БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Выдавецкія сэрыі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Юрась Гарбінскі, Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.

Юрась Гарбінскі

 

САВАЦІЙ

(1874—1940)

Праваслаўны святар і грамадскі дзеяч, архімандрыт Лiтоўскай епархii, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст. У свецкiм жыццi — Сцяпан Сергяевiч



Нарадзіўся ў 1874 г. ў в. Крэцішча на Беласточчыне. Паходзіў з сялянскай праваслаўнай сям’і Сцяпана Сергяевіча. З 1903 г. – паслушнік Свята-Духава манастыра ў Вільні. У гады Першай сусветнай вайны арганізаваў пры манастыры прытулак для бедных і бяздольных дзяцей. Разам з айцом М.Галянкевічам і каталіцкімі святарамі У.Талочкам і Я.Семашкевічам уваходзіў у склад Камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны. З 1914 г. звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам. У 1917 г. з айцом М.Галянкевічам прадстаўляў праваслаўнае духавенства ў Віленскім арганізацыйным камітэце па правядзенні Беларускай канферэнцыі. Адстойваў ідэю аўтакефальнасці праваслаўнай царквы на заходнебеларускіх абшарах. Памёр у маі 1940 г. ў Вільні.

Крынiцы:
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; 
Stankiewicz A., 1929. 


ТАРАС САЙКА

(1906—1973)

Пратэстанцкi пастар, рэлiгiйны i культурна-грамадскi дзеяч беларускага замежжа ў ЗША, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., мецэнат



Нарадзiўся ў 1906 г. ў с. Лiпск на Пiншчыне. Паходзiў з сялянскай сям’i праваслаўных беларусаў. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. Служыў у польскiм войску. Пасля заканчэння службы вярнуўся ў роднае сяло. Прыняў святое хрышчэнне. Пры матэрыяльнай падтрымцы мiсii «Свет на Востоке» пабудаваў у родным сяле малiтвенны дом. З 2-й паловы 30-х гадоў узначалiў у Лiпску мясцовую царкву баптыстаў. У час Другой сусветнай вайны быў высланы на бiблейскія курсы ў духоўную семiнарыю ў г. Вiдэнест (Германiя). З 1950 г. — у ЗША. Жыў i працаваў у г. Мiнеаполiс (штат Мiнесота). Iнiцыятар перакладу Бiблii на беларускую мову. Па пытаннях перакладу вёў вялiкую перапiску з беларускiмi свецкiмi i рэлiгiйнымi дзеячамi на эмiграцыi Я.Пятроўскiм, Я.Рапэцкiм, Д.Ясько, Я.Станкевiчам. Адзiн з арганiзатараў i каардынатараў Беларускага бiблейскага камiтэта па справе перакладу Бiблii. Дзеяч беларускага пратэстанцкага руху ў ЗША. Удзельнiчаў у працы з’езда прадстаўнiкоў беларускiх евангелiчных хрысцiян у Канадзе (8—9.9.1973). Памёр 26.9.1973.

Крынiцы:
Пятроўскi Я.;
Весьнiк беларускага эвангельска-баптысцкага брацтва ў ЗША i Канадзе. 1974. № 2;
Кiпель В.  


АЛЯКСАНДР САК

(1890 – пасля 1937)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху 1-й чвэрці XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 14.8.1890 на Навагрудчыне. Паходзіў з сялянскай сям’і праваслаўнага беларуса Мікалая Сака. Прыняў рымска-каталiцкае веравызнанне. Скончыў Пінскую гімназію. Вучыўся ў iнстытуце лясной гаспадаркi ў Пецярбургу. Пасля трэцяга курса перапынiў вучобу i паступіў у Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу (1913). У час вучобы наведваў Б.Эпімах-Шыпілу, дзе пазнаёміўся з Янкам Купалам. Пасвячоны ў святары ў 1917 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Магілёўскай губ. Удзельнiк з’езда беларускiх каталiцкiх святароў у Мiнску (24—25.5.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. З 21.6.1917 служыў вiкарыем у мясцовасцi Фашчоўка Магiлёўскай губ. Пасля трох месяцаў службы прызначаны адмiнiстратарам Мiкулiна-Руднянскай каплiцы ў Аршанскiм павеце. Напрыканцы лiпеня 1918 г. рашэннем вышэйшых духоўных уладаў Магiлёўскай архiдыяцэзii быў прызначаны на пасаду вiкарыя ў Смаленскi касцёл. Аднак па невядомых прычынах да святарскай службы ў Смаленску не прыступiў. З 19.12.1918 жыў у мястэчку Сянно. Пазней выконваў абавязкi пробашча ў Свяцiлавiцкiм касцёле i працаваў адмiнiстратарам у Шклове (1919—1921). Па выклiку духоўных уладаў Магiлёўскай архiдыяцэзii ў маi 1922 г. прыязджаў у Петраград. У сувязi з прапановаю выезду i магчымай душпастырскай дзейнасцю ў Петраградзе 9.2.1924 быў вызвалены ад абавязкаў пробашча Фашчоўскага касцёле. У лiсце ад 24.3.1924 звярнуўся да адмiнiстратара Магiлёўскай архiдыяцэзii з просьбай пакiнуць яго на бацькаўшчыне: «... маю мацi, якую не магу пакiнуць на волю лёсу. Акрамя таго, ёсць у мяне яшчэ адна мацi — мая айчына. Так дзiўна да недарэчнасцi складваецца, што на Беларусi няма анiводнага беларускага святара. Таму шкода мне і яе». З вясны 1924 г. пэўны час знаходзiўся ў Мiнску, дзе часта гасцяваў у Янкi Купалы. Займаўся літаратурнай творчасцю: «пісаў на беларускай мове байкі, лірычныя вершы, паэмы, вершаваныя драматургічныя творы». Пазней быў камандзiраваны ў Мазырска-Рэчыцкi павет. Працаваў на Міншчыне і Мозыршчыне, у Койданаве і Хойніках. Прыхільнік беларусізацыі рэлігійнага жыцця беларусаў-католікаў. Шырока выкарыстоўваў беларускую мову ў душпастырскай дзейнасці і ў паўсядзённых сустрэчах з парафіянамі. Праследаваўся савецкімі ўладамі. Змушаны быў публiчна адмовiцца ад святарскага сану (17.12.1929). Працаваў стыльрэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. Першы раз арыштаваны органамі бяспекі 24.6.1930 у сувязі са справай «Саюза вызвалення Беларусі». У 1930—1934 гг. будаваў Беламорска-Балтыйскі канал. Другі раз арыштаваны ў 1937 г. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Паводле версii родных — загiнуў на Беламорска-Балтыйскiм канале.

Крынiцы:
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2297/535;
Архiў КДБ РБ (Мінск), спр. 20951-С ;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
ЛМЯнК, ф. 1, воп. 1, спр. 4;
Directorium... Mohiloviensi;
Chryścijanskaja Dumka (Вiльня). 1934. № 8;
Янка Купала;
Скарынiч;
Dzwonkowski R., 1998. 


УЛАДЗІСЛАЎ УЛАДЗІМІР САЛАВЕЙ

(1918—1974)

Каталіцкі святар усходняга абраду, мітрафорны протаіерэй, рэлігійны дзеяч беларускага замежжа ў Заходняй Германіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 15.9.1918 у Пецярбургу. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям’і: бацькі – Юльян і Зоф’я (з дому Аўдзевічаў) Салаўі. У 1921—1929 гг. жыў у Польшчы, Румыніі, дзе атрымаў пачатковую адукацыю. З канца 20-х гадоў вучыўся ў гімназіях Лодзі і Варшавы. У 1936—1937 гг. вывучаў філасофію і ўсходнія навукі ў Варшаўскім універсітэце. У апошнія перадваенныя гады жыў у Лодзі, пэўны час знаходзіўся ў папскай Усходняй семінарыі ў г. Дубна (Заходняя Украіна). З 1939 г. – клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У сувязі з выбухам Другой сусветнай вайны і ваеннымі дзеяннямі прадоўжыў вучобу ў нямецкай духоўнай семінарыі ў г. Айштэт. Пасвячоны ў святары 21.7.1946 у Германіі. У 1955 г. Апостальскім пасадам прызначаны генеральным пастырам для беларусаў-католікаў у Германіі. Святарскія абавязкі выконваў у двух абрадах: заходнім і ўсходнім. Падтрымліваў шырокія кантакты з беларускімі святарамі і рэлігійнымі дзеячамі ў Заходняй Еўропе (Ч.Сіповіч, Б.Слосканс, П.Татарыновіч і інш.). Памёр 17.8.1974 у шпіталі мясцовасці Бляўбойрэн у Заходняй Германіі пасля дарожнага выпадку.

Крынiцы:
Божым шляхам (Лондан). 1974. № 141;
Źnič (Рым). 1975. № 119—120. 


СЯРГЕЙ САРОКА

(1902–1941)

Грамадскі і праваслаўны свецкі дзеяч, удзельнік заходнебеларускага культурна-асветнага руху ў міжваеннае дваццацігоддзе, рэдактар, выдавец, публiцыст



Нарадзіўся 25.4.1902 у Вільні. Паходзіў з беларускай праваслаўнай сям’і: бацькі — Якуб і Марыя (з дому Балушкаў) Сарокі. Скончыў Віленскую беларускую гімназію. Вучыўся на факультэце права Вiленскага унiверсiтэта імя Стафана Баторыя (1930—1935?). Сябра Акадэмiчнага гуртка беларусаведы (1934—1935). Прымаў удзел у дзейнасці Беларускага студэнцкага саюза і студэнцкай карпарацыі «Скарынія». Вiдны дзеяч заходнебеларускага царкоўна-рэлiгiйнага жыцця. Падтрымліваў ідэю аўтакефальнасці праваслаўнай царквы і яе беларусізацыi ў Заходняй Беларусі. Уваходзіў у склад рэдакцыйнай групы праваслаўнага часопіса «Сьветач Беларусі». Выдаваў газету «Беларусь працы». Звязаны з нацыянальна-рэлігійнай групоўкай Ф.Вернікоўскага і У.Більдзюкевіча. У пачатку Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Варшаве, дзе пэўны час працаваў разам з Ф.Акінчыцам у беларускіх грамадска-палітычных арганізацыях. Пасля трох месяцаў працы не знайшоў з iм паразумення i выехаў на вёску. Пазней жыў на Белападляшшы. Займаў пасаду войта воласці Лазы, а пасля выконваў абавязкі бурмістра ў в. Янаў-Падляскі. Паводле звестак А.Клімовіча і П.Ластаўка ў 1940 г. хварэў на тыф. Аслаблены пасля хваробы, памёр 1.12.1941 ад запалення лёгкiх у Янаве-Падляскiм. 

Крынiцы:
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
LCVA, ф. 51, воп.7, спр. 6. 


ГРЫГОРЫЙ САСНА

(нар. 1939)

Праваслаўны святар, протаіерэй, магістр багаслоўя, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч у Польшчы, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., гісторык, публіцыст



Нарадзіўся 30.4.1939 у в. Шэрні Бельскападляскага павета. Паходзіць з праваслаўнай сям’і Афанасія Сасны. Скончыў Хрысціянскую тэалагічную акадэмію ў Варшаве (1963). У 1960—1964 гг. выконваў святарскія абавязкі ў мясцовасцях Кадэнь і Капытоў. Пазней служыў у прыходах Сямяцічы, Рогаўка, Ціханавец (1964—1987). У 1966 г. абараніў магістэрскую дысертацыю па багаслоўі. З 1987 г. — настаяцель прыходаў Рыбалы, Паўлы, Войшкі на Беласточчыне.
Даследуе гісторыю праваслаўнай царквы ў Польшчы. Сябра Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Актыўна супрацоўнічае з польскімі і беларускімі рэлігійнымі перыядычнымі выданнямі («Wiadomości Polskiego Autokefalicznego Kościoła Prawosławnego», «Cerkowny Wiestnik», «Przegląd Prawosławny», «Беларускі каляндар», «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце» і інш. Аўтар навуковых даследванняў «Бібліяграфія праваслаўных прыходаў на Беласточчыне» (Беласток, 1984—1992; Рыбалы, 1991—1993. Ч. 1—4), «Праваслаўная царква на Беласточчыне і адносіны да яе ўлад у Рэчы Паспалітай: Выбраныя дакументы (1928—1939)» (Рыбалы, 1991), У сааўтарстве з Д. Фіёнікам напісаў манаграфію «Дзейнасць праваслаўнай царквы ў Бельску-Падляскім (Беласток, 1995).

Крынiцы:
Беларускае замежжа;
Польская аўтакефальная праваслаўная царква. 


ЯНКА СЕМАШКЕВІЧ

(1883—1956)

Каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр, паэт. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімам Янка Быліна



Нарадзіўся ў 1883 г. ў в. Лакцяны Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і беларуса-католіка Казіміра Семашкевіча. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1907). Пасвячоны ў святары ў гэтым жа годзе. У час вучобы завязаў сяброўства з будучымі віднымі беларускімі святарамі Ф.Грынкевічам, Ф.Рамейкам, У.Талочкам. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя. З 1910 г. – адміністратар у парафіі Дварэц Слонімскага дэканата. У час Першай сусветнай вайны разам са святаром У.Талочкам прадстаўляў беларускае каталіцкае духавенства ў Віленскім камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны. З 1917 г. – у парафіі Лаварышкі Ашмянскага павета. Служыў пробашчам у парафіі Піярскія Дукшты Трокскага павета. У 1917—1918 гг. прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні ў Вільні Беларускай канферэнцыі. Шырока выкарыстоўваў беларускую мову ў паўсядзённай душпастырскай дзейнасці. Актыўна выступаў за беларусізацыю рэлігійнага жыцця беларусаў-католікаў. Удзельнічаў у падрыхтоўцы «Мемарыялу» беларускага каталіцкага святарства, прадстаўленага на агульнапольскай канферэнцыі біскупаў 19.5.1925. У 1933 г. пераведзены на пасаду вікарыя ў парафію Янаў. За ўжыванне беларускай мовы пры катэхізацыі дзяцей праследаваўся польскімі ўладамі. У міжваеннае дваццацігоддзе супрацоўнічаў з заходнебеларускімі перыядычнымі выданнямі («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka» і інш.). Аўтар паэтычных зборнікаў «На прызьбе» (Вільня, 1918) і «На покуці» (Вільня, 1934), шэрагу рэлігійных перакладаў і арыгінальных твораў («Ружанец да Найсвяцейшае Дзевы Марыі», Вільня, 1928; «Песьні жальбы, або Набожныя разважанні аб муках і смерці Збаўцы Езуса Хрыста», Вільня, 1929; «Дарога крыжа», Вільня, 1930). Быў рэпрэсіраваны савецкімі ўладамі. На пачатку 50-х гадоў выконваў душпастырскія абавязкі ў мясцовасці Міхалова-Нязбудная на Беласточчыне. Памёр у 1956 г. (паводле iншых крынiц — у 1955).

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «С»;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Directorium… Vilnensi;
Catalogus…Vilnensis;
Krynica (Вiльня). 1919. № 7; 1920. № 15;
Stankiewicz A., 1929; 
Stankievič A., 1939;
Божым шляхам (Парыж). 1955. № 70—75;
Spis kościołów, 1973; 1979;
БП, I. 


ЧАСЛАЎ СIПОВIЧ

(1914—1981)

Каталiцкi святар усходняга абраду, тытулярны бiскуп марыяметанскi, апостальскi вiзiтатар беларусаў-католiкаў ў эмiграцыi, манах-марыянiн, рэлiгiйны i культурна-грамадскi дзеяч, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., адзiн з вiдных беларускiх тэарэтыкаў i прапаведнiкаў экуменiзму, гiсторык, культуролаг, пiсьменнiк, публiцыст i перакладчык. У перыядычным друку выступаў пад псеўданiмамi Васiль Друя (В.Д-я), А.Дзедзiнка (А.Дз-ка), Крывiчанiн i iнш.


Нарадзiўся 25.11.1914 у в. Дзедзiнка Браслаўскага павета Вiленскай губ. Паходзiў з мнагадзетнай сялянскай сям’i беларусаў-католiкаў: бацькi — Вiнцук i Ядвiга (з дому Тычкаў) Сiповiчы. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. З 1928 г. — вучань Друйскай гiмназii пры кляштары айцоў марыянаў. Пасля пяцi гадоў навучання ўступiў у навiцыят. У 1934 г. прыняў часовы манаскi зарок i прадоўжыў вучобу ў гiмназii. Пасля яе заканчэння вывучаў тэалогiю i фiласофiю ў Вiленскiм унiверсiтэце iмя Стафана Баторыя. Па загадзе польскiх адмiнiстрацыйных улад Вiленскага ваяводства разам з iншымi студэнтамi выселены з Друйскага кляштара айцоў марыянаў (9.7.1938). Першапачаткова меў намер прадоўжыць вучобу ва унiверсiтэце. Аднак вярнуцца ў Вiльню не дазволiлi польскiя ўлады. Тады ж вырашыў стаць каталiцкiм святаром усходняга абраду. Па прапанове вышэйшых духоўных улад ордэна марыянаў прадоўжыў вучобу на тэалагiчным факультэце папскага Грыгарыянскага унiверсiтэта ў Рыме. Там жа пасвячоны 16.6.1942 (паводле iншых звестак — у 1940) у святары. Вучыўся ў папскiм Усходнiм iнстытуце, дзе падрыхтаваў i абаранiў (19.12.1942) доктарскую дысертацыю, прысвечаную мiтрапалiту Ясону Смагажэўскаму. Адначасова з вучобаю выконваў абавязкi сакратара генеральнага кiраўнiцтва ордэна айцоў марыянаў. У 1947 г. рашэннем Кангрэгацыi па справах Усходняй царквы прызначаны рэктарам Беларускай каталiцкай мiсii ўсходняга абраду ў Вялiкабрытанii. З 9 красавiка таго ж года -- у Лондане. Адначасова са святарскай дзейнасцю браў удзел у беларускiм грамадска-культурным жыццi ў эмiграцыi. Сябра Згуртавання беларусаў Вялiкай Брытанii. У 1949—1960 гг. працаваў у Каардынацыйным камiтэце па справах апекi. Iнiцыятар i заснавальнiк Беларускага дома айцоў марыянаў у Лондане. У складзе iнiцыятыўнай групы беларускiх духоўных i свецкiх дзеячаў (П.Татарыновiч, Л.Гарошка, Л.Рыдлеўскi) хадайнiчаў перад папам Пiем ХII аб адкрыццi Беларускай секцыi Ватыканскага радыё. Адзiн з арганiзатараў Беларускай школы св. Кiрылы Тураўскага i iнтэрната пры Лонданскiм доме марыянаў (1961). Браў актыўны ўдзел у арганiзацыi i дзейнасцi Англійска-беларускага навуковага таварыства. Выступаў з рэфератамi гiсторыка-культуралагiчнага характару на курсах беларусаведы. Удзельнiк 2-га Ватыканскага сабора (1962—1965), дзе быў абраны ў камiсiю па справах Усходнiх Цэркваў. У 1963—1969 гг. — генерал ордэна айцоў марыянаў у Рыме. Ганаровы вiцэ-прэзiдэнт Таварыства Яна Златавуста ў Лондане (англiйскай арганiзацыi, створанай у 1965 г. з мэтай пашырэння ў англамоўным свеце ведаў пра ўсходняе хрысцiянства). У жнiўнi 1965 абраны сябрам Управы беларускага адукацыйнага i дапамогавага фонду ў ЗША. Iнiцыятар адкрыцця i заснавальнiк Беларускай бiблiятэкi iмя Ф.Скарыны i музея пры ёй (май 1971). Браў удзел у з’ездах беларускiх каталiцкiх святароў ў эмiграцыi (1961, 1972). Актыўна супрацоўнiчаў з беларускiмi эмiгранцкiмi перыядычнымi выданнямi («Беларус», «Бацькаўшчына», «Божым шляхам»). Публiкаваў артыкулы рэлiгiйнай i культурна-грамадскай праблематыкi ў англамоўных выданнях. Сябра рэдкалегii навуковага часопiса «The Journal of Byelorussian Studies». Памёр 4.10.1981 у Лондане. Пахаваны на могiлках св. Панкрата.

Крынiцы:
Бацькаўшчына (Мюнхен). 1960. № 125;
The Journal of Byelorussian Studies (Лондан). 1981. Kн. 5. № 1. 


БАЛЯСЛАЎ СЛОСКАНС

(1893—1981)

Каталіцкі святар заходняга абраду, біскуп, апостальскі адміністратар Магілёўскі і Мінскі, біскуп цылійскі, асістэнт Апостальскага пасаду, рэ-лігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа



Нарадзіўся 19.8.1893 у г. Цілглс Рэжыцкага павета. Паходзіў з латышскай каталіцкай сям’і: бацькi — Бярнард i Цыцылiя Слоскансы. У 1905—1907 гг. вучыўся ў Рэжыцкiм гарадскiм 3-класным вучылiшчы. Скончыў Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю (1917). Пасвячоны ў святары 21.1.1917. Душпастырскую дзейнасць пачаў на пасадзе вікарыя пры касцёле св. Кацярыны ў Петраградзе. Выконваў святарскiя абавязкi ў Абрамавай пустэльнi ў Лужскiм павеце Петраградскай губ. Кароткі час служыў у Віцебску. У 1925 г. выкліканы духоўнымі ўладамі ў Ленінград. Узведзены ў сан біскупа ў маі 1926 г. ў Маскве. Прызначаны апостальскім адміністратарам Мінскім і Магілёўскім. За рэлігійную дзейнасць праследаваўся савецкімі ўладамі. Першы раз арыштаваны 16.9.1926. Знаходзіўся ў канцэнтрацыйных лагерах на Салаўках (1927—1930). Пасля адбыцця трохгадовага тэрміну вярнуўся ў Магілёў. 9.11.1930 арыштаваны органамі бяспекі другі раз. Да студзеня 1933 г. знаходзіўся ў сібірскай ссылцы. Вызвалены ў выніку абмену палітычнымі вязнямі паміж урадамі Латвіі і СССР. У перадваенны час служыў духоўнікам у Рыжскай духоўнай каталіцкай семінарыі і выкладаў на тэалагічным факультэце Рыжскага універсітэта. У гады Другой сусветнай вайны жыў у Латвіі. З 1944 г. – у эміграцыі. Духоўны «патрон» беларускага студэнцкага асяродка ў каталіцкім універсітэце г. Лёвен (Бельгія). У 1952 г. вышэйшымі духоўнымі ўладамі Ватыкана прызначаны апостальскім візітатарам для беларусаў-католікаў у Заходняй Еўропе. Прымаў удзел у культурным і нацыянальна-рэлігійным жыцці беларускага замежжа. Аказваў матэрыяльную падтрымку беларускім рэлігійным перыядычным выданням («Źnič», «Божым шляхам» і інш.). Памёр 18.4.1981 у Бельгіі.

Крынiцы:
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2415;
Directorium... Mohiloviensi;
Elenсhus... Mohiloviensis;
Беларус (Нью-Йорк). 1981. № 293. 


АЎГЕН СМАРШЧОК

(1914—1984)

Праваслаўны святар, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч беларускага замежжа, магістр псіхалогіі і філалогіі, старшыня Саюза беларусаў у Бельгіі



Нарадзіўся 25.9.1914 у мясцовасці Зэльва Гродзенскага павета. Паходзіў з настаўніцкай сям’і: бацькі – Трафім і Алена (з дому Тукальскіх) Смаршчкі. Вучыўся ў польскай пачатковай школе. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў Свіслачы (1934). З сярэдзіны 30-х гадоў працаваў настаўнікам. У гады Другой сусветнай вайны мабілізаваны ў польскае войска. Браў удзел у абароне Варшавы. Трапіў у палон. Да кастрычніка 1940 г. знаходзіўся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных. Пасля вызвалення працаваў на фабрыцы ў Берліне. З восені 1947 г. – у г. Марбург, дзе вывучаў ва універсітэце псіхалогію і абараніў магістэрскую дысертацыю. Рукапаложаны ў сан святара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у 1950 г. Увосень таго ж года пераехаў у Бельгію. Скончыў педагагічны факультэт універсітэта г. Лёвен (1957). Выконваў святарскія абавязкі. У 1962—1966 гг. вучыўся ў Інстытуце філалогіі і гісторыі ўсходніх славян Брусельскага універсітэта. Абараніў магістэрскую дысертацыю па філалогіі. Паглыбляючы багаслоўскую адукацыю, супрацоўнічаў з Інстытутам св. Сергія ў Парыжы. Да 1980 г. працаваў выкладчыкам рускай мовы ў Вышэйшай фламандскай школе ў г. Антверпен. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў парафіі БАПЦ у Бельгіі. Памёр 25.9.1984 у мясцовасці Грэвер недалёка ад Лёвена. Пахаваны на мясцовых могілках.

Крынiцы:
Беларускі праваслаўны каляндар на 1968 г. Нью-Йорк, 1967;
Беларус (Нью-Йорк). 1984. № 323;
Рагуля Б. 


КАЗІМІР СМУЛЬКА

(1894—1965)

Каталіцкі святар заходняга абраду, манах-марыянін, удзельнік беларускага адраджэнскага і нацыянальна-рэлігійнага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 12.1.1894 у в. Пруднікі Дзісенскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і беларусаў-католікаў: бацькі — Вікенцій і Варвара (з дома Пулінаў) Смулькі. Скончыў 4-е вышэйшае пачатковае вучылішча ў Вільні (1915). У чэрвені 1915 г. паспяхова здаў уступныя экзамены ў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. У сувязi з Першай сусветнай вайной і ваеннымi падзеямi 1917—1921 гг. давучваўся ў духоўнай семінарыі ў г. Улацлавак (Польшча). Пасля яе заканчэння прыехаў у Друю. Першы манах у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. Пасвячоны ў святары 19.12.1926. У якасці вікарыя Друйскага кляштара распачаў душпастырскую дзейнасць, адначасова выконваў абавязкі аканома. Пашыраў беларускую мову ў рэлігійным жыцці беларусаў-католікаў Друйскай парафіі. У 1938 г. выселены з кляштару польскімі ўладамі. Да сярэдзіны 1965 г. жыў у Доме марыянаў у мясцовасці Скужэц недалёка ад г. Седльцы (Польшча), дзе i памёр у 1965 г. Пахаваны на мясцовых могілках.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 313, каталог «С»;
Catalogus... Vilnensis ;
Божым шляхам (Лондан). 1965. № 6. 


АДАМ СТАНКЕВIЧ

(1891—1949)

Каталiцкi святар заходняга абраду, кандыдат кананiчнага права, рэлiгiйны i культурна-асветны дзеяч, адзiн з тэарэтыкаў i заснавальнiкаў беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., душпастыр, гiсторык, палiтык, рэдактар, выдавец, публiцыст



Нарадзiўся 24.12.1891 у в. Арляняты Ашмянскага павета Вiленскай губ. Паходзiў з сялянскай сям’i беларусаў-католiкаў: бацькi — Вiнцук i Антанiна Станкевiчы. Вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе ў в. Баруны. У 1902 г. перайшоў у Гальшанскую народную школу. Скончыў гарадское вучылiшча ў Ашмянах (1909?). Наступныя два гады рыхтаваўся да паступлення ў Вiленскую духоўную каталiцкую семiнарыю. Увесну 1910 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камiсii Маскоўскай навучальнай акругi. З восенi таго ж года— клерык Вiленскай духоўнай каталiцкай семiнарыi. Адзiн з iнiцыятараў i заснавальнiкаў культурна-асветнага гуртка беларусаў-семiнарыстаў. Прадоўжыў вучобу за свой кошт у Мiтрапалiтальнай духоўнай акадэмii ў Пецярбургу (1914—1918), дзе ўключыўся ў дзейнасць пецярбургскага гуртка беларусаў-клерыкаў. У 1916—1918 гг. быў абраны яго старшынёй. Пасвячоны ў святары 28.12.1914. Супрацоўнiчаў з беларускiмi перыядычнымi выданнямi ў Пецярбургу («Svіetac», «Дзяньнiца», «Krynica»). Браў удзел у дзейнасцi першай беларускай нацыянальна-рэлiгiйнай арганiзацыi «Хрысцiянская дэмакратычная злучнасць». Адзiн з iнiцыятараў правядзення i ўдзельнiк 1-га з’езда беларускiх каталiцкiх святароў (Мiнск, 24—25.5.1917). На з’ездзе выступiў з рэфератам пра беларускi нацыянальна-адраджэнскi рух i яго сувязь з рэлiгiйным жыццём. Сябра cаюза ксяндзоў-беларусаў. З восенi 1918 г. жыў у Вiльнi. Некалькi месяцаў працаваў душпастырам у польскай парафii ў мястэчку Драгiчын. Дзякуючы падтрымцы кiраўнiка дыяцэзii бiскупа Ю.Матулявiчуса вярнуўся ў Вiльню, дзе разгарнуў шырокую нацыянальна-рэлiгiйную i культурна-асветную дзейнасць. Рэдагаваў беларускую каталiцкую газету «Krynica». Працаваў выкладчыкам рэлiгii ў Вiленскай беларускай гiмназii. Адзiн з заснавальнiкаў партыi Беларускай хрысцiянскай дэмакратыi. У 1922 г. абраны паслом у сейм Польскай Рэспублiкi, дзе стварыў фракцыю Беларускага сялянскага саюза. Узначальваў Таварыства беларускай школы (1924—1926). Адзiн з арганiзатараў i кiраўнiкоў Беларускага iнстытута гаспадаркi i культуры. З 1926 г. разгарнуў шырокую кнiгавыдавецкую дзейнасць. Адзiн з заснавальнiкаў Беларускага каталiцкага выдавецтва i друкарнi iмя Ф.Скарыны ў Вiльнi. Выступаў за шырокую беларусiзацыю нацыянальна-рэлiгiйнага жыцця ў Беларусi. На працягу ўсёй сваёй святарскай дзейнасцi звяртаўся да вернiкаў з казаннямi на беларускай мове. Арганiзоўваў беларускiя каталiцкiя пiлiгрымкi. Праследаваўся польскiмi духоўнымi i свецкiмi ўладамi Вiленшчыны. Разам з беларускiмi нацыянальна-хрысцiянскiмi дзеячамi У.Талочкам i А.Клiмовiчам быў выселены з Вiльнi. Да кастрычнiка 1939 г. знаходзiўся ў Слонiме. З пачаткам Другой сусветнай вайны — зноў у Вiльнi. Браў удзел у дзейнасцi беларускiх грамадска-культурных арганiзацый. Аўтар шэрагу гiсторыка-культурных кнiг «Bielaruskaja mowa u skolach Bielarusi XVI i XVII st.» (1928), «Rodnaja mowа u swiatyniach» (1929), «Bielaruski chryscijanski ruch» (1939), «Хрысьцiянства i беларускi народ» (1935), «Божае слова на нядзелi i сьвяты» (1938) i iнш. З прыходам Чырвонай Армii быў арыштаваны 7.12.1944 органамi савецкай бяспекi, але ў хуткiм часе вызвалены. Зноў арыштаваны 13.4.1949. Прыгавораны да 25 гадоў зняволення. Накіраваны ў Тайшэтлаг. Памёр 4.12.1949 у лагеры. Пахаваны на могілках каля в. Шаўчэнка Тайшэцкага раёна.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «С»;
РГИА, ф. 826, воп. 128;
БП, V;
Krynica (Вiльня). 1921. № 29;
Беларус (Нью-Йорк). 1967. № 125;
Божым шляхам (Лондан). 1959. № 68—69;
Byelorussian Stathood;
Літаратура і мастацтва (Мінск). 1998. № 20. 


АЛЬБIН СТАПОВIЧ

(1894—1934)

Грамадска-культурны i рэлiгiйны свецкi дзеяч, удзельнiк беларускага хрысцiян-скага руху ХХ ст., музыказнавец, кампазiтар, лiтаратурны крытык, выдавец, палiтык i публiцыст. У перыядычным друку выступаў пад псеўданiмамі Арганiсты беларус (Arhanisty bielarus), Кастусь Каравы i iнш.



Нарадзiўся 18.3.1894 у в. Бараны Свянцянскага павета Вiленскай губ. Паходзiў з сялянскай сям’i беларусаў-католiкаў: бацькi — Мацей i Лiзавета (з дому Субачаў) Стаповiчы. Родны брат Канстанціна Стаповіча (паэт Казiмiр Сваяк). Пачатковую адукацыю атрымаў у роднай вёсцы. Пазней вучыўся ў Вiленскай музычнай школе імя Монтвiлы. На творчае станаўленне яго асобы аказаў уплыў кампазiтар Л.Рагоўскi, якi працаваў настаўнiкам у школе i адкрыў юнаку багацце i прыгажосць народна-песеннай творчасцi беларускага народа. Пасля заканчэння школы прадоўжыў вучобу на факультэце права Казанскага унiверсiтэта. Адначасова працаваў арганiстам у мясцовым рымска-каталiцкiм касцёле. У 1921 г. (паводле iншых крынiц — у 1918) вярнуўся ў Вiльню. Да 1924 г. вучыўся ў Вiленскiм унiверсiтэце iмя Стафана Баторыя. Перапынiў вучобу па прычыне матэрыяльнага становiшча. Выкладаў спевы i музыку ў Вiленскай беларускай гiмназii. З сярэдзiны 20-х гадоў уключыўся ў заходнебеларускае грамадска-палiтычнае i культурнае жыццё. Сваё разуменне шляхоў развiцця беларускай нацыянальнай iдэi i дзяржаўнасцi выклаў у працы «Bielarusy i dziarzaunaja niezaleznasc» (Вiльня, 1929). Супрацоўнiчаў з вiленскiмi перыядычнымi выданнямi («Bielaruskaja Krynica», «Przeglad Wilenski» i iнш.). Кiраваў вiленскай суполкай Беларускага iнстытута гаспадаркi i культуры, уваходзiў у яго адмiнiстрацыйна-кiраўнiчыя органы. Вiдны дзеяч Беларускай хрысцiянскай дэмакратыi. Адначасова з грамадска-палiтычнай дзейнасцю займаўся музычнай творчасцю. Быў кiраўнiком беларускага хору пры вiленскiм рымска-каталiцкiм касцёле св. Яна. Працаваў над развiццём і папулярызацыяй беларускай рэлiгiйнай песнi. Даследаваў гiсторыю беларускай музычна-песеннай творчасцi. У 30-я гады падрыхтаваў да друку беларускi спеўнiк «За Бацькаўшчыну» (выдадзены пасля яго смерцi ў Вiльнi ў 1935). Напiсаў некалькi песень. Аўтар навукова-папулярных нарысаў па праблемах беларускай музычнай культуры i нацыянальнай песнi. Памёр 18.12.1934 у Вiльнi. Пахаваны на могiлках Роса.

Крынiцы:
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Chryścianskaja Dumka (Вiльня). 1934. № 8;
БП, V. 


КАНСТАНЦІН СТАПОВІЧ

(1890—1926)

Каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, адзін з ідэолагаў і пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр, паэт і публіцыст. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімамі Казімір Сваяк, Ксёндз-Беларус



Нарадзіўся 6.2.1890 у в. Бараны Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з мнагадзетнай сялянскай сям’і беларусаў-католікаў: бацькі — Мацей і Лізавета (з дому Субачаў) Стаповічы. Скончыў пачатковую школу ў роднай вёсцы. У 1902—1906 гг. вучыўся ў Свянцянскім гарадскім 3-класным вучылішчы, якое закончыў з атэстатам сталасці. Увосень 1907 г. перад камісіяй навучальнай акругі ў Пецярбургу паспяхова вытрымаў экзамены па алгебры, французскай і лацінскай мовах. Атрыманае па выніках экзаменаў званне аптэкарскага вучня адкрыла магчымасць вучыцца ў рэлігійнай духоўнай установе. У 1909 г. паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Пад час вучобы, аднак, захварэў на сухоты. З гэтай прычыны зімы 1913—1914 гг. правёў на лячэнні ў г. Закапанэ. Нягледзячы на хваробу, з часоў вучобы ў семінарыі шырока звязаны з беларускім нацыянальна-адраджэнскім рухам. Удзельнічаў у працы культурна-асветнага гуртка беларусаў-семінарыстаў. У 1914 г. скончыў навучанне ў духоўнай семінарыі. Пасвячоны ў святары ў 1915 г. Душпастырскую дзейнасць пачаў як вікарый у парафіі Камаі Свянцянскага павета. Пазней працаваў у Клюшчанах, дзе арганізаваў актыўнае рэлігійнае і культурна-грамадскае жыццё мясцовай парафіі. Шырока выкарыстоўваў у святарскай працы беларускую мову. Адкрыў некалькі беларускіх школ. Арганізаваў настаўніцкія курсы і касцельны хор у Клюшчанах. За беларускую нацыянальна-рэлігійную дзейнасць праследаваўся польскімі духоўнымі і свецкімі ўладамі. Напрыканцы 1916 г. пераведзены на пасаду вікарыя ў в. Карыцін Сакольскага павета, дзе шырока прапагандаваў беларускае друкаванае слова. Супрацоўнічаў з беларускімі рэлігійнымі і свецкімі перыядычнымі выданнямі («Bielarus», «Krynica»). З 1920 г. – на пасадзе пробашча ў парафіі Засвір Свянцянскага павета. Тут прайшлі найбольш плённыя гады яго нацыянальна-рэлігійнай, грамадскай і літаратурнай дзейнасці. У гэты перыяд выйшаў зборнiк вершаў «Мая ліра» (Вільня, 1924) і ўбачыў свет падрыхтаваны ў 1925 г. малітоўнік для беларусаў-католікаў (Вільня, 1926). Культурна-грамадская актыўнасць К.Стаповіча не прайшла незаўважанай для афіцыйных свецкіх улад. З 15.1.1922 пракуратура Віленскага акруговага суда праводзіла следства па яго справе, абвінаваціўшы ў антыдзяржаўнай дзейнасці. Справа была спынена толькі ў сярэдзіне жніўня 1923 г. Памёр 6.5.1926 у Вільні. Пахаваны на могілках Роса.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «С»;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 134;
LVIA, ф. 694, воп. 3, спр. 1161;
Directorium... Vilnensi;
Chryścijanskaja Dumka (Вiльня). 1931. № 9;
БП, V. 


ЮРЫЙ СТУКАЛIЧ

(1905—1975)

Культурна-асветны i праваслаўны свецкi дзеяч, удзельнiк беларускага грамадскага i царкоўна-рэлiгiйнага руху ў эмiграцыi, гiсторык, культуролаг, мастацтвазнавец, рэдактар, выдавец, пiсьменнiк i публiцыст. У лiтаратурным жыццi i публiцыстыцы выступаў пад псеўданiмамi Юрка Вiцьбiч, Алесь Крыжанiч (?) i iнш.



Нарадзiўся 2.6.1905 у г. Велiж Вiцебскай губ. Паходзiў з сям’i праваслаўных беларусаў: бацькi — Аляксандр (святар) i Еўдакiя (з дому Паповых) Стукалiчы. Вучыўся ў 5-й Велiжскай школе. У родным горадзе скончыў педагагiчны тэхнiкум. Працаваць настаўнiкам, аднак, не дазволiлi — меў варожае савецкай уладзе сацыяльнае паходжанне. Служыў у войску, дзе быў карэспандэнтам армейскай газеты. У сярэдзiне 30-х гадоў выехаў у Маскву. Спачатку працаваў на будоўлi, пазней уладкаваўся на хiмiчную фабрыку. Як празаiк дэбютаваў у 1929 г. на старонках часопiса «Узвышша». Супрацоўнiчаў з беларускiмi перыядычнымi выданнямi «Маладняк», «Полымя рэвалюцыi» i iнш. У 30-я гады асобнымi кнiжкамi выйшлi яго аповесцi «Сьмерць Iрмы Лаймiнг» (1932) i «Формула супрацiўленьня касьцей» (1937). Напярэдаднi Другой сусветнай вайны жыў у Вiцебску. У студзенi 1941 г. быў арыштаваны органамi савецкай бяспекi. Пасля акупацыi Беларусi нямецкiмi войскамi застаўся ў Вiцебску. Прымаў удзел у дзейнасцi беларускiх грамадскiх i культурных арганiзацый. Выступаў у перыядычным друку як публiцыст. Пасля 1943 г. пераехаў з сям’ёй у Мiнск. З 1944 г. — у эмiграцыi. У пасляваенны час жыў у Германii. Рэдагаваў i выдаваў беларускi царкоўна-рэлiгiйны часопiс «Зьвiняць званы Сьвятой Сафii» (1946—1947). На старонках выдання асвятляў нацыянальна-рэлiгiйнае жыццё i дзейнасць беларускай праваслаўнай царквы ў Заходняй Еўропе. Працаваў над укладаннем хрэстаматыi «Рэлiгiя ў творчасьцi беларускiх пiсьменьнiкаў». Адзiн з заснавальнiкаў беларускага лiтаратурнага згуртавання «Шыпшына» (1945—1946, Берлiн—Рэгенсбург). У 1946—1950 гг. рэдагаваў друкаваны орган згуртавання — лiтаратурна-мастацкi часопiс «Шыпшына». Выдаваў бюлетэнь «Бiс» («Беларуская iнфармацыйная служба»). Са снежня 1948 г. — рэдактар грамадска-палiтычнай газеты «Беларускае слова» (1948—1949). На пачатку 50-х гадоў пераехаў у ЗША. Як публiцыст выступаў на старонках шэрагу беларускiх i рускiх эмiгранцкiх перыядычных выданняў («Бацькаўшчына», Мюнхен; «Беларус», Нью-Йорк; «Божым шляхам», Парыж—Лондан; «Новое русское слово», Нью-Йорк). Аўтар дакументальна-эсэiстычнай кнiгi «Мы дойдзем», аповесцей i апавяданняў. Памёр 4.1.1975 у г. Саўт-Рывер. Пахаваны на беларускiх могiлках у Iст-Брансуiку.

Крынiцы:
Вiнiцкi А.;
Царкоўны Сьветач (Саўт-Рывер). 1975. № 1—2;
Божым шляхам (Лондан). 1975. № 1—2;
Юрэвiч Л., 1997;
Вiцьбiч Ю.  


СЯРГЕЙ

(1890—1971)

Праваслаўны святар, епiскап Укра-iнскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (УАПЦ), першаiерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ), рэлiгiйны дзеяч беларускага i ўкраiнскага замежжа. У свецкiм жыццi — Ягор Ахоценка



Нарадзiўся 12.3.1890 у сяле Малыя Гарошкi Жытомiрскага павета. Паходзiў з сялянскай сям’i: бацькi — Пракоп i Феадоля Ахоценкi. У 1911—1921 гг. — у Богаяўленскiм манастыры ў г. Жытомiр, дзе атрымаў першапачатковую духоўную адукацыю. Пастрыжаны ў манахi 28.6.1919. Першыя гады на шляху да святарскага сану правёў у Жытомiры. Служыў аканомам Архiрэйскага дома i адначасова наведваў святарскiя курсы. У 1925 г. ў Кiеве рукапаложаны ў iераманахi. З 1932 г. — архiмандрыт. Святарскiя абавязкi выконваў у праваслаўных прыходах у мясцовасцях Карасцень, Народзiчы, Эмiльчыцы, Кулешы на Украiне. За рэлiгiйную дзейнасць праследваўся савецкiмi ўладамi. У 1937 г. быў арыштаваны органамi бяспекi i высланы на папраўчыя работы ў Бярдзянск. На пачатку Другой сусветнай вайны быў вызвалены. Служыў настаяцелем сабора ў г. Мелiтопаль. Прыняў епiскапскае пасвячэнне 1.8.1943 у праваслаўным кафедральным саборы ў г. Кiраваград. З 1944 г. — у эмiграцыi. Па просьбе беларускiх палiтычных, грамадска-культурных i рэлiгiйных дзеячаў i са згоды вышэйшых iерархаў УАПЦ садзейнiчаў адбудове БАПЦ у эмiграцыi. 4—5.6.1948 удзельнiчаў у 1-м саборы БАПЦ у г. Констанц (Германiя), дзе быў абраны у склад часовага кiраўнiцтва БАПЦ i духоўнай Кансісторыi. На сесii сабора БАПЦ 20.12.1949 выбраны галавою сабора i ўзведзены ў сан архiепiскапа. Прымаў удзел у аднаўленнi кiруючых i адмiнiстрацыйных структур БАПЦ. У 1950 г. пераехаў у Аўстралiю, дзе прадоўжыў сваю святарскую дзейнасць сярод беларускiх вернiкаў. Памёр 2.10.1971 у г. Адэлаiда.

Крынiцы:
Голас царквы (Нью-Йорк). 1971. № 34;
Беларус (Нью-Йорк). 1971. № 175;
Кiпель В. 


УЛАДЗІСЛАЎ ТАЛОЧКА

(1887—1942)

Каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, адзін з ідэолагаў і пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху XX ст., культуролаг, гісторык, літаратурны крытык. Як публіцыст выступаў пад псеўданімамі Адам Саладух, Дрыгвіч, Gvarneri, Wat і інш.



Нарадзіўся 6.2.1887 у Гродне. Паходзіў з мяшчанскай сям’і беларусаў-католікаў: бацькі – Аляксандр і Марыя (з дому Астроўскіх) Талочкі. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома. Вучыўся ў Гродзенскай гарадской гімназіі (1896—1904). Паспяхова здаў уступныя экзамены ў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. У кастрычніку 1906 г. прыняты ў лік семінарыстаў. Пасвячоны ў святары ў 1909 г. Прадоўжыў вучобу за мяжою. У 1909—1914 гг. вывучаў тэалогію і філасофію ў каталіцкім універсітэце ў Інсбруку (Аўстрыя). З 1914 г. – кіраўнік шпіталя віленскага мясцовага Жаночага камітэта Чырвонага Крыжа пры касцёле св. Яна. Святарскую дзейнасць у Вільні праводзіў у касцёле св. Стафана і ў былым бернардзінскім касцёле. Адным з першых пачаў публічна ўжываць беларускую мову ў набажэнствах. Напярэдадні Першай сусветнай вайны супрацоўнічаў з літоўскімі культурна-грамадскімі і рэлігійнымі выданнямі («Draugija», Коўна; «Vadovas», Сейны). Публікаваў матэрыялы гістарычнай тэматыкі ў віленскім каталіцкім часопісе «Dwutygodnik Diecezjalny». Маральна і матэрыяльна падтрымліваў выданне першай беларускай каталіцкай газеты «Bielarus». Удзельнік 1-га і 2-га уніяцкіх з’ездаў у Велеградзе (Чэхаславакія). Адзін з ініцыятараў і арганізатараў Віленскага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны (1915—1918), а таксама беларускага дзіцячага прытулку «Золак». З часоў Першай сусветнай вайны – выкладчык рэлігіі ў першых віленскіх беларускіх школах. У 1916—1917 гг. выкладаў на курсах для непісьменных і для рабочых. У студзені 1918 г. ўдзельнічаў у арганізацыі і правядзенні Беларускай канферэнцыі ў Вільні. Удзельнік Беларускага з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (25—27.1.1918). На правах сябра ўваходзіў у склад Літоўскай Тарыбы. З 1917 г. звязаны з беларускай нацыянальна-рэлігійнай арганізацыяй «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць». Шырока выступаў у яе друкаваным органе – газеце «Krynica» з артыкуламі культурна-адраджэнскай і рэлігійнай праблематыкі. Падтрымліваў шырокія кантакты і вёў перапіску з вядомымі еўрапейскімі рэлігійнымі і культурнымі дзеячамі (мітрапаліты Стоян і Прэчан з Маравіі, мітрапаліт А.Р.Шаптыцкі з Галіцыі). Супрацоўнічаў з нямецкім, італьянскім, літоўскім, украінскім і польскім дэмакратычным друкам. Настойліва і паслядоўна выступаў з пазіцый экуменізму, рэлігійнага яднання і таму, як згадвае А.Клімовіч, быў празваны «Усходнім агенствам». У міжваеннае дваццацігоддзе адзін з вядучых публіцыстаў часопіса віленскіх краёўцаў «Przeglad Wilenski». Прымаў удзел у заходнебеларускім навуковым, рэлігійным і грамадска-культурным жыцці. Выступаў за шырокае ўжыванне беларускай мовы ў царкоўным жыцці беларускіх парафій. На старонках віленскага перыядычнага друку выступаў у абарону беларускіх святароў, за беларусізацыю рэлігійнага жыцця беларусаў-католікаў. З 20-х гадоў праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. Як «неблаганадзейная асоба» 15.12.1938 загадам ваяводы выселены з Вільні. Жыў у Беластоку. У Вільню вярнуўся на пачатку Другой сусветнай вайны. Памёр 13.11.1942 г. Пахаваны на могілках Роса ў Вільні. 

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Т»;
LVIA, ф. 694, воп. 3, спр. 15, 134; ф. 694, воп. 1, спр. 2521;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; ф. 4, воп. 1, спр. 130;
Архiвы БНР;
Беларуская газэта (Менск). 1942. 29 лістапада;
Божым шляхам (Парыж). 1955. № 66—68;
Białoruskie Zeszyty Historyczne (Беласток). 1997. № 8. 


РОБЕРТ ТАМУШАНСКІ

(1940—1996)

Каталіцкі святар усходняга абраду, доктар фiлалагiчных навук, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч беларускага замежжа, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху, душпастыр, педагог і публіцыст



Нарадзіўся 3.7.1940 у г. Порт-Чэстэр у штаце Нью-Йорк (ЗША). Паходзіў з беларуска-нямецка-французскай сям’і: бацькі — Язэп Юрый і Ганна Маргарэт (з дому Рут) Тамушанскія. У 1945—1952 гг. вучыўся ў пачатковай школе. Пазней паступіў у сярэднюю школу, адкуль у 1954 г. перайшоў у каталіцкую, якую паспяхова скончыў у 1958 г. Пасля выпускных экзаменаў 15.8.1958 уступіў у кляштар айцоў базыльянаў. Там жа адбыў двухгадовы навіцыят. У 1960 г. выехаў у г. Мундэр (Канада), дзе займаўся гісторыяй і стараславянскай мовай. З верасня 1961 г. вывучаў філасофію ва універсітэце г. Атава. У студэнцкія гады знайшоў духоўную падтрымку і апірышча ў беларускага святара Ф.Чарняўскага і біскупа Ч.Сіповіча. У маі 1964 г. пасля здачы апошніх экзаменаў у Атаўскім універсітэце пераехаў у Еўропу. У духоўнай семінарыі г. Кёнігштайн (Германія) вывучаў тэалогію. Пасвячоны ў святары 3.12.1966. З сярэдзіны 60-х гадоў прымаў удзел у рэлігійным і культурна-грамадскім жыцці беларускага замежжа. З лiстапада 1974 г. працаваў у Беларускай секцыі Ватыканскага радыё. Віцэ-дырэктар Беларускай бібліятэкі і музея імя Ф.Скарыны. Супрацоўнічаў з беларускім эмігранцкім і айчынным перыядычным друкам («Божым шляхам», Лондан; «Унія», Мінск і інш.). У школе славянскiх i ўсходнееўрапейскiх навук Лонданскага унiверсiтэта абаранiў доктарскую дысертацыю «Нямецкiя запазычаннi ў беларускай мове». Вучыўся ў Папскiм Iнстытуце ў Ватыкане, дзе займаўся вывучэннем арабскай i мусульманскай культур i сучаснай лiтаратурнай арабскай мовы. Памёр 10.12.1996 у Рыме.

Крынiцы:
Божым шляхам (Лондан). 1967. № 1;
Беларус (Нью-Йорк). 1974. № 210; 1985. № 326; 1997. № 442. 


УЛАДЗIМIР ТАРАСЕВIЧ

(1921—1986)

Каталiцкi святар усходняга абраду, бiскуп марыяметанскi, доктар багаслоўя, манах-бенедыкцiнец, апостальскi вiзiтатар для беларусаў-католiкаў на Захадзе, рэлiгiйны i культурна-грамадскi дзеяч беларускага замежжа (ЗША), удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., выдавец i публiцыст



Нарадзiўся 27.11.1921 у в. Клешнякi Гродзенскай губ. Паходзiў з сям’i беларусаў-католiкаў. Напярэдаднi Другой сусветнаай вайны выехаў у ЗША да свайго дзядзькi, беларускага святара Янкi Тарасевiча, манаха-бенедыкцiнца ў чэшскiм абацтве св. Пракопа недалёка ад Чыкага. Там вучыўся ў сярэдняй школе. Скончыў духоўную семiнарыю i каледж. У 1944 г. уступiў у ордэн айцоў бенедыкцiнцаў. Пасвячоны ў святары ў 1949 г. Вывучаў багаслоўе ў каталiцкiм унiверсiтэце ў г. Вашынгтон, дзе абаранiў магiстэрскую дысертацыю. На пачатку 50-х гадоў вучобу прадоўжыў у Еўропе. Вучыўся ў папскiм Грыгарыянскiм унiверсiтэце i ва Усходнiм iнстытуце ў Рыме. Вярнуўся ў ЗША з навуковай ступенню доктара багаслоўскiх навук. З 1958 г. — пастыр беларускай каталiцкай царквы Хрыста Збавiцеля ў Чыкага. Выдаваў бюлетэнь «Праўда». Адзiн з iнiцыятараў i заснавальнiкаў унiяцкага перыядычнага часопiса «Церковный голос», на старонках якога шырока асвятляў i беларускiя нацыянальна-рэлiгiйныя справы. Прымаў удзел у аднаўленнi беларускiх праграм на Амерыканскiм радыё ў Чыкага. У 1975 г. быў рукапаложаны ў сан архiмандрыта, 8.9.1983 узведзены ў сан епiскапа. Памёр 2.1.1986. Пахаваны на манастырскiх могiлках у абацтве св. Пракопа у мясцовасцi Лайл недалёка ад Чыкага.

Крынiцы:
Зважай (Таронта). 1983. № 3;
Беларус (Нью-Йорк). 1986. № 328;
Кiпель В. 


ЯНКА ТАРАСЕВІЧ

(1892—1978)

Каталіцкі святар усходняга абраду, манах-бенедыкцінец, доктар багаслоўя і філасофіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч беларускага замежжа, адзін з пачынальнікаў беларускага рэлігійнага і палітычнага руху ў ЗША, пісьменнік, выдавец, публіцыст



Нарадзіўся 20.10.1892 у в. Клешнякі Гродзенскай губ. Паходзіў з сям’і беларусаў-католікаў: бацькі – Міхал і Хрысцiна (з дому Раманкевічаў) Тарасевічы. Юнаком у 1911 г. выехаў у ЗША. Працаваў на прамысловых прадпрыемствах і фабрыках. Адначасова займаўся самаадукацыяй, уступіў у ордэн айцоў салатынаў у мясцовасці Гардфорт (штат Канектыкут). Вучыўся ў гімназіі і каледжы. Вышэйшую адукацыю атрымаў на еўрапейскім кантыненце – у г. Фрайбург (Германія, 1919—1925), дзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі. Там жа 23.7.1923 быў пасвячоны ў святары. У сярэдзіне 20-х гадоў разам з Я.Чарапуком і Я.Варонкам выступаў з лекцыямі ў школах Чыкага, дапамагаў у стварэнні беларускіх культурна-грамадскіх арганізацый там, дзе жылі вялікія групы беларусаў (г. Кенош, штат Вісконсін, г. Гэры, штат Індыяна, г. Гранд-Рэпідс, штат Мічыган). У сярэдзіне 30-х гадоў з дазволу вышэйшых улад Ватыкана пакінуў ордэн айцоў салатынаў. З 1936 г. – у ордэне айцоў бенедыкцінцаў. У 1936—1937 гг. адправіў навіцыят. Пазней працаваў на пасадзе прафесара ў семінарыі і калегіуме. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады (1941). Выдаваў расійска-англійскі часопіс «Церковный голос» і «Лісток к беларусам» (1952—1961). Шырока супрацоўнічаў з беларускімі рэлігійна-адраджэнскімі выданнямі — «Chryscijanskaja Dumka» (Вільня), «Божым шляхам» (Парыж; Лондан), «Siaubit» (Нью-Йорк). Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў беларускай парафіі Хрыста Спаса ў Чыкага. У 1967—1968 гг. наведаў Беларусь. Аўтар кнігі «Беларусы ў святле праўды». Памёр 11.6.1978 у абацтве св. Пракопа ў г. Лайл. Пахаваны на мясцовых кляштарных могілках.

Крынiцы:
Божым шляхам (Лондан). 1979. № 150;
Кіпель В.
 


ПЁТР ТАТАРЫНОВІЧ

(1896—1978)

Каталіцкі святар заходняга абраду, папскi прэлат, доктар тэалогіі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., педагог, выдавец, рэдактар, пісьменнік, перакладчык і публіцыст. У літаратурна-публіцыстычным жыцці выступаў пад псеўданімамі Пётра Задума, Мядзведзіцкі



Нарадзіўся 2.6.1896 у в. Гайнін Слуцкага павета Мінскай губ. Паходзіў з беларускай сялянскай сям’і: бацькі – Станіслаў і Караліна (з дому Пашукевічаў) Татарыновічы. Вучыўся ў архідыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пецярбургу, а пазней – у Мінскай каталіцкай семінарыі. Будучы клерыкам, уключыўся ў беларускі нацыянальна-рэлігійны рух. Пасвячоны ў святары 12.6.1921. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў у Пінску (1921—1922). Працаваў настаўнікам у Ніжэйшай духоўнай семінарыі ў Навагрудку. У 1922 г. прызначаны прэфектам некалькіх мясцовых школ у г. Баранавічы. У 1926 г. высланы з Беларусі на Мазуры (Польшча), дзе каля году выконваў святарскія абавязкі ў каталіцкай парафіі. Вярнуўся на Палессе ў 1927 г. Працаваў у парафіях Дамачава (1927—1931) і Столін (1932—1939). У час душпастырскай дзейнасці ў Пінскай дыяцэзіі шырока ўключыўся ў беларускую культурна-асветную і рэлігійную справу. Выступаў з казаннямі на беларускай мове, аказваў маральную і матэрыяльную падтрымку беларускім уніяцкім парафіям у Дзяляцічах, Альпені, Хутарах і інш. Арганізаваў Саюз каталіцкай моладзі ў Баранавічах. Супрацоўнічаў з беларускімі рэлігійнымі выданнямі «Krynica», «Chryscijanskaja Dumka». Выступаў на старонках беларускага уніяцкага часопіса «Да злучэння» (1932—1937). Шырока супрацоўнічаў з уніяцкімі святарамі А.Неманцэвічам і В.Аношкам. Выдаў шэраг кніг і брашур рэлігійнага і папулярнага зместу («Вялікія людзі», «Купальле», «Шляхам дзіваў і ўражаньняў», «Зярняткі з роднай юнацкай нівы»). У гады Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Варшаве, дзе выкладаў рэлігію ў беларускай школе і выконваў святарскія абавязкі спачатку ў касцёле св. Марціна, а потым у касцёле айцоў базыльянаў.
Удзельнічаў у працы 2-га Усебеларускага кангрэса ў Мінску, дзе вы-ступіў з прывітальнай прамовай. У 1943 г. працаваў рэферэнтам культуры і асветы ў Беларускім камітэце. З 1944 г. – у эміграцыі. Каля года жыў у Германіі. Пазней пераехаў у Рым, дзе з кастрычніка 1945 г. пасяліўся стала. У 1945—1949 гг. вучыўся ў папскім Усходнiм iнстытуце, абараніў доктарскую працу «Св. Кірыла Тураўскі і яго дактрына асцэтычная». З верасня 1950 г. выдаваў беларускі каталіцкі часопіс «Źnič» (Рым, 1950—1975). Арганізаваў Беларускую секцыю Ватыканскага радыё, дзе працаваў у 1950—1970 гг. Адначасова з душпастырскай і рэлігійнай дзейнасцю распачаў выданне беларускай духоўнай літаратуры (як арыгінальнай, так і перакладной). Аўтар пераклада i тлумачэнняў кнiгi «Сьвятая Эвангелiя, Апостальскiя Дзеi» (Рым, 1954). Пераклаў на беларускую мову раман Г.Сянкевіча «Quo vadis» (Рым, 1956). Рашэннем Кансістарыяльнай кангрэгацыі ад 21.1.1964 быў прызначаны Апостальскім пасадам дырэктарам душпастыраў лацінскага абраду сярод беларускай эміграцыі. Ініцыятар і пачынальнік беларусізацыі літургіі. Памёр 3.9.1978 у Рыме.

Крынiцы:
Elenchus…Pinscensis;
Бацькаўшчына (Мюнхен). 1961. № 50—51;
Мартос А.;
Божым шляхам (Лондан). 1967. № 1; 1979. № 150;
Беларус (Нью-Йорк). 1978. № 258; 1980. № 283—284.
 


УЛАДЗІМІР ТЭРАЎСКІ

(1871—1938)

Культурна-грамадскі дзеяч, кампазітар, царкоўны рэгент і кіраўнік свецкага хору, удзельнік беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху XX ст., адзін з заснавальнікаў нацыянальнай оперы, творцаў беларускай музычнай школы



Нарадзіўся 11.11.1871 у мястэчку Раманава Слуцкага павета. Паходзіў з сям’і праваслаўнага святара, кіраўніка царкоўнага хору. Выявіў вя-лікія музычныя здольнасці ў дзіцячыя гады. Скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча. Вучыўся ў Мінскай епархіяльнай семінарыі. Служыў у царскай арміі. Пасля дэмабілізацыі спяваў у хоры вядомага расійскага дырыжора Дзмітрыя Агрэнева-Славянскага. У рэпертуар хору ўваходзілі і беларускія народныя песні. У канцы 90-х гадоў жыў на Урале, дзе кіраваў рабочымі харамі на Білімбаеўскім і Шайтанскім чыгуначных заводах. У 1901 г. вярнуўся на Беларусь. Працаваў настаўнікам і хормайстрам у народных вучылішчах Мінска. Займаў пасаду рэгента царкоўнага хору пры Старажоўскай царкве. У ліпені 1914 г. стварыў свой першы беларускі хор з нацыянальным беларускім рэпертуарам. Браў удзел у арганізацыі культурна-асветнага асяродка пры «Беларускай хатцы». Выступаў перад дэлегатамі з’езда беларускіх партый і арганізацый у ліпені 1917 г. Восенню 1919 г. па запрашэнні У.Ігнатоўскага, рэктара Мінскага педагагічнага інстытута, працаваў выкладчыкам. У 1919—1920 гг. – сябра Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску. Працаваў лектарам на настаўніцкіх курсах. У гэты ж час па прапанове Беларускай вайсковай камісіі пачаў працу па складанні спеўніка для беларускага войска. Спеўнік быў падрыхтаваны да лета 1920 г., але асобнай кніжкай выйшаў толькі ў 1921 г. («Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый»). Наступная кніга — «Беларускі лірнік» — была выдадзена З. Жылуновічам у Берліне ў 1922 г. Праз 4 гады ў Мінску выйшаў яшчэ адзін спеўнік для курсантаў Аб’яднанай беларускай вайсковай школы («Вайсковы зборнік», 1926). Супрацоўнічаў з Першым беларускім таварыствам драмы і камедыі, з мастацкай трупай «Беларускі народны тэатр» пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. Ініцыятар і адзін з заснавальнікаў Дзяржаўнага беларускага хору. У 1920—1921 гг. – загадчык музычнай часткі і хормайстар Першага беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1). Праследаваўся савецкімі ўладамі. Арыштаваны 23.9.1921 у Мінску па сфабрыкаванай мінскай ЧК справе. Быў прыгавораны да расстрэлу, які замянілі на 5 гадоў турмы. Сябра Камісіі беларускай песні пры Інбелкульце. У пачатку 30-х гадоў пазбаўлены працы ў БДТ-1. Да 1933 г. служыў у Пярэспенскай царкве. Рэгент царкоўнага хору Мікалаеўскага сабора ў Мінску. У гісторыі беларускага тэатральнага мастацтва XX ст. вядомы як аўтар музыкі да п’ес і тэатральных пастановак паводле твораў М.Чарота (драма «Купалле») і Я. Міровіча («Машэка», «Каваль-ваявода», «Кастусь Каліноўскі»). Паклаў на музыку верш М.Краўцова «Ваяцкі марш», які ў гісторыі незалежніцкага руху стаў нацыянальным гімнам. Другі раз арыштаваны 17.8.1938 (па іншых звестках — 17.9.1938). Як «агент польскай разведкі» пастановай асобай тройкі НКУС БССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 10.11.1938 у Мінску.

Крынiцы:
Бацькаўшчына (Мюнхен). 1956. 22 ліпеня;
ЭЛіМБел V;
Синодик;
Мастацтва (Мінск). 1996. № 12;
Беларус (Нью-Йорк). 1997. № 448.
 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster