|
Выбраныя публікацыі пра Гадлеўскага Кс. Вінцэнты Гадлеўскі, аснавапаложнік беларускага рэзістансу
(Да 3-ціх угодкаў Ягонае сьмерці)
Люты віхор апошніх гадоў вырваў столькі перадавых дзеячоў з шарэгаў нашага Вызвольнага Руху, столькі падала ясных постацяў, што мы замест уладжываньня ім заслужаных нацыянальных хаўтураў, заледзьве спраўляліся адзначаць аб іх сьмерці ў рубрыцы сумнай хронікі... а часамі на'т абставіны не дазвалялі і гэтага.
Да аднэй з такіх ахвяраў, паўшых гэройскай сьмерцю на полі змаганьня за Волю Бацькаўшчыны, належыць, Вечнай Памяці, і Ксёндз Вінцэнты Гадлеўскі.
Аб сьмерці Гадлеўскага, Якога нямецкія каты замардавалі на Каляды 1942 г., Беларусы даведаліся толькі праз год. Да гэтага часу хадзілі розныя чуткі, анемцы ўпорыста пашыралі весткі, што Гадлеўскі дзесь у канцлагеры, што мае на'т быць звольнены.
Толькі потым выяснілася, як гэстапа замардавала яго ў падвале менскага СД.
Вінцэнты Гадлеўскі — гэта адна з бліскучэйшых постацяў, змагара за ідэю Незалежнасьці Беларусі.
Усё Ягонае жыцьцё — гэта няўпынная барацьба за лепшую долю БеларускагаНароду. Яшчэ будучы студэнтам Духоўнае Акадэміі ў Петраградзе, імя Яго было шырака ведамае ў беларускім нацыянальна-адраджэнчым руху. Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну маладым ксяндзом, сваёй адданасьцю службе Богу і Народу, цудоўны прамоўца, гарачы патрыёт, здабыў хутка вялікую папулярнасьць, як у самых народных гушчах, так і сярод інтэлігэнцыі. За сваю адвагу, цьвёрдасьць — давялося Яму пабываць неаднойчы ў турмах — але нічога Яго немагло спыніць, застрашыць.
Падчас выбуху нямецка-савецкай вайны Гадлеўскі апынуўся ў Варшаве, ды быў аддзелены ад Роднага Краю, які Ён так бязьмерна любіў сваім гарачым сэрцам вялікага патрыёты.
З заняцьцем Беларусі немцамі Ён прабіраецца нелегальна ў Беларусь і аб'яжджае Яе амаль усю. Быстрае, дасьведчанае вока хутка Яго зар'ентавала ў тым, што нясе Беларусі гэты новы “вызваліцель”. Па некулькі тыдняў аб'езду Беларусі Ён прыйшоў да выснаўку ў неабходнасьці канспіратыўнае арганізацыі для барацьбы з акупантам. Дзеля гэтага Ён склікае ў верасьні 1941 г. нелегальны зьезд выдатнейшых беларускіх палітычных дзеячаў, якім Ён запрапанаваў ужо разроблены шырака праект праграмы канспіратыўнай працы. У адным із пунктаў Ягонага праекту былі прадбачаныя вайсковыя фармацыі беларускай партызанкі. Праект Гадлеўскага быў прыняты амаль поўнасьцю. Зайшлі былі толькі спрэчкі адносна кандыдата, праектаванага Гадлеўскім, якдэлегата на выезд заграніцу.
Дэлегаты зьезду настаевалі, каб выехаў Гадлеўскі, нашто Ён быў спачаткуі згадзіўся, але потым выпрасіў згоды вярнуцца яшчэ на Беларусь, “хоць нанекулькі месяцаў”, бо ад'езд такі заграніцу Ён рахаваў прадчасным.
І так зрабіў. Зноў-жа дабраўшыся на Беларусь нелегальна, Ён рэвалюцыйнымшляхом захоплівае ў свае рукі кіраўніцтва па арганізацыі беларускага школьніцтва. Не зар'ентаваўшыся спачатку, немцы прызначаюць Яго Гэнэральным Інспэктарам Беларускага Школьніцтва.
Атрымаўшы такім чынам магчымасьць шырэйшага кантакту із падуладнымі Яму інспэктарамі, настаўнікамі, народам, Ён прыступае адразу да рэалізацыі свае праграмы.
У многіх пунктах Беларусі паўсталі заканспіраваныя асяродкі, лучнікамдля якіх быў Гадлеўскі.
Акупанты аднак хутка зар'ентаваліся ў небясьпечнасьці Яго асобы, і на 3-цім месяцы Яго інспэктарства — ўсунулі.
Гадлеўскі тагды павяртае да свайго духоўнага чыну і бярэ ў свае рукі Менскі Катэдральны Касьцёл.
Але акупанты заўважылі, што гэтая сьвятая будова з тысячамі веруючых, з такім прапаведнікам, як Гадлеўскі, вельмі небясьпечная для іх хіжацкіх плянаў у Беларусі.
Схапіўшы Яго якраз у Калядныя Сьвяты на прыватным памешканьні, доўга Яго мучылі, дабіваючыся выдачы кіраўнікоў правінцыянальных групаў, якія ўжо актыўна дзеялі супроць акупанта.
Але дарма! Гадлеўскі памёр так, як паміраюць вялікія змагары, як памёр Кастусь Каліноўскі.
Сваім жыцьцём Ён прыкрыў усе сьляды і ніткі канспіратыўнай арганізацыі.Кінутая Ім ідэя — заснаваная Ім БНП (Беларуская Народніцкая Партыя) — разгортывала сваю працу ад Смаленску аж да Бэрліну, і акупанты ня выкрыліяе кіраўнікоў, аж да свайго собскага скананьня.
Постаць Гадлеўскага застанецца ў Беларускім Вызвольным Руху як адна з бліскучайшых постацяў — нязломнага барацьбіта, Вялікага Патрыёта і Вялікага Мучаніка за Волю свайго Народу, за Волю Беларусі.
Вечная Яму Памяць! Беларускія навіны (Парыж), 1945, № 1, 25 сьнежня. Артыкул не падпісаны, алеяго аўтарам мог быць выдавец газэты, прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык. Пра кс. Гадлеўскага
Кс. Вінцэсь Гадлеўскі нарадзіўся [ў] 6 км ад Поразава ў вёсцы Сурычы [трэба — Шурычы]. Гэта вялікая вёска, налічвала больш за сто нумароў (дамоў — С. Ё.). Імёны яго бацькоў мне ня ведамы. Вінцэсь быў найстарэйшым сынам, меў дзьве сёстры: старэйшая Броня, малодшая — Пэля. Малодшы брат быў глуханямы. Ён цэлы час быў пры старэйшай сястры Броні. Абедзьве сёстры былі замужнія. Бацька меў маленькую гаспадарку, ня болей за 2 га, але шырока й далёка быў ведамы як мастак-майстра столяр-стэльмах. Выконваў пакасьцёлах аўтары, амбоны, спавядніцы і іншыя работы.
Працаваў таксама па маёнтках. Добра зарабляючы вучыў сына. Ведаю, што пачаткавую школу [Вінцэсь] скончыў у Поразаве, а дзе далей вучыўся — ня ведаю.. Будучы сьвятаром да роднага дому рэдка заглядаў. У Сурычах [Шурычах] зарганізаваў беларускую бібліятэку ды прысылаўгазэты. Калі быў у Поразаве і гаварыў казаньні, заўсёды хоць некалькі слоў казаў пабеларуску... “Я вось ваш, з вашай крыві й косьці...”
Першы раз я спаткаўся з кс. Гадлеўскім у Менску коратка пасьля арышту кс. Глякоўскага (можа [праз] два тыдні). Гэта была нядзеля. Народу зыбралася поўная сьвятыня — катэдра. Распытаўшы ў мяне аб усім, што здарылася з нашыміксяндзамі, ён стаў на каленьні, памаліўся і так да мяне гаварыў: “Шыкуй, братка, усё да сьв. Імшы. Хоць гэта рыск, але нічога не парадзіш: калі ўзяўся за гуж, ні кажы, што ні дуж”. Адзеўся і пайшоў правіць суму. І так штораз часьцей, штораз сьмялей, хоць без спэцыяльнага дазволу акупацыйных уладаў, адпраўляў набажэнствы, спавядаў ды выконваў пастырскія павіннасьці. Рабіў,што толькі мог у касьцёле міма сваіх цывільных абавязкаў.
У той час былі дзейныя 2 касьцёлы: катэдра і сьв. Сымона й Гэлены. Кс. Ігнатовіч, які быў капалянам пры летувіскім войску ў Менску, ня ў сілах быў абслужыць абодвыя. Дзеля гэтага працы было шмат...
Прыблізна позьняй восеняй 1942 г. вечарам а гадз[іне] 5-й быў арыштованы кс. Гадлеўскі. Помню той дзень, як пад'ехаў пад клябанію “віліс”, кс. Гадлеўскі ў асысьце двух гэстапоўцаў (латышоў) увайшоў у клябанію. Быў перапалоханы й бледны. Ён гэтак да мяне адазваўся: “Стаська, япрыехаў разьвітацца з табою, я арыштаваны. Павязуць мяне праз Вільню, Коўну, Рыгу ў Эстонію, бо ўважаюць, што я не магу тут быць”. Адзін з гэстапаўцаўза плячыма ксяндза шыдэрча скрывіўся ды паківаў галавой, быццам хацеў сказаць: дарэмная твая надзея быць жывым! Кс. Гадлеўскі далей сказаў мне: “Стаська, дай мне ключы ад катэдры, зараз іх прывязу”. Я даў ключы ад катэдры іўкленчыў, ксёндз мяне пабаславіў, мы пацалаваліся, і зы сьлязьмі ў вачох ксёндз пайшоў да самаходу, а за ім двух здаравенных латышоў...
Перад сваім адыходам кс. Гадлеўскі яшчэ мне сказаў: “Стаська, завязеш маевалізкі маме і маю сутану — бывай з Богам!” За 15 мінут зноў заехаў той самаход, гэстапавец аддаў мне ключы, і я больш кс. Гадлеўскага ня бачыў.
Кс. Гадлеўскі на клябаніі ня жыў. Некаторыя свае рэчы й сутану меў у катэдры ў захрыстыі. Сутану адзяваў толькі ў нядзелю ў касьцёле. У час арышту быў у сьвецкім адзеньні: чаравікі шнурованыя, пальто зімовае, чорнае, шапка цёплая хутраная. Ня было чуваць, каб яго адзеньне каму вярнулі. Стараліся мы, стараўся й кс. Ігнатовіч, летувіскі капалян, штоколечы даведацца аб лёсе арыштованага, але надарма. Нават немец, што працаваў у Гэстапо пісарам (вельмі добры каталік, родам зь Менску — “Volgadeutsch”; *Ці гэты “немец зь Менску” ня ёсьць агент СД — Федотаў? — Рэд.), ён стараўся штось даведацца, і ня да[ў] рады. Казаў толькі, што калі толькі яго забіралі латышы, то напэўна адразу на сьмерць. Такіх паважных людзей растрэльвалі ў турме ў ночы, а рана вывозілі й закопвалі за горадам. За каталіцкімі могілкамі “Кальварыя”, або каля пасёлка Дварышча...
Бацька кс. В. Гадлеўскага памёр па першай вайне ў 1918 г. Матка, старэнькая, была пры ксяндзу ў Менску. Калі я даставіў ёй ксяндза валізку й сутану, ламала рукі, потым кінулася мне на шыю й стала галасіць... “Скажы, скажы, дзе мой сынок!”... Потым часта да нас
прыходзіла, маіх бацькоў вельмі палюбіла, няраз была ў нас цэлы дзень, начавала, тужыла й плакала па сыне. Памерла маючы блізу 85 год у 1950 ці 1952 годзе. Ці сёстры ксяндза яшчэ жывуць і дзе — ня ведаю.
2 лютага 1966 г. Ст. Васюкевіч LITVA (Чыкага), 1969, № 3, студзень—ліпень, с. 260-262; у арыгінале — на лацінцы. Волат-мучанік
На разьвітаньне зь Менскам [у канцы 1942-га году] яадведаў кс. В. Гадлеўскага, які меў сваю рэзыдэнцыю Галоўнага Школьнага Інспэктара ў маленькім пакоіку Самапомачы. Быў цёмны вечар, кс. Гадлеўскі чытаў часапіс пры сьвечцы.
— Як маецеся, войча — Вінцэнты? — пытаюся,вітаючыся.
— Ну што-ж, даражэнькі, сяджу адсунуты ад усяго, нат электрыкі мне не даюць, адрэзаў Ермачэнка.
— Няўжо на гэта ўсё пайшоў Сівіца?
— Пайшоў, а свае яму дапамаглі.
— Няўжо свае?
— Так. Сам Фішар паказаў мне даносы, пісаныя Ермачэнкам і Касяком, ды й Янка Станкевіч праз сваю заўзятасьць лётаў да Сівіцы йбалтаў пра нашыя справы непатрэбна.
Я жахнуўся ад гэткіх ведамак, а ксёндз гаварыў далей:
— Так, гэта праўда. Пару дзён таму я меў гутарку зь Немцамі, хіба апошнюю, і сказаў ім адкрыта, што Немцы абяцалі Беларусам перад вайной, а што далі ў ходзе вайны? Вы, казаў я, разьвязваючы Самаахову, абяззброілі беларускі народ, мардуючы-ж ваеннапалонных ды палячы вёскі, стварылі партызаншчыну. Мы вас віталі з кветкамі, як вызвольнікаў, а вы як нас патрактавалі? Цяпер я палітычны труп і не магу выступаць больш адмайго й вашага імя да беларускага народу! Яны ўськінулі мне, што мая дзейнасьць ідзе ў разрэз зь нямецкімі інтарэсамі на ўсходзе. Рассталіся мы дужа халодна, цяпер чакаю майго арышту.
— Мо трэба дзе схавацца, Войча? — сказаў я, узрушаны.
— Нікуды не зварухнуся. Божая воля, што будзе, тое будзе, — закончыў кс. Гадлеўскі.
Тут я прыпомніў, што час хадзьбы ў Менску абмежаваны й я зь сьлёзамі разьвітаўся з нашым народным змагаром, абяцаючы, што будзем падымаць усю грамадзкасьць у яго абароне.
Назаўтра я запытаўся др. Ермачэнку:
— Як вы гэта маглі дапусьціць да такіх сварак і да даносаў на кс. Гадлеўскага?
— Я асабіста не настаўлены варожа да Генэральнага Інспэктара, але кс. Гадлеўскі мае непаразуменьні зь Сівіцай і іншымі Немцамі, а я на гэта ня маю ніякага ўплыву, — адказаў Ермачэнка.
Два дні пасьля маіх наведзінаў, цібо на Каляды 1942 году, кс. В. Гадлеўскі быў арыштаваны менскім СД і, паводле навочных сьветкаў, таго самага дня вывезены да Рыгі, у галоўнае СД на тэрыторыю Остлянду, дзе знаходзіўся Райхскамісар Лёзэ. Там, відавочна, ён і быў замучаны.
Кс. В. Гадлеўскі быў вялікай ахвярай на нашым нацыянальным аўтары, ня толькі як мучанік, але й як змагар вялікага стылю за вызваленьне беларускаганароду. Таму тыя, на чыім сумленьні ёсьць хоць кропля віны ў ягонай сьмерці, хай каюцца перад Богам і перад сваім народам. Благое часам можа пайсьціў забыцьцё, але гераічная пастава волата-мучаніка В. Гадлеўскага будзе нам сьвяціць вечна. З кнігі Язэпа Малецкага “Пад знакам Пагоні (успаміны)”. Таронта, 1976,с. 93-94. Загінуў, каб жыла Беларусь
Амаль 50 гадоў таму з рук нямецкіх акупантаў сьмерцю мучаніка загінуў адзін з найлепшых сыноў беларускага народу, няўтомны змагар за лепшую ягоную долю, глыбокай вартасьці публіцысты і дзяржаўны муж, Сьветлай памяці ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.
Расстралялі Яго немцы нізка-подла за Ягоныя вялікія духовыя вартасьці, за глыбокі беларускі патрыятызм і бязьмежную волю й здольнасьці да змаганьня за прыроджаныя правы беларускага народу за аднаўленьне свайго вольнага і незалежнага палітычнага жыцьця.
Сьмерцю мучаніка Ён даказаў, што ў сэнсе духовых вартасьцяў Ён стаіць далёка вышэй ад тых, хто фізычнаю сілаю забраў Ягонае жыцьцё.
Памяць аб ім будзе вечна жыць у гісторыі Беларускае Нацыі!
Пралітаю крывёю Ён заслужана і бяссумліўна заняў пазыцыю беларускага гэроя. Беларускі Народ мае бяссумніўнае права Ім ганарыцца і шанаваць Ягоную памяць. [...]
У сваёй нацыянальна-грамадзкай працы кіраваўся вылучна дабром інацыянальным гонарам свайго народу.
Няхай дазволена будзе нам нізка схіліць голаў перад няведамай магілай гэтага гэроя — змагара.
М[ікола] Ш[чорс] Беларуская думка (ЗША), 1992, № 37, с. 30. Ксёндз-дэмакрат
24 сьнежня ў касьцёле сьв. Сымона і Алены ўпершыню будзе адслужаны рэквіем сьвятой памяці ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Гэты чалавек быў адной з самых значных постацяў беларускага нацыянальнага руху. Яго забіліза некалькі гадзінаў да Калядаў 1942 году. Дакумэнты, якія высьвятляюць абставіны апошніх гадзінаў жыцьця Вінцэнта Гадлеўскага, знайшліся ў нямецкіх архівах у гэтым годзе дзякуючы высілкам Гісторыка-мэмарыяльнага фонду “Трасьцянец”. Цяпер Ватыкан разглядае пытаньне пра кананізацыю беларускага ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага.
[...] Соф'я Сакалоўская ў гады вайны была пеўчай у Катэдральным касьцёле, які ў 1941 годзе асьвячаў Вінцэнт Гадлеўскі. Яна добра памятае першы хросны ход вакол храма. Было столькі народу, што ксяндза ледзьве не заціснулі. Сьвятар блаславіў людзей і сказаў: “Няхай крыж паганства зьнікне”. Яго словы падхапілі пеўчыя, а за імі і ўвесь народ. Многія не маглі стрымаць сьлёзаў.
Соф'я Сакалоўская прыгадвае, што ксёндз ня быў падобны да іншых сьвятароў. Гаварыў па-беларуску, часта хадзіў без сутаны, так як прыходзіў у касьцёл пасьля сваёй “грамадзянскай” працы. Аднойчы моладзь сабралася ў касьцёле сьв. Сымона і Алены, каб адзначыць чыісьці імяніны. Зь імі быў ВінцэнтГадлеўскі. Засядзеліся да позьняга вечара, таму давялося застацца начаваць у касьцёле — у горадзе быў камэнданцкі час. Каб неяк бавіць час, моладзь наладзіла танцы. Соф'я Сакалоўская саромелася танчыць пры сьвятары інават схавалася ад нейкага настойлівага кавалера. А Вінцэнт Гадлеўскі заўважыў ласкава: “Ну што ты, Соф'я, сьвятары ж таксама людзі...” Відавочцы гавораць, што толькі зьнешне ксёндз рабіў уражаньне суворага і закрытага чалавека. Пры больш цесным знаёмстве адкрывалася яго добрае, спагадліваесэрца. Яшчэ Соф'я Сакалоўская прыгадвае, што Вінцэнт Гадлеўскі неяк выпадкова сказаў, што яму рыхтуюць у падарунак сапраўдную беларускую кашулю, расшытую прыгожым узорам. Было гэта за некалькі тыдняў да канца 1942 году, уякім ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі так і не пасьпеў адслужыць Калядную месу... Белорусская деловая газета (Менск), 2001, 21 сьнежня (пераклад у скароце з расейскай). Вінцэнт Гадлеўскі: крыжовым шляхам
Напрыканцы мінулага году сталі вядомыя абставіны сьмерці Вінцэнта Гадлеўскага, ідэоляга й правадыра беларускага нацыяналістычнага руху ў 1930-40-ыя гады. Ён быў расстраляны фашыстамі ўвечары 24 сьнежня 1942 году ў Трасьцянцы…
Вінцэнт Гадлеўскі — асоба легендарная й таямнічая. Рыма-каталіцкі сьвятар, які ўводзіў у касьцёл беларускае слова, за што цярпеў перасьлед ад польскай акупацыйнай улады. Палітык-нацыяналіст, які адрадзіў беларускі нацыяналістычны рух, узначаліў Беларускі антыфашыстоўскі Супраціў. Выдавец, перакладчык на родную мову “Новага запавету”.
Ён быў выдатным кансьпіратарам. Яшчэ польскі паліцыйны ўрадовец у 1926 годзе даносіў свайму начальству, што ксёндз Гадлеўскі ў Жодзішках на Вялейшчыне, дзе быў пробашчам, стварыў тайную беларускую арганізацыю й яна на той час дзейнічала ўжо тры гады. А польская паліцыя нічога не магла даведацца пра яе, бо яе ўдзельнікі ня здраджвалі свайго кіраўніка. Пра самаго Гадлеўскага палякі пісалі, што ён “ёсьць вельмі асьцярожным у сваёй дзейнасьці”. Яшчэ больш асьцярожна Вінцэнт Гадлеўскі працаваў падчас Другой сусьветнай вайны, калі пад нямецкай акупацыяй ствараў беларускае нацыянальнае антыфашыстоўскае падпольле. Аж дагэтуль афіцыйна не прызнана роля Гадлеўскага ў антыфашыстоўскім змаганьні. Бо прызнаць яе, значыць пацьвердзіць, што беларускія нацыяналісты не супрацоўнічалі з фашыстамі, а змагаліся супраць іх акупацыйнага рэжыму, несьлі цяжкія страты.
Вінцэнт Гадлеўскі нарадзіўся 16 лістапада 1888 году (па іншых зьвестках — 16 сьнежня) ў мястэчку Поразава (па іншых зьвестках — у вёсцы Шурычы цяперашняга Сьвіслацкага раёну) Ваўкавыскага павету. Яшчэ юнаком ён вырашыў прысьвяціць сваё жыцьцё служэньню Богу. Гадлеўскі скончыў каталіцкую духоўную сэмінарыю ў Вільні, а пасьля духоўную акадэмію ў Пецярбургу.
Апынуўшыся ў Расеі, ён на свае вочы бачыў, як развальваецца расейская імпэрыя, усьвядоміў, што ён, як беларус, у гэтай сытуацыі мусіць быць бліжэй да свайго народу, дапамагчы яму вызваліцца з-пад маскоўскага прыгнёту. Ёнапынуўся ў Менску, служыў вікарыем у катэдральным касьцёле. У 1917 годзе Вінцэнт Гадлеўскі актыўна ўключаецца й у беларускі нацыянальна-вызвольнырух. Ён — актыўны ўдзельнік Першага Ўсебеларускага кангрэсу, сябра Рады БНР і ўдзельнік абвяшчэньня 25 сакавіка 1918 году дзяржаўнай незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Параза беларускіх вызвольных сілаў і падзел Бацькаўшчыны паміж акупантамі не зламілі волі да барацьбы й служэньня свайму народу Вінцэнта Гадлеўскага. У Заходняй Беларусі ён становіцца адным з правадыроў нацыянальнай партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя”. Гадлеўскі змагаецца за пашырэньне беларускай мовы ў касьцёле ды неаднаразова арыштоўваецца за сваю патрыятычную дзейнасьць польскімі ўладамі. Два гады ён правёўу варшаўскай турме.
Аўтарытэт Вінцэнта Гадлеўскага ў беларускім грамадзтве імкліва рос. Ёнва ўмовах, калі большасьць беларускіх арганізацый у Заходняй Беларусі былі левага кірунку й арыентаваліся на БССР, выпрацоўваў беларускую незалежніцкую праграму. У 1928 годзе ён пісаў: “Увесь час існаваў і існуе адзіны сапраўдны шлях, ідучы якім мы можам дабіцца зьдзейсьненьня Ідэалаў Беларускага Народу, — гэта самастойны незалежніцкі шлях. Барацьбіты, што трымаюцца гэтага шляху, збаўленьне Беларускага Народу бачаць ня ў вонкавай усходняй ці заходняй помачы, а сіле самога Народу. Толькі сам Народ можа здабыць сабе лепшую долю, але для гэтага патрэбна, каб ён палітычна й культурна быў зусім сьпелы, каб ён быў добра арганізаваны”.
Вінцэнт Гадлеўскі й займаўся выхаваньнем народу для будучай барацьбы за волю й незалежнасьць. Ён гуртаваў вакол сябе аднадумцаў, актыўна працаваў з моладзьдзю й знаходзіў сярод яе гарачых прыхільнікаў. На сьвяткаваньнях 25 Сакавіка Беларускім Студэнцкім Саюзам у Вільні выступаў Гадлеўскі. Ён распавядаў моладзі пра тыя часы, калі іх папярэднікі са зброяй у руках змагаліся за незалежнасьць Беларусі, расказваў пра гісторыю зацьверджаньня Радай БНР узору нацыянальнага сьцягу: “Было некалькі прапановаў, але найбольш папулярныя — дзьве: чыста белы сьцяг і бел-чырвона-белы. Многія схіляліся да думкі, што беларусы мусяць мець белы сьцяг, які паказваў-бы духовую белізну нашага народу. Іншыя-ж пярэчылі гэтаму, бо, на іх думку, белы сьцяг у гісторыі заўсёды азначаў капітуляцыю ворагу, паражэньне, а таму для нацыянальнага ён не падыходзіць. Прапаноўвалі дадаць да белага сьцягу чырвоную палоску, палоску крыві тысячаў беларусаў, што змагаліся за Бацькаўшчыну і ляглі за яе. Гэта толькі ўзмацняла сымбалічнасьць сьцягу, падкрэсьлівала чысьціню імкненьняў ягонага народу…”
У 1936 годзе Гадлеўскі выходзіцьз БХД, не пагадзіўшыся з палітыкай партыі, накіраванай на збліжэньне з КПЗБ. У адказ на “палявеньне” хадэкаў, Вінцэнт Гадлеўскі стварае ўласную нацыяналістычную арганізацыю “Беларускі Фронт” з аднайменным друкаваным ворганам, які ён рэдагаваў і ў якім выступаў, як публіцыст. Ад гэтага часу Гадлеўскі й ягоныя бліжэйшыя памочнікі (Мікола Шкялёнак, Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Мікола Шчорс, Вацлаў Папуцэвіч ды іншыя) распачынаюць стварэньне новай палітычнай сілы ў беларускім нацыянальна-вызвольным руху, працуюць над яе ідэалёгіяй, займаюцца прапагандысцкай дзейнасьцю ня толькі сярод інтэлігенцыі, але й сярод работнікаў і сялянаў.
Гадлеўскі ў той час пісаўна балонках “Беларускага Фронту”: “Нацыянальная ідэя лучыць усіх сяброў нацыі: і тых, што жывуць за граніцамі, і тых, што разьдзелены часам. Нацыянальная ідэя лучыць паміж сабой тыя пакаленьні, якія ўжо адышлі, з тымі, якія маюць прыйсьці, а злучвом ёсьць жывучае пакаленьне… Нацыянальная ідэя прабуджае да вялікіх чынаў тых людзей, якія ў іншых умовах вялі-б бескарыснае жыцьцё. Пад уплывам нацыянальнай ідэі прабуджаецца ў іх ахвота да працы, да ахвярнасьці, а часам нават да геройства!”
Час геройства й ахвярнасьці надыходзіў. Другая сусьветная вайна ўспрымалася беларускімі нацыяналістамі ня толькі, як барацьба бальшавіцкай і фашыстоўскай імпэрый, а таксама заходніх дэмакратый, але й як шанс для беларусаў здабыць незалежнасьць. Уся папярэдняя дзейнасьць Вінцэнта Гадлеўскага была падрыхтоўкай маладога нацыянальнага актыву да дзейснай і бескампраміснай барацьбы заволю Айчыны.
Вінцэнт Гадлеўскі дзейнічае, як мудры палітык і добры кансьпіратар. У 1940-41 гадах у акупаванай немцамі Варшаве ён засноўвае падпольную Беларускую Незалежніцкую Партыю. Гадлеўскі далучае да кансьпірацыі шмат маладых нацыяналістаў, а сярод іх і Ўсевалада Родзьку, які пасьля ачоліць БНП. Ён распрацоўвае праграму падпольнай працы. Праўдападобна, яна ўключала ў сябе стварэньне шэрагу падпольных арганізацый, якія працавалі б у сваіх кірунках, аледля адной мэты — здабыцьця незалежнай Беларускай Дзяржавы. Яны мусілі кіравацца з аднаго цэнтру, яны павінны былі ахапіць сваім уплывам усю краіну й усе сфэры грамадзка-палітычнага, культурнага, эканамічнага жыцьця, апанаваць беларускія вайсковыя й партызанскія аддзелы, маладзёвыя арганізацыі.
Для выкананьня гэтага пляну падчас нямецкай акупацыі многія беларускія падпольшчыкі пайшлі працаваць на легальныя пасады. Вінцэнт Гадлеўскіў верасьні 1941-га становіцца галоўным школьным інспэктарам у генэральнымкамісарыяце “Беларусь”. Ён арганізуе беларускае школьніцтва, адкрываешколы, выдае падручнікі, дамагаецца саступак ад немцаў. Адначасова шматнастаўнікаў ён уцягнуў у дзейнасьць створанай ім тайнай арганізацыі “Беларускі Народны (або Цэнтральны) Фронт”.
Фашыстоўскія рэпрэсіі супраць мірнага беларускага жыхарства, падзел краіны акупантамі, абмежаваньне ўплыву нацыянальнага актыву на сытуацыю ў краіне — усё гэта радыкалізавала Беларускі нацыянальны Рух Супраціву. Як сьведчыць вядомы беларускі дзеяч Юры Сабалеўскі, восеньню 1942 году Вінцэнт Гадлеўскі актыўна пашыраў шэрагі падпольля й імкнуўся стварыцькіруючы ворган Супраціву. Ужо пачалася праца па стварэньню нацыянальнага партызанскага руху, якая была даручана БНП. Пачаў выдавацца падпольны “Бюлетэнь БНП”, куды пісаў артыкулы й Гадлеўскі. Шукаліся сувязі з заходнімі саюзьнікамі.
Усё гэта не магло не застацца без увагі бальшавіцкай і фашыстоўскай агентуры. На Вінцэнта Гадлеўскага пасыпаліся даносы, ён трапляе пад пільны нагляд СД. Фашысты ня мелі доказаў ягонай падпольнай дзейнасьці, але адчувалі, што Гадлеўскі — адзін з лідараў беларускіх нацыяналістаў — ня будзе спакойна глядзець на іхнія зьдзекі над беларускім народам. 24 сьнежня 1942 году Вінцэнт Гадлеўскі быў арыштаваны СД і ў той жа вечар расстраляны ва ўрочышчы Благоўшчына, ў Трасьцянцы. Ён спакойна й годна прыняў пакутніцкую сьмерць, ведаючы, што памірае не дарма. Што справа, якую ён пачаў, адроджаны ім нацыяналістычны рух, створанае антыфашыстоўскае падпольле, незагіне, а будзе дзейнічаць далей. Што калісьці беларускія нацыяналістычныя сілы вызваляць сваю Бацькаўшчыну й усталююць у ёй сапраўдную Беларускую Ўладу.
Забіўшы Гадлеўскага, абезгаловіўшы Беларускі Рух Супраціву, фашысты няздолелі яго зьнішчыць. Беларускія нацыяналісты помсьцілі акупантам засьмерць свайго правадыра, ліквідуючы фашыстоўскіх катаў і іхніх прыслужнікаў. Беларускі Рух Супраціву пашыраўся па ўсіх абшарах краіны, а з 1944 году распачаў змаганьне супраць новага акупанта — бальшавіцкага. Мэта была тая самая, што акрэсьліў Вінцэнт Гадлеўскі — бескампраміснае змаганьне з ворагам за незалежную Беларускую Дзяржаву.
Жыцьцё і дзейнасьць Вялікага Беларуса, сьвятара і палітыка Вінцэнта Гадлеўскага — гэта ўзор для кожнага беларускага нацыяналіста. Ён пайшоў на вялікую ахвяру, каб паказаць прыклад сваім пасьлядоўнікам, каб натхніць нас на вялікія подзьвігі й барацьбу. Барацьбу з бачным і нябачным ворагам. Пад сьвятым сьцягам Хрыста.
Ян Каваль Голас краю (Менск), 2002, № 1.
|