ВІНЦУК ГАДЛЕЎСКІ
(1888—1942?)
Каталіцкі святар заходняга абраду, магістр тэалогіі, рэлігійны, культурны і грамадска-палітычны дзеяч, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху XX ст., педагог, журналіст, выдавец, публіцыст, перакладчык
Нарадзіўся 16.11. (паводле iншых звестак 16.12) 1888 у мястэчку
Шурычы Ваўкавыскага павета Віленскай губ. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1912) і Мітрапалітальную духоўную акадэмію ў Пецярбургу (1916). Пасвячоны ў святары 3.6.1914. У гады вучобы ў духоўнай акадэміі быў сябрам культурна-асветнага гуртка беларускіх студэнтаў. Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1916 г. Служыў вікарыем пры кафедральным касцёле ў Мінску. Пасля Лютаўскай рэвалюцыi 1917 г. прымаў удзел у дзейнасці беларускіх культурна-адраджэнскіх, рэлігійных і палітычных арганізацый. Абраны сябрам Беларускага нацыянальнага камітэта. Удзельнік 1-га з’езда беларускіх каталіцкіх святароў (Мінск, 24–25.5.1917), сябра яго арганізацыйнага камітэта. Выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў рэлігійнае жыццё беларусаў-католікаў. Удзельнічаў у працы 1-га Усебеларускага кангрэса (снежань 1917). Абраны сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi (БНР). Да 26.5.1918 працаваў асобаўпаўнаважаным у камiсii па бежанскiх справах пры Радзе БНР. Адзін з ідэолагаў і заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Рэдагаваў каталіцкае перыядычнае выданне «Krynica» (Мінск, 1918). На пачатку 20-х гадоў пераехаў на Віленшчыну, дзе ў міжваеннае дваццацігоддзе шырока займаўся нацыянальна-рэлігійнай і культурна-асветнай дзейнасцю. Праследаваўся польскімі ўладамі, быў некалькі разоў арыштаваны. Два гады правёў у Макатоўскай турме ў Варшаве. У наступныя гады жыў у Вільні. Служыў капеланам у шпіталі, выконваў абавязкі прэфекта ў школе пры кляштары бернардзінак. Адзiн з заснавальнiкаў Беларускага каталiцкага выдавецтва ў Вiльнi (кастрычнiк 1928). У 1930 г. пераклаў на беларускую мову «Новы Запавет» (Вільня, 1939). У 1936 г. выйшаў з Беларускай хрысцiянскай дэмакратыi, не пагадзіўшыся на яе рэарганізацыю ў Беларускае народнае аб’яднанне. З сярэдзіны 30-х гадоў займаўся пераважна грамадска-палітычнай дзейнасцю. Арганізаваў і ўзначаліў выданне газеты «Беларускі фронт», у якой шырока выступаў як публіцыст. У гады Другой сусветнай вайны працаваў у шэрагу беларускіх культурна-асветных і палітычных арганізацый. З верасня 1941 г. — у Мінску, галоўны школьны інспектар пры генеральным камісарыяце нямецкіх акупацыйных улад. Супрацоўніцтва з немцамі разглядаў як магчымасць для кансалідацыі беларускіх нацыянальна-свядомых сіл. 24.12.1942 арыштаваны ў Мінску нямецкай тайнай паліцыяй. Дата, месца і акалічнасці смерці невядомы.
Крынiцы:
LMABRS, ф. 44, спр. 122;
LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 247, 330, 608; ф. 131, воп. 3, спр. 331;
ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 1206—1207;
Directorium… Vilnensi;
Directorium… Mohiloviensi;
Архiвы БНР;
ЭГБ, II;
Мартос А.;
Byelorussian Statehood.
ЯЗЭП ГАЙЛЕВІЧ
(1893—1971)
Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр і педагог
Нарадзіўся 26.2.1893 у в. Прыдруйск Дзісенскага павета Віленскай губ. У 1913 г. паступіў у Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу. У сувязі з падзеямі 1917—1918 гг. у Расіі вучобу прыйшлося перапыніць. Заняткі прадоўжыў у Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасвячоны ў святары 29.2.1920 у мясцовасцi Бальбінава. Душпастырскую дзейнасць пачаў як вікарый у мястэчку Друя Браслаўскага павета (1920—1921). У наступныя гады выконваў абавязкі адмі-ністратара ў Бальбінаве (1921—1934), працаваў вікарыем у касцёле Сэрца Ісуса ў г. Рэзекне (Латвія, 1934—1935). Перадваенны час і гады Другой сусветнай вайны правёў у Дзвінску, дзе служыў вікарыем у касцёле Дзевы Марыі і адначасова выкладаў Закон Божы ў беларускіх школах (1935—1943). Прымаў удзел у беларускім культурным і грамадскім жыцці міжваеннага дваццацігоддзя ў Латвіі. Выступаў за ўвядзенне беларускай мовы ў рэлігійнае жыццё беларусаў-католікаў. У 1943—1949 гг. – адміністратар каталіцкага касцёла ў Бальбінаве. Праследаваўся савецкімі ўладамі. Быў арыштаваны органамі бяспекі. За «нацыяналістычную дзейнасць» асуджаны на 10 гадоў лагераў. Да 22.6.1956 знаходзіўся ў савецкім канцэнтрацыйным лагеры ў Мардовіі. Пасля вызвалення працаваў адміністратарам касцёла ў мясцовасцi Рундак (Латвія, 1956—1959). Апошнія гады душпастырскай дзейнасці займаў пасаду адміністратара касцёла ў Бальбінаве (1959—1971). Памёр 18.10.1971. Пахаваны ў Бальбінаве.
Крынiцы:
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2369/141;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1; спр. 1;
Directorium... Mohiloviensi;
Krynica (Вiльня). 1925. № 3;
Chryscijanskaja Dumka (Вiльня). 1934. № 5;
Божым шляхам (Лондан). 1972. № 1;
Znic (Рым). 1974. № 118;
Cakuls J.
МІХАІЛ ГАЛЯНКЕВІЧ
(1852?—1924)
Праваслаўны святар, протаіерэй Літоўскай епархіі, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., педагог
Нарадзіўся ў 1852 г. (?) у Бельскім павеце Гродзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і праваслаўных беларусаў. Скончыў духоўную праваслаўную семінарыю. У 2-й палове XIX ст. – ключар Віленскага Мікалаеўскага кафедральнага сабора. У 1884—1906 гг. працаваў у складзе Літоўскага епархіяльнага «попечительства о бедных духовного звания». За заслугі «по духовному ведомству» адзначаны указам імператара Мікалая II ордэнам св. Уладзіміра VI ступені (6.5.1908). З 1910 г. (?) – протаіерэй Літоўскай епархіі, сябра духоўнай кансісторыі. У гады Першай сусветнай вайны, пасля адступлення расійскіх войск з Вільні, свядома застаўся пры сваім прыходзе. З 1914 г. – удзельнік беларускага грамадска-культурнага і рэлігійнага руху. Разам з архімандрытам Саваціем прадстаўляў праваслаўнае духавенства ў Віленскім камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны. Аказваў дапамогу ў арганізацыі першых беларускамоўных пачатковых школ у Вільні і першых беларускіх настаўніцкіх курсаў. На апошніх працаваў выкладчыкам Закону Божага для слухачоў праваслаўнага веравызнання. У час нямецкай акупацыі Вільні звярнуўся да вайсковых улад з пісьмовай просьбай перадаць частку нерухомасці Віленскай праваслаўнай епархіі на патрэбы беларускага школьніцтва. Адзін з заснавальнікаў і сяброў Беларускага навуковага таварыства ў Вільні (1917—1924). Браў удзел у арганiзацыi i правядзеннi Беларускай канферэнцыі ў Вільні (1918). На канферэнцыі разам з каталіцкім святаром У.Талочкам абраны ў склад Віленскай беларускай рады. У лютым 1918 г. звярнуўся да ўдзельнікаў з’езда святароў былой Віленскай праваслаўнай епархіі, які праходзіў у Дзісне, заклікаючы праваслаўнае духавенства «адмовіцца ад русіфікацыйных функцыяў і ўзяць актыўны ўдзел у беларускай культурна-нацыянальнай творчай працы». Глыбока перажываючы за палажэнне праваслаўнай царквы на Віленшчыне, патрабаваў абароны «як праваслаўнай веры, так і права-слаўнага насялення беларускае нацыянальнасьці (іншае цяпер тут няма!)». Для паспяховай рэалізацыі гэтай праблемы-задачы заклікаў праваслаўнае духавенства Віленшчыны «адрачыся ад навязаных яму старым расейскім урадам абрусіцельных функцый і выступіць як адна з чынных сіл беларускае культурна-нацыянальнае работы, — адным словам, выступіць, як нацыянальна-беларускае духавенства». Памёр 10.11.1924 у Вільні.
Крынiцы:
БДАЛіМ, ф. 3, воп. 1, спр. 134, 140;
Архівы БНР;
Литовские епархиальные ведомости (Вільня). 1883. № 11;
Сялянскай Праўда (Вільня). 1924. № 17.
ВІНЦУК ГАРАСІМОВІЧ
(1870—1932)
Каталіцкі святар заходняга абраду, ганаровы канонік Магілёўскай архі-дыяцэзіі, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр
Нарадзіўся ў 1870 г. ў мястэчку Мір Мінскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і Янкі Гарасімовіча (паводле іншых крыніц – з мяшчан). У 1889 г. скончыў 6-ю Пецярбургскую гімназію. Вучыўся ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу (1889—1894). Пасвячоны ў святары 17.12.1894. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя. З 1895 г. служыў вікарыем пры Мінска-Кальварыйскім касцёле. Пасля двух гадоў службы пераведзены на пасаду філіяліста ў Смалянскі касцёл Аршанскага дэканата. З 17.3.1904 выконваў абавязкі пробашча мясцовага касцёла ў Клецку і адначасова выкладаў Закон Божы ў Мядзведзіцкім народным вучылішчы (з 1906). Намаганнямі парафіян і В.Гарасімовіча ў кастрычніку 1905 г. ў Мядзведзічах католікам быў вернуты рымска-каталіцкі касцёл, забраны царскімі ўладамі ў 2-й палове XIX ст. 11.3.1911 арыштаваны паліцыяй ў Мінску. За «сепаратызм» высланы адміністрацыйна на 3 гады ў Архангельск. З гэтага часу заставаўся без пасады. Рашэннем кіраўніцтва Міністэрства унутраных спраў 28.9.1913 атрымаў дазвол выконваць святарскія абавязкі «вне однако девяти западных губерний». Апостальскім адміністратарам Магілёўскай архідыяцэзіі 25.9.1914 часова прызначаны выконваць абавязкі эканома ў Імператарскай духоўнай рымска-каталіцкай акадэміі. З 1.4.1915 – вікарый касцёла св. апосталаў Пятра і Паўла ў Маскве. Удзельнік 1-га з’езда беларускіх каталіцкіх святароў у Мінску (24—25.5.1917). На з’ездзе выступіў з рэфератам «Акцыя духавенства грамадска-эканамічная». На правах сябра ўваходзіў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці (1918—1919). У чэрвені—жніўні 1918 г. камандзіраваны біскупам Э.Ропам у Маскву і Мінск. Быў асабіста знаёмы з львоўскім грэка-каталіцкім мітрапалітам А.Р.Шаптыцкім. На пачатку 20-х гадоў (паводле некаторых крыніц, у 1925) у сувязі з рэпрэсіямі савецкіх улад супраць духавенства і пагрозаю магчымага арышту выехаў у Польшчу. З сярэдзіны 20-х гадоў працаваў на пасадзе пробашча ў парафіі Машчаніцы Лодзінскай дыяцэзіі. Памёр 26.6.1932.
Крынiцы:
ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 65;
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 1529/240; ф. 821, воп. 3, спр. 823; ф. 821, воп.
128, спр. 300;
LVIA, ф. 604, воп. 5, спр. 7717;
Архівы БНР;
Spis duchowienstwa, 1936;
Dzwonkowski R., 1998.
ЛЕЎ ГАРОШКА
(1911—1977)
Каталіцкі святар усходняга абраду, архімандрыт, місіянер, рэлігійны, культурна-асветны і грамадскі дзеяч, педагог, культуролаг, даследчык гісторыі рэлігійнага жыцця на Беларусі, саветолаг, пісьменнік і публіцыст. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімамi Анатоль Жменя, Пракоп Каваль i iнш.
Нарадзіўся 26.2.1911 у в. Трашчычы Навагрудскага павета Мiнскай губ. Паходзіў з сям’і праваслаўных беларусаў з уніяцкімі традыцыямі. У 1923—1931 гг. вучыўся ў Навагрудскай беларускай гімназіі. Пазней паступіў у Львоўскую духоўную акадэмію, у якой вучыўся да 1936 г. У тым жа годзе выехаў на вучобу ў Інсбрук (Аўстрыя), аднак па прычыне недастатковага ведання лацінскай мовы вучыцца далей не змог. Пасвячоны ў святары 17.10.1937 у Львове. Душпастырскую працу пачаў у Пінскай дыяцэзіі (1937—1939). У гады Другой сусветнай вайны жыў у Баранавічах, дзе працаваў у гандлёвай i медыцынскай школах (1939—1944). У сувязі з арганізацыяй Беларускага экзархата прызначаны экзархам А.Неманцэвічам сябрам Экзархальнай рады (2.5.1942). Прымаў удзел у 2-м Усебеларускім кангрэсе ў Мiнску (1944). З 1944 г. – у эміграцыі. Займаўся арганізацыяй беларускага душпастырства ў Германii. З восені 1945 г. знаходзіўся ў Рыме. Рашэннем Усходняй кангрэгацыі ў Ватыкане ад 16.10.1946 прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі. Да 1958 г. жыў у Парыжы, дзе рэдагаваў і выдаваў рэлігійна-грамадскі часопіс «Божым шляхам» (1947—1957). У 1959 г. выехаў у Рым, дзе ўступіў у навіцыят айцоў марыянаў. У 1960 г. біскупам Ч.Сіповічам прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. Прымаў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Дзейны сябра лонданскага аддзела Згуртавання беларусаў Вялiкай Брытанii. Удзельнiк XIV Кангрэса «Царква ў патрэбе» ў Кёнiгштайне (31.7—4.8.1964). У 1970—1977 гг. кіраваў Беларускай секцыяй Ватыканскага радыё і выконваў абавязкі рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі. Памёр 28.7.1977 у Парыжы. Пахаваны на могілках св. Панкрата ў Лондане.
Крынiцы:
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
ЭГБ, II;
Мартос А.;
Божым шляхам (Лондан). 1966. № 94; 1978. № 1.
ЯЗЭП ГЕРМАНОВІЧ
(1890—1978)
Каталіцкі святар усходняга абраду, манах-марыянін, місіянер, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., педагог, пісьменнік, паэт і публіцыст. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімам Вінцук Адважны
Нарадзіўся 20.2.1890 у мястэчку Гальшаны Ашмянскага павета Вiленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Станіслаў і Ганна (з дому Савіцкіх) Германовічы. Вучыўся ў Гальшанскай пачатковай школе і ў гарадской школе ў Ашмянах. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1913). Пасвячоны ў святары 29.6.1913. Тады ж распачаў душпастырскую дзейнасць як вікарый у мясцовасцi Далістова Беластоцкага павета. Пазней працаваў у розных парафіях Беластоцкага дэканата (Беласток, Крынкі, Мсцібова, Вялікая Лапеніца). З 1921 г. — сябра Таварыства беларускай мовы. У 1924 г. уступіў у ордэн айцоў марыянаў. Служыў пробашчам у Друі, дзе адначасова выкладаў Закон Божы і лацінскую мову ў гімназіі. Шырока выступаў у беларускім перыядычным друку («Krynica», «Chryscijanskaja Dumka»). Праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. З 1932 г. займаўся місіянерскай дзейнасцю ў Харбiне (Маньчжурыя). Па стане здароўя ў 1936 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Кіраваў у Вільні Беларускім домам марыянаў. У 1938 г. дэпартаваны польскімі ўладамі ў Цэнтральную Польшчу, адкуль у хуткім часе зноў выехаў у Харбін. У 1948 г. арыштаваны кітайскімі ўладамі і перададзены органам савецкай бяспекі. Да 1955 г. знаходзіўся ў канцэнтрацыйных лагерах у Сібіры. Пасля вызвалення быў змушаны выехаць у Польшчу, адкуль напрыканцы 1959 г. выехаў у Iталiю, пазней — у Вялікабрытанію. Прымаў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Рэдагаваў часопіс «Божым шляхам». Напісаў успаміны «Кітай—Сібір—Масква». Памёр 26.12.1978 у Лондане. Пахаваны на могілках св. Панкрата.
Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Г»;
LVIA, ф. 604, воп. 6, спр. 757.
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Directorium... Vilnensi;
ЭГБ, I;
БП, I;
Божым шляхам (Лондан). 1964. № 82; 1973. № 136; 1979. № 50;
Chryscijanskaja Dumka (Вiльня). 1938. № 17;
Беларус (Нью-Йорк). 1979. № 262.
МАЙСЕЙ ГIТЛIН
(?—1969)
Пратэстанцкi прапаведнiк, мiсiянер, рэлiгiйны i грамадскi дзеяч беларускага замежжа ў ЗША, публiцыст
Нарадзiўся на Беларусi. Паходзiў з яўрэйскай сям’i. Вучыўся ў хедары. У 20-я гады перайшоў у хрысцiянскую веру. Скончыў Бiблейскі iнстытут. Працаваў мiсiянерам у Польшчы. З 2-й паловы 30-х гадоў праводзiў хрысцiянскую мiсiянерскую дзейнасць сярод яўрэяў у Варшаве. Арганiзоўваў i вёў бiблейскія школы ў Аргенцiне i Канадзе. З пачатку 50-х гадоў — у ЗША. Працаваў у мiсiянерскiх арганiзацыях. Супрацоўнiчаў з беларускiм эмiгранцкiм перыядычным друкам («Бацькаўшчына», «Беларус»). Па запрашэннi беларускага пратэстанцкага дзеяча Тараса Сайкі ўключыўся ў працу па перакладзе Святога Пiсання на беларускую мову. На правах экзаменатара ўвайшоў у Беларускi бiблейскі камiтэт, створаны для падрыхтоўкi перакладу i выдання Бiблii ў эмiграцыi. Гiсторыю перакладу апiсаў у брашуры «A Brief History of the Translation of the Bible into Whiterussian». Памёр 10.1.1969 у г. Клiўленд (штат Агайо, ЗША).
Крынiцы:
Пятроўскi Я.;
Бацькаўшчына (Мюнхен). 1959. № 1—2;
Беларускi голас (Таронта). 1969. № 171;
Кiпель В.
СТАНІСЛАЎ ГЛЯКОЎСКІ
(1896 — снежань 1941?)
Каталіцкі святар заходняга абраду, доктар тэалогіі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, душпастыр, рэдактар, выдавец, педагог і публіцыст. У перыядычным друку выступаў пад псеўданiмам Стасюк з-над Нёмна (Stasiuk z-nad Niomna)
Нарадзіўся 2.3.1896 у мястэчку Поразава Ваўкавыскага павета Гродзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і Антона i Антанiны Глякоўскiх. У 1904—1907 гг. вучыўся ў Поразаўскiм народным вучылiшчы. Скончыў гарадское 4-класнае вучылішча ў Ваўкавыску (7.6.1913). У 1914 г. паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. У пачатку 20-х гадоў выехаў на вучобу за мяжу. Вучыўся ў папскім Усходнiм iнстытуце ў Рыме, дзе атрымаў ступень доктара тэалогіі. Пасвячоны ў святары 29.5.1921 у Вiльнi. Пасля вяртання з Рыма служыў вiкарыем у парафii Тжцяннэ Кнышынскага дэканата i пробашчам у парафii Трычоўка Ваўкавыскага дэканата. З 1928 г. выкладаў Закон Божы ў Віленскай беларускай гімназіі i настаўнiцкай семiнарыi. Прымаў удзел у заходнебеларускім рэлігійным і культурна-асветным жыцці. Пашыраў беларускую мову сярод беларусаў-католікаў, выступаў за яе шырокае ўвядзенне ў душпастырскую практыку на заходнебеларускіх абшарах. Сябра Беларускага навуковага таварыства i Беларускага каталiцкага выдавецтва ў Вiльнi. Выдаваў каталіцкі часопіс для дзяцей «Пралескі» (Вільня). Быў старшынёй беларускiх скаўтаў пры Вiленскай беларускай гiмназii. Працаваў вікарыем у парафіі св. Яна ў Вільні. У гады Другой сусветнай вайны прымаў актыўны ўдзел у беларускiм рэлігійным і культурна-асветным руху. Выконваў святарскiя абавязкi пры касцёле святых Сымона i Алены. Удзельнік канферэнцыі беларускіх школьных інспектараў у Мінску (15.12.1941). Там жа публічна арыштаваны нямецкай тайнай паліцыяй. Дакладная дата, месца і акалічнасці смерці застаюцца невядомымі.
Крынiцы:
Прыватны архіў Паплаўскіх;
LMABRS, ф. 318, каталог «Г»;
LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 953;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Directorium… Vilnensi;
Catalogus... Vilnensis;
ЭГБ, III;
Znic (Рым). 1951. № 65;
Мартос А.;
Наша вера (Мінск). 1996. № 4.
ЛУКАШ ГОЛАД
(1892—пасля 1940)
Праваслаўны святар, протаiерэй Лiтоўскай епархii, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч міжваеннага дваццацігоддзя ў Заходняй Беларусі, рэдактар, выдавец
Нарадзіўся ў 1892 г. Сябра Віленскай праваслаўнай кансісторыі. Прымаў удзел у беларусізацыі царкоўна-рэлігійнага жыцця ў Заходняй Беларусі. Праследаваўся польскімі ўладамі. У 1925 г. асуджаны на 5 месяцаў турмы. Рэдактар і выдавец рэлігійнага часопіса «Праваслаўная Беларусь» (1927—1928). Звязаны з беларускімі праваслаўнымі дзеячамі сенатарам В.Багдановічам і святаром А.Каўшом, якія аказвалі фінансавую падтрымку пры выданні часопіса. Рашэннем Свяшчэннага Сiнода праваслаўнай царквы ў Польшчы пазбаўлены сана святара. У 2-й палове 30-х гадоў зноў узведзены ў сан. У 1940 г. паводле ўказу мiтрапалiта Лiтоўскага i Вiленскага Елiферыя прызначаны прадстаўнiком Ковенскага праваслаўнага савета ў Вiльнi.
Крынiцы:
LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 716;
Открытое письмо.
УЛАДЗІМІР ГОЛАСАЎ
(1913 – каля 1944)
Праваслаўны святар, магiстр багаслоўя, рэлігійны дзеяч, удзельнік беларусізацыі праваслаўнай царквы ў мiжваеннае дваццацiгоддзе ў Заходняй Беларусi
Нарадзіўся 12.7.1913 у мясцовасцi Ілья Віленскага павета. Паходзіў з сям’і праваслаўнага святара: бацькі — Сяргей і Людміла Голасавы. Скончыў духоўную праваслаўную семінарыю ў Вільні (1931). Прадоўжыў вучобу на багаслоўскiм факультэце Варшаўскага універсітэта, які скончыў у 1935 г. са ступенню магістра багаслоўя. Рукапаложаны ў сан святара 17.5.1934. Пастырскую дзейнасць распачаў у в. Ятвеск Шчучынскага павета. 25.9.1935 пераведзены ў Маладзечна. Працаваў намеснікам настаяцеля ў праваслаўным прыходзе ў Радашковічах. У 1944 г. арыштаваны савецкімі ўладамі. Памёр у канцэнтрацыйным лагеры. Дата, месца і акалічнасці смерці невядомы.
Крынiцы:
LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 903;
За незалежнасьць.
СТАНІСЛАЎ ГРЫНКЕВІЧ
(1901—1945)
Культурна-грамадскі і рэлігійны свецкі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., урач-псіханеўролаг, пісьменнік і перакладчык
Нарадзіўся 23.2.1901 у мястэчку Новы Двор Сакольскага павета Гро-дзенскай губ. Пляменнік беларускага святара і культурнага дзеяча Францішка Грынкевіча. Вучыўся ў Гродзенскай мужчынскай гімназіi. У пачатку Першай сусветнай вайны выехаў у Смаленскую губ. Скончыўшы 7-ы клас Дарагабужскай гiмназii, вярнуўся ў родную вёску. Вучыўся на медыцынскім факультэце універсітэта імя Стафана Баторыя ў Вільні, адкуль перавёўся у Пазнанскi унiверсiтэт, дзе i закончыў вучобу. Працаваў асістэнтам у клiнiцы Познанi, ардынатарам псіхіятрычнага шпіталя ў мястэчку Харошч на Беласточчыне. Прымаў удзел у заходнебеларускім культурна-грамадскім жыцці. У 1931—1936 гг. – сябра Беларускай хрысцiянскай дэмакратыi і віцэ-старшыня кіруючага органа гэтай партыі. Уваходзіў у склад прэзідыума Беларускага нацыянальнага ка-мітэта ў Вільні. Аўтар працы «Народ», кнiгi «Аб тэатры», апавядання «Арлянё» (усе 1927), аповесцi «Царква. Помста. Вязнiца» (1928), эсэ «У братоў украiнцаў» (1936), медыцынскiх брашур i iнш., выдадзеных у Вiльнi. Пераклаў з лацiнскай мовы на беларускую кнiгу вядомага аскета i мiстыка Тамаша Кемпiйскага «Сьледам за Хрыстусам» (1934). У гады Другой сусветнай вайны быў звязаны з беларускім незалежніцкім і грамадска-палітычным рухам. З прыходам савецкіх войскаў арыштаваны органамі бяспекі (1944). 18.5.1945 ваенным трыбуналам Беларуска-Лiтоўскай ваеннай акругi прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны.
Крынiцы:
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
ЭГБ, III;
БП, VI.
ФРАНЦІШАК ГРЫНКЕВІЧ
(1884—1933)
Каталіцкі святар заходняга абраду,
рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, адзін
з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага
руху XX ст., душпастыр і педагог
Нарадзіўся ў 1884 г. ў в. Новы Двор Сакольскага павета Гродзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Навадворскай народнай школе. Скончыў гімназію ў Гродне. У 1901—1905 гг. вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. З 1.9.1906 прадоўжыў навучанне за свой кошт у Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу, дзе сустрэў сярод выкладчыкаў і студэнтаў свядомых беларусаў (лектар Б.Эпімах-Шыпіла, студэнты А.Лісоўскі і Г.Бэта). На адной са студэнцкiх сходак у 1905 г. выступiў з рэфератам, прысвечаным беларускаму адраджэнскаму руху. У 1907—1909 гг. вучыўся за мяжой у Інсбруку (Аўстрыя) і Мюнхене (Германія). Пасвячоны ў святары ў 1907 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1909 г. як настаўнік Закона Божага ў Гродзенскай гімназіі. Служыў пробашчам пры кляштары брыгiтак. Арганізаваў у Гродне гурток беларускай моладзi (1909—1914), які аб’яднаў у сваіх шэрагах будучых дзеячаў беларускага хрысціянскага і нацыянальна-адраджэнскага руху (Бычкоўскія, Л.Ля-віцкі, Я.Чарапук і інш.). Супрацоўнiчаў з беларускай каталiцкай газета «Bielarus» (Вiльня, 1913—1915). Напрыканцы Першай сусветнай вайны адышоў ад беларускай грамадскай і асветнай дзейнасці. Прыхільнік краёвага руху. Памёр 26.7.1933 у Гродне.
Крынiцы:
ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 146;
LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2520, 2526;
ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 92;
Directorium… Mohiloviensi;
Directorium… Vilnensi;
ЭГБ, III;
Stankiewicz A., 1929;
Chryscijanskaja Dumka (Вільня). 1933. № 7; 1934. № 2.
МІХАIЛ ДАЛЕЦКІ
(1884 – 1942)
Каталіцкі святар заходняга абраду, ганаровы канонік Пінскай кафедральнай капітулы, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр
Нарадзіўся 11.8.1884 у в. Абабы Слабодскай воласцi Новааляксандраўскага павета Вiленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькi — Iгнат i Іаанна (з дому Багародзяў) Далецкiя. Атрымаў хатнюю адукацыю. Здаў экзамен на атэстат сталасцi пры Кадэцкiм корпусе iмператара Аляксандра II у Пецярбургу. У 1904—1909 гг. вучыўся ў Магiлёўскай духоўнай каталiцкай семiнарыi ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары 19.5.1909 бiскупам С.Данiсевiчам у Пецярбургу. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў на пасадзе вікарыя ў Пінску. У 1911 г. – адміністратар Старчыцкай парафіі Слуцкага дэканата. На ўрачыстасцях з нагоды ўзвя-дзення ў сан біскупа Ф.Карэвіча ў 1914 г. выступіў па пытанні ўжывання беларускай мовы ў касцёле. Карэспандаваў і матэрыяльна падтрымліваў выданне першай беларускай каталіцкай газеты «Bielarus». З 1924 г. – на пасадзе пробашча ў парафіі Уселюб Пінскай дыяцэзіі. У 1933 г. пры-значаны пробашчам і дэканам у Навагрудак.
Крынiцы:
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 1811;
ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 130;
Directorium... Mohiloviensi;
Elenchus… Pinscensis;
Spis kosciolow, 1933—35;
Bielarus (Вiльня). 1914. № 5;
Stankievic A., 1939.
ФЁДАР ДАНІЛЮК
(1887—1960)
Праваслаўны святар, мітрафорны протаіерэй, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., рэлігійны і грамадскі дзеяч, прыхільнік Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ)
Нарадзіўся 12.8.1887 у в. Сурынка Слонімскага павета. Паходзіў з сялянскай сям’і праваслаўных беларусаў: бацькі – Васіль і Агрыпіна Данілюкі. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай школе ў Сурынцы. Скончыў духоўную школу пры Жыровіцкім манастыры. Працаваў настаўнікам на Слонімшчыне, а пазней псаломшчыкам у Кобрынскім павеце. З 1914 г. – у арміі. Скончыў школу прапаршчыкаў у Гатчыне (1917). У жніўні 1917 г. ўдзельнічаў у з’ездзе беларусаў-вайскоўцаў у Маскве. З кастрычніка 1917 г. – на Румынскім фронце, камісар 4-га беларускага корпуса. Пасля дэмабілізацыі пэўны час знаходзіўся ў Таганрогу. З верасня 1918 г. – на Беларусі. У снежні гэтага ж года абраны старшынёй Беларускай валасной рады ў Ваўкавыску. У студзені 1919 г. – малодшы афіцэр 1-га Беларускага Гродзенскага палка. Урадам Беларускай Народнай Рэспублікі быў накіраваны ў Літву ў распараджэнне Міністэрства беларускіх спраў пры Літоўскім урадзе. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920 г. Пасля заканчэння савецка-польскай вайны 1920 г. жыў у в. Вярэйкі Ваўкавыскага павета, дзе служыў псаломшчыкам у мясцовай праваслаўнай царкве. Рукапаложаны ў сан святара 21.9.1921. У 1922—1939 гг. – настаяцель праваслаўных прыходаў на Слонімшчыне і Навагрудчыне. У 30-я гады праследаваўся польскімі адміністрацыйнымі ўладамі. У 1935 г. пазбаўлены ўласнага прыхода. Працаваў памочнікам настаяцеля ў мясцовасцях Крывошын і Заблудава. У час Другой сусветнай вайны прымаў удзел у беларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці. Як прадстаўнік Навагрудскай епархіі ўдзельнічаў у працы Усебеларускага царкоўнага сабора ў Мінску (30.8—2.9.1942), на якім была абвешчана аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы. З 1944 г. – у эміграцыі. Спачатку жыў у Германіі. Адзін з ініцыятараў аднаўлення БАПЦ у эміграцыі, удзельнік царкоўнага сабора ў г. Констанц (Германія, 1948). У жніўні 1950 г. перабраўся ў ЗША. Стваральнік і настаяцель прыхода св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Нью-Йорк). На ўстаноўчым з’ездзе епархіі БАПЦ у ЗША і Канадзе ў маі 1960 г. абраны ў епархіяльную ўправу, прызначаны кіраўніком царкоўна-судовага аддзела. У сваёй нацыянальна-рэлігійнай і святарскай дзейнасці паслядоўна адстойваў ідэю аўтакефальнасці Беларускай праваслаўнай царквы. Памёр 29.7.1960 у Нью-Йорку. Пахаваны на беларускіх могілках у Нью-Брансуіку.
Крынiцы:
Вiнiцкi А.;
Byelorussian Statehood;
ЭГБ, III.
СТАФАН ДАНІСЕВІЧ
(1836—1913)
Каталіцкі святар заходняга абраду, біскуп, капітулярны прэлат, апостальскі пранатарыус, афіцыял Кансісторыі, тытулярны біскуп клаўдыяпалітанскі, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, педагог і мецэнат, спрыяў выданню першых рэлігійных кніг на беларускай мове
Нарадзіўся ў 1836 г. ў Чэрыкаўскай парафіі на Магілёўшчыне. Паходзіў з сям’і вольнаадпушчаных сялян. Атрымаў хатнюю адукацыю. Па выніках уступных экзаменаў 23.8.1856 залічаны на 1-ы курс Мінска-Магілёўскай духоўнай рымска-каталіцкай семінарыі, дзе вывучаў Святое Пісанне, дагматычную і маральную тэалогію, гісторыю царквы, кананічнае права. Пасля заканчэння трох курсаў семінарыі 2.9.1859 як адзін з лепшых вучняў пераведзены на казённы кошт у Пецярбургскую духоўную акадэмію. Поўны курс навучання ў акадэміі закончыў 23.6.1863 з навуковай ступенню магістра тэалогіі. Пасвячоны ў святары 16.4.1863 магілёўскім суфраганам біскупам Іосіфам Станеўскім. Душпастырскую працу распачаў у ліпені гэтага ж года на пасадзе законавучыцеля Дваранскага вучылішча ў Оршы. У кастрычніку 1863 г. пераведзены на такую ж пасаду ў Магілёўскую губ. Выкладаў рэлігію ў 3-класным павятовым вучылішчы і класічнай гімназіі. Адначасова выступаў з казаннямі ў Магілёўскім архікафедральным касцёле. З 20.7.1866 – куратар мясцовага рымска-каталіцкага касцёла ў Смаленску і выкладчык Закону Божага ў мясцовай губернскай гімназіі. Пасля сямі гадоў службы прызначаны на пасады пробашча Магілёўскага архікафедральнага касцёла і дэкана Магілёва (30.7.1873). Са снежня 1876 г. – зноў на пасадзе куратара Смаленскага касцёла. Быў узнагароджаны ордэнам св. Станіслава III ступені. У 1891 г. заняў пасаду кіраўніка Клімавіцка-Мсціслаўскага дэканата і ўзначаліў Магілёўскую архідыяцэзію. Узведзены ў сан каноніка-сеньёра Магілёўскай архікафедральнай капітулы (7.2.1895). У верасні гэтага ж года прызначаны засядацелем Магілёўскай духоўнай рымска-каталіцкай кансісторыі. З 1901 г. — прэлат-схаласт і афіцыял Магілёўскай архікафедральнай капітулы. Вызначаўся шырокай дабрачыннасцю і мецэнацтвам. Праследаваўся царскімі ўладамі. У 1911 г. пазбаўлены тытулаў капітулярнага прэлата і афіцыяла кансісторыі, а таксама грашовых узнагарод. Пасля году апалы памілаваны. Пачынальнік беларускага хрысціянскага і рэлігійна-выдавецкага руху. Адзін з першых каталіцкіх душпастыраў, які прамовіў да беларусаў-католікаў на іх роднай мове. Выдаў лемантар з кароткім катэхізісам на беларускай мове. Цэнзар і выдавец першых беларускамоўных падручнікаў па рэлігіі. Аказваў матэрыяльную падтрымку выдаўцам каталiцкай газеты «Belarus». Памёр 3.12.1913 у Смаленску.
Крынiцы:
РГИА, ф. 821, воп. 126, спр. 963; ф. 820, воп. 3, спр. 224;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Directorium… Mohiloviensi;
Stankievic A., 1939;
ЭГБ, III.
ЯЗЭП ДАШУТА
(1890—1966)
Каталіцкі святар заходняга абраду, манах-марыянін, доктар кананічнага права, рэлігійны і культурна-адраджэнскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр і педагог
Нарадзіўся 20.12.1890 у г. Саколка Гродзенскай губ. Паходзіў з мяшчанскай сям’і: бацькі — Дамінік і Зузанна (з дому Станіслаўчыкаў) Дашуты. У 1905—1910 гг. вучыўся ў Сакольскім гарадскім 4-класным вучылішчы. Пасля паспяховага яго заканчэння паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1911). На правах сябра ўваходзіў у гурток беларусаў-семінарыстаў. Пасвячоны ў святары 26.5.1918. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вiкарыя ў парафii Дабжынаў Беластоцкага дэканата. З дазволу біскупа Ю.Матулявічуса вучыўся ў Люблінскім каталiцкiм універсітэце (з 1921). З 1925 г. – у ордэне айцоў марыянаў у Друі. Пасля навіцыяту выехаў на далейшую вучобу ў Рым, дзе праз год абаранiў доктарскую дысертацыю па кананічным праве. Напрыканцы 1927 г. вярнуўся ў Друю. Прымаў удзел у заходнебеларускім рэлігійным і культурна-асветным жыцці міжваеннага дваццацігоддзя. Выступаў за шырокае ўжыванне беларускай мовы ў беларускіх каталіцкіх парафіях. Праследаваўся польскімі свецкімі ўладамі. 23.6.1938 дэпартаваны паліцыяй з друйскага кляштару. Пэўны час жыў у польскім марыянскім кляштары ў мясцовасцi Скужэц каля Седльцаў. У гады Другой сусветнай вайны жыў у Польшчы. Займаўся душпастырскай дзейнасцю ў кляштарах у Грудзёндзу, Улацлаўку. Падтрымліваў кантакты з беларускім асяродкам айцоў марыянаў у Лондане. Памёр 9.9.1966 ва Улацлаўку. Пахаваны ў Варшаве.
Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Д»;
Directorium… Vilnensi;
Stankiewicz A., 1929.
МІКАЛАЙ ДВАРЭЦКІ
(1903—1988)
Грамадска-культурны і праваслаўны рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху міжваеннага дваццацігоддзя ў Заходняй Беларусі, паэт і публіцыст
Нарадзіўся 6.9.1903 у г. Выбарг. Пасля вяртання сям’і ў Беларусь вучыўся ў 7-гадовай школе ў Вільні. Пасля яе заканчэння працаваў краўцом. Потым «рыбачыў на Віленскіх і Аўгустоўскіх азёрах». Прымаў удзел у заходнебеларускім грамадска-палітычным, культурным і рэлігійным жыцці. Дзеяч Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД). 25.11.1928 на з’ездзе БХД быў абраны сябрам яе Цэнтральнага камітэта. У пачатку 30-х гадоў быў адным з ініцыятараў стварэння праваслаўнай фракцыі БХД. Актыўна супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры. У міжваенны час друкаваўся ў заходнебеларускіх перыядычных выданнях пад псеўданімам Мікола Базылюк.
У 1939—1941 гг. працаваў настаўнікам у Міёрах. З 1942 г. знаходзіў-ся на прымусовых работах ва Усходняй Прусіі. З 2-й паловы 40-х гадоў жыў у Лашцы на Памор’і. Некаторы час працаваў на чыгунцы ў Гданьскай павятовай дарожнай управе ў мясцовасці Штутава. Памёр 15.08.1988 у г. Лембарк недалёка ад Гданьска.
Крынiцы:
Bielaruskaja Krynica (Вільня). 1928. № 54;
Ніва (Беласток). 1999. № 36.
ЛУКАШ ДЗЕКУЦЬ-МАЛЕЙ
(1888—1955)
Пратэстанцкі святар, прэсвітэр, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, біблеіст, педагог, мецэнат і выдавец, перакладчык рэлігійнай лiтаратуры
Нарадзіўся 1.10.1888 у Гродзенскай губ. Паходзіў з пратэстанцкай сям’і Мікалая Дзекуця-Малея. Вучыўся на Першых беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні (1913). Працаваў настаўнікам. Служыў у расiйскай армii ў Беластоку, дзе пазнаёмiўся з вернiкамi царквы баптыстаў. З 1910 г. звязаны з пратэстанцкім рухам. Пэўны час жыў у Пецярбургу, дзе на працягу двух гадоў наведваў біблейскія курсы. У 1918 г. браў удзел у працы Беларускага сялянскага з’езда ў Гродне, на якім быў абраны ў Гродзенскую павятовую раду і Арганізацыйны камітэт па скліканні Краёвага беларускага з’езда Гродзеншчыны. 13.2.1919 арыштаваны польскімі вайсковымі ўладамі і пазней вызвалены. Адзін з арганізатараў «Грамады беларускай моладзі ў Горадні». Улетку 1919 г. – кіраўнік Гродзен-скай цэнтральнай беларускай вучыцельскай рады. З 1920 г. – адзін з лідэраў Беларускага нацыянальнага камітэта і старшыня Беларускай школьнай рады ў Гродне. У ліпені—верасні таго ж года – на пасадзе камісара сацыяльнага забеспячэння Гродзенскага рэўкома. Да пачатку 20-х гадоў вёў святарскую дзейнасць. Быў пратэстанцкім прапаведнікам у Брэсце. У 1920—1924 гг. пераклаў з польскай і рускай моў на беларускую 17 рэлігійных брашур. Сумесна з А.Луцкевічам пераклаў і выдаў на беларускай мове «Новы Запавет і Псальмы» (Гельсінгфорс, 1931). У міжваеннае дваццацігоддзе шырока вёў нацыянальна-культурную, рэлігійную і дабрачынную дзейнасць у Заходняй Беларусі. У снежнi 1927 г. адкрыў малiтоўны дом, пры якiм арганiзаваў кравецкiя i пчалярскiя курсы. Пазней там жа адчынiў дзiцячы прытулак i нядзельную школу. З прыходам Чырвонай Армii ў Беларусь праследаваўся савецкiмi ўладамi. Арыштаваны 19.6.1941 г. органамi бяспекi. Знаходзiўся ў камеры для «смяротнiкаў». У гады Другой сусветнай вайны жыў на бацькаўшчыне. Вёў святарскую дзейнасць, займаўся перакладамі. Выдаў у Мінску ў 1942 г. малітоўнік на беларускай мове. Напрыканцы вайны пакінуў Беларусь.
З 2-й паловы 40-х гадоў жыў у Гданьску (Польшча). Служыў прэсвiтэрам у пратэстанцкай царкве. Памёр 20.1.1955 у Гданьску.
Крынiцы:
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Божым шляхам (Лондан). 1975. № 1—2;
ЭГБ, III;
Архiвы БНР.
ЛЕЎ ДУБЕЙКАЎСКІ
(1869—1940)
Культурна-нацыянальны і рэлігійны свецкі дзеяч, удзельнік беларускага культурна-адраджэнскага руху міжваеннага дваццацігоддзя, архітэктар
Нарадзіўся 7.7.1869 (па iншых звестках у 1867) у в. Дубейкава Мсціслаўскага павета Магілёўскай губ. Скончыў Мсціслаўскае гарадское вучылішча, затым Пецярбургскi iнстытут цывiльных iнжынераў (1903) i Акадэмію архітэктуры ў Парыжы (1909). У 80—90-я гады працаваў будаўнiчым майстрам у Магiлёўскай губ., кiраваў аднаўленнем касцёлаў у Магiлёве, Оршы, Крычаве, Мсцiславе, у вёсках Смаляны Аршанскага i Свiслач Асiповiцкага паветаў. У 1896—1898 гг. удзельнiчаў у будаўнiцтве касцёла ў Смаленску. У 1903—1904 гг. пабудаваў мураваныя цэрквы на Смаленшчыне (Ярцава, Манастыршчына). У 1916 г. жыў у Мiнску, далучыўся да беларускага нацыянальна-культурнага руху. У 1917 г. працаваў у Арле i Пецярбургу, быў абраны сябрам Беларускага нацыянальнага камiтэта. З 1919 г. — старшыня Беларускага камiтэта ў Варшаве, фактычна з’яўляўся паслом Беларускай Народнай Рэспублiкi ў Польшчы. У 1922 г. пасялiўся ў Вiльнi. Адышоў ад палiтычнай дзейнасцi i займаўся архiтэктурна-будаўнiчай працай. Спраектаваў царкву ў Відзах і касцёл у Дрысвятах на Браслаўшчыне. Кіраваў аднаўленнем кляштара айцоў марыянаў у Друі. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва. Супрацоўнічаў з заходнебеларускімі культурна-асветнымі і палітычнымі арганізацыямі. Памёр 6.11.1940 у Вiльнi. Пахаваны на могілках Роса.
Крынiцы:
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
ЭГБ, III.
АНТОН ДУБРОЎСКІ
(Дамброўскi)
(1896—1947)
Каталіцкі святар усходняга абраду, тэолаг, манах-езуіт, прафесар філасофіі, рэлігійны і культурны дзеяч,
удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., педагог і публіцыст
Нарадзіўся 8.5.1896 у Кавалішках на
Браслаўшчыне. У 1913—1917 гг. вучыўся ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Петраградзе. З 24.5.1918 — у ордэне езуітаў. Вывучаў філасофію ў гарадах Новы Сонч (1919—1921) і Кракаў (1921—1923). Прадоўжыў вучобу ў Рыме, дзе ў 1923—1925 гг. вывучаў маральную тэалогію ў Collegium Gregorianum. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў неаунiяцкага руху ў міжваеннае дваццацігоддзе. З 1925 г. – у мястэчку Альбярцiн на Слонiмшчыне. Арганізатар Усходняй місіі. У 1926—1929 гг. – магістр Дому і адміністратар неаунiяцкай парафіі. Прыхільнік беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця ва уніяцкіх парафіях на Палессі. Выступаў з казаннямі на беларускай мове. Прымаў удзел у 5-м уніяцкiм Кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20—24.7.1927). У 1931—1932
гг. – у папскай Усходняй семінарыі ў Дубне (Украіна). Працаваў рэктарам, прафесарам філасофіі і ўсходняй літургіі, выкладаў пастаральную тэалогію і гісторыю царквы. Да 1938 г. – суперыёр Усходняй місіі. Напярэдадні Другой сусветнай вайны займаў пасаду рэктара і магiстра навіцыята ў Альбярцiне. Пасля 1940 г. служыў душпастырам у Шаўлях. У апошнія гады жыцця працаваў у Ковенскай духоўнай семінарыі. Памёр 16.4.1947 у Коўне.
Крынiцы:
LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 389;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Directorium... Mohiloviensi;
EW;
Chryscijanskaja Dumka (Вiльня). 1928. № 3;
Stankiewicz A., 1929.
СЕРАФІМ ЖАЛЕЗНЯКОВІЧ
(нар. 1913)
Праваслаўны святар, протапрэсвітэр, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст.
Нарадзіўся 14.12.1913 у в. Ярэмiчы на Навагрудчыне. Паходзіць з сям’і праваслаўных беларусаў: бацькi — Арсен i Галена Жалезняковiчы. Скончыў Віленскую духоўную праваслаўную семінарыю (1935). У гады Другой сусветнай вайны працаваў у беларускай школе ў мястэчку Гайнаўка на Беласточчыне (1943). Выкладаў Закон Божы. З часу заканчэння вайны выконвае святарскiя абавязкi ў Беластоку. Служыць настаяцелем кафедральнага сабора св. Мікалая.
Крынiцы:
LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 903;
Bialoruskie Zeszyty Historyczne (Беласток). 1994. № 2;
Польская аўтакефальная праваслаўная царква.
ІГНАТ ЖАЎНЯРОВІЧ
(1890—1937)
Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр
Нарадзіўся 7.11.1890. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям’і. Скончыў Магiлёўскую духоўную каталiцкую семінарыю ў Пецярбургу (1912). У 1913—1914 гг. вучыўся ў Мітрапалітальнай духоўнай каталiцкай акадэміі, дзе ўваходзіў у культурна-асветны гурток беларускіх студэнтаў. Пасвячоны ў святары ў 1915 г. Першапачаткова прызначаны на пасаду вiкарыя ў Прыдруйскi касцёл. Аднак ужо праз месяц, 22.12.1915, камандзiраваны ў г. Рыбiнск у дапамогу капелану мясцовага касцёла i для выкладання Закону Божага ў мясцовых навучальных установах. З 17.2.1917 часова загадваў Рыбiнскiм касцёлам. Пазней быў пераведзены ў Магiлёўскую архiядыяцэзiю, дзе выконваў святарскiя абавязкi ў Аршанскай парафii (1921—1924). Карыстаўся вялiкай павагай сярод мясцовых парафiян. Апошнiя ў сувязi з пераводам I.Жаўняровiча ў iншую парафiю падалi прашэнне вышэйшым уладам Магiлёўскай архiдыяцэзii, у якiм адзначалi душпастырскае прызванне святара, яго высокiя маральныя i святарскiя якасцi. Просьбу пакiнуць I.Жаўняровiча ў Аршанскай парафii матывавалi яшчэ i тым, што «знакомство кс. И.Жолнеровича с нашим местным белорусским языком облегчало наше общение с ним». Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця сярод беларусаў-католікаў. Удзельнік 1-га з’езда беларускіх каталіцкіх святароў у Мінску (24—25.5.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. У сярэ-
дзіне 20-х гадоў выконваў абавязкі адміністратара ў Маскве. Працаваў адміністратарам у парафіі Свяцілавічы Магілёўска-Горацкага дэканата (1925—1927). Праследаваўся савецкімі ўладамі. Напрыканцы 30-х гадоў арыштаваны органамі бяспекі. Быў асуджаны на 5 гадоў салавецкіх канцэнтрацыйных лагераў. Прыгавор адбываў на востраве Анзер. Да ліпеня 1932 г. прымаў удзел у тайных набажэнствах сярод зняволеных. У ліку 32 святароў за арганізацыю ў лагеры нелегальнай рэлігійнай службы абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці. Асуджаны яшчэ на 5 гадоў. Быў высланы ў Казахстан, дзе памёр у жніўні 1937 г.
Крынiцы:
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2179;
Elenchus… Mohiloviensis;
Усходняя Беларусь;
Chryscijanskaja Dumka (Вiльня). 1934. № 8;
Stankiewicz A., 1929;
Dzwonkowski R., 1998.
ЯНКА ЖУК
(1897–1974)
Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр
Нарадзіўся 13.2.1897. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям’і. У 1913 г. паступіў у Магiлёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу. У гады вучобы ўключыўся ў беларускі незалежніцкі і нацыянальна-рэлігійны рух. Пасвячоны ў святары ў 1920 г. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў у парафіі Лужыца Магілёўскай архідыяцэзіі. У 1921—1924 гг. выконваў абавязкі пробашча ў в. Новы Пагост на Браслаўшчыне, дзе звяртаўся да вернікаў з беларускімі казаннямі. У 30-я гады— пробашч у мясцовасці Мейшагола і адміністратар у мястэчку Шаркоўшчына. Пасля Другой сусветнай вайны выконваў святарскiя абавязкi ў мясцовасцi Рэшчынка Падляскай дыяцэзii. Памёр 23.3.1974.
Крынiцы:
Elenchus… Mohiloviensis;
Catalogus... Vilnensis;
Stankiewicz A., 1929;
Spis kosciolow, 1973; 1979.
ПЁТР ЖУРАВЕЦКI
(1901—пасля 1985)
Каталiцкi артадаксальны святар, бiскуп, апостальскi мадэратар, рэлiгiйны дзеяч беларускага замежжа, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст.
Нарадзiўся ў 1901 г. Паходзiў з беларускай сям’i з Брэстчыны. Вучыўся ў Венскай духоўнай семiнарыi (Аўстрыя). З 1925 г. — у ЗША, дзе прадоўжыў тэалагiчную адукацыю. Пасвячоны ў святары ў 1932 г. канстанцінопальскім патрыярхам экзархам Афiнагорам. Мiтру з рук александрыйскага патрыярха экзарха Хрыстафора Кантагеоргiя атрымаў у 1942 г. Быў прызначаны адмiнiстратарам «Усходне-Каталiцкай Апостальскай Дыяцэзii Амерыкi». Узведзены ў сан бiскупа ў 1950 г. З 1960 г. — прымас старакаталiцкага артадаксальнага касцёла. Пасля ўтварэння «Беларускай артадаксальнай каталiцкай субожні» (БАКС) прызначаны апостальскiм мадэратарам 1-га сiнода БАКС.
Крынiцы:
Беларускі голас (Таронта). 1961. № 81.
ФЕЛIКС ЖУРНЯ
(1913—1982)
Каталiцкi святар заходняга абраду, манах-марыянiн, рэлiгiйны i культурна-грамадскi дзеяч, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., гiсторык, публiцыст, бiблiяфiл, педагог
Нарадзiўся 20.6.1913 у в. Зарэчча на Браслаўшчыне. Паходзiў з сялянскай сям’i беларусаў-католiкаў. У 1927 г. паступiў у Друйскую гiмназiю пры кляштары беларускiх айцоў марыянаў. У час вучобы з асаблiвай павагай ставiўся да настаўнiка i духоўнага апекуна святара Я.Германовiча. З 1932 г. — у ордэне айцоў марыянаў. Пасля заканчэння гiмназii разам з iншымi беларускiмi клерыкамi прадоўжыў вучобу ў Вiльнi, дзе паглыбляў свае веды па тэалогii i фiласофii. У 1938 г., пасля дэпартацыi польскiмi ўладамi беларускiх святароў i клерыкаў з Друйскага кляштара айцоў марыянаў, пераехаў у Варшаву. Там прадоўжыў вучобу. Пасвячоны ў святары ў 1943 г. Да 1966 г. праводзiў душпастырскую працу ў Польшчы пры марыянскiх кляштарах: выконваў абавязкi шпiтальнага капелана i магістра навiцыята. Служыў пры каплiцы сясцёр Мiласэрнасцi ў парафii Гара Кальварыя Варэцкага дэканата. Пасля заснавання ў Варшаве Беларускага грамадска-культурнага таварыства прымаў удзел у яго пасяджэннях i культурна-нацыянальных нарадах. У 1966 г. па iнiцыятыве i пры падтрымцы беларускiх святароў пераехаў у Вялiкабрытанiю. Супрацоўнiчаў з беларускiм рэлiгiйным часопiсам «Божым шляхам». Выступаў на яго старонках з артыкуламi тэалагiчнага i культурна-асветнага характару. Даследаваў гiсторыю беларускiх рэлiгiйных выданняў ХIХ—ХХ стст. Дзейны сябра Беларускай каталiцкай мiсii ў Вялiкабрытанii. У апошнiя гады душпастырскай дзейнасцi быў абраны суперыёрам Беларускага дома марыянаў у Лондане. У складзе беларускай дэлегацыi святароў 29.11—5.12.1982 знаходзiўся ў Ватыкане. 1.12.1982 г. на аўдыенцыi у папы Іаана Паўла II браў удзел у абмеркаваннi пытання пра стан каталiцкай царквы i пастырскай працы сярод беларусаў на бацькаўшчыне i ў эмiграцыi. Неўзабаве пасля вяртання з Рыма раптоўна памёр 11.12.1982 у Лондане.
Крынiцы:
Rocznik, 1966;
Беларус (Нью-Йорк). 1983. № 308—309.
УЛАДЗIСЛАЎ ЗАВАЛЬНЮК
(нар. 1949)
Каталiцкi святар заходняга абраду, магiстр тэалогii, рэлiгiйны i культурна-грамадскi дзеяч, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., душпастыр, гiсторык, выдавец, перакладчык i публiцыст
Нарадзiўся 8.7.1949 у сяле Жданава Вiннiцкай вобл. Паходзiць з сялянскай каталiцкай сям’i: бацькi — Мацвей i Ганна (з дому Рошакаў) Завальнюкi. Скончыў Жданаўскую сярэднюю школу (1965). У гэтым жа годзе прыехаў у Рыгу. Рыхтуючыся да паступлення ў мясцовую духоўную каталiцкую семiнарыю, вывучаў латышскую мову. Працаваў на будоўлi каменшчыкам-бетоншчыкам. У 1969—1974 гг. — клерык Рыжскай вышэйшай духоўнай каталiцкай семiнарыi. Пад час вучобы перапiсваўся з мiсiянерамi ў Паўднёвай Амерыцы, Афрыцы i Азii. Меў намер прысвяцiць сябе мiсiянерскай дзейнасцi. Пасвячоны ў святары 26.5.1974 у Рызе кардыналам Юльянам Вайдосам. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе пробашча ў грэка-каталiцкай каплiцы на армянскiх могiлках у Кiшынёве. Знаходзячыся ў Малдове, абслугоўваў каля 70 парафiй (у тым лiку 11 нямецкiх). Карыстаўся глыбокай павагай вернiкаў. За рэлiгiйную дзейнасць праследаваўся савецкiмi ўладамi. На пачатку 1979 г. быў змушаны пакiнуць Малдову. Вярнуўся ў Латвiю, дзе выконваў святарскiя абавязкi ў г. Валміера. Пазбаўлены магчымасцi адпраўляць набажэнствы, увесну 1979 г. выехаў у Казахстан. Пэўны час жыў у Цалiнаградзе, Какчатаве, Краснаармейску i Паўладары. Тры месяцы нелегальна займаўся душпастырскай дзейнасцю ў Краснаярску. З 1980 г. — у Латвii. Служыў вiкарыем у мястэчку Варакляны ў Латгалii. Быў абмежаваны савецкiмi адмiнiстрацыйнымi ўладамi ў выкананнi святарскiх абавязкаў — меў права толькi спавядаць i адпраўляць iмшу. У лiстападзе — снежнi 1980 г. прымусова змешчаны ў псiхiятрычную бальнiцу ў г. Даўгаўпiлс. Са студзеня 1981 г. — на пасадзе пробашча ў парафiях Лэнас, Айспутэ, Вентспiлс, Кулдзiгэ Лiепайскага дэканата. У 1984 г. пераведзены ў Беларусь. Працаваў пробашчам у касцёле св. Тройцы ў Глыбокiм. Пасля 1988 г. адначасова служыў вiкарыем у Мiнскiм Кальварыйскiм касцёле Узвышэння крыжа. З 1989 г. разам з вернiкамi змагаўся за вяртанне беларускiх каталiцкiх святынь у Мiнску (касцёл святых Сымона i Алены, Кафедральны касцёл, касцёл св. Роха). Аднавiў i адкрыў каталiцкiя парафii ў Каралiшчавiчах, Чэрвенi, Смалявiчах, Раўбiчах i iнш. З пачатку 90-х гадоў паслядоўна праводзiць беларусiзацыю каталiцкай царквы на Беларусi. У 1991 г. адмовiўся ад прапановы выехаць на вучобу ў Рым. Завочна прадоўжыў вучобу ў Каталiцкай тэалагiчнай акадэмii ў Варшаве. Скончыў вышэйшыя магiстэрскiя курсы па тэалогii (22.2.1993). З 1991 г. вядзе шырокую рэлiгiйную кнiгавыдавецкую дзейнасць. Падрыхтаваў i выдаў на беларускай мове шэраг кнiг для вернiкаў: «Сьвятая Iмша», 1990; «Катэхiзм» (на 4 мовах), 1993; «Будслаўскi касьцёл — сьвятыня Беларусi», 1993; «Сьвятыня Беларусi», 1994; «Сьвяты Ружанец», 1994; «Прыгатаваньне да першай Сьвятой споведзi», 1995; «Абрады пахавання», 1998 i iнш. Вялiкую ўвагу аддае падрыхтоўцы рэлiгiйных спеўнiкаў. Адзiн з аўтараў навукова-папулярнай кнiгi «Канфесii на Беларусi (канец XVIII—ХХ ст.)» (Мiнск, 1998). З 11.9.1993 на Беларускiм радыё вядзе рэлiгiйную перадачу «Голас душы». Адзiн з заснавальнiкаў Хрысцiянскага таварыства мiласэрнасцi (1993). Сябра Каардынацыйнай камiсii Сiнода Мiнска-Магiлёўскай i Пiнскай архiдыяцэзiй (з 14.4.1996). Для пашырэння беларускай мовы ў святарскай дзейнасцi прымаў удзел у пера-кладзе для каталiцкага духавенства на Беларусі лiтургiчных кнiг («Iмшал», «Рытуал»). Iнiцыятар адкрыцця ў Мiнску Беларускага каталiцкага унiверсiтэта. Адзін з арганізатараў дабрачыннага Фонда абароны жыцця. 25.5.1999 абраны правадзейным членам Міжнароднай акадэміі экалогіі. Выступае з артыкуламi нацыянальна-рэлiгiйнай праблематыкi ў беларускiм, нямецкім, польскім і латышскім перыядычным друку.
Крынiцы:
Аўтабіяграфія У.Завальнюка;
Звязда (Мiнск). 1995. № 221;
Голас Радзiмы (Мiнск). 1999. № 29—30;
Лiтаратура i мастацтва (Мiнск). 1998.
АНТОН ЗЯНКЕВІЧ
(1888–1949)
Каталіцкі святар заходняга абраду, доктар тэалогii, рэлігійны і культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст. душпастыр
Нарадзіўся ў 1888 г. ў г. Дзісна Віленскай губ. Паходзіў з дваранскай сям’і Ігната Зянкевіча. Вучыўся ў Сестржанцэвіцкім павятовым вучылішчы ў Пецярбургу. Там жа атрымаў пасведчанне на званне аптэкарскага вучня. У 1905 г. паспяхова здаў уступныя экзамены ў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Аднак па прычыне адсутнасці вольных месцаў толькі праз два гады, увосень 1907 г., прыняты ў лік семінарыстаў. У беларускі нацыянальна-рэлігійны рух уключыўся пад час вучобы ў Вільні. Пасвячоны ў святары 10.6.1911. Вучыўся за мяжой. Вывучаў філасофію ў Інсбруку (Аўстрыя). Пасля вяртання на радзіму займаўся душпастырскай дзейнасцю. З 1917 г. працаваў у Дзісенскім дэканаце, дзе з пачатку сваёй духоўнай працы звяртаўся да вернікаў з беларускімі казаннямі (в. Мікалаева Дзісенскага павета). У жніўні 1918 г. удзельнічаў у дэканальным з’ездзе каталіцкіх святароў Віленшчыны, які прыняў пастанову пра шырокае ўжыванне беларускай мовы ў пачатковых школах і душпастырскай дзейнасці каталіцкіх святароў. На пачатку 20-х гадоў – на пасадзе рэктара ў касцёле св. Стафана ў Вільні. Выступаў у абарону беларускага святара Міхаiла Пятроўскага, арыштаванага ў 1921 г. польскімі ўладамі. З 1924 г. – дэкан і пробашч у парафіі Глыбокае. Пазней, у 1928 г., прызначаны прэфектам рэлігіі ў Глыбоцкай гімназіі імя Т.Чацкага. У 1931 г. абраны кансультантам у святарскую сiнадальную раду пры Вiленскай мiтрапалiтальнай курыi. Прымаў актыўны ўдзел у беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця на заходнебеларускіх абшарах. Адзін з 15 беларускіх святароў, якія 19.5.1925 выступілі ад імя беларускага духавенства з мемарыялам у справе беларусізацыі нацыянальнага рэлігійнага жыцця на агульнапольскай канферэнцыі біскупаў. У гады Другой сусветнай вайны па-ранейшаму ўзначальваў Глыбоцкi дэканат. Нягледзячы на варожыя адносiны i непрыхiльнасць мясцовых польскiх каталiцкiх святароў i польскiх вернiкаў, шырока выкарыстоўваў беларускую мову ў душпастырскай дзейнасцi. Памёр у 1949 г.
Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «З»;
LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521; ф. 604, воп. 5, спр. 7331;
ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 139;
Elenchus... Vilnensis;
Catalogus... Vilnensis;
Krynica (Вiльня). 1920. № 1;
Chryscijanskaja Dumka (Вiльня). 1928. № 2;
Stankiewicz A., 1929;
Stankievic A., 1939;
Spis kosciolow, 1973; 1979.