БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Выдавецкія сэрыі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Юрась Гарбінскі, Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.

Юрась Гарбінскі

 

АНТОН ПАДЗЯВА

(1913—1955)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., манах-марыянін

Нарадзіўся ў 1913 г. ў в. Пярхулева Дзісенскага павета Віленскай губ. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям’і: бацькі – Габрыэль і Марцыяна (з дому Трышчынскіх) Падзявы. Малодшы брат беларускага каталіцкага святара Тамаша Падзявы. Вучыўся ў польскай гімназіі пры Друйскім кляштары і ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Супрацоўнічаў з беларускім рэлігійным перыядычным друкам. Займаўся перакладамі з літоўскай на беларускую мову (байка «Тры браты» і інш.). У 30-я га-
ды – у ордэне айцоў марыянаў у Друйскім кляштары. Пасля дэпартацыі з Друі ў 1938 г. беларускіх святароў і клерыкаў жыў у кляштары айцоў марыянаў на Бялянах у Варшаве. Вучыўся ў Варшаўскай духоўнай каталіцкай акадэміі. З часоў вучобы ў Друi звязаны з беларускiм нацыянальна-рэлiгiйным рухам. Памёр у 1955 г. ў мясцовасці Скужэц недалёка ад г. Седльцы. Пахаваны на мясцовых могілках.

Крынiцы:
Catalogus…Vilnensis;
Rocznik, 1966;
Сhryścijanskaja Dumka (Вільня). 1937, № 2; 1939. №22. 


ТАМАШ ПАДЗЯВА

(1906—1975)

Каталiцкi святар усходняга абраду, марыянiн, тэолаг, мiсiянер, доктар фiласофii, сябра Марыянскай капiтулы ў Рыме, рэлiгiйны i культурна-асветны дзеяч, вучоны, сацыёлаг, педагог i публiцыст



Нарадзiўся 6.2.1906 у в. Пярхулева Дзiсенскага павета Вiленскай губ. Паходзiў з сям’і беларусаў-католікаў, бацькі — Габрыэль і Марцыяна (з дому Трышчынскiх) Падзявы. У 1926 г. ўступіў у навіцыят айцоў марыянаў у Друі. Там жа скончыў гімназію (1929). Прадоўжыў вучобу ў папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. Пасвячоны ў святары 23.12.1934. З 1935 г. займаўся місіянерскай дзейнасцю ў Харбіне (Маньчжурыя). Працаваў выхавацелем, прэфектам і духоўнікам у місіі св. Мікалая. Супрацоўнічаў з харбінскім місіянерскім перыядычным выданнем «Католический вестник». Напрыканцы снежня 1948 г. арыштаваны кітайскімі вайсковымі ўладамі. Перададзены органам савецкай бяспекі. Да 1955 г. знаходзіўся ў адным з канцэнтрацыйных лагераў у Тайшэце (Усходняя Сібір). Пасля вызвалення вярнуўся ў Польшчу, дзе займаўся навуковай і педагагічнай дзейнасцю. У 1969 г. выехаў у Рым, а пазней у Лондан. Прымаў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Выступаў на старонках эмігранцкіх рэлігійных выданняў («Божым шляхам» і інш.), удзельнічаў у працы Беларускай секцыі Ватыканскага радыё. Памёр 2.10.1975 у Лондане. Пахаваны там жа на могілках Святога Панкрата.

Крынiцы:
Божым шляхам (Лондан). 1975. № 3—4. 


ЯНКА ПАЗНЯК

(1895 — пасля кастрычнiка 1939)

Грамадска-культурны i рэлiгiйны свецкi дзеяч, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., адзiн з лiдэраў заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху мiжваеннага дваццацiгоддзя, палiтык, рэдактар i публiцыст. У заходнебеларускiм друку выступаў пад псеўданiмамі Янка Дудар, Той Самы, Сяленец



Нарадзiўся 19.2.1895 (па iншых крынiцах у 1887) у мястэчку Суботнiкi Лiдскага павета Гродзенскай губ. Паходзiў з сялянскай сям’i беларусаў-католiкаў: бацькi — Аляксандр i Ганна (з дому Тучкоўскiх) Пазнякi. Атрымаў агульную сярэднюю i музычную адукацыю. З беларускiм нацыянальна-рэлiгiйным рухам звязаны з часоў удзелу ў беларускiх гуртках «хрысцiянска-дэмакратычнага i асветнiцкага кiрунку». У 1913—1915 гг. у Вiльнi сумесна з А.Бычкоўскiм, Б.Пачопкам i А.Лявiцкiм (Ядвiгiным Ш.) прымаў удзел у выданнi першай беларускай каталiцкай газеты «Bielarus». Служыў арганiстам у Лаварышскiм рымска-каталiцкiм касцёле. Пазней працаваў на гэтай жа пасадзе ў касцёле св. Яна ў Вiльнi. З 1921 г. прымаў удзел у дзейнасцi беларускiх хрысцiянска-дэмакратычных арганiзацый i партый. Як публiцыст супрацоўнiчаў з заходне-беларускiм перыядычным друкам («Bielaruskaja krynica», «Chrys-cijanskaja Dumka»). У сваіх артыкулах закранаў праблемы заходнебеларускага культурна-грамадскага i рэлiгiйнага жыцця. Выступаў за адкрыццё беларускiх школ, асуджаў палiтыку Вiленскай архiдыяцэзii ў адносiнах да заходнебеларускага нацыянальна-рэлiгiйнага руху. На з’ездзе Беларускай хрысцiянскай дэмакратыi (БХД) у 1928 г. абраны сакратаром яе прэзiдыума. У 1928—1936 гг. — рэдактар газеты «Bielaruskaja krynica». За рэдактарска-публiцыстычную i палiтычную дзейнасць праследаваўся польскiмi ўладамi Вiленшчыны. Некалькi месяцаў правёў у турме, штрафаваўся. Адзiн з iнiцыятараў рэарганiзацыi БХД у Беларускае народнае аб’яднанне (БНА). Спрычынiўся да расколу ў шэрагах БНА. У 1936 г. абраны прэзiдэнтам БНА. Напрыканцы 1938 г., у сувязi з закрыццём газеты «Bielaruskaja krynica», рэдагаваў газету «Chryścijanskaja Dumka». З прыходам у Заходнюю Беларусь савецкiх войск у вераснi—кастрычнiку (?) 1939 г. арыштаваны органамi бяспекi. Паводле адной з версiй да чэрвеня 1941 г. знаходзiўся ў турме ў Старой Вiлейцы недалёка ад Маладзечна. Дата, месца i акалiчнасцi смерцi застаюцца невядомымі.

Крынiцы:
LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 3162;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
БП, ІV;
ЭГБ, V. 


ЯН ПАНЦЭВIЧ

(1907—1984)

Пратэстанцкi пастар, рэлiгiйны i грамадскi дзеяч беларускага замежжа, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., рэдактар i выдавец




Нарадзiўся ў 1907 г. Паходзiў з Берасцейшчыны. Служыў пастарам у евангельска-баптысцкай царкве ў г. Познань (Польшча). З 70-х гадоў у ЗША. Спачатку жыў у штаце Фларыда. Потым пераехаў у г. Дэтройт (штат Мiчыган), дзе працаваў евангельскiм прапаведнiкам. З’яўляўся сурэдактарам пратэстанцкага эмiгранцкага выдання «Весьнiк Беларускага Эвангельска-Баптысцкага Брацтва». Прымаў удзел у ар-ганiзацыйным з’ездзе прадстаўнiкоў беларускiх евангельскiх хрысцiян у Канадзе, 8—9.9.1973). Быў абраны прэзiдэнтам Саюза евангельска-баптысцкiх цэркваў Беларусi. Старшыня Беларускага Евангельска-Баптысцкага Брацтва ў ЗША, Канадзе. Памёр у красавiку 1984 г. ў г. Санта-Барбара.

Крынiцы:
Пятроўскi Я.;
Беларускi голас (Таронта). 1984. № 315;
Весьнік Беларускага Евангельска-Балтысцкага Брацтва ў ЗША, Канадзе.
1974. № 2. 


ПАНЦЕЛЯЙМОН

(1867—1950)

Праваслаўны святар, мітрапаліт Мінскі і Беларускі, царкоўны і грамадскі дзеяч. У свецкім жыцці — Павел Ражноўскі




Нарадзіўся 20.9.1867 у г. Кастрама (Расія). Паходзіў з праваслаўнай сям’і Сцяпана Ражноўскага. Вучыўся ў ваенна-інжынерным вучылішчы. Скончыў духоўныя курсы пры Казанскай духоўнай праваслаўнай акадэміі. У 1897 г. пастрыгся ў манахі і прыняў імя Панцеляймон. Служыў настаяцелем Маркава манастыра ў Віцебску (1905 — 1913). Узведзены ў сан епіскапа ў 1913 г. Маскоўскім патрыярхатам быў прызначаны епіскапам Пінскім. З 1922 г., у сувязі з адмоўным стаўленнем да польскіх урадавых «Часовых правіл» пра статус праваслаўнай царквы ў Польшчы, знаходзіўся пад адміністрацыйным наглядам. У процівагу варшаўскаму мітрапаліту Дзянісу выступаў за тое, каб духоўныя справы «вырашала сама царква з уласнымі царкоўнымі іерархамі». Негатыўна ставіўся да палітыкі супрацоўніцтва праваслаўных іерархаў з польскімі дзяржаўна-адміністрацыйнымі ўладамі. З 1931 г. знаходзіўся ў ссылцы ў Жыровіцкім манастыры. Пасля заняцця Заходняй Беларусі савецкімі войскамі паводле ўказа маскоўскага патрыярха прызначаны экзархам далучаных да Савецкай Беларусі і Савецкай Украіны абшараў. Падтрымліваў шырокія сувязі з іерархам Еліферыем, мітрапалітам Літоўскім і Вілейскім, і іераманахам Іаанам Шырынскім. У гады Другой сусветнай вайны браў удзел у арганізацыі царкоўна-рэлігійнага жыцця на акупаванай нямецкімі войскамі тырыторыі Беларусі. Фармальна спрычыніўся да аднаўлення Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ), кананічна ўзводзячы ў сан епіскапаў беларускіх святароў архімандрытаў Філафея і Афанасія. Адзін з арганізатараў і старшыня Часовай мітрапалітальнай управы Беларусі. У чэрвені 1942 г. высланы ў адміністрацыйным парадку нямецкімі ўладамі ў манастыр у мясцовасці Ляды. З восені 1942 г. пераведзены ў Вілейку. З набліжэннем нямецка-савецкага фронту ў чэрвені 1944 г. выехаў у Германію. Пазней, у 1946 г., з іерархамі епіскапату БАПЦ перайшоў у Рускую праваслаўную зарубежную царкву. У пасляваенны час жыў у перасыльных лагерах у Германіі. Памёр 30.12.1950 у лагеры Шляйсгайм. Пахаваны на могілках у мясцовасці Фэльдмохен.

Крынiцы:
НГАБ, ф. 6, воп. 1, спр. 206;
Царкоўны Сьветач (Саўт-Рывер). 1951. № 1;
Касяк І.;
Мартос А.;
Вініцкі А.;
ЭГБ, V;
Скурат К.;
Шейкuн Г. 


ВАЦЛАЎ ПАПУЦЭВІЧ

(1911—1991)

Культурна-грамадскі і рэлігійны свецкі дзеяч, магістр, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., гісторык, этнограф, культуролаг, рэдактар, выдавец і публіцыст. У эміграцыі — Вацлаў Пануцэвіч



Нарадзіўся ў 1911 г. на Віленшчыне. Паходзіў з сям’і беларусаў-католікаў. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Быў выключаны з ліку клерыкаў за беларускую дзейнасць. 
З 1936 г. — студэнт юрыдычнага факультэта Віленскага універсітэта імя Стафана Баторыя. Удзельнічаў у працы «Акадэміцкага кола сяброў Беларусаведы» (1936 — 1939). З’яўляўся адным з арганізатараў «руху маладых адраджэнцаў». Рэдагаваў і выдаваў яго друкаваны орган — газету «Да 25 сакавіка» (лістапад 1936 — сакавік 1938). Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Належаў да заходнебеларускай нацыянал-дэмакратычнай групоўкі святара В.Гадлеўскага. Браў удзел у рэдагаванні заходнебеларускай газеты «Беларускі фронт» (1936—1938). У гады Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у беларускім грамадска-палітычным руху. З 1944 г. — у эміграцыі. Спачатку жыў у перасыльных лагерах Германіі. Узначальваў Задзіночанне беларускіх скаўтаў на чужыне. Пазней пераехаў у ЗША. Адзін з відных каталіцкіх свецкіх дзеячаў беларускага замежжа. Рэдагаваў і выдаваў часопісы «Беларуская царква» і «Litva». Аўтар гістарычных даследаванняў «Zamojdz i Litva: Roznyja krainy i narody» (1953 — 1954), «З гісторыі Беларусі або Крывіччыны-Літвы» (1965) і інш. Шырока супрацоўнічаў з беларускім эмігранскім перыядычным друкам («Бацькаўшчына», «Беларус» і інш.). Памёр 25.8.1991 у г. Чыкага.

Крынiцы:
Бацькаўшчына (Мюнхен). 1949. № 8;
Малецкі Я.;
Беларус (Нью-Йорк). 1991. № 382;
Кіпель В.;
Беларуская мінуўшчына (Мінск). 1995. № 2. 


СЯРГЕЙ ПАЎЛОВІЧ

(1875—1940)

Праваслаўны свецкі і культурна-асветны дзеяч міжваеннага дваццацігоддзя ў Заходняй Беларусі, багаслоў, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., педагог, пісьменнік, публiцыст i выдавец. У беларускiм перыядычным друку выступаў пад псеўданiмам Паляшук (Palašuk)




Нарадзіўся 13.9.1875 у в. Асавец Кобрынскага павета Гродзенскай губ. Паходзiў з сям’i праваслаўнага святара Канстанцiна Паўловiча. У 1896 г. скончыў Літоўскую духоўную праваслаўную семінарыю ў Вільні. Прадоўжыў вучобу ў Кіеве. У 1900 г. скончыў праваслаўную духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя. Да 1909 г. працаваў у царкоўных установах. Пазней займаўся педагагічнай дзейнасцю: выкладчык у настаўніцкай семінарыі і жаночай гімназіі ў Рагачове (1909—1913), iнспектар народных школ у Ваўкавыскiм павеце (1913—1918), настаўнiк i дырэктар Вiленскай беларускай гiмназii (1925—1928). Прымаў актыўны ўдзел у заходнебеларускім культурна-асветным і рэлігійным жыцці. Супрацоўнічаў з беларускімі свецкімі і рэлігійнымі выданнямі («Летапіс», «Каласкі»). Уваходзіў у склад рэдакцыйнага камітэта заходнебеларускага часопіса «Голас праваслаўнага беларуса». Выдаваў царкоўны i культурна-асветны часопiс для дзяцей «Снапок». Адзiн з кiраўнiкоў Таварыства беларускай школы. Удзельнiчаў у працы Беларускага навуковага таварыства ў Вiльнi. Праследаваўся польскiмi ўладамi Вiленшчыны. Двойчы быў арыштаваны (1930, 1933). Сядзеў у Вiленскай турме на Лукiшках. Аўтар школьных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў «Свяшчэнная гісторыя Старога Завету» (1926), «Пішы самадзейна: Развіццё навыку самастойнага пісьма» (ч. 1, 1928), «Метадычныя ўвагі да пасобніка «Пішы самадзейна» (1929), «Свяшчэнная гісторыя Новага Завету» (1936), «Zasieuki» (1937) і інш. Памёр 16.9.1940. Пахаваны ў Вiльнi на Лiтоўскiх могiлках.

Крынiцы:
LCVA, ф. 220, воп. 1, спр. 322;
ЭГБ, V;
ЭЛiМБел, V. 


ДЗМІТРЫЙ ПАЎСКІ

(1874—1937)

Праваслаўны святар, протаіерэй Мінскай епархіі, рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст.



Нарадзіўся ў 1874 г. Паходзiў з сям’i праваслаўных беларусаў. Да рэвалюцыі 1917 г. служыў настаяцелем Віленскага Петрапаўлаўскага кафедральнага сабора. Пазней, у 20-я гады, настаяцель царквы Святога Духа ў Астрашыцкім Гарадку. Прыхiльнiк iдэi аўтакефальнасцi Беларускай праваслаўнай царквы. У 1927 г. прымаў удзел у абвяшчэнні мiтраполii аўтакефальнай царквой. Удзельнiк з’езда прадстаўнiкоў праваслаўнай iерархii, духавенства i вернiкаў Мiнскай епархii (Мiнск, 9—10.7.1927). За рэлігійную дзейнасць праследаваўся савецкімі ўладамі. Упершыню арыштаваны ў 1931 г. Асуджаны на 5 гадоў канцэнтрацыйных лагераў. Пасля вызвалення выехаў у Цвярскую губ., дзе выконваў абавязкі настаяцеля ў с. Ульянава Пагарэльскага павета. Там жа ў ліпені 1937 г. зноў арыштаваны органамі савецкай бяспекі. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 14.9.1937.

Крынiцы:
Синодик;
Мартос А. 


БАЛЯСЛАЎ ПАЧОПКА

(1884—1940)

Каталіцкі святар усходняга абраду, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., журналіст, педагог i публіцыст



Нарадзіўся ў 1884 г. ў Віцебскай губ. Паходзіў з дваранскай сям’і Антона Пачопкі. 25.10.1905 залічаны выхаванцам Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У чэрвені 1907 г., на другі год навучання, пакінуў семінарыю. З 1913 г. – загадчык аддзела рэлігіі, у 1914—1915 гг. – рэдактар-выдавец першай беларускай каталіцкай газеты «Bielarus» (Вільня). У гады Першай сусветнай вайны працаваў дырэктарам Свіслацкай настаўніцкай семінарыі ў Гродзенскай губ. (1916—1918). Падрыхтаваў і выдаў у Вільні шэраг кніг на беларускай мове: «Жыццё папежа Піюса X» (1914), «Чалавек на вышыні сваёй годнасці», «Бог з намі: Беларускі малітэўнік» (1915), «Святы Езафат Кунцэвіч» (1916), «Граматыка беларускай мовы» (1918), «Як вучыць жыць і верыць св. Хрыстова Паўсюдная Царква» (1923). Пакінуў рукапісную спадчыну. У міжваеннае дваццацігоддзе далучыўся да справы беларускага уніяцтва. Пасвячоны ў святары ў 1925 г. Душпастырскую дзейнасць праводзіў на Палессі. З 17.9.1926 – пробашч уніяцкага Бабровіцкага прыхода ў Косаўскім павеце. Удзельнік уніяцкіх канферэнцый у Пінску (1932, 1933). Друкаваўся ў перыядычных выданнях «Гоман», «Biełaruskaja krynica», «Chryścijanskaja Dumka». Супрацоўнічаў з газетай віленскіх краёўцаў «Przegląd Wileński». За прыхільнасць да беларускай мовы і культуры праследаваўся польскімі ўладамі. Памёр 26.12.1940 пасля таго, як быў збiты невядомымі.

Крынiцы:
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Elenchus…Pinscensis;
Spis kościołów, 1933—1935;
ЭГБ, V. 


ЯНКА ПАЧОПКА

(1890—1977)

Праваслаўны свецкі і культурны дзеяч, удзельнік хрысціянскага руху XX ст., рэдактар і выдавец, пісьменнік, перакладчык, фалькларыст. У літаратурным і культурна-грамадскім жыцці выступаў пад псеўданімамі Башкір, Праваслаўны і інш.



Нарадзіўся 26.10.1890 у в. Летнікі Дзісенскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сям’і лесніка Пятра Пачопкі. Скончыў Варанецкую сельскагаспадарчую школу на Пастаўшчыне. Служыў чыноўнікам у дэпартаменце земляробства Віленскай губ. З 1913 г. выступаў у беларускім перыядычным друку («Наша ніва»). У 1925 г. рэдагаваў і выдаваў у Варшаве рэлігійны двухтыднёвік «Праваслаўны беларус», а з чэрвеня 1925 г.— штомесячнiк-дадатак, у якiм публiкавалiся царкоўныя казаннi на беларускай мове. У міжваеннае дваццацігоддзе шырока друкаваўся на старонках заходнебеларускіх дзіцячых часопісаў («Заранка», «Praleski»). Супрацоўнічаў з заходнебеларускімі перыядычнымі выданнямі («Маланка», «Калосьсе», «Сялянская ніва», «Chryścijanskaja Dumka»). У 20-я гады выдаў у Вільні шэраг кніг сельскагаспадарчай тэматыкі. Быў блізкім сябрам і земляком мастака Язэпа Драздовіча. У 1939—1958 гг. працаваў аграномам. Памёр 26.5.1977. Пахаваны ў в. Малінаўка на Глыбоччыне.

Крынiцы:
ЭГБ, V;
БП, V. 


ГАЙ ДЭ ПIКАРДА

(нар. 1931)

Англiйскi даследчык беларускай гiсторыi i культуры, грамадска-культурны i рэлiгiйны свецкi дзеяч беларускага замежжа ў Вялiкабрытанii, музыколаг, фалькларыст, скарыназнавец, архiвiст, выдавец i аранжыроўшчык беларускай царкоўнай музыкi. У перыядычным беларускiм i англамоўным друку выступае пад псеўданiмам Г. Пiхура (Н. Pichura)



Нарадзiўся 20.7.1931 у Лондане. Паходзiць са старадаўняга брэтанскага роду (адзiн з яго продкаў удзельнiчаў у вайне 1812). Вучыўся ў Сарбонскiм унiверсiтэце (Парыж). Скончыў юрыдычны факультэт Оксфардскага унiверсiтэта. З канца 50-х гадоў займаецца пошукам i вывучэннем старажытных царкоўных спеваў, даўняй i сучаснай беларускай музыкi (у тым лiку сакральнай). У 1959 г. адшукаў у Кiеве рукапiсныя музычныя зборнiкi ХVI ст. рэлiгiйнага зместу: Супрасльскi i Жыровiцкi iрмалоi. Прымае актыўны ўдзел у беларускiм грамадскiм, культурна-асветным i духоўным жыццi ў эмiграцыi. Звязаны з Лонданскiм нацыянальна-рэлiгiйным асяродкам (Дом марыянаў). З 60-х гадоў — сябра Англа-беларускага навуковага таварыства. Працаваў лектарам на курсах беларусаведы. Падрыхтаваў шэраг навукова-папулярных рэфератаў i артыкулаў («Гравюры Скарыны», «Беларусiка ў розных бiблiятэках Еўропы», «Беларуская царкоўная музыка XV—XVI стагоддзяў» i iнш.). Займаецца вывучэннем творчасцi беларускiх кампазiтараў на эмiграцыi (М.Равенскага, М.Шчаглова-Кулiковiча, Дз.Верасава i iнш.). Даследуе гiсторыю перакладаў Бiблii на беларускую мову, жыццё i дзейнасць Ф.Скарыны, духоўную культуру i юрыдычнае права ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. Адзiн з iнiцыятараў стварэння Беларускага музея ў Лондане: разам з бiскупам Ч.Сiповiчам пачынаў збiраць старажытныя карты i старадрукi. У 1961—1970 гг. — выкладчык музыкi i спеваў у беларускай школе iмя Кiрылы Тураўскага пры Доме марыянаў у Лондане. Iнiцыятар i арганiзатар вучнёўскага хору, першы яго дырыжор. Браў удзел у рэдагаваннi часопiса «The Journal of Byelorussian Studies» (1970—1988). Сябра Мiжнароднай асацыяцыi беларусiстаў. Падрыхтаваў i выдаў даведнiк пра Беларускую бiблiятэку iмя Ф.Скарыны ў Лондане (1971), «Беларускi царкоўны спеўнiк Св. Лiтургiя» (1979—1991, кн. 1—2), «Беларускi духоўны спеўнiк» (1989). Аўтар навукова-папулярнага выдання «Царкоўная музыка на Беларусi 989—1995». Актыўна супрацоўнiчае з беларускiм эмiгранцкiм перыядычным друкам. Публiкаваўся на старонках рэлiгiйных i свецкiх выданняў («Божым шляхам», «Беларус», «The Journal of Byelorussian Studies» i iнш.). Уваходзiў у склад журы i ўдзельнiчаў у 10-м Мiжнародным фестывалi царкоўнай музыкi ў г. Гайнаўка (Польшча, 16—19.5.1991). З 1997 г. — рэдактар культурна-iнфармацыйнага квартальнiка «Byelоrussian Chronicle».

Крынiцы:
Божым шляхам (Лондан). 1967—1980;
Беларус (Нью-Йорк). 1970—1998;
Крынiца (Мiнск). 1992. № 3;
ЭГБ, V;
The Journal of Byelorussian Studies (Лондан). 1970—1988. 


МІХАІЛ ПЛІС

(1858—1924)

Праваслаўны святар, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., педагог



Нарадзіўся 15.8.1858 у Гродзенскай губ. Скончыў Віленскую духоўную праваслаўную семінарыю (1879), рукапаложаны ў сан святара. З гэтага ж года – настаяцель праваслаўнага прыхода ў Ашмянскім павеце і ў Вільні. З 1.9.1903 выкладаў царкоўнаславянскую мову ў Віленскім жаночым вучылішчы духоўнага ведамства. Працаваў законавучыцелем Узорнай царкоўна-прыходскай школы пры жаночым вучылішчы. У 1903—1907 гг. – старшыня праўлення Дапамогавай касы праваслаўнага духавенства Літоўскай епархіі. 21.9.1907 на з’ездзе пры выбарах праўлення Дапамогавай касы абраны яе старшынёй на 1908—1912 гг. Звязаны з беларускім культурна-асветным і царкоўна-рэлігійным рухам. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. — у Маскве. У час працы Маскоўскага царкоўнага сабора ў 1917—1918 гг. — давераная асоба будучага патрыярха Ціхана. З вясны 1919 г. — у Вільні, сябра Віленскай духоўнай праваслаўнай кансісторыі, ключар Віленскага кафедральнага сабора. У 1919—1920 гг. уваходзіў у склад Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Віленскага беларускага нацыянальнага камітэта. У 1919—1923 гг. — законавучыцель у Віленскай беларускай гімназіі, выкладаў Закон Божы на беларускай мове. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1921 г. ў Вільні Святатроіцкага беларускага праваслаўнага таварыства. Быў у ліку заснавальнікаў Таварыства беларускай школы. У 1923 г. браў удзел у 1-м з’ездзе выкладчыкаў заходнебеларускіх гімназій. У міжваеннае дваццацігоддзе выступаў за беларусізацыю праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі. Напісаў і падрыхтаваў да выдання працу па гісторыі праваслаўнай царквы (захоўваецца ў аддзеле рукапiсаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы). У справе беларусізацыі царкоўна-рэлігійнага жыцця актыўна супрацоўнічаў з беларускім праваслаўным святаром М.Галянкевічам. Памёр 29.4.1924 у Вiльнi.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 21, спр.465;
Литовские епархиальные ведомости 
(Вільня). 1907. № 1, 19—20;
Krynica (Вільня). 1921. № 29;
Сын Беларуса (Вільня). 1924. № 16;
ЭГБ, V. 


АДАМ ПУЧКАР-ХМЯЛЕЎСКІ

(1891—1938)

Каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 24.12.1891 у мястэчку Івянец Стаўбцоўскага павета Мінскай губ. Паходзіў з сям’і беларусаў-католікаў. Бацькi: Іван Вікенцьевіч – адстаўны салдат, Юлія (з дому Пазнанскіх) Пучкар-Хмялеўскiя. Са жніўня 1903 г. вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы, якое скончыў 4.6.1911. У 1911—1916 гг. вучыўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Тады ж далучыўся да беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху. Пасвячоны ў святары ў 1916 г. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў на пасадзе вікарыя ў Бабруйскім касцёле. Пазней служыў пры каталіцкай парафіі ў Іркуцку. У 1920 г. быў арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі. Знаходзіўся ў групе заложнікаў, якая па дамоўленасці паміж польскім і савецкім ўрадамі рыхтавалася да выезду ў Польшчу. З 1922 г. — у Мінску. Выконваў святарскія абавязкі ў касцёле святых Сымона і Алены. Працаваў у парафіях Койданава, Заслаўе, Воўчкавічы. Выступаў за шырокую беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця беларусаў-католікаў. У 1926 г. на з’ездзе каталіцкіх святароў былой Мінскай губ. выступіў з прапановай утварэння незалежнай рымска-каталіцкай дыяцэзіі на чале з беларускім біскупам. Сутнасць яго прапановы заключалася ў тым, каб каталіцкая царква на Беларусі выйшла з-пад улады польскіх біскупаў і падпарадкоўвалася непасрэдна Ватыкану. З 1929 г. – пробашч Мінскага кафедральнага касцёла. Беспадстаўна абвінавачаны ўладамі ў «антысавецкай дзейнасці» і прыналежнасці да польскай вайсковай арганізацыі. 26.6.1933 (паводле іншых крыніц – 3.8.1933) арыштаваны органамі бяспекі. Прыгавораны да 10 гадоў лагераў. З верасня 1934 г. знаходзіўся на Салаўках. Пасля пяці гадоў зняволення калегіяй АДПУ прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. 1.9.1938 расстраляны.

Крынiцы:
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2243;
Directorium… Mohiloviensi;
Elenchus... Mohiloviensis;
Архіў КДБ РБ (Мінск), спр. 9939-С;
Dzwonkowski R.,1997;
Dzwonkowski R.,1998. 


ПАВЕЛ ПЯКАРСКІ

(1889—1954)

Каталіцкі святар заходняга абраду, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 15.3.1889 у Віленскай губ. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям’і Антона Пякарскага. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1911). Вучыўся ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу (1911—1915), дзе клерыкамі-беларусамі быў абраны старшынёй беларускага культурна-асветнага гуртка. Пасвячоны ў святары ў 1914 г. З 1915 г. – на пасадзе вікарыя ў Беластоку, выкладаў Закон Божы ў мясцовых навучальных установах. На правах ганаровага госця ўдзельнічаў у пасяджэннях школьнай камісіі польскага епіскапата (2—3.3.1919). У 1925 г. прызначаны кіраўніком Ашмянскага дэканата і пробашчам у парафіі Жупраны. У 1932 г. абраны ў сінадальную Кансультатыўную раду святароў пры Віленскай мітрапалітальнай курыі. Выконваў святарскія абавязкі ў Віленскай архідыяцэзіі. Памёр 2.5.1954 у Вільні. Пахаваны на могілках Роса.

Крынiцы:
LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2530; ф. 694, воп. 3. спр. 10; ф. 604, воп. 5, спр.
7332;
ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 1359;
Directorium... Mohiloviensi;
Catalogus… Vilnensis;
Stankievič A., 1939;
Spis kościołów, 1973; 1979. 


ЯЗЭП ПЯТКЕВІЧ

(1892–1937)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., душпастыр



Нарадзіўся 15.9.1892 г. у мясцовасці Ворань каля Лепеля. Паходзіў з каталіцкай сям’і Станіслава Пяткевіча. З 1912 г. – клерык Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. У гады вучобы далучыўся да беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху. Пасвячоны ў святары ў 1917 г. Служыў вікарыем у парафіі Койданава на Міншчыне (1920). У 1922—1923 гг. – адміністратар у парафіі Бабоўня недалёка ад Нясвіжа. З 2-й паловы 20-х гадоў выконваў святарскія абавязкі ў Слуцку, Уздзе і Капылі. Праследваўся савецкімі ўладамі. У 1933 г. быў арыштаваны органамі бяспекі і прыгавораны да 5 гадоў канцэнтрацыйных лагераў. Пакаранне адбываў у Комі АССР. З сакавіка 1935 г. цяжка хварэў. Знаходзіўся ў цэнтральным лагерным шпіталі ў мясцовасці Вегерская Кем. У 1-й палове 1937 г. быў зноў арыштаваны і абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці. Калегіяй НКУС Комі АССР 2.9.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. У той жа дзень расстраляны.

Крынiцы:
Directorium… Mohiloviensi;
Directorium… Mohiloviensis;
Stankievič A., 1939;
Dzwonkowski R., 1998. 


МІХАІЛ ПЯТРОЎСКІ

(1889—1931)

Каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 3.10.1889 у маёнтку Празарокі Дзісенскага павета Віленскай губ. Паходзіў з мяшчанскай сям’і: бацькі – Язэп і Паўліна (з дому Садоўскіх) Пятроўскія. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома. 16.12.1904 здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіi Маскоўскай навучальнай акругі. У маі 1905 г. вытрымаў уступныя экзамены ў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю, але з-за адсутнасці вольных месцаў прыняты ў лік семінарыстаў у кастрыч-ніку 1906 г. Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу, дзе браў удзел у працы беларускага культурна-асветнага гуртка. Пасвячоны ў святары ў 1912 г. Выконваў душпастырскія абавязкі на пасадзе вікарыя ў парафіі Даўгінава Віленскага дэканата. З 1917 г. – на пасадзе адміністратара ў в. Шаркоўшчына Дзісенскага дэканата. У сакавіку 1919 г. браў удзел у працы школьнай камісіі польскага епіскапата. На адным з пасяджэнняў падаў прапанову і ініцыяваў стварэнне «Хрысціянскай хрэстаматыі для моладзі». Удзельнік Беларускага з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (9—11.6.1919). На з’ездзе разам з праваслаўным святаром М.Кушнёвым быў абраны ў Цэнтральную Беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны. Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця на заходнебеларускіх абшарах. Звяртаўся да вернiкаў з беларускiмi казаннямi. Шырока выкарыстоўваў родную мову на занятках па рэлігіі і пры катэхізацыі. У 1921 г. арыштаваны і зняволены ў турму на Лукішках у Вільні. У 1925 г. быў абвінавачаны ў «беларускай агітацыі» сярод жыхароў парафіі Даўгінава. Памёр 26.7.1931 у парафіі Вінна Пінскай дыяцэзіі, дзе і пахаваны на мясцовых могілках.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «П»;
LVIA, ф. 604, воп. 5, спр. 7146, 8144; ф. 694, воп. 3, спр. 10; ф. 694, воп. 1, спр. 2520, 2999;
Архівы БНР;
Directorium... Vilnensi;
Elenchus... Pinscensis;
Krynica (Вільня). 1919. № 4—5, 11; 1920. № 13;
Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1931. № 13. 


ЯН ПЯТРОЎСКІ

(нар. 1905)

Пратэстанцкі прапаведнік, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч міжваеннага дваццацігоддзя ў Заходняй Беларусі і ў эміграцыі, публiцыст, выдавец, рэдактар, пісьменнік і перакладчык




Нарадзіўся 27.1.1905 у г. Слуцк Мінскай губ. Паходзіць з сям’і беларусаў: бацькі – Дзям’ян і Юл’яна Пятроўскія. З беларускім культурна-грамадскім рухам звязаны з 20-х гадоў. Падтрымліваў шырокія кантакты з вучнёўскай моладдзю Віленскай беларускай гімназіі. Прыхільнік Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У 1927—1928 гг. меў намер выехаць у Савецкую Беларусь, аднак пазней адмовіўся ад яго. Служыў у польскім войску. Пад час вайсковай службы пазнаёміўся з сябрамі царквы метадыстаў. Напрыканцы 20-х гадоў увайшоў на правах сябра ў пратэстанцкае рэлігійнае брацтва. Вучыўся ў біблейскай школе метадыстаў у мясцовасці Кларысава. З 16.3.1932 жыў у мястэчку Дзярэчын Слонімскага павета. Ініцыятар і арганізатар выдання на беларускай мове пратэстанцкага грамадска-рэлігійнага і літаратурнага часопіса «Сьветач Хрыстусовае навукі» (23.8.1935). У часопісе выконваў функцыі выдаўца i рэдактара. У канцы Другой сусветнай вайны выехаў у Аўстрыю. З 1953 г. – у ЗША. У эміграцыі ўзнавіў выданне евангельска-баптысцкага часопіса «Сьветач Хрыстовае навукі». Разам з жонкай Аліцыяй 9.12.1976 у г. Гейнсвіл (штат Фларыда) заснаваў Беларускі харытатыўна-адукацыйны фонд, мэтай якога стала «дапамога беларусаведным даследаванням і публікацыя матэрыялаў на беларускія тэмы». Пераклаў на беларускую мову і выдаў 7 тамоў выбраных твораў старажытнагрэчаскага філосафа Платона. Падрыхтаваў і выдаў класiчны «Грэцка-беларускі слоўнік». Аўтар «Мемуараў» ( т. 1—3, Гейнсвiл, 1983—1997). Адзін з пачынальнікаў беларускага евангельска-баптысцкага руху ў ЗША.

Крынiцы:
LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 746;
Кіпель В.;
Пятроўскі Я.;
Веснік БДУ (Мінск). 1997. № 1. 


МIКАЛАЙ РАВЕНСКI

(1886—1953)

Культурна-грамадскi дзеяч, удзельнiк беларускага нацыянальна-рэлiгiйнага жыцця ў эмiграцыi, кампазiтар



Нарадзiўся 5.12.1886 (па iншых крынiцах — 2.12.1886) у маёнтку Капленцы Iгуменскага павета. Паходзiў з праваслаўнай сям’i Якуба Равенскага. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. Вучыўся ў вясковай школе. Валодаў выключным музычным слыхам i добрым голасам. Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у Мiнскiм архiрэйскiм хоры (1895—1902). З 1903 г. — дырыжор хору пры мужчынскiм манастыры ў Мiнску. Пасля двух гадоў працы накiраваны ў Навагрудак, дзе выкладаў спевы i музыку ў мясцовай школе, кiраваў царкоўным хорам. У 1911—1914 гг. вучыўся на 3-гадовых дырыжорскiх курсах у Маскве. Пасля заканчэння вучобы вярнуўся ў Навагрудак. З пачатку Першай сусветнай вайны — у эвакуацыi. Працаваў на ваенным будаўнiцтве. На пачатку 1919 г. пераехаў у Мiнск. Працаваў выкладчыкам музыкi ў школе i дырыжорам царкоўнага хору пры царкве св. Кацярыны. З 1920 г. — у Мiнскiм беларускiм рабочым клубе, дзе разам з У.Галубком арганiзоўваў канцэрты i ўрачыстыя iмпрэзы. Праследаваўся савецкiмi ўладамi. У 1922 г. быў арыштаваны. Пасля вызвалення выконваў абавязкi хормайстра ў Мiнскiм гарадскiм тэатры. З групай вучоных i культурных дзеячаў выязджаў у экспедыцыю ад Iнстытута беларускай культуры на Случчыну. Плённа працаваў як кампазiтар. Напiсаў музыку да п’есы «Залёты» В.Дунiна-Марцiнкевiча i кантату для хору «Курган» на словы К.Буйло. Выдаў «Зборнiк песень з нотамi» (Мiнск, 1922), у якi ўвайшлi народныя апрацоўкi i ўласныя творы на вершы беларускiх паэтаў. У 1924—1939 гг. абiраўся членам-карэспандэнтам Акадэмii навук Беларусi. Напрыканцы 20-х гадоў актыўна супрацоўнiчаў з У.Дубоўкам. Напiсаў музыку да шэрагу яго паэтычных твораў. У 1929 г. разам з паэтам распачаў працу над операй «Бранiслава». З 1930 г. займаўся педагагiчнай дзейнасцю. Выкладаў музычна-тэарэтычныя дысцыплiны ў Беларускiм музычным тэхнiкуме. Пазней працаваў у Беларускай кансерваторыi. У 30-я гады зноў праследаваўся органамi бяспекi. З гэтай прычыны ў 1940 г. пераехаў у Магiлёў. Пасля нападу Германii на Савецкi Саюз жыў у акупiраваным Мiнску. У 1943 г. пераехаў у г. Чэрвень, дзе цалкам аддаўся сакральнай музыцы. Працаваў рэгентам мясцовага царкоўнага хору. Напiсаў музыку на царкоўныя малiтвы «Херувiмская», «Милость Мира», «Верую», «Отче наш», «Достойно есть» i канцэрт «Слава в вышних Богу». Нанава напiсаў знiшчаную ў лiпенi 1941 г. музыку да п’есы В.Дунiна-Марцiнкевiча «Залёты». З чэрвеня 1944 г. — у эмiграцыi. Спачатку жыў у Германii. Актыўна займаўся музычнай творчасцю. Апрацаваў для хору нiзку беларускiх народных песень. Пiсаў музыку для беларускiх скаўтаў i жаночага ансамбля. Узнавiў музыку для вялiкага хору «О, Беларусь, мая шыпшына» i арыю Бранiславы з аднайменнай оперы, апрацоўваў народныя песнi. З пераездам у Бельгiю арганiзаваў пры каталiцкiм унiверсiтэце ў г. Лёвен студэнцкi ансамбль беларускай музыкi. Аўтар гiмна-малiтвы «Магутны Божа» (на словы Н.Арсенневай) i песні на словы К.Буйло «Люблю наш край». Памёр 9.3.1953 (паводле iншых крынiц — 3.3.1953) у г. Лёвен.

Крынiцы:
Беларусь (Нью-Йорк). 1986. № 332; 1989. № 363;
Рагуля Б.;
Беларусь.


МАРЫЯ МАГДАЛЕНА РАДЗІВІЛ

(1861—1945)

Культурна-грамадская і свецкая рэлігійная дзяячка, княгіня, мецэнат



 

Нарадзілася 8.7.1861 у Варшаве. Паходзіла з вядомага графскага літоўска-беларускага рода. Бацькі: граф Завіша-Кежгайла і графіня Марыя (з дому Хвілецкіх). Гады маленства правяла на Беларусі. У 1881 г. выйшла замуж за польскага арыстакрата графа Людвіка Красінскага. Пасля смерці мужа выехала ў Заходнюю Еўропу. Другі раз выйшла замуж за князя Мікалая Радзівіла (Лондан, 1906). У 1910—1920 гг. звязана з беларускім грамадска-культурным і нацыянальна-рэлігійным рухам. Аказвала маральную і матэрыяльную падтрымку беларускім палітычным і культурным дзеячам. Фінансавала выданне першай беларускай каталіцкай газеты «Bielarus» (Вільня, 1913—1918), друкаванне зборніка «Вянок» М.Багдановіча, твораў Ядвігіна Ш. Пашырала асвету, адкрывала беларускія школы ў сваіх уладаннях і маёнтках на Беларусі. Асаблівую ўвагу надавала праблеме падрыхтоўкі нацыянальна-свядомай беларускай інтэлігенцыі. Шырока ангажавалася ў беларускае рэлігійнае жыццё. Прыхільніца ідэі адраджэння на Беларусі уніяцкай царквы. З 1918 г. – у эміграцыі. Пэўны час жыла ў Літве, пазней у Германіі. На пачатку 30-х гадоў пераехала ў Швейцарыю. Апошнія трынаццаць гадоў свайго жыцця правяла ў кляштары сясцёр-дамініканак у г. Фрыбур, дзе 6.1.1945 памерла.

Крынiцы:
PSB, XXX/3. 


АЛЬБІН РАДЗІВОН

(1892—1976)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 15.5.1892 у в. Грабава Сакольскага павета Гродзенскай губ. Паходзіў з сялянскай каталіцкай сям’і Фелікса Радзівона. У красавіку 1912 г. пры Гродзенскай мужчынскай гімназіі здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня. У 1912—1918 гг. вучыўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары 7.4.1918. З 1923 г. служыў законавучыцелем у мястэчку Глыбокае. Пазней быў прызначаны на пасаду вікарыя ў Беластоку (1929). З гадоў вучобы ў Пецярбургу звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам. Матэрыяльна падтрымліваў выданне беларускіх рэлігійных часопісаў і газет. Пасля Другой сусветнай вайны выконваў святарскiя абавязкi ў Беластоцкай архiдыяцэзii. Працаваў у пракафедральнай парафii ў Беластоку. На пачатку 70-х гадоў выйшаў на пенсiю. Памёр 21.1.1976.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Р»;
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2414;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Directorium… Mohiloviensi;
Catalogus... Vilnensis;
Krynica (Вільня). 1919 № 10;
Spis kościołów, 1973; 1979. 


ВАЦЛАЎ РАМАНОЎСКІ

(1889 – пасля 1939)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 26.11.1889 (паводле iншых крынiц — у 1891) у Сумілішскай воласці Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Станіслаў і Міхаліна (з дому Міглікаў) Раманоўскія. У 1908 г. здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Віленскай навучальнай акругі. Скончыў духоўную каталіцкую семінарыю ў Вільні (1913). У час вучобы прымаў удзел у працы культурна-асветнага гуртка беларусаў-семінарыстаў. Пасвячоны ў святары 16.6.1913 у Вільні. Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1913 г. на пасадзе вiкарыя ў Троках. З 1922 г. — пробашч у парафii Германiшкi Лiдскага дэканата. Матэрыяльна падтрымлiваў выданне каталiцкай газеты «Bielarus». З 1936 г. працаваў на пасадзе пробашча ў парафii Парэчча Вiленскай архiдыяцэзii.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Р»;
Directorium... Vilnensi;
Catalogus... Vilnensis;
Stankiewicz A., 1929. 


ФРАНЦІШАК РАМЕЙКА

(1885—1931)

Каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 11.7.1885 (паводле іншых крыніц — у 1886) у в. Нецкі Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і беларусаў-католікаў: бацькі – Андрэй і Антаніна (з дому Янцэвічаў) Рамейкі. У лістападзе 1903 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі. У 1905—1909 гг. – студэнт духоўнай каталіцкай семінарыі ў Вільні. Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1909 г. на пасадзе вікарыя пры былым бернардзінскім касцёле ў Вільні. Пазней працаваў на гэтай жа пасадзе ў мястэчку Іўе Ашмянскага павета. У 1910—1921 гг. – на пасадзе пробашча ў мясцовасцях Сельцы Пружанскага і Шарашова Дзісенскага паветаў. Выступаў за шырокае ўжыванне беларускай мовы ў рэлігійным жыцці беларусаў-католікаў. Матэрыяльна падтрымліваў выданне беларускіх каталіцкіх часопісаў і газет («Bielarus», «Krynica» і інш.). Распаўсюджваў газету «Krynicа», евангеллі, кніжкі для набажэнства, календары на беларускай мове. У 1921—1928 гг. – пробашч у Шарашове. За пашырэнне беларускай мовы ў каталіцкай царкве і паўсядзённым жыцці парафіян праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. Напрыканцы 20-х гадоў часова пазбаўлены права займацца душпастырскай дзейнасцю. Не вытрымаў дыскрымінацыі і псіхалагічнага ўціску з боку польскіх духоўных улад Віленскай дыяцэзіі. Хворы псіхічна, скончыў жыццё самагубствам – застрэліўся 16.6.1931 у Вільні. Пахаваны на мясцовых бернардзінскіх могілках.

Крынiцы:
LVIA, ф. 694, воп. 3, спр. 1151; ф. 604, воп. 5, спр. 7012;
Directorium… Vilnensi;
Catalogus… Vilnensis;
Elenchus… Pinscensis;
Stankiewicz A., 1929; 


ЮРЫЙ РАПЭЦКІ

(нар. 1944?)

Пратэстанцкі святар, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч беларускага замежжа, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., прапаведнік, рэдактар, публіцыст



Нарадзіўся ў 1944 г. (?) ў Германіі. Паходзіць з сям’і беларусаў-баптыстаў, якія ў гады Другой сусветнай вайны пакінулі Беларусь. Бацькі — Якуб і Яўгенія (з дому Апанасікаў) Рапэцкія. У двухгадовым узросце пераехаў з роднымі ў Канаду. Жыў у г. Саскатун, дзе скончыў мясцовую сярэднюю школу. Пазней вучыўся ва універсітэце. На апошнім курсе выявіў асаблівую цікавасць да славістыкі. Пасля заканчэння вучобы пераехаў у г. Эдмантан. Там абараніў магістэрскую дысертацыю па рускай літаратуры. Рэдагуе і вядзе на беларускай мове на транссусветным радыё у Монтэ-Карла хрысціянскую перадачу «Добрая вестка». Аўтар кнігі «Новае жыццё ў Хрысьце» (Варшава, 1985; Мінск, 1995). Служыць святаром евангельскай царквы хрысціян-баптыстаў у г. Таронта (Канада). Упершыню наведаў Беларусь у 1971 г. Наступная сустрэча адбылася на пачатку 90-х гадоў, калі беларускі пастыр прыехаў у Беларусь з бацькам — Якубам Рапэцкім, адным з пачынальнікаў беларускага пратэстанцкага руху ў ЗША. 

Крынiцы:
Беларускі голас (Таронта). 1986. № 330;
Літаратура і мастацтва (Мінск). 1991. № 39; 1992. № 36;
Настаўніцкая газета (Мінск). 1992. № 2;
Кіпель В. 


ВАЦЛАЎ РОДЗЬКА

(1888–1940)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся ў 1888 г. ў Віленскай губ. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям’і. У 1910 г. скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. У гэтым жа годзе пасвячоны ў святары. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя ў Гродзенскім фарным касцёле. З часоў побыту ў Гродне звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам. Разам са святарамі Ф.Грынкевічам, Ю.Бароўкам і У.Талочкам выступаў за асвету для беларускага народа на роднай мове. З 1914 г. – на пасадзе адміністратара ў парафіі Рыконты Трокскага дэканата. У 1920—1928 гг. служыў пробашчам у парафіі Гальшаны Ашмянскага дэканата. У 1929 г. пераведзены ў парафію Старыя Васілішкі. З часоў выдання першай беларускай каталіцкай газеты «Bielarus» матэрыяльна падтрымліваў нацыянальны рэлігійны друк. Памёр у 1940 г.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Р»;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 130;
Directorium… Vilnensi;
Catalogus... Vilnensis;
Stankievič A., 1939;
Bielarus (Вільня). 1914. № 37;
Spis kościołów, 1973; 1979. 


ЭДВАРД РОП

(1851—1939)

Каталіцкі святар заходняга абраду, архібіскуп Магілёўскі, грэміяльны канонік Жамойцкай капітулы, асістэнт Папскага трона, кандыдат юрыдычных навук, рэлігійны, грамадскі і культурны дзеяч, палітык, рэдактар і публіцыст



Нарадзіўся 2.12.1851 у мясцовасці Ліксна Дынабургскага павета. Паходзіў з арыстакратычнай нямецкай сям’і: бацькі – барон Юл’ян Эмерык і Ізабела (з дому Плятэр-Зыберкаў) Роппы. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома. Скончыў факультэт права ў Пецярбургскім універсітэце (1875). Да 1879 г. служыў чыноўнікам у Сенаце. Паступіў у Ковенскую духоўную каталіцкую семінарыю, якую скончыў у 1886 г. Паглыбляў тэалагічную адукацыю ва універсітэтах Інсбрука (Аўстрыя) і Фрайбурга (Германія). Пасвячоны ў святары 1.8.1886 у Коўне. У 1889—1902 гг. – пробашч і дэкан у г. Лібава, дзе заснаваў дабрачыннае таварыства і адкрыў некалькі школ. Апостальскай сталіцай 9.6.1902 прызначаны біскупам Ціраспальска-Херсонскім, 9.11.1903 папам Піем X прызначаны біскупам Віленскай дыяцэзіі. З 1904 г. актыўна падтрымліваў літоўскі і беларускі нацыянальна-рэлігійныя рухі. Выступаў за ідэю краёвасці на аснове канфесійнага адзінства палякаў, літоўцаў і беларусаў. Адзін з ініцыятараў і прыхільнікаў увядзення нацыянальнай мовы ў рэлігійнае жыццё католікаў Літвы і Беларусі. Рашуча выступаў супраць пагромаў яўрэйскага насельніцтва. Быў абраны ў 1-ю Дзяржаўную думу Расіі. У кастрычніку 1907 г. адхілены царскім урадам ад рэлігійнай дзейнасці. З лютага 1917 г. актыўна ўключыўся ў грамадскае і рэлігійнае жыццё. 25.7.1917 прызначаны архібіскупам Магілёўскім. Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. не прыняў Савецкую ўладу. Арыштаваны 29.4.1919 у Петраградзе. Пазней перавезены ў Маскву, дзе знаходзіўся пад хатнім арыштам. Вызвалены ў выніку палітычнага абмену. З пачатку 20-х гадоў жыў у Варшаве. Арганізаваў Камітэт дапамогі галадаючым у Расіі (1921). Ініцыятар і заснавальнік Місіянерскага інстытута ў Любліне (1924). Выступаў за бірытуалізм ва Усходняй царкве. З 1932 г., пасля няшчаснага выпадку, жыў у сваіх родных у Познані, дзе і памёр 25.7.1939. У сакавіку 1983 г. труна біскупа Э.Ропа перавезена з Пазнанскага кафедральнага сабора ў кафедральны сабор Беластока. 

Крынiцы:
PSB, XXXII/I;
Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1939. № 2
Беларус (Нью-Йорк). 1969. № 150


КАЗІМІР РЫБАЛТОЎСКІ

(1909--1943)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся ў 1909 г. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям’і. З 1931 г. – на 1-м курсе духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пінску. Пасля заканчэння вучобы там жа пасвячоны ў святары. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя мясцовага касцёла ў в. Камень Івянецкага дэканата. У гады Другой сусветнай вайны браў чынны ўдзел у беларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці. Арыштаваны нямецкiмi акупацыйнымi ўладамi. Расстраляны 24.7.1943.

Крынiцы:
Elenchus... Pinscensis;
Наша вера (Менск). 1996. № 1.
 


УЛАДЗIСЛАЎ РЫЖЫ-РЫСКI

(1025—1978)

Каталiцкi артадаксальны святар, доктар тэалогii, грамадска-культурны i рэлiгiйны дзеяч, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ў эмiграцыi, заснавальнiк i тэарэтык беларускай артадаксальнай каталiцкай царквы, вучоны, тэолаг, педагог, выдавец, паэт. У беларускiм эмiгранцкiм перыядычным друку выступаў пад псеўданiмам У.Сноп




Нарадзiўся на Вiленшчыне (?). Паходзiў з сям’i беларусаў-католiкаў. Беларускую нацыянальна-рэлiгiйную дзейнасць пачаў на Глыбоччыне. Прымаў удзел у арганiзацыi касцельнага хору ў Глыбокiм. Працаваў настаўнiкам. У гады Другой сусветнай вайны — дзеяч Беларускай народнай самапомачы ў Глыбоцкай акрузе. З 1943 г.(?) жыў у Мiнску. Быў прызначаны сакратаром аддзела моладзi Беларускай цэнтральнай рады. Пазней перайшоў у аддзел прапаганды Беларускай краёвай абароны. Сябра Беларускай незалежнiцкай партыi. З 1944 г. — у эмiграцыi. Спачатку жыў у Германii. З 2-й паловы 40-х гадоў — у Бельгii. Адзiн з iнiцыятараў стварэння i старшыня Саюза беларусаў у Бельгii (з 1946). Прымаў удзел у арганiзацыi беларускага студэнцкага саюза ў Лёвенскiм каталiцкiм унiверсiтэце. Адзiн з заснавальнiкаў i рэдактараў эмiгранцкага перыядычнага выдання «Беларуская Праўда» (1946—1947). На пачатку 50-х гадоў знаходзiўся ў Рыме. Вучыўся ў ватыканскiм тэалагiчным iнстытуце «Russiсum». За арганiзацыю беларускага гуртка i грамадскую дзейнасць выключаны з лiку студэнтаў. Пэўны час жыў у Iспанii. Адзiн з арганiзатараў беларускага студэнцкага саюза ў Мадрыдскiм унiверсiтэце. У Мадрыдзе выдаваў часопiс «Беларускi прапаведнiк». Прыкладаў намаганнi па арганiзацыi беларускiх праграм на Iспанскiм радыё. З 2-й паловы 50-х гадоў у ЗША. Вучыўся ў Прынстанскiм унiверсiтэце, дзе абаранiў доктарскую дысертацыю па тэалогii. Працаваў выкладчыкам у гэтым жа унiверсiтэце. Iнiцыятар i адзiн з заснавальнiкаў Iнтэрнацыянальнага Iнстытута Беларусаведы св. Ефрасiннi Полацкай «Беларусiкум» i Iнстытута Льва Сапегi (Iспанiя—ЗША). Выкладаў у Жэнеўскiм каледжы ў Пенсiльванii. У 1968 г. арганiзаваў унiверсiтэт народаў Амерыкi ў ЗША. Заснавальнiк i тэарэтык беларускага артадаксальнага каталiцкага руху ў эмiграцыi i «мiсiйнай Старакаталiцкай Субожнi». Са студзеня 1960 г. ўсклаў на сябе абавязкi апостальскага вiзiтатара для беларусаў-католiкаў. Праводзiў арганiзацыйна-адмiнiстрацыйную дзейнасць па стварэнні i функцыянаванні беларускай артадаксальнай каталiцкай царквы як альтэрнатывы Апостальскаму пасаду ў Рыме i «экспансii польскага каталiцызму». Аўтар рэлiгiйна-фiласофскiх прац «Чалавек у гiсторыi», «Матэрыялiстычнае талкаваньне гiсторыi», «Выклад iнстытуцыi хрысьцiянскай рэлiгii Яна Кальвiна». Тэалагiчна-фiласофскую дактрыну i сутнасць беларускага артадаксальнага каталiцызму выклаў у працы «Веравызнаньне беларускай хрысьцiянскай Артадаксальна-Каталiцкай Субожнi». Рэдагаваў i выдаваў рэлiгiйны часопiс «Беларускi каталiк». Супрацоўнiчаў з беларускiм эмiгранцкiм друкам («Беларускi голас», «Баявая Ўскалось» i iнш.). Сябра лiтаратурнага згуртавання «Баявая Ўскалось». Аўтар паэтычнага зборнiка «Мацi мая». Памёр 1.3.1978 у Нью-Йорку.

Крынiцы:
Беларускi голас (Таронта). 1960. № 66; 1978. № 263; 1991. № 359;
Зважай (Таронта). 1978. № 1;
Малецкi Я.;
Рагуля Б.
 


ЯЗЭП РЭШАЦЬ

(1890—1958)

Каталіцкі святар заходняга абраду, бенедыкцінец, місіянер, доктар філасофіі і тэалогіі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, вучоны, педагог, пiсьменнiк, драматург і публіцыст. У беларускiм друку выступаў пад псеўданiмам Я. Рушчанец (J. Ruščanec)



Нарадзіўся 28.7.1890 у в. Рушчаны Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і беларусаў-католікаў: бацькi — Ян i Ганна (з дому Баброўскiх) Рэшацi. Скончыў Беластоцкую гарадскую гiмназiю (1910). У гэтым жа годзе паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. На правах сябра ўваходзіў у культурна-асветны гурток беларускіх студэнтаў. Прадоўжыў вучобу ў Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме (1913—1919), які скончыў са ступенню доктара філасофіі і тэалогіі. Падчас побыту ў Вечным горадзе адначасова наведваў заняткі ў папскім Усходнім інстытуце (1919—1921) і ў Collegium Germanicum. Пасвячоны ў святары 2.12.1917 у Рыме. Пасля вяртання на бацькаўшчыну ў 1921 г. кароткi час служыў вiкарыем-кааператарам у Гродне. Працаваў у Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі на пасадзе прафесара філасофіі і апалагетыкі. Адначасова выкладаў патрыстыку ў мясцовым універсітэце імя Стафана Баторыя і Закон Божы ў Віленскай беларускай гімназіі. Прымаў удзел у заходнебеларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці. У складзе беларускай дэлегацыi ўдзельнiчаў у працы 5-га Унiяцкага кангрэса ў Велеградзе (Чэхаславакiя, 20—24.7.1927). Супрацоўнічаў з каталіцкімі перыядычнымі выданнямі («Chryścijanskaja Dumka»). З прыходам на пасаду кіраўніка Віленскай дыяцэзіі біскупа Р.Ялбжыкоўскага пераведзены ў Беластоцкую настаўніцкую семінарыю, а пазней – на душпастырскую дзейнасць у в. Даўнары на Мазурах (з 1931). У 1938 г. выехаў у Паўночную Амерыку, дзе ўступіў у ордэн св. Бенядзікта ў абацтве св. Пракопа ў мясцовасцi Лайл недалёка ад Чыкага. Памёр 15.2.1958. Адзін з відных тэолагаў і вучоных у гісторыі беларускага хрысціянскага руху XX ст. Аўтар рэлігійных і навуковых кніг «З Хрысьціянскай Аполёгэтыкі», «Сьвятыя», «Кароткі Катэхізм для Беларусаў-Каталікоў».

Крынiцы:
ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 138;
Krynica (Вільня). 1924. № 5;
Беларуская царква (Чыкага). 1963. № 25;
 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster