БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Выдавецкія сэрыі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Юрась Гарбінскі, Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.

Юрась Гарбінскі

МАДЭСТ

(1894—1972?)

Праваслаўны святар, архімандрыт, рэлігійны i грамадскi дзеяч, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст. У свецкім жыцці — Мадэст Яцкевіч




Нарадзіўся 1.5.1894 у мястэчку Паставы Дзiсенскага павета. Паходзіў з праваслаўнай сям’і: бацькі — Іван і Вольга Яцкевічы. У 1921 г. скончыў Віленскую духоўную семiнарыю. Рукапаложаны ў сан святара 21.11.1921. Пастырскую дзейнасць распачаў у прыходзе Трокі. З 1930 г. працаваў у Гейшышках. 31.12.1935 прызначаны на пасаду настаяцеля прыхода Габы ў Пастаўскім павеце. Супрацоўнічаў з заходнебеларускім перыядычным друкам («Незалежная Беларусь»). Выступаў за беларусiзацыю царкоўна-рэлiгiйнага жыцця на заходнебеларускiх абшарах. У гады Другой сусветнай вайны працаваў у беларускіх грамадска-палітычных арганізацыях самапомачы і пры самаўрадзе Лідскай акругі. Абраны ў Беларускi камiтэт даверу пры генеральным камiсары Беларусi (27.6.1943). З 1944 г. — у эмiграцыi. Спачатку жыў у Германii. Пазней перабраўся ў Аргенцiну. З 1949 — у Аўстраліi. Служыў настаяцелем у прыходзе Трох Вiленскiх пакутнiкаў (з 6.4.1958). У 1962 г. выступiў з-пад юрысдыкцыi архiепiскапа Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) Сяргея i прыняў юрысдыкцыю Канстанцiнопаля. Выдаваў часопiс Аўстралiйскай епархii БАПЦ «Наша Царква». Рэктар беларускiх прыходаў у Аўстралii «пад патрыяршай юрысдыкцыяй царгародскай». 

Крынiцы:
LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 903;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1, с. 346;
Литовские епархиальные ведомости (Вільня). 1921. № 4—5;
Беларуская газэта (Менск). 1943. № 48;
Беларускi праваслаўны каляндар на 1960 г. (Мельбурн). 1960;
Беларускi голас (Таронта). 1962. № 99; 1969. № 121.


ДЗЯНІС МАЛЕЦ

(1909 – снежань 1941?)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр




Нарадзіўся ў 1909 г. ў в. Лембаўка Дунілавіцкай воласці. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям’і. З 1933 г. – на 1-м курсе духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пінску. Пасвячоны ў святары ў 1937 г. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў на пасадзе вікарыя пры парафii Нара-джэння Дзевы Марыi ў г. Бельск-Падляскi на Беласточчыне. З восені 1938 г. – прэфект мясцовых школ у Пінску. Пазней служыў вікарыем пры Пінскім кафедральным саборы. У гады Другой сусветнай вайны прымаў удзел у беларускiм нацыянальна-рэлiгiйным жыццi. У якасцi ганаровага госця разам са святаром С.Глякоўскiм прысутнiчаў на канферэнцыi школьных iнспектараў у Мiнску (15.12.1941), дзе быў арыштаваны нямецкай тайнай палiцыяй. Дата, месца i акалiчнасцi смерцi застаюцца невядомымi.

Крынiцы:
Elenchus... Pinscensis;
Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1937. № 9;
Мартос А.;
Наша вера (Мінск). 1996. № 1.


КАНСТАНЦІН МАСКАЛІК

(нар. 1918)

Каталіцкі святар усходняга абраду, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр, публiцыст




Нарадзіўся 28.5.1918 у в. Гарадзея недалёка ад Нясвіжа. Паходзіў з беларускай сялянскай сям’і: бацькі – Тодар і Ганна (з дому Шыманскіх) Маскалікі. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай 7-гадовай школе. Два гады вучыўся пры Жыровіцкім праваслаўным манастыры. Пазней, у сярэдзіне 30-х гадоў, два месяцы правёў ва Унеўскім манастыры на Украіне. У час Другой сусветнай вайны, напярэдадні нападзення Германіі на Савецкі Саюз, быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. У 1943 г. ўступіў у польскую армію генерала У.Андэрса. Прайшоў Іран, Ірак, Палесціну. У 1944 г. ваяваў у Італіі. Пасля заканчэння вайны асталяваўся ў Рыме. У 1947 г. пачаў вучобу ў мясцовым калегіуме. Скончыў філасофскі і багаслоўскі факультэты Грыгарыянскага універсітэта. Пасвячоны ў святары ў 1955 г. У 50—70-я гады падтрымліваў цесныя кантакты з вядомым беларускім святаром П. Татарыновічам. Адзін з актыўных супрацоўнікаў Беларускай секцыі Ватыканскага радыё.

Крынiцы:
Крыніцы:
Źnič (Рым). 1955. № 33. 


МІХАСЬ МАСКАЛІК

(1903—1965)

Каталіцкі святар усходняга абраду, доктар фiлалогii, рэлiгiйны i культурна-грамадскi дзеяч у Заходняй Германii, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., душпастыр i педагог

Нарадзіўся 18.3.1903 у в. Гарадзея недалёка ад Нясвіжа. Вучыўся ў Вiленскiм універсітэце імя Стафана Баторыя. У 1932 г., атрымаўшы стыпендыю ад мiтрапалiта А.Шаптыцкага, выехаў на вучобу ў Германію. У 1933 г. заснаваў «Саюз беларускiх студэнтаў у Нямеччыне». Скончыў калегiум св. Андрэя ў Мюнхене (1938), дзе вывучаў фiласофiю i тэалогiю. Пасвячоны ў святары 17.7.1938. На кароткi час вярнуўся ў Вiльню, дзе ў касцёле св. Мiкалая адслужыў першую iмшу. Напярэдаднi Другой сусветнай вайны вярнуўся ў Германiю. У гады вайны выконваў святарскiя абавязкi сярод ваеннапалонных. У вынiку непаразумення ў 1943 г. быў арыштаваны, некалькi месяцаў правёў у канцлагеры Заксенхаўзен. Вызвалены дзякуючы намаганням Папскай мiсii ў Германii. Кароткi час працаваў пры Вiзiтатуры ў Берлiне. Пазней праводзiў душпастырскую дзейнасць у г. Гiльдэсгайм. У пасляваенны час стала пасялiўся ў г. Госляр. Iнiцыятар заснавання i кiраўнiк Беларускай харытатыўнай службы, якая дапамагала беларускiм i ўкраiнскiм бежанцам у Германii. Праводзiў душпастырскую дзейнасць у парафiях Радэрборн, Оснабрук i Гiльдэсгайм. У 1959 г. ў Мюнхенскiм унiверсiтэце абаранiў доктарскую дысертацыю па беларускай лiтаратуры. Памёр 25.9.1965 у г. Гiльдэсгайм.

Крынiцы:
Źnič (Рым). 1965. № 85—86;
Божым шляхам (Лондан). 1965. № 6;
ЭГБ, V.


АНТОН МАТВЕЙЧЫК

(1889 – 1941)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр




Нарадзіўся 3.11.1889 у маёнтку Петрашоўцы Вільчукоўскай воласці. Паходзіў з беларускай сялянскай сям’і: бацькі – Ян і Магдалена (з дому Чарнякоў) Матвейчыкі. У 1904—1906 гг. вучыўся ў мужчынскім 4-класным вучылішчы пры рымска-каталіцкім касцёле св. Кацярыны. Пасля яго заканчэння – у Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары ў 1915 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў як вікарый рымска-каталіцкай парафіі ў г. Самара. У заяве ад 19.8.1915 на імя вышэйшых духоўных улад Магілёўскай архідыяцэзіі выказаў жаданне вучыцца ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі на свой кошт. У сувязі з паступленнем на вучобу 9.9.1915 звольнены з пасады вікарыя Самарскай парафіі. З кастрычніка 1915 г. – студэнт Імператарскай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Петраградзе. Удзельнічаў у працы культурна-асветнага гуртка беларускіх студэнтаў-клерыкаў. 30.5.1918 камандзіраваны біскупам Э.Ропам у Мінск «для исполнения духовных треб местных католиков». Са студзеня 1919 г. служыў вікарыем, а пазней выконваў абавязкі пробашча ў мястэчку Крэслаўка Віцебскай губ. У 1922 г. прызначаны адміністратарам у парафію Спас Вілейскага дэканата. Потым служыў адміністратарам у парафіях Аборак і Скрыбавіцы Магілёўскай архідыяцэзіі (1930—1938). З беларускім хрысціянскім рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. Памёр у 1941 г.

Крынiцы:
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2221;
ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 226;
LCIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521;
Directorium… Mohilovіensi;
Stankievič A., 1939;
Spis kościołów, 1973; 1979. 


МІКАЛАЙ МАТРУНЧЫК

(нар. 1959)

Праваслаўны свецкі і культурна-грамадскі дзеяч, магістр філасофіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., гісторык, культуролаг, публіцыст.



Нарадзіўся 22.5.1959 у Мінску. Паходзіць з сям’і праваслаўных беларусаў: бацькі — Аляксандр і Любоў (з дому Шакураў) Матрунчыкі. У 1976 г. скончыў сярэднюю школу ў Мінску. Служыў у Савецкай арміі (1977—1979). На пачатку 80-х гадоў працаваў мулярам у Сібіры. Пазней вучыўся на філасофскім факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску (1981—1987). Пасля заканчэння працаваў у Беларускім дзяржаўным музеі. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў Беларускага праваслаўнага брацтва Трох Віленскіх Мучанікаў (студзень 1992). Прымае ўдзел у выдавецкай, культурна-асветніцкай і міжнароднай дзейнасці Брацтва. З 1997 г. па благаслаўленні Мітрапаліта Філарэта прадстаўляе Беларусь у Еўрапейскай міжцаркоўнай рабочай групе «Прымірэнне ў Еўропе — місія Цэркваў Украіны, Беларусі, Польшчы і Германіі». Удзельнічаў у працы 2-га Экуменічнага Кангрэса ў г. Грац (Аўстрыя, 1997). Супрацоўнічае з беларускімі свецкімі і царкоўна-рэлігійнымі выданнямі («Літаратура і мастацтва», «Царкоўнае слова» і інш).

Крынiцы:
Аўтабіяграфія М. Матрунчыка;
Минские епархиальные ведомости (Мінск). 1997. № 3.  


ЮРЫЙ МАТУЛЯВIЧУС
(МАТУЛЕВІЧ)

(1871—1927)

Каталiцкi святар заходняга абраду, архібiскуп, доктар тэалогii, лiтоўскi рэлiгiйны i грамадска-культурны дзеяч, рэфарматар ордэна марыянаў, сацыёлаг. Прыхiльнiк беларусiзацыi нацыянальна-рэлiгiйнага жыцця ў бела-рускiх каталiцкiх парафiях на Беларусi


Нарадзiўся 13.4.1871 у мясцовасцi Лугiна недалёка ад Марыямпаля. Паходзiў з лiтоўскай каталiцкай сям’i. У 1891—1893 гг. вучыўся ў духоўнай каталiцкай семiнарыi ў г. Кельцы. Наступныя два гады правёў у Варшаўскай духоўнай семiнарыi (1893—1895). У лiку лепшых выпускнiкоў быў накiраваны на далейшую вучобу ў духоўную каталiцкую акадэмiю ў Пецярбург (з 1895). Пасвячоны ў святары ў 1898 г. Вучыўся за мяжой. Тэалагiчныя i фiласофскiя веды паглыбляў у г. Фрайбург (Германія), дзе ў 1903 г. абаранiў доктарскую дысертацыю. З 1907 
г. — выкладчык сацыялогii ў Мiтрапалiтальнай духоўнай каталiцкай акадэмii ў Пецярбургу. Пазней там жа выкладаў дагматычную тэалогiю (1909—1911). Браў удзел у грамадска-культурным жыццi каталiцкай грамадскасцi Пецярбурга. Адзiн з iнiцыятараў i заснавальнiкаў рымска-каталiцкага таварыства «Асвета». У 1909 г. ўступiў у ордэн марыянаў, Падрыхтаваў праект рэформы i праграму аднаўлення ордэна марыянаў скасаванага царскiмi ўладамi ў 1864 г. Хадайнiчаў перад Апостальскiм пасадам аб iх зацвярджэннi i атрымаў станоўчы адказ. У 1909—1915 гг. праводзiў актыўную працу па арганiзацыi тайных навiцыятаў i Дамоў марыянаў у Фрайбургу, Чыкага, Вене i Марыямпалi. У Варшаве адначасова з Домам марыянаў арганiзаваў прытулак для бяздомных дзяцей (1915), там жа быў абраны ў Камiсiю па справах ордэнаў пры канферэнцыi бiскупаў Варшаўскай мiтраполii. Уваходзiў у склад гарадской управы Варшавы. У 1918 г. абраны вiленскiм ардынатарам. У снежнi таго ж года кананiчна ўзначалiў Вiленскую дыяцэзiю. Як рэлiгiйны i культурна-грамадскi дзеяч выступаў за нацыянальную i рэлiгiйную талерантнасць, клапацiўся пра ўзровень рэлiгiйнага жыцця ў дыяцэзii. Падтрымлiваў беларускi нацыянальна-рэлiгiйны рух. Заахвочваў маладых беларускiх клерыкаў i святароў да шырокага ўжывання iх роднай беларускай мовы ў паўсядзённым жыццi i душпастырскай дзейнасцi. Разам з iншымi лiтоўскiмi бiскупамi (у тым лiку Ф.Карэвiчам) падтрымлiваў выданне беларускiх рэлiгiйных кнiг i перыёдыкi. Спрычынiўся да арганiзацыi ў Друi беларускага кляштара айцоў марыянаў. Карыстаўся асаблiвай павагай сярод беларускiх святароў i вернiкаў беларускiх парафiй Вiленскай дыяцэзii. У 1923 г. заснаваў Таварыства еўхарыстак, якое праводзiла рэлiгiйную дзейнасць сярод беларускага насельнiцтва. Дзеяч лiтоўскага нацыянальна-культурнага i рэлiгiйнага руху канца ХIХ — 1-й чвэрцi ХХ ст. З 1923 г. знаходзiўся ў канфлiкце з польскiм урадам, якi тройчы звяртаўся да Апостальскага пасада з патрабаваннем звольнiць бiскупа Ю.Матулявiчуса з пасады кiраўнiка Вiленскай дыяцэзii за «фаварызаванне лiтоўцаў». У 1925 г. адышоў ад кiраўнiцтва дыяцэзiяй. Выехаў у Рым, дзе як тытулярыст заняўся справамi ордэна марыянаў. У гэтым жа годзе па iнiцыятыве Пiя ХI прызначаны Апостальскiм адмiнiстратарам на Лiтве. Быў адным з iнiцыятараў стварэння «Каталiцкiх акцый». Аўтар шэрагу артыкулаў тэалагiчнага i педагагiчна-грамадскага зместу. У апошнiя гады душпастырскай i культурна-грамадскай дзейнасцi працаваў над праектам новай лiтоўскай касцельнай адмiнiстрацыi, зацверджаным Апостальскiм пасадам 4.4.1926. Памёр 27.1.1927 у г. Коўна.

Крынiцы:
PSB, ХХХIХ;
Chryścianskaja Dumka (Вiльня). 1937. № 5.


ВАЦЛАЎ МАЦЕЙЧЫК

(1928—1989)

Каталiцкi артадаксальны святар, доктар фiласофii, рэлiгiйны дзеяч беларускага замежжа, удзельнiк беларускага хрысцiянcкага руху ХХ ст.



Нарадзiўся ў 1928 г. ў в. Пузiнавiчы на Стаўбцоўшчыне. Паходзiць з рэпрэсiраванай савецкiмi ўладамi беларускай сям’i. Пасля прыходу Чырвонай Армii ў Заходнюю Беларусь бацьку Вацлава Мацейчыка расстралялi. Дванаццацiгадовага хлопца з роднымi саслалi ў Сiбiр. У гады Другой сусветнай вайны, знаходзячыся ў Савецкiм Саюзе, уступiў у польскi вайсковы корпус генерала У.Андэрса. У пасляваенны час жыў у Вялікабрытаніі, дзе скончыў сярэднюю школу. Далейшую вучобу прадоўжыў ва унiверсiтэце г. Атава (Канада). Абаранiў магiстэрскую дысертацыю па мастацтвазнаўстве. Вучыўся ў Паўднёвым бiблейскім кале-джы, якi скончыў з навуковай ступенню доктара фiласофii. Пасля вучобы ў духоўнай каталiцкай семiнарыi быў пасвячоны ў святары. На працягу трох гадоў служыў пробашчам у польскай эмiгранцкай парафii. З утварэннем «беларускай артадаксальнай каталiцкай субожні» уключыўся ў беларускае нацыянальна-рэлiгiйнае жыццё. Узначальваў беларускую тэалагiчную акадэмiю ў г. Прынстан (штат Нью-Джэрсi). 1.11.1980 быў прызначаны апостальскiм вiзiтатарам для католiкаў у ЗША i Канадзе.

Крынiцы:
Беларускi голас (Таронта). 1961. № 80. 


МЕЛХIСЕДЭК

(1878—1931)

Праваслаўны святар, мiтрапалiт Мiнскi i Беларускi, iерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, рэлiгiйны i грамадскi дзеяч, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., педагог. У свецкiм жыццi — Мiхаiл Паеўскi



Нарадзiўся ў вераснi 1878 г. ў в. Вiтулiна Бельскага павета Холмскай губ. Паходзiў з сям’i праваслаўнага святара Льва Паеўскага. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома i ў манастырскай школе. Пазней вучыўся ў духоўнай праваслаўнай семiнарыi. У далейшым багаслоўскiя i фiласофскiя веды паглыбляў у Казанскай духоўнай праваслаўнай семiнарыi. Верагодна там жа, у Казанi, прыняў манаскi пастрыг i атрымаў iмя Мелхiседэк. Пасля заканчэння вучобы ў праваслаўнай акадэмii рукапаложаны ў святары i ў сане iераманаха накiраваны ў Магiлёўскую епархiю. З восенi 1904 г. ў якасцi выкладчыка маральнага багаслоўя распачаў службу «по духовному ведомству». Браў удзел у архiрэйскiх набажэнствах у праваслаўным кафедральным саборы св. Iосiфа. Адначасова служыў на пасадзе ключара семiнарскай царквы. 16.9.1905 пры-значаны выконваць абавязкi iгумена Магiлёва-Брацкага манастыра. У кастрычнiку гэтага ж года па прапанове епiскапа Магiлёўскага i Мсцiслаўскага акрамя асноўнай пасады стаў благачынным над мужчынскiмi манастырамi — Аршанскiм, Ахорскiм, Бялынiцкiм i Няклюдаўскiм. 24.1.1907 пераведзены ў Бялынiцкi манастыр. У гэтым жа годзе ўзведзены ў сан архiмандрыта. Удзельнiчаў у культурна-асветных i дабрачынных арганiзацыях. З 1906 г. — сябра Магiлёўскага царкоўна-праваслаўнага Богаяўленскага брацтва i Магiлёўскага камiтэта Праваслаўнага мiсiянерскага таварыства. Паводле ўказа Сiнода 22.9.1907 пераведзены ў Таўрычаскую епархiю на пасаду iгумена Херсонскага манастыра св. Уладзiмiра. Да 1914 г. знаходзiўся ў Крыме. Пазней святарскiя абавязкi выконваў у Тыфлiсе. З 1917 г. — епiскап Ладажскi, вiкарый Пецярбургскi. Браў удзел у памесным саборы праваслаўнай царквы (Масква, жнiвень 1917 — верасень 1918). У 1919 г. вярнуўся на Беларусь. Служыў у Мiнскай епархii. З 1919 г. — епiскап Мiнскi i Тураўскi. Адзiн з iнiцыятараў склiкання схода беларускага праваслаўнага духавенства (10.7.1922). Пасля абвяшчэння на сходзе ў Мiнскiм кафедральным саборы аўтаномii Беларускай праваслаўнай царквы ўзведзены ў сан мiтрапалiта Мiнскага i Беларускага. Браў актыўны ўдзел у арганiзацыi царкоўна-адмiнiстрацыйных структур Беларускай праваслаўнай мiтраполii. Да абнаўленчых рэлiгiйных плыняў, што паўсталi пасля 1921 г. ў Расiйскай праваслаўнай царкве, ставiўся адмоўна: не прызнаваў за iмi кананiчнага статуса. У маi — чэрвенi 1922 г. выклiкаўся ў савецкiя органы бяспекi «для переговоров о возможном использовании в борьбе с Тихоном и реакционным духовенством». Ад падтрымкi абнаўленства i супрацоўнiцтва з органамi савецкай бяспекi катэгарычна адмовiўся. У складанай палiтычнай сiтуацыi на Беларусi ў 1919—1924 гг. выконваў святарскiя абавязкi ў Свята-Петрапаўлаўскiм праваслаўным кафедральным саборы ў Мiнску. Карыстаўся асаблiвай павагай сярод вернiкаў Мiнскай епархii. З 1.6.1924 знаходзiўся пад следствам разам з шасцю святарамi i вернiкамi. Быў абвiнавачаны ва ўтойваннi царкоўных каштоўнасцей i антысавецкай дзейнасцi. Знаходзiўся пад хатнiм арыштам. 17.8.1925 прыгавораны ўмоўна да 3 гадоў зняволення. З канца лiстапада 1925 г. — вязень Бутырскай турмы ў Маскве. Пазней быў высланы ў Сiбiр, дзе да вясны 1927 г. знаходзiўся на Марыiнскiх пасяленнях. Пасля вызвалення меў намер вярнуцца на Беларусь. Затрыманы 23.5.1927 органамi бяспекi. Праз 11 дзён арыштаваны. Вызвалены з турмы 17.9.1927 з падпiскай аб нявыездзе. Пэўны час знаходзiўся ў Краснаярску (?). У 1930 г. быў выклiканы ў Маскву, дзе на летняй сесii абраны ў Сiнод. Памёр раптоўна пры нявысветленых абставiнах 17.5.1931 у Да-рагамiлаўскiм саборы перад хiратонiяй аднаго з архiрэяў. Паводле адной з версiй быў атручаны супрацоўнiкамi бяспекi. Першапачаткова пахаваны ў Кузьмiнках у Маскве. Пазней прах беларускага мiтрапалiта перазахаваны на Праабражэнскiх могiлках.

Крынiцы:
Голас царквы (Нью-Йорк). 1972. № 36;
Беларусь;
Процька Т.;
ЭГБ, V. 


МIКАЛАЙ

(1917—2002)

Праваслаўны святар, архіепіскап, iерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у эмiграцыi, рэлiгiйны i грамадскi дзеяч беларускага замежжа. Удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст. У свецкiм жыццi — Мiхаiл Мацукевiч



Нарадзiўся 21.5.1917 на хутары Суяцiн Яршоўскага павета Самарскай губ. Паходзiць з праваслаўнай сям’i беларусаў-бежанцаў. У час Першай сусветнай вайны бацькi — Кандрат i Домна (з дому Дзямковiчаў) Мацукевiчы выехалi з роднай вёскi Моталь на Брэстчыне. У 1921 г., пасля смерцi мацi i сястры, вярнуўся разам з бацькам i двума братамi на Беларусь. Скончыў пачатковую школу (1932). Пазней вучыўся ў Тараканаўскай сельскагаспадарчай школе. Служыў у польскiм войску ў Брэсце, дзе сустрэў Другую сусветную вайну. Быў паранены. У лiстападзе 1939 г. вярнуўся дадому. Вучыўся на настаўнiцкiх курсах у Брэсце. Пазней пераехаў у Пiнск. Пасля акупацыi Беларусi нямецкiмi войскамi «працаваў на ўласнай гаспадарцы». У красавiку 1944 г. быў арыштаваны нямецкiмi ўладамi i вывезены ў Германiю. Да лютага 1945 г. знаходзiўся на работах (капаў акопы) памiж гарадамi Кобленц i Бон. Вызвалены амерыканскiмi войскамi. З 17.3.1945 жыў у Вялiкабрытанii, дзе працаваў на ферме недалёка ад г. Глазга. Падтрымлiваў сувязi з беларускiмi перасяленцамi ў Германii. У 1946 г. ў час наведвання сваякоў у беларускiм лагеры ў г. Ватэнштэт пазнаёмiўся з беларускiм грамадскiм дзеячам М.Шылам. Удзельнiк 1-га з’езда Згуртавання беларусаў Вялiкай Брытанii (1947). Пасля 1949 г. жыў у Лондане, дзе на працягу двух гадоў працаваў адмiнiстратарам Беларускага дома. У жнiўнi 1951 г. пераехаў у Канаду. Вучыўся на багаслоўскiм факультэце Калегii св. Андрэя ў г. Вiнiпег. Рукапаложаны ў сан iерэя 6.5.1952 iерархам Украiнскай грэка-праваслаўнай царквы мiтрапалiтам Iларыёнам. Са жнiўня 1954 г. жыў у Таронта, дзе арганiзаваў прыход св. Кiрылы Тураўскага. Першую святую лiтургiю адслужыў 4.10.1954. Апрача Таронта святарскiя абавязкi выконваў у гарадах Садберы, Атава, Манрэаль i iнш. З сярэдзiны 60-х гадоў штомесяц прыязджаў на набажэнства да беларускiх вернiкаў у г. Дэтройт (ЗША). Адзiн з арганiзатараў беларускага праваслаўнага прыхода Святога Духа ў г. Дэтройт. У кафедральным саборы св. Кiрылы Тураўскага ў Нью-Йорку 2.10.1966 пастрыгся ў манахi i прыняў iмя Мiкалай. На наступны дзень узведзены архiепiскапам БАПЦ Сяргеем у сан iгумена i архiмандрыта. Рукапаложаны ў сан епiскапа Турава-Пiнскага i Таронцкага 10.3.1968 у Аўстраліi. У маi 1983 г. на надзвычайным саборы БАПЦ у Клiўлендзе абраны першым iерархам БАПЦ. На 3-м саборы БАПЦ у царкве Жыровiцкай Божай Мацi ў Гайленд-Парку (Нью-Йорк) абраны паўторна першым iерархам БАПЦ. Садзейнiчаў выданню царкоўна-рэлiгiйных кнiг «Праваслаўны малiтоўнiк» (1966) i «Службоўнiк» (1980). У лютым—сакавiку 1992 г. наведаў Беларусь. Узначальваў Фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. Памёр 20.06.2002 у Таронта.

Крынiцы:
Бацькаўшчына (Мюнхен). 1960. № 23, 31—33;
Вiнiцкi А.;
Голас Царквы (Нью-Йорк). 1972. № 36;
Беларус (Нью-Йорк). 1984. № 321;
Беларус (Нью-Йорк). 1992. № 390. 


МІХАІЛ МІЦКЕВІЧ

(1897—1991)

Грамадска-культурны і рэлігійны свецкі дзеяч, педагог, празаік, публіцыст i перакладчык. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімам Антось Галіна




Нарадзіўся 13.7.1897 у в. Мікалаеўшчына Мінскага павета. Паходзіў з беларускай праваслаўнай сям’і: бацькі – Міхаіл і Ганна Міцкевічы. Прыходзіўся малодшым братам Якубу Коласу. Вучыўся ў пачатковай школе ў Мікалаеўшчыне. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1918). З 1917 г. ўдзельнiчаў у беларускім нацыянальна-адраджэнскім руху. Браў удзел на правах дэлегата ў працы 1-га Усебеларускага кангрэса (Мінск, 18.12.1917). Сябра саюза беларускіх настаўнікаў. Актыўна выступаў за пабудову беларускай нацыянальнай школы. 15.10.1919 Беларускай школьнай радай Міншчыны прызначаны настаўнікам беларускай мовы Мінскай беларускай гімназіі. Супрацоўнічаў з беларускімі перыядычнымі выданнямі «Вольная Беларусь», «Беларускі шлях», «Беларусь» і інш. У верасні 1939 г. з прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі працаваў настаўнікам і дырэктарам школы ў Мікалаеўшчыне. У гады Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у працы беларускіх культурна-грамадскіх і асветных арганізацый. Працаваў інспектарам школ. З 1944 г. – у эміграцыі. Жыў у Чэхаславакіі, пазней знаходзіўся ў Германіі. У г. Рэгенсбург браў чынны ўдзел у арганізацыі культурна-грамадскага, школьнага і царкоўна-рэлігійнага жыцця. Працаваў школьным інспектарам амерыканскай зоны. Падрыхтаваў і выдаў у скаўцкім выдавецтве «Крыніца» чытанкі для дзяцей 1-га, 2-га і 3-га класаў пачатковых школ. Адзін з ініцыятараў і арганізатараў рэлігійнага жыцця ў беларускіх лагерах для перамешчаных асоб. Сябра Вышэйшага царкоўнага праўлення Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў эміграцыі. Прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні Брацтва Жыровіцкай Божай Маці. Пасля пераезда ў ЗША (1950) пасяліўся ў Нью-Йорку. Вёў шырокую грамадскую працу. Быў абраны старшынёй выдавецкага фонду газеты «Беларус». На правах намесніка ўваходзіў у Галоўную ўправу Беларуска-Амерыканскага задзіночання. Апекаваўся саборам св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Йорку. У 1970—1981 гг. узначальваў рэдакцыю часопіса «Голас Царквы» (Нью-Йорк). Падрыхтаваў «Беларускі царкоўны каляндар». У 60-я гады пераклаў з царкоўнаславянскай мовы на беларускую тэксты малітваў, набажэнстваў, евангелляў. Памёр 25.10.1991 у Нью-Йорку. Пахаваны на беларускіх могілках у Нью-Брансуіку.

Крынiцы:
Кіпель В.;
Роднае слова (Мінск). 1995. № 10;
Полымя (Мінск). 1997. № 7.


МIХАIЛ НАВIЦКI

(2-я пал. ХІХ ст.—1931?)

Праваслаўны святар, протаiерэй Мiнскай епархii, рэлiгiйны i грамадскi дзеяч, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., педагог


Выконваў святарскiя абавязкi ў г. Велiж Вiцебскай губ. Выкладаў Закон Божы ў 5-й Велiжскай школе. У 20-я гады браў удзел у арганiзацыi Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Удзельнiчаў у з’ездзе прадстаўнiкоў беларускай праваслаўнай iерархii, духавенства i вернiкаў (Мінск, 9—10.8.1927). У лiку сямi праваслаўных святароў падпiсаў адозву, якая пракламавала жыццёвасць iдэi аўтакефальнасці беларускай праваслаўнай царквы. Паплечнiк мiтрапалiта Мелхiседэка i Фiларэта, епіскапа Бабруйскага. Праследаваўся савецкiмi ўладамi. Паводле адной з версiй, загiнуў у 1931 г. на Салаўках.

Крынiцы:
Божым шляхам (Лондан). 1975. № 1—2;
Вiцьбiч Ю.


АЛЯКСАНДР НАДСОН

(нар. 1926)

Каталіцкі святар усходняга абраду, мiтрафорны протаiерэй, магiстр тэа-логii, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч беларускага замежжа ў Вялiкабрытанii, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., душпастыр, педагог, культуролаг, гісторык, публiцыст i перакладчык, бiблiяфiл



Нарадзіўся 8.8.1926 у мястэчку Гарадзея недалёка ад Нясвіжа. Паходзiць з настаўнiцкай сям’i. Сапраўднае прозвiшча — Бочка. У гады Другой сусветнай вайны вучыўся ў настаўнiцкай семiнарыi ў Нясвiжы. Прымаў удзел у дзейнасцi беларускiх грамадска-культурных арганiзацый. Сябра Саюза беларускай моладзі. З 1946 г. – у Вялiкабрытанii. Вучыўся на матэматычным факультэце Лонданскага універсітэта, якi скончыў у 1953 г. са ступенню бакалаўра дакладных навук. Прымае актыўны ўдзел у рэлiгiйным i культурным жыццi беларускай эмiграцыi. Адзiн з заснавальнiкаў i сталых сяброў Згуртавання беларусаў у Вялiкай Брытанii (з 1946 яго сакратар; у 1951—1953 — старшыня). Удзельнiк i лiдэр Беларускага каталiцкага акадэмiчнага аб’яднання «Рунь». З 1946 г. — сталы супрацоўнiк беларускага эмiгранцкага перыядычнага друку («На шляху», 1946--1951; «Беларус на чужыне», 1947—1950; «Божым шляхам», 1947—1980 i iнш.). У 1-й палове 50-х гадоў выехаў у Рым. Вывучаў тэалогiю у папскiм Грэчаскiм каледжы i Грыгарыянскiм унiверсiтэце. Пасвячоны ў святары 23.11.1958 у Рыме. У 1961 г. вярнуўся ў Лондан. Быў прызначаны ў Беларускую каталiцкую мiсiю ўсходняга абраду ў Паўночнай Англii. З 1961 г. займаўся педагагiчна-выхаваўчай дзейнасцю ў Беларускай школе iмя св. Кiрылы Тураўскага пры Беларускiм доме марыянаў у Лондане. З 1964 г. — на пасадзе дырэктара школы. Адначасова выкладаў матэматыку i беларускую мову (1964—1973). Арганiзатар экуменiчных сустрэч i выездаў вучнёўскай моладзi ў Германiю, Бельгiю, Iталiю. Адзiн з актыўных дзеячаў Англійска-беларускага навуковага таварыства (з 1965). Выкладаў на курсах беларусаведы (1968—1980). Удзельнiчаў у семiнарскiх занятках студэнтаў-славiстаў Лонданскага унiверсiтэта. У 60-я гады арганiзаваў i правёў у Лiверпулi i Манчэстэры адукацыйна-азнаямляльныя курсы, прысвечаныя ўсходняму хры-сцiянству. Прымаў удзел у рэдагаваннi часопiса «The Journal of Byelorussian Studies» (1965—1988). З 1971 г. — дырэктар Беларускай бiблiятэкi i музея iмя Францiшка Скарыны ў Лондане. Рашэннем Ватыкана прызначаны на пасаду апостальскага адмiнiстратара для беларусаў-католiкаў у Еўропе (1976). З 1986 г. — апостальскi вiзiтатар для беларусаў-католiкаў усходняга абраду ў эмiграцыi. Адначасова з’яўляецца кансультантам кангрэгацыi ўсходнiх цэркваў пры Ватыкане. З 1989 г. кiруе Беларускiм камiтэтам дапамогi ахвярам радыяцыi ў Вялiкабрытанii. Аўтар даследаванняў i артыкулаў па гiсторыi беларускай духоўнай i свецкай лiтаратуры ХVI—XVII стст. Падрыхтаваў тэалагiчную працу «Наша вера: Кароткi катэхiзiс хрысцiянскай навукi. Для беларусаў-католiкаў» (1988, Iспанiя). Пераклаў на беларускую мову лiтургiчныя тэксты для правядзення набажэнстваў сярод беларускiх унiятаў (афiцыйна зацверджаныя Апостальскiм пасадам у 1994).

Крынiцы:
Źnič (Рым). 1958—1959. № 49;
Беларус (Нью-Йорк). 1976. № 234;
Божым шляхам (Лондан). 1976. № 1—2;
ЭГБ, V.


КАЗІМІР НАЙЛОВІЧ

(1904 — 1986)

Каталіцкі святар усходняга абраду, доктар тэалогіі, манах-марыянін, місіянер, рэлігійны і культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., публіцыст.



Нарадзіўся ў Пецярбургу. Паходзіў з сям’і беларусаў-католікаў. Вучыўся ў Друйскай гімназіі пры кляштары айцоў марыянаў. З часоў вучобы ў Друі звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам. У 2-й палове 20-х гадоў уступіў у ордэн айцоў марыянаў. Вывучаў тэалогію і філасофію ў Ватыкане, дзе абараніў доктарскую дысертацыю. Пасвячоны ў святары 25.3.1934 у Рыме. Супрацоўнічаў з беларускім каталіцкім перыядычным друкам («Chryscijanskaja Dumka» і інш.). Аўтар цыкла публікацый «Listy z Rymu». Удзельнік 31-га Міжнароднага Еўхарыстычнага Кангрэса ў г. Дублін (Ірландыя). З 2-й паловы 30-гадоў займаўся місіянерскаю дзейнасцю ў Маньчжурыі. Аўтар рэлігійна-папулярных брашур «Swiaty Rym» (Вільня, 1931), «31-szy Miznarodny Eucharystyczny Kanhres» (Вільня, 1933). Памёр 28.03.1986 у Чалябінску

Крынiцы:
Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1929—1931;
1934. № 4; 1935. № 8;
1936. № 8, 9. 


АНТОН НЕМАНЦЭВІЧ

(1893—1943)

Каталіцкі святар усходняга абраду, манах-езуіт, першы экзарх беларускай уніяцкай царквы, доктар тэалогіі і права, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, рэдактар, выдавец, педагог і публіцыст. Адзін з ініцыятараў і творцаў беларускага уніяцкага руху міжваеннага дваццацігоддзя ў Заходняй Беларусі. У перыядычным друку выступаў пад псеўданімам Злучэнец


Нарадзіўся 8.2.1893 у Пецярбургу. Паходзіў з беларускай сялянскай сям’і. Бацькі — Ян і Вікторыя (з дому Рудзевых) Неманцэвічы перабраліся ў «паўночную сталіцу» з в. Парчэўцы Круглянскай воласці Сакольскага павета Гродзенскай губ. Першапачаткова вучыўся ў Сестржанцэвіцкім павятовым вучылішчы, якое скончыў 29.5.1909. Вытрымаў дадатковыя экзамены на званне аптэкарскага вучня па геаметрыі, нямецкай і лацінскай мовах у экзаменацыйным камітэце Пецярбургскай навучальнай акругі ў сакавіку 1910 г. Па іншых звестках — скончыў гімназію пры парафіі св. Кацярыны. З 1910 г. – студэнт 1-га курса Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі, якую скончыў са ступенню магістра тэалогіі. У час вучобы прымаў удзел у дзейнасці беларускага культурна-асветнага гуртка клерыкаў-беларусаў. Пасвячоны ў святары 27.9.1915. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Колпіне недалёка ад Петраграда. З прыходам да ўлады бальшавікоў праследаваўся за рэлігійную дзейнасць. Першы раз арыштаваны 25.5.1919 і асуджаны на 6 месяцаў турмы. Пасля 1920 г. служыў вікарыем пры парафіі святых Пятра і Паўла ў Маскве. Вёў шырокую рэлігійную і культурна-асветную працу сярод дзяцей і моладзі. Арыштаваны органамі савецкай бяспекі 31.5.1921 за «антысавецкую дзейнасць». Вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу ў выніку абмену палітычнымі вязнямі паміж польскім і савецкім урадамі. У 1925—1927 гг. вучыўся ў папскім Усходнім інстытуце ў Рыме. Абараніў доктарскую дысертацыю. У канцы 20-х гадоў вярнуўся ў Польшчу. Працаваў выкладчыкам Місіянерскага інстытута і законавучыцелем у школах Любліна. У 1928—1929 гг. вёў заняткі па параўнальнай тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Выконваў святарскія абавязкі ў Альбярціне і пры уніяцкай парафіі ў Сынкавічах на Палессі. У 1932—1937 гг. рэдагаваў і выдаваў беларускі уніяцкі часопіс «Да злучэньня». З 1934 г. – прафесар фундаментальнай тэалогіі і кананічнага права ў папскай Усходняй семінарыі ў г. Дубна (Заходняя Украіна), дзе пэўны час займаў пасаду рэктара. У 1938 г. рэдагаваў часопіс «Злучэньне». 17.9.1939 мітрапалітам А.Р.Шаптыцкім узведзены ў сан экзарха беларускай уніяцкай царквы. Увёў беларускую мову як афіцыйную ў духоўнае справаводства і царкоўнае жыццё. У гады Другой сусветнай вайны разгарнуў шырокую дзейнасць па арганізацыі адміністрацыйных структур новастворанага Беларускага экзархата. У жніўні 1942 г. па дарозе з Львова ў Альбярцін арыштаваны нямецкай тайнай паліцыяй.
Да пачатку 90-х гадоў дата, месца і акалічнасці смерці першага беларускага экзарха заставаліся невядомымі. У сувязі з гэтым існаваў шэраг версій гібелі А.Неманцэвіча. Паводле апошніх польскіх публікацый і выданняў удалося ўстанавіць, што ён памёр 1.4.1943 у берлінскай турме.

Крынiцы:
ЦГИА, ф. 46, воп. 3, спр. 226;
Directorium… Mohilovіensi;
Elenchus… Pinscensis;
Сhryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 8;
Stankievič A., 1939;
Мартос А.;
Dzwonkowski R., 1998;
EW;
ЭГБ, V.
 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster