БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
У новай айчыне. Штодзённае жыццё беларусаў Беласточчыны ў міжваенны перыяд.

ІV. Палітычнае жыццё
Адносіны да польскай дзяржавы, чыноўнікаў і паліцыянтаў. Вайсковая служба. Палітычныя партыі ў вясковым асяроддзі. Вобраз паляка, яўрэя і цыгана. Адносіны да СССР.

Адамчук Міхал, Мацьковічы:

Настала польская ўлада. Гміна ў Радзівілаўцы была. Войт быў не надта вучаны, па падставовай школе. Адраблялі шарварак — чатырнаццаць дзён у год; дарогу з Мельніка ў Радзівілаўку шарваркам пабудавалі.

У царкве па пяць, дзесяць грошаў на ахвяру давалі — цэлы дзень на гэта трэба было капаць. Чвяртка каштавала злот і дзесяць грошаў.

Плацілі падаткі, але дзверы не закрываліся ад секвестратараў. Аднак людзі зямлю куплялі і абраблялі.

Адзіевіч Яраслаў, Орля:

У Орлі, дзе жыдоў было найбольш, было толькі дваіх жыдоўскіх земляробаў: Вельвель Гадак і Шэпа. Апошнія займаліся галоўным чынам гандлем. Помню, Шалун скупляў курэй, Шарлатан і Гершка былі яечнікамі — вазілі яйкі ў Беласток, Зымель быў шкляром, Ёна — кавалём, Ляцкі — дантыстам, а Вельвель і Скрыпскі — краўцамі.

Андраюк Рыгор, Гусакі:

Жыды анучы збіралі, следзі вазілі, яйкі куплялі, курэй, цялят, быдла. Прыязджалі і два разы на тыдзень, і раз на месяц. Нашы людзі ставіліся да іх нармальна, бо добрыя былі. Толькі пасля нарадоўцы сталі іх біць, вокны выбіваць.

Палітыкай крыху займаліся ў Гусаках, Гацьках, Райску. Але як дасталі ў сраку, то і пакідалі. Мо з пяць чалавек сядзела. З ураду баяліся жартаваць. Адзін другога баяўся, каб не выдаў, бо зараз срака гарыць. Баяліся паліцыянтаў. У гміну ў Вышках не хадзілі, бо не было чаго; усе справы солтыс афармляў.

Багацэвіч Галіна, Орля:

З жыдамі жылі мы добра. Былі яны багатыя, але і сярод іх бывала бяднота. Жыдам быў доктар Браун з Варшавы. Жыдоўскі настаўнік Гус (жыў недалёка ад нас) у сваёй хаце вучыў жыдоўскіх дзяцей іўрыту; да яго хадзіў вучыцца і мой брат Анатоль. Было некалькі мешаных сужонстваў праваслаўных з жыдоўкамі: два ў Орлі і адно ў Міклашах; немцы іх жонак і дзяцей вывезлі ў канцлагер. Праваслаўныя ў час шабашу падпальвалі ў печах, а нават трэба было свечку згасіць; давалі пурым — булку.

Пры санацыі заўсёды святкавалі 3 мая. Жыдоў вялі ў жыдоўскую школу, католікаў у каплічку (была ў ахранцы, у гмінным будынку), а нас, праваслаўных — у царкву. Перад гэтым была пераклічка, пасля іграў духавы аркестр. За ўсю санацыю бывала ўрачыста, а цяпер улада лепшая, а аркестра ў Орлі няма. Калісь і ў гміне былі толькі тры асобы: войт, сакратар і яшчэ нехта.

Баравік Ян, Гаркавічы:

Газеты чыталі, польскія і беларускія. Збіраліся, чыталі і дыскутавалі, бо ў Расіі хлёбнулі палітыкі. Гаварылі, што ў полі і лугах сходы рабілі. Раскідалі лістоўкі. У Русаках крыж стаяў, каля яго дзве бярозы раслі, то на іх два сцягі павесілі. Паліцыя часта ў вёску прыязджала, арыштоўвалі. Аднойчы паліцыянты на Іардан прыехалі, папілі з солтысам і пайшлі біць, панабівалі многа людзей, у іх ліку і бацькоў Прытыцкага. Пасля ў гэтай справе следства было, з самай Варшавы прыязджалі. Сядзелі многія: Несцяровіч, Яцэвіч, Усцілка, Савіцкія, Пятэльскі, Кастэцкі, Баравік, Кісель — маладыя яны былі і некаторыя многа гадоў сядзелі, аж да вайны. Як саветы насталі, то некаторыя з іх у міліцыю пайшлі, на пасады. Як у 1941 годзе прыйшлі немцы, то забілі трынаццаць чалавек. Пасля вайны каля трыццаці пяці сем’яў у Савецкі Саюз выехалі, а ў Гаркавічы прыехалі шэсць сем’яў з﷓за блізкай мяжы.

Баранаў Васіль, Чаромха:

На прызыўную камісію ставаў я вясною 1936 г. у г. Высока-Літоўск. Да гэтага часу ў армію бралі пад восень. Чаму вярбоўка раней пачалася, ніхто не ведаў.

Мяне назначылі ў 2-гі батальён марской пяхоты ў Гдыню. Неўзабаве прыйшла павестка. Тэрмін назначаўся на 5 мая 1936 г. У вайсковую часць дабіраўся на цягніку. Кампанію ў падарожжы саставіў мне хлапец з Дварца, суседняй вёскі. Мы аднак разам не служылі, бо ён назначаны быў у 1-шы батальён.

Я апынуўся ў спіску кандыдатаў ва унтэр-афіцэрскую школу. Калі даведаліся што я — беларус, рашэнне адмянілі. Памятаю, як капітан сказаў: „Да нашага батальёна яўрэяў не прымаюць”. Чаго словы тычыліся, не разумею. Перамясцілі мяне ў Грудзёндз, у цэнтр вайсковага абучэння. Там прайшоў супрацьгазавыя курсы і атрымаў спецыяльнасць процівагазавага піянера.

Пасля двухгадовай вайсковай службы вярнуўся я дамоў. Не прыйшлося сагрэць месца ў бацькоўскім куточку. Пачалася мабілізацыя. Запамяталася мне дата: 24 сакавіка 1939 года. У павестцы было назначана: ставіцца ў горад Брэст, у казармы 82 палка пяхоты. Там выдалі мне абмундзіраванне, летняе і суконнае, затым разам з іншымі запаснікамі пагрузілі ў таварныя вагоны і завезлі ў Бэлхатаў.

Размясцілі нас у прыгарадскім хутары. Салдатаў пасялілі ў стадолах, а афіцэраў закватаравалі ў дамах гаспадароў. Нудна было. Камандзіры праводзілі штодзень гутаркі, а мы ў вольны час швэндаліся па навакольным лесе.

Набліжалася восень. З-пад Бэлхатава нас некалькі разоў яшчэ перакідалі. Усё бліжэй граніцы. Канчаткова спыніліся мы каля Велюня.

1 верасня пачулася гарматняя кананада. Мы хутка перамясціліся ў суседні лес. Неўзабаве мелі госця. Над нашымі пазіцыямі з’явіўся самалёт нямецкай разведкі. Мы пачалі страляць у яго бок з вінтовак. Але наступнага дня паступіў загад: „Да самалётаў не страляць! Не выяўляць пазіцыі”.

З-пад Велюня перамяшчаемся ў глыб краіны. У час пераходу часць расфармавалася (як зрэшты і іншыя). У Скернявіцах з разбітых атрадаў ствараецца часовая часць, якую камандаванне меркавала паслаць у дапамогу Варшаве. Тым часам сталіца капітулявала, а мы трапілі ў палон. Быў канец верасня 1939 года.

Ваеннапалонных немцы перакідалі ў Пятркоў-Трыбунальскі, дзе ў былой турме арганізавалі пераходны лагер.

Бародзіч Яўгенія, Піражкі:

У ляску, дзе густыя яліна і сасна былі, цыганы спыняліся. Старэйшыя нашы аставаліся ў хатах і пільнавалі, калі цыганы праязджалі праз вёску, бо паваражыць хацелі, каб што выцыганіць.

Паліцыя ў Шудзялаве была, але занадта не прыязджала, а калі што, то пяшком прыходзілі, або на ровары да солтыса прыязджалі. За вёскай бяроза была і калі хто на ёй чырвоную шматку павесіў, то дакладвалі і паліцыянт знімаў. З нашай вёскі нікога не забралі, спакойна ў нас было — мужчыны пра свае справы гаварылі. Адзін сусед радыё на навушнікі меў. Пасля, пры немцах, на хлеў схаваў, пярун даў і спалілася некалькі будынкаў.

Белявец Раман, Войнаўка:

Потым паўсталі беларускія гурткі. Рабілі сходы, прывозілі газеты, пракламацыі з Беластока. У Войнаўцы гуртком кіраваў мой брат Якім Белявец. Спявалі на сходах песню „Ад веку мы спалі”. На выбарах галасавалі за беларускіх кандыдатаў. На адзін сход у Беразове прыехаў Мятла, іншыя вядомыя беларускія прадстаўнікі. Паліцыя падаслала правакатараў, якія распачалі бойку. Мятла заявіў паліцыі, што мы ўсё робім па закону, але тыя накінуліся на людзей са зброяй. Білі і катавалі страшна. Тых, хто ўцякаў, даганялі і тапталі коньмі. Коні не хацелі наступаць на людзей, а паліцэйскія іх прымушалі. Мучылі беларускіх актывістаў па-страшнаму. Арыштавалі гурткоўцаў з нашай вёскі. Памятаю пасадзілі іх скаванымі ў наручнікі і са звязанымі нагамі і кідаюць хлеб як сабакам. Тыя галодныя ядуць скурчыўшыся. А паліцэйскія смяюцца: „Як вільк есць”. У нашай хаце рабілі рэвізію. А я ўбачыў, як паліцэйскі падкінуў пад ложак пісталет і кажу ім: „Нашто вы пісталет падкінулі?”. Ён накрычаў на мяне, але пісталет забраў і не гаварыў ужо, што гэта майго брата зброя. Пасля гэтага гурткі паціху распаліся.

Жыдоў у вёсцы не было. Прыязджалі толькі з таварамі. Іх склепы былі ў Орлі, у Кляшчэлях. Бывала, зойдзеш у краму, а грошаў няма, дык жыд заўсёды ў доўг даваў тавар. Казаў: „Я ж не пытаю цябе, ці маеш ты грошы!” Каб беларусы радніліся з жыдамі, то такога не было. Адзін раз толькі яшчэ былы царскі ўраднік ажаніўся на жыдоўцы. У іх былі тры дачкі — Вера, Надзея і Любоў. Дачкі гэтыя былі вельмі падобныя на сваю маці жыдоўку. Але людзі іх за сваіх лічылі. Жылі яны добра і ўсе замуж павыходзілі.

Асаднікі польскія жылі па-суседску, якія зямлю атрымалі за тое, што ў польскім войску ваявалі. Яны з людзьмі добра жылі, не лаяліся. Пан таксама добры быў. За работу людзям добра плаціў, гаварыў па-нашаму. Расказваў, што ў СССР народ кепска жыве, галадае, многіх у лагер камуністы пасадзілі і расстралялі. Але пры гэтым гаварыў: „Вы ж мне ўсё роўна не верыце”. І праўда, не верылі. Чакалі бальшавікоў. Калі бачылі самалёты, то думалі, што савецкія і гаварылі: „Нашы ляцяць”. А як прыйшлі бальшавікі, дык усё не так выйшла, як людзі думалі.

Габрылеўскі Міхал, Трывежа:

Ад адной паездкі ў Гайнаўку застаўся мне прыкры ўспамін аб польска-беларускіх адносінах. Паехаў я з бацькам на млын у Гайнаўку. Быў спякотны чэрвень і мне моцна хацелася піць. За плотам, пры млыне Ажахоўскага, была студня, а пры ёй вядро з вадой. Стаялі каля яе дзве жанчыны. Папрасіў я ў іх дазволіць мне напіцца. Пачаў я піць з вядра, а адна жанчына кажа: „Popatrz jak kacapiątko pije, jak kotek”. Вяртаючыся дадому спытаў я бацьку, чаму нас так празываюць, але той не ўмеў мне адказаць. Потым, пасвячы коней, даведаўся ад дарослых, што нас, праваслаўных беларусаў, лічаць рускімі і таму празываюць кацапамі. А мы палякаў называлі мяцежнікамі, а то з﷓за паўстанняў, якія ўспыхалі ў Каралеўстве Польскім супраць Расіі і ад якіх цярпелі беларускія сем’і. Здаралася, што паўстанцы нападалі на праваслаўныя беларускія вёскі, забівалі людзей. Мой калега, аднагодак, Мікалай Габрылеўскі, сын Рамана, сказаў мне, што не пойдзе далей вучыцца, каб не служыць мяцежнікам.

Грыгарук Анастасія, Дубічы-Царкоўныя:

Каталікоў і палякаў у вёсцы не было, хіба толькі настаўнікі. З жыдамі жылі добра. Яны часта ездзілі па вёсцы, былі добрымі кавалямі, печнікамі. Маглі за дзень скласці добрую печ. Нягледзячы на гэта, да вайны ў Орлі была банда, якая біла жыдоў.

Начальствам быў солтыс, які прызначаў заданні па калейцы. Паліцыянты прыязджалі з Орлі. Дрэннага стаўлення да дзяржавы не было. Пра СССР і БССР ведалі мала.

Грыгарук Якуб, Дубічы-Царкоўныя:

Па сваіх патрэбах ездзілі ў Орлю: прадаць, у каго што было, купіць соль і што трэба. У Орлі жыло шмат жыдоў. Гаварылі яны па-нашаму. Былі майстрамі, рабілі тое, што мужыкі не ўмелі. Штодзень прыязджалі ў Дубічы, хадзілі па хатах, прадавалі сялёдку, іголкі, куплялі лён, льняное семя. Звычайна прыязджалі, здымалі хату, прадавалі за лён, валакно, тэкстыль, часта ашуквалі. Жыд, як і любы чалавек, калі добры, то добры, калі дрэнны, то дрэнны. У жыдоў была свая сінагога ў Орлі. Былі выпадкі, калі на жыдоўках жаніліся, але гэта было небяспечна, бо маглі забіць.

Я, калі быў малым, жыдоў баяўся, бо казалі, што жыды садзяць праваслаўных людзей у бочку, якая натыкана цвікамі, там качаюць і высмоктваюць кроў на мацу.

Палякаў у вёсцы не было, а мы зваліся палякамі беларускай нацыі.

Падчас выбараў мы галасавалі за адзін 8 нумар, так нас агітавалі. Але маглі галасаваць як хацелі, прымусу не было.

У 1939 г., калі ішлі нямецкія танкі, то зямля гула. А польскія ўланы ехалі на танкі з пікамі, немцы з гэтага толькі смяяліся.

Перад прыходам немцаў, калі Польшчы ўжо не было, мы чакалі рускіх і вырашылі паставіць браму, павесілі чырвоныя сцягі. Але прыехалі немцы, якія салютавалі нашай браме.

Калі прыйшлі саветы, то з’явіліся дактары, настаўнікі. Да саветаў ставіліся па-рознаму, бо яны хацелі аб’яднаць беднякоў і кулакоў. Палітрукі збіралі сходы, кожнаму прызначалі працу, у асноўным мы вазілі лес з пушчы. За работу нам не плацілі.

Данілюк Вольга і Хаміцкая Яўгенія, Орля:

У суботу, — успамінае Яўгенія, — хадзіла я да рабіна паліць у печы, каб атрымаць булку. Людзі хадзілі паліць толькі за булку; больш не плацілі. Нашы людзі рвалі і насілі жыдам шчавух, за які жыд плаціў 10-20 грошаў і пытаў: „Ты нэ рвала на квэрэсі?” (на жыдоўскіх могілках). Працавалі дзе папала, абы нешта зарабіць. У жыдоў у краме былі вельмі добрыя селядцы; цяпер такіх няма. Жыды ўжо ў суботу ішлі цэлымі сем’ямі ў Бор, бралі гамакі і ежу, адпачывалі. А мы падкрадаліся і, бывала, удалося крыху ежы падабраць. Кагось з нас, — успамінае Вольга, — злапалі. Прыйшоў жыд да бацькі і кажа:

— Слухай, твоя діеўчына ўкрала ў мэнэ халку.

Бацька, як жыд пайшоў, браў шпандыр, што для трымання ботаў быў, і лупіў ім за тую халку. Але халка была ўжо з’едзена, — смяюцца сёстры. Тады было цікавае жыццё!

Дзіда Дзмітрый, Краўчук Надзея і Тапор Мікалай, Тафілаўцы:

К. Н.: А мова наша мяшаная, але мы — беларусы. Мы — праваслаўныя, „рускай” веры. А яшчэ жыхароў нашай вёскі называюць „рагаўнікамі”.

Д. Д.: Прыходу cаветаў спачатку і не заўважылі. Савецкія жаўнеры прайшліся праз вёску, у ёй не затрымліваліся.

К. Н.: Ніхто з кветкамі не выходзіў.

Т. М.: Думалі, што ў Савецкім Саюзе „другая Амерыка”. Спачатку нават марылі ўступіць ў калгас. Але адзін савецкі палкоўнік сказаў нам: „Не спяшайцеся!”. Праз год пераканаліся, што ніякага раю cаветы не прынеслі. Хацелі раскулачыць, як прыйшла вайна. А за санацыяй камуністаў не было. Адзін раскідваў улёткі, але гэта было хіба толькі аднойчы. Ніхто яго не слухаў.

Д. Д.: А жыдоў у вёсцы не было. Яны ўсе былі ў Орлі. Ашуканцы яны былі, толькі думалі, як падмануць пры продажы. Аднак такая штука — гандаль, што трэба ашукваць. Жыдоў не любілі, але ставіліся да іх нармальна.

К. Н.: З палякамі мелі мала спраў, яны ўсе былі ў Гайнаўцы. З імі не спрачаліся, бо яны мелі ўладу. Што яны там рабілі, асабліва не хвалявала.

Добаш Сямён, Рудуты:

Служыў я ў войску ў 25 палку коннай кавалерыі ў Пружанах. Прызыўнікі атрымлівалі там прывучаных коней, а на другі год мы самі рыхтавалі коней для маладых салдат. Мяне, як жаўнера запасу, двойчы прызывалі на месячнае ваеннае абучэнне.

 

Дэмчук Ян, Чаромха-Станцыя:

У трыццатыя гады пажарнікі купілі батарэйнае радыё. Адвячоркамі збіраліся слухаць перадачы. Найбольш цікавіліся прамовамі КПЗБоўцаў, якія выступалі супраць польскіх паноў і сялянскай бяды.

Іванюк Эмілія, Вітава:

Да жыдоў у нашай вёсцы ставіліся добра. Такія самыя людзі як і мы. У нас быў жыд Скала, трымаў склеп. Людзі куплялі для дому гаршкі. Кавалі праўда свае былі. Боты людзі таксама куплялі. А лапці ўжо самыя плялі.

Калейнік Яўгенія, Вострава:

У Дуброве толькі адзін паліцыянт быў, Матысік называўся. Пяшком хадзіў. Усе яго баяліся і парадак які быў! А цяпер што?

Кожную ноч варта хадзіла, ад пажару. Па два чалавекі солтыс вызначаў у калейку.

Людзі набожныя былі. Усе ў царкву хадзілі, бо трэба было ісці. У краму ніхто не хадзіў. А жыд у шабаш то нават свечкі не меў права запаліць, дык гояў для гэтага заказваў і наймаў.

Качан Мікіта, Кашалі:

У 1935-1937 гг. служыў я ў войску — у сапёрнай часці ў Брэсце, а ў 1938 годзе мяне як салдата запасу прызвалі на месячнае абучэнне ды трымалі аж восем месяцаў на Заользі. 15 сакавіка 1939 г. быў я мабілізаваны і працаваў пры будове бамбасховішчаў за Млавай. 27 верасня баранілі мы яшчэ Варшаву. Тады я быў ранены ў нагу. Немцы ўзялі нас у палон, а месяц пазней перадалі ў Брэсце саветам. Адбывалася гэта так, што немец выклікаў жаўнераў па прозвішчы, а савецкія пагранічнікі прымалі іх. Потым далі нам хлеб і адпусцілі дамоў. Падчас мабілізацыі ў Бельску далі мне на шыю г.зв. „медаль смерці”, паводле якога паўшаму на полі бою салдату ўстанаўлівалі персаналіі. На ім было напісана: „Nr 1351, Nikita Kaczan, prawosławny, 1912 r.”. Гэты медаль разам з іншымі вайсковымі ўзнагародамі захоўваю па сённяшні дзень.

Кірылюк Анастасія, Дубічы-Царкоўныя:

У 1939 г. ставілі саветам браму, а прыехалі немцы. Яны былі вельмі добрымі, раздавалі шакалад дзецям. А саветы наадварот, усё пазабіралі з агародаў. У нас з’елі свінню і шасцярых парасят. Нам шмат расказвалі, што пры савецкай уладзе рай, вельмі добра. А потым самі ўбачылі, як гэта „добра”. Але і найгоршая ўлада лепшая, чым ніякая.

Кісель Пятро, Чорная-Вялікая:

У войска прызвалі мяне ў 1929 годзе. Пасля сямі гадоў бежанскай адысеі і шасці гадоў сірочага парабкоўства адкрылася перада мною новая старонка жыцця. Адслужыўшы паўтара года, застаўся я ў войску ў якасці прафесійнага падафіцэра. У 1930 годзе закончыў я унтэр-афіцэрскія курсы з выдатным вынікам, у 1934 г. — інструктарскія, а ў 1939 г. — сяржанцкія. Увесь час служыў я ў 22 Пяхотным палку ў Седльцах.

Служба ў войску давала мне не толькі матэрыяльную падставу для дастатняга ў тадышніх умовах жыцця, але і прыносіла задавальненне ад паспяхова выконваемых абавязкаў. Вучыўся я хутка і добра, карыстаўся пашанай як у салдат, так і ў начальства. Спачатку камандаваў я ўзводам, а пасля стаў шэфам роты разведкі. Даслужыўся звання плютановага. Не хаваўся я са сваёй нацыянальнасцю і веравызнаннем. Быў у нас свой капелан і малая царкоўка ў прыватнай кватэры ў горадзе, якую мы наведвалі. Я часта бываў і ў касцёле, куды вадзіў сваіх салдат у нядзелі і дзяржаўныя святы на набажэнствы. Мае службовыя поспехі нярэдка выклікалі зайздрасць у польскіх калег, якім было не даспадобы, што праваслаўны беларус перамагае ў прафесійных спаборніцтвах. Памятаю, як нядобразычліўцы данеслі, што я — рускі шпіён. Мой камандзір, палкоўнік Міхальскі, не паверыў даносчыкам. Сказаў ён, што шпіён не трымаў бы грошай у мясцовым банку. А я ашчаджаў, заносіў грошы ў банк (не раз сустракаў я ў ім свайго камандзіра), каб потым дапамагаць братавай сям’і на вёсцы. Дзякуючы маёй дапамозе, брат пабудаваў дом, хлявы, купіў манеж і веялку.

У маі 1939 г. наша часць выехала ў мясцовасць Каранова каля Быдгашчы. Там фармавалася армія „Памор’е” генерала Уладыслава Бартноўскага. Мы апынуліся ў складзе дывізіі, якой камандаваў палкоўнік Варабей. Змагаліся мы з немцамі на Куявах. Разбілі нас 20 верасня ў ваколіцах гарадка Коваль каля Бжэсця-Куяўскага. У гэты трагічны момант я зноў адчуў недавер да маёй асобы з прычыны веравызнання. Трэба было прабіцца ў штаб арміі са сцягам нашай часці. Спачатку для выканання гэтага задання назначылі мяне, але калі нехта прыгадаў, што я — праваслаўны, справу даручылі некаму іншаму. Пасля паражэння афіцэры прабавалі арганізаваць з ацалелых салдат батальён, якім меў камандаваць адстаўны палкоўнік, але немцы зноў нас абстралялі і стала для нас ясна, што нам вайна закончылася. Сталі мы прабівацца на ўсход, у родныя мясціны. Я пайшоў з двума паручнікамі. Ішлі мы галоўным чынам ноччу, хаваючыся ўдзень па лясах. Быў я сведкам, як немцы расстралялі цэлы ўзвод лётчыкаў, хаця тыя здаліся ім без бою.

Каля Модліна памяняў я зброю, бінокль і абмундзіраванне на цывільную вопратку. Гэту здзелку зрабіў я з высокім функцыянерам Саюза польскіх настаўнікаў, які прабываў у гэтых ваколіцах. Цяпер падарожжа стала хутчэйшым, паколькі можна ўжо было вандраваць і ў дзень. Цераз Віслу пераправіўся я ў ваколіцах Варшавы і за тое лодачніку трэба было заплаціць 5 злотых. У Мінску-Мазавецкім былі немцы, але людзі гаварылі, што ў Седльцах стаяць ужо саветы.

З Мінска-Мазавецкага ў Седльцы дабраўся я на дрызіне, на якой прадпрымальныя юнакі ехалі ў пошуках безгаспадарных цыстэрнаў з бензінам. Паводле іх інфармацый, знаходзіліся яны на запасных пуцях пад Седльцамі. У Седльцах пераначаваў я ў знаёмага. Ён сказаў мне, што на мастах і галоўных дарогах стаяць савецкія пасты і параіў перабірацца праз раку Лівец па слупах старога разабранага моста. Саветаў сустрэў я ў Папротні. На дарозе стаяў пост і байцы завярнулі мяне назад. Калі я хацеў пайсці праз поле, таксама мне не дазволілі. Тады я запатрабаваў завезці мяне ў штаб. Неўзабаве з’явіліся капітан і палкоўнік. Я расказаў ім па-руску, што вяртаюся з вайны і хачу дабрацца ў родную вёску. „Вы — белорус?”, — папытаўся палкоўнік і, атрымаўшы сцвярджальны адказ, загадаў салдатам перавесці мяне цераз пост.

Пачаўся ўжо кастрычнік. Ішоў я ў напрамку Драгічына. Дакучалі стома і голад. Пераходзячы цераз вёскі, разглядаўся я, у якой хаце ідзе дым з коміна. Заходзіў я тады ў такую хату і прасіў даць паесці. Людзі найчасцей не адмаўляліся накарміць незнаёмца. У Драгічыне зноў я меў дачыненне да саветаў. Зайшоў я ў адзін дом папрасіцца на начлег. Гаспадары згадзіліся, але неўзабаве прыйшоў афіцэр, які прывёў сюды на начлег чырвонаармейцаў, і загадаў мне выйсці з гэтага дома. Тое ж самае было і ў другім доме. У адчаі сказаў я савецкаму камандзіру: „Скажите, где мне переночевать? Ведь же и у собаки есть своя конура, а вы меня всё прогоняете”. У канцы дазволілі пераначаваць. З Драгічына да Чорнай-Вялікай крыху больш за дваццаць кіламетраў. Аставаўся адзін дзень хады. Праз Сяневічы, у якіх я калісьці служыў парабкам, астаткам сіл дайшоў да Малінова. Засталося яшчэ тры кіламетры. Зусім абяссілены, з пакалечанымі ступнямі, на карачках прыпоўз я ў вёску.

Кішыцкі Аляксандр, Кнышэвічы:

Камуністаў да халеры было ў Гаркавічах і Слоі, каля Піражкоў на выгане мітынгі рабілі. З Кнышэвіч ніхто не сядзеў, толькі з Гаркавіч і Слоі. І ў Кнышэвічах былі, але ціхія. Паліцыя ганяла іх. На Вялікдзень раскідалі лістоўкі. Паліцыянтам з Адэльска, што ў царкву глядзець прыходзілі, да плашчоў лістоўкі прыляпілі.

У лесе ўспыхнула забастоўка, каб падбавіць, і ў Шудзялава прыйшлі. Паліцыянты заклікалі:

— Разыдзіцеся; гэта не гміны справа, толькі лясніцтва!

Адзін у паліцыянта конскім гаўняком кінуў, а той выхапіў браўнінг і застрэліў яго. Тады ўсе разбегліся.

26 жніўня змабілізавалі мяне ў 85 полк у Гродна. Выехалі ў Радам, на фронт. Вывелі там нас на фронт, далі па дзесяць штук амуніцыі і два буханкі хлеба на дваццаць чалавек. Удзень ляжалі мы, а ўначы адступалі. 12 кастрычніка трапіў я ў палон. Спярша ў лагеры быў, а пасля на работу адправілі; працаваў у двух гаспадароў. Вызваліла мяне Чырвоная Армія. Дадому вярнуўся 30 мая 1945 года.

Куна Аляксей, Кашалі:

У 1937 годзе прызвалі мяне на два гады ў войска ў Брэст. Адносіны ў арміі былі нармальныя. Быў свой бацюшка, можна было выйсці на горад у царкву або касцёл. Давалі нам водпускі. Не паспеў я вярнуцца дадому пасля ваеннай службы, а ўжо солтыс прынёс павестку аб мабілізацыі — трэба было ехаць за Млаву, на польска-нямецкую граніцу. Калі мы там заехалі, то былі ўжо створаны тры абарончыя лініі. Нас, 20 жаўнераў, паставілі абараняць узгорак і сказалі: „Гэта ваша поле смерці”. Пасля нямецкага ўдару па нас у жывых засталося толькі пяць жаўнераў. Абкідалі яшчэ нас гранатамі. Нам удалося далучыць да разбітай часці. Адступалі мы пад Варшаву. Палі былі засланы трупамі салдат. Немцы зноў нас разбілі і тады салдаты пайшлі ўрассыпную. Я скінуў мундзір, знішчыў дакументы, пераапрануўся ў нейкія лахманы і пачаў ісці з﷓пад Варшавы ў Кашалі. Была восень, сяляне на палях капалі бульбу. Часта людзі ўцякалі ад мяне. Відаць, лічылі мяне вар’ятам, бо нармальны чалавек у такіх лахманах не хадзіў бы.

У ветэранскіх дакументах стаіць, што прымаў я ўдзел у абарончай вайне ад 1 да 29 верасня 1939 года.

Лук’янюк Аляксей, Гайкі:

У войска прызывалі 21-годкаў. Я прызываўся на дваццаць другім, у 1935 годзе. Назначылі мяне ў артылерыю, але служыў у першым батальёне пяхоты ў Хойніцах. У час вайсковай службы пасылалі нас на манёўры. Чатыры тыдні праводзілі на абозе летам і два ў зімовы час. Летам перавялі нас пад вёску Хажыковы над аднайменным возерам. Рыбы наеліся мы ўволю.

Пасля года службы мяне „скамісавалі” па прычыне хваробы сэрца. Зараз сам не магу ўцяміць, чаму так рашылі, бо ніколі на сэрца не хварэў і па сённяшні дзень нядрэнна сябе адчуваю. Адно запамяталася з войска: лічыўся я ўзорным салдатам. Добра страляў. У знак прызнання часта карыстаўся водпускам.

Мазалеўскі Андрэй, Хільмоны:

Пры санацыі добра, нельга сказаць, што кепска, жылося. Грошы было цяжка зарабіць, але канцы з канцамі вязалі. Найгоршае было тое, што прыцяснялі. Вучыцца мог толькі католік, што з ксяндзамі знаўся.

Быў войт, з клябанскіх, знаёмы. Калі стаў войтам, то медаль на грудзі павесіў. Аднойчы хадзіў з паліцыянтам па вёсцы да тых, хто падаткі залеглыя меў. Прыйшлі да нас, селі каля піўніцы і пра падаткі пытаюць.

— Усё заплачана, — адказаў бацька.

Войт спытаў яшчэ пра якісь квіт, то бацька яму той квіт прынёс і паказаў. Ну, добра. Але вуліцаю калісь пастухі кароў ганялі, і на вуліцы, насупраць мяжы нашага панадворка з суседавым, каравяк ляжаў.

— А чые то гуўно? — спытаў паліцыянт.

— Крове, — адказаў бацька.

— Я пытам, на чыім!

— На медзы.

— Мандат! За то, жэ на уліцы, — і піша.

— То трэба на дваіх, — кажа бацька.

Але аштрафавалі толькі бацьку, бо сусед католікам быў.

Некаторыя нашы дзяўчыны прывезлі з бежанства рускіх мужоў. Вось такія два рускія спаткаліся на рынку ў Дуброве і гутарылі. Адзін з іх заругаўся. Праходзіў побач паліцыянт:

— Мандат! — дзве з паловай маркі; тады яшчэ маркі хадзілі.

Аштрафаваны падае пяць марак.

— Я не мам рэшты!

— А маць тваю туды, — заругаўся рускі яшчэ раз, — забірай усё!

Было забаронена лён у хатах сушыць. Наша цётка рана, калі яшчэ цёмна было, лён стала церці. А па вёсцы хадзілі паліцыянт з дзесятнікам; чуюць — трэ лён. Стукаюць: „Отвераць!” А ў нас і ў печы, і на печы поўна лёну, кастрыца на зямлі накрышана. Мы ўжо не спалі, сястра кудзелю пры газоўцы прала. Маці сарвалася, лён з печы ў кухню перацягнула. А на печы спадніца на куль нацягнута стаіць. Уваходзіць адзін, заглядае ў печ — няма. Заглянуў на печ — поўна. Ён пайшоў, завярнуў другога, кажучы:

— Ідзь, ідзь! Нема ніц, тылько на пецу ктось седзі.

Малашэўскі Ян, Дубічы-Асочныя:

Суадносіны з палякамі не былі добрымі. На працу ў Гайнаўку рэдка нашых прымалі. Аднаму чалавеку, які выводзіўся з Дубіч-Асочных прапанавалі стаць начальнікам чыгуначнай станцыі, але сказалі, каб ажаніўся з дзяўчынай каталіцкага веравызнання і сам перайшоў на каталіцтва. Тых нашых людзей, якія працавалі на чыгунцы ўвальнялі на зіму, пастаяннай працы яны не мелі. Некаторыя жыхары Дубіч-Асочных запісваліся ў Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. Найбольш людзей запісалася ў партыю ў Галадах, Шчытах, Крывой і Райску. Нашы камуністычныя дзеячы сабіраліся ў „ямках”, што знаходзіліся каля могілак у Новаберазове ды развешвалі лістоўкі ў нашай вёсцы, каб людзі арганізаваліся супраць палякаў. Камуністы, якімі былі найбяднейшыя гаспадары, думалі, што ў Савецкім Саюзе людзям добра жывецца і так нам расказвалі. Намаўлялі маладых, каб перасталі ў царкву хадзіць і нават насміхаліся з тых, хто хадзіў. Пасля пачаліся арышты і дзейнасць камуністаў спынілася.

Манаховіч Мікіта, Пасынкі:

У Камуністычную партыю Заходняй Беларусі я ўступіў, калі мне было семнаццаць гадоў. Наша сям’я была адной з бяднейшых. Мой брат выпісваў з Францыі газету „Иллюстрированная Россия”, а ў ёй пісалі, што ў Расіі вялікая бяда. У Пасынках жыў настаўнік і ў яго быў радыёпрыёмнік. І ён адкрываў акно, а з таго радыёпрыёмніка такія частушкі раздаваліся, што людзі аж охалі: „Ох, які там рай!” І ніхто не верыў, што ў Расіі бяда. Як мне было дзесяць гадоў, зайшоў да брата дзячок. І чытаюць з братам, што там, у Расіі, вялікі голад. І дзяк той, які з Курашава сам быў, кажа, што тое пісанне пра голад, гэта плач па родзіне. Брат раней належаў да Грамады і так мне ўнушыў, што я і зацікавіўся ўсім гэтым. У Крывой была арганізацыя, з якой многія і да абласнога, і да цэнтральнага камітэта КПЗБ належалі. Там было многа камуністаў і яны мяне рэкамендавалі. Плацілі складчыны. Атрымлівалі мы нелегальную літаратуру, пароль трэба было ведаць і каб атрымаць яе, і каб далей перадаць. Перад гадавінай кастрычніцкай рэвалюцыі лістоўкі раскідалі, і чырвоныя сцягі на дарогах развешвалі. Адзін сцяг на крыж, што па дарозе з Пасынак у Сакі прыбілі; каб тады чалавек сённяшні розум меў... Усе рашылі не піць гарэлкі; нават як калегу з другой вёскі прымалі, то гарэлкі не ставілі. Сходы адбываліся ў Крывой, а на іх з раёна або ваяводства яўрэі прыязджалі: вечарам прыедзе, а рана, да дня, уцякае.

Была правакацыя, з Гусакоў быў Грыгарук і ён павыдаваў. І з Райска быў Чарняўскі. Як саветы прыйшлі, то ён разам з немцамі ўцёк, а пасля вярнуўся, але партызаны яго забілі. Арыштавалі нас і дапытвалі. Вязалі рукі, закідалі на калені і кій пад калені пракладалі. І падымалі тым кіем і кідалі аб памост. Радульскі з павятовай камендатуры ваду ў нос ліў, а правакатар Грыгарук трымаў шмату, каб вада з вуснаў не выцякала. А так не білі. За прыналежнасць да КПЗБ многіх нас у Бельску судзілі, найбольш абвінавачаных было з Зубава — дванаццаць чалавек. Хто прызнаўся, таму давалі год і адразу на свабоду выходзіў, бо была амністыя. А хто не прызнаўся, таму давалі два гады і як год адседзеў, таксама выпускалі на свабоду, бо і ім адзін год даравалі амністыяй. Я прызнаўся і адразу дадому вярнуўся, толькі судовыя кошты мусіў заплаціць.

Масальскі Канстанцін, Подваркі-Тыльвіцкія:

Дзядзька Ёзік з Тапалянаў, мамін брат, праўдапабодна належаў да КПЗБ або сялянскай партыі, бо яго некалькі разоў прафілактычна арыштоўвалі перад 1 маем. Запамяталася мне постаць паліцыянта ў шапцы з абведзеным бляхай казырком, у цёмна-гранатовай форме і бліскучых ботах з доўгімі халявамі. Я не разумеў, чаму нас, дзяцей, не ўпускалі ў пакой, у якім збіраліся дарослыя, знаёмыя людзі. Мабыць, былі гэта арганізацыйныя або інфармацыйныя сходы, бо калі ў вёску прыязджаў паліцыянт, сабраныя адразу наладжвалі бяседу. Праваслаўныя і католікі, беларусы і палякі жылі згодна. На праваслаўныя Каляды, Вялікдзень ці Спаса католікі не выходзілі ў поле, не працавалі ў двары. Праваслаўныя таксама шанавалі каталіцкія святы. Часта адны другіх запрашалі на бяседы.

Вайна 1939 г. застала мяне з бацькамі ў Подварках. Маці, бацька, я і малодшая сястра (1937 г. нар.) хаваліся ў мураванай частцы аборы, прызначанай на свіронак. Я ўпершыню бачыў нямецкі самалёт, які кінуў бомбу, ад чаго загарэлася клуня. Запамяталася мне, як на нашым панадворку спыніліся польскія ўланы, чалавек пад дзесяць, з флажкамі, шаблямі і вінтоўкамі. Былі галодныя. Маці накарміла іх малаком, хлебам і маслам. Жаўнеры ад’ехалі на ўсход. Некалькі дзён пазней пайшоў я ў лес па грыбы і сустрэў двух польскіх салдат. Прасілі хлеба. Я неадкладна вярнуўся дамоў і расказаў аб гэтым бацькам. Мама ўзяла вялікі вясковы бохан хлеба і апошні кавалак сала і занесла салдатам. На другі дзень салдат у гэтым месцы ўжо не было.

Міхальчук Конан, Трашчоткі:

У 1935 годзе прызвалі мяне ў армію. Трапіў я ў 22 пяхотны полк у Седльцах. У час заняткаў здарыўся выпадак — я нядобра скокнуў — штось сталася з правай нагой. Палажылі мяне ў ізбу хворых і боль адышоў, аднак ненадоўга. Узялі мяне зноў на заняткі, але зноў я трапіў у шпіталь. І так яшчэ два разы. За трэцім адмовіўся я ад удзелу ў занятках. Адаслалі мяне ў Брэст на вайсковую камісію. Аказалася, што ў калене штось там моцна нарушылася і я не магу нармальна хадзіць. Змянілі мне катэгорыю з „А” на „С” — няздольнага да вайсковай службы. Сталася гэта запозна. Ніхто не мог наставіць маёй нагі і так да сёння кульгаю.

 

Налівайка Мікалай, Боркі:

Людзі ў нашай вёсцы газет не чыталі, бо не мелі часу і не хацелі грошай на газеты расходаваць. Толькі адзін кравец, які зямлю прадаў, выпісваў газеты.

Калі хто займаўся палітыкай, збіраліся ў лесе. Але хто рабіў, той не меў часу на палітыку. Правадыроў паліцыя праследавала; давалі дзецям цукеркі, каб сказалі, дзе такі. За жончынага дзядзьку вызначылі ўзнагароду восем тысяч злотаў! Пасля яго ў Расію забралі і прапаў; у Чырвоным крыжы, куды звярталася сям’я, сказалі, што ўзялі на фронт і на вайне загінуў.

Раскідалі афішы і сцягі перад Першамаем вешалі. Пасля паліцыя ездзіла ды збірала і зрывала тое. Людзі да тых дзеянняў ставіліся абыякава. І языкі за зубамі трымалі, ніхто нікога не ўдаў. Таксама і пра браканьераў не гаварылі. Адзін з іх калісь у татаву стадолу стрэльбу ўсадзіў так, што відная была, то тата яму прыгразіў, каб гэта апошні раз.

Насковіч Рыгор, Кляшчэлі:

На кірмашы ўсё можна было купіць і прадаць. Гандлем у асноўным займаліся жыды. Што дом, то і крама была. На некаторых вуліцах адны яўрэі жылі. Пячальскі мануфактуру прадаваў, Гаіль Качальскі — напоі, ліманад і аранжаду. У апошняга можна было ў більярд пагуляць. На рынку мяснікі ў будках мяса прадавалі. Жыд Ёшка гандляваў найтаннейшымі селядцамі з бочкі. Былі бедныя і багацейшыя купцы. Янаў і Малмет, напрыклад, багатымі лічыліся, бо займаліся скупкай збожжа і вагонамі яго адпраўлялі. З хрысціян толькі двух гандлем займаліся: Антыховіч у кааператыве „Сполэм”, а Гаўрылюк у прыватнай краме прадавалі харчовыя прадукты і гарэлку. У мястэчку былі два рынкі. На адным малочныя прадукты прадавалі, на другім — жывёлу. Прыязджалі гандляры з Бельска і Гайнаўкі. У іх звычка была такая, што перад скупкай у рэстаран заходзілі ды цэны ўстанаўлялі. Сваіх „нагоншчыкаў” мелі. Хто для іх хабар даваў, дык яго жывёлу расхвальвалі, а хто не — гаварылі, што жывёла вугрыстая. Такое мяса купец Сакалоўскі прадаваў у будцы па ніжэйшай цане.

Кляшчэлямі ўпраўлялі бурмістр з сакратаром. Быў камісарыят з трыма паліцэйскімі і арышт. Парушальнікаў закону не штрафавалі, а толькі на ноч у „казу” саджалі. Быў такі, што жыдам па-п’янаму вокны разбіваў і таму быў частым госцем арышту.

Працу было знайсці цяжка. Мой бацька ў Чаромху для жыда насіў па два кошыкі мяса за пяцьдзесят грошаў.

Нядзельская Зінаіда, Орля:

Па панядзелках на арлянскім рынку адбываліся кірмашы. Прыязджалі сюды ганчары з Кляшчэль з гаршкамі, гладункамі, міскамі. Іншыя прывозілі дрэва. Большасць жыхароў мястэчка складалі яўрэі — было іх каля трох тысяч. Хрысціянскіх хат было толькі сто. Нашы дзеці часам дакучалі яўрэям, пускалі ім голуба ў бажніцу.

Яўрэі былі добрымі людзьмі. Памагалі ў бядзе. У іх заўсёды можна было пазычыць грошы. Калі я 10 студзеня 1936 года выходзіла замуж, то ў нас дома нічога не было загадзя падрыхтаванага, паколькі былі ў мяне старэйшыя сёстры і мама не спадзявалася, што я так хутка выйду з дому. Пайшла тады маці да яўрэйкі Добы, якая трымала краму з тканінамі пры рыначку ад Нарваўскай вуліцы (сёння тут парк пры Кляшчэлеўскай вуліцы) і дастала ў крэдыт капы, палатно, ручнікі, прасцірадла і іншае. Восенню мама прадала гусей і вярнула доўг. А на вуліцы Млыновай жыла ўдава Ганна, яўрэйка. Калі мне зімой патрэбны былі валёнкі і галёшы, а якраз не было грошай, тады яна дала мне іх і панчохі ў крэдыт, а пазней муж зарабіў грошы і заплаціў.

18 мая 1938 года, акурат у час саджання бульбы, перад Іванам, загарэлася Орля. Пажар успыхнуў у абед у кватэры яўрэйкі (сёння гэта рог вуліц Вузкай і Кляшчэлеўскай), якая мела сваю алейню. Якраз таргавала яна на вуліцы перад домам яйкамі (па 6 грошаў за штуку), а пакінуты ў каструлі на пліце алей выкіпеў і загарэўся. Мястэчка было шчыльна забудавана, а крытыя страхой драўляныя дамы стаялі амаль упрытык. Не было ніякага ратунку. Адразу падняўся вецер, які маментальна пераносіў агонь на значныя адлегласці ў напрамку могільніка. Здавалася, канец свету надышоў! Людзі ў спешцы выносілі дабытак з палаючых хат на аддаленую Пакатоўшчыну — поле над рэчкай Арлянкай, а несумленныя жулікі папросту кралі іх і заносілі, напрыклад, у Кашалі. Агонь быў такі вялікі, што камяні ў бруку палопалі, а па агародах паліліся капіцы гною. За некалькі гадзін згарэла 540 будынкаў. Пажарнікі, што прыехалі з Бельска, выратавалі частку вуліцы Бельскай і не дапусцілі агню да будынкаў гміны і школы.

Падчас пажару згарэлі архітэктурныя помнікі — дзве драўляныя бажніцы, а таксама дах і інтэр’ер вялікай сінагогі. Ацалела галоўным чынам тая частка Орлі, дзе жылі хрысціяне — ад царквы ў напрамку Рудутаў. Непашкоджанымі асталіся яўрэйскія крамы ў тым месцы, дзе знаходзіцца цяперашні парк адпачынку.

Тыдзень пасля пажару пагарэльцы атрымалі ад улад дапамогу ў выглядзе будаўнічых матэрыялаў. Неўзабаве прыехаў інжынер Вільгельм з Варшавы з памочнікамі і сталі вызначаць пляцы пад новую забудову. Жылі яны і сталаваліся ў маёй сястры Лідзіі Куптэль (яе муж быў фельчарам медыцыны).

Перад пажарам яўрэі жылі ў цеснай забудове — на адным панадворку стаяла нават па некалькі дамоў. Пасля пажару кожны хацеў пабудавацца ад фронту, значыць, пры самой вуліцы. Была я сведкай такой вось размовы яўрэя з землямерам: „Пан інжынер, я — шавец, а мой жонка — кравец. Нам трэба фронт”. Тады праводзілася таксама камасацыя грунтаў і былі вызначаны новыя вуліцы, у тым ліку Новая шаша (цяпер вул. Свярчэўскага). Камасацыю на калёніі Антанова, што ля самой Орлі, праводзіў інжынер Лятавец.

Орля адбудавалася вельмі хутка, за адзін год. Сённяшняя прасторавая забудова значна розніцца ад гэтай з пачаткаў нашага стагоддзя.

Яўрэі ў Орлі былі вельмі інтэлігентныя і культурныя людзі. Я пры іх жыла дваццаць пяць гадоў, але ніколі не бачыла п’янага яўрэя. Займаліся яны пераважна гандлем. Тады не было праблемаў з продажам збожжа, каня ці гусей. Ездзілі гандляры па вёсках і скуплялі ўсё: фрукты, гародніну, збожжа, анучы. Яечнік купляў яйкі, курэй. Нішто тады не марнавалася.

Яўрэйская моладзь апраналася вельмі модна, бо ў іх былі сваякі ў Амерыцы, якія прысылалі шыкоўную вопратку. Мы спецыяльна хадзілі пасля абеду на рынак, каб паглядзець у што апранаюцца яўрэйскія модніцы. Былі гэта прыгожыя жанчыны.

Жаніліся яўрэі між сабою і пасля доўгага знаёмства. Нярэдка нават пасля васьмі гадоў. Сям’я маладой рыхтавала багаты пасаг. Бедным яўрэйкам цяжка было выйсці замуж. Здараліся і старыя дзевы, якіх называлі матронамі. Калі жаніліся бедныя, іншыя яўрэі ўспамагалі іх — збіралі ім грошы ў бажніцы падчас шабашу і ў яўрэйскай школе.

Памятаю яўрэйскія вяселлі: на сталах было многа ласункаў, арэхаў, пірожнага. Госці пілі па адным кілішку слабой кашэрнай гарэлкі. На танцах не толькі гулялі, але і спявалі. Гэта быў вясёлы народ. Маладых вянчаў рабін на дарозе перад Вялікай Сінагогай. Шлюбная пара ставала на спецыяльным дываніку, пад балдахінам. Вэлюм маладой закрываў галаву спераду. Калі маладыя абмяняліся пярсцёнкамі, тады рабін падаваў ім віно. Потым кілішак кідалі далёка за сябе, каб разбіўся.

Яўрэі адзначалі некалькі важных свят — Пасху, Рош Гашанэ (Новы год), Йом Кіпур (Судны дзень), Сукот (Кучкі). Гэтае апошняе святкаванне адзначалася восенню і працягвалася яно сем дзён. У каго быў ганак каля хаты, то выносілі там столік, а калі не, то рабілі кучкі (шалаш) на панадворку. Кучкі прыпаміналі яўрэям пра разбіванне шалашоў іхнымі продкамі ў час вандроўкі з Егіпта цераз пустыню.

На Судны дзень усе яўрэі ішлі маліцца ў бажніцу. Там гарэлі тоўстыя паўметровыя свечы. Нашы маладыя жулікі часта пускалі ў бажніцу варону або голуба. Спалоханая птушка лётала па святыні і тушыла свечкі, а яўрэі голасна лямантавалі.

Пурым — аднадзённае свята на тыдзень перад Пасхай. Тады мы хадзілі „калядаваць”. Спявалі мы песні, якіх вучылі нас у школе, напрыклад, „Oj, w polu jezioro”, а яўрэі давалі нам грошы або булкі.

Пасху старазаконныя святкавалі восем дзён, але ў сярэдзіне святкаванняў былі рабочыя дні. Да гэтага свята яўрэі пяклі мацу — такія вельмі тонкія аладкі з мукі, посныя і на яйках. Гэтыя другія былі прызначаны для гасцей. Посныя аладкі потым таўклі ў ступе на куццю і з яе варылі „мацфарфу” — зацірку.

Яўрэі вельмі плакалі на пахаванні, а калі ў пакойніка не было сям’і, тады наймалі плачку, для якой грошы ўкідвалі ў кубак. Пры маладзіку нябожчыка накрывалі чорным сукном і неслі высока на насілках. Магілу абкладвалі дошкамі, а нябожчыка, абкручанага прасціной, апускалі ўніз, на вочы клалі „чарапок” і засыпвалі зямлёю. Усіх хавалі галавой у адзін бок.

У Орлі былі два могільнікі. Адзін стары, на якім хавалі за царскага часу, знаходзіўся на Пасвентнай вуліцы (цяпер Чырвонай Арміі) — ад сённяшняга пажарнага дэпо да вуліцы Жвіркі і Вігуры. З боку палёў раслі там хмызнякі, вербы і грушы. Мы там бегалі збіраць грушы. Новы могільнік вызначылі пры дарозе ў Шчыты. Потым немцы ў 1942 годзе надмагільныя камяні (мацэвы) загадалі вывезці на будову дарогі з Орлі ў Вульку, да чыгуначных рэек. Да нашага часу захавалася каля 50 мацэваў на новым могільніку, якія мы называем „кворэс”.

У Орлі былі тры заводы, якія выпускалі кафлю. Усе яны былі ўласнасцю яўрэяў, а працавала ў іх больш за 200 рабочых. Самая вялікая кафлярня належала сям’і Вайштынаў (пасля вайны яе разбудавалі і працавала яна да 90-х гадоў). Гатовыя кафлі раз у тыдзень вывозілі на фурманках у Бельск, а там грузілі ў вагоны. Рабочыя былі задаволены, бо Вайштын добра плаціў.

Панасевіч Марыя, Ялова каля Ліпска:

Жыдоў да вайны многа было, у Дуброве толькі адна польская хата была, хлебам у ёй таргавалі. Пасля вайны ў Дуброве ні хаткі не было; Дуброву знішчылі, як немца гналі. І ў нашу хату снарад папаў усярэдзіну і разнясло.

Панфілюк Мікалай, Дубічы-Царкоўныя:

Праваслаўныя называлі сябе беларусамі. Палякаў не было, хіба толькі прыезджыя. А наогул да палякаў ставіліся прыхільна. Так, быў Янэк, паляк, то да яго цокалі па-польску ўсе, нават тыя, хто не ведаў польскую мову. Часам наязджалі жыды. Сярод іх былі розныя: калі хтосьці быў жулікам, то з яго насміхаліся, прыніжалі. Бацька казаў, што жыды лепшыя за палякаў. Жыдоў было шмат у Орлі і Бельску.

Да ўлады ставіліся абыякава. Пасля смерці Пілсудскага жыць стала горш, нават бацюшка стаў гаварыць па-польску. Паліцыю ў вёсцы не любілі.

Асаблівага палітычнага жыцця не было. У вёсцы дзейнічала Грамада, у яе склад уваходзілі Трахім, Мяфодзій, Іван Панфілюкі, Іван Чыквін. Але яна была нядоўга. Пасля была арганізавана КПЗБ.

Вельмі добра ставіліся да БССР, СССР, аб якіх ведалі з праграм радыё. Усе думалі, што пры саветах добра.

У 1939 г. для сустрэчы саветаў паставілі браму, а прыехалі памылкова немцы. Яны нават аддавалі чэсць партрэту Сталіна. Немцы прыехалі на танках, з добрай тэхнікай, а на чале войска саветаў прыехаў заросшы камандзір на здохлым кані.

 

Панфілюк Уладзімір, Дубічы-Царкоўныя:

Помню, як дзядзька Трахім вярнуўся з цяжкай санацыйнай турмы, у якой сядзеў за палітыку ад 1927 да 1930 года. Цэлая вёска вітала яго, як героя. Увечары ў Юсыпавай хаце сустрэўся з людзьмі. Гаварыў пра жах санацыйнай турмы, як знуткаваліся там над ім, уліваючы воцат у нос. Людзі слухалі, якой цаной здабывалася свабода. Трахім дзякаваў жыхарам вёскі за падтрымку — за харчовыя пачкі і грошы; гэта мясцовыя грамадоўцы і камуністы клапаціліся пра свайго таварыша. Хаця зарабіць не было дзе, аднак дух любві і сяброўства не гас, а ўзрастаў. І нядарам кажуць, што бяда спалучае, а багацце разгартае. І гэта праўда!

Добра помню, што ў Дубічах-Царкоўных існавала падпольная камуністычная ячэйка, у якой актыўна дзейнічалі мае дваюрадныя браты Мяфодзій і Ванька. Пасля здрады вясковага даносчыка, Мяфодзій трапіў у цяжкую санацыйную турму, з якой пасля трох гадоў вярнуўся з „воўчым білетам”. У турме сядзеў яшчэ і Рыгор Лемеш, хаця яго бацька быў багатым чалавекам. Аднак ідэі былі даражэйшыя за багацце. Тыя лайдакі, што даносілі на сваіх, пасля сталі „героямі” і многа гора нанеслі людзям у час савецкай улады 1939-41 гг. і пасля.

Перавой Юлія, Наройкі:

Была крама, уласнікам жыд быў. І карчму жыды вялі. Мае пазнейшае цешчы брат да аднае жыдоўкі хадзіў, Хайка называлася. Жыды яе, аднак, вывезлі, а пасля самі павыязджалі і больш у Наройках жыдоў не было.

Матэрыял на адзенне ткалі ў кроснах, але і гандляры прывозілі. Прынясе жыдоўка з Сямятыч і ўпіхае.

— Грошай няма, — адмаўляліся.

— Дык іншым разам прыйду і аддасі, — настойвала гандлярка.

Жыды шмоцце, воўну, лён куплялі. І абрэзкі шкур жыд ад тата забіраў. Тата яго адганяў, але ён кіло селядцоў пакіне і забярэ.

Улада ў Драгічыне была; крыху і ў Мілковічах, але нядоўга. Паліцыя ў Драгічыне была. Людзі па-рознаму адносіліся да ўлад, але паміж сабою жылі згодна. Маладыя часам біліся паміж сабою, але не надта; забойстваў не было. Вёска з вёскаю біліся, але найчасцей хлопцы біліся за дзяўчат; за мяне таксама біліся.

Пракаповіч Уладзімір, Мілейчычы:

У даваенных Мілейчычах большасць складалі яўрэі. Затым другой групай былі праваслаўныя. У 1920-я гады жылі ў нас толькі дзве каталіцкія сем’і. Школа была ў нас адна і яўрэйскія дзеці вучыліся разам з хрысціянскімі.

Галоўным заняткам яўрэяў былі прадпрымальніцтва і гандаль. У іх руках знаходзіліся ўсе магазіны і склады. Спробы хрысціян адкрываць свае крамы ці прадпрыемствы канчаліся няўдачай. Напрыклад, мае браты Антон і Аляксандр, вярнуўшыся раней з бежанства, адкрылі краму, але не вытрымалі канкурэнцыі і ў 1921 годзе прыйшлося ім закрыць „інтарэс” і шукаць іншага занятку. У Мілейчычах быў кафляны завод, якога ўладальнікам быў яўрэй Горфейн, які лічыўся самым багатым чалавекам. Паколькі кафлі карысталіся тады вялікім попытам, новую кафлярню задумалі пабудаваць палякі — Марцін Воіньскі і Казімеж Жарскі. Але калі сталі яны выпускаць кафлі, пачаліся ў іх клопаты са збытам. Яўрэйскія гандляры лічылі іх прадукцыю няякаснай, быццам гліна, з якой вырабляліся кафлі, змяшчала празмерна многа мергелю. Пасля двух гадоў прадалі яны завод яўрэям і кафлі адразу набылі новую якасць.

Яўрэі жылі пераважна ў цэнтры мястэчка — у рынку, з якога выходзілі Рагацкая, Бельская і Паканеўская вуліцы. Найважнейшым будынкам была старая, драўляная бажніца, якую ў 1927 годзе замяніла мураваная сінагога. Побач яе знаходзіўся дом рабіна.

У сасновым ляску, з усходняга боку Мілейчыч, стаялі яўрэйскія дачы. Быў гэта комплекс з 11 двухпавярховых будынкаў памерамі 13 на 50 метраў. У іх былі сталовыя і пакоі для курортнікаў. Галоўным чынам прыязджалі сюды адпачываць хворыя на сухоты, каб падмацаваць свае здароўе свежым, насычаным жывіцай паветрам. У сезоне прыязджала нават да 800 яўрэяў з усяе Польшчы.

Кожны яўрэй трымаў для сваіх патрэб адну карову. Яшчэ да выбуху першай сусветнай вайны хацелі яны карыстацца сервітутам і пасвіць сваіх кароў у прыватных лясах. Мілейчыцкія мяшчане не згаджаліся на гэта і яўрэі падалі іх у суд у Высокае і справу пачаткова выйгралі. Мой бацька, Якуб Пракаповіч, быў тады мяшчанскім старастам. Мілейчукі сталі яго падазраваць у нейкай змове з яўрэямі. Тады ён і трое павераных падалі справу ў Апеляцыйны суд у Вільні, які адмяніў папярэдні прысуд і такім чынам ачысціў бацьку ад абвінавачанняў. Пазней, пасля вяртання з бежанства, бацька яшчэ дзесяць гадоў быў войтам Мілейчыцкай гміны. У такой сітуацыі яўрэі былі вымушаны арандаваць у жыхароў Сабятына лес ва ўрочышчы Асінкі, у якім пасвілі сваіх кароў. Пастухом у іх быў гой — наняты хрысціянін.

Некаторыя яўрэі займаліся рамяством — шавецтвам, кавальствам, кравецтвам. Мелі яны яшчэ завод газіраваных напояў, чатыры пякарні. Самы багаты магазін быў у братоў Рубіна і Хаіма Тарэспальскіх (цяпер у гэтым будынку знаходзяцца бюро і крамы ГС). Непадалёк (у будынку сённяшняй сацыяльнай дапамогі) быў аптовы склад Цукермана. Але былі таксама і бяднейшыя крамы, у якіх куплялі незаможныя мяшчане і навакольныя сяляне. Прыпамінаецца такая вось гісторыя. У рыбную лаўку зайшоў бедны мужык са Снежкаў і, нічога не купіўшы, макнуў кавалак сухога хлеба ў расол, які стаяў у бочцы з﷓пад селядцоў. Заўважыла гэта яўрэйка і кажа:

— Ой, Стэпанэ, ты ласунчык у мэнэ.

Пташынскі Павел, Старое Ляўкова:

У Ляўкове быў пастарунак, там спачатку дванаццаць паліцыянтаў было — час быццам ваенны быў. Хадзілі яны аж на Бяндзюгу, Калясное і Сушчу. Хлопцы біліся з паліцыянтамі, на пастарунак іх заганялі. Аднаго хлопца паліцыянт нават застрэліў. Пасля менш паліцыянтаў было; перад самай вайной мо з чатырох асталося.

Палітыкай займаліся пад астатак, прыязджалі, сходы рабілі. Сядзеў толькі адзін — Харкевіч з Міхнаўкі.

Пошта ў Нараўцы была. Газеты — як хто дзе паедзе і купіць, то збяруцца і пачытаюць.

Пушкарэвіч Ян, Клюковічы:

Газеты і кніжкі чытаў той, хто гэта любіў. Мала такіх было, бо трэба было з грашыма лічыцца. Багацейшы купляў, а бяднейшы ў яго чытаў і разам бяседавалі. Радыё паявілася толькі пад саракавыя гады.

Спачатку палітыкай людзі не цікавіліся, толькі як настала Грамада, да якой уступалі, рабілі сходы. Нікога хіба з нашай вёскі не пасадзілі. Паліцыі не было відна, непатрэбная была. Людзі згодна жылі. Зладзейства не было, бо не было чаго красці.

Пятроўскі Пятро, Орля:

У 1931-1933 гадах служыў я ў ІІ батарэі 9 артылерыйскага палка ў Брэсце. Сярод салдат многа было непісьменных і для іх зімою ладзіліся курсы па лікбезу, якія вяла настаўніца Анна Лабунькова. Гэтую адукацыю закончыў я 19 сакавіка 1933 года і да сёння захоўваю пасведчанне, быццам дыплом выключнай важнасці. А напісана ў ім наступнае: „Ukończył II stopień żołnierskiej szkoły początkowej, który obejmował zakres wymowy, czytania i pisania po polsku, naukę rachunków, wiadomości o Polsce współczesnej z wynikiem bardzo dobrym. Niniejszym stwierdza się, że kanonier Piotr Piotrowski posiada zakres wiedzy odpowiadający programowi IV”. Многаму я там не навучыўся, але добра чытаў карту і за гэта, відаць, дастаў добрую адзнаку.

Свіцкі Яўген, Ячна:

На выбары ў Ружаны Сток людзі хадзілі, але не арыентаваліся на каго галасаваць. Дарэчы, ці гэта Пілсудскі, ці Масціцкі, і так ніхто не мог нічога рушыць. Да вайны завязаўся камуністычны кружок. У Грабянях і Гарасімаўцах фішкі расклейвалі, флаг вывесілі; па-беларуску былі, бо з Мінска прысылалі. Але нічога гэта не давала, бо партыя слабая была. Жданук з Вострава нават сядзеў. А з нашай вёскі аднаго нехта пры немцах удаў і яго забілі.

Да Расіі людзі добра адносіліся, бо сталінская прапаганда хваліла, што там райскае жыццё. Былі нават спробы ўцякаць у СССР. Да жыдоў трэба было добра адносіцца, каб крэдыт атрымаць, бо жыды мелі капітал. Толькі пад канец санацыйнага перыяду нарадоўцы перашкаджалі ў жыдоў браць.

Цыганскіх абозаў маса ездзіла. Ставалі на пашы і сухое голле з вербаў палілі. Мужчыны коньмі гандлявалі, каб каго абмануць. Цыганкі ішлі варажыць ці што ўкрасці.

— Глядзі гаспадарыку, каб пятух не заспяваў на стрэсе, — гаварылі, калі чаго не дасі.

І чуваць было, што падпальвалі.

І зладзеі былі. Праз саламяную страху ўлазілі і забіралі з бабскіх куфраў, а пасля прадавалі.

Кірмаш у Дуброве быў у аўторак, у Новым Двары — у сераду, а ў Сухаволі — у чацвер. Гандлявалі там каровамі, коньмі, авечкамі. Кадушкі, вёдры і дзежкі прывозілі мазуры з Рыголі і Грушак. Кадушка на капусту сорак вёдраў вады змяшчала; раней капусту не крышылі, толькі цэлымі галоўкамі кідалі.

У Гродна было дваццаць восем кіламетраў і ездзілі туды або фураю, або пяшком з вечара ішлі. Поезд каштаваў два злоты. Пад канец два разы ў тыдзень жыдоўскі аўтобус у Гродна хадзіў. І ровараў тады было каля сямі, з драўлянымі гнутымі абадамі. Ровары куплялі ў Гродне — „Нёман” каштаваў 135 злотаў, а „Дзюркоп” — 115 злотаў.

Пад канец у нашай вёсцы шэсць чалавек кааператыў заснавалі — была шыльда „Sklep spółdzielczy”. Можна там было купіць піва або чвяртку, але многа не пілі, бо грошай не мелі.

Семянюк Павел, Рэпіскі:

Было зладзейства; кралі коней, усё. У нашай і суседняй вёсцы чатырох зладзеяў было. Раз укралі саланіну, драўляныя колы для воза, мех канапель. Як ішлі, то жыдоўка, што краму на канцы вёскі мела, пачула іх і ў паліцыю ў Ласінку даклала. Паліцаі палапалі іх і вялі з крадзеным праз вёску. Адзін, якому воз вынеслі і каня ўкралі, падышоў і аднаму зладзею ў морду заехаў, але больш паліцыя не дазволіла. Пасля тыя зладзеі пад Свіслаччу на жыда напалі, а ў яго тэлефон быў і ён паведаміў паліцыю. Паліцыянты аднаго з іх застрэлілі, а апошніх палапалі. Быў суд і аднаго зладзея да смяротнага прыгавору прысудзілі. Паведамілі ягонага бацьку, ён паехаў у Беласток, а там яму толькі сынавы боты выдалі. І з таго часу зладзейства крыху ўкарацілася.

Стэльмашук Пятро, Вулька-Тэрахоўская:

Як у 1939 годзе прыйшлі саветы, нехта на скрыжаванні дарог збудаваў браму для прывітання салдат. Знайшоўся сышчык, які аб гэтым паведаміў немцам у Высокім. Пакуль гэтыя прыехалі, у вёску заехаў патруль польскіх коннікаў. Паколькі было спакойна, вайскоўцы ад’ехалі. Пад вечар прыехалі немцы, затым і атрад польскага войска. Пачалася перастрэлка. Немцаў пастралялі палякі. Солтыс казаў іх пахаваць. Як пазней выявілася, шмат польскіх вайскоўцаў хлынула ў гэты час з﷓пад Брэста ў напрамку Нурца цераз навакольныя вёскі. Пасля вайны пабітых немцаў эксгумавалі.

Тамчук Надзея, Мора:

Вельмі добра адносіліся да адукаваных людзей, дурань вучоным не стане. Я сама неграматная. Па нацыянальнасці мы „беларусы”, а мова ў нас „руськая”, „наша”.

 

Таранта Назар, Вулька:

У 1931-1932 гадах служыў я васемнаццаць месяцаў у 22 пяхотным палку ў Седльцах. У маёй кампаніі было 30 католікаў і 50 праваслаўных. Прысягу прымаў ад нас пры палявым алтары бацюшка ў званні палкоўніка. Потым перавялі мяне ў VІ сапёрны батальён у Брэст і там служыў я дзесяць месяцаў у Брэсцкай крэпасці.

Трафімюк Ціхан, Кленікі:

Вярнуўшымся з бежанства сялянам цяжка было дабіцца дапамогі з боку дзяржавы. Чыноўнікі польскай адміністрацыі варожа на нас глядзелі. Я з першага дня быў узяты пад паліцэйскі нагляд. Я добра не валодаў польскай мовай і гаварыў па-руску, што выклікала вялікую нянавісць у польскіх установах. Некаторым грамадзянам, якія вярнуліся з Расіі, усміхнулася шчасце — яны атрымалі ў Бельску, праз пасрэдніцтва бюро па адбудове, па чатыры фэсметры дрэва на пабудову зямлянак. Я таксама вырашыў паспрабаваць шчасця, напісаў прашэнне і зайшоў у бюро. Калі я падышоў да стала і загаварыў па-руску, чыноўнік насцярожыўся, але калі з языка сарвалася мне слова „таварыш”, падзейнічала яно на прадстаўніка адміністрацыі так, быццам бы ўкусіла яго ядавітая змяя. Ён пасінеў ад злосці і кінуўся на мяне з кулакамі, а я — моцна грукнуўшы дзвярыма — выбег на вуліцу. Другі выпадак датычыў майго сябра. Будучы ў Бельску пайшоў я з Уладзімірам Купрыяновічам, ваенным інвалідам, у РКУ (ваенкамат). Купрыяновіч восенню 1917 года быў ранены і шэсць месяцаў праляжаў у Маскоўскім ваенным шпіталі ды меў на гэта савецкія дакументы, на аснове якіх у Савецкім Саюзе інвалідам выплачвалася грашовая дапамога. Калі ён паказаў дакументы капітану, той пачырванеў ад злосці і закрычаў: „Do Moskwy chamie bolszewiku! Walczyłeś przeciw Polsce w 20. roku i chcesz, żebyśmy dali ci zapomogę?” І на нашых вачах парваў дакументы ды выкінуў нас за дзверы.

Кленіцкі прыход меў 72 гектары царкоўнай зямлі, якую да першай сусветнай вайны абрабляў настаяцель. У 1922 г. зямлю гэтую атрымаў легіянер Пілсудскага паручнік Прочка, які заняў пляц з жылым домам каля царквы. Гаварыў ён: „Tutaj śmierdzi Moskwą. Dużo tutaj bolszewickiej zarazy. Ale ja wszystko przerobię na swój ład”. У пачатку вайны 1939 г. памешчык вярнуўся туды, адкуль прыехаў, а пры саветах яго маёнтак быў раздадзены беззямельным і малазямельным сялянам.

Троц Марк, Рудуты:

У міжваенны час у Рудутах адбываліся цікавыя з’явы. Дзейнічала тут Грамада і камуністы. Таксама знайшлі тут вернікаў цэрквы баптыстаў і пяцідзесятнікаў. Мясцовыя падпольшчыкі недзе ў 30-я гады сыгралі антырэлігійную сцэну. Адзін з іх прыкінуўся нябожчыкам і цэлая грамада людзей несла яго ў труне. Былі пры гэтым „бацюшка” і „дзяк”, спявалі набожныя песні і чыталі Евангелле. Арлянскі бацюшка далажыў пра гэта ў бельскую паліцыю. У Рудуты завіталі два паліцыянты на роварах і з карабінамі. Насамперш сталі дапытваць солтыса. Шчасце, што ў той самы дзень, калі сыгралі „паховіны”, у вёсцы адбывалася вяселле, таму солтыс сказаў, што гэта быў народны жарт, прыданне для вясельнай пары, бо тут так прынята. І людзі згаварыліся між сабою і сказалі паліцыянтам тое ж, што і солтыс. Так бяда мінавала, бо інакш „артысты” завіталі б у беластоцкую турму.

Федарук Аляксандр, Вітава:

Як вярнуліся дахаты, то ўся вёска была спалена. Але спалена не вайной. Адна жанчына, што засталася, траву паліла і разам уся вёска згарэла. Жыла наша і яшчэ адна сям’я ў маленькім сарайчыку. Жылі вельмі цяжка.

Тады з’явіліся ў нас партызаны. У партызаны гэтыя пайшлі маладыя хлопцы — гультаі, гіцлі. І з Вітава было пяць чалавек. Забілі сям’ю гаёвага Алькевіча. Прычыны не было. Гаёвы быў паляк, але чалавек добры. У яго два сыны былі, маладыя хлопцы. Пабіліся з беларускімі хлопцамі з﷓за дзяўчат на забаве. Тыя, як пайшлі ў партызаны, дык адпомсцілі. Расстралялі гэтых сыноў гаёвага, а маці іх спачатку адпусцілі, а потым адзін раптам стрэліў, ды ў галаву ёй патрапіў. А самому гаёваму ўдалося ў лес уцячы.

Наш старэйшы брат меў тады 16 гадоў. Ён таксама хацеў пайсці ў банду, бо меў карабін і пісталет. Але дадумаўся запытацца ў бацькі. А бацька яму кажа: „Сынок! Кладзі галаву на парог, а я табе яе сякерай адсяку. Тады ўсім нам лепей будзе, чым калі ты ў лес пойдзеш”. Так яго бацька ад смерці і ўратаваў.

Потым партызаны тыя напалі ў Кляшчэлях на паліцыю, разбілі пастарунак, краму. Набралі ў той краме гарэлкі, папярос і цукерак з сабою ў лес. Мы з братам тады ранкам ішлі па дарозе і збіралі каляровыя паперкі ад цукерак, што партызаны кідалі, як варочаліся з Кляшчэляў. Вядома ж, малыя яшчэ былі. Аж глядзім, войска польскае конна едзе, гармату цягнуць. Хацелі акружыць тых партызанаў і п’яных палавіць. Але сярод партызанаў адзін хлопец малады коней пасвіў. Ён салдат польскіх убачыў і трывогу падняў. Паўскоквалі партызаны і хто ў чым быў сталі ўцякаць. Падаліся на Гродна, на Вільню і далей у СССР. А некаторыя засталіся, дык іх паліцыя потым пералавіла.

А салдаты польскія прыйшлі ў вёску, сабралі ўсіх мужчын і пачалі біць. Гаёвы Алькевіч, у якога сыноў пастралялі, хадзіў і паказваў тых, хто быў у партызанах ці ім памагаў. Над такімі здзекваліся асабліва страшна. А з нашым бацькам ён жыў добра, то сказаў паліцэйскім, каб не білі яго. Тых партызанаў, што паліцыя злапала, пасадзілі ў турму. Потым павярталіся дахаты. Аднаго ўжо пасля другой вайны „акаўцы” забілі. Партызаны тыя выступалі за Беларусь, хацелі, каб дзяржава беларуская была.

А потым зноў у вёсцы паўстаў беларускі гурток. Кіравалі ў ім людзі вельмі адукаваныя — Кірыла Баравік, Кандрат, Васіль і Яўхім Іванюкі, Радынка Якім. Людзі ў вёсцы іх вельмі паважалі, звярталіся часта за дапамогай. Кандрат Іванюк быў афіцэрам у царскай арміі, па-нямецку гаварыў як па-свойму. Яму палякі прапанавалі стаць польскім настаўнікам, толькі каб ён ад сваёй ідэі адрокся. Але ён не пагадзіўся. Паліцыя „гурткоўцаў” праследавала. Яны хавалі ў лесе свае пракламацыі, газеты. Нашыя „гурткоўцы” пайшлі раз на раду ў Беразова, а там наляцела паліцыя і пачала ўсіх біць. Кандрата Іванюка ўдарылі шабляй па галаве, праўда тупым бокам. Яго потым арыштавалі і пасадзілі ў турму за яго антыдзяржаўную работу. А як выйшаў, то ўцёк у СССР. Таксама ўцяклі туды і астатнія „гурткоўцы”. А іх там аб’явілі „бухарынцамі” і ў лагер адправілі. Кандрат Іванюк папаў аж на Калыму, там і згінуў.

У нашай вёсцы людзі амаль усе былі праваслаўныя, да царквы хадзілі. Але часта бывала, што радніліся з католікамі.

Жыды да нас прыязджалі з Орлі. Жыццё ў іх таксама было цяжкім. Мусілі ўставаць у дзве гадзіны ночы і ехаць з таварам па вёсках. Вазілі селядцы, запалкі, іголкі. У жыдоў заўсёды можна было грошы пазычыць. Нашы людзі з імі добра жылі. У Орлі ўсе кавалі былі жыдамі, таксама кафляры, пекары.

Васіль у 1936-38 гг. служыў у польскім войску, у лёгкай коннай артылерыі. Служылася добра. У гэтай часці беларусаў было больш чым палякаў. Адзін паляк абазваў яго раз кацапам, дык яго афіцэр пасадзіў пад строгі арышт. Той кажа: „А ён мяне палякам абазваў”. А афіцэр гаворыць яму: „Дык якая ж гэта абраза. Быць палякам — гэта гонар”.

Федарук Васіль, Вітава:

У 1936 годзе прызвалі ў армію. У Рэмбертове служыў, у лёгкай артылерыі. Камандзірам гарнізона быў генерал Ульбрыхт. Казалі, што правай рукой начальніка Пілсудскага быў. Хоць немцам лічыўся, але душа-чалавек быў. За салдатам заступаўся быццам бацька. Памятаю, як аднаго з „нашых” калега-паляк кацапам назваў. Падслухаў гэта капрал і начальніку роты далажыў. За гэтае віноўніку пяць дзён строгага рэжыму (арышту) далі.

Дваццаць тры месяцы адслужыў. Выдатнікам лічыўся, з арміі самы добры ўспамін захаваўся. Як дамоў вярнуўся, дык Аляксандра не застаў. Саня ажаніўся і адлучыўся ад бацькі. Я пры ім да немца быў. 23 лютага 1943 года я ажаніўся. Згулялі вяселле. Да Вялікадня дом збудаваў. Спяшаўся з будовай, бо немцы будаваць не дазвалялі. Пачалося маё новае сямейнае жыццё.

Хіліманюк Уладзімір, Тафілаўцы:

У гміннай Орлі шмат жыдоў было, багата. Усе гандляры, якія хочуць нешта прадаць ці купіць, ходзяць, прадаюць цукеркі, дробязь усякую, іншым словам падманваюць. Але мы іх таксама падманвалі. Я аднаму беднаму жыду, што брыў па дарозе, прадаў заміж цялячай скуры сабачую. Жыд праз нейкі час агледзеўся і вярнуўся, але тут за мяне заступіўся бацька, які сказаў: маўляў, глядзець трэба было. Шмат было і вельмі бедных жыдоў, што з катомкамі хадзілі па хатах, радуючыся скарынцы хлеба.

З жыдамі, як і палякамі ніякіх адносінаў мы не мелі, яны жылі ў мястэчку. Праўда, у 1945 г. спалілі яны людзей, што паехалі ў лес па дровы, загналі ў будынак і падпалілі. Гэта АК было. Палякаў мы называлі мяцежнікі, гэта такія нядобрыя людзі, якія сабе дрэнна робяць.

Хто ў нас тут жыў яшчэ. Баптысты, вось яны любілі жаніцца на праваслаўных. Камуністы прыходзілі да 1939 г., улёткі нейкія расклейвалі. У 1939 г. саветы прыйшлі, дык ніводнага стрэлу не было. Багатыя баяліся рускіх, а бедныя чакалі, думалі, што зменіцца жыццё да лепшага, што ў СССР добра. Але пры паляках мы ніколі не галадалі, цяжка было жыць, зараблялі кожны грош, але не галадалі.

Ціха Марыя, Тафілаўцы:

Розныя людзі жылі ў нас. Моладзь білася вёска на вёску, але гміна, якая ў Орлі, давала ўсім рады, таму было ціха, не тое, як зараз. Гміна побач, а толку няма. Тут мы ўсе былі праваслаўныя, але і баптысты былі. Я і не памятаю, каб у нас шлюбы былі паміж праваслаўнымі і католікамі. Жылі ў нас і жыды, пераважна гандляры. У нас адзін хлопец узяў жыдоўку за жонку. Прыгожая была. Іх у вайну знішчылі немцы. Жыдоўка пакінула мужа і пайшла са сваімі ў гета.

Хто я па нацыянальнасці? Полька, бо жыву ў Польшчы, але я праваслаўная.

Цяцерка Васіль, Войнаўка:

Людзі ў нас і раней лічылі і зараз лічаць сябе беларусамі. Але і рускую мову многія зналі. Мой бацька добра чытаў і пісаў па-руску. Кніг рускіх у вёсцы многа было. У 1920-я гады быў, як расказвалі старэйшыя людзі, у вёсцы беларускі гурток. З Войнаўкі сем чалавек хадзілі на беларускія нарады ў Беразова, але там паліцыя іх пабіла і разагнала. Больш з таго часу гурткоў у вёсцы не было. Не чуў таксама, каб у нас КПЗБ дзейнічала.

Чарнецкі Мікалай, Нараўка:

У Нараўцы быў вадзяны млын, і алейня. Памятаю, палез уласнік штосьці паправіць, а сын адсунуў у той час заслону, так і змалоўся стары млынар... Не памятаю іхняга прозвішча. Саланевіч зноў добра жыў з палякамі багатымі. Ецік трымаў рэстаран каля рэчкі, там у доле; асядлы, моцны мужчына. Ершкі гандлявалі коньмі, можна было ў іх купіць каня на выплат, на раты, значыць... Як Хону забілі, то на яго маёнтак перабраўся жыць паліцыянт К. Наш народ — не такі. Не трымаецца разам. А іх вера — ад Бога Айца, выбраны народ, і пакуты ў яго вялікія.

Калісь казалі: „Калі не будзе жыда, то не будзе каму прадаць курку, яйка”, бо ўсё гэта жыд забіраў, бо курка і яйка для іх — кошэр. Я іх добра ведаў. Калі пусцілі вуліцу на месцы майго дома, то перасяліўся я непадалёк медрэса, іхняе школы. Памятаю прозвішчы — Яблановіч, Бірнбаўм, Юдэль Айзэнштэйн... У шынку, дзе піва і квас быў, акцызу меў жыд. Сахно, Драгачынскі, Янкель (меў сляпога каня, сечку рэзаў для людзей). Стомы, Шайко — краўцы былі, Мунька Семяноўскі, Пэшко, Сіма, Бранько... Ведаў я ўсіх, хто блізка жыў. Пераплётчыца кніг Малка. Шастакоўскі. Каган — купец (тартак трымаў). Шайкоўскі, Мэндэл, Фройка. Усе павязаны — радня. Былі такія, што крыху гаспадарылі, трымалі коней. Помню, Высоцкі ў гуце быў, меў каня, вазіў дровы, у Альхоўцы строіўся майдан, то давозіў туды ён цэглу. Бірнбаўм трымаў ятку кашэрную, прадаваў мяса „чыстае” і без жылак (прадаваў гоям задкі цялят, тое мяса было для нас найлепшае, а ім нельга есці было задкоў). Настаўнік Такарскі, ён больш жыдоўскіх дзяцей па хатах вучыў.

Чаропскі Аляксандр, Клюковічы:

У школу хадзіў я шэсць гадоў. У 1938 годзе ўзялі мяне ў войска і я завочна закончыў сёмы клас, бо хацеў быць вайсковым. У верасні 1939 года мае калегі мелі выйсці з войска, а я — астацца.

Выбухла вайна і я каля Львова трапіў у савецкі палон. Голад быў, чалавек думаў, ці калі-небудзь яшчэ наесца. Некаторыя сырую бульбу елі. Не было вады. Бруд быў і раны ад вошай.

Чыквін Аляксей, Чахі-Арлянскія:

Добра помню, што ў вёсцы дзейнічала Грамада, а пасля Камуністычная партыя Заходняй Беларусі. Яе членамі былі Аляксей Данілюк (пазнейшы мой цесць), Юхім Рута і Аляксандр Андрасюк. Часта іхнюю ячэйку наведваў нейкі старэйшы чынам таварыш з Кляшчэляў. Збіраліся ў хаце Данілюка. Ягоная дачка Надзя (пазней мая жонка) успамінае, што горача аб нечым дыскутавалі; на той час усім хатнім загадвалі пакінуць пакой.

Чыквін Міхал, Дубічы-Царкоўныя:

Партыі, што тут былі за першай Польшчай, былі камуністычныя. У іх збіраліся найбяднейшыя сяляне. Рабілі падпольныя сходкі па хатах супраць улады. А як прыйшлі саветы, то яны ўсе да партыі пайшлі. Ім усё задарма давалі. У партыях гэтых пераважна жыды былі. Сцягі чырвоныя на дрэвах вывешвалі.

Чыквін Павел, Дубічы-Царкоўныя:

Солтыса ў нас якога скажуць, такога і выбіралі. Газет ніхто не выпісваў. Палітычных актывістаў не памятаю.

У 1939 г. мяне забралі ў войска. Удзельнічаў у абароне Варшавы. Быў сапёрам. Трапіў у палон. Тры тыдні трымалі мяне ў лагеры ў Мінску-Мазавецкім. Ваду смярдзючую пілі і елі гнілое мяса.

Янель Аляксандр, Залешаны каля Ялоўкі:

У 1939 годзе, яшчэ да вайны, змабілізавалі мяне на фронт. Быў я ў швадроне веласіпедыстаў, 60 чалавек нас было і маёр з паручнікам. Ехалі праз Модлін, Цеханаў. Там далі амуніцыю і на поўнач скіравалі. Ноччу адпачываем, салдаты спяць. Маёр будзіць і гаворыць, што паручніка немцы застрэлілі; а фронту яшчэ не было. Вядзе нас маёр шашою фронт шукаць. Нямецкі самалёт высока паляцеў і адразу артылерыя забіла па нас. Мы назад, а маёр спыняе нас. Зышлі набок, у акоп. Сядзімо ў акопах і чуем, што ўжо немцы каля нас. Маёр з імі згаварыўся і відаць ён і паручніка нам застрэліў.

Навялі нас на міны. Мяне раніла. Хто крычаў, таго застрэльвалі. Я ўсю ноч праляжаў ранены. Пасля знайшлі мяне немцы, на ношах у палявы шпіталь занеслі. Там усё з мяне здзерлі, абмылі, ачысцілі, асколкі дасталі ад дзвюх мін, але не ўсе. Вылечылі і дадому адправілі. На дарогу далі каўбасу, хлеб, папяросы.

Дома, калі былі ўжо іншыя немцы, мяне ў турму ў Свіслач забралі. Выклікалі, і тых, што ацягаліся — па плечах! Адзін шпіцаль між нас быў. Тых, што многа гаварылі, ён удаў і іх пабілі. А я не размаўляў і мяне пасля некалькіх тыдняў дадому адпусцілі. Аддалі мне грошы. І ножык не мой даюць. Я сказаў, што ён не мой. То зараз кухару загадалі, каб мне дубальтовы абед выдаў, што не ўзяў. А калі б узяў, то ўжо з гумамі чакалі...

Я верыў у Бога і Анёл-Ахоўнік мяне ратаваў.

Янчук Канстанцін, Карыціскі:

Гандаль увесь у нас толькі жыды трымалі. У нас гаварылі — калі не будзе жыдоў, то не будзе і гандлю. Яны часта прыязджалі да нас, куплялі і прадавалі: селядзец, мануфактуру, мыла — усё. Але тады ў гандлі часта падманвалі — і жыды, і нашыя. А пасля вайны ў краме цэны сталі адны і тыя ж, і ніхто больш не возьме. Бацька мой аднойчы павёз у Бельск свінню прадаваць. А жыды не хацелі купляць па нармальнай цане, толькі палову давалі. Ну, бацька і павёз яе назад дамоў. Прывёз. А жыд адразу ж за ім прыехаў і гаворыць: „Аддасі за паўцаны?” Так бацька ўсё ж прадаў гэтую свінню за грашы. А ўвогуле, адносіны да іх былі нармальныя, бо як не яны, то хто ж у нас штосьці купіць? Ды і розуму ў іх больш было. Дзетак сваіх яны заўсёды аддавалі на вучобу, а ў нас да вайны мала хто ў школу хадзіў. Школа наша была толькі ў Старым Корніне. Да вайны школа была польская, а ўжо пасля вайны беларуская.

(працяг)


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праграмнай рады тыднёвіка Ніва

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster