|
Уступ
Шаноўныя чытачы!
Вашай увазе прапануецца першая навуковая праца аб беларускім незалежніцкім супраціве 1939 — 1959 гадоў. Мы паспрабавалі пасьлядоўна выкласьці вядомыя нам факты, зрабіць іх навуковы аналіз, асьвятліць дзейнасьць розных палітычных партыяў, плыняў і збройных фармацыяў беларускага вызвольнага руху.
Пры падрыхтоўцы гэтай кнігі мы сутыкнуліся з тым, што практычна ўсе кіраўнікі беларускага супраціву загінулі альбо памерлі, а іх успаміны да сёньня застаюцца ненадрукаванымі. Зьбег абставінаў прывёў да таго, што асноўныя матэрыялы аб беларускім супраціве апынуліся ў зачыненых архівах спэцслужбаў розных краінаў.
Таму мы вымушаныя абапірацца на нешматлікія публікацыі, а таксама на прыватныя ўспаміны і архіўныя зборы апошніх жывых удзельнікаў тагачасных падзеяў. Аднак і зараз шмат хто зь іх, з розных прычынаў, адмаўляецца абнародаваць свае прозьвішчы.
Чытаючы кнігу, трэба ўлічваць час, абставіны і ўмовы, у якіх дзейнічалі ўдзельнікі беларускага супраціву. Іх паводзіны незаўсёды ўкладаюцца ў звыклую для нас формулу афіцыйнай гісторыі. Але пераважная большасьць зь іх кіравалася найперш інтарэсамі Беларусі і яе народу, шукала рэальныя шляхі да вольнасьці і незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны.
Мы ўпэўнены — прыдзе час і таемнае зробіцца яўным. Героям пабудуюць помнікі, а здраднікаў спасьцігне кара. Спадзяемся, што нашая праца наблізіць гэты сьвяты дзень праўды. Аўтары
ПАСЬЛЯСЛОЎЕ Апошнія збройныя акцыі Беларускага Супраціву пад кіраўніцтвам Міхала Вітушкі прайшлі ў 1957 годзе. Пра іх мы ўжо пісалі. Напрыканцы 1959-га адбылася апошняя кансэрвацыя кансьпірацыйнай сеткі. “У вялікай ступені гэта было зьвязана з новымі сродкамі аховы савецка-польскай мяжы, надыходзячай грашовай рэформай і новымі сродкамі радыёперахопу, — успамінае былы актыўны ўдзельнік беларускага партызанскага руху Н. — Засталіся толькі кропкі выведкі, якія сапраўды маглі прынесьці карысную інфармацыю. Гэты час можна лічыць заканчэньнем актыўнае дзейнасьці “Чорнага Ката”. Сам Вітушка канчаткова “адышоў ад справаў” недзе на пачатку 70-х гадоў”.
….
Саветы рэгулярна патрабавалі ва ўрадаў краінаў Захаду выдачы “вайсковых злачынцаў”, якімі лічылі ўсіх удзельнікаў беларускага антысавецкага партызанскага руху. Патрабавалі выдачы і пазьнейшых уцекачоў за “жалезную заслону”. У апошнім выпадку быў распрацаваны адмысловы плян іх кампрамэтацыі. Каб дамагчыся выдачы гэтых людзей, фабрыкаваліся дакумэнты, падстаўляліся “сьведкі” абвінавачваньня ўцекачоў у крымінальных, а пераважна ў эканамічных злачынствах.
Прывядзем адзін прыклад. У 1978 годзе з адной з савецкіх вайсковых часьцей у ГДР на Захад уцёк лейтэнант Яўхім Іваноўскі (прозьвішча зьмененае). Высьветлілася, што ён — сын удзельніка БКА і беларускага партызанскага руху ў 1944 — 1948 гг. Бацька быў асуджаны на 15 гадоў канцлягераў, выжыў. Выгадаваў у беларускім духу свайго сына. Падчас службы ў войску, Яўхім Іваноўскі вёў сярод жаўнераў-беларусаў прапагандысцкую працу. На ягоную дзейнасьць пачала выходзіць вайсковая супрацьвыведка, але ён пасьпеў зьбегчы. Пасьля гэтага лейтэнанта Іваноўскага абвінавацілі ў раскраданьні маёмасьці, шахрайстве і г. д. Знайшліся нават блізкія яму людзі, якія сьведчылі супраць яго. Саветы дамагаліся выдачы ўцекача, але амэрыканцы і немцы не паверылі ў абвінавачваньні. Яўхім Іваноўскі і цяпер жыве на Захадзе.
***
У публікацыях 1995 — 2006 гадоў супрацоўнікі КДБ Беларусі і шэраг блізкіх да гэтай установы дасьледчыкаў упарта даказваюць, што Міхал Вітушка загінуў у 1945 годзе, таму ніякага Супраціву арганізаваць ня мог. Сёлета зьявілася іх прызнаньне, што ад імя Вітушкі МГБ БССР праводзіў апэратыўныя гульні з эміграцыйнымі цэнтрамі і заходнімі выведкамі. Пра “апэрацыю прыкрыцьця” М. Вітушкі, якую праводзілі нямецкія спэцслужбы з восені 1944-га, мы ўжо пісалі ў папярэдніх главах. Цяпер жа спынімся на згаданых “апэратыўных гульнях” МГБ з, нібыта, выкарыстаньнем імя Вітушкі.
Нагадаем, на час заканчэньня Другой сусьветнай вайны НКГБ быў перакананы ў сьмерці М. Вітушкі і яго вышук быў спынены. У 1945 годзе савецкая дзяржбясьпека ўпершыню атрымала інфармацыю пра падпольле, пакінутае СД на тэрыторыі Беларусі і Прыбалтыйскіх рэспублікаў, але выхаду на яго не было. У той час прозьвішча Вітушкі ўсплыла ў адным з дакумэнтаў абвэру, які патрапіў у рукі НКГБ, але і гэтая згадка не пахіснула перакананьне чэкістаў, што Вітушка забіты[1].
Гэта цалкам задавальняла кіраўніка “Чорнага Ката”, які сваё прозьвішча нідзе не “засьвечваў”. Толькі сябры Галоўнага Штабу, камандзіры атрадаў і іх намесьнікі, шэраг падпольшчыкаў ведалі, што Беларускім Супрацівам кіруе Вітушка. Для шэраговых партызанаў і ўдзельнікаў падпольнай сеткі гэта была таямніца, яны ведалі толькі мясцовых камандзіраў і то не іх сапраўднае прозьвішча, а псеўданім. Яшчэ на канфэрэнцыі партызанскіх камандзіраў М. Вітушка загадаў ім самастойна не падтрымліваць кантактаў з эміграцыйнымі арганізацыямі і не даваць ім ніякай інфармацыі пра структуру і дзейнасьць беларускага партызанскага руху. Дысцыпліна і кансьпірацыя ў арганізацыі “Чорны Кот” былі на высокім узроўні, таму ў першыя паваенныя гады на эміграцыі пра лёс Вітушкі нічога ня ведалі.
…
Архіўныя матэрыялы па Беларускім Супраціве засакрэчаныя як у ЗША і Нямеччыне, так і ў Расеі. Пэўныя матэрыялы з часам можна будзе адшукаць і ў архіве КДБ Беларусі. Нагадаем, такая сакрэтнасьць зьвязаная з шчыльным кантактам беларускай паваеннай кансьпірацыі з заходнімі спэцслужбамі. Многія апэрацыі, радыёгульні дагэтуль засакрэчаныя.
Мы валодаем інфармацыяй, што ў сярэдзіне 50-х гадоў, са згоды вышэйшага кіраўніцтва Польшчы, у Маскву была перададзеная частка дакумэнтаў і архіўных матэрыялаў польскіх спэцслужбаў. Прычым, больш за 200 справаў былі забраныя кагэбістамі бяз права пакіданьня копіяў у Польшчы. Сярод іх была і справа “беластоцкіх фэдэралістаў (сэпаратыстаў)”, пра якую мы згадвалі. І ўсё ж у архівах Польшчы захоўваецца нямала цікавых дакумэнтаў, прысьвечаных паваеннаму беларускаму падпольлю. Іх увядзеньне ў навуковы зварот, у пэўнай ступені дапоўніць гэтую працу.
Паводле тэрміну даўнасьці, большасьць матэрыялаў заходніх спэцслужбаў, якія маюць дачыненьне да паваеннага Беларускага Супраціву, мусілі быць рассакрэчаныя яшчэ ў 90-х гадах. Аднак дагэтуль амаль усе жывыя ўдзельнікі антысавецкай партызанскай і падпольнай барацьбы застаюцца ў краінах былога СССР у сьпісах “вайсковых злачынцаў” альбо “здраднікаў радзімы”. За выключэньнем Эстоніі і Латвіі, новыя ўлады постсавецкіх рэспублікаў не зьмянілі да іх стаўленьня. Зазначым, што гэтыя людзі атрымалі поўную амністыю ад урадаў заходніх дзяржаваў за ўдзел у барацьбе супраць савецкай імпэрыі. Таму, каб захаваць бясьпеку вэтэранаў антысавецкіх супраціваў, у тым ліку беларускага, у пачатку 90-х на Захадзе было прынятае рашэньне аб спэцзахаваньні ўсіх матэрыялаў да 2027 году. Гэтую дату абралі невыпадкова, на яе прыпадаюць 100-ыя ўгодкі з дня народзінаў самага маладога камбатанта, які жыве на Захадзе. Тэрмін спэцзахаваньня можа быць зьняты толькі пасьля прыняцьця адпаведных законаў у большасьці краінаў Савецкага Саюзу. Спадзявацца на гэта ў бліжэйшай пэрспэктыве не даводзіцца.
Нам вядома, што ў архівах заходніх спэцслужбаў захоўваюцца ня толькі дакумэнты друкаванага характару, але і дастаткова вялікія сьпісы ўдзельнікаў антысавецкага супраціву, іх фотаздымкі. На жаль, спадзявацца на адшуканьне ў заходніх архівах групавых здымкаў беларускіх партызанаў не даводзіцца. Патрабаваньні кансьпірацыі не дазвалялі гэтага рабіць. Адзіны вядомы здымак беларускага партызанскага атрада 1948 году, які надрукавала эміграцыйная газэта “Бацькаўшчына”, вэтэранамі “Чорнага Ката” прызнаны пастановачным, зробленым на Захадзе падчас ваінізаваных збораў эмігрантаў.
Кантактуючы з вэтэранамі беларускага партызанскага руху, паплечнікамі Міхала Вітушкі, якія жывуць пад чужымі прозьвішчамі на Захадзе, мы не маглі не пацікавіцца ў іх, як імі было ўспрынятае аднаўленьне незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе. Вось што гаворыць былы камандзір атрада “Белавежа”: “Успрынялі вестку вельмі добра, але мы разумелі, што гэта толькі пачатак. Некаторыя з нас нават прадбачылі прыход да ўлады чалавека, падобнага Лукашэнку. Асаблівы непакой выклікала адсутнасьць моцнай нацыянальнай арганізацыі. Памятаю, як у 1990 годзе аднаго з нашых беларусаў мы папрасілі больш распавесьці аб складзе аргкамітэту БНФ, і калі даведаліся аб колькасьці камуністых, зьбянтэжыліся... Але, натуральна, мроілі аб Вольнай Беларусі і магчымасьці наведаць Бацькаўшчыну... Натуральна, мы тут час ад часу сустракаліся і сустракаемся. Але нашыя сустрэчы адрозьніваюцца ад сустрэчаў легалізаваных беларускіх эмігрантаў (напрыклад, БАЗА). Большасьць нашых людзей яшчэ і сёньня засьцерагаюцца нейкіх акцыяў і выкрыцьця, бо ёсьць выпадкі, асабліва цяпер, калі заходнія дэмакратыі здаюць людзей. Былі выпадкі спробаў расейскіх спэцслужбаў выкрасьці альбо зьнішчыць некаторых удзельнікаў антысавецкай барацьбы”.
І апошняе. Калі на працягу 2005 г. рыхтавалася гэтая кніга, мы атрымалі зь некалькіх крыніцаў вартую даверу інфармацыю, што кіраўнік Беларускага Супраціву 1945 — 1959 гадоў Міхал Вітушка яшчэ жыў. Ён памёр 27 красавіка 2006 г у Заходняй Няметчыне. Яму ішоў 99-ы год. У Вітушкі была сям'я — жонка і двое дзяцей. Ён пасьпеў напісаць вялікія ўспаміны, якія, мы спадзяемся, калісьці будуць надрукаваныя на Бацькаўшчыне. [1] Паведамленьне аўтарам былога камандзіра партызанскага атрада “Белавежа” Х. Люты 2006 г.
|