меў за заданне выкупіць кашулю і кальсоны ад старшай дружкі маладой. Як добра заплаціў цукеркамі ці шакаладам, дружка аддавала пакуначак, а як не — малады на другі дзень рана меў праблему — рукавы і калошыны былі пазашываны. Паненскі вечар — бо так называлася гэтае спатканне, у якім удзельнічалі толькі маладыя, кончыўся каля 10 гадзіны ночы.

На другі дзень у 8 гадзін у хаце маладой збіраліся яе дружкі, якія спявалі і адзявалі яе ў шлюбны ўбор. Была гэта амаль заўсёды спадніца і блузка. Таксама было і ў маладога. У дзень вяселля каля 10-11 гадзіны ў хаты маладой і маладога пачыналі сходзіцца госці, якіх бацькі маладых частавалі гарэлкай. У залежнасці ад вёскі і звычаяў, малады або ехаў да маладой з вянком (гэта была вершаваная прамова, якую некалі спяваў ці гаварыў старшы дружбант да бацькоў дзяўчыны) або спатыкаў яе пры царкве. Там бацюшка запісваў іх у царкоўную метрычную кнігу, а сведкамі былі старшы дружбант і старшая дружка. Затым пачынаўся шлюб. Пасля цырымоніі ў царкве ўсе госці разам з маладой парай ехалі да маладой. Маладую пару бацькі віталі хлебам, соллю і кілішкам гарэлкі. Гарэлку трэба было выпіць, а кілішкі кінуць за сябе, пабіць на шчасце. Бацькі разам з маршалкам запрашалі ўсіх за сталы. Маладыя сядзелі заўсёды пасярэдзіне стала пад іконамі. Пасля тостаў за маладых і бацькоў пачыналася забава.

На сталах, апрача гарэлкі і кампоту, было мяса, саланіна, каўбасы, яйкі, хлеб і пірог. Дзе-нідзе можна было спаткаць бабкі з ляснымі арэхамі, пампушкі ці таўканіцу добра акрашаную скваркамі і кіслае малако. На сталах бывала таксама рачная рыба, кіслыя агурцы і квашаная капуста. Апрача самагонкі гаспадары ставілі на сталы свойскае піва, або хлебны квас.

У той час старшы дружбант меў заданне выкупіць ад дружкі падушкі, коўдру і прасцірадла. Калі яму гэта ўдалося, то а 12 гадзіне ночы вяселле пераязджала да маладога. Дружбант вёз пасцель, а старшы сват меў заданне падкрасці курку з панадворка маладухі.

У кутку, ужо ў хаце маладога, дзе мела сядзець маладая пара, разасланы быў кажух, на якім сядзеў разам з куркай адзін з дружбантаў. Бутэлькай гарэлкі маладыя выкуплівалі сваё месца. Калі маладыя і госці выпілі за шчасце і здароўе, музыкант абвяшчаў, што пачынаюцца ачэпіны. Пасярэдзіне хаты саджалі маладуху, паказвалі ёй замест люстэрка засаўку ад хлебнай печы, у якой яна мела нібы пабачыць сваё жыццё.

У той час старшы сват, які выкупіў пасцель, слаў у каморы ложак маладым. Калі паслаў, дык і сам клаўся ў пасцель, каб праспаць першую ноч з маладой жонкай без удзелу няпрошаных гасцей. Малады за бутэльку гарэлкі выкупляў ад старшага свата месца ў ложку. Так кончыўся першы дзень вяселля.

На другі дзень — каля абеду — да маладога зноў сходзіліся госці, якія чакалі гасцей ад маладухі — гэта называлі пэрэзвой. Госці ехалі на вазах, прыбраных кветкамі і везлі з сабою пэрэзву — цэлы маёнтак маладухі: ручнікі, абрускі, плахты, падушкі, пасцель — усё ў сундуках. Па дарозе аднак мусілі затрымлівацца перад „брамамі”. Ад дрэва да дрэва моладзь працягвала шнурок, а на сярэдзіне вешала гаршчок з попелам, сажай. Каб пераехаць, трэба было даць гарэлку і закуску. Як замала атрымалі, то попелам і сажай абсыпвалі гасцей, а як добра — прапускалі. Ужо на месцы, у хаце маладога выстаўлялі сундукі і пачынаўся агляд пасагу. Вымалі ўсё з сундукоў і разглядалі багацце — ткацкае ды кравецкае майстэрства маладой жонкі. Потым пачыналася забава, якая трывала да самой раніцы. Вяселле працягвалася два дні і дзве ночы.

Федарук Аляксандр, Вітава:

Бацька ў сям’і быў аўтарытэт, што скажа, тое і рабі. Так было і ў беларусаў, і ў жыдоў. Але на забавах маладыя хлопцы біліся вельмі часта. Вёска Арэшкава была вядомая як „рэзнікі”, бо там усе хлопцы з нажамі хадзілі.

Федарук Васіль, Вітава:

Памерла Вольга. Кірыл ажаніўся. Юлія выйшла замуж у суседні Істок. Нас трох хлопцаў засталося. У вёсцы дванаццаць маіх аднагодкаў было. Адзін з калег балалайку зрабіў. Іншыя папрасілі і для іх зрабіць. Аркестр балалайшчыкаў арганізавалі. Гарманіста таксама свайго мелі. Забавы па хатах гулялі. Пакуль чужыя не прыходзілі, дык вечарыны спакойна абходзіліся. Хлопцы з наваколля прыдзірлівымі былі. Бойкі пачыналі. Мы для іх аднойчы такога „лупня” (адбой) далі, што больш калатнечы не рабілі. З таго часу моладзь з іншых вёсак запрашалі. Да іх хадзілі. У Вітаве тры ровары ўсяго было. Алесь Сапяжынскі — англійскага „Вандэра” купіў. Чатырыста пяцьдзесят злотаў заплаціў. Былі гэта вялікія грошы, бо кароўка тады каштавала сто злотаў. Следам Сапяжынскага наш Кірыла пайшоў, дык ровар купіў. Алёша Нічыпарук з калегам ровар купілі, бо ў самога грошай не хапала. Праз некалькі гадоў веласіпед можна было ўжо за сто пяцьдзесят злотаў купіць.

Філіпюк Аляксандра, Вежанка:

Шасцёра дзяцей я нарадзіла. Роды прымала цешча. Першыя два чужая прыняла. А пасля кажа мама: „Чаго я буду чужую клікаць?” Стала сама прымаць ад мяне. Двое прыняла і стала да другіх хадзіць. Прымалі так: завяжуць пуп, абмыюць, завінуць, дадуць пассаць і паложаць. І праз некалькі дзён ахрысцяць.

Як мае сёстры ўміралі і я нарадзілася, маім бацькам бабы сказалі, каб за кумоў браць тых, што першымі на вуліцы пападуцца. І як я нарадзілася, тата выйшаў на вуліцу і спаткаў мамінай сястры мужа з Тадэвушоў і жанчыну, якая замуж у Арэшкава была выйшла і ў Навасады прыехала наведаць сваю маці.

А маіх дзяцей свае хрысцілі. Адведкаў тады не было, толькі двое-трое блізкіх прыходзіла. Клікалі на хрысціны — як маглося. Многа не было, бо трудней. Кожны прыносіў якісь пачастунак. Адна суседка яечню ў глінянай місцы прынесла, а адзін мужчына напіўся і тую міску разбіў на стале. Уся яечня разляцелася і стол упэцкала так, што доўга чысцілі.

Кумоў гаспадар у царкву вёз. Кум плаціў бацюшку грашыма. Бывала, што прошаны адмаўляў быць кумам, бо грошай не меў. А адзін быў адмовіў, бо кума не падабалася, то яму памянялі куму.

Хіліманюк Уладзімір, Тафілаўцы:

Моладзь у нас гуляла, танцавала. Спявала песні пад гармонік, часцей рагулькі. Хлопцы па двох куплялі чыкушку гарэлкі, выпівалі, ішлі да дзяўчат. Чыкушкі тады хапала, бо гарэлка была дарагая. Гэта ўжо саветы забяспечылі таннай гарэлкай, і навучылі гнаць самагонку. А можа людзі паразумнелі. Ды і пры тых паляках і папяросы былі дарагія. Кралі, што называецца ў саміх сябе. Забярэш некалькі яек, і пойдзеш купіць цыгарэты, а гэтае яйка магло дзіцё з’есці. Саветы прыйшлі ў 1939 г., жыццё змянілася. Не стала жабракоў, сталася бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, бальніцы і г.д. Жабракі зніклі.

Ціха Марыя, Тафілаўцы:

Я ўвесь час пражыла тут, пачынаючы ад 17 год. Так я ў 17 год прыйшла сюды. Нарадзілася я ў Вялкостаўцы, непадалёк ад Кляшчэляў. Прыйшла сюды да мужа; мой муж Сяргей памёр 30 год таму, вось і мучуся адна. Мы з мужам жылі ў розных вёсках, між маёй хатай і хатай мужа было 15 вёрст. А пазнаёміліся так. Мае бацькі былі ў бежанстве ў Варонежскай губерні ў першую сусветную. З мамінай сям’і людзі не вярнуліся з бежанцаў, і ад іх засталося тады поле. Гэтае поле перайшло да мамы, а потым да мяне як прыданае, вось мяне і ўзялі за поле. Але і не толькі за гэта, бо прыгожая я была.

Запомніліся мне з маладосці вяселлі. Спачатку цэлы тыдзень мы рыхтаваліся да вяселля — гэты тыдзень называецца „дубэснубэ”. Потым у суботу выпякалі каравай, маршалак скакаў, танчыў з караваем, надзяляў спецыяльна выпечанымі маленькімі каравайчыкамі малых, а вялікі каравай, перавязаны чырвонай стужкай хаваў у камору. На наступны дзень малады з маршалкам ехалі да маладой, забіралі і ехалі вянчацца. А потым ужо весяліліся. Я была на вяселлі сваім у ружовым плацці, вэлюме, з вяночкам.

Таксама мы святкавалі Вялікдзень, Пятра, Каляды. На Каляды бабы´ ходзяць са звяздой, пяюць песні, збіраюць грошы на царкву. Аднак чарку ім не налівалі. Потым у царкву хадзілі, музыкі рабілі. Гралі на гармоніку, скрыпцы. Хораша было. Танцавалі польку, вальца, каробушку. А я як замуж выйшла, то і перастала хадзіць на танцы, хоць і дзяцей у мяне не было. У майго Сяргея мачыха была, але кіраваў у сям’і бацька. Добры чалавек быў.

 

Цяцерка Васіль, Войнаўка:

Дысцыпліна ў той час у сем’ях была строгая. Дзеці слухаліся бацькоў. Што бацька загадаў, адказу быць не можа. Як хлопец жаніўся, то бацька загон яму дасць, дапаможа хату паставіць, а далей жыві сам. Моладзь ладзіла сабе забавы. Часам прыязджалі артысты — спявалі, танцавалі. Кіно першы раз прывезлі рускія — у 1940 ці 1941 г. У вёсцы тады хлопцаў было вельмі многа. Таму на забавах часта за дзяўчат біліся. Нашых хлопцаў ва ўсіх навакольных вёсках баяліся. Як збяруцца разам ды і пойдуць куды на танцы кіламетраў за 10, дык мясцовыя хлопцы там адразу хаваліся.

Чыквін Міхал, Дубічы-Царкоўныя:

У нас зямлі зусім мала было. На трох братоў нават не падзеліш. Каня свайго я вымушаны быў прадаць, бо не было чаго апрацоўваць. Сам пайшоў у прымакі. Цешча мне спачатку 4 дзесяціны дала, потым 6, а потым я ўжо 20 дзесяцін меў. А так басяку было цяжка дзеўку сабе знайсці. У сваты зазвычай суседзяў або сваякоў бралі. Мешаныя шлюбы людзей розных рэлігій раней рэдка сустракаліся.

Хлопцы зазвычай за дзевак біліся або багатыя з беднымі.

Чыквін Павел, Дубічы-Царкоўныя:

Жылі калісьці разам з бацькамі, але калі я і мой брат ажаніліся, то атрымалі зямлю ад бацькі. З налёту хлопцы дзяўчат не бралі. Хадзілі да іх пэўны час. Але, каб жылі разам да шлюбу, такога амаль не было.

На вяселлі звычайна быў маршалак — старшы радца, ручніком апярэзаны, гаспадар вяселля.

Шмат жабракоў было. Заходзілі да людзей у хаты. Кожны нешта даваў. Асабліва шмат іх збіралася каля царквы на святы ці на провады пакойніка.

Шакала Люба, Арэшкава:

Многа моладзі было. На вячоркі збіраліся. Песні спявалі, забавы гулялі. У сяброўкі на панадворку падлогу паклалі, лаўкі па баках збудавалі, пляцоўку абгарадзілі. Хлопцы дзяўчат на музыкі запрашалі, дахаты прыходзілі. Максім Скепка на гармоніку ім іграў, часам чужога музыканта наймалі. Хлопцы з дзяўчатамі на пары хадзілі. Як нарачонымі сталі, дык сватоў пасылалі. Найчасцей са сваёй вёскі жаніліся. Траплялася, што з іншай сваталі.

У сваты (або догавары) у суботу з маршалкам хадзілі. Як дамовіліся наконт вяселля, у суботу праз тыдзень заслюбіны ладзілі. Бацькі маладых ды бліжэйшая сям’я (у будучай маладой) тады збіраліся. Аб пасагу і арганізаванні вяселля гаварылі. Багацейшы кавалер для маладой вэлюм і шлюбну сукенку купляў. Бяднейшага бацькі маладой пад вяселле гарэлкай і мясам успамагалі. У пасаг найчасцей карову давалі.

У суботу, перад шлюбам, малады са старшым сватам за кашуляй да маладой ехалі. Дружкі маладой кішэні ў кашулі зашывалі. За цану таргаваліся, што „выцанілі”, сабе застаўлялі.

Падарункаў госці маладым не неслі. На „ўспамажэнне” грошы на талерку кідалі. Хто залатоўку, хто больш даваў. Хрышчоныя бацькі пасцель, падушку, дыван або камплект пасцелі прыносілі. Найчасцей сваякоў клікалі ды сяброў з сяброўкамі. Да шлюбу пяць фурманак ехала. На кожнай падводзе па шэсць асоб сядзела. У Дубінах за маладой вянчаліся. Там прыход быў. Вяселле ўсю ноч гулялі. Над ранкам малады сваю шлюбну дамоў забіраў. Наступнага дня, да абеду, бацька маладой сваіх гасцей склікаў. Пасля пачастунку ў прыданне збіраліся. На фуру куфар ставілі, бралі музыканта і з чырвоным флагам да маладога ехалі. Скрыню дружкі маладога ад сватоў маладой выкуплялі. Многа камедыі пры тым чынілася. Людзі хоць бедна жылі, але весела гулялі.

Роды ў вёсцы бабулька Анна Галёнка прымала, пасля яе смерці сястра яе Пелагея займалася. У цяжкіх выпадках жанчыну ў шпіталь у Гайнаўку адвозілі.

Шафран Аляксандр, Агароднкі:

Нараджэнне і смерць — неадлучная частка жыцця. Калі ўжо находзіла такое гора, што хтось з блізкіх моцна хварэў і сямейнікі прадчувалі яго хуткі адыход, ішлі па свяшчэнніка. Той, едучы з царквы да паміраючага чалавека, праз цэлую дарогу не адзываўся ні словам, толькі маліўся. Прыеўхаўшы ў хату хворага, спавядаў яго, міраваў і маліўся.

Пры хворым сям’я сядзела да апошняй хвіліны яго жыцця. Калі чалавек паміраў, адзін з сямейнікаў ехаў у царкву па харугвы і крыж. Затыкалі іх каля брамы падворка. Нябожчыка апраналі ў спецыяльнае, раней прыгатоўленае адзенне і клалі ў труну. Багатыя гаспадары куплялі труну ў горадзе. Была яна з добрага дрэва, высцелена ў сярэдзіне бліскучым, цёмным матэрыялам (бардо або сінім) з невялікай падушачкай, абшытай фальбонкай. Калі аднак гаспадары былі беднымі людзьмі, самі рабілі труну, якую высцілалі найлепшым дываном.

Труну з целам пакойніка ставілі ў найбольшым пакоі, дзе вечарам збіраліся старэйшыя жыхары вёскі, якія разам з сям’ёй амаль цэлую ноч сядзелі пры труне і маліліся. У вёсцы заўсёды быў хтось, хто добра чытаў і ён чытаў Псалтыр Давідаў. Усю ноч гарэлі свечкі і людзі маліліся за ўпакой душы, спявалі „Вечную памяць”.

На другі або трэці дзень, у залежнасці ад пары года, адбывалася пахаванне. Труну клалі на воз і пяшком праводзілі нябожчыка ў царкву. Там ставілі яе нагамі да царскіх варотаў, а ў галаве каля падсвечніка ставілі куццю, чатыры яйкі і спечаны ў хаце піражок.

Пасля паніхіды і развітання з памерлым у царкве, зачынялі века труны і пераязджалі на могілкі. Там бацюшка свяціў магілу, затым апускалі труну ў яму. Кожны з сабраных кідаў жменю зямлі на труну. Бацюшка маліўся яшчэ хвіліну і пасля яго адыходу, калі ўжо труна была засыпана, ставілі крыж і людзі разыходзліся. Пасля 40 дзён і года пасля смерці чалавека ў царкве служылася паніхіда за ўпакой душы памерлага.

(працяг)


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праграмнай рады тыднёвіка Ніва

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster