БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Выдавецкія сэрыі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Юрась Гарбінскі, Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.

Юрась Гарбінскі

МІХАІЛ УРБАНОВІЧ

(1890—1973)

Каталіцкі святар заходняга абраду, магістар тэалогіі, манах-марыянін, місіянер, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., душпастыр, педагог



 Нарадзіўся 30.10.1890 у мясцовасці Масеўня (паводле іншых крыніц — у Астрыне) Гродзенскай губ. Паходзіў з сям’і беларусаў-католікаў: бацькі — Язэп і Антаніна ( з дому Кучынскіх) Урбановічы. Быў ахрышчаны святаром В.Гарасімовічам. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. З 1897 г. жыў у Варшаве, дзе вучыўся ў школе. Прадоўжыў вучобу ў гімназіі. Пасля яе заканчэння вырашыў прысвяціць сваё жыццё святарскай дзейнасці. З восені 1910 г. — клерык Варшаўскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасвячоны ў святары 24.1.1915. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя. На пачатку 20-х гадоў служыў у Віленскай дыяцэзіі. З 1922 г. — у ордэне айцоў марыянаў. Пасля навіцыята прыняў манаства. У 1924 г. выехаў ў ЗША. Працаваў на пасадзе прафесара ў духоўнай семінарыі каля Чыкага, вучыўся ва універсітэце Лаёлы, дзе абараніў магістарскую дысертацыю па тэалогіі. Перад біскупам Юрыем Матулявічусам 5.7.1926 у Чыкага даў апошнюю прысягу ордэну марыянаў. У 2-й палове 1920-х гадоў пазнаёміўся з беларускім святаром Янкам Тарасевічам. Служыў вікарыем у касцёле Маці Божай Вострабрамскай у Чыкага. У 1935—1940 гг. працаваў таксама на пасадзе пробашча. Ведаючы літоўскую мову, выконваў святарскія абавязкі ў каталіцкіх парафіях і асяродках літоўскіх эмігрантаў у ЗША. У 1944—1950 гг. зноў вучыўся ва ўніверсітэце Лаёлы, дзе атрымаў ступень магістра псіхалогіі. Супрацоўнічаў з беларускімі рэлігійнымі выданнямі («Божым шляхам», Лондан; «Znic», Рым і інш.). Апошнія гады жыцця правёў у доме-прытулку у Чыкага. Памёр 4.8.1973. Пахаваны на могілках св. Казіміра ў Чыкага. 

Крынiцы:
Божым шляхам (Лондан). 1973. № 3;
Źnič (Рым). 1973. № 117. 


ФІЛАРЭТ

(1880—1937)

Праваслаўны святар, епіскап Бабруйскі, архірэй Мінскай епархіі, рэлігійны дзеяч, адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У свецкiм жыццi — Фёдар Раменскi



Нарадзіўся ў 1880 г. ў праваслаўнай сям’і Яўграфа Раменскага. Выконваў абавязкі вікарыя пры мітрапаліце Мелхіседэку. Рэктар Мінскай духоўнай праваслаўнай семінарыі. У 1922—1927 гг. прымаў удзел у беларусізацыі рэлігійнага жыцця праваслаўных беларусаў. Удзельнiк з’езда праваслаўных iерархаў, духавенства i вернiкаў Мiнскай епархii (Мiнск, 9—10.7.1927). Адзiн з iнiцыятараў абвяшчэння ў 1927 г. аўтакефалii Беларускай праваслаўнай царквы. Спадкаемца Мелхiседэка. Пасля закрыцця вясною 1937 г. ў Мiнску апошняга каталiцкага храма дазволiў вернiкам-католiкам малiцца ў царкве св. Марыi Магдаліны. За рэлігійную дзейнасць праследаваўся савецкімі ўладамі. Арыштаваны 28.7.1937. Абвінавачаны ў стварэнні антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі. Расстраляны 1.11.1937 у Мінску.

Крынiцы:
Мартос А.;
Запiсы (Нью-Йорк). 1983. № 17;
Синодик;
Dzwonkowski R., 1997;
Dzwonkowski R., 1998. 


ФIЛАФЕЙ

(1905—1986)

Праваслаўны святар, iерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ), рэлiгiйны дзеяч, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст. У свецкiм жыццi — Уладзiмiр Нарко



Нарадзiўся 21.2.1905 у мястэчку Iлья (паводле iншых звестак — у в. Занарач) Вiлейскай губ. Паходзiў з сям’i праваслаўных беларусаў. Бацька Еўдакiм Нарко працаваў псаломшчыкам у Iльінскай царкве Вiленскай епархii. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома. Пазней вучыўся ў гiмназii Фердынанда Велера ў Вiльнi. Вытрымаў экзамен за курс сямi класаў навучання. У верасні 1921 г. залiчаны выхаванцам Вiленскай духоўнай праваслаўнай семiнарыi. Прадоўжыў вучобу на багаслоўскiм факультэце Варшаўскага унiверсiтэта (1925—1929). У 1-й палове 30-х гадоў пастрыгся ў манахi i прыняў iмя Фiлафей. Жыў у манастыры св. Ануфрыя ў мясцовасцi Яблачын Варшаўска-Холмскай епархii. Пэўны час выконваў святарскiя абавязкi ў Галiччыне. У апошнiя перадваенныя гады жыў у Варшаве. Служыў настаяцелем беларускага праваслаўнага прыхода. У 1941 г. рукапаложаны ў сан епiскапа. У гады Другой сусветнай вайны ўдзельнiчаў у аднаўленнi i фармiраваннi царкоўнага кiраўнiцтва БАПЦ. Удзельнiк Усебеларускага царкоўнага сабора (Мiнск, 1942). На саборы прызначаны епiскапам Магiлёўскiм i Мсцiслаўскiм. Узведзены ў сан архiепiскапа. З 1944 г. — у эмiграцыi. Разам з трыма iншымi iерархамi епiскапата БАПЦ у 1946 г. перайшоў у Рускую праваслаўную зарубежную царкву. Царкоўная дзейнасць архiепiскапа Фiлафея ў справе беларускага рэлiгiйнага жыцця характарызавалася непаслядоўнасцю, што ў вынiку прывяло яго да разрыву з БАПЦ. З канца 40-х гадоў стала жыў у Германii. Па прычыне хваробы ў 1982 г. выйшаў на пенсiю. Памёр 24.9.1986 у г. Гамбург.

Крынiцы:
LCVA, ф. 220, воп. 1, спр. 228;
Kасяк І.;
Мартос А.;
Царкоўны Сьветач (Саўт-Рывер). 1967. № 1;
Вiнiцкi А.;
Новое Русское Слово (Нью-Йорк). 1986. 2 кастр.;
Запiсы (Нью-Йорк). 1983. № 17;
Беларус (Нью-Йорк). 1986. № 332. 


