БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
У новай айчыне. Штодзённае жыццё беларусаў Беласточчыны ў міжваенны перыяд.

ІІІ. Інтэлектуальнае жыццё
Падставовае школьніцтва. Адносіны настаўнікаў да вучняў. Мова дома і ў школе. Самадзейнасць.

Адамчук Міхал, Мацьковічы:

Школа была ў Радзівілаўцы, чатыры аддзелы. Школа ад пятага да сёмага аддзелаў была ў Мельніку, але за навуку ў ёй трэба было многа плаціць; там толькі дзеці паліцаяў і гаёвых вучыліся. У гаёвага, што дзяцей у школу ў Мельнік паслаў, я кароў пасвіў.

Я хадзіў у адзін аддзел у Машчоную, у 1926 годзе; настаўнік Надомскі называўся. Пад яго каманду маліліся па-польску: „Ойча наш” перад урокам і „Дзенкі Ці, Божэ” пасля ўрока. А пасля я пасвіў і на гаспадарцы рабіў.

Адзіевіч Яраслаў, Орля:

Настаўнікамі ў школе былі палякі, сужонства Барлог і Бялецкі, якога брат быў лётчыкам. Арляне прыгадваюць, што на Пакатоўшчыну скідаў ён з самалёта пісьмы сям’і. Навучала таксама мясцовае праваслаўнае сужонства Барбара і Базыль Лашкевічы.

Пры санацыі закончыў я пяць класаў, а як прыйшлі рускія, то вярнулі мяне ў чацвёрты клас, бо гаварылі, што ў іх вышэйшы ўзровень. Зноў паўтараў чацвёрты клас, перайшоў з пятага ў шосты і — вайна.

Алекша Надзея, Піражкі:

У школу ў Астравок хадзіла шэсць гадоў — па два гады ў трэці і чацвёрты класы. Вучылася добра, але далей вучыцца не было грошай.

 

Андраюк Рыгор, Гусакі:

Чытаць не ўсе ўмелі. Тыя, што пры цары вучыліся, умелі толькі распісацца. І лічыць умелі. А ў польскую школу трэба было да чатырнаццаці гадоў хадзіць, бо нават каралі бацькоў. Настаўнік з настаўніцай былі здалёк і вучні вельмі іх баяліся. Бо і на калені ставілі, і лазою або лінейкаю білі, і за вуха круцілі, і пасля школы пакідалі. Як настаўніца не давала рады, то настаўніка клікала і ён сам наводзіў парадак; бацькоў не трэба было клікаць. Вучылі толькі па-польску.

Артышук Іван, Курашава:

У 1921 годзе настаўнікам у курашаўскай школе стаў Міхал Давідзюк з Наройкаў. Я яму літр малака насіў, у сумцы разам з кніжкамі. Ён у пакоіку спаў на ложку з дошак, у ложку салома была плахтай засланая. Пасля далі яшчэ польскую настаўніцу Ірэну і яны двое вучылі. Потым яны пажаніліся. Былі ў іх два сыны Мірэк і Славік. Мірэк у вайну папаў у Англію, а Славік жыў у Беластоку. Настаўнік прыгожы голас меў і ў царкве спяваў. Калі чытаў Апостала, то аж газнік дрыжаў. І дзяцей сваіх у царкву вадзіў.

У школе вучылі чытаць, пісаць, рахункаў, гісторыі ад 900 года, геаграфіі, гімнастыкі, спеву, малюнкаў і рэлігіі. Да школы мяне мама рускай азбукі навучыла і цяпер я Псалтыр умею па-славянску чытаць.

Багацэвіч Галіна, Орля:

У школу хадзіў хто хацеў, але калі хто не паслаў свайго дзіцяці, таго каралі. Калі бацькі не наглядалі, дык пасля дзеці кідалі навуку, хаця ў школе не патрабавалі уніформаў — як у гімназіі — і хадзілі яны ў чым хто мог, а нават басанож. Парадак быў такі, што нават не дазвалялі зняць школьны значок. У школе надта не каралі, часам толькі каго на калені паставілі. Я сядзела ў адной парце з жыдам, Іцал Бергман называўся.

Помню многіх настаўнікаў. Калі я вучылася, загадчыкам быў Тадэвуш Врублеўскі; вучыла таксама яго жонка Марыя. Была Мілерава, Адамчык — вяла гарцэрства, Бялецкі — настаўнік старасвецкі. Уладыслаў Акушка з Бельска кіраваў духавым аркестрам (пажарнікаў). Настаўнікі кватараваліся ў Ляшэвіча, у якога быў двайны дом. У Куптэля, мясцовага фельчара, жыў хормайстар Далкоўскі, які — як мне тады здавалася — не быў рэлігійны, бо вучыў нас наступную песню:

Tam na górze jawor stoi, jawor zielonieńki,
Płacze kozak w obcej stronie, kozak [...].
Niech mnie nie chowają popy ani diaki,
Jeno same ukraińskie grzebią mnie kozaki.

У школе было гарцэрства, я была звеннявой, а атрад называўся „Яскулка”. Акрамя мяне звеннявымі былі Альбіна Рыбак, Галена Гжыбэк і Данута Врублеўская (дачка загадчыка). Важатай была Яська Рыбак. Хадзілі мы ў Белавежу на тыднёвы бівак, а ў пушчы шукалі мы паказальнікаў, ноччу вартавалі, дрыжучы ад холаду.

У 1938 годзе закончыла я сямігодку і бацькі намаўлялі мяне, каб вучылася далей; была такая магчымасць, але я не захацела. Старэйшы брат Анатоль хацеў вучыцца далей у падафіцэрскай школе, здаў экзамен, але не прынялі яго. Далі адказ, што быццам некалькі сантыметраў росту не хапала. Але сумняваюся, ці гэта была праўда, бо малы ён не быў. Хто ведае — мо таму, што праваслаўны...

Мяне мама паслала вучыцца на краўчыху да жыдоўкі Фейгі Фукс. Прадбачвалася тры гады навукі, першы год трэба было быць прыслужніцай. Столькі я і вучылася, бо вайна.

Пры санацыі ніводная з маіх сябровак не пайшла ў гімназію. З Орлі толькі Барбара Бабулевіч пайшла вучыцца, але яна была сіратою і за яе гміна плаціла. Яшчэ пры санацыі выйшла яна замуж за настаўніка Базыля Лашкевіча і пасля вучыла ў Орлі.

Бажко Марыя, Істок:

У школу сама мала хадзіла яшчэ ў Мора, у войта вучылася. Год ці менш пахадзіла, бо бацькам усё па гаспадарцы дапамагала. Тады школа польская была, але зараз я нічога па-польску не разумею.

Баравік Ян, Гаркавічы:

Пяцёра нас у бацькоў было. Дома бацькі знаёмілі нас з рускім алфавітам, а з польскім знаёміліся ў школе. Усе мы вучыліся выдатна. Сястра Оля, хаця мела выдатнае пасведчанне, паўтарала чацвёрты клас. Я адзін год не хадзіў у школу, бо хварэў. Як я тут чатыры класы скончыў, то бацька завёў мяне ў Крынкі ў пяты клас. І пры саветах зноў у пяты клас пайшоў. У 1941 годзе, у шостым класе, стаў хварэць і да канца ў школу не хадзіў. Пад нямецкай акупацыяй усе перасталі вучыцца. Пасля вайны майго брата пасля трох класаў санацыйнай школы ў пяты клас прынялі, але настаўнік адразу перавёў яго ў шосты клас.

Бародзіч Яўгенія, Піражкі:

Школа спачатку ў Астраўку была, а пасля ў Піражках па хатах; дзяцей многа было, як лесу. Хадзілі ўсяляк: і басанож у прымаразкі, і ў хадачках — як хто. Усе мелі торбачкі з палатна, зашпільваныя гузічкам. Шылі іх у хаце мама або баба з саматканага, сваёй ніткай.

Белявец Раман, Войнаўка:

Граматных на вёсцы было няшмат. Пан быў заклаў школу, у якой вучылі яго дочкі. Вучыліся ў гэтай школе па-польску. Я таксама зімой хадзіў у школу, а летам трэба было кароў пасвіць.

Габрылеўскі Міхал, Трывежа:

Вяскоўцы размаўлялі на беларускай гаворцы, з украінскім акцэнтам і з дадаткам польскіх і рускіх слоў. У Трывежы толькі адзін селялнін, Павел Лебядзінскі, аж да смерці размаўляў па-руску. Большасць умела чытаць і пісаць па-руску і па-польску, але і былі непісьменныя, якія ледзь умелі распісацца.

Па дамах сустракаліся багагласнікі — царкоўныя спеўнікі, часам польскія кніжкі і сельскагаспадарчыя газеты, якія сяляне перадавалі адзін аднаму.

Па вёсках былі чатырохкласныя школы. Пасля іх заканчэння дзеці далей не вучыліся. Выключэннем быў Андрэй Габрылеўскі, які закончыў прафесійную школу ў Гайнаўцы і працаваў у вёсцы кавалём. У чатырохкласную школу хадзілі ўсе дзеці, а вучылі іх настаўнікі з розных бакоў Польшчы. У Трывежы вучыў Эдмунд Дучмаль з Познаньскага ваяводства. Жыў ён па-суседску ў новай хаце Мацея Мялешкі. Настаўнікі вясною ездзілі на веласіпедах у Гайнаўку на абеды.

Маладыя настаўнікі не білі дзяцей, але старэйшыя білі лінейкай у лапу, ставілі на калені, а за большыя правіны — на гароху, трымалі вучняў пасля ўрокаў у г.зв. козе. Адзін з настаўнікаў хацеў змяніць назву вёскі Трывежа на Тшывежа, але жыхары супрацівіліся.

Сярод вучняў былі і выдатнікі, і дрэнныя вучні. Таленавітым вучнем быў чацвёртакласнік Аляксандр Галёнка, якога звычайна называлі Масквічоў Шурка (яго бацька раней быў членам царскай Думы). Настаўнікі запрашалі яго на размовы, узнагароджвалі яго. Дзеці зайздросцілі і не любілі яго, празывалі „рымскім папам”. Памёр ён рана на сухоты. У 1938/1939 школьным годзе вучылі нас патрыятычных песень і вершыкаў. Напрыклад:

Warczączołgi, samoloty,
Lśni buława w słonku złotym,
Okrzyk gromki w niebie bije:
„Pan Marszаłek Rydz-Śmigły niech żyje!”

Адзін хлопец з Катоўкі выгукнуў з задняй парты: „Хай здохне!” Настаўнік схапіў яго за вуха, вывеў са школы і загадаў, каб прыйшоў бацька. Было гэта ў красавіку 1939 года і бацькі не паспелі наведаць школу, бо ў маі настаўнікаў мабілізавалі ў армію. Да канца школьнага года вучыў нас стары настаўнік, пенсіянер, праўдападобна з Чыжыкаў. За кожную правіну біў ён лінейкай у лапу.

У вёску калектывы і хоры не прыязджалі. Раз дзяцей пехатою вадзілі ў Гайнаўку ў кіно. Паказалі нам агучаную кінакарціну. У 1938 г. школа купіла радыёпрыёмнік — вялікую драўляную скрыню. У суботу вечарам і ў нядзелю радыёпрыёмнік ставілі на акно, пад якім збіраліся дарослыя і моладзь слухаць перадачы.

 

Грыгарук Анастасія, Дубічы-Царкоўныя:

Усіх дзяцей прымушалі хадзіць у школу, інакш бацькі плацілі штраф. Беларускіх школ не было, толькі польскія. Ды і беларускія дзеці не мелі магчымасці вучыцца далей. Я пайшла ў школу ў шэсць гадоў і добра вучылася. Бацька хацеў, каб я вучылася далей, але настаўнік сказаў, што гэта амаль немагчыма, бо я не полька. Настаўнік жыў добра: абрабляў школьную зямлю, трымаў служанку. У школе было цікава, быў хор, рабілі прадстаўленні на святы. Чыталі, спявалі і гаварылі па-польску. Кніжкі куплялі ў кнігарні. Газетаў, здаецца, не было. Хіба толькі падпольныя.

Грыгарук Якуб, Дубічы-Царкоўныя:

Мы чыталі і пісалі на польскай мове, а гаварылі па-свойму. Некаторыя ўмелі чытаць па-славянску (мова царквы). Кніжак, газет было мала. Гэта людзей мала цікавіла, трэба было працаваць.

З сямі гадоў трэба было хадзіць у школу і вучыцца да 14 год. У школе былі толькі чатыры класы, таму даводзілася сядзець у адным класе па 2 гады. Калі я быў пастушком і не пайшоў у школу, то на бацьку выпісалі штраф. Грошай не было, прыйшлося калоць дровы для паліцыі. Наша школа была пабудавана яшчэ за царом, ацалела нават падчас пажараў. Настаўнік быў вельмі строгі. За дрэнную работу на ўроку біў лінейкай па руцэ. Аднаму вучню за правіннасць так даў дубцом, што нават перабіў руку ў касці. Але настаўніка чапаць нельга было.

У ліцэі ў Бельску вучыліся тыя, хто меў грошы — дзеці старастаў і паліцыянтаў. З Дубічаў ніхто не вучыўся ў гімназіі. Беларускую школу ніхто не спрабаваў адкрыць.

Дзіда Дзмітрый, Краўчук Надзея і Тапор Мікалай, Тафілаўцы:

К. Н.: Усім дзецям трэба было хадзіць у школу. Калі дзеці не хадзілі ў школу, то з бацькоў мог быць спагнаны штраф. Але грамата „за санацыяй” была кепская. Калі прыйшлі саветы, пачала выкладаць настаўніца Юля. Была яна вельмі маладая, і паходзіла дзесьці з﷓пад Гомеля. Вучылі па-беларуску.

Д. Д.: Вучылі па-беларуску і пры немцах. Але не было падручнікаў, дый вучылі вельмі кепска.

К. Н.: Трэба было скончыць чатыры класы. Вучыліся і па сем год. У адным класе было вельмі мала дзяцей, у адным пакоі знаходзіліся па два класы. У школе было толькі два настаўнікі.

Т. М.: За санацыяй газет не чыталі, бо былі дарагія. Кніжак таксама не было. І кіно не бачылі. Толькі адзін поп меў радыё. Аўто не бачылі, толькі былі два ровары.

Д. Д.: Адзін жыхар пайшоў вучыцца ў гандлёвую школу ў Пінск, але правучыўся толькі год. На далейшую вучобу не хапіла грошай. Цяжкае было жыццё, і вывучыцца было цяжка.

Дэмчук Ян, Чаромха-Станцыя:

У школу хадзілі ў суседнія Клюковічы. Урокі праходзілі на польскай мове і пачыналіся малітвай. Настаўнікамі былі палякі. Падсылалі з Луцка або з цэнтральнай Польшчы. Праваслаўнаму не дазвалялася займаць месца на дзяржаўнай пасадзе.

Іванюк Эмілія, Вітава:

У нашай вёсцы была 4-класная школа. Вучылі тут па-польску і па-беларуску. Больш адпускалі вучыцца хлопцаў. Дзяўчынак амаль не вучылі чытаць. Толькі калі каторая сама надта хоча. Я таксама навучылася чытаць па-польску. Раманы нават чытала. Па-беларуску чытаць я не любіла. А па-руску любіла, хаця мая мама была полька. Настаўнік у школе вельмі добры быў. Яго ўсе любілі, хадзілі за парадамі. Былі ў вёсцы людзі вельмі адукаваныя. Кірыла Баравік складаў для людзей паперы, лісты пісаў. Быў у нас і беларускі гурток. У яго мужчын чалавек 5 уваходзіла. Але потым гурток гэты раскідаўся. Пры паляках артысты да нас не прыязджалі, кіна таксама не прывозілі.

Кавейша Надзея, Сынкоўцы:

У школу я ў Сідэрку хадзіла, бо ў нашай вёсцы не было. Вучылі вучыцель і вучыцелька, сужонства. Вучылі па-польску. Зімою ў школе каву гарачую давалі. Сідэрцы кубачкі з сабою насілі, а нам далі такія беленькія кубачкі, якія пасля мусіш вымыць і спаласкаць.

У школу хадзілі пехатою. Часам, толькі зімою, давозілі. Некаторыя хадзілі ў школу ў камашах і як у іх падэшва парвалася, то не выкідалі, але падбівалі драўляную. У камашах шнуроўкі былі. А апошнія хадзілі ў клёмбах. Наш тата клёмбы рабілі: драўляную падэшву шкураю абабівалі. Клёмбаў не шнуравалі, толькі нагу ўсоўвалі. І, здаецца — добра! А як падэшвы схадзіла, то тата наракалі, гаварылі, што не будзе больш рабіць, бо і ўсяго трэба. А вясною — усе басяком пайшлі!

Як у школу ішлі, то хрушчоў лавілі і вучыцель часам на ўроку паказваў іх. Кніжкі і сшыткі ў шытых торбах насілі. Мама мне на торбачку анучу нашылі і два гузічкі зачыніць. І наверх шнурок — торбачку на плечы і пайшла! Дзядзька пёрнік драўляны зрабілі, які дошчачкай засоўваўся. Пісалі пяром і алоўкам. Кніжкі куплялі ў вучыцеля.

Перайшла я ў чацвёрты клас, але не скончыла яго. Не ведаю чаму, мо што з хаты цяжка было мяне выпраўляць. Школы тае ўжо няма, развалілі, але калі еду праз Сідэрку і гляджу на тое месца, то неяк так хвалююся.

Калейнік Яўгенія, Вострава:

Доступу да вышэйшых школ не было, бо дорага. Толькі адзін з Крапіўнага на афіцэра вывучыўся.

Карнееў Аляксандр, Орля:

У Орлі добраахвотная пажарная каманда паўстала ў 1922 годзе, а першым яе камендантам быў Фама Нестаровіч. Пасля пажарнікаў узначальвалі сын яўрэя Вайштына, затым кіраўнік школы Дэмбіцкі, Мікалай Хурса. Неўзабаве быў заснаваны пажарны духавы аркестр, якога членам стаў я ў 1930 годзе, калі мне споўнілася 20 гадоў. Найперш аб прыёме вырашыў лекар, які дакладна абследаваў лёгкія, каб даведацца, ці хопіць мне сілы дзьмуць у карнет. Адначасна стаў я пажарнікам. У аркестры гралі арлянскія яўрэі — мясцовыя рамеснікі.

Вучыў нас і дырыжыраваў аркестрам настаўнік Уладзіслаў Акушка (Okuszko), які быў родам з Бельска. Разам з намі граў кіраўнік школы Дэмбіцкі, які нейкі час быў камендантам пажарнай каманды. Як кожны сур’ёзны аркестр, мелі мы свой пастаянны рэпертуар, які прэзентавалі публіцы на розных урачыстасцях і вечарынах. Вельмі часта гралі мы на яўрэскіх вяселлях — пад гукі марша праводзілі маладую пару і вясельны карагод, а потым гралі на танцах, найчасцей у будынку яўрэя Вадзілоўскага, дзе была сцэна. У гэтым самым будынку (па сённяшняй вул. Бельскай) Вадзілоўскі трымаў краму. За вясельным сталом яўрэі гарэлкі амаль не пілі. Выпівалі сама больш па паўкілішка, а на ўсё вяселле хапала ім паўлітра гарэлкі. Нам, музыкантам, апрача грошай давалі выпіць (2 літры на 12 чалавек) і добра закусіць (тушанае гусінае мяса і т.п.). У той час нельга было выконваць румбу. Наш рэпертуар складалі маршы, танга, полькі, вальсы...

У трыццатых гадах арганізавалася ў нас Камуністычная партыя Заходняй Беларусі. Яе членамі сталі некаторыя нашы музыканты, якіх неўзабаве ў аркестры не стала. Прычыніўся да гэтага правакатар з Гусакоў, які пранікнуў у ячэйку, быў на падпольным сходзе ва ўрочышчы „Бор” і ўсіх выдаў паліцыі. Папалі яны ў турму. А калі некалькі яўрэяў выехалі з Орлі, аркестр прарэдзіўся.

Дырыгенту Акушку прыйшлося заняцца папаўненнем. У выніку палову аркестра складалі старэйшыя вучні мясцовай школы. У 1935 годзе ў аркестры гралі сем яўрэяў: Мейер Тафілоўскі, Шэйкін Тапалянскі, Мейер Мікляцкі, Вернік, Шмаглер, Грыбіцкі і Бертман. Сярод хрысціянскіх музыкаў былі, між іншым, Уладзіслаў Акушка, Аляксандр Ярымовіч, Міхал Шыманскі, Аляксандр Кубаеўскі, Ян Вярбіцкі.

Карпюк Мікалай, Страшава:

У 1930 годзе пайшоў я ў школу ў Гарадок, сем гадоў вучыўся, але пасведчанне недзе затраслося і пасля вайны давялося давучвацца ў сёмым класе. Пасля школы пасвіў кароў; шэсць метраў жыта зарабіў, бо шэсць кароў пасвіў. На наступную восень бацька аддаў мяне вучыцца за столяра; даў майстру 50 злотых за дзве зімы. Адну зіму пры Польшчы вучыўся, а калі прыйшлі саветы, два гады вучыўся ў НСШ (няпоўнай сярэдняй школе) у Гарадку.

 

Кішыцкі Аляксандр, Кнышэвічы:

Школа ў Кнышэвічах была. Снег злезе — трэба кароў пасвіць, снег налезе — у школу! У Кнышэвічах чатыры класы было, а хто хацеў сем класаў скончыць, таму ў Саколку трэба падавацца было. У Саколцы трэба было плаціць, і кватэру наймаць — толькі багатыя там вучыліся. У Кнышэвічах вучыцель вучыў, а пасля і вучыцелькі. Як што, то лінейкаю па лапах біў, на калені стаўляў, за вушы круціў. Вучылі чытаць, пісаць, спяваць і рахаваць. Кніжкі куплялі ў школе ад вучыцеля. Пісалі ў сшытках — для матэматыкі і для польскай мовы. Вучылі ў хатах, а самую школу паставілі толькі ў 1946 годзе — з Гуран рэпатрыянтаву хату перавезлі. Вучылі па-польску, бо Польшча, і ніхто не пратэставаў.

Крук Ян, Тафілаўцы:

Вучыўся ў школе я, адбыў 4 класы. Там паляк у Дубічах — Заблоцкі зваўся. За вуха возьме, ці на гарох паставіць. Ад 4 класа я кінуў, бо авечак трэба было пасвіць.

Лук’янюк Аляксей, Гайкі:

Калі ў Расіі голад настаў, дамоў вярнуліся. А тут адны руіны. Зноў прыйшлося ўсё пачынаць ад пачатку. У дзесяць гадоў паслалі мяне ў школу. Вучыўся ў Чаромсе. Школа ў драўлянай шопе змяшчалася, побач лазні. Кіраўніком працаваў пан Домбэк. На занятках класы спалучаліся: першы з другім, а трэці з чацвёртым. Я выдатнікам лічыўся. У адзін год два класы прайшоў. Арыфметыку моцна любіў. Памятаю, як вяртаючыся дамоў са школы, сядаў у лесе на пянёчку і задачы рашаў...

Цяжка прыходзілася штодзень па пятнаццаць кіламетраў хадзіць у Чаромху (там і назад). Асабліва зімою, калі дарогі снегам заносіла. Але чатыры класы закончыў. Як скончылася мне чатырнаццаць гадоў, бацька не дазволіў далей вучыцца (у гэты час да чатырнаццаці гадоў абавязкам было дзяцей пасылаць у школу, пасля не прымушалі). Пан Домбэк не мог пагадзіцца з тым, што я, такі здольны вучань, спыняю вучобу. Я стаў бацьку памагаць у гаспадарцы, затым пастухом наймаўся ў суседніх вёсках. За лета пуд жыта бацькам прывозілі. Авечак кепска было пасвіць. Многа кралі з пашы. Таму трэба было добра пільнаваць статак.

Мазалеўскі Андрэй, Хільмоны:

Калісь была ў нас газета „Народны Звон”, а ў той газеце п’еса „Лекары і лекі” была, у якой цемнату вясковую паказвалі. Раз сабраліся былі ў нас, вясною 1925 года, я тады бадай у чацвёртым класе вучыўся, а той Мазалеўскі, які потым войтам стаў, кажа, каб тое прадстаўленне зрабіць. Зараз спытаў я настаўніцу, ці можна, а яна адказала:

— Ja od siebie pozwolić nie mogę, ale na zebraniu w Nowym Dworze zapytam władz, czy można.

Пасля паведаміла мне:

— Nie, nie pozwolili, żeby zrobić.

І так асталося.

Мароз Марыя, Новаберазова:

Вучыцца ў школу, якая знаходзілася насупраць нашай хаты, пайшла я ў сем гадоў і правучылася там тры гады. Пасля, у другім будынку, вучылася чатыры гады, але закончыла толькі пяць класаў. Не пасылалі тады вучыцца ў шосты ці сёмы класы ў Гайнаўку, але правучыцца трэба было сем гадоў і таму тры гады хадзіла я ў пяты. Калі бацькі хацелі звольніць дзіця ад вучобы ў апошніх класах, трэба было ехаць у Асветнае аддзяленне ў Бельск-Падляшскі і ўплаціць немалыя грошы, але вяскоўцы рэдка рашаліся на такое хадайніцтва. Дзеці з Новаберазова вучыліся найчасцей па сем гадоў у сваёй вёсцы, бо толькі некалькіх вучняў бацькі паслалі ў старэйшыя класы ў Гайнаўку. Вучоба з першага па трэці класы адбывалася ў адной зале, вучыў адзін настаўнік. Чацвёрты і пяты класы вучыліся ў іншым будынку ў двух залах. Настаўнікамі былі палякі і патрабавалі, каб малітвы перад вучобай і пасля яе заканчэння гаварылі мы на польскай мове. Толькі хрысціліся мы па-праваслаўнаму. Да настаўнікаў адносіліся мы з вялікай пашанай і баяліся іх. Вучоба адбывалася на польскай мове, толькі ўрокі закону Божага вяліся на рускай, а па-беларуску ўвогуле ніхто не вучыў. Апрача галоўных прадметаў — матэматыкі, польскай мовы, гісторыі і геаграфіі — мы вучыліся яшчэ рысунку і спеву. Вучыцца цяжка было, бо дома трэба было дапамагаць. Поля ў нас мнагавата было, дык у капанне бульбы каля тыдня мы не хадзілі ў школу. На малацьбу часам заставаліся дома і пры некаторых іншых працах. Асабліва за гэта не каралі, але адзначалі ў пасведчаннях.

Налівайка Мікалай, Боркі:

Школа была ў Борках, спачатку ў прыватнай хаце, а пасля, у канцы трыццатых гадоў, бацькі і гміна пабудавалі новую. У класе вучылася мо з пятнаццаць дзяцей з нашай вёскі, Ліпавага Моста і Засад. На пачатку ўрокаў пацеры гаварылі „Duchu Święty”, а пасля заканчэння „Dzięki Ci Boże za światło tej nauki”. Быў адзін настаўнік, нетутэйшы — суровы быў, па ўроках астаўляў, часам у лапу біў, за вуха закруціў. Бацькі нават гаварылі, каб караў, калі дзіця заслужыць.

Насковіч Рыгор, Кляшчэлі:

У школу паступіў у сем гадоў. Кіраўніком быў Эдуард Дзямяньскі. З настаўнікаў запамяталіся Уладыслаў Гладышэвіч і Галена Барташэвіч. Заняткі пачыналіся а восьмай і канчаліся пасля абеду. Дзве гадзіны ў тыдні навучалі рэлігіі. З праваслаўнымі бацюшка займаўся. Да каталіцкіх дзяцей прыходзіў ксёндз. Дзве ацэнкі адно ставіліся: пяцёрка і двойка. Здаралася, што на школьным пасведчанні была двойка з рэлігіі, але гэта не ўплывала на перавод у наступны клас.

Ад пятага класа вывучалі альгебру, гісторыю і геаграфію. З гісторыі патрабавалі добра ведаць імёны польскіх каралёў і даты паўстанняў.

Ніканюк Андрэй, Арэшкава:

У школу паступіў я ў 8 гадоў. Вучыўся ў Арэшкаве. Маімі настаўнікамі былі Ян Завора і Казімеж Чахоўскі. Навука працягвалася чатыры гады, а навучанне праходзіла на польскай мове. У адным класе вучылася каля дваццаці вучняў. Заняткі ў старэйшых класах III-IV пачыналіся з 8-ай гадзіны раніцы і працягваліся да абеду. Пасля дванаццатай прыходзілі малодшыя дзеткі (класы I-II). Падручнікі чатыры гады не мяняліся. Дазваляла гэта малодшым адкупляць у наступных класах ад старэйшых калег. Была звычка карыстацца сваімі кніжкамі. Калі бацькі не змаглі самі абяспечыць дзяцей, дык настаўнікі заказвалі падручнікі ў школу. Цэны не надта былі высокімі.

Нічыпарук Уладзімір, Вітава:

Я ў польскай школе скончыў 5 класаў. Вучылі польскую мову, матэматыку, геаграфію і гісторыю. Трэба было да 14 гадоў хадзіць у школу, бо інакш улады каралі. Дысцыпліна ў школе была моцная, бо калі што, дык лінейкай па пальцах ці за вуха. Кланяліся людзі настаўнікам пры сустрэчы і шапкі здымалі. У мяне нават захаваўся фотаздымак школы да 1939 г. Дзеці ў школе размаўлялі па-беларуску, а настаўніца нас не разумела. На перапынках гулялі ў хованкі, „свінку”, „клёк”. „Клёкам” называлі мячык з ганучаў. У адным класе былі і хлопцы, і дзяўчаты. Пад кіраўніцтвам настаўніка дзеці рыхтавалі розныя сцэнкі на польскай мове. У школу дзеці хадзілі не толькі з Вітава, але і з суседніх вёсак: Пескі, Пасечнікі, Доўгі Брод, Кархі, Забагоншчына. Урокі пачыналіся з малітвы для добрай навукі на польскай мове. На ўрок рэлігіі ў сераду прыязджаў бацюшка Мірон з Дубіч. Быў ён добры, дзяцей не біў, вучыцца не прымушаў. А сам гаварыў па-руску.

Хлопцы ў школу апраналіся ў гранатовыя кашулі. А штаны маглі быць любыя. Пастрыгаліся коратка, бо ў тых, хто доўгія валасы насіў, настаўніца на галаве крыж выстрыгала. Дзяўчаты насілі белыя каўнерыкі і мусілі акуратна валасы прыбіраць.

Бацькі куплялі дзецям сшыткі, ручку, пяро, чарнільніцу. Але часам як дзеці дурэлі, то абліваліся тымі чарніламі. Падручнікі таксама куплялі. Грошы на іх давала настаўніца. Часам яна наймала фурманку і вазіла дзяцей на экскурсію на лесапілку.

 

Пагур Міхал, Баброўка:

На вёсцы не чыталі. Калі хто ў Высокае паехаў, то можа газету і купіў. Але для гэтага былі патрэбны грошы. Папера сялянам была патрэбна на самакруты. Сеялі яны ўпотай махорку на палях, бо акцыза праследавала. Потым рабілі смярдзючыя самакруты і ўсе рэлігійныя кнігі, якія прывезлі з Расіі, паскручвалі.

Панасевіч Марыя, Ялова каля Ліпска:

У школу я спачатку хадзіла ў Крапіўна, а пасля ў Вострава перанеслі. Чатыры класы скончыла. Кожны год пераходзіла, а хадзіла шэсць або сем гадоў, бо да чатырнаццаці трэба было хадзіць. Дзяўчаты добра вучыліся, а хлопцы хуліганаватыя былі, то і не пераводзілі іх. Каб і найлепш вучыўся, то толькі чатыры аддзелы кончыў, і ўсё. Сказана чатыры класы, то чатыры класы, сказана па-польску, то па-польску. А што можна хацець?!

Вучылі польскай мовы, рахункаў, геаграфіі, прыроды і гісторыі. Адзін падручнік гісторыі на пяць дзяўчын быў; я вучылася з калежанчынае кніжкі. Табліца вялікая на сцяне была. Мелі сшыткі. У першым класе спачатку алоўкам пісалі, каб сцерці можна было, а ад Каляд ужо атрамантам. У лаўцы дзве дзіркі было, а ў іх каламажы з атрамантам. І ў хаце атрамант таксама ўсе мелі; куплялі ў Дуброве.

Мой стрыечны брат вучыўся ў школе кадэтаў. Яго хрышчоны бацька быў палкоўнікам і таму яго прынялі, бо так не дастаўся б. Ён хіба паручнікам быў. У вайну загінуў. Файны быў, шкада было яго.

Панасюк Ніна, Старое Беразова:

Вучылася я мала, грошай не было. Ну і ў той час не было такой патрэбы. Навучылася чытаць, пісаць і рахаваць. А што вясковай дзяўчыне больш трэба было?! Вось такая мая адукацыя.

Панфілюк Мікалай, Дубічы-Царкоўныя:

Была чатырохкласная польская пачатковая школа, мой бацька ў кожным класе па два гады сядзеў. Хадзілі ў школу як хто хацеў, з перапынкамі, таму і быў нізкі ўзровень ведаў. Атрымаць добрую адукацыю было цяжка, каб скончыць сямігадовую школу трэба было плаціць немалыя грошы, толькі адзін з Кляшчэляў змог скончыць. Настаўнікі былі з Польшчы, нашых не прымалі. Чыталі тыя, што займаліся палітыкай. Многія ўмелі чытаць па-руску, вучыліся ў бежанстве. У 30-я гады чыталі па-польску і па-руску. Па-беларуску чыталі толькі камуністы, яны выпісвалі „Маланку”. Кніжкі прывозілі з бежанства, куплялі рэдка, набывалі газеты. У школе была бібліятэка, там можна было браць кнігі.

Спробаў стварыць беларускую школу не было. Быў Андрэй Тамашук, які належыў да нейкай беларускай арганізацыі, што ставіла сваёй мэтай аддзяленне Беларусі ад палякаў і Расіі. Узначальваў гэту арганізацыю Герман Шыманюк. Удзельнікі гэтай арганізацыі аднойчы напалі на пастарунак у Кляшчэлях, а потым уцяклі ў пушчу. Калі сям’я вярнулася з бежанства, то Андрэй Тамашук ужо хаваўся ў зямлянцы ў пушчы. Яго шукала паліцыя, нават яго бацьку пыталі: прыкладалі гарачую цэглу да пяткі. Бацька расказаў, дзе сын, але той паспеў збегчы. Гэты ж Андрэй пісаў вершы.

Панфілюк Уладзімір, Дубічы-Царкоўныя:

Помню, што і газета дома была — „Маланка”, якая выходзіла ў 1926-28 гадах.

У сем гадоў пайшоў я ў мясцовую школу. Вучылі польскія настаўнікі: Ліскевіч, Хэнтнік, Заблоцкі. Узровень быў невысокі, класы паўтараліся; чатырохгодку праходзілі праз сем гадоў. Далейшай навукі для беларускіх дзяцей не было. Адна бяда, і толькі неразумны чалавек хваліць санацыйны парадак.

Перавой Юлія, Наройкі:

Школа ў Наройках была, у якой чатыры класы было і ў іх трэба было вучыцца ад сямі да чатырнаццаці гадоў жыцця; у Мілковічах-Янках была сямікласная школа. Усе чатыры класы вучыў адзін настаўнік, Семяняка называўся, а яго жонка па-руску гаварыла, бо з Расіі была. Рэлігіі навучаў наройскі бацюшка і ксёндз з Мілковіч. У нашай хаце абразы былі, але надта рэлігійна не было, хаця на кожную службу тата гнаў нас у царкву. Да духавенства людзі ўсяляк адносіліся, як каму падабалася, бо ніхто ўсім не дагадзіў.

Плішко Лідзія, Градалі:

У школу я не хадзіла; сама вучылася чытаць. Калі ў 1932 годзе вызначалі ў нас калёніі, дык мярнічы збраў мяне да сябе, у Варшаву. У яго была дачка, мая равесніца, і на працягу двух гадоў я была ёй кампаньёнкай. Пасля я крыху працавала ў людзей і крыху дома.

Пташынскі Павел, Старое Ляўкова:

Школа ў Ляўкове была. У школе пісалі ў сшытках; у першым і другім класе алоўкам, а ў трэцім і чацвёртым — атрамантам. Рэлігіі ў школе не было. Не ўсе дзеці хадзілі ў школу — не было такога абавязку. Я толькі паўтары зімы хадзіў, бо не хацелася. Летам памагаў на гаспадарцы, бо бацькі не было. Сястра арала, а я каня паводзіў. Зімою ў лесе рабіў, у Лядскім і Белавежскім. Ставілі метры і клёцы на калейку ў Белавежы грузілі; я каля трох гадоў пры загрузцы працаваў.

Пушкарэвіч Ян, Клюковічы:

Пайшоў я тут у польскую школу; у школу хадзілі паводле магчымасцей. Настаўнікаў шанавалі. Мне было лёгка вучыцца, бо польскую мову крыху ведаў. Вучыўся два гады, а пасля стаў памагаць на гаспадарцы.

Рыдз Кірыла, Шарні:

У школу я ні дня не хадзіў. У Расіі сястра ў школу хадзіла. І я хацеў, але замалады быў, аднак настаўніца дазволіла прыйсці. Завялі мяне, а яна пытае:

— Хочется учиться?

— Да.

— Нельзя. А у сестры может что научился?

— Стишок.

— Скажи!

Я сказаў вершык, а яна:

— Вот хорошо, но нельзя.

І так я дадому вярнуўся. І школа прайшла, і ўсё. Ужо калі я быў тут, прыходзіў да мяне сябра і паказваў літары. Я яму зайздросціў, як ён чытаў. І я неяк пачаў чытаць, пісаць. І цяпер усё ведаю: і па-польску, і па-руску, і па-славянску. Хадзіў я ў царкву і цэлую абедню ад пачатку да канца вывучыў.

Сахарчук Хрысціна, Чахі:

У школу я не хадзіла, але па вёсцы хадзіў такі чалавек, які вучыў па-руску проста так, без грошай.

Сац Марыя, Чаромха-Станцыя:

У школу я пайшла ў сем гадоў. Закончыла чатыры класы. Настаўнічаў у Голі Вінтэр з жонкай.

Свіцкі Яўген, Ячна:

Усіх дзяцей змушалі ў школу хадзіць, каб тры класы скончыць. Я тыя тры класы да 1939 года ў Гарасімаўцах скончыў, у вайну ў Ячне кончыў чацвёрты і пяты класы, а пасля фронту шосты і сёмы. Вучыў прыезжы настаўнік Войцех Тур. Вучні настаўніка баяліся, бо біў. Як клекса ўпадзе, то кантам лінейкі па руцэ. А як большая правіна, то і кіем па срацы. І за вушы круціў. Бацькі з настаўнікам не мелі дачынення, хіба што хто шыбу пабіў, тады выклікаў бацькоў. Да вайны па-польску вучылі. У мяне быў рускі буквар, то настаўнік яго забраў, бо той буквар нелегальны быў. Спробаў навучання на беларускай мове не было.

У Ружаным Стоку была духоўная семінарыя. За навуку трэба было плаціць восемдзесят злотаў у год. Маглі туды хадзіць і праваслаўныя, і жыды. Вучыўся там Валодзя Канстанчук, які пасля сакратаром партыі ў Беластоку быў. Газеты дарагія былі, па сорак грошаў; толькі адзін у вёсцы газету купляў.

 

Стэльмашук Пятро, Вулька-Тэрахоўская:

У вёсцы былі два школьныя будынкі: казённы і другі ў гаспадарскай хаце. Настаўнікам, як і ўладальнікам другой школы быў аднавясковец Бялоў. Я чатыры зімы хадзіў у казённую школу. З настаўнікаў ніхто не запамятаўся. Адно памятаю, як у школьным драмгуртку ўдзельнічаў. Вучыў нас Сыльвэсь, мясцовы мужык. Ён ролі на паперу „акцёрам” запісваў, я мы на памяць іх вывучалі. Рэпетыцыі праводзілі ў школе. З пастаноўкай ездзілі ў Кляшчэлі ды ў бліжэйшае наваколле. Памятаю, як я польскага салдата-ўцекача прадстаўляў. За мною пайшла пагоня. Я ў бацькаву хату схаваўся. А тут салдаты ідуць. Бацька кажа: „Куды зараз?” На сцэне не было дзе схавацца, дык мяне пад сцэну ўпіхнуў. Калі жаўнеры затрымаліся, я з „каркоўца” выстраліў, яны пападалі. Публіка смяялася.

Сушч Вера, Орля:

Пасля вяртання з Расіі бацькі пасяліліся ў Белавежы (у матчынай Орлі ўсё згарэла). Я нарадзілася 1 кастрычніка 1922 года. У Белавежы жылі мы ўвесь міжваенны перыяд. Тут я хадзіла ў школу, якая знаходзілася насупраць царквы. Кіраўніком школы быў пан Здажыль, выхавацелькай малодшых класаў — пані Кухарска, а старэйшых — пані Русінякова. Палову вучняў складалі яўрэі.

На школьным пасведчанні побач прозвішча значылася веравызнанне — праваслаўнае. На ім былі адзнакі па паводзінах, рэлігіі і паасобных прадметах — польскай мове, рахунках, геаметрыі, фізіцы, хіміі, жывой прыродзе, геаграфіі, спевах, фізкультуры і практычных занятках. Настаўнікі да вучняў ставіліся строга. Калі хто парушыў школьную дысцыпліну, тады настаўнік біў па руках лінейкай. Я з чацвёртага класа свявала ў царкоўным хоры. Настаяцелем тады быў а. Уладзімір Цэхан.

Пасля сёмага класа я не магла вучыцца з﷓за нястачы грошай. Дзяцей у нас было трое — я, брат Валодзя і сястра Валя. Бацька працаваў у тартаку, маці займалася домам. Год пасля заканчэння школы пайшла я вучыцца за краўчыху. Мая майстрыха, родам з Познані, жыла недалёка бажніцы. Разам з дзвюма іншымі вучаніцамі шылі мы розныя строі, сукенкі, якія насілі потым па дамах і прадавалі. Навука мая працягвалася цэлы год. Пасля шыла я дома на мамінай машыне маркі „Зінгер”, якую мама купіла сабе ў 1920 годзе, і якой я карыстаюся яшчэ і сёння.

Федарук Аляксандр, Вітава:

У 1930 г. людзі сабралі грошы і купілі радыё. Было яно ў солтыса і па вечарах людзі збіраліся паслухаць. Увесь час складаліся па 50 грошаў на акумулятары. Ведалі ў вёсцы ўсе, як людзі жывуць у Расіі. Потым, як прыйшлі саветы, то прывезлі да нас кіно. Кіно паказвалі нямое, а сам кінамеханік расказваў. А тое радыё ў час вайны партызаны забралі.

Федарук Васіль, Вітава:

Пасля бежанства я тры зімы ў школу ў Істоку хадзіў. Першы год шэсцьдзесят шэсць дзён залічыў. Наступнай зімы адно трыццаць. Бацька не дазваляў. За гэта яго аштрафавалі. Пяць злотаў заплаціў. Як трэці год у школу пайшоў, дык настаўнік на туберкулёз памёр. Добры быў чалавек. Лявон Пшэгрудка называўся. З Карпатаў прыехаў. Пасля ягонай смерці школу закрылі. Мне пасведчанне выдалі, што чатыры класы закончыў, бо добра вучыўся.

Філіпюк Аляксандра, Вежанка:

У школу быў мус дзяцей пасылаць, бо калі хто не пасылаў, то бралі на калегію і каралі грашовым штрафам. Аднаму майму сыну не хацелася вучыцца. Не ішоў у школу, усё гаварыў, што заўтра пойдзе. Ну і пазвалі мяне на калегію ў Гайнаўку. Спяшалася, бегла хутка, прагрэлася, вецер прадуў і цэлае лета грыпам хварэла. Мама ўсё кампрэсы рабіла: авёс парылі і скураю авечаю ўкручвалі. Цэлае лета хлеба не ела, бо ад болю не магла.

Ціха Марыя, Тафілаўцы:

Якая ў нас вучоба была. Я скончыла 2 класы ў польскай школе. Мая мама вучылася ў Дубічах, там цяпер на месцы школы музей будуецца.

Цяцерка Васіль, Войнаўка:

Я хадзіў у польскую школу. Там вучылі толькі па-польску. Хадзіў я да школы толькі зімой, а вясной трэба было працаваць. Калі прыйшлі рускія ў 1939 г., то зрабілі беларускую школу. Я ў ёй 2 гады правучыўся.

 

Чаропскі Аляксандр, Клюковічы:

У вёсцы была карчма, з якой, як настала Польшча, зрабілі школу. І я ў тую школу год хадзіў, але яна згарэла. Вучні перайшлі вучыцца ў лепшыя хаты, але войт рашыў пабудаваць новую школу. Пан даў пляц, а людзі памагалі, чым хто мог. Пачалі стаўляць у 1928 годзе. Калі школу высвяцілі, тады перайшлі туды дзеці.

Я ў школу хадзіў зімою, а летам памагаў дома, бо бацька памёр у 1926 годзе, а нас было сямёра дзяцей. Спярша пасвіў я, яблыкі абрываў, а пасля да жніва хадзіў.

Чыквін Аляксей, Чахі-Арлянскія:

У 1936 годзе ў вёсцы, у прыватным памяшканні, была арганізавана школа. Я пачаў вучыцца маючы амаль дзесяць гадоў. Вучыла настаўніца Галена Швыцуўна, панна родам з Беластока. Яна, здаецца, ніколі не выйшла замуж, бо адзін з яе вучняў спаткаў яе пасля вайны на вуліцы ў Беластоку. І яна пазнала свайго вучня, шчыра з сабою пагутарылі і ў слязах развіталіся. Узровень навучання быў невысокі, аднак дзеці прагна здабывалі веды. Вучыўся я аж да 1939 года, калі санацыйны парадак абарвала другая сусветная вайна.

Чыквін Павел, Дубічы-Царкоўныя:

Школа ў нас у Дубічах за Польшчай чатырохкласная была. Усе прадметы — па-польску. Толькі ў першы год пасля вайны былі па-беларуску. Далей вучыцца ішлі тыя, хто грошы меў. Навучыцелямі тут былі пан і пані Ляскевічы. Яны былі прыезджыя.

Кніжкі мы самі сабе куплялі, але дужа іх не было. Дорага каштавалі. Маглі купіць толькі чытанкі такія невялікія. На дом давалі нам заданне выконваць. Бывала, што бацькі не пускалі дзяцей да школы. Тады бацькоў здавалі ў цюпу на адсядку. Маю маці Анастасію таксама адвязлі ў Орлю ў цюпу. Але там было так напалена, што яна кажа: „Не буду тут сядзець”. Адвялі яе ў жыдоўскую хату, і там адсядзела.

Калі што не выконвалі ў школе, настаўнікі „давалі ў лапу” (білі па руках). Мне аднойчы таксама хацеў па руцэ ўдарыць, а я паспеў убраць, так ён аб стол ледзь сваю руку не пабіў.

Настаўнікі нам у школе паказвалі мапу: там немцы, а там рускія. І мы тут рускія. Няма ні ўкраінцаў, ні беларусаў. Толькі рускія і палякі. У царкве з намі бацюшка па-руску гаворыць, і мы паміж сабою па-руску.

Шакала Люба, Арэшкава:

У школу ва ўзросце сямі гадоў я паступіла. Настаўнікамі Кэндра Юзэф, а пазней Каўнацка Зоф’я былі. Настаўнік у Сцяпана Баравіка кватараваўся. Для вучняў добрым быў. Выдатнікаў цаніў. На кватэру запрашаў. У яго радыё са слухаўкамі было. Дзецям слухаць дазваляў. У пачатковых класах (I-II) польскай мовы і рахункаў навучалі. У III-IV геаграфію, гісторыю і гімнастыку прыбаўлялі. Не прыпамінаецца, каб рэлігію вучылі. Я была выдатніцай. З году ў год у наступны клас пераходзіла. Чатыры класы ў адзінаццаць гадоў закончыла. Далей не змагла вучыцца. Бацькі грошай не мелі. Вымушана была тры гады ў чацвёрты клас хадзіць, паколькі бацькі баяліся, каб не аштрафавалі іх за тое, што ў школу не хаджу (абавязкам было да 14-ці гадоў дзіцё пасылаць на заняткі). Апраналіся дзеці ў тое, што бацькі змаглі купіць (пазней ужо ўніформенныя фартушкі ўвялі).

Янель Аляксандр, Залешаны каля Ялоўкі:

Школа была ў Залешанах, у суседавай хаце. Вучыла сужонства. Жонка ў лапу лінейкай біла — не толькі ў далоню, але і з другога боку, каб больш балела. Каралі таксама казою — пакідалі пасля ўрокаў, калі не зрабіў таго, чаго патрабавалі.

(працяг)


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праграмнай рады тыднёвіка Ніва

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster