БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Выдавецкія сэрыі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Юрась Гарбінскі, Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.

Юрась Гарбінскі

ІЗЯСЛАЎ

(нар. 1926)

Праваслаўны святар, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ), рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч беларускага замежжа. У свецкім жыцці — Іван Бруцкі




Нарадзіўся 22.1.1926 у с. Белавуша на Століншчыне. Паходзіць з сялянскай сям’і: бацькі — Даніла і Марыя (з дому Стэмпкоўскіх) Бруцкія. У 1933 — 1939 гг. вучыўся ў польскай пачатковай школе. З прыходам у Заходнюю Беларусь савецкіх войскаў, нягледзячы на арышт бацькі і яго высылку ў Сібір, прадоўжыў вучобу ў школе. У гады Другой сусветнай вайны быў вывезены на прымусовую працу ў Германію (май 1943). Знаходзіўся ў «остарбайтарскім» лагеры ў мясцовасці Фленсбург. У пасляваенны час жыў у перасыльным украінскім лагеры ў г. Гановер, дзе ўвесну 1947 г. скончыў гімназію з атэстатам сталасці. З 1947 г. — у Канадзе. Скончыў Манітобскі універсітэт у г. Вініпег (1954). Некаторы час працаваў інжынерам дарожнага аддзела ў правінцыі Антарыо (1954— 1962). У 1957 г. быў абраны старшынёй Згуртавання беларусаў Канады. З 1962 г. — у ЗША. Жыў і працаваў у г. Дэтройт (штат Мічыган) і Лос-Анджэлес (штат Каліфорнія). Браў удзел у дзейнасці аддзела Беларуска-амерыканскага Задзіночання і Камітэта паняволеных народаў. Напрыканцы 1969 г. пераехаў у г. Кліўленд (штат Агайо). З 70-х гадоў— дзеяч беларускага царкоўна-рэлігійнага руху ў эміграцыі. Сябра рады БАПЦ. У 1972 г. ўдзельнічаў у працы сабора БАПЦ у Гайленд-Парку. Рукапаложаны ў сан святара ў 1979 г. Вучыўся ва Украінскай праваслаўнай семінарыі ў г. Баўнд Брук. Адначасова выконваў святарскія абавязкі ў парафіі БАПЦ у Гайленд Парку. 22.1.1981 прыняў сан епіскапа і манаскае імя Ізяслаў. На 3-м саборы БАПЦ узведзены ў сан мітрапаліта. Супрацоўнічае з беларускім эмігранцкім перыядычным друкам («Беларускі Голас», «Царкоўны пасланец»). 

Крынiцы:
Голас царквы (Нью-Йорк). 1985. № 57; 1986. № 57, 58; 
Царкоўны пасланец (Самерсэт). 1995. ІІІ/37/47/; 
БелЭн, VІІ. 


НІКАДЗІМ КАВАЛЕЎСКІ

(1888 – пасля 1939)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр




Нарадзіўся 1.1.1888 у мясцовасці Грабава Сакольскага павета Гродзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі – Сямён і Марыяна (з дому Грыжанёвых) Кавалеўскія. Атрымаў хатнюю адукацыю. У 1905 г. скончыў Сакольскае гарадское 3-класнае вучылішча. Прадоўжыў вучобу ў рэальным вучылішчы Цесарэвiча Аляксея ў Гродне. З 1910 г. – на 1-м курсе Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Прымаў удзел у дзейнасці культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Выбыў 12.11.1911 з 2-га курса ў сувязі з пераходам у свецкае званне для паступлення на вайсковую службу. На пачатку 1914 г. выказаў жаданне вярнуцца ў лік выхаванцаў семінарыі. Пасвячоны ў святары 26.5.1918. Душпастырскую дзейнасць распачаў у гэтым жа годзе на пасадзе вікарыя ў г. Кобрын. З 1921 г. – пробашч у г. Картуз-Бяроза. У 2-й палове 30-х гадоў кіраваў спачатку Пружанскім, а пазней Ціханавецкім дэканатамі Пінскай дыяцэзіі. З часоў вучобы ў Вiленскай духоўнай каталiцкай семiнарыi звязаны з беларускiм нацыянальна-рэлiгiйным рухам.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «К»;
LCІA, ф. 604, воп. 5, спр. 7799, 8297;
Catalogus…Vilnensis;
Elenchus… Pinscensis;
Krynica (Вільня). 1925. № 3. 


РОБЕРТ ВАН КАВЭЛЯРТ 
ДЭ УІЛЬС

(1906—1986)

Каталіцкі святар усходняга абраду, манах-бенедыкцінец, рэлігійны і культурны дзеяч беларускага замежжа ў Бельгіі



Нарадзіўся 19.5.1906. Паходзіў з вядомай у Бельгіі фламандскай сям’і Кавэляртаў дэ Уільс, з якой выйшлі вядомыя палітыкі і рэлігійныя дзеячы, журналісты. З 1948 г. звязаны з беларускім культурна-нацыянальным рухам у эміграцыі. У 1949 г. абраны сакратаром Дапамогавага камітэта беларускіх студэнтаў. Удзельнік Кангрэса Цэнтра беларускіх акадэмічных арганізацый (23.10.1949). Вёў душпастырскую дзейнасць у асяродках беларускіх рабочых у г. Лёвен. З пачатку 50-х гадоў – адміністратар і духоўны куратар беларускіх студэнтаў у Лёвенскiм каталіцкім універсітэце. Садзейнічаў папулярызацыі беларускай музычнай творчасці ў Бельгіі. Спрыяў выданню грампласцінак з запісамі рэпертуару беларускага Лёвенскага хору пад кіраўніцтвам Міколы Равенскага. Падтрымліваў шырокія кантакты з беларускімі эмігранцкімі палітыкамі, свецкімі і рэлігійнымі дзеячамі (Ч.Сіповіч, М.Равенскі, А.Смаршчок, М.Абрамчык і інш.). Садзейнічаў арганізацыі ў Лёвене прыхода Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Памёр у 1986 г.

Крынiцы:
Бацькаўшчына (Мюнхен). 1956. № 21;
Рагуля Б.;
Беларус (Нью-Йорк). 1986. № 333.


IВАН КАРЧЫНСКI

(2-я пал. ХІХ ст.—?)

Праваслаўны святар, протаiерэй Гродзенскай епархii, рэлiгiйны i грамадскi дзеяч, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., публiцыст




Удзельнiчаў у працы Маскоўскага царкоўнага сабора ў 1917—1918 гг. Звязаны з беларускiм царкоўна-рэлiгiйным i грамадска-культурным рухам. На правах сябра ўваходзiў у склад Гродзенскай беларускай управы (1918—1919). Прымаў удзел у дзейнасцi арганiзацыйнага Камiтэта па склiканнi краёвага беларускага з’езда Гродзеншчыны. Уваходзiў у склад Лiтоўскай Тарыбы. Аказваў падтрымку беларускiм каталiцкiм святарам, садзейнiчаў у правядзеннi набажэнстваў на беларускай мове. Быў звязаны з беларускiмi эсэрамi. Праследаваўся польскiмi вайсковымi ўладамi. У жнiўнi 1919 г. арыштаваны i адпраўлены ў Кракаў. Справаю яго вызвалення займалiся Брытанская ваенная мiсiя ў г. Коўна i ваеннае прадстаўнiцтва Вялiкабрытанii ў Вiльні (31.1—20.2.1920). У нацыянальна-рэлiгiйнай дзейнасцi выступаў за шырокую беларусiзацыю праваслаўнай царквы на Беларусi. Аўтар брашуры «Чаго чакаць Беларусам, асаблiва праваслаўным, ад Польшчы».

Крынiцы:
Усходняя Беларусь;
Архiвы БНР.


ЮРЫЙ КАШЫРА

(1904—1943)

Каталіцкі святар заходняга абраду, манах-марыянін, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр




Нарадзіўся 4.4.1904 у в. Александрова Дзiсенскага павета Вiленскай губ. Паходзіў з беларускай праваслаўнай сям’і: бацькі — Тадэвуш і Марыя Кашыры. У 1922 г. прыняў каталіцтва. З 1925 г. – у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. У гэтым жа годзе ўступіў у навіцыят. Пазней скончыў мясцовую гімназію пры кляштары. У 1930 г. прыняў манаства i быў накiраваны на далейшую вучобу ў Рым. Аднак па прычыне кліматычных умоў у хуткім часе вярнуўся на радзіму. На працягу 1936 г. – суперыёр Беларускага дома марыянаў у Вільні. Пазней выкладаў Закон Божы ў Друйскай гімназіі. Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Па загадзе польскіх улад у чэрвені 1938 г. дэпартаваны разам з іншымі беларускімі святарамі і клерыкамі з Друі ў Польшчу. Пасвячоны ў святары 20.6.1939 у Вiльнi. У гады Другой сусветнай вайны вёў душпастырскую дзейнасць на Віцебшчыне ў в. Росіца. Спалены разам з вернікамі (католiкамi i праваслаўнымi) 18.2.1943 у Росіцы пад час нямецкай карнай экспедыцыі.

Крынiцы:
Catalogus... Vilnensis;
Божым шляхам (Лондан). 1971. № 5;
ЭГБ, IV. 


АНТОНІЙ КІРКЕВІЧ

(1871—1937)

Праваслаўны святар, протаіерэй Мiнскай епархii, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., рэлігійны дзеяч

Нарадзіўся ў 1871 г. ў беларускай праваслаўнай сям’і Паўла Кіркевіча. Скончыў духоўную праваслаўную семiнарыю. Служыў у Мінскім кафедральным саборы (1926). Удзельнiк з’езда прадстаўнiкоў праваслаўнай iерархii, духавенства i вернiкаў Мiнскай епархii (9—10.7.1927). Адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 2-й палове 30-х гадоў служыў у царкве св. Марыі Магдаліны ў Мiнску. Абвінавачаны савецкімі ўладамі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Арыштаваны 28.7.1937. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 1.11.1937 у Мінску.

Крынiцы:
ЦГИА, ф. 2786, воп. 1, спр. 165;
Синодик;
Мартос А. 1966. 


КАНСТАНЦІН КІСЛЫ

(1898 – 1980)

Праваслаўны свецкі і культурна-грамадскі дзеяч беларускага замежжа, рэлігійны музыколаг і кампазітар, дырыжор царкоўных і свецкіх хароў




Нарадзіўся 25.5.1898 у мясцовасці Лянчыцы Лянчыцкага павета Калішскай губ. Паходзіў з беларускай праваслаўнай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у г. Каліш. З пачаткам Першай сусветнай вайны разам з бацькамі эвакуіраваўся ў г. Марыупаль, дзе паступіў у мясцовую настаўніцкую семінарыю. У час вучобы на занятках прафесара музыкі кампазітара Салаўёва выявіў музычныя здольнасці. У сувязі з мабілізацыяй у войска выкладчыка музыкі кіраўніцтвам семінарыі ў 1918 г. прызначаны выкладчыкам спеваў і кіраўніком хору ў настаўніцкай семінарыі. На першым канцэрце хор пад кіраўніцтвам маладога дырыжора выканаў і дзве беларускія песні («Чаму ж мне не пець» і «Ці свет, ці світае»). Дзякуючы маці, якая зарэгістравала сям’ю ў Беларускім камітэце Марыупаля, упершыню пазнаёміўся з беларускім нацыянальна-адраджэнскім рухам. У 1918 г. скончыў настаўніцкую семінарыю. Пачатак грамадзянскай вайны ў Расіі і ваенныя дзеянні закінулі яго ў Турцыю, дзе ён жыў пэўны час у мясцовасці Сан-Стэфана недалёка ад Канстанцінопаля. У 1921 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Жыў у Слоніме, дзе арганізаваў царкоўны хор пры Праабражэнскім саборы. Адначасова стварыў мясцовы свецкі хор. У 1933 г. пераехаў у Беласток. Арганізаваў школьны царкоўны хор пры саборы св. Мікалая, а таксама свецкі хор пры Таварыстве беларускай школы. У 2-й палове 30-х гадоў на іх аснове быў створаны агульны хор. Нягледзячы на перашкоды з боку дзяржаўна-адміністрацыйных улад, ён шырока ўводзіў у рэпертуар беларускія песні і арганізаваў некалькі публічных канцэртаў. З прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі быў арыштаваны органамі бяспекі. Знаходзіўся ў канцэнтрацыйным лагеры. У ліпені 1941 г. вярнуўся ў Беласток. Уключыўся ў беларускую культурна-асветную справу. Наладзіў кантакты з Беларускім камітэтам у Беластоку і аднавіў свой колішні хор. З 1942 г. выступаў з публічнымі канцэртамі. У хуткім часе хор быў перайменаваны ў Ансамбль беларускай песні і танца. У гарадах і вёсках шырока прапагандаваў музычна-песенную спадчыну беларускага народа. З чэрвеня 1944 г. – у эміграцыі. Пэўны час жыў у Германіі. Пазней, у 1948 г., перабраўся ў Бельгію, дзе працаваў на вуглездабывальнай шахце. Пасля смерці вядомага беларускага кампазітара Міколы Равенскага быў запрошаны на пасаду дырыжора студэнцкага Ансамбля беларускай песні і танца ў г. Лёвен. Шырока папулярызаваў беларускую песню ў Заходняй Еўропе. З ансамблем выступаў у Бруселі, Лондане, Парыжы, Кёльне і Боне. З мая 1956 г. – у ЗША. Жыў у г. Кліўленд, дзе прымаў удзел у беларускім культурна-грамадскім жыцці. У якасці дырыжора супрацоўнічаў з беларускімі царкоўнымі і свецкімі харамі. У 50-я гады прымаў удзел у рэарганізацыі кліўлендскага хору беларускай моладзі ў жаночы ансамбль «Васількі». У Кліўлендзе адкрыў уласную інструментальна-музычную студыю. Цяжка хварэў. Вярнуўся ў Беласток, дзе 8.1.1980 памёр.

Крынiцы:
Бацькаўшчына (Мюнхен). 1958. № 20;
Голас Царквы (Нью-Йорк). 1980. № 53;
Кіпель В.;
Рагуля Б.  


