V. Рэлігійнае жыццё
Аўтарытэт Царквы і святароў. Рэлігійныя практыкі. Мяшаныя сужонствы. Спробы паланізацыі Царквы. Іншаверцы. Сектанты.
Алекша Надзея, Піражкі:
У царкву хадзілі, хаця цяжка было. Часам ездзілі. На Каляды ліў дождж, і ноччу па межах ішлі.
Ілья Клімовіч прадаў гаспадарку і заклаў будову царквы ў Грыбоўшчыне. І пайшла вестка, што Ілья з неба, а царква з зямлі — бо за зямлю купіў фундамент. Падлога ў шахаўніцу была, многа ікон было. І здалёк многа людзей цягнулася, прыносілі многа грошай. Каля кожнай іконы таца стаяла, а на ёй многа грошай ляжала, нават пяцізалатоўкі. Але мы, тутэйшыя, ведалі, што ніякага цуду там не было. Затое тыя, што здалёк прыбывалі, качаліся там і маліліся.
Андраюк Рыгор, Гусакі:
Царква ў Райску была. Хто хацеў, той ішоў. Хадзілі пяшком, бо ехаць трэба было кругом, балоты мінаць. Да папоў людзі адносіліся як да пастыраў — лепш чым сёння. Амаль усе праваслаўныя былі, толькі мо з пяць іегавістаў было. Сектаў не было. Здараліся мешаныя сужонствы, аднак, асабліва бацькі, не дазвалялі, бо возьме польскі рускую і празывае. Але наогул польскія і рускія да сябе не хадзілі. А пра сужонствы з яўрэямі і мовы не было.
Артышук Іван, Курашава:
Споведзь агульную школьнікам бацюшка ў суботу адпраўляў, а прычашчаў у нядзелю; як у войску. Калі я ў 1935-36 гадах у войску ў Седльцах служыў, то бацюшка быў капітанам. У мундзіры хадзіў, салютаваў, а калі прыходзіў у царкву, скідаў мундзір і апранаў аблачэнне. У войску розніцы між праваслаўнымі і католікамі не было. У царкву толькі да споведзі хадзілі. Ішлі з аркестрам. Царква ў вялікай хаце была. Па нядзелях у касцёл хадзілі. Хто не ішоў у касцёл, той чытаў або так сабе сядзеў. А я любіў у касцёл хадзіць, касцельная служба мне больш падабалася ад нашай.
У 1939 годзе бацюшка памаліўся перад крыжамі на абодвух канцах вёскі, ішоў вуліцай і свянціў з вуліцы панадворкі. З’явіліся немцы. Яны нешта паміж сабою перагаварылі і паехалі. А пасля ўжо бацюшка гаварыў нам, што мо таму вёсцы ў вайну нічога не сталася. І немцы, як адступалі, не спыняліся ў Курашаве.
Багацэвіч Галіна, Орля:
Рэлігія была ў школе і бацюшка навучаў не так, як сёння — па-польску, але па-праваслаўнаму. За службу шмат часу плацілі сітам збожжа. Па калядзе бацюшка ездіў возам і тады людзі клалі на жалязняк; яшчэ пасля вайны так людзі плацілі. Каля царквы было многа жабракоў, а і па дамах хадзілі.
Бажко Марыя, Істок:
У Істоку сваёй царквы няма, таму ўжо як пераехала да мужа, то мы ў царкву ў Карыціскі хадзілі. Заўсёды па святочных днях і кожны тыдзень хадзілі. І ўсе тады заўсёды па нядзелях у царкву хадзілі. Тады гэта быў закон.
Баравік Ян, Гаркавічы:
Ілья Клімовіч пабудаваў у Грыбоўшчыне царкву, а духоўныя ўлады, каб не было скандалу, пастрыглі яго ў манахі. Чуў я, што калі стараста да яго прыязджаў, то Ілья яму ў самаход конскую торбу двух-, пяці- і дзесяцізалатовак укаціў. Там на Яна свята было і гаварылі, што прыходзілі паломніцтвы з Віленшчыны і Гайнаўшчыны.
Бародзіч Яўгенія, Піражкі:
У храм туфелькі або камашыкі насілі на плечах, а бліжэй абувалі. Тут людзі мешаныя: адны ішлі ў Шудзялава ў касцёл, а другія ў Юраўляны ў царкву. Хадзілі пяшком. Штонядзелю раненька паснедалі і ішлі.
Прарок Ілья Клімовіч у нашай вёсцы прыхільнікаў не меў. І ніякія іншыя прапаведнікі да нас не прыходзілі.
Высоцкі Пятро, Баброўка:
Паўвёскі, гэтак званае Новае Вілінава, належала да Тэлятыч, а Старое — да Такароў. Наш прыход быў у Такарах. Бацюшка называўся Ян Анціпаровіч. Былі там дзве царквы. Другую паставілі пры тамтэй Польшчы на святым месцы. На трэці дзень Тройцы адна жанчына пайшла ў лес па шчавух і на алешыне паказалася ёй ікона. Расказала яна аб гэтым вяскоўцам. Бацюшка вырашыў пабудаваць на гэтам месцы царкву. Была там крыніца, пры якой хворыя атрымоўвалі аздараўленне, пакуль якісьці памешчык не выкупаў у ёй сабакі. Пасля гэтага аздараўляльная моц вады прапала.
У Такарах бацюшка пропаведзі гаварыў па-руску. А ў Тэлятычах быў такі бацюшка, які заявіў, што будзе служыць па-польску, але як пачалася вайна, то ён уцёк.
Габрылеўскі Міхал, Трывежа:
Найбольш паважанымі асобамі на вёсцы былі настаўнік, бацюшка і солтыс. Бацюшка ў час пропаведзей напамінаў маці, каб з малога вучылі сваіх дзетак штодзённа адмаўляць малітвы „Ойча наш” і „Верую”. Наведваючы па калядзе дамы вернікаў, бацюшка правяраў, ці дзеці ведаюць малітвы, мабілізаваў бацькоў перадаваць веру малодшаму пакаленню. Бацюшку за паслугі плацілі збожжам і грашыма.
На прыхадскія святы, Ражджаство і Вялікдзень у царкву ездзілі цэлымі сем’ямі на фурманках або санях.
Замуства праваслаўнай дзяўчыны з католікам лічылася адмоўнай з’явай.
Грыгарук Анастасія, Дубічы-Царкоўныя:
У царкву людзі хадзілі без прымусу. Наш прыход быў вялікім. Мы бацюшкі баяліся. Ён мог нават з царквы выгнаць. Моладзь ахвотна хадзіла на службы, бо потым часта ладзілі забавы з музыкай. Былі ў вёсцы і баптысты, на свае службы яны збіраліся па хатах. Палякі гаварылі, што яны камуністы, але людзі да іх добра ставіліся.
Данілюк Вольга, Орля:
У царкву дзеці хадзілі абавязкова, не тое, што сёння. Ішлі басанож, а абуваліся перад царквою. Помню бацюшку Уладзіміра Вішнеўскага і матушку Аляксандру. Была яна вельмі прыгожай жанчынай, заўсёды ў капялюшы, прыгожа спявала ў хоры.
Дзіда Дзмітрый, Краўчук Надзея і Тапор Мікалай, Тафілаўцы:
Д. Д.: У царкву хадзілі як на свята. Ішлі босымі, а абутак на плячах. Толькі перад царквою мылі ногі ў рэчцы і апраналі боты.
М. Т.: Аднак поп Мірон быў гадкі. Я яго страшна не любіў. Ён нават чалавека забіў ні за што. І грошай шмат драў за ўсялякія паслугі.
Н. К.: Было крыху баптыстаў. Да іх адносіліся з асцярожнасцю, але нармальна. Бог жа адзін. Католікаў у вёсцы не было. Калі жаніліся праваслаўны і католік — гэта лічылася нармальным.
Дэмчук Ян, Чаромха-Станцыя:
Перад Вялікаднем рашыўся я пайсці з сябрамі ў царкву ў Зубачы да споведзі. У кампаніі быў дзядзька Раман. Як даходзілі мы да Пульвы, дзядзька пачаў скардзіцца на боль страўніка. Спыніўшыся на мосціку, сказаў сыну: „Вяртайся, Сцяпан, дадому ды з фураю прыязджай... Не дайду ў царкву”. Так і было. Палажылі дзядзьку Рамана на воз і дахаты павезлі. Неўзабаве памёр. Бабуля Кацярына так пазней казала: „Саграшыў бязбожнік... Сама бачыла, як у пост сала еў. Гэта пакаранне гасподняе за грахі”.
Іванюк Эмілія, Вітава:
У царкву ездзілі на кані ў Версток і ў Дубічы. Бацюшкам грашыма плацілі. У нас тут праваслаўныя, католікаў амаль не было. Баптысты часамі прыходзілі ў вёску, але іх ніхто ў хаты не пускаў.
Кавейша Надзея, Сынкоўцы
Маліліся рана і вечарам — тата нас запіралі і мы слухалі. Кожную нядзелю і дзе якое свята ў царкву ў Новы Двор хадзілі. Раней царкву ў Новым Двары былі раскідалі, а пры маёй памяці ставілі. Я насіла яйкі і муку той бабе, што майстрам есці варыла. Пакуль новую царкву паставілі, то бацюшка ў старой школе служыў. А як царкву паставілі, то тую школу зняслі і на яе месцы плябанію пабудавалі.
І ў Сідэрцы была калісь царква, але адзін з Шастакоў крыж сцягнуў і тую царкву разабралі і сталі ставіць касцёл. А на Яна, калі бацюшка ў Сідэрцы правіў, абвешвалі там плахтамі. Пасля рашылі ставіць царкву на могілках. На яе будову збіралі і ў Сідэрцы, і ў Сынкоўцах, і ў Кудраўцы. І з іншых вёсак у Сідэрку прыязджаюць, бо там іхнія блізкія пахаваны.
У Гродна, калі мне было пятнаццаць гадоў, хадзіла я з ячанскай царквой з хрэсным ходам; абразы несла. Рана, вяснянага дня, выйшлі, а як сонейка заходзіла, то на мост на Нёмане ўваходзілі. Пасля нас сустрэлі манашкі і ў царкву завялі. Ноч маліліся і зараз вярталіся назад — такая наша ахвяра была.
Па калядзе давалі, хто што меў, а як хто не меў, то бацюшка і так хату свянціў. Пасху ў вызначаную хату насілі, бацюшка з Ячна свянціў і запрашаў у Ячна на Усяночную. Як у царкву ішлі, то бралі туфлі ў рукі і так ішлі. Нам мама з каляровых нітак цюпы кручком звязалі і мы неслі іх у руках. А перад тым тата штось пад спод падшывалі, каб так тыя цюпы не рваліся. А мы ўсё заглядалі, ці тата паспеюць на заўтра. І ў царкве ганарыліся мы, не маглі на свае цюпы наглядзецца.
Кірылюк Анастасія, Дубічы-Царкоўныя:
Мая маці чытала Біблію па-руску, газет і кніжак не чытала. У царкву хадзілі часта, хаця абавязковым гэта не было. Бацюшку паважалі і баяліся. Яму плацілі за абрады грашыма, прадуктамі, збожжам. Хто што меў. У вёсцы былі баптысты, мы нават хадзілі глядзець на іх хрышчэнне.
Палякаў раней не было, хіба толькі прыезджыя. Шмат было жыдоў, якія толькі гандлявалі ды шылі. З імі канфліктаў не было. Не помню, каб католікі з праваслаўнымі жаніліся, нават з жыдоўкамі жаніліся рэдка, хіба толькі ў Орлі.
Мазалеўскі Андрэй, Хільмоны:
Царкву ў Новым Двары, драўляную, недзе каля трыццатага года раскідалі да фундаментаў. А праваслаўных мусам перацягалі ў католікаў. У Харужаўцах і Ягінтах ніводнага праваслаўнага не асталося, у Капчанах толькі адна хата.
Малашэўскі Ян, Дубічы-Асочныя:
У царкву хадзілі ў Новаберазова, дзе настаяцелем у 1918-1919 гадах быў пратаіерэй Лявонцій Пранеўскі, які і да бежанства быў настаяцелем. Памёр ён на тыф і тады настаяцелем стаў айцец Феадосій Дзіцяеўскі, які прыехаў з Падбелля. Быў ён у нас да вайны і калі прыйшлі саветы, то ў Свіслач яго выгналі. Яго сын, Аркадзій Дзіцяеўскі, закончыў семінарыю ў Жыровічах і пасля да сямідзесятых гадоў быў псаломшчыкам у царкве ў Новаберазове. Айцец Феадосій заслужыўся нашаму прыходу, змагаючыся з польскімі ўладамі за захаванне прыхадской зямлі. Палякі хацелі забраць за 40 гектараў зямлі, а ён раздаў яе ў арэнду людзям, і так засталася. Нашы вернікі з вялікай пашанай адносіліся да Пачаеўскай лаўры і заказалі там за ахвяраванні і прыхадскія грошы (220 злотых) копію Пачаеўскай іконы Божай Маці. Прынеслі яе, ідучы пехатою з Пачаева 2 тыдні, чатыры парафіяніны: Мелання Грыкоўская і Аляксей Трафімюк са Старога Беразова ды Фёдар Чурак і Ян Грыгарук з Барка.
У царкву многа людзей хадзіла, але частка малодшых пад уплывам камуністаў перастала хадзіць. Навучанне Божага закону праводзілася ў падставовай школе ў Новаберазове, а свяшчэннік быў тады аўтарытэтам. Малітвы перад вучобай і пасля яе гаварылі ў школе на польскай мове, а толькі хрысціліся па-праваслаўнаму. На занятках Божага закону гаварылі на рускай мове, а малітвы на царкоўнаславянскай, але да вайны і гэтыя заняткі сталі пераводзіць на польскую мову. Калі свяшчэннікі супраціўляліся, іх каралі. Пасля літургіі ў царкве таксама спяваліся песні на польскай мове. Амаль усе былі ў нас праваслаўнымі і ніхто не хацеў выходзіць замуж ці жаніцца з католікамі. Толькі адна жанчына выйшла за католіка і то, магчыма, па матэрыяльных прычынах, бо, вярнуўшыся з Расіі, яе сям’я не мела дзе жыць. У вёсцы была яшчэ адна сям’я старавераў і адна баптысцкая.
Мартыновіч Лідзія, Орля:
Пад канец студзеня 1936 года выйшла я замуж за Сцяпана Мартыновіча. Вянчаў нас бацюшка Уладзімір Вішнеўскі. З таго часу стала я спяваць у царкоўным хоры, якім кіраваў псаломшчык Радзівон Агіевіч. Рэпетыцыі адбываліся перад вялікімі святамі ў хаце псаломшчыка — у памяшканні, дзе стаяў запарнік. Псаломшчык тады трымаў каня і абрабляў сваё поле. Гаспадаркай займаўся таксама і бацюшка. Меў ён сенажаць каля Кашалёў і калі нам не ставала сена, то ў настаяцеля куплялі.
Масальскі Канстанцін, Подваркі-Тыльвіцкія:
Подваркі і навакольныя вёскі (Тапаляны, Тыльвіца, Гозьна, Малынка і Патока) у пераважнай большасці насялялі праваслаўныя беларусы. Усе сяляне, у тым ліку і мясцовыя палякі, размаўлялі на беларускай гаворцы. Подваркі і вышэйзгаданыя вёскі належалі Тапалянскаму прыходу. Царква ў Тапалянах пабудавана была ў 1689 годзе. Могільнік з капліцай ад 1819 года знаходзіцца на Княжаскай гары — на мяжы вёсак Подваркі-Тыльвіцкія — Тыльвіца. У пачатку 1920-х гадоў католікі хацелі пераняць царкоўную маёмасць для патрэб Касцёла, але ў выніку вяртання праваслаўных з бежанства царква і прыхадская зямля засталіся пры законных уладальніках.
Старажылы расказвалі, што пры уніі царкву і могільнік з капліцай арандаваў яўрэй і калі праваслаўным трэба было пакарыстацца царквой ці капліцай, трэба было яму за гэта плаціць. Між могільнікам і дарогай у Тыльвіцу, пры тракце Міхалова — Заблудаў была яўрэйская карчма. Наведвалі яе сяляне, вяртаючыся з кірмашу ў Заблудаве.
Налівайка Мікалай, Боркі:
У царкву ў Каралёвы Мост кожнае свята хадзілі. У хаце пацеры гаварылі, маліліся. Жончын бацька, калі здаралася, што не ішлі ў царкву, чытаў Евангелле і тлумачыў, што ў той час у царкве правілася. Дома абразы вялікія былі, нават такія, што адчыняліся.
Прыхадское свята на Анну ў Каралёвым Мосце было. Таксама вялікае свята ў нашым прыходзе і 24 жніўня ў памяць вялікай заразы, ад якой калісь многа людзей памерла. У той дзень пост вялікі быў, а людзі нават агню не клалі, толькі маліліся.
У нашу царкву былі прынеслі ікону з Пяценкі. Манахі неслі, спявалі. З шэсцем ішла нейкая баба, абарваная і за райскія дзверы хацела ўвайсці. Псаломшчык не пусціў яе туды, бо бабам нельга за райскія дзверы; нават да ўводу бацюшка не ўносіць туды дзяўчынак. То тая баба на царкве малілася.
У нашай вёсцы аб’явілася ікона. Прывялі бацюшку і цэлы тыдзень маліліся. Адзін не верыў і сказаў, што паверыць, калі напісаны на ёй хімічным алоўкам надпіс знікне. І той надпіс знік. Цяпер тая ікона знаходзіцца ў царкве ў Каралёвым Мосце.
На Ілью людзі ў Грыбоўшчыну ездзілі. А ў Ілью Клімовіча людзі верылі так, як сёння ў папу рымскага. Гаварылі, што людзі гаспадаркі прадавалі і грошы яму везлі; у нашым наваколлі такіх не было. А сектантаў ці іншых нагаворнікаў тады не было.
Насковіч Рыгор, Кляшчэлі:
Да міжваеннага часу ў Кляшчэлях былі тры царквы: Міколенская, Успенская і Юрынская. Дзве згарэлі: Міколенская — у час першай сусветнай вайны (званіца адно засталася), а Успенская, па вуліцы Касцельнай — у 1924 г. Па сённяшні дзень засталася Юрынская. Са святароў запамяталіся а.а. Кудраўцаў, Авярчук і Рудэчка, усе прыезджыя. З Кляшчэляў а. Яўфімій Максімчук у Косьнай служыў. У царкву прыходзіла шмат вернікаў. На прыхадскія святы (Юрыя і Спленне) царква бітком была набіта. На Пакрову арганізаваліся ярмаркі. Збіралася процьма людзей з наваколля. Нават зпад Варшавы прыязджалі.
Нічыпарук Анастасія, Карыціскі:
Усе ў нас былі праваслаўнай веры, і ў якой нарадзіўся — ў такой і трэба заставацца. У нас дзед першы пайшоў у баптысты, яшчэ пры Польшчы. Ён адзіны такі ў вёсцы быў, пасля вайны яшчэ трох такіх з’явілася. Ён у Дубічах навучыўся. Што мы толькі не рабілі, каб ён не хрысціўся ў баптысты — і сарочку яму вымазвалі, і не пускалі. Вось як было. Але ён ахрысціўся. Нікому веры гэтай не навязваў. Любіў толькі Евангелле пачытаць і з людзьмі пра тое размаўляў.
Пагур Міхал, Баброўка:
Прыход у нас быў у Зубачах. Служыў нам бацюшка нармальна. Але нейкі час быў аказваны ціск на свяшчэннікаў, каб па-новым календары вялі службы. Аднак вернікі не хацелі на іх хадзіць і бацюшка вярнуўся да старога стылю. Урокі рэлігіі вёў у нас на польскай мове айцец Максім Санкевіч, толькі адны малітвы былі па-нашаму. Падручнікі былі на польскай мове. Палітыка была такая, бо палякі праваслаўе лічылі рэліктам панавання расійскіх цароў.
Баптысты і суботнікі прыходзілі ў нашу вёску цэлымі чарадамі, але прыхільнікаў не знайшлі. Цэлае іх гняздо было ў Голі (цяпер за граніцай) і Хлявішчах.
Панасевіч Марыя, Ялова каля Ліпска:
У царкву хадзілі ў нядзелю або вялікае свята. У вялікія святы ўсе ішлі, а ў нядзелю маладыя і крыху старых. Было многа цэркваў, але папераходзілі. У Рыгалаўцы царква была, і ў Бобры-Вялікай, і ў Ліпску. Раз у Ліпску была я з мамай у жыда, моткі фарбаваць, бо толькі жыды фарбавалі. Да яго тады прыйшлі і сказалі, каб крыж з царквы скінуў, а ён адказаў, што ён не ставіў, то і скідаць не будзе.
Панфілюк Мікалай, Дубічы-Царкоўныя:
Да царквы хадзілі як хто, але калі хтосьці доўга не з’яўляўся, то ім магла зацікавіцца паліцыя. Бацюшку паважалі і баяліся. Быў такі дужы бацюшка Мірон Сянкевіч, так ён мог і пабіць. Многія хадзілі да прарока Ільі Клімовіча.
Пташынскі Павел, Старое Ляўкова:
У Ляўкове жылі праваслаўныя і некалікі каталіцкіх сем’яў; іншых не было. У царкву не ўсе хадзілі, так, як і цяпер. Бацюшку шанавалі — у руку цалавалі, як убачылі. Як ідзеш і ўгледзіш, то ў руку цалавалі ўсе, а ў царкве — толькі як крыж даваў.
Пушкарэвіч Ян, Клюковічы:
У царкву людзі часта хадзілі. Бацюшку шанавалі. Сектаў не было. Калі што спраўлялі, то цэлае сяло сходзілася. Маліліся пераважна перад сном. Удзень не маліліся, працавалі. У доме, дзе бацька і маці маліліся, маліліся і дзеці.
Сахарчук Хрысціна, Чахі:
Я лічу сябе беларускай. Вера ў мяне праваслаўная, размаўляю па-беларуску. У нашай вёсцы ўсе хадзілі ў Дубічы ў царкву. Там вянчаліся, там і маліліся. Але ў вёсцы былі і баптысты.
Сац Марыя, Чаромха-Станцыя:
У Полаўцах царква была і прыход. Прыналежалі яму Ставішчы, Хлявішчы, Сухадола, Пяшчатка і Полаўцы. Настаяцелем айцец Пісканоўскі быў, а дзяком Павел Паўлоўскі. Багаслужба на славянскай мове праводзілася. У свяшчэнніка былі дзве дачкі і сын. Старэйшую дачку Оляй клікалі, а сына Алёшам. Імя малодшай не запамяталася. Хваравітай была, крыху прыкульгвала. Перад Вялікаднем святар за валачобным ездзіў. Падводу яек дамоў прывозіў, бо тады грошай не давалі.
Свіцкі Яўген, Ячна:
Католікаў называлі польскімі, а праваслаўных рускімі, але між людзьмі падзелу ніякага не было. Праваслаўныя не ставіліся варожа да католікаў, але некаторыя католікі да праваслаўных — не вельмі. Адна васьмідзесяцігадовая баба з нашай вёскі гаварыла, што нават не бачыла, як вокны ў царкве выглядаюць. Нагаворшчыкаў каб змяняць рэлігію не было. Толькі ў некаторых парафіях да уніі падпісаліся, то там цэрквы паліквідавалі: у Ліпску, Новым Двары, Сідэрцы.
У царкву хадзілі пераважна ў кожнае свята. Столькі людзей збіралася, што ў царкве не месціліся. Фурамі наязджалі з усяго наваколля. Усю вёску фурамі застаўлялі, на панадворкі заводзілі. Бацюшкі мелі вялікі аўтарытэт. Прыходзілі яны ў Гарасімаўцы ў школу навучаць рэлігію. Бацюшкам плацілі за шлюб пяцьдзесят злотаў, за паховіны 25-30 злотаў. А як хадзіў па калядзе, то збожжа давалі.
Мяшаных сужонстваў многа было. Па-рознаму паміж сабою дагаворваліся. Найчасцей дзяўчат па маці хрысцілі, хлопцаў па бацьку. З жыдамі сужонстваў не было, і з цыганамі. Адзін з цыганкаю ажаніўся, то яго цыганы забілі.
Семянюк Павел, Рэпіскі:
Мая цётка хадзіла ў паломніцтва ў Пачаеў. Пяшком многа дзён ішлі, у людзей начавалі.
У Подварках у клуні аб’явілася ікона Багародзіцы. Давай усе ісці і ехаць. Паехалі і з Рэпіск. Там папы людзей міравалі. Цяжка было туды даступіцца, але дваіх нашых дайшло. Аднаго паміраваў, а другога не; сказаў яму:
— Вы инакомыслящий.
Спачатку хадзілі ў Подваркі, але пасля тыя паломніцтвы сталі занікаць.
Царкву ў Ласінцы пабудавалі сто трыццаць гадоў таму. Усё тадышні царскі ўрад сфінансаваў, але пасля кантрыбуцыю на людзей наклалі. Калі хто не заплаціў, то прыходзілі і вала забіралі.
Тамчук Надзея, Мора:
Пасля вайны з’явіліся на сяле чатыры баптысты, а так усе былі праваслаўныя. Пра прарока Ілью чула, але праўда гэта была, ці не, не ведаю.
Хіліманюк Уладзімір, Тафілаўцы:
За тым польскім часам жыццё было цяжкое. Як і зямля. Гліна, пальцы пастаянна адбітыя і парэзаныя ад яе. Мы ж хадзілі басанож. Толькі ў царкву ў абутку, бо там быў поп, Міронам звалі. Вельмі дрэнны поп, людзей біў, пужаў і г.д. Нікому ён не падабаўся.
Цяцерка Васіль, Войнаўка:
Да царквы з нашай вёскі хадзілі ў Версток. Але хадзілі не ўсе. Католікі ўсе да нас прыехалі з-за Буга. Тут яны навучыліся па-нашаму гаварыць. Былі і баптысты. Хадзілі па вёсках, намаўлялі людзей да сваёй веры. Дзецям цукеркі давалі. Але ў Войнаўцы ніхто да іх не пайшоў.
Цяцёрка Анастасія, Зубачы:
Я на клірасе ў царкве спяваю з маладых гадоў. Пачалося гэта са школьных гадоў, калі я з кракавякам хадзіла. Якраз тады прыехаў да нас новы псаломшчык. Пабачыўшы нас, спытаў ён бацюшку, чыя гэта дзяўчына, што спявае дыскантам. Пасля заканчэння школы, сталі мяне запрашаць на клірас. У нас прыхадское свята — Пакрова. У гэты дзень людзі маліліся у царкве, а вечарам гулялі.
Чыквін Павел, Дубічы-Царкоўныя:
Замуж за жыда ніхто з вясковых дзяўчат не ішоў, бо не возьме. Шлюб вяскоўцы часцей паміж сабой бралі. Бывала католікі з праваслаўнымі або баптыстамі мяшаліся. Усё адно — хрысціяне.
(працяг)
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праграмнай рады тыднёвіка Ніва