Вельмі захацелася мне апісаць сваё жыцьцё, можа таму, што было яно так багатае ў розныя добрыя й цяжкія перажываньні, а можа таму, што адчуваю свой блізкі канец. Можа хтось з маіх родных, а думаю пра Зосю, Кшыся, Толіка ці Анічку — Вэрыных і Франкавых дзяцей пачытаюць калі-небудзь мае ўспаміны й выцягнуць для сябе навуку, як трэба жыць на сьвеце, як паступаць, каб быць шчасьлівым і мець шчасьлівую душу. Хай пабачаць, як многа слабы чалавек можа перанесьці, як асьцярожна трэба йсьці жыцьцёвым шляхам, як многа трэба працаваць і вучыцца, каб нешта ў жыцьці асягнуць.
Дзяцінства
Прыйшла я на сьвет у 1914 г. у малым мястэчку Будславе, паложаным у даліне, акружанай лесам, палямі й балотам. Знаходзілася яно паміж старой Вілейкай а Глыбокім, на Віленшчыне. Пасярэдзіне Буды, так называлі нашае мястэчка старыя людзі, быў вялікі квадратны рынак, з вуглоў каторага ўва ўсе бакі разыходзіліся вуліцы. Па заходнім баку рынку ўзносіўся аграмадны касьцёл, у барокавым стылі, з цудоўным абразом Маці Божай. Раз у год, 2 ліпеня, адбываўся тут фэст і тады зьяжджалася шмат людзей у Буду. Адны ехалі, каб прадаць свае тавары, а іншыя сьпяшылі памаліцца ў касьцёле. Перад касьцёлам заводзілі на ўсе галасы розныя калекі. Праз цэлы тыдзень зьяжджаліся людзі на кірмаш гэты. Касьцёл быў перапоўнены. Многія ад парога да алтара паўзьлі на каленях. Расказвалі людзі пра розныя цуды, якіх дазнавалі пасьля гарачай, шчырай малітвы.
Дом наш знаходзіўся на Зосінскай вуліцы — так тады яна называлася — недалёка ад рынку. Перад домам стаялі векавыя бярозы й дуб. На падворку была студня, а за ёй садзік, у якім расло некалькі груш, яблынь і вішань. За домам былі пуня, хлявы, падпаветка й сьвіран. Дом быў невялікі з ганкам. Уваходзілася ў яго ад панадворка – адразу ў сені. Направа была кухня, а па левым баку пакой і спальня. У се-нях стаяла драбіна па якой уваходзілася на гару. Напроціў ганку знаходзілася сьпіжарня з пограбам на бульбу.
Сапраўднае наша прозьвішча — Кот-Катковіч. Так падпісваўся бацька й так было ў яго дакумэнтах. У дакумэнтах дзяцей, ня ведаю чаму, адпаў прыдомак „Кот”. Мамы прозьвішча Мядзёлка. Продкі мамы мелі ў Мядзеле маёнтак, які змушаны былі прадаць і перасяліцца ў Будслаў.
Калі я нарадзілася, сям’я нашая складалася з бацькоў — маткі й бацькі, дзядоў і брата Пётруся – два гады ад мяне старэйшага. Паявілася я на сьвет сусьветнай вайною. Праз наша мястэчка праходзіў фронт і мама мусела з малымі дзяцьмі хавацца ў лесе або пад касьцёлам. Тату на вайну забралі. Пакажацца, бывала, дома на тыдзень ці два й зноў ад’яжджае.
Ведама, як бывае вайной. Часта не хапала нават хлеба, а цукру людзі й ня бачылі. Жыцьцё праходзіла ў нэрвах і страху. Тымчасам сям’я нашая павялічылася. Паявілася сястра Вэра, а пасьля Ліначка. Апошняя была вельмі прыгожая, мудрая й пацешная. Таму можа й не жыла доўга. Хутка памерла. Адышлі ад нас назаўсёды бабуля й дзядуля. Зараз пасьля вайны нарадзілася Гэльця. Яна была таксама вельмі прыгожая, але нейкая іншая, як усе астатнія дзеці. Была вельмі музыкальная й ад малых гадоў засьпявала адразу кожную пачутую мэлёдыю. Мела прыгожы голас і калі падрасла, нідзе не вучачыся музыкі патрапіла зайграць на кожным інструмэнце, які трапіў у яе рукі. Жыцьцё яе было сумнае й цяжкае. Прайшла сібірскі лагер, страціла здароў’е і ў канцы за-хварэла на псыхічную хваробу. Лячылася ў розных шпіталях і хутка памерла. Пахаваная ў Кашаліне. (Як я даведалася пасьля яе сьмерці, прычынай яе псыхічнай хваробы былі за-гранічныя лекі ад сэрца, якія яна ўсьцяж прымала).
У 1925 годзе прыйшоў на сьвет Франак — любімец бацькоў і нас усіх. Аб лёсе Франка напішу ніжэй. І так сямейка нашая складалася цяпер з бацькоў і пяцёра дзяцей. Мелі мы невялікі кавалак зямлі, малую гаспадарку: дзьве каровы, пару сьвіней, курэй. Спачатку й конь быў, але пасьля яго ня стала. Тата працаваў у каапэратыве – пазьней зарабляў муляркай, а мама гаспадарыла дома. Сама яна абшывала сябе й нас усіх. Любіла, каб дзеці апранутыя былі добра й прыгожа. Прала кудзелю й ткала на кроснах. Як-жа моцна любіла я сваю Маму! Хадзіла за ёй усьлед і на крок не адставала. Была яна жанчынай прыгожай, высокай і добрай, як анёл. Умела многа баек і расказвала нам іх прадучы кудзелю. Як прыемна было яе слухаць! Умела таксама многа песень і часта сьпявала. Тата таксама сьпяваў прыгожа, нават сола ў касьцёле. Жылі бацькі з сабою добра. Тата памагаў маме ў рабоце. Ён заўсёды сам хлеб мясіў, дзёр на тарцы бульбу на бліны і г.д. Бліны бульбяныя пяклі мы амаль кожны дзень на сьнеданьне. Летам тата хадзіў брадзіць рыбу й прыносіў многа прыгожых шчупакоў, карпаў і плотак. Мы, дзеці, таксама памагалі бацькам у працы, асабліва летам. Хадзілі далёка ад мястэчка па траву для сьвіней. Секлі прынесеную ў мяшках траву ў карыце, я даіла карову й памагала жаць. Усё лета хадзілі мы ў лес па ягады й грыбы. Часамі спраўляліся схадзіць два разы ў дзень. А было нам тады па 6-8 гадоў. У лесе было шмат гадзінаў і ня раз прыйшлося наступіць на гадзюку босай нагой. Помню, як аднойчы пайшла я з Вэрай па ягады й настала бура. А мы завандравалі ў глыб лесу за два ці тры кілямэтры ад хаты, дзесь за брады. Зрабілася цёмна й пачалі біць перуны, папярэджаныя маланкамі. Да гэтага пачаў ліць праліўны дождж. Дрыжучы ад страху, прамокшы да апошняй ніткі мы вярнуліся дахаты. А што перажыла бедная мама, чакаючы нас перад домам!
Восеньню памагалі мы выбіраць бульбу на полі і ў агародзе, выкопваючы яе зь зямлі рукамі. Зразумела, зьдзіралі пры такой рабоце на пальцах маладую скуру. Нягледзячы на гэта любілі хадзіць на поле, бо тады там раскладалі агонь і пяклі бульбу.
Хаця мы многа працавалі, знаходзілі час і на розныя гульні. Сябровак у мяне было многа. Пераважна дзяўчаты сабіраліся перад нашай хатай. Бегалі, гулялі ў хованкі, сьпявалі песьні. На мае імяніны сабіралася дзяўчат поўная хата, а мама накрывала стол і частавала сябровак рознымі смачнымі рэчамі. Летам любілі мы хадзіць на рэчку і ў ёй плюскацца. Вельмі рана навучылася я плаваць. Колькі на гэтай рэчцы было гоману, крыку й піску! Старэйшыя жанчыны прыносілі сюды бялізну паласкаць і білі па ёй пранікамі. Мужчыны вудзілі рыбу. Як жа на нашай канаве было весела! Мне хацелася тады, каб наша хата стаяла над самай рэчкай.
Зь вялікай прыемнасьцю ўспамінаю зіму й калядныя сьвяты, а таксама запусты. Нейкі месяц да Каляд цэлымі вечарамі клеілі мы розныя цацкі на ёлку. У краме куплялі ўсялякія галоўкі анёлаў, Дзедаў Марозаў, залатыя й сярэбраныя зоркі, каляровую паперу й пачыналі рабіць ланцугі, розныя цацкі, сьпяваючы пры гэтым калядкі. Успамінаючы родны дом адразу перад вачыма бачу Каляды, асабліва куцьцю, калі ўбіралі мы ёлку й прыгатаўлялі ўрачыстую вячэру. На стол клалі сена й накрывалі белым абрусом. Калі на небе паказалася першая зорка, садзіліся мы за стол, ламаліся аплаткам і пачыналі вячэраць. Мусела быць дванаццаць страў. Найперш ішлі селядцы й рыба, далей боршч з вушкамі, потым куцьця (каша з панцаку), сьліжыкі, кісель белы, аўсяны й журавінавы, кампот і г.д. Пасьля вячэры запальвалі на ёлцы сьвечкі й пачыналі сьпяваць калядкі. Апоўначы ішлі ў касьцёл на пастэрку. Тут наш тата сьпяваў некаторыя калядкі сола, напрыклад „Bracia patrzcie jeno”. На першы дзень сьвятаў, пасьля сьнеданьня, пачыналі йграць у арэхі. Трэба было адгадаць, ці хто мае ў руцэ цотку ці лішку. Пасьля Каляд чакалі мы запустаў, бо тады ў нашай хаце вешалі калыску й мы калыхаліся сьпяваючы заспусныя песьні.
Урачыста таксама сьвяткавалі мы Вялікдзень. Прыгатаўляліся да яго цэлы тыдзень. Найперш бялілі хату, мылі падлогі, чысьцілі гаршкі й розныя рэчы. У Вялікі чацьвер мыліся самі, пяклі булкі, мазуркі, бабкі, якія прыбіралі рознакаляровымі гарошынамі й макам. У пятніцу й суботу гатавалі цэлую шынку, пяклі парасё й цяляціну, а найпазьней гатавалі ў цыбуліным лупіньні капу яек. Зразумела, хадзілі гэтымі днямі і ў касьцёл, дзе адбываліся вельмі ўрачыстыя набажэнствы. Прыгатоўленыя прысмакі ставілі на стол, накрыты белым абрусом і прыбраны зелянінаю, а ў суботу несьлі поўны кошык яды сьвяньціць у касьцёл. На першы дзень Вялікадня раненька ішлі на рэзурэкцыю.
Маючы паўтара года прайшла я моцнае запаленьне лёгкіх, такое цяжкае, што лекары ня мелі надзеі на маё выздараўленьне. Таму я была заўсёды худзенькая й слабая. Мамачка хутчэй мне, як каму іншаму давала лішняе яйка ці кубак малака. У школу пайшла я таму маючы восем гадоў. Дома гутарылі мы па-беларуску, а ў школе вучыліся па-польску, але на перапынках размаўлялі мы з сабою на роднай мове. Вучылася я добра. Пераходзіла з адной клясы ў другую. Калі была ў першай клясе, тады за найменшае правіненьне білі па „лапе” лінейкай і стаўлялі ў куток на калені, часта на гарох. Таксама зачынялі ў цёмнай каморы („kozie”). У школе адрозьнівалася я сярод вучняў вельмі прыгожым голасам. Сьпяваць я любіла й часта сьпявала на просьбу настаўніцы ці вучняў у час якіх-небудзь ручных работ. Сьпявала я і ў касьцельным хоры, разам з дарослымі й сваім бацькам. Брала самыя высокія ноты, арганіст ня мог надзівіцца. Спаткаўшы бацькоў казаў: „Ну й пявуньня з вашай дачкі, што зь яе вырасьце!” Нічога ня вырасла, бо аднаго дня сарвала я свой голас. Усё-ж, будучы гімназісткай і студэнткай, сьпявала я яшчэ дзесяць гадоў у хоры Рыгора Шырмы . Але пра гэта пазьней будзе.
Калі я дайшла да шостай клясы пачатковай школы, на нашу сям’ю пасыпаліся розныя няшчасьці. Захварэў наш тата. Аднойчы адабрала яму мову. Вярнуўся з работы ня могучы прагаварыць ні слова. Пасьля прыйшоў да сябе. Зараз хутка прастудзіўся памагаючы гасіць пажар у мястэчку й захварэў на запаленьне лёгкіх. Як лёг у пасьцель, так больш і не падняўся. Хварэў больш года. Бяда запанавала ў нашай хаце. Палову дому ад вуліцы занялі кватаранты, а мы ўсёй сям’ёй —разам сем асоб —памясьціліся ў кухні. У ёй стаяла вялікая печ, вёдры з вадой, цэбар з пойлам для кароў, стол, шафа, лава й ложак. Была ў нас тады толькі адна карова. Мы, дзеці, спалі на печы, мама на палку за печай, а тата на ложку. Мушу тут напісаць крыху больш пра нашага тату, які ў жыцьці бачыў многа гора. Будучы маладым хлопцам быў узяты ў салдаты й пасланы на фронт ваяваць зь Японцамі. Трапіў да іх у палон і сем гадоў прабыў у няволі на Сахаліне. Вярнуўшыся дамоў, ажаніўся. Нядоўга пажыў спакойна. Выбухла І сусьветная вайна й зноў пайшоў ваяваць. Калі супакоілася й мог жыць шчасьліва, прывязалася хвароба. Зразумела, што палон і вайна здароў’я не дадалі. Меў бацька слабыя ныркі й сэрца. І так залёгшы пасьля пажару, хварэў год цэлы, а мы муселі глядзець на ягоныя мукі. Вельмі кепска было з татам апошні месяц перад сьмерцяй. Апухлі ногі й жывот — пухліна йшла штораз далей і далей. На ратунак не было надзеі, а на лячэньне не было грошай. Ляжаў тата й мучыўся. Помню, як пазваў да сябе тата малога Франка й запытаўся, ці будзе яго помніць і заліўся горкімі сьлязамі. На першы дзень Вялікадня 31 сакавіка 1929 года, калі званілі касьцельныя званы на рэзурэкцыю, памёр наш тата. Мама, якая цэлую ноч пры ім сядзела, адышла была на хвіліну, каб прылегчы, і не была пры кананьні. У гэтай хвіліне былі пры тату цётка Гэлька — татава сястра, цётка Юстына і дзядзя Адольф — татаў брат. Мама падняла галаву, глянула вачыма непрытомнымі ад стомы й далей працягвала спаць, не ўяўляючы сабе, што ў хаце робіцца. Мы, дзеці, таксама спалі на печы й нічога ня чулі.
На трэці дзень Вялікадня тату пахавалі, а мы асталіся адны з неапісаным болем у сэрцы. Мне вельмі хацелася тады ўбачыць хаця-б у сьне свайго тату. Вось аднаго вечара я ўкленчыла й пачала горача маліцца, каб паказаўся мне тата ў сьне. Бог выслухаў маю малітву. Гэтай ночы прыйшоў да мяне тата й сказаў: „Ты хацела мяне ўбачыць, дык я й прыйшоў да цябе...” Бачыла тады тату так выразна, і калі абудзілася, здавалася, што яшчэ яго бачу.
Асталася бязрадная мама й пяцёра малых дзяцей. Было тады маме 37 гадоў. Ня мела наша мама салодкага жыцьця ад сваіх дзіцячых гадоў. Калі мая мама мела паўтара года, памерла яе матка, наша бабуля Паўліна з дому Лаеўская. Ва ўзросьце 12 гадоў рассталася навекі са сваім бацькам Зыгмунтам Мядзёлкам. Заапекаваўся тады ёю старэйшы брат Вінцэнты, які быў жанаты й меў дачку Паўліну. З Паўлінкай жыла мая мама, як зь сястрой роднай і пазьней нам заўсёды пра яе расказвала. Паўліна Мядзёлка была вельмі здольная й разумная. Маміны расказы пра яе рабілі на нас уражаньне. Пачала я марыць, каб быць такой, як Паўлінка, каб так як і яна далей вучыцца... Ад брата Вінцэнтага забрала маму цётка Кулакоўская, якая жыла ў Рагачэве. Мама туды пераехала й прабывала там аж да сьмерці цёткі, а памерла яна ад рака. Мама ёю апекавалася й мусела глядзець яе цярпеньні. У 1910 г. прыехала мама ў Будслаў і тут выйшла замуж.
Тры месяцы пасьля сьмерці таты захварэла наша мама. Было гэта цёплым летам. Аднэй ночы будзіць мяне мама й просіць, каб яе прыкрыць цяплей, бо вельмі ж ёй холадна. Трэслася ўся страшэнна, прыкрыла я яе, а мама далей трасецца й жаліцца, што вельмі нага баліць. Гляджу я на маму, а яна як агонь гарачая. Як толькі разьвіднелася, пабегла я да цёткі Гэлькі й расказала пра ўсё. Прыйшла цёця, прыбегла суседка Бэрчыха, у якой памёр сын ад запаленьня крыві, пазвалі доктара й рашылі завезьці маму ў шпіталь у Вялейку — аддаленую 70 км. ад нашага мястэчка.
Павезьлі нашу каханую мамачку й мы асталіся зусім адныя. Як старэйшая пачала я гаспадарыць — есьці варыла, карову даіла, карміла жывёлу й малышоў абмывала.
Тымчасам прыходзілі зь Вялейкі сумныя весткі. Зрабілі маме апэрацыю, вынялі косьць з калена, ды нічога не памагала. Пастанавілі ампутаваць нагу, на што мама згадзілася, бо вельмі жыць хацела, каб выхаваць сваіх дзетак. Нагі не ампутавалі, бо мама была на гэта заслабая. Адведала я маму ў Вялейцы толькі адзін раз. Ляжала яна на ложку да сябе непадобная. Валасы былі астрыжаныя, нагу трымала паміж двума мяшкамі зь пяском, каб яна не рухалася. На сьпіне мела раны-адлежыны, бо мусела ляжаць увесь час на сьпіне самай найвялікшай гарачынёй лета. Як цяжка было глядзець на цярпеньні мамы, і зь якім болем на сэрцы вярнулася я дахаты! Пасьля маму адведала Вэра. Часам езьдзіла да яе цёця Юзя.
Аднаго дня, калі я сабіралася варыць вячэру, прыйшоў да нас з пастарунку паліцыянт і сказаў, што быў тэлефон з Вялейкі, што з мамай нядобра. Прасілі, каб хто-небудзь прыехаў. Пачуўшы гэта, сарвалася я й заліваючыся сьлязамі пабегла на Зялёную вуліцу да дзядзькі Томы. Прыбегшы да іх не магла сказаць аднаго слова, неяк ледзь выгаварыла „паліцыянт”. Дзядзька дагадаўся й пабег хутка на пастарунак даведацца ў чым справа. У гэты вечар паехаў у Вялейку Пётрусь і цётка Гэлька, а я ўсю ноч ня спала, прадчувала нешта злое. Выбегла раніцай на вуліцу, калі прыходзіў аўтобус са станцыі, каб спаткаць Пётруся й цётку. Яны высеўшы на рынку махнулі да мяне рукой і пайшлі ў Даўгінаўскую вуліцу да цёткі. Здалося мне, што Пётрусь вясёлы, і я падумала: маме лепш стала. Вярнулася дахаты й пачала гатаваць снеданьне. І тут на парозе паказалася цёця Гэлька. Спыталася яна мяне, ці не бачыла я Пётруся. Так, бачыла — адказала я — маме нашай лепей ? „Не – адказала цёця — матка ваша памерла...”
Выбегла я з хаты ў агарод, пачуўшы гэтую страшную вестку й павалілася ў баразну ў бульбе, у якой цэлы дзень праляжала, заліваючыся сьлязамі.
А тымчасам дзядзькі Стась і Адольф заказалі труну й паехалі ў Вялейку, каб прывезьці маму дамоў. Прыехалі з мамай у панядзелак, на трэці дзень пасьля яе сьмерці. На пахаваньне прыехалі дзядзя Вінцусь з Шаркаўшчыны, цёця Анеля з Глыбокага й іншыя крэўныя. Выйшлі мы на спатканьне нябожчкі мамы. У канцы Даўгінаўскай вуліцы воз затрымаўся. Як расказваюць, я скочыла на труну й пакацілася прыгаварваючы: „А мая мамачка, а мая мамачка!” Павезьлі маму адразу ў касьцёл. На похаранах было людзей вельмі многа. Калі маміну труну спускалі ў яму, усе плакалі. Вэра крычала так голасна, што аж ахрыпла й тыдзень пасьля гаварыць не магла. А я стаяла над магілай, як чужая. Глядзела перад сябе не здаючы сабе справы што кругом робіцца. Ня плакала, бо сьлёз ужо не хапала, выліла іх у бульбе й за ўсё дні мамінай хваробы.
Помню, год перад сьмерцяй бацькоў паслалі мяне ў час летніх канікул у Шаркаўшчыну, да дзядзькі Вінцуся, каб крыху паправілася на здароў’і. У нас была бяда, а дзядзька тады жыў добра. Прыехаўшы да дзядзькі, я не хацела нічога есьці, хадзіла сумная й струтая — так сумавала за домам. Замест таго, каб паправіцца, пачала яшчэ больш худзець. Бачачы гэта, дзядзькі пастанавілі пасьля тыдня адправіць мяне назад у Будслаў. Знайшлі кагось, хто ў тым напрамку ехаў, той абяцаў мной заапекавацца ў дарозе. Помню той дзень, калі я вярнулася ў роднае мястэчка. Была прыгожая сонечная нядзеля. Са станцыі прывёз мяне на сваёй брычцы сусед Хаім. Увайшоўшы ў сені, глянула я праз шчыліну адкрытых дзьвярэй у кухню. Уся наша сям’я сядзела за сталом і абедала. Бачачы іх, сьціснуў мяне такі жаль за сэрца, што я голасна заплакала. Ускочылі ўсе ад стала й выбеглі паглядзець, хто так плача. Пытаюцца мяне, што сталася, чаму я так хутка вярнулася, а я не магу прамовіць аднаго слова. І гэта было апошняе лета жыцьця нашага разам з бацькамі. Год пазьней, гэтай парой, наша сям’я рассыпалася. Відаць, прадчувала я гэта, і таму не магла выседзець у дзядзькоў.
У Вільні
Пасьля сьмерці мамы, у гэтым-жа месяцы выехала я ў Ві-льню. Забраў мяне туды Эдвард Будзька , які ў тым часе знаходзіўся разам зь сям’ёй на вакацыях у Будславе. І так першы раз у сваім жыцьці знайшлася я ў вялікім горадзе. Аддалі мяне на вучобу ў Віленскую Беларускую Гімназію , якая знаходзілася на вуліцы Вострабрамскай 9 у базыліянскіх мурах.
Здала я экзамен у чацьвёртую клясу. У гэту-ж клясу паступіў і брат мой Пётрусь. Жыў ён у інтэрнаце пры гімназіі, а я спачатку ў Будзькаў, а пазьней у інтэрнаце на Завальнай, які ўтрымоўвалі мэтадысты. У ім жылі выключна вучні нашай гімназіі. Ня мела я цяжкасьцяў у вучобе — адно гора было з матэматыкай, а думаю таму, што выкладаў яе вучыцель Ральцэвіч на рускай мове, якой я ня знала, а асабліва ніколі ня чула матэматычных тэрмінаў. Дагэтуль вучылася матэматыкі па-польску. Сядзела я тады на матэматыцы, як на турэцкім казаньні. Найлягчэй даваліся мне нямецкая й лацінская мовы, а таксама польская. За першую дыктоўку зь беларускай мовы я атрымала кол, але ў канцы года ўжо мела добра. Нямецкай мовы вучыла нас фраў Бэнцлебен , лацінскай — Міхалевіч , беларускай — пані Алёна Леканд-Сакалова . Геа-графіі вучыла Полька Адольфова і польскай мовы Кшэменёва . Дырэктарам гімназіі быў Радаслаў Астроўскі.
У гімназіі пазнала я многа мілых дзяўчат — большасьць зь іх былі праваслаўныя. Сядзела я ў адной лаўцы за ўсю гімназію з Галяй Швэдавай і зь ёй найбольш прыязьнілася. Дружыла таксама з Галяй Міхалевіч , дачкой лацініста, Раяй Падабед , Нінай Прахаровіч , Кірай Гаўрыловіч , Ганнай Карпюк і Шурай Жыткевіч . З хлопцаў асталіся найбольш у памяці Сьвецік Коўш , Вася Грузд , Кастусь Касяк , Валодзя Шавель (апошнія тры не жывуць ужо. Грузд кінуў быў гімназію й пайшоў у Савецкі Саюз, дзе прапаў бязь весткі, Кастуся Касяка, як кажуць, пасьля вайны павесілі ў Вялейцы, а Шавель у часе вайны загінуў). Касяк гэта быў найлепшы й найздальнейшы вучань у нашай клясе. Шавель — адзін з найінтэлігентнейшых хлопцаў.
Брат мой толькі адзін год вучыўся. Яму не вязло ў вучобе, астаўся на другі год у гэтай самай клясе. Таму гімназію пакінуў. Таксама толькі адзін год у ёй вучыліся мае стрыечныя браты Чэсь Мядзёлка й Герэк , а таксама Чэсь Васілевіч з нашага Будслава. (Чэсь Васілевіч таксама не жыве ўжо. У 1939 годзе, як толькі прыйшлі ў Будслаў савецкія жаўнеры, яго забралі й сьлед па ім загінуў. Ніхто аб ім больш не пачуў. А быў ён вялікім начальнікам пры панскай Польшчы, бо начальнікам пажарнай стражы).
Утрыманьне мела я ў інтэрнаце, а вопратку давалі мне Будзькі па сваіх дочках Люні і Ірцы , якія таксама вучыліся ў нашай гімназіі, толькі ў старэйшых клясах. Я іх вельмі любіла й люблю да сёньняшняга дня. У іх быў брат Чэсік , таксама вучань нашай гімназіі.
Мела я добрыя сяброўкі і ў малодшых клясах. Прыязьнілася зь Людкай Жамойцінай зпад Ліды. Зь ёй пасьля доўгіх гадоў нябачаньня спаткалася ў Варшаве й цяпер бачуся вельмі часта. Амаль кожны дзень да сябе звонім і дзелімся з сабою кожнай добрай ці кепскай весткай, кожным перажываньнем. Няма ў нас ніякіх таямніц.
Гімназія наша мела свой духавы аркестр. Часта восеньню й вясною хадзілі мы ўсёй школай за горад на прагулку. Маршыравалі тады пад гукі аркестра, а я гэта так любіла. Часта былі ў гімназіі вечарыны й часта ладзілі пастаноўкі або канцэрты. Тады яшчэ не найгоршы быў мой голас і я магла сьпяваць у хоры Рыгора Шырмы. Любіла я сьпяваць і часта выступала на сцэне.
Калі я была ў шостай клясе, ачараваў мяне новы вучань з Клецкай гімназіі Слава Арэнь . Быў ён сынам настаўніка сваёй гімназіі й прыбыў у нашу пасьля яе ліквідацыі. Высокі, сінявокі хлопец ад першага пагляду заўладаў маім сэрцам. Помню добра той дзень, калі яго першы раз спаткала. Шпацыравала я ў часе паўзы са сваёй Галяй па доўгім калідоры, а ён зь нейкім хлопцам таксама па ім праходжваўся. Мінаючы сябе, глянуўшы на яго здавалася мне, што я дзесь яго бачыла, і я аглянулася. Аглянуўся і ён таксама. І так пачалі мы на кожнай паўзе за сабой аглядацца. Быў ён тады ў сёмай клясе. З нецярплівасьцю пачала я чакаць суботы, спадзеючыся пазнаёміцца зь ім на вечарыне. І так сталася. Увесь вечар толькі зь ім танцавала й многа чаго пра яго даведалася. Пасьля разам сьпявалі ў хоры. Пачалі мы спатыкацца. Помню маю радасьць, якую прынёс яго першы ліст Калядамі. Вясною не маглі ўжо аднаго дня жыць ня бачыўшы сябе. Калі ў траўні меў выехаць ён на тры дні дахаты, мы кожны дзень спатыкаліся й паўтаралі: „тры дні, як можна жыць тры дні не бачучыся? Ці вытрымаем мы?..” Сьлёзы ў абоіх былі ў вачах, калі на гэтыя тры дні расставаліся. На жаль, не было гэта расстаньне на тры дні толькі, а на цэлае жыцьцё нашае. Паехаў Слава й больш не вярнуўся. Яго дома арыштавалі й вывезьлі ў Баранавіцкую турму.
Што я перажыла вясной, апісаць немагчыма! Плакала, плакала й сьвету Божага ня бачыла. Праз Славу й мяне хацелі з гімназіі выгнаць. Дайшло-б да гэтага, каб не выступіў у маёй абароне ксёндз Адам Станкевіч . Ён мяне абараніў. Усё-такі я зь Вільні выехаць мусела, не дачакаўшы канца школьнага года.
Будучы ў Валожыне атрымала я з турмы ліст ад Славы. Магла й сама да яго напісаць. Восеньню пасьля паўгадовага заключэньня Славу выпусьцілі. Якая была для мяне радасьць! Ня мог аднак ён прыехаць у Вільню, трэба было яму кожны дзень у паліцыі мальдавацца. Пачалі мы з сабою часта перапісвацца. Тады я прыдумала, што ён знаходзячыся на волі мае другую дзяўчыну й пачала іграць яму на нэрвах. Удавала, што мне безь яго весела й зусім аб ім ня думаю. Калядамі атрымала ад яго ліст разьвітальны. Пісаў: „Ад мяне доўга ня будзеш мець весткі, нічога кепскага ня думай, я пра цябе помніць буду й паміраць буду толькі з думкай аб табе...”
Больш ніякай весткі ад яго не атрымала. Напісаў толькі да мяне яго бацька просячы паведаміць яго, калі-б атрымала я вестку ад Славы.
Аказалася, ён перайшоў савецкую граніцу, а там саслалі яго ў Сібір, дзе памёр.
Большасьць вучняў нашай гімназіі паходзіла зь вёскі й была бедная. Некаторыя вучні былі кепска апранутыя, а тыя якім не хапіла месца ў інтэрнаце жылі дзесь далёка ад горада, наймаючы куток у якогась гаспадара, вучыліся пры газавай лямпе, галадалі.
Успомніць хачу тут пра сьвяткаваньне 25 Сакавіка — гадавіны абвяшчэньня назалежнасьці Беларусі. Дзень гэты быў для нас вялікім сьвятам. Перад абедам ішлі на малебен у касьцёл і царкву, а пасьля ў гімназію, дзе частавалі вучняў какавай і пончыкамі. Кожны з нас меў прышпіленую бел-чырвона-белую лентачку. Вечарам адбывалася ўрачыстая акадэмія, на якой прамаўляла многа асоб і былі чытаны тэле-грамы ад арганізацыяў розных народаў. У другой частцы акадэміі быў канцэрт. Трудна апісаць настрой, які перапаўняў тады сэрцы кожнага шчырага Беларуса.
Заўсёды было мне вельмі цяжка, калі прыбліжалася якое-небудзь гадавое сьвята й вучні маглі ехаць на тыдзень ці два дахаты. Усе тады вельмі цешыліся, бо ехалі да бацькоў, у сваю родную хату, а я адна хадзіла сумная. Мне не было да каго ехаць. Фактычна заўсёды я выяжджала да дзядзькоў, але ведала, што мяне там не чакаюць, што буду для іх лішняй. Езьдзіла я так і ў Будслаў да цёткі Гэлькі, дзе спатыкалася з брацікам Франкам, і ў Глыбокае да цёткі Анелі, і ў Шаркаўшчыну да дзядзькі Вінцуся, у якога пасьля сьмерці бацькоў была Гэльця, і ў Лунінец, да дзядзькі Томы, дзе знаходзілася сястра Вэра. Вельмі цяжка было мне расставацца са сваімі сёстрамі й братамі. Франак жыў у Будславе, у дзядзькі Адольфа. Яго я вельмі любіла, хіба так, як кахае матка роднага сына. Прыяжджаючы ў Буду ўвесь дзень была разам зь ім — ён прыходзіў да цёткі Гэлькі. Калі вечарам пайшоў дахаты, празь некалькі мінут бегла я за ім і знайшоўшы яго сьпячага ў ложку садзілася каля яго й доўга яшчэ на яго глядзела.
Цёця Гэлька мела трох сыноў старэйшых ад мяне й даволі вялікую хату. Вось у гэтай хаце, калі я прыяжджала, сабіралася моладзь мястэчка. Прыходзіла двух Чантарыцкіх Мецька й Гэнюсь, Чэсь Васілевіч, Чэсь Грышкевіч, Ян і Казік Краўчонкі, Чэсь Ханяўка, Тома Грышкевіч, Казік Чантарыцкі, Болюсь Пляшкун і іншыя. Зь дзяўчат прыходзіла Валя Катковіч — мая сястра стрыечная, Анелька Сьмігельская, Янка Хацяновіч, Зося Сьмігельская й Зося Грузд, Франя Грышкевіч, Маня Лупіновіч і іншыя. Сабраўшыся сьпявалі мы беларускія песьні — рукавадзіў намі Мецька Чантарыцкі, гулялі ў розныя гульні, як тэлефон, калі зьбіралі фанты, танцавалі. Перад Новым Годам усёй грамадой ішлі заваліваць. Так завалілі бярвеньнямі й чым папала чыесь дзьверы, што рана не маглі выйсьці з хаты. Такі быў у нашым мястэчку звычай. Таксама замянялі шыльды пры розных крамах і ўстановах. Дзе была пякарня, там павесілі шыльд мясной крамы, на пошту павесілі шыльд рэстарана і г.д. Бываў разам з намі і вучыцель нашай гімназіі прафэсар Вінцэнты Грышкевіч . Калі я ад’яжджала ў Вільню, усё гэта таварыства праводзіла мяне на станцыю.
У 1934 годзе я здала матуру. Паўстала пытаньне, што рабіць далей. Пра якую-небудзь працу ня можна было й марыць з матурай беларускай гімназіі. Пастанавіла паступіць ва унівэрсытэт, дзе маючы добрыя вынікі ў вучобе можна было атрымаць стыпэндыю, танныя абеды й зарабляць на жыцьцё карэпэтыцыямі.
Хачу яшчэ сказаць, што апрача вышэйпамянутых вучыцеляў у нашай гімназіі выкладалі: Луцкевіч , браты Ільляшэвічы , Вінцэнты Грышкевіч, Шчасны , Барысаглебскі , Барыс Кіта , Александровічова , Косіньская і маладыя Немкі, якіх прозьвішча я забыла. Ах, яшчэ і Паляк Глухоўскі , Заморын , Шнаркевіч , Анцукевіч .
Я вельмі любіла сваю родную мову. Было мне цяжка, калі чула, што называюць яе простай ці мужыцкай. Перажывала, калі бачыла, што некаторыя сяброўкі з клясы ў публічных месцах паніжаюць голас або пачынаюць гутарыць папольску, стыдаючыся беларускай мовы. Я наадварот: знайшоўшыся сярод таўпы людзей, павышала голас, каб усе чулі маю беларускую мову. Мне здавалася, што прыгажэйшай і мілейшай няма на цэлым сьвеце!
У нашым мястэчку шмат было сьведамых і шчырых Беларусаў. І ня толькі тыя, якія вучыліся ў беларускай гімназіі, але таксама й вучні школ польскіх, як Чантарыцкія, Краўчонкі; Ханяўка, Тамаш Грышкевіч, Будзькі, Мядзёлкі былі вучнямі гімназіі беларускай. Мы любілі беларускія песьні й толькі такія сьпявалі. Вечарыны зачыналі ад лявоніхі. Сьпявалі на чатыры галасы. Летам выходзілі ў жыта й там заводзілі. А трэба сказаць, што ў Будславе было многа польскага войска й кругом было чуваць і польскую мову. Шмат дзяўчат выйшла за вайсковых замуж. Усё ж-такі не забывалі й сваёй мовы.
Наш Будслаў называлі сталіцай Беларусі. Можа й слушна. Тут была арганізавана пасьля І сусьветнай вайны беларуская гімназія. З Будслава паходзілі шчырыя патрыёты Беларусі — Эдвард Будзька, Язэп Гапановіч , Вінцэнты Грышкевіч і іншыя. Перад домам Гапановіча яшчэ да вайны іграў аркестр на загад цара, а на чэсьць знанага Юзэфа, за ягоныя подзьвігі ў час вайны. З Будслава паходзіць пляменьнік Будзькі, вядомы цяпер пісьменнік Эўгеніюш Паўкшта . З Будслава была таксама й мая стрыечная сястра Паўліна Мядзёлка. Часта можна было ўбачыць у Будславе беларускую п’есу на сцэне, іграную артыстамі-аматарамі. Будслаў называлі малым Парыжам, бо мода прыходзіла з захаду раней у наша мястэчка, як у вялікі горад. У Будславе былі два духавыя аркестры — вайсковы й пажарны. Будслаўскія людзі праславіліся і ў Амэрыцы. Іх спаткаць можна ва ўсім сьвеце.
Ва унівэрсытэце
Прыехала я ў Вільню з Будслава ў вадной выцертай сукенцы, стаптаных пантофлях і з 2 залатоўкамі ў руках. Затрымалася ў стрыечнага брата Вітаўта Галавача , які жыў разам з Чэсем Ханяўкам . Займалі яны два пакоі. Пасьля некалькіх дзён перайшла я да Уладзі Катковіча — стрыечнага брата таты. Абедала я пераважна ў сваіх сябровак, якія знаючы маё цяжкае матэрыяльнае палажэньне, запрашалі да сябе. Найбольш у тым часе памагла мне абедамі Рая Падабед.
Запісалася ва унівэрсытэт на клясычную філялёгію, бо вельмі любіла лацінскую мову. Пытаньне: скуль узяць грошы, каб заплаціць за вучобу? У дэканаце вывесілі лісту студэнтаў, якіх мелі выкрасьліць празь некалькі дзён, калі не ўнясуць аплаты. А я скуль вазьму грошы? Іду вуліцай і думаю, што зрабіць з сабою. Ці пайсьці на Зялёны мост і кінуцца ў рэчку, ці лепш загінуць пад поездам?.. Асталася я жывая, бо калі так думала й праходзіла Вострабрамскай вуліцай, даведалася ад Вітольда, што шукаў мяне паштальён, які меў для мяне вялікую суму грошай. Аказалася, прыслаў іх мне спадар Юзэф Гапановіч, мой зямляк з Будслава. Трыста злотых, якія ён мне прыслаў, хапіла мне на заплату за цэлы год вучобы. Пазьней атрымала ільготныя абеды ў акадэміцкай сталоўцы й лекцыі. Магла наняць сабе кватэру. Толькі цяжка мне было даць раду ў вучобе. Аказалася, мае веды з лацінскае мовы былі вельмі слабыя, хаця ў гімназіі я лічылася з гэтага прадмету адной з лепшых вучаніц. Да гэтага я зусім ня знала грэцкай мовы й не па сіле мне было дагнаць студэнтаў, якія гэтай мовы вучыліся ў клясычных гімназіях. Таму пастанавіла я перакінуцца на гісторыю.
Запісалася я ў Беларускі Студэнцкі Саюз і пачала кожны вечар бегаць на Завальную, дзе ён знаходзіўся. Пазнала там многа мілых студэнтаў. Зь дзяўчат прыходзілі туды Люня зь Іркай, зь якімі я ў той час вельмі зьбліжылася, Жукоўскія Валя й Рая , Таня Трафімучанка , Ганка Сухая , Лена Аніська і іншыя. Зь сяброў: Вітаўт Тумаш , Бэрнард Стэповіч , Віктар Войтанка , Мітрафан Смаршчок , Антон Шукелойць , Адам Дасюкевіч , Чэсь Найдзюк , Шавель і наймі-лейшы майму сэрцу Мікалай Шчорс . Было шмат іншых сяброў і сябровак. Пералічыла я тых, зь якімі жыла найбліжэй.
І тут пачала я пець у хоры Р. Шырмы й танцаваць у студэнцкім ансамблі, якім рукаводзіў Янка Хвораст . Быў ён маім партнёрам і танцавала я зь ім выступаючы на сцэне ў першай пары, часамі выконвалі мы сольныя нумары.
У БСС была я вельмі папулярнай. Многа было прысьвечаных мне вершаў, запісаных у кнізе прысутнасьці.
Абедала за ўсе гады ў акадэміцкай сталоўцы пры адным стале са Шчорсам, Тумашам, Войтанкам, Стэповічам. Абед наш працягваўся гадзінамі. Са Шчорсам спатыкалася я часта ва унівэрсытэцкай сталоўцы.
Будучы на першым годзе унівэрсытэта пачала я даваць лекцыі Нюсі Тамашэвіч — вучаніцы 6 клясы гімназіі Чантарыцкага, дачцэ польскага ахвіцэра-капітана. Ад першай лекцыі Нюся мяне палюбіла й бегала да мяне кожны дзень, мела лекцыі ці не. Расказвала мне пра свае справы, што здарылася ў школе, што ў сьне бачыла, каго спаткала... Мела яна цудоўную матку, якая радзілася й выхавалася ў Пецярбурзе. Матка яе была французкай, а бацька англічанінам. Айчым — рускім міністрам пры цару. Нюсіна матка адносілася да мяне зь вялікай сымпатыяй.
І так адзін год вучобы ва унівэрсытэце прайшоў. На канікулы выехала я ў Глыбокае да дзядзі Вінцуся, які ў той час сам у бядзе знаходзіўся, бо быў звольнены з працы як арганіст у Шаркоўшчыне. Апрача мяне ў іх была мая сястра Гэльця. Жылі яны недалёка ад цёці Анелі, і я магла заўсёды пажывіцца ў цёці. Вакацыі гэтыя былі для мяне вельмі сумныя. Не давала спакою пытаньне, адкуль узяць грошы на аплату вучобы. Калі я так беспакоілася, прыйшоў аднаго дня ліст ад Нюсі, у якім яна пісала, што перайшлі яны на новую кватэру, маюць у ёй для мяне пакой і прасіла, каб я як найхутчэй да іх прыяжджала. За лекцыі абяцалі яе бацькі даць мне памешканьне і ўтрыманьне. Якая я была шчасьлівая, атрымаўшы такую прапанову! У Вільню ляцела як на крылах. У гэтым-жа годзе атрымала я палову стыпэндыі ва унівэрсытэце й магла працягваць сваю навуку.
Далей належыла да БСС і бегала на Завальную кожны вечар. Далей сьпявала ў хоры, танцавала на сцэне падчас канцэртаў... і аглядалася на Шчорса. На Завальнай прыемна было спаткацца са сваімі сяброўкамі й сябрамі. Часта можна было паслухаць цікавы рэфэрат з гісторыі, геаграфіі ці літаратуры Беларусі. Прыходзіў туды Максім Танк і чытаў свае вершы. Рэй вадзіў у Саюзе Шчорс. Яго некалькі гадоў падрад выбіралі старшынёю. Быў ён студэнтам мэдыцыны. Многія зь сябровак уздыхалі да яго патаемна, бо ён мог падабацца. Быў стройны, мудры, але й ганарлівы.
Падзяліліся мы ўсе на два абозы — правіцу й лявіцу. У час выбараў чуць да бойкі няраз даходзіла. Адны хацелі перавесьці сваіх кандыдатаў ва ўрад Саюза, а другія — сваіх.
Слаўныя былі нашы канцэрты ў перапоўненай унівэрсытэцкай залі. Часта на гэтых канцэртах выступаў і Забейда-Суміцкі , які прыяжджаў аж з Прагі. Ладзілі таксама экскурсіі. Памятнай асталася ў Трокі разам з украінцамі. Прыемныя былі балі трох студэнцкіх саюзаў — беларускага, украінскага й літоўскага. Заўсёды вельмі ўрачыста сьвяткавалі 25 Сакавіка — дзень абвешчаньня незалежнасьці Беларусі. Летам ладзілі зьлёты. Я была на зьлёце ў Наваградчыне й над Нарачай. Быў яшчэ зьлёт студэнтаў у Белавежы, але безь мяне.
Большасьць нашых студэнтаў не курыла й не піла гарэлкі. На вечарынах сьпявалі й танцавалі побач модных танцаў народныя, абавязкова лявоніху.
Сёньня многіх зь сяброў няма між жывымі. У час вайны Немцы застрэлілі Адася Дасюкевіча, папулярнага сярод нас студэнта. Загінуў Валодзя Шавель. Памерлі на чужыне ў Амэрыцы Стась Грынкевіч і Віктар Войтанка. Многія страцілі жыцьцё й здароўе ў турме савецкай і на Сібіры. Рассыпалася наша сямейка па ўсім сьвеце. Найбольшая частка апынулася ў Амэрыцы, часьць знаходзіцца ў Аўстраліі, некаторыя прабываюць у Англіі й Францыі.
У 1939 годзе мела я зданыя ўсе экзамены й пачала сабіраць матэрыял да магістэрскай працы. У гэты час закруціла сабе галаву „Бярозкай” . Вайна нас разлучыла. Лета 1939 года правяла я ў маёнтку на Віленшчыне, у якім вучыла дзяцей багатых людзей з Гдыні. Прабыўшы ў гэтым маёнтку больш месяца паехала са сваімі вучаніцамі ў Варшаву. Першы раз тады ў жыцьці сваім пабачыла сталіцу Польшчы. Зрабіла на мяне вельмі вялікае ўражаньне. Можа таму, што затрымаліся мы ў багатай сям’і — прафэсара Палітэхнікі. З Варшавы паехалі мы ў Гдыню. Мела я там быць два тыдні, а была толькі адзін дзень. Ноччу разбудзіў нас бацька вучаніц абвяшчаючы, што пачалася вайна. Пачалі мы пасьпешна ўставаць і пакаваць рэчы. Паехалі назад у Варшаву. Інакш выглядаў цяпер горад. Панавала паніка. Перад крамамі стаялі людзі ў чэргах — рабілі запасы харчоў. Бацька маіх вучаніц прапанаваў мне ехаць зь імі на Вэнгрыю, але я не згадзілася й направілася ў Вільню, а адтуль у родны Будслаў. Пры мне прыйшла сюды Чырвоная Армія і ўстанавілася савецкая ўлада.
Праца ў школе
Пачала я працаваць у будслаўскай школе. Са мной разам былі настаўніцамі Люня і Ірка Будзькі, а таксама настаўнічаў Ірын муж. Вучыць пачалі пабеларуску. Выкладала я беларускую й нямецкую мовы. Наканец вярнулася ў сваю родную хатку й сабрала сваю сям’ю ў вадно месца. Прыехаў Пётрусь з Латвіі, вярнулася з Лунінца Вэра, прыбылі Гэльця й Франак.
Вялікім ударам для нас у гады савецкай улады быў вываз дзядзькі Адольфа, брата таты, зь сям’ёй у Казахстан. Многа людзей нявінных тады вывозілі ў Казахстан ці далёкую Сібір. А вывазы гэтыя былі страшней похаранаў. Адрывалі людзей ад родных хат, ад роднага мястэчка й блізкіх сэрцу. Плакалі тыя каго вывозілі й плакалі тыя, якія аставаліся. Людзі страцілі спакой. Ніхто ня быў пэўны заўтрашняга дня. Найменшы шэлест за акном ці дзьвярыма выводзіў з раўнавагі. Забралі Лёньку — сына цёткі Гэлькі. Што некалькі дзён кагось забіралі. Ніхто ня ведаў за што. Людзі пачалі чакаць зьмены.
У школе працавала я шчыра. Усе свае маладыя сілы па- сьвячала вучням. Спачатку жыла пры школе. Назначылі мяне дырэктарам школы й завучам. Выбралі дэпутатам у сельсавет. Мусела хадзіць па вёсках і аб’ясьняць канстытуцыю СССР, намаўляць людзей да працы пры будове аэрадрома, прымаць удзел у розных сабраньнях. Ніхто ня ведае, што тады адчувала й зь якой ахвотай усё гэта рабіла! Трэба было. Не было іншага выхаду. Знайшла я час зарганізаваць танцавальны гурток пры школе. Мае вучні здабывалі першыя ўзнагароды на абласных алімпіядах. Танцавалі лявоніху, юрачку, кадрыль, гапака. Прыязьнілася з Люняй. Зь ёй праводзіла кожную вольную хвіліну й тады пазнала, якая гэта вартасная й мудрая жанчына. Чуліся мы з сабою добра й гутаркам не было канца.
Прыйшоў 1941 год. Як гром з яснага неба пачулі мы вестку пра новую вайну.
Напярэдадні адступленьня саветаў выклікалі мяне ў сельсавет. Цётка дала мне хустку й параіла ўцякаць у лес. Цэлы дзень там прасядзела, а на ноч вярнулася. На другі дзень зноў выклікалі, цётка параіла прыкінуцца хворай і легчы ў пасьцель. Так і зрабіла. У гэты-ж дзень прыйшлі Немцы. А тых, якія пайшлі ў сельсавет, расстралялі.
Праца ў Менску
Прыйшлі Немцы. Сям’я нашая зноў рассыпалася. Усе мы страцілі працу, знайшліся бяз сродкаў да жыцьця.
На пачатку верасьня 1941 г. вельмі актывізаваліся мясцовыя Палякі, якія імкнуліся арганізаваць польскую школу. Я была настаўніцай беларускай школы й таму на мяне кіраваліся даносы да Немцаў, што бальшавічка. Мясцовыя ўлады параілі мне выехаць з Будслава, бо атрымлівалі шмат даносаў. У гэтых умовах, у кастрычніку 1941 г. я выехала ў Менск. Спаткала там многа старых знаёмых зь Вільні. Да-брацца да Менска памог мне адзін чыгуначнік-Немец. Прыехалі мы ноччу. Прывёз ён мяне ў Гарадзкую ўправу й аддаў пад апеку стражы. Была я вельмі змучаная падарожжам. Стражнік завёў мяне ў пакой-бюро й яшчэ не пасьпеў выйсьці, а я легчы на састаўленых крэслах — як падкінуў мяне ўверх выбух бомбы. Упала яна на двор будынка, у якім знаходзілася. Прыехалі цывільныя ўлады й мяне адтуль забралі. Завезьлі ў Самапомач . Там я й затрымалася. Там-жа пазнаёмілася з прафэсарам Вацлавам Іваноўскім . Ён мяне ўстроіў на работу перакладчыцай у Немцаў.
Працуючы сьцягнула я ў Менск Вэру, а пазьней і Франка. Многа памагаў нам доктар І. Ермачэнка . Ён устроіў Вэру ў медыцынскай школе й даў нам кватэру пры Самапомачы.
У Менск прыехала многа Беларусаў зь Вільні, Варшавы, а нават з Чэхаславаччыны. Былі тут і мае гімназічныя й унівэрсытэцкія сябры. Спатыкалася ў Менску з Шавелем, Тумашам, Шукелойцем, Казлоўскім , кс. Гадлеўскім , пазнаёмілася з Юльянам Саковічам , з Кушалем і ягонай жонкай паэткай Арсеньневай . Прыяжджаў часта Езавітаў , сустрэла Чабатарэвіча , Янку Касяка , Ганько і іншых. Многа па-знала сымпатычных савецкіх Беларусаў, як Антона Адамовіча , Калубовіча , Федаровіча , Віцьбіча і іншых.
Разам са мною працавалі Люба Дарошык з Гародні й Галіна — жонка акцёра Уладзімірскага. Абедзьве, як я пазьней пачула, мелі лучнасьць з савецкімі партызанамі.
У пэрыяд майго прабываньня ў Менску вялікую ролю ў маім жыцьці адыграў доктар Альберт Рыхэль — Немец, сын прафэсара унівэрсытэта ў Франкфурце на Майне. Пад канец вайны ён загінуў у баях пад Бэрлінам. Калі я яго ведала, ён працаваў у Менску як навуковы працаўнік. Валодаў дзесяцьцю мовамі. Пад канец вайны яго мабілізавалі й паслалі на фронт.
У Менску быў Ян Краўчонак з Будслава. Бедны Янак, дастаў маніі прасьледаваньня й трапіў у шпіталь для псыхічна хворых. А быў такі мудры й здольны чалавек! Кончыў у Вільні юрыстыку. Працаваў дырэктарам тэатра. Многа хацела-б напісаць пра жыцьцё ў Менску, але пакуль што паўстрымаюся.
Майму жыцьцю ўвесь час пагражала небясьпека. Кожны дзень прыносіў вестку аб чыёй-небудзь сьмерці. Гінулі людзі ад бомбаў і з рук савецкіх партызанаў. І так згінулі з рук савецкіх партызанаў прафэсар Іваноўскі, рэдактар „Беларускай Газэты" Уладыслаў Казлоўскі, Акінчыц , малады Кушаль , Саковіч, Маракоў , кс. Гадлеўскі, кс. Глякоўскі (калі ходзіць пра ксяндзоў, то добра ня ведаю праз каго яны загінулі, магчыма, што расстралялі іх Немцы); загінуў і Валодзя Шавель. Адны гінулі з рук нямецкіх, другія — савецкіх партызанаў. Было й так, што пад тэатар падлажылі партызаны бомбу, якая выбухла ў часе прадстаўленьня. Многа людзей тады загінула, а між іншымі й сын Арсеньневай.
Часта былі налёты савецкіх самалётаў і тады ніхто з нас ня ведаў, ці жывым астанецца.
Нягледзячы на ўсё гэта разьвівалася й квітнела культурнае жыцьцё. Паявіліся новыя опэры, як „Лясное возера”, „Князь Усяслаў” з лібрэтам Арсеньневай, з музыкай Шчаглова . Скампанавана маса новых песень. Маршыравалі вуліцамі беларуская моладзь і беларускае войска.
Прыйшоў год 1944, у якім Немцы штораз шыбцей пачалі адступаць на захад. У Менску ў тым часе існавала Беларуская Цэнтральная Рада на чале з прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім і было беларускае войска рукавадзімае Кушалем. У канцы чэрвеня адбыўся вялікі зьезд Беларусаў „Кангрэс” . Не пасьпелі тыя, што зьехаліся, вярнуцца да сваіх хат, як трэба было Менск пакідаць, бо прыбліжалася да яго савецкая армія.
Аднаго дня, калі я зьявілася раніцаю на працу, сказаў мой шэф, каб ішла дахаты зьбірацца на выезд. Бюро нашае мелі перанесьці ў Вільню. Спакаваўшы частку сваіх рэчаў, прыбылі мы з Вэрай на станцыю й занялі месца ў перапоўненым доўгім цягніку. Ехалі працаўнікі Цэнтральнай Рады, Самапомачы, Кіраўніцтва Беларускай Моладзі й беларускае войска. Ад’яжджаў і мой брат Франак, але ў іншым чым мы цягніку.
Не крануліся мы яшчэ зь месца, як пасыпаліся на нас савецкія бомбы. Нікому аднак шкоды не ўчынілі. Рушылі мы ў дарогу пад раніцу. Ехалі памалу, часта затрымліваліся. Наканец затрымаўся цягнік на даўжэйшы час. Аказалася, перад намі партызаны ўзарвалі чыгуначны мост. Трэба было хутка паладзіць. Палажылі пуці й асцярожна пераехалі раку й мінулі небясьпеку. Пераяжджаючы праз Баранавічы бачылі мы, як гарэў увесь горад. Дзесьці за Лідай наехаў наш цягнік на міну. Дзесяць пярэдніх вагонаў перавярнуліся. Было многа забітых і раненых. Від страшны. Да Ліды мы з Вэрай, доктар Надзеяй Абрамавай , Зосяй Аляхновіч і іншымі сяброўкамі беларускай моладзі ехалі ў трэцім вагоне ад лякаматыва. Пасьля Ліды лякаматыў былі пераставілі й мы такім чынам апынуліся ззаду, таму мы й ацалелі. Падабраўшы раненых паехалі далей. На аднэй станцыі, калі цягнік затрымаўся й раптам ізноў крануўся, пачаў даганяць яго наш малады юнак, які выйшаў быў на хвіліну зь цягніка. Няўдала ўскочыў і папаў пад колы. Адрэзала яму абедзьве нагі.
Ня помню, на якой станцыі нас разьдзялілі, адна часьць паехала на Кёнігсбэрг (Калінінград), а другая апынулася на італьянскай мяжы ў Альпах.
І так Вэра й я, разам з доктар Абрамавай, Ганьком і іншымі кіраўнікамі беларускай моладзі трапілі ў Альпы над рэчку Мальту. Такія высокія горы бачыла я першы раз у сваім жыцьці. Здавалася, што знайшліся мы ў нейкай глыбокай яме, зь якой няма выхаду. Дзе ні кінь вокам, перад намі стаяць аграмадныя каменныя сьцены. Крыху лепш разгледзеўшыся, відавочна была краса краявіду. Ня цешыла нас нічога, бо ня ведалі, які нас лёс чакае на чужыне. Пераяжджаючы празь Вену спаткала я двух жаўнераў зь беларускага войска. Ад іх даведалася, што Франак паехаў у Італію. Далі мне ягоны адрас. Брат быў у горадзе Удзінэ.
У Нямеччыне
У Альпах прабылі мы два тыдні. Адтуль разьехаліся ўсе ў розныя бакі Нямеччыны й Чэхаславаччыны. Рассталася я з Вэрай. Яе направілі ў лагер, дзе знаходзіліся вывезеныя зь Беларусі на работу дзеці ўзросту 10-14 гадоў. Затрымалася пры Штабе Беларускай Моладзі ў Тропаў (Чэхаславаччына). Там адведаў мяне некалькі разоў доктар Рыхэль, якога ўлады знаходзіліся ў Раціборы, вельмі блізка ад Тропаў. Ад Вэры атрымлівала я многа лістоў, у якіх яна апісвала мне пра дзяцей з лагера. Жыла яна для іх і ўсё што магла рабіла, каб аблегчыць іх долю. Любіла іх, а яны за ёй прападалі.
У Тропаў работы мы многа ня мелі, папросту абіваліся. Часам хадзілі памагаць на полі Чэхам.
Хочацца тут успоміць пра доктара Маха, з якім я пазнаёмілася была ў Менску. Вось ён пачаў пісаць ліст за лістом просячы мяне, каб я адведала ў Тропаў яго крэўных. Адрас мой атрымаў ён ад доктара Рыхэля. Ня ведаю чаму, просьбы яго я не спаўняла й да яго крэўных ня йшла. Калі наканец я адведала іх, яны прынялі мяне як вялікашга дарагога госьця. Шкадавала, што раней зь імі не пазнаёмілася. Хутка пасьля гэтага пачулі мы, што пад Тропаў прыбліжаецца савецкая армія й мусілі гэты горад пакінуць. Часьць рэчаў аддалі на багаж, а частку з сабой узялі. Рэчаў адданых на багаж ня ўбачылі ніколі. Згінулі разам усе мае здымкі й з часоў гімназічных і студэнцкіх і пазьнейшыя. Эвакуавалі нас з Тропаў у Бэрлін, хаця ня ўсіх. Доктар Абрамава зь сям’ёй выехала ў іншы бок. Ня ведаю, дзе падзеліся Міхася Т. і Зося Ал.
Знайшлася я бяз працы. Нямецкае кіраўніцтва моладзі, да якога я зьвярнулася з просьбай, направіла мяне ў Пітніц над морам. Калі я туды прыехала, прыняць мяне не хацелі. Тут я раскажу пра прыгоду ў дарозе. Разам са мною ў вадным купэ ехала ад Бэрліна Немка. За ўсю дарогу я зь ёй разгаварылася й была яна да мяне вельмі сымпатычнай. Пасьля ўвесь дзень разам чакалі ў Ростаку наступнага цягніка. Тут была ў нас перасядка. На станцыі людзей было шмат. Калі прыйшоў наш цягнік, рвануўся тлум народу шукаць сабе месца. Немка, якая са мной ехала, была без багажа, а я вязла з сабою ўсё сваё багацьце. Мела дзьве валізкі й рукзак на плячах. У меншай валізцы былі рэчы лепшыя. Вось Немка бачачы, што мне цяжка, запрапанавала сваю помач. Выхапіла з маіх рук меншую валізку й сумку з дакумэнтамі й грашыма ды хутка кінулася ў людзкі натоўп. Доўгі цягнік напоўніўся людзьмі, а я асталася на пэроне й расплакалася. Раней прабавала бегаць ад вагона да вагона й пытацца, хто ўзяў маю сумку й валізку. Ніхто не адзываўся. Убачыўшы мяне заплаканую, дзяжурныя жанчыны запыталіся, што сталася. На маё шчасьце цягнік адразу не ад’ехаў, а затрымаўся даўжэй на станцыі. Было крыху часу, каб пайсьці разам зь дзяжурнымі й пашукаць Немку з маімі рэчамі. Знайшлі мы яе ў апошнім вагоне, а прайшлі цераз увесь перапоўнены цягнік. Што было-б са мною, калі-б мае валізка й сумачка не знайшліся! Асталася-б я бяз грошай, без дакумэнтаў, без харчавых картачак і безь білета на далейшае падарожжа. З гэтай Немкай спаткалася я дзесяць гадоў пазьней у лагеры на Сібіры.
Зь Пітніц адправілі мяне ў Дэсаў, дзе прабывала ў лагеры Вэра. Зразумела, што да Вэры я ехала зь вялікай радасьцю. Ня бачыліся мы доўга. Пры лагеры была школа для беларускіх дзяцей і я пачала працаваць у ёй настаўніцай беларускай мовы. Вучыла беларускіх дзетак. Работа прыемная, і я была вельмі зь яе задаволеная. На жаль, цешыцца мне прыйшлося нядоўга. Пасьля тыдня ці двух паклікаў мяне начальнік лагера й загадаў зараз-жа лагер пакінуць. Дзяцей вучыць забараніў. Засталася я ў лагеры скрываючыся, бо куды было йсьці, дзе падзецца на чужыне. Даведаліся ўлады лагера, што я не выехала. Ізноў паклікаў мяне начальнік, загадваючы неадкладна выехаць. Доўга не разумела я, чаму да мяне чапляліся й нідзе не давалі работы, і толькі пасьля вайны зразумела, што пашкодзіла мне карэспандэнцыя мая з Аляксандрам Калодкай — вязьнем нямецкага канцлагера, да якога пісала я ня толькі лісты, але й пасылала харчовыя пасылкі.
Будучы ў Дэсаў, перажылі мы вялікае бамбардаваньне горада, які быў зусім разьбіты. Згінула многа людзей, а ў нашым лагеры ўсе ацалелі. Страху было многа. Цэлы тыдзень горад гарэў. Дрэвы вакол лагера былі павырываныя з каранямі. Будучы ў Бэрліне, таксама кожную ноч бегала я ў схроны ад бомбаў. Была сьведкам найвялікшага бамбардаваньня ў лютым 1945 г., калі разьбілі Александэрпляц і акалічныя вуліцы. У тым часе якраз я й знаходзілася на гэтым пляцы. Схавалася ў мэтро. Уся зямля дрыжэла, уздрыгвалі сьцены мэтро ад узрываў бомбаў. Калі ўсё супаколіся й выйшла я з мэтро на вуліцу, было цёмна, як ноччу, хаця налёт адбыўся ў самы поўдзень. Трамваі, аўтобусы, дамы — усё кругом гарэла. Бомбы яшчэ ўзрываліся й нельга ніяк было дайсьці да свае кватэры. Куды я ні кінулася, усюды валіліся дамы й выбухалі бомбы.
З Дэсаў я сама ня выехала, бо пару дзён пасьля загаду начальніка пакінуць лагер Немцы ўсіх нас — а было людзей у ім сем тысяч — выгналі з рэчамі ў лес, 15 км. ад лагера (рэчаў маглі ўзяць столькі, колькі змаглі несьці).
Помню, была нядзеля, як прыбеглі ваенныя й загадалі ўсім разам са сваімі рэчамі выходзіць перад баракі. Калі мы павыходзілі, пастроілі нас пяцёркамі й пагналі перад сабою, уперад на ўсход у кірунку Россляў-Цэрбст.
Выйшлі мы з лагера поўднем, а затрымаліся, калі ўжо зусім было цёмна. Знайшліся ў густым лесе. Далей ісьці нельга было, бо перад намі быў агонь — гарэў горад Цэрбст. Заўважылі мы, што зьніклі вартаўнікі, якія нас усю дарогу гналі. Ня ведалі мы, куды яны нас вядуць і ўсяк думалася. Прыходзілі й такія думкі ў галаву, што гналі нас на расстрэл.
Убачыўшы, што няма каля нас стражы, рассыпаліся мы ўсе па лесе шукаючы месца на адпачынак. Было гэта ў палове красавіка 1945 года. З намі былі малыя дзеці. Пераначаваўшы пад адкрытым небам, раніцаю пачалі шукаць чым пажывіцца — былі галодныя. Хлопцы згледзелі на полі капцы бульбы. Раскапалі й прынесьлі нам яе. Гатавалі мы бульбу ў жаўнерскіх шлемах, якіх поўна было ў лесе. Знайшлі мы дзесь і нейкай чырвонай солі, пазьней паказалася шчаўе. Каб сагрэцца, пачалі капаць мы ямы і ў іх хавацца ноччу ад холаду. Празь некалькі дзён пачалася над нашымі галовамі перастрэлка; наступала савецкая армія, а Немцы бараніліся. Мы хаваліся ад куляў у ямы. Выходзілі зь іх, калі стральба супакойвалася. Вось выйшаўшы знайшлі мы многа забітых коней. Пачалі мы пячы на агні каніну й есьці. Якая яна была смачная! І так пражылі мы ў лесе два тыдні, аж да канца вайны. Выйшаўшы зь лесу, калі зусім супакоілася страляніна, убачылі на дарозе, на машынах Амэрыканцаў. Пастанавілі ўсе вярнуцца ў лагер, зь якога нас выгналі Немцы. Разам з намі была Лена Воўк-Левановіч , з Мядзьведзіч, якую мы вельмі любілі. Рашылі разам трымацца, дзе-б лёс нас ні кінуў, усюды йсьці разам. Разам мы спалі, разам елі, разам бедавалі. І вось, калі мы пераправіліся назад у Дэсаў, адзін з малышоў разьбіў сабе нагу й затрымаўся, бо ня мог ісьці далей. Затрымаліся пры ім —Вэра са мною. Тымчасам наша Лена гэтага не заўважыла й пайшла наперад. Бачачы, што яе каля нас няма, папрасілі мы Янку Жамойціна дагнаць яе й сказаць, што сталася. Ён пабег за ёю. Даганіў яе за мостам на Эльбе, які, як толькі яны перайшлі, Немцы ўзарвалі. І так рака нас разьдзяліла. Лены мы больш ня ўбачылі й да сёньняшняга дня ня ведаем, што зь ёю сталася. Частка не пасьпела была перайсьці цераз мост, а частка асталася на другім баку ракі. Некалькі дзён кружылі мы зь дзецьмі каля ракі ня ведаючы, што рабіць з сабою. Наканец рашылі перабрацца за Эльбу па ўзарваным мосьце. Пераправа была небясьпечная, але на яе рашыліся. З рэчамі ў руках і на плячах, сьлізгаючыся па вісячых бэльках, асягнулі мы другі бераз ракі. Рады перамозе пайшлі ўперад. Нядоўга мы цешыліся. Дайшоўшы да ракі Мульды, прытоку Эльбы, мусілі зноў затрымацца. На мосьце стаялі амэрыканскія жаўнеры, і ісьці далей не дазвалялі. Сабралася каля гэтага мосту тысячы людзей розных нацыянальнасьцяў.
Зь дзецьмі мы рассталіся перад мостам на Эльбе. Пакінулі іх у лагеры, дзе было многа сабраных старэйшых савецкіх людзей і яны мелі апеку. Дзеці расставацца з намі не хацелі. Наражаць іх на небясьпечную пераправу праз мост мы не маглі. Як-жа яны плакалі й галасілі расстаючыся з намі! Крычалі на ўсю вёску, аж людзі зьбегліся глядзець, што сталася. Плакалі дзеці й мы плакалі, бо да іх прывыклі й некаторых любілі так, як бацькі любяць родных дзяцей.
Назаўтра пасьля нашага расстаньня бачым: нехта да нас пад’яжджае на ровары. Прыглядаемся, а гэта адзін з малышоў — Саша. Перабраўся цераз мост, здабыў недзе ровар і прывёз нам хлеба ды іншых харчоў, бо ведаў, што мы галодныя, а ім у лагеры есьці далі. Ня помню прозьвішча Сашы. Відаць толькі было, які ён да нас прывязаны. Ізноў расстаньне й сьлёзы. Як ён нас знайшоў, ня ведаю.
Над Мульдай у Вассэрштадт мы прасядзелі два тыдні. Жылі з таго, што нам далі Немцы. Папросту хадзілі па хатах і жабравалі. Спалі ў руінах разваленых дамоў. Многа там было Італьянцаў. Яны ўпрыгожвалі наш час сьпевам. Вечарам распаляць вогнішча, акружаць яго й сьпяваюць. Тады я першы раз пачула слаўную песьню „Мама”. Ня маючы што рабіць, пачала я вучыцца ад Італьянцаў іх мовы. Рабіла на подзіў вялікія поступы, бо знала многа слоў лацінскіх. Пачала зь імі лёгка паразумевацца. Сталася праз гэта сярод іх вельмі папулярнай. Хадзілі за мною чарадою. Прыносілі розныя прысмакі, хацелі забраць у Італію.
Адной раніцы, устаўшы пасьля ночы, убачылі мы між намі савецкіх жаўнераў. Амэрыканцы на мосце зьніклі. Акружылі нас усіх жаўнеры й пагналі на ўсход. Сабралі ў васобны лагер грамадзян савецкіх, асобна — заходнікаў. Прыгналі нас у аграмадны лагер недалёка ад Бэрліна — у Людвігсфэльдэ. Сабралася людзей хіба 30 тысяч. Лагер брудны, поўны клапоў. Ляжаў ён пры вялікай дарозе-шашы. Дарогай гэтай кожны дзень гналі людзей з захаду на ўсход. Адны ехалі на машынах, другія йшлі пехатой. Гаварылі, што Амэрыканцы й Англічане выдаюць савецкім уладам іх грамадзян. Людзі йшлі ды ехалі без канца.
Апалі нам рукі, калі пабачылі, як нас ашукалі й як бязьлітасна аграбілі. Здаліся мы на ласку лёсу.
У 1948 годзе раптам звольнілі Вэру з працы й загадалі ехаць у Польшчу. Паехала яна. У 1949 годзе 9 ліпеня выйшла яна замуж за свайго старога ўхажора Стаха .
Я асталася ў Бэрліне.
Працуючы ў Бэрліне пачулі мы, што наша сястра Гэльця, якая з прыходам на Беларусь савецкай улады была вывезена ў Сібір і цяжка працавала ў шахце вугля — знаходзіцца ў Польшчы. Пачалі мы з Вэрай шукаць яе. Узялі водпуск, паехалі ў Польшчу й даведаўшыся, што прабывае яна ў Пазнаншчыне, паехалі туды й цэлы месяц хадзілі ад мястэчка да мястэчка, ад вёскі да вёскі шукаючы яе. Наканец знайшлі яе ў гаспадара каля Гнезна. Адразу забралі яе, завезьлі ў Зялёную Гуру й аддалі ў ткацкую школу. Пасылалі ёй пасылкі.
Будучы ў Бэрліне пачула я пра сумны лёс Пётруся й Фра-нка — маіх братоў. Не магла з гэтым памірыцца і ўсьцяж плакала. Няраз у час вялікай урачыстасьці, калі стол быў застаўлены рознымі прысмакамі й напоямі, я раптам зрывалася ад стала, бегла ў свой пакой і залівалася сьлязамі. Мне цяжка было, што мы жывём у дастатку, а яны галадаюць і мерзнуць.
Пасьля выезду Вэры запрыязьнілася я з Флёркам Вячоркам , Палякам з бэрлінскай палёніі. Кожную вольную хвіліну праводзілі мы разам. Вельмі любіла мяне яго матка. Разам зь ім сабіраліся паехаць у жніўні 1949 года на востраў Ругію, правесьці над морам свой водпуск.
Ноччу 10 жніўня прысьніўся мне дзіўны сон. Бягу я дарогай, якая раптам крыжуецца. Адна вядзе на захад, другая на ўсход. Затрымалася я й глянула на захад і ўбачыла сваіх сяброў зь Вільні. Замест да іх, я павярнула на ўсход. Дабегла да жыта, зь якога, як зпад зямлі, перагарадзілі мне дарогу чырвонаармейцы. Трымаючы ў руках паперкі сказалі: „Стой!” За- трымалася я й падумала: арыштаваная. Абудзілася знэрваваная — прадчула нешта страшнае.
Пайшла на працу. Зараз жа прыйшоў мой начальнік і сказаў, што мяне выклікаюць на тры дні ў Варшаву, нібы па службовых справах. Ведала я, што мяне там чакае. Магла ня ехаць, кінуць працу й скрыцца ў вялікім Бэрліне, але гэтага не зрабіла. Калі не паеду, то забяруць Вэру, а як я буду адна жыць на волі, калі ўсе родныя будуць цярпець. Страціла зусім галаву, страціў яе Флёрэк. Паехала так, як стаяла. Тры дні яшчэ хадзіла па Варшаве і 12 жніўня пад вечар у памяшканьні працаўніцы місіі Марты Тірбах мяне арыштавалі.
Помню, цэлы дзень падаў дождж. Прыйшоўшы на вуліцу Цэцыліі Сьнегоцкай 10 мне вельмі хацелася выйсці на шпацыр у Лазенкі. Нікога не было дома і я ўжо апранулася, каб выйсьці, як раптам вярнулася дамоў дачка пані Марты й зьдзівілася, што я ў такі дождж выходжду. Кажу ёй, што не магу ўседзець у хаце, так хочацца мне прайсьціся. А яна: „У такі дождж? Зусім здурэла”.
І так я ня выйшла, а яна пакруцілася дома й зьнікла.
Празь некалькі мінут пастукалі ў дзьверы нейкія мужчыны, пытаючыся пра Ірку й просячы, каб іх упусьціць у хату.
Адчыніла я дзьверы. Пагутарыўшы крыху са мной паказалі мне загад на мой арышт, кажучы: „Пані ест арэштована”.
Думала, што зямля пада мною заваліцца. Які гэта страшны й цяжкі момант, якое страшнае слова „арыштавана”.
У турме
Павезьлі мяне ў турму, якая мясьцілася ў падвалах будынку Міністэрства Бясьпекі на рагу вуліцы Кошыковай і Алеяў Уяздоўскіх. Зрабіўшы рэвізію, адабраўшы сумачку, грабяні й іншыя дробныя рэчы, павялі мяне ў камэру, у якой знаходзілася яшчэ адна жанчына. Звалася яна Люба, калі добра помню, прозьвішча яе было Камінская. Гутарыла яна па-польску, але казала, што зьяўляецца Румынкай. Сядзела яна ўжо 9 месяцаў. Яе пафарбаваныя валасы адрасьлі й толькі канцы былі белыя, астатнія чорныя, як сажа. Вочы Люба мела таксама чорныя. На другі дзень прыйшла яшчэ адна маладая жанчына Нюся — прозьвішча ня помню. Была яна вельмі мілая й набожная, але тая Люба — аж пісаць ня хочацца! Як-жа далася яна нам у знакі! Была проста немагчымая! Калі нам падавалі хлеб — яна яго хапала й дзяліла, бо толькі ў яе былі чыстыя рукі. Калі налілі ў міскі суп, яна хадзіла й доўга перабірала каб узяць тую, у якую трапіў кусочак мяса. Вось любіла яна йграць у шашкі, якія мы зрабілі з хлеба, але ніхто ня сьмеў абыграць яе, бо злавалася тады й мсьцілася. Найбольш мяне абурала, калі нас перавялі ў новую камэру, у якой сьцены былі запісаныя вязьнямі, яна не дала прачытаць нам ні слова. Схапіла мокрую анучку й адразу ўсе сьцены сьцерла. Таксама часта будзіла мяне ноччу — а так цяжка было заснуць — каб я перавярнулася на другі бок, бо ў твар яе дыхаю. Камэра была малая й спалі мы адны пры другой блізка. Як я пазьней ад іншых чула, гэта Люба была „стукачкай”, г.зн. даношчыцай. Акенца ў камэры было маленькае, пры самай столі. У куце стаяў „кіпер”, які вечарам выносілі ва ўмывальню на калідоры апаражняць. На прагулкі нас не выводзілі, ня клікалі нікога на дапросы. Мяне толькі раз пазвалі сьпісаць біяграфію. І так сядзелі мы дзень і ноч невядома чаго чакаючы.
Аднойчы прыйшлі рабіць у нашай камэры рэвізію. Вывелі нас зь яе й замкнулі кожную аддзельна ў іншай. Я трапіла ў вузенькую, маленькую сьмярдзючую камэру без акна. На зямлі ў ёй ляжаў сяньнік, а ў кутку стаяла параша „кіпер”. Не было кавалачка месца, дзе можна было-б прайсьціся. Усю камэру займаў сяньнік. Сядзела я на ім і думала: „Няўжо ў гэткай камэры людзей трымаюць? Гэта немагчыма! Тут і дня вытрымаць нельга!” І што я пасьля пачула: у такой жа камэры сядзела мая родная сястра Вэра, будучы цяжарнай. Арыштавалі яе ў той самы дзень, што й мяне, ва Ўроцлаве. Адразу прывезьлі ў Варшаву й пасадзілі ў такі хлеўчык. Месяцам раней яна выйшла замуж. Гэта была яе першая цяжарнасьць. Прадчувала я, што яна ёсьць у Варшаве, бо аднаго дня, калі вялі нас мыцца ў лазьню, здавалася мне, што я пачула яе голас. Вось я й напісала заяву да начальніка турмы з просьбай, каб, калі ёсьць у турме мая сястра, даць ёй лепшыя ўмовы, беручы пад увагу яе цяжарнасьць. Пішучы заяву мне і ў галаву не прыходзіла, што яна можа знаходзіцца ў такіх страшных абставінах. На жаль, маёй просьбы ніхто ня ўзяў пад увагу, і яна без паветра, бязь дзённага сьвятла, галодная, сядзела паўгода, пакуль выйшла з парашай у руках на калідор і не павалілася страціўшы прытомнасьць. Тады яе перавялі ў крыху лепшую камэру.
Былі мы затрыманы часова й гэты найцяжэйшы час нам не залічылі. Я прасядзела так тры месяцы — Вэра даўжэй. У міжчасе сабралася ў маёй камэры больш жанчын. Некаторых пачалі клікаць на дапросы. Усе былі забраныя паза домам, на вуліцы. Вельмі баяліся сьледзтва, расказвалі аб розных катаваньнях і муках. Аднаго дня прачнулася я й кажу: „Сёньня мая чарга.” Не пасьпела дакончыць, як мяне паклікалі. Больш я ў камэру не вярнулася. Перадалі мяне савецкім уладам і перавезьлі ў турму на Прагу (у Варшаве). Памяшчалася яна ў падвале старога будынка, у якім складалі вугаль. Сажы было поўна на зямлі, на сьценах і столі. У куце стаяла вялікая сьмярдзючая працякаючая бочка, якой ніколі не апаражнялі. На зямлю былі пакладзеныя голыя дошкі, на іх мы спалі. Прывялі мяне сюды яшчэ з аднэй жанчынай. Перад будынкам навязаны быў вялікі сабака, але ён на мяне ня кідаўся й не забрахаў, калі мяне вялі. Глядзеў як бы спагадаючы. У гэтым пограбе мы праседзелі два тыдні. Бедная Вэра была там пазьней у студзені, калі было холадна. Прасядзела адна сорак сутак.
Адтуль павезьлі нас у Легніцу й пасадзілі ў турму пры Ваеннай Савецкай Камэндатуры. Ехалі мы з Варшавы ў гэты горад таварным цягніком цэлы тыдзень. У вагоне нас было тры жанчыны. Перад намі ў будцы стаяў савецкі стражнік. Якія розныя спатыкаліся сярод іх людзі! Калі засьвяціла сонца, якога мы больш трох месяцаў ня бачылі, мы падышлі да шчыліны, празь якую падала яго праменьне й наставілі твары. Бачачы гэта стражнік пачаў крычаць, каб вярнуліся на сваё месца ў кутку вагона й не глядзелі на сонца. Пасьля зьмены іншы стражнік прамовіў да нас такімі словамі: „Я на вас гляджу, а ў мяне сэрца разрываецца ад болю, так мне шкада вас...” Як мог, стараўся нас суцешыць.
У Легніцы прабылі мы два тыдні. Некалькі дзён падрад завязвалі нам вочы й везьлі на аэрадром. Пасьля зноў назад вярталіся. Хацелі адправіць нас самалётам у Маскву, а не было пагоды й самалёт не адпраўляўся. Наканец паляцелі мы з завязанымі вачыма, ня еўшы. Ляцелі цэлы дзень. Хаця мае вочы былі завязаныя, я ўбачыла, што нехта сядзеў каля мяне з кайданамі на руках. Куды нас вязуць, мы ня ведалі. Дзе прызямліўся самалёт, мы не маглі дагадацца. Вывелі нас з самалёта, адвязалі нам вочы й сталі абшукваць. Павялі ў камэру без акон. Аказалася, трапіла я ў славутую маскоўскую Лубянку. Не падабалася мне там тое, што загадвалі спаць з рукамі пакладзенымі на верх коўдры. Як толькі я рукі схавала, адразу стукалі ў дзьверы й будзілі. І так мучылі мяне ўсю ноч. Забудуся й схаваю рукі, а мяне зараз-жа разбудзяць.
Неяк прыемна ўспамінаю аднаго старэйшага стражніка, які ўбачыўшы, што вядуць мяне на прагулку позьняй восеньню ў летнім плашчы, схапіў целагрэйку й накрыў мяне. Гэты-ж самы стражнік часта адкрываў вакенца маёй камэры й пытаўся мяне ці не хачу напіцца гарбаты. Сядзела я ў камэры ўвесь час адна. Усьцешылася, калі прынесьлі мне кнігі. Пачала чытаць і перастаў час доўжыцца.
Пасьля двух тыдняў пасадзілі мяне ў чорны воран і павезьлі на станцыю. Калі адкрылі дзьверы ворана, каб я высела, убачыла я скіраваныя на сябе штыкі. Так мяне пільнавалі, каб прыпадкам не ўцякла выходзячы з ворана! Акружылі мяне стражнікі, а было іх ня менш як пяць чалавек, і павялі на пэрон да цягніка. На станцыі было многа людзей і ўсе за мной аглядаліся, думаючы, якога вядуць тут арыштанта —праступніка, а мне хацелася плакаць ідучы й сьмяяцца. Думала: што такое я зрабіла, чаму аж столькі людзей мяне пільнуе? Як шкада, што ня бачаць мяне Люня й іншыя сябры зь Вільні, з вуліцы Завальнай, якія жывуць сабе спакойна ў вольным сьвеце й не прадчуваюць, што я тут перажываю! Так, ідучы да цягніка я вас, дарагія сябры, успамінала.
Дзеля таго, што было ўжо зімна, далі мне ў Маскве зьнішчаную жаўнерскую ватоўку, якую я апранула на свой белы летні плашч. На галаве мела хустку, а ў руках элегантны чамадан. І так ішла па пэроне.
Завялі мяне ў купэ прызначанае для вязьняў і паставілі стражніка, які не спускаў мяне з вачэй. А я ехала й таксама глядзела на яго. „Чаго так на мяне глядзіш?” — запытаўся стражнік. А я кажу: „Гляджу, бо вы мне вельмі прыпамінаеце майго брата. А можа вы сапраўды мой брат? У мяне тут, у Савецкім Саюзе, у Магілёўшчыне ёсьць родны дзядзька, які мае дзяцей. На жаль, я іх ніколі ня бачыла. Вось можа й вы зьяўляецеся сынам майго дзядзькі". Добры брат, штыком чуць не папіхаў мяне ідучы ззаду! Пасьля гэтага ён запытаў мяне, ці хачу піць або есьці, то ён прынясе мне што-небудзь. Калі выйшлі зь цягніка, мой „брацік" далёка астаўся ззаду, не ўпіраўся больш у мяне штыком. Едучы тым цягніком мне здавалася, што за сьцяной вязуць майго брата Франка. Пачала зь ім перастуквацца й гутарыць. Задавала яму розныя пытань- ні, а ён мне адказваў. Як цяпер аб гэтай гутарцы думаю, то была яна проста галюцынацыяй. Ніякага брата за сьцяной купэ не было, а мне нешта выдавалася. Так былі расстроены нэрвы!
Прывезьлі мяне ў Менск ў турму званай „амэрыканка”. Тут толькі падпісала я ордэр аб маім арышце. Лічылася я арыштаванай ад дня прыбыцьця ў Менск, а гэта было на пачатку сьнежня 1949 года. Цэлы месяц сядзела я ў камэры адна. Адна праводзіла першыя Каляды ў заключэньні. Тады я ўлажыла першы ў сваім жыцьці верш, які да сёньняшняга дня помню. Калі яго пазьней дэклямавала сябрам па камэры, усе плакалі:
Сёньня Каляды. Хрыстос нарадзіўся...
Цешацца людзі, што ім аб’явіўся.
Ёлкі ўбралі, песьні сьпяваюць,
Госьці прыходзяць, жаданьні складаюць.
Кожны імкнецца быць са сваімі
Сьвята праводзіць ён не з чужымі,
А ў роднай хатцы, дзе хто радзіўся,
Да грудзей маткі дзе ён туліўся.
І я хацела-б быць дома сяньня,
Дзяліць з другімі радасьць каханьня.
На спацыр выйсьці, суседаў адведаць,
Музыкі паслухаць, пабяседаваць.
Мела і я калісь родную хатку,
Братоў, сясьцёр, бацьку і матку,
Куцьцю ўрачыстую і мы прыгатаўлялі,
Сьвечкі і цацкі на ёлку чаплялі.
Але нядоўга нам сонца сьвяціла,
Бацькі памерлі – гора прыбыла.
Сям’я рассыпалася па сьвеце цэлым,
Хаваючы смутак у сэрцы збалелым.
Ані адно не знайшло з нас долю,
Замест шчасьця – пайшлі ў няволю.
Пакутаваць за грахі чужыя,
Няведама за чые і за якія.
Турма была круглая. У камэрах былі ложкі. Выводзілі на прагулку й давалі да чытаньня кнігі. На жаль, усе на рускай мове, хоць сядзела я ў сталіцы Беларусі. Аднойчы прынесьлі мне кнігу, на вокладцы якой я ўбачыла надпіс „Якуб Колас”. Як-жа да яе кінулася! Наканец далі мне кнігу на беларускай мове! Тут-жа адразу й расчаравалася. Калі кнігу адкрыла, убачыла, што яна ў перакладзе на рускую мову. Якуб Колас на рускай мове гучаў чужым і далёкім.
Пачалося сьледзтва. Справу маю вёў Кутузаў . Не магу сказаць, каб ён быў вельмі кепскі. Ня білі мяне, а толькі мучылі бяссонніцай. Не давалі мне ані ноччу ані днём спаць. На дапрос клікалі ноччу, трымаючы доўгія гадзіны. Не пасьпела, бывала, вярнуцца ў камэру й легчы ў пасцель, як ізноў адчынялася акенца й мяне вызывалі. І так тры-чатыры разы за ноч. А днём не дазвалялі нават сесьці на ложку. Калі толькі седзячы пры стале я здрамнула, адчынялася акенца й стражнік загадваў разбудзіць мяне. Тады каторая-небудзь з заключаных біла мяне пальцам па носе. Не напісала я, што пасьля месяца далі мне ў камэру сябровак па няшчасьці, і так сядзела са мной лекарка зь Менска, балерына Марыя Сьцепанец і розныя іншыя. Была таксама так званая „наседка” або „стукачка” Марыя, пасаджаная для таго, каб даносіць начальству, аб чым вязьні з сабою гутараць. Нялёгка мне было сядзець зь імі, бо большасьць варожа адносілася да „западнікаў”. Ня мела я шчасьця быць разам хоць з аднэй „западніцай”.
Ад недасыпаньня пачаў мяне мучыць моцны галаўны боль.
Лістоў пісаць нельга было й паведаміць сваіх родных аб тым, дзе я знаходжуся. Не атрымлівала я ніякіх перадач. Нікога ніхто не адведваў. Некаторыя вязьні перадачы атрымлівалі й часта вельмі добрыя. Дзяліліся са мною.
Сьледавацель мой быў, як артыст. Адзін раз жартаваў са мною й сьмяяўся, іншым разам безь ніякае прычыны крычаў, як ашалелы. Кожную ноч клікаў мяне і ўсё пісаў пратаколы, а я іх падпісвала. Прыпісалі мне многа ўсяго, чаго зусім не было. Будучы ў часе вайны перакладчыцай, крыўды ніякай нікому не зрабіла. Наадварот, шмат каму дапамагла. Некаторых выратавала ад сьмерці, ведаючы нямецкую мову.
Часам сьледавацель прабаваў уключыць радыё, спачатку ціха, пазьней гучней, гледзячы на мяне, як я зарэагую. Пачуўшы музыку, я адразу пачынала плакаць. Тады ён выключаў радыёпрыёмнік.
Аднойчы даведалася я, што ў Менску ёсьць Вэра і ўжо ў турме нарадзіла сына. А тут пасьля года закончылі маё сьледзтва й перавялі ў іншую турму, якую называлі гарадзкой. Паклікалі мяне на нейкі дапрос. Ідучы праз падворак, убачыла я Вэру зь дзіцём на руках. Яна мяне ня бачыла. Калі я крыкнула „Вэра!” й мімаволі зрабіла рух, як-бы хацела да яе падбегчы, яе хутка павярнулі назад і замкнулі ў будынку. Яна толькі пасьпела падняць уверх высока сына й паказаць мне яго.
Сядзела я цяпер у прыбудоўцы да гарадзкой турмы. Былі ў ёй толькі палітычныя вязьні. У маленькай камэры стаялі чатыры ложкі, два на зямлі, а два над імі. На прагулку выводзілі нас у крыху большую камэру бяз столі. Мела яна чатыры сьцены й краты над сабой. Туды нас упускалі без канвою, і мы якіх хвілін 20 хадзілі адна за адной.
Не сказала я яшчэ аб тым, што раней чым перавялі мяне ў новую турму, далі мне прачытаць мае пратаколы сшытыя ў тоўстую кнігу й дапросы на мяне ў розных людзей. Тады я даведалася, што Езавітаў быў савецкім вязьнем, бо пры маёй справе быў яго пратакол пра Беларускі Кангрэс у 1944 годзе. Быў таксама пратакол Усевалада Караля , Байкова й іншых. Ніхто нічога кепскага пра мяне не сказаў. Дапрасілі ў суме сто асоб. Байкоў крыху накруціў, бо сказаў, што маіх бацькоў у 1941 годзе раскулачылі. А мае бацькі ад 1929 г. не жылі-ж на гэтым сьвеце.
Цяпер чакала я прысуду. Маю справу пераслалі ў Маскву для разгляду „Асобым Совещанием”.
Агледзелася я, што ў будынку напроціў на 3 ці 4 паверсе сядзіць Вэра й часта паглядае ў вакно. І так пачалі мы адна другую штодня па пару хвілін здалёк бачыць.
А ў мяне з кожным днём насільваўся галаўны боль. Наканец забралі мяне да лекара й паклалі ў шпіталь. Будучы ў ім магла я Вэру бачыць яшчэ часьцей. Вось у тым часе, калі я прабывала ў шпіталі, прыйшоў прыгавор з Масквы.
Асудзілі мяне й Вэру на 10 гадоў „исправительного лагеря”.
Мушу сказаць, што ў часе сьледзтва следавацель заўсёды страшыў мяне расстрэлам. А я думала сабе: „Ад іх можна ўсяго спадзявацца”. І часта ў думках бачыла, як вядуць мяне расстрэльваць, як я падаю ад кулі, як маё жыцьцё канчаецца, абрываецца. За што, за чыю віну?!
Аднойчы пазвалі мяне й пасадзілі ў чорны воран. Уваходзячы ў яго я заўважыла, што ў ім знаходзіцца й Вэра з сынам Славікам на руках. Паехалі мы. Везьлі нас доўга, доўга ня кажучы, куды. Я была перакананая, што на расстрэл. Правезьлі нас у суд як сьведкаў на справе Янкі Жамойціна. На гэтай расправе я спаткалася з Вэрай і пабачыла наканец блізка Славіка. Трымала яго нават на руках. Было тады яму шэсьць месяцаў. Такі слаўны хлопчык!
Янку судзілі й далі 25 гадоў лагера.
Мяне з Вэрай судзілі завочна. Не прысутнічалі мы на сваім судзе, не бараніў нас ніякі адвакат, не маглі сказаць ні аднаго слова ў сваёй абароне. Ды якая была тады розьніца, засудзілі каго на 10 ці 25 гадоў лагера! Пакуль жыў Сталін, ніхто з палітычных вязьняў з такога лагера дамоў не вяртаўся! Большасьць памірала не адбыўшы кары, а тыя, якія ператрывалі, ішлі на „вольное поселение”. Іх выпускалі з лагера, не дазваляючы аддаляцца далей як 100 — 200 км. Пачынай жыць, як хочаш. Выходзячы з лагера, кожны быў інвалідам няздольным да працы й адсядзеўшы тэрмін трэба было шукаць сродкаў да жыцьця. Як-жа дрыжэлі заключаныя на думку аб прыбліжаючымся заканчэньні кары! У лагеры мелі хоць дзе прылегчы й міску аўсянкі, а там, паза лагерам, што каго чакала? Так выпушчаная на волю адна Полька, Гэнрыка Гроссэк са Львова, якая была зусім няздольная да працы, села пад плотам і не пайшла нікуды. Выпадкова нехта з вольных ёю заапекаваўся. Адправілі яе ў Польшчу. На бацькаўшчыне яна хутка памерла.
Этап
Забралі мяне на этап разам з Вэрай і Славікам. Не далі для малога ані чыстых пялюшак, ані харчоў адпаведніх. Не дазволілі паведаміць родных аб нашым лёсе. Ніхто да нас ніколі не прыехаў, ніхто не перадаў ніякай перадачы, бо ніхто пра нас ня ведаў.
Завялі нас у цягнік з вагонамі прызначанымі для перавозу заключаных. Народу было многа. У вагонах былі полкі. Вэры загадалі сесьці з сынам на верхняй полцы, на якой фактычна сядзець было немагчыма, бо замала было месца, галава ў столь упіралася. Трэба было там увесь час ляжаць. Славік плакаў, бо было горача й душна, а ён ляжаў мокры. Вэра не мела ў што яго перавіваць. Карміла малога грудзьмі, але гэта таксама было нявыгадна рабіць ўсьцяж у ляжачай позе. У дарозе давалі сухія сухары й ваду. На вярху задыхаліся, ды і ўва ўсім вагоне было душна. А Славік плакаў і плакаў, хацеў на паветра.
У такіх умовах даехалі мы да Масквы. Там нас завезьлі ў перасылачную турму на Бутырках. Мяне з Вэрай разлучылі, але на гарачыя просьбы Вэры пасля аднаго ці двух дзён ізноў злучылі. Пакуль я была адна, мела магчымасьць убачыць, у якіх умовах знаходзіліся цэлы дзень вязьні ў пачакальні. Была яна такая брудная й цесная, што аж пісаць пра гэты непрыемна. У кутку стаяла перапоўненая параша й ляжалі кучы чалавечага калу кругом яе.
Шчасьлівей адчула сябе я, калі мяне перавялі да Вэры. Яна сядзела ў камэры прызначанай для матак з малымі дзецьмі. Тут магла я забаўляцца Славікам, які ў той час быў вельмі пацешным хлопчыкам. Не абмінуў яго ані адзін надзірацель правяраючы камэру, падышоўшы да Славіка мусіў абавязкова ўзяць яго на рукі. Меў Славік белыя валаскі, блакітныя вялікія вочы й рэгулярныя рысы твару. Нягледзячы на тое, што нарадзіўся ў турме й адразу пасля нараджэньня выглядаў як малы старычок — такі быў паморшчаны. Дзякучы таму, што Вэра мела многа малака ў грудзях, прыйшоў да сябе й маючы сем месяцаў быў вялікім, ружовенькім, прыгожым хлопчыкам. Родзячы яго Вэра тры дні мучылася — рабілі кесараў разрэз і лекары ня мелі надзеі, што ён выжыве. Ці магло быць іначай пасьля такой цяжкай турмы ў Варшаве?
Былі мы так у Маскве цэлы тыдзень разам. Марылі аб тым, каб паслалі нас у вадно й тое самае месца. Разам даехалі мы з Масквы ў Горкі. Хутка пасьля прыезду туды пагналі нас у лазьню, забіраючы рэчы ў пражарку. У гэтай пражарцы зусім спалілі Вэрына каракулавае футра. Але ня гэта было для нас найцяжэйшае. Многа нэрваў каштавала нам лазьня, у якую муселі мы ісьці са Славікам. У разьдзявальні было вельмі холадна й мы баяліся, каб ён не прастудзіўся. Лазьня была так перапоўненая, што не было дзе прытуліцца, а мы мелі з сабою дзіця. Паставілі нас пад халодны душ. Было поўна дыму й пары. Славік увесь час плакаў, а мы таксама, бо прадчувалі нешта кепскае. Пасьля лазьні нас разлучылі. Вэру з сынам павялі ў адну турму, а мяне ў другую. Вэру яшчэ раз павялі адтуль са Славікам у лазьню, аб чым я пачула ад яе будучы на волі. Тады мы больш зь ёй ня ўбачыліся. Яе накіравалі ў Казахстан, а мяне ў Іркуцкую вобласьць. Некалькі дзён сядзела я яшчэ ў Горкім. Пасьля лазьні я была моцна прастуджаная. Помню, ляжаў мне вялікі цяжар на грудзях, ня мела чым дыхаць. Былі заложаны нос і горла, павысілася тэмпэратура. А вязьняў процьма. Набітая камэра, ані павярнуцца. Галава не пераставала мне балець ад Менску.
Пакуль я даехала ў Іркуцкую вобласьць, затрымлівалася ў многіх гарадах у перасылачных турмах. Усюды поўна было народу. Ехалі жанчыны й мужчыны, палітычныя й крымінальныя вязьні. Людзі навукі й зладзеі. Памешаныя былі мы ўсе разам. На нарах не хапала месца. Ехалі зачыненым таварным цягніком цэлымі месяцамі. Дзверы адчынялі, калі прыносілі есьці. У вагоне былі толькі жанчыны. Са мною ехала многа масквічак — жонак вялікіх ураднікаў. Былі багата апранутыя й адчувалі сябе лепшымі, чым іншыя. Вось яны пазаймалі лепшыя месцы на нарах і выгадна спалі, у той час, як многія ноч і дзень сядзелі скурчыўшыся на мокрай падлозе вагона. Сама я мела месца да спаньня сярод Грузінак. Гледзячы, як мучацца іншыя на зямлі, я ноччу ўставала і ўступала сваё месца каторай-небудзь жанчыне з падлогі. Гэтымі паводзінамі нажыла ворагаў сярод Грузінак, бо ўстаючы часта іх разбуджвала. Між намі найбольш было Украінак. Астатнія —розных нацыянальнасьцяў. Мела я з сабою крыху прыгожых рэчаў, асабліва быў прыгожы японскі халат, які адразу падгледзелі блатныя й пастанавілі мяне абакрасьці.
У Маскве далі мне целагрэйку, бо я з сабою мела толькі летнія рэчы. Якая-ж гэта была целагрэйка! І верх, і падшэўка такія брудныя, што нельга было пазнаць, якога былі калісь колеру! Так верх, як і спод былі чорныя й сьмярдзючыя. Хусткі цёплай у мяне не было. Калі мяне арыштавалі ў Варшаве, я пасьпела ўзяць з шафы п. Тірбах свэтар, штаны, ручнік і закапянскія капці; пакінуўшы распіску на гэтыя рэчы аб тым, каб яна ў Бэрліне ўзяла сабе ўзамен з пакінутых там маіх рэчаў. Прапала-б я зусім, калі-б ня мела з сабою тых рэчаў!
Калі мы прыехалі ў Іркуцкую вобласьць, быў такі вялікі мароз, што адразу некалькі жанчын адмарозілі сабе насы.
Накіравалі мяне ў Тайшэцкія лагеры, Іркуцкай вобласьці, недалёка ад возера Байкал, у г.зв. Ангар-лаг.
У лагеры
Прывялі нас у барак перапоўнены вязьнямі. Пасярэдзіне яго стаяла печка. Далі месца на нарах, на якіх ляжаў сяньнік набіты саломай і марны стары плед. Падушкі ніякай не было, і ня бачыла я яе аж да вызваленьня. Было амаль цёмна. Барак асьвятляла маленькая лямпа-капцілка. Дрыжэла я ад холаду й заснуць не магла.
За парадкам у бараку глядзела т.зв. дневальная. Яна печку паліла й падлогу мыла, прыносіла ваду і т.д. На ноч баракі зачынялі. Увесь лагер быў агароджаны высокім плотам з нацягнутым зьверху дротам, а па вуглах стаялі вышкі для стражнікаў.
На другі дзень далі нам вопратку: брудныя, палатаныя старыя бушлаты, ватныя, таксама старыя, штаны, шапкі й валёнкі — кожны іншы. Адзін валёнак быў высокі й шэры, другі цёмны, карычневы й кароткі; адзін замалы, другі завялікі. Бялізну казённую далі таксама й ручнік. Вывелі нас перад баракі й пастроілі ў пяцёркі. Атрыманая вопратка так нас зьмяніла, што нікога з нас немагчыма было пазнаць. А я чую: кліча хтосьці мяне па імені. Пытаюся: „Як вы мяне пазналі?” Адказалі: „Па паяску!” Бушлат свой я перавязала была паяском ад свайго японскага халата.
Раней, чым мы выйшлі на работу, пасьнедалі ў лагернай халоднай, задымленай, цёмнай, перапоўненай парай сталоўцы. Далі нам па кавалачку хлеба й аўсяны суп. Такі суп мы елі тры разы ў дзень. Як-жа надаела нам тая аўсянка!
Вывелі нас на дарогу адкідаць сьнег. Мароз вялікі, што сьлёзы замярзаюць. Мерзьне нос. Стараемся яго абвязаць хустачкай, але яна робіцца шорсткая й замярзае ад дыханьня.
У бараках пераважала ўкраінская мова. Мужчын у нашым лагеры не было. Усе мужчынскія работы выконвалі жанчыны.
Далі мне першую катэгорыю, г.зн. залічылі да наймацнейшых і паслалі на лесапавал. Трапіла я ў калону 9, якая ня мела вады. Прывозілі ваду з ракі адлеглай 12 кілямэтраў ад лагера. Спецыяльныя брыгады дзень і ноч разьбівалі лёд, які прывозілі ў лагер, растоплівалі й на такой вадзе варылі страву, бралі ў лазьню, мылі бялізну і т.д. Можна сабе ўявіць, як цяжка было здабыць кубачак вады, калі піць захацелася. Тапілі й пілі сьнег тады. Вельмі доўгі час я ня мела лыжкі й суп піла зь міскі, а калі была яшчэ якая каша ці бульба, то ела скарынкай хлеба.
Пачала я хадзіць у лес звальваць велізарныя сосны, пілаваць іх і грузіць на машыны. Выводзілі на работу пяцёркамі, акружаных стражнікамі й сабакамі. У лесе назначалі граніцы, якія ня мелі мы права пераступіць. Аднойчы стражнік сказаў аднэй брыгадзірцы пайсьці й прынесьці нейкія дровы, якія ляжалі на вызначанай граніцы. Калі яна падышла да гэтага месца, ён выстраліў і забіў яе. Пасьля сказаў, што яна ўцякала. Куды хто мог уцячы — у такі мароз, у тайгу з драпежнымі зьвярамі? Здаралася, што хто-небудзь прабаваў уцячы. Хутка такога сьмельчака лавілі й расстрэльвалі. Нам часта чыталі прыказы аб расстрэле за пабег.
Брыгадзірамі нашымі былі крыміналісты — забойцы або зладзейкі. Не любілі яны палітычных вязьняў і мелі тут нагоду пазьдзекавацца над імі.
Мне было асабліва цяжка, бо я была хворая, а сама ня ведала, якой хваробай. Мне вельмі балела галава й адчувала слабасьць. А трэба было дараўнаць дужым Украінкам ці Латышкам, якія прывыкшы былі выконваць мужчынскія работы. Як пасьля некалькі гадоў пазьней аказалася, я была хворая гіпэртаніяй — мела вельмі высокі ціск крыві. Нікому не прыйшло ў галаву зьмерыць мне крывяны ціск, а і я сама пра такую хваробу ня чула. Маіх скаргаў на боль галавы ніхто ня слухаў. Ня выканаўшы нормы, я менш, чым іншыя даставала хлеба ці цукру. Брыгадзіры ўсьцяж на мяне крычалі. Бывала, ледзь дабяруся да нар пасьля работы, варочаюся сагнуўшыся, толькі выцягнуся на сяньніку, каб адпачыць, а тут прылятае брыгадзір і загадвае йсьці на разгрузку вагонаў. Часта падымалі нас да гэтай работы ноччу. Трэба мяхі насіць, якія я не магу крануць з месца. Ізноў на мяне крычаць і страшаць карцарам. Схуднела я, высахла, зрабілася да сябе непадобная. Аднойчы распух мой нос, зрабіўся чорны, і ўсе сказалі, што гэта ружа. Вось і пайшла я ў санчасьць прасіць звальненьня з працы. Прыходжу й кажу: „Ці я магу ісьці на работу ў мароз з такім носам?” А мне медсястра Латышка Пэтэрсэн адказвае: „Вы же носом работать не будете!” А тэмпэратура таксама ў мяне была павышаная. І пайшла я працаваць. Мела я пазьней нарыў у вуху, павышаную тэмпэратуру й моцны галаўны боль. Усю ноч ня спала ад болю, а раніцаю пайшла прасіць звальненьня. Не далі. А колькі разоў я мела запаленьне вуха, цякло зь яго, а нічога не рабілі, бо ў лагеры не было лярынголяга, і з работы не звальнялі. Толькі медсястра, навінуўшы на палачку ваты, пхала яе ў вуха й так прачышчала. Можа й што прабіла, бо стала я вельмі кепска чуць.
Сказала я сабе, што паміраць буду, а ў санчасьць больш не пайду й прасіць звальненьня ад працы ня буду.
Далей лес валіла, карчавала яго й сьнег адкідвала. Працавалі без адпачынку, безь ніякіх сьвятаў. І на Каляды йшлі на работу, і на Вялікдзень. За нявыкананыя нормы зьмяншалі порцыю хлеба. Мушу тут сказаць, што і пры нармальнай порцыі я адчувала заўсёды голад. Думала: „Ці прыйдзе той час, калі буду мець пад дастаткам вады й хлеба?”
Аднойчы не далі нам хлеба. Стаю я пад печкай і ўздыхаю. Божа, Божа, да чаго я дайшла, што й хлеба мне не хапае! Калі я пачала жаліцца, гляджу, падыходзіць да мяне адна руская жанчына зь Ленінграда родам, Надзежда Цімафееўна, і дае мне сваю пайку хлеба, кажучы: „Я слышала, что вы на штрафном, так возьмите мою пайку хлеба”. Не хацела я браць яго, але яна ўвапхнула сілай. Добрая была жанчына. У час блякады ў Ленінградзе страціла яна сына. Пасылак ад нікога не атрымлівала.
У лагеры я вельмі многа малілася. Старалася дружыць зь людзьмі, якія глыбока верылі ў Бога.
Падтрымлівала мяне на духу Зофія Эйсмонт — масквічка, паўполька, паўфранцузка. Сядзела яна за рэлігійныя перакананьні. Па прафэсіі была яна піяністкай. Жанчына вельмі інтэлігентная, мудрая, начытаная. Умела так прыгожа й пераканаўча гаварыць. А сама якая была прыгожая, зграбная, высокая! Мела вялікія блакітныя вочы, густыя чорныя валасы. Другі тэрмін сядзела. Як толькі невыносна было мне цяжка на сэрцы, я да яе бегла й супакой знаходзіла. Такой, як яна, была яе прыяцелька Кузьнецова . І тая ўмела мяне супакоіць. Паходзіла яна зь Ленінграда, таксама сядзела за веру. Дзе вы цяпер, мае дарагія прыяцелькі?
На дзевятай калоне не была я доўга. Прыехала лекарская камісія й залічыла мяне да слабых. Перавялі мяне ў другі лагер на адпачынак. Адпачывалі мы ходзячы па два разы да абеду ў лес па дровы, і два разы пасьля абеду. Ішлі ў вадзін бок 3 км. У лесе пілавалі дровы, бралі калодкі на плечы і зь імі вярталіся. Значыць, за дзень мы праходзілі 24 км. Хадзіла я ў пары са старэйшай жанчынай Украінкай. Як шкада, што забыла яе прозьвішча. Па прафэсіі была яна настаўніцай рускай літаратуры. Цэлыя доўгія вершаваныя творы яна знала напамяць. У дарозе яна мне іх дэклямавала й рабіла да-клады зь літаратуры. Ад яе я многа навучылася й пачула цікавага. Яна была таксама вельмі прыгожая. Паходзіла з Кіева. У тым часе запрыязьнілася я таксама з жонкай Бухарына . Яна добра ведала ангельскую мову, якой я пачала вучыцца будучы ў Нямеччыне. Калі мяне арыштавалі, больш усяго шкада мне было перарваных лекцыяў гэтай мовы. Вось гуляючы па лагеры з гэтай жанчынай гутарылі мы па-ангельску, але толькі тады, як нас ніхто ня чуў. Калі хто да нас прыбліжаўся, адразу гутарку спынялі. Вучыцца ў лагеры ў тым часе чужой мовы нельга было — забаранялі. Да гэтай жанчыны прыяжджала дачка з Масквы, але пабачыцца не дазволілі. Хтось паведаміў матку што ёсьць дачка за зонай. Вось яна ўлезла на страху барака й здалёк яе пабачыла. Вельмі ахвотна займалася са мною праўдзівая Ангелька, таксама з вышэйшай адукацыяй, але на маё няшчасьце, як толькі пачынала я вучыцца, адразу перарываў мне вучобу страшны боль галавы. А я так да яе рвалася, бо не хацела дарма траціць часу ў лагеры! Брала кніжкі ў бібліятэцы, але чытаць мне таксама было цяжка. Робячы 24 км. за дзень, ды яшчэ ў зваротнай дарозе з калодкай на сьпіне, я вельмі мучылася. Яда ў гэтым лагеры была яшчэ горшая, чым у папярэднім, а нейкі час мы зусім галадалі, бо не давезьлі прадуктаў. Не хапіла хлеба й бульбы. Давалі нейкую мутную поліўку тры разы ў дзень і кавалачак хлеба поўнага калючых асьцюкоў. Голад дакучаў страшна. Кладучыся спаць усьміхалася я да сябе ў духу, што пасьля ночы дастану зноў поліўкі й кавалачак калючага хлеба.
У гэтым лагеры перажыла я штось і вельмі прыемнае. Аднойчы, прыйшоўшы з працы, кінулася я змучаная на нары, каб адпачыць, але ня доўга ляжала. Нейкая сіла сарвала мяне з нар і накіравала ў санчасьць, у якой ніхто мяне ня знаў; бо як я раней пісала, дала сабе слова не хадзіць туды дарма. Цяпер увайшла я, гляджу, сядзіць некалькі чалавек у ёй, а між імі нейкі вайсковы, ахвіцэр. Падышла я да яго й кажу: „Гражданин доктор (адкуль я ведала, што гэта доктар, ня ведаю), я не больная, но очень устала и прошу мне дать один день отдыха”.
Доктар сказаў мне разьдзецца, выслухаў мяне й адазваўся: „Вы просіце адзін дзень оддыха, а я вам даю яго два тыдні”. Падумала я, што ён сабе зь мяне жартуе й не магла нічога зразумець. Як гэта ёсьць, калі я была сапраўды хворая, не давалі мне аднаго дня вольнага, а тут кажа адпачываць два тыдні! Гляджу на яго й вушам ня веру, не кранаюся зь месца. А ён кажа: „Адзявайцеся й заўтра на работу не выходзьце!”
Вярнулася я ў барак і расказала пані Ірэне Гузар (яна цяпер жыве ў Польшчы) аб тым, што мяне спаткала ў санчасьці. Гавару: „Сама ня ведаю, выходзіць мне заўтра на работу, ці не? Пасьмяяліся нада мною ў санчасьці, ці сапраўды далі „оддых?” А яна кажа: „Сёньня ўсіх слабейшых клікалі ў санчасьць і давалі два тыдні апдачынку, так што й вам далі — на работу заўтра можаце не выходзіць.”
А я нічога аб гэтым ня ведала. Хто мне падказаў пайсьці тады да лекара, якая сіла сарвала з нараў і завяла ў санчасьць?
Была вясна, прыгожая пагода, а я адпачывала. Сядзела перад баракам на сонцы й нічога не рабіла. У тым часе атрымала першую пасылку ад цёці Гэлькі, у якой была цёплая хустка, лыжка, сала й сухаркі. Адпачынак і пачка мяне падтрымалі. Пасьля двух тыдняў прадоўжылі мой адпачынак яшчэ на столькі-ж часу.
У гэтым лагеры пазнаёмілася я з Анеляй Дзевульскай , дачкой прафэсара Віленскага унівэрсытэту, вельмі прыгожай і добрай жанчынай. Асабліва цярпліва пераносіла яна ўсе цяжкасьці лагернага жыцьця. Пазнала Галіну Кобяк з Баранавіч, якая як і я хварэла гіпэртаніяй і не дачакалася волі. У лагеры памерла. Зь ёй я была вельмі блізка й пасьля яе сьмерці вельмі перажывала й плакала. Запрыязьнілася я тут з савецкай Беларускай-географам Марыяй Івановай , асуджанай на 25 гадоў лагера. Яна нягледзячы на гэта не расставалася з партрэтам Сталіна!
Пасьля адпачынку пачала я зноў цяжка працаваць. Вясна хутка мінула й настала гарачае лета. Лета на Сібіры страшнае, бо зь яго прыходам паяўляюцца камары й машкара, ад якой густое паветра. Выходзячы з барака трэба надзяваць на галаву накамарнік, а ўсё роўна машкара праз малыя дзірачкі пераходзіць і кусае так моцна, так балюча. Укушанае месца пачынае пячы, чырванець і пухнуць. І хадзілі мы з апухлымі тварамі, рукамі, нагамі. А жара невыносная. Хацелася піць, а вады не было. Усе мы ў штанах доўгіх, рубашках з доўгімі рукавамі і ў велізарных камашах на гумовай падэшве, якія з ног спадалі. Нам заўсёды прывозілі боты прызначаныя для мужчын, а да мужчын траплялі малыя жаночыя нумары. Яны мучыліся ў цесным абутку, а мы ў завялікім (я едучы з лагера дамоў спаткала мужчын, яны мне расказалі, як іх абувалі). Каб машкару адагнаць, плялі мы з галінак дрэў вянкі й надзявалі іх на галаву. Ідучы так пяцёркамі я часта думала, чаму нас ніхто не сфільмуе і ў кіно не пакажа. Ці хто ўяўляе, як мы выглядалі?
Былі ў нашым лагеры манашкі, якія працаваць адказаліся. Гаварылі: „Не будзем працаваць на сатану.” Саджалі іх у карцар, мучылі, і гэта нічога не памагала. Стражнікамі былі людзі спэцыяльна вышкаленыя — садысты, якім прыемнасьць давала зьдзекавацца над безабароннымі. Помню, як вывелі з карцара манашку з кайданамі на руках і далучылі да нашай брыгады. Старой яна ўжо была. Пайшла з намі ў лес, а працаваць не хацела. Стражнік пастанавіў прымусіць яе да работы. Пачаў над ёю зьдзекавацца. У лесе было многа машкары й камароў, а ён загадаў ёй зьняць кашулю, накамарнік, узяць у рукі калодку й хадзіць па пляцы ўкруг. Адразу на голую сьпіну манашкі насела машкара й так пакусала, што пайшла кроў, а яна не магла яе адагнаць, бо мела занятыя рукі. Хадзіла толькі й паўтарала: „Господи, прости ему”. Наканец упала. Тады паклікаў мяне стражнік да сябе й прыказаў падняць манашку на ногі, гаворачы: „Калі ты гэтага ня зробіш, сама будзеш хадзіць, як яна, разьдзетая”. Чаму ён мяне выбраў, ня ведаю, відаць не падабалася яму, што была адна з найслабейшых. Пачала я прасіць бабку, каб мяне пашкадавала й даўжэй не ўпіралася. Нічога не памагло. Тады стражнік загадаў усім разысьціся на бакі, паставіў бабку пад дрэва й накіраваў проціў яе ружжо. Выстраліў, але ўбок, і старушкі не застрэліў, асталася жывая, ды працаваць не пачала.
Часта стражнікі, ідучы з намі дарогай, калі мы несьлі на сьпінах калодкі, прыказвалі затрымацца, зьняць накамарнікі, трымаць у руках калодкі — любаваліся, як нас абсядала машкара й кусала, а мы не маглі бараніцца. А было невыносна горача, паліла сонца й страшэнна хацелася нам піць, а мне да таго-ж так балела галава!
Аднойчы пайшлі мы ў лес па дровы ўжо напілаваныя. Трэба было ўзяць па калодцы й несьці яе назад на плячах. Калі мы прыйшлі на месца, мацнейшыя жанчыны кінуліся да кучы дроў і выбралі сабе калодкі лягчэйшыя. Я, слабая, дабілася да кучы апошняя й асталася для мяне самая цяжкая калода. Зразумела, што я зь ёй адставала па дарозе ад іншых. Заўважыўшы гэта вартаўнік пачаў мяне падганяць. Біў ён мяне па галаве, пагражаў, што застрэліць, ды нічога не памагала. Усьцяж я была ззаду. Калі наканец дайшлі мы да лагера і ўсе жанчыны свае калодкі з плячэй скінулі, вартаўнік загадаў мне з калодкай прайсьці некалькі разоў кругом двара, на каторым я страціла прытомнасьць і ўпала.
Калісь зноў загадалі нам ісьці па муку на станцыю адлеглую ад лагера 7 км. Аграмадныя мяхі з мукой трэба было перавесіць па палку і ўзяць на плечы дзьвюм асобам. Я ніяк не магла крануць мяшка з месца. Ізноў вартаўнік біў мяне па галаве й штурхаў, крычаў з усяе сілы, ды нічога не памагала. Я мяшка не скранула. І адчувала я сябе тады вельмі кепска —мела свой час. Калі прыйшлі ў лагер, вартаўнік заявіў начальству, што я адказалася ад работы. Загадалі пасадзіць мяне ў карцар. Аказаўся людзкім вартаўнік, які мяне вёў у карцар. Калі адчыняў дзьверы карцара, я сказала: „Я такая хворая, мне так страшна галава баліць, і маю свой час сёньня”. Чуючы гэта, павярнуў ён са мною й пайшоў у санчасьць праверыць, ці гавару я праўду. Там паверылі й адпусьцілі мяне.
З гэтага лагера, пасьля некалькімесячнага „отдыха” паслалі мяне зноў на лесапавал, але там не была я доўга й трапіла ў лагер, дзе шчыпалі сьлюду. Работа гэта была лягчэйшая, але вельмі нездаровая, бо трэба было цэлы дзень і наперамен цэлую ноч дыхаць пылам. Працавалі мы на дзьве зьмены. Адзін тыдзень ноччу, адзін удзень. Сьвятаў ніякіх ня зналі. Спалі мала, бо пасьля начной працы заўсёды знаходзілі нейкую дзённую работу. Трэба было то разгружаць вагоны, то йсьці ў гарнізон мыць падлогі ці пілаваць дровы, то зноў сьнег адкідаць. Ах, гэты гарнізон, як ён надаеў мне! Часамі ў нядзелю брыгада адпачывала, але не я. У нядзелі палілі лазьню для гарнізона й трэба было заўсёды паслаць некалькі чалавек туды. Брыгадзірка пачынала назначаць работнікаў да гэтай працы ад мяне, бо я ня мела пасылак, не дзялілася зь ёй імі й не ўмела так, як іншыя, бараніцца. А работа была такая: напілаваць дроў, насячы іх і выцягнуць са студні абмерзлым вядром вады ды напоўніць тры аграмадныя кадзі. Студня была так абледзянелая й то пры самай зямлі, што было страшна над ёй стаяць. Можна было лёгка пасьлізнуцца і ўляцець у ваду. Шост быў таксама абледзянелы й сьлізкі. Выцягнутае вядро падымалася ўверх, а там стаяла жанчына пры карытцы і ўлівала ў яго ваду. Рукавіцы былі замерзлыя, рукі халодныя, бушлат абледзянелы, валёнкі таксама, з носа лілося, вейкі склееныя. Працавалі так ад раніцы да позьняй ночы. Такая была мая кожная нядзеля. Галаўны боль мацнеў. Людзі паміралі раптоўнай сьмерцяй. Толькі й чуваць было расказы аб чыёйсьці сьмерці. Адна жанчына пачала сьнег адкідаць і ўпала мёртвая, другая нагнулася падлогу мыць і павалілася. Трэцяя несла дровы й не данесла да барака, чацьвертая везучы ваду ў бочцы, падперла сабой пахіленую бочку і ўпала, пятая шчыпаючы сьлюду памерла... І так без канца. Памерла й мая прыяцелька Галіна Кобяк, якая тэрмін ужо канчала й да дзяцей у Баранавічы зьбіралася. Яе сьмерць была для мяне вялікім ударам. Мне вельмі шкада было прыгожай Літоўкі, якая мела толькі 5 гадоў тэрміну й канчала ўжо адседжваць. За ўвесь час ня мела сувязі з бацькамі, і толькі пад канец тэрміну знайшла іх. Вось яна ў час работы на сьлюдзе аслабела, павялі яе ў санчасьць і там адразу яна памерла.
Наведвалі нас розныя эпідэміі, як грып й дэзынтэрыя. Хварэла я адной і другой.
Помню, пачалі ў нас хварэць грыпам. Кожную хворую разам зь яе пасьцеляй забіралі з барака. І так, калі я захварэла, сказалі ўзяць свой сяньнік і выйсьці з барака. Павялі мяне ў гігіенічную палату, у якой адна пры адной па падлозе, як селядцы ў бочцы, ляжалі хворыя. Не было там дзе й ступіць, а на мяне крычаць: „Ложись!” Дзе легчы, адна на другую? Я стаю з высокай тэмпэратурай, а нада мной ізноў крычаць: „Кладись”. Наканец паклалі мяне на стале. Збівалі нам тэмпэратуру парашкамі й адразу выпісвалі. Ах, як тады мне галава балела, а я ўсё ня ведала ад чаго.
У часе начной працы на сьлюдзе некаторыя вартаўнікі пазвалялі нам сьпяваць. Сьпявалі пераважна Украінкі. Некаторыя мелі цудоўныя галасы. Як я любіла гэты сьпеў, як прыемна было працаваць тады! Сьпявалі розныя песьні вядомыя й новыя, складзеныя вязьнямі, у якіх расказвалі аб сваёй цяжкай долі ці выражалі тугу за бацькамі й родным домам. Ніхто з нас не спадзяваўся пабачыцца з роднымі. Хаця між намі й хадзілі розныя „парашы” (погаласкі) аб амністыі, аб нейкіх зьменах у Савецкім Саюзе. Толькі такая зьмена магла нам прынесьці волю. Інакш нічога добрага нельга было спадзявацца. Крыміналісты часта мелі амністыю. Для іх былі іншыя законы, чым для палітычных. Парашы крыху й падтрымлівалі нас на духу.
Спаткаць можна было ў лагеры вельмі цікавых і вартасных людзей, але што з гэтага, як нас бесперарыўна перакідалі зь месца на месца, як не з аднаго лагера ў другі, то хоць муселі перамяніць баракі! І так, бывала, вернемся з работы, а тут нам кажуць браць свае рэчы й пераходзіць у іншы барак.
У кожным бараку былі месцы лепшыя й горшыя. Напрыклад блізка парашы ніхто спаць не хацеў. Вось пачуўшы, што перасяляюць у іншы барак хапалі свае рэчы й беглі, як найхутчэй, каб заняць лепшае месца. Зразумела, мацнейшыя былі першымі. Калі і ўдалося часам дабегчы раней, чым іншыя й заняць сабе лепшае месца, то ўсёроўна на ім я доўга не затрымалася. Прыбегла блатная й выгнала. А так важна было, побач каго чалавек спаў. Калі й трапіў нехта па сэрцы, то доўга зь ім не пабыў, бо зноў пры замене баракаў разлучыўся. І таксама часта перакідалі з аднаго лагера ў іншы. Тады з прыяцелямі наагул расставаліся.
Не ўсе ў лагеры працавалі цяжка. Лёгкай была праца ў бібліятэцы, у капцёрцы, санчасьці, гігіенічнай комнаце, брыгадзіра і г.д. Тых, якія працавалі на работах лёгкіх, называлі ў лагеры прыдуркамі. Яны адчувалі сябе лепшымі ад іншых. Хадзілі лепш апранутымі, лепш чым мы елі й лепш выглядалі. Былі імі пераважна тыя, якія займаліся даносамі, або мелі добрыя пасылкі й маглі, як кажуць, падмазаць, дзе трэба.
Спатыкалася ў лагеры й закаханыя адна ў вадной жанчыны. Адна зь іх была падобная да мужчыны, мела й валасы падстрыжаныя так як мужчына й так як мужчына хадзіла толькі ў штанах, курыла, а другая была далікатная, жаноцкая. Жанчын-мужчын было менш у лагеры й мелі яны вялікае паводжаньне. Часта зьмянялі сваіх партнёрак. Пакінутыя вельмі перажывалі, прабавалі пакончыць самагубствам, а адна, вельмі прыгожая і, здавалася, інтэлігентная Латышка пакінутая так „кабёлам” звар’явала.
Калі я працавала на сьлюдзе, мая гіпэртанія разьвівалася й галаўны боль усільваўся. А мяне ўсё парашкамі кармілі і з працы не звальнялі. Прымала я парашкі ад болю галавы па некалькі раз у дзень, а яны не памагалі. Часам кроку не магла ступіць, так у галаву калола. Галавой павярнуць не магла, а калі хто да мяне гаварыў, я паварочвалася да яго цэлым тулавам. Пасылак я не атрымлівала, пісала да цёткі Гэлькі, каб нічога не прысылала, бо мне ўсяго хапае. А тымчасам была такая галодная, што калі павялі ў гарнізон мыць падлогі і ўбачыла ў брудным вядры плаваючыя лісткі капусты, то падышла да гэтага вядра, выбірала лісты й ела. Мне ўсёроўна было, што ў гэтым вядры знаходзілася, пляваў у яго хто ці іншае рабіў.
Аднаго разу прыехалі да нас вязьні з Казахстана, з лагера, дзе знаходзілася Вэра. Між імі былі Вэрыны сяброўкі. Вось яны пабачыўшы, у якім я знаходжуся стане, напісалі лісты Вэры й Франку. Вэра тады працавала ў пашывачнай і паводзілася ёй лепш, чым мне. Адразу прыйшла ад яе пасылка, а ад Франка грошы. Магла я купіць сабе мёду й ён мяне падтрымаў.
Раней чым прыехалі да нас Вэрыны сяброўкі, даведалася я ад цёці Гэлькі, што памёр Славік. Прадчувала я гэта па сваіх снах. Усьцяж бачыла Вэру адну й такую сумную ды зьбяднелую. Калі я яе пытала дзе Славік, яна не магла вымавіць слова „памёр”. Паўтарала толькі: „Славік, Славік...” і я дагадвалася, што зь ім сталася. Атрымаўшы ліст з такой весткай у час абедзеннага перарыву, я пачала вар’яцець. Да крыві падзерла сабе твар і рукі. Нагаварыла Бог ведае што надзіральніцы, да такой ступені разышлася, што мяне хацелі пасадзіць у карцар. Але быў добры нейкі начальнік, калі прывялі мяне да яго й я расказала, чаму я так зрабіла, сказаў паказаць атрыманы ліст і адпусьціў мяне. Ад таго часу адносіўся да мяне зь вялікай сымпатыяй. Калі толькі прыходзіў у барак, заўсёды пытаўся, ці перастала я ўжо плакаць.
У часе працы на сьлюдзе нам часта чыталі газэту. Вось аднойчы чытаюць, як камсамольцы дабравольна паехалі ў Сібір на Ангару й пабудавалі электрастанцыю над ракой. Пачуўшы пра гэта ў цэху паўстаў вялікі шум і крыкі: „Якія камсамольцы там будавалі! Гэта мы там былі, там працавалі й мучыліся! Колькі там загінула нявінных вязьняў!”
Наш лагер знаходзіўся недалёка ад Ангары й многа жанчын над гэтай ракой працавала пры пабудове электрастанцыі.
Аднойчы так мне разбалелася галава, што я зусім не магла працаваць. Выйшла я й села перад цэхам. За мною выбегла брыгадзірка з крыкам, чаму не працую, а я й гаварыць не магу. Дабралася да санчасьці, дзе далі мне парашок. Праз гадзіну ці дзьве я зноў пайшла ў санчасьць па парашок. Якраз была там вольная доктар. Калі медсястра закрычала, што толькі што мне далі парашок, я сказала: „Мне-ж ён не памог, а я ад болю ўжо не магу вытрымаць”. Чуючы гэта доктар запыталася, ці мерылі мне калі-небудзь ціск крыві. На мой адмоўны адказ узяла яна апарат і зьмерыла мне ціск. Задрыжалі ў яе рукі, не магла знайсьці маёй карты хваробы, а калі знайшла, загадала мне йсьці ў барак легчы ў пасьцель і не выходзіць заўтра на работу. Чуючы, што я сьплю на верхніх нарах і не магу на іх узьлезьці, прыказала прывесьці брыгадзіра. Загадала ёй даць мне месца на ніжніх нарах. Брыгадзір сказала, што на ніжніх нарах сьпяць толькі хворыя ды інваліды. На гэта доктар адказала: „Знаю вашу брыгаду, у вас толькі адна цяжка хворая — гэта Катковіч”.
Ноччу я мела ўражаньне, што на мяне нехта наваліўся й душыць. Хутка пасьля гэтага адаслалі мяне ў шпіталь, у якім прабыла я два месяцы, і вярнулася з IV катэгорыяй інваліднасьці. І так з першай катэгорыі пераскочыла я адразу ў чацьвёртую, каторую павінна была мець адразу пасьля прыезду ў лагер. А я тры гады так цяжка працавала будучы хворай-інвалідам! Які быў у мяне тады ціск крыві, калі першы раз мерыла яго доктар, ня ведаю, мне не сказалі. Раз толькі падгледзела, як запісалі 250/140.
Яшчэ калі я мела катэгорыю першую й працавала на сьлюдзе, кожную восень вазілі нас на сельхоз выбіраць бульбу. Калі я ехала туды першы раз, сказалі нам узяць з сабою пустыя сяньнікі. Прыехаўшы на сельхоз загадалі нам іх здаць, каб набіць саломай. Калі іх набілі, усе жанчыны кінуліся да сяньнікоў і хапалі, які папала, а я, наіўная, думала, што кожны свой бярэ, бегала ад аднаго да другога свой шукаючы. Пакуль я так шукала, усе расхапілі, а я асталася без сяньніка. Панесьлі ўсе свае сяньнікі ў будынак, а я ня мела што несьці. Занялі ўсю падлогу, а для мяне не было там месца й стаячага нават. Завяла тады мяне брыгадзірка ў пражарку, дзе вешалі мокрыя бушлаты й валёнкі, усю завешаную. Ад пары было душна й мляўка. Пасьля цэлага дня працы на полі праводзіла я ноч на голай зямлі ў душнай пражарцы, сярод мокрых бушлатаў і валёнкаў. Выбіралі бульбу заўсёды позьняй восеньню, калі ўжо сьнег пачынаў падаць. Выбраная бульба адразу ў нашых пальцах мерзла й ніколі мы ня елі яе такой, як быць павінна. Працавалі ад цямна да цямна. Вярнуўшыся, ня мелі чым рук памыць і мылі іх сьнегам. Выбіралі бульбу рукамі. Давалі кожнаму баразну й нельга было адстаць ад іншых. Брыгадзірка ішла ззаду й правярала, ці чыста выбіраем. Былі мы такія галодныя, што на полі елі сырую бульбу.
Будучы ў шпіталі мы таксама працавалі. Хадзілі ноччу на кухню чысьціць бульбу. Там зьела я кавалак рыбы й атруцілася. Ледзь мяне адратавалі. Пампавалі жывот, мела высокую тэмпэратуру, была амаль непрытомная. У шпіталі я часта размаўляла з пажылой жанчынай, якая асабіста знала Леніна й была калісь вялікай рэвалюцыянеркай. Паходзіла зь Ленінграда. Расказвала мне вельмі многа цікавага. Сядзела яна другі тэрмін.
Пасьля шпіталя пачала я працаваць у хлебарэзцы. Там мела хоць пад дастаткам хлеба й цукру. Але так было толькі сем месяцаў. Пасьля перавялі мяне ў другі лагер і зноў трапіла на сьлюду. У гэтым часе пазнаёмілася я з паняй Гражынай Ліпінскай , Марыяй Герман , Украінкай Мыссак . З паняй Гражынай пры адным стале сядзела на сьлюдзе. Гэта была вельмі цікавая Полька, інжынер па прафэсіі. Цяпер яна жыве ў Варшаве. Пані Герман паходзіла зь Вільні. Вельмі кепска яна чула, але мела фэнамэнальную памяць. Умела яна вельмі прыгожа пераказваць кнігі, якія калісьці прачытала. Знала напамяць шмат беларускіх вершаў. Спалі мы на адных нарах — яна зьнізу, а я наверсе. Яна была пасьля вызваленьня ў Хыліцах, у доме састарэлых, там і памерла.
Пасьля сьмерці Сталіна ўсе мы пачалі пісаць жалабы. У лагеры палепшылі ўмовы жыцьця. Пачалі плаціць нам грошы, палепшылі харчаваньне, а хлеба мы мелі аж замнога. Арганізвалі нам розныя кружкі — шыцьця й кройкі, навучаньня чужых моваў, вязаньня і г.д. У крамах можна было купіць нешта з харчоў.
Пачалі звальняць з лагера. Найперш выпусцілі ўсіх Немцаў. Пасьля па чарзе й нас вызывалі й дахаты адпускалі.
Дачакалася й я вызваленьня. Месяцам раней атрымала тэлеграму ад Вэры, што едзе дамоў. Мне аб’явілі свабоду на другі дзень Каляд 1955 г. Звольнілі „со снятием судимости и поражэния в правах”. Новы год 1956 спатыкала я ў цягніку ў выгадным вагоне з месцам да спаньня, бо мела я грошы й магла сабе такое месца купіць. Не вярнулася-б я дамоў, каб не цётка Гэлька. Яна прыслала спраўку з сельсавета, што бярэ мяне на сваё ўтрыманьне. Колькі было людзей, якія пасьля вызваленьня ня мелі куды ехаць! Былі старушкі, якія мелі на волі дзяцей, а іх прыняць не хацелі. І яны муселі да канца жыцьця астацца ў Сібіры. Трэба было бачыць іх роспач! Выракаліся іх родныя дзеці, за якімі яны доўгімі гадамі тужылі!
Прыехала я ў Будслаў ноччу. Не хацела чакаць на станцыі да раніцы, дык пакінула ў нейкай хаце свой вузялок і направілася ў мястэчка. Было цёмна й я зьбілася з дарогі. Пайшла полем па пояс у сьнезе. Ад станцыі да мястэчка было 3 кілямэтры. Я зайшла далёка, аж за двор Аскеркі. У канцы канцоў дабралася й да мястэчка. Праходзячы міма касьцёла затрымалася пры ім, увайшла на высокі ганак і ўкленчыла на ім сярод цё