АДОЛЬФ КЛІМОВІЧ

(1900—1970)

Культурна-грамадскі і рэлігійны свецкі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., палітык, выдавец, публіцыст




Нарадзіўся 7(13?).4.1900 г. у в. Казаноўшчына (паводле іншых крыніц – у в. Клюшчаны) Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сям’і беларусаў-католікаў. У 1921 г. скончыў Віленскую беларускую гімназію. Прадоўжыў вучобу ў Чэхаславакіі, у Вышэйшай школе інжынераў сельскай і лясной гаспадаркі ў Празе (1922—1928). Дзеяч беларускага студэнцкага руху. У гады вучобы – кіраўнік Беларускай грамады ў Празе і загадчык аддзела міжнародных зносін у Аб’яднанні беларускіх студэнцкіх арганізацый. У складзе беларускай дэлегацыі ўдзельнічаў у 5-м Уніяцкім кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20—24.7.1927). Пасля вяртання ў Вільню працаваў на культурна-грамадскай і рэлігійнай ніве. Відны дзеяч Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. У 1928—1936 гг. узначальваў гаспадарчае аддзяленне Беларускага iнстытута гаспадаркі і культуры. Працаваў у Віленскай беларускай настаўніцкай семінарыі. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні. Супрацоўнічаў з заходнебеларускім свецкім і рэлігійным перыядычным друкам («Chryscijanskaja Dumka», «Маладое жыцьцё»). У 1932—1939 гг. рэдагаваў і выдаваў гаспадарчы часопіс «Самапомач». З 1934 г. – кіраўнік Беларускага нацыянальнага прадстаўніцтва ў Польшчы. У 1938 г. быў дэпартаваны з Вільні польскімі ўладамі. Садзейнічаў выданню газеты «Bielaruskaja krynica» (1939—1940). У гады Другой сусветнай вайны прадоўжыў беларускую грамадска-палітычную і культурную дзейнасць. Пэўны час працаваў у Беларускай народнай самапомачы ў Лідзе. У 1952 г. арыштаваны органамі бяспекі. Ваенным трыбуналам Маскоўскай ваеннай акругі 28.2.1953 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Праз месяц расстрэл быў заменены на 25 гадоў лагераў. Вярнуўся ў Вільню ў 1956 г. У апошнія гады жыцця працаваў над біяграфічным слоўнікам беларускіх рэлігійных, культурных і палітычных дзеячаў. Памёр 24.10.1970 у Вільні. Пахаваны на парафіяльных могілках у в. Клюшчаны.

Крынiцы:
ЦНБ, ф. 5, вып.1, спр. 1;
ЭГБ, IV;
Chryscijanskaja Dumka (Вільня). 1928. № 7; 
Stankiewicz A., 1929. 


АЛЯКСАНДР КОЎШ

(1890—1943)

Праваслаўны святар, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., рэдактар, выдавец і публіцыст




Нарадзіўся ў 1890 г. ў в. Рыдзялі Гродзенскага павета. Паходзіў з сям’і праваслаўных беларусаў. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў мястэчку Свіслач. Пэўны час працаваў настаўнікам на Століншчыне. Вучыўся на бухгалтарскіх курсах у Любліне. Пасля іх заканчэння – супрацоўнік Люблінскага аддзялення Расійскага дзяржаўнага банка. У пачатку Першай сусветнай вайны эвакуіраваны ў Разань, потым у Майкоп. У 1921 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Рукапаложаны ў сан святара ў 1924 г. (?) у Гродне. З 1925 г. – у Вільні. Служыў настаяцелем прыхода ў Cніпішках, галоўным бухгалтарам Беларускага кааператыўнага банка, выкладаў Закон Божы ў Віленскай беларускай гімназіі. Адзiн з iнiцыятараў i заснавальнiкаў прафесiйнага Саюза беларускiх настаўнiкаў у Вiльнi, Клецку i Навагрудку. Шырока супрацоўнічаў з заходнебеларускім перыядычным друкам, выступаў з артыкуламі па пытаннях беларусізацыі праваслаўнай царквы, аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. У 1927 г., у сувязі з забаронай дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады, арыштаваны польскімі ўладамі, аднак у 1928 г. апраўданы. У 1928—1929 гг. – выдавец і рэдактар праваслаўнага царкоўна-рэлігійнага часопіса «Беларуская зарніца» i газеты «Народная Нiва» (з 5.1.1928), кіраўнік секцыі Чырвонага Крыжа пры Беларускім цэнтры. За ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху пазбаўлены польскімі ўладамі месца настаяцеля Пятніцкай царквы ў Вільні і высланы ў в. Кастыкі Вілейскага павета. У 1939 г. вярнуўся ў Вільню, быў настаяцелем царквы св. Мікалая. Паводле ўказу Ковенскага епархiяльнага савета (ад 7.12.1939, № 1274) звольнены з пасады настаяцеля па прычыне «серьёзных обвинениях, требующих расследования». У гады Другой сусветнай вайны звязаны з беларускімі нацыянальна-рэлігійнымі і грамадска-культурнымі арганізацыямі. У 1941 г. прызначаны ў выдавецкую камісію пры мінскім архірэі. Паводле адной версіі, у 1943 г. быў арыштаваны гестапа і расстраляны ў Плешчаніцах за дапамогу яўрэйскаму насельніцтву, па другой – стаў ахвярай унутраных парахункаў паміж беларускімі палітычнымі групоўкамі.

Крынiцы:
LCVA, ф. 218, воп. 1, спр. 21, 66, 79;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
ЭГБ, IV;
Пранчак Л. 


СВЯТАСЛАЎ КОЎШ

(1916—1997)

Праваслаўны святар, протапрэс-вітэр, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч беларускага замежжа, пісьменнік, рэдактар, выдавец, публіцыст




Нарадзіўся 25.12.1916 у Вільні (паводле іншых крыніц, у 1917 у мястэчку Ілья Вілейскага павета). Паходзіў з сям’і праваслаўнага святара: бацькі – Аляксандр і Альжбета (з дому Сураўцоў) Каўшы. Скончыў Віленскую беларускую гімназію і факультэт права універсітэта імя Стафана Баторыя ў Вільні. Рукапаложаны ў сан дыякана 28.7.1938. Працаваў на Стаўбцоўшчыне псаломшчыкам у в. Засулле, з 1939 г. – завуч сярэдняй школы. У гады Другой сусветнай вайны звязаны з беларускімі культурна-асветнымі і палітычнымі арганізацыямі. У 1941—1944 гг. узначальваў адміністрацыю Клецкага павета. З 1944 г. – у эміграцыі. Напачатку жыў у Германіі. Працаваў камендантам лагера для перамешчаных асоб у г. Ватэнштэт, настаўнічаў у Беларускай гімназіі імя М. Багдановіча. У 1949 г. выехаў у ЗША. Рукапаложаны ў сан святара ў 1969 г. Служыў настаяцелем у беларускім праваслаўным прыходзе св. Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гілі (Нью-Йорк, 1969—1977) і ў прыходзе св. Ефрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсi, 1976—1986). З 1970 г. – сябра епархіяльнай рады Беларускай праваслаўнай царквы Паўночнай Амерыкі і Канады. Старшыня Беларуска-Амерыканскага дапамогавага камітэта (1976—1988). Пасля 1976 г. рэдагаваў праваслаўны рэлігійны часопіс «Царкоўны Сьветач», выдаваў «Беларускі праваслаўны календар». У 1977 г. абраны адміністратарам беларускіх праваслаўных прыходаў ЗША і Канады, якія падлягалі юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярха. Аўтар кнігі балад і прозы «Русалчына балада», аповесці «На дарогах вайны» і інш. Памёр 5.11. 1997. Пахаваны на беларускiх праваслаўных могiлках у г. Саўт-Рывер.

Крынiцы:
Вiнiцкi А.;
Кіпель В.;
Пранчак Л.;
Беларус (Нью-Йорк). 1997. № 448;
Юрэвiч Л., 1999. 


МІКАЛАЙ КРАСІНСКІ

(1886–1938)

Праваслаўны свецкі і культурна-грамадскі дзеяч міжваеннага дваццацігоддзя ў Заходняй Беларусі, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., педагог




Нарадзіўся ў 1886 г. (па iншых крынiцах — у 1891) у г. Вілейка. Паходзіў з сям’і беларускага шляхціца. Скончыў 1-ю гімназію ў Вільні. Працягваў вучобу ў Пецярбургскім універсітэце. Пасля савецка-польскай вайны 1920 г. – у Вільні. Сябра Беларускага нацыянальнага камітэта. Працаваў у Віленскай духоўнай праваслаўнай семінарыі: спачатку ў якасці настаўніка, а пазней – інспектара. Адначасова знаходзіўся на службе ў Праваслаўнай духоўнай кансісторыі. Выступаў за беларусізацыю праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі. Падтрымліваў сяброўскія адносіны з В.Багдановічам. Працаваў у Віленскай беларускай гімназіі (1922—1924). Прымаў удзел у дзейнасці беларускіх культурна-асветных і грамадскіх арганізацый. Сябра Цэнтральнай школьнай рады і Беларускага грамадзянскага сходу, Беларускага навуковага таварыства ў Вiльнi. У вiленскiм асяроддзi заходнебеларускiх грамадска-палiтычных i рэлiгiйных свецкiх дзеячаў празваны «архiмандрытам». У 1-й палове 20-х гадоў выехаў у Савецкую Беларусь. Працаваў у Народным камiсарыяце асветы БССР. З 1925 г. — супрацоўнiк Iнстытута беларускай культуры: узначальваў тэатральную секцыю i выконваў абавязкi намеснiка старшынi аддзела мастацтва. Арыштаваны органамі бяспекі ў сувязі з сумнавядомай справай «Саюза вызвалення Беларусі» (14.3.1930). На 5 гадоў быў высланы ў г. Оханск (Расiя). Другi раз арыштаваны 12.6.1938. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. 23.11.1938 расстраляны.

Крынiцы:
LCVA, ф. 51, воп. 17, спр. 6;
БелЭн, VIII;
Krynica (Вiльня). 1924. № 5. 


КАЗІМІР КУЛАК

(1896 – 1989)

Каталіцкі святар заходняга абраду, доктар тэалогіі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., душпастыр, педагог, актывіст беларускага студэнцкага руху міжваеннага дваццацігоддзя, прыхільнік беларускага уніяцтва



Нарадзiўся 26.3.1890 у в. Кудзераўшчына Сакольскага павета Гродзенскай губ. Паходзiў з сялянскай сям’i: бацькi — Вiкенцiй i Разалiя (з дому Фалевiчаў) Кулакi. Скончыў Дуброўскае вышэйшае пачатковае вучылiшча (7.6.1914). З 1915 г. — клерык Вiленскай духоўнай семінарыі. Пасвячоны ў святары 30.5.1920. З 1923 г. служыў вiкарыем у парафii Трокi i адначасова выкладаў Закон Божы ў мясцовай школе. З беларускiм нацыянальна-рэлiгiйным рухам звязаны з часоў вучобы ў Вiленскай семiнарыi. Вучыўся ў папскім Усходнім інстытуце ў Рыме, дзе ў 1927 г. паспяхова абараніў доктарскую працу на тэму «Псіхалогія вяртання да каталіцтва Мялеція Сматрыцкага, біскупа Полацкага». Пад час вучобы ў Рыме падараваў Папскай бiблiятэцы ў Ватыкане «Гiсторыю беларускай (крыўскай) кнiгi» В.Ластоўскага. Перапісваўся з беларускiм святаром У.Талочкам. У лiстах да В.Ластоўскага палемiзаваў у сувязi з прапановай апошняга «стварыць сваю ўласную веру». Пасля вучобы вярнуўся ў Пінскую дыяцэзію, дзе працаваў прафесарам рускай мовы ў мясцовай духоўнай семiнарыi. Кіраваў уніяцкім сектарам. У 1933 г. — у Варшаве: выконваў абавязкі сакратара біскупа М.Чарнецкага. Прадстаўлены ў Ватыкане як кандыдат у папскія прэлаты, аднак прэлатуры не атрымаў. Магчыма, не апошнюю ролю ў гэтай справе адыгралі дзве істотныя акалічнасці: прыхільнасць да уніяцтва і паслядоўная падтрымка беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху. У 40-я гады праводзiў душпастырскую дзейнасць у Ляндварове і Тургелях Трокскага дэканата. Знаходзiўся пад арыштам.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «К»;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Directorium... Vilnensi;
Elenchus... Pinscensis;
Архiвы БНР;
Chryscijanskaja Dumka (Вiльня). 1934. № 10. 


СТАФАН КУЛЬЧЫЦКІ

(1879—1937)

Праваслаўны святар, протаіерэй Мiнскай епархii, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., рэлігійны і грамадскі дзеяч



Нарадзіўся ў 1879 г. ў беларускай праваслаўнай сям’і Івана Кульчыцкага. Скончыў духоўную праваслаўную семiнарыю. Удзельнік з’езда беларускага праваслаўнага духавенства ў 1917 г. ў Маскве. Прадстаўляў беларускае праваслаўнае святарства Мінскай епархіі на Памесным саборы ў 1917—1918 гг. З красавiка 1918 г. як прадстаўнiк Камiтэта Мiнскага беларускага прадстаўнiцтва ўвайшоў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Працаваў у камiсii па мiжнародных справах БНР. Разам з каталiцкiм святаром В.Гадлеўскiм быў абраны ў выканаўчы камiтэт Мiнскага беларускага прадстаўнiцтва. З 1926 г. служыў у Кацярынінскай царкве ў Мінску. Прымаў удзел у з’ездзе прадстаўнiкоў праваслаўнай іерархii, духавенства i вернiкаў Мiнскай епархii (Мiнск, 9—10.7.1927). Адзін з ініцыятараў абвяшчэння аўтакефалii Беларускай праваслаўнай царквы. У 30-я гады служыў у царкве св. Марыі Магдаліны. Праследаваўся савецкімі ўладамі. Арыштаваны 28.7.1937. Абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 1.11.1937 у Мінску.

Крынiцы:
ЦГИА, ф. 2786, воп. 1, спр. 165;
Архiвы БНР;
Вольная Беларусь (Мiнск). 1917. № 8;
Усходняя Беларусь;
Мартос А.;
Синодик. 


ІВАН КУШНЕР

(1908—1943)

Праваслаўны святар, протаіерэй Лiтоўскай епархii, магістр багаслоўя, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., рэлігійны і грамадскі дзеяч



Нарадзіўся ў 1908 г. ў мясцовасці Лужкі на Глыбоччыне. Паходзіў з сям’і праваслаўных беларусаў. Скончыў пачатковую народную школу і Віленскую духоўную праваслаўную семінарыю (1930). У гэтым жа годзе рукапаложаны ў сан святара. Вучыўся на багаслоўскім факультэце Варшаўскага універсітэта (1930—1934). У 1935 г. абараніў магістэрскую дысертацыю. У час вучобы ў Вільні і Варшаве прымаў актыўны ўдзел у беларускай мастацкай самадзейнасці. З 1934 г. служыў настаяцелем праваслаўнага прыхода ў в. Ятвеск на Гродзеншчыне. У гады Другой сусветнай вайны ўдзельнiчаў у адраджэнні беларускага нацыянальна-рэлігійнага жыцця. З 1941 г. – у Мінску. Служыў настаяцелем Аляксандра-Неўскай праваслаўнай царквы на Вайсковых могілках. Сябра Мiтрапалiтальнай управы Беларускай праваслаўнай царквы (1942—1943) Удзельнічаў у працы перадсаборнай праваслаўнай камiсii і Усебеларускага царкоўнага сабора ў Мінску (30.8—2.9.1942), на якім была абвешчана аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы. Загінуў 5.7.1943 у выніку выбуху міны. Пахаваны на вайсковых могiлках у Мiнску.

Крынiцы:
Мартос А.;
Касяк І. 


СІГІЗМУНД ЛАЗІНСКІ

(1870—1932)

Каталіцкі святар заходняга абраду, біскуп Мінскі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст.



Нарадзіўся 5.6.1870 у в. Барацін каля Навагрудка. Паходзіў з польскай каталіцкай сям’і: бацькі – Уладзіслаў і Людвіка (з дому Чачотаў) Лазінскія. Першапачаткова вучыўся ў Варшаве, два апошнія гімназічныя класы скончыў у Пецярбургу. З 1889 г. – клерык Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі, а пазней – студэнт Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары 23.6.1895. Працаваў выкладчыкам Святога Пісання і гамілетыкі ў духоўнай семінарыі ў Пецярбургу. У сувязі з адмовай у 1898 г. даць згоду на наведванне малодшым братам праваслаўных набажэнстваў у школе быў звольнены з працы і ў якасці пакарання адпраўлены ў Аглонскі кляштар у Латвіі. Пасля вызвалення ў чэрвені 1900 г. прызначаны на пасаду вікарыя ў Смаленску. На працягу 1901—1902 гг. выконваў святарскія абавязкі ў гарадах Тула і Рыга. Пазней служыў пробашчам у Кальварыі пад Мінскам і ў Мінскім кафедральным касцёле. З 1908 г. – прафесар Святога Пісання ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. Адначасова выкладаў у мясцовай духоўнай каталіцкай семінарыі. У гады Першай сусветнай вайны служыў капеланам у лагерах для нямецкіх і аўстра-венгерскіх ваеннапалонных. 12.11.1917 прызначаны біскупам адноўленай Мінскай дыяцэзіі, заняў кафедру 14.8.1918. Браў удзел у беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця сярод беларусаў-католікаў. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў беларускай каталіцкай семінарыі ў Мінску (1918). Падтрымліваў дзейнасць Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці. Шырока кантактаваў з беларускімі нацыянальна-рэлігійнымі дзеячамі Ф.Абрантовічам, В.Гадлеўскім, К.Кулаком і інш. З прыходам у Мінск бальшавікоў быў арыштаваны. Пэўны час знаходзіўся ў Смаленску і Маскве. Вызвалены ў выніку абмену на ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Жыў у Мінску. Перад наступленнем Чырвонай Арміі ўлетку 1920 г. выехаў у Навагрудак. Пазней перабраўся ў Пінск, дзе ў 1925 г. быў прызначаны біскупам Пінскай дыяцэзіі. Выступаў за ўжыванне беларускай мовы ў душпастырскай дзейнасці на беларускіх абшарах і сам прамаўляў да вернікаў на беларускай мове. Супрацоўнічаў з рэлігійнымі каталіцкімі часопісамі «Miesiecznik Diecezji Pinskiej» (1925—1926) і «Pinski Przeglad Diecezjalny» (1927—1932). Аўтар рэлігійна-навуковых брашур «Chrzescjanska milosc Ojczyzny i praca narodow» (Гнезна, 1918), «Rozwazania majowe dla duchowienstwa» (Пінск, 1927), «Pedagogika w pierwszych rozdzialach Pisma Swietego» (Пінск, 1929). Заходнебеларускі дзеяч А.Клімовіч прыгадваў, што ў час адміністравання Пінскай дыяцэзіі на адной з канферэнцый дэканаў Лазінскі «проста і нядвузначна радзіў ужываць у пасторызацыі беларускага насельніцтва беларускую мову і за гэта сьцягнуў на сябе буру гневу з боку польскага шовіністычнага духавенства і наогул грамадзянства». Памёр 26.3.1932 у Пінску. Пахаваны ў крыпце Пінскага кафедральнага касцёла.

Крынiцы:
Архіў КДБ РБ (Мінск), спр. 20953-С;
ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 194, 252, 1306;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
PSB, XVIII;
Беларусь (Менск). 1919. № 1;
Stankiewicz A., 1929;
Stankievic A., 1939.  


ЦЫПРЫЯН ЛАЗОЎСКІ

(1891–1978)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 1.10.1891 у в. Пурнушкі Віленскага павета. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Марцін і Ганна (з домe Станулевічаў) Лазоўскія. У снежні 1911 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіi Пецярбургскай навучальнай акругі. Вучыўся ў Вiленскай духоўнай каталіцкай семінарыі (1912—1915). Сябра культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Пасвячоны ў святары ў 1915 г. Першыя гады душпастырскай дзейнасцi правёў на пасадзе вiкарыя. Служыў у парафii Тжцяннэ Кнышынскага дэканата. У 1922 г. пераведзены ў парафiю Iдольта Дзiсенскага дэканата. Пазней служыў пробашчам у парафii Монкi Кнышынскага дэканата (1925—1933). На пачатку 30-х гадоў — у парафii Калiнаўка. З 1934 г. — пробашч у парафii Ясянёўка Карыцiнскага дэканата. З беларускiм нацыянальна-рэлiгiйным рухам быў звязаны з часоў вучобы ў Вiльнi. З 1-й паловы 70-х гадоў на пенсiі. Памёр 26.1.1978.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Л»;
Directorium... Vilnensi;
Catalogus... Vilnensis;
Spis kosciolow, 1973; 1979. 


МІКАЛАЙ ЛАПІЦКІ

(1907—1976)

Праваслаўны святар, мітрафорны протапрэсвітэр, магістр багаслоўя, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч, журналіст, выдавец і публіцыст



Нарадзіўся 30.11.1907 у в. Грэлікі Вiлейскага павета Віленскай губ. Паходзіў з незаможнай мнагадзетнай сялянскай сям’і: бацькі — Сцяпан і Домна Лапіцкія. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1923 г. паступіў у Віленскую духоўную праваслаўную семінарыю. Пасля яе заканчэння прадоўжыў вучобу на багаслоўскім факультэце Варшаўскага універсітэта (1930—1934). Узначальваў студэнцкую арганізацыю «Кола багасловаў», выступаў на старонках студэнцкага праваслаўнага часопіса «Путь Правды». Рукапаложаны ў святары 29.7.1934. Абараніў магістэрскую дысертацыю «Праваслаўе ў ВКЛ у часы панавання Ягайлы». Святарскую дзейнасць пачаў у Ашмянах. Пазней пераведзены ў в. Сцяфанполле Дзісенскага павета Віленскай губ., дзе працаваў да пачатку Другой сусветнай вайны. З 1942 г. – у Мінску. На правах сябра ўваходзіў у склад Часовай Мітрапалітальнай управы. Выконваў абавязкі настаяцеля чыгуначнай царквы ў Мінску. Прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні Усебеларускага царкоўнага сабора (30.8 – 2.9.1942), які абвясціў утварэнне Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ). 
Удзельнік 2-га Усебеларускага кангрэса (Мінск, 27.6.1944). З 1944 г. – у эміграцыі. Спачатку жыў у Германіі. Адстойваючы самастойнасць БАПЦ, выступіў супраць уваходу беларускіх епіскапаў у склад Рускай зарубежнай праваслаўнай царквы. Адзіны з беларускіх святароў, якi не здрадзiў справе незалежнасці і самастойнасці БАПЦ да канца сваёй святарскай дзейнасці. У Германіі выкладаў Закон Божы ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. У 1950 г. пераехаў у ЗША. Працаваў і служыў настаяцелем прыходу св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). Ініцыятар пераходу БАПЦ пад патранат канстанцінопальскага патрыярха і яе кіраўнік. З мая 1951 г. рэдактар і выдавец беларускага эмігранцкага часопіса «Царкоўны Сьветач». Сябра рэдкалегій беларускіх перыядычных выданняў «Беларускае слова» і «Беларуская думка». Узначальваў Беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт. Памёр 8.8.1976. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.

Крынiцы:
LCVA, ф. 220, воп. 2, спр. 237;
ЭГБ, IV;
Путь правды (Варшава). 1930; 1934;
Касяк I.;
Мартос А.;
Вiнiцкi А.;
Беларуская думка (Нью-Йорк; Саўт-Рывер). 1976. № 20;
Беларус (Нью-Йорк). 1976. № 234. 


ДАНАТ ЛАПОШКА

(1875 — 1957)

Каталiцкi святар заходняга абраду, рэлiгiйны i грамадскi дзеяч, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., душпастыр

Нарадзiўся 26.3.1875 у Санкт-Пецярбургу. Паходзiў з сялянскай сям’i беларусаў-католiкаў, якiя прыехалi ў сталiцу Расiйскай iмперыi з Дрысенскага павета Вiцебскай губ. Бацькi — Пётр i Зоф’я (з дому Бейняровiчаў) Лапошкi. Скончыў Сестржанцэвiцкае павятовае вучылiшча. Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры 6-й класiчнай гiмназii ў Пецярбургу. Пазней там жа пры Ваенна-медыцынскай акадэмii здаў экзамены на званне памочнiка аптэкара. З 1903 г. — клерык Магiлёўскай духоўнай каталiцкай семiнарыi ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары 31.5.1907 (паводле iншых крынiц — 12.6.1907). Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе капелана ў мясцовасцi Колпiна. Адначасова служыў эканомам у Магiлёўскай духоўнай каталiцкай семiнарыi (з 27.6.1907). Пазней на той жа пасадзе капелана выконваў святарскiя абавязкi ў Пецяргофе. Выкладаў Закон Божы ў рэальным вучылiшчы iмя Аляксандра III i ў жаночых гiмназiях. З 1912 г. — фiлiялiст у парафiях Лунiн, Осава, Лунiнец. З беларускiм нацыянальна-рэлiгiйным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. Удзельнiчаў у працы 1-га з’езда беларускiх каталiцкiх святароў (Мінск, 24—25.5.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. У душпастырскай дзейнасцi пашыраў казаннi на беларускай мове. Выступаў за беларусiзацыю рэлiгiйнага жыцця ў каталiцкiх парафiях на Беларусi. З 2-й паловы 20-х гадоў служыў у Пiнскай дыяцэзii. Выконваў абавязкi пробашча ў парафii Марочна. У 1939—1955 гг. служыў пры парафii Узвышэння Святога Крыжа ў Лодзi (Польшча).

Крынiцы:
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 1845;
Directorium... Mohiloviensi;
Elenchus... Pinscensis;
Усходняя Беларусь;
Spis duchowienstwa, 1936. 


ГЕОРГІЙ ЛАТУШКА

(нар. 1952)

Праваслаўны святар, протаіерэй Мінскай епархіі, магістр багаслоўя, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., рэдактар, выдавец


Нарадзіўся ў 1952 г. у г.п. Лоеў Гомельскай вобласці. Паходзіць з сям’і праваслаўнага святара: бацькі — Пётр і Таццяна (з дому Корсакавых) Латушкі. Скончыў сярэднюю школу ў Лоеве. У 1969 г. паступіў у Ленінградскі тэхналагічны інстытут. Пасля 3-га курса адмовіўся ад далейшай вучобы. Вырашыў стаць святаром. З 1973 г. — клірык Ленінградскай духоўнай праваслаўнай семінарыі. Пасля яе заканчэння вучыўся там жа ў духоўнай праваслаўнай акадэміі (1975—1979). Рукапаложаны ў сан іерэя ў 1977 г. Служыў у Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы (1979—1985). Пазней — настаяцелем Свята-Анінскай царквы ў г. Стоўбцы (з 1985). Пасля 4 гадоў святарскай дзейнасці ў Стоўбцах вярнуўся ў Мінск. З 1991 г. — настаяцель Мінскага Свята-Петрапаўлаўскага сабора. Адзін з заснавальнікаў Беларускага праваслаўнага брацтва Трох Віленскіх Мучанікаў (студзень 1992). Поруч са святарскай дзейнасцю праводзіць шырокую культурна-грамадскую працу. З 1993 г. — галоўны рэдактар царкоўна-рэлігійнага часопіса «Праваслаўе» (у 1993 —1995 — «Праваслаўе ў Беларусі і ў сьвеце»). Працаваў выкладчыкам Мінскай духоўнай праваслаўнай семінарыі (1993—97). Прымае ўдзел у выдавецкай, культурна-асветнай, навуковай і багаслоўскай дзейнасці Брацтва. Супрацоўнічае з рэлігійнымі і свецкімі перыядычнымі выданнямі на Беларусі. Узначальвае выдавецкі аддзел Мінскага Свята-петрапаўлаўскага сабора і брацтва. Прымаў удзел у падрыхтоўцы серыі выданняў навукова-рэлігійнага зместу («Беларускі Праваслаўны Каляндар», 1994—1999; «Православный церковный календарь с молитвословом», 1995; «Церкви и приходы Минска», 1996; «Малебен за беларускі народ з акафістам Святым Мучанікам Віленскім Антонію, Іаану і Яўстафію», 1998 і інш.).

Крынiцы:
Праваслаўе ў Беларусі і сьвеце (Мінск). 1994. № 1;
Минские епархиальные ведомости (Мінск). 1997. № 3; № 4. 


АДАМ ЛІСОЎСКІ

(1884—1929)

Каталіцкі святар заходняга абраду, ганаровы канонік Пінскай капітулы, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., душпастыр


Нарадзіўся 18.1.1884 (па iншых крынiцах — у 1883) у в. Каранды Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з нацыянальна-свядомай беларускай каталіцкай сям’і. Бацькi: Язэп i Францiшка Лiсоўскiя. У 1899—1903 гг. вучыўся ў духоўнай каталіцкай семінарыі ў Вільні. Пасля яе заканчэння прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. З часоў вучобы ў акадэміі быў звязаны з біскупам С.Данісевічам і выкладчыкам грэчаскай мовы Б.Эпімах-Шыпілам. Прыязджаючы ў родную вёску на вакацыі, распаўсюджваў сярод аднавяскоўцаў і ваколічных суседзяў беларускія кніжныя выданні («Смык беларускі» М.Бурачка і інш.). Пасвячоны ў святары ў 1907 г. Душпастырскую дзейнасць пачаў на пасадзе вікарыя ў касцёле Дзевы Марыі ў Магілёве. З 1910 г. служыў у парафіях св. Тройцы і св. Роха ў Мінску. Выконваў абавязкі адміністратара ў касцёле святых Сымона і Алены (1911). У 1912—1914 гг. працаваў у Маскве, выкладаў Закон Божы ў свецкіх навучальных установах. Пазней служыў пробашчам у парафіі Гарадзішча на Піншчыне. З 1916 г. – адміністратар і дэкан у Ігумене Мінскай губ. У 1918—1922 гг. працаваў пробашчам парафіі Каралішчавічы і адміністратарам у парафіі Анопаль. У 1921 г. бiскупам С.Лазiнскiм прызначаны генеральным вiкарыем часткi Мiнскай дыяцэзii ў Савецкай Беларусi. Сябра Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці. Прымаў удзел у правядзенні ў Мінску 1-га з’езда беларускага каталіцкага духавенства (24—25.5.1917). Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця. На пачатку 20-х гадоў – пробашч, а пазней адміністратар кафедральнага касцёла ў Мінску. У 1922 г. ўзначалiў Мiнскi дэканат. Абвінавачаны савецкімі ўладамі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Арыштаваны органамі бяспекі 31.5.1922. Быў прыгавораны да расстрэлу, які пазней замянілі на 5 гадоў турмы. Пасля мінскай вязніцы сядзеў за кратамі ў Бутырскай турме ў Маскве і ў Яраслаўлі. Вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу 28.4.1924 у выніку абмену палітычнымі вязнямі паміж уладамі Польшчы і Савецкай Расіі. З сярэдзіны 20-х гадоў жыў у Заходняй Беларусi. Працаваў адмiнiстратарам у парафii Гарадзiшча недалёка ад Пiнска. Пазней служыў пробашчам у парафii Вышкi. Памёр 9.10.1929 у Варшаве. Пахаваны ў мясцовасцi Кляшчэлi Бельскага павета.

Крынiцы:
ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 140;
Directorium... Mohiloviensi;
ЭГБ, IV;
Усходняя Беларусь;
Chryscijanskaja Dumka (Вільня). 1929. № 15;
Dzwonkowski R., 1998. 


ВАЦЛАЎ ЛУКША

(1892–1962)

Каталіцкі святар заходняга абраду, магiстр тэалогii, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр

Нарадзіўся 5.1.1892 у в. Баброўнікі (?) Віленскага павета. Паходзіў з сялянскай сям’і Вікенція Лукшы. Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камiсii Маскоўскай навучальнай акругi (29.3.1910). Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1915). У час вучобы ўваходзіў у культурна-асветны гурток беларусаў-семінарыстаў. Пасвячоны ў святары ў 1915 г. У 20—30-я гады працаваў законавучыцелем, выкладаў рэлiгiю ў Ваўкавыскай (з 1925) i Гродзенскай (з 1931) гiмназiях. Памёр у 1962 г.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Л»;
Directorium... Vilnensi;
Catalogus... Vilnensis;
Spis kosciolow, 1973; 1979. 


КАРЛ АЛЯКСАНДР ЛУПІНОВІЧ

(1891—1937?)

Каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 14.7.1891. Паходзіў з сям’і беларусаў-католікаў. Скончыў Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу (1914). Працягваў вучобу там жа ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі (1914—1917). Сябра культурна-асветнага гуртка клерыкаў-беларусаў. Пасвячоны ў святары ў 1915 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя ў Мінску. Прымаў удзел у беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця. Выступаў перад вернікамі з беларускімі казаннямі. Вясною 1919 г. арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі. Вызвалены ў выніку абмену на палонных чырвонаармейцаў. У 1922—1923 гг.– адміністратар парафіі ў г. Рэчыца Мазырска-Рэчыцкага дэканата. З 1924 г. – у Маскве, дзе працаваў у парафіі святых Пятра і Паўла. Выконваў абавязкі генеральнага вікарыя і фактычна з’яўляўся апостальскім адміністратарам у Маскве. Арыштаваны другі раз 20.2.1929. Пад ціскам органаў савецкай бяспекі падпісаў заяву аб супрацоўніцтве. Аднак пасля вызвалення паведаміў пра гэты факт вышэйшым каталiцкiм уладам у Маскве. Пасля чарговага арышту адпраўлены на 3 гады ў ссылку ў Казахстан. У снежні 1933 г. арыштаваны ў ссылцы і на следства дастаўлены ў Мінск. 29 сакавіка 1934 г. асуджаны на 3 гады ссылкі і дэпартаваны ў Казахстан. У чэрвені гэтага ж года арыштаваны ў ссылцы і асуджаны на 10 гадоў канцэнтрацыйных лагераў. Рашэннем калегіі НКУС 11.12.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Дакладная дата і месца экзекуцыі невядомы.

Крынiцы:
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2221;
ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 1473;
Directorium... Mohiloviensi;
Elenchus… Mohiloviensis;
Dzwonkowski R., 1998.
 


АНТОН ЛЯВОШ

(1896–1975)

Каталіцкі святар заходняга абраду, ганаровы канонiк мiтрапалiтальнай капiтулы ў Беластоку, доктар тэалогіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр


Нарадзіўся 10.11.1896 у г. Саколка Гродзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі – Ян і Зузанна (з дома Жывалеўскіх) Лявошы. У чэрвені 1913 г. скончыў гарадское 4-класнае вучылішча ў Саколцы. З 1913 г. – на 1-м курсе Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Браў удзел у культурна-асветным гуртку клерыкаў-беларусаў. Пасвячоны ў святары 30.5.1920. Пасля заканчэння семінарыі прадоўжыў вучобу ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (з 1921). Вучыўся ў Рыме, дзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі. У складзе беларускай дэлегацыі ўдзельнічаў у працы 5-га Уніяцкага кангрэса ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20—24.7.1927). З 1928 г. — вікарый пры касцёле св. Яна ў Вільні. У 1929 г. прызначаны на прасінадальную працу ў літургічнай камісіі Віленскай архідыяцэзіі. З 1932 г. — законавучыцель і адміністратар у парафіі Старасельцы. У міжваеннае дваццацігоддзе выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця на заходнебеларускіх абшарах. Вёў перапіску з рэдакцыямі беларускіх каталіцкіх выданняў («Chryscijanskaja Dumka» і інш.). Сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. З 1945 г. — у парафii Беласток—Дойлiды, дзе працаваў на пасадзе пробашча. Адначасова ўзначальваў Беластоцкi дэканат. Сябра архiдыяцэзiяльнай адмiнiстрацыйнай рады. Уваходзiў у склад камiсii па справах лiтургii, музыкi i касцельнага мастацтва. Цэнзураваў кнiгi рэлiгiйнага зместу. Памёр 8.3.1975.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Л»;
Directorium... Vilnensi;
Catalogus... Vilnensis;
Krynica (Вільня). 1925. № 5;
Stankiewicz A., 1929;
Spis kosciolow, 1973; 1979.
 


ІЛЬЯ ЛЯЎКОВІЧ

(1880—1944)

Культурна-асветны і свецкі пратэстанцкі дзеяч, бібліяфіл, пісьмен-нік, перакладчык. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімам Гальяш Леўчык


 

Нарадзіўся 29.7.1880 у г. Слонім (паводле іншых крыніц, у в. Шэйпічы Слонімскага павета). З дзяцінства выявіў здольнасці да малявання, ігры на скрыпцы і спеваў. Скончыў Слонімскае павятовае вучылішча. Вучыўся на курсах чарцёжнікаў. Служыў у канцылярыі міравога суддзі ў Слоніме. З 1904 г. жыў у Варшаве, дзе да пачатку Першай сусветнай вайны працаваў чарцёжнікам. Пасля няўдалых спроб на пачатку 20-х гадоў пераехаць у Вільню канчаткова асталяваўся ў Варшаве. З 1907 г. супрацоўнічаў з беларускім перыядычным друкам. У гісторыі беларускай літаратуры XX ст. вядомы як паэт «нашаніўскай пары». Выдаў асобнай кніжкай зборнік вершаў «Чыжык беларускі» (Вільня, 1912). Быў асабіста знаёмы з Янкам Купалам і Якубам Коласам. У міжваеннае дваццацігоддзе браў чынны ўдзел у дзейнасці рэлігійнай суполкі метадыстаў. Паводле ўспамiнаў заходнебеларускага дзеяча А.Клімовіча, менавіта па гэтай прычыне не меў доступу да тагачаснага заходнебеларускага друку і таму шукаў падтрымкі і апірышча ў асяроддзі заходнебеларускіх радыкалаў. Са студзеня 1927 г. выдаваў у Варшаве штомесячнiк «Дух i праўда» як дадатак да выдання «Pielgrzym Polski». Ад Радашковiцкага таварыства беларускай школы ўдзельнiчаў у школьнай акцыi метадычнай мiсii па арганiзацыi беларускiх прыватных школ на вёсцы. Супрацоўнічаў з дзіцячым часопісам «Заранка», на старонках якога выступаў з вершамі і прозай. У 1930 г. ў Вільні пад яго рэдакцыяй выйшаў спеўнік з нотамі «Хрысціянскія духоўныя песні. Божая ліра», выдадзены Паўночна-Амерыканскай суполкай «Sothern Trade». Вядомы як бібліяфіл. У сваёй прыватнай бібліятэцы ў Варшаве сабраў унікальныя беларускія друкаваныя выданні XIX ст. («Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага, «Дудка беларуская» Ф.Багушэвіча). Загiнуў у вераснi 1944 г. пры падаўленнi нямецкiмi войскамi Варшаўскага паўстання.

Крынiцы:
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
БП, IV;
ЭГБ, IV;
Сьветач Хрыстовае навукі (Нью-Йорк). 1962. № 6—7; 1965. № 2;
Баявая Ускалось (Таронта). 1973. № 13.
 


ЯНКА ЛЯЎКОВІЧ

(1891–1976)

Каталіцкі святар заходняга абраду, лiцэнцыят кананiчнага права, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр

Нарадзіўся 15.12.1891 у в. Біты Камень Сакольскага павета Гродзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Віктар і Канстанцыя (з дому Панаскевічаў) Ляўковічы. У чэрвені 1912 г. скончыў Гродзенскую мужчынскую гімназію з атэстатам сталасці. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі (1911—1914). Удзельнік культурна-асветнага гуртка беларусаў-семінарыстаў. З 1916 г. служыў вiкарыем у парафii Янаў Сакольскага дэканата. У 1921—1939 гг. выконваў святарскія абавязкі ў парафіі Сідэрка Вiленскай дыяцэзii. З 1950 г. — пробашч у мясцовасцi Янаў Сакольскага павета. З беларускiм нацыянальна-рэлiгiйным рухам звязаны з часоў вучобы ў Вiленскай духоўнай каталiцкай семiнарыi. Памёр 26.3.1976.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Л»;
Directorium... Vilnensi;
Catalogus... Vilnensis;
Stankiewicz A., 1929;
Spis kosciolow, 1973; 1979.


АНТОН ЛЯШЧЭВІЧ

(1890—1943)

Каталіцкі святар заходняга абраду, місіянер, манах-марыянін, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 17.9.1890 у в. Абрамаўшчына Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і беларусаў-католікаў: бацькі – Ян і Караліна (з дому Садоўскіх) Ляшчэвічы. Вучыўся ў прыватнай гімназіі пры рымска-каталіцкім касцёле св. Кацярыны ў Пецярбургу (верасень 1902 – жнівень 1908). Там жа скончыў Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю (1914). У гэтым жа годзе пасвячоны ў святары. Да выканання святарскіх абавязкаў прыступіў 17.6.1915 у якасці вікарыя рымска-каталіцкага касцёла ў Іркуцку. 2.8.1917 пераведзены на пасаду вікарыя ў Харбінскі касцёл з месцам жыхарства пры капліцы на станцыі Маньчжурыя Кітайска-Усходняй чыгункі. У 30-я гады працаваў ва Усходняй місіі ў Іркуцку, Чыце, Харбіне (Маньчжурыя). Пад уплывам апостальскага адміністратара місіі Ф.Абрантовіча пасля вяртання ў Еўропу ўступіў у ордэн айцоў марыянаў. Прыняў манаства 13.6.1939 у мясцовасці Скужэц каля г. Седльцы (Польшча). Са жніўня 1939 г. і ў час Другой сусветнай вайны вёў душпастырскую дзейнасць на Беларусі. 17.2.1943 у в. Росіца на Віцебшчыне спалены разам з мясцовымі вернікамі (католікамі і праваслаўнымі) пад час нямецкай карнай аперацыі.

Крынiцы:
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2135;
Directorium… Mohiloviensi;
Божым шляхам (Лондан). 1971. № 5;
ЭГБ, IV.
 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster