|
Прадмова
Наваградзкія патрыёты
Паваенны беларускі антысавецкі супраціў заставаўся суцэльнай “белай плямай” нашай найноўшай гісторыі аж да пачатку 1990-х гадоў. Аднаўленьне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе паспрыяла таму, што нарэшце змаглі адкрыта падаць свой голас ягоныя ўдзельнікі. Тады здавалася, што адкату ўжо ня будзе, што бел-чырвона-белы сьцяг вярнуўся назаўжды. Эйфарыя, аднак, хутка прайшла. Ужо ўвосень 1992 г. стала зразумела, што рэабілітацыі беларускага антысавецкага супраціву пры існай уладзе чакаць не даводзіцца. Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь, які не зьмяніў назвы і не адрокся ад спадчыны “жалезнага Фелікса”, хуценька пачаў закрываць свае ледзьве прыадчыненыя архівы. Гэта быў адзін з захадаў па стрымліваньні росту ў краіне “нацыяналістычных настрояў” — распаўсюд і ўдалая прапаганда раней схаванай інфармацыі пра беларускі вызвольны рух і яго змагароў маглі знайсьці гарачыя водгукі найперш сярод моладзі.
“Беларуская ўлада” гэтага баялася. Яе сапраўдную сутнасьць цяжка было схаваць нават за самымі “нацыяналістычнымі” дэкарацыямі. Апошнія зьніклі пасьля рэфэрэндуму 1995 г., калі ў апазыцыі апынуліся нават нацыянальныя сымбалі. Ад таго часу афіцыйная прапаганда, накіраваная супраць нацыянальных палітычных сілаў, пачынае грунтавацца на правядзеньні наўпроставых паралеляў паміж імі і нямецкімі калябарантамі часоў вайны. Сфальшаваная гісторыя становіцца сродкам палітычнай барацьбы. “Калі дагэтуль не рэабілітаваная Ларыса Геніюш, значыць мы жывем не пры беларускай уладзе”, — аднойчы трапна заўважыў беларускі гісторык і грамадзкі дзеяч, вэтэран вызвольнага руху Міхась Чарняўскі.
Удзельнікі паваеннага беларускага антысавецкага супраціву загаварылі пра рэабілітацыю ў пачатку 1992 г. Зразумела, рэч ідзе пра былых сябраў маладзёжнага падпольля — удзельнікі збройнай барацьбы ў той сытуацыі (як і ў цяперашняй) на рэабілітацыю ня маюць аніякіх шансаў. У сакавіку 1992 г. у газэце “Наша слова” выйшаў артыкул Васіля Супруна “Патрыёты маўчаць не схацелі!”, у якім упершыню была асьветленая дзейнасьць у першыя паваенныя гады ў Заходняй Беларусі падпольных маладзёжных арганізацыяў. “Ацалелі адзінкі, ды і тыя абылганыя, скалечаныя, растаптаныя, — пісаў В. Супрун. — Лічу сваім сьвятым абавязкам хоць успомніць пра тых патрыётаў, якія сваімі юначымі сэрцамі засланялі Беларусь ад дзікай бальшавіцкай расправы ўжо ў пасьляваенныя 1946 — 1947 гады”.[1]
У студзені 1992 г. судовая калегія Вярхоўнага суду Беларусі адмовіла ў рэабілітацыі Васілю Супруну, кіраўніку падпольнай арганізацыі “Чайка” і каардынацыйнага воргану падпольля — “Цэнтру беларускага вызваленчага руху”.[2] На цяперашні час ніводзін сябра “Чайкі” не рэабілітаваны.[3] У красавіку 1992 г. прэзыдыюм Гарадзенскага абласнога суду адмовіў у рэабілітацыі былым сябрам падпольнай арганізацыі “Саюз Вызваленьня Беларусі” Міхасю Кожычу і Кастусю Рамановічу.[4] Праз два месяцы Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду Беларусі рэабілітавала ўсіх удзельнікаў мядзельска-смаргонскага вучнёўскага падпольля 1948 — 1950 гг., за выключэньнем Расьціслава Лапіцкага, Ч. Цыбульскага і І. Качаргі. [5] З пачатку 1990-х распачалася індывідуальная рэабілітацыя сябраў “Саюзу Беларускіх Патрыётаў” (1945 — 1947, Глыбокае, Паставы). Паводле І. Валахановіча, усе ўдзельнікі арганізацыі на цяперашні час ужо рэабілітаваныя.[6]
Такая атрымалася кроніка спробаў удзельнікаў беларускага антысавецкага супраціву атрымаць рэабілітацыю ад беларускай дзяржавы. “Аказваецца, мы і цяпер усё яшчэ застаёмся “ворагамі”, — зрабіў тады невясёлую выснову В. Супрун.[7] Ён і ў далейшым рабіў спробы дамагчыся рэабілітацыі, у лютым 1995 г. напісаў ліст на імя прэзыдэнта краіны А. Лукашэнкі.[8] Узьнікла нават дыскусія наконт таго, ці патрэбная былым палітвязьням рэабілітацыя? “Прыйдзе час, і новая беларуская дэмакратычная ўлада па-сапраўднаму ацэніць подзьвіг беларускай моладзі, якая ў часы “непарушнага” Савецкага Саюзу выступала супраць гэтай імпэрыі зла”, — пісаў адзін з чытачоў “Народнай волі”.[9]
Аднак пераважна няўдалыя захады па атрыманьні рэабілітацыі паспрыялі зьяўленьню ў пачатку 1990-х шэрагу аб'ектыўных публікацыяў пра маладзёжнае падпольле ў беларускім рэспубліканскім і мясцовым друку. У газэце “Наша слова” нават зьявілася рубрыка “Патрыёты маўчаць не схацелі!”, у якой друкаваліся допісы былых сябраў “Саюзу Беларускіх Патрыётаў”. А ў 1997 г. у Менску пабачыла сьвет кніга “Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў”.
У гэтай кнізе мы разглядаем дзейнасьць наваградзкага “Саюзу Вызваленьня Беларусі” (СВБ) 1946 — 1947 гг. Упершыню пра гэтую арганізацыю згадаў у сакавіку 1992 г. В. Супрун, які надрукаваў сьпіс часткі яе сябраў.[10] Юрыст І. Енка ў сваім артыкуле распавёў пра структуру СВБ, назваў асноўныя тэзісы яго праграмы, прывёў агульную колькасьць сябраў.[11] Вельмі грунтоўнай была публікацыя Міхаіла Талочкі ў сьнежні 1992 г. у газэце “Советская Белоруссия”. Ён спрабаваў асэнсаваць прычыны, якія падштурхнулі маладых людзей, сярод якіх былі нядаўнія франтавікі, да падпольнай дзейнасьці. Талочка прыводзіць урыўкі з успамінаў сябраў СВБ, згадвае пра прычыны яго правалу, зьмяшчае больш поўны сьпіс “вызваленцаў”.[12] На ўспамінах сябраў арганізацыі пабудавала свой артыкул журналістка Ц. Клыкоўская. Яна прымеркавала яго да 50-х угодкаў з дня заснаваньня СВБ.[13]
Былыя сябры СВБ не друкавалі сваіх успамінаў. Нам вядомыя толькі дзьве публікацыі Кастуся Рамановіча ў незалежным друку.[14] У 2003 г. К. Рамановіч закончыў працу над сваімі ўспамінамі. Урывак зь іх, прысьвечаны СВБ, быў надрукаваны ў часопісе “Беларускі Рэзыстанс”, а пасьля выйшаў асобным выданьнем.[15]
Вясной 1999 году выйшла з друку кніга “Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944 — 1956 / Даведнік” (Менск: Архіў Найноўшай Гісторыі, 1999). Гэта была першая спроба сыстэматызацыі інфармацыі пра пэрсаналіі, арганізацыі, падзеі паваеннага антысавецкага супраціву ў Беларусі. У даведніку быў зьмешчаны артыкул пра СВБ, а таксама зацемкі пра некаторых яго сябраў.
Пачынаючы з 1999 г. дасьледчык, афіцэр КДБ Беларусі Ігар Валахановіч уводзіць у навуковы зварот новыя зьвесткі пра СВБ, узятыя з архіўных крыніцаў дзяржбясьпкі. Ён падрабязна пераказвае зьмест праграмы арганізацыі, піша пра яе структуру, называе падпольныя псеўданімы кіраўнікоў. [16]
У апошнія гады інтарэс да СВБ значна зьменшыўся. Як зьменшылася і колькасьць жывых яго былых сябраў. Сярод нас застаўся толькі адзін з 18-ці наваградзкіх патрыётаў — Міхась Кожыч. У гэтай кнізе зьмяшчаюцца ягоныя ўспаміны пра арганізацыю і яе сябраў.
Гісторыя наваградзкага СВБ 1946 — 1947 гг. яшчэ мае нямала “белых плямаў”. Гэта і асоба Генадзя Казака, які хаваў ад сяброў, што стварае арганізацыю, у адпаведнасьці з інструкцыямі падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. Невядома, ці меў ён кантакты з падпольлем БНП у іншых рэгіёнах Беларусі, альбо нават і з антысавецкай партызанкай. Чэкісты яму закідалі супрацу з замежнымі спэцслужбамі — відаць, ня верылі, што ён мог дабраахвотна, без заданьня, вярнуцца па вайне з Захаду ў “савецкі рай”. Казак на сьледзтве цьвердзіў, што кіраваўся толькі інструкцыямі БНП, якія друкаваў яшчэ ў канцы 1944 г. падпольны “Бюлетэнь БНП”.[17]
Іншая праблема — прычыны правалу СВБ. Па адной з вэрсіяў, яго здаў правакатар — Аляксандар Бажко, які працаваў у Баранавічах.[18]
Ён называў сябе і кіраўніком баранавіцкага падпольля, і адным з кіраўнікоў падпольнай арганізацыі “Чайка”. [19] Па такой жа схеме, пры дапамозе правакатара Алега Стахоўскага (былога лейтэнанта беларускага дэсантнага батальёну “Дальвіц”), быў разгромлены СБП у Глыбокім і Паставах.[20] Існуе вэрсія, што значная колькасьць маладзёжных падпольных арганізацыяў былі легендзіраванымі г. зн. ад пачатку інсьпіраванымі дзяржбясьпекай альбо ўзятымі ёю пад кантроль пазьней, ужо ў працэсе дзейнасьці. Ня маючы доступу да адпаведных архіўных дакумэнтаў, мы ня можам пацьвердзіць слушнасьць гэтай вэрсіі, альбо абвергнуць яе. Але ствараецца агульнае ўражаньне, што ў 1947 г. савецкая дзяржбясьпека нанесла па слаба закансьпіраваных маладзёжных арганізацыях прэвэнтыўны ўдар — чэкісты не дапусьцілі, каб патрыятычная моладзь пайшла працаваць настаўнікамі ў школы, а ў далейшым улілася ў “дарослы” антысавецкі супраціў. Для міністра дзяржбясьпекі БССР Л. Цанавы патрэбная была добрая статыстыка ліквідаваных падпольных арганізацыяў. У студзені 1947 г. ЦК КП(б)Беларусі запатрабаваў ад яго і міністра ўнутраных справаў БССР Бельчанкі “рашучым чынам узмацніць мерапрыемствы па барацьбе з антысавецкімі дзеяньнямі польска-нямецкіх нацыяналістычных арганізацыяў і кулацтва і прыняць дзейсныя захады па ліквідацыі кулацка-нацыяналістычных і спыненьню правакацыйнай антысавецкай агітацыі варожых элемэнтаў”. [21] 6 чэрвеня 1947 г. Бюро ЦК КП(б)Б зноў разглядала “палітычнае становішча ў заходніх абласьцях БССР” і заслухала “сілавікоў” аб захадах па барацьбе з “нацыяналістычным падпольлем і бандпраяўленьнямі”.[22] У сьнежні 1947 г. Цанава рапартаваў на Бюро ЦК КП(б)Б, што “органамі дзяржаўнай бясьпекі, пад кіраўніцтвам партыйных арганізацый, у заходніх абласьцях зь вясны гэтага году зроблена значная работа”. Былі выяўленыя і ліквідаваныя 15 беларускіх, польскіх, украінскіх “нацыяналістычных арганізацый” у Баранавіцкай, Маладэчанскай, Берасьцейскай, Гарадзенскай і іншых абласьцях, якія “створаныя замежнымі эмігранцкімі цэнтрамі па ўказаньні іншаземных разьведвальных органаў”.[23] У ліку ліквідаваных МГБ БССР арганізацыяў быў і Саюз Вызваленьня Беларусі.
У гэтай кнізе ўпершыню пад адну вокладку сабраныя публікацыі і ўспаміны, прысьвечаныя падпольнаму СВБ і яго сябрам. Зьмяшчаецца таксама кароткі нарыс гісторыі арганізацыі, сьпіс сябраў і іх біяграфіі, нэкралёгі, вершы. Пакуль мы ня маем доступу да крымінальнай справы СВБ, якая захоўваецца ў архіве Ўпраўленьня КДБ па Гарадзенскай вобласьці. Таму праграма, статут, пратаколы і іншая дакумэнтацыя арганізацыі будуць надрукаваныя ў наступным, больш грунтоўным выданьні, якое зможа зьявіцца толькі пры сапраўды беларускай уладзе. Сяргей Ёрш
[1]Супрун В. Патрыёты маўчаць не схацелі! // Наша слова (Менск), 1992, 18 сакавіка, № 11.
[2] Тамсама.
[3] Валаханович И. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944 — 1953 гг. Менск: БДУ, 2002, с. 53.
[4] Клыкоўская Ц. Жыццё — за імгненьні: да 50-годдзя Саюза вызвалення Беларусі // Беларуская маладзёжная, 1996, № 2 (69), студзень.
[5] Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944 — 1953 гг., с. 54.
[6] Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944 — 1953 гг., с. 50.
[7] Наша слова, 1992, 18 сакавіка, № 11.
[8] Лабовіч А. “У рэабілітацыі Вам адмоўлена...” // Народная воля, 1999, 14 сьнежня.
[9] Лаўнікевіч С. Прыйдзе час, і іх назавуць героямі // Народная воля, 2000, 19 студзеня.
[10] Наша слова (Менск), 1992, 18 сакавіка, № 11.
[11] Енка І. Злачынцы ці гэроі? // Пагоня (Горадня), 1992, № 7, 11-24 верасьня.
[12] Толочко М. Из-за них следователи НКВД начали читать “Молодую гвардию” // Советская Белоруссия, 1992, 2 сьнежня.
[13] Жыццё — за імгненьні: да 50-годдзя Саюза вызвалення Беларусі // Беларуская маладзёжная, 1996, № 2 (69), студзень.
[14] Рамановіч К. У СБМ я загартаваўся ў сапраўднага патрыёта // Наша ніва, 1997, 17 лістапада, № 33; Рамановіч К. “Мы стварылі Саюз вызвалення Беларусі” // Навіны, 1998, 2 кастрычніка, № 105.
[15] Рамановіч К. Варшанская перамога // Беларускі Рэзыстанс, 2004, № 1, б. 80-84; Рамановіч К. За волю Беларусі. Успаміны пра сябе і сваіх сяброў. Слонім — Менск: Беларускі Рэзыстанс, 2005
[16] Валахановіч І. Барацьба вакол ідэі “беларускай незалежнай дзяржавы” (другая палова 40-х — пачатак 50-х гг.) // Беларускі гістарычны часопіс, 1999, № 1, с. 58-62; Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944 — 1953 гг., с. 34, 35.
[17] Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944 — 1953 гг., с. 34.
[18] Бажко Аляксандар нарадзіўся ў 1918 г. у в. Даўгінава (сучасны Карэліцкі раён). У канцы 1930-х вучыўся ў музычным інстытуце ў Наваградку і Варшаўскай кансэрваторыі. З 1941 г. ваяваў на фронце ў складзе Чырвонай Арміі, быў паранены. З 1945 г. працаваў на камсамольскай рабоце ў Беларусі. Неўзабаве стаў літаратурным супрацоўнікам баранавіцкай абласной газэты “Чырвоная звязда”, працаваў на абласным радыё. З 1956 г. працаваў у рэдакцыі газэты “Літаратура і мастацтва”, пасьля быў намесьнікам рэдактара газэты “Голас Радзімы”. У 1973—1977 гг. займаў пасаду дырэктара Літаратурнага музэю імя Я. Купалы. Аўтар кніг прозы, вершаў і памфлетаў, у якіх выкрываў “злачынную дзейнасьць беларускіх буржуазных нацыяналістаў” у гады вайны, ганьбіў беларускую палітычную эміграцыю. Жыве ў Менску. Кр.: Алесю Бажко — 75 // Літаратура і мастацтва, 1993, 22 кастрычніка.
[19] Беларуская маладзёжная, 1996, № 2 (69), студзень; Советская Белоруссия, 1992, 2 сьнежня.
[20] Ёрш С. Агенты дзьвюх выведак // Наша ніва, 2003, 22 жніўня, № 30.
[21] НА РБ, ф. 4, в. 61, спр. 371, арк. 11.
[22] НА РБ, ф. 4, в. 61, спр. 415, арк. 2.
[23] НА РБ, ф. 4, в. 61, спр. 479, арк. 3
|