|
Вёска Чаромха i наваколле ў міжваенны перыяд
Дзмітры Шатыловіч
Нарадзіўся я 8 лістапада 1926 г. у вёсцы Чаромха, тады Бельскага павета, якая ляжыць 5 кіламетраў ад Кляшчэль і 2 кіламетры ад вузлавой чыгуначнай станцыі Чаромха, якую мясцовыя жыхары называлі „Чырымуха”. Быццам бы калісь сённяшняя вёска Чаромха называлася Нурэц. Не ведаю чаму. Не плыве побач ніякая рака, ані рэчка. Недалёка бярэ пачатак рака Нурчык, а рака Нурэц плывае ў вёсцы Кузава, якая ляжыць два кіламетры ад вёскі Чаромхі. Не ведаю чаму вёску назвалі Чаромхай. У вёсцы расло толькі некалькі дрэў чаромхі, як і ў іншых вёсках. Вёска была даволі вялікая. Цягнулася яна з усходу на захад больш за кіламетр. На ўсходзе брала пачатак ад тракту Беласток — Брэст, а на захадзе даходзіла да скрыжавання дарог у вёску Дашы ды ў лес і да лугоў. Пасярэдзіне двух радоў дамоў, ад поўначы і ад поўдня, цягнулася брукаваная вуліца з канавай ад поўначы, у якую сцякала вада. Побач дамоў раслі высокія таполі, ліпы, вязы і дзе-нідзе чаромхі. Усе хаты былі драўляныя, пераважна крытыя саломай і толькі зрэдку на дахах відаць было чарапіцу ці бляху. Дамы пакрытыя чарапіцай або бляхай паявіліся толькі ў 1930-ыя гады. Зімой сцены дамоў ацяплялі прызбамі набітымі іголкамі з сасновых дрэў ці сухім лісцем з лесу. Прызбы вясной разбіралі. Былі ў вёсцы хаты, якія помнілі царскія часы, нізкія, з малымі, як у вулеі, вокнамі, а ўсярэдзіне замест падлогі быў гліняны ток. Такія домікі пратрывалі да 1944 года, калі згарэла амаль цэлая вёска. У кожнай хаце, нават у старой, была абавязкова гэтак званая руская печ, у якой пяклі хлеб і на якой зімой можна было спаць, бо зверху была яна цёплая. Пад печкай была яма, у якой трымалі бульбу, буракі ці іншую агародніну. Побач печы стаяла кухня з дзвюма-трыма фаеркамі. На ёй у саганах штодзень варылі ежу. Толькі ў новазбудаваных дамах кухня была аддзелена ад пакоя, а ў багацейшых сялян былі два ці тры асобныя пакоі. У большасці дамоў кухня была разам з пакоем і спальняй. Мэблю ў дамах сяляне рабілі самі. Рэдка ў каго была мэбля зроблена ў мэбельшчыка ці куплена недзе ў краме. Нават ложак рэдка я бачыў куплены. Пераважна на дзвюх лаўках, пастаўленых паралельна два метры адна ад другой, шчыльна клалі гладкія дошкі, а на іх пасцель, на якой спалі. Такую прыладу для спання называлі запыком. На ім спала покатам уся сям’я — і дарослыя, і дзеці. У кожнай хаце быў стол і лаўкі побач стала і пры сценах. Рэдка ў каго былі табурэты ці жалезныя ложкі. Пасля самі сяляне пачалі рабіць прымітыўныя ложкі, каб спаць асобна адзін ад аднаго. У кожнай хаце ў вугла абавязкова віселі іконы, пры якіх сяляне маліліся. У новых дамах былі каморы, дзе складвалі ўсё барахло, а таксама бочкі са збожжам або з салёным мясам ці салам. У майго дзядзькі Дарафея быў асобны свіран, а нават баня. Але толькі ў яго. За дамамі стаялі хлявы з каровамі, коньмі, авечкамі, свінямі. Там былі і седалы для курэй. Метраў 30-40 ад хлявоў цягнуліся рады пунь з сенам, з немалочаным збожжам. Там стаялі вазы і сячкарні. Усе пуні былі пакрыты саломай. Паміж хлявамі і пунямі былі агароды, часам сады. За радамі пунь з аднаго і другога боку (з паўночнай і паўднёвай стараны вёскі) цягнуліся дзве, паралельныя да брукаванай вясковай вуліцы, дарогі. З паўночна-заходняй стараны ад паўночных пунь цягнуўся аж да лесу на кіламетраў два даўжыні і кіламетр шырыні вялікі луг. Паўночную частку луга называлі Болотам, а паўднёвую пад лесам — Воступам. Калісь там стаяла вада і часта я плаваў лодкай, а зімой катаўся з дзяцьмі на каньках. У Воступе вада была глыбокая і зімой не раз, калі пад дзяцьмі заламаўся лёд, трэба іх было ратаваць ад смерці.
Пасля, дзесь у 1936 годзе, правялі там меліярацыю і луг асушылі. Людзі падзялілі луг і пачалі касіць траву. Восенню сяляне пасвілі на ім коней. Было яшчэ некалькі лугоў, на якія сяляне выганялі жывёлу на пашу.
Бацька наймаў пастуха да кароў. Ён ранкам выганяў жывёл на пашу, у абед прыганяў дамоў і маці іх даіла, а пасля іх ізноў выганяў на пашу і вечарам прыганяў назад, у хлявы. Да авечак былі два пастухі на цэлую вёску. Яны ранкам забіралі ўсіх авечак з цэлай вёскі, а вечарам прыганялі ў хлявы. Коней сяляне пасвілі самі. На лузе іх путалі і вярталіся дамоў, а пасля забіралі.
У вёсцы Чаромсе, як і ў суседніх вёсках, была цераспалосіца. Палі і лугі ў сялян былі раскінуты па ўсёй аколіцы. Траву касілі толькі касой. Першы раз конную касілку і жняярку я ўбачыў у 1944 годзе ва Усходняй Прусіі. Мой бацька сам не касіў травы, толькі наймаў касцоў, а цэлая сям’я выносіла з мокрага луга скошаную траву. Помню, што не раз я выцягваў мокрае сена на плячах на сухое месца з залітага вадой луга за Кляшчэлямі. Ногі ўцягвала ў балота, як у дрыгву, амаль па калені. Мокрую скошаную траву трэба было звязаць у пучок, узяць на плечы і несці яго метраў 200 на сухі луг, там сена растрэсці, прасушыць, а пад вечар улажыць яго на воз і завезці дамоў, дзе ля пуні трэба яго было дасушыць. Сенакосы цягнуліся два ці тры тыдні, калі была пагода.
Збожжа жалі толькі сярпамі. У 1946 г. сяляне пачалі касіць касой. Аб конных жняярках ніхто нават не чуў. Паявіліся яны ўжо пасля вайны. Зжатае збожжа вязалі ў снапы, якія для прасушкі ставілі па 10 штук у бабкі і прыкрывалі іх распасцёртымі снапамі. Калі было добрае надвор’е, снапы ў бабках стаялі на полі некалькі дзён, а пасля іх звозілі ў пуні. А калі на небе паявіліся хмары, забіралі іх раней, а пасля прасушвалі на панадворку. Збожжа сярпом жалі пераважна жанчыны. Мужчыны вязалі снапы і ставілі іх у бабкі. Жніво цягнулася яшчэ даўжэй чым сенакосы. Спачатку жалі жыта (пшаніцу ў нас мала хто сеяў), пасля ячмень і авёс. Пад канец міжваеннага перыяду паявілася проса. Сеялі яшчэ грэчку, якая расла на пясках, сырадэлю, віку, канюшыну і лубін.
Збожжа малацілі цапамі. Часам у багацейшага селяніна ставілі конны манеж і прывозілі з другой вёскі малатарню і пры помачы коннага прывода малацілі збожжа. Адзін чалавек ганяў коней па кругу, другі падаваў збожжа ў малатарню, трэці адбіраў абмалочанае збожжа, а чацвёрты — салому. Тады збіралася многа людзей цікавых паглядзець на іх працу. Збожжа сяляне малацілі цапамі зімою. За цэлы дзень адзін мужчына мог змалаціць 60 снапоў. Веялі збожжа таксама ўручную: бралі абмалочанае збожжа ў шуфлю і кідалі яго наперад, на ток: палова падала на ток зараз за шуфляй, а збожжа ляцела далей. І так аддзялялі палову ад чыстага збожжа. Пасля ў багацейшых сялян сталі паяўляцца веялкі: уручную трэба было круціць ручку веялкі і яна выдзьмухвала палову, а чыстае збожжа сыпалася ў мяшок.
Жанчыны мелі вельмі многа працы пры апрацоўцы ільну. Трэба было яго вырваць з зямлі, павязаць у снопікі, сабраць з поля, вымалаціць семя, а пасля доўга сушыць. З высушаных сцяблін ільну трэба было ў выніку перацірання яго адзеравянелых частак, мяцця і трапання ачысціць валакно ад кастрыцы. Ачышчанае валакно яшчэ часалі. Гэта была цяжкая праца і забірала жанчынам многа часу. А зімой чыстае валакно ільну фармавалі ў кудзелю і, прывязаўшы яе да ручнога калаўрота і прыводзячы яго ў рух нагамі, жанчыны цягнулі і скручвалі з кудзелі ніткі, якія навіваліся на шпулі калаўротаў. А вясной жанчыны расстаўлялі кросны і ткалі ўручную ільнянае палатно, якое пасля на сонцы выбельвалі і шылі з яго сарочкі і іншую адзежу. Пралі таксама ніткі з авечай воўны і ткалі з іх тканіну на касцюмы ці паліто. З семені ільну ўручную выціскалі алей.
У міжваенны перыяд сяляне з маёй і навакольных вёсак былі амаль эканамічна саманезалежнымі. Было тады вялікае беспрацоўе. Селяніну, а асабліва беларусу, вельмі цяжка было знайсці працу. Сезонна часам прымалі на працу на чыгунцы. За дзень працы пры выменьванні шпалаў пад рэйкамі плацілі спачатку 2 зл., а пасля толькі 1,80 зл. На станцыі Чаромха, хіба ў 1938 г., немец збудаваў фабрыку, на якой насычалі нейкім хімічным растворам чыгуначныя шпалы. Там пачалі працаваць многія маладыя сяляне. Вярталіся яны дамоў чорныя як негры. За дзень працы плацілі ім 2,50 зл. Зімой ад вёскі да вёскі вандравалі групы беспрацоўных палякаў, якіх мясцовыя сяляне называлі „лазікамі”. Прыходзілі яны да солтыса і той па чарзе размяркоўваў па два чалавекі да аднаго ці другога селяніна. Гаспадар даваў ім павячэраць, прыносіў у хату салому, рассцілаў яе на падлозе, і на гэтай саломе начлежнікі спалі ўсю ноч. Ранкам яны снедалі ў селяніна і вандравалі далей, у другую вёску. І так тысячы беспрацоўных бадзяліся ад вёскі да вёскі. Прыходзілі часам хворыя, з адмарожанымі нагамі і галодныя. А не кожны селянін мог іх сытна накарміць.
Сялянскія прадукты былі вельмі танныя: курынае яйка каштавала 1 ці 2 гр., за літр малака з данясеннем чыгуначніку на ст. Чаромсе дадому плацілі 18-20 гр., 1 кг. масла ў ларку каштаваў 1,80 зл., 100 кг жыта — 8 зл., цяля — 18 зл., а за 1 кг цукру трэба было заплаціць 1 зл., за адзін пачак запалак — 8 гр., а раней нават 10 гр., за 1 літр звычайнай, самай таннай гарэлкі — 4 зл. А селяніну трэба было плаціць падатак, страхоўку і цяжка было яму здабыць грошы, каб купіць абутак ці адзенне. Таму сяляне хадзілі ў ільняных кашулях і ў суконных (з авечай воўны) касцюмах. Усе сяляне летам хадзілі басанож, а калі ішлі ў царкву ці ў горад, то перад царквой ці горадам абуваліся. Але зімой ні ў вёсцы Чаромсе, ні у акалічных вёсках ніхто ў лапцях не хадзіў. Да вайны я лапцяў нідзе навокал не бачыў.
Зімой жанчыны збіраліся па чарзе то ў адной, то ў другой хаце і пралі на калаўротках ніці з ільну або з воўны. Асобна збіраліся дзяўчыны прасці ніткі. Да іх прыходзілі хлопцы і разам спявалі, жартавалі, сваволілі. Мая маці таксама зімою прала ніткі, як іншыя жанчыны ў сяле, а вясной расстаўляла кросны. Налажыўшы аснову з баваўняных нітак, ткала льнянымі або ваўнянымі ніткамі. Чаўнок бегаў ад рукі да рукі і паўставала тканіна на адзенне.
У вёсцы былі свае краўцы, шаўцы, якія шылі адзежу і абутак па заказе. Быў каваль Нядзьведзкі, якога кузня стаяла ля самага тракта Беласток — Брэст. Ён быў католікам, але, ажаніўшыся з вясковай праваслаўнай жанчынай, здаецца, перайшоў на праваслаўе. Усе жыхары сяла былі праваслаўнымі. Кіламетр ад вёскі, пры могільніку, ля самага тракта была невялікая драўляная царкоўка, якая стаіць там да сённяшняга дня. Адзін раз у месяц прыязджаў на набажэнства бацюшка з Кляшчэль. Храмавымі святамі ў вёсцы Чаромсе былі святкаванні ў гонар святога Ільі (2 жніўня па новым стылі) і св. св. Кузьмы і Дзям’яна (14 лістапада па н. ст.). Тады ў царкву прыязджалі госці з суседніх вёсак. Моладзь арганізавала танцы ў нейкім памяшканні альбо ў пажарным дэпо. Да танца іграў гарманіст. Амаль усю ноч чуліся рускія або ўкраінскія песні, якія спявалі падпітыя хлопцы і дзяўчыны, праходзячы ўздоўж вёскі. Часам даходзіла да боек і то сур’ёзных, калі лілася кроў. Адзін раз дайшло да забойства, а ўдар нажом у сэрца атрымаў мой недалёкі сусед. Забойца атрымаў 8 ці 10 гадоў турмы, але ў 1939 годзе выйшаў на волю, аднак пасля загінуў ад нешчаслівага выпадку. Я таксама хадзіў з бацькам ці з маці на храмавыя святы ў другія вёскі. Часта быў я ў Кузаве, дзе польскія ўлады з вялікай цяжкасцю згадзіліся на пабудову новай драўлянай царквы на тым месцы, дзе калісь згарэла старая царква. Быў я ў Дашах, у Апацы, а нават у Долбізне, якое цяпер ляжыць у Беларусі, бо там жыла мая дваюрадная сястра, Варвара. На свята ў другія вёскі сяляне хадзілі пераважна пяшком, бо аўтобусы тады між вёскамі не ездзілі. Калі збіралася ўся сям’я, то запрагалі каня і ехалі возам. Мая маці, калі не было набажэнства ў Чаромсе, кожную нядзелю хадзіла ў царкву ў Кляшчэлі і амаль заўжды забірала мяне з сабою. Ішлі мы проста палявымі дарожкамі цераз палі і луг Поламу, даходзілі да жыдоўскага могільніка, які немцы разбурылі ў 1943 г. Побач на горцы стаялі два жыдоўскія млыны-ветракі, якіх ужо даўно няма, унізе гучаў тартак і зараз быў чыгуначны пераезд з чатырма сталёвымі рэйкамі, па якіх ездзілі цягнікі ў Беласток. За пераездам летам закладалі мы скураны абутак на ногі і абутымі ішлі ў Кляшчэлі ў царкву. Па дарозе мы чулі, як гучаў маторны млын ля рэчкі, далей стаялі хаты, магазіны і ларкі. Побач царквы ёсць вялікі пляц, які быў акружаны жыдоўскімі ларкамі. У іх можна было купіць амаль усё. На гэтым пляцы ў кожны панядзелак адбываліся кірмашы. Прыязджалі сюды вазамі сяляне са сваёй прадукцыяй, побач гандляры расстаўлялі сталы з таварам. Быў шум і гоман.
У маіх бацькоў было ў Кляшчэлях многа знаёмых жыдоў, да якіх мы часта заходзілі. Бацька часта завозіў жыта да Боруха — уладальніка аднаго млына-ветрака. Я глядзеў там, як каменнае кола размолвала жыта на муку, якая, праходзячы праз сіта, пытлявалася. Пасля бацька забіраў з млына і муку, і вотруб’е. Бедны жыд Мэер часта прыносіў у вёску прадаваць іголкі, гузікі і іншую дробязь. Па вёсцы ездзіў возам іншы жыд, які меў гаршкі, чыгуны, вёдры і іншы тавар і мяняў яго на анучы і рызманы. У бацькі быў знаёмы жыд, які насупраць царквы на ўсходнім баку меў цікавую кнігарню. Бацька купляў у яго рускія кнігі і газеты, якія друкаваліся ў Вільні. Помню, што бацька амаль кожны тыдзень купляў газету „Русское Слово”, якую ў нядзелю чытаў суседзям, калі прыходзілі да яго на пасядзенкі. У Кляшчэлях сярод жыдоў было многа рамеснікаў: шаўцоў, краўцоў, цырульнікаў, быў і каваль.
Пераважаў конны транспарт. Рэдка на дарогах паказваліся аўтамабілі. Конныя вазы былі вузкія з драўлянымі коламі са сталёвымі шынамі на вобадах кола, а па баках воза былі драбіны або дошкі. Вазы на гумавых колах з’явіліся ўжо пасля вайны.
Вясной, калі ўжо было цёпла, на аўтамабілях прыязджалі з Варшавы паляўнічыя. Наймалі яны ў вёсцы кватэру, расцягвалі над домам радыёантэну і падключалі радыёпрыёмнік на акумулятар. Пасля набіралі з вёскі загоншчыкаў і палявалі на зайцаў і лісоў. У вёсцы ў міжваенны час радыёпрыёмнікаў не было, бо не была падключана электраэнергія. Толькі Іван Кердалевіч меў „радыё-крышталь” з навушнікамі. Я тады ўпершыню пачуў у яго ў навушніках песні і музыку з Варшавы. На станцыі Чаромха многія чыгуначнікі палякі мелі ў сваіх дамах электраэнергію і ў іх былі радыёпрыёмнікі. У вёсках у цэлай аколіцы кватэры асвятлялі газавымі лямпамі з кнотам. Пры такіх лямпах я вучыўся ноччу, чытаў і пісаў. Падвялі да вёскі электраэнергію ў 1951-52 гг. і не ўсе сяляне адразу згаджаліся, каб падключылі яе да іх дамоў. Баяліся, што за электраэнергію прыйдзецца ім многа плаціць. Але цераз год ужо амаль не было дома без электралямпы.
У вёсцы быў прыватны ларок, у якім можна было купіць газу, селядцы, цукар, цукеркі і многа іншых тавараў. Аднойчы мы, дзеці, у агародзе знайшлі курыныя яйкі, якія згубіла нейкая курыца, і занеслі іх у ларок і там за кожнае яйка прадавец даў нам толькі па адным цукерку. Але бацька не шкадаваў мне грошай на цукеркі, так што я не быў на іх ласы. Ён часта прывозіў з Кляшчэль і апельсіны, і мандарыны. Але бананаў я тады не бачыў.
Вёска на ўсходзе пачыналася ад тракту Беласток — Брэст і цягнулася на захад. Але за трактам, пры дарозе з вёскі на станцыю Чаромха пабудавалі два дамы. З цягам часу паявіліся чарговыя сядзібы, так што цяпер вёска амаль злучылася са станцыяй. На станцыю Чаромху я часта хадзіў і з бацькам, і сам, а ў 1936-1939 гадах з верасня да канца чэрвеня я хадзіў туды кожны дзень у школу. Вакзал на станцыі Чаромха пабудавалі яшчэ ў царскія часы. Гэта быў вялікі двухпавярховы будынак з вялізнымі як у саборы вокнамі. Уваход вёў у вялікую пачакальню з касай для пасажыраў, затым быў вузкі калідор з дзвярамі з двух бакоў да пакояў начальніка станцыі, дзяжурнага руху і тэлеграфіста. Там была другая каса, у якой мой бацька кожны месяц атрымоўваў зарплату. Далей быў перпендыкулярны калідорчык, дзе стаялі два аўтаматы, якія прадавалі шакаладныя цукеркі. Калі ўкінуць у дзірку аўтамата 20 гр. і націснуць адпаведную кнопку, то з аўтамата выскакваў пачак шакаладных цукеркаў. За калідорчыкам была вялікая зала з рэстаранам. У верасні 1939 г. немцы бомбай разбурылі толькі залу з рэстаранам, а ў 1944 г. узарвалі рэшту вакзала, вадакачку і іншыя чыгуначныя будынкі. На станцыі Чаромсе быў толькі каталіцкі касцёл, які ў час вайны згарэў. Пасля вайны католікі прыстасавалі на касцёл стары мураваны чырвоны будынак, у якім раней быў ларок. Прыгожую мураваную царкву на ст. Чаромсе праваслаўныя пабудавалі нядаўна. У 1944 г. згарэла 6-класная школа, у якой я тры гады вучыўся.
Ст. Чаромха была вузлавой станцыяй. А 15-й гадзіне кожны дзень прыязджалі 4 цягнікі: з Варшавы ў Вільню і з Вільні ў Варшаву, з Беластока ў Брэст і з Брэста ў Беласток. Ездзілі і прыгарадныя цягнікі ў Гайнаўку, Бельск-Падляшскі, Седльцы. Цягнікі ў міжваенны перыяд былі чыстыя і ездзілі вельмі пунктуальна. Помню не аднаго замежнага важнага госця, які ехаў цягніком у Белавежу на паляванне. Вакзал тады ўпрыгожвалі флагамі і кветкамі.
У міжваенны перыяд сяляне вельмі рэдка ездзілі цягнікамі, бо білеты каштавалі надзвычай дорага. Білет на цягнік са ст. Чаромха ў Кляшчэлі каштаваў, здаецца, больш чым 2 зл., г.зн. больш чым 10 літраў малака, якое трэба было прадаць, несучы на плячах два кіламетры з вёскі на станцыю. Я ў міжваенны перыяд ездзіў цягніком толькі чатыры разы: двойчы са школьнай экскурсіяй у Бельск-Падляшскі і ў Белавежу, трэці раз з бацькам у вёску Тырыбун, недалёка Брэста, да маёй цёткі Галены і чацвёрты раз з бацькам майго сябра па школе Іванам Кердалевічам у Беласток. Ён узяў мяне з сабой (бацька мой вярнуў яму грошы за білет), бо вёз свайго сына да акуліста ў Беласток. Сын яго быў блізарукім і насіў акуляры. У Высокае (больш за 20 км) на кірмаш я ездзіў з бацькам возам. Ужо не помню, што там бацька купляў і што прадаваў. Помню толькі, як доўга мы ехалі туды і назад. Многія сяляне пехатой хадзілі ў Беласток і басанож. У міжваенны перыяд аўтобусам я ніколі не ездзіў. Нават па Беластоку хадзілі мы пехатой. Помню, што вельмі зацікавіў мяне касцёл св. Роха, калі мы побач яго праходзілі. Мой бацька кожны год атрымоўваў тры бясплатныя чыгуначныя білеты на ўсю Польшчу і рэдка іх выкарыстоўваў. Меў таксама на ўсе чыгуначныя білеты 80-працэнтную скідку, так як цяпер маюць чыгуначнікі. І ездзіў мала куды. Я і мая маці не мелі льготных чыгуначных білетаў, бо бацька, калі працаваў на чыгунцы, быў халасцяком.
У міжваенны перыяд сяляне рэдка наведвалі лекара. Пераважна лячыліся зёлкамі самі альбо ў знахароў і ў бабак-варажбітак, якія загаварвалі хваробу і давалі свае зёлкі. Помню, як знаёмага хлопца ў лесе ўкусіла змяя. Завезлі яго да варажбіткі і яна хлопца вылечыла. У вёсцы Дабрывадзе фельчар браў за лячэнне менш чым лекары і да яго сяляне хадзілі часцей.
Ля вёскі не было рэчкі, у якой можна было б выкупацца. Быў толькі невялікі стаў дыяметрам 30 м, у якім летам купаліся дзеці. Стаў называлі Глубочкам і месцамі яго глыбіня даходзіла да 1,20 м. У ім я навучыўся плаваць. Ваду сяляне бралі з калодзежаў, выцягваючы яе вёдрамі пры дапамозе жураўлёў, якія стаялі пры студнях. Студня абслугоўвала некалькі сем’яў. Рукі і твар сяляне мылі вадою з мылам у тазах, а купаліся ў балеях і то рэдка. Бялізну і пасцель мылі ў балеях. Бялізну шаравалі і білі г.зв. драўляным прачом. Гэта быў кавалак палена з ручкай, згладжаны з аднаго боку, якім білі мытую бялізну або пасцель.
У вёсцы Чаромсе, як і ў суседніх вёсках, жыхары гаварылі на палескім дыялекце, набліжаным да ўкраінскай мовы. Гаворка тут была больш мяккая: замест „ходылы, робылы” гаварылі „ходылі, робылі”, а замест „зэлэный” — „зылёный”. Нават паміж вёскамі была розніца ў вымаўленні многіх слоў, напрыклад, словы „конь”, „стол” у вёсцы Чаромcе вымаўлялі „кіунь”, „стіул”, а дыфтонг „іу” вымаўляўся як нямецкі „ü” у слове „grün”. У суседніх вёсках названыя словы вымаўлялі „кінь”, „стіл” або „кунь”, „стул”. Па вымаўленні можна было адгадаць, з якой вёскі паходзіць суразмоўца. Беларускую літаратурную мову я ўпершыню пачуў у лістападзе 1939 г. у школе. Рускую я пазнаў ад свайго бацькі, а польскую ў школе. Школ з беларускай мовай навучання нідзе навокал не было, усе з польскаю.
Калісь толькі ў хаце майго бацькі і яшчэ ў дзвюх-трох хатах былі талеркі і відэльцы. Звычайна сяляне цэлай сям’ёй сядалі да стала і елі ўсе з адной або дзвюх місак. У кожнага была свая лыжка, якой елі суп, боршч або бульбу. Мяса бралі рукамі і, трымаючы яго пальцамі, кусалі ці грызлі. Малако або ваду пілі з бляшаных або гліняных кубкаў. Раней былі толькі драўляныя лыжкі, пасля паявіліся алюмініевыя. Я быў на некалькіх вяселлях і там таксама ўсе госці елі тварог або іншую ежу лыжкамі з адной або дзвюх, стоячых на стале місак. Гарэлку пілі адным кілішкам. Кожны наліваў сабе гарэлку, выпіваў і перадаваў кілішак суседу. І так кілішак ішоў з рук у рукі ўздоўж стала. На вяселлі маёй дваюраднай сястры Надзі ў Кузаве я першы раз пабачыў грамафон з рупарам і пачуў песні і музыку з пласцінак. Мая дваюрадная сястра выйшла замуж за Саўчука, які працаваў на чыгунцы на станцыі Чаромха і там, відаць, добра зарабляў. Меў ён яшчэ многа зямлі і таму мог купіць сабе грамафон. Гэта было, здаецца, у 1935 або 1936 годзе.
Пасля вайны ў канцы 1950-х гадоў на вёсцы праводзіліся курсы кулінарыі. Жанчын вучылі, як расстаўляць на стале талеркі, нажы, відэльцы, шклянкі і кілішкі, як варыць абеды, складаць меню, гатовіць тарты і т.п. І калі я ў 1960-ыя гады быў на вяселлях у вёсцы, усё праходзіла амаль так, як у рэстаране. Можа гэта таму, што сяляне сталі больш заможнымі, перасталі летам хадзіць басанож, сталі насіць крамную вопратку. Але калі ў 1969 г. быў я на вяселлі ў маёй найстарэйшай пляменніцы, то на шлюб у Кляшчэлі ў царкву ехалі мы вазамі на гумавых колах, а пару год пазней на вяселлі маіх маладзейшых пляменніц ехалі ўжо мы на шлюб заказнымі аўтобусамі і легкавымі аўтамабілямі. На храмавое свята пад царквой у вёсцы Чаромсе стаялі дзесяткі легкавых аўтамабіляў замест вазоў з коньмі, як было раней у міжваенны перыяд. У многіх сялян паявіліся трактары і іншыя сельскагаспадарчыя машыны. На працягу 10-15 гадоў розніца ў заможнасці сялян акалічных вёсак была вельмі вялікая. Такой розніцы не было ў гарадах. Аднак у міжваенны перыяд я не чуў, каб у вёсцы пілі самагонку, хаця гарэлка была дарагая. Самагонку сяляне пачалі піць у час нямецкай акупацыі і цягнецца гэты звычай да сённяшняга дня.
Навука ў школах у міжваенны перыяд праводзілася на вельмі нізкім узроўні. У вёсцы Чаромсе не было школы. Дзяцей вучылі на прыватных кватэрах. Пачаткова наймалі залу на школу ў доме Стэпанюка, але яна была вельмі малая. Два першыя класы я там закончыў. Пасля перанеслі школу ў новы дом Міркоўскага, дзе я закончыў трэці клас. Там зала была большая, але вучыліся ў ёй адразу два класы: адзін з правага, а другі з левага боку настаўніка. Калі я вучыўся, настаўнік быў адзін на ўсю школу. Пасля далі яшчэ настаўніцу на падмогу. У вёсцы былі чатыры класы, а вучыцца трэба было сем гадоў. Таму кожны школьнік, калі меў нават добрыя вынікі ў навуцы, мусіў вучыцца два гады ў трэцім, а тры ў чацвёртым класе. Школу ў вёсцы пабудавалі ў час нямецкай акупацыі. Немец, які кіраваў Кляшчэлеўскай гмінай, дапамог вёсцы пабудаваць новую, вялікую, як на тыя часы, школу. Ацалела яна ад пажару ў 1944 г. Ён таксама заставіў сялян пабудаваць новую дарогу з вёскі на станцыю Чаромху. Калі я меў 5 гадоў, бацька купіў рускі буквар і пачаў мяне вучыць чытаць і пісаць. Помню, што ў буквары пры кожнай літары быў рысунак, назва якога распачыналася данай літарай, напр. літару „А” суправаджала выява анёла. Мучыў мяне бацька хіба з 4 ці 5 месяцаў, пакуль я пачаў складаць словы, а пасля чытаць і пісаць. Не помню, як я навучыўся польскіх літар, але помню, як я хадзіў з дзяцьмі па вёсцы і чытаў ім прозвішчы жыхароў, якія былі напісаны на вуглах дамоў. Польскі буквар прачытаў я сам ад пачатку да канца. Гэта было і добра, і кепска, бо я ў першым і другім класах не прывык дома вучыцца. Я браў са школы кнігі і дома іх чытаў. У трэцім класе настаўнік застаўляў зубрыць цэлыя чытанкі з падручніка. І гэта мне не падабалася і не хацелася рабіць і, калі я недакладна што-небудзь сказаў з зазубранай чытанкі, настаўнік зніжаў мне ацэнку з польскай мовы. Але трэці клас я закончыў з добрымі адзнакамі і бацька пастанавіў перанесці мяне ў школу на станцыі Чаромсе. Там была 6-класная школа. Да ёй прыдзелены былі вучні і са станцыі Чаромхі, Кузавы і Ставішчаў. Мой бацька ўгаварыў яшчэ Івана Кердалевіча і Антона Ляшчынскага, каб таксама разам са мной перавялі сваіх сыноў у новую школу. Помню, як пайшлі мы разам на станцыю Чаромху. Доўга мы, дзеці, стаялі перад школай, калі нашы бацькі ўгаварвалі загадчыка школы Жарскага, каб нас прыняў. Вельмі не хацеў, бо гаварыў, што мае ўжо клопаты з вучнямі з дзвюх вёсак. Аднак бацька з настаўнікам гэтай школы Місевічам быў добра знаёмы і ён памог угаварыць кіраўніка. І такім чынам толькі нас траіх з вёскі Чаромхі ў міжваенны перыяд закончылі 6 класаў пачатковай школы. Гэта было ў 1939 годзе. А ў верасні пачалася вайна.
А цяпер аб маёй сям’і. Вёска Чаромха ў царскія часы не знала паншчыны. Жылі тут вольныя сяляне, не было над імі ні пана, ні двара ці маёнтка. Як расказвалі старыя людзі, дзед мой быў багатым селянінам, але меў многа дзяцей. Майго дзеда Вікенція брат пайшоў у прымакі ў вёску Дашы. Таму была там у нас далёкая радня, да якой я часам з бацькам хадзіў у госці. Аднаго з гэтай радні забіла ў 1946 г. польская банда „Бурага”. Дзед мой Вікенцій і бабуля Дамініка, родам з Дабрывады, мелі 5 сыноў і 3 ці 4 дачкі. Найстарэйшы брат майго бацькі, Дарафей, жыў у вёсцы Чаромсе і меў 5 сыноў. Памёр ён ужо пасля вайны. Сыны яго таксама ўжо не жывуць. Мой бацька, Фадзей, быў другім сынам дзеда. Нарадзіўся ў 1882 г. Другім братам майго бацькі быў Ігнат, які ажаніўся, дзесьці выехаў за працай і хутка памёр. Я яго не бачыў. Трэцім братам бацькі быў Клім, а чацвёртым Міхал. Я таксама іх не помню, бо ў 1929 г. абодва памерлі на сухоты. Як апавядалі пасля людзі і бацька, Міхал быў здольным рысавальшчыкам і на хаду рысаваў партрэты знаёмых. Яго трэба было вучыць рысаванню, але не было грошай. Усе сёстры майго бацькі перажылі вайну. Марыя жыла ў Чаромсе, выйшла замуж за Баўтрамея і мела дзве дачкі. Адна дачка яе была вывезена ў Германію ці Усходнюю Прусію і дзесьці там загінула, другая дачка жыве ў Чаромсе. Другая сястра майго бацькі, Еўдакія, выйшла замуж за роднага брата маёй маці, Івана Раманчука, і жыла ў Кузаве. Мела аднаго сына і тры дачкі, якіх ужо няма ў жывых. Іван Раманчук у царскія часы быў начальнікам у жандармерыі. З ім і з яго жонкаю мая маці правяла бежанства ў Расіі. Трэцяя сястра, Елена, выйшла замуж за багатага селяніна, Васіля Пархаця з вёсцы Тырыбуне, недалёка станцыі Матыкалы, некалькі кіламетраў ад Брэста, ля самай ракі Лясной. Мела аднаго сына і дзве дачкі, якія жывуць у Брэсце. Праўдападобна была яшчэ чацвёртая сястра ў бацькі, якая асталася пасля бежанства ў Расіі. Як праз сон помню, што ў 1932 г. бацька атрымаў пісьмо з Савецкага Саюза, у якім сястра вельмі прасіла бацьку пастарацца выцягнуць яе адтуль, бо там панаваў страшэнны голад. Бацька прабаваў хадайнічаць ва ўлад, але сказалі, што гэта безнадзейная справа. Больш лістоў ад яе не было. Маю бабку Дамініку я яшчэ помню. Яна ўжо вельмі хварэла і жыла ў дзядзькі Дарафея. Як праз сон помню яе пахаванне. Дзед Вікенцій памёр яшчэ пры цары. На яго магіле ля царквы бацька паставіў каменны крыж, які стаіць да сённяшняга дня.
Мой бацька пры цары закончыў нейкую школу і працаваў на чыгунцы — пачаткова тэлеграфістам на станцыі Рыгораўцы, а пасля атрымаў павышэнне на дзяжурнага руху цягнікоў і на начальніка станцыі ў Чаромсе ды іншых станцыях. У час І сусветнай вайны вывезлі яго на чыгуначную станцыю дзесьці паміж Пецярбургам і Архангельскам. Калі вярнуўся дамоў у 20-ыя гады, польскія ўлады не згадзіліся даць яму працу на чыгунцы, бо ён не захацеў перайсці на каталіцызм. Ён хутка асвоіў польскую мову, не толькі добра гаварыў па-польску, але чытаў і пісаў. Пісаў ён вельмі прыгожа, бо вучылі яго каліграфіі. Выбіралі яго часта солтысам і членам гміннай рады ў Кляшчэлях. Меў права выбіраць сенатараў. Меў нейкую адзнаку ад польскіх улад.
Калі бацька вярнуўся з бежанства і ажаніўся, то не меў дзе жыць, бо дзедаву хату займалі браты Дарафей, Клім і Міхал. Помню, як жылі мы з бацькам і маці ў хатцы, у якой не было падлогі, а толькі гліняны ток, а два маленькія вокны былі вузенькія, як шчыліны, што нават і ўдзень было цёмна. Але ў 1928 або 1929 г. пасля смерці дзядзькоў Кліма і Міхала мы перасяліліся ў іх хату. Дзедава хата была вялікая, хаця аднапакаёвая, з драўлянай падлогай і высокімі ды шырокімі вокнамі. Я помню, як у гэтай хаце ў 1929 г. бацюшка хрысціў сястру Марыю. Калі ў 1932 г. паміж Савецкім Саюзам і Польшчай быў падпісаны дагавор аб ненападзенні, то Савецкі Саюз неадкладна выплаціў Польшчы золатам усе пенсіённыя даўгі для тых, хто калісьці працаваў для царскай Расіі. Бацька атрымаў тады ад польскіх улад кампенсацыю пенсіі за ўсе папярэднія гады і пачаў кожны месяц атрымліваць чыгуначнаю пенсію. Атрымліваў ён больш за 60 зл. і гэта яму, селяніну ва ўмовах тагачаснай Польшчы, была добрая падмога. За кампенсацыю бацька купіў пляц і пачаў будаваць дом, хлявы і пуню. У 1933 г. наша сям’я пераехала жыць на новую сядзібу. Хата не была вельмі вялікая. У ёй былі асобная кухня, камора, два пакоі і кафельныя печы. Дом быў пакрыты шыфернымі пліткамі, хлявы толем, а пуня — традыцыйна — саломай. Таму ў 1944 г., калі цераз вёску праходзіў фронт і ад пажару пацярпела амаль уся вёска, наш дом і хлявы ўцалелі, згарэла толькі пуня. У час гэтага пажару ад кулі згінуў мой бацька. Наш дом стаіць да сённяшняга дня. У ім жыве мая сястра. Атрымоўваючы пенсію сям’я не бачыла такой бяды, якую перажывалі многія бедныя сяляне. У нас былі конь, дзве каровы, свінні, авечкі, куры, воз, сячкарня і 8 гектараў зямлі ў цераспалосіцы, лес і луг. Бацька часта наймаў сялян да працы. Усё гэта змянілася, калі прыйшла вайна. Перасталі плаціць пенсію і ў 1941 г. навісла пагроза, што савецкая ўлада вывязе ўсю нашу сям’ю ў Сібір або Казахстан. Але не паспелі. А немцы ў сакавіку 1943 г. вывезлі мяне ва Усходнюю Прусію. І бацька з маці і маёй сястрой асталіся самі, без дапамогі. Але гэта ўжо іншы перыяд.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праграмнай рады тыднёвіка Ніва
|