БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Выдавецкія сэрыі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Вяртаньне БНП, Сяргей Ёрш

АСОБЫ



ПА МЯНУШЦЫ “ВОЎК”

Гісторык Анатоль Бадулін у сваім пасквілі “Националист — это человек, сделавший уверенный шаг к фашизму” (Советская Белоруссия, 1996. 20 чэрвеня) сьцьвярджаў, што “ўзьнікненьне ідэалёгіі беларускага нацыяналізму адносіцца да 1940 году, калі на тэрыторыі Польшчы (акупаванай немцамі) у колах беларускіх нацыяналістаў... узьнікла думка пра стварэньне нелегальнай арганізацыі...”. Сапраўды, менавіта ў акупаванай гітляроўцамі Варшаве ў 1940-41 гадох стварыўся арганізацыйны цэнтар Беларускага нацыянальнага Супраціву. Адным зь яго лідараў стаў 20-гадовы Ўсевалад Родзька. Малады патрыёт, таленавіты чалавек, самаахвярны змагар за вызваленьне Бацькаўшчыны, ён яркай зьнічкай бліснуў, асьвяціўшы шлях беларускага вызвольнага руху, і загінуў у акупацыйных катоўнях…

Ус. Родзька нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Чучавічы Лунінецкага павету ў сям’і Філярэта і Веры Родзькаў. Яго бацька — настаўнік, які паходзіў зь вёскі Вераскава на Наваградчыне, у першую сусьветную вайну быў мабілізаваны ў расейскую армію, стаў афіцэрам. З 1918 году Філярэт Родзька настаўнічаў на Мазыршчыне, дзе й ажаніўся з таксама настаўніцай Верай Гулевіч. У 1920 годзе, магчыма, з войскамі генэрала Булак-Балаховіча, яны ўцякаюць ад бальшавікоў на Наваградчыну, у Вераскава. Відаць, па дарозе дахаты, на Лунінеччыне, і нарадзіўся ў сям’і Родзькаў хлопчык, якому бацькі далі імя Ўсевалад.

У 1934 годзе ў Наваградку польскімі ўладамі была закрытая беларуская гімназія. Яе навучэнцаў залічылі ў мясцовую польскую гімназію ймя А. Міцкевіча. Сярод беларусаў, якія туды трапілі, былі й будучыя вядомыя дзеячы беларускай эміграцыі: Барыс Рагуля, Язэп Сажыч і Уладзімер Набагез. Успамінае Б. Рагуля:

“Нас, беларусаў, у гімназіі было пяцёх. У пятай клясе ўжо вучыўся Родзька, які быў запісаны расейцам. Але не яго гэта была віна, а бацькоў... У шостай клясе беларусамі сябе лічыла ўжо восем чалавек, у тым ліку і Ўсевалад Родзька. А гімназію скончыла 13 беларусаў...

Родзька належаў да гарцэрства г. зн. скаўтаў. Гэта была вельмі шавіністычная польская арганізацыя... Усевалад быў вельмі здольным і выбіраўся на камандзіра скаўцкай дружыны. Страшэнна здольны ён быў у мовах, гісторыі, а ў матэматыцы крыху слабейшы.

У 1935 годзе быў нейкі “дзень калёніі” (Польшча дамагалася калёній). Выступае Родзька на сцэне: “Нам трэба калёніі!” Пасьля гэтага мы, Набагез і я, падыходзім да яго: “Каму патрэбны калёніі, табе? Хіба ты ў калёніі не сядзіш?!” Далі яму мы тады перцу так, што ён пайшоў і на беларуса перапісаўся: “Я ваш, я з вамі! — кажа, — хачу пераймаць мэтоду Макіявэлі (тады мы вельмі захапляліся гэтым Макіявэлі). Я мушу ўбіцца ўверх, каб зьверху зрабіць беларускую справу”. Я кажу: “Браток, гэта сьлізкая дарога. Можаш так узьлезьці, што й ня вылезеш пасьля. Мы калёніяў не патрабуем...”

Нялёгка прыходзілася беларускім хлопцам бараніць свае нацыянальныя правы ў польскай гімназіі, але яны выстаялі. Пры гэтым ім удалося пазьбегчы і камуністычнага ўплыву, захаваць свой нацыянальны кірунак. Б. Рагуля ўспамінае, што шмат беларускім гімназістам дапамог сэнатар Васіль Рагуля, які казаў: “Сацыялізм — гэта мост да камунізму. І паколькі ты ня хочаш пераходзіць на той бок рэчкі, дык ня лезь на мост!”. Так беларускія хлопцы саматугам захавалі сваю нацыянальную арыентацыю, яшчэ ня ведаючы, якую ролю ім давядзецца адыграць у беларускім руху праз некалькі гадоў...

У 1938 годзе, пасьля матуры, Родзька, Рагуля і Янка Гутар зьбіраліся паступаць ува ўнівэрсытэт на мэдыцыну, але ў апошні момант іх мабілізавалі ў польскае войска. Рагуля і Родзька трапілі ў падафіцэрскую школу ў Замброў. Там, паводле словаў Барыса Рагулі, Ус. Родзька, хоць і запісаўся беларусам, зноў “разыгрываў свой прапольскі кірунак”. Аднойчы ў часопісе школы ён надрукаваў прапольскі патрыятычны верш “12 лістапада”... Хацеў Усевалад атрымаць першую лекату (стаць першым курсантам школы) і атрымаў бы яе, каб ня быў запісаны беларусам. Яму ж далі толькі трэцюю...

Трапіўшы ўвосень 1939 г. у нямецкі палон, Усевалад Родзька выйшаў на волю вясной 1940 году. Ён наладжвае кантакты з Беларускім камітэтам у Варшаве, узначальвае яго кракаўскую філію. Менавіта ў гэты час праяўляецца ягоны талент арганізатара, самаахвярнасьць стойкага беларускага патрыёта. Яго заўважылі. Айцец Вінцэнт Гадлеўскі паверыў маладому хлопцу й прыцягнуў Усевалада да падпольнай працы. Цяпер Родзька з “унутранага”, яшчэ юнацкага “падпольля” ўваходзіць у сапраўдную нелегальную дзейнасьць. Ужо не было патрэбы “гуляць” з палякамі, бо пачыналася вялікая гульня зь немцамі, стаўкі каторай былі вельмі вялікія — незалежнасьць Беларусі...

Да сёньняшняга дня застаецца не высьветленым да канца час узьнікненьня Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП). Эміграцыйны гісторык Вацлаў Пануцэвіч лічыў, што яна ўзьнікла ў 1939 г. у Вільні й аформілася ў 1940-41 гг. у Варшаве. У большасьці іншых крыніц, у тым ліку і савецкіх, паведамляецца, што БНП арганізавалася ў 1942 годзе ў акупаваным немцамі Менску. Як бы там ні было, а ў 1940-41 гадах у Польшчы а. Гадлеўскі сфармаваў арганізацыйны цэнтар Беларускага нацыянальнага Супраціву.

У найноўшай гісторыі хапае прыкладаў, калі сьвятары ачольвалі вызвольныя рухі паняволеных народаў. Напрыклад, у міжваенны час каталіцкі сьвятар Андрэй Глінка ачоліў славацкую нацыяналістычную партыю, якая выступала за стварэньне незалежнае славацкае дзяржавы (а. В. Гадлеўскі ў 1936-39 гг. у Заходняй Беларусі кіраваў нацыяналістычным “Беларускім фронтам”). Падчас Другой сусьветнай вайны пасьлядоўнікі а. Глінкі ўтварылі шэраг патрыятычных ваенізаваных арганізацый, як “Глінкаўская моладзь”, “Глінкаўская гвардыя” ды інш., якія складалі галоўную сілу вызвольнага руху.

У ліпені 1941 г. Усевалад Родзька, пры падтрымцы абвэру, зь якім супрацоўнічаў (гэта быў тактычны крок а. Гадлеўскага), стаў бурмістрам Віцебску. Ён паступова праводзіць беларусізацыю гораду, з 1942 г. арганізоўвае выхад газэты “Беларуская Старонка”, у якой часта выступае з публіцыстыкай і фэльетонамі. Адначасова Родзька праводзіць актыўную падпольную працу — выконвае інструкцыі а. В. Гадлеўскага.

У жніўні 1941 году пры непасрэдным удзеле Ўс. Родзькі была падрыхтавана і праведзена беларуска-ўкраінская антыбальшавіцкая вайсковая апэрацыя на Палесьсі. І сёньня ўкраінскія гісторыкі з захапленьнем пішуць пра гэтую вайсковую акцыю, у якой удзельнічала 10 тысяч жаўнераў Палескай Сечы Ўкраінскай Паўстанчай Арміі і 5 тысяч беларусаў — удзельнікаў Беларускай самаабароны, якая стыхійна ўзьнікла на пачатку вайны на Берасьцейшчыне і Піншчыне. У выніку апэрацыі пад беларуска-ўкраінскі кантроль была ўзята вялікая тэрыторыя: ад Пінску да Мазыра і ад Слуцку да Сарнаў. Пазьней злачынная нямецкая палітыка змусіла гэтыя аддзелы йсьці ў лес і арганізоўваць нацыянальны партызанскі рух (Беларуская народная партызанка і УПА). Аднак Родзька застаўся працаваць на становішчы бурмістра, якое давала шмат магчымасьцяў у падпольнай працы. Праўда, ілюзіі наконт нямецкіх “вызваляльнікаў”, якіх і так было няшмат, хутка зьніклі.

Пасьля гібелі Гадлеўскага ў катоўнях гестапа, Ўсевалад Родзька фактычна становіцца кіраўніком нацыянальнага антынямецкага падпольля ў Беларусі, а перадусім яго найбольш актыўнай часткі. і гэта ў 22 гады! Бузумоўна, не хапала досьведу, верных сяброў і саюзьнікаў. Але Родзька знаходзіў выйсьце нават у самых безнадзейных сытуацыях. Патрэбна была зброя й ён — дзеля барацьбы з бальшавікамі — браў яе ў абверу. А хто яшчэ даў бы яе беларусам? Заходнія саюзьнікі? Усе спробы наладзіць зь імі кантакты ні да чаго не прывялі...

У студзені 1944 году Ўсевалад Родзька ўваходзіць у Беларускую Цэнтральную Раду, дзе адказвае за працу з моладзю. Менавіта моладзь складала асноўную частку сяброў БНП. А калі ў сакавіку 1944-га пачалася мабілізацыя ў Беларускую Краёвую Абарону, Родзька ачольвае 15-ты батальён БКА. Ён, праз свой вайсковы партыйны актыў, быў фактычным кіраўніком БКА, у той час калі маёр Кушаль камандуючым быў толькі намінальна. Кіраўніцтва БНП у гэты час рыхтуецца да збройнай барацьбы з бальшавікамі: ствараюцца ня толькі легальныя вайсковыя структуры, але й партызанскія аддзелы, пашыраецца падпольная сетка.

Сябра ЦК БНП Б. Рагуля ўспамінае: “Быў у Родзькі плян путчу ў Менску падчас Другога Усебеларускага кангрэсу. Асноўнай сілай мусіў стаць мой батальён, які знаходзіўся пад Докшыцамі. Нам павінны былі падаць цягнік, каб мы пераехалі ў Менск. Там мы бы сталі галоўнай сілай аховы кангрэсу і заплянаванага путчу, мэтай якога было б абвяшчэньне незалежнае Беларускае Народнае Рэспублікі. Але эшалёну немцы нам не далі, бо, магчыма, нешта пранюхалі...” Плян антынямецкага паўстаньня ў Менску, які распрацаваў Родзька, быў, ведама, фантастычны. Сілаў у БНП было вельмі мала! Значна менш, чымсьці ў польскай Арміі Краёвай падчас варшаўскага паўстаньня. Тым больш, што пачалася апэрацыя “Баграціён” і савецкія танкі імкліва набліжаліся да Менску. Таму частка сяброў ЦК БНП выступіла супраць самагубчага пляну. Неабходна было захаваць людзей дзеля будучай партызанскай і падпольнай барацьбы з новымі акупантамі.

Летам 1944 года ўва Ўсходняй Прусіі, у мястэчку “Дальвіц”, быў арганізаваны беларускі дэсантны батальён, які павінен быў стаць найбольш баяздольнай адзінкай антыбальшавіцкага партызанскага руху. Немцы забясьпечвалі беларусаў зброяй, амуніцыяй, і самалётамі перакідвалі на Беларусь. Палітычным кіраўніком быў маёр Ус. Родзька, а камандзірам батальёну — маёр Іван Гелда, сябра БНП, які толькі вызваліўся з беластоцкай турмы гестапа. Родзька верыў у паўстанцаў на Бацькаўшчыне й хацеў забясьпечыць ім вайсковае й палітычнае кіраўніцтва. Да пачатку 1945 г. было выпраўлена некалькі вялікіх дэсантных групаў, а таксама асобныя дэсантнікі. Усе яны лічыліся жаўнерамі Беларускага Краёвага Войска (БКВ) і сябрамі Беларускай Вайсковай Арганізацыі (БВА). БВА была ўтворана яшчэ ў 1944 годзе, як адзін з варыянтаў БНП, але толькі ў красавіку 1945-га ў Берліне прайшла першая нелегальная канферэнцыя вайскоўцаў БВА. Большасьць яе ўдзельнікаў выказаліся за ўдзел у партызанцы на Бацькаўшчыне. Прысутны на канферэнцыі праваднік СБМ Міхась Ганько пакаяўся ў сваіх памылках ды заявіў, што далучыцца да дэсантаў, як шараговы партызан...

Нягледзячы на ўсе намаганьні, Усевалад Родзька ня здолеў перакінуць свой батальён на Беларусь. Вясной 1945-га ў немцаў ужо не было лішніх самалётаў... Але ён не губляе аптымізму. Нават пасьля капітуляцыі Нямеччыны й раззбраеньня батальёну “Дальвіц” у Чэхіі мясцовымі партызанамі Родзька з групай сваіх хлопцаў пешым маршам прабіваецца на Беларусь. На Беласточчыне яны затрымаліся, тут і адбыўся правал — Родзьку і яшчэ некаторых арыштавалі гэбісты. Выратаваліся нямногія. Напрыклад, Юрка Сянькоўскі ўцёк на Захад. Іншыя працягвалі пешы марш на ўсход і ўліліся ў партызанскую армію генэрала Вітушкі.

Арыштаванага кіраўніка БНП Родзьку (партыйная мянушка “Воўк”) прывезьлі ў Менск, у “амэрыканку”. Там у яго патрабавалі раскрыць падпольныя структуры, партызанскія базы й групы сувязі. Магчыма, катавалі... У 1995 годзе ў Менску выйшла кніга Аляксея Салаўёва “Белорусская центральная рада: создание, деятельность, крах”, дзе аўтар выкарыстоўвае ўрыўкі з паказаньняў Ус. Родзькі. Толькі ня піша ён, якімі мэтадамі выбіваліся паказаньні ў гэтага маладога хлопца, і што зь ім зрабілі чэкісты.

У ліпені 1997 года я быў у гасьцёх у Лявона Луцкевіча, апошняга з тых, хто праходзіў па “справе шасьцёх” (Родзька, Гелда, Луцкевічы, Усевалад Кароль, Янка Гінько). Паводле словаў Луцкевіча, Родзька расказаў на сьледзтве “нават тое, што мог не гаварыць”. Аднак Лявон Луцкевіч ня верыў, што такая вялікая асоба, як Родзька, мог “проста так здаваць сваіх паплечнікаў. Відаць, спрабаваў арганізаваць нейкую гульню й перайграць Цанаву. Але дзе-ж ты яго перайграеш?!..” Сябра БНП Янка Жамойцін тлумачыць напісаньне Родзькам падрабязных успамінаў у турме тым, што ён хацеў захаваць для гісторыі сьведчаньні пра дзейнасьць Беларускага Супраціву. А што да “гульні”, дык ёсьць фактам, што некаторым арыштаваным дэсантнікам БНП чэкісты прапаноўвалі магчымасьць дэсанту ў Грэцыю(!). Ці не на баку камуністычных партызанаў яны там павінны былі ваяваць?! Але гэтая справа толькі словамі й скончылася...

Дзесьці ў траўні 1946 года адбыўся суд. Родзька і Гелда былі засуджаныя на сьмерць. Было Усеваладу, як і Кастусю Каліноўскаму, толькі 26 гадоў... Адныя крыніцы паведамляюць, што яго павесілі, другія — што расстралялі. Ходзяць нават чуткі, што яму захавалі жыцьцё і жыў ён у Сібіру. А Юрка Віцьбіч на фотакопіі паказаньняў Родзькі, якую зьмясьціў у кнізе “Саўдзельнікі ў злачынствах” В. Раманоўскі, не пазнаў яго почырку. Загадка?..

“Для мяне Родзька застаўся героем, — гаворыць Б. Рагуля, — ён і загінуў як герой, як Каліноўскі. І я схіляю галаву перад гэтым чалавекам. Усё ж такі ён заплаціў жыцьцём за ідэю. Ні за грошы, ні за што іншае, а за ідэю...”

Была ўва Ўс. Родзькі прыёмная дачка. Пасьля вайны жыла з маці ў Парыжы. Эмігранты кажуць, што яна выйшла замуж за гішпанца і цяпер беларускай мовы, напэўна, ня памятае. Магчыма, ня памятае яна і свайго бацьку, беларускага героя, што паклаў сваё жыцьцё на аўтар Бацькаўшчыны...

ІНТЭРВІЮ З КАМАНДЗІРАМ “ЛЯСНЫХ БРАТОЎ”

На Віцебшчыну мы з сябрам паехалі на машыне на пачатку кастрычніка. Чатырыста кілямэтраў ад Слоніму да Шаркаўшчыны адолелі за шэсьць гадзін. З дапамогай мапы, нарэшце, знайшлі вёску Малыя Алашкі. Пад праліўным дажджом, па невялікім мастку, не бязь цяжкасьцяў, фарсавалі рэчку і распачалі пошукі хаты Віктара Сікоры. Ён нас ужо чакаў. Ці не адразу я ўключыў дыктафон.

ДАВЕДКА: Віктар СІКОРА нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Малыя Алашкі ў сям’і Івана Сікоры, вядомага садавода, які на пачатку стагодзьдзя вёў перапіску з Коласам, Купалам, Львом Талстым. Віктар Сікора скончыў 6 клясаў польскай школы, а падчас нямецкай акупацыі — шасьцімесячныя курсы, пасьля якіх у 1942 годзе паступіў у Пастаўскую настаўніцкую сэмінарыю. У 1943 годзе, калі арганізаваўся Саюз Беларускай Моладзі, Віктар Сікора стаў адным з яго кіраўнікоў у Паставах. З красавіка 1944 года — сябра падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП). Вясною-летам 1945 года — камандзір аддзелу беларускіх “лясных братоў” на Шаркаўшчыне. Арыштаваны 5 сьнежня 1945 году. Сядзеў у менскай “амэрыканцы”. З бальшавіцкіх канцлягероў на Бацькаўшчыну вярнуўся ў 1955 годзе.

— Сп. Віктар, што ўяўляў сабой Пастаўскі СБМ?

— У нашай мясцовасьці СБМ пачаўся ўвосень 1943 году, калі ён арганізаваўся пры настаўніцкай сэмінарыі. Амаль усе навучэнцы адразу запісаліся ў Саюз, а тыя, што пажадалі стаць малодшымі кіраўнікамі, паехалі на адмысловыя курсы СБМ у Альберцін. Быў там месяц і я. Вярнуліся адтуль мы ўжо дружыновымі.

Я ачольваў СБМ у настаўніцкай сэмінарыі, а ў Пастаўскім раёне — Аўген Занкавіч. Пастаўскі раён уваходзіў тады ў Глыбоцкую акругу. Акруговым кіраўніком СБМ у хлопцаў быў Аўген Мацюшонак, а пасьля яго — Мечыслаў Рачыцкі. У дзяўчат акруговай кіраўнічкай была Ульяна Куштэлян. Тое, што СБМ зрабіў за няпоўны год, бальшавікі за 70 гадоў не зрабілі ў камсамоле...

Пасьля Мацюшонак накіраваў мяне і Рачыцкага ў Менск на 40-дзённыя курсы.

— У якім гэта было годзе?

— У 1944-ым. З усёй Беларусі зьехаліся хлопцы. Лейтэнант Язэп Сажыч вёў ваенную справу, нас муштраваў. На гэтых курсах найбольшую ролю адыгрываў Родзька. Ён часта прыходзіў. Сымпатычны, малады, яму было 23-24 гады. Родзька быў выдатным аратарам. Такіх прамоўцаў трэба было пашукаць! Гэта быў адзін з самых разумных людзей, каторых я ведаў. Быў яшчэ Барыс Рагуля, камандзір коннага эскадрону. Ён прыяжджаў некалькі разоў і вельмі сябраваў з Родзькам. А вось Міхась Ганько, праваднік Галоўнага Штабу СБМ з Родзькам штосьці не сябраваў. І ня ведаю нават, чаму.

У нас на курсах выкладаў Аўген Калубовіч. Вельмі прыгожа гаварыў ён па-беларуску. Зь Міколам Шкялёнкам, першым намесьнікам прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады, пазнаёміўся. Як ішоў па Менску, мяне ўсё браў, як ахову. Бо Менск разбураны быў, ляжаў у руінах. У мяне былі два пісталеты, якія Родзька выдаў...

— Калі Вы ўпершыню пачулі пра Беларускую Незалежніцкую Партыю?

— Было так. Спачатку ніхто нічога не гаварыў. Кожны з выкладчыкаў выказваў свае погляды, слухалі нас, прыглядаліся, як хто сябе паводзіць. Бо розныя людзі трапілі на курсы... Ну, а пасьля я пазнаёміўся з Родзькам. Сталі неяк зьбірацца на тайныя сходы. Родзька нам казаў: “Трэба гуртавацца, трэба ўмацоўваць свае становішчы, зьбіраць сілы... Для нас аднолькавыя ворагі — фашызм і камунізм. Але нам няма дзе падзецца. Пападземся паміж імі й нас зьнішчаць, наогул, сатруць... Немцы, хоць і ворагі — паляць вёскі, забіваюць людзей, і мы гэта бачым, але ж хоць даюць “людзьмі звацца”, хоць можна на роднай мове гаварыць, вучыцца...

Цяпер самы адказны час. Яшчэ раз мы павінны выбраць меншае ліха. Два злы, ліхі ёсьць. Мы мусім выбраць меншае ліха і павінны зь ім ісьці. Тым больш, немцы абяцалі нас узброіць. Нам трэба атрымаць ад іх зброю... Камунізм для нас большы вораг, бо немцам ужо прыходзіць канец. А бальшавікі, як прыйдуць, так і пойдуць...

У нас ёсьць партыя падпольная, тайная. Наперадзе нас чакае змаганьне за вольную Беларусь. Пасьля мы павінны будзем змагацца з бальшавікамі. Калі ўдасца перайсьці ў падпольле, будзем на нелегальным становішчы. І сыстэма ў нас будзе такая, што адзін ведае толькі трох чалавек і больш нікога. Кансьпірацыя такая”.

Былі вялікія спадзяваньні на Захад, на Англію і Амэрыку. Мы верылі, і Родзька на іх спадзяваўся. “Нам трэба ўзяць у іх [немцаў] зброю, каб мы маглі пасьля ўтрымаць Беларусь”, — казаў ён.

На гэтай першай сустрэчы, якая праходзіла ў гасьцініцы на цяперашняй Камсамольскай вуліцы, было 12 чалавек з эсбээмаўскіх курсаў. Усіх нас Родзька прыняў у падпольную Беларускую Незалежніцкую Партыю. Неўзабаве ён адвёз мяне й іншых хлопцаў у Вільню на вуліцу Коленштрасэ, гэта Вугальная, а па-летувіску — Англю. Там знаходзілася адна нямецкая сакрэтная ўстанова.

— Родзька вам патлумачыў, дзеля чаго вы туды едзеце?

— Не. Там нам далі запоўніць анкеты па-нямецку і па-беларуску, што “я, Сікора Віктар, абязуюся дапамагаць нямецкаму вэрмахту”. Зразу далі мне польскі пісталет “Радам”. Родзька сказаў мне: “Стварай сваю групу і прывозь яе сюды”. Я адказваю: “Мы ж вэрбуемся! Каб я гэта ведаў, не паехаў бы! Я зь немцамі нічога ня маю, зь імі не супрацоўнічаю. Вы ж упіхнулі мяне не туды!..”

Родзька ж гаворыць: “Не зьвяртай на гэта ўвагі. Трэба выконваць заданьне. Раз мы стварылі сваю Незалежніцкую Партыю... У нас зброі няма, а дзе мы возьмем? У нас яе няма. Мы хутка пераходзім на нелегальнае становішча. Ты што, ня бачыш, што вось-вось прыйдуць бальшавікі? І што, уцякаць? Трэба ж некаму застацца! Нам трэба сваю справу рабіць!”. Ну і ўсё. Я вярнуўся ў Паставы і ўцягнуў чалавек сорак, амаль усіх сваіх хлопцаў.

— Вы іх прымалі ў БНП?

— Так, Занкавіча прыняў. Хоць ён быў маім кіраўніком у СБМ, у БНП было наадварот. Я быў прызначаны партыйным кіраўніком на Пастаўскі раён, а Аўген Занкавіч — маім намесьнікам. Былі яшчэ Лапіцкі Алег, Прыстаўка Вячаслаў, Латышонак Аляксандар, Жыхар Аўген, Грыгор’еў...

Пасьля, калі мяне арыштавалі чэкісты, я сказаў, што завэрбаваў з сэмінарыі толькі 10 чалавек. Тых, каго ў красавіку 1944 году завёз у Вільню. Тут ужо нікуды ня дзенесься. Ды яны ўсе пасьля трапілі ў батальён “Дальвіц”... У Вільні я атрымаў дакумэнт, што зьяўляюся кіраўніком узброенай групы абвэра, і каб усе нямецкія органы мне аказвалі дапамогу. Некалькі разоў мяне правяралі немцы і кожны раз гэты дакумэнт дзейнічаў — зразу адпускалі.

— Якое апошняе заданьне Вы атрымалі ад Усевалада Родзькі?

— Трэба было на Кангрэс прыехаць, які праходзіў у Менску напрыканцы чэрвеня 1944 году. Сабраць сваіх людзей і прыехаць. Родзька сказаў, што “там усё вырашыцца”. Са мной было 12 чалавек, мы ехалі ўзброеныя вінтоўкамі і пісталетамі на цягніку. За Лынтупамі паравоз быў падарваны. Відаць, акоўцы зрабілі дывэрсію. Цягнік пачалі абстрэльваць зь лесу. Дзявацца не было куды, мы адстрэльваліся, аж пакуль бронецягнік не падышоў. Прыйшлося нам вярнуцца ў Паставы. На Кангрэс мы ня трапілі.

А апошні раз я сустракаўся з Родзькам дзесьці ў траўні 1944-га ў Вільні, на сьвяткаваньні 25-х угодкаў Беларускай гімназіі. Астроўскі там быў. Забэйда-Суміцкі выступаў, Родзька. Ён ужо быў у вайсковай форме беларускага афіцэра, старшага лейтэнанта. На мундзіры былі бел-чырвона-белыя пятліцы й Ярылавы крыжыкі. Я стаяў там на варце, ахоўваў мерапрыемства...

— Як сталася, што Вы ня трапілі ў дэсантны батальён “Дальвіц”?

— Быў пачатак ліпеня. У беспарадку адступалі немцы. Хацеў адступаць і я. Але тут прыехалі людзі ад Родзькі й кажуць: “Мы ад Родзькі. Ты павінен застацца. Вось табе даведка, што ты — партызанскі сувязны. Гэта загад!”. Ведаеце, загад ёсьць загад. Я застаўся, а хлопцы мае пайшлі на захад, ува Усходнюю Прусію. Там трапілі ў дэсантны беларускі батальён “Дальвіц”. Расказваў мне Латышонак, што не ўдалося ім перайсьці да заходніх хаўрусьнікаў. Паабяцалі ім дапамагчы й падвялі... Тады яны з Родзькам пайшлі пешым маршам праз Польшчу. І недзе там Родзька, па сваёй неасьцярожнасьці, быў арыштаваны. А яны далей пайшлі групай. Прыйшлі сюды, а тут “істрабкі”, палявое НКВД...

— Арганізавалі яны тут што-небудзь?

— Многіх хутка паарыштоўвалі. Некаторых нават з Чырвонай Арміі пабралі. Ведаеце, сама структура, кансьпірацыя была яшчэ неадпрацаваная... Адзін толькі Жыхар дзейнічаў.

— Калі Вы пайшлі ў лес?

— Я баяўся, што мяне арыштуюць, даведаюцца пра маю дзейнасьць у СБМ. Пайшоў у Чырвоную Армію. Трапіў аж на Ўкраіну, пад Белую Царкву, быў пісарам у роце. А калі даведаўся, што на 1-шы Прыбалтыйскі фронт накіроўваецца эшалён, запісаўся добраахвотнікам. Недаяжджаючы да Дзьвінску, з цягніка ўцёк. Гэта быў канец лістапада. Ужо пачыналіся маразы. А мае аднавяскоўцы напісалі з войска дахаты, што я ўцёк. Пачалі шукаць. Бацька тады выкапаў яму пад бульбай і я там хаваўся чатыры месяцы — да вясны. А як сьнег сышоў, падаўся ў лес. Там сустрэў шмат такіх як я. Былі мы добра ўзброеныя, мелі нават “дзегцяры” — кулямёты.

У нас тут лясы. Аж да Браслава адзін толькі лес — ніводнай жывой душы. Разьбіліся на атрады па 20-40 чалавек, бо разам было цяжка. У цяжкадаступным месцы пабудавалі сабе ў лесе дамкі, самыя пяклі хлеб — была свая пякарня, гаспадарка.

— Колькі чалавек было ў Вашым атрадзе?

— Каля трыццаці.

— Вы былі ў іх камандзірам?

— Так, слухаліся мяне. Праўда, у нас была “дэмакратыя”...

А пасьля капітуляцыі Нямеччыны саветы абвесьцілі амністыю дэзэрцірам і многія хлопцы павыходзілі зь лесу, паверылі. Шмат хто меў у вёсках сем’і...

— Як Вы трапілі ў рукі чэкістаў?

— Да мяне прыйшоў сувязны зь Вільні — “Каліноўшчык”, які аказаўся агентам НКВД. Малады хлопец, добра абазнаны ў справах БНП. Ён прыйшоў у Малыя Алашкі і ашукаў бацьку. Сказаў яму, што “пойдзем за мяжу, тут нічога не робіцца, а ўжо скончылася вайна і абвешчана амністыя. У лесе засталося мала людзей. Тых, хто застаўся, перакідваем за мяжу”. Папрасіў, каб бацька зьвёў яго са мною. З “Каліноўшчыкам” я сустракаўся некалькі разоў. Ён прапанаваў, каб я прывёў на сустрэчу ўсіх сваіх хлопцаў. А ў той час (пачатак жніўня 1945 году) са мной заставалася пятнаццаць чалавек, узброеных аўтаматамі ППШ...

Мяне не арыштавалі. Чэкісты мяне ўзялі й сказалі: “Выведзі гэтую групу зь лесу, тады цябе не зачэпім”. Я кажу: “Ну дык я ўжо выйшаў...” “Ну, нічога, ужо як-небудзь дапамажы”. Мяне нібыта амніставалі, уладкавалі на працу на пошту, памочнікам начальніка аддзяленьня. Жыў дома, але пад наглядам...

Я ўжо ведаў, што мяне пасадзяць. Мог уцячы, але тады чэкісты арыштавалі б маю сям’ю... Перадаў у лес хлопцам вестку, каб яны ішлі адсюль. І вось яны кажуць: “Адыходзім, пойдзем на Польшчу”. І пайшлі. Гэта ўсе мясцовыя хлопцы былі, беларусы. Зь іх памятаю Міцкевіча. Хата ягоная стаяла ў лесе недалёка ад Алашак.

Мяне узялі 5 сьнежня 1945 году. Прышлі два лейтэнанты, сяржант і сем аўтаматчыкаў. Акружылі хату... Пешшу прывялі мяне ў Варапаева, а пасьля на цягніку прывезьлі ў Вялейку. Пакуль ехаў у таварным вагоне, рукі і ногі былі зьвязаныя калючым дротам... Пасьля Вялейкі завезьлі ў менскую “амэрыканку”, дзе мяне жудасна катавалі... Ніхто ў сьвеце так ня зьдзекваўся над людзьмі, як рабілі бальшавікі. У Воршы ў перасыльнай турме ў камэры, якая разьлічана на 20 чалавек, сядзела 240. Каленкі ў каленкі, сьпіна да сьпіны...

— Што пыталіся ў Вас сьледчыя?

— Яны ўжо ўсё ведалі. На мяне далі паказаньні Родзька і Марцінкевіч. Марцінкевіч выкладаў фізкультуру ў Віленскай Беларускай гімназіі й кіраваў Віленскім камітэтам БНП. Мне зразу далі паперу: “Знаеш почырк Родзькі?” Родзька пісаў, што я быў па Пастаўскім павеце кіраўніком БНП і была мной створана ўзброеная група...

— Які Вам быў прысуд?

— Дзесяць гадоў лягероў і 5 гадоў паражэньня правоў. Трапіў я на золатаздабыўчыя шахты ў Бадайбо, гэта Якуція. А пасьля быў у Тайшэцкім “Озерлагу”. Там давялося мне ўадзіночку хаваць ксяндза Адама Станкевіча, але гэта асобная гісторыя...

— Вы ўспаміналі Аўгена Жыхара, які апошні змагаўся з бальшавікамі...

— Гэта быў таленавіты хлопец, пісаў прыгожыя вершы. Родам ён з вёскі Новадруцк. Быў у СБМ, вучыўся ў Паставах у настаўніцкай сэмінарыі. Я яго прымаў у Беларускую Незалежніцкую Партыю. А пасьля Аўген трапіў у “Дальвіц” і вярнуўся сюды з дэсантам. У яго была партызанская група, “бандай” яе называлі. Дзейнічала яна ў Пастаўскім раёне, каля Варапаева. Тэрарызавала камуністаў, савецкіх актывістаў, даносчыкаў і гэбістаў. Я вярнуўся зь лягероў, а Жыхар яшчэ быў у лесе. Ён загінуў напрыканцы лета 1955 году. Яго абкружылі на хутары ў сямёх кілямэтрах ад Паставаў. Прыйшлося Аўгену пусьціць сабе кулю ў лоб...

“ЗАСТАЮСЯ ВЕРНЫ БЕЛАРУСКАЙ НЕЗАЛЕЖНІЦКАЙ ПАРТЫІ !..”

З сябрам БНП Андрэем Вайтовічам я пазнаёміўся выпадкова зімой 1996 году. Стары беларускі нацыяналіст, які прайшоў бальшавіцкія канцлягеры й турмы, тайны нагляд КГБ, ён ня стаў кідацца да мяне з абдымкамі. Вайтовіч трымаўся насьцярожана і, мусіць, не выключаў чарговай правакацыі з боку органаў дзяржбясьпекі. Распружыла гэтую насьцярожанасьць фотакартка Вітушкі, якую я выпадкова захапіў з сабою й цяпер паказаў спадару Андрэю... Пасьля таго, як я даў Вайтовічу пачытаць свае артыкулы пра БНП (дзе, дарэчы, успамінаўся й ён), давер да маёй асобы быў здабыты.

— У Беларускую Незалежніцкую Партыю мяне прымаў Барыс Рагуля ў клясе настаўніцкай сэмінарыі ў Наваградку, — успамінае Андрэй Вайтовіч. — Пасьля свайго ўроку нямецкай мовы на матуральным курсе Барыс адпусьціў дзяўчат, пакінуўшы у клясе толькі хлопцаў — каля дваццаці чалавек. “Я з вамі трошкі пагавару”, — сказаў ён і пачаў шчырую размову з намі. Рагуля гаварыў, што ня трэба спадзявацца на немцаў, бо яны нам таксама нічога добрага не жадаюць. Таму мы павінны арганізавацца, і ў нас будзе свая партыя — падпольная. Барыс Рагуля казаў, што нашая мэта — захаваць моладзь. Дзеля гэтага створана БНП, ствараецца Наваградзкі беларускі эскадрон. Нельга было дапусьціць, каб беларуская моладзь ішла да савецкіх партызанаў або вывозілася на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Гэта была праграма-мінімум. Галоўнай мэтай БНП было змаганьне за незалежнасьць Беларусі. Усё сказанае Барысам мы ўспрынялі вельмі прыхільна. Усе ўсталі й паўтарылі за Барысам словы прысягі...

Андрэй Вайтовіч шмат мне расказваў пра сваіх сяброў па партыі, але зусім мала пра сябе. Ён нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Залоскі, што каля Любчы (Наваградчына) ў шматдзетнай сялянскай сям’і. З маленства працаваў — дапамагаў бацьку. У школе паказваў сябе здольным вучнем, але, каб працягваць навуку, патрэбныя былі грошы, якіх ня мелі ягоныя бацькі... Ратавала дапамога старэйшага брата, знаёмых. Паехаў вучыцца ў Вільню ў электрамэханічную гімназію, паступіў. Зноў не было грошай, але дырэкцыя адзначыла яго здольнасьці й стараннасьць — атрымаў стыпэндыю. Вайна ня дала скончыць гімназію — паміж Вільняй і Любчай зьявілася мяжа... Падчас нямецкае акупацыі закончыў матуральныя курсы й вучыўся ў настаўніцкай сэмінарыі ў Наваградку. Тут ён уступіў у Беларускую Незалежніцкую Партыю, спаткаў сваё першае каханьне...

— Тамара Чарамшагіна была маёй сымпатыяй, маім плятанічным каханьнем, — успамінае А. Вайтовіч. — Яна паходзіла зь Любчы й жыла там да 1942 году. Пазнаёміліся мы яшчэ пры “першых саветах”, калі разам вучыліся ў Любчанскай сярэдняй школе. Калі ў вайну ў Наваградку арганізавалася сэмінарыя, прыехала вучыцца й Тамара. Спачатку яна жыла ў інтэрнаце, але калі я ўбачыў тыя непарадкі, уладкаваў яе і Веру Краскоўскую на прыватную кватэру... Напрыканцы 1943-га я запісаўся ў эскадрон Барыса Рагулі, а Тамара працягвала вучыцца.

Улетку 1944 году Барыс Рагуля прывёў свой батальён у Наваградак. Ужо ўцяклі немцы й недалёка былі бальшавікі. Ён пастроіў сваіх хлопцаў на Замкавай гары й сказаў наступнае:

— Сябры! Я вас адсюль узяў, сюды й прывёў. Немцы ўжо адступілі, а заўтра адступім і мы. Я не прымушаю, каб вы ўсе адыходзілі на захад. Хто хоча з намі, калі ласка, хто ня хоча, заставайцеся...

Вайтовіч вырашыў ісьці з Барысам. Не захацела заставацца й Тамара Чарамшагіна.

— Ты добра падумала, што робіш? — пытаўся ён у Тамары.

— Падумала...

— А можа нам прыйдзецца ўсё жыцьцё там быць? Ты на гэта згодная?

— Я згодная.

І яны адступалі разам. Трапіўшы ў Варшаву, вырашылі паехаць у чэскую Прагу — хацелі вучыцца. Атрымалі ад Рагулі паперы, паехалі туды, а там эвакуацыя. Пра працяг навукі не магло быць і гаворкі. Вярнуліся. А тут сябры ўжо ад’яжджалі ў Дальвіц. Паехалі й яны...

— Дзяўчат у батальёне было мала, і яны праходзілі курсы радыстак. Зразумела, што да іх была павышаная ўвага хлопцаў, асабліва да Тамары. Я быў, мусі, самы непрыгожы. А было шмат добрых, “языкастых” хлопцаў... Мяне хутка адправілі на Беларусь, і мы разлучыліся назаўсёды...

Андрэй Вайтовіч дэсантаваўся ў верасьні 1944 г. на Дзятлаўшчыне, куды яго скінулі памылкова. Перад адпраўкаю Б. Рагуля загадаў яму забыцца пра нямецкія заданьні, а выконваць толькі даручэньні партыйнага кіраўніцтва. Ён павінен быў вэрбаваць сябраў БНП, зьбіраць зьвесткі пра сытуацыю на Бацькаўшчыне й падрыхтаваць лясную пляцоўку для прыёму самалёта.

Усё пачалося добра. Вайтовіч прыйшоў у родныя мясьціны, знайшоў сваіх былых сяброў, сабраў інфармацыю пра дзейнасьць бальшавіцкіх уладаў. Ня ведаў ён, што за ім ужо пільна сочаць агенты дзяржбясьпекі і што выдаў яго Павал Турайкевіч. Той самы Павал, зь якога ў настаўніцкай сэмінарыі ня браў ніякай платы за вучэньне (Вайтовіч быў гаспадарнікам і зьбіраў харчы, якімі аплочвалася навучаньне), зь якім разам уступалі ў Беларускую Незалежніцкую Партыю, служылі ў эскадроне Рагулі...

— Сьледчы ў мяне неяк запытаўся: — А как вы относитесь к Турейкевичу?

Я гавару, што добра. На гэта ён сказаў тады яшчэ не зразумелыя мне словы:

— Бывают случаи, когда люди могут ошибаться...

Пасьля, калі знаёміўся са сваёй справаю, убачыў, што першай паперкай быў ордэр на мой арышт, а другой — паказаньні Паўла ў той самы дзень, калі я зь ім сустрэўся...

На допытах мяне пачалі абвінавачваць у прыналежнасьці да СБМ. Я кажу:

— Не! Я быў у самай аўтарытэтнай партыі!

— В какой?

— У Беларускай Незалежніцкай Партыі!

Гэбісты патрабавалі ад Вайтовіча раскрыцьця ЦК БНП, складу якога ён ня мог ведаць. Катавалі... Шэсьцьдзесят чатыры дні правёў спадар Андрэй у адзіночцы, сядзеў у карцэры, амаль шэсьць дзён трымаў галадоўку, якую гвалтоўна спынілі чэкісты. Нарэшце яго прывялі да міністра дзяржбясьпекі Цанавы. Той пачаў здалёк: “Мы знаем, что ты не советский человек, но вот что тебя заставило вести борьбу с советской властью?..” Пасьля Цанава ня вытрымаў й запытаўся пра галоўнае:

— Так ты всё-таки скажешь ЦК своей партии?!..

— Гражданін начальнік, што знаў, я вам сказаў.

— Нет, нет! Ты пойдёшь в камеру, подумаешь. Мы с тобой ещё встретимся.

Больш яны не сустрэліся. Неўзабаве Андрэя Вайтовіча адправілі на этапе. Ён атрымаў 8 гадоў лягероў, а пасьля яшчэ адбываў высылку. Толькі ў 1958 годзе Вайтовіч вярнуўся на Беларусь.

Ён нічога ня ведаў пра Тамару. Пытаўся пра яе ў сваіх сяброў, якія дэсантаваліся пазьней, але ад іх ён нічога не даведаўся — маўчалі ўсе, хоць і мелі пэўную інфармацыю. Толькі ад мяне спадар Андрэй даведаўся пра лёс Чэрамшагінай. Сямнаццатага лістапада 1944 году яна дэсантавалася на Віленшчыне. Многія дэсантнікі трапілі ў рукі НКГБ, але Чарамшагіну чэкісты злавіць ня здолелі. Магчыма, Тамара й сёньня жыве на Беларусі ці за яе межамі, але пад іншым прозьвішчам.

— Цяпер існуе шмат розных партый, арганізацый, але яны мне ня вельмі імпануюць, — кажа Вайтовіч. — Ніколі ў мяне не ўзьнікала жаданьня кудысьці ўступіць. Бо ў мяне была й ёсьць толькі адна партыя. Я й цяпер застаюся сябрам БЕЛАРУСКАЙ НЕЗАЛЕЖНІЦКАЙ ПАРТЫІ !

БЕЛАРУСКІ ГЕНЭРАЛ — АНТЫКАМУНІСТ

Сярод кіраўнікоў БНП было шмат таленавітых вайскоўцаў, якія прысьвяцілі ўсё сваё жыцьцё збройнай барацьбе за незалежнасьць Бацькаўшчыны. Адзін зь іх — генэрал Дзьмітры Касмовіч, кіраўнік Замежнага сэктару Цэнтральнага Камітэту Беларускай Незалежніцкай Партыі. Гэта ён падчас Другое сусьветнае вайны са зброяй у руках абараняў усходнія рубяжы нашай Бацькаўшчыны ад акупацыйнай навалы.

Дзьмітры Касмовіч нарадзіўся 21 верасьня 1909 году ў Нясьвіжы. Вучыўся ў беларускіх гімназіях у Нясьвіжы, Клецку й Радашкавічах, якую скончыў у 1927 годзе. Дз. Касмовіч хацеў атрымаць вышэйшую адукацыю і таму на працягу двух гадоў зарабляў грошы.

У 1929 г. Касмовіч едзе ў Бэльгію й паступае ў Брусэльскі політэхнічны інстытут, арганізуе там Беларускі студэнцкі гурток. Ён уваходзіць у кіраўніцтва Аб’яднаньня Беларускіх Студэнцкіх Арганізацый (АБСА), штаб-кватэра якога знаходзілася ў Празе.

У жніўні 1930 году Дзьмітры Касмовіч разам з Алесем Вітушкам з Прагі рэпрэзэнтаваў АБСА на ХІІ кангрэсе СІЕ (Міжнароднай Студэнцкай Канфэдэрацыі). У АБСА ў 1930 годзе налічвалася 540 сяброў — беларускіх студэнтаў, якія вучыліся ў Празе, Брусэлі, Бэрліне, Варшаве, Вільні, Рызе. На кангрэсе беларускія дэлегаты выкрывалі палітычны, культурны, рэлігійны й нацыянальны гнёт Масквы й Варшавы над беларускім народам.

У 1931 годзе Дзьмітры Касмовіч вяртаецца ў Польшчу й на працягу трох гадоў праходзіць вайсковую службу. Звольніўшыся з польскага войска, у 1934 г. ён зноў вяртаецца ў Бэльгію й працягвае студыі. Для таго, каб зарабіць грошы на вышэйшую асьвету, ён быў вымушаны працаваць у бэльгійскіх вугальных капальнях. Аднак, і на гэты раз ён недавучыўся. Касмовіч, зь няведамай нам прычыны, выяжджае ў Югаславію й заканчвае студыі ў Бялградзкім унівэрсытэце. Арганізоўвае тут беларускі студэнцкі гурток і стаецца яго старшынём.

Францішак Кушаль ужо на эміграцыі пісаў пра Касмовіча як пра чалавека з духоўнай асьветай, які нібыта скончыў духоўную праваслаўную сэмінарыю.* Але пацьверджаньня гэтага факту пакуль не ўдалося знайсьці.

Пачатак Другой сусьветнай вайны засьпеў Касмовіча ў Бялградзе. Калі ў Польшчы была абвешчана мабілізацыя, ён вяртаецца на Бацькаўшчыну. Праўдападобна, у польскае войска Дз. Касмовіча прызваць ужо не пасьпелі. Ужо 17 верасьня 1939 году бальшавіцкія танкі ўвайшлі ў Нясьвіж...

Дзьмітры Касмовіч, як адукаваны чалавек, быў прапанаваны мясцовымі жыхарамі на пасаду “бурмістра” і начальніка сацыяльнага забесьпячэньня Нясьвіскага раёну. Ён быў зацьверджаны на гэтай пасадзе ваенным камісарам, які быў беларускім патрыётам. Пазьней Касмовіч працуе гаспадарчым інспэктарам у Нясьвіжы.

У кастрычніку 1939 г. яго выбіраюць дэпутатам на Народны Сход Заходняй Беларусі, які праходзіў у Беластоку. У складзе дэлегацыі Сходу Касмовіч выяжджаў на 5-ю нечарговую сэсію Вярхоўнага Савету СССР і на 3-ю сэсію Вярхоўнага Савету БССР. У Маскве беларуская дэлегацыя сустракалася зь Іосіфам Сталіным. Ведаў бы “правадыр”, што сярод тых, хто сфатаграфаваўся зь ім на памяць, быў і будучы генэрал-антыкамуніст, актыўны дзеяч беларускай палітычнай эміграцыі!..

Аднак неўзабаве ўдзельнікам “беларускіх нацыяналістычных студэнцкіх арганізацый” зацікавіліся “органы”. Але, папярэджаны адказным урадоўцам-беларусам пра хуткі арышт, ён з дапамогай апошняга выехаў у Менск, дзе паступіў у 1940 годзе ў Беларускі політэхнічны інстытут.

З пачаткам нямецка-савецкай вайны Дзьмітры Касмовіч вяртаецца ў Нясьвіж, але ненадоўга. Хутка ён, Міхал Вітушка й Ігар Шчорс едуць у Менск, каб працаваць дзеля Бацькаўшчыны ва ўмовах новай акупацыі. Па некаторых зьвесткаў, у ліпені-жніўні 1941 году Касмовіч працаваў перакладчыкам нямецкай палявой камэндатуры. Іншыя крыніцы паведамляюць, што ўжо ў ліпені бурмістар Менску Вітаўт Тумаш прызначае яго начальнікам гарадзкой паліцыі. Адначасова Касмовіч кіруе транспартным, прамысловым і гандлёвым аддзеламі Менскае гарадзкое ўправы. Дзякуючы яму, у хуткім часе горад быў забясьпечаны харчаваньнем, пачалі працаваць гарадзкія хлебапякарні, некалькі сталовак, з Чэрвеню пастаўлялася сьвежая рыба, былі арганізаваныя гарадзкія рынкі для гандлю прадуктамі, якія сяляне прывозілі зь вёскі.

Асабліва цяжка было арганізаваць паліцыю. Сьведамага беларускага элемэнту было мала, у выніку чаго ў яе пайшло шмат крымінальнікаў, п’яніцаў, былых савецкіх вайскоўцаў, супрацоўнікаў НКВД, пакінутых бальшавікамі адмыслова для дывэрсійна-разьведвальнай дзейнасьці. Вацлаў Іваноўскі, які ў кастрычніку 1941 г. наведаў Менск, назваў гарадзкую паліцыю “бандай Касмовіча”. Тым ня менш, ішла “чыстка” шэрагаў паліцыі: у яе ўступалі маладыя беларускія патрыёты (у тым ліку і з дывэрсійнага Першага Штурмовага Зьвязу) ды звальняліся тыя, хто скампрамэтаваў сябе перад насельніцтвам. Шмат у гэтым дапамагаў Касмовічу былы савецкі капітан Міхал Пугачоў, як прафэсійны вайсковец.

Дзесьці на пачатку лістапада 1941 году Дз. Касмовіч, М. Вітушка й Р. Астроўскі выехалі ў Бранск, дзе яны арганізоўвалі беларускую паліцыю й адміністрацыю. Там былі значна большыя свабоды й магчымасьці для дапамогі беларускай нацыянальнай справе, чым у зоне цывільнай адміністрацыі.

Надзеі на адраджэньне незалежнае беларускае дзяржаўнасьці з дапамогай Нямеччыны зьніклі ў многіх патрыётаў ужо ўлетку 1941 г. Немцы не дазвалялі нават фармаваньне беларускіх вайсковых аддзелаў, чаго дабіваўся Уладзімер Шавель. Расчараваўшыся ў нямецкай палітыцы, некаторыя беларускія патрыёты ішлі ў лес і стваралі нацыянальныя партызанскія аддзелы. Іншыя, як і Касмовіч, выяжджалі ўва ўсходнюю Беларусь, якая была пад кіраўніцтвам нямецкага ваеннага камандаваньня.

На пачатку 1942 году разам з Радаславам Астроўскім Касмовіч і Вітушка пераяжджаюць у Смаленск, дзе прыступаюць да арганізацыі паліцыйных аддзелаў. Беластоцкая газэта “Новая дарога” пісала 1 красавіка 1943 г.:

“Нядаўна адбылося ў Смаленску вялікае сьвята Самааховы ўсяе Смаленшчыны. У сувязі з гэтым варта прыпомніць, у якіх абставінах яна зарганізавалася, варта глянуць на яе баявы шлях.

1942 год — вясна. Па ўсёй Смаленшчыне пераліваюцца хваля за хваляй бандыцкія аддзелы, засіляныя рэгулярнымі часткамі Чырвонай Арміі. Паляць вёскі, рабуюць насельніцтва, забіваюць тых, хто ня хоча да іх прылучыцца. Нямецкія войскі, занятыя барацьбой на фронце і абаронай важных стратэгічных пунктаў, ня мелі часу займацца бандамі. Насельніцтва было кінута на лёс шчасьця. У гэты сумны для Смаленшчыны час зарганізавалася ў Смаленску Акруговая Ўправа пад кіраўніцтвам беларуса Радаслава Астроўскага. Яго супрацоўнік Касмовіч адразу-ж прыняўся за арганізацыю Самааховы. З усіх старон пасыпаліся заявы. З усіх старон сьпяшыў народ на барацьбу з чырвонымі бандамі.

Незадоўга маладыя байцы пайшлі ў наступ. Яны неспадзяваным ударам разьбілі моцныя групы бандытаў, вызвалілі ад іх вялікія абшары.

Чуючы небясьпеку, бандыты рабілі контрнаступ. Яны моцнымі сіламі з артылерыяй напалі на Цырыльніцкі апорны пункт. Аднак маладыя байцы вытрымалі асаду, пакуль не падасьпела помач. Бандыты былі разьбіты.

Пад умелым кіраўніцтвам Д.Касмовіча і Вітушкі хутка растуць аддзелы Самааховы, вызваляючы штораз то новыя сёлы і раёны. Цяпер Самаахова лічыць шмат тысячаў байцоў, добра ўзброеных аўтаматычным аружжам, гарматамі і танкамі. Небясьпека бандытызму зьліквідавана...

Баявыя вычыны афіцэраў і байцоў Самааховы не забыты таксама нямецкімі ўладамі. Нямецкае камандаваньне адзначыла многіх ардэнамі з мячамі “За адвагу”. Сярод іх, як першыя беларусы, атрымаўшыя гэтыя ардэны, выступаюць Касмовіч і Вітушка...”

Дз. Касмовіч камандуе ўсімі фармаваньнямі беларускае паліцыі й Самааховы Смаленскае акругі. Адначасна з гэтым падтрымлівае адраджэньне царкоўнага жыцьця на Смаленшчыне, спрыяе адбудове праваслаўных цэркваў. Ён быў дэлегатам ад Смаленшчыны на Ўсебеларускі Праваслаўны Царкоўны Сабор, які распачаў сваю работу 30 жніўня 1942 г. у Менску.

Сабор гэты прыняў шэраг пастановаў, сярод якіх былі наступныя: 1) Аб заснаваньні Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ); 2) Аб статуце БАПЦ; 3) Тэксты лістоў да Канстанцінопальскага Патрыярха і да іншых аўтакефальных цэркваў з прозьбай прыняць БАПЦ у склад існуючых самастойных цэркваў.

Адначасна з легальнаю ды пры яе дапамозе, Дз. Касмовічам праводзілася й падпольная дзейнасьць. Ён і Міхал Вітушка зьяўляліся сябрамі ЦК падпольнай антыкамуністычнай і антыфашысцкай Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП). На Смаленшчыне й Браншчыне яны арганізоўвалі падпольныя структуры партыі, а таксама спрыялі пашырэньню нацыянальнага партызанскага руху.

У 1943 годзе на даручэньне ЦК БНП Касмовіч высылае двух дэлегатаў на Ўкраіну на тайную нараду “паняволеных народаў для ўзгадненьня ўтварэньня адзінага супольнага фронту супраць акупантаў і панявольнікаў іхніх народаў і аднаўленьня вольных і незалежных дзяржаваў гэтых народаў”. На гэтай нарадзе, арганізаванай бандэраўскай АУН, быў заснаваны Антыбальшавіцкі Блёк Народаў (АБН). Сябра БНП капітан “Дружны” ад імя партыі падпісаў гэтае пагадненьне.

У гэтым жа годзе Дз. Касмовіч скончыў франтавыя курсы штабных афіцэраў і быў прызначаны інспэктарам усіх беларускіх узброеных сілаў прыфрантавой зоны групы арміі “Цэнтар”. З набліжэньнем фронту да Смаленску, ён пераяжджае ў Магілёў і ўжо тут стварае беларускія паліцыйныя фармаваньні. Неўзабаве Касмовіча выклікае ў Менск Астроўскі, які ў сьнежні 1943 году стаў прэзыдэнтам Беларускае Цэнтральнае Рады (БЦР).

Дз. Касмовіч быў дэлегатам Другога Ўсебеларускага кангрэсу, які праходзіў у Менску 27 чэрвеня 1944 году. На кангрэсе зачытвалася прывітаньне беларускіх вайскоўцаў, якія падначальваліся Касмовічу і Вітушку: “Другому Ўсебеларускаму Кангрэсу ў Менску, вельмі паважанаму Гаспадару Прэзідэнту Прафэсару Радаславу Астроўскаму.

Жаўнеры Парадкавай Службы — першай беларускай збройнай арганізацыі прысылаюць з усходняга фронту Другому Усебеларускаму Кангрэсу гарачае прывітаньне і жадаюць Яму поўнага посьпеху ў ягонай працы над адбудовай Вольнай і Незалежнай Беларусі. Прыракаем Усебеларускаму Кангрэсу поўную салідарнасьць у ягонай дзейнасьці і пастановах. Прыракаем сваю зброю ня выпусьціць з рук, пакуль не застанецца ніводнага ворага на нашай беларускай зямлі. Жыве Беларусь!

26.06.1944. Жаўнеры і афіцэры Парадкавай Службы, Усходні Фронт”.

Зь лета 1944-га Дз. Касмовіч знаходзіцца ва Ўсходняй Прусіі ў мястэчку Дальвіц, дзе праходзілі падрыхтоўку для партызанскай дзейнасьці на Бацькаўшчыне сябры БНП. Сотні маладых беларускіх патрыётаў на заклік БНП “Здабудзем Беларускую Дзяржаву, альбо загінем у барацьбе за яе!”, былі гатовыя да змаганьня з бальшавіцкім акупантам.

Маёр Дз. Касмовіч атрымоўвае спэцыяльнае заданьне ад старшыні ЦК БНП Усевалада Родзькі й у студзені 1945 г. прыяжджае ў Бэрлін. Загадам генэрала Езавітава ён быў залічаны ў Асобную групу рэзэрву беларускіх вайскоўцаў пры Галоўным Кіраўніцтве Вайсковых Спраў БЦР. Касмовіч падтрымлівае шчыльныя кантакты з кіраўніцтвам латыскіх нацыяналістычных арганізацыяў, вядзе перамовы аб сумеснай барацьбе з бальшавікамі на Бацькаўшчыне. Але галоўная задача Дзьмітрыя Касмовіча была іншая.

У сакавіку 1945-га ён зноў уваходзіць у батальён “Дальвіц” ды рыхтуецца да пераходу на бок саюзьнікаў. Касмовіч яшчэ на верасьнёўскай 1944 году нарадзе ЦК БНП атрымоўвае паўнамоцтвы ўпаўнаважанага прадстаўніка БНП на “Заходняе паўшар’е”, з заданьнем навязаць лучнасьць з заходнімі дзяржавамі для далейшай барацьбы супраць акупантаў за вольную і незалежную Беларускую Народную Рэспубліку. Місія яго была важнай, і таму сьледчыя НКВД неаднаразова распытвалі пра яе ў арыштаванага Ўс. Родзькі. Вось што ён расказваў на допыце ў менскай турме напрыканцы 1945 году:

“Маёра Касмовіча я накіраваў у Парыж з заданьнем, акрамя арганізацыйнай работы па лініі БНП, устанавіць сувязь асабіста або праз іншых нацыяналістаў, ужо ведамых на Захадзе, з ангельскімі ўрадавымі коламі. У гэтых мэтах ён павінен быў скарыстацца падтрымкай інжынэра Абрамчыка — лідэра беларускай нацыяналістычнай эміграцыі ў Парыжы й выясьніць праз яго магчымасьць устанаўленьня сувязі з ангельцамі. У выпадку наяўнасьці гэтых магчымасьцяў, у мэтах узмацненьня сваіх пазыцыяў, устанавіць сувязь таксама з украінскімі і рускімі нацыяналістычнымі цэнтрамі ў Францыі.

Па ўстанаўленьню сувязі з ангельцамі давесьці да ведама іх ураду, што беларускія нацыяналісты імкнуцца стварыць незалежную беларускую дзяржаву і што кіруючым цэнтрам палітычнай барацьбы за гэтую дзяржаву на міжнароднай арэне зьяўляецца Беларуская цэнтральная рада, а асноўным чыньнікам барацьбы ў падпольлі на тэрыторыі Беларусі — Беларуская незалежніцкая партыя.

Я даручыў таксама Касмовічу праінфармаваць ангельскае камандаваньне пра сутнасьць спэцыяльнага батальёну “Дальвіц”, у выпадку канфлікту з Савецкім Саюзам выкарыстаць яго для арганізацыі дывэрсіяў, тэрору і шпіянажу на карысьць ангельцаў. У гэтым выпадку я меў на ўвазе ўстанавіць кантакт з ангельскімі разьведвальнымі органамі й перайсьці на бок ангельцаў усім складам разьведшколы.

...лічу, што Касмовіч сувязь з ангельцамі ўстанавіў, бо з Бэрліну ён накіраваўся на пачатку красавіка 1945 году ў горад Штрасбург і больш адтуль не вяртаўся. Яго паездка супала з прасоўваньнем ангельскіх і францускіх частак у гэтым раёне на ўсход”.**

Касмовічу было цяжка выканаць заданьне цалкам. Ён патрапіў у палон да заходніх саюзьнікаў, праходзіў праверку, і таму пэўны час быў пад арыштам. Пасьля была небясьпека, што яго могуць выдаць бальшавікам, як адбылося з сябрам БНП і падпалкоўнікам БКА Антонам Сокал-Кутылоўскім. Але гэтага ўдалося пазьбегчы. Пачалося жыцьцё у лягерох для перамешчаных асобаў (ДП).

Дзьмітры Касмовіч аднаўляе дзейнасьць БНП у Заходняй Нямеччыне й стварае Замежны сэктар ЦК БНП, які і ўзначальвае. Замежны сэктар меў сувязь з кіраўніцтвам партыі на Бацькаўшчыне. Дзеля гэтага ў асноўным выкарыстоўваліся кур’еры й групы сувязі.

Замежны сэктар ЦК БНП разгортвае сваю працу ў Заходняй Нямеччыне, Бэльгіі, Англіі, Аўстрыі. Выдаваліся нелегальныя рататарныя часопісы “Праца і Воля”, “За Волю”, шматлікія ўлёткі. Практычна ўсе былі ўпэўнены, што неўзабаве пачнецца вайна Захаду з СССР, і рыхтаваліся да яе. Але палітычны раскол беларускай эміграцыі падарваў сілы Замежнага сэктару. Сам Дз. Касмовіч (мянушка “Каршун”) быў прыхільнікам Р. Астроўскага й БЦР. Сябры ЦК БНП Барыс Рагуля, Міхась Рагуля і Ўладзімер Набагез былі на баку Рады БНР і М. Абрамчыка. У сьнежні 1948 г. Касмовіч здолеў правесьці рашэньне аб выключэньні Рагуляў і Набагеза з сумнеўнай прычыны з шэрагаў партыі. Такім чынам, ён сьвядома адкалоў ад партыі сяброў-прыхільнікаў Рады БНР. Падзел Замежнага сэктару стаў непазьбежны. Толькі новы кіраўнік — незалежны і ад БЦР, і ад Рады БНР ды будучы вялікім аўтарытэтам — мог выправіць становішча. Але Дзьмітры Касмовіч прыняў тое рашэньне, якое палічыў адзіна правільным і якое падтрымалі яго прыхільнікі. Дарэчы, раскол Замежнага сэктару БНП адбыўся яшчэ й па рэлігійных прычынах: Раду БНР падтрымоўвалі, у асноўным, каталікі ды вуніяты, а БЦР — праваслаўным. Як бы там ні было, а БНП на эміграцыі пасьля гэтага расколу згубіла былую сілу і аўтарытэт...

На эміграцыі існавала вайсковая арганізацыя “Беларускі Вызвольны Рух”, якая фармальна падначальвалася Беларускай Цэнтральнай Радзе. БВР дзейнічаў у Нямеччыне й Ангельшчыне, супрацоўнічаў з ангельскай выведкай ды высылаў наземным ды паветраным шляхам разьведвальныя групы на Беларусь (амаль усе групы вярнуліся, выканаўшы заданьне). У 1954 годзе прэзыдэнт БЦР Р. Астроўскі захацеў цалкам падначаліць сабе БВР, але яго кіраўнік палкоўнік Л. Галубовіч-Зарэчны стаяў за незалежнасьць арганізацыі. У выніку, Астроўскі выдаў загад аб прызначэньні новага кіраўніка Руху, якому Зарэчны не падпарадкаваўся. Тады Р. Астроўскі загадаў кіраўніку аддзелу вайсковых справаў і вызвольнай барацьбы БЦР Дзьмітрыю Касмовічу стварыць новую арганізацыю пад назовам “Беларускі Вызвольны Фронт”, у які павінны былі ўвайсьці прыхільнікі БЦР зь Беларускага Вызвольнага Руху. Вось так ішла гэтая бессэнсоўная й шкодная беларускай нацыянальнай справе барацьба сярод беларускіх эмігрантаў. У выніку, БВР страціў сваю сілу, а БВФ сілы й уплыву Руху набраць ужо ня здолеў...

БНП (Замежны сэктар) фактычна ўлілася ў БВФронт. Дз. Касмовіч узначаліў Галоўны Штаб БВФ і распачаў выданьне часопісу “Барацьба”, які выходзіў пад дэвізам БНП “Беларусь Перадусім!”. У 1950-я гады наклад часопіса складаў 1000 паасобнікаў. Аддзелы БВФ стварыліся ў Зах. Нямеччыне, Англіі, ЗША, Аўстраліі й іншых краінах, дзе жылі беларускія эмігранты. Міжнародная сытуацыя зьмянілася й ужо не выпадала спадзявацца на хуткую вайну ЗША з СССР. Таму Фронт зьмяняе тактыку ў барацьбе з бальшавізмам. Тым больш, што ў 1956 годзе было канчаткова разьбітае падпольле Беларускай Незалежніцкай Партыі на Бацькаўшчыне.

Дз. Касмовіч выконваў абавязкі старшыні Дэлегатуры Беларускай Цэнтральнай Рады ў Зах. Нямеччыне і ў Эўропе. Ён прадстаўляў Раду ў Цэнтральным Камітэце Антыбальшавіцкага Блёку Народаў, утворанага яшчэ ў 1943 годзе. З 1954 году Дз. Касмовіч актыўна ўдзельнічае ў Арганізацыі Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі (ВАКЛ), дзе рэпрэзэнтуе Беларусь.

Сябрам якіх бы міжнародных арганізацыяў ня быў Касмовіч, ён выкарыстоўвае любую магчымасьць для пашырэньня інфармацыі пра Беларусь, пра яе гісторыю, пра змаганьне Беларускага Народу за незалежнасьць, пра становішча Беларусі пад бальшавіцкай акупацыяй. Сотні зваротаў, мэмарандумаў, лістовак было выдадзена Беларускім Вызвольным Фронтам за 40 гадоў свайго існаваньня. За актыўны ўдзел у змаганьні за незалежнасьць Беларусі ў гады вайны й на эміграцыі Дзьмітры Касмовіч атрымаў ад прэзыдэнта БЦР Н. Мядзейкі рангу генэрала. Атрымаў ён гэтую рангу заслужана. Рэшту жыцьця Дз. Касмовіч правёў у няспыннай палітычнай дзейнасьці, аж да самай сваёй сьмерці. Памёр генэрал-антыкамуніст 23 красавіка 1991 году ў Нямеччыне, у Штутгарце.

“Дарагія Сябры і ўсе суродзічы! У 66-я Угодкі Патрыятычнага Уздыму Герояў Случчакоў, іх ахвярнасьці для вольнасьці Беларускага Народу, шчыра вітаю ўсіх Вас.

...Прыйдзе той час, калі, паднятыя патрыятычным духам сваіх папярэднікаў, падымуцца маладыя беларускія сілы і здабудуць Вольнасьць і Незалежнасьць Беларускай Дзяржаве. Слава палеглым за вольнасьць Бацькаўшчыны Змагарам! Жыве Беларусь!” (са звароту Галоўнага Штабу БВФ ад лістапада 1986 г.).


* Беларускі Гістарычны Агляд, т.1, кн.1, лістапад 1994 г., б. 122.
** Белорусская Нива, 1994, 20 студзеня.

ЁН БЫЎ НАМЕСЬНІКАМ ВІТУШКІ

З Міколам Рулінскім я пазнаёміўся ў Вільні летам 1997 г. падчас сэсіі Эўрапейскага Сэктару Рады БНР. Ён там прысутнічаў у якасьці ганаровага госьця. У перапынках паміж паседжаньнямі я ўключаў дыктафон і запісваў успаміны сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі, дэсантніка “Дальвіцу”, намесьніка маёра М. Вітушкі падчас дэсанту 17 лістапада 1944 году.

ДАВЕДКА: Мікола РУЛІНСКІ нарадзіўся ў 1923 годзе. Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі, а пасьля ўступіў у беларускі эскадрон Барыса Рагулі. Улетку 1944 г. трапіў у дэсантны батальён “Дальвіц”, атрымаў рангу лейтэнанта, стаў сябрам БНП. 17 лістапада 1944 г. , як намесьнік маёра Вітушкі, павінен быў дэсантавацца на Беларусі. Удзельнічаў у ратаваньні з акружанай бальшавікамі Рыгі архіву генэрала К. Езавітава. У траўні 1945 году з Чэхіі перабіраецца ў Польшчу, дзе хаваўся. У 1949 годзе быў арыштаваны дзяржбясьпекай, сядзеў у маскоўскіх і менскіх турмах, атрымаў 25 гадоў канцлягероў. На Бацькаўшчыну вярнуўся ў 1957 г. Жыве ў Летуве.

— Раскажыце, як Вы трапілі ў “Дальвіц”?

— У “Дальвіц” я трапіў пасьля таго, як наш эскадрон эвакуяваўся з Наваградку. Я ехаў на адной машыне з Б. Рагулем, на “Татры”. Акрамя нас, у ёй яшчэ была яго будучая жонка й Васіль Рагуля, былы сэнатар польскага Сойму. З Наваградку я выехаў на матацыкле, але пасьля мяне заўважыў Барыс: “Садзіся, — кажа, — у мяне месца ёсьць”. Так мы прыехалі ў Горадню, перайшлі мост, і там нас спаткаў Родзька. Ён быў адзін. Накіравалі нас у Варшаву, дзе мы былі 3-4 дні, і за тры дні перад пачаткам паўстаньня мы паехалі ў Дальвіц. Вось так я туды трапіў.

— Сп. Мікола, якія інструктары былі ў батальёне?

— Інструктары былі беларусы. І я сам быў інструктарам, бо быў ужо афіцэр, лейтэнант. Вучылі разьведцы, мінаваньню, радыёсправе й шмат іншаму. Кожны, хто дэсантаваўся, мог быць радыстам. Там былі адмысловыя групы, якія школіліся на радыстаў. Наогул, нас усіх шыкавалі там даволі грунтоўна.

— Калі Вы ўпершыню спаткаліся зь Вітушкам?

— Вітушка прыехаў да нас у Дальвіц трохі пазьней. Ён быў невысокага росту, меў прыгожы твар. У скуранцы быў з пагонамі маёра. У адрозьненьне ад Родзькі, Вітушка ня меў “Жалезнага крыжа”. Аж да дэсанту ён быў сярод старшага афіцэрства. А я тады быў афіцэр “новасьпечаны”. Толькі далі мне гэтую рангу. Вось я больш і сябраваў з сваімі сяржантамі. Але да мяне падышлі й сказалі: “Тваё тут ня месца. Ты ідзі ў афіцэрскі корпус”. Вось так.

— Хто сфармаваў атрад Вітушкі?

— Наша кіраўніцтва. Геруліс толькі ўсё падтрымоўваў. Ён быў начальнікам зь нямецкага боку. А ўсё рабіў Родзька і Рагуля.

— Каго Вы памятаеце з дэсантнікаў Вітушкі?

— Памятаю Мішу Шунько, бо зь ім вучыўся. Прапаў ён недзе. Былі ў нас, у асноўным, наваградзкія хлопцы. Яшчэ былі з “поўначы”, г. зн. з Глыбокага. Бо ў нас у “Дальвіцы” было дзьве групы: “Паўднёвая” і “Паўночная”. Першая — гэта наваградчане й іншыя з тых мейсц, а другая — хлопцы з Глыбокага, Полацку, Віцебску.

— Што было перад адпраўкай? Калі Вам сказалі, што Вы ляціце на Беларусь?

— Калі падабралі групу, нас аддзялілі ад усіх астатніх і рыхтавалі. Тлумачылі, якое мы маем заданьне на Беларусі. І ўсё было арыентавана на тое, што вайна сьпярша скончыцца, а тады распачнецца зноў. І мы павінны былі падрыхтаваць народ, каб пасьля было на што абапірацца...

Узбраеньне было ў нашай групы надта добрае. Кожны меў пісталет, аўтамат, гранаты.

— Раскажэце, як дэсантаваўся аддзел Вітушкі?

— У самалёце мы стаялі адзін за адным. Вітушка быў першы, а я — у канцы. Ён нічога не казаў — маўчаў, як, дарэчы, і перад адлётам. Быў спакойны. А я быў яго намесьнікам, мусіў даглядаць, каб усё было ў парадку.

Вітушка скокнуў з парашутам першы. Пасьля за ім — маёр Багдановіч, Янка Гінько, Давідчык, Краскоўская... А ў мяне парашут выляцеў з упакоўкі. Гавару немцу, што парашут сапсаваны, а той бярэ нож і абразае шнур — прыйдзецца вяртацца... Я другому хлопцу, што скакаў, аддаў дакумэнты, грошы (а іх я меў шмат), пячаткі савецкія (сельсаветаў і іншых устаноў). Усё аддаў яму.

Выкінулі ўсіх, а я вярнуўся назад. Прыходжу, а Родзька ахнуў: “Што такое?!” Ну я расказваю яму, што нас тры чалавекі вярнуліся, і чаму. Ён кажа: “Ну вось цяпер я табе дам камандзіроўку, паедзеш у Бэрлін да Барыса Рагулі”...

— Дзе быў раззброены батальён “Дальвіц”?

— Вясной 1945 году, калі ўжо заканчвалася вайна, мы арганізаваным парадкам адступалі на Захад, усе разам. Камандаваў намі Ўсевалад Родзька. А было гэта ў Чэхаславакіі. І трэба было нам прайсьці адзін гарадок. Родзька гаворыць: “Я пайду ў разьведку ў гэтае мястэчка”. А там ужо чэскія партызаны занялі ўсю тэрыторыю. Ну, ён пайшоў, а мы яго чакаем. У той момант у нас было поўна зброі — “па зубы” былі ўзброеныя. Каб мы ведалі, што нас там гэта чакае, так мы бы пайшлі боем. Ён, як вярнуўся, кажа: “Прапусьцяць нас”. Ён нібыта ўмовіўся зь імі.

Мы заходзім у горад, на нейкі вялікі рынак трапілі. А тут нас абкружылі і кажуць: “Злажыць зброю! А не, дык мы вас усіх тут інтэрнуем! Афіцэры могуць пакінуць сабе пісталеты”. Я памятаю, што ў мяне былі два пісталеты. Але нас ашукалі. Калі ўсё мы аддалі, яны кажуць: “Гэта таксама выкідай”. Я кінуў адзін пісталет, а адзін у мяне яшчэ быў. Вось так нас прымусілі скласьці зброю... Выйшлі мы з гораду, бяззбройныя, прайшлі кілямэтры два ў лес і затрымаліся. Родзька кажа: “Сытуацыя такая, браткі, што гіблая справа нам. Хто куды хоча і як хоча, разьбягайцеся. Хто знае польскую мову, можа сабе прыкінуцца за паляка. Падбірайце сабе групу”. Ну, сабралося нас тры чалавекі: Мілюць, я і Фарботка. Мы ўсе добра ведалі польскую мову.

Ну й пайшлі мы на захад. Вырашылі як-небудзь праз Эльбу прайсьці. Тры кілямэтры не дайшлі да Эльбы, тут савецкія жаўнеры нас затрымалі: “Куды ідзяце?” А мы ўжо былі ў цывільнай вопратцы, пераапрануліся. Мы кажам: “Мы тут у баўэра працавалі і хочам пайсьці забраць нашы рэчы, якія ў яго засталіся”. “Не! Спачатку ідзіце ў гэты лягер”. А ў тым лягеры сядзелі прадстаўнікі розных нацый, нават французы.

Загналі нас у гэты лягер. З нашага батальёна мы там нікога не спаткалі. Было нас толькі трох. Праз нейкі час пачалі нас правяраць. А нас палякі папярэдзілі, каб не казалі, што мы зь Віленшчыны, як хацелі падаць бальшавікам. Пытаюцца ў нас саветы: “Адкуль?” Я кажу: “З Седлеца (гэта каля Варшавы)”. Ну, і так прапусьцілі. Знайшлі мы паляка, які ехаў ад баўэра й меў двое коней і вялікую павозку. Мы яму кажам: “Ідзем разам”. Ён гаворыць: “Сядайце, паехалі”. І так мы дабраліся да Кракава, як “палякі”. А там быў аддзел рэпатрыяцыі й ён накіроўваў на “землі адзысканыя” на захад Польшчы. І вось паехалі мы ў Ліпніцу. Там я ўладкаваўся працаваць у міністэрства нованабытых земляў. Там мне было добра. Жыў я так да 1949 году, калі на мяне выйшла дзяржбясьпека й арыштавала...

— Што сталася з Вашымі сябрамі?

— Маіх сяброў таксама арыштавалі, хоць і жылі яны ў розных месцах. Фарботка ўтапіўся ў Нёмане каля Любчы, ужо пасьля вяртаньня з лягероў. Быў арыштаваны ў Польшчы й мой добры сябра Ігар Будахоўскі, афіцэр “Дальвіцу”. Магчыма, што ён яшчэ жыве на Беларусі. Можа адгукнецца?..

“ТАДЫ МЫ ПАЧАЛІ ДЗЕЙНІЧАЦЬ...”

Трэцяга ліпеня 1997 году ў Віленскім аэрапорце мы сустракалі Барыса Рагулю. Чакаючы свайго былога камандзіра, пастроілася невялікая група ветэранаў — вайскоўцаў Наваградзкага беларускага эскадрону, батальёну “Дальвіц”, сяброў Беларускай Незалежніцкай Партыі. Яны прыехалі з Любчы, Слоніму, Баранавіч, Вільні... Рапартаваў і чытаў адмыслова напісаны верш “Швадрон, зважай!” былы афіцэр Уладзімер Сіўко, абдымаў свайго былога партыйнага кіраўніка Андрэй Вайтовіч...

А пасьля, на кватэры Кастуся Шышэі, адбылася сяброўская бяседа “рагулеўцаў”. Ім было што ўспомніць, абмеркаваць, расказаць... Шмат гаварылі пра Незалежніцкую Партыю і яе кіраўніка Ўсевалада Родзьку, які загінуў на бальшавіцкай шыбеніцы. Задаў некалькі пытаньняў Барысу Рагулі і я.

— Сп. Барыс, калі Вы ўпершыню пачулі пра БНП?

— Фактычна, дзесьці ўжо ў красавіку 1942 году... Пачалося ўсё з таго, што немцы запрапанавалі мне паехаць у Нямеччыну. Яны ня ведалі, што я быў у іх у палоне. Між іншым, ніхто ў Наваградку ня выдаў немцам, што я ўцёк з палону. А калі б хто выдаў — вярнулі б у лягер...

Я добра ведаў нямецкую мову, працаваў перакладчыкам у камісарыяце. Здабыў іх досыць добрую апінію. Гэта дало мне магчымасьць дапамагчы многім беларусам, якім пагражалі расстрэлы праз даносы палякаў-перакладчыкаў. Нам удалося пераняць у свае рукі адміністрацыю. Апанавалі мы сваімі людзьмі й камісарыят. А вось паліцыя засталася ў польскіх руках і яна перакупіла польскімі прастытуткамі жандармэрыю. Яны мелі такую сыстэму, якую і мы пасьля выкарысталі ў адносінах да Наваградзкага СД.

У Нямеччыне мне было важна паглядзець, як маюцца тыя людзі, якія паехалі туды на работу. Я зайшоў у гэтыя лягеры ўсходніх работнікаў, называныя “ОСТ”. Я паглядзеў, што гэта ўпрост канцлягер цяжкай фізычнай працы, дзе людзі галадалі. Беларусы насілі знак “ОСТ”, як жыды насілі “Зорку Давіда”. Аб’ехаў некалькі лягероў і ўжо дасьпяваў у мяне плян, што калі вярнуся дадому, забаронім усякі “дабраахвотны” выезд у Нямеччыну. Калі я вярнуўся ў Наваградак, сабраў у сэмінарыі хлопцаў і кажу: — Хлопцы, вы едзеце на канікулы. Перадавайце, каб ніхто зь вёсак на работы ня ехаў...

Тады й паўстала востра гэтае пытаньне. Немцы абсалютна не апраўдалі нашага даверу. Павінна была быць Самаахова, але яны не далі зброі. Трэба было шукаць нейкага іншага выхаду. Я спаткаўся тады зь Мішкаю Рагуляй... Але тут немцы даведаліся пра вынік маёй паездкі й звольнілі мяне з працы перакладчыка, і я ўжо ня меў больш кантактаў з наваградзкім камісарам...

Тады мы пачалі дзейнічаць. Да мяне прыехаў Мішка Рагуля й кажа: “Барыс, нам трэба арганізаваць нелегальную партыю”. Ці Родзька быў пачынальнікам, ці Гадлеўскі, мы ня ведалі. Фактычна, мяне ўцягнулі ў гэта Родзька й Рагуля. Яны сказалі, што арганізацыйны зьезд будзе ў пачатку чэрвеня 1942 году ў Менску, у кватэры шэфа паліцыі Саковіча. Я ведаў яго, як пазытыўнага беларуса. Я спатыкаўся зь ім пару разоў у Менску.

— Хто быў на той нарадзе?

— На кватэры Саковіча быў я, Мішка Рагуля, Родзька, Адамовіч, Шкялёнак (у пазьнейшы час першы заступнік Астроўскага)... Адамовіч, як дазнаўся пра што гутарка, выйшаў. Кажа: “Я ўжо адседзеў у савецкай турме досыць і больш там не хачу быць”. Нас там было сем чалавек. Родзька меў гатовую праграму беларускай нелегальнай партыі. Мэтай яе было паказаць, што беларусы ня ёсьць ані прасавецкія, ані пранямецкія, а прабеларускія. Вырашылі выдаваць падпольны бюлетэнь...

— Шкялёнак увайшоў у Цэнтральны Камітэт БНП?

— Так. Ён фактычна вёў аддзел вонкавай палітыкі. Шкялёнак быў адным з найлепшых ідэолягаў партыі. Акрамя таго, ён быў таксама вельмі добрым палітыкам, які прадбачыў у перадапошнім “Бюлетэні БНП” падзел Нямеччыны на ўсходнюю й заходнюю часткі. І ён заклікаў, калі хто выяжджае, каб выяжджалі як надалей на захад, каб ня трапіць пад савецкую акупацыю. Была думка, што аліянты, пасьля перамогі над Нямеччынай, павернуць на ўсход. Ён кажа: “Тыя, хто так думае, ня ведаюць дэмакрацыі. У дэмакрацыі, каб зьмяніць прыяцеля на ворага, трэба шмат часу, гадоў, каб зьмяніць публічную апінію. Бо публічная апінія вырашае палітыку дзяржавы”. Ён меў рацыю. Амэрыканцы не маглі сказаць, што саветы ўжо не прыяцелі, а ворагі Амэрыкі. Яны не маглі павярнуць зброі, калі б нават і хацелі... Ён прадбачыў правільна. Прадбачыў, што трэба рыхтавацца на доўгае выгнаньне. У той час, калі ўсе мы думалі, што вось год-два і вернемся назад...

— Хто яшчэ ўвайшоў у ЦК?

— Я быў у ЦК (мянушка “Менскі”), Мішка Рагуля, Родзька, Саковіч. Магчыма былі й іншыя сябры ЦК, але гэтага я ня ведаю. Магчыма, што Родзька меў і другую групу людзей. Бо ведаеце, злавілі аднаго, другога і ўсё... Была ў нас сыстэма “пяцёрак”. Іх ствараў кожны з сяброў ЦК, а завэрбаваныя сябры арганізоўвалі свае “пяцёркі”.

Фактычна, нашая акцыя заключалася ў тым, каб падрыхтаваць і захаваць гэтую падпольную сетку, нават на той выпадак, калі вернецца савецкая акупацыя. Родзька мала ведаў савецкую сыстэму, але спадзяваўся, што падпольная сетка пад саветамі ўтрымаецца. Ён пакінуў людзей ва ўсходняй Беларусі: у Віцебску, на Магілёўшчыне. Родзька пакінуў там сетку. Але я ня думаю, што гэтая сетка ўтрымалася. Пасьля перамогі Савецкага Саюзу многа людзей засталося там, а што зь імі сталася пасьля, мы ня ведаем...

— У адным зь інтэрвію Вы ўспаміналі пра паўстаньне, якое рыхтаваў Родзька ў Менску напрыканцы чэрвеня 1944 году...

— Сапраўды, у Родзькі быў плян путчу ў Менску падчас Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Асноўнай сілай мяркуемага паўстаньня мусіў стаць мой батальён, што знаходзіўся пад Докшыцамі. Нам павінны былі падаць эшалён, каб мы пераехалі ў Менск. Там сталі б галоўнай сілай аховы кангрэсу. Плянавалі абвясьціць незалежную Беларускую Народную Рэспубліку.

Але эшалёну немцы не далі. Магчыма, яны нешта пранюхалі. Калі цягнік ужо падалі, дык у Менск ехаць было запозна і мы паехалі ў Наваградак. Ці не была гэта мая памылка? Ці трэба было весьці батальён дахаты? Бо там ён моцна парадзеў... Канечне, хлопцы хацелі вярнуцца ў родныя мясьціны, да сваіх сем’яў. Так я й зрабіў. Бог рассудзіць, ці правільна я паступіў.

У Наваградак мне Родзька праз нямецкую тайную пошту даслаў тэлеграму. У ёй ён намякаў, што будзе створаны беларускі батальён (“Дальвіц”). Паведаміў, што будзе чакаць мяне ў Горадні.

У Горадні мы спаткаліся. Родзька прапанаваў мне працаваць у батальёне. Я паставіў умову, што дам згоду толькі ў тым выпадку, калі гэты батальён будзе выкарыстаны толькі тады, калі фронт (немцы) ізноў пойдзе на ўсход або калі пачнецца амэрыканска-савецкі канфлікт. Але толькі не скарыстоўваць яго ў існуючай сытуацыі.

Родзька пагадзіўся з гэтым. Магчыма, ён ужо тады думаў зрабіць інакш — Родзька вельмі хацеў арганізаваць партызанку й падпольле пад саветамі. Але ён ня ведаў гэтых саветаў. Ён хацеў, каб калі б пачаліся нейкія падзеі, на Беларусі ўжо былі б гатовыя людзі, структуры. Ён яшчэ мне сказаў, што “займайся вайсковай падрыхтоўкай, а я буду — палітычнай”.

Аднак усё атрымалася трохі інакш. Каб разьведаць сытуацыю на Бацькаўшчыне, паслаў я Андрэя Вайтовіча... А пасьля мне давялося ўцякаць у Бэрлін. Справа ў тым, што я заўсёды “лез на ражон”, у адкрытую змагаўся зь немцамі, казаў праўду. А Родзька быў больш лагодны, паказваў “ляяльнасьць”. Ён хацеў усіх перахітрыць... У Бэрліне я спрабаваў дабіцца, каб “Дальвіц” перакінулі на захад, але было ўжо запозна...

ЗАГІНУЎ НА БАЛЬШАВІЦКАЙ ШЫБЕНІЦЫ…

Іван Антонавіч Гелда быў адным з нешматлікіх старых беларускіх вайскоўцаў-змагароў, якія ўваходзілі ў кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі. Ягоная дасьведчанасьць у вайсковых і палітычных справах, вялікі жыцьцёвы досьвед шмат у чым дапамагалі маладым незалежнікам. Ён ня толькі вучыў іх, як трэба змагацца супраць ворага за незалежнасьць Бацькаўшчыны, але і ўласным прыкладам, самаахвярнасьцю дэманстраваў гэта. І. Гелда й загінуў як герой на сваёй баявой постані.

Нарадзіўся Іван Гелда на Сакольшчыне (Беласточчына) у 1897 годзе. У Першую сусьветную вайну ён ваяваў супраць немцаў у складзе расейскае арміі, меў афіцэрскую рангу. Пасьля захопу ўлады ў Расеі бальшавікамі, Гелда ўступае ў армію генэрала Юдзеніча й ваюе з аддзеламі Чырвонай Арміі ў Эстоніі ды на подступах да Петраграду. Калі генэрал-маёр Станіслаў Булак-Балаховіч пачаў “беларусізацыю” ў сваім войску, І. Гелда пераходзіць да яго. Разам з “бацькам” ён ваюе пасьля на Палесьсі, удзельнічае ў паходзе на Мазыр.

У міжваеннай Польшчы Іван Гелда прымае актыўны ўдзел у беларускім нацыянальна-вызвольным руху. На Беласточчыне ён быў адным з кіраўнікоў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, кіраваў ёю ў Сакольскім павеце. У студзені 1927 г., сярод іншых актывістаў-грамадоўцаў, Гелда быў арыштаваны польскай паліцыяй. Аднак невядома на які тэрмін зьняволеньня яго засудзілі й дзе адбываў пакараньне.

Ёсьць зьвесткі, што Іван Гелда быў сябрам падпольнай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Адначасова ён працягваў трымаць кантакт з былымі актывістамі Грамады. Ацалелыя вядомыя грамадоўцы нелегальна дзеялі ўсе 30-я гады. Яны выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах Беларускую нацыянал-сацыялістычную партыю Акінчыца-Казлоўскага і Беларускі нацыянальны фронт а. Гадлеўскага. Грамадоўцы ўступалі ў гэтыя арганізацыі ды стваралі на месцах суполкі, і дзеялі пад шыльдаю БНСП і БНФ. Польская паліцыя хутка гэта выкрыла ды правяла арышты, разьвязаўшы частку суполак.

Апошняя перадваенная нарада грамадоўцаў адбылася на пачатку 1939 году ў Баранавічах. Ад Беласточчыны на яе прыехалі Васіль Лукашык, Канстанчук і Іван Гелда. Вырашалася пытаньне дзеяньня грамадоўцаў на выпадак вайны Польшчы з Нямеччынай ды плянавалася супрацьпольскае паўстаньне на Палесьсі. Аднак Гелда прыняць у ім удзелу ня змог, бо быў арыштаваны польскай паліцыяй адразу пасьля выбуху вайны. Але зьняволеньне доўжылася нядоўга – фашысты й бальшавікі імкліва акупавалі абшары былой польскай дзяржавы.

У верасьні 1939-га Гелда вымушаны быў ратаваць сваё жыцьцё і ўцякаць на польскую тэрыторыю, акупаваную немцамі, бо добра ведаў, што зробяць зь ім, былым балахоўцам, бальшавікі.

Летам 1941 году Гелда вярнуўся ў Беласток, спрабаваў зрабіць нешта дзеля Бацькаўшчыны. Аднак ягоныя памкненьні знаходзілі перашкоду з боку нямецкіх уладаў ды, наогул, нямецкай акупацыйнай палітыкі. З восені 1941-га Гелда – сябра ўправы Беларускага аб’яднаньня ў Беластоку. Але ён не парывае сувязі з былымі сябрамі па Грамадзе. Калі ўвосень 1941 году камэндант Менскае беларускае паліцыі Юльян Саковіч склікаў нараду грамадоўцаў у Менску, Гелда прыбыў на яе разам з Лукашыкам (бурмістрам Беластоку, які ў 1942 г. уцёк у Швэцыю). На нарадзе была створана падпольная “Беларуская Народная Грамада” ды быў прыняты плян далейшых дзеяньняў. І. Гелда адстойваў на нарадзе неабходнасьць супрацоўніцтва зь немцамі, каб мець на іх нейкі ўплыў ды ствараць беларускія ўзброеныя аддзелы.

Летам 1942 году Іван Гелда вэрбаваў на Беласточчыне беларускіх хлопцаў у афіцэрскую школу, якая павінна была адчыніцца ў Менску. Аднак ён не ўлічыў, што Беластоцкі “бэцырк” быў далучаны да Ўсходняй Прусіі. Таму Гелда і Уладзімер Тамашчык не атрымалі ад немцаў дазволу на адпраўку ў Менск 20 завэрбаваных асобаў.

У 1943 г. ў Беластоку паўстаў беларускі батальён (120 чалавек), камандзірам якога ў ранзе капітана быў прызначаны Гелда. Фактычна, гэта была вайсковая адзінка з паліцыйнымі функцыямі. Увосень 1943 году ў Беласток з Украіны быў пераведзены ўкраінскі батальён (каля 200 чалавек), у якім было шмат прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў. Украінскія вайскоўцы разьмясьціліся ў адным будынку з беларусамі. Спачатку яны мелі чорную ўніформу, але нядоўга – хутка яе зьмянілі на такую ж, што насілі й беларускія жаўнеры. Украінскі батальён мусіў весьці барацьбу з партызанамі.

Аднак хутка Гелда даведаўся, што яны рабавалі насельніцтва ды ўчынялі розныя злачынствы. Адбылася тайная нарада беларускага актыву, на якім пастанавілі прасіць немцаў, каб да кожнай групы ўкраінскага батальёну, што ішла на “заданьне”, далучаць двух беларусаў. Гэта дазволіла б ведаць, што яны робяць. Немцы далі згоду. Зразумела, што ўкраінцам гэта не спадабалася, але яны вымушаны былі пагадзіцца зь “беларускім кантролем”.

У траўні 1944 году нямецкае гестапа арыштавала ў беларускім батальёне каля 20 чалавек, у тым ліку, Гелду, Міколу Грыцука, Алеся Асяцімскага, Смактуновіча, Матыса, Нігерэвіча ды іншых. Усім ім закідалася абвінавачваньне ў прыналежнасьці да Беларускай Незалежніцкай Партыі, якая, па зьвестках гестапа, пашыралася ў беларускім батальёне. Аднак на допытах ніхто з арыштаваных не прызнаўся ў сяброўстве ў БНП (на Беласточчыне БНП кіраваў якраз Іван Гелда). Тым ня менш, беларускім вайскоўцам пагражаў расстрэл і толькі імклівае адступленьне немцаў зь Беларусі выратавала іх ад сьмерці.

22-25 чэрвеня (па іншых зьвестках – на пачатку ліпеня) 1944 г. адбывалася эвакуацыя беластоцкае турмы, падчас якое вязьні былі падзеленыя немцамі на дзьве групы. Міхась Белямук успамінае, што “адзін з гестапаўцаў угледзеў Гелду і сказаў яму забіраць знаёмых хлапцоў і мужчынаў. Гелда ня ведаў, які лёс іх чакае, але інструкцыю гестапаўца выканаў, сабраў вакол сябе даволі вялікую колькасьць асобаў. Пачалі заяжджаць грузавікі, у якія грузілі людзей ды вывозілі. Групу, дзе быў Гелда, не пагружалі ў грузавікі, але адчынілі турэмную браму й адпусьцілі на волю”.

Адпачыўшы некалькі дзён, І. Гелда зьявіўся ў батальён, якім камандаваў у яго адсутнасьць Сяргей Матысік, і загадаў усім перабірацца ў Белавескую пушчу, каб пераўтварыцца ў партызанаў. Аднак ягоны загад ня быў выкананы Матысікам, які сабраў людзей і сказаў, што ён асабіста супраць партызаншчыны. Аднак паабяцаў, што кожны жадаючы ісьці ў лес будзе добра забясьпечаны зброяй і амуніцыяй. Каля 35% асабовага складу батальёна пайшло ў Белавескую пушчу. Рэшта на чале з Матысікам выехала ў Ломжу, дзе яшчэ каля пятнаццаці чалавек былі прыцягнены Алесем Асяцімскім і Міколам Грыцуком у беларускую антысавецкую партызанку. Сам С. Матысік раіў усім адступаць, бо ня верыў у хуткую вайну Захаду з СССР, але і не перашкаджаў тым хлопцам, якія вырашылі змагацца з бальшавікамі.

Дакладна невядома ці ўдзельнічаў Іван Гелда ў Другім Усебеларускім кангрэсе ў Менску. Як бы там ні было, а ўжо ў ліпені 1944 г., як сябра БНП, ён з часткай сваіх хлопцаў едзе ва Ўсходнюю Прусію, дзе ў мястэчку Дальвіц была распачата падрыхтоўка беларускай моладзі для партызанскай дзейнасьці на Бацькаўшчыне. Гелда ў ранзе маёра Беларускае Краёвае Абароны зьяўляўся камандзірам гэтага спэцыяльнага беларускага батальёна “Дальвіц”. Барыс Рагуля, які ў той час таксама быў у гэтай вайсковай адзінцы, успамінае: “Я мала ведаў маёра Гелду. Ён быў даволі высокі, здаровы, тып афіцэра – прамалінейны, праўдзівы, як што трэба сказаць. Любіў выконваць і даваць загады. Па ранзе ён быў малодшы Родзькі, але Гелда быў старэйшы векам. Гэта быў просталінейны патрыёт, афіцэр. “Загад выконваю, загад даю і ён мусіць быць выкананы”.

У лістападзе 1944 г. рэшту Беластоцкага беларускага батальёну, дзякуючы намаганьням Сяргея Матысіка, немцы згадзіліся перакінуць праз Данію ў Нарвэгію. Перад адпраўкай, у Бэрліне сваіх былых падначаленых наведаў І. Гелда. Ён крытыкаваў Матысіка за тое, што ён “уцякае ад змаганьня за Беларусь”. На гэта той адказаў: “Загубіць моладзь мне не дазваляе сумленьне, яе трэба зьберагчы, яна можа быць вельмі патрэбная ў будучыні”. На гэтым яны й разышліся.

На пачатку лютага 1945 году маёр Іван Гелда быў выкліканы ў Бэрлін, уведзены ў склад Беларускай Цэнтральнай Рады. Батальён “Дальвіц” у гэты час ужо знаходзіўся каля Бэрліну й працягваў падрыхтоўку. У красавіку 1945-га адбылася нелегальная канферэнцыя БНП, на якой аформілася Беларуская Вайсковая Арганізацыя, якая павінна была ачоліць партызанскае змаганьне на Беларусі. У ёй браў удзел і Гелда. Калі грамадоўцы прапанавалі яму перабірацца на Захад, ён адказаў наступнае: “Я хачу прысьвяціць усё сваё жыцьцё ўзброенай барацьбе за вызваленьне Беларусі”.

На пачатку траўня 1945 году батальён “Дальвіц” апынуўся ў Чэхіі, дзе ён быў раззброены мясцовымі паўстанцамі. Па адной з вэрсій, каманду аб здачы зброі аддаў маёр Гелда, калі Родзька ў батальёне адсутнічаў. Бо не хацеў праліваць крыві. Па другой вэрсіі, загад аддаў Родзька, калі ягоны аддзел трапіў у засаду ў адным з чэскіх мястэчак. Пасьля гэтага жаўнеры і афіцэры “Дальвіцу” разьбіліся на групы й прабіваліся ў Польшчу й на Беларусь. Дакладна невядома, калі й пры якіх абставінах трапіў у рукі чэкістаў маёр Іван Гелда. Аднак ужо ў чэрвені 1945 году ён даваў паказаньні сьледчым дзяржбясьпекі. Сьледзтва цягнулася да вясны 1946 г. Гелда праходзіў па “справе шасьці” й быў засуджаны бальшавіцкімі акупантамі да кары сьмерцю. Беларускія эміграцыйныя крыніцы паведамляюць, што славуты беларускі вайсковец быў павешаны ў Беластоку…

ЗМАГАР ЗА ВОЛЮ НАРОДА

Адным з найбольш выдатных беларускіх нацыянальных дзеячаў падчас Другой сусьветнай вайны быў Юльян Саковіч. Арганізатар беларускіх вайсковых і паліцыйных аддзелаў, падпольных арганізацый, ён бясстрашна бараніў беларускі народ перад нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Ю. Саковіч імкнуўся аб’яднаць увесь беларускі нацыянальны актыў: і сацыялістаў, і нацыяналістаў, ды скіраваць іх агульныя высілкі на барацьбу за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі.

Юльян Саковіч нарадзіўся 24 жніўня 1906 году ў фальварку Баўдыры Крэўскае воласьці Ашмянскага павету ў заможнай сялянскай сям’і. Бацька хацеў бачыць сына адукаваным і нацыянальна сьведамым ды накіраваў яго вучыцца ў Віленскую беларускую гімназію. Тут Юльян знаёміцца з падпольнымі камуністычнымі выданьнямі, уступае ў камсамол. На пачатку сьнежня 1925 г. яго арыштоўвае польская паліцыя й трымае ў турме цэлы месяц. Справа Саковіча была ўзьнята ў польскім Сойме паслом Юрыем Сабалеўскім 24 сакавіка 1926 году. Сабалеўскі прыводзіў у сваім выступленьні паказаньні Саковіча пра зьдзекі над ім польскіх паліцыянтаў: “Пасьля арыштаваньня... хочучы змусіць мяне да фальшывых паказаньняў проці маіх зьверхнікаў, агенты палітычнай паліцыі нялюдзкім спосабам зьдзекаваліся нада мною... Білі мяне па твары, потым зьнялі гамашы і гумовымі прутамі білі ў пяты”.

Скончыўшы гімназію, Саковіч быў ужо сьведамым камуністам. “Старэйшыя таварышы”, насланыя ў Заходнюю Беларусь з БССР, вельмі актыўна працавалі сярод беларускай моладзі. Асабліва вялікую ўвагу яны надавалі беларускаму студэнцтву, як найбольш актыўнай частцы моладзі. У існуючы пры Віленскім унівэрсытэце незалежніцкі Беларускі студэнцкі саюз засылаліся камсамольцы, якія павінны былі або захапіць БСС, або яго ліквідаваць. Уступіў у Саюз і Юльян Саковіч, які вучыўся ва ўнівэрсытэце на агранома, прайшоўшы добрую школу Беларускай сялянска-работніцкай Грамады.

Спачатку камсамольцы вялі ў БСС прапагандысцкую дзейнасьць, якая не дала жаданых вынікаў. Пасьля яны распачалі “падрыўную” дзейнасьць, спрабуючы раскалоць арганізацыю. Але й тут атрымалі паразу: некаторыя студэнты-камсамольцы, у тым ліку і Саковіч, былі выключаны з Беларускага студэнцкага саюзу. У ліпені 1929 году Юльян Саковіч з сябрамі пачынае выдаваць часапіс “беларускага прагрэсіўнага студэнцтва” “Вольная думка”. Аднак аб’яднаць вакол “Вольнай думкі” значнай колькасьці студэнтаў не ўдалося, а сам часапіс спыніў сваё існаваньне на другім нумары, які выйшаў у сьнежні 1929 г. Адной з прычын гэтага стаўся арышт польскай паліцыяй Ю. Саковіча.

Паводле некаторых зьвестак, частыя арышты перашкодзілі Саковічу закончыць унівэрсытэт. Але кар’ера яго ня вельмі хвалявала. Беластоцкая газэта “Новая дарога” пісала ў 1943 годзе: “Сын багатых бацькоў, ён ніколі ня думаў аб тым, каб пайсьці на кампраміс з ненавіснай яму польскай уладай і забясьпечыць сабе спакойнае, добрае жыцьцё. Не, яго лёзунгам было дабро цэлага беларускага народу. Дзеля гэтага дабра ён працаваў, змагаўся. За гэта сядзеў ня раз у польскіх турмах. Але гэта яго не зламала. Якія толькі беларускія арганізацыі ў Вільні існавалі, ён у кожнай быў дзейным сябрам, заўсёды радасны, заўсёды з усьмешкай, поўны запалу. Усе беларусы, працуючыя разам зь ім, шанавалі яго, любілі за самахвярнасьць, за шчырую працу”.

Саковіч актыўна працуе ў Таварыстве беларускае школы (ТБШ). На пачатку 1933 году ён і яшчэ некалькі дзеячаў Таварыства былі арыштаваныя “за камуністычную дзейнасьць”. Большасьць арыштаваных была апраўданая, а Саковіч, сябра Нагляднае Рады ТБШ, атрымаў тры гады турмы. Адбыўшы тэрмін зьняволеньня, у 1936 годзе ён зноў арыштоўваўся польскай паліцыяй.

На пачатку 1939 году ў Баранавічах на нелегальную нараду сабраліся былыя актывісты Грамады. Яны прагназавалі хуткі пачатак вайны Нямеччыны з Польшчай, і таму абмяркоўвалі сваю тактыку дзеяньняў у гэтых умовах. Быў прыняты плян антыпольскага паўстаньня на выпадак вайны, з мэтай абвяшчэньня незалежнае Заходнебеларускае рэспублікі. Юльян Саковіч удзельнічаў у гэтай нарадзе, аднак прыняць удзелу ў паўстаньні ня змог, бо быў у чарговы раз арыштаваны польскай паліцыяй.

Пачатак нямецкай агрэсіі звольніў Саковіча з канцлягера ў Бярозе-Картускай. Ён вяртаецца ў родныя мясьціны, дзе ўжо ўсталёўвалася савецкая ўлада. Здавалася, што нарэшце настаў той час, калі спраўдзіцца ўсё тое, за што ён змагаўся ўсе гэтыя гады, але настала вялікае расчараваньне. Ю. Саковіч трапляе ў турму НКВД, дзе ў яго самымі жорсткімі мэтадамі выбіваліся патрэбныя чэкістам паказаньні. Гэта быў крах рэшты ілюзій наконт “беларускага дому” ў БССР. Зьдзекі й катаваньні доўжыліся месяцамі й скончыліся 22 чэрвеня 1941 году.

Саковіч уцякае з турмы й вяртаецца ў бацькаву хату. З прыходам немцаў на яго распачынае паляваньне польская паліцыя, якая была на службе ў акупантаў. Летам 1941 г. палякамі было расстраляна або выдадзена немцам для ліквідацыі толькі ў Заходняй Беларусі да тысячы актывістаў КПЗБ, ТБШ, Грамады. Юльяну Саковічу нейкім цудам удалося вырвацца з рук польскай паліцыі й уцячы ў Менск.

Ю. Саковіч, разьвітаўшыся са сваімі камуністычнымі ілюзіямі, уключаецца ў барацьбу за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Ён і шмат іншых беларускіх патрыётаў, ацалеўшых у турмах НКВД або прыехаўшых з эміграцыі, распачынаюць актыўную дзейнасьць па стварэньні беларускіх вайсковых і паліцыйных аддзелаў, грамадзкіх арганізацый і школьніцтва. Саковіч быў камэндантам паліцыі Менскае акругі, а пасьля гораду Менску. У кастрычніку 1941 году яго прызначаюць начальнікам адміністрацыйнага аддзелу Беларускае народнае самапомачы (БНС). Многія ведалі пра камуністычнае мінулае Саковіча, і ў СД на яго пасыпаліся даносы. Але немцы да былога вязьня бальшавіцкіх турмаў адносіліся з даверам. Пазьней яны ўспомняць пра гэтыя паперы, калі будуць падпісваць Саковічу сьмяротны прысуд...

Ужо ў жніўні 1941 г. Юльян Саковіч праз бурмістра Віцебска Усевалада Родзьку ўваходзіць у беларускую кансьпірацыйную дзейнасьць. У 1942 годзе ён ужо ў кіраўніцтве Беларускай Незалежніцкай Партыі, кіруе Менскім акруговым камітэтам БНП. На менскай кватэры Саковіча праходзілі канферэнцыі і зьезды БНП. Адначасова Ю. Саковіч зьяўляўся правадыром нелегальнай арганізацыі Беларуская Народная Грамада, у якую ўваходзілі былыя сябры БСРГ 1925-27 гг. Першая нарада адбылася ў Менску ўвосень 1941 г. і на ёй прысутнічалі 9 чалавек. У 1942 годзе на Палесьсі, дзякуючы грамадоўцам, удалося аб’яднаць некалькі дзесяткаў патрыятычных атрадаў і груп у Беларускую народную партызанку, камандзірам якой стаў былы савецкі афіцэр Іван Шанько.

Летам 1942 году Ю. Саковіч уваходзіць у штаб па фармаваньні вайсковых частак Беларускае самааховы (БСА), падпісвае адпаведны заклік да беларускага народу (акрамя яго там былі подпісы І. Ермачэнкі, а. В. Гадлеўскага, Арх. Філафея, В. Іваноўскага і Ўл. Казлоўскага).

Нямецкія спэцслужбы мелі інфармацыю пра беларускую кансьпірацыю. Іх агентура не сядзела бяз працы. Бачачы ў Саковічу аднаго з кіраўнікоў Нацыянальнага Супраціву, немцы пачынаюць адсоўваць яго ад уплывовых пасад. Ад жніўня 1942-га да траўня 1943 году ён працаваў кіраўніком Самапомачы Менскае акругі. Саковіч не баяўся нямецкіх рэпрэсій і пратэставаў супраць паленьня эсэсаўцамі беларускіх вёсак і масавых забойстваў мірнага жыхарства, чым моцна настроіў супраць сябе нямецкія эсэсаўскія ўлады. У выніку, яго пазбаўляюць займаных пасад і высылаюць у Ліду на становішча акруговага старшыні БНС. Польскае падпольле апэратыўна даведалася пра прыезд Саковіча й прысудзіла яго да сьмерці.

Лідчына была апанавана польскім падпольлем і партызанкаю, якія вялі бязьлітасную барацьбу зь беларускім нацыянальным актывам. Польскія тэрарысты стралялі беларускіх вайскоўцаў, настаўнікаў і урадоўцаў упрост на вуліцах Ліды. Зброю і амуніцыю акоўцы атрымоўвалі ад нямецкіх уладаў, ды трымалі з апошнімі шчыльны кантакт. Немцы ведалі, што жывым Саковіч адтуль ня вернецца і, такім чынам, чужымі рукамі зьнішчалі аднаго з правадыроў беларускага падпольля.

Юльян Саковіч і Леанід Маракоў, брат загінуўшага ў бальшавіцкіх лягерах пісьменьніка, прыехалі ў Васілішкі, каб правесьці там беларусізацыю мясцовай адміністрацыі. 13 чэрвеня 1943 году яны наведвалі беларусаў у фальварку Гайкаўшчына і вярнуліся ў Васілішкі толькі ў абед. Тут іх ужо чакалі два тэрарысты...

Саковіч і Маракоў былі расстраляны ва ўпор недалёка ад касьцёла. Забойцы пасьпяхова схаваліся, а мясцовая паліцыя, складзеная з палякаў, нават і не зьбіралася іх шукаць. Беларускія сьледчыя выйшлі на сьлед тэрарыстаў, але немцы зрабілі ўсё магчымае, каб тыя пазьбеглі кары й пайшлі ў лес. Ільля Кіслы, у якога былі ўсе дакумэнты па расьсьледаваньні забойства, быў застрэлены на лідзкай вуліцы.

Юльян Саковіч быў пахаваны на праваслаўных могілках у Лідзе ў прысутнасьці шматлікага беларускага грамадзтва. Усе беларускія газэты зьмясьцілі нэкралёгі, прысьвечаныя яго сьветлай памяці.

“Новая дарога” пісала: “Ня стала Яго. Ён адыйшоў ад нас. Памяць аб ім застанецца вечна жыць у нашых сэрцах, у сэрцах беларускага народу. А ворагі нашы, яго забойцы, няхай ведаюць — назаўсёды прайшоў ужо час, калі яны маглі бяскарна нішчыць лепшых яго сыноў. Цяпер караючы меч нашых узброеных аддзелаў цяжка ўпадзе на іх праступніцкія галовы.

Сьпі спакойна, дарагі сябра, дарагі змагар! Мы споўнім твае запаветы! Вольная Беларусь ніколі не забудзе сваіх ахвяраў на шляху змаганьня!”

“МЫ — БЕЛАРУСКІЯ САЛДАТЫ...”

Кастусь Шышэя быў адным з дэсантнікаў маёра Вітушкі. Пасьля таго, як ягоная група трапіла ў рукі чэкістаў, ён яшчэ нейкі час знаходзіўся на нелегальным становішчы, пакуль і яго не спасьціг такі ж лёс. Пасьля менскай “амэрыканкі” пачаліся доўгія гады бальшавіцкіх канцлягероў. Вярнуўся на Бацькаўшчыну толькі напрыканцы 50-х гадоў. Жыве ў Вільні.

— Калі Вы ўпершыню пачулі пра Беларускую Незалежніцкую Партыю?

— Гэта было ў Шчорсах дзесьці ў 1942 годзе. Я раз запытаўся у свайго настаўніка, беларуса Аркадзя Бузука, які быў нейкі час старшынём воласьці: “Што робіцца на сьвеце? Кругом партызаны: палякі забіваюць нас, бальшавіцкія чырвоныя таксама...” А ён гаворыць: “Трэба пачакаць. Вось я табе нешта дам”. І даў мне два “Бюлетэні БНП”. Два розныя нумары, першы і другі (а ўсяго было іх шэсьць). Даў мне й гаворыць: “Ты праштудзіруй, а пасьля аддай мне”. Я прачытаў гэтыя бюлетэні, бачу, што ёсьць партыя такая, сур’ёзная партыя. Пісалася там, што ў Менску сабралося 20 чалавек. Што яны сабраліся й арганізавалі БНП. Я быў згодны з праграмай, якая там была надрукаваная. Калі аддаваў яму бюлетэні, Бузук сказаў: “Бяры сабе мянушку і будзем змагацца. Але нікуды ня ідзі, чакай. Што-небудзь дый будзе”.

Так я ўступіў у Беларускую Незалежніцкую Партыю. У 1943 годзе БНП ужо мела вельмі моцныя пазыцыі на Наваградчыне. Я ўжо, як сябра партыі, меў права 5 чалавек прыняць у сваю ячэйку. Гаварыў сябрам, што вось мы будзем будаваць незалежную дзяржаву й таму трэба нам гуртавацца. Інакш палякі, бальшавікі й немцы нас усіх пераб’юць... Але нічога не рабілася. Усё глуха. Б’юць усёроўна. Хаваем аднаго за другім...

— Раскажыце, як Вы трапілі да Рагулі?

— Працаваў я бугальтарам у маёнтку. А калі партызаны пачалі рэзаць усіх, дык я вырашыў уцячы з гэтай работы. Аднойчы я быў сьведкам, як савецкія партызаны Міцькі Дзянісенкі расстралялі Кацю Сямашку з малым дзіцем. Яна толькі замуж выйшла й нарадзіла дзіця... Ляжала зь ім на падлозе, уся ў крыві. Адной куляй забілі яе і немаўлятку... Я як паглядзеў на гэта, пайшоў і здаў свае бухгалтарскія справы. А тут якраз атрымаў павестку ў войска. Думаю: пайду, хай яна лясьне, ваша адміністрацыйная работа. Пайду, трэба ваяваць з гэтымі “партызанамі” рускімі, польскімі...

Прыходжу. А ў мяне была г. зв. “бронь” — мяне нельга было кудысь мабілізаваць. Прыходжу. Агледзелі мяне й вэрбуюць у Todt, такую будаўнічую арганізацыю. А тут падходзіць да мяне малады чалавек і кажа: “Слухай, ты бугальтарам працуеш, а ў гарцэрах (скаўтах) ня быў?” Я кажу, што быў.

— Вось, слухай, нам патрэбны камандзіры ў беларускую армію”.

— А дзе тая армія беларуская?

— Няма, але яна будзе!

Гавару: — Давай, калі беларуская армія, я згодны.

— А Вы ня ведалі хто гэта сядзеў?

— Ня ведаў. Пасьля ўжо даведаўся, што Рагуля. Ён быў такі ж малады, як і я. Пытаюся: “А хто камандзір?” “Мы падбярэм камандзіраў, усё будзе. Нам трэба будаваць гэтую нашую армію. Інакш усё прападзе!” Гаварыў ён якраз тое, што я думаў... Прыйшоў я ў казарму, даюць мне кніжачку на беларускай мове “Вайсковая тэрміналёгія. Каманды”. Кажуць, каб вывучыў, бо трэба будзе муштраваць іншых...

— Па лініі БНП была яшчэ якая праца? Паведамлялі Вам што?

— Нічога.

— А Барыс Рагуля ведаў, што Вы — сябра БНП?

— Не. Як я ня ведаў, што ён быў у партыі. А я ня меў права яму гаварыць.

— А як Вы трапілі ў “Дальвіц”?

— Вясной 1944 году наш батальён знаходзіўся пад Докшыцамі. Адправілі нас туды змагацца з савецкімі партызанамі, але Рагуля так дамаўляўся зь немцамі, што мы стаялі ў баку, не выходзілі на вайсковыя апэрацыі... Там, дарэчы, знайшоў я 16-гадовага хлопчыка, Мішку Бычка. Ён быў сынам партызанскага повара. Партызаны адступілі, а ён заснуў на дрэве й застаўся. Забраў я яго ў батальён і так Мішка прывык да мяне. Нібыта родны бацька стаў я для яго. Ён і з дэсантам ляцеў пасьля на Беларусь, разам са мною. У групе Вітушкі.

Рагуля прывёў батальён у Наваградак. Сабраў нас на Замкавай гары, гаворыць: “Сёньня я не магу загадваць. Вы ўсе сабе камандзіры, самыя павінны вырашаць, хто хоча далей змагацца за незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны. Хто хоча са мной — калі ласка. А хто не баіцца застацца, хто з партызанамі сувязь меў — можаце заставацца. Можа яшчэ спаткаемся. Хутка”. Зрабіў ён такую прамову й мы ўсе разышліся. Большасьць пайшла па хатах. З тых некалькіх соцень жаўнераў засталося чалавек 120. Мы й адступалі на захад...

Быў пад маім провадам вельмі нэрвовы хлопец, Валодзя Нагулевіч. Яго маці партызаны жудасна катавалі: вылупілі вочы, адрэзалі грудзі. А ён усё гэта бачыў... Перажыў такі страшэнны шок. Ніякай зброі не прызнаваў, акрамя кулямёту Дзегцярова. Сколькі ў мяне зь ім было праблемаў! То сваіх абстраляе, калі на пасту стаіць, то яшчэ што... Таксама трапіў ён у “Дальвіц”, ляцеў з дэсантам.

У “Дальвіцы” Рагуля паставіў мяне старшыной усяго курса. Трэба было і абмундзіраваць, і накарміць, і вывесьці на заданьне людзей...

— Калі Вы даведаліся, што Вас адпраўляюць на Беларусь?

— У нас пазабіралі ўсе дакумэнты. Каб нічога ня было. Усё мы пакінулі й спалілі ў печы... Перад вылетам на Беларусь мяне выклікаў немец Геруліс. Сказаў, што мяне запісалі ў дэсант разам зь іншымі наваградзкімі хлопцамі. Кажа, што хацеў бы, каб я застаўся. Але як я застануся, калі мае сябры ляцяць на Беларусь!.. У маёй групе было 28 чалавек. З жанчын была Вера Краскоўская й Тамара Чэрамшагіна, нашыя радысткі. Ляцеў Мікола Рулінскі, але ў яго раскруціўся парашут і ён вярнуўся назад. Быў Вітушка, Багдановіч Глеб, Гінько Янка, Шунько Міша, Конюх Вася, Мацук Саша, Куімаў Саша. Ён быў расеец, шафёр Б. Рагулі. Яго ў Лідзе бальшавікі павесілі. Я думаў, што і мяне павесяць. Як злавілі ўжо мяне, самага апошняга, я не прызнаўся, што дывэрсант. Сказаў, што з польскай АК і зусім ня ведаю расейскае мовы. Назваўся “Жукоўскім Чэславам”. І хоць ты мяне забі, не прызнаваўся, што я беларус. А ў камэры я пачуў, што ў Лідзе павесілі Куімава. Ну, думаю, гэта і мая доля такая, калі мяне выкрыюць... Пасьля мяне выкрылі. Прыводзілі на вочную стаўку Мацука Сашу. А мяне ўжо пазналі. Гэтага Сашу пабілі моцна. Паказваў на мяне, а я кажу: “Я ня быў у БНП, я — паляк!..”.

— Сколькі вас сабралося пасьля дэсанту?

— Дзевяць чалавек: я, Гінько, Мацук, Конюх, Мішка Бычок, Філя Давідчык, Вера Краскоўская, Федаровіч, Павал Шляхтун... Як дэсантаваліся, была ноч. Пражэктарамі асьвяцілі, дык стала сьветла, як днём. Уцякалі мы з усіх сіл...

— Хто стаў камандзірам групы? Гінько?

— Гінько не ваенны чалавек. Ён больш палітычны. Ня ведаў як стрэльбу ўзяць... Мы падзяліліся. Давідчыка з Краскоўскай мы адправілі дадому на разьведку (а там бацькі кажуць: “Што ты, сынок!”. Пасадзілі іх на воз і ў НКВД завезьлі). А я застаўся нібыта за камандзіра. З палякамі ўмаўляўся я...

— У якім месцы Вы дэсантаваліся?

— Каля Воранава. Недалёка ад вёскі Лаўрынкі. Там мы чакалі тых, каго адправілі ў разьведку. Нас засталося чацьвёра: Конюх, Мацук, я і Гінько.

— Як Вы ўладкаваліся ў лесе?

— Па-рознаму. Дзе ў лесе былі, дзе ў гумно залезем. Халадзіна была...

— Вы ўспаміналі пра перамовы з палякамі...

— Спачатку я пайшоў у вёску, нібыта хацеў купіць сала. Грошы былі (немцы далі). Купіў я сала, самагону, ды пачаў з гаспадыняй полькай размову. Кажу: “Надакучыла ў лесе хадзіць. Трэба было б дзе-небудзь “прызямліцца”. І ніяк не магу знайсьці партызанаў”. “А пан прыйдзе ў раніцы?” — пытаецца. — “Прыйду, а як жа. Можа пані якой цыбулі падрыхтуе?.. І яна, відаць, пайшла да акоўцаў ды расказала пра мяне.

Назаўтра я прыходжу да яе зноў. Заходзіць у хату “мадам” гадоў сарака, па выгляду інтэлігентная кабета. Паглядзела на мяне й пытаецца: “Хто вы ёсьць?” Я кажу: “А вы хто? “Ну вы прасілі сустрэчу зрабіць”. Кажу: “Так, прасіў”. “Дык можам зрабіць сустрэчу, але хто ў вас камандзір?” — “Я!” “Ну да? Чалавека старэйшага трэба. Што ж ты за камандзір?!” — “Ну ёсьць старэйшы, высокі, у акулярах. “Во, во, такога”. І назаўтра прызначыла сустрэчу.

Прыйшоў я ў лес, кажу Гіньку, што прызначана спатканьне: — усё роўна мы ня выберамся. Трэба нам зь імі якую сувязь падтрымліваць, з гэтымі акоўцамі. “Ну добра, пойдзем”, — кажа Гінько. Пайшлі. Зайшлі ў хату. Жанчына тая паглядзела на нас і павяла ў лес. Ішлі доўга. Думаю сабе — халера яе ведае, куды яна нас вядзе?! А пасьля яна нас вывела на паляну. “Вы тут пастойце”, — кажа. І пайшла кудысь у кусты.

Як я прыгледжуся: там, за кустамі, за дрэвамі шэлясьціць штосьці. Акружаныя! Гавару Янку — слухай, брат, мы ў ачапленьні! А ён стаў нейкі абыякавы. Гаворыць: “Сьмерць так сьмерць, чорт яе бяры!” А мне толькі 20 гадоў, паміраць ня надта хочацца. Нават у баю!..

Гляджу: з кустоў выходзіць польскі капітан. “Чолэм, хлопцы!” — “Чолэм, пане капітане!” — гавару. “О, так чаго ты не прыходзіш да нас?” — “Я хацеў бы, вось прашуся да вас”. “А як гэта так, што ты добра на польскай мове гаворыш?” А я кажу: — А вось мой пшэваднічонцы яшчэ лепей па-польску гаворыць, бо унівэрсытэт Варшаўскі канчаў (а палякі ўжо ведалі, што мы беларусы)”. “У чым справа?” — “Хацеў бы падружыць з вашымі хлопцамі, — кажу, — таму, што нас могуць злавіць, мы паслалі разьведку”. А яны ўсё знаюць, усё бачаць! — “Мы паслалі разьведку. У Налібоцкай пушчы стаяць нашыя атрады”, — кажу.

— Гэта рэальна было?

— Ашукваў! Кажу ім, што мы паслалі людзей наладзіць зь імі сувязь. А мы іх чакаем... Пагаварылі мы так. А пасьля капітан кажа, каб некага паклікалі. Прыходзіць нейкі руды дзядзька. Капітан гаворыць, што мы будзем зь ім кантактаваць. Даў яму загад. А гэты руды прыстаў да нас: “Ну хто вы такія?” Я гавару: “Мы — беларускія салдаты і з вамі будзем...” “Дык ты хочаш, каб тут была Беларусь?” — “Канешне, — гавару, — тут жа народ беларускі кругом”. А ён тумак тумаком. “Ну і што ты думаеш, — гаворыць, — будзе дзяржава?” Гавару: “Ну якая цяпер дзяржава? Нам трэба выратавацца ад бальшавікоў. Вам і нам. А потым мы будзем дзяліць, што каму”. Ён падумаў: “Правільна, нам дзяліць няма чаго”.

Пайшлі мы зь ім. Як наш адзін салдат на пасту стаіць, дык іхныя тры. Яшчэ ня верылі нам...

— Доўга вы былі зь імі?

— Ну ўжо да сьнежня 1944 году. А тут такія халады пачаліся!.. Зайшлі мы ў адну хату, а там цётка аладкі пячэ ў печцы. Я гавару, давайце папросім, каб цётка нас аладкамі пачаставала. Дастаю сто рублёў. Гавару: — “Можна?” — “О, давай, цяпер сто рублёў — гэта вялікія грошы”.

Тут адзін наш глянуў: аблава ідзе — ловяць нас! Ідуць салдаты савецкія. Я гавару: “Зброю сваю падрыхтуйце! Зараджайце, будзе бяда...”

— А палякі вас не абяззброілі?

— Не. Усё ў нас было. Але вось чаму яны нас не папярэдзілі?.. Палякі павінны былі ведаць пра аблаву.

Стаў я каля парога, нібыта дапамагаю гаспадыні аладкі пячы. Заходзіць адзін сяржант з аўтаматам. А я на яго свой наводжу, гавару: “В чём дело?” — “Ваши документы!” Я адходжу ад дзьвярэй, гавару на сваіх: “Хлопцы, выходзьце! А вы, сяржант, ідзіце ў свой штаб, а мы ў свой”. А ён зьбялеў... А я гавару: “Не думай шумець, вось на спуск націсну й цябе няма!” Выйшлі мы з хаты й пачалі адыходзіць. Тут нашы кінуліся ўцякаць. А Гінько кінуўся зусім у іншы бок... Я адчуваю, што вось-вось усмаліць у мяне. А я ўжо метраў 70-80 адыйшоў. Бачу, што ў сяржанта задрыжэў твар... Я кінуўся за вялікі камень. Якраз той даў па мне чаргу з аўтамату ППШ. Але аўтамат гэты савецкі дрэнны — толькі першыя дзесяць куляў дакладна лятуць, а пасьля плюе... Кінуўся я за хлопцамі. А Гінька там забралі...

Беглі мы з хлопцамі ўтрох. Спыніліся. Што рабіць далей? Вечарэла. Цэлы дзень так прахадзілі. Ад аблавы ўцяклі. Залезьлі ў гумно, схаваліся ў сена, каб абагрэцца. Самы сон. Прачынаюся, чую: хлопцы нешта шэпчуцца. Што такое? Прыслухаўся. Гавораць яны, што з партызанамі яны мелі сувязь, а “гэты не здасца”. Халера, думаю, засну, а яны мяне зьвяжуць і здадуць! Я пачакаў, а пасьля паціху ўстаў і выйшаў у кусты. Там і сядзеў да раніцы. Ранкам Конюх з Мацуком усталі, пасадзіў іх дзядзька на воз і павёз здавацца...

А я пайшоў да свайго дзядзькі — лясьніка. Думаю, даведаюся, як, што там у лесе. Трэба было мінуць Іўе, Любча. Далёка мне трэба было ісьці...

ЛІСТЫ ПРЭЗЫДЭНТА

Зь Міхасём Зуём, сябрам Цэнтральнага Камітэту Беларускай Незалежніцкай Партыі, які жыў у далёкай Аўстраліі, я даволі доўга шукаў сувязь. Але толькі ў траўні 1994 году атрымаў першы ліст ад яго. Зуй, у той час прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады, пісаў:

“…радасьць і надзея ўзмоцнілася ў маёй душы, што полымя жорсткіх спосабаў нашых ворагаў вырваць з душы беларусаў любоў да свабоды, волі і сваёй Радзімы… не ўдалася, паміма зьнішчэньня каля трох з паловай мільёнаў лепшых дзетак Беларусі. Беларусь жыве, бо жывуць і дзейнічаюць беларускія патрыёты, што ёсьць зарукай, што ў недалёкай будучыні Беларусь скіне з сябе ўсе пархі, якія ўсьцяж смокчуць зь яе апошнюю кроў, а Беларускія Патрыёты пабудуюць справядлівы лад у сваёй Вольнай і Незалежнай Радзіме.

…У 1944 г., па дарозе на Захад, спаткаў кіраўніка ЦК БНП капітана Ўсевалада Родзьку, які арганізаваў батальён з беларускіх патрыётаў пад назовам “Дальвіц”. Я ўступіў у яго. Там спаткаўся з маёрам Вітушкам, докт. маёрам Багдановічам, Б. Рагулем, маёрам Дзьмітрыем Касмовічам і другімі афіцэрамі.

…маёр Вітушка атрымаў намінацыю генэрала і на чале з групай сямі сяброў БНП былі скінуты на Беларусь. Мой зямляк, былы ўдзельнік польскай партызанкі… спатыкаўся з сябрамі скінутай групы, ачоленай ген. Вітушкам. Яны дагаварыліся на супрацу з польскай партызанкай. Пазьней увосень была скінутая на Беларусь другая група сяброў БНП пад кіраўніцтвам док. маёра Багдановіча. Жывучы ў Аўстраліі, атрымаў пару фотак ад сяброў з групы маёра Багдановіча, а паміж імі сядзіць маёр Багдановіч…”

Напрыканцы 1994 году з Аўстраліі прыйшлі сумныя весткі — Міхась Зуй захварэў і апынуўся ў шпіталі. Дыягназ лекараў быў бязьлітасны: рак… Знаходзячыся на парозе жыцьця й сьмерці, М. Зуй піша, на маю даўнейшую просьбу, успаміны пад назовам “Мая аўтабіяграфія”. Гэта споведзь чалавека, які, ведаючы пра блізкую сьмерць, напісаў праўдзіва пра ўсе непрыемныя жыцьцёвыя сытуацыі (вымушаная супраца з НКВД перад вайной). Раней гэтыя ўспаміны зьявіцца не маглі, бо сталіся б сродкам у палітычнай барацьбе беларускай эміграцыі.

Вестка пра сьмерць 24 красавіка 1995 году Міхася Зуя прыйшла да мяне са спазьненьнем на месяц. Сябар Зуя Павал Гуз пісаў: “Пішу Вам гэты ліст з вялікай жальбой, якую мы ў Аўстраліі панесьлі вось у гэтым месяцы… на 86 годзе свайго зямнога жыцьця адышоў у вечнасьць наш вялікі сын беларускай зямлі Міхась Зуй. Сканчаўся ён на другі дзень праваслаўнай Пасхі… харанілі яго 1.5.95 на праваслаўнай дзяльніцы ў горадзе Сыднэй з усім праваслаўным абычаем, абрад паховінаў выканаў а. Ігар Хлябіч, дзе быў гроб, накрыты бел-чырвона-белым сьцягам, украшаны яго ўзнагародамі — трыма мэдалямі БКА і БЦР.

Ушанаваць нябожчыка прыйшла вялікая грамада Сыднэю ды другіх штатаў Аўстраліі, як, напрыклад, сябры гораду Мэльбурну, нягледзячы на вялікую дарогу — аж 1000 км ад Сыднэю…”

МІХАСЬ ЗУЙ. МАЯ АЎТАБІЯГРАФІЯ

Я, Міхась Зуй, нарадзіўся 23-га кастрычніка 1909 г. у вёсцы Вялікае Сяло Германаўскай воласьці Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва. Бацька мой быў сельскі гаспадар. Ён меў каля 8-мі гектараў зямлі, а пасьля адкупіў ад брата яго частку — 8 гектараў. Да гэтага часу я пачаў хадзіць у рускую пачатковую школу ў 1917 годзе.

Праз чатыры месяцы, у сувязі з вайной Расеі зь Нямеччынай, школа перастала працаваць. У 1918-19 годзе зноў пайшоў вучыцца ў рускую школу. Праз пяць месяцаў вучобы, у сувязі з хваробай бацькі, змушаны быў пакінуць школу, ды ва ўзросьце 9-ці гадоў ехаць у поле гараць зямлю і выконваць усе гаспадарчыя работы. Ведаючы, што навука — сьвятло, якое асьвятляе жыцьцё чалавека, стараюся дзе можна здабываць яе. У 1921 годзе пяць месяцаў вучыўся ў польскай школе, чытаю кнігі, хаджу на вячэрнія курсы, што дае магчымасьць закончыць праграму польскай сямігодкі і аднагадовы курс сельскай гаспадаркі.

У 1932-ім годзе арганізуем “Кола Вясковай Моладзі” (Kolo Mlodzezy Wiejskiej). Спаткаўшыся з беларускай літаратурай, пазнаю, што я сын Беларускага Народу з слаўнай мінуўшчынай, які крыўдзіць імпэрыялістычная Масква і Варшава. У мае шаснаццаць год даю сабе слова, што пакуль буду жыць і магчы, буду абараняць свой слаўны гісторыяй, здольны і мірны народ ад усіх крыўдзіцеляў. Заснаваўшы К. В. М., выбіраюць мяне старшынём гэтай арганізацыі, з году ў год, да 1939 году, да “вызваленьня” Заходняй Беларусі ад “гнёту” польскіх паноў.

У барацьбе Кола Вясковай Моладзі пашырае сярод беларускага насельніцтва сьведамасьць аб Беларусі, праз адыграваньне беларускіх п’есак, ды выступы беларускага мяшанага хору з беларускімі песьнямі й дапамагае бараніцца ад палянізацыі беларусаў. Адначасна даем сялянам сельскагаспадарчыя парады. У 1936 годзе еду ў Вільню на шасьцімесячныя курсы “Вясковы Унівэрсытэт Грамадзкі” (Wiejski Uniwersytet Spoleczny). Вярнуўшыся назад, абдымаю функцыю брыгадзіра па садаводзтве ў воласьці, арганізую другое К. В. М. і апякуюся ім.

За пашырэньне беларускай сьведамасьці паміж насельніцтва мае сябры перасьцерагалі мяне, што паліцыя арыштуе, прышые лату камуніста і пашле ў канцлягер “Картуз Бярозу”. Пры прыходзе саветаў у 1939 годзе савецкі пракурор назначае мяне агітатарам — растлумачваць “сталінскую канстытуцыю” і палажэньне аб выбарах у акруговых вёсках. Сумленна выконваю свае абавязкі перад народам. Пасьля такога паясьненьня сяляне разыходзяцца і мацюгом крыюць “свабоду”.

Адначасна працую актывістам, дзесяцідворнікам. У палове 1940 году капітан НКВД вызывае мяне да сябе і прапануе супрацу з НКВД ды даносіць ім думкі насельніцтва. Ад гэтага “ганаровага” і “сумленнага” абавязку адмаўляюся. Наступае ціск на мяне з пісталетам у руках на працягу чатырох з паловай гадзін. Калі яго пагрозы ня змусілі мяне падпісаць дакумант супрацы з імі, тады загаварыў да мяне па-прыяцельску: “Вы, товарищ, молодой человек и неглупый. Мне жаль губить вашу жизнь, но если я не получу от вас подписи, несмотря, что я капитан НКВД, меня начальство не погладит по головке,а моя рубаха ближе моему телу”. Я хвіліну падумаў і гавару: “Я ад малых гадоў стараўся дапамагаць усім, хто патрабаваў дапамогі, і вам таксама дапамагу”. І падпісаў дакумант НКВД.

Два разы пасьля меў у лесе спатканьне з НКВД, што дапамагло ратаваць беларусаў ад ссылкі ў Сібір і катаваньняў, хаця йграў зь небясьпекай самому трапіць туды. У верасьні 1940 г., як сыну кулака, з цяжкасьцю ўдаецца стаць студэнтам “Сельскохозяйственного полеводческого техникума” ў Глыбокім. Перад выбухам Другой сусьветнай вайны, у 12-ць гадзінаў ночы зноў быў пакліканы да начальніка НКВД, але праз два тыдні пачалася вайна. Мяне змабілізавалі ў савецкую армію ахоўваць боепрыпасы ў Крулёўшчыне. І я вызваліўся з кіпцюроў НКВД. У сувязі з наступам немцаў бальшавікі ўзрываюць склады з боепрыпасамі і ўцякаюць на Ўсход. Дэзертую і варочаюся дамоў. Праз тыдзень часу пагражае майму жыцьцю небясьпека ад палякаў, паступіўшых на службу немцам.

Праз тыдзень часу камэндант паліцыі, паляк, пагражае мне расстрэлам за тое, што я сказаў: “Цяпер на Беларусі ёсьць нямецкая ўлада, а не польская. Сьведамыя беларусы расстрэльваюцца нямецкімі рукамі па правакацыі палякаў”. Пляную ўцякаць з дому, аж прыяжджае да мяне з Глыбокага беларус Аўген Аскерка, студэнт Львоўскай палітэхнікі, і прапануе мне далучыцца да тайнай арганізацыі беларускіх патрыётаў на барацьбу з польскімі шавіністамі, а ў патрэбе заняць пост старшыні Германаўскай воласьці. Праз пару тыдняў атрымліваю намінацыю на старшыню Беларускай Народнай Самапомачы (БНС) у Германавічах, а ў лістападзе 1941 году інжынэр Іван Гінько прывёз мне ад Акруговага Камісара другую намінацыю на старшыню воласьці ў Германавічах. Трэба сказаць, што воласьць і пастарунак паліцыі былі абсаджаны польскімі шавіністамі, якія плянавалі праз подлыя даносы аддаць мяне на расстрэл нямецкай жандармэрыі.

Спадар І. Гінько дапамог мне прыняць воласьць і ад’ехаў, а я застаўся адзін сярод ненавісьнікаў. І я ня раз ад 7-ай рана да 8-ай гадзіны вечара сядзеў адзін у бюро і сумленна залагоджваў праблемы жыхароў Германаўскай воласьці, і здабываў пашану ў людзей. У гэты час запазнаўся з нямецкім баронам фон Рэке, доктарам хіміі, які дома меў уласную хімічную лябараторыю і добра валодаў расейскаю моваю. Гэта быў чалавек сумленны і ганаровы. Ён у прыватнай размове крытыкаваў нядобрыя паступкі немцаў і гаварыў: “Господин Зуй, я не могу понять, почему немцы так глупо поступают”. З маіх адказаў быў задаволены. Барона адклікаюць з Германавіч, а я паволі дыпляматычна замяняю працаўнікоў воласьці палякаў — беларусамі.

Той самы камэндант паліцыі, які пару месяцаў таму пагражаў мне расстрэлам, пачаў пісаць у нямецкую жандармэрыю подлыя даносы. Даведаўшыся аб яго подлай дзейнасьці, прыгатаваўся да абароны. У тую яму, якую капаў на мяне, уваліўся ён сам. І, калі б я не ратаваў яго, быў бы, бясспрэчна, расстраляны. Спакойна, плянава замяніў палякаў-валасных працаўнікоў беларусамі, і камэндантам паліцыі паставіў таксама беларуса. Беларускі актыў з Глыбокага прапануе мне заняць пост начальніка Шаркаўскага павету. Паміма маёй нязгоды з гэтай прапановай, сытуацыя змусіла мяне пагадзіцца з актывам, і ў пачатку траўня 1942 году я атрымаў намінацыю на начальніка Шаркаўскага павету і загад безадкладна ехаць у Шаркаўшчыну і арганізаваць павятовую ўправу. Старэйшыя ўрадоўцы Шаркаўскай адміністрацыі без ахвоты дапамагалі мне арганізаваць павет.

У верасьні 1942 году тэлеграмай выклікалі мяне ў Акругу. Сем нямецкіх афіцэраў, у тым ліку СС, разлажыўшы карты Шаркаўскага павету, запыталі ў мяне, у якіх месцах ёсьць партызаны. Паказаў і вярнуўся ў Шаркаўшчыну.

Назаўтра выклікаў мяне да сябе нямецкі гаспадарчы афіцэр — кляйсляндвірт. Там ужо былі: высокай рангі афіцэр СС, камандзір акцыі, барон фон Рэке, які служыў перакладчыкам, старшыня воласьці і кляйсляндвірт. На разложанай карце Шаркаўскага павету чырвоным алоўкам падкрэсьліваюць вёскі, хутары, дзе грасуюць партызаны.

Пасьля абводзяць вялікі круг чырвоным алоўкам, уключаючы ў яго ўсе падкрэсьленыя вёскі і хутары. Як толькі выйшлі з пакою камандзір акцыі СС, кляйсляндвірт і старшыня воласьці, я пытаю барона: “Што гэта мае значыць — абведзены на карце круг чырвоным алоўкам?” Адказ: “Ваенная тайна. А паколькі я Вас добра ведаю, скажу Вам, што ўсе вёскі і хутары, каторыя знаходзяцца ў абазначаным кругу, будуць зьнішчаныя разам з насельніцтвам агнём і куляй”. Пацямнела ў маіх вачох, захісталася падлога пад маімі нагамі…

Я думаў, што не ўтрымаюся на нагах. Аднак хутка апанаваў сябе і гавару: “Спадар барон, чаму вы, немцы, хочаце зрабіць вялікае злачынства таму народу, які спаткаў вас хлебам-сольлю, сьвятымі абразамі і кветкамі? Чым ён вінаваты, што вы ня можаце абараніць яго ад начных лясных грабежнікаў, якія з аружжам у руках грабяць безабаронны народ, які так радасна прыняў вас і верыць, што яшчэ немцы хутка зьнішчаць лясных бандытаў і забясьпечаць спакойнае жыцьцё. А немцы гэтаму мірнаму працавітаму народу, за яго прыязныя адносіны да іх хочуць адплаціць агнём і куляй. Калі немцы выканаюць, што заплянавалі, яны зробяць найбольшае злачынства беларусам, страцяць давер і пашану ад беларусаў, і на сябе наложаць перад сьветам чорную пляму жудаснага крымінальнага злачынства!” Барон, выслухаўшы мае словы, сказаў: “Вы правы, начальнік. Зачакайце, а я пайду пагавару з камандзірам акцыі”. Праз пяць хвілін зьявіўся з камандзірам, якога таксама папярэдзіў аб наступствах, калі немцы выканаюць намечаны плян. На канец нашай гутаркі камандзір акцыі СС працягвае руку і кажа: “Даю вам, начальнік, слова гонару нямецкага афіцэра, што ані адна вёска, ані адзін чалавек ня будзе забіты, калі наша армія будзе падходзіць да вёскі, а па ёй ня будуць страляць”. Ён у 100 % датрымаў дадзенае мне слова. Няраз прыходзілася заручацца галавой за сялян перад карнымі нямецкімі аддзеламі, што невыкананьне сялянамі нямецкага загаду, ня злая воля сялян, а ўзброеныя партызаны не дазвалялі беларусам выконваць яго.

Мае сябры па працы папярэджвалі мяне, што я замнога рызыкую, крытыкую немцаў, а яны за гэта расстраляюць мяне. Зімою 1943 года па прапанове Уладзіслава Рыжага ўступаю ў БНП і атрымоўваю білет на цягнік другой клясы і без абмежаваньня мог езьдзіць у гарады: Менск, Вільня, Глыбокае. Вялікі недахоп лекаў адчуў шаркаўскі шпіталь. Акруговы аддзел забесьпячэньня бальніц лекамі адмовіўся забясьпечыць нават бальніцу. Еду ў Менск, у Генэральны штаб забесьпячэньня бальніц лекамі. Дастаю 75 скрынак з мэдыкамэнтамі. На станцыі ў Глыбокім нямецкае СД арыштоўвае мяне і садзіць у турму, дзе прасядзеў цэлыя суткі.

Рана вясной 1943 году маёр Радзівонаў* прысылае ў Шаркаўшчыну палкоўніка Лазарава вэрбаваць хлопцаў у сваю армію. Кляйсляндвірт, старшыня воласьці, камэндант паліцыі і мой заступнік маюць нараду з палк. Лазаравым. Адзінагалосна пастанавілі дапамагаць Лазараву вэрбаваць хлопцаў. Пастанову гэтую зрабілі ў часе, калі я адсутнічаў. Па павароце ў павет, даведаўшыся аб шкоднай пастанове дапамагаць Лазараву ў мабілізацыі ў варожую нам армію, абругаў заступніка і сказаў: “Не дазволю, каб нашы хлопцы пралівалі сваю кроў за чужыя справы, за нашых ворагаў!”

Еду да Акруговага Камісара ў Глыбокае прасіць дапамогі зьберагчы жыцьцё беларускіх хлопцаў. Як акруговы камісар, так і камэндант нямецкай жандармэрыі, толькі парадзілі мне варочацца ў павет і глядзець за парадкам. Паколькі БНП забясьпечыла мяне білетам ехаць чыгункай, калі мне патрэбна, саджуся ў цягнік і еду ў Менск да старшыні Самапомачы др. Ермачэнкі**. Ермачэнка дамаўляецца аб спатканьні з Генэральным Камісарам Беларусі Годбэргам***. Прыходзіць аўто — едзем. Генэральны Камісар, выслухаўшы маю просьбу, дае загад Акруговаму Камісару выслаць мне ў павет распараджэньне, што ніхто ня мае права сілай вэрбаваць людзей. Прыязджаю ў мястэчка Шаркаўшчына і бачу ў скверы, разьвязаўшы торбачкі з харчамі, праходзяць каля 120 хлопцаў, якіх пад канвоем вядуць у армію Радзівонава. Даю загад свайму заступніку Лявону Шарабайку аб’явіць хлопцам, што начальнік сказаў: “У армію ніхто ня мае права сілай вэрбаваць людзей, а могуць вэрбаваць толькі дабараахвотнікаў”.

Завэрбаваныя хлопцы, пачуўшы гэтую вестку, закрычалі: “Ура! Хай жыве наш начальнік!” і разышліся па дамах. Праз тыдзень а 7-ай рана прыехалі да мяне ў бюро заступнік Акруговага Камісара, маёр Радзівонаў, два афіцэры нямецкага СД і палкоўнік Лазараў. Па подлых даносах Лазарава, яны прыехалі мяне судзіць. На допыце палкоўнік Лазараў афіцыйна сказаў, што начальнік Шаркаўскага павету спадар Зуй арганізоўвае сваю армію, каб пры першай магчымасьці біць немцаў. На яго крывадушныя абвінавачваньні ў мой адрас я даў цьвёрды і рашучы адказ, што Акруговы Камісар і ўсе нямецкія афіцэры супольна з маёрам Радзівонавым прызналі мне рацыю, а палк. Лазараву далі загад пакінуць павет Шаркаўшчыны.

Вясной 1944 года, адным вечарам прыйшло да мяне на кватэру двое сялян прасіць рады, што яны маюць рабіць у іх безвыходным цяжкім становішчы. У начы рабуюць і зьдзекуюцца над імі партызаны, удзень церпяць паняверку і зьдзек ад немцаў, паліцыі і літоўцаў. Пасадзіў іх за стол, паставіў літру гарэлкі і патлумачыў, чаму так ёсьць, і што мы павінны рабіць, каб змаглі перажыць гэты цяжкі час. Назаўтра рана прыйшоў да мяне селянін і сказаў: “Начальнік, учора вечарам камандзір партызанскага атраду прыслаў да вас двух партызанаў падлажыць міну, але пасьля вашай размовы з імі, яны аддалі бомбу назад камандзіру і сказалі: “Рабіце з намі што хочаце, але мы міну начальніку не падложым, бо ён ня служыць немцам, а бароніць нас ад усіх крыўдзіцеляў”. Каб апісаць усю барацьбу з нашымі ненавісьнікамі, трэба было б напісаць цэлую кнігу.

У красавіку 1944 году І. Гінько прыязджае да мяне і кажа: “ЦК БНП ускладае на вас абавязак падабраць сем дэлегатаў, па аднаму ад кожнай прафэсіі, ехаць у Менск на Другі Ўсебеларускі Кангрэс. Дэлегаты мусяць быць стопрацэнтныя беларусы. У выпадку канфлікту зь немцамі, каб былі здольныя, у патрэбе, аддаць сваё жыцьцё, чым здрадзіць беларускай справе. Да дня ад’езду на Кангрэс ніхто нічога не павінен ведаць”.

Напярэдадні Кангрэсу, у Менску вечарам, ЦК БНП плянаваў зацьвердзіць плян зрыву Кангрэсу, у сувязі з недаверам Прэзыдэнту Беларускае Цэнтральнае Рады Р. Астроўскаму. На думку БНП, Прэзыдэнт Астроўскі плянуе зацьвердзіць кангрэсам супрацу Беларусі зь немцамі й гэтым самым скампрамэтуе Беларускі Народ у вачох Вольных Народаў Сьвету і, каб не дапусьціць да гэтага ганебнага чыну, БНП плянуе сарваць Кангрэс, як толькі ён распачнецца. Я палічыў, што прапанаваны плян ня мудры, бо робяцца пастановы, палагаючыся на прыпусканьні, і параіў, што зрыў Кангрэсу павінен наступіць з моманту, калі Прэзыдэнт БЦР Р. Астроўскі скажа хаця адно слова, якое будзе кампрамэтаваць Беларускі Народ у вачох Вольнага Сьвету. Мая прапанова адзінагалосна прымаецца. Цяпер Другі Ўсебеларускі Кангрэс сваімі гістарычна-патрыятычнымі пастановамі знайшоў сабе пачэскае месца на бачынах беларускай гісторыі.

На другі дзень, 28-га чэрвеня 1944 году, а 2-й гадзіне па пол., наладаваўшы вазы рэчамі першай патрэбы, пасадзіўшы наверх свае сем’і, пакідалі свой родны кут, сваю цяжка здабытую маёмасьць, накіроўваліся на Захад, перад наступам Чырвонай Арміі, якая нясла за сабой камуністычны рэжым. Перад Граевам я быў разлучаны са сваёй сям’ёй і абозам.

У Граеве спаткаўся з капітанам Усеваладам Родзькам, і, згодна яго прапановы, вырашыў уступіць у батальён “Дальвіц”.

Капітан Родзька забясьпечыў мяне дакумэнтам, які даваў мне права вэрбаваць беларусаў у батальён. На трэці дзень, з групай 26 беларусаў, выехаў цягніком на Ўсходнія Прусы ў лягер Дальвіц. Мы праходзілі тут падрыхтоўку на партызанскую дзейнасьць на Бацькаўшчыне. Нас мелі скінуць з самалёту на Беларусь тады, калі нямецкая армія будзе зноў наступаць на Ўсход. У гэтыя мары немцаў мы абсалютна ня верылі, а наш батальён чакаў на нагоду здацца ў рукі Альянтаў, каб зьберагчы сваё жыцьцё ад бальшавікоў.

У верасьні, з мэтай разьведкі сытуацыі на Бацькаўшчыне, была спушчана з самалёта на Беларусь група з 8-мі чалавек. Пазьней, у восень, арганізавалася група больш за 30-ць асоб на чале з генэралам Вітушкам. Да гэтай групы быў уключаны і я. Напярэдадні адлёту, увечары, пасьля размовы з маёрам Родзькам, ён вырашыў пакінуць мяне ў батальёне для вэрбоўкі хлопцаў.

Пераехаўшы ў Чэхаславакію, на “Чэрну Гару” (Шварцбэрг), езьдзіў па лягерах вэрбаваць хлопцаў. У гэты час мы пільна сачылі за вынікамі вайны. Пасьля капітуляцыі Нямеччыны, вечарам, наш батальён пакінуў Чорную Гару, бяручы напрамак — прабіцца на Захад да Альянтаў. У часе адсутнасьці камандзіра Родзькі, яго заступнік, капітан Гелда, каб не праліваць крыві, даў загад жаўнерам батальёну “Дальвіц” здаць зброю чэхам. Гэта здарылася на вуліцах горада Прагі.**** Калі вярнуўся маёр Родзька ў батальён, са сьлязьмі сказаў: “Здаўшы зброю чэхам, вы зрабілі сябе безабароннай групай. Ваша жыцьцё цяпер залежыць ад волі лёсу. Дарогу на Захад адрэзалі бальшавікі, а хто трапіць ім у рукі, не мінаваць кулі. Разьбівайцеся на групы й прабівайцеся на Захад”. Выдаў нам часовыя посьведкі, што мы палякі.

Нашу групу на чале са старшым лейтэнантам Будахоўскім, у ліку 26 чалавек, затрымаў аддзел савецкага войска. Забралі ад нас гадзіньнікі і ўсе каштоўнейшыя рэчы і пад канвоем адвялі ў лес, абставілі кулямётамі і сказалі: “Сядзець, а хто толькі падымецца, страляем без папярэджаньня”. На мне была ўніформа беларускага лейтэнанта. Нашы канваіры, атрымаўшы загад ад вышэйшага камандаваньня, вывелі нас на дарогу і накіравалі на разьмеркавальны пункт у горад Тускаў.

Пакуль дайшоў да месца прызначэньня, свой мундзір беларускага лейтэнанта замяніў свэтрам і на допыце ў НКВД падаў няправільны адрас, схлусіў, што я быў забраны прымусова з дому на працу ў Нямеччыну. Мяне ўключылі ў “143 гвардзейскі красназнамённы полк”. Прывялі ў прызначаныя баракі. Два месяцы праходзілі тактычныя заняткі. Праз два месяцы злучылі тры палкі разам і пехатой адправілі праз Польшчу ў Берасьце (Брэст—Літоўск), дзе мелі пасадзіць на цягнік і адправіць на Далёкі Усход. Калі прыйшлі ў Польшчу, затрымаліся на тры дні ў 50-ці кіламетрах ад Лодзі. У часе пастою, НКВД узяла мяне на допыт.

Капітан НКВД, з недахопу патрэбных яму довадаў, адклаў допыт на заўтра. Я гэтай жа ноччу вырашыў уцякаць. Вечарам зарганізаваў на ўцёкі двух сяброў: Жабуртовіча і Кіслага. Мы здэзэртыравалі, а калі б толькі злавілі б нас — на месцы расстралялі б. Ужо былі ў пастцы, але дзякуючы вартавым, якія запальваючы загаварыліся, мы прашмыгнулі ў лес паза іх плячыма. Тут спаткаў мяне няшчасны выпадак: узьлез на высокі дуб і, праз няўважлівасьць, паламаў ногі. Сябры зацягнулі мяне ў малодзенькі густы сасоньнік, а самыя пайшлі арганізоўваць мне дапамогу. Раніцой прыйшоў да мяне паляк Грабоўскі, прынёс скібку хлеба і літар кавы, і на працягу тыдня я атрымоўваў ад яго пасілак.

Ногі пухлі, ляжаў прытаіўшыся, накрыты плышчпалаткай. Зьверху грызьлі камары, зьнізу — мурашкі. Праз тыдзень Грабоўскі кажа мне, што яму небясьпечна прыходзіць да мяне: “Я забяру цябе дадому і палажу ў паветцы”. Узваліў мяне на плечы і каля паўтара кілямэтры валок дадому. Праз тры тыдні я пачаў спрабаваць уставаць і яшчэ праз два з кіем мог зрабіць пару крокаў. Мой апякун забраў мяне пільнаваць свой сад. Праз два месяцы зрабілі мне часовы пашпарт і я, па пратэкцыі, уладкаваўся ў Варшаве сьлесарам. Перад Калядамі з недахопу фінансаў звольнілі 15% рабочых, а сярод іх і мяне. Рана вясной 1946 году дастаю працу гадоўлі фруктовых дрэўцаў у той вёсцы, дзе атрымаў першую дапамогу пасьля дэзэрцірства з савецкай арміі.

Наведваючы Варшаву, спаткаў некаторых маіх сяброў з дому, зь якімі разам працаваў у арганізацыях. Даведаўшыся ад іх адрас маёй сям’і, якая жыла на “Землях адзысканых”, еду і знаходжу матку, дзьвюх сясьцёр, брата, швагра і другіх крэўных, прыяцеляў. Варочаюся назад, разьлічваюся з працадаўцам і ўвечары 4-га сьнежня 1946 г. прыяжджаю да сваёй сям’і. Брат і швагер служылі лясьнікамі, а я дастаў працу ў бюро надлясьніцтва — весьці ўлік высечанага ляснога матэрыялу і продажу.

Роўна праз год, 4-га сьнежня 1947 году, у 12 гадзін ночы НКВД прыехала забраць мяне. Той ноччу я начаваў у швагра. Яны арыштавалі спачатку брата, але праз 20 хвілін агледзеліся, што гэта ня той, хто ім патрэбны. Вярнуліся выправіць сваю памылку, але я ўжо быў у лесе.

Праз тры дні НКВД арганізавала аблаву на мяне, але тут яны ня мелі посьпеху. Дзесяць дзён сыпаў сьнег, а я сядзеў пад елкай і змагаўся за сваё існаваньне. Пасьля дзесяці дзён, з фальшывымі дакумэнтамі, сеў у цягнік і паехаў да майго сябра, які займаў высокі пост у адміністрацыі. Падчас нямецкай акупацыі яго брат быў у партызанах. На адным ложку праспаў зь ім паўтара месяца. За гэты час спаткаў некаторых блізкіх суседзяў, якія, нягледзячы, што належалі да камуністычнай партыі, абяцалі ў патрэбе бараніць мяне перад НКВД.

За гэты час зрабіў сабе другія дакумэнты, зьмяніў прозьвішча, і пераехаў у Еліна Здруй, каля чэскай мяжы на фэрму да майго сябры Рабізы. Я чакаў тэлеграмы ад прыяцеля са Шчэціна, які абяцаў залагодзіць на “чорна” пераход польска-нямецкай мяжы. У канцы чэрвеня 1948 г. атрымаў тэлеграму: “Прыяжджай”. І 28 чэрвеня позна ўвечары паляк-праваднік, камандзір Арміі Краёвай і я перайшлі мяжу. На трэці дзень, перамагаючы перашкоды, дабраўся да амэрыканскага сэктару ў Бэрліне, дзе прабыў каля двух з паловай месяцаў. Атрымаў ад сяброў БНП Маеўскага і Ул. Сенькі білет на самалёт у лягер Ватэнштэт (ангельская зона), дзе яны жылі. Апякун уцекачоў — паляк, ангельскі падданы — даведаўся, што я праваслаўны беларус і не дазволіў мне жыць у лягеры Ватэнштэт, а скіраваў да нямецкіх уцекачоў з Усходняй Нямеччыны. Нягледзячы на гэта, я жыў разам з сябрамі ў лягеры Ватэнштэт. Тут спаткаў сяброў БНП: Хведара Ільяшэвіча, Уладзімера Сеньку, Міхася Маеўскага і Аўгена Занкавіча. Тут мы рабілі нарады ды прапановы ангельскім уладам адносна барацьбы з камунізмам. За час побыту ў лягеры (сем месяцаў) арганізаваў беларускія пастаноўкі, прымаў актыўны ўдзел у грамадзкай працы.

Пасьля размовы з ангельскім генэралам разьведкі, згодна яго прапановы, 9 кастрычніка 1949 году параплавам прыплыў у Аўстралію. Паколькі маё прозьвішча і другія дадзеныя былі не сапраўднымі ў маіх паперах, пастанавіў жыць у Аўстраліі пад уласным імем. Калі я аб’явіў афіцэру бясьпекі, што маё сапраўднае імя ёсьць іншае, чым пададзена ў дакумэнтах, ён затрымаў мяне ў лягеры Банагіла на шэсьць месяцаў. Палічыўшы, што я — “ваенны злачынец”, пачаў рабіць даведкі аб маім жыцьці й дзейнасьці на Бацькаўшчыне. Пасьля шасьці месяцаў афіцэр бясьпекі паклікаў мяне да сябе й кажа: “Ад дня нараджэньня мы праверылі ўсю вашу дзейнасьць. Падазрэньне было памылковае, на вас ніякіх цёмных плям няма. Можаце ехаць на працу, якая вам падабаецца”. За гэты час навязаў сувязь з беларусамі, раскіданымі па ўсіх краінах сьвету. Першую працу дастаў у горадзе Альбуры на ліманаднай фабрыцы.

25-га сакавіка 1950 году сп. Клуніцкі***** арганізоўвае сьвяткаваньне Абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі Актам 25-га Сакавіка 1918 г., і адначасна засноўвае Беларускае аб’яднаньне ў Новай Паўднёвай Валіі. Еду ў г. Сыдней і прымаю ўдзел у сьвяткаваньні. Мяне выбіраюць у сябры Управы БА ў НПВ.

Варочаюся на працу ў Альбуры, а праз пару месяцаў, у сувязі з патрэбай працаваць у Беларускім Аб’яднаньні ў НП Валіі, пераяжджаю ў Сыднэй. У лістападзе 1950 года паўстае непаразуменьне Ул. Клуніцкага з сябрамі Управы БА. Выбіраюць мяне старшынёй Аб’яднаньня й па сёньняшні дзень, бяз зьмены, стаю на гэтым пасту. У 1951 годзе дамаўляюся з сябрамі Беларускага Клубу ў Мэльбурне аб злучэньні нашых арганізацыяў у адну для больш эфектыўнай грамадзкай працы.

Сябры Беларускага Клубу пераймяноўваюць Клуб на Беларускае Аб’яднаньне ў Вікторыі. Робім зьезд Мэльбурн-Сыднэй і абіраем Галоўную Управу Беларускага Аб’яднаньня ў Аўстраліі — БАуА. Лёс судзіў мне быць старшынёй і цягнуць далей цяжкую, няўдзячную працу і па сёньняшні дзень. Ад пачатку заснаваньня Аб’яднаньня была заснаваная і Рэдкалегія, якая на працягу 10-ці год выдавала часопіс “Новае жыцьцё”, навязвала сувязь з Аўстралійскімі ўрадавымі палітыкамі. Лучылася да спаўпрацы з арганізацыямі іншых нацыянальнасьцяў. Супольна арганізоўвалі мітынгі, дэманстрацыйныя паходы па вуліцах Сыднэя і на ўзаем запрашалі да сябе дэлегатаў на нацыянальныя ўрачыстасьці. Беларускае Аб’яднаньне арганізоўвае мешаны хор, які выступаў на нацыянальных сьвяткаваньнях і міжнацыянальных канцэртах, рабілі публічныя беларускія забавы і кожны год нацыянальныя сьвяткаваньні: Абвешчаньне Незалежнасьці Беларусі Актам 25-га Сакавіка 1918 г., Другі Ўсебеларускі Кангрэс, Слуцкае Паўстаньне, таксама сяброўскія вечарыны, прысьвечаныя заслужаным беларускім патрыётам, як Я. Купалу, Я. Коласу, М. Багдановічу і другім. А таксама ставіліся беларускія пастаноўкі на нацыянальных сьвяткаваньнях.

13 сьнежня 1949 году атрымоўваю рангу надлейтэнанта. За грамадзкую працу 1 лютага 1952 году Прэзыдэнт БЦРады Р. Астроўскі надае мне рангу капітана. Начальнік Галоўнага Штабу Беларускага Вызвольнага Руху 2 сьнежня 1952 году прызначае мяне інспэктарам БВРуху ў Аўстраліі. 20 студзеня 1951 году атрымоўваю прызначэньне сябра БЦР, а 10 кастрычніка 1952 году Прэзыдэнт БЦРады прызначае мяне старшынёй Дэлегатуры БЦР у Аўстраліі. На ўрачыстасьці 25 Сакавіка 1962 году беларускае грамадзтва ўручае мне прэзент (падарунак). 13 лістапада 1978 году атрымоўваю ад Прэзыдэнта БЦР рангу Генэрала.

У 1965 годзе арганізоўваю высылку беларускіх дэлегатаў на міжнародныя палітычныя канферэнцыі Сусьветнай Антыкамуністычнай лігі (ВКАЛ) і апелюю да беларусаў сьвету дапамагчы фінансава пакрываць расходы, зьвязаныя з удзелам беларускіх дэлегатаў у рэпрэзентацыі Беларусі на канферэнцыях ВАКЛ.

Дэлегаты высылаліся з Аўстраліі, Нямеччыны, Амэрыкі і Англіі. Абавязак за пакрыцьцё коштаў рэпрэзэнтацыі Беларусі ляжаў на мне. Гэта каштавала мне многа клопатаў і нэрваў, ды ўласных выдаткаў. Не шкадую. Вынік уложанай працы аказаўся задавальняючым. Ужо ў 1971 годзе Беларусь, амаль нязнаную на Захадзе, Свабодалюбівыя Народы Сьвету афіцыйна прызналі за раўнапраўную сабе сяброўку, і прынятай Рэзалюцыяй на 5-ай Канферэнцыі ВАКЛ 24-га ліпеня 1971 года зацьвярджае ёй поўнае права на дзяржаўную незалежнасьць, і адначасова прыраклі ўсебаковую дапамогу Беларускаму Народу ў барацьбе за незалежнасьць…

Але невылечная хвароба палажыла мяне ў шпіталь і спыніла ўсю маю грамадзкую дзейнасьць…

Жыве Беларусь!!!

Аўстралія, Сыднэй. Кастрычнік 1994 год.


* Гіль-Радзівонаў Уладзімер (1906 — 1944), падпалкоўнік Чырвонай Арміі. Паходзіць з Асіповіччыны. Улетку 1941 г. трапіў у нямецкі палон. З 1942-га — камандзір пранямецкай брыгады (“дружыны”) “Русской национальной народной армии”. У жніўні 1943 году перайшоў на бок савецкіх партызанаў. Памёр ад ранаў.
** Ермачэнка Іван (1894 — 1970), беларускі палітычны дзеяч. Нарадзіўся ў вёсцы Капачоўка Барысаўскага павету ў сялянскай сям’і. У першую сусьветную вайну — афіцэр расейскае арміі. Консул Ураду БНР у Канстанцінопалі на пачатку 20-х гадоў. У 1920-30 гг. жыў у Празе. У кастрычніку 1941 — красавіку 1943-га — старшыня Галоўнай Рады Беларускае Народнае Самапомачы ў Менску. На эміграцыі ўваходзіў у БЦР. Памёр у Флярыдзе (ЗША).
*** Тут М. Зуй памыляецца. У гэты час генэральным камісарам Беларусі быў В. Кубэ.
**** Існуюць і іншыя трактоўкі раззбраеньня “Дальвіца”. Напрыклад, М. Рулінскі цьвердзіць, што адбылося гэта адназначна не ў Празе, а ў іншым горадзе й што загад прыйшлося аддаць не Гелдзе, а Родзьку, бо батальён быў абкружаны чэскімі партызанамі.
***** Клуніцкі Уладзімер — арганізатар першай беларускай арганізацыі ў Аўстраліі. Першы старшыня Беларускага Аб’яднаньня ў Аўстраліі. Сябра Беларускай Народнай Грамады й рэдактар грамадоўскага часопіса “Да Перамогі”. Памёр 27 жніўня 1974 году ў Сыднэі.

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster