|
У
ІІ Рэчы Паспалітай
Віктар Швед
Характарыстыка вёскі Мора
Нарадзіўся я ў 1925 годзе і таму добра памятаю, як жыла мая вёска ў міжваенны перыяд. Ад бацькоў і суседзяў я многа даведаўся аб драме, якую перажыла вёска ў час першай сусветнай вайны. У жніўні 1915 года фронт рушыў зпад Варшавы на ўсход. Казакі прымушалі сялян да бежанства, распаўсюджваючы неверагодныя чуткі пра варварства нямецкіх акупацыйных войск. У бежанства падалася палова насельніцтва вёскі. Ехала яно сваімі вазамі ў напрамку Пружан, Слоніма, Баранавіч і Пінска. Адтуль яно вырашыла вярнуцца назад у сваю вёску. Толькі малая частка сялян маёй вёскі адважылася пакінуць усё сваё дабро, якое забрала з сабой і цягнікамі паехала далей у глыб Расіі. Вось дзякуючы гэтаму вёска ацалела. Вярнуўшыеся сяляне апекаваліся жыллём бежанцаў аж да іх вяртання на радзіму.
Паабапал звыш кіламетравай брукаванай вуліцы, што пралягла з поўначы на поўдзень, былі распаложаны сядзібы больш за сотню гаспадароў. Амаль усе будынкі ў вёсцы мелі саламяныя стрэхі. Старэнькая дзедава хата, пабудаваная яшчэ ў XIX стагоддзі, сваім выглядам напамінала іншыя дамы ў вёсцы. Усе яны будаваліся пакрытымі саломай шчытамі да вуліцы. Сцяна ад вуліцы была без акон, будынак пачынаўся зазвычай свірнам, за ім была каморка з вокнамі, а далей асноўнае памяшканне — кухня з аграмаднай глінянай хлебнай печчу, у якой выпякаўся чорны разовы хлеб і часам святочны пірог, а таксама варыліся ў гаршчках стравы, а ў саганах — бульба для жывёлы. На хлебнай печы спалі найчасцей дзеці, бацькі — на запечку. Былі гэта дошкі, замацаваныя цвікамі, што пралягалі ад хлебнай печы да процілеглай сцяны. На запечку-дошках падсцілалі для спання старыя лахманы. У пакоі-кухні засяроджвалася ўсё сямейнае жыццё. У куце пад іконамі стаяў доўгі стол, на якім ляжаў прыкрыты абрусам чорны жытнёвы хлеб. Уся сям’я сядала да яды на лавах, што стаялі паабапал стала. Каморка, у якую ўваход быў з кухні, была наогул прызначана для гасцей, якія пасля даўжэйшага пачастунку часта начавалі на збітым з дошак ложку з саломай, прыкрытай дзяружкаю. Перад кухняй былі сені на ўсю шырыню будынка, у якіх у адным куце стаялі жорны, а ў другім — драбіна, па якой узлазілі на гарышча. За сенямі знаходзілася камора, у якой перахоўвалася салёнае свіное мяса, якога павінна было хапіць на ўвесь год для цэлай сям’і. У каморы перахоўвалася таксама збожжа, найчасцей жыта на хлеб. Далей у шарэнзе былі хлявы, канюшня і на канцы доўгай будыніны знаходзіўся куратнік.
Насельніцтва вёскі Мора ў міжваенны перыяд было цалкам беларускае. Адзіны католік з цэнтральнай Польшчы, Юзік Чарняўскі, які працаваў рабочым на чыгунцы, ажаніўся з вясковай дзяўчынай і поўнасцю абеларусіўся. Вянчаўся ён у прыхадской царкве ў Старым Корніне і там жа пахрысціў сваіх дзяцей. Людзі ў вёсцы карысталіся мясцовым беларускім дыялектам. Частка насельніцтва, якая вучылася ў мясцовай царкоўна-прыхадской школе і служыла ў царскай арміі крыху ведала рускую мову. Малодшае пакаленне, якое скончыла чатырохкласную польскую школу і служыла ў польскім войску ведала польскую мову. Значная частка насельніцтва, школьныя гады якой прыпалі на першую сусветную вайну, было непісьменным. Польскую сямігодку ў Орлі ў міжваенны перыяд скончылі толькі Кірыла Філіманюк, мая сястра Ніна і я.
Зямля ў вёсцы Мора даволі добрая, пераважна III і IV класаў. На працягу ўсяго міжваеннага дваццацігоддзя існавала тут трохпольная сістэма апрацоўкі зямлі — ворная зямля дзялілася на тры палі, кожнае з якіх засявалася спачатку азімымі культурамі, затым яравымі, а на трэці год заставалася пад папар. На папары тры нанятыя пастухі пасвілі вясковых кароў, авечак і свіней. Пастухоў сяляне кармілі па чарзе і плацілі ім збожжам залежна ад колькасці жывёлы. Збожжа сяляне жалі сярпамі і толькі ў другой палове 30-х гадоў некаторыя з іх пачалі азіміну касіць касою. Сяляне апраналіся пераважна ў ільняную і ваўняную вопратку свайго вырабу. Абуткам сялян былі ў асноўным самаробныя пасталы для мужчын, якія рыхтаваліся са старых аўтамабільных шын. Былі аграмадныя цяжкасці з іх набыццём, таму што аўтамашын у Польшчы было ў той час няшмат. У 20-я гады мой дзедка хадзіў яшчэ ў лапцях з лыка, якія неданошаныя знайшоў я на гарышчы пасля яго смерці. З культурным жыццём у вёсцы было вельмі дрэнна. Адзін толькі раз на працягу ўсяго міжваеннага 20-годдзя дарослая моладзь, заахвочаная настаўнікам, ставіла ў школе п’есу на польскай мове для дарослага насельніцтва. Ніхто з сялян не купляў польскіх газет і часопісаў. Нейкім цудам трапіў у мае рукі беларускі часопіс „Маланка”, што выдаваўся ў Вільні. Хоць я ў той час яшчэ не ведаў беларускай літаратурнай мовы, але кірыліцу ўжо вывучыў і з дапамогаю бацькі чытаў казкі Крылова. Запомніўся мне да сёння наступны анекдот з „Маланкі”. Нейкі панок захапляўся сядзібай памешчыка, сцвярджаючы: „Ах, як ту пенкне”. Пачуўшы гэта селянін запярэчыў: „Якое тут у чорта пекла? Вунь дзе пекла!” і паказаў рукою на суседнюю вёску.
Трэба сказаць, што ў міжваенны час беларускія вёскі ў II Рэчы Паспалітай жылі вельмі бедна. Людзі не мелі грошай, каб рэгулярна ўплачваць дзяржаве ўсе падаткі і таму з вёскі не выходзілі нахабныя секвестратары, якія рэквізавалі жывёлу і розныя вартасныя прадметы хатняга ўжытку. Нічога тады дзіўнага, што сяляне нават у клуні хавалі перад імі сваю жывёлу.
Нягледзячы аднак на складаную абстаноўку, на цяжкія ўмовы штодзённага жыцця, беларускае вясковае насельніцтва не заўсёды толькі плакала над сваім гаротным лёсам. Жыхары беларускіх вёсак часта наведвалі свае прыхадскія цэркаўкі і шчыра маліліся, каб Бог даў ім лепшую долю. Яны вельмі ўрачыста святкавалі найвялікшыя праваслаўныя святы — Ражджаство Хрыстова і Вялікдзень. Уся вёска, ад малога да старога, на Каляды з гвяздаю і без яе хадзіла па дварах, віншуючы гаспадароў, спяваючы велічальныя калядныя песні, услаўлялі імі нараджэнне Ісуса Хрыста. Не менш урачыста святкавалі сяляне веснавыя Велікодныя святы, асвячаючы ў царкве ўсё тое, што яны выпрацавалі сваімі ўласнымі рукамі. Вёска таксама ўрачыста святкавала прыхадскія святы — Анну і Ілью, прымаючы пасля багаслужбы гасцей чым толькі хата была багатай.
Вясковая моладзь надзвычай цаніла багаты песенны фальклор. Асабліва дзяўчаты сядалі каля хатак на лаўках і амаль усю ноч далёка плылі беларускія абрадавыя песні. Нават пасля надзвычай цяжкіх жніўных прац змучаныя сялянкі, вяртаючыся ўвечары дамоў, спявалі жніўныя песні. Асабліва ўрачыста адзначаліся ў полі дажынкі, абрадавае свята ў дзень заканчэння жніва.
А як жа ўрачыста абыходзілі сяляне вясною з хрэсным ходам свае палеткі, шчыра молячыся, каб Усявышні даў ім багаты ўраджай.
Чым сялянам горш жылося, тым яны былі больш спагадлівымі да іншых людзей, якія знаходзіліся яшчэ ў горшых абставінах.
Бедныя і багатыя
Жыхароў навакольных вёсак, у іх ліку і вёску Мора, абслугоўвалі яўрэі. У гмінным мястэчку Орлі пераважала яўрэйскае насельніцтва. Паводле перапісу насельніцтва ад 1932 года ў Орлі пражывала 1 389 яўрэяў, 680 беларусаў і 153 палякі. Сярод яўрэйскіх жыхароў Орлі былі людзі розных прафесій: сталяры, шаўцы, краўцы, шапачнікі, шкляры, кавалі, лекары, аптэкары і адвакаты. Найбольш аднак было гандляроў, якія таргавалі ў невялічкіх крамках наўкол рыначка, у суседстве вялікай беласнежнай сінагогі. Трапляліся ў Орлі і багатыя яўрэі, напрыклад, браты Вайнштайны, уладальнікі кафлянога завода, які прадаваў керамічныя вырабы не толькі ў краіне, але і за мяжой.
Найбольш запамяталіся мне гандляры, што прыходзілі або прыязджалі ў маю вёску Мора.
Самы бедны быў стары Алт, якога ўсе звалі анучнікам. Скупоўваў ён у сялянак за дробныя медзякі розныя анучы. Быў гэта рослы, прыгорблены гадамі мужчына з доўгаю сівой барадою і кучаравымі сівымі валасамі, што вылазілі зпад маленькай ярмолкі. Прыходзіў Алт нязменна ў старым зашмальцаваным халаце невядомага колеру, без гузікаў, падпярэзаны шнурком так няўмела, што адна пала выдавалася нашмат даўжэйшаю за другую. Старэнькія, запэцканыя граззю боты на нагах Алта ад пастаяннай хады павыгіналіся страшэнна і нагадвалі палазы сялянскіх саняў. За пазухай насіў Алт неадлучны бязменчык. Калі сялянка выносіла на панадворак гурбу старых анучаў, Алт дакладна важыў іх, потым выцягваў зпад кашулі невялічкі мяшочак, які вісеў на шнурочку, даставаў з яго мядзяк, клаў яго на далоню жанчыне ды пазіраў ёй у вочы з пытаннем: „Мо хопіць?” Жанчына трэсла галавою, што мала і Алт ізноў корпаўся ў сваім мяшочку, адкуль выцягваў наступную манету — рытуал паўтараўся пакуль абое не дайшлі да згоды. Алт скупляў столькі ануч, колькі іх месцілася ў мяшку, які насіў за плячыма. Цікава, што Алта не шанавалі іншыя гандляры, якія ў вёску прыязджалі вазамі.
Напрыклад, жыватасты Герш, які купляў курэй і яйкі, на пытанні сялян, чаму ён ніколі не падвязе старэнькага і нядужага Алта, заўсёды адказваў: „Я не хачу, каб ён засмуродзіў сваімі анучамі мой воз”.
Герш, якога ў вёсцы называлі Гершкам — цікавая і адначасна смешная асоба. Меў ён такі вялізны жывот, што ад яго павыгіналіся драбіны ў возе. Калі Гершка выносіў ад гаспадароў яйкі, высыпаў іх з рэшата проста ў напоўненыя сечкай лазовыя кашы. Калі частка яек разбівалася, Гершка тут жа іх выпіваў, каб не змарнаваліся. І нам, вясковым жэўжыкам, тады здалося, што ў Гершка таму такі вялізны жывот, каб у ім маглі памесціцца ўсе разбітыя яйкі. Куры з павязанымі нагамі і крыламі Гершка таксама кідаў у воз на гурбу і яны там, лежачы адна на адной, страшэнна кудахкалі ды трапяталіся як ашалелыя.
Здаравенным канём і моцным возам прыязджаў у вёску скупшчык збожжа, Ошар. А сам ён быў маленькі, мо з паўтара метра ростам, чалавечак. Нам здавалася, што ён не здольны да працы з такім грузам. Неўзабаве мы пераканаліся, што вельмі памыліліся. Ён здзіўляў усіх у вёсцы, беручы пад рукі два стакілаграмовыя мяшкі збожжа і быццам без натугі выносіўшы іх з панадворка на свой воз, загружаны ўжо па край такімі ж мяхамі. І калі ў вёсцы з’яўляўся нейкі асілак, пра яго зараз жа казалі: „Гляньце толькі, які Ошар!” Асабліва, калі асілак быў нізкага росту.
Здавалася нам, што гандляр Ошар — вельмі багаты чалавек. У параўнанні хаця б з анучнікам Алтам, які пакідаў у вёсцы мізэрныя медзякі, кашалёк Ошара быў набіты грашыма, нібы тыя яго мяхі збожжам.
Найбольшае аднак захапленне ў нас, вясковых жэўжыкаў, выклікаў пан Арон, прыстойны смуглявы брунет з чорнымі вусікамі і такімі ж чорнымі як вугаль кучаравымі валасамі. Пан Арон прыязджаў у вёску не з Орлі, а з Беластока і не канём, а на прыгожай чорнай аўтамашыне. Пан Арон — так яго ўсе называлі — быў прадстаўніком фірмы „Зінгер” і збіраў па вёсках заказы на швейныя машыны гэтай маркі. Наш сусед афармляў швейную машыну сваёй кульгавай і пажылой ужо дачцэ. Мы, жэўжыкі, упершыню ў сваім жыцці ўбачылі легкавую машыну ды былі ў поўным захапленні. І хоць аўтамашына была моцна запыленая, нам хацелася хоць пальцам дакрануцца да гэтага цуда на колах. На жаль, шафёр адганяў нас ад машыны, быццам баючыся, каб мы яе не папсавалі. А мы ж ахвотна пачысцілі б гэтую легкавушку да глянцу, каб нам толькі на гэта дазволілі. Аднак і пан Арон, і яго шафёр непрыхільна да нас ставіліся — вядома ж, былі яны вялікія паны-багацеі ў параўнанні з Ошарам і Гершкам, не кажучы ўжо пра беднага анучніка Алта, якім пагарджалі нават яўрэі ды вучылі пагардзе і нас.
Мой дзедка
З вялікай чуллівасцю і ўдзячнасцю ўспамінаю свайго дзедку. Бацькі заўсёды былі моцна заняты на гаспадарцы і ў той час — да пятага года майго жыцця і да сваёй заўчаснай смерці — дзедка займаўся маім выхаваннем. А быў гэта цяжкі перыяд у маім жыцці — я тры гады цяжка хварэў на вочы ды вымушаны быў пастаянна прабываць у цемры дзедавай хаты.
У майго дзедкі Ільі быў брат і тры сястры, якія выйшлі замуж у вёскі Курашава, Вітава і Ягаднікі, што пад Белавежскай пушчай. Дзедка ажаніўся з Параскевай Заброцкай з суседняга Збуча. Падзяліўся ён па палове з братам Вікторыем участкам зямлі і абодва пабудаваліся на агародах паабапал вуліцы ў Моры. Вікторый выехаў у бежанства ў глыб Расіі, адкуль ужо не вярнуўся. Ягоную гаспадарку стаў апрацоўваць мой дзедка. Нажыў ён з бабуляй чацвёра дзяцей. Найстарэйшым быў мой бацька Мікіта, народжаны ў 1891 годзе. Сястра майго бацькі, Матрона, выйшла замуж за Івана Грайку ў вёску Пашкоўшчына, брат Якаў выехаў у бежанства, жыў у Сібіры, дзе ў 30-я гады згладзілі яго саветы за „шпіянаж у карысць панскай Польшчы” (пісаў лісты да сястры і братоў), а наймалодшы брат Аляксандр пайшоў у прымы ў вёску Шарні. Мой бацька ў 1912 годзе быў прызваны ў царскую армію, у якой закончыў фельчарскія курсы. Апынуўшыся на фронце першай сусветнай вайны, у 1915 годзе трапіў ён у Літве ў нямецкі палон. Працуючы ў лесе, уцёк з палону і вярнуўся дамоў. Угледзеў яго на панадворку сусед Калістрат Аліфярук, тадышні солтыс, ды данёс на бацьку немцам, якія неўзабаве і з’явіліся на панадворку. Бацьку ўдалося перабегчы ў клуню ды схавацца ў саломе на вышках. Бабуля Параскева зачынілася ў каморы. Немцы, думаючы, што яна знаходзіцца там разам з сынам, вырубалі дзверы ў камору і — калі нічога ад яе не даведаліся — пабілі прыкладамі да непрытомнасці. Пасля двух дзён бабуля памерла. Немцы шукалі майго бацьку і ў клуні ды прастрэлілі яму пятку правай нагі. Падлячыўшыся, бацька баяўся ўжо заставацца дома і падаўся пехатою аж у Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе манахам быў яго дзядзька. Там мой бацька працаваў на манаскай гаспадарцы і неўзабаве пасля кастрычніцкай рэвалюцыі вярнуўся ў адроджаную Польшчу. Пачаў ён гаспадарыць са сваім бацькам. Ажаніўшыся з Наталляй Галёнка з Вялікіх Пасечнікаў, нажылі яны чацвёра дзетак. Найстарэйшая мая сястра Ніна з 1922 года, я з 1925, брат Пётр з 1929 і сястра Лідзія з 1933. Лідзія прастудзілася малым дзіцём, мела нарыў у горле і задыхнулася, калі бацькі везлі яе да лекара ў Бельск-Падляшскі.
Я таксама прастудзіўся малым дзіцём. Амаль ад першых дзён майго жыцця пакутаваў я ад грознай хваробы — трахомы, хранічнага захворвання слізістай абалонкі вачэй. Хвароба ўелася ў мае вочы да тае ступені, што паражаў мяне найменшы праменьчык святла. Тры гады сядзеў я ў нізенькай дзедавай хаце з малымі акенцамі шчыльна завешанымі дзяружкамі. Калі толькі нехта прыадкрыў краёчак дзяружкі, упускаючы ў хату прамень святла, я ніцма падаў на падушку, закрываючы ёю свае хворыя вочы. І толькі ў чатыры гады мае вочы загаіліся да тае ступені, што я змог упершыню выйсці днём на панадворак. Упершыню ўбачаны навакольны свет здаўся мне надзвычай маляўнічым, дзівосным і глыбока запаў у памяць. Таму і запамяталіся мне з тае пары мае апекуны — старэйшая на тры гады сястра Ніна і дабрадушны, сівабароды, з заўсёды ласкавай усмешкай дзедка Ілья.
Асабліва ўрэзалася ў маю памяць нечаканая бура, якая заспела мяне і сястру Ніну ў час гульні на панадворку. Мой дзедка мітусіўся ў той час ля клуні. Трымаў я ў руцэ неадлучны рэквізіт маіх гульняў — маленькі кошычак, сплецены таленавітымі рукамі майго дзедкі. Ставілі мне гэты кошычак з ласункамі нават да падушкі ў час сну. Страшэнная бура зрывала з будынкаў старыя стрэхі, валіла платы і ламала дрэвы. Чарговы магутны парыў ветру вырваў з маіх рук дарагі кошычак і, быццам парашут, падняў яго ўгару, закружыў ім у паветры і выкінуў за агароджу на суседскае поле. Я заходзіўся ад плачу, пакуль сястра ў струмянях дажджу не знайшла маю згубу і не ўваткнула яе ў маю руку. Дзедка Ілья гладзіў мяне сваёю шурпатаю далоняй па мокрай галоўцы і суцяшаў.
Дасканала запомніўся мне выгляд дзедкі, які выцягнуты як струна нерухома ляжаў на лаве пад іконамі. Я ніяк не мог зразумець, чаму дзедка спіць, калі ў хаце поўна людзей, калі на стале побач дзедавай галавы гараць свечкі і чаму жанчыны спяваюць сумныя песні. Потым прывялі ў хату чалавека ў чорным адзенні, з чорнаю бародкай, з вялікім бліскучым крыжам на грудзях, які пачаў уголас чытаць з нейкай кнігі ды пакрапіў дзеда вадою, а той нат не здрыгануўся. Потым збілі з дошак скрыню і далікатна паклалі ў яе дзеда. І чамусьці потым дзеда ў гэтай скрыні вынеслі на панадворак ды паклалі на воз з запрэжаным ужо канём. І чамусьці мае бацькі горка плакалі. А потым выехалі на вуліцу і за возам людзі панеслі чорны крыж і ікону. На маё пытанне, куды і чаму павезлі дзедку, сястра Ніна адказала мне, што павезлі яго ў капліцу, адкуль дзеда вынясуць і закапаюць на могілках. Не хацелася мне ў гэта паверыць і я ўсё яшчэ спадзяваўся, што дарагі дзедка вернецца дахаты. Толькі пазней да мяне дайшло, што дзедка сапраўды памёр і ўжо ніколі да нас не вернецца. Ён мне якраз найбольш запамятаўся, калі мёртвы ляжаў на лаве пад іконамі.
Праз суды да бяды
У II Рэчы Паспалітай вельмі частымі былі суды. Дзяржава судзіла сялян за незаплачаныя падаткі, за крадзеж лесу, за разбой і палітыку. Сяляне судзіліся ў сям’і за падзел маёмасці, судзіліся з суседзямі за скібу зямлі. Суды спіхалі ў галечу і без таго збяднелых сялян. Праз суды да бяды — сцвярджала папулярная прымаўка. Папулярнымі былі і штрафы, якімі штрафавала сялян паліцыя. Гумарыстычна выглядала справа вясковых нужнікаў, гэтак званых славойкаў — ад прозвішча генерала Ф. Славоя-Складкоўскага, у той час міністра ўнутраных спраў Польшчы. Улады, быццам клапаціўшыся пра вясковую гігіену, выдалі загад пабудаваць нужнік на кожным вясковым двары. Сяляне, баючыся штрафу, ставілі іх, але імі не карысталіся. Са сваімі фізіялагічнымі патрэбамі надалей спраўляліся за клунямі, а нужнікі стаялі непрыдатнымі. Паліцэйскія адносіліся да іх з агідай, ніколі туды не заглядалі і, калі бачылі здалёк, што нужнік стаіць — усё было ў парадку. А нужнік мы з братам, так як і іншыя вясковыя дзеці, успрымалі як жыллёвае абсталяванне, гулялі ў ім ды рабілі „прыёмы” для гасцей. Ніколі не прыйшло нам тады ў галаву сапраўднае прызначэнне нужнікаў.
Аб судах у нашай сям’і загаварылі, калі родны брат майго дзедкі, Вікторый, які бедна жыў у Расіі, падумаў, што мог бы мець матэрыяльную карысць ад пакінутай у Моры гаспадаркі. Напісаў ён свайму куму ў вёску Гурнае ліст, да якога прылажыў паўнамоцтвы і просьбу, каб той прадаў яго гаспадарку ды падзяліўся з ім грашыма. Жыхар Гурнага энергічна ўзяўся за справу. Хутка аднак пераканаўся, што забраць майму бацьку Вікторыеву гаспадарку можна толькі праз суд. І пачалася судовая валакіта. Гурнач быў настолькі назойлівы, што прыязджаў да майго бацькі з прэтэнзіямі ў бяспраўным карыстанні гаспадаркай Вікторыя, дамагаючыся сабе нейкай кампенсацыі. І мой наіўны бацька часамі сыпаў нахабніку ў мяшкі пшаніцу. Судовая справа зацягвалася. Даведаліся аб ёй Вікторыевы сёстры з Курашава і Ягаднік. Абураныя, што чужы іх брату чалавек даходзіць у судзе сваіх правоў, яны таксама падключыліся да справы. Прайшло некалькі гадоў і сёстрам Вікторыя ўдалося адсудзіць ад майго бацькі будынкі, якія хуценька прадалі. Мой бацька, даведзены да крайнасці судовай валакітай, вырашыў прадаць сваю гаспадарку і выехаць у Аргенціну. І калі ўжо справа эміграцыі нашай сям’і станавілася рэальнай, бацькаў адвакат пачаў яго адмаўляць ад выезду ў Аргенціну, завяраючы, што справа ў судзе закончыцца паспяхова. І бацька паверыў адвакату. Справа вырашылася нечакана. Пачалася другая сусветная вайна, прыйшлі да нас саветы і зямля раптам цалкам абясцэнілася. Саветы пачалі сілком заганяць сялян у калгасы. І ўсе аматары лёгкай нажывы, гурнач і Вікторыевы сёстры, далі нарэшце майму беднаму, вымучанаму судамі бацьку спакой. Польскім судам ніколі не залежала на хуткім вырашэнні спраў. Галоўнай іх мэтай было выціснуць з падсудных як мага больш граша. І праз суды, вядома, даводзілі сялян да бяды.
Вясковыя сухоты
Наша даваенная вёска жыла вельмі бедна. Голад, асабліва ў дзяцей, выклікаў розныя хваробы. Самай страшнай былі сухоты. Колькі ж яны забралі аднавяскоўцаў, колькі ж ад іх памерла маіх школьных сяброў яшчэ ў дзіцячым узросце! Не было ў той час надзейнага лякарства, каб змагацца з сухотамі. Некаторыя спрабавалі лячыцца сабачым тлушчам. Быў у Моры адзін мужчына, Георгі, які вылавіў амаль усіх у вёсцы сабак. Мелі да яго людзі прэтэнзію, часта з ім сварыліся. Абвінавачаны ў змарнаванні сабакі, ён адказваў: „Ці ж маё жыццё не даражэйшае за жыццё гэтых сабак?” І людзі пасля такіх слоў мірыліся са сваёй стратай.
Мой бацька ў 1938 годзе прадаў старую дзедаву хату. Да зімы не ўдалося яму закончыць новага дому. Над глінянай печчу, якая засталася ад старой хаты, бацька пабудаваў шалаш ад дажджу. У гэтай печы матуля варыла нам страву. На печы можна было пагрэцца, але толькі да маразоў. Я ў той час штодзень хадзіў у адлеглую на шэсць кіламетраў арлянскую сямігодку. У такіх абставінах не было ў мяне ўмоў да навукі. А і на печы ў шалашы нельга было вытрымаць у марозныя ночы.
У такой сітуацыі бацькі вырашылі аддаць мяне і майго малодшага брата Пятра на перазімаванне да мамінай сястры, Аляксандры, якая жыла ў старэнькай хатцы ў Моры. Цётка толькі што аўдавела, муж у 35-гадовым узросце памёр на сухоты. Пасяліліся мы з братам на хлебнай печы, на якой ужо качавала трое цётчыных дзетак. Аж дзіў бярэ, як мы ўсе там памесціліся. Ніхто тады не задумоўваўся над тым, што туберкулёзная хата цёткі пагражала ўсім пражываючым у ёй дзеткам.
Прайшло крыху часу і я стаў адчуваць сябе ўсё слабейшым і слабейшым. Ніхто не звярнуў асаблівай увагі, калі я пачаў пляваць крывёю. Відаць, прастудзіўся, сынок, — сказалі бацькі. Нікога таксама не занепакоіў мой сухотны выгляд, хоць бацька і часта паўтараў вядомую прымаўку: „Вузкія грудзі — гняздо чахоткі”. Цяжкая праца і абы-якое харчаванне не спрыялі аздараўленню. Але, на маё шчасце, малады арганізм перамог страшную хваробу. Засталіся ў маіх лёгкіх на ўсё жыццё язвы, як след па пройдзеным туберкулёзе.
Усе цётчыны дзеці, з якімі я пракачаваў зіму на хлебнай печы, жывуць дзякуючы адкрыццю мікрабіёлагамі А. Флемінгам ды С. Ваксманам пеніцыліну і стрэптымыцыну. Гэтыя лекі сталі ў нас даступнымі ў пасляваенныя гады. З таго часу туберкулёз перастаў мучыць нашу беларускую вёску.
Крывасмокі
У II Рэчы Паспалітай сялян страшэнна мучылі насякомыя-паразіты: мухі, вошы, блохі і блашчыцы. Не было аніякага ад іх паратунку, не існавалі хімічныя спосабы барацьбы. Былі толькі шкляныя пасудзіны-мухалоўкі, у якіх насякомыя тапіліся. І калі толькі тапельцаў вылівалі, на панадворку ўсчыналася сапраўдная курыная вайна за гэты далікатэс. Кожную вясковую хату насяляла такая процьма мух, што яны гудзелі як пчолы ў вуллі. Не давалі яны спаць малым дзецям, атакавалі жывёлу ў хлявах і на панадворку. Не было таксама ў вёсцы хаты без скакуноў-блох. Ускоквалі яны абавязкова на кожныя ўвайшоўшыя ў хату босыя сялянскія ногі і адразу смакталі свежую кроў. У драўляных ложках і запечках змораных цяжкаю працай сялян балюча апякалі крыважэрныя блашчыцы. У жаночых косах і мужчынскіх чупрынах гнездзіліся атрады крывасосных галаўных вошаў. У закавулках сялянскай бялізны і вопраткі жылі і ласаваліся чалавечай крывёю адзежныя вошы. Баронячыся ад іх, сяляне часта ўкідалі вопратку ў накаленую хлебную печ і неаднойчы бывала, што разам з вашыма згарала ў печы адзенне. Уся гэтая гадасць не толькі высмоктвала сялянскую кроў, але і разносіла інфекцыйныя хваробы.
Цяжка нават уявіць як моцна надакучылі мне гэтыя паразіты, асабліва, калі я зімаваў у цётчынай хаце. Калі спацелы пасля доўгай хады ў арлянскую школу сядзеў я за партай на ўроку, а за маімі плячыма аднакласнік-жартаўнік Мікалай Бобік пачынаў ціха напяваць вядомую песню „Maszerują strzelcy, maszerują”, — я ўжо ведаў, што нікчэмная вош выпаўзла зпад каўняра майго прасякнутага потам пінжака. Я маліў Усявышняга, каб гэта больш не паўтарылася і плакаў у душы ад сораму.
Як мяне адвучылі курыць
У пустую хату дзядзькі Вікторыя, які не вярнуўся з бежанства, мой дабрадушны бацька бескарысліва ўпусціў жыць старога кавалера Аляксея Філіманюка, які, вярнуўшыся з бежанства, прамантачыў сваю хату ды агарод і, не маючы свайго кутка, бадзяўся па вёсцы і займаўся сталяркай. У камору гэтай жа хаты ўпрасіўся таксама бяздомны жыхар Мора — Цімошка Лаеўскі з жонкаю Палашкай. Выразаўшы ў каморы акно і ўбіўшы гліняную хлебную печ, яны там пасяліліся на даўжэйшы час. Былі бяздзетным сужонствам і мелі толькі чацвяртушку зямлі. Працавітая Палашка з серпікам абягала ўсе вузкія палоскі, а Цімошка адвячоркам выходзіў у поле павязаць жончыны снапочкі. Не мог ён цяжка працаваць. Перашкаджала яму ў гэтым агромністая грыжа, якую ў вёсцы называлі кілай. Каб прыкрыць сваю хваравітасць, Цімошка хадзіў у даўжэзнай аж да кален льняной карычневай кашулі, якую падпярэзваў шырокім вайсковым рамянём. Памятаю, прыдумаў я тады песню на мясцовым дыялекце, якая пачыналася такімі радкамі: „Палагейка папку міесіт,/ А ў Цімошкі кілка віесіт”. Спявалі мы, малыя жэўжыкі, гэтую песню пад Цімошкавым акном і хутка ўцякалі, пачуўшы, што нехта заскрыгатаў клямкаю.
Цімошка, каб занадта не нудзіцца ў хаце, калі Палашка выходзіла працаваць у полі, прыняў да сябе бяздомнага хлопца, Валодзьку Валкавыцкага, які прыблукаўся ў вёску з Белавежы. Валодзька хадзіў крышку на заробкі да суседзяў, але найбольш ён сядзеў з Цімошкам у хаце. Калі дакучаў ім голад, шукалі спосабаў здабывання ежы. Прыдумалі, што будуць вясковым падлеткам прадаваць за яйкі цыгарэты. Яны нарыхтавалі запас папяровых гільзаў, якія набівалі тытунём. І пачаўся гандаль. Разлік быў вельмі просты — адна цыгарэта за адно яйка. Кожны з вясковых жэўжыкаў падбіраў у дамашнім куратніку яйкі і нёс іх на абмен за папяросы. Забіралі мы іх потым на пашу і там накурваліся ўдоваль.
Я таксама падбіраў на седале яйкі. Надаела мне ўжо курыць сушанае лісце і вату. Праз дзірку ў кішэні я выскубаў і выкурыў з сябрамі ўсю вату з палы старой курткі. Ад куранай ваты несла наўкол страшэнным гарам ды балюча шчыпала за вусны і горла. Іншая справа — купленыя за яйкі папяросы! Свайго набытку я ніколі не прыносіў дахаты, але перахоўваў яго ў клуні. Выганяючы кароў на пашу, я часта не паспяваў на досвітку паснедаць і тады мама прыносіла мне сняданак на пашу. У маёй дзіцячай памяці на ўсё жыццё засталося здарэнне, якое канчаткова спыніла маю курэцкую стажыроўку.
Помніцца мне сонечная раніца ў пачатку лета. Гэтым разам я пасвіў кароў на лузе ўадзіночку. Мама прынесла мне сняданак — буталь малака і вялікую лусту аржанога хлеба. Прыселі мы на траву. Узяў я ад маці буталь, а яна стала разглядацца, дзе б тут пакласці хлеб. „Палажы яго на шапку”, — раптам азвалася матуля, а я міжвольна, паставіўшы на траву буталь, аберуч схапіўся за тую шапку. Маці гэта паказалася падазроным. Яна сарвала яе з маёй галавы, а адтуль пасыпаліся папяросы. „А ты адкуль іх узяў?” — запытала са злосцю. Я спрабаваў патлумачыць, што папяросы далі мне сябры. Аднак, калі я вярнуўся дахаты, раззлаваная маці некалькі разоў балюча сцебанула мяне па худой спіне скураным канчуком, які ў вайну пакінуў у хаце кавалерыст. Пасля лупцоўкі я, вядома, прызнаўся маці, што папяросы купіў за яйкі ў Цімошкі і Валодзькі. Маці пабегла да суседзяў скандаліць. З таго часу я ўжо ніколі не ўзяў у вусны папяросы, а Цімошка з Валодзем пабойваліся прадаваць іх падлеткам за яйкі, хоць яечня надалей вельмі ім смакавала.
Аляксей Пятровіч
Адгрымела першая сусветная вайна. З бежанства вярнуўся зусім абруселым жыхар Мора Аляксей Філіманюк. Звяртаўся ён да аднавяскоўцаў толькі на рускай мове і загадаў зваць яго па бацьку Пятровічам. Прадаў ён бацькоўскую хату, агарод і чацвяртушку поля ды неўзабаве размантачыў усе грошы. Не маючы куды дзецца, упрасіўся ён да майго бацькі — у пустуючую хату дзядзькі Вікторыя, які не вярнуўся з Расіі.
Запамятаўся мне Аляксей Пятровіч рослым, здаровым, прыстойным, пажылым мужчынам, з сівымі вусікамі і сівой казлінай бародкай, з лысеючай ужо сівой галавою. Хадзіў ён нязменна ў карычневым вайсковым плашчы з металічнымі бліскучымі гузікамі з выявай двухгаловага арла. Быў у яго прыгожы голас і любіў ён спяваць прывезеную з Расіі народную песню „Стенька Разин”.
Пятровіч быў здольным столярам, але заказы на неабходныя ў сялянскім побыце прылады прымаў ён зрэдку. Карацей кажучы, не вельмі яму хацелася працаваць. Ён не ажаніўся, бо, як сцвярджаў: „Я не смогу содержать еще одного лица”. На пытанне, як ён намерваецца пражыць сваё жыццё, вульгарна адказваў: „На мой век дураков хватит. А в общем я не надеюсь долго жить”.
Жыццё аднак нарыхтавала Пятровічу нечаканы сюрпрыз. Давялося яму дажыць да глыбокай старасці ў страшэннай бядзе. Пакуль было ў яго яшчэ крыху сілы, мог зарабіць на кавалак хлеба. Пасяліўся ён у старой запушчанай хаце, якая пачала без догляду падгніваць. Працякала ў ёй саламяная страха, пад акном у паўночнай сцяне прагніў брус, у якім мы, вясковыя жэўжыкі, выдзяўблі дзірку да памераў свайго цела, каб можна было ёю праціснуцца ўсярэдзіну. Нам было вельмі цікава паглядзець сцяну, якая поўнасцю была завешана рознага памеру гэблікамі.
Сталярскія прылады былі так выпрацаваны здольнымі рукамі Пятровіча, што здалёк блішчэлі ды можна было ў іх прыглядацца як у люстэрку. Аднак нам было найбольш цікава паглядзець як Пятровіч спіць у халоднай хаце. Абаграваць хату не было чым, ніхто яму не прывёз з лесу дроў ды і абагрэць яе, дзіравую як рэшата, было немагчыма. Пятровіч паўтараў заўсёды рускую прымаўку: „Держи голову в холоде, брюхо в голоде, а ноги в тепле”. Каб усё гэта здзейсніць, Пятровіч прапальваў стружкамі ў хлебнай печы і калі тая крышку награвалася, залазіў ён у яе нагамі, падсцілаючы пад бок таксама стружкі. Цікава нам было паглядзець, як з печы вылазіць на прыпечак сівая, з бліскучаю лысінай, галава Пятровіча згодна прымаўцы: „Держи голову в холоде”. І калі толькі тая галава паварушылася, мы прапіхаліся дзіркай у брусе навонкі ды расказвалі потым сваім бацькам, як спіць Аляксей Пятровіч.
Пятровічу неяк гаравалася пакуль меў ён дах над галавою. На жаль, дзядзькавы сёстры з Арэшкава і Ягаднік адсудзілі ад майго бацькі Вікторыевы будынкі. Затым яны прадалі старую хату і Аляксей Пятровіч стаўся бяздомным ды пачаў бадзяцца па вёсцы. Ніхто яго не хацеў прыгарнуць у сваю хату. Ніхто, уключна з яго сваякамі, не рашыўся дагадаваць старэчу да смерці, помніўшы, што ён лёгкадумна прамантачыў сваю гаспадарку.
Нечакана ўспыхнула другая сусветная вайна. У вёску неўзабаве прыйшла Чырвоная Армія, якая на штыках прынесла лозунг: „Кто не работает, тот не кушает”. І калі б не спачувальны вясковы солтыс, Пятровічу давялося б памерці галоднай смерцю. Солтыс забавязаў сялян карміць і начаваць па чарзе бяздомнага Пятровіча. Як на іронію, хоць сам ён не намерваўся доўга жыць — Пятровічу пераваліла ўжо за восемдзесят. Заядалі яго вошы і ён, замест плаціць сялянам за харчаванне і начлег грашыма, плаціў ім заўсёды вашыма, якіх удосталь пакідаў пасля кожнага начлегу. Калі Пятровіч начаваў у нашай хаце, выходзіў раніцай у клуню, скідаў адзіную кашулю і выгортваў з яе вошы проста на ток.
У чэрвені 1941 года гітлераўская Германія напала на Савецкі Саюз. Наблізіўся фронт. Аляксей Пятровіч тэпаў як блудны па вёсцы. Як потым выявілася, шукаў ён смерці. Наш сусед Баравік катэгарычна адмовіўся прыняць дахаты і накарміць вашывага начлежніка. Даведзены да крайнасці Аляксей Пятровіч пайшоў на яго панадворак і ў адчаі ўваліўся ў студню. Неўзабаве выцягнулі са студні тапельца. Пахавалі яго як вялікага грэшніка, які зрабіў замах на сваё жыццё, без труны ды за могілкавай агароджай.
Ніхто ў вёсцы не шкадаваў Аляксея Пятровіча. Зласліўцы вельмі доўга паўтаралі: „Як добра, што нарэшце патапіліся дакучлівыя вошы”.
Школьная адукацыя
Асветным уладам даваеннай Польшчы не залежала на адукацыі няпольскага вясковага насельніцтва. Вельмі рэдкімі былі выпадкі, калі нехта з беларускага вясковага асяроддзя вучыўся ў гімназіі, а тым больш — у польскім ліцэі. Такі наглядны прыклад меў месца ў арлянскай школе. Двух беларускіх вучняў-выдатнікаў гэтай школы атрымалі гмінныя стыпендыі і вучыліся ў гімназіі ў Бельску-Падляшскім.
Я распачаў сваю адукацыю ў 1932/3З навучальным годзе ў старым школьным будынку, распаложаным якраз пасярэдзіне вёскі. Пабудавалі яго царскія ўлады яшчэ ў XIX стагоддзі. Хоць школьны будынак быў невялікі, з адной навучальнай залай і двума маленькімі пакойчыкамі для настаўніка, вучыліся ў ім дзеці з Мора і суседніх Крывятыч. Цесната была страшэнная. Чатырохкласная паўшэхная школа вымушана была працаваць на дзве змены. Першы і чацвёрты класы вучыліся да абеду, а другі і трэці — у паабедзенную пару. Нашым настаўнікам быў Эдуард Бітэль, які прыехаў з цэнтральнай Польшчы. Каб утрымаць дысцыпліну, біў ён непаслухмяных вучняў лінейкай па далоні, трымаючы вучня за пальцы, каб не вырываў ён рукі. Гаварылася, што настаўнік б’е дзяцей, таму што ў яго акурат такое прозвішча. Іншай карай было стаўлянне жулікаватых вучняў у куце на гарохавым зерні — каб даўжэй запамяталася.
Каб вучань мог прабыць сем гадоў у чатырохкласнай паўшэхнай школе, польскія асветныя ўлады прыдумалі ў беларускім вясковым асяроддзі, што дзіця будзе вучыцца год у першым і год у другім класе, два гады ў трэцім і тры гады ў чацвёртым класе. Мой бацька, які цаніў адукацыю, таму што сам лізнуў навукі, заявіў мне катэгарычна: „У трэцім класе пасядзіш два гады, каб перайсці ў чацвёрты, але пасля года ў чацвёртым пойдзеш вучыцца ў пяты клас у Орлю. Твая сястра Ніна закончыла сямігодку ў Орлі і ты будзеш там вучыцца”. У 12-гадовым узросце хадзіў я штодзень у Орлю, пераадольваючы дванаццаць кіламетраў цяжкой — асабліва ў веснавы і асенні дажджавыя перыяды — дарогі. І калі ўжо быў я ў шостым класе, бацька злітаваўся нада мною. Прадаў ён карову і за 60 злотаў купіў стары ровар, на якім я ездзіў у школу. У балоцістыя перыяды бацька даносіў на плячы мой ровар да чыгункі, хаця і нельга было тудою ездзіць. На шчасце чыгуначны наглядчык Аусейка, які жыў у казарме ды кіраваў працай рабочых, спачуваў мне і не рабіў ніякіх клопатаў, калі я ехаў сцежкаю ўздоўж пуці.
Вучняў у арлянскай сямігодцы было некалькі соцень. Пераважала моладзь яўрэйскага паходжання, на другім месцы былі беларусы з Орлі і навакольных вёсак. Найменш было вучняў польскай нацыянальнасці. Былі гэта дзеці гмінных чыноўнікаў, працаўнікоў пошты, паліцыянтаў, аптэкараў і настаўнікаў. Атмасфера ў школе была добрая, дзеці жылі згодна, паміж вучнямі не было нацыянальных канфліктаў. Заняткі адбываліся ў школьным будынку і ў будынках колішняй царскай бальніцы.
На ўсё жыццё запамяталася мне сумная падзея. 18 мая 1938 года ў Орлі ў час гарачага надвор’я і моцнага паўднёвага ветру ўспыхнуў вялікі пажар, які на працягу дзвюх гадзін праглынуў больш за 550 будынкаў, у іх ліку каля 200 яўрэйскіх дамоў. Усе школьнікі кінуліся ратаваць маёмасць пагарэльцаў, але няшмат ўдалося выратаваць, бо агонь вокамгненна пераносіўся на дахі дамоў, якія стаялі ў цеснай забудове. Сур’ёзна пацярпела ў пажары арлянская сінагога, у якой згарэлі дах, вокны і дзверы. У сінагогу неаднойчы заводзіў мяне мой школьны сябра Янкель Шумахер. Запамяталіся мне вялікія зялёныя ільвы на ўнутраных сценах сінагогі. Сінагога яшчэ больш пацярпела ў час другой сусветнай вайны і гітлераўскай акупацыі.
У пятым класе арлянскай школы, я пачаў пісаць вершы на польскай мове. Першы напісаны мною верш быў пра канікулы.
Wakacje
Już skończył się rok szkolny
Minęły szkolne dni,
I każdy z nas jest wolny,
Do domu szybko mknie.
Przed nami już wakacje,
Miesięcy letnich dwa.
Lecz latem sporo pracy
Z nas każdy również ma.
Rodzicom trzeba pomóc
Przy uprzątaniu zbóż.
Gdy będzie zboże w domu
To odpoczniemy już.
A gdy nadejdzie jesień
I szkolnych zajęć czas,
Znów nas zawoła jesień
Do naszych szkolnych klas.
Паказаў я гэты верш настаўніцы польскай мовы Галене Цежаховай, якая, прачытаўшы яго, звярнулася да мяне з пытаннем: „Przyznaj się, chłopcze, skądżeś przepisał ten wiersz?” З маіх вачэй паплылі слёзы крыўды, што настаўніца не паверыла ў самастойнасць паэтычнай спробы. Я аднак не знеахвоціўся i надалей складаў вершы. Наступным, які я адважыўся паказаць пані Цежаховай, быў верш „Przygoda Macieja”:
Trzeba też porządku między prosiakami,
Żeby zgodnie jadły mąkę z kartoflami.
Stary Maciej stoi, prosiak jego ryjem,
A on się przewrócił ze swym długim kijem.
Wywinął koziołka, uczepił się świni
I wyruszył w drogę aż do samej Gdyni.
Świnia biegnie drogą, a on bije brawo,
A świnia do rowu teraz rusza żwawo.
W błocie się przewraca. Maciej się zanurzył,
Tylko głowę widać w przydrożnej kałuży.
Raptem wylazł z rowu ubrudzony cały,
Sam na siebie narzeka, że zrobił jak mały.
Taka to starego spotkała przygoda,
Nic mu się nie stało, jest ze świnią zgoda.
Пані Цежахова, паверыўшы, што гэта мае самастойныя вершы, чытала ix вучням i ў іншых класах, сцвярджаючы: „Oto mamy już poetę w naszej szkole”.
A калі я ўжо закончыў шосты клас арлянскай школы, мой бацька вырашыў, што прадасць і другую карову, каб я мог вучыцца ў гімназіі ў Бельску-Падляшскім. Здаваў я ўступныя екзамены i, на жаль, не быў прыняты з прычыны „недахопу свабодных месц”. Адным словам, вясковым беларусам не было „свабодных месц” y польскіх сярэдніх школах II Рэчы Паспалітай. І так завяршылася мая адукацыя ў міжваенны перыяд. Надта разжалены i занепакоены сваім далейшым лёсам напісаў я сумны верш, якога ўжо ніколі не прачытала настаўніца польскай мовы Галена Цежахова.
Szkoło, mi ciebie żal
Szkoło, przeżywam katusze,
Że ciebie opuścić muszę
I odejść w nieznaną dal.
Szkoło, mi ciebie żal.
Gdy wspomnę — dni szkolnych kilka,
Zaledwie mała chwilka,
I twoich nie ujrzę sal.
Szkoło, mi ciebie żal.
Ach, ojcze, pozwól choć roczek
Pouczyć się jeszcze ochoczo.
Jak góral się trzyma swych hal
Tak mi cię, szkoło, żal.
Opuścić szkolne progi
I pójść na zagon ubogi,
To lepiej zatonąć wśród fal,
Tak mi cię, szkoło, żal.
Гузікі
1 верасня 1939 года фашыстоўская Германія вераломна напала на Польшчу. Гітлераўскія захопнікі ў пагоні за разгромленымі часцямі польскага войска апынуліся ля варот Белавежскай пушчы. Далей яны ўжо не пайшлі, бо па дамоўленасці з СССР наша тэрыторыя апынулася ў Савецкай Беларусі.
Быў цёплы восеньскі святочны дзень. Даведаўшыся, што нямецкіх салдат поўна на шашы паміж Бельскам-Падляшскім і Гайнаўкай, пабег я з хлапчукамі ў суседнюю, што ў трох кіламетрах ад Мора, вёску Збуч. Цікава было паглядзець на немцаў і іхнія танкі, якіх мы ніколі ў жыцці не бачылі. Прабеглі мы праз вёску Збуч і спыніліся ля першай ад шашы хаты. Там якраз затрымалася танкавая калона. Аграмадныя танкі з доўгімі гарматнімі дуламі выклікалі наша здзіўленне і захапленне. Нямецкія салдаты з падгорнутымі рукавамі мундзіраў разбегліся па хатах у пошуках малака і яек. На панадворку, абапёршыся аб стары плот, стаяў даўгавязы малады мужчына з рыжаватымі кароткімі валасамі, з пілоткай, заткнутай за пагон, з папяросай у зубах. Кіўком пальца паклікаў ён нас да сябе. Шварголіў ён нешта ды мы аніяк не маглі яго зразумець. Быў я тады ў выцвілай ужо на сонцы школьнай гарцэрскай форме, кароткіх штоніках і гімнасцёрцы з гузікамі-лілеямі, знакамі-сімваламі гарцэрскай дабрадзейнасці.
Немец, насупіўшы рыжыя бровы, пазіраў уважліва на мяне і разглядаў мае гузікі, потым дастаў з кішэні сцізорык, распрастаў яго і абрэзаў гузікі з лілеямі на нагрудных кішэнях маёй гімнасцёркі. Я стаяў разгублены, нічога не разумеючы. Немец, доўга не задумоўваючыся, швырнуў мае гузікі за плот. Потым дастаў зза пазухі блакнот, вырваў з яго картку паперы і няўдала нарысаваў на ёй алоўкам нейкія каракулі. Усе мы доўга разглядалі і ніяк не маглі зразумець, што гэта такое.
Толькі праз два гады ў нашу памяць балюча запала фашысцкая свастыка, сімвалам якой была смерць, а якую на гузіках сваіх мундзіраў насілі пыхлівыя салдаты і крыважэрныя гітлераўскія жандары.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праграмнай рады тыднёвіка Ніва
|