|
Даведнік
Рыгор Шырма – харавы дырыжор, фальклярыст, грамадзкі дзеяч. Нар. 20.01.1892 г.ув. Шакуны, Пружанскагапавету.Актыўнаўключыўся ў беларускі рух у 1922 г., дзейнічаў у Беларускім Выбарчым Камітэце. Пасьля стаў настаўнікам сьпеву ў Віленскай Беларускай Гімназіі, выхавацелем у інтэрнаце гімназіі. Грамадзка працаваў у Таварыстве Беларускай Школы. Выдаваў зборнікі беларускіх песьняў. Стварыў ікіраваў двума хорамі ў Вільні: вучнёўскім пры гімназіі ды студэнцкім. Двойчы быў арыштаваны польскімі ўладамі. Пасьля вайны жыў у БССР, праяўляў вялікую грамадзкую й прафэсійную актыўнасьць. Памёр 23.03.1978 г.
Паўліна Мядзёлка – грамадзкая дзеячка, артыстка, настаўніца. Нар. 24.09.1893 г. у Будславе. Зьвязалася зь беларускім рухам у Вільні ў 1909 г., дзе закончыла жаночую гімназію. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Пецярбурзе. Была настаўніцай ды арганізатаркай беларускіх школаў у 1917-1920 гадах, вельмі актыўнай на палітычнай і грамадзкай ніве. За сваю дзейнасьць была арыштавана польскімі і латышскімі ўладамі. У 1925 г. пераехала з Латвіі ў БССР. У 1930 г. была арыштавана йвыслана за межы Беларусі. У 1947 г. вярнулася ў родны Будслаў, працавала настаўніцай. Памерла 13.02.1974 г.
Эдвард Будзька – грамадзкі дзеяч, паэт, публіцыст. Нар. 22.03.1882 г. у Будславе. З 1906 г. пастаянна друкаваўся ў „Нашай Ніве”. У 1918 г. быў адным з арганізатараў у родным Будславе беларускай гімназіі. Падчас нямецкай акупацыі працаваў настаўнікам у Менску й Баранавічах. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім жыцьці на эміграцыі. Памёр у ЗША 14.08.1958 г.
Віленская Беларуская Гімназія – адна зь першых беларускіх сярэдніх школаў. Яе арганізатарам быў Іван Луцкевіч. Рэгулярныя заняткі ў школе пачаліся 1 лютага 1919 г. Нягледзячы на ўсялякія перашкоды з боку розных уладаў — перад усім польскіх і савецкіх, школа была галоўнай кузьняй беларускай інтэлігенцыі Заходняй Беларусі. Некалькі разоў была мяняна яесядзіба дыюрыдычны, эдукацыйны статус. Дзейнічала да чэрвеня 1944 г. Ад некалькіх гадоў пераймальнікам яе традыцыі зьяўляецца беларуская сярэдняя школа ім. Францішка Скарыны.
Натальля Бэнцлебен – настаўніца нямецкай мовы ў Віленскай Беларускай Гімназіі. Перад ІІ сусьветнай вайной жыла ў Вільні па вул. Антокаль.
Аляксандар Міхалевіч – юрыст, настаўнік лацінскай і нямецкай моваў у Віленскай Беларускай Гімназіі. Нейкі час быў яе дырэктарам. Прыняў духоўны стан – стаў бацюшкай. У час нямецкай акупацыі быў настаяцелем прыходу ў Заходняй Беларусі. Пахаваны на Сьвята-Эўфрасіньнеўскіх могілках у Вільні.
Алёна Сакалова-Леканд – шматгадовая настаўніца (у 1919-1944 гг.) беларускай мовы ў Віленскай Беларускай Гімназіі. Адна з пачынальнікаў беларускага школьніцтва ды ініцыятараў пакліканьня ВБГ. Да арышту жыла ў Вільні па вул. Вострабрамскай 8. Пасьля 1944 г. рэпрэсіраваная савецкімі ворганамі бесьпекі, засуджана на 6 гадоў зьняволеньня ў лагеры. У палове пяцідзесятых гадоў вярнулася ў Вільню. Памерла ў 1960 г. Пахавана на Сьвята-Эўфрасіньнеўскіх могілках у Вільні.
Адольфова – настаўніца геаграфіі ў Віленскай Беларускай Гімназіі.
Кшэменёва – настаўніца польскай мовы ў Віленскай Беларускай Гімназіі.
Радаслаў Астроўскі – грамадзкі дзеяч, настаўнік. Нар. 6.11.1887 г. у фальварку Запольле, Слуцкага павету. Арганізатар Беларускай Слуцкай Гімназіі.У 1924-1936 гг. быў дырэктарам Віленскай Беларускай Гімназіі, з 1928 г. па 1936 г. прапагандаваў ідэі супрацоўніцтва з санацыяй. З кастрычніка 1941 г. быў бурмістрам у Смаленску, Бранску, Магілёве. У сьнежні 1943 г. стаў прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады. З 1956 г. жыў у ЗША. Быў галоўным ідэалёгам „бэцээраўскай” плыні беларускай палітычнай эміграцыі. Памёр 17.10.1976 г.
Галя Швэд – вучаніца Віленскай Беларускай Гімназіі.
Галя Міхалевіч – вучаніца Віленскай Беларускай Гімназіі. Яе бацька быў настаўнікам у гэтай школе.
Раіса Падабед – вучаніца Віленскай Беларускай Гімназіі.
Ніна Прахаровіч – вучаніца Віленскай Беларускай Гімназіі.
Кіра Гаўрыловіч – вучаніца Віленскай Беларускай Гімназіі.
Ганна Карпюк – вучаніца Віленскай Беларускай Гімназіі.
Шура Жыткевіч – вучань Віленскай Беларускай Гімназіі.
Сьвятаслаў Коўш – рэлігійна-грамадзкі дзеяч, пісьменьнік. Нар. 25.12.1916 г. у Разані, дзе падчас бежанства прабывала сям’я. Сын сьвята-ра Аляксандра Коўша. Выпускнік Віленскай Беларускай Гімназіі (1934). Вучыўся на юрыдычным факультэце Віленскага Унівэрсытэту. Член Беларускага Студэнцкага Саюзу. У час нямецкай акупацыі быў старшынёй павету ў Клецку. Пасьля вайны арганізаваў між іншымі Беларускую Гімназію й пачатковую школу ў лагеры ў Ватэнштаце (Нямеччына). З 1949 г. жыў у ЗША. 6.02.1969 г. высьвячаны ў сьвятары, быў настаяцелем многіх праваслаўных беларускіх прыходаў. У 1977 г. стаў адміністратарам праваслаўных беларускіх прыходаў ЗША й Канады, якія падлягаюць юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату. Рэдагаваў праваслаўны часопіс „Царкоўны Сьветач” (1976-1988). Памёр 5.11.1997 г. у Саўт-Рывэры.
Васіль Грузд – вучань Віленскай Беларускай Гімназіі. Пакінуў навуку й нелегальна перайшоў у СССР, дзе загінуў.
Кастусь Касяк – вучань Віленскай Беларускай Гімназіі. Пасьля ІІ сусьветнай вайны загінуў у Вялейцы. Паводле іншых зьвестак — па даносе Палякаў,расстраляны Немцамі ў 1943 г.
Уладзімір Шавель – вучань Віленскай Беларускай Гімназіі, пасьля быў студэнтам юрыдычнага факультэту Віленскага Унівэрсытэту. У 1943 г. стаў камэндантам паліцыі Менскай акругі. Увосені 1943 г. загінуў у ня-высьветленых акалічнасьцях. Язэп Малецкі свае ўспаміны („Пад знакам Пагоні”, Таронта 1976) прысьвяціў між іншым ягонай памяці.
Чэсь і Герэк Мядзёлкі – стрыечныя браты Анелі Катковіч. Адзін год вучыліся ў Віленскай Беларускай Гімназіі.
Чэсь Мядзёлка — нар. у 1911 г. Перад вайной працаваў бухгальтарам у Лунінцы. Пасьля вайны жыў у Польшчы. Памёр у 1995 г. у Длугалэнцы каля Ўроцлава.
Герэк Мядзёлка — нар. у 1917 г. Закончыў чыгуначную школу ў Лу-нінцы. Пасьля вайны жыў у Польшчы, працаваў у „Pafawag” (фабрыка чыгуначных вагонаў) ва Ўроцлаве. Памёр ва Ўроцлаве ў 1968 г.
Часлаў Васілевіч – вучань Віленскай Беларускай Гімназіі, з Будслава. У 1939 г. пасьля прыходу савецкай улады быў арыштаваны, загінуў.
Люня і Ірка Будзькі – грамадзкія дзеячкі, настаўніцы.
Людвіка Будзька (па мужу Бяленіс) – дачка Эдварда Будзькі. Выпускніца Віленскай Беларускай Гімназіі, Віленскага Унівэрсытэту. У 1939-1941 гг. працавала настаўніцай у Будславе. Пасьля ІІ сусьветнай вайны ў эміграцыі. У 50-тыя гады выйшла замуж за беларускага грамадзкага дзеяча Антона Бяленіса. Жыве ў ЗША. Супрацоўнічала з газэтай „Беларус”.
Ірэна Будзька (па мужу Пануцэвіч) – дачка Эдварда Будзькі. Выпускніца Віленскай Беларускай Гімназіі, Віленскага Унівэрсытэту. Перад ІІ сусьветнай вайной выйшла замуж за Вацлава Папуцэвіча (актыўнага грамадзкага дзеяча, настаўніка. У 1944 г. памяняў ён прозьвішча на Пануцэвіч). У 1939-1941 гг. разам з мужам працавала настаўніцай у Будславе. Пасьля ІІ сусьветнай вайны ў эміграцыі. Была настаўніцай прыродаведы ў Беларускай Гімназіі ім. Максіма Багдановіча ў Нямеччыне. Жыве ў ЗША.
Часлаў Будзька – грамадзкі дзеяч, настаўнік. Нар. 29.06.1913 г. у Ві-льні. Сын Эдварда Будзькі. Закончыў Віленскую Беларускую Гімназію, гістарычны факультэт Віленскага Унівэрсытэту. Дзейнічаў у Беларускім Студэнцкім Саюзе. Ня маючы магчымасьці дастаць працу на бацькаў-шчыне, з прычыны сваёй нацыянальнай прыналежнасьці й дзейнасьці выехаў у Варшаву, потым у Кельцы. Працаваў у каапэратыве „Społem”.У 1939-1941 гг. жыў у Вільні, працаваў у выдавецтве. У першых пасьляваенных гадах быў настаўнікам гісторыі й беларускай мовы ў Беларускай Гімназіі ім. М. Багдановіча ў Нямеччыне. Займаўся таксама выдавецкай дзейнасьцю. З 1951 г. жыў у ЗША, у Чыкага. Памёр 15.08.1985 г.
Людміла Жамойціна (па мужу Янкоўская) – сяброўка АнеліКатковіч. Нар. 9.06.1915 г. у сялянскай сям’іў в. Клімавічы, на Лідчыне. У 1937 г. закончыла Беларускую Віленскую Гімназію.Паступіла ў пэ-дагагічны інстытут, дзе атрымала у 1939 г. дыплём пэдагога. У гадах 1939-1941 працавала ў лідзкай беларускай дзесяцігодцы, у тым часе выйшла замуж. З 1941 па 1943 г. кіравала беларускай пачатковай школай у суседзтве роднай вёскі – Самашках. У 1943 г. выехала ў Вільню.З 1946 г. жыла ў Польшчы ў Любліне, а з 1956 г. у Варшаве. Працавала настаўніцай рускай мовы ў ліцэі ім. Ю. Славацкага. У Варшаве ўтры-моўвала з Анеляй цесныя кантакты. Памерла 3.01.1986 г.
Клецкая Беларуская Гімназія – заснавана па ініцыятыве беларускай грамадзкасьці ў 1924 г. Утрымлівалася дзякуючыдабрачынным ахвяраваньням і аплатам вучняў. Лік вучняў з кожным годам павялічваўся, у школьным годзе 1930/1931 налічвала 160 вучняў. У 1931 годзе школа была зьліквідавана польскімі ўладамі. Дырэктарам быў Р. Якубёнак.
Слава Арэнь – вучань. У 1931 г. пасьля ліквідацыі Клецкай Беларускай Гімназіі (дзе бацька быў настаўнікам) пачаў вучыцца ў Віленскай Беларускай Гімназіі. Арыштаваны польскай паліцыяй, пасьля выхаду на волю нелегальна перайшоў у СССР, дзе загінуў.
Кс. Адам Станкевіч – сьвятар, палітычны, рэлігійна-культурны дзеяч. Нар. 6.01.1892 г. у в. Арляняты, Ашмянскага павету. У 1914 г. скончыў Віленскую Каталіцкую Сэмінарыю. Як адзін зь першых ксяндзоў стаў ужываць беларускую мову ў набажэнствах. У 1922 г. быў абраны паслом у польскі Сойм. Быў ініцыятарам, кіраўніком, рэдактарам многіх беларускіх арганізацыяў, публікацыяў. Прасьледаваны польскімі ўладамі. Нямецкую акупацыю перажыў у Вільні, трымаючыся здаля ад акупацый-ных уладаў. У 1944 г. не падаўся ў эміграцыю, быў арыштаваны савецкімі ўладамі. Памёр у лагеры Тайшэт, Іркуцкай вобласьці 29.11.1949 г.
Вінцэнт Жук-Грышкевіч – грамадзка-палітычны дзеяч, настаўнік. Нар. 10.02.1903 г. у Будславе. Да часу ліквідацыі, вучыўся ў беларускай гімназіі ў Будславе, а пасьля ў Віленскай Беларускай Гімназіі, якую закончыў у 1922 г. Вышэйшую адукацыюзакончыў ва Унірэсытэце ў Празе ў 1926 г. У гадах 1927-1939 быў настаўнікам Віленскай Беларускай Гімназіі. Актыўны ўдзел прымаў у грамадзка-нацыянальным жыцьці. У канцы верасьня 1939 г. быў арыштаваны савецкімі ўладамі, зьняволены ў лагерах. У 1942 г. як польскі грамадзянін быў вызвалены, знайшоўся ў польскай арміі ген. В. Андэрса. Пасьля вайны, з 1950 г. жыў уКанадзе, актыўна ўдзельнічаў у нацыянальным руху. Быў старшынёй Рады БНР у гадах 1971-1982. Памёр 14.02.1989 г.
Антон Луцкевіч – нацыянальны дзеяч, настаўнік. Нар. 29.01.1884 г. у Шаўлях.Вышэйшую адукацыю пачаў у Пецярбурзе у 1902 г. Адзін з пачынальнікаў беларускага адраджэньня, між іншым заснавальнікаў „Нашай Долі”. У 1917 г. быў старшынёй Віленскай Беларускай Рады. На пасяджэньні Народнага Сакратарыяту БНР выступіў з прапановай абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Быў старшынёй Рады Народных Міністраў БНР, міністрам замежных спраў. У 1922 г. узначаліў у ВільніБеларускі Выбарчы Камітэт. У канцы 20-тых адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасьці. Вялікую актыўнасьць праяўляў у галіне культурна-публіцыстычнай. Між іншым быў старшынёй Беларускага Навуковага Таварыства, дырэктарам Беларускага Музэя ім. І. Луцкевіча. У канцы верасьня 1939 г. быў арыштаваны савецкімі ўладамі. Загінуў у вілейскай турме ў 1941 г. аболагеры ў Казахстане у 1946 г.
Мікола й Хведар Ільляшэвічы – настаўнікі, грамадзкія дзеячы.
Мікола Ільляшэвіч — нар. у 1903 г. у Пружане. Скончыў у 1923 г. Віленскую Беларускую Гімназію, а ў 1928 г. Унівэрсытэт у Празе. Публікаваў працы па гісторыі Беларусі. Рэдагаваў часопіс „Саха”. Быў выкладчыкам Віленскай Беларускай Гімназіі й Праваслаўнай Духоўнай Сэмінарыі. Памёр ад сухотаў 2.09.1934 г.
Хведар Ільляшэвіч — нар. 17.02.1910 г. у Вільні. Скончыў Віленскую Беларускую Гімназію, Віленскі Унівэрсытэт. Выкладаў беларускую мову ў Віленскай Беларускай Гімназіі. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім культурным жыцьці,друкаваўся ў беларускіх часопісах. Да 1939 г.былі выдадзены тры зборнікі ягоных вершаў. Двойчы арыштаваны польскімі ўладамі. У 1927 г. улады выкінулі яго з працы ў гімназіі. Жыў у Тапа-лянах каля Беластоку. Падчас нямецкай акупацыі ўзначаліў Беларускі Камітэт у Беластоку, рэдагаваў „Новую Дарогу”. Загінуў у аўтамабільнай катастрофе 7.11.1948 г.
Пётр Шчасны – настаўнік у Віленскай Беларускай Гімназіі. Паходзіў з Наваградчыны. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Вышэйшай Школе Гандлёвай у Варшаве. Валодаў мовамі: ангельскай, нямецкай, рускай, беларускай, польскай. Разам з Барысам Кітам у 1942 г. працаваў у сэмінарыі ў Паставах.
Леанід Барысаглебскі –фізык, настаўнік. Нар. 6.04.1912 г. у Пецяр-бурзе. Вучыўся ў Наваградзкай Беларускай Гімназіі. Атэстат сьпеласьці атрымаў у траўні 1931 г., потым вучыўся ў Віленскім Унівэрсытэце — які закончыў у 1938 г. Быў членам Беларускага Студэнцкага Саюзу. З 1944 г. быў выкладчыкам Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту ў Менску. Займаўся навуковай працай (распрацаваў рэлятывістычную тэорыю элемэнтарнай часьціны), у 1972 г. атрымаў званьне прафэсара.
Бырыс Кіта (Кіт) – матэматык, фізык, настаўнік, грамадзкі дзеяч. Член многіх навуковых таварыстваў ва ўсім сьвеце. Нар. 6.04.1910 г. у Пецярбурзе. У 1918 г. бацькі зь сям’ёй вярнуліся на бацкаўшчыну на Наваградчыну. Закончыў Наваградзкую Беларускую Гімназію у 1928 г., аў 1933 г. фізычна-матэматычны факультэт Віленскага Унівэрсытэту. Двойчы арыштаваны польскімі ўладамі. З 1931 г. быў выкладчыкам Віленскай Беларускай Гімназіі, а потым яе дырэктарам у 1939 г. З восені 1939 г. стаў дырэктарам адроджанай гімназіі ў Наваградку. Арганізаваў беларускія школы падчас нямецкай акупацыі. У 1944 г. быў арыштаваны гестапа, ад расстрэлу выратавалі яго былыя вучні. З 1949 г. жыў у ЗША. Зьяўляеццаадным з галоўных канструктараў амэрыканскай ракетнайі касмічнай тэхнікі. З 1972 г. жыве ў Нямеччыне.
Александровічова – настаўніца польскай мовы ў Віленскай Бела-рускай Гімназіі. Маці Станіслава Александровіча — гісторыка, прафэсара унівэрсытэтаў у Торуні й Беластоку.
Габрыеля Касіньская – настаўніца ў Віленскай Беларускай Гімназіі.
Глухоўскі – настаўнік у Віленскай Беларускай Гімназіі.
Міхал Заморын – настаўнік беларускай, рускай моваў, геаграфіі, гімнастыкі ўВіленскай Беларускай Гімназіі. Ва ўспамінах вучняў запамятаўся як „тып царскага ахвіцэра” ды найбольш „рускі” сярод настаўнікаў. Выехаў у Радашковічы, адкуль у 30-я гады ўцёк у СССР, там арыштаваны. Загінуў.
Язэп Шнаркевіч – з 1921 г. настаўнік Нясьвіжскай Беларускай Гімназіі. Быў кіраўніком беларускамоўных клясаў, выкладчыкам бела-рускай мовы, беларусазнаўства й сьпеваў. Пасьля 1924 г. (закрыцьця польскімі ўладамі гімназіі) працаваў настаўнікам у Віленскай Беларускай Гімназіі. Разам зжонкай Надзеяй пахаваны на віленскіх праваўслаўных Сьвята-Эўфрасіньнеўскіх могілках.
Мікола Анцукевіч – настаўнік у Віленскай Беларускай Гімназіі. Быў яе дырэктарам у перыяд, калі Вільня знаходзілася ў межах СССР ды ў пачатку нямецкай акупацыі.
Язэп Гапановіч – грамадзкі дзеяч, прадпрымальнік. Нар. 10.06.1883 г. у Будславе, Вілейскага павету. Перад І сусьветнай вайной выехаў у Вар-шаву, у 1912 г. быў членам Беларускага гуртка ў Варшаве. У пачатку20-тых гадоў дзеяч беларускай каапэрацыі на Віленшчыне. 15.07.1925 г. стаў намесьнікам старшыні Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Варшаве. Быў уласьнікам цагельні. Заснавальнік і старшыня Асьветнага Таварыства Беларусаў у Варшаве (1937-1939). Аплачваў памешканьне Таварыства па вул. Сьвентакшыскай 9/18. Дапамагаў незаможным беларускім студэнтам. Выдаў зборнік вершаў Станіслава Станкевіча (кнігара) “З майго ваконца” (Вільня 1928). Дзеяч Беларускага Камітэту ў Варшаве (1940-1944). Пасьля 1956 г. удзельнічаў у працы Варшаўскага аддзелу Беларускага Грамадзка-Культурнага Таварыства, хаця ня быў яго членам. Сьпяваў у хоры аддзелу БГКТ. Памёр 20.05.1961 г.
Эўгеніюш Паўкшта – польскі пісьменнік. Нар. 9.08.1916 г. у Вільні (паводле польскіх энцыкляпэдычных выданьняў). У час нямецкай акупацыі быў жаўнерам Арміі Краёвай. Пасьля вайны жыў у Польшчы. Між іншым аўтар кніжак: „Wszystkie barwy codzienności”, „Wrastanie”, „Pogranicze”, „Spowiedź Lucjana”. Памёр 21.05.1979 г.
Вітаўт Галавач – стрыечны брат Анелі Катковіч. У трыццатыя гады жыў у Вільні. Цяпер жыве ў ЗША, дзе пасьля ІІ сусьветнай вайны эміграваў.
Часлаў Ханяўка – грамадзкі дзеяч. Нар. 26.05.1909 г. у Рызе. Скончыў Віленскую Беларускую Гімназію й агранамічны факультэт Віленскага Унівэрсытэту. Пасьля вучобы меў цяжкасьці ў атрыманьні працы. У час нямецкай акупацыі дзейнічаў у варшаўскім Беларускім Нацыянальным Камітэце. З пачатку 50-тых гадоў жыў у ЗША у Саўт-Рывэры. Актыўна грамадзка дзейнічаў у беларускім асяродзьдзі. Між іншым быў старшынёй, сакратаром, скарбнікам у аддзеле БАЗА ў Нью-Джэрзі. Памёр 2.07.1988 г.
Уладыслаў Катковіч – стрыечны брат бацькі Анелі Катковіч. Жыў у Вільні, дзе й памёр.
Беларускі Студэнцкі Саюз – арганізацыя студэнтаў-Беларусаў Віленскага Унівэрсытэту. Існаваў з 1.12.1920 г. па 1939 г. Першым старшынёй быў А. Абрамовіч, апошнім У. Кароль. Дэвізам БСС было „Айчына й Навука”. Друкаванымі ворганамі зьяўляліся часопісы „Новы Шлях”, „Студэнцкая Думка”. Вёў ня толькі асьветна-культурніцкую дзейнасьць, але таксама, у меру фінансавых магчымасьцяў, даваў бяднейшым сваім членам пазыкі ды стыпэндыі.
Валя і Раіса Жукоўскія – грамадзкія дзеячкі.
Валянціна Жукоўская (па мужу Пашкевіч). Нар. 5.02.1916 г. у Ка-зельску, Калужскай вобласьці. У 1919 г. з бацькамівярнулася ў Пружану, закончыла там гімназію ім. А. Міцкевіча. У 1935 г. паступіла на клясычную філялёгію Віленскага Унівэрсытэту. Была членам Беларускага Студэнцкага Саюзу, скарбнікам. У 1937 г. перайшла на фізыка-матэматычны факультэт. У 1939 г. прыехала ў Пружану, дзе працавала настаўніцай беларускай мовы ў дзеяцігодцы. У 1942 г. вывезена на работы ў Нямеччыну. З 1946 г. у беларускім лагеры ў Вашэнштаце, дзе выкладала фізыку ў беларускай гімназіі. З 1949 г. жыве у Канадзе, дзеячка Згуртаваньня Беларусаў Канады. 15 год вяла беларускую суботнюю школу ў Таронта. Склала „Першую чытанку пасьля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў”, напісала падручнік „Беларуская мова”, таксама „Ангельска-беларускі слоўнік”.
Раіса Жукоўская (па мужу Жук-Грышкевіч). Нар. 22.10.1919 г. у Пру-жане. Закончыла гімназію ім. А. Міцкевіча ў Пружане. У 1938 г. паступіла на юрыдычны факультэт Віленскага Унівэрсытэту. Была членам Беларускага Студэнцкага Саюзу. У 1939 г. вярнулася ў Пружану. Працавала ў беларускай школе сьпярша ў Пружане, пасьля ў вёсцы Смалянічы. У 1941 г. вывезена ў Нямеччыну.З 1946 г. у лагеры ДП у Вашэнштаце, дзеячка скаўтынгу, студыявала стаматалёгію ў Марбургу. З 1949 г. жыве ў Канадзе. У 1954 г. закончыла стаматалёгію ва Уні-вэрсытэце ў Таронта й атрымала дыплём доктара дэнтыстычных навук. У 1953 г. выйшла замуж за Вінцэнта Жук-Грышкевіча. З 1965 г. актыўная дзеячка Згуртаваньня Беларусаў Канады ды іншых беларускіх арганізацыяў. З 1989 г. старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады. З 1973 г. сябра Канадзкай Кансультацыйнай Рады для Спраў Шматкультуралізму, а з 1978 г. сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Аўтарка кнігі „Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча”. Выдае Камунікаты ККБК. Супрацоўнічае зь „Беларусам”.
Таня Трафімучанка – студэнтка Віленскага Унівэрсытэту. Была членам Беларускага Студэнцкага Саюзу, яго Управы. Праўдападобна паходзіла зь Беласточчыны. Далейшы яе лёс невядомы. Паводле ўспамінаў Раісы Жук-Грышкевіч Таня Трафімучанка была інтэлігентнай, дробненькай, ціхай ды надта сьціплай дзяўчынай.
Ганна Сухая – студэнтка Віленскага Унівэрсытэту. Была членам Беларускага Студэнцкага Саюзу. Жыла ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі, выйшла замуж. Далейшы яе лёс невядомы.
Лена Аніська – настаўніца, пэдагог. Нар. 4.11.1908 г. у Пецярбурзе. У 1919 г. пераехала ў Шальціны на Віленшчыне. Закончыла гімназію айцоў марыянаў у Друі. У 1936 г. паступіла на юрыдычны факультэт Віленскага Унівэрсытэту. Была членам Беларускага Студэнцкага Саюзу. У 1939-1941 гг. працавала настаўніцай у Заходняй Беларусі. У 1940 г. выйшла замуж за Уладыслава Казлоўскага (Казлоўшчыка). З 1941 г. жыла ў Лідзе. Выхоўвала дачку. У 1945 г. прыехала ў Польшчу, у Лодзь. Жыла ў Шчэціне, Слаўне, Шчэцінку. Працавала ў галіне асьветы. Сьпярша як кіраўнік дзіячых дамоў, а пасьля іх інспэктар. З 1968 г. на пэнсіі. З 1996 г. жыве ў Слупску з дачкой.
Вітаўт Тумаш – грамадзкі дзеяч, лекар, выдатны скарынавед. Нар. 20.12.1910 г., вучыўся ў Віленскай Беларускай Гімназіі. Пасьля на мэдычным факультэце Віленскага Унівэрсытэту. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім жыцьці. У гадах 1940-1941 быў старшынёй Лодзінскага аддзелу Беларускага Камітэту Самапомачы, членам Нацыянальнага Цэнтра створанага ў Бэрліне 19.04.1941 г. Зь ліпеня па лістапад1941 г. бурмістр Менску. Рэдактар „Раніцы”. Пасьля вайны жыў у ЗША. Быў вельмі актыўным на грамадзкай і навуковай ніве, між іншым шматгадовым старшынёй Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Памёр 27.04.1998 г.
Бэрнард Стэповіч – аграном, паходзіў зь сям’і заслужанай для беларускай культуры. Нар. 30.08.1907 г. у вёсцы Барані на Віленшчыне. Вучыўся ў Віленскай Беларускай Гімназіі. У 1939 г. закончыў агранамічны факультэт Віленскага Унівэрсытэту. У 1945 г. прыехаў у Сопат, да 1952 г. працаваў у Аддзеле Сельскай Гаспадаркі Ваяводзкай Управы ў Гданьску, пасьля ў Міністэрстве Сельскай Гаспадаркі ў Варшаве. Да часу адыходу на пэнсію ў 1972 г. пісаў артыкулы па аграноміі ў часопіс „Gromada Rolnik Polski”. Памёр 9.08.1982 г.
Віктар Войтанка – грамадзкі дзеяч, сьвятар, лекар. Нар. 6.11.1912 г. у фальварку Мачульня, Наваградзкага павету. Ягоны бацька быў сьвятаром. Гімназію закончыў у Баранавічах у 1931 г. Студэнт мэдычнага факультэту Віленскага Унівэрсытэту, член Беларускага Студэнцкага Саюзу. У час нямецкай акупацыі быў бурмістрам Баранавічаў, заснавальнікам мэдычнай школы ў Баранавічах. Пасьля вайны жыў у ЗША. У 1969 г. стаў (пасьля сьмерці бацькі) сьвятаром Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, быў актыўным грамадзкім дзеячам. Памёр 25.04.1972 г.
Мітрафан Рэпкаў-Смаршчок — лекар, паэт. Нар. 19.02.1915 г. у Падлесьсі. Вучыўся ў гімназіі ў Баранавічах. У 1939 г. закончыў мэдычны факультэт Віленскага Унівэрсытэту. У студэнцкія гады зьвязаны быў з гуртком маладых сацыялістаў, выдаўцоў часопіса „Золак”. Пісаў вершы — псэўданім Анатоль Бярозка. Працаваў лекарам у Івацэвічах і Пінску (1939-1941). У час нямецкай акупацыі працаваў лекарам у Баранавічах, зьяўляўся дырэктарам мэдыцынскай школы ў Баранавічах. У 1944 г. зьняволены Немцамі ў канцлагеры ў Нордхаўзэн. З 1948 г. жыве ў ЗША, шмат гадоў працаваў лекарам у доме для састарэлых, ва унівэрсытэцкай клініцы ў Мінэсоце. У 1986 г. аднаму з дамоў для састарэлых у Мантысэля (дзе жыве) прысвоена ягонае імя.
Антон Шукелойць – грамадзкі дзеяч. Нар. у 1915 г. у в. Якелеўшчына, Ашмянскага павету. Закончыў гімназію ў Ашмяне. Потым вывучаў славянскую філялёгію й этнаграфію на Віленскім Унівэрсытэце. Удзельнічаў у працы Беларускага Студэнцкага Саюзу, Таварыства Прыяцеляў Беларусаведы. Таксама прыналежаў да сацыялістычнай групы, якая гуртавалася вакол часопіса “Золак”. Падчас вайны працаваў у школьніцтве на Ашмяншчыне (1939-1941) і ў аддзеле асьветы й культуры Менскай гарадзкой управы, як дырэктар музэя (1941-1944). Летам 1944 г. выехаў у Нямеччыну, а праз некалькі год у ЗША. Сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Шматгадовы старшыня аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) у Нью Ёрку.
Адам Дасюкевіч – студэнт Віленскага Унівэрсытэту да 1939 г. Быў членам, а потым старшынёй Беларускага Студэнцкага Саюзу. Забіты Немцамі на Глыбоччыне ў 1943 г.за беларускі патрыятызм (паводле Барыса Кіта). Паводле ўспамінаў Р. Жук-Грышкевіч быў ён у час вайны солтысам. Калі Немцы чарговы раз дамагаліся падаткаў, стаў ён ім тлумачыць што людзі ўжо ўсё аддалі, не магчыма болей ад іх вымагаць, бо ўжо нічога ня маюц. На тое Немец выняў пісталет і застрэліў яго. Па палітычных перакананьнях быў хадэкам.
Часлаў Найдзюк – грамадзкі дзеяч. Нар. 28.08.1915 г. у Байдатах на Гарадзеншчыне. Закончыў юрыдычны факультэт Віленскага Унівэрсытэту. Актыўна дзейнічаў у Беларускім Студэнцкім Саюзе. Па палітычных перакананьнях усё жыцьцё быў хадэкам. Пасьля вайны жыў у ЗША, арганізаваў беларускае жыцьцё ў Каліфорніі. Супрацоўнічаў з газэтай „Беларус”. Памёр у Пасадэне 28.03.1995 г.
Мікалай Шчорс — грамадзка-палітычны дзеяч, лекар. Нар. у 1913 г. у Новым Сьвержані, Менскага павету. Закончыў гімназію ў Стаўпцах. Выпускнік мэдычнага факультэту Віленскага Унівэрсытэту (1938). Член, старшыня Беларускага Студэнцкага Саюзу ў 1935-1937 гг. Старшыня Беларускага Камітэту ў Варшаве 1940-1941 гг. З 19.06.1941 г. узначаліў „Цэнтар” у Бэрліне.Пасьля вайны жыў у ЗША. У гадах 1950-1951 быў старшынёй Злучанага Беларускага-Амэрыканскага Дапамогавага Ка-мітэту, Беларускага Кангрэсавага Камітэту Амэрыкі (1951-1957), Беларуска-Амэрыканскага Зьвязу (з 1958 г.). Таксама быў віцэ-прэзы-дэнтам Амэрыканскай Асацыяцыі Хірургаў. Памёр 22.12.1995 г.
Янка Хвораст – балетмайстар, зьбіральнік беларускага харэаграфіч-нага фальклёру. Нар. 11.02.1902 г. у в. Кацёлкі, Пружанскага павету. У 1935 г. скончыў Віленскі Унівэрсытэт. Памёр 1.07.1983 г.
Нюся Тамашэвіч – вучаніца гімназіі Чантарыцкага ў Вільні. Бацька яе быў ахвіцэрам польскага войска.
Максім Танк (сапраўднае прозьвішча Яўген Скурко) – паэт, грамадзкі дзеяч. Нар. 17.09.1912 г. у в. Пількаўшчына, Вілейскага павету. Вучыўся ў розных гімназіях, між іншым у Радашковіцкай Беларускай Гімназіі й Віленскай Беларускай Гімназіі. Актыўна дзейнічаў грамадзка, зьвязаны быў з камуністычным рухам. У даваенныя гады многа ягоных твораў было апублікаваных. З 1941 г. быў у Чырвонай Арміі. Пасьля вайны пацаваў у часопісе „Вожык”, быў галоўным рэдактарам „Полымя” ў 1948-1967 гг.. З 1967 г. па 1990 г. быў старшынёй праўленьня Саюза Пісьменнікаў Беларусі. Памёр 7.08.1995 г.
Міхась Забэйда-Суміцкі – сьпявак, пэдагог. Нар. 14.06.1900 г. у в. Не-сьцеравічы, Ваўкавыскага павету. Разам зь сям’ёй знайшоўся ў бе-жанстве ў Сібіры. У 1929 г. скончыў Харбінскі Унівэрсытэт. У 1935 г. вярнуўся на бацькаўшчыну. У 1936-1940 гг. быў салістамВаршаўскага Радыё. Адыграў вялікую ролю ў папулярызацыі беларускай музычнай культуры ў сьвеце. З траўня 1940 г. жыў у Празе, працаваў у На-цыянальным Тэатры. Утрымоўваў пастаянны кантакт зь Беларусьсю, Беласточчынай, выдатнымі людзьмі беларускай культуры(Р. Шырмам, М. Танкам, У. Караткевічам ды іншымі). Памёр 21.12.1981 г.
Станіслаў Грынкевіч (малодшы) – грамадзкі дзеяч, лекар. Нар. у 1912 г. у Новым Двары на Сакольшчыне. Закончыў гімназію ў Гародні. Перад 1939 г. быў студэнтам мэдычнага факультэту Віленскага Унівэрсытэту. Зьяўляўся актыўным членам Беларускага Студэнцкага Саюзу. У верасьні 1939 г., служачы ў польскім войку (ахвіцэрам — паручнікам), трапіў у нямецкі палон. У 1941 г. вызвалены з карнага лагеру для ваеннапалонных. У Бэрліне вельмі актыўна ўключыўся ў на-цыянальную дзейнасьць, зьяўляўся сакратаром Беларускага Камітэту Самапомачы. Закончыў мэдычныя студыі ва Унівэрсытэце ў Бэрліне ў 1945 г. Пасьля вайны жыў у ЗША ў Кліўлендзе. Праяўляў таксама там вялікую грамадзкую актыўнасьць. Памёр 18.04.1966 г.
„Бярозка” — літаратурны псэўданім Мітрафана Рэпкаў-Смаршчка (глядзі: зноска 55)
Самапомач (Беларуская Народная Самапомач) – беларуская нацыянальная арганізацыя заснаваная 22.10.1941 г. загадам генэральнага камісара Беларусі В. Кубэ. Паводле задумкі акупанта, мела гэта быць выключна дабрачынная арганізацыя, якая мела дапамагаць пацярпелым ад вайны. Аднак хутка (у палове 1942 г.) набрала культурна-асьветніцка-палітычнага характару. У сакавіку 1943 г. — паводле распараджэньня акупацыйных уладаў — дзейнасьць БНС абмяжоўвалася аховай здароўя й матэрыяльнай дапамогай насельніцтву.
Вацлаў Іваноўскі – палітычны й грамадзкі дзеяч. Нар. 25.05.1880 г. у фальварку Лябёдка, Лідзкага павету. Заснавальнік Беларускай Рэва-люцыйнай Партыі ў 1902 г., у 1906 г. узначаліў першае беларускае выда-вецтва „Загляне сонца і ў наша аконца”. Актыўную палітычную й асьвет-ніцкую дзейнасьць вёў да 1922 года. З восені 1939 г. уключыўся ў нацыя-нальную дзейнасьць. У 1942 г. стаў бурмістрам Менску, а ў 1943 г. старшынёй Беларускай Рады Даверу. Забіты ў Менску 07.12.1943 г.
Іван Ермачэнка – палітычны дзеяч. Нар. 13.05.1894 г. у в. Капачоўка, Барысаўскага павету. У 1920 г. зьяўляўся адным з арганізатараў Бела-рускага Камітэту ў Турцыі, з 1921 г. быў дыпляматычным прадстаўніком БНР на Балканах. У час ІІ сусьветнай вайны ўзначаліў Беларускую Народную Самапомач. Памёр 25.02.1970 г. у ЗША.
Уладыслаў Казлоўскі – палітычны, грамадзкі дзеяч. Нар. у 1896 г. ув. Залесьсе на Сакольшчыне. У 1916 г. пачаў вучобу ў Віленскай Каталіцкай Сэмінарыі, якую неўзабаве пакінуў. З гэтай пары зьвязаў сваё жыцьцё зь беларускай ідэяй: арганізаваў беларускія школы на Сакольшчыне (1919), быў інструктарам Беларускага Нацыянальнага Камітэту на Ігуменшчыне (1920), уступіў у беларускае войска. З 1930 г. жыў у Вільні, арганізаваў гімнастычнае таварыства „Гайсак”, пасьля зьяўляецца выдаўцом і рэдактарам часопіса „Новы Шлях”. У час нямецкай акупацыі рэдагаваў у Менску „Беларускую (Менскую) Газэту”. 13.11.1943 г. забіты савецкімі партызанамі.
Кс. Вінцэнт Гадлеўскі – каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзеяч. Нар. 16.11.1888 г. у в. Шурычы, Ваўкавыскага павету. Скончыў Віленскую Каталіцкую Сэмінарыю. З сакавіка 1917 г. член Беларускага Нацы-янальнага Камітэту. Удзельнік Першага Усебеларускага Кангрэсу, член Рады БНР. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў беларускай хадэцыі (БХД). Прасьледаваны й некалькі разоў зьняволены польскімі ўладамі. Да 1939 г. выдавец газэты „Беларускі Фронт”. Зь верасьня 1941 г. галоўны школьны інспэктар пры Генэральным Камісарыяце Беларусі. Арыштаваныгестапа 24.12.1942 г. і неўзабаве закатаваны.
Юльян Саковіч – палітычны, грамадзкі дзеяч. Нар. 24.08.1906 г. у фальварку Баўдыры, Ашмянскага павету ў заможнай сялянскай сям’і. Вучыўся ў Віленскай Беларускай Гімназіі, потым на агранамічным факультэце Віленскага Унівэрсытэту. Са школьных гадоў зьвязаны быў з камуністычным рухам. У 1928 г. выключаны зь Беларускага Сту-дэнцкага Саюзу за камуністычную прапаганду. У 1939 г. пасьля прыходу саветаў арыштаваны НКВД, прабываў у савецкіх турмах да выбуху савецка-нямецкай вайны. Пазбаўляецца ў той час ілюзіі адносна СССР. Уключаецца ў нацыянальны рух, кіруе Менскім акруговым камітэтам канспірацыйнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. 13.06.1943 г. застрэ-лены ў Васілішках праўдападобна польскім падпольлем.
Францішак Кушаль – грамадзкі дзеяч, вайсковец. Нар. 16.02.1895 г. у в. Першаі, Менскага павету. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Вільні ў 1916 г. У час І сусьветнай вайны даслужыўся званьня штабс-капітана. У1919-1921 гг. уваходзіў у Беларускую Вайсковую Камісію. З 1922 г. на службе ў польскім войску (не атрымліваў авансу). У верасьні 1939 г. удзельнічаў у баях у раёне Львова. Папаў у савецкі палон, знаходзіўся ў Старабельскім лагеры, потым у маскоўскай турме (Бутыркі). Са сьнежня1943 г. уведзены ў склад БЦР, стаў начальнікам аддзела вайсковых справаў. Пасьля вайны на эміграцыі ў ЗША. Адзін з заснавальнікаў газэты „Бацькаўшчына”, удзельнічаў у выдаваньні „Беларуса”. Памёр 25.05.1968 г.
Натальля Арсеньнева (Кушаль) – паэтка. Нар. 20.09.1903 г. у Баку. Выпускніца Віленскай Беларускай Гімназіі. У 1940 г. НКВД арыштавала яе й саслала ў Казахстан. Дзякуючы захадам, між іншым Янкі Купалы, вярнулася на радзіму. Падчас нямецкай акупацыі брала ўдзел у арганізаваньні беларускага нацыянальнага жыцьця. Пасьля вайны актыўна ўдзельнічала ў культурнай і асьветніцкай дзейнасьці ў лагерах ДП, была выкладчыцай у Беларускай Гімназіі імя Янкі Купалы. З 1950 г. у ЗША. Памерла 25.07.1997 г.
Кастусь Езавітаў — нацыянальна-грамадзкі дзеяч, публіцыст, настаўнік. Нар. 17.11.1893 г. у Дзьвінску. Закончыў Віцебскі Настаўніцкі Інстытут у 1916 г. З 1917 г. актыўна ўключыўся у дзейнасьць па стварэньні беларускага войска. У лютым 1918 г. стаў камэндантам Менску й менскай акругі, членам Рады БНР. З 1921 г. жыў у Рызе. Актыўна ўдзельнічаў у жыцьці беларускай грамадзкасьці Латвіі. Між іншым у 1923-1924 гг. быў дырэктарам Люцынскай Беларускай Гімназіі. Некалькі разоў арыштаваны латвійскімі ўладамі. У час нямецкай аку-пацыі ўзначаліў Беларускае Нацыянальнае Аб’яднаньне ў Рызе. Уваходзіў у склад БЦР. У красавіку 1945 г. затрыманы савецкімі войскамі ў Бэрліне. Памёр у менскай турме 23.05.1946 г.
Віктар Чабатарэвіч – палітычны, вайсковы дзеяч. Нар. у 1906 г. у Новым Сьвержані, Менскага павету. Скончыў настаўніцкую сэмінарыю ў Нясьвіжы. Да 1939 г. працаваў настаўнікам, за нацыянальную дзейнасьць сярод вучняў-Беларусаў быў перанесены на працу ў цэнтральную Польшчу.Падчас нямецкай акупацыі актыўна працаваў на нацыянальнай ніве, у 1944 г. стаў выкладчыкам ахвіцэрскай школы Бе-ларускай Краёвай Абароны ў Менску (дзейнічала 2 тыдні, з 15.06.1944 г.).Пасьля вайны жыў у ЗША. Быў, між іншым, намесьнікам старшыні Беларускага Кангрэсавага Камітэту Амэрыкі. Памёр 6.10.1963 г.
Іван Касяк – грамадзкі дзеяч. Нар. у 1909 г. у в. Горы, Вілейскага павету. Вучыўся ў Віленскім Унівэрсытэце, скончыў Палітэхнічны Інстытут у Львове. Адзін зь ініцыятараў правядзеньня Царкоўнага Сабору ў Менску ў 1942 г. У 1942 г. стаў акруговым намесьнікам Беларускай Цэнтральнай Рады ў Глыбокім. З канца саракавых гадоў жыў у ЗША. У 1957-1989 гг. быў старшынёй Беларускага Кангрэсавага Камітэту Амэрыкі. Памёр 13.03.1989 г.
Міхась Ганько – грамадзкі дзеяч. Нар. у 1918 г. у в. Каледзіна, Маладзечанскага павету. Вупускнік гімназіі ў Маладзечне. Быў студэнтам мэдычнага факультэту Віленскага Унівэрсытэту. Да чэрвеня 1941 г. працаваў дырэктарам Лужоўскай пачатковай школы (на Мала-дзечаншчыне). У чэрвені 1941 г. прызваны ў Чырвоную Армію. Прымаў удзел у баях на нямецка-савецкім фронце. У канцы 1941 г. пад Псковам папаў у нямецкі палон. Звольнены з лагера для савецкіх ваеннапалонных, накіраваны быў у прапагандысцкую школу пад Бэрлінам. Пасьля яе пачаў працу ў аддзеле прапаганды Генэральнага Камісарыяту Беларусі ў Менску. У чэрвені 1943 г. узначаліў Саюз Беларускай Моладзі, стаў рэдактарам прэсавага воргану СБМ „Жыве Беларусь”. У чэрвені 1944 г. удзельнічаў у ІІ Усебеларускім Кангрэсе. З ліпеня 1944 г. дзейнічаў у Нямеччыне, восеньню 1944 г. стаў членам Беларускай Цэнтральнай Рады, загадчыкам аддзелу моладзі. Далейшы ягоны лёс невядомы.
Антон Адамовіч – літаратуразнавец, пісьменьнік. Нар. 26.06.1909 г. у Менску. Скончыў у 1928 г. Белпэдтэхнікум у Менску, пачаў вучыцца ў Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце. У 1930 г. арыштаваны, сасланы ў Расію. У 1938 г. вярнуўся ў Менск. Падчас нямецкай акупацыі быў, між іншым, членам Галоўнай Рады Беларускай Народнай Самапомачы. Пасьля вайны да 1960 г. жыў у Нямеччыне. Рэдагаваў „Бацькаўшчыну”, Быў кіраўніком беларускай рэдакцыі радыёстанцыі „Свабода”. З 1960 г. жыў у ЗША. Аўтар шматлікіх прац па гісторыі, эканоміцы, культуры Беларусі. Памёр 12.06.1998 г.
Аўген Калубовіч – гісторык, палітычны дзеяч. Нар. 05.03.1910 г. у Ціхінічах, Рагачоўскага павету. У 1930 г. арыштаваны й прыгавораны на 3 гады лагера асобага прызначэньня. У 1939 г. вярнуўся ў БССР, у 1941 г. трапіў у баях пад Масквой у нямецкі палон. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім палітычным і культурным руху падчас нямецкай акупацыі, між іншым зьвязаны быў зь Беларускай Цэнтральнай Радай. З 1950 г. жыў у ЗША, вёў асабліва актыўную дзейнасьць у галіне дасьледаваньня гісторыі Беларусі ў XX ст. Памёр 25.05.1987 г.
Федаровіч – грамадзкі дзеяч. Жыў у Менску падчас нямецкай акупацыі.
Юрка Віцьбіч (сапраўднае прозьвішча Георгій Шчарбакоў) – пісьменьнік. Нар. 15.06.1905 г. у г. Веліж, Віцебскай губэрні. Закончыў гімназію. Друкаваўся з 1929 г. У час нямецкай аку-пацыі праяўляў вялікую пісьменьніцкую актыўнасьць, ягоныя творы былі друкаваны ў многіх часопісах. Выдае ў той час два зборнікі публіцыстыкі „Вяліскія паўстанцы” ды „Нацыянальныя Сьвятыні”. У Нямеччыне ў 1946 годзе разам з Н. Арсеньневай стварыў літаратурнае аб’яднаньне „Шыпшына”, якога стаў старшынёй. Пасьля жыў у ЗША. Актыўнасьць праяўляў таксама ў галіне журналістыкі. Многа ягоных твораў было надрукаваных у „Беларусе” , „Новым рускім слове”. Памёр 4.01.1975 г.
Люба Дарошык – працавала ў гарадзкой управе Менску падчас нямецкай акупацыі. Зьвязана была з савецкім падпольлем.
Галіна Уладзімірская – працавала ў гарадзкой управе Менску падчас нямецкай акупацыі. Зьвязана была з савецкім падпольлем.
Альбэрт Рыхэль – служачы нямецкай цывільнай адміністрацыі ў Менску. Загінуў у баях у 1945 г.
Ян Краўчонак – падчас нямецкай акупацыі быў дырэктарам тэатру ў Менску. Выпускнік юрыдычнага факультэту Віленскага Унівэрсытэту. Родам з Будслава.
Фабіян Акінчыц – грамадзка-палітычны дзеяч. Нар. 20.01.1886 г. у в. Акінчыцы, Менскага павету. У 1913 г. скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага Унівэрсытэту. У 1926 г. актыўна ўключыўся ў дзейнасьць Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. У траўні 1928 г. быў асуджа-ны на 8 гадоў турмы. Вызвалены датэрмінова ў палове 1930 г. У канцы 1933 г. разам з У. Казлоўскім пачаў выдаваць „Новы Шлях” ды аргані-заваць Беларускую Нацыянал-Сацыялістычную Партыю. З ліпеня 1939 г. у Бэрліне, старшыня Беларускага Бюро Прапаганды. У пачатку 1940 г. быў старшынёй Беларускага Камітэту ў Варшаве. Загінуў 5.03.1943 г. у Менску у выніку скрытабойчага замаху.
Яраслаў Кушаль – сын Натальлі й Францішка Кушаляў. Загінуў ад бомбы падложанай савецкімі партызанамі, у менскім тэатры падчас прадстаўленьня.
Леанід Маракоў – палітычны дзеяч. Застрэлены 13 чэрвеня 1943 г. у Васілішках на Лідчыне разам з Ю. Саковічам, праўдападобна польскім падпольлем. 27.06.1943 г. у Менскай Мітрапалітальнай царкве адбылася ўрачыстая паніхіда па забітых, на якой прысутнічалі многія жыхары Менску, беларускія дзеячы.
Кс. Станіслаў Глякоўскі – сьвятар, грамадзкі дзеяч. Нар. у 1896 г. у Поразаве, Ваўкавыскага павету. Скончыў Віленскую Каталіцкую Сэмінарыю, Грыгарыянскі Унівэрсытэт у Рыме. Быў вікарыем у Ваўка-выску, пробашчам у Трычоўцы на Беласточчыне. З 1929 г. зьяўляўся прэфэктам у Вільні, між іншым быў выкладчыкам у Віленскай Бела-рускай Гімназіі. У 1938 г. пасьля высылкі ўладамі кс. А. Станкевіча зь Вільні ўзначаліў беларускую парафію сьв. Мікалая. Выдаваў дзіцячы часопіс „Пралескі”. Загінуў у сьнежні 1941 г. уМенску.
Мікола Шчаглоў-Куліковіч – кампазытар, этнограф, паэт. Нар. 4.04.1893 г. на Смаленшчыне. Выпускнік Маскоўскай Кансэрваторыі. Працаваў настаўнікам музыкі, з 1939 г. быў дырыжорам сымфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту ў Менску. У час нямецкай акупацыі займаўся творчай працай у Менску. З 1950 г. жыў у ЗША. У 1950 г. заснаваў у Нью Ёрку беларускі хор, потымкіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе й Чыкага. Памёр 31.03.1969 г. Пакінуў вялікую музычную спадчыну; быў аўтарам опэр, сымфоній, вакальных твораў, апрацовак народных песень.
Беларуская Цэнтральная Рада – дапаможны, дарадчы ворган; цэнтральная інстанцыя беларускай адміністрацыі падчас нямецкай акупацыі. Створана 21.12.1943 г. зь Беларускай Рады Даверу. Фармальна БЦР (пад нямецкім кантролем) кіравала школьніцтвам, культурай, сацыяльнай апекай.
ІІ Усебеларускі Кангрэс – кангрэс скліканы Беларускай Цэнтральнай Радай, праводзіўся 27.06.1944 г. у Менску. Удзельнічала ў ім 1039 дэлегатаў з розных беларускіх асяродзьдзяў з тэрыторыі Эўропы акупаванай Немцамі. Кангрэс аб’явіў сябе ворганам, які працягвае палітычныя традыцыі Беларускай Народнай Рэспублікі, а БЦР палічыў адзінай легальнай уладай у Беларусі.
Др. Надзея Абрамава – грамадзкаядзеячка, лекар. Нар. у 1907 г., перад ІІ сусьветнай вайной жыла ў БССР. У час нямецкай акупацыі працавала лекарам у вадным зь менскіх шпіталяў. У 1943 г. па рэкамэндацыі І. Ермачэнкі стала сустаршынёй Саюзу Беларускай Моладзі, кіраўнічкай аддзелу дзяўчат гэтай моладзевай арганізацыі. Пасьля вайны апынулася ў эміграцыі. У Мюнхене ўступіла ў манастыр.
Зося Аляхновіч – дзеячка Саюзу Беларускай Моладзі. Паходзіла з Глыбоччыны. Лёс яе пасьля вайны невядомы.
Аляксандар Калодка – знаёмы Анелі Катковіч. Нар. 14.12.1911 г. у в. Церабосты, Стаўпецкага павету. Скончыў юрыдычны факультэт Віленскага Унівэрсытэту. Зь верасьня 1941 г. працаваў у акруговым камісарыяце ў Вілейцы. У сакавіку 1943 г. арыштаваны нямецкай паліцыяй. Прабываў у турмах Вілейкі, Менску, а потым у канцлагеры ў Нямеччыне. А. Катковіч пісала яму лісты й пасылала харчы ў лагер. Пасьля вайны жыў у Аўстраліі. Памёр 15.11.1985 г. у Мэльбурне. Былі апублікаваны ў газэце „Беларус” (Нью Ёрк, № 407-410, 1993 г.) ягоныя ўспаміны з часу нямецкай акупацыі „Беларуска-польскія дачыненьні ў Вялейшчыне (1941-1944 гг.)”.
Лена Воўк-Левановіч – знаёмая Анелі Катковіч з пэрыяду прабы-ваньня ў Нямеччыне — у палове 1945 г. Паходзіла зь мясцовасьці Мядзьведзічы.
Янка Жамойцін – грамадзкі дзеяч, публіцыст. Нар. 28.01.1922 г. у в. Клімавічы на Лідчыне. Сярэднюю адукацыю пачаў у 1936 г. у вар-шаўскай гімназіі ім. Уладыслава IV, атэстат сьпеласьці атрымаў у беларускай сярэдняй школе ў Наваградку ў 1943 г. Пасьля навукі па загаду Беларускай Незалежніцкай Партыі працаваў у Саюзе Беларускай Моладзі. Зьяўляўся акруговым кіраўніком СБМ у Наваградку. З ліпеня 1944 г. да траўня 1945 г. апекаваўся беларускімі хлопцамі ў нямецкіх лагерах працы ў Кёльн, Дэсаў. З кастрычніка 1945 г. жыў у Польшчы, дзе у сьнежні 1949 г. быў арыштаваны па загаду НКВД і асуджаны ў Менску (у верасьні 1951 г.) на 25 год зьняволеньня ў лагеры. Звольнены у жніўні 1956 г. Ад студзеня 1957 г. жыве у Варшаве. Вышэйшую адукацыю закончыў у Варшаўскім Унівэрсытэце. Ад 1957 г. актыўны ў беларускім культырным жыцьці ў Польшчы. Член шматлікіх беларускіх арганізацыяў. Публікаваўся ў беларускіх выданьнях у Польшчы і ЗША. У 1996 г. былі выдадзены ягоныя ўспаміны „З перажытага”.
Станіслаў Клентак – муж Вэранікі Катковіч. Нар. у 1920 г. у Кры-вічах на Вілейшчыне. Закончыў там пачатковую школу. Вайсковую службу адбыў у 5 палку ўланаў. У гадах 1944-1945 быў жаўнерам ІІ Арміі Польскага Войска, прымаў удзел у баях у 1945 г., пасьля вайны жыў ва Ўроцлаве. Працаваў у фабрыцы „Wrozamet” бухгальтарам. Памёру 1986 г.
Флярыян Вячорак – сябра, сымпатыя Анелі Катковіч у пэрыяд яе працыў Бэрліне.
Марта Тірбах – працаўніца Польскай Рэпатрыяцыйнай Місіі ў Бэрліне.
Кутузаў – савецкі сьледчы ахвіцэр (старшы лейтэнант) у менскай турме званай „амэрыканкай”, якая знаходзілася па Камсамольскай вуліцы. Вёў сьледзтва супраць Анелі Катковіч у 1949 г., а таксама Вэранікі Катковіч-Клентак у 1950 г.
Марыя Сьцепанец – танцорка, балерына. Разам з Анеляй Катковіч —падчас сьледзтва ў 1949 г. — прабывала ў вадной камэры ў менскай турме.
Усевалад Кароль – палітычна-грамадзкі дзеяч. Нар. 18.10.1919 г. у в. Старое Сяло на Меншчыне. У 1928-1929 гг. вучыўся ў беларускай гімназіі ў Радашковічах. З 1929 г. вучань Віленскай Беларускай Гімназіі, якую закончыў у 1936 г. Пасьля студэнт мэдычнага факультэту Віленскага Унівэрсытэту. Быў апошнім кіраўніком Беларускага Студэнцкага Саюзу. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Баранавічах лекарам, належаў да падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. У 1944 г. арыштаваны НКВД. Атрымаў прысуд 10 гадоў зьняволеньня. Памёр у пачатку кастрычніка 1984 г. у Баранавічах.
Мікалай Байкоў – мовазнавец, пэдагог. Нар. 22.02.1889 г. у Бежацку, Цьвярской губэрні. Скончыў у 1913 г. Маскоўскую Духоўную Акадэмію. Падчас І сусьветнай вайны ўключыўся ў беларускі нацыянальны рух. Займаўся навуковай дзейнасьцю. У 1925 г. у Менску быў выдадзены “Беларуска-расійскі слоўнік”, а ў 1928 г. „Расійска-беларускі слоўнік”, якія склаў разам са Сьцяпанам Некрашэвічам.У 1930 г. быў рэпрэсі-раваны. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Выдавецтве Школьных Падручнікаў у Менску. Перадпрыходам савецкіх уладаў у Менск, падаўся ў Нямеччыну. Працаваў між іншым пры выпуску СБМаўскага часопісу “Малады Змагар”. Пасьля прыходу савецкіх войскаў адпраўлены ў СССР. Быў вязьнем менскай турмы ў другой палове саракавых гадоў. Загінуў.
Зофія Эйсмонт – піяністка. Паходзіла з Масквы. Разам з Анеляй Катковіч знаходзілася ў лагерыАнгар-лаг.
Кузьнецова – разам з Анеляй Катковіч знаходзілася ў лагерыАнгар-лаг. Паходзіла зь Ленінграду.
Мікалай (Николай) Бухарын – савецкі, камуністычны дзеяч. Нар. у 1888 г. У гадах 1926-1929 узначальваў Камінтэрн. У 1929 г. быў адсунуты ад дзяржаўных ды партыйных пасадаў. У 1938 г. забіты савецкімі ворганамі бясьпекі.
Ірэна Гузар – Полька, разам з Анеляй Катковіч знаходзілася ў лагерыАнгар-лаг.
Анеля Дзевульска – разам з Анеляй Катковіч знаходзілася ў лагерыАнгар-лаг. Яе бацька перад ІІ сусьветнай вайной быў прафэсарам Віленскага Унівэрсытэту.
Галіна Кобяк – разам з Анеляй Катковіч знаходзілася ў лагерыАнгар-лаг. Паходзіла з Баранавіч. Памерла ў лагеры.
Марыя Іванова – географ. Разам з Анеляй Катковіч прабывала ў лагеры Ангар-лаг.
Гражына Ліпінская – інжынер. Разам з Анеляй Катковіч прабывала ў лагеры Ангар-лаг. Пасьля выхаду на свабоду ў 1956 г. жыла ў Варшаве.
Марыя Герман – разам з Анеляй Катковіч прабывала ў лагеры Ангар-лаг. Паходзіла зь Вільні. Пасьля выхаду на свабоду ў 1956 г. жыла ў Польшчы.
Мыссак – Украінка, разам з Анеляй Катковіч прабывала ў лагеры Ан-гар-лаг.
Герман Шульц – нямецкі ўраднік у Менску, які меў нагляд над Саюзам Беларускай Моладзі.
Грозэман – працаўніца нямецкай адміністрацыі ў Менску, якая мела нагляд над дзейнасьцю юначак Саюзу Беларускай Моладзі.
Вільгельм Кубэ – кіраўнік нямецкай акупацыйнай цывільнай адміністрацыі ў Беларусі. Нар. 13.11.1887 г. у Глагове (цяпер Польшча). Скончыў Бэрлінскі Унівэрсытэт. З другой паловы 20-тых гадоў быў членам НСДАП. Намінацыю на камісара Генэральнай Акругі Беларусі атрымаў 17.07.1941 г. Падчас яго кіраваньня акругай, беларуская інтэ-лігенцыя атрымала шанц культурна-асьветніцкай працы. Забіты савецкім падпольлем 22.09.1943 г.
Жэня (Яўгенія) Шастак – грамадзкая дзеячка, лекар. Нар.27.04.1922 г. у вёсцы Запольле на Наваградчыне (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобл.) у сялянскай сям’і. У 1939 г. закончыла Віленскую Беларускую Гімназію. Удзельнічала ў ІІ Усебеларускім Кангрэсе. Арыштавана ў 1948 г. — калі была студэнткай ІV курсу мэдінстытуту — прысуджана на 25 год зьняволеньня. Свой тэрмін адбывала ў кінгірскім лагеры. Пасьля вызваленьня ў 1956 г. была залічана на IV курс менскага мэдінстытуту. Працавала лекарам, жыла ў Наваградку. Памерла 20.11.1998 г.
Вера Касмовіч (з дому Скачко). Нар. 22.01.1928 г. у сялянскай сям’і ў мястэчку Гарадзея. Да 1939 г. закончыла 5 клясаў пачатковай школы. У 1942 г. закончыла 7 клясаў і паступіла ў настаўніцкую сэмінарыю ў Нясьвіжы. Па заканчэньні вайны была вымушана працаваць (бацька памёр у 1939 г.). Пасьля адпаведных курсаў у Баранавічах у 1945 г., працавала загадчыцай лябараторыі. У 1947 г. выйшла замуж за настаўніка Яўгена Касмовіча. Арыштавана 14.01.1949 г. Была асуджана на 10 гадоў пазбаўленьня волі й 5 год паражэньня ў правах. У турме 14.05.1949 г. нарадзіла дачку. Адбывала пакараньне ў жаночым лагеры ў Кінгіры. Вызвалена 10.05.1956 г. Працавала бухгальтаршай у Гарадзеі да 1966 г, а потым у Гарадзейскім саўгасе. З 1985 г. на пэнсіі. У жніўні 1967 г. рэабілітавана.
Надзея Дземідовіч. Нар. у 1927 г. на хутары Макейкі, каля Жыровіцаў. Гадавалася на хутары Пад’юрцы, які купілі бацькі (каля Дзевяшковічаў). 4 клясы закончыла ў Старадзевяшковічах. У 1939-1944 гг. вучылася ў Слоніме, сьпярша ў сярэдняй школе, а потым у прогімназіі. Была дружыновай СБМ. У сьнежні 1944 г. зьехала ў вёску да бацькоў. Арыштавана ў 1949 г., асуджана на 25 год зьняволеньня. Тэрмін адбывала ў Кінгіры. Пасьля паўстаньня ў лагеры, саслана ў Азёрлаг (Тайшэцкія лагеры). Асвабоджана ў 1956 г.
Фрося Корч, Соня Дэрфіль, Вольга Поляк, Ірэна Воўкава, Ніна Карлаўна – разам з Вэранікай Катковіч-Клентак прабывалі ў лагеры ў Кінгіры.
Яўгенія Шэфер – разам з Вэранікай Катковіч-Клентак прабывала ў лагеры ў Кінгіры. Жонка Сяргея Бузака.
Сяргей Бузак – грамадзкі дзеяч. Падчас нямецкай акупацыі быў правадніком СБМ на менскую акругу. Як салдат Чырвонай Арміі апынуўся ў нямецкім палоне, перайшоў „перавыхаваньне” ў школе Ф. Акінчыца пад Бэрлінам, пасьля чаго быў накіраваны ў Беларусь на СБМаўскую дзейнасьць.
|