ФІЛІП

(1890—пасля 1941)

Праваслаўны святар, архімандрыт, рэлiгiйны i грамадскi дзеяч, прыхільнік беларусізацыі праваслаўнай царквы ў міжваеннае дваццацігоддзе ў Заходняй Беларусі. У свецкiм жыццi — Павел Марозаў



Нарадзiўся ў г. Волагда. Паходзiў з рускай праваслаўнай сям’i. Скончыў духоўную праваслаўную семiнарыю (1910?) i Пецярбургскую духоўную акадэмiю са ступенню кандыдата багаслоўя (1914). Служыў на Холмшчыне i ў Вiленскай епархii. Працаваў iнспектарам Лiтоўскай духоўнай праваслаўнай семiнарыi, а пазней быў яе рэктарам. Да 12.8.1921— выкладчык Холмскай духоўнай семiнарыi. Пасля быў пераведзены ў Вiленскую епархiяльную семiнарыю. У 1922 г. прызначаны выконваць абавязкi настаяцеля Вiленскага Свята-Троiцкага манастыра. 25.3.1922 на ўрачыстым багаслужэннi з нагоды 2-й гадавiны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублiкi вiтаў прысутных на беларускай мове. У 1925 г. прыняў каталiцкае веравызнанне ўсходняга абраду. У студзенi 1927 г. вярнуўся да праваслаўя. З 15.4.1927, пасля пакаяння, атрымаў дазвол выконваць святарскiя абавязкi. Свяшчэнным сiнодам Лiтоўскай епархii ў 1930 г. ўзнагароджаны iконай «Нерукатворны Спас» за «ревностную законоучительско-миссионерскую работу на пользу церкви». Матэрыяльна падтрымлiваў выданне беларускага рэлiгiйнага часопiса «Сьветач Беларусi». Асаблiва блiзкiя кантакты падтрымлiваў з беларускiм праваслаўным святаром А.Каўшом, з групоўкай Ф. Вернiкоўскага —У.Бiльдзюкевiча. У гады Другой сусветнай вайны знаходзiўся ў Жыровiцкiм манастыры. Паводле адных звестак, у 1942 г. расстраляны нямецкiмi ўладамi, па iншых — арыштаваны ў 1944 г. органамi савецкай бяспекi. Дата, месца i акалiчнасцi смерцi невядомы.

Крынiцы:
ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 15;
Литовские епархиальные ведомости (Вільня). 1921. № 2; 1922. № 1—4;
Открытое письмо;
Касяк І. 


ЯНКА ФРАНЦУК

(1891 – пасля 1968)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр і педагог



Нарадзіўся 1.6.1891 у мясцовасцi Лiпнiшкi Ашмянскага павета Вiленскай губ. Паходзіў з беларускай сялянскай сям’і: бацькi — Станiслаў i Анеля (з дому Гурневiчаў) Францукi. Скончыў прыватную мужчынскую гiмназiю пры рымска-каталiцкiм касцёле св. Кацярыны ў Пецярбургу (1908). У кастрычнiку гэтага ж года паступiў на 1-ы курс Магiлёўскай духоўнай каталiцкай семiнарыi ў Пецярбургу. Пасля яе заканчэння як лепшы з выпуснiкоў вучыўся далей за казённы кошт у Мiтрапалiтальнай духоўнай каталiцкай акадэмii. У час вучобы ўваходзiў у культурна-асветны гурток беларусаў-клерыкаў. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вiкарыя Магiлёўскага касцёла Успення Дзевы Марыi. Працаваў выкладчыкам Закону Божага ў сярэднiх школах Вiцебска. З беларускiм нацыянальна-рэлiгiйным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. Праследаваўся бальшавiцкiмi ўладамi. 27.6.1920 арыштаваны органамi савецкай бяспекi. 25 лiстапада таго ж года прыгавораны да 3 гадоў канцэнтрацыйных лагераў. У пачатку 30-х гадоў вызвалены i высланы з СССР. З сярэдзiны 30-х гадоў выконваў святарскiя абавязкi ў Варшаўскай дыяцэзii. Спачатку працаваў законавучыцелем, а ў 40-я гады — адмiнiстратарам мiтрапалiтальнай духоўнай семiнарыi ў Варшаве. Памёр пасля 1968 г.

Крынiцы:
ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 1469, 1470; ф. 46, воп. 4, спр. 250;
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2221, 2247;
Directorium... Mohilovіensi;
Stankiеvič A., 1939;
Dzwonkowski R., 1998. 


ВІТАЛІС ХАМЁНАК

(1889—1971)

Каталіцкі святар усходняга абраду, манах-марыянін, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., душпастыр i педагог



Нарадзіўся 4.4.1889 у в. Баяршчына Лепельскага павета Віцебскай губ. Паходзiў з беларускай сялянскай сям’i: бацькi — Ян i Марцыяна (з дому Падзерскiх) Хамёнкi. Вучыўся ў Варшаўскай i Пецярбургскай духоўных каталiцкiх семiнарыях. У сувязi з пачаткам Першай сусветнай вайны, а пазней ваеннай завiрухай 1917—1920 гг. скончыў тэалагiчную адукацыю ў Вiленскай духоўнай каталiцкай семiнарыi (1922). У гэтым жа годзе пасвячоны ў святары. Выкладаў рэлiгiю ў пачатковых школах Друйскай парафii. З 2.8.1925 – у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. У міжваеннае дваццацігоддзе пашыраў у рымска-каталіцкай царкве казанні на беларускай мове. Праследаваўся польскімі свецкімі ўладамі. Абвінавачваўся ў «беларускай агітацыі» сярод вучняў і моладзі Друйскай парафіі. У 1938 г. дэпартаваны з Друі разам з іншымі беларускімі святарамі і клерыкамі. Апошнія перадваенныя гады правёў у Цэнтральнай Польшчы. У час Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Варшаве. Памёр у 1971 г. ў кляштары айцоў марыянаў у мясцовасці Скужэц недалёка ад г. Седльцы (Польшча). 

Крынiцы:
LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 1146;
Directorium... Mohilovіensi;
Catalogus... Vilnensis;
Божым шляхам (Лондан). 1971. № 5. 


ЛЮЦЫЯН ХВЕЦЬКА

(1889—1944?)

Каталіцкі святар заходняга абраду, папскі шамбялян, ганаровы канонік Магілёўскай і Мінскай капітул, магістр тэалогіі, рэлігійны, культурна-асветны і грамадскі дзеяч, ідэолаг і пачынальнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр, журналіст, рэдактар, педагог, выдавец і публіцыст



Нарадзіўся 22.11.1889 у в. Малышоўка (паводле іншых крыніц — Малашоўка) Дамброўскай парафіі Сакольскага павета Гродзенскай губ. Паходзіў з беларускай сялянскай сям’і: бацькі – Антон і Міхаліна (з дому Драчынскіх) Хвецькі. Скончыў Сакольскае гарадское 3-класнае вучы-лішча (1904). Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. У 1907 г. паступіў у Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу, якую скончыў у жніўні 1911 г. Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі і скончыў яе ў 1915 г. са ступенню магістра тэалогіі. Пасвячоны ў святары 31.5.1915 біскупам Я.Цеплякам. Сябра беларускага культурна-асветнага гуртка ў акадэміі. Заснавальнік першай нацыянальна-рэлігійнай арганізацыі «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць». Ініцыятар выдання і першы рэдактар-выдавец беларускай каталіцкай газеты «Krynica». Заснавальнік беларускай каталіцкай выдавецкай суполкі. Выконваючы душпастырскія абавязкі, служыў вікарыем пракафедральнага касцёла ў Пецярбургу. Да 1918 г. – у духоўнай каталіцкай семінарыі на пасадзе прафесара літургікі. Пэўны час працаваў у семінарыі аканомам. Пасля яе закрыцця бальшавіцкімі ўладамі прызначаны адміністратарам Пецярбургскага пракафедральнага касцёла. Арыштаваны ўладамі 10.3.1923. Праходзіў па справе біскупа Я. Цепляка. У мемарандуме беларускіх сеймавых паслоў-католікаў папу рымскаму ад 15.3.1923 быў прапанаваны на пасаду біскупа-суфрагана Віленскай дыяцэзіі. У выніку палітычнага абмену паміж польскімі і савецкімі ўладамі 1.2.1925 быў вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу. У 1925—1926 гг. выкладаў Закон Божы ў мясцовасці Шыманова пад Варшавай. У канцы 20-х гадоў, дзякуючы падтрымцы біскупа Э.Ропа, працаваў рэктарам Місіянерскага інстытута ў Любліне (1920—1931). З 1932 
г. – пробашч парафіі Шчытнікі Пінскай дыяцэзіі. Працаваў у духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пінску, дзе займаў пасаду прафесара пастаральнай тэалогіі і выкладаў беларускую мову. У 1933—1939 гг. – скарбнік дыяцэзіяльнай курыі і віцэ-старшыня дыяцэзіяльнай рады. У гады Другой сусветнай вайны заставаўся на Піншчыне. Памёр у 1944 г. (?) у Стоўбцах пасля таго, як быў збіты нямецкай паліцыяй.

Крынiцы:
ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 1476; ф. 46, воп. 3, спр. 251;
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 3203/647;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Усходняя Беларусь;
Krynica (Вільня). 1924. № 1—2;
Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1933. № 8;
Źnič (Рым). 1965. № 81;
Dzwonkowski R., 1998. 


ПАВЕЛ ХОМІЧ

(1893—1942)

Каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 17.10.1893 у г. Ваўкавыск Гродзенскай губ. Паходзiў з сялянскай сям’i: бацька, Сямён Фларыянавiч, — праваслаўнага веравызнання, мацi, Марыяна Людвiкаўна, — каталiчка. У 12-гадовым узросце прыняў рымска-каталiцкае веравызнанне (22.10.1905). Вучыўся ў Ваўкавыскiм гарадскiм 4-класным вучылiшчы (1907—1910). Скончыў Магiлёўскую духоўную каталiцкую семiнарыю i Мiтрапалiтальную духоўную акадэмiю ў Петраградзе. Пасвячоны ў святары ў 1916 г. З беларускiм нацыянальна-рэлiгiйным рухам звязаны з часоў вучобы ў Петраградзе, дзе ўдзельнiчаў у працы культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Душпастырскую дзейнасць распачаў у якасцi капелана на станцыi Вырыца Царскасельскай чыгункi. Пазней выконваў святарскiя абавязкi на Пскоўшчыне. На пачатку 20-х гадоў — пробашч парафii св. Кацярыны ў Ленiнградзе. Пазней працаваў у парафii св. Казiмiра. 2.6.1926 арыштаваны i прыгавораны да 10 гадоў лагераў на Салаўках, дзе заставаўся да лiпеня 1933 г. З 21.7.1932 да 25.4.1933 знаходзiўся ў турме органаў бяспекi («на Шпалерцы») у Ленiнградзе. У час допытаў ад яго патрабавалi адмовiцца ад духоўнага сану. Псiхiчна хворы, быў адпраўлены на лесапавал у Карэлiю (?). З 28.6.1938 жыў у ваколiцах г. Кастрама. У 1939 г. нелегальна вярнуўся ў Ленiнград. 1.3.1942 прыгавораны Ваенным трыбуналам да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 10.3.1942 у Ленiнградзе.

Крынiцы:
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2417;
Directorium... Mohilovіensi;
Elenchus... Mohilovіensis;
Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1933. № 10; 1934. № 2;
Dzwonkowski R., 1997;
Dzwonkowski R., 1998. 


АНДРЭЙ ЦІКОТА

(1891–1952)

АНДРЭЙ ЦІКОТА

(1891–1952)

Каталіцкі святар усходняга абраду, манах-марыянін, архімандрыт, апостальскі адміністратар Усходняй місіі ў Маньчжурыі і Кітаі, генерал ордэна айцоў марыянаў, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, адзін з творцаў беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр i педагог



Нарадзіўся 5.12.1891 у Дуброўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і Фелікса Цікоты. У маі 1909 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Віленскай навучальнай акругі. З верасня 1909 г. – клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У час вучобы належаў да беларускага культурна-асветнага гуртка. У ліку лепшых студэнтаў пасланы вучыцца на казённы кошт у Пецярбург, дзе ў 1912 г. быў прыняты ў Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію. Актыўна ўдзельнiчаў у працы беларускага гуртка студэнтаў-акадэмікаў. Пасвячоны ў святары ў 1914 г. Удзельнік 1-га з’езда беларускіх каталіцкіх святароў у Мінску (24—25.5.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Маладзечне (1917—1918). У 1918 г. абраны сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У верасні 1919 г. увайшоў у склад Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску. З адкрыццём беларускай каталіцкай семінарыі ў Мінску запрошаны на пасаду прафесара-выкладчыка. У гады польска-савецкай вайны 1920 г. пэўны час знаходзіўся пад арыштам. На пачатку 20-х гадоў уступіў у навіцыят айцоў марыянаў у Друі. Выязджаў у ЗША, дзе займаўся місіянерскай дзейнасцю. Пад час візітацыі марыянскіх кляштараў у Паўночнай Амерыцы наведаў кляштар айцоў салатынаў, дзе сустракаўся з беларускім святаром Я.Тарасевічам. Пасля 1923 г. жыў у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. Арганізаваў гімназію. Разгарнуў шырокую культурную і асветную працу па беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця сярод католікаў-беларусаў Друйскай парафіі і наваколля. Выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў душпастырскую дзейнасць каталіцкіх святароў у Заходняй Беларусі. Прадстаўнік беларускай дэлегацыі на 5-м Уніяцкім кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20—24.7.1927). У 1933—1939 гг. двойчы абраны генералам ордэна айцоў марыянаў у Рыме. Праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. У 1939 г. накiраваны Апостальскім пасадам у якасці адміністратара Усходняй місіі ў Харбін (Маньчжурыя). Арыштаваны з групаю беларускіх святароў у снежні 1948 г. кітайскімі уладамі. Перададзены органам савецкай бяспекі. Быў беспадстаўна абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Ватыкана і Японіі. Асуджаны на 25 гадоў канцэнтрацыйных лагераў. Памёр 21.2.1952 (паводле іншых крыніц 13.2.1952) у адным з савецкіх лагераў пад Тайшэтам (Усходняя Сібір).

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Ц»;
LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521;
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2221;
Directorium… Vilnensi;
Directorium… Mohiloviensi;
Catalogus…Vilnensis;
Усходняя Беларусь;
Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 4;
Stankiewicz A., 1929;
Stankievič A., 1939;
Божым шляхам (Лондан). 1955. № 68—69, 82, 83;
Źnič (Рым). 1972. № 113;
Архівы БНР. 


ЛЕАНАРД ЧАРНЯК

(1893–1976)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 20.4.1893 у в. Дордзішкі Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з беларускай сялянскай сям’і: бацькі – Міхал і Францішка (з дому Смешкаў) Чарнякі. У чэрвені 1911 г. скончыў гарадское 4-класнае вучылішча ў Ашмянах. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі (1912—1917). Пад час вучобы ў семінарыі ў дакументах называў сябе беларусам. Пасвячоны ў святары 26.5.1918. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя ў парафіі Эйшышкі Радунскага дэканата. З 1920 г. служыў пробашчам у Смаргоні. З пачатку 30-х гадоў— у парафіі Трабы Вілейскага дэканата (1933—1936). Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Вільні. Матэрыяльна падтрымліваў выданне беларускай каталіцкай газеты «Krynica». Пасля Другой сусветнай вайны працаваў у парафii Шчацiнак Шчэцiнскага дэканата. Памёр 11.6.1976.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Ч»;
Catalogus…Vilnensis;
Krynica (Вільня). 1920. № 13;
Spis kościołów, 1973; 1979. 


УЛАДЗІСЛАЎ ЧАРНЯЎСКІ

(1916—2001)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 14.1.1916 у засценку Амбружын Гродзенскай губ. Паходзіць з беларускай каталіцкай сям’і. Вучыўся ў Арляняцкай пачатковай школе. У 5-ы клас пайшоў у мястэчку Крэва. Вучобу прадоўжыў у беларускай настаўніцкай школе ў Барунах. Пасля пераехаў у Друю, дзе скончыў пры кляштары айцоў марыянаў мясцовую гімназію (1937). З 1938 г. – у ордэне айцоў марыянаў. Вучыўся ў Вiленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Напрыканцы кастрычнiка 1944 г. адправiў першую святую iмшу ў Крэве. У 2-й палове 40-х гадоў вярнуўся ў Вiльню да айцоў марыянаў пры касцёле св. Iгната. Адпраўляў набажэнствы i адначасова вучыўся ў духоўнай каталiцкай семiнарыi. Пасля яе закрыцця ў 1945 г. служыў пры касцёле св. Iгната. Пасвячоны ў святары 24.9.1953(?). Са снежня 1953 г. выконвае святарскія абавязкі на Беларусі ў мястэчку Вішнева Валожынскага раёна. У студзені 1968 г. быў запрошаны ў Рым, дзе прысутнічаў на аўдыенцыі ў папы Паўла VI. Нягледзячы на непрыхільныя адносіны з боку ксяндзоў-палякаў застаецца свядомым беларускiм каталiцкiм святаром. Апостальскiм пасадам быў прызначаны дарадчыкам пры Кангрэгацыi абрадаў. У паўсядзённай душпастырскай дзейнасці звяртаецца да вернікаў з беларускімі казаннямі. Вёў перапіску з беларускiмi святарамi Ф.Чарняўскiм i Ч.Сiповiчам. Памёр 22.12.2001 г.

Крынiцы:
Божым шляхам (Лондан). 1968. № 2;
Памяць: Валожынскі раён. 


ФРАНЦІШАК ЧАРНЯЎСКІ

(1893—1979)

Каталіцкі святар заходняга абраду, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, душпастыр, рэдактар, выдавец і публіцыст



Нарадзіўся 3.11.1893 у в. Чухны Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з беларускай сялянскай сям’і: бацькі – Ян і Ганна (з дому Гецэвічаў) Чарняўскія. Скончыў гарадское вучылішча ў Ашмянах. З 1916 г. – клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Свядома звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам з часоў вучобы ў Вільні. Пасвячоны ў святары 30.5.1920. Душпастырскія абавязкі распачаў на пасадзе вікарыя ў парафіі Сухаволя. Пазней працаваў у парафіях Саколка і Кузніца. Звяртаўся да вернікаў з казаннямі на беларускай мове, распаўсюджваў сярод парафіян беларускія рэлігійныя кніжныя выданні і перыёдыку. З 1924 г. знаходзіўся ў Рыме. Спачатку вучыўся ў папскім Грыгарыянскім універсітэце, пазней – у папскім Усходнім інстытуце, які закончыў, абараніўшы магістэрскую дысертацыю. У 1927 г. вярнуўся на бацькаўшчыну. Пэўны час жыў у кляштары айцоў марыянаў у Друі. Сябра беларускай дэлегацыі на 5-м Уніяцкім кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20—24.7.1927). Пазней быў прызначаны вікарыем пры касцёле св. Яна ў Вільні. У 1929 г. накiраваны місіянерам у Францыю з мэтай весці душпастырскую дзейнасць сярод польскіх і беларускіх вуглякопаў. У кастрычніку 1933 г. выехаў у Бельгію, дзе некалькі гадоў правёў у кляштары айцоў бенедыкцінцаў (1953—1955). Акрамя душпастырскай дзейнасці выдаваў і рэдагаваў бюлетэнь «Божае слова». З красавіка 1957 г. стала жыў у ЗША. Працаваў у шэрагу амерыканскіх каталіцкіх парафій на пасадзе вікарыя. Выдаваў беларускі рэлігійны часопіс «Siaubit». Выступаў з малітвамі ў Кангрэсе ЗША. Апошнія гады душпастырства правёў у мясцовасці Форт-Эдвард. Памёр 31.5.1979 у мясцовасці Амстэрдам (штат Нью-Йорк).

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Ч»;
Catalogus... Vilnensis;
Божым шляхам (Лондан). 1980. № 151;
Кіпель В.  


МІХАIЛ ШАЛКЕВІЧ

(1891–1972)

Каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 18.9.1891 у в. Дубовая Сакольскага павета Гродзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Мацей і Эва (з дому Усавых) Шалкевічы. Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі (1911). З 16.9.1911– студэнт Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Удзельнiчаў у працы культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Пасвячоны ў святары 15.8.1915. З пачатку душпастырскай дзейнасцi шырока звяртаўся да вернiкаў з беларускiмi казаннямi. Праводзiў на беларускай мове катэхiзацыю дзяцей у беларускiх каталiцкiх парафiях. Удзельнiк 1-га з’езда беларускiх каталiцкiх святароў у Мiнску (24—25.5.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. У 1917—1921 гг. — вiкарый, а пазней пробашч у парафii Мосар Дзiсенскага дэканата. Карыстаўся глыбокай павагай парафiян. Быў аднагалосна абраны старшынёй мясцовага валаснога камiтэта. З 1922 г. служыў пробашчам у парафii Тракелi Лiдскага дэканата. Распаўсюджваў сярод вернiкаў i насельнiцтва каталiцкую перыёдыку i рэлiгiйныя кнiжныя выданнi на беларускай мове. За культурна-асветную i рэлiгiйную працу праследаваўся польскiмi свецкiмi ўладамi. У 2-й палове 20-х гадоў быў абвiнавачаны ў антыдзяржаўнай дзейнасцi. Пракуратура Вiленскага акруговага суда больш года вяла следства па справе святара М.Шалкевiча i яго «беларускай прапаганды» (14.4.1926—30.9.1927), але спынiла з-за недастатковасцi фактаў. З канца 30-х i да пачатку 50-х гадоў выконваў святарскiя абавязкi ў Вiленскай архiдыяцэзii. Праследаваўся савецкiмi ўладамi. У 1-й палове 50-х гадоў выехаў у Польшчу. З 6.4.1959 — рэзiдэнт у парафii Святога Мiкалая ў г. Эльбланг. У 1960 г. працаваў адмiнiстратарам рымска-каталiцкага касцёла ў мясцовасцi Бянова Мальбарк-Штумскага дэканата Вармiнскай дыяцэзii. Памёр у 1972 г. 

Крынiцы:
LAMBRS, ф. 318, каталог «Ш»;
LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 510;
Directorium... Vilnensi;
Catalogus... Vilnensis;
Усходняя Беларусь;
Chryścijanskaja Dumka (Вiльня). 1934. № 8;
Spis duchowieństwa, 1959; 1967. 


РАМАН АЛЯКСАНДР ШАПТЫЦКI

(1865—1944)

Каталiцкi святар усходняга абраду, галiцыйскi мiтрапалiт, львоўскi архібiскуп, манах-базыльянiн, доктар права i багаслоўя, фiлосаф, украiнскi рэлiгiйны, грамадска-культурны i незалежнiцкi дзеяч, iдэолаг i аднавiцель унiяцкага руху ва Усходняй Еўропе, прыхiльнiк беларусiзацыi нацыянальна-рэлiгiйнага жыцця на Беларусi, мецэнат



Нарадзiўся 29.7.1865 у мястэчку Прылбiчы на Галiччыне. Паходзiў з вядомага ўкраiнскага графскага роду Шаптыцкiх: бацькi — Iван i Зоф’я (з дому графоў Фрэдра) Шаптыцкiя. Атрымаў хатнюю адукацыю. Вучыўся ва унiверсiтэтах Кракава i Брэслаў. Служыў у аўстрыйскай армii. З мая 1888 г. — у навiцыяце айцоў базыльянаў у Дабрамышлi. Пасвячоны ў святары ў 1892 г. У 1900 г. уступiў у ордэн айцоў базыльянаў i прыняў iмя Андрэй. Кiраваў навiцыятам. Пазней быў прызначаны iгуменам кляштара св. Ануфрыя ў Львове. Удзельнiк украiнскага незалежнiцкага i нацыянальна-рэлiгiйнага руху. У 1901—1914 гг. абiраўся паслом у Галiцыйскi сейм. На пачатку ХХ ст. сумесна з беларускiмi незалежнiцкiмi дзеячамi братамi Iванам i Антонам Луцкевiчамi распрацаваў праект аднаўлення грэка-каталiцкай царквы на Беларусi. У 1907 г. на правах старшынi ўдзельнiчаў у 1-м унiяцкiм з’ездзе ў Iнсбруку (Аўстрыя). Тайна наведаў Расiйскую iмперыю. Пабываў у Мiнску, Пецярбургу i Кiеве. У Вiльнi сустрэўся з беларускiмi грамадскiмi i рэлiгiйнымi дзеячамi. На пачатку 1908 г. знаходзiўся ў Рыме, дзе атрымаў ад папы Пiя Х паўнамоцтвы на кiраванне колiшняй Кiеўскай мiтраполiяй. У час Першай сусветнай вайны арыштаваны расiйскiмi вайсковымi ўладамi. Быў высланы ў цэнтральную частку Расii. Пэўны час знаходзiўся ў Курску, пазней — у Суздалi. Вызвалены пасля Лютаўскай рэвалюцыi 1917 г. Удзельнiчаў у працы сабора расiйскага каталiцкага духавенства. У час побыту ў 1917 г. ў Петраградзе сустракаўся з вiднымi беларускiмi нацыянальна-рэлiгiйнымi дзеячамi Б.Эпiма-хам-Шыпiлам, Ф.Будзькам i В.Гадлеўскiм. Кананiчна зацвердзiў расiйскi экзархат на чале са святаром Л.Фёдаравым. У 1920—1923 гг. шукаў падтрымку ўкраiнскай нацыянальна-незалежнiцкай справе ў Рыме. Падтрымлiваў дзейнасць украiнскiх нацыянальна-дэмакратычных арганiзацый. У сваёй грамадска-палiтычнай i рэлiгiйнай дзейнасцi iмкнуўся арганiзаваць нацыянальна-хрысцiянскi палiтычны рух. Выступаў у абарону правоў украiнскага i беларускага народаў. На працягу 1919—1923 гг. некалькi разоў арыштоўваўся савецкiмi i польскiмi ўладамi. У мiжваеннае дваццацiгоддзе матэрыяльна падтрымлiваў беларускiх клерыкаў. Фiнансаваў iх навучанне на тэалагiчных факультэтах каталiцкiх унiверсiтэтаў Заходняй Еўропы. Прымаў удзел у працы унiяцкiх канферэнцый у Пiнску. У гады Другой сусветнай вайны разгарнуў шырокую рэлiгiйную дзейнасць i паспрыяў утварэнню некалькiх каталiцкiх экзархатаў усходняга абрада (у тым лiку i беларускага). Аказваў падтрымку першаму беларускаму экзарху А.Неманцэвiчу. Да 1941 г. быў прыхiльнiкам украiнска-нямецкага супрацоўнiцтва. Пазней адмовiўся ад падтрымкi ўкраiнскiх арганiзацый пранямецкай арыентацыi. Настойлiва i паслядоўна прапагандаваў iдэю унiяцтва для хрысцiянскiх веравызнанняў. Памёр 1.11.1944 у Львове.

Крынiцы:
Богословiя (Львоў). 1926. № 7;
Божым шляхам (Парыж). 1954. № 53;
Źnič (Рым). 1955. № 34—35;
WEP, ХІ. 


ЗЫГМУНТ ШТАФІНСКІ

(1893—1932)

Каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 29.4.1893 у в. Дамброва Беластоцкая Сакольскага павета Гродзенскай губ. Паходзіў з беларускай сялянскай сям’і: бацькі – Андрэй і Дамініка (з дому Квасоўскіх) Штафінскія. Скончыў гарадское 3-класнае вучылішча ў г. Саколка (1909). Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня ў Пецярбургскай навучальнай акрузе (снежань 1911). З 1912 г. – клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пры паступленні назваў сябе беларусам. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў семінарыі. Пасвячоны ў святары ў 1919 г. Душпастырскія абавязкі выконваў на пасадзе вікарыя. З 1922 г. служыў у парафіі Лаварышкі Ашмянскага дэканата. У 1927 г. прызначаны пробашчам у парафію Аляны Віленскага дэканата. Пазней служыў вікарыем у Дзятлаве (з 1930). У 1931 г. пераведзены ў мясцовасць Парафіянава Надвілейскага дэканата. Матэрыяльна падтрымліваў беларускія рэлігійныя перыядычныя выданні. Памёр 28.12.1932.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Ш»;
LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521;
Directorium… Vilnensi;
Catalogus…Vilnensis;
Krynica (Вільня). 1920, № 2;
Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1933. № 1. 


ВІКТАР ШУТОВІЧ

(1890—1960)

Каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр і педагог



Нарадзіўся 27.10.1890 у в. Шутавічы Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і беларусаў-католікаў. Першапачатковую адукацыю атрымаў у народнай школе. Пазней вучыўся ў гарадской школе ў Ашмянах. З 1909 г. – клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У гады вучобы належаў да беларускага культурна-асветнага гуртка. З гэтага часу стала звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам. Пасвячоны ў святары 16(29?).6.1913 у Вільні. Прадоўжыў вучобу за свой кошт у Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. У сувязі з падзеямі 1917 г. і прыходам да ўлады бальша-вікоў быў вымушаны спыніць вучобу. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў на пасадзе вікарыя ў парафіі Барадзенічы Браслаўскага павета. Ад пачатку святарскай службы разгарнуў шырокую культурна-асветную працу па беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў мясцовай і навакольных каталіцкіх парафіях. Звяртаўся да вернікаў з казаннямі на беларускай мове, распаўсюджваў беларускія рэлігійныя і свецкія выданні, перыёдыку. Арганізаваў некалькі беларускіх школ. За культурна-асветную дзейнасць праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. Падвяргаўся публічным нападкам на старонках польскай «эндэцкай» прэсы. З 1925 г. некалькі разоў праводзілася следства па справе «антыдзяржаўнай дзейнасці» святара В.Шутовiча. У сувязі з гэтым ён пэўны час быў пазбаўлены права самастойна кіраваць парафіяй. З 1927 г. служыў вікарыем у польскай каталіцкай парафіі Тжцяннэ. У 1929 г. выехаў у ЗША, дзе знаходзіўся да жніўня 1932 г. Пасля вяртання з Паўночнай Амерыкі быў прызначаны вікарыем у мясцовасць Харошч, дзе прабыў да пачатку Другой сусветнай вайны. Супрацоўнічаў з беларускімі свецкімі і рэлігійнымі перыядычнымі выданнямі. Асобнай кніжкай выдаў штодзённыя разважанні на месяц май «Маёвая чытанка» (Вільня, 1940). У ваенны час не вёў актыўнай нацыянальна-рэлігійнай дзейнасці. Да 1943 г. заставаўся ў Харошчы. Пасля адступлення нямецкіх войск перабраўся ў Мінск, дзе выконваў святарскія абавязкі на пасадзе пробашча кафедральнага касцёла. У снежні 1945 г. арыштаваны органамі савецкай бяспекі. Да 1956 г. знаходзіўся ў канцэнтрацыйных лагерах у Комі АССР. Пасля адбыцця тэрміну зняволення вярнуўся на Беларусь. Апошнія гады святарства правёў на пасадзе пробашча ў Барысаве, дзе і памёр 1.3.1960. Пахаваны на мясцовых каталіцкіх могілках.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Ш»;
РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2221;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Directorium… Vilnensi;
Directorium… Mohiloviensi;
Catalogus… Vilnensis;
Krynica (Вільня). 1920. № 2;
Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1938. № 17;
Stankievič A., 1939. 


МIКАЛАЙ ШЧАГЛОЎ-КУЛIКОВIЧ

(1896—1969)

Культурна-грамадскi дзеяч, удзельнiк беларускага нацыянальна-рэлiгiйнага жыцця ў эмiграцыi, кампазiтар i музыколаг, даследчык беларускай царкоўнай i свецкай музыкi, дырыжор



Нарадзiўся 13.10.1896 у Маскве (паводле iншых крынiц 4.4.1896 на Смаленшчыне). Паходзiў з праваслаўнай расiйска-беларускай сям’i. Род бацькi выводзiўся з данскiх казакоў, мацi — са Смаленшчыны, беларуска-расiйскага культурна-гiстарычнага пагранiчча. З маленства выхоўваўся ў цёткi (матчынай сястры), iгуменнi праваслаўнага жаночага манастыра ў Туле. Удзельнiчаў у манастырскiм хоры, дзе выявiлiся яго музычныя здольнасцi. Скончыў Маскоўскае сiнадальнае вучылiшча царкоўнага спеву. На пастаноўку i развiццё голасу, музычнага талента аказаў уплыў дырэктар вучылiшча, вядомы рэфарматар расiйскай царкоўнай музыкi Аляксандр Кастальскi. Як спявак (альт) удзельнiчаў у еўрапейскiх турнэ. Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыi (да 1925). У 30-я гады займаўся збiраннем i вывучэннем песеннага фальклору на Смаленшчыне. Пэўны час жыў на Украiне. З 1936 г. — у Мiнску. Працаваў музычным рэдактарам на Беларускiм радыё. З 1937 г. — дырыжор сiмфанiчнага аркестра Беларускага радыёкамiтэта ў Мiнску. Адзiн з арганiзатараў Тэатра оперы i балета Беларусi, дырыжор яго сiмфанiчнага аркестра. У якасцi музыказнаўцы супрацоўнiчаў з усесаюзным часопiсам «Советская музыка». У гады Другой сусветнай вайны жыў на акупіраванай нямецкiмi войскамi тэрыторыi Беларусi. У 1941—1942 гг. прадоўжыў збiранне беларускага песеннага i музычнага фальклору. Па вынiках гэтай працы быў выдадзены «Зборнiк купальскiх i жнiўных беларускiх песьняў» (Мiнск, 1943). Супрацоўнiчаў з беларускiм перыядычным друкам («Беларуская газэта», «Новы шлях»), дзе апублiкаваў шэраг артыкулаў пра беларускую музычную культуру. Узначальваў музычны аддзел Беларускай культурнай рады i Беларускага культурнага згуртавання. Пасля Усебеларускага царкоўнага сабора i аднаўлення Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (Мiнск, 1942) займаўся рэфармаваннем беларускай царкоўнай музыкi. У гэтым жа годзе падрыхтаваў тэарэтычнае даследаванне «Беларуская песня» (засталося ў рукапiсе). Удзельнiк 2-га Усебеларускага кангрэса (Мiнск, 1944). У гады вайны стварыў оперы «Лясное возера» (1942) i «Усяслаў Чарадзей» (1944) на лiбрэта беларускай паэткi Н.Арсенневай. У сувязi з наблiжэннем фронту разам з кампазiтарам М.Равенскiм пакiнуў Мiнск. З 1944 г. — у эмiграцыi. Спачатку жыў у Германii, дзе кiраваў канцэртнай групай i ўзначальваў Беларускi тэатр эстрады. У 1950 г. пераехаў у ЗША. Жыў у Чыкага. Выступаў у тэатры музычнай мiнiяцюры. На працягу 12 гадоў кiраваў царкоўным хорам у грэка-каталiцкай царкве Хрыста Збавiцеля. Працаваў над музыкай да лiтургiчных тэкстаў. З царкоўным хорам браў удзел у экуменiчных набажэнствах. Супрацоўнiчаў з беларускiмi i рускiмi эмiгранцкiмi перыядычнымi выданнямi («Беларус», «Новое русское слово» i iнш.). Аўтар аперэты «У вырай», кантаты, сiмфонiй i сiмфанiчных сюiт, песень i рамансаў на словы Я.Купалы, М.Багдановiча, У.Дубоўкi, У.Жылкi, Н.Арсенневай. Пiсаў музыку да драматычных спектакляў. Укладальнiк шэрагу зборнiкаў — «Беларускiя песенныя зборнiкi» (1954, 1955, 1960), «Калядоўшчыкi» (1961), «Родныя матывы» (1967). Даследаваў гiсторыю беларускага музычнага мастацтва. Аўтар культурна-гiстарычных прац «Беларуская музычная культура» (1944), «Беларуская музыка» (1953), «Беларуская савецкая опера» (1957). Памёр 31.3.1969 у г. Чыкага.

Крынiцы:
Беларус (Нью-Йорк). 1989. № 358—362;
Кiпель В.  


СТАНІСЛАЎ ШЫРОКІ

(1881–1956)

Каталіцкі святар заходняга абраду, магістр тэалогіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 21.10.1881 у в. Чапялі Сакольскага павета Гродзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і Міхаіла Шырокага. Вучыўся ў Сакольскім павятовым вучылішчы. З кастрычніка 1901 г. – клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасвячоны ў святары ў 1905 г. У 1909—1912 гг. – адміністратар у парафіі Ружаны Лідскага дэканата. Выказаў жаданне вучыцца за свой кошт у Мітрапалітальнай каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу. У час вучобы далучыўся да дзейнасці беларускага культурна-асветнага гуртка студэнтаў-клерыкаў. Удзельнік 1-га з’езда беларускіх каталіцкіх святароў у Мінску (24—25.5.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. З 1917 г. – пробашч у парафіі Парафіянава Надвілейскага дэканата. Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэ-лігійнага жыцця сярод католікаў-беларусаў. 27.12.1919 абраны ў раду прасінадальных суддзяў пры біскупскай курыі Віленскай дыяцэзіі. З 1924 г. выконваў святарскія абавязкі ў парафіі Янава Сакольскага дэканата. З 1933 г. служыў пробашчам у парафіі Крынкі і адначасова кіраваў Бераставіцкім дэканатам. У 1935 г. пераведзены ў парафію Кузніца Сакольскага дэканата. Быў сталым падпісчыкам беларускага рэлігійнага каталіцкага выдання «Chryścijanskaja Dumka». Памёр у 1956 г.

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Ш»;
LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521, 2770;
LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 389;
ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 1492;
РГИА, ф. 826, воп. 128, спр. 966; ф. 826, воп. 1, спр. 2221;
Directorium... Vilnensi;
Directorium... Mohiloviensi;
Catalogus... Vilnensis;
Spis kościołów, 1973; 1979. 


АНТОН ШЫШКО

(1892–1959)

Каталіцкі святар заходняга абраду, доктар кананічнага права, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст.



Нарадзіўся 7.3.1892. Паходзіў з беларускай каталіцкай сям’і. З 1911 г. вучыўся ў Магiлёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары 25.7.1918. З беларускiм нацыянальна-рэлiгiйным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. Прыхiльнiк Беларускай хрысцiянскай дэмакратыi. Выступаў за шырокую беларусiзацыю нацыянальна-рэлiгiйнага жыцця ў Заходняй Беларусi. На пачатку 20-х гадоў разам з Б.Пачопкам спрабаваў узнавіць у Беластоку выданне каталіцкай газеты «Bielarus». Ад iмя беларускага каталiцкага духавенства падпiсаў «Мемарыял пятнаццацi», якi быў прадстаўлены 19.5.1925 на агульнапольскай канферэнцыi бiскупаў i закранаў пытанне шырокага выкарыстання беларускай мовы ў душпастырскай дзейнасцi на абшарах з беларускiм каталiцкiм насельнiцтвам. Да 1932 г. выконваў абавязкі пробашча ў парафіі Лунін Пінскай дыяцэзіі. У 1933—1939 гг. – без пасады. Апошнія перадваенныя гады жыў у мястэчку Свіслач Беластоцкага павета. У 1950-я гады выконваў святарскiя абавязкi ў Седлецкай дыяцэзii. Памёр 6.3.1959.

Крынiцы:
Directorium... Mohiloviensi;
Catalogus... Vilnensis;
Stankiewicz A., 1929;
Stankievič A., 1939;
Katalog duchowieństwa. 


БРАНIСЛАЎ ЭПIМАХ-ШЫПIЛА

(1859—1934)

Культурна-асветны i рэлiгiйны свецкi дзеяч, кандыдат гiсторыка-фiлалагiчных навук, удзельнiк беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., педагог, мовазнавец, лiтаратурны крытык, лiнгвiст, выдавец, фалькларыст, бiблiяфiл



Нарадзiўся 4.9.1859 у фальварку Судзiлавiчы Лепельскага павета Вiцебскай губ. Паходзiў з сям’i дробнага шляхцiца Iгната Эпiмах-Шыпiлы. Атрымаў хатнюю адукацыю. У 1871 г., пасля смерцi бацькi, выехаў у Рыгу да сваякоў. Там з залатым медалём скончыў Александраўскую гiмназiю. У 1880 г. паступiў на гiсторыка-фiлалагiчны факультэт Пецярбургскага унiверсiтэта. У час вучобы зацiкавiўся ўсходнiмi культурамi. Выявiў вялiкiя лiнгвiстычныя здольнасцi пры вывучэннi старажытных i новых моў. Авалодаў санскрытам, старажытнагрэчаскаю мовай, свабодна размаўляў на латынi. Пасля заканчэння унiверсiтэта ў 1885 г. паспяхова здаў «педагагiчны экзамен» i атрымаў ад iнспектара Пецярбургскай навучальнай акругi пасведчанне на права выкладаня грэчаскай i лацiнскай моў i лiтаратур у пецярбургскiх гiмназiях. На працягу некалькiх гадоў не мог уладкавацца на педагагiчную працу: «З прычыны таго, што я па дакументах лiчыўся каталiцкай веры i быў не велiкарускага паходжання, бо ўсiх католiкаў тады лiчылi палякамi, мне ўсюды адмаўлялi». Каб забяспечыць сябе «хлебам надзённым», даваў прыватныя ўрокi, працаваў у рэдакцыi «Журнала Министерства путей сообщения». Пазней па вольным найме прыняты на службу ў бiблiятэку Пецярбургскага унiверсiтэта. Пасля 2 гадоў працы залiчаны на пасаду памочнiка бiблiятэкара, на якой знаходзiўся да 1925 г. У 1907—1917 гг. працаваў у Iмператарскай рымска-каталiцкай духоўнай акадэмii. Выкладаў старажытнагрэчаскую мову i лiтаратуру. Адначасова больш за 20 гадоў вёў заняткi па гэтых жа прадметах у прыватнай мужчынскай гiмназii пры рымска-каталiцкай парафii св. Кацярыны ў Пецярбургу. Там жа з 1917 г. пачаў выкладаць беларускую мову. Больш за 10 гадоў працаваў лектарам на вячэрнiх агульнаадукацыйных курсах А.Чарняева. Адзiн з лiдэраў беларускага культурна-грамадскага, навуковага i рэлiгiйнага жыцця ў Пецярбургу. З беларускiм хрысцiянскiм рухам звязаны ад пачатку ХХ ст. Iнiцыятар заснавання i адзiн з кiраўнiкоў беларускай выдавецкай суполкi «Загляне сонца i ў наша ваконца» (1906). З часоў выкладчыцкай дзейнасцi ў духоўнай каталiцкай акадэмii ў Пецярбургу садзейнiчаў развiццю нацыянальнай свядомасцi цэлай плеяды будучых беларускiх каталiцкiх святароў — А.Станкевiча, А.Цiкоты, М.Пятроўскага i iнш. Адзiн з духоўных патронаў культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Падтрымлiваў цесныя кантакты з беларускiмi святарамi Я.Белагаловым, Л.Хвецькам, Ф.Абрантовiчам, В.Шутовiчам i iнш. Фактычны кiраўнiк Беларускага навукова-лiтаратурнага гуртка ў Пецярбургскiм унiверсiтэце (1912—1917). Яшчэ з гадоў вучобы ў Рыжскай гiмназii збiраў матэрыялы па гiсторыi, этнаграфii, фальклоры i лiтаратуры Беларусi. Укладальнiк рукапiснай «Беларускай хрэстаматыi» (1889—1931), дзе сабраў унiкальныя тэксты беларускай лiтаратуры ХIХ ст. Спрыяў творчаму станаўленню Янкi Купалы, рэдагаваў першы зборнiк паэта «Жалейка» (1908). Удзельнiчаў у Акадэмiчнай навуковай канферэнцыi па рэформе беларускага правапiсу (Мiнск, 1926). У 1927—1929 гг. — дырэктар камiсii Iнстытута беларускай культуры па складаннi слоўнiка беларускай мовы. Праследаваўся савецкiмi ўладамi. Арыштаваны ў Мiнску 18.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусi». Правёў у турме 2 месяцы. Судовая справа была спынена 12.9.1930. Пасля вызвалення савецкiя ўлады забаранiлi жыць i працаваць у Мiнску. Увосень 1930 г. вярнуўся ў Ленiнград. На працягу 4 гадоў знаходзiўся «на палажэннi ссыльнага»: без кватэры, сталай працы i грошай на ўтрыманне. Памёр 6.6.1934 у Ленiнградзе. Месца пахавання невядома.

Крынiцы:
РГИА, ф. 826, воп. 128;
ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1;
Krynica (Петраград). 1917. № 4;
Stankievic A., 1939;
Chryscijanskaj Dumka (Вiльня). 1934. № 11;
БП, VІ;
Навiны Акадэмii навук Беларусi (Мiнск). 1992. № 21—22. 


ЭДВАРД ЮНЕВІЧ

(1894–1989)

Каталіцкі святар заходняга абраду, ліцэнцыят тэалогіі, ганаровы канонік Пінскай кафедральнай капітулы, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., душпастыр




Нарадзіўся 12.09.1894 у мясцовасці Новая Вілейка Віленскага павета. Паходзіў з сям’і беларусаў-католікаў: бацькі – Стафан і Іаанна (з дому Дзятловічаў) Юневічы. Вучыўся ў сярэдняй школе ў Кіеве. Пазней – у Ларынскай гімназіі ў Пецярбургу, дзе атрымаў атэстат сталасці. У 
1912 – 1917 гг. – клерык Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары 30.4.1917 архібіскупам Янам Цеплякам. У тым жа годзе распачаў душпастырскую дзейнасць. Выкладаў Закон Божы ў прытулках для дзяцей з бежанскіх сем’яў у Маскве. Увосень 1917 г. паступіў у Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію ў Петраградзе. З прыходам да ўлады бальшавікоў і закрыццём вышэйшых духоўных устаноў далей вучыцца не змог. Застаўся ў Пецярбургу, дзе служыў вікарыем пры касцёле Аб’яўлення Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1918–1920). У парафіі св. Станіслава, пасля арышту мясцовага святара Вітольда Івіцкага, выконваў абавязкі пробашча (1920). Удзельнічаў у нарадах і пасяджэннях каталіцкага духавенства, якімі кіравалі архі-біскуп Э.Роп, а пазней архібіскуп Я.Цепляк. Разам з іншымі святарамі абмяркоўваў становішча каталіцкай царквы і адносіны да яе бальшавіцкай улады. У ліку 14 каталіцкіх святароў быў арыштаваны органамі савецкай бяспекі. Праходзіў па вядомай справе архібіскупа Я.Цепляка. На судовым працэсе ў Маскве 21–25.3.1923 абвінавачаны ў прыналежнасці да антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі і аказанні супраціўлення пры канфіскацыі царкоўнай маёмасці. Быў прыгавораны да 10 гадоў турэмнага зняволення з пазбаўленнем усіх правоў. У студзені 1925 г., пасля двухгадовага побыту ў турме, вызвалены ў выніку абмену палітычнымі вязнямі паміж урадамі Польшчы і Савецкай Расіі. З 1.2.1925 знаходзіўся ў Віленскай архідыяцэзіі. Выконваў святарскія абавязкі ў Новай Вілейцы на Віленшчыне. Пазней быў пераведзены ў Пінскую дыяцэзію. Працаваў у мясцовай дыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў якасці прафесара эстэтыкі і расійскай мовы. Адначасова служыў у семінарыі духоўнікам. У 1926–1930 гг. вучыўся ў Рыме, дзе атрымаў ліцэнцыят па тэалогіі. Пасля заканчэння вучобы вярнуўся ў Пінск. У 1933–1934 гг. быў сакратаром па справах рэлігійных арганізацый у Пінскай дыяцэзіі. З 2-й паловы 30-х гадоў і ў час Другой сусветнай вайны – пробашч і дэкан у мясцовасці Драгічын. У 1943–1945 гг. выконваў абавязкі генеральнага вікарыя ў Пінскай дыяцэзіі. Пазней уступіў у ордэн айцоў радэмптарыстаў (1946). Пасля навіцыяту ў Торуні і Тыхаве служыў у Глівіцах. З 2-й паловы 50-х гадоў працаваў у Варшаве. Служыў духоўным айцом святароў з дэканата Воля ў Варшаве і ў дыяцэзіі ў Драгічыне (Польшча). Праводзіў рэкалекцыі і спавядаў вернікаў. Быў абраны візітатарам ордэнаў і ордэнскіх таварыстваў. Вёў шырокую перапіску са святарамі Пінскай дыяцэзіі, якія засталіся ў СССР. Памёр 25.08.1989 у Варшаве. Пахаваны там жа на могілках айцоў радэмптарыстаў.

Крынiцы:
Directorium… Mohiloviensi;
Elenchus… Mohiloviensis;
Catalogus… Vilnensis;
Elenchus… Pinscensis;
Stankievič A., 1939;
Dzwonkowski R., 1997;
Dzwonkowski R., 1998. 


ЗЯНОН ЯКУЦЬ

(1894—1924)

Каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр



Нарадзіўся 22.1.1894 у засценку Скурцішкі Новааляксандраўскага павета Ковенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Ян і Юзэфа (з дому Гасянцоў) Якуці. У 1909—1912 гг. вучыўся ў Відзаўскім гарадскiм 4-класным вучылішчы, дзе скончыў поўны курс навучання. Паспяхова здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня ў снежні 1912 г. і атрымаў пасведчанне з Пецярбургскай навучальнай акругі. Вучыўся ў Вiленскай духоўнай каталiцкай семiнарыi. Прымаў удзел у дзейнасцi беларускага культурна-асветнага гуртка студэнтаў-семiнарыстаў. Пасвячоны ў святары ў 1919 г. З беларускiм нацыянальна-рэлiгiйным рухам звязаны з часоў вучобы ў Вiльнi. У 1920—1924 гг. выконваў святарскiя абавязкi ў парафii Шаркоўшчына Дзiсенскага дэканата. Ад пачатку душпастырскай дзейнасцi свядома i паслядоўна праводзiў беларусiзацыю рымска-каталiцкай царквы ў парафiях з беларускiм насельнiцтвам. Звяртаўся да вернiкаў з казаннямi i праводзiў катэхiзацыю дзяцей на беларускай мове. Памёр 3.1.1924 у Шаркоўшчыне. Пахаваны на мясцовых парафiяльных могiлках.
Напрыканцы 20-х гадоў, акрэслiваючы месца i ролю З.Якуця ў беларускiм хрысцiянскiм руху ХХ ст., адзiн з яго лiдэраў, А.Станкевiч, напiсаў: «Калi ўспамiнаць далей аб кс. З.Якуцю як аб беларусу, дык трэба сказаць, што быў ён iдэальным прыкладам сваiм калегам ксяндзам, як нязвычайна прыгожа зыходзяцца з сабой мiж беларускага народу духоўная пастырскасць i беларускасць. Кс. З.Якуць быў тыповы ксёндз-беларус. Ён глыбока разумеў важнасць беларускага адраджэння, цанiў яго i прыкладаў да роднай справы ўсе свае сiлы».

Крынiцы:
LMABRS, ф. 318, каталог «Я»;
Directorium... Vilnensi;
Catalogus... Vilnensis;
Krynica (Вiльня). 1924. № 3;
Stankiewicz A., 1929;
Biełaruskaja Krynica (Вiльня). 1936. № 45. 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster