БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Выдавецкія сэрыі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

Юрась Гарбінскі, Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.

Юрась Гарбінскі

 

ФАБІЯН АБРАНТОВІЧ

(1884—1946)


Каталіцкі святар усходняга абраду, прэлат Мінскай і Пінскай капітул, архімандрыт, місіянер, манах-марыянін, доктар філасофіі, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, адзін з ідэолагаў і заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху XX ст., тэарэтык і практык беларускага уніяцтва, педагог. Як публіцыст выступаў пад псеўданімам Фабіч (Fabič)

Нарадзіўся 14.9.1884 у засценку Вераскоўшчына Навагрудскага па-вета. Паходзіў з мяшчанскай сям’і беларусаў-католікаў: бацькі – Янка і Юлія (з дому Кашыцаў) Абрантовічы – жыхары Навагрудка. Скончыў Навагрудскае гарадское 3-класнае вучылішча. У красавіку 1902 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. З восенi таго ж года – у Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасля яе заканчэння паступіў у Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію (1906). На 3-м курсе акадэміі (9.11.1908) пасвячоны ў святары. Выкладаў Закон Божы ў пецярбургскіх навучальных установах (Імператарскае вучылішча правазнаўства, Імператарскае камерцыйнае вучылішча, Кадэцкі корпус імператара Аляксандра II, Марыінскі і Паўлаўскі інстытуты). З 9.12.1910 – законавучыцель прыватнай мужчынскай гімназіі пры рымска-каталіцкім касцёле св. Кацярыны ў Пецярбургу. 11.3.1912 атрымаў дазвол на выезд з Расійскай імперыі ў Бельгію. Працягваў вучобу ў каталіцкім універсітэце ў г. Лёвен (1912—1914), дзе абараніў доктарскую дысертацыю па філасофіі. У лістах з Лёвена адзначаў не толькі высокі ўзровень ведаў выкладчыкаў і прафесараў каталіцкага універсітэта, але таксама і глыбіню, неардынарнасць навуковых праграм, асабліва па філасофіі: «Чым больш знаходжуся ў Лёвен, тым больш з таго цешуся. І сам дзіўлюся, бо ніколі не быў вялікім аптымістам. А яшчэ хацеў бы застацца тут даўжэй». Пасля вяртання з Бельгii прыняты на пасаду прафесара духоўнай каталіцкай семінарыі ў Петраградзе (1.9.1914). Выкладаў фiласофiю, сацыялогiю i спевы. Адначасова выконваў абавязкі законавучыцеля ў Петраградскай Канстанцінаўскай жаночай гімназіі пры Імператарскім жаночым інстытуце. Пазней выкладаў Закон Божы ў 12-й Петраградскай гімназіі. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. Належаў да культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Разам са святаром Л.Хвецькам заснаваў першую нацыянальна-рэлігійную арганізацыю Хрысціянская дэмакратычная злучнасць. Шырока выступаў у беларускіх перыядычных рэлігійных выданнях («Krynica», 1917—1920, Петраград—Мінск—Вільня; «Chryscijanskaja Dumka», 1928—1929, Вільня). Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў 1-га з’езда беларускіх каталіцкіх святароў (Мінск, 24—25.5.1917), дзе выступiў з рэфератам «Справа прасьветная». Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Камандзіраваны Адміністратарам Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Э.Ропам у Мінск «для проведения духовных треб местным католикам» (30.4.1918). Адзін з кіраўнікоў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці ў Мiнску. Пры падтрымцы біскупа C.Лазінскага, ініцыятара адкрыцця Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі, абраны яе рэктарам. З верасня 1919 г. – сябра Рады Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску. Уваходзіў у склад дэлегацыі беларускіх дзеячаў, якую 19.9.1919 прыняў у Мінску Ю.Пілсудскі. Планавалася, што ў Міністэрстве замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі атрымае пасаду кіраўніка Місіі ў Рыме. У пачатку 20-х гадоў – выкладчык эвакуiраванай у Навагрудак, а пазней у Пінск каталіцкай семінарыі. З 1926 г. – у ордэне айцоў марыянаў у Друі. У 1929—1938 гг. узначальваў каталiцкую мiсiю ўсходняга абраду ў Маньчжурыi i Кiтаi. Прымаў удзел у пася-джэннях Генеральнай капітулы марыянаў у Рыме. Улетку 1939 г. знаходзіўся ў Польшчы. Напрыканцы верасня таго ж года арыштаваны савецкімі органамі бяспекі, больш за 5 гадоў правёў у вязніцах. Памёр ад катаванняў 2.1.1946 у Бутырскай турме (Масква). Месца пахавання невядома.

Крыніцы:
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 1871;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Архівы БНР;
Directorium…Mohiloviensi;
ЭГБ, I;
EK, I;
Усходняя Беларусь;
Беларусь (Мінск). 1919. № 1;
Krynica (Вільня). 1919. № 12; 1920. № 9;
Stankiewicz А., 1929;
Chryscijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 8;
Stankievic А., 1939;
Znic (Рым). 1952. № 18;
Божым шляхам (Парыж). 1957. № 76—81; 
Byelorussian Statehood;
Скарыніч;
Царква (Мінск). 1998. № 1; 
Dzwonkowski R., 1998.


ФРАНЦІШАК АЛЯШКЕВІЧ

(1889—1943)


Каталіцкі святар заходняга абраду, дзеяч беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр

 

Нарадзіўся 4.10.1889 у в. Дзядолайці Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Язэп і Марыяна (з дому Каспяровічаў) Аляшкевічы. У кнiзе метрык Сольскага касцёла прозвiшча Аляшкевiч запiсана як Аляхновiч. Паводле пашпарта i рэвiзскіх казак — Аляшкевiч, У iншых дакументах — Ляшкевiч. У маi 1907 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камiсii Маскоўскай навучальнай акругi. У 1909—1914 гг. вучыўся ў Вiленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. На правах сябра ўваходзіў у беларускі гурток студэнтаў семінарыі. Пасвячоны ў святары ў 1914 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў у тым жа годзе. Працаваў у парафіях Віленскай дыяцэзіі (м. Канстанцінаў Надвілейскага дэканата), пробашчам у мясцовасцi Удзял Глыбоцкага дэканата (1917—1939). Удзельнiчаў у працы 1-га з’езда беларускiх каталiцкiх святароў у Мiнску (24—25.5.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Матэрыяльна падтрымліваў беларускiя каталіцкiя перыядычныя выданнi («Krynica», «Chryscijanskaja Dumka»). У ліку 15 святароў ад імя беларускага каталіцкага духавенства Заходняй Беларусі падпісаў мемарыял, прадстаўлены 19.5.1925 на агульнапольскай канферэнцыі біскупаў. Выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў дадатковых набажэнствах на заходнебеларускіх абшарах. Звяртаўся да вернiкаў з казаннямi на беларускай мове. Прыхiльнiк Беларускай хрысцiянскай дэмакратыi. Памёр у 1943 г.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «А»;
Directorium... Vilnensi; 
Elenchus... Vilnensis;
Catalogus... Vilnensis;
Усходняя Беларусь;
Krynica (Вiльня). 1920. № 12;
Stankiewicz A., 1929;
Stankieviс A., 1939;
Spis kosciolow, 1973; 1979.


АНДРЭЙ

(1901—1983)


Праваслаўны святар, архiепiскап, iерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у эмiграцыi, рэлiгiйны i грамадскi дзеяч беларускага замежжа. У свецкiм жыц-цi — Аляксандр Крыт

 

Нарадзiўся 3.7.1901 на Стаўбцоўшчыне ў Мiнскай губ. Паходзiў з сям’i праваслаўных беларусаў. У гады Другой сусветнай вайны ўдзельнiчаў у беларускiх грамадска-палiтычных i культурных арганiзацыях. З 1944 г. — у эмiграцыi. З пачатку 50-х гадоў жыў у Вялiкабрытанii. Рукапаложаны ў сан святара 25.6.1950. Сябра Згуртавання беларусаў Вялiкай Брытанii. З сярэдзiны 50-х гадоў браў 
удзел у арганiзацыi беларускага царкоўна-рэлiгiйнага жыцця ў эмiграцыi. Адзiн з iнiцыятараў i заснавальнiкаў парафii БАПЦ у г. Брэдфард. Працаваў адмiнiстратарам Беларускага грамадска-царкоўнага дома. Адпраўляў багаслужэннi для беларускiх вернiкаў у Бiрмiнгеме, Кембрыджы, Лондане. У Манчэстэры адначасова са святарскай службай выкладаў Закон Божы для беларускiх дзяцей у суботняй школе. Старшыня вiкарыяльнай управы БАПЦ у Вялiкабрытанii. З лютага 1961 г.— у ЗША. Рукапаложаны ў сан епiскапа 15.2.1968. У 1970 г. абраны кiраўнiком епархii БАПЦ у Паўночнай Амерыцы. З 1971 г. — першы iерарх БАПЦ у эмiграцыi. Адмiнiстраваў i выконваў святарскiя абавязкi ў прыходзе Жыровiцкай Божай Мацi ў Клiўлендзе (штат Агайо). Удзельнiк 2-га сабора БАПЦ (Гайленд-Парк, штат Нью-Джэрсi, 27—29.5.1972). На саборы абраны старшынёй прэзiдыума. Памёр 21.5.1983, пахаваны на беларускіх могілках у Гайленд-Парку (штат Нью-Йорк).

Крынiцы:
Вiнiцкi А.;
Беларус (Нью-Йорк). 1971. № 172; 1975. № 220; 1983. № 210;
Голас царквы (Нью-Йорк). 1975. № 44; 1978. № 50;
Кiпель В.


ДАМІНІК АНІСЬКA

(1888—1971)


Рэлігійны свецкі дзеяч, вайсковец, пачынальнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., пісьменнік, пуб-ліцыст.

 

Нарадзіўся 12.1.1888 у в. Слойнікі Сакольскага павета Гродзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Ян і Людвіка (з дому Галеяў) Аніські. У 1906 г. скончыў сярэднюю школу ў г. Саколка. Прымаў удзел у баявых дзеяннях на франтах Першай сусветнай вайны. У 1921 г. – на афіцэрскіх курсах у Быдгашчскай школе падхарунжых. Пасля 1923 г. выйшаў у запас. З 1914 г. супрацоўнічаў з беларускімі каталіцкімі перыядычнымі выданнямі, шырока выступаў з артыкуламі і допісамі ў шэрагу часопісаў і газет («Bielarus», 1913—1915, Вiльня; «Krynica», 1918—1920, Петраград—Мінск—Вільня; «Chryscijanskaja Dumka», 1928—1929, Вільня, і інш.). Прымаў удзел у заходнебеларускім культурным і грамадска-палітычным жыцці, адзін з відных беларускіх рэлігійных публіцыстаў 1-й паловы XX ст. Матэрыяльна падтрымлiваў рэлiгiйны друк. Быў сталым падпiсчыкам «Chryscijanskaj Dumki».
На пачатку Другой сусветнай вайны ў польскай арміі. Трапіў у савецкі палон. Пэўны час знаходзіўся з групаю палонных польскіх афіцэраў у сумнавядомым Казельску. З 1942 г. – у польскай арміі генерала У.Андэрса ў Савецкім Саюзе, а пазней – у Палесціне і Егіпце. Знаходзячыся ў Іерусаліме, супрацоўнічаў з польскім рэлігійным выданнем «Tygodnik Katolicki». Пасля 1947 г. жыў у Вялікабрытаніі, дзе час ад часу выступаў на старонках беларускіх і польскіх эмігранцкіх перыядычных выданняў. Памёр 28.12.1971 у Лондане, дзе пахаваны на могілках св. Панкрата.

Крынiцы:
LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 389;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Stankiewiсz A., 1929;
Божым шляхам (Лондан). 1972. № 1;
Запiсы (Нью-Йорк). 1983. № 17.

ВАЦЛАЎ АНОШКА

(1899—1966)


Каталіцкі святар усходняга абраду, дзеяч беларускага хрысціянскага руху XX ст., у душпастырскай дзейнасці пракламаваў ідэю беларускага нацыянальна-рэлігійнага уніяцтва, асаблівую ўвагу аддаваў працы з моладдзю

 


Нарадзіўся ў 1899 г. на Магілёўшчыне. Паходзіў з заможнай беларускай сям’і. Атрымаў гімназічную адукацыю. Вучыўся ў Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі пасля эвакуацыі яе ў Кельцы. Пасвячоны ў святары 1.11.1924. Душпастырскую працу распачаў на пасадзе вікарыя ў мястэчку Ляхавічы Баранавіцкага павета. Ёсць падставы меркаваць, што ў 2-й палове 20-х гадоў стаў святаром грэка-каталіцкага абраду: у 1926 г. быў прызначаны пробашчам уніяцкай парафіі ў мясцовасцi Альпень каля Давыд-Гарадка на Палессі. У перадваенныя гады пераведзены на парафію ў Дзяляцічы (1935), дзе знаходзіўся да 1944 г. Паводле сведчанняў кс. Пятра Татарыновіча з’яўляўся сябрам экзархальнай Рады Беларускага Экзархата пад кiраўнiцтвам бiскупа А.Неманцэвiча. Прыхiльнiк Беларускай хрысцiянскай дэмакратыi. Выступаў за беларусiзацыю нацыянальна-рэлiгiйнага жыцця на заходнебеларускiх абшарах. У душпастырскай дзейнасцi звяртаўся да вернiкаў на беларускай мове. Напрыканцы Другой сусветнай вайны апынуўся ў Польшчы. Працаваў капеланам у кляштары сясцёр-манахiнь «Rodziny Maryi». Памёр 18.2.1966 у Раберціне каля мясцовасцi Пясэчна. Пахаваны на могілках каля Раберціна.

Крынiцы:
Elenchus... Pinscensis;
Spis kosciolow, 1933—35;
Stankiewicz A., 1929;
Божым шляхам (Лондан). 1966. № 3, № 4;
Znič (Рым). 1966. № 87.

АЛЯКСАНДР  АСІПОВІЧ-АСIПЧЫК

(1909—1990)

Праваслаўны свецкі і грамадска-культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., публіцыст. У беларускім перыядычным друку выступаў пад псеўданімам Зніч

 

Нарадзіўся 1.4.1909 на Слонімшчыне. Паходзіў з беларускай праваслаўнай сям’і. У гады Другой сусветнай вайны прымаў удзел у дзейнасці беларускіх грамадскіх і культурна-нацыянальных арганізацый. З 1944 г. – у эміграцыі. Спачатку жыў у Германіі. Матэрыяльна пад-трымліваў беларускіх скаўтаў у г. Рэгенсбург. Супрацоўнічаў з беларускім праваслаўным часопісам «Зьвiняць Званы Сьвятой Сафіі». Быў асабіста знаёмы з Ю.Стукалічам. У сакавіку 1950 г. выехаў у ЗША. Пэўны час жыў у Нью-Йорку. Пазней працаваў у г. Нью-Брансуік на фабрыцы. Пасля пяці гадоў побыту ў г. Таронта (Канада) вярнуўся ў ЗША. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў Жыровіцкага праваслаўнага брацтва. З 50-х гадоў быў звязаны з Расійскім аб’яднаннем таварыства ўзаемадапамогі (РООВА). Выступаў на старонках беларускіх эмі-гранцкіх выданняў («Беларускі праваслаўны каляндар на 1968 г.», Нью-Йорк, 1967, «Бацькаўшчына», «Беларус» і інш.). Апошнія гады жыцця правёў у г. Джэксан (штат Нью-Йорк), дзе 14.3.1990 памёр. Пахаваны там жа на мясцовых могілках «Фармы РООВА».

Крыніцы:
Вiнiцкi А.;
Беларус (Нью-Йорк). 1990. № 369;
Кіпель В.

АЛЯКСАНДР АСТРАМОВІЧ

(1878—1921)


Каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху XX ст., паэт і публіцыст. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімам Андрэй Зязюля
 

Нарадзіўся 26.11.1878 у в. Навасяды Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі – Сцяпан і Ганна (з дому Міхалевічаў) Астрамовічы. У 1888—1890 гг. вучыўся ў Гальшанскім народным вучылішчы. Прадоўжыў вучобу ў павятовым вучылішчы ў Ашмянах (1890—1892). Наступныя тры гады правёў у бацькоў, дзе займаўся вывучэннем французскай мовы. З 1.1.1901 служыў у 160-м пяхотным Абхазскім палку ў Гомелі і Барысаве. Звольнены ў запас 14.9.1903 у званні малодшага унтэр-афіцэра. Пасля няўдалых спроб у 1903—1904 гг. паступіць у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю выехаў у Пецярбург. Там з 1905 г. рыхтаваўся да паступлення ў духоўную каталіцкую семінарыю. Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі (студзень 1906). У 1906—1911 гг. вучыўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары ў 1910 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў 4.2.1911 на пасадзе вікарыя Ракаўскага касцёла. З 2.7.1912 – філіяліст у парафіі Анопаль Мінскага дэканата. Пазней прызначаны вікарыем у Бабруйскую парафію (з 2.7.1915). У кастрычніку 1915 г. цяжка хварэў. Са снежня 1916 г. служыў вікарыем у парафіі Смілавічы Ігуменскага павета. На працягу гэтага ж года – філіяліст у Лунінскім, Лунінецкім і Осаўскім рымска-каталіцкіх касцёлах. Адначасова выконваў абавязкі адміністратара Гарадзішчанскага касцёла. З беларускім культурна-адраджэнскім і рэлі-гійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. З 1909 г. друкаваўся ў беларускім свецкім і рэлігійным перыядычным друку («Наша ніва», «Bielarus», «Svietac», «Krynica»). Аўтар зборніка вершаў «З роднага загону» (1914). У жніўні 1917 г. служыў капеланам у мясцовасці Жарноўка пры хатняй рымска-каталіцкай капліцы ў маёнтку графіні Марыі Магдалены Радзівіл. Удзельнік 1-га з’езда беларускіх каталіцкіх святароў (Мінск, 24—25.5.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Прыхільнік беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця сярод беларусаў-католікаў. Шырока практыкаваў беларускія казанні ў душпастырскай дзейнасці. З 9.9.1917 – пробашч мясцовага касцёла ў Абольцах Аршанскага дэканата. Пасля 1917 г. на працягу двух гадоў не меў уласнай парафіі. 21.7.1919 вышэйшымі духоўнымі ўладамі Магілёўскай архідыяцэзіі прызначаны на пасаду выконваючага абавязкі адміністратара касцёла ў мястэчку Сянно Віцебскай губ. Па даручэнні Народнага сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі праводзіў работу па арганізацыі местачковых, павятовых і губернскіх радаў у Магілёўскай губ. За нацыянальна-рэлігійную дзейнасць праследаваўся бальшавіцкімі ўладамі. Быў арыштаваны. Некалькі тыдняў правёў у турме Віцебскай губчэка. Пэўны час жыў у свайго сябра святара І.Жаўняровіча ў мясцовасці Залессе Аболецкай парафіі. У апошні год свайго жыцця працаваў у мястэчку Сянно Аршанскага дэканата, дзе і памёр 17.1.1921. Пахаваны на мясцовых каталіцкіх могілках.

Крынiцы:
РГИА, ф. 826, воп.1, спр. 1962;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Архівы БНР;
Directorium... Mohiloviensi;
БП, III;
ЭГБ, III;
Усходняя Беларусь;
Stankіewicz A., 1929;
Chryscijanskaja Dumka (Вільня). 1931. № 2;
Stankievic A., 1939;
Божым шляхам (Парыж). 1951. № 3;
Божым шляхам (Лондан). 1968. № 6;
Byelorussian Statehood. 

АЛЯКСАНДР АЎГУСЦIНОВІЧ

(1890–1943)


Каталіцкі святар заходняга абраду, дзеяч беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр

 

Нарадзіўся 20.5.1890 у в. Селішча Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Казімір і Уршуля (з дому Аўгусцiно-вічаў) Аўгусцiновічы. Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камiсii Маскоўскай навучальнай акругi (люты 1908). У красавіку 1908 г. паспяхова здаў уступныя экзамены ў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. З прычыны адсутнасці вольных месцаў прыняты ў лік семінарыстаў у кастрычніку наступнага 1909 г. Сябра беларускага гуртка семінарыстаў. Пасвячоны ў святары ў 1913 г. Першую святую імшу адправіў як вікарый касцёла св. Рафала ў Вільні. З 1918 г. — пробашч мясцовага рымска-каталiцкага касцёла ў парафii Бенiца Вiленскага дэканата i адмiнiстратар у парафii Лоск Ашмянскага дэканата. У 1925 г. пераведзены ў парафiю Даўгiнава Вiлейскага дэканата. Прыхiльнiк Беларускай хрысцiянскай дэмакратыi. У душпастырскай дзейнасцi звяртаўся да вернiкаў з казаннямi на беларускай мове. Публічна выступіў супраць канкардату, падпісанага паміж Апостальскім пасадам і Польскай Рэспублiкай. З 1931 г. — пробашч у парафii Нецеч Вiленскай архiдыяцэзii. Ад імя заходнебеларускага каталіцкага духавенства разам з іншымі віднымі беларускімі святарамі Ф.Абрантовічам, Я.Рэшацем, А.Станкевічам, В.Гадлеўскім, К.Стаповічам і інш. падпісаў 19.5.1925 так званы «Мемарыял пятнаццаці», накіраваны ўдзельнікам агульнапольскай канферэнцыі біскупаў. У міжваеннае дваццацігоддзе выступаў за ўвядзенне беларускай мовы ў духоўных семінарыях Вільні і Пінска, а таксама ў дадатковыя набажэнствы ў касцёле. Матэрыяльна падтрымлiваў выданне беларускай рэлiгiйнай перыёдыкi. Памёр у 
1943 г.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «А»;
Directorium… Vilnensi;
Elenchus... Vilnensis;
Catalogus... Vilnensis;
Stankiewicz A., 1929;
Stankieviс A., 1939;
Божым шляхам (Лондан). 1964. № 84;
Spis kosciolow, 1973; 1979. 

АФАНАСІЙ

(1904–1983)

Праваслаўны святар, магістр багаслоўя, епіскап Віцебскі і Полацкі, манах, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, гісторык. У свецкім жыцці — Антон Мартас

 

Нарадзіўся 8.9.1904 на Навагрудчыне. Паходзіў з сялянскай сям’і Вікенція Мартаса. Скончыў гімназію ў Навагрудку і багаслоўскі факультэт Варшаўскага універсітэта (1930). На 2-м курсе універсітэта пастрыгся ў манахі ў Пачаеўскай лаўры. У 1933 г. абараніў магістэрскую дысертацыю. У сан архімандрыта ўзведзены ў 1938 г. З 1940 г. выконваў святарскiя абавязкi на Холмшчыне. У гады Другой сусветнай вайны браў удзел у беларускім грамадскім і нацыянальна-рэлігійным жыцці. 8.3.1942 рукапаложаны ў сан епіскапа Віцебскага і Полацкага. Удзельнік Усебеларускага царкоўнага сабора ў Мінску (30.8—2.9.1942), на якім была абвешчана аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы. З 1944 г. – у эміграцыі. Знаходзіўся ў лагеры для перамешчаных асоб у Германіі. 6.5.1946 разам з епіскапамі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы далучыўся да Рускай зарубежнай праваслаўнай царквы. У пачатку 50-х гадоў перабраўся ў Аргенціну. Даследаваў гісторыю беларускага царкоўна-рэлігійнага жыцця. Аўтар манаграфіі «Матар,ялы да гісторыі Праваслаўнай Беларускай царквы» (1947) і кнігі «Беларусь в исторической государственной и церковной жизни» (Буэнас-Айрэс, 1966). Памёр 3.11.1983 у Буэнас-Айрэсе.

Крынiцы:
Касяк I.;
Мартос А.;
Вiнiцкi А.;
Запiсы (Нью-Йорк). 1983. № 17. 

ВАСІЛЬ АЧАПОЎСКІ

(2-я пал. ХІХ ст.—пасля 1930)

Праваслаўны святар, протаіерэй Мінскай епархіі, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст.

Нарадзiўся ў 1880 г. (?). Паходзiў з праваслаўнай сям’i. Вучыўся ў духоўнай праваслаўнай семiнарыi. У 1918 г. абраны сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад праваслаўнага духавенства. Служыў у Кацярынінскай царкве ў Мiнску (1921). Прымаў удзел у беларусізацыі царкоўна-рэлігійнага жыцця ў Беларусі. Разам з мiтрапалiтам Мелхiседэкам у пачатку 20-х гадоў прымаў удзел у стварэннi Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ). Удзельнiчаў у з’ездзе праваслаўных iерархаў, духавенства i вернiкаў Мiнскай епархii (9—10.7.1927). Паплечнiк Фiларэта, епіскапа Бабруйскага. Падпiсаў Манiфест 1927 года, якi абвясцiў утварэнне БАПЦ. За рэлігійную дзейнасць у 30-я гады праследаваўся савецкімі ўладамі. Быў арыштаваны. Далейшы лёс невядомы.

Крынiцы:
НГАБ, ф. 2786, воп. 1, спр. 165;
Архiвы БНР;
Касяк I.;
Мартос А.;
За незалежнасьць;
Процька Т.

ВЯЧАСЛАЎ БАГДАНОВІЧ

(1878 -- пасля 1940)


Праваслаўны рэлігійны і грамадска-палітычны дзеяч, багаслоў, удзельнік 
беларускага хрысціянскага руху міжваеннага дваццацігоддзя ў Заходняй Беларусі, педагог, сенатар Польскай Рэспублiкi

 

Нарадзіўся ў 1878 г. на Лепельшчыне ў Віцебскай губ. Паходзіў з сям’і праваслаўнага святара. Пасля заканчэння Віцебскай духоўнай семінарыі прадоўжыў вучобу ў Кіеве, дзе ў 1903 г. скончыў духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя. З 6.11.1903 -- выкладчык біблейскай і царкоўнай гісторыі ў Віцебскай праваслаўнай семінарыі. Увесну 1907 г. пераехаў у Мінск, дзе працаваў на пасадзе інспектара ў мясцовай праваслаўнай семінарыі (з 18.5.1907). З восені таго ж года — інспектар Літоўскай духоўнай семінарыі. У 1911—1913 гг. — хавальнiк Лiтоўскага епархiяльнага сховiшча старажытных каштоўнасцей. Дэлегат Вялiкага царкоўнага сабора ў Маскве (1917—1918). У пачатку 20-х гадоў выконваў абавязкi рэктара духоўнай праваслаўнай семiнарыi. Сакратар Лiтоўскага епархiяльнага савета (1921). З верасня 1921 г. -- сябра Таварыства беларускай школы. У 1922 г. абраны ў сенат Польскай Рэспублiкi. Сябра Беларускага пасольскага клуба. У 20—30-я гады — сябра Беларускага нацыянальнага камiтэта (БНК) у Вiльнi, да 28.11.1933 — старшыня царкоўнай Праваслаўнай камiсii пры БНК. Выступаў супраць аўтакефалii праваслаўнай царквы у Польшчы. Сябра Духоўнай праваслаўнай кансiсторыi i епархiяльнага савета. Працаваў выкладчыкам у жаночым епархiяльным вучылiшчы i Вiленскай рускай гiмназii. Адзін з заснавальнікаў i кiраўнiкоў царкоўна-рэлігійнай суполкі «Беларускае дэмакратычнае праваслаўнае аб’яднанне» ў Вільні. Да сярэдзiны 30-х гадоў звязаны з Беларускай хрысцiянскай дэмакратыяй. Падтрымліваў кантакты з беларускімі каталіцкімі дзеячамі і з суполкай віленскіх марыявітаў. Паводле некаторых крынiц, у канцы 30-х гадоў быў арыштаваны польскiмi ўладамi i зняволены ў Бяроза-Картузскi канцэнтрацыйны лагер. З прыходам у Вільню савецкіх войскаў арыштаваны 30.9.1939 органамі бяспекі. Далейшы лёс невядомы.

Крынiцы:
LCVA, ф. 306, воп. 1, спр. 13;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр, 1;
ЭГБ, I;
Литовские епархиальные ведомости (Вільня). 1908. № 20;
Krynica (Вiльня). 1921. № 29;
Выясьненьнi (Вiльня). 1935. 3 лiп.;
Бацькаўшчына (Мюнхен). 1956. № 42;
Праваслаўе (Мiнск). 1997. № 5;
Славяноведение (Масква). 1997. № 3. 

ЯЗЭП БАЙКО

(1890 — пасля 1939)

Каталіцкі святар заходняга абраду, ганаровы шамбялян надлiчбавы, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр




Нарадзіўся 18.9.1890 у Малявічах Дольных Сакольскага павета Гро-дзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Мацей і Ева (з дому Аніськаў) Байко. У кастрычнiку 1907 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камiсii Пецярбургскай навучальнай акругi. У 1909 г. паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. На правах сябра ўваходзiў у культурна-асветны гурток беларусаў-клерыкаў. Пасвячоны ў святары 16.6.1913. Душпастырскую дзейнасць пачынаў вікарыем у мясцовасцi Ельня Лідскага дэканата. Пазней — на той жа пасадзе ў мясцовасцi Поразава. Удзельнік 1-га з’езда беларускіх каталіцкіх святароў у Мінску (24—25.5.1917), сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. З 1918 г. служыў адмiнiстратарам рымска-каталiцкага касцёла ў парафii Спас Вiлейскага дэканата. У душпастырскай дзейнасцi звяртаўся да вернiкаў з казаннямi на беларускай мове. У 1920—1925 гг. — у парафii Слядзяны Драгiчынскага дэканата. З 1933 г. — пробашч парафii Налiбакi.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Б»;
Directorium... Vilnensi;
Catalogus... Vilnensis;
Elenchus... Pinscensis;
Spis kosciolow, 1933—35;
Усходняя Беларусь;
Stankiewicz A., 1929. 


АЛЬБЕРТ БАКІНОЎСКІ

(1897–1978)


Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр

Нарадзіўся 4.2.1897. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям’і. У 1915 г. паступіў на 1-ы курс Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Петраградзе. У сувязі з прыходам да ўлады бальшавікоў і закрыццём царкоўна-рэлігійных навучальных устаноў прадоўжыў вучобу ў Пінску. Пасвячоны ў святары 12.6.1921 у г. Улацлавак (Польшча). Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў на Палессі. У сярэдзіне 20-х гадоў працаваў у Століне. Пазней служыў пробашчам у мястэчку Камянец-Літоўскі (1921—1934) і ў г. Шарашова Пружанскага павета Палескага ваяводства. Звязаны з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй. Матэрыяльна падтрымліваў выданне беларускіх каталіцкіх часопісаў і газет. Браў удзел у беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця Заходняй Беларусі. Выступаў з казаннямі на беларускай мове. Пасля Другой сусветнай вайны працаваў рэзiдэнтам у парафii Слiзаў Сыцаўскага дэканата (Вроцлаўскае ваяводства). Памёр у 1978 г.

Крынiцы:
LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 389;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; 
Elenchus... Pinscensis;
Directorium... Mohiloviensi;
Spis kosciolow, 1933—35;
Krynica (Вiльня). 1925. № 5;
Chryscijanskaja Dumka (Вiльня). 1934. № 8;
Schematyzm, 1964.


ЯКАЎ БАРАНОЎСКІ

(1872—1937)

Праваслаўны святар, дыякан Мінскай епархіі, удзельнік беларусізацыі праваслаўнай царквы на Беларусі

Нарадзіўся ў 1872 г. ў беларускай праваслаўнай сям’і Сцяпана Бараноўскага. У 20-я гады служыў псаломшчыкам у Мінскім кафедральным саборы. Прыхільнік стварэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, браў удзел у яе арганiзацыi i абвяшчэннi ў 1927 г. Удзельнiк з’езда прадстаўнiкоў праваслаўнай iерархii, духавенства i вернiкаў Мiнскай епархii (Мiнск, 9—10.7.1927). У 30-я гады — клірык царквы св. Марыі Магдаліны ў Мінску. За «контррэвалюцыйную дзейнасць» 28.7.1937 арыштаваны савецкімі ўладамі. Расстраляны 1.11.1937 у Мінску.

Крынiцы:
НГАБ, ф. 2786, воп. 1, спр. 165;
Касяк I.;
Мартос А.;
Синодик.


ЮЛЬЯН БАРОЎКА

(1886—1964)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр




Нарадзіўся 26.4.1886 у в. Лынкішкі Варанянскай воласці Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай каталіцкай сям’і: бацькі — Баніфацый і Марцыяна (з дому Прусевічаў) Бароўкі. У сакавіку 1905 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня перад камісіяй Маскоўскай навучальнай акругі. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі, якую закончыў у 1910 г. Пасвячоны ў святары ў тым жа годзе. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў на пасадзе вікарыя ў Гродне, дзе разам са святарамі Ф.Грынкевічам і В.Родзькам выступаў за асвету для беларускага народу на яго роднай мове. Пазней працаваў адміністратарам у парафіі Нараўка Пружанскага дэканата. Выступаў за белару-сiзацыю нацыянальна-рэлiгiйнага жыцця ў Заходняй Беларусi. Прамаўляў да вернiкаў у дадатковых казаннях на беларускай мове. З 1923 г. служыў у парафіі Баруны Ашмянскага дэканата. Праследаваўся польскiмi свецкiмi ўладамi. У 1924—1932 гг. – пробашч парафіі ў Забярэжжы Вішнеўскага дэканата. Пэўны час выконваў святарскія абавязкі ў Вільні. З 1937 г. — у парафіі Рэпля Віленскай архідыяцэзіі. Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Матэрыяльна падтрымліваў выданне беларускай каталіцкай перыёдыкi («Krynica», «Chryscijanskaja Dumka»). Памёр у 1964 г.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Б»;
Directorium... Vilnensi;
Catalogus... Vilnensis;
Krynica (Вiльня). 1920. № 15;
Stankievic A., 1939;
Spis kosciolow, 1973; 1979. 


ЯЗЭП БЕЛАГАЛОВЫ

(1883—1928?)

Каталіцкі святар заходняга абраду, кандыдат тэалогіі і магістр кана-нічнага права, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысці-янскага руху XX ст., душпастыр і педагог

Нарадзіўся 11.2.1883 у Пецярбургу. Паходзiў з каталiцкай сям’i Мацея Белагаловага. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Пецярбургу: вучыўся ў прыватнай каталiцкай гiмназii пры касцёле св. Кацярыны і ў 
6-й гімназіі. Скончыў у Пецярбургу Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю (1903) i Мітрапалітальную духоўную акадэмію (1907). Пасвячоны ў святары ў 1906 г. Пазней, у 1907—1910 гг., знаходзіўся ў Смаленску, дзе працаваў настаўнiкам рэлiгii ў мужчынскай гімназіі і рэальным вучылішчы. Вышэйшымi ўладамi Магiлёўскай рымска-каталiцкай архiдыяцэзii 14.8.1910 прызначаны выкладчыкам Мiтрапалiтальнай духоўнай каталiцкай семiнарыi ў Пецярбургу. За адмову праспяваць «многие лета» расійскаму самадзержцу высланы з семі-нарыі біскупам С.Данісевічам за мяжу (Рым, Інсбрук). У 1913—1918 гг. — зноў у Пецярбургу, дзе выконваў абавязкі намесніка прафесара грамадзянскага і кананічнага права ў духоўнай акадэміі. Адначасова выкладаў Закон Божы ў Інстытуце архітэктуры імя Мікалая I, у Мікалаеўскай школе кавалерыі і ў Канстанцінаўскай школе артылерыі. З беларускiм нацыянальна-рэлiгiйным рухам звязаны з часоў вучобы i душпастырскай дзейнасцi ў Пецярбургу. У 1918 г. прызначаны пробашчам і дэканам у Магілёў. Пэўны час выконваў абавязкі афіцыяла біскупскай курыі ў Мінску. Тут быў арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі і інтэрніраваны ў Смаленск. Пасля вызвалення вярнуўся ў Магілёў. Актыўна выступаў за беларусiзацыю рэлiгiйнага жыцця ў часы царызму i ў 20-я гады ў Савецкай Беларусi. Звяртаўся да вернiкаў з казаннямi на беларускай мове. Выказваўся за стварэнне самастойнай беларускай каталiцкай царквы, падначаленай непасрэдна Ватыкану. Прыхiльнiк пашырэння на Беларусi каталiцызму ўсходняга абраду. Падтрымлiваў шырокiя кантакты з Леанiдам Фёдаравым, экзархам католiкаў усходняга абраду ў Расii. У 1921 і 1926 гг. арыштоўваўся органамі савецкай бяспекі. Пасля апошняга арышту «за контррэвалюцыйную дзейнасць і шпіянаж на карысць Ватыкана» асуджаны на 5 гадоў канцэнтрацыйных лагераў без права амнiстыi. У 1928 г. прывезены з Салаўкоў у Маскву. Знаходзіўся ў турме на Лубянцы, дзе, па ўсёй верагоднасці, і быў закатаваны. Дакладная дата смерці і месца пахавання невядомы.

Крынiцы:
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 1871;
ЦГИА, ф. 46, воп. 3, спр. 238, 251; ф. 46, воп. 1, спр. 39;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Directorium... Mohiloviensi;
PSB, II;
Bielarus (Вiльня). 1913. № 2;
Dzwonkowski R., 1997;
Dzwonkowski R., 1998;
Скарынiч. 


УСЕВАЛАД БІЛЬДЗЮКЕВІЧ

(1879 -- пасля 1940)

Праваслаўны свецкі і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., рэдактар, журналіст, публіцыст

Нарадзіўся 9.4.1879 у Мінску. Паходзіў з сям’і праваслаўных беларусаў: бацькі – Віктар і Аляксандра (з дому Башынскіх) Більдзюкевічы. Да Першай сусветнай вайны працаваў чыноўнікам на чыгунцы. З 1918 г. ўваходзіў у склад урада Беларускай Народнай Рэспублiкi. Са студзеня 1919 г. – у Вільні. Разам з Ф.Вернікоўскім і А.Каўшом у сту-дзені 1930 г. на канферэнцыi прадстаўнiкоў беларускiх праваслаўных арганiзацый удзельнiчаў у стварэннi Беларускага праваслаўнага камітэта па беларусізацыі царквы. Рэдагаваў часопіс «Сьветач Беларусі» (1931). Прымаў удзел у заходнебеларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці. Выступаў на старонках беларускіх свецкіх і рэлігійных перыядычных выданняў, публікуючы матэрыялы па праблемах праваслаўнай царквы ў Польшчы і беларусізацыі рэлігійнага жыцця («Сьветач Беларусі», «Bielaruskaja Krynica» і інш.). Публікацыі падпісваў як уласным прозвішчам, так і псеўданімамі («Тутэйшы», «Местный»). Падтрымліваў сяброўскія адносіны з архімандрытам Філіпам і з беларускай групоўкай А.Луцкевіча. Прыхільнік ідэі аўтакефалii Беларускай праваслаўнай царквы.

Крынiцы:
LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 6, 1687;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1.


УЛАДЗІМІР БІРУЛЯ

(1873 – пасля 1945)

Праваслаўны святар, протаіерэй Мінскай епархіі, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст.

Нарадзіўся ў 1873 г. З 1917 г. звязаны з беларускім нацыянальна-адраджэнскім рухам. Сябра Беларускай народнай грамады ў Маскве. У сакавiку 1920 г. выступiў з казаннем на беларускай мове ў сувязi з 2-й гадавiнай абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублiкi. У 1920—1926 гг. выступаў за стварэнне аўтакефальнай Беларускай праваслаўнай царквы. Прыхільнік мiтрапалiта Мелхіседэка. Служыў протаіерэем у царкве Казанскай Божай Маці ў Мінскай епархіі (1926). У 30-я гады праследаваўся савецкімі ўладамі. За рэлігійную дзейнасць у красавіку 1935 г. арыштаваны органамі бяспекі. Тры гады правёў у савецкіх канцэнтрацыйных лагерах. Памёр у пасляваенны час.

Крынiцы:
НГАБ, ф. 2786, воп. 1, спр. 165;
Архівы БНР;
Синодик;
Stankievic A., 1939.


ІЛЬДЭФОНС БОБІЧ

(1890—1944)

Каталіцкі святар заходняга абраду, доктар філасофіі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху XX ст., відны беларускі і польскі тэолаг, душпастыр, педагог, перакладчык, пісьменнік і публіцыст, у беларускім каталіцкім перыядычным друку выступаў пад псеўданімам Пётра Просты (Piotra Prosty)

 

Нарадзіўся 10.1.1890 у в. Дзедзінка Друйскай воласці Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Канстанцін і Юзэфа (з дому Тарашкевічаў) Бобічы. У чэрвені 1909 г. паспяхова закончыў Ковенскую гімназію i ў верасні таго ж года паступіў у Віленскую духоўную ката-ліцкую семінарыю. Сябра беларускага гуртка семінарыстаў. З 1912 г. вучыўся ў Collegium Germanicum у Рыме, які закончыў з навуковай ступенню доктара філасофіі. Пад час вучобы ў Рыме, як згадвае А.Клiмовiч, «патрапiў дайсьцi да тагачаснага папы Пiя Х i атрымаць ад яго апостальскае блаславенне для чытачоў беларускага часапiса для беларусаў-католiкаў «Bielarus». Пасвячоны ў святары 15.7.1915. На 1-м з’ездзе беларускiх святароў у Мiнску (24—25.5.1917) уступiў у саюз ксяндзоў-беларусаў. Працаваў вікарыем у Друі і душпастырам на Дзісеншчыне (1917—1920). Браў удзел у 3-м з’ездзе беларускiх каталiцкiх святароў (Вiльня, 12—13.7.1921), дзе выступiў з рэфератам пра беларускае рэлiгiйнае выдавецтва. У 1921—1923 гг. працаваў законавучыцелем у Вiленскай беларускай гiмназii. Пазней, у 1923 г., – пробашч у мястэчку Германавічы. Апошнія чатырнаццаць гадоў душпастырскай дзейнасці правёў на пасадзе пробашча і дэкана ў мястэчку Іўе (1930—1944). З 1913 г. супрацоўнічаў з беларускімі каталіцкімі выданнямі («Bielarus», «Krynica» і інш.). Выступаў у польскіх рэлігійных часопісах («Przeglad Homiletyczny», «Nowa Biblioteka Kaznodziejska»). Пераклаў на польскую мову працы св. Бернара Клервоскага («Kazania sw. Bernarda o NMP»). Падкрэсліваў важную ролю і функцыю казанняў як сродку папулярызацыі тэалагічнай навукі. У мiжваеннае дваццацiгоддзе падрыхтаваў i выдаў «Нядзеляшнія эвангелii i навукi» (1912). Да 1930 г. актыўна выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў дзейнасць каталіцкай царквы на заходнебеларускіх абшарах. Праследаваўся польскім духавенствам Віленшчыны. На пачатку 30-х гадоў адышоў ад беларускай дзейнасці. У гады Другой сусветнай вайны падрыхтаваў два тамы фундаментальнай працы «Навучайце ўсе народы». Быў арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Знаходзіўся ў турме. Неўзабаве пасля вызвалення 28.4.1944 памёр у Iўi. Пахаваны на мясцовых могiлках.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Б»;
Directorium... Vilnensi;
Catalogus... Vilnensis;
БП, V;
EK, II; 
Усходняя Беларусь;
Krynica (Вiльня). 1920. № 16;
Spis kosciolow, 1973; 1979;
Stankiewicz A., 1929.


МІХАIЛ БОРЫК

(1892–1956)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст, душпастыр




Нарадзіўся 27.12.1892 у в. Свілы Лідскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Міхаiл і Юзэфа (з дому Гедройцаў) Борыкі. Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камiсii Маскоўскай навучальнай акругi (сакавiк 1909). З 1911 г. — у Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Удзельнік культурна-асветнага гуртка беларускіх клерыкаў. Пасвячоны ў святары ў 1915 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя. Прымаў удзел у 1-м з’ездзе беларускіх каталіцкіх святароў у Мінску (24—25.5.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця беларусаў-католікаў. У 1918—1924 гг. µ— адміністратар у парафіі Дзеркаўшчына Надвілейскага дэканата. Пазней служыў у мясцовасцi Бальбінава Мiёрскага дэканата (з 1925). Напрыканцы 20-х гадоў працаваў пробашчам у парафіі Баброўшчына Віленскай архідыяцэзіі (1927—1932). Пашыраў беларускую мову ў душпастырcкай дзейнасці каталіцкіх святароў. Пазней выконваў святарскія абавязкі ў Смаргоні і мясцовасцi Нестанішкі (1933—1938). Памёр у 1956 г.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Б»;
Elenchus... Vilnensis;
Catalogus... Vilnensis;
Spis kosciolow, 1973; 1979;
Усходняя Беларусь;
Stankiewicz A., 1929;
Stankievic A., 1939.


ФРАНЦІШАК БУДЗЬКА

(1884—1920)

Каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, пачынальнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., пісьменнік, перакладчык і публіцыст




Нарадзіўся 23.1.1884 у в. Вознаўшчына Вілейскага павета Віленскай губ. Паходзiў з сялянскай сям’i беларусаў-католiкаў: бацькi — Карл i Кацярына (з дому Падрэзаў) Будзькi. Скончыў Вiлейскае павятовае вучылiшча (1899). У 1901 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камiсii Пецярбургскай навучальнай акругi. У 1901—1905 гг. – у Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу, дзе пачаў перакладаць на беларускую мову рэлігійныя кнігі. Працягваў вучобу на свой кошт у Мітрапалітальнай духоўнай каталiцкай акадэміі (1906). Праз год па прычыне цяжкага матэрыяльнага становiшча ад вучобы адмовiўся. Пасвячоны ў святары ў 1907 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў 9.1.1908 на пасадзе вiкарыя ў Полацкiм касцёле. У 1912—1917 гг. – у Пецярбургу, дзе служыў вікарыем і вёў заняткі ў Сестржанцэвіцкім павятовым вучылішчы пра касцёле св. Станіслава. Пасля 1917 г. працаваў у Полацкім дэканаце. На працягу сваёй культурна-асветнай і рэлігійнай дзейнасці паслядоўна і актыўна выступаў за ўвядзенне беларускай мовы ў рэлігійнае жыццё беларусаў-католікаў. Матэрыяльна падтрымліваў выданне першай беларускай каталіцкай газеты «Bielarus» (Вільня, 1913—1915). Сябра арганізацыйнага камітэта і ўдзельнік 1-га з’езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску (24—25.5.1917). Адзін з пачынальнікаў беларускага каталіцкага выдавецкага руху. З прыходам савецкай улады на Беларусь праследаваўся органамі бяспекі. Паводле беларускіх гісторыка-рэлігійных крыніц памёр 2.1.1920 у мясцовасцi Янатруда на Полаччыне.

Крынiцы:
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 1794;
Directorium… Mohiloviensi;
Stankiewicz A., 1929;
Stankievic A., 1939;
Dzwonkowski R., 1998.


МІХАIЛ  БУКЛЯРЭВІЧ

(1884—1919)

Каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр




Нарадзіўся 12.10.1884 у в. Лінгі Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Філіп і Ганна (з дому Стэфано-вічаў) Буклярэвічы. Вучыўся ў гарадскім 2-класным вучылішчы пры Віленскім настаўніцкім інстытуце, якое паспяхова скончыў у чэрвені 1901 г. У 1-й Віленскай мужчынскай гімназіі здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня. З 1904 г. — у Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыi. Пасвячоны ў святары ў 1908 г. У гэтым жа годзе распачаў душпастырскую дзейнасць, працаваў адмiнiстратарам у парафіі Нараўка Сакольскага павета. З 1917 г. — адміністратар у мястэчку Іказнь Дзісенскага павета. Займаўся беларускай культурна-асветнай дзейнасцю, адкрываў беларускія школы. Прымаў удзел у з’ездзе каталіцкага духавенства Дзісенскага дэканата (6—7.8.1918), які выказаўся за шырокае адкрыццё ў дэканаце беларускіх школ «з мовай навучання беларускай». Удзельнікі з’езда падкрэслілі і той факт, што «абшар дзейнасьці Каталіцкай дэмакрацыі ў дэканаце ёсьць беларускі». У час ваенных падзей 1919 г. выступіў супраць бальшавіцкіх улад. За антыбальшавіцкую дзейнасць 27.6.1919 асуджаны на смерць. Расстраляны ў в. Бігосава на Віцебшчыне. Урачыста перапахаваны 24.3.1920 у Іказнi.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Б»;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Directorium… Vilnensi;
PSB, III; 
Stankiewicz A., 1929;
Dzwonkowski R., 1998. 


АНТОН БЫЧКОЎСКI

(2-я пал. ХІХ ст. —?)

Культурна-грамадскi i рэлiгiйны свецкi дзеяч, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., рэдактар, выдавец

Нарадзiўся ў 1887 г. (?) у в. Каробчыцы Сакольскага павета Гродзенскай губ. Паходзiў з сялянскай сям’i Янкi Бычкоўскага. Скончыў 4-класную мужчынскую гiмназiю ў г. Гродна. З верасня 1905 г. — клерык Вiленскай духоўнай каталiцкай семiнарыi. 17.3.1906 г. падаў прашэнне аб выключэннi яго з лiку семiнарыстаў па асабiстых прычынах. На пачатку 1910-х гадоў уключыўся ў беларускi нацыянальна-рэлiгiйных рух. Адзiн з iнiцыятараў i выдаўцоў першай нацыянальна-рэлiгiйнай газеты «Bielarus». На пасадзе яе рэдактара-выдаўца працаваў больш года. На старонках выдання выступаў з паэтычнымi творамi.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Б»;
LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521;
Bielarus (Вiльня). 1913. № 8. 


ГЕНРЫК БЭТА

(1886–1965)

Каталіцкі святар заходняга абраду, магістр тэалогіі, прэлат Ломжынскай кафедральнай капітулы, канонік, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр і педагог. Як пісьменнік выступаў пад псеўданімам H.Biarozka

Нарадзіўся 7.11.1886. Паходзіў з сям’і беларусаў-католікаў. Скончыў духоўную каталіцкую семінарыю ў Сейнах (1908). Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу (1908—1912). Пасвячоны ў святары 17.6.1911. З часоў вучобы ў Пецярбургу звязаны з беларускім культурна-нацыянальным і рэлігійным рухам. Сябра культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў у духоўнай акадэміі. Паводле сведчання А.Клімовіча «меў вялікі ўплыў на нацыянальнае ўсведамленьне адносных з ім беларускіх студэнтаў». Супрацоўнічаў з першай беларускай каталіцкай газетай «Bielarus» (1914). З 1919 г. працаваў на пасадзе прафесара ў дыяцэзіяльнай каталіцкай семінарыі ў г. Ломжа (Польша). Выкладаў Святое Пiсанне для студэнтаў-клерыкаў. Цэнзураваў кнiгi рэлiгiйнага зместу. З 1925 г. – на пасадзе рэктара духоўнай семінарыі. Віцэ-афіцыял Ломжынскай кафедральнай капітулы (з 26.4.1929). Сябра рады прасінадальных экзаменатараў. Напярэдадні Другой сусветнай вайны працаваў на пасадзе рэктара Місіянерскага інстытута ў Ломжы. Быў сталым падпісчыкам газеты «Chryscijanskaja Dumka». У гады вайны і ў пасляваенны час па-ранейшаму жыў і працаваў у Ломжы. Займаўся выкладчыцкай і душпастырскай дзейнасцю, гаспадарчымі і грамадскімі справамі. З 1952 г. служыў пробашчам у парафii Чыжаў Ломжынскай дыяцэзii. У 1956 г. абраны прасiнадальным экзаменатарам. Сябра Ломжынскай дыяцэзiяльнай гаспадарчай рады. Памёр 1.10.1965 г. Сваё разуменне і адносіны да беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху прадставіў яшчэ на пачатку 20-х гадоў у адным з лістоў да вядомага дзеяча беларускага хрысціянскага руху А.Станкевіча. Падкрэсліваючы факт адраджэння Беларусі, ён пісаў: «Беларусы, як і кожны іншы народ, маюць права на адраджэнне. […] Рухам гэтым будуць кіраваць альбо сумленныя і ахвярныя людзі, альбо ашуканцы. Саветы несумненна выкарыстаюць гэты рух для сваіх мэт». 

Крынiцы:
ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 138; ф. 5, воп. 1, спр. 1;
LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 389;
Directorium... Mohiloviensi;
Elenchus…Lomzensis;
Krynica (Вільня). 1919. № 4; 1925. № 4;
Rocznik, 1972.


КАСПАР ВАЛАДКЕВІЧ

(1891–1970)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр




Нарадзіўся 8.2.1891 у в. Слабада Віленскага пав. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Восіп і Іаанна (з дому Тышкевічаў) Валадкевічы. Скончыў гарадское 3-класнае вучылішча ў Ашмянах (1909). Па выніках экзаменаў у лістападзе 1911 г. атрымаў пасведчанне на званне аптэкарскага вучня ў навучальнай акрузе Пецярбурга. З 1912 г. вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасля яе заканчэння ў 1920 г. пасвячоны ў святары. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя ў Саколцы. У 1921—1928 гг. – пробашч у парафіі Маева. Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў міжваеннае дваццацігоддзе на заходнебеларускіх абшарах. Прамаўляў казаннi на беларускай мове. Сярод парафіян, дарослых і моладзі распаўсюджваў беларускія свецкія і рэлігійныя выданні. На пачатку ліпеня 1921 г. быў абвінавачаны польскімі ўладамі ў антыдзяржаўнай дзейнасці паводле артыкулаў 129 і 130 Крымінальнага кодэксу Польскай Рэспублiкi. Следства па яго справе, якое вяла пракуратура Акруговага суда ў Вільні, скончылася 26.10.1923 апраўданнем. У 1929—1933 гг. працягваў выконваць святарскія абавязкі ў Малой Бераставіцы. З 1934 г. – на пасадзе пробашча ў мясцовасцi Квасаўка. У перадваенныя гады служыў у парафіі Анжадаў. Памёр у 1970 г.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «B»;
LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 71;
Directorium... Vilnensi;
Catalogus... Vilnensis;
Spis kosciolow, 1973; 1979. 


ВАСIЛЬ

(1900—1970)

Праваслаўны святар, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай 
царквы (БАПЦ), доктар багаслоўя, рэлiгiйны i грамадскi дзеяч беларускага замежжа, удзельнiк беларускага хры-сцiянскага руху ХХ ст. У свецкiм жыццi — Уладзiмiр Тамашчык



Нарадзiўся 15.4.1900 у в. Вялiкiя Азярыны Гродзенскага пав. Паходзiў з сям’i праваслаўных беларусаў: бацькi — Данiла i Марыя (з дому Жанеўскiх) Тамашчыкi. Скончыў пачатковую школу ў в. Вялiкiя Азярыны. У 1913 г. з сям’ёй пераехаў у маёнтак Дубляны недалёка ад мястэчка Вялiкая Бераставiца. Вучыўся ў г. Гродна. У час Першай сусветнай вайны з наблiжэннем фронту з сям’ёй эвакуiраваўся ўглыб Расii. Са снежня 1915 г. жыў у Омску, дзе скончыў сярэднюю школу (1920). У 1921 г. разам з сям’ёй вярнуўся на Беларусь. Адбудаваў з братамi зруйнаваны вайной маёнтак у Дублянах. Да беларускага нацыянальна-адраджэнскага руху далучыўся ў 20-я гады пад уплывам заходнебеларускага перыядычнага друку i выступленняў беларускiх паслоў на пасяджэннях у сейме Польскай Рэспублiкi. У 1927 г. арыштаваны польскiмi ўладамi, беспадстаўна абвiнавачаны ў антыдзяржаўнай дзейнасцi i прыгавораны да 3 гадоў турмы. З 1930 г. — у Чэхаславакii. Вучыўся ў Пражскiм полiтэхнiчным iнстытуце на агранамiчным факультэце. Пасля заканчэння вучобы ў 1934 г. быў запрошаны на пасаду асiстэнта ў Пражскi iнстытут заалогii. Адначасова з навуковай працай браў удзел у грамадскiм жыццi беларускай эмiграцыi. Пэўны час працаваў сакратаром старшынi Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi В.Захаркi. У гады Другой сусветнай вайны, пасля акупацыi Беларусi нямецкiмi войскамi, на кароткi час вярнуўся ў Дубляны. Пазней пераехаў у Беласток, дзе ўключыўся ў беларускую грамадска-культурную працу. Працаваў намеснiкам рэдактара беларускай газеты «Новыя дарогi». З 1944 г. — у эмiграцыi. З сярэдзiны 40-х гадоў жыў i працаваў у Мюнхене. Быў абраны старшынёй Цэнтральнага беларускага камiтэта ў Германii. Як «нацыянальную здраду» ацанiў пераход епiскапаў БАПЦ у Рускую зарубежную праваслаўную царкву. Пастрыгся ў манахi i прыняў iмя Васiль 23.4.1949 у г. Констанц (Германiя). Вышэйшымi духоўнымi iерархамi Украiнскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ўзведзены ў сан епiскапа ў беларускай царкве св. Мiкалая ў г. Розенгайм (19.12.1949). У 1951 г. скончыў Украiнскую багаслоўскую акадэмiю ў эмiграцыi. На свяшчэнным Саборы епiскапаў БАПЦ у гэтым жа годзе абраны адмiнiстратарам БАПЦ у ЗША, Канадзе i Еўропе. З 2-й паловы 1951 г. — у ЗША. Стала жыў у Нью-Йорку, дзе арганiзаваў царкоўна-рэлiгiйны i адмiнiстрацыйны цэнтр епiскапата БАПЦ у Паўночнай Амерыцы. Удзельнiчаў у беларускiм грамадска-культурным жыццi на эмiграцыi. Некаторы час узначальваў Беларускi iнстытут навукi i мастацтва. Быў сябрам Беларуска-амерыканскага задзiночання. Выступаў з малiтвамi ў Сенаце ЗША у сувязi з гадавiнамi абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Быў асабiста знаёмы з прэзiдэнтамi ЗША Л. Джонсанам i Р.Нiксанам. Садзейнiчаў арганiзацыi новых прыходаў БАПЦ, функцыянаванню суботнiх i ня-дзельных школ беларусаведы. Памёр 9.6.1970 у Нью-Йорку. 

Крынiцы:
Беларус (Нью-Йорк). 1970. № 159; 1980. № 279;
Кiпель В. 


AЛЯКСАНДР ВЕРНІКОЎСКІ

(1884–1994)

Праваслаўны святар, протаіерэй, кандыдат багаслоўя, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., рэлігійны і культурны дзеяч, педагог




Нарадзіўся 25.7.1884 у Вільні. Паходзіў з сям’і Льва Вернікоўскага, псаломшчыка Віленскага Прачысценскага сабора. У 1893—1897 гг. вучыўся ў Замкавым 2-класным прыходскім вучылішчы. Скончыў Віленскае Андрэеўскае духоўнае вучылішча (1901). Пазней вучыўся ў Мінскай духоўнай семінарыі (1901—1907). З чэрвеня 1907 г. – канцылярскі служачы Віленскай філіі Дзяржаўнага банка. Праз год прызначаны псаломшчыкам у царкву Казанскага пяхотнага юнкерскага вучылішча (5.5.1908). 25.8.1909 паступіў у Казанскую духоўную акадэмію, якую закончыў са ступенню кандыдата багаслоўя. Са жніўня 1914 г. – канцылярскі служачы Казанскай кантрольнай палаты. Напрыканцы таго ж года прызначаны на пасаду намесніка інспектара Тульскай духоўнай семінарыі, дзе адначасова выкладаў нямецкую і французскую мовы. У лютым 1922 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Працаваў псаломшчыкам Нараўскай царквы Белавежскага павета Гродзенскай губ. У 1922—1923 гг. – дырэктар беларускай гімназіі ў г. Радашковічы Віленскай губ. З 16.10.
1923 – настаўнік гісторыі, царкоўных спеваў і беларускай мовы ў Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі. Пэўны час жыў у Беластоку, а пазней пераехаў у Мінск. Служыў настаяцелем Свята-Петрапаўлаўскай царквы на Нямізе. У жніўні 1944 г. прымаў удзел у сходзе духавенства, дзе выступіў з асуджэннем «камуністычных парадкаў». Арыштаваны савецкімі ўладамі 3.1.1945. Пяць гадоў правёў у канцэнтрацыйных лагерах на Урале, у Сібіры і Казахстане. На Беларусь вярнуўся ў 1950 г. Служыў настаяцелем у м. Дварэц (Дзятлаўскага раёна) і ў м. Леніна Слуцкага раёна, дзе выйшаў на пенсію. Пераехаў да сына Святаслава ў г. Орша. Памёр 6.7.1994.

Крынiцы:
Прыватны архіў С.Вернікоўскага;
LCVA, ф. 220, воп. 1, спр. 172;
Синодик.  


ФЁДАР ВЕРНІКОЎСКІ

(1861 — пасля 1935)

Грамадска-палітычны і свецкі праваслаўны дзеяч, адзін з ініцыятараў і ўдзельнікаў беларусізацыі праваслаўнай царквы ў міжваеннае дваццацігоддзе ў Заходняй Беларусі




Нарадзіўся ў мястэчку Дудзічы Ігуменскага павета Мінскай губ. Паходзіў з сям’і псаломшчыка Міхаiла Вернікоўскага. Вучыўся ў духоўным вучылішчы і праваслаўнай семінарыі ў Мінску. Пазней – у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце. Працаваў у Сялянскiм пазямельным банку, Заходняй экспедыцыi па асушцы палескiх балот i арашэннi паўднёвых зямель, Міністэрстве земляробства і дзяржаўнай маёмасці Ра-сійскай імперыі. У 1906 г. – кансультант-дарадчык камісіі па зямельным паляпшэнні гаспадаркі ў 1-й Дзяржаўнай думе. Пасля выхаду ў адстаўку жыў у Мінску. На правах сябра быў абраны ў Мінскую гарадскую думу. Далучыўся да беларускага нацыянальна-адраджэнскага руху пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Працаваў скарбнікам Мінскага беларускага народнага прадстаўніцтва (снежань 1917 – красавік 1918). Абраны ў харчовую i фiнансавую камiсii на 2-й сесii Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi (БНР; 1.5.1918). У першым урадзе БНР пад кіраўніцтвам Р.Скірмунта займаў пасаду дзяржаўнага скарбніка. Быў прызначаны народным сакратаром гандлю i прамысловасцi. Са снежня 1918 г. жыў у Вільні. Пазней пераехаў у Гродна, дзе на правах сябра ўваходзіў у Беларускі нацыянальны камітэт і ў Цэнтральную Беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны. Са жніўня 1919 г. – у Часовым Беларускiм нацыянальным камітэце ў Мінску. Выконваў абавязкі дарадчыка і адказнага за ўзаемакантакты з Царкоўнай радай Мінскай праваслаўнай епархіі. З 1921 г. – у Вільні. Працаваў у заходнебеларускіх грамадска-культурных, рэлігійных і палітычных арганізацыях. У 1928—1929 гг.— рэдактар газеты «Грамадзянiн». Адзін з актыўных удзельнікаў беларусізацыі праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі, iнiцыятар выдання i першы рэдактар беларускага праваслаўнага часопiса «Сьветач Беларусi». У 1930 г. у Вiльнi на канферэнцыi прадстаўнiкоў беларускiх праваслаўных арганiзацый абраны старшынёй Беларускага праваслаўнага камiтэта па беларусiзацыi царквы.

Крынiцы:
Архiвы БНР;
ЭГБ, II. 



ЮРЫЙ ВЕСЯЛКОЎСКI

(нар. 1924)

Культурна-грамадскi i праваслаўны свецкi дзеяч беларускага замежжа ў Вялiкабрытанii, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., гiсторык, рэдактар, публiцыст



Нарадзiўся 2.1.1924 у мястэчку Новы Свержань. Паходзiць з сям’i праваслаўных беларусаў: бацькi — Мiкалай i Соф’я Весялкоўскiя. Пачатковую адукацыю атрымаў дома i ў польскай школе. З прыходам у Заходнюю Беларусь савецкіх войск (1939) вучыўся ў сярэдняй школе. З 1942 г. — студэнт Беларускай настаўнiцкай семiнарыi ў Нясвiжы. Пазней накіраваны ў афiцэрскую школу Беларускай краёвай абароны. Улетку 1944 г. эвакуiраваны з iншымi выхаванцамi афiцэрскай школы ва Усходнюю Прусiю. Адтуль быў накiраваны на фронт у Заходнюю Францыю. Напрыканцы верасня 1944 г. перайшоў на бок французскiх партызанаў. Пазней быў iнтэрнiраваны амерыканскiмi вайсковымi ўладамi. Знаходзiўся ў польскiм вайсковым лагеры ў г. Марсель. З 27.12.1944 — у польскiм войску. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны трапiў у Вялiкабрытанiю. Вучыўся ў польскай гiмназii ў г. Мадэн, дзе пазнаёмiўся з беларускiм дзеячам В.Грышкевiчам. Прымаў удзел у дзейнасцi Згуртавання беларусаў Вялiкай Брытанii. Пасля дэмабiлiзацыi з польскага войска ў лiстападзе 1948 г. пераехаў у Лондан. Уступiў у Хрысцiянскае аб’яднанне беларускiх работнiкаў (ХАБР), дзе ўзначалiў рэдакцыю часопiса «Аб’яднанне». Выйшаў з ХАБР у 1962 г. пасля канфлiкту з беларускiм палiтычным дзеячам Р.Астроўскiм. З 1974 г. рэдагаваў беларускi праваслаўны царкоўна-рэлiгiйны часопiс «Званiца». Актыўна супрацоўнiчае з беларускiмi перыядычнымi выданнямi ў эмiграцыi i Польшчы. Выступае з артыкуламi гiстарычнага i рэлiгiйнага характару. Найбольш шырока яго публiцыстычная дзейнасць была прадстаўлена на старонках двухмесячнiка «Voice of Time» («Голас часу»), рэдактарам якога ён быў з 1989 г. Як адзначае беларускi гiсторык з Польшчы А.Мiрановiч, у адносiнах да беларускага унiяцка-мiсiянерскага асяродка ў Лондане i яго прыхiльнiкаў быў у апазiцыi. Аўтар шэрагу кнiг, прысвечаных праблемам праваслаўя, гiсторыi Беларусi ХХ ст. («Дарога рымскiх папаў на Усход», 1992; «Што прывяло Армiю Краёву на Беларусь», 1995; «Беларусь у Першай сусветнай вайне», 1996).

Крынiцы:
Bialoruskie Zeszyty Historyczne (Беласток). 1996. № 2. 


ВІКТАР ВОЙТАНКА

(1912—1972)

Праваслаўны святар, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., доктар медыцыны. У эміграцыі — Васілеўскі.




Нарадзіўся 6.11.1912 у фальварку Мачульня Навагрудскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сям’і праваслаўных беларусаў: бацькі – Сцяпан (праваслаўны святар) і Філамена (з дому Рахавецкіх) Войтанкі. Скончыў пачатковую школу ў мястэчку Дварэц і чатыры класы гімназіі ў Навагрудку. З пераводам бацькі ў прыход у мясцовасці Ястрабль і Жалязніца Баранавіцкага павета (?) працягваў вучобу ў гімназіі імя Тадэвуша Рэйтана ў Баранавічах. Пасля яе заканчэння ў 1931 г. паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага універсітэта імя Стафана Баторыя. Браў удзел у дзейнасці Беларускага студэнцкага саюза і акадэмічнага гуртка беларусаведы. З восені 1937 г. служыў у польскім войску. Год правёў у «санітарнай падхаранжоўцы», а наступныя шэсць месяцаў – у вайсковым шпіталі ў г. Торунь. Пасля дэмабілізацыі ўвесну 1939 г. здаў выпускныя экзамены ва універсітэце і атрымаў дыплом доктара медыцыны. На пачатку Другой сусветнай вайны зноў быў мабілізаваны, але ў хуткім часе, у сувязі з акупацыяй Польшчы нямецкімі войскамі, вярнуўся ў родныя мясціны. З прыходам у Заходнюю Беларусь савецкай улады жыў з сям’ёй у Баранавічах. Працаваў загадчыкам дзіцячай паліклінікі і ўрачом хуткай дапамогі. На пачатку 1941 г. знаходзіўся ў Мінску на курсах па ўдасканаленні ўрачоў-педыятраў. Пасля акупацыi Беларусi нямецкiмi войскамi арганізаваў у Баранавічах медыцынскую школу з урачэбным, фармацэўтычным і адміністрацыйным аддзеламі. Звяртаўся да акупацыйных улад з просьбамі аб вызваленні з лагераў для ваеннапалонных беларусаў. Прыкладаў намаганні, каб не дапусціць вывазу ў Германію беларускай моладзі. У 1943 г. па загадзе нямецкіх акупацыйных улад быў пераведзены на пасаду акруговага ўрача ў Слонім. З 1944 г. – у эміграцыі. Спачатку знаходзіўся ў Германіі. Жыў у гарадах Людвігсбург і Зальгаў. Працаваў урачом на суднах, якія ў 1948—1950 гг. перавозілі эмігрантаў-бежанцаў у ЗША і Аўстралію. Пасля капітуляцыі Германіі імкнуўся «не дапусціць да пераходу беларускіх праваслаўных епіскапаў у Рускую зарубежную праваслаўную царкву». На правах прадстаўніка ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі сустракаўся з украінскім епіскапам Сяргеем і звярнуўся да яго з прапановай узначаліць Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву (БАПЦ). Вынікам перамоў стала скліканне 5.6.1948 у г. Констанц (Германія) сабора, на якім было абвешчана аднаўленне БАПЦ. У 1950 г. з сям’ёй пераехаў у ЗША. Прайшоў медыцынскую стажыроўку ў Джэрсі-Сіці. Працаваў урачом у Нью-Йорку і ў Фэйр-Гевен (штат Нью-Джэрсі). У 1960 г. атрымаў ліцэнзію на права займацца ўласнай медыцынскай практыкай. Прайшоў двухгадовую анестэзіялагічную спецыялізацыю і да 1968 г. працаваў у мясцовасці Пасэйк (штат Нью-Джэрсі). Пасля смерці бацькі, мітрафорнага протаіерэя БАПЦ Сцяпана Войтанкі, прыняў рашэнне стаць святаром. Рукапаложаны ў духоўны сан 15.6.1969 у Нью-Йорку архіепіскапам Васілём. Выконваў святарскія абавязкі ў прыходзе Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд-Парку. Прымаў удзел у грамадска-культурным жыцці беларускага замежжа ў ЗША. Сябра Вялікалітоўскага навуковага таварыства імя Францішка Скарыны, у якім займаў пасаду скарбніка. Памёр 25.4.1972. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку.

Крынiцы:
Вiнiцкi А.;
Голас царквы (Нью-Йорк). 1972. № 36;
Беларус (Нью-Йорк). 1972. № 182; 1977. № 241;
Малецкi Я.;
Кіпель В.


СЦЯПАН ВОЙТАНКА

(1886—1968)

Праваслаўны святар, мітрафорны протаіерэй, рэлігійны дзеяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у эміграцыі




Нарадзіўся 28.10.1886. Паходзіў з сялянскай сям’і праваслаўных беларусаў: бацькі – Парфірый і Ефрасіння Войтанкі. Скончыў пачатковую школу. Паспяхова здаў экзамены ў гімназію, аднак з-за матэрыяльных цяжкасцей ад вучобы адмовіўся. Веды здабываў самаадукацыяй і прыватнымі заняткамі. З 18-гадовага ўзросту працаваў настаўнікам у в. Карыца-Рабкі на Навагрудчыне. Пазней кіраваў царкоўным хорам у Зэльве. Пры Гродзенскай кансісторыі вытрымаў экзамен на дыякана. У гады Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны ў войска. Служыў пісарам. Паводле дэкрэта, выдадзенага ўрадам Керанскага, быў адкліканы з войска як настаўнік. Працаваў у Сакаловічаўскай школе Сенненскага павета Віцебскай губ. Рукапаложаны ў сан святара 2.8.1918 у Гродне. У 30-я гады – настаяцель Марозавіцкага прыхода на Гродзеншчыне. У 1938 г. звольнены Гродзенскай кансісторыяй «за супраціў паланізацыі праваслаўнай царквы» і за ўдзел сына Віктара ў віленскіх беларускіх арганізацыях. З 1944 г. – у эміграцыі. Напрыканцы 40-х гадоў уключыўся ў царкоўна-рэлігійнае жыццё. Прымаў удзел у скліканні ў 1948 г. Констанцкага сабора і аднаўленні БАПЦ. Служыў настаяцелем прыхода Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд-Парку (штат Нью-Джэрсі, ЗША). Апошнія гады святарства правёў у прыходзе БАПЦ у Нью-Брансуіку. Памёр 26.6.1968. Пахаваны на могілках у Іст-Брансуіку.

Крынiцы:
Вiнiцкi А.;
Беларус (Нью-Йорк). 1968. № 173;
Кіпель В. 


ЯНКА ВЯРСОЦКІ

(1888—1937)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр

Нарадзіўся 17.2.1888 у мястэчку Гальшаны Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і беларусаў-католікаў: бацькі – Янка і Ганна (з дому Сініцкіх) Вярсоцкія. Вучыўся ў Ашмянскім гарадскім 3-класным вучылішчы (1904—1908). Пасля яго заканчэння паспяхова вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі (6.4.1909). У 1910—1915 гг. вучыўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу, дзе наведваў культурна-асветны гурток беларускіх студэнтаў-клерыкаў. У 1915 г. пасвячоны ў святары. Працаваў вікарыем парафіі св. Тройцы ў Мінску і Смаленску. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. У Мінску ўдзельнічаў ў працы 1-га з’езда беларускіх каталіцкіх святароў (24—25.5.1917) і прысутнічаў на Усебеларускім кангрэсе ў снежні 1917 г. Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. З 1919 г. – адміністратар парафіі Забялы Дрыса-Себежскага дэканата Віцебскай губ. Арыштаваны 8.8.1927 органамі савецкай бяспекі. Абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці. Асуджаны на тры гады лагераў. З 1.1.1928 – на Салаўках. Пасля заканчэння тэрміну зняволення зноў арыштаваны і высланы ў г. Алма-Ата (Казахстан). У высылцы прыгавораны да вышэйшай меры пакарання (11.12.1937). Расстраляны 22.12.1937 у турме НКУС Алма-Аты.

Крынiцы:
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2169а;
Directorium... Mohiloviensi;
Elenchus… Mohiloviensis;
Усходняя Беларусь;
Chryscijanskaja Dumka. 1934. № 4, 11; 1936. № 8;
Stankievic A., 1939;
Dzwonkowski R., 1998. 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster