|
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.
Юрась Гарбінскі
ПРАДМОВА
Адной з перадумоў глыбокага разумення месца i ролi хрысцiянства, яго духоўна-творчай мiсii ў гiстарычным лёсе беларусаў з’яўляецца веданне гiсторыi беларускага хрысцiянскага руху. Станаўленне гэтага руху, шляхi i дынамiку яго развiцця ў многiм прадвызначыла культурна-цывiлiзацыйнае сумежжа Беларусi з Усходам i Захадам. Невыпадкова адзiн з iдэолагаў i лiдэраў беларускай хрысцiянскай дэмакратыi Адам Станкевiч у сувязi з гэтым адзначаў:
«На беларускiх землях дзеiць геопалiтычнае i палiтычна-культурнае права кантрасту: Усход i Захад, праваслаўе i каталiцтва, Масква i Варшава. Вось-жа Беларускi народ мусiць так адносiцца да гэтага кантрасту, каб самому не асымiлявацца, пакiраваўшыся цi ў адзiн бок, цi ў другi гэнага кантрасту, гэнай працiўнасцi, але каб з яго выдабыць свой асобны, палiтычна-нацыянальны, культурны тып. А каб да гэтага дайсцi, трэба шукаць пункту апоры на лiнii гэнага кантрасту, на якой i знаходзiцца Беларускi народ, а не на яго перыферыi, бо тут губляецца беларускi грунт»[1].
Такiм чынам, пошук уласнабеларускага нацыянальна-рэлiгiйнага сiнтэзу, iмкненне да адначасовага тактычнага кампрамiсу з Усходам i Захадам як магчымасцi нейтралiзаваць iх франтальныя цывiлiзацыйныя ўплывы, вызначылi асноўныя стратэгiчныя задачы i мэты беларускага хрысцiянскага руху ХХ стагоддзя.
Варта заўважыць, што адны з яго iдэолагаў i творцаў вырашалi гэтыя задачы на шляху стварэння Беларускага Унiянiзму (К.Стаповiч, А.Станкевiч, У.Талочка, Ч.Сiповiч i iнш.) — аб’яднання праваслаўя i каталiцтва на аснове беларускай незалежнiцкай iдэi i стварэння нацыянальнай Царквы-Субожнi. Другiя не прымалi такога шляху i ў сваёй рэлiгiйнай i культурна-грамадскай дзейнасцi кiравалiся выключна iдэяй паслядоўнай беларусiзацыi рэлiгiйнага жыцця праваслаўнай i каталiцкай цэркваў на Беларусi (В.Багдановiч, М.Галянкевiч). Iншыя, да прыкладу, артадаксальная каталiцкая групоўка У.Рыжага-Рыскага на эмiграцыi, бачылi выйсце ў стварэннi беларускай артадаксальнай каталiцкай Царквы-Субожнi, незалежнай ад Ватыкана, а праз гэта — i ад уплыву польскага каталiцызму. Па сутнасцi ж, абараняючы душу беларуса «ад фiкцыi хрысцiянскай: ад «польскай» i «рускай» веры»[2], усе яны разам у аднолькавай ступенi працавалi на адзiнства i цэласнасць беларускага народа. Iншая рэч — наколькi спрыяльнымi былi знешнiя i ўнутраныя варункi iх нацыянальна-рэлiгiйнай дзейнасцi i эфектыўнымi — сродкi.
Беларуская гiстарыяграфiя (пераважна заходнебеларуская i эмiгранцкая) налiчвае не адзiн дзесятак публiкацый: успамiнаў, бiяграфiчных нарысаў, рэфлексiй i заўваг, прысвечаных беларускаму хрысцiянскаму руху i асэнсаванню яго гiстарычнага вопыту. На вялiкi жаль, у супастаўленнi з iмi непараўнальна менш праблемных артыкулаў, грунтоўных аналiтычных даследаванняў i навуковых прац. З iх у першую чаргу варта адзначыць тры фундаментальныя манаграфii А.Станкевiча (Rodnaja mowa u sviatyniach. Wilnia, 1929; Bielaruski chryscijanski ruch. Vilnia, 1939; Хрысьцiянства i беларускi народ. Вiльня, 1940). Працы гэтыя хоць i былi напiсаны ў мiжваеннае дваццацiгоддзе ў Заходняй Беларусi, але не страцiлi сваёй актуальнасцi да сённяшняга часу. Не ў меншай ступенi заслугоўвае ўвагi i даробак пасляваеннай беларускай эмiграцыi перыяду 40—80-х гадоў. У гэтым плане адносна высокiм гiсторыка-культуралагiчным узроўнем i багаццем фактычнага матэрыялу вылучаюцца даследаваннi А.Мартаса[3], Л.Гарошкi[4], А.Вiнiцкага[5], М.Лапiцкага[6], Ф.Журнi[7] i iнш. З апошнiх прац на эмiграцыi варта адзначыць гiсторыка-культуралагiчную працу амерыканскага славiста Т.Бэрда[8], нарыс беларускага пратэстанцкага дзеяча Я. Пятроўскага[9], а таксама навукова-папулярныя кнiгi В.Кiпеля[10] i Л.Юрэвiча[11].
Пра набыткi беларускай гiстарыяграфiчнай навукi савецкага перыяду асаблiва шмат гаварыць не прыходзiцца. Iх проста не было. Апошнiм часам, у сувязi з кардынальнымi грамадска-палiтычнымi зменамi ў Еўропе, аднаўленнем нацыянальна-рэлiгiйнага жыцця на постсавецкай прасторы, узрасла зацiкаўленасць нацыянальна-рэлiгiйнай праблематыкай i на Беларусi. Ажывiлася рэлiгiйна-выдавецкая дзейнасць, развiваецца канфесiйны перыядычны друк.
Гiсторыя беларускага хрысцiянскага руху цiкавая i шматгранная. Яна багатая на падзеi, iмёны i факты. Многiя з iх, аднак, па-сапраўднаму яшчэ i сёння не ўпiсаны ў беларускi гiсторыка-культурны працэс.
Асноўная мэта нашага выдання заключалася ў тым, каб лiквiдаваць, прынамсi часткова, фактаграфiчна-iнфармацыйныя прагалы, даць чытачу i даследчыку па магчымасцi поўную i аб’ектыўна-канкрэтызаваную iнфармацыю пра ўдзельнiкаў беларускага хрысцiянскага руху ХХ стагоддзя, iх жыццё, нацыянальна-рэлiгiйную дзейнасць i лёс. Без вырашэння гэтай задачы цяжка ўявiць магчымасць комплекснага вывучэння гiсторыi беларускага хрысцiянскага руху ў цэлым.
Складанасць працы была абумоўлена адсутнасцю якога-небудзь вопыту стварэння на Беларусi такога тыпу выдання, не кажучы пра канфесiйныя энцыклапедыi, лексiконы цi даведнiкi. Таму пры падрыхтоўцы нашай кнiгi шырока выкарыстоўваўся вопыт аналагiчных навукова-канфесiйных выданняў, якiя выйшлi за апошнiя 30 гадоў у Германii (Herders Theologisches Lexikon fur Praxis. Freiburg,1972—1973. Т. 1—4), Польшчы (Encyklopedia Katolicka. Lublin, 1985. T. 1—2; Dzwonkowski R. Losy duchowienstwa katolickiego w ZSSR, 1917—1939: Martyrologium. Lublin, 1998), Латвii (Cakuls J. Latvijas romas katolu priesteri, 1918—1995: Uzzinas. Riga, 1996). У сваю чаргу, пры напiсаннi бiяграфiчных артыкулаў аўтар кiраваўся метадычнымi прынцыпамi, распрацаванымi стваральнiкамi даведнiка «Беларускiя пiсьменнiкi. Бiябiблiяграфiчны слоўнiк».
Часавая прастора даведнiка ахоплiвае перыяд ад пачатку ХХ стагоддзя да 1998 года, а яго геаграфiчныя рамкi — нацыянальна-рэлiгiйнае жыццё на этнiчных беларускiх землях у складзе Расiйскай iмперыi, пасля 1921 г. — у Заходняй i Усходняй Беларусi, на эмiграцыi i на сучаснай постсавецкай прасторы.
Па сваёй будове кнiга складаецца з трох раздзелаў. Першы з iх — бiяграфiчны. Ён уключае 182 перасаналii ўдзельнiкаў беларускага хрысцiянскага руху ХХ стагоддзя — святароў i рэлiгiйных свецкiх дзеячаў праваслаўнага, каталiцкага i пратэстанцкага веравызнанняў. Усе бiяграфiчныя артыкулы 1-га раздзела размешчаны ў алфавiтным парадку незалежна ад канфесiйнай прыналежнасцi. Выключэнне складаюць персаналii толькi тых праваслаўных святароў, у якiх алфавiтны парадак вызначае манаскае iмя, а не свецкае прозвiшча святара (да прыкладу, Фiлафей — Уладзiмiр Нарко). У выпадку, калi прозвiшча па пэўных прычынах было зменена яго ўладальнiкам, першынство ў бiяграфiчным артыкуле аддавалася родаваму прозвiшчу асобы, а ўжыванне другога або змененага прозвiшча агаворвалася. (Гл.: Вацлаў Папуцэвiч — Вацлаў Пануцэвiч). Першынство родавага прозвiшча вызначалася таксама i пры суаднесенасцi з агульнавядомымi i замацаванымi ў навукова-папулярнай лiтаратуры псеўданiмамi дадзенай асобы (да прыкладу, Юрый Стукалiч — Юрка Вiцьбiч).
Iнфармацыйна-фактаграфiчныя крынiцы.
Пры падрыхтоўцы бiяграфiчнага артыкула аўтар выкарыстоўваў наступныя крынiцы iнфармацыi:
1) архiўныя матэрыялы:
а) фонды духоўных праваслаўных i каталiцкiх семiнарый i акадэмiй (з персанальнымi справамi iх выхаванцаў);
б) фонды служб бяспекi i судовыя справы;
в) архiвы прыватных асобаў;
2) аўтабiяграфii святароў i свецкiх дзеячаў;
3) звесткi ў энцыклапедыях, лексiконах i навукова-папулярнай лiтаратуры;
4) публiкацыi ў айчынным, эмiгранцкiм i замежным перыядычным друку.
Прыярытэт сярод гэтых крынiц аддаваўся перад усiм архiўным матэрыялам i энцыклапедычным выданням. З iх дапамогай па магчымасцi ўдакладнялiся месца i дацiроўка тых або iншых падзей i жыццёвых здарэнняў, прыведзеных у iншых крынiцах (успамiны, лiсты i г. д.).
Крытэрый адбору. Пры адборы персаналiй да бiяграфiчнага раздзела аўтар улiчваў наступнае:
1) ступень заангажаванасцi асобы ў беларускi хрысцiянскi рух;
2) змест i характар яе нацыянальна-рэлiгiйнай дзейнасцi;
3) удзел у рэлiгiйных i культурна-грамадскiх арганiзацыях, партыях i акцыях;
4) рэдагаванне i выданне рэлiгiйнай перыёдыкi i кнiг царкоўнага зместу;
5) супрацоўнiцтва з рэлiгiйным i свецкiм перыядычным друкам, выдавецкiмi таварыствамi i суполкамi;
6) мiжканфесiйныя кантакты;
7) у выпадку духоўных асобаў — удзел у беларусiзацыi рэлiгiйнага жыцця вернiкаў-беларусаў праваслаўнага, пратэстанцкага i каталiцкага веравызнанняў, паслядоўнае выкарыстанне беларускай мовы ў бога-служэннях i набажэнствах.
Пры адборы персаналiй аўтарам выкарыстоўвалiся працы i матэрыялы А.Станкевiча i А.Клiмовiча, звязаныя з праблематыкай беларускага хрысцiянскага руху. Каштоўнасць iх вопыту i бачання праблемы аказала асаблiва iстотную дапамогу пры вызначэннi ролi i ступенi ўдзелу у беларускiм нацыянальна-рэлiгiйным руху не толькi яго беларускiх прадстаўнiкоў, але i такiх вiдных постацей рэлiгiйнага жыцця ў Расiйскай iмперыi як Андрэй Шаптыцкi, Эдвард Роп, Юрый Матулявiчус (Матулевiч), Сiгiзмунд Лазiнскi, а ў Заходняй Беларусi — архiмандрыт Фiлiп (Марозаў). З матэрыялаў, якiя захоўваюцца ў асабiстым архiве А.Станкевiча, вялiкую цiкавасць мае спiс святароў-беларусаў «i да iх блiзкiх». У гэтым спiсе знаходзiм наступныя прозвiшчы:
Абрантовiч Ф., Аляшкевiч Ф., Астрамовiч А., Баброўскi М., Бобiч I., Будзька Ф., Вярсоцкi Я., Гадлеўскi В., Глякоўскi С., Грынкевiч Ф., Данiсевiч С., Дубейкаўскi Л., Дуброўскi А., Жаўняровiч I., Карэвiч Ф., Кашыра Ю., Лiсоўскi А., Лупiновiч К., Магнушэўскi В., Малец Дз., Марозаў Ф., Матвейчык А., Матулевiч Ю., Неманцэвiч А., Пачопка Б., Пятроўскi М., Рамейка Ф., Роп Э., Рыбалтоўскi К., Сак А., Стаповiч К., Талочка У., Татарыновiч П., Хвецька Л., Хомiч П., Шаптыцкi А., Шыпiла Б., Якуць З.[12]
У сваю чаргу спiс А.Станкевiча iстотна пашыраюць матэрыялы да бiяграфiчнага слоўнiка беларускiх грамадскiх, культурных i рэлiгiйных дзеячаў А.Клiмовiча. У персаналii ўдзельнiкаў беларускага хрысцiянскага руху А.Клiмовiчам былi ўключаны:
Абрантовiч Ф., Адважны В., Анiська Д., Багдановiч В., Белагаловы Я., Бiльдзюкевiч У., Бобiч I., Будзька Ф., Буклярэвiч М., Бычкоўскi А., Бэта Г., Войтанка В., Гадлеўскi В., Гайлевiч Я., Галiна А. (Мiцкевiч М.), Гарошка Л., Глякоўскi С., Горжельняскi В., Грынкевiч Ф., Грынкевiч С., Данiсевiч С., Дзекуць-Малей Л., Драздовiч Я., Дубейкаўскi Л., Дуброўскi А., Зязюля А., Коўш А., Кулак К., Лазiнскi С., Леўчык Г., Марозаў Ф., Матулевiч Ю., Мiхалькевiч К., Неманцэвiч А., Лупiновiч К., Паўловiч С., Пачопка Б., Радзiвiл М., Рэшаць Я., архiмандрыт Савацiй, Сак А., Сарока У., Семашкевiч Я., Сiповiч Ч., Станкевiч А., Стаповiч А., Стаповiч К., Тарасевiч Я., Татарыновiч П., Трызна Т., Хвецька Л., Цепляк Я., Цiко-та А., Чарняўскi У., Чарняўскi Ф., Шутовiч В., Эпiмах-Шыпiла Б., Яцке-вiч М.[13]
Уласна кажучы, з персаналiй А.Станкевiча i А.Клiмовiча пачыналася праца па стварэннi банка iнфармацыi пра беларускi хрысцiянскi рух ХХ стагоддзя i яго ўдзельнiкаў. У далейшым ён пашыраўся звесткамi з эмiгранцкiх крынiц i знаходкамi ў архiвах Вiльнi, Санкт-Пецярбурга i Мiнска.
Бiяграфii святароў i рэлiгiйных свецкiх дзеячаў падаюцца ў даведнiку ў храналагiчнай паслядоўнасцi i па магчымасцi суправаджаюцца датамi. У выпадку асобы духоўнай указваецца час пасвячэння ў святары i даецца кароткi агляд святарскай дзейнасцi з пералiкам месцаў духоўнай службы i займаемых пасад. Напрыканцы кожнага бiяграфiчнага артыкула ўказвалiся крынiцы iнфармацыi, якiя выкарыстоўвалiся пры яго падрыхтоўцы. Парадак размяшчэння крынiц вызначала iх фактаграфiчная значнасць.
Другi раздзел выдання склалi ўспамiны, увагi i рэфлексii пра беларускiх святароў i рэлiгiйных свецкiх дзеячаў, напiсаныя iх сучаснiкамi, сябрамi i паплечнiкамi. Тут, як i ў першым раздзеле, вытрыманы алфавiтны прынцып размяшчэння матэрыялу i адначасова захаваны аўтэнтычны тэкст i асаблiвасцi мовы арыгiналу. Кожны з матэрыялаў анатаваны спасылкай на крынiцу першапублiкацыi.
Заключны трэцi раздзел выдання ўключае тэксты, фотаздымкi, рэпрадукцыi архiўных дакументаў, непасрэдна цi ўскосна звязаных з вiднымi дзеячамi i ўдзельнiкамi беларускага хрысцiянскага руху ХХ стагоддзя. Яго мэтазгоднасць ў дадзеным выданнi была абумоўлена каштоўнасцю фактаграфiчных матэрыялаў, пераважная большасць з якiх друкуецца ўпершыню.
На вялiкi жаль, з тэхнiчных прычын у дадзены даведнiк не ўвайшло больш за 50 запланаваных персаналiй святароў i рэлiгiйных свецкiх дзеячаў (Г.Акалатовiч, К.Бандарук,У.Блiн, В.Гажальняскi, С.Гардун, Я.Гук, Я.Рапэцкi, Э.Сабiла, Д.Ясько i iнш.). У сувязi з гэтым хацелася б заўважыць, што дадзенае выданне выконвае функцыю падрыхтоўчага матэрыялу да фундаментальнага навукова-энцыклапедычнага даведнiка — лексiкона «Беларускi хрысцiянскi рух». Працу па яго стварэннi ўжо распачаў калектыў беларускiх багасловаў, фiлосафаў, гiсторыкаў i культуролагаў.
Хачу выказаць словы ўдзячнасцi ўсiм тым, хто спрычынiўся да выдання гэтай кнiгi — навукоўцам, архiвiстам, супрацоўнiкам бiблiятэк i музеяў, калегам i сябрам:
дырэктару навуковай бiблiятэкi Лiтоўскай АН Юозасу Марцiн-кявiчусу i супрацоўнiкам аддзела рукапiсаў гэтай бiблiятэкi (Вiльня);
кiраўнiку дэпартамента мiжнародных навуковых сувязей Лiтоўскай АН Нюёлi Марыi Бiкаўскене (Вiльня);
дырэкцыi Лiтоўскага нацыянальнага гiстарычнага архiва ў Вiльнi;
кiраўнiцтву Лiтоўскага цэнтральнага нацыянальнага архiва ў Вiльнi i яго навуковаму супрацоўнiку Мiлдзе Шалумiнене;
кiраўнiку дэпартамента архiўнай службы Латвiйскага гiстарычнага архiва Эрыку Екабсэнсу (Рыга);
дырэкцыi Цэнтральнага дзяржаўнага гiстарычнага архiва ў Санкт-Пецярбургу;
дырэкцыi Расiйскага дзяржаўнага гiстарычнага архiва ў Санкт-Пецярбургу, яго навуковым супрацоўнiкам Алене Агафонавай, Станiславу Багданаву, Серафiме Варэхавай;
дырэкцыi Iнстытута Славiстыкi Польскай АН — Збiгневу Грэню, Iрыдзе Грэк-Пабiсавай, Квiрыне Хандкэ, Лешэку Бэднарчуку (Варшава);
навуковаму супрацоўнiку Галiне Зарэмба, Марыi i Рышарду Румiнскiм (Польшча);
кiраўнiцтву фундацыi «Der Christliche Osten» (Германiя);
навуковаму супрацоўнiку Нью-Йоркскай публiчнай бiблiятэкi Лявону Юрэвiчу (ЗША);
навуковым супрацоўнiкам аддзела рукапiсаў i рэдкай кнiгi ЦНБ iмя Якуба Коласа Нацыянальнай АН Беларусi Янiне Кiсялёвай, Таццяне Мураўёвай, Аляксандру Стафановiчу i Алене Цiтавец (Мiнск);
дырэкцыi Цэнтральнага дзяржаўнага архiва лiтаратуры i мастатцтва i яго навуковаму супрацоўнiку Таццяне Кекелевай (Мiнск);
кiраўнiцтву Дзяржаўнага лiтаратурнага музея iмя Янкi Купалы i яго супрацоўнiкам Жанне Дапкюнас, Ядвiзе Раманоўскай i Марыi Чабатарэвiч (Мiнск);
загадчыку рэдакцыi фiласофii, эканомiкi i права Станiславу Дубянецкаму i загадчыцы рэдакцыi гiсторыi Беларусi Ларысе Языковiч выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» (Мiнск);
навуковаму супрацоўнiку Дзяржаўнага лiтаратурнага музея iмя Якуба Коласа Антанiне Гарон (Мiнск);
загадчыцы аддзела рэдкай кнiгi Таццяне Рошчынай, загадчыцы ад-дзела беларускай лiтаратуры Людмiле Рабок, навуковым супрацоўнiкам Раiсе Казючыц, Дзмiтрыю Давiдоўскаму Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi (Мiнск);
Бранiславе Глякоўскай-Паплаўскай, Iрэне, Уладзiмiру i Яўгену Паплаўскiм — сваякам Станiслава Глякоўскага;
Святаславу Вернiкоўскаму — сыну Аляксандра Вернiкоўскага;
загадчыцы бiблiятэкi Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра iмя Францыска Скарыны Тамары Шкурко;
Валянцiне i Вiталю Скалабанам, Святлане i Барысу Карпцовым, Вользе i Мiхасю Шавыркiным.
1 Stankievic A. Bielaruski chryscijanski ruch. Vilnia, 1939. С. 238.
2 Станкевiч А. Хрысьцiянства i беларускi народ. Вiльня, 1940.
3 Мгр. А.М. [мгр. Антон Мартас]. Матар’ялы да гiсторыi Праваслаўнае Беларускае Царквы. Нямеччына, 1948; Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966;
4 Гарошка Л. Пад знакам «рускае» i «польскае» веры // Божым шляхам (Лондан). 1954. № 60.
5 Вiнiцкi А. Матар’ялы да гiсторыi беларускай эмiграцыi ў Нямеччыне ў 1939—1951 гадох. Ч. 1—3. Лос-Анжэлес, 1968.
6 Лапiцкi М. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква // Царкоўны Сьветач (Чыкага). 1952. № 2.
7 Журня Ф. Беларускiя рэлiгiйныя выданнi ХIХ—ХХ ст. // Божым шляхам (Лондан). 1972. № 4.
8 Bird T.E. Orthodoxy in Byelorussia, 1917—1980 // Запiсы (Нью-Йорк). 1983. № 17.
9 Пятроўскi Я. Тарас Сайка. Гейнсвiл, 1995.
10 Кiпель В. Беларусы ў ЗША. Менск, 1993.
11 Юрэвiч Л. Камэнтары. Менск, 1999.
12 ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 15.
13 ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1.
|