БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Выдавецкія сэрыі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Вяртаньне БНП, Сяргей Ёрш

СЯБРЫ БЕЛАРУСКАЙ НЕЗАЛЕЖНІЦКАЙ ПАРТЫІ 

БІЯГРАФІЧНЫ ДАВЕДНІК



АДАМОВІЧ Антон (1909, Менск — 1998, ЗША), беларускі літаратуразнавец, пісьменьнік. Скончыў у 1928 годзе Белпэдтэхнікум. У 1930 г. арыштаваны й высланы ў Расею. У 1938 годзе вярнуўся ў Менск, скончыў БДУ. Падчас нямецкае акупацыі — сябра Галоўнае Рады БНС, рэфэрэнт па справах прапаганды і прэсы пры генэральным камісару Беларусі, працаваў у “Беларускай газэце”. Сябра БНП. На эміграцыі рэдагаваў газэты “Ведамкі”, “Бацькаўшчына”, часопісы “Сакавік”, “Конадні”. Удзельнічаў у стварэньні Мюнхенскага Інстытуту па вывучэньні СССР. З 1960 г. у ЗША. Сябра Рады БНР. 

АЛЯХНОВІЧ Францішак (1883 — 1944), беларускі палітычны дзеяч, драматург, пісьменьнік, журналіст. Удзельнік беларускага нацыянальна-вызвольнага руху пачатку ХХ ст., рэпрэсаваўся маскоўскім царызмам. У 1927-33 гадох знаходзіўся ў бальшавіцкіх вязьніцах, на Салаўкох. Абменены польскім урадам на беларускага камуніста Б. Тарашкевіча. Выдаў кнігу ўспамінаў “У кіпцюрох ГПУ” (1934). Падчас Другой сусьветнай вайны рэдагаваў легальную газэту “Беларускі голас” (Вільня), уваходзіў у Цэнтральны Камітэт Беларускай Незалежніцкай Партыі, кіраваў Віленскім камітэтам БНП. Забіты ў Вільні пры нявысьветленых абставінах.

АРЦЮШЭНКА Васіль, сябра Замежнага сэктару БНП. У 1950-х гг. жыў у ЗША. Дэлегат 14-га Пленуму БЦР у верасьні 1954 г. у Саўт-Рывэры.

АРЭХВА Аркадзь (1910, Глыбоцкі пав. — ?), беларускі палітычны дзеяч. Вучыўся на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэту. У 1939-40 гадах працаваў у мясцовым Беларускім камітэце. У 1941 годзе працаваў у Менскай гарадзкой управе. З 1943 г. — судзьдзя, пракурор Менскае акругі. Дэлегат Другога Ўсебеларускага кангрэсу. На эміграцыі — сябра БЦР, Беларускага кангрэсовага камітэту.

АСКЕРКА Аўген (? — 1946), беларускі палітычны й вайсковы дзеяч. Да пачатку нямецка-савецкай вайны вучыўся ў Львоўскай палітэхніцы. Падчас нямецкай акупацыі быў начальнікам паліцыі ў мястэчку Ільля каля Маладэчні. Актыўны арганізатар падпольнага руху. Пасьля прыходу бальшавікоў жыў у Вільні, неўзабаве быў арыштаваны. У 1945-46 гг. сядзеў у камеры сьмяротнікаў Вялейскай турмы. Па сьведчаньню Віктара Сікоры, загінуў падчас спробы ўцёкаў падчас расстрэлу ў турме.

БАГДАНОВІЧ Глеб (1913 — ?), беларускі вайсковы дзеяч, доктар мэдыцыны. Актывіст беларускага студэнцкага руху ў Заходняй Беларусі. У гады вайны — сябра БНП, маёр БКА, афіцэр беларускага дэсантнага батальёну “Дальвіц”. Дэсантаваўся 17 лістапада 1944 году на Віленшчыне. Летам 1945 г. перабраўся ў Польшчу, дзе й быў арыштаваны дзяржбясьпекай. Памёр на Беларусі пасьля вяртаньня з канцлягероў.

БАРЫСІК Іван, лейтэнант БКА, афіцэр “Дальвіца”. Паходзіў са Слонімшчыны. Дэсантаваўся на Беларусі ў лістападзе 1944 г. Разам з групай беларускіх дэсантнікаў загінуў у баі з чэкістамі ў 1944-ым.

БУЗУК Аркадзь, настаўнік. Падчас нямецкай акупацыі — арганізатар падпольля БНП у Шчорсах на Наваградчыне. Летам 1944 г. выехаў на Захад. 

ВАЙТОВІЧ Андрэй, гл. вышэй.

ВАСІЛЕНЯ Аляксей (1899, Гарадзеншчына — 1978, Сыднэй, Аўстралія), беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, журналіст. Меў сярэднюю асьвету. Падчас грамадзянскае вайны ў Расеі служыў у арміі генэрала Дзянікіна. На пачатку 1920-х гадоў — польскі вайсковец, служыў у Вільні ў сапёрных частках. Дзеяч Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Таварыства беларускай школы, Беларускай каапэрацыі. Як карыкатурыст супрацоўнічаў зь віленскай газэтай “Маланка”. Удзельнік нелегальнай канферэнцыі Грамады на пачатку 1939 году ў Баранавічах. У складзе польскага войска ваяваў супраць нямецкага агрэсара ў верасьні 1939 г., трапіў у палон. Восеньню 1941 году прыбыў з Горадні ў Слонім, заняў пасаду намесьніка старшыні Беларускае Народнае Самапомачы Слонімскае акругі, а 10 лістапада 1943 г. стаў старшынём. Ствараў Беларускую самаахову ў Слоніме, быў начальнікам арганізацыйна-персанальнага аддзелу штабу Слонімскае брыгады БСА, якая была раззброеная немцамі. Капітан, а пасьля маёр Беларускае Краёвае Абароны, начальнік канцылярыі Галоўнага кіраўніцтва БКА. Сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі. Пасьля вайны жыў у лягеры для перамешчаных асобаў у Нямеччыне. У Ватэнштэце рэдагаваў сатырычны часопіс “Сьмехам па галаве”. У 1948-49 гг. у Гамбургу, разам з С. Хмарам і М. Паньковым, выдаваў на рататары гумарыстычную газэту “Маланка”. З 1950-х гадоў жыў у Аўстраліі. 

ЕРМАКОВІЧ В. (мянушка “Дружны”), капітан Беларускага Краёвага Войска. У лістападзе 1943 г. быў высланы ад ЦК БНП на Ўкраіну, дзе падпісаў дэклярацыю нарады прадстаўнікоў паняволеных народаў.

ВІТУШКА Міхал (5.11.1907, Нясьвіж — ?), беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, генэрал, кіраўнік Беларускага Рэзыстансу ў др. пал. 1940-50-х гг. Скончыў Клецкую і Віленскую гімназіі (1930). Вучыўся ў Пражскім унівэрсытэце і Варшаўскім політэхнічным інстытуце. Уваходзіў у кіраўніцтва Аб'яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацый і Асьветнага таварыства беларусаў у Варшаве. У 1939-40 гг. — начальнік савецкай міліцыі ў Нясьвіжы. У жніўні 1941 года — адзін з кіраўнікоў Беларускае самаабароны падчас сумеснай беларуска-ўкраінскай антыбальшавіцкай апэрацыі на Палесьсі. На пачатку 1942 г. увайшоў у кіраўніцтва Беларускае Народнае Самапомачы. Арганізоўваў аддзелы Беларускае самааховы на Браншчыне, Смаленшчыне й Магілёўшчыне (1942-43), якія пасьпяхова змагаліся супраць савецкіх партызанаў. Сябра Цэнтральнага Камітэту Беларускай Незалежніцкай Партыі, маёр Беларускае Краёвае Абароны, удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Афіцэр беларускага дэсантнага батальёна “Дальвіц”. Вярнуўся зь Нямеччыны на Беларусь і ачоліў Нацыянальны Супраціў. Старшыня ЦК БНП, галоўнакамандуючы Беларускай Вызвольнай Арміі, рэдактар падпольнага часапісу “За волю”. Паводле няспраўджаных зьвестак, яшчэ нядаўна жыў на эміграцыі.

ВЕЖАН Юрка (Жан), беларускі вайсковы дзеяч. Быў афіцерам польскага войска. Напярэдадні нямецка-савецкай вайны дапамагаў абвэру арганізаваць у Варшаве аддзел беларускіх парашутыстаў, які быў скінуты ў БССР. Падчас нямецкай акупацыі — сябра БНП. У 1944 годзе атрымаў загад абвэра стварыць Беларускую брыгаду на Італьянскім фронце, у Аўстрыі. Яна павінна была выклікаць дэзэрцірства беларусаў з польскай арміі генэрала Андэрса. Вежан быў прызначаны начальнікам штабу, які хутка сфармаваў. Нямецкія агенты выкрылі падрыхтоўку паўстаньня ў брыгадзе й расфарміравалі створаныя аддзелы. Кожны дзесяты жаўнер быў расстраляны. Пасьля заканчэньня вайны — на эміграцыі. У лістападзе 1965 году надрукаваў у газэце “Беларускі голас” (Таронта) артыкул пра а. Гадлеўскага й БНП “Ці правадыр нацыяналістаў?”. Далейшы лёс невядомы.

ВЫСОЦКІ Леанід, сябра Замежнага сэктару БНП. У 1950-х жыў у ЗША. Дэлегат 14-га Пленуму БЦР 1954 г. у Саўт-Рывэры.

ГАДЛЕЎСКІ Вінцэнт (16.11.1888, Сьвіслацкі раён, Гарадзеншчына — 24.12.1942), каталіцкі сьвятар, кіраўнік і ідэоляг Беларускага Рэзыстансу ў 1939-42 гг. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную сэмінарыю (1912) і Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію (1916). У 1917 годзе — сябра Беларускага нацыянальнага камітэту, удзельнік Першага Ўсебеларускага кангрэсу. Вядомы дзеяч часоў Беларускай Народнай Рэспублікі, быў сябрам Рады БНР. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ў Заходняй Беларусі, рэдагаваў газэту “Крыніца” Зьнявольваўся ў турму польскімі ўладамі за беларускую патрыятычную дзейнасьць, у тым ліку і на рэлігійным палетку (1927-29). У 1936 годзе выйшаў з БХД, заснаваў нацыяналістычную арганізацыю “Беларускі Нацыянальны Фронт”, да 1939 года выдаваў газэту “Беларускі фронт”. Напрыканцы 1939 г. у Вільні заснаваў Беларускую Незалежніцкую Партыю. З 1940 г. — у Варшаве, дзе арганізоўвае легальны “Беларускі Нацыянальны Фронт”, як прыкрыцьцё падпольных структур. Піша першую праграму Беларускай Незалежніцкай Партыі. У чэрвені 1941 г. удзельнічае ў заснаваньні ў Бэрліне Беларускага Нацыянальнага Цэнтру, як правобразу будучага беларускага ўраду. Быў ініцыятарам стварэньня дывэрсійнага Першага штурмовага зьвязу, які абвэр перакінуў на Беларусь напярэдадні нямецка-савецкай вайны. З верасьня 1941 году — галоўны школьны інспэктар пры генэральным камісарыяце Беларусі, сябра Галоўнай Рады Беларускай Народнай Самапомачы. Ініцыяваў стварэньне падпольнай арганізацыі “Беларускі Народны Фронт”, якой кіраваў. Спрабаваў залажыць кіруючы цэнтар Беларускага Рэзыстансу. Арыштаваны менскім СД 24 сьнежня 1942 г. і ў той жа дзень расстраляны ў Трасьцянцы. 

ГІНЬКО Янка (1912 — 1980-я), сябра ЦК БНП. Інжынэр па адукацыі. У другой палове 30-х гг. — удзельнік беларускага руху ў Варшаве. Падчас вайны — сябра ЦК БНП, старшыня БНС у Глыбокім, удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу, афіцэр “Дальвіцу”. Дэсантаваўся 17 лістапада 1944 году каля Ліды, трапіў у палон НКВД. Праходзіў на працэсе кіраўнікоў БНП у Менску, атрымаў 25 гадоў канцлягероў. Памёр у Маскве.

ГІНЦ Казімер, вучыўся ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі, уступіў у БНП. Быў арыштаваны бальшавікамі. Уцякаў з канцлягера, быў злоўлены. Здолеў выехаць у Польшчу, дзе й памёр.

ГЕЛДА Іван, гл. вышэй.

ГРЫГАРЦЭВІЧ, дэсантнік “Дальвіцу”, быў скінуты на Беларусь у лістападзе 1944 г.

ГРЫГОР’ЕЎ Цімафей, сябра Пастаўскай арганізацыі БНП. Зь лета 1944-га — у “Дальвіцы”, дабраўся да Беларусі. Быў арыштаваны. Жыве на Беларусі.

ГРЫНКЕВІЧ Станіслаў (старшы, 1902 — 1945), беларускі палітычны дзеяч, доктар мэдыцыны. У 1930-я гады — адзін з кіраўнікоў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Арыштоўваўся палякамі, бальшавікамі (уцёк з турмы) й немцамі. Падчас Другой сусьветнай вайны — сябра Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні, адзін з заснавальнікаў БНП (па іншых зьвестках, кантактаваў з Арганізацыяй беларускіх нацыяналістаў). Падтрымліваў сувязь з польскім падпольлем АК, імкнуўся ўзьняць беларускі нацыянальны партызанскі рух. Арыштаваны й расстраляны НКВД. 

ГРЫНКЕВІЧ Станіслаў (малодшы, 23.2.1913 — 18. 4. 1966, Кліўленд, ЗША), беларускі палітычны й вайсковы дзеяч. Афіцэр польскага войска. У 1939 г. трапіў у нямецкі палон. Пасьля вызваленьня працаваў у Беларускім камітэце самапомачы ў Бэрліне. У 1945 г. быў высланы Ус. Родзькам у Швайцарыю з заданьнем па лініі БНП. На эміграцыі — сябра Рады БНР. 

ГУГЕЛЬ Сьцяпан (?, Віленшчына — 1981), беларускі вайсковы дзеяч. Напярэдадні Другой сусьветнай вайны быў працоўным эмігрантам у Францыі, вучыўся ў Бэрлінскім унівэрсытэце, дзе навязаў сувязі з нямецкай вайсковай выведкай. Пасьля падрыхтоўкі ў спэцшколе абвэру, быў скінуты перад нападам Нямеччыны на Польшчу на беларускім Палесьсі, каля Кобрыну. Меў заданьне навязаць сувязь з беларускімі антыпольскімі паўстанцамі. Трэцяга верасьня 1939 году ўвайшоў у атрад галоўнага камандзіра беларускіх паўстанцаў Тарасюка й штодзённа перадаваў па рацыі весткі абвэру. Пасьля 17 верасьня ўцякае за Буг, працягвае працаваць у спэцшколе абвэру ў Бела-Падлясцы. Уваходзіў у нелегальную БНП. У 1944 г. у Аўстрыі ствараў Беларускую брыгаду, якая была зьліквідавана немцамі. З 1949-га — у Бразыліі. Супрацоўнічаў з Саюзам былых удзельнікаў збройнай барацьбы за вызваленьне Беларусі.

ГУЗ (ДУБРОЎСКІ) Павал (нар. 15. 8. 1924, в. Дуброва Рэчыцкага раёну), беларускі палітычны дзеяч. Падчас нямецкай акупацыі быў у Беларускай самаахове на Гомельшчыне. У 1944 г. выехаў на Захад. Актывіст скаўцкага беларускага руху, з 1949 года — сябра БНП (прыняты ў Аўстраліі М. Зуём). Да сёньняшняга часу актыўна працуе ў беларускіх арганізацыях Аўстраліі. 

ДАВІДЧЫК Піліп, вучыўся ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі, служыў у батальёне Б. Рагулі. Дэсантнік “Дальвіца”, вярнуўся на Беларусь, дзе быў арыштаваны. Жыў у Грузіі. 

ДАКІНЕВІЧ Язэп (1906 — ?), беларускі вайсковы дзеяч. Афіцэр польскага войска. Падчас нямецкай акупацыі — афіцэр Беларускае Краёвае Абароны, начальнік БКА ў Слонімскай акрузе. Сябра БНП, удзельнік арганізацыйных нарадаў партыі ў Менску. З 1944 году — на эміграцыі. Далейшы лёс невядомы.

ЖАМОЙЦІН Янка (нар. у 28. 1. 1922), падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі, кіраваў СБМ у Наваградку. Быў арыштаваны дзяржбясьпекай у Польшчы. Пасьля лягераў выехаў у Польшчу, жыве ў Варшаве. Аўтар успамінаў пра свой жыцьцёвы шлях.

ЖЫХАР Аўген (1920-я, в. Навадруцак, Пастаўшчына — жнівень 1955), беларускі вайсковы дзеяч, паэт. Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі. Як сябра Пастаўскага камітэту БНП, летам 1944 г. трапіў у дэсантны батальён “Дальвіц”. Вярнуўся на Беларусь, арганізаваў партызанскі атрад, які дзейнічаў на Пастаўшчыне й сумежных раёнах (па іншых зьвестках, Жыхар не адступаў на Захад, а да пераходу на нелегальнае становішча працаваў настаўнікам). Па некаторых зьвестках, цесна супрацоўнічаў з генэралам Вітушкам. Абкружаны чэкістамі на хутары ў сямёх кілямэтрах ад Паставаў, пасьля няроўнага бою скончыў жыцьцё самагубствам. 

ЗАНКАВІЧ Аўген (1923 — ?), падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі, ачольваў СБМ у Пастаўскім павеце. Намесьнік старшыні Пастаўскага камітэту БНП. З лета 1944-га — на эміграцыі, сябра Замежнага сэктару БНП, Беларускай Цэнтральнай Рады. Жыў у Саўт-Рывэры /ЗША/. 

ЗУЙ Міхась, гл. вышэй.

ЗЫБАЙЛА Рыгор (15.9.1913 — 15.11.1987), сябра ЦК БНП. Настаўнік або інжынэр па адукацыі. Удзельнічаў у нямецка-польскай вайне ў верасьні 1939 году, трапіў у нямецкі палон. Пачаў супрацоўнічаць з абвэрам, увайшоў у Першы штурмовы зьвяз, які быў скінуты на Беларусь перад нападам Нямеччыны на СССР. Адзін з кіраўнікоў Беларускай Незалежніцкай Партыі, магчыма, кіраваў Слонімскім акруговым камітэтам БНП. Старшыня Слонімскай акруговай БНС у 1941-43 гг. Зь лета 1943-га — намесьнік старшыні БНС Ю. Сабалеўскага ў Менску. З сакавіка 1944 году — начальнік БКА ў Глыбоцкай акрузе, лейтэнант. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу. У 1944 г. быў надлейтэнантам у беларускай дывізіі Зіглінга. Разам з батальёнам гэтай дывізіі напрыканцы 1944-га перайшоў на бок французскіх партызанаў. Пасьля вайны нейкім чынам апынуўся ў рукох савецкай дзяржбясьпекі. Вярнуўшыся з канцлягероў, жыў у вёсцы Яглевічы Івацэвіцкага раёну.

ІЛЬЯШЭВІЧ Хведар (1910, Вільня — 1948, Ватэнштэт, Зах. Нямеччына), сябра Цэнтральнага Камітэту Беларускай Незалежніцкай Партыі. Беларускі паэт, празаік, гісторык, журналіст. Магістар філязофіі (1936). Скончыў Віленскую беларускую гімназію, гістарычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Цярпеў перасьлед з боку польскіх уладаў. Аўтар некалькіх зборнікаў вершаў, прозы, гістарычных дасьледаваньняў. Падчас нямецкай акупацыі кіраваў Беларускім аб’яднаньнем у Беластоку, рэдагаваў мясцовую газэту “Новая дарога”. Уваходзіў у кіраўніцтва БНП. Удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе. З 1944 г. жыў у Нямеччыне. Сябра Замежнага сэктару ЦК БНП. Рэдагаваў часопіс “Шляхам жыцьця” (1946-48), бюлетэнь “Апошнія весткі” (разам з Міколам Шылам), выданьні БНП. Трагічна загінуў у аўтакатастрофе.

КАЗАК Генадзь (1924, в. Брацянка, Наваградчына — 2-я пал. 1940-х), беларускі палітычны дзеяч. У 1945 г. уваходзіў у склад Беларускага легіёну ў Нямеччыне. Актыўны сябра БНП. Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, у лістападзе 1946 году заснаваў у Наваградку “Саюз вызваленьня Беларусі”. У траўні 1947 году арыштаваны. Загінуў у канцлягерах у Карагандзінскай вобласьці.

КАРАЛЕНКА Мікола, журналіст. У гады нямецкай акупацыі — супрацоўнік “Беларускай газэты”. Сябра БНП. З 1944 году знаходзіўся на эміграцыі. Далейшы лёс невядомы.

КАРОЛЬ Усевалад (1919 — 1984), актыўны сябра БНП. Лекар па адукацыі. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Баранавічах. Быў арыштаваны бальшавікамі. У 1946 г. праходзіў па “справе шасьці”, калі было асуджана кіраўніцтва БНП. Пасьля вяртаньня з канцлягероў жыў у Баранавічах.

КАСМОВІЧ Дзьмітры, гл. вышэй.

КАСЯК Іван (1909, в. Горы Вялейскі пав. — 13. 3. 1989, ЗША), беларускі палітычны дзеяч. Вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце, скончыў політэхнічны інстытут у Львове (1941). З кастрычніка 1941 году — загадчык аддзелу культуры Менскага акруговага аддзелу БНС. Адзін з ініцыятараў правядзеньня царкоўнага сабору ў Менску (1942) і абвяшчэньня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Сябра БНП. Намесьнік прэзыдэнта БЦР у Глыбоцкай акрузе. Намесьнік старшыні Другога Ўсебеларускага кангрэсу. З канца 1940-х гг. — у ЗША. Уваходзіў у БЦР, старшыня Беларускага кангрэсовага камітэту Амэрыкі (1957-89). Аўтар дасьледаваньняў з гісторыі Беларусі.

КОНТАЎТ Мечыслаў (або Ўладзіслаў, ? — лістапад 1943), беларускі дзеяч. Сябра Беларускага камітэту ў Варшаве. Удзельнік Першага штурмовага зьвязу. З канца 1941 года займаў пасаду старшыні Менскага павету. Забіты савецкімі партызанамі.

КОНЮХ Васіль, вучыўся ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі. Дэсантнік “Дальвіцу”. Арыштаваны напрыканцы 1944 г. на Наваградчыне. Пасьля канцлягероў жыў у Расеі.

ЛАЗАРЭВІЧ Уладзімер (1908, Менск — 1965?), беларускі вайсковы дзеяч. Афіцэр польскай арміі. Сябра Беларускага нацыянальнага камітэту ў Варшаве. Падчас нямецкай акупацыі — начальнік аддзела гарадзкой управы па ўліку насельніцтва. Сябра БНП. Лейтэнант БКА, афіцэр “Дальвіцу”. Пасьля вайны — на эміграцыі. Скончыў жыцьцё самагубствам у Кліўлендзе(?).

ЛАПІЦКІ Алег, падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі, быў кіраўніком СБМ у Лідзе. Дэсантнік “Дальвіцу”, вярнуўся на Беларусь. Быў арыштаваны. Пасьля лягераў жыў у Казахстане. Трагічна загінуў.

ЛАТЫШОНАК Аляксандар (1923 — ?), сябра СБМ у Паставах. Лейтэнант батальёну “Дальвіц”, вярнуўся на Беларусь у складзе аддзелу маёра Родзькі. Быў арыштаваны. Памёр на Беларусі пасьля вяртаньня з канцлягероў.

ЛУЦКЕВІЧ Лявон (1922 — 1997), вядомы беларускі дзеяч, выпускнік Віленскай беларускай гімназіі. Падчас нямецкай акупацыі — афіцэр Беларускай Краёвай Абароны, быў у батальёне “Дальвіц”. Арыштаваны ў Польшчы ў 1945 годзе. Праходзіў на працэсе над кіраўнікамі БНП (“справа шасьці”, Менск, 1946 г.). Пасьля канцлягероў жыў у Вільні.

ЛУЦКЕВІЧ Юрка (1920 — 1992), выпускнік Віленскай беларускай гімназіі й польскай падафіцэрскай школы. Падчас нямецкай акупацыі настаўнічаў у Баранавічах. Афіцэр беларускага дэсантнага батальёну “Дальвіц”. Праходзіў на працэсе над кіраўнікамі БНП. Пасьля калымскіх канцлягероў у 1957 годзе вярнуўся ў Вільню. 

МАЕЎСКІ Міхась, сябра Замежнага сэктару БНП. У другой палове 1940-х жыў у Заходняй Нямеччыне.

МАНУЙЛА Станіслаў, родам з Ляхаўшчыны, падчас нямецкай акупацыі — дзеяч СБМ у Баранавічах. З 1944 г. — камандзір антыбальшавіцкага партызанскага аддзелу каля Баранавіч. Далейшы лёс невядомы.

МАРЦІНКЕВІЧ, настаўнік Віленскай беларускай гімназіі, кіраўнік Віленскага камітэту БНП. Быў арыштаваны бальшавікамі. Далейшы лёс невядомы.

МАТУСЭВІЧ Алесь (? — 1944), журналіст. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у “Беларускай газэце” у Менску. Удзельнік арганізацыйных сходаў БНП. Праўдападобна, па заданьню ЦК БНП, увайшоў у кантакт з савецкімі партызанамі й удзельнічаў у забойстве правадыра беларускіх нацыянал-сацыялістаў Ф. Акінчыца ў Менску. Загінуў у савецкай партызанцы.

МАЦУК Алесь, удзельнік дэсанту “Дальвіца”. Вучыўся ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі. Быў у батальёне Б. Рагулі і ў “Дальвіцы”. У сьнежні 1944 году трапіў у рукі чэкістаў. Пасьля канцлягероў ссылку адбываў у Краснаярску, дзе працаваў на цагляным заводзе. Далейшы лёс невядомы. 

МАЦЮКЕВІЧ Сяргей (1923 — 1968?), удзельнік дэсантаў “Дальвіца”. Вучыўся ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі, служыў у батальёне Б. Рагулі. У лістападзе 1944 г. дэсантаваўся на Беларусі, здаўся у рукі НКВД у Дзятлаве. Працаваў на шахтах Калымы. У 60-х гадах вярнуўся на Беларусь, жыў у Казлоўшчыне (Гарадзеншчына). Памёр у Ленінградзе падчас апэрацыі (?). 

МАЦЮШОНАК Аўген (? — 1946), падчас нямецкай акупацыі — акруговы кіраўнік Саюзу беларускае моладзі ў Глыбокім. Павешаны бальшавікамі ў Беластоку (?).

МЕЛЯШКЕВІЧ Антон, сябра Замежнага сэктару БНП. Жыў у ЗША.

НАБАГЕЗ Уладзімер, сябра Замежнага сэктару ЦК БНП. Скончыў Наваградзкую гімназію. У складзе польскага войска ў верасьні 1939-га ваяваў супраць нямецкай арміі, трапіў у палон. Пасьля вайны застаўся на эміграцыі. Жыве ў Амэрыцы.

НОВІК Мікалай, сябра Замежнага сэктару БНП. Удзельнік 14-га Пленуму БЦР. Жыў у ЗША.

ПАБЯРЖЫН Язэп, беларускі вайсковец і паэт, кіраўнік Браслаўскага (?) камітэту БНП. Быў на курсах СБМ у Менску ў красавіку 1944 г. Сядзеў у бальшавіцкіх канцлягерох, цяжка хварэў. Далейшы лёс невядомы.

ПОПКА Юры (1912 — 1993), беларускі палітычны й грамадзкі дзеяч, пісьменьнік, выдавец, сябра Замежнага сэктару ЦК БНП. Арганізаваў Беларускі музэй у Ляймэне (Зах. Нямеччына).

ПРЫСТАЎКА Вячаслаў, сябра Пастаўскага камітэту БНП. Сябра СБМ. Летам 1944-га выехаў на Захад. Быў арыштаваны бальшавікамі. Жыве на Беларусі.

РАГУЛЯ Барыс, гл. вышэй.

РАГУЛЯ Міхась (1916?, в. Ачукевічы Наваградзкага пав.), сябра ЦК БНП. У 1933 годзе скончыў Наваградзкую беларускую гімназію. Інжынэр па адукацыі. Вясною 1939 г. знаходзіўся ў Варшаве й уваходзіў у кіраўніцтва Асьветнага таварыства беларусаў. У ліпені 1941 году вяртаецца на Бацькаўшчыну, разам з Ус. Родзькам едзе ў Віцебск, дзе працуе ў гарадзкой управе загадчыкам аддзелу культуры й асьветы. Адзін з кіраўнікоў Беларускай Незалежніцкай Партыі (мянушка “Чорны”), куратар выдавецкай дзейнасьці партыі. Рэдагаваў падпольны “Бюлетэнь БНП”, удзельнічаў у падрыхтоўцы праграмы й статуту БНП. У Віцебску ў 1942-43 гадах рэдагаваў дадатак да газэты “Новый путь” — “Беларуская старонка”. З лета 1944 году — на эміграцыі. Сябра Замежнага сэктару ЦК БНП. Напрыканцы 1948 г. выключаны са складу Цэнтральнага Камітэту, у выніку “перавароту”, зьдзейсьненага старшынём Замежнага сэктару ЦК БНП Дз. Касмовічам. Выехаў у ЗША. Супрацоўнічаў з Радай БНР, пасьля зь яе выйшаў, уваходзіў у Беларускі нацыянальны цэнтар. Жыве ў ЗША.

РАМАНЧУК Сымон (1916 — 1951?), беларускі вайсковы дзеяч. Скончыў польскую падафіцэрскую школу. Падчас нямецкай акупацыі — начальнік пэрсанальнага бюра пры Галоўным кіраўніцтве Беларускае Краёвае Абароны. Удзельнік нарады беларускага вайсковага актыву ў Празе ў 1944 годзе. У 1945 г. арыштаваны. Зімой 1946 г. спрабаваў уцячы зь менскае “амэрыканкі”. Рыхтаваў паўстаньне ў канцлягеры на Інце. Па некаторых зьвестак, пасьля выкрыцьця плянаў паўстанцаў, быў расстраляны.

РАЧЫЦКІ Мечыслаў, акруговы кіраўнік СБМ у Глыбокім. Летам 1944 г. выехаў на эміграцыю. Жыў у Канадзе.

РОДЗЬКА Ўсевалад, гл. вышэй.

РУЛІНСКІ Мікола, гл. вышэй.

РЫЖЫ-РЫСКІ Уладзіслаў (1920-я, в. Латыголь Глыбоцкага пав. — 2. 3. 1978, Нью-Ёрк), беларускі палітычны й рэлігійны дзеяч. Падчас нямецкай акупацыі — актыўны сябра БНП. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Зь лета 1944 г. — у батальёне “Дальвіц”. Выконваў адказныя даручэньні кіраўніцтва БНП. Пасьля вайны працаваў на капальнях у Бэльгіі. У 1948 г. быў абраны старшынём Генэральнае Рады Саюзу беларусаў Бэльгіі, выдаваў часопіс “За незалежнасьць”. Пачаў займацца рэлігійнай дзейнасьцю. Заснавальнік і патрыярх Беларускай народнай праваслаўнай царквы, якая ў другой палове 1990-х гадоў пераносіла сваю дзейнасьць на Беларусь. 

САВЁНАК Лявон (1897, Глыбоччына — 1974, ЗША), беларускі палітычны дзеяч, пісьменьнік, журналіст. Скончыў Глыбоцкую настаўніцкую сэмінарыю. З 1920 г. у Менску працаваў у газэце “Савецкая Беларусь”. У 1933 годзе быў арыштаваны НКВД й высланы ў сібірскі канцлягер. Перад вайной вярнуўся на Беларусь, працаваў настаўнікам. Падчас нямецкае акупацыі працаваў у рэдакцыі менскае “Беларускае газэты”. Быў сябрам менскага падпольля Беларускай Незалежніцкай Партыі, удзельнічаў у арганізацыйным сходзе менскай групы БНП у верасьні 1941 г. Летам 1944 году выехаў у Нямеччыну. Па вайне працаваў дырэктарам Беларускае гімназіі ў Остэргофэне (лягер ДП). Пазьней пераехаў у ЗША. Быў адным з лідэраў партыі “Аб’яднаньне беларускіх нацыянал-дэмакратаў” (Зах. Нямеччына, ЗША, другая палова 40-х — сярэдзіна 50-х гадоў). Прымаў удзел у выданьні “Абежніку Цэнтральнага Камітэту Аб’яднаньня беларускіх нацыянал-дэмакратаў”. Супрацоўнічаў з рэдакцыямі мюнхэнскай “Бацькаўшчыны” й нью-ёрцкага “Беларуса”. Адышоў ад дзейнасьці Рады БНР, уваходзіў у Камітэт незалежнае Беларусі. У 1960-я гады адышоў ад палітычнай і грамадзкай дзейнасьці, жыў на сваёй фэрме. 

САЖЫЧ Язэп (нар. у 1917 г.), беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, генэрал. Скончыў Наваградзкую гімназію й польскую падафіцэрскую школу. Падчас нямецкай акупацыі ствараў аддзелы Беларускай самааховы. Афіцэр БКА і сябра БНП. На эміграцыі — актыўны удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху. У 1982-97 гадох — Старшыня Рады БНР.

САКАЛОЎ Анатоль (1915 — ?), беларускі палітычны й вайсковы дзеяч. Скончыў Віленскую беларускую гімназію, юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. У 1938 годзе вывучаў юрыспрудэнцыю ў Варшаве. У 1941 годзе — бурмістар г. Бярэзіны. Удзельнік беларускай нацыянальнай партызанкі Ул. Шавеля на Барысаўшчыне ў 1942 годзе. Афіцэр Беларускае Краёвае Абароны, сябра БНП. Пасьля вайны жыў у Нямеччыне. Па некаторых зьвестках эміграваў у Амерыку (?), дзе яго сьлед гіне.

САКОВІЧ Юльян, гл. вышэй.

СІКОРА Віктар, гл. вышэй.

СЕНЬКА Ўладзімер (21. 7. 1918, Новы Сьвержань Стаўпецкага пав. — 2. 2. 1997, Нямеччына), беларускі вайсковы дзеяч. Скончыў Стаўпецкую гімназію і Віленскі ўнівэрсытэт, быў сябрам Беларускага студэнцкага саюзу. Выпускнік польскай школы афіцэрскай рэзэрвы ў Замброве (Польшча). Пры саветах ў 1940-41 гг. працаваў настаўнікам. Падчас нямецкай акупацыі быў начальнікам паліцыі Нясьвіскага павету. Пасьля вайны працаваў у разьведцы нямецкага бундэсвэру, меў рангу маёра. Рэдагаваў па-нямецку бюлетэні-штоквартальнікі для аднаго нямецкага навуковага інстытуту, а па-беларуску — газэту “Жыве Беларусь”. Сябра Замежнага сэктару БНП, а пасьля — Беларускага Вызвольнага Фронту.

СОКАЛ-КУТЫЛОЎСКІ Антон (1892 — 1983), беларускі вайсковы дзеяч. Камандзір Слуцкай брыгады арміі БНР, якая ў лістападзе-сьнежні 1920 году ваявала супраць Чырвонай Арміі. Пасьля прыходу ў Заходнюю Беларусь бальшавікоў арыштоўваўся НКВД, уцёк. Падчас нямецкай акупацыі — сябра БНП, школьны інспэктар у Ганцавічах (Берасьцейская вобл.). Падпалкоўнік БКА. Выданы амэрыканцамі бальшавікам у 1945 годзе. Да 1957 года знаходзіўся ў бальшавіцкіх канцлягерох. Памёр у Польшчы.

СТАНЮШ Кастусь, удзельнік антыбальшавіцкай партызанскай барацьбы на Бацькаўшчыне. Сябра Замежнага сэктару БНП, кіраўнік Краёвага прадстаўніцтва партыі ў Канадзе. Быў дэлегатам 14-га Пленуму Беларускай Цэнтральнай Рады ў 1954 г. 

СЯДНЁЎ Масей (1915 — 2001), беларускі пісьменьнік. Вучыўся ў Вышэйшым пэдагагічным інстытуце ў Менску. У 1936 годзе быў арыштаваны й высланы на Калыму. У чэрвені 1941 г. вызваліўся. З 1944 г. — на эміграцыі. Сябра Замежнага сэктару БНП. Працаваў на радыёстанцыі “Свабода”. Жыў у ЗША.

СЯНЬКЕВІЧ Аляксей (15. 11. 1904, Новы Сьвержань — 12. 12. 1991, Саўт-Рывэр, ЗША), сябра ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі (?). У 1930-я гады быў сябрам Беларускага інстытуту гаспадаркі й культуры, Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі. Перад Другой сусьветнай вайной, пад ціскам польскіх уладаў, быў вымушаны выехаць у Нямеччыну. Кіраваў аддзелам Бэрлінскага беларускага камітэту ў Бяла-Падлясцы. На Беларусь вяртаецца ў ліпені 1941 году, працуе рэдактарам “Менскае газэты”, а пасьля — “Голасу вёскі”. З 1942 г. — сябра ЦК БНП, у 1943-44 гг. кіруе Менскім акруговым камітэтам партыі. У 1943 годзе, як упаўнаважаны прадстаўнік, быў высланы ЦК БНП да Старшыні Рады БНР М. Абрамчыка ў Бэрлін. З вясны 1944 году — афіцэр прапаганды Беларускае Краёвае Абароны ў Баранавічах, супрацоўнік мясцовае газэты “Пагоня”. У ліпені 1944 году выехаў у Чэхію, а пасьля перабраўся ў Бэрлін. Да 1950 г. жыў у Заходняй Нямеччыне. Выехаў у ЗША, пасяліўся ў Саўт-Рывэры. Прымаў актыўны удзел у дзейнасьці Беларускае Цэнтральнае Рады, а таксама Беларускай праваслаўнай парафіі імя сьв. Эўфрасіньні Полацкай. 

ТУЛЕЙКА Міхась, сябра БНП. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Баранавічах. Удзельнічаў у нарадах актыву БНП у Менску. З 1944 г. — на эміграцыі.

ТУРАЙКЕВІЧ Павал, здраднік. Вучыўся ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі, служыў у батальёне Б. Рагулі. Падчас аднаго з баёў трапіў у палон да савецкіх партызанаў, быў завэрбаваны чэкістамі. Як агент дзяржбясьпекі, выдаў шмат беларускіх патрыётаў — сябраў БНП. За сваю юдаву работу атрымаў ад бальшавікоў пасаду дырэктара прадпрыемства. Ужо памёр. 

ХАНЯЎКА Часлаў (26. 5. 1909, Рыга — 2. 7. 1988, ЗША), беларускі палітычны дзеяч. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Інжынэр па адукацыі. Паводле В. Пануцэвіча, быў адным з ініцыятараў заснаваньня Беларускай Незалежніцкай Партыі напрыканцы 1939 г. ў Вільні. Разам з а. Гадлеўскім, перабіраецца ў 1940 годзе ў Варшаву. Тут ён працуе на працягу нямецкае акупацыі ў Беларускім нацыянальным камітэце. З 1950-х гг. жыве ў ЗША. Зьяўляўся адным з кіраўнікоў арганізацыі “Беларуска-амэрыканская дапамога” ў Нью-Ёрку. У 1962 годзе цяжка захварэў. Прэзыдэнт Рады БНР В. Жук-Грышкевіч пісаў: “Шкада, што Чэсь пісаць ня можа, бо пісаць ён мог і мае аб чым...”

ЧЭБАТАРЭВІЧ Віктар (1906, Новы Сьвержань — 7. 10. 1963, Нью-Ёрк), беларускі палітычны й вайсковы дзеяч. Скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю. У 1940 годзе, жывучы ў акупаваных бальшавікамі Стоўбцах, падтрымліваў сувязь з беларускімі нацыяналістычнымі арганізацыямі ў Варшаве (у прыватнасьці, з Міколам Шчорсам). Летам 1941-га па польскаму даносу арыштоўваўся немцамі. Працаваў у Генэральным школьным інспэктараце. Разам з а. Гадлеўскім арганізоўвае антынямецкае падпольле. У 1944 годзе — капітан БКА, камандзір афіцэрскай школы БКА ў Менску. На эміграцыі — актыўны дзеяч прабэцээраўскага кірунку, жыў у ЗША. Супрацоўнічаў з газэтай “Беларуская трыбуна”. Рэпрэзэнтаваў беларускую эміграцыю ў сусьветных антыкамуністычных арганізацыях. 

ШАВЕЛЬ Уладзімер (1910-я — 1942?), беларускі вайсковы дзеяч. Скончыў Віленскую беларускую гімназію й юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. У 1941 годзе арганізаваў аддзелы беларускае паліцыі на Меншчыне, якія пасьпяхова змагаліся з савецкімі партызанамі. Уваходзіў у Галоўную Раду БНС. Сябра БНП. У 1942 г. арганізаваў нацыянальную партызанку на Барысаўшчыне. Загінуў ад чэкісцкай кулі(?).

ШКЯЛЁНАК Мікалай (1899 — 1947), беларускі палітычны дзеяч, юрыст. Актывіст Беларускага студэнцкага саюзу ў Зах. Беларусі. Паплечнік а. В. Гадлеўскага па “Беларускім Фронце” (1936-39). З 1939 г. у Бэрліне, рэдагаваў газэту “Раніца”. У 1941 годзе ўдзельнічаў у стварэньні Беларускага нацыянальнага цэнтру. Адзін з кіраўнікоў Нацыянальнага Рэзыстансу, ідэоляг Беларускай Незалежніцкай Партыі, куратар аддзелу вонкавай палітыкі. У 1944-45 гг. — першы віцэ-прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады, адзін з арганізатараў Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Вясной 1945 г., разам з аддзелам Ус. Родзькі, перабраўся ў Польшчу з мэтай удзелу ў падпольнай барацьбе БНП. Арыштаваны й павешаны бальшавікамі.

ШЛЯХТУН Павал, удзельнік дэсанту “Дальвіцу”, трапіў у рукі чэкістаў.

ШУКЕЛОЙЦЬ Антон, скончыў Віленскую беларускую гімназію. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Менску ў беларускай адміністрацыі, удзельнічаў у заснаваньні Менскага камітэту БНП. З лета 1944-га — на эміграцыі. Прыхільнік Рады БНР. Жыве ў Нью-Ёрку. 

ШУНЬКО Міхась (?, в. Дальчыцкі Загор, Наваградчына — ?), удзельнік дэсанту “Дальвіцу” ў лістападзе 1944 г. Скончыў школу ў Любчы, вучыўся ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі, быў у батальёне Б. Рагулі. Уступіў у БНП. Улетку 1944-га у складзе атрада “Дальвіцу”, дэсантаваўся на Беларусі. Праўдападобна, браў удзел у пасьляваеннай беларускай антысавецкай партызанцы.

ШЧОРС Барыс (1916? — 6. 6. 1975, Саўт-Рывэр, ЗША), беларускі вайсковы дзеяч. Падчас нямецкай акупацыі — начальнік паліцыі ў Барысаве, сябра БНП. На эміграцыі — актывіст беларускіх арганізацый, прыхільнік Беларускай Цэнтральнай Рады.

ШЧОРС Ігар, сябра Замежнага Сэктару ЦК БНП (мянушка “Палын”). Падчас нямецкай акупацыі арганізоўваў беларускую паліцыю ў Менску. 

ШЫШЭЯ Кастусь, гл. вышэй. 

ЯЦКЕВІЧ Мікалай, дэсантнік “Дальвіцу”. Сядзеў у бальшавіцкіх канцлягерох на Інце. 


Гэта няпоўны сьпіс сябраў Беларускай Незалежніцкай Партыі. На вялікі жаль, сёньня імёны многіх “незалежнікаў” нам яшчэ невядомы. А прыналежнасьць некаторых беларускіх дзеячаў да БНП не заўсёды можна спраўдзіць.

